Вярнуцца: 2007

№ 21 (809)


Крыніца: pawet.net.



№ 21 (809) 30 ТРАЎНЯ 2007 г.


ВІТАЎТУ КІПЕЛЮ - 80

КІПЕЛЬ Вітаўт Яў-хімавіч (н. 30.5.1927, Менск), грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, гісторык, бібліёграф. Д-р геал. н. (1955). Ганаровы праф Гарадзенскага ун-та (1993). Сын Я. Кіпеля, муж З. Кіпель. Скончыў Каталіцкі ун-т у г. Лёвен (Бельгія, 1953) і Ратгерскі ун-т у г. Нью-Брансуік (ЗША, 1962). У 1935-42 разам з маці жыў у г. Арол. У 1942 сям'я вярнулася ў Менск. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. У 1945-48 вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. З 1955 у ЗША, працаваў у навук.-прамысл. кампаніях і Балтыморскім ун-це. У 1962-85 супрацоўнік Нью-Ёркскай публічнай б-кі, займаўся складаннем і апрацоўкай бел. бібліяграфіі. З 1982 старшыня Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. З 1993 нам. старшыні згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Аўтар прац па гісторыі Беларусі і бел. эміграцыі. Разам з З. Кіпель склаў бібліяграфію «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе» (1985), хрзстаматыю і бібліяграфію «Беларуская дзяржаўнасць» (1988).


Паважанага доктара Вітаўта Кіпеля віншуем з 80-мі ўгодкамі жыцця

Доктару Вітаўту Кіпелю споўнілася 30 траўня сёлета 80 гадоў.

За свае гады, з якіх больш за 60 прыпадае на дзейнасць на грамадскай і навуковай ніве, др. Вітаў Кіпель прарабіў валатоўскую працу. Частка пладоў гэтай працы відавочная сёння ў форме шматлікіх публікацыяў па бібліятэках і навуковых ды навучальных цэнтрах Амерыкі, Канады ды іншых заходніх краінаў, а таксама Беларусі.

За дваццаць пяць гадоў на становішчы старшыні Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва др. В. Кіпель самаахвярнымі намаганнямі здолеў арганізаваць выданне дзясяткаў кнігаў: зборнікаў твораў эміграцыйных аўтараў, "Запісаў" БІНіМу, бібліяграфіяў, слоўнікаў і дакументальных публікацыяў.

Багаты збор беларускіх друкаў, сабраных за жыццё Вітаўтам і Зораю Кіпелямі, узбагаціў калекцыю беларусікі Публічнай Бібліятэкі Нью-Ёрка ды часта выкарыстоў-ваецца цяпер у вывучэнні Беларусі і беларускай дыяспары. Стараннямі др. Вітаўта Кіпеля і ягонае нябожчыцы жонкі і супрацоўніцы Зоры Кіпель былі створаныя або папоўненыя зборы беларусікі ў шмат якіх бібліятэках і архівах Беларусі і Злучаных Штатаў.

Віншуем з усімі гэтымі дасягненнямі паважанага і дарагога Юбіляра, жадаем яму моцнага здароўя, далейшага дынамізму і бадзёрасці духу ды доўгага працягу дзейнасці на карысць Беларусі, краіны паходжання, і Амерыкі, краіны пражывання.

Сябры і супрацоўнікі.


Прэзентацыя фільма "Беларускі фронт альбо размовы пра мову"

Новы фільм незалежнага рэжысёра-дакументаліста Віктар Корзуна прысвечаны беларускай мове будзе прэзентаваны сёння 30 траўня ў 18.00 ў Гародні па адрасу: вул. Будзённага, 48а-44 (Таварыства беларускай школы). Перад рэжысёрам стаяла складаная задача, бо як ПАКАЗАЦЬ мову ў дакументальнай стужцы? Таму пра лёс беларускай мовы ў фільме разважаюць яе носьбіты - людзі, якія свядома карыстаюцца беларускай мовай ў штодзённым жыцці. Людзі, у якіх лёс мовы паяднаны з іх асабістым лёсам.

У фільме паказаны сучасны стан беларускай мовы. І стан мовы, як бы не парадаксальна гэта гучала, не надае песімізму.

Наш кар.


VII Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі

26 - 27 траўня ў Менску прайшоў VII Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі. Арганізатары Кангрэсу на працягу больш чым года даводзілі грамадскасці, што ён вельмі патрэбны і павінен вырашыць шэраг надзвычай важных пытанняў. Але ў выніку аказалася, што Кангрэсу па сутнасці не было чаго і вырашаць, бо ўсе асноўныя пытанні былі вырашаныя на рэгіянальных кангрэсах. Менскі Кангрэс канстатаваў расклад сілаў і ў адпаведнасці з гэтым раскладам прыняў Стратэгію дзеянняў дэмакратычных сілаў на бліжэйшыя два гады.

І тым не менш.

На Кангрэс было вылучана 917 дэлегатаў. Колькасць удзельнікаў, якія бралі ўдзел у працы пастаянна вагалася. На адзін з момантаў быў зафіксаваны ўдзел у Кангрэсе 681 дэлегата. У галасаванні па Стратэгіі ўзялі ўдзел 611 дэлегатаў. На Кангрэсе прысутнічала шмат гасцей, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса (ЗША, Латвія, Нямеччына, Вялікая Брытанія, Швецыя). Ад Расіі ўдзел у працы Кангрэсу ўзялі дэпутат Дзярждумы Расіі Уладзімір Рыжкоў і Старшыня Саюзу правых сілаў Мікіта Бялых. На Кангрэсе прысутнічалі 103 журналісты ад 45 СМІ.

Такім чынам дэмакратычныя сілы, не гледзячы ні на што, сабралі надзвычай прадстаўнічы форум і, калі лічыць, што дэлегаты Кангрэсу гэта толькі прадстаўнікі ад сваіх арганізацый, паказалі, што апазіцыйныя партыі і рухі не такія ўжо і малалікія, як пра тое пішуць і гавораць дзяржаўныя СМІ. Дэмакратычныя сілы паказалі таксама, што ўсе гучныя заявы пра раз'яднанасць, пра раскол, мякка кажучы, таксама некалькі прыўвялічаныя. Ніякага расколу на Кангрэсе не адбылося. У Палітраду ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх фракцый у адпаведнасці з раней выпрацаванымі квотамі. Палітрада абраная ў складзе 45 чалавек. Сустаршынямі Палітрады сталі В. Вячорка, А. Лябедзька, С. Калякін і А. Ляўковіч. А. Мілінкевіч быць сустаршынём адмовіўся, але гаварыць на гэтай падставе пра нейкі раскол не выпадае, бо фракцыя Мілінкевіча мае ў Палітрадзе 6 месцаў і не адмовілася іх запоўніць.

Нязначна змяніўся і статус самога Мілінкевіча. Ён перастаў быць старшынём Палітрады, але ён як быў адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў на мінулых выбарах, так і застаецца, у яго як было мноства прыхільнікаў па ўсёй краіне, так і ёсць.

Разам з тым галасаванне па стратэгіі паказала, што ні адна палітычная сіла ў апазіцыі не можа дыктаваць свае правілы гульні. Чатыры партыі аказаліся мацней за самую вялікую фракцыю на Кангрэсе фракцыю Мілінкевіча, якую падтрымлівала і Еўрапейская кааліцыя.

Таму далейшыя стасункі ў дэмакратычным грамадстве Беларусі будуць грунтавацца на дамоўленасцях і кампрамісах, прынамсі паміж сабой. Якія стасункі ў апазіцыі будуць з уладай: будуць гэта перамовы ці будзе вуліца, сёння не сказаць. Відавочна, што гэтыя стасункі будуць не простыя і не лёгкія. Але барацьба за ўладу нідзе і ніколі не была простай і лёгкай справай, і Беларусь тут не выключэнне.

Як пазітыў Кангрэсу можна адзначыць, што абсалютная большасць выступаў была на беларускай мове. Пабеларуску выступалі нават тыя палітыкі, якія раней на мове ніколі не гаварылі.

Яраслаў Грынкевіч.

На здымках: 1. Аляксандр Мілінкевіч робіць справаздачу перад Кангрэсам; 2. У зале Кангрэсу.


ДА 80-ГОДДЗЯ ВІТАЎТА КІПЕЛЯ:

Гісторыя сяброўства

Кажуць, каб пазнаць чалавека, трэба з'есці з ім пуд солі. А колькі солі з'ядаюць двое за шэсцьдзесят з лішнім гадоў? Пудоў тых і не палічыш!

Сяброўства наша пачалося само сабой пры першым знаёмстве ў беларускім лагеры для "перамешчаных асобаў" (уцекачоў ад бальшавізму) ў далёкім ад Беларусі баварскім Рэгенсбурзе ў 1946 годзе. Мне канчаўся дзевятнаццаты год, а яму дзевятнаццаты толькі што споўніўся. Сяброўства пачалося натуральна, як пачынаецца золак. Глеба для дружбы была падрыхаваная яшчэ на Бацькаўшчыне. Мы абодва прайшлі пад нямецкай акупацыяй праз нацыянальную школу ды Саюз Беларускай Моладзі - ён у Менску, а я ў Баранавічах. Паспрабавалі ліхалецця вайны, голаду і холаду. Вынеслі з дому нацыянальны светагляд, ідэалізм і патрыятычны энтузіязм. Усё гэта і сталася той скалой, на якой замацавалася на ўсе далейшыя гады супольная праца на грамадскай ніве. На самым пачатку справамі, вакол якіх паглыблялася сяброўства, былі скаўтынг, спорт, літаратурны гурток гімназіі імя Янкі Купалы ды выдавецкая дзейнасць у беларускім лагеры ў Міхельсдорфе (19461947 гг.).

Далей, пасля трохгадовага перыяду ліставання, калі Вітаўт застаўся ў Нямеччыне, а я шахцёрыў у Ангельшчыне, літасцівая доля звяла нас разам на ўніверсітэцкай ніве ў Лювэне ў Бельгіі. Там цягам чатырох гадоў мы займаліся, паралельна з навукай, грамадскаарганізацыйнай, канцэртнай (у ансамблі Міколы Равенскага) ды выдавецкай працай.

Вітаўтавы арганізацыйныя здольнасці і невычарпальны дынамізм, ягоныя раз'езды па гарадах, дзе жыло ці мала беларускіх работнікаў, далі багаты плён у Саюзе Беларусаў Бельгіі: арганізацыя папоўнілася новымі сябрамі, актывізаваліся ўзаемныя сувязі, а газета "Бацькаўшчына", што выдавалася ў нямецкім Мюнхене, займела дадатковых падпісчыкаў. Дзякуючы кантактам з работніцкімі групамі, наша студэнцкая грамада ў Лювэне сталася дынамічным асяродкам беларускага жыцця ў Бельгіі, месцам не толькі адзначання ў сябе нацыянальных святаў, але і пашырэння інфармацыі пра Беларусь сярод бельгійцаў ды наладжвання кантактаў з журналістамі і палітыкамі.

У 1954 годзе, калі я выехаў у Мюнхен на працу ў радыё "Вызваленне", а ён праз год перабраўся ў Злучаныя Штаты, настала зноў паўза ў нашым цесным супрацоўніцтве, але не ў працы на ніве беларушчыны. Нават калі і праходзілі цэлыя месяцы без кантактаў, мы ведалі, што мы разам у нашых намерах і намаганнях. А ў 1957 годзе мы зноў апынуліся побач адзін аднаго ў НьюЁрку. Адчуванне было, што і не расставаліся. Абставіны склаліся так, што Ньюёркская Публічная Бібліятэка, дзе працаваў Вітаўт з жонкай Зорай, і Беларуская рэдакцыя радыё "Вызваленне" (што перайменавалася неўзабаве ў Свабоду"), дзе працаваў я, былі амаль што побач. У часе абедзенных перапынкаў (дый паза імі) можна было, калі ўзнікала патрэба, лёгка падыйсці адзін да аднаго. Сталыя кантакты і супрацоўніцтва па лініі радыёперадачаў і газеты "Беларус" (якую рэдагаваў тады др. Станіслаў Станкевіч) дадавалі імпэту ў працы на грамадскай і палітычнай ніве, нараджалі розныя праекты і планы. А іх у Вітаўта вечна была поўная галава. Дзядзька Антось (Антон Адамовіч), які таксама працаваў у радыё "Свабода", калі я яму казаў, што мае прыйсці Кіпель, прыгаворваў; "Так, прыйдзе Кіпень!" І сапраўды, у Вітаўта заўсёды кіпелі праекты. І кіпяць непаслабна аж да сённяшняга дня.

На працягу 1960х-1980х гадоў, апрача ўсяго іншага, у Вітаўта кіпела праца над падрыхтоўкай трох вялікіх беларускіх фестываляў; праводзіліся пад ягоным старшынствам у Федэрацыі Рэспубліканскіх Нацыянальных Клубаў штата НьюДжэрсі палітычныя кампаніі, прэзідэнцкія выбары, рэдагавалася англамоўная газета Heritage Review, орган Федэрацыі; адбываліся з ягоным удзелам візіты ў Дзяржаўны Дэпартамент, штатавую легіслатуру, мэрыі НьюЁрка ды іншых гарадоў, дзе жылі беларусы; пісалася кніга пра беларускую грамаду горада Кліўленда; трымаліся кантакты з беларускімі дыпламатамі пры ААН, у тым ліку з пісьменнікамі, што прыязджалі на Генеральныя Асамблеі.

Адной з важных дзялянак Вітаўтавай навуковай і выдавецкай дзейнасці стаўся Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва, дзе старшынства ад аднаго Вітаўта (доктара медыцыны Тумаша) пераняў у 1982 годзе другі Вітаўт (доктар геалогіі Кіпель). І тут арганізацыйныя здольнасці новага старшыні далі багаты плён. Рэч у тым, што ў нашай эміграцыйнай выдавецкай практыцы заўсёды было адно слабое месца: у шмат якіх выпадках выдавецкі энтузіязм канчаўся з момантам атрымання з друкарні накладу выдання. Пашырэнне кнігі, а значыць і збор сродкаў на наступную публікацыю, адкладаліся на пасля або на ніколі. У нашага ж Вітаўта такога не было і няма. Збор фондаў, выдавецкі працэс і рассылка новай публікацыі суправаджаюцца аднольквай напорыстасцю. Усюды, дзе б ні адбывалася якаянебудзь грамадская падзея - фестываль, пікнік, юбілей, большая або меншая ўрачыстасць, рэлігійнае ствяткаванне - можна пабачыць Вітаўта з раскладзенымі на стале ля ўваходу кніжнымі выданнямі. Гэтая пашыральніцкая сістэматычнасць ідзе ад падвойнага разумення: 1) беларуская кніжка патрэбная беларускаму чалаавеку, бо ў ёй закладзеная любасць да свайго роднага, і 2) беларус павінен падтрымоўваць сваё выдавецтва, бо беларуская кніжка - паказальнік нацыянальнай жывучасці.

Калі пасля развалу "турмы народаў" з'явілася магчымасць дасылаць кнігі на Бацькаўшчыну, тут ізноў выявілася метадычная працавітасць Вітаўтавыдаўца і Вітаўтапашыральніка. Сёння дзясяткі бібліятэк Беларусі маюць у сваіх фондах замежныя выданні, дзякуючы таму, што Вітаўт Кіпель сам асабіста, часта за свае грошы, выслаў іх туды. Ці мала кніжак выйшла і на Бацькаўшчыне, дзякуючы фінансаваму ўдзелу БНІМу, касу якога старшыня стараецца папаўняць, рассылаючы каталогі выданняў БІНіМу ды просьбы да суродзічаў па цэлым свеце дапамагчы ў наступных выдавецкіх праектах.

Калі аглядаешся назад на больш як поўстагоддзя сяброўства і супрацоўніцтва, узнікае тлумачэнне аднае цікавае акалічнасці. Ніводзін з нас не быў ні стопрацэнтным "зарубежнікам" ні стопрацэнтным "крывічом", хоць Вітаўту было бліжэй да першых, а мне - да другіх. Ён быў добрым сынам бацькі і не мог не салідарызавацца з ім, а я ад часу студэнтцва быў блізка да Міколы Абрымчыка, тагачаснага старшыні Рады БНР. У нашых бясконцых гутарках на грамадскія і нутранапалітычныя тэмы ў нас часамі былі палярна супрацьлеглыя погляды, але гэта ніколі не пераходзіла ў персанальны канфлікт - розніца думак аніяк не перашкаджала той працы, якою мы супольна займаліся. У чым сакрэт гэткай згоды? У аднолькавым разуменні нацыянальных ідэалаў і вартасцяў, дзеля якіх мы жывём, у беларускім патрыятызме, у адданасці таму, што завецца Беларускай Справай. Вера ў высокія нацыянальныя ідэалы дапагае знаходзіць кампрамісы, калі ўзнікаюць разыходжанні ў поглядах, ахоўвае сяброўства, якое так патрэбнае чалавеку дзеля маральнага здароўя і духовага камфорту, дзеля захоўвання аптымізму ў мамэнты жыццёвых выпрабаванняў. У сувязі з гэтым думаецца, што калі б у нашым грамадстве было больш апантанасці нацыянальнай працай, больш захаплення ідэаламі свабоды і незалежнасці Бацькаўшчыны, можа тады не трэба было б адказваць чужынцам на прыкрае пытанне: "Чаму беларусы такія сварлівыя?"

Мушу зазначыць, што ўва ўсёй сваёй шматбаковай дынамічнай дзейнасці Вітаўт меў самую трывалую падтрымку ад нябожчыцы жонкі, Зоры. З Зорай Вітаўт падзяляў глыбокі патрыятызм, які яны перанялі ад сваіх бацькоў, і дысцыпліну працы на грамадскай і навуковай ніве. У такім духу яны выхавалі і сваіх дзяцей, Алесю і Юрку, якія сёння - яна адвакат, а ён доктар медыцыны - адзначаюцца актыўасцю на беларускаамерыканскім грамадскім і палітычным полі, выяўляючы і працягваючы гэтым пераемнасць бацькоўскіх каштоўнасцяў.

Янка Запруднік


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў чэрвені

Парчынскі Яўген Жарнасек Вітаўт Сіліч Аляксандр Анатол. Разумава Галіна Уладзім. Палянскі Андрэй Валер'ев. Рак Вольга Рыгораўна Кісляк Васіль Сяргеевіч Косава Ганна Валер'еўна Яшкіна Надзея Алегаўна Кляпкоў Дзмітрый Шпілеўскі Вячаслаў Вікт. Дзюсекаў Павел Аляксан. Дзюсекаў Павел Шахлевіч Юлія Віктар. Ждановіч Таццяна Міхайл. Галіч Аляксей Эдуардавіч Старавойтава Надзея Крываротаў Міхаіл Юр'ев. Нішчык Алесь Уладзімір. Барысава Сафія Міхайл. Дуброўскі Валер Леанідав. Ігнатовіч Марыя Іосіфаўна Сярова Зося Міхайлоўская Данута Кан. Золаў Юры Георгіевіч Спасюк Рыгор Віктаравіч Свізуноў Вячаслаў Кавалеўская Наталля Л. Макрыцкі Яраслаў Янавіч Валошчык Лідзія Рыгор. Трацяк Дзмітры Вітальев. Сільнова Ніна Акудовіч Валянцін Васіл. Магонаў Сяргей Аляксан. Ільіна Анастасія Аляксан. Ляўковіч Анатоль Іосіф. Бяласін Яўген Аляксандр. Капціловіч Іван Салоха Надзея Таўгень Людвіка Анапрыенка Юрый Іваноў Сяргей Сідляр Андрэй Свірко Наталля Самстыка Сяргей Алегавіч Дзічкоўская Настасся Біза Юльян Сцяпанавіч Марозава Людміла Уладз. Юшкевіч Андрэй Андрэев. Манкевіч Таццяна Пятр. Машкала Іосіф Чаркасава Галіна Ільінічна Харужая Вера Панкевіч Юлія Аляксандр. Міхальчук Вераніка Пятр. Запалянская Вольга Васіл. Раманава Ганна Алякс. Славута Ніна Маркевіч Мікалай Мікал. Хвацік Іван Міхайлавіч Кухарчык Людміла Шаўцоў Генадзь Уладзім. Рэўтовіч Кірыла Васільевіч Баеў Павел Віктаравіч Туровіч Ірына Уладзімір. Алёшка Вячаслаў Часлав. Маневіч Аляксей Лабаты Алег Анатольевіч Пукель Алена Адамаўна Сінкевіч Ірына Тадэвуш. Абужынская Ганна Алякс. Давыдчук Сяржук Ласкутнікаў Павел Сярг. Махлай Кастусь Шарман Аліна Патапава Дзіяна Сярг. Кавалеўская Стэфанія С. Рудак Наста Юр'еўна Русць Максім Часлававіч Ціханаў Аляксандр Валер. Носаў Андрэй Палухін Уладзімір Мікал. Раеўскі Аляксандр Хевук Ігар Базык Вольга Каўко Зьміцер Грыгор'ева Ірына Людвіг. Кукуць Алена Аляксандр. Ролік Міхаіл Міхайлавіч Кісель Сяргей Леанідавіч Петрашэвіч Яўген Лаўрыновіч Алесь Сярг. Раманішка Вікторыя Ул. Чашчына Вольга Мікал. Вайтовіч Сяргей Уладзімір. Кобрусеў Дзяніс Аляксанд. Малашчанка Аляксей Юр. Ціхановіч Вольга Віктар. Бурачонак Аляксандр Вяч. Варонік Святлана Аркадз. Мароз Кацярына Мікал. Шумская Ірына Антон. Сянкевіч Святлана Анат. Аляхновіч Ніна Паўлаўна Жалдака Васіль Станісл. Шчарбачэня Вячаслаў С. Курдо Павел Аляксандр. Заблоцкая Алена Аляксан. Ажар Таццяна Мікалаеўна Сакалова Ніна Асмыковіч Міхась Мікал. Мархотка Леанід Андрэев. Краўчук Ірына Краўчук Зміцер Цімафеева Ядвіга В. Сямашка Ала Уладзімір. Шыпіла Уладзімір Алякс. Чарановіч Ніна Мікал. Станько Галіна Гашко Ірына Аляксееўна Мацюшэнка Ніна Мікал. Гайдук Ірына Эдуардаўна Філічонак Ларыса Баеў Дзмітрый Уладзімір. Сакун Алена Васільеўна Міхноўская Наталля Вяч. Праневіч Кацярына Ген. Макарэвіч Іна Яскевіч Алесь Юр'евіч Радэнка Кацярына Уладз. Анацка Ганна Грышко Людміла Анацка Яўген Жамойда Алена Комар Юры Мікалаевіч Мішчанкоў Уладзімір Ал. Паўловіч Анатоль Дземідовіч Ганна Жук Ігар Васільевіч Якубовіч Ю.А. Раманчук Анатоль Анат. Ларын Іван Юр'евіч Трухан Л Белавусава Валянціна Вал. Максімава Наталля Салаўёва Людміла Мікал. Крол Аляксандр Уладзім. Рабчэня Таццяна Васіл. Майсяёнак Андрэй Георг. Радзюк Валянціна Гудкова Дар'я Уладзімір. Бязмацерных Дар'я Алякс. Кузікевіч Алена Разжалавец Іван Завадская Алена Аляксан. Разжалавец Сяргей Кудрашова Лілія Кочман Тэреса Сакава Ніна Леанідаўна Глушко Аляксей Віктар. Няганаў Яўген Сяргеевіч Лендзянкоў Ігар Кукуць Уладзімір Часлав. Якаўлеў Юры Генадз'евіч Урбан Аляксандр Куляшоў Дзмітрый Віктар. Мароз Уладзімір Вікенц. Канкоўская Святлана Кутас Святлана Куніцкая Ганна Уладзім. Чабатарэўскі Барыс Цімошак Зінаіда Вячасл. Савіч Сяржук Красоціна Тамара Іван. Бязмен Васіль Канстанц. Дубоўскі Валерый Леанід. Васільева Анастасія Вяч. Юркевіч Сяргей Іванавіч Мельнічук Сяргей


Прэзентацыя фотальбома "Навагрудак"

18 траўня ў Лідскай музычнай школе адбыліся прэзентацыя фотаальбома Ігара Пешахонава "Навагрудак" і адкрыццё фотавыставы "Зімовы Навагрудак".

Да гэтага фотавыстава тры месяцы экспанавалася ў Домемузеі Адама Міцкевіча ў Наваградку. Там жа ў Наваградку прайшла і першая прэзентацыя фотаальбома.

Нагадаем, што гэта другі альбом фотамастака Ігара Пешахонава. Першым быў фотаальбом "Ліда". Зараз рыхтуецца да выдання фотаальбом "Краявіды Лідчыны".

Тэксты ў альбоме "Навагрудак", як і ў папярэднім, выкананы на беларускай, англійскай і польскай мовах.

Яраслаў Грынкевіч.

На здымку: Ігар Пешахонаў гутарыць з сябрамі падчас адкрыцця выставы.


Свята ў гонар Мілавідскай бітвы 1863 года

(Мілавіды 2007)

Кожны чалавек каштуе роўна столькі,

колькі застаецца ад яго жыццёвага досведу і

працягваецца ў досведзе наступных пакаленняў.

Д. Ійеш

144 гады таму ля вёскі Мілавіды (Баранавіцкі раён) адбылася найвялікшая бітва падчас вызвольнага паўстання 1863 года на Беларусі. Гэтую барацьбу ўзначаліў слаўны сын беларускага народа Кастусь Каліноўскі, якога паўстанцы ласкава называлі "кароль Літвы" (Літвою ў тыя часы называлі заходнюю і цэнтральную Беларусь). Касінеры Каліноўскага марылі, што стануць гаспадарамі на сваёй зямельцы, што іх Бацькаўшчына будзе не паўночназаходняй правінцыяй царскай Расіі, а вольнай і дэмакратычнай краінай.

З нагоды гэтай слаўнай даты нашай гісторыі 22 траўня 2007 года ў ваколіцах Мілавідаў адбылася святочная імпрэза, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і палітычных партый горада Баранавічы.

Старшыня Баранавіцкай Рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Віктар Сырыца расказаў пра тыя падзеі на мілавідскай зямлі, якія адбыліся 144 гады таму. Ён паведаміў, што ў сярэдзіне траўня 1863 года, тут, у Мідавідскім лесе, паблізу шашы БерасцеБабруйск, сабраліся Слонімскі, Ваўкавыскі, Гарадзенскі, Наваградскі, Пружанскі паўстанцкія атрады (усяго каля 800 чалавек). 21 траўня лагер паўстанцаў інспектаваў Кастусь Каліноўскі. Камандаванне аб'яднанымі сіламі ўзяў на сябе Аляксандр Лянкевіч (інсургенты называлі яго наш "Ляндэр"). У 1993 годзе Мілавідскай СШ было прысвоена імя А. Лянкевіча, аднаго з самых яркіх патрыётаў Беларусі. На задушэнне паўстання царскія ўлады кінулі войскі са Слоніма (3 роты пяхотнага палка з гарматамі і кавалерыяй). Кіраваў расійскім вайсковым атрадам падпалкоўнік Булгарын. 22 траўня 1863 года расійскія войскі з розных бакоў атакавалі лагер. Бой цягнуўся амаль цэлы дзень, але паўстанцы вытрымалі ўсе атакі рускіх салдат. Хутка на дапамогу царскаму войску падаспелі яшчэ 2 роты пяхотнага палка з Нясвіжа. Назаўтра расійскія салдаты аднавілі наступленне, але паўстанцы да гэтага часу пакінулі Мілавідскі лагер і разышліся ў розныя бакі, каб весці партызанскую барацьбу.

Усе прысутныя на ўрачыстай імпрэзе ўважліва слухалі і глядзелі наўкол, быццам бы гэтыя падзеі 144 гадовай даўніны адбываюцца перад іх вачыма.

Шкада, але ніхто з афіцыйных гарадскіх ці раённых уладных структур не пажадаў прысутнічаць на гэтым мерапрыемстве.

Віктар Сырыца падкрэсліў, што кроў, пралітая за свабоду Бацькаўшчыны, становіцца святой. І каб захаваць гістарычную пераемнасць пакаленняў, мы павінны шанаваць гэтую святую мясціну, якую ўрачыста асвяціў тры гады таму праваслаўны святар - айцец Сергій.

Свята завяршылася ўскладаннем кветак і выкананнем патрыятычных мелодый, якія цудоўна выканаў беларускі хор на чале з Галінай Ярашэвіч. Упершыню ў мілавідскім фэсце прынялі ўдзел рыцары з маладзёвага клубу "Шляхецкая застава", якія ўдала дэманстравалі сваё вайсковае майстэрства.

Наш "кароль Літвы" пражыў усяго 26 гадоў, але пакінуў нам вялікую духоўную спадчыну. Толькі тады чалавек шчаслівы, вучыў Каліноўскі, калі ён свабодны. Дык дамагайцеся гэтай свабоды.

Вітусь Свабодскі.

На здымках:

1. Сябры Баранавіцкай арганізацыі ТБМ на Мілавідскім полі.

2. Каменьвалун у гонар паўстанцаў 1863 года.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX