Вярнуцца: 2007

№ 22 (810)


Крыніца: pawet.net.



№ 22 (810) 6 ЧЭРВЕНЯ 2007 г.

ЯК ЗБЕРАГЧЫ СТАРАЖЫТНУЮ ГАРОДНЮ ?

Гародня:

Паміж рэстаўрацыяй і рэканструкцыяй

На трэці месяц пайшоў адлік супрацьстаяння гарадзенскай грамадскасці і гарадзенскіх уладаў па пытанні рэканструкцыі гістарычнай часткі Гародні.

Кожны дзень адбываюцца рознага роду акцыі. Актывісты грамадзянскай кампаніі "Выратуем Гародню" падалі ў пракуратуру Гарадзенскай вобласці скаргу, у якой выказваюць "занепакоенасць шэрагам парушэнняў заканадаўства аб архітэктуры і горадабудаўніцтве, а таксама аб ахове гісторыкакультурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь". Парушэнні былі здзейсненыя ўладамі горада Гродна і працягваюць мець месца, лічаць актывісты кампаніі, у 20052007 гадах падчас правядзення будаўнічых работ па так званым добраўпарадкаванні цэнтральнай часткі горада. Пад зваротам у пракуратуру падпісаліся 789 грамадзянаў. Створана, нават, ініцыятыўная група па правядзенні гарадскога рэферэндуму. Сёння "Наша слова" друкуе шэраг матэрыялаў па згаданай праблеме. Але варта ўсё такі паспрабаваць разабрацца ў тым, што на самай справе адбываецца ў Гародні. Няўжо гарадзенскія ўлады ні з таго, ні з сяго вырашылі знішчыць частку помнікаў архітэктуры?

На самай справе гарадзенская праблема з'яўляецца праблемай цывілізацыйнай. Задачы развіцця гарадоў і захавання гістарычнай спадчыны пастаяння ўступаюць у супярэчнасці. Яны ўзнікаюць разпораз у розных гарадах і краінах. І парознаму яны вырашаюцца. Недзе, як у Маскве, выдатныя помнікі архітэктуры проста зносяцца, недзе, як у Еўропе, рэстаўруюцца не толькі асобныя будынкі, а цэлыя вуліцы, кварталы і, нават, гарады. А што мы маем у еўрапейскім горадзе Гародні?

Адказы на 1-4 ст.


ХХІ стагоддзе наступае на Гародню

У бліжэйшы час можа знікнуць унікальны помнік архітэктуры, гістарычны цэнтар Гародні

У плане рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Гародні гарадзенскія ўлады вызначылі да зносу каля 70 будынкаў, якія з'яўляюцца прыкладамі архітэктуры XVIII - пачатку XX стагоддзяў. Дамы на Сацыялістычнай, Урыцкага, Гараднічанскай, Тэльмана, Кірава і цэлы квартал паміж вуліцамі Міцкевіча ды Астроўскага, так званы "Новы свет" - усе гэтыя будынкі, многія ў архітэктурнай ахоўнай зоне з падачы гарвыканкаму ў красавіку былі зацверджаныя да зносу.

Ужо амаль разабраны помнік архітэктуры другой катэгорыі - флігель палаца ляснога адміністратара па Горкага, 2, пабудаваны Антоніем Тызенгаўзам у XVIII ст. Апошнія тыдні дажывае помнік трэцяй катэгорыі, прыгажэйшы прыклад стылю мадэрн XIX ст. па вул Сацыялістычнай, 44. Літаральна дні засталіся да знішчэння ўзораў забудовы пачатку мінулага стагодзя Урыцкага, 5, 21, а таксама Урыцкага, 12 і Гараднічанская, 23 - помнікаў трэцяй катэгорыі. Дом па Урыцкага, 23, помнік трэцяй катэгорыі, знеслі, не чакаючы зацвярджэння плану. А квартал "Новы свет", комплекс якога з'яўляецца ўзорам гарадской забудовы міжваеннага часу плануецца зліквідаваць цалкам, а на яго месцы збудаваць "элітнае жытло".

Варта адзначыць што цэнтар Гародні цалкам з'яўляецца помнікам архітэктуры - і менавіта пад такой фармулёўкай "Гістарычны цэнтар г. Гродна", цэлым комплексам, а таксама і асобнымі будынкамі, уваходзіць у спіс помнікаў, зацверджаны Генеральным планам развіцця Гародні, які быў прыняты Указам прэзідэнта Беларусі № 332 ад 28 ліпеня 2003 г. Але можна смела казаць, што старая Гародня, "горадмузей", імкліва перастае існаваць.

Афіцыйная падстава для масавага разбурэння гістарычнага цэнтра - так званая "рэканструкцыя", шырокамаштабныя земляныя і будаўнічыя работы, якія нібыта павінны вырашыць праблему развіцця транспартнай сістэмы горада.

Аднак гэтыя работы суправаджаюцца сур'ёзнымі парушэннямі беларускага заканадаўства не толькі аб ахове гістарычнакультурнай спадчыны. (Адным з вынікаў "рэканструкцыі" мінулага года разбураныя больш за 20 будынкаў ХІХ - пачатку ХХ ст., у тым ліку помнікі ў стылі канструктывізму. Парушаная гістарычная планіроўка Савецкай плошчы (былога Рынку), знішчаныя каштоўнейшыя для навукі археалагічныя пласты XIV - XVIII ст.ст.) Ідзе парушэнне гаспадарчага заканадаўства: кавалкі зямлі ў цэнтры горада вызваляюцца ад "непатрэбных" будынкаў з мэтай іх далейшага перапродажу пад новую забудову.

У красавіку гэтага года гэтая практыка была зацверджана навуковаметадычнай радай Міністэрства культуры на спецыяльным паседжанні ў Гародні. Згодна з праектамі, якія ухвалілі менскія эксперты, плануецца знішчэнне каля 70 будынкаў гістарычнага цэнтра горада.

Ірына Чарняўка.



"Сённяшні так званы Стары горад ў Гародні - гэта адзіны стары горад, які захаваўся на ўсе абласныя цэнтры Беларусі. Там усё знішчана вайной. А вось гэты Стары горад, гэтыя вузенкія вулачкі з дамамі 19-га стагоддзя ствараюць тую непаўторную аўру, якая прыцягвае турыстаў. Тут можна не проста пахадзіць па старых вуліцах, а адчуць жывую даўніну. І знішчэнне гэтага, пераўтварэнне ў муляжы знішчыць сам дух старажытнай Гародні".

Алесь Смалянчук, доктар гістарычных навук, прафесар.



"Практычна знішчаецца асяроддзе ўнікальнага ў нашай краіне горада, самага еўрапейскага горада Беларусі. Акрамя таго, што разбураюць асобныя будынкі, дык яшчэ збіраюцца, нягледзячы на пратэсты грамадскасці, праводзіць рэканструкцыю цэнтральнай плошчы, Старога моста. І ўсё гэта насуперак нават Генеральнаму плану развіцця горада, зацверджанаму прэзідэнтам! Замест таго, каб выдаліць транспарт з цэнтра горада, яго, наадварот, шматкроць павялічаць там, у беспасрэднай блізкасці ад унікальных помнікаў - каралеўскіх замкаў (Старога і Новага). Таксама плануецца знос 28 будынкаў-асабнякоў пабудовы 1920 - 1930 гадоў. Шмат трэба працы, каб іх рэстаўраваць, таму хочуць іх проста знесці, каб там збудаваць дамы для багатых...

...Адносіны да помнікаў у Польшчы не ідуць ні ў якае параўнанне з тым, што мы маем у Беларусі. Вось вельмі коратка пра два гарады, якія побач знаходзяцца: Беласток і Гародня. Паміж імі 70 кіламетраў. Гістарычная спадчына непараўнальная. Гародня - гаспадарскі, каралеўскі горад, Беласток - мястэчка. Але Беласток выглядае ў сэнсе захавання спадчыны намнога лепш за Гародню.

Алесь Краўцэвіч, доктар гістарычных навук, прафесар.


Мы - за Гародню

Зінаіда Бандарэнка, народная артыстка: Дзеянні ўладаў выклікаюць толькі абурэнне! Але нельга пакідаць іх без увагі. Людзі павінны змагацца за свой горад. Любая спроба грамадства будзе дзейснай, нягледзячы на сённяшнія ўмовы абмежавання свабодаў.

Уладзімір Арлоў, пісьменнік: Уяўляю, як цяжка супрацьстаяць, нягледзячы на ўсе скаргі. Калісьці ў маім родным Полацку была падобная сітуацыя: хацелі знесці дом. Мы зладзілі кругласуткавае дзяжурства каля яго.

Ніл Гілевіч, народны паэт Беларусі: Я катэгарычна супраць разбурэння каштоўных гістарычных помнікаў. Дарэчы, такія "рэканструкцыі" ідуць ва ўсіх гарадах Беларусі. Я вітаю супраціўленне свядомых грамадзян. Вельмі важна не саступаць гэтаму вандалізму, нават у сённяшніх умовах несвабоды. Добрае, разумнае, справядлівае слова заўсёды дасць плён. Зерне падае не на камень, і хоць нейкая частка людзей зразумее, што так абыходзіцца са спадчынай нельга.

Андрэй Хадановіч, паэт: Мне таксама балюча зза Гародні. Забіваецца дух горада. Зайздросціш краінам, якія паважаюць сваю спадчыну. Я не ўяўляю іншай дзяржавы, дзе можна было бы так вось разбураць усё! Гарадзенская старажытнасць, шматкультурнасць, еўрапейскі пейзаж - галоўнае адрозненне ад азіяцкай культуры. Гэта азначае максімум рознаканфесійных помнікаў. Муніцыпальныя ўлады, якая часам больш халуйскія, чым рэспубліканскія - гэтага не разумеюыь. Вертыкаль крадзе ва ўласных дзяцей.

Алег Хаменка, лідар гурта "Палац": Лічу, што старыя мясціны ў Гародні трэба захаваць у якім заўгодна выглядзе! Знішчаць цэнтар толькі таму, што гэта зручна нейкім людзям на сённяшні момант - не лепшы варыянт. Чаму не можа быць каля "Азота" самых сучасных хмарачосаў? Там можа быць Сіціцэнтар. А стары горад пакіньце, бо гэта ж культура краіны!

Віктар Шалкевіч, бард: Старая Гародня - частка нашай культуры. Ламаць гэту спадчыну - вялізная бессэнсоўнасць. У Заходняй Еўропе за кожную драўляную палку клапоцяцца. Не гледзячы на сённяшнія ўмовы, інтэлігенцыя, адукаваныя людзі, павінны выказаць сваё слова.

Андрэй Дынько, рэдактар "Нашай Нівы": Я супраць гэтай "рэканструкцыі". Любыя меры па абароне старога горада апраўданыя.


Пабудаваны Тызенгаўзам

Будаўнікі амаль разабралі архітэктурны помнік другой катэгорыі, флігель палаца ляснога адміністратара, які дайшоў да нас з XVIII стагоддзя ў аўтэнтычным выглядзе. Плануецца на месце флігеля паставіць сучасную царкву. Гістарычную вартасць гэтага аб'екта спецыяльна для "Нашага слова" тлумачыць гарадзенскі гісторык Ігар Лапеха.

Вось ужо два стагоддзі ў былой Гарадніцы стаяць будынкі часоў Антонія Тызенгаўза, кожны з якіх i архітэктурны помнік, i, адначасова, нагляднае сведчанне бурнай дзейнасці Гарадзенскага старасты. За пятнаццаць гадоў Тызенгаўз узвёў у Гарадніцы каля 50 будынкаў рознага прызначэння.

Самая эфектная задума архітэктара ў афармленні Гарадніцы - Парадная плошча. Сіметрычная, выцягнутая па восі, яна абуджала ў гледача пачуццё гармоніі і завершанасці. Зрокавая перспектыва замыкалася з аднаго боку на парадны двор палаца Тызенгаўза, а з другога - на пампезны фасад палаца адміністратара. Усё проста: палац і два флігелі. Але, як урачыста і прыцягальна!

І гэтую матэматычна вывераную ідылію хочуць разбурыць новым акцэнтам (царквой), які парушыць сіметрыю, перацягне на сябе ўвагу гледача і міжволі ўзбудзіць пачуцці незавершанасці кампазіцыі і недарэчнасці існавання храма на гэтым месцы. Новыя гаспадары будынка кажуць, што стайні (першапачатковае прызначэнне флігеля) не маюць мастацкай каштоўнасці толькі зза таго, што яны стайні. І увогуле, аварыйны тэхнічны стан не прадугледжвае мажлівасці рэстаўрацыі флігеля.

Кажуць, што будынак без падмуркаў, сцены з'ела вільгаць і таму яго захаваць немажліва. Мана. Проста "падмуркі", якія ўяўляюцца абывацелю - бетонныя блокі з рубіроідам зверху - у будаўнічых тэхналогіях з'явіліся толькі ў другой палове ХХ ст. Пры такой логіцы трэба знесці ўсе будынкі, старэйшыя за гэты перыяд. Даўно існуюць тэхналогіі, якія дазваляюць на падмурках старых будынкаў сарганізаваць эфектыўную гідраізаляцыю з адначасовай прасушкай сцен. У нас жа наадварот: сцены старых будынкаў пакрываюцца росчынай і фарбай, якая не выпускае вільгаць знутры і прымушае цэглу "гніць".

Што да мастацкіх вартасцяў стайні, то яны раскрываюцца ў тэхналогіях, якія выкарыстоўваліся 250 гадоў таму. Рытм крапаваарачных ніш, кроквенная сістэма даха, планіроўка будынка як стойла для коней. Калі гэта ўсё не ўлічваць, то і лямус у брыгіцкім кляштары можна смела зносіць. Навошта нам хлявы XVIIXVIII ст?

Калі параўноўваць два флігелі палаца адміністратара, то менавіта той, які хочуць знесці, з'яўляецца больш вартым, бо захаваў сваю аўтэнтычнасць і першапачатковы характар архітэктуры.

А самае галоўнае, Гарадніца - унікальны і самы маштабны горадабудаўнічы праект канца XVIII ст. З 50 будынкаў ансамбля да сённяшняга дня дайшло толькі 9. Але гэта, ў асноўным, будынкі параднай часткі. У нас і зараз застаецца мажлівасць адрадзіць комплекс Плошчы Тызенгаўза ў першапачатковай задуме архітэктара. Калі замест флігеля ў гэтым комплексе дамінантай паўстане царква, ансамбля ўжо не будзе ніколі.

Ігар Лапеха, гісторык.


Даведка

Гарадніца

Гарадніца - выдатны прыклад шырокамаштабнага горадабудаўнічага комплексу 18 ст. Менавіта тут упершыню ў 70х гады 18 ст. былі выкарыстаны новыя метады праектавання. Гарадзенскае прадмесце Гарадніца ператварылася ў сучасны асяродак, а аб высокіх тэмпах будаўнічых прац сведчыць забудова каралеўскага двара 85 будынкамі адміністрацыйнага, культурнага, жылога і прамысловага прызначэння. Праектам распланавання і забудовай гарадніцкага ансамбля займаліся дрэзданскі архітэктар Іаган Георг Мёзэр і італьянец з Вероны Джузэпе Сака.

Стан захавання гарадніцкага горадабудаўнічага комплексу

У 1908 г. гарадзенец Юзаф Ядкоўскі на старонках віленскага прэсы звярнуў увагу на катастрафічныя тэмпы знішчэння гарадніцкіх пабудоў. У 1915 г. дайшло да знішчэння палаца Тызенгаўза. У 1958 г. з 85 гарадніцкіх будынкаў заставалася толькі 20. Пачынаючы з сярэдзіны 60х гадоў 20 ст. з Гарадніцы паступова зніклі 8 з 9 басняцкіх домікаў, была засыпана частка рэчышча Гараднічанкі, што прычынілася да павышэння ўзроўню грунтовых вод і пагрозы затаплення паасобных гарадніцкіх помнікаў архітэктуры 18 ст. У пачатку 21 стагоддзя лічба пабудоў, узведзенных ці закладзеных у часы Тызенгаўза, скарацілася да 8.

Будынак лясной адміністрацыі

Адным з іх з'яўляецца будынак былой лясной адміністрацыі. Паводле адшуканага беларускім архітэктарамрэстаўратарам Валянцінам Калніным плана Гарадніцы, падрыхтаванага каля 1780 г., згаданы будынак знаходзіўся на задворках паўночнай часткі забудовы цэнтральнай плошчы Гарадніцы. Ён стаяў на задворках тэатральнай афіцыны, якая ў літаратуры шырока вядома пад назвай Крывой афіцыны, і меўся выконваць фунцыю стаеннай афіцыны.

Назва будынку была ўведзена Аленай Квітніцкай, якая аскрэсліла яе "будынкам лясной адміністрацыі", таму што на плане Гародні 1780 г. будынак № 654 быў названы "oficynа drzewniczowskа". Гэту версію можна палічыць цалкам праўдападобнай, таму што лясная гаспадарка Гарадзенскай эканоміі з'яўлялася істотнай крыніцай каралеўскіх даходаў.

Доктар гісторыі, ад'юнкт Ягелонскага універсітэта Юры Гардзееў.


Стары мост пад пагрозай

Пашырэнне Старога моста - яшчэ адзін этап разбурэння гістарычнага цэнтра Гародні

У горада з'явіліся грошы. У тым ліку і на "рэканструкцыю" цэнтра. Плошча "Савецкая"стала голым полем для масавых гулянняў, а наступны крок, пашырэнне Старога маста - назаўсёды замацуе інтэнсіўныя транспартныя плыні ў гістарычным цэнтры. Адносна гэтага, другога кроку, а дакладней планаў гарвыканкаму ў дачыненні Старога маста, нарэшце грамадскасць атрымала хоць нейкую падрабязную інфармацыю.

Праект гарвыканкаму

Зодна з агучанымі на старонках "Гродзенскай праўды" і ў эфіры Гарадзенсага тэлебачання праектамі, плануецца: на два гады перакрыць для транспарту Стары мост. За гэты час - на старых "быках" збудаваць новае, чатырохпалоснае дарожнае палатно, збурыць жылыя дамы па Падгорнай ды схіле Гараднічанкі і на вуліцы Гарнавых, а на іх месцы збудаваць пад'язныя дарогі для моста, чым значна змяніць гістарычны ландшафт. У планах таксама будаўніцтва так званай "аб'яздной" дарогі... праз гістарычны цэнтр горада! Дарога будзе праходзіць уздоўж старых яўрэйскіх могілак XVI ст., побач са старой Сінагогай, Каралеўскім замкам і Новым каралеўскім палацам, месцам апошняга сойму Рэчы Паспалітай, ды былым базыльянскім кляштарам XVIII ст.

Распрацоўшчыкі гэтага плану гавораць што:

1. "Гэта танна". Па мясцовай тэлевізіі гарадскія чыноўнікі спачатку называлі 12 мільярдаў рублёў, пасля 14 мільярдаў, і ўрэшце - 40 мільярдаў рублёў.

2. "Гэта хутка". Паводле праекту, "рэканструкцыя" Старага моста будзе трываць "усяго" два гады.

Аднак аргументы гарадскіх уладаў - чыстай вады хітрыкі. Спадары аўтамабілісты, давайце ўявім, як у страшным сне - Стары мост закрыты і вам трэба праехаць, скажам, ад гатэля "Беларусь" да гатэля "Турыст". Вы паедзеце па 17 верасня, Будзёнага і - засядаеце на далёкіх подступах да пераезду праз чыгунку, што каля Дома сувязі! А калі ваш маршрут Філармонія - Шпіталь - то вось дзе вы будзеце мець перарасход паліва!

На самой справе, вострая транспартная праблема - не ў Старым мосце. Цяпер Стары мост для кіроўцаў - выратаванне, пажарны варыянт (які выкарыстоўваецца, бо няма альтэрнатывы). Таму мы і маем заторы на дарогах. Наш горад падзелены не толькі ракой - нашмат большую праблему складае пераезд праз чыгунку!

Пасучаснаму выбудаваных пераездаў праз чыгунку толькі два, і абодва вядуць да цэнтра. Складваецца сітуацыя пры якой не толькі кірунак Дзевятоўка - Азот едзе праз цэнтр, а нават такі кірунак як Фарты - Вішнявец прэцца праз Стары мост, бо ведае - на Румлёўскі патрапіць яшчэ горш, бо эстакада праз чыгунку тут толькі адна і то сярод вузкіх вулачак цэнтра!

І галоўнае - калі рух па Старым мосце павялічыцца - гэта прывядзе да росту транспартнай плыні ў гістарычным цэнтры горада, і як вынік - да разбурэння гэтага архітэктурнага помніка.

Генеральны план

Агучаныя планы "рэканструкцыі" Старога моста - супярэчаць Генеральнаму плану развіцця г. Гародні, дакументу, зацверджанаму прэзідэнтам. Больш таго, Генеральны план прадугледжвае прынцыпова іншую канцэпцыю вырашэння транспартнай праблемы горада з захаваннем гістарычных аб'ектаў. Глядзіце схему.

Усім бачны прыярытэтны вектар Генеральнага плана - гэта пабудова новага аўтамабільнага моста праз Нёман (побач з чыгуначным) і вывад транспартнай плыні з гістарычнага цэнтра.

Таксама прадугледжана пабудова эстакады праз чыгунку. Гэты праект выгадней і хучэй, чым той, які прапаноўвае гарвыканкам:

1. Чацвёрты мост не даражэйшы, не даўжэйшы і не павольнейшы ў рэалізацыі, чым рэканструкцыя Старога моста. Стары мост спачатку трэба будзе дэмантаваць - а гэта і час, і грошы. Яшчэ даражэй будзе збурыць жылыя дамы, разсяліць людзей і збудаваць пад'язныя дарогі. Будаўніцтва новага моста будзе трохі даражэйшым зза кошту ўстаноўкі новых "быкоў", але ў выніку горад будзе мець чатыры масты, а не тры.

2. Горад будзе мець чатыры масты праз Нёман і тры пераезды праз чыгунку, пры гэтым без асаблівага шоку для гараджанаў і з натуральнай разгрузкай ад транспарту гістарычнага цэнтра Гродна.

Пачатак "рэканструкцыі" Старога моста па варыянту гарвыканкаму запланаваны на канец лета…

Гісторык Ігар Лапеха.


А. Мілінкевіч: "Я прывязу ў Гародню лепшых рэстаўратараў Еўропы"

Аляксандр Мілінкевіч звярнуўся да старшыні гарадзенскага гарвыканкаму Аляксандра Антоненкі з адкрытым лістом, у якім заклікаў спыніць работы па "рэканструкцыі цэнтра Гародні":

"Паважаны Аляксандр Ільіч!

Звяртаюся да Вас асабіста, таму што да сённяшняга дня маю да Вас самыя цёплыя пачуцці, як да чалавека прафесійнага, разумнага і культур-нага.

Я нарадзіўся ў Гародні, усёй душой люблю наш горад, шмат гадоў прысвяціў вывучэнню яго гісторыі, адраджэнню шматвяковай спадчыны. Запэўніваю Вас, тая "рэканструкцыя" гістарычнага цэнтра, якая ажыццяўляецца сёння, трагічная памылка. Не хачу выкарыстоўваць слова "вар-варства", бо спадзяюся, что розум пераможа і разбурэнне старога горада будзе спынена.

Наш горад адзіны ў Беларусі захаваў вялікую частку гістарычнай забудовы. Каштоўнасцю з'яўляецца ўвесь комплекс старога горада, а не толькі асобныя помнікі архітэктуры. Сёння ў нас ёсць добры шанец унесці Гародню ў спіс гарадоў культурнай і гістарычнай спадчыны UNESCO. Пасля правя-дзення "рэканструкцыі" такая магчымасць прак-тычна знікне.

Мы ўвесь час чуем, што сённяшняя ўлада лічыць сваім прыярытэтам развіццё міжнароднага турызму. Але любы эксперт скажа, што ў Гародні гэты турызм будзе ў першую чаргу настальгічным. Сюды можна прыцягнуць замежнікаў, якія калісьці жылі ў нашым горадзе, альбо іх нашчадкаў. Нават з гледзішча прагматызму поўным шаленствам з'яўляецца знос кварталу індывідуальнай забудовы ХІХ - ХХ стст., так званага "Новага Свету". Існуючы праект "рэканструкцыі" канчаткова заб'е жаданне многіх былых нашых суграмадзянаў наведаць Гародню.

Тупіковым з'яўляецца праект перабудовы і пашырэння Старога маста. Па-першае, мост уласна з'яўляецца годным помнікам архітэктуры. Па-другое, ва ўсім цывілізаваным свеце транспарт выводзіцца з гістарычных цэнтраў гарадоў, а рэалізацыя гэтага праекту скіруе яшчэ большую плынь аўтамабіляў у сэрца Гародні.

У дачыненні да нашага старога горада варта выкарыстаць не тэрмін "рэканструкцыя" (пера-будова), а рэстаўрацыя. Мяне перапаўняе боль магчымай страты сімвала Гародні - Каложскай царквы ХII стагоддзя. Будзе злачынствам яе "рэ-канструкцыя", храму неабходна навуковая рэс-таўрацыя. Спроба адбудаваць разбураную часам яго частку ў выглядзе муляжа з імітацыяй стара-жытных муроў фактычна знішчыць унікальны помнік беларускай архітэктуры. Каложа патрабуе "празрыстай рэстаўрацыі": адноўленная сцяна павінна па структуры і матэрыялу адрознівацца ад існуючай. Толькі ў гэтым выпадку царква захавае статус помніка еўрапейскага значэння.

Аляксандр Ільіч, час, гісторыя, нашчадкі дадуць ацэнку Вашай дзейнасці на пасту старшыні Гарадзенскага гарадскога выканаўчага камітэту. Я шчыра не хачу, каб Вы ўвайшлі ў гісторыю Гародні як мэр-разбуральнік. Няма нічога горш славы Герастрата.

Прашу Вас спыніць рэалізацыю распачатай "рэканструкцыі" старога горада. Я гатовы прыняць актыўны ўдзел у распрацоўцы сучаснай праграмы адраджэння гістарычнай часткі Гародні і праектаў рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. У мяне ёсць магчымасць далучыць да гэтай працы лепшых экспертаў і рэстаўратараў Еўропы. Прапаноўваю супрацоўніцтва на карысць любімага горада.

З павагай, Аляксандр Мілінкевіч."


Хроніка змагання за Гародню

26 красавіка.

20-хвілінны флэш-моб на Старым мосце. Удзельнікі акцыі вывесілі расцяжку "Не губіце Гродна" і павязалі чырвоныя стужкі на агароджы моста. Па словах удзель-нікаў акцыі, яны сімвалізуюць жыццё і барацьбу грамад-скасці за гістарычную спадчыну Гародні.

29 красавіка.

Акцыя ў абарону двухпавярховага жылога дома ХІХ стагоддзя, які ўжо пачынаюць разбіраць. На будынку, што знаходзіцца за 15 метраў ад КДБ, моладзь прыладзіла рас-цяжку са словамі "СТОП, ВАНДАЛЫ " і расставіла свечкі.

1 траўня.

Гарадзенскія актывісты распачалі акцыю па зборы подпісаў у абарону горада. Сабраныя подпісы разам з заявай будуць накіраваны ў абласную пракуратуру. У заяве ўзгадваюцца пералічаныя парушэнні заканадаўства ў галіне аховы культурнай спадчыны падчас "рэканструкцыі".

2 траўня.

Першы вулічны канфлікт. Каля сінагогі пачаліся будаўнічыя работы - пракапалі траншэі, пачалі працу бульдозеры. Каля 10 моладзевых актывістаў сталі на іх шляху, яны ж выклікалі міліцыянтаў, каб зафіксаваць факт парушэння ахоўнай зоны. Міліцыянеры пачалі адпіхваць маладых людзей, штурхалі нават цяжарную дзяўчыну, а другой моцна скруцілі рукі. Затрымалі 5 чалавек, карэс-пандэнта радыё "Свабода" Міхаіла Карневіча прымусілі знішчыць фотаздымкі зробленыя пад час сутычкі.

3 траўня.

Прадстаўнікі гарадзенскай інтэлігенцыі выступілі з заявай аб стварэнні ініцыятыўнай групы па арганізацыі мясцовага рэферэндуму па пытаннях "рэканструкцыі" старой часткі горада.

4 траўня.

Пачатак разбурэння камяніцы, пабудаванай у 1770-м годзе каралеўскім старастам Антоніем Тызенгаўзам. Гарадзенскія актывісты зрабілі на сцяне будынка надпіс, але яго ў той жа дзень зафарбавалі вайскоўцы.

5 траўня.

Арганізаванае штодзённае дзяжурства моладзі ля дамоў, прызначаных на знос.

7 траўня.

Адбылася Экуменічная малітва за захаванне старой Гародні. Удзел у яё прынялі каля 80 жыхароў горада розных канфесій.

8 траўня.

У Гародні з'явілся людзі ў кашульках з надпісамі "Далучайся!" і "Забі горад сваёй абыякавасцю, ці спыні гэту пачварнасць!".

10 траўня.

Сход актывістаў кампаніі "Выратуем Гародню" вырашыў рэгістраваць ініцыятыўную групу для правя-дзення мясцовага рэферэндуму. Пытанні: разбурэнні падчас рэканструкцыі гістарычнай забудовы і перагружанасць гарадскога цэнтра транспартам.

13 траўня.

Актывісты кампаніі па абароне Гародні правялі міні-апытанне. Каля 90% апытаных гарадзенцаў выказалі рэзка негатыўнае стаўленне да планаў чынавенства па раз-бурэнні гістарычнага цэнтра.

14 траўня.

З заклікам спыніць разбурэнне гістарычнай часткі Гародні да гарадскіх уладаў звярнулася група выкладчыкаў Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Яны адзначаюць, што пад выглядам рэканструкцыі горада "адбываецца фактычнае знішчэнне непаўторных па сваіх асаблівасцях будынкаў і помнікаў архітэктуры ".

16 траўня.

Ад агню моцна пацярпеў будынак ХХ-ага стагоддзя, што на вуліцы Будзённага. Пажар пачаўся а 18 гадзіне, і пакуль пажарная брыгада прыехала на месца здарэння, полымя знішчыла ўвесь дах, перайшло ва ўнутраныя памяшканні забудовы.

22 траўня.

У Гародні адбыўся першы канцэрт пад лозунгам "Музыкі -супраць разбурэння Гародні". Сабралася каля 170 слухачоў, перад якімі выступіў Віктар Шалкевіч.

23 траўня.

Моладзь ініцыятывы "Выратуем Гародню" пера-шкодзіла разбурэнню будынка паравога млына на вул Васілька, 3, узору прамысловай эклектыкі XIX ст.

24 траўня.

Міліцыя затрымала 13 актывістаў ініцыятывы "Выратуем Гародню", якія абаранялі ад разбурэння паравы млын XIX ст. на вул Васілька. Маладзёнам інкрымінавалі ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Пяцёх затрыманых адпу-сцілі без суда, бо яны непаўнагадовыя. Суддзя Дзмітры Мацяюк вынес папярэджанні сямі затрыманым. Максім Губарэвіч ашрафаваны на 10 базавых ставак (310 тысячаў бел. руб).

29 траўня.

Актывісты камапаніі "Выратуем Гародню" падалі ў пракуратуру Гарадзенскай вобласці скаргу на ўлады Гародні, з нагоды разбурэння гістарычнага цэнтра горада.

30 траўня.

Больш за 200 гарадзенцаў прыйшлі на канцэрт Касі Камоцкай, яія адбыўся ў межах кампаніі "Музыкі - супраць разбурэння Гародні".

Падрыхтавала Марыя Нагаева.

Будзе гарадзенскі рэферэндум?

Гарадзенцы збіраюцца бараніць гістарычны цэнтр пры дапамозе мясцовага рэферэндуму

Ініцыятыўную групу па правядзенні мясцовага рэферэндуму ствараюць прадстаўнікі інтэлігенцыі горада Гародні. Жыхарам горада будзе прапанавана выказаць сваё стаўленне да праблемы разбурэння гістарычна-культурнага ансамбля цэнтральнай часткі горада, а таксама да планаў па развіцці гарадской транспартнай сістэмы.

У бліжэйшы час у Гарадзенскі гарадскі выканаўчы камітэт будуць пададзеныя дакументы для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. У падтрымку правядзення рэферэндуму ініцыятыўнай групе неабходна будзе сабраць подпісы не менш 10% ад колькасці выбарцаў Гародні, гэта прыкладна 20 тысяч чалавек.

Мы заклікаем гарадзенцаў, якім неабыякавы лёс свайго горада, прыняць актыўны ўдзел у стварэнні ініцыятыўнай групы. Толькі ад нашых супольных намаганняў залежыць ці захавае Гародня свой непаўторны гістарычны вобраз ці ператворыцца ў бетоннаплітачную пляцоўку для пампезных парадаў, адзначыў адзін з ініцыятараў рэферэндуму доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.

Ініцыятарамі рэферэндуму выступілі дактары гістарычных навук Алесь Смалянчук і Алесь Краўцэвіч, мастакі Алесь Сураў і Уладзімір Кіслы, гісторыкі Сяргей Салей і Андрэй Вашкевіч, кавальрэстаўратар Юрась Мацко, першы старшыня ГА "Саюз палякаў у Беларусі" Тадэвуш Гавін, старшыня Гарадзенскага ГА "Цівіне" Альгіс Дзіргінчус, дэпутат Гарадзенскага гарадскога савета дэпутатаў 2003-2007 гг. Сяргей Кузьмянок, журналісты Наталля Макушына, Алесь Залеўскі і Павал Мажэйка

Паводле чарговага рашэння гарадскіх уладаў, у бліжэйшы час у гістарычнай частцы горада будуць знесеныя больш за 70 будынкаў XVIII-пач. XX стст. "Рэканструкцыю" гістарычнай часткі Гародні гарадскія ўлады пачалі ўвесну 2005 года. З таго часу з гістарычнай мапы горада зніклі больш за 20 будынкаў XIX-пач. XX стст., знішчана гістарычная планіроўка Савецкай плошчы, знішчаны археалагічныя пласты XV-XIX стст.

Ул. інф.


Далучайцеся!

Ініцыятыўная група па правядзенні гарадскога рэферэндуму звярнулася да гарадзенцаў з прапановай наступнага зместу:

"Запрашаем увайсці ў склад ініцыятыўнай групы па правядзенні Гарадзенскага гарадскога рэферэндуму па пытаннях захавання гісторычна-культурнага ансамбля цэнтральнай часткі горада Гародні, а таксама развіцця гарадской транспартнай сістэмы.
Мы маем намер сабраць неабходную для правядзення рэферэндуму колькасць подпісаў жыхароў нашага горада, якая абавязвае гарадскія ўлады выслухаць меркаванне народа.
Сябрам ініцыятыўнай групы мае права стаць: грамадзянін Беларусі, прапісаны ў Гародні, якому на момант уваходжання ў ініцыятыўную групу споўнілася 18 год. Толькі сябра ініцыятыўнай групы мае права збіраць подпісы ў падтрымку рэферэндуму.

Ул. інф.


Адкрыты плянэр "Мастакі супраць разбурэння Гародні"

У Гародні ў межах кампаніі па абароне гістарычнай часткі горада адбудзецца плянэракцыя "Мастакі супраць разбурэння Гародні".

Да грамадзянскай кампаніі "Выратуем Гародню" далучаюцца беларускія і замежныя мастакі. У нядзелю 10 чэрвеня ў Гародні адбудзецца адкрыты мастацкі плянэракцыя "Мастакі супраць разбурэння Гародні".

На сённяшні дзень згоду ўзяць удзел у плянэры ўжо выказалі больш за 20 айчынных мастакоў, між іншага, Алесь Пушкін, Аляксей Марачкін, Міхал Анемпадыстаў. Чакаецца таксама прыезд групы творцаў з краін Еўразвязу. Мастакі пакінуць на палотнах выявы Старога горада, гістарычныя будынкі, якія гарадзенскія ўлады вызначылі пад знос.

Алесь Пушкін, мастак з вёскі Бобр, на плянэры "Мастакі супраць разбурэння Гародні" плануе не толькі маляваць, але і зладзіць пэрфоманс.

«Маляваць я буду ўдзень, а калі сцямнее, зладжу невялікі пэрфоманс. Называцца ён будзе «Захаванне». Сцэнар наступны: мастак у сярэднявечным строі побач са сцяною, на якую падаецца святло, робіць шаманскія рухі. Затым захоўвае ў зямлі камень, або аскепак, ці капсулу. Хутчэй за ўсё прывязу з Бабра аскепак гербу. Гэта будзе сімвалізаваць захаванне для будучых пакаленняў энэргетыкі Старой Гародні. У ідэале ўсё адбудзецца пад спевы Віктара Шалкевіча».

Наша сіла, рэзюмуе Алесь Пушкін, у тым, што творчыя людзі аб'ядналіся дзеля такой вартай справы.

Менскі мастак Аляксей Марачкін лічыць, што такім чынам мастакі падтрымаюць у першую чаргу моладзь, што бароніць старасвеччыну Гародні. «Свой пратэст выкажам мастацкімі сродкамі», - зазначае сп. Марачкін. На яго думку, фармат класічнага мастацкага плянэру не зусім адпавядае запланаванай акцыі ў Гародні:

«Мы будзем працаваць адзін дзень, а не 34, але гэта ж будзе і незвычайны плянэр».

Мастак прыгадвае гісторыю, што здарылася з ім у Гурзуфе ў 70-я гады. Ён маляваў старыя вулкі, што вельмі захапілі яго сваёй непаўторнасцю. Мінак зрабіў яму заўвагу, маўляў, што вы гэтую старызну малюеце, даўно ўжо яе трэба было зруйнаваць. На пытанне, чаму ж дагэтуль не зруйнавалі, месціч адказаў:

«У 20-я гады тут вядомыя расейскія мастакі малявалі, то пасля гэтыя краявіды сталі гісторыяй і іх не даюць чапаць».

Аляксей Марачкін упэўнены, што калі б не Напалеон Орда ды Язэп Драздовіч, сучасныя беларусы шмат бы чаго не пабачылі з гістарычных помнікаў.

Плянэр будзе адкрытым, запрашаюцца ўсе ахвотныя!

Па матэрыялах "Радыё Свабода".


Гародня:

Паміж рэстаўрацыяй і рэканструкцыяй

Праблема рэстаўрацыі старой Гародні існуе даўно. Факт, што некаторыя будынкі рэстаўраваць не ўдасца, іх можна будзе толькі рэканструяваць. Але праблема можа вырашацца толькі так: або рэстаўрацыя, або рэканструкцыя. Пра ніякі знос гаворка весціся не можа. Пра тое ж гаворыцца і ў рашэнні згаданай ужо не раз Навуковаметадычнай рады Міністэрства культуры. Аднак пры гэтым Рада згаджаецца з праектнымі прапановамі, а ў гэтых праектных прапановах сабака і закапаны, там і прадугледжаны знос будынкаў. Але ж гэтыя праектныя прапановы мусілі прайсці шэраг самых розных узгадненяў і экспертыз. І вось тут атрымоўваецца, што самай галоўнай грамадзянскай экспертызы яны не прайшлі. А ў Гародні дбаюць пра горад не толькі спецыялісты праектных інстытутаў, дбаюць многія тысячы гараджан, або месцічаў, як тут кажуць. І яны не згодныя з гэтымі праектнымі прапановамі, а ім, мабыць, відней, бо яны тут жывуць і жывуць не ў адным пакаленні. Таму, будзе гарадскі рэферэндум ці не, а без шырокай грамадскай нарады не абысціся.

Улады паспрабавалі выкласці свае пазіцыі. Літаральна за некалькі дзён прысвечаныя "рэканструкцыі" артыкулы надрукавалі "Савецкая Беларусь", "Гродзенская праўда", "Вячэрні Гродна". З'явілася некалькі тэлерэпартажаў. Тон усіх іх аднолькавы: маўляў, усё, што робіцца ў цэнтры горада выдатна! Але супраціў гарадзенцаў не слабее. І тут два варыянты: або не так усё выдатна, або тлумачэнні да народа не дайшлі.

Дык якое выйсце?

Зламаць горад цераз калена, ці ўсётакі вынесці праекты рэканструкцыі гістарычнай часткі Гародні на самае шырокае народнае абмеркаванне і знайсці прыймальнае вырашэнне?

Можна запярэчыць, што будаўнічыя праекты галасаваннем не зацвярджаюцца, але і паляпшаць горад, а менавіта пра паляпшэнне ідзе гаворка, паляпшаць супраць волі гараджан нельга.

Таму хада падзей сёння можа быць толькі адна. Усе работы павінны быць спынены. Праекты рэканструкцыі павінны быць перапрацаваны з улікам грамадскай думкі, праекты павінны прайсці згаданую вышэй грамадзянскую экспертызу. Усё такі горад належыць гараджанам, а не праектным і будаўнічым арганізацыям.

Станіслаў Суднік.


Год Сапегі не скончыўся

Старшыні ГА

"Таварыства беларускай мовы

імя Ф.Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб памятным знаку Льву Сапегу

Паважаны Алег Анатольевіч!

Наконт Вашага звароту ў аблвыканкам аб высылцы Вам здымка памятнай дошкі ў гонар Льва Сапегі паведамляем, што ўстанаўленне і ўрачыстае адкрыццё памятнага знака з дошкай у г. Ружаны плануецца правесці ў жніўні 2007 г. падчас правядзення гарадскога свята, таму задаволіць Вашу просьбу мы зможам толькі пасля правядзення гэтага мерапрыемства.

Намеснік начальніка ўпраўлення Т.І.Паўлюковіч.


Председателю общественного

объединения «Таварыства беларускай

мовы імя Францішка Скарыны»

Трусову О.А.

Уважаемый Олег Анатольевич!

Рассмотрев Ваше обращение в Администрацию Президента Республики Беларусь по вопросу финансирования изготовления и установки в 2007 году памятника Льву Сапеге в г. Слониме, сообщаем следующее.

Ориентировочная стоимость изготовления памятника составляет 25-30 млн. руб.

Слонимский районный исполнительный комитет не располагает необходимыми средствами на эти цели, о чём проинформировал управление культуры в письме от 08.05. 2007 г. № 02-03/т-29.

В областном бюджете средства на изготовление и установку в 2007 году памятника не предусмотрены.

Начальник А.Ч. Лойко.


Ад рэдакцыі.

Шаноўныя слонімцы!

Няма падставы не верыць начальніку ўпраўлення культуры аблвы-канкаму, а таму мы просім удумацца ў сутнасць надрукаванага вышэй ліста. Каб паставіць помнік Льву Сапегу ў Слоніме патрэбна нейкіх няшчасных 25-30 мільёнаў рублёў. Гэта, прабачце, па 500 рублёў на кожнага жыхара Слоніма. Дык, ці ж гэта грошы? І сёння святая справа ўсіх грамадскіх арганізацый Слоні-ма - вырашыць гэтае пытанне і сабраць тыя 30 мільёнаў, каб помнік слыннаму беларусу паўстаў яшчэ сёлета ў не менш слынным горадзе Слоніме на гонар і славу былых, сённяшніх і будучых пакаленняў.


Сп. А. Трусаву,

старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны'

220005, г. Мінск,

вул. Румянцава, 13

Паважаны спадар Алег Трусаў!

У сувязі з 90-годдзем з дня нараджэння народнага пісьменніка Янкі Брыля ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў жніўні 2007 года плануецца стварэнне выставы, прысвечанай жыццю і творчасці пісьменніка.

З павагай

дырэктар музея Л.В. Макарэвіч.


Мова - зарука дзяржаўнай бяспекі

Заклік Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" да моладзі

Дарагія юнакі і дзяўчаты!

Набліжаецца час іспытаў для паступлення ў навучальныя ўстановы краіны. З гэтай нагоды Таварыства беларускай мовы зычыць школьнай моладзі поспехаў у першым сур'ёзным выпрабаванні на сталасць і заклікае зрабіць выбар на карысць беларускай мовы як гаранта бяспекі незалежнай дзяржавы. Гэта будзе годным выклікам на русіфікацыю нашай краіны і Вашым падарункам у вянок памяці класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, 125 - гадовы юбілей якіх адзначаецца сёлета.

Заклік прыняты на пасяджэнні Сакратарыята ТБМ 22 траўня 2007 г.


Вельмішаноўны спадар Вітаўт!

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны мае за гонар павіншаваць Вас, Вялікага Беларуса на эміграцыі з паважным юбілеем, 80-годдзем з Дня народзінаў. Прыемна ўсведамляць, што ўзрост не замінае Вам годна несці паходню духоўнага лідэра беларусаў, якія, ратуючыся ад бальшавізму, апынуліся на чужыне. Вы мужна вытрымалі ўсе выпрабаванні лёсу, якія выпалі на Вашу долю падчас блуканняў па Еўропе і, апынуўшыся за акіянам, распачалі шматгранную навукова-асветную, грамадскую, культур-ніцкую, выдавецкую і палітычную дзейнасць. Вынікам той тытанічнай працы сталіся шматлікія артыкулы і кнігі, якія ўяўляюць сабою своеасаблівы летапіс грамадска-палітычнага і культурнага жыцця беларускай паваеннай эміграцыі. З 1982 года Вы ўзначалілі Інстытут Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку, разам з вернай сяброўкай жыцця Зорай працавалі ў Публічнай бібліятэцы. I ўсё Вашае сумеснае жыццё было азоранае ідэяй служэння Беларускай Справе.

Вашая дабрачынная дзейнасць - асобная старонка слаўнай біяграфіі. Таварыства беларускай мовы шчыра ўдзячнае Вам за дапамогу, якую Вы аказалі, калі наша арганізацыя была фактычна выкінутая на вуліцу, і ахвотна адгукнуліся на просьбу тагачаснага старшыні ТБМ Генадзя Бураўкіна аб матэрыяльнай падтрымцы. Ад шчырага сэрца зычым Вам моцы. Хай і надалей Вам спадарожнічае поспех у працы на ніве беларускай культуры.

З павагай

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў.


Цвермы: вяртанне святыні

Цвермы. Гэтая невялікая вёсачка, якая знаходзіцца за 12 км ад Ліды, мае сваю цікавую гісторыю цесна звязаную з капліцай. Капліца знаходзіцца ў лесе недзе за кіламетр ад вёскі. Аб яе ўзнікненні ў касцельных паперах захаваліся наступныя звесткі. Некалі з даўніх часоў у тым месцы стаяў крыж з драўлянай фігуркай Ісуса Хрыста, а побач шматвекавая хвоя. Да крыжа мясцовыя людзі ставіліся з вялікай павагай. Аднойчы была вялікая бура, якая паваліла крыж. Жыхар вёскі Стэфан Валяль (згодна касцельных дакументаў памёр у 1787 г.) забраў фігурку дахаты і паклаў у спіжарню. Аднойчы Стэфану прысніўся сон ў якім ён пачуў словы: "Навошта ты трымаеш мяне замкнуўшы ў спіжарні?", і пасля гэтага Стэфан аслеп. Суседзі разам з жонкай Мар'янай дапамаглі яму зрабіць новы крыж, прымацаваць фігурку і даставіць яго на старое месца. Пасля устаноўкі крыжа зрок вярнуўся да Стэфана. З таго часу крыж пачаў лічыцца цудадзейным, які дапамагае пры хваробах. Старэйшыя жыхары Цвермаў сцвярджаюць, што самі не раз звярталіся да крыжа, і не раз бывала, што хваробы праходзілі. У 1920 годзе крыж быў першы раз зняважаны. Нейкі чырвонаармеец, які праязджаў па дарозе пасек яго шабляй. Людзі аднавілі крыж і працягвалі гэтае месца шанаваць. Бачачы такую павагу да гэтага месца пробашч Лідскага фарнага касцёла Іпаліт Баярунец ў 1935 годзе на сродкі парафіян пабудаваў драўляную капліцу. Згодна паведамленняў тагачаснай польскай прэсы на асвячэнні капліцы прысутнічала каля 15000 чалавек. З таго часу на другі дзень свята Сёмухі кожны год каля капліцы збіралася некалькі тысяч вернікаў з парафій Ліды, Бердаўкі, Тракеляў і іншых, нават, з за мяжы Лідскага павету. Святы крыж з фігуркай Хрыста быў размешчаны ў галоўным алтары капліцы. Захаваўся фотаздымак капліцы 1939 г. На здымку побач з капліцай бачна і шматвекавая хвоя.

З прыходам Савецкай улады такая папулярнасць капліцы атэістычнаму начальству не спадабалася, таму яе было вырашана разбурыць. Кіраваў гэтым актам вандалізму ў 1960 годзе, а капліца была цікавым помнікам архітэктуры народнага дойлідства, дырэктар Дварышчанскага саўгаса Іваноў. Яму дапамагалі саўгаснікі Слюсараў, Жамойда і іншыя.

Разбуралі трактарам, зачпіўшы тросам за верх капліцы. Вернікам аднак дазволілі вынесці крыж з фігуркай, які яны перадалі ў Тракельскі касцёл, дзе яго адзелі ў медныя шаты, і дзе ён прастаяў да вясны 2007 г. А старую хвою чакаў наступны лёс. Пасля разбурэння капліцы геадэзісты вырашылі паставіць у гэтым месцы трыангуляцыйны знак. Сасна замінала ім гэта зрабіць, і таму было вырашана яе спілаваць. Як толькі пачалі пілаваць высветлілася, што піла ўзята замалая а з дрэва пацякла смала колерам падобная на кроў. Гэта моцна напалохала геадэзістаў, і яны пакінулі дрэва ў спакоі. Аднак час зрабіў сваю справу, і дрэва пару гадоў назад павалілася. Гэта было сапраўды магутнае дрэва таўшчыёй у тры з паловай абхопы.

Месца, дзе была капліца, шмат гадоў прастаяла ў запусценні. I вось у 2007 г знайшоўся фундатар фермер Капачэль Валянцін Эдвардавіч, які разам са сваімі сваякамі, пабудаваў на месцы старой, невялікую новую капліцу, на старое месца з Тракельскага касцёла быў вернуты знакаміты крыж. І праз 47 гадоў 28 траўня 2007 года на гэтьм месцы зноў прагучала святая імша. На асвячэнні капліцы, нягледзячы на панядзелак, прысутнічала каля пяці соцень чалавек з Лідскай, Бердаўскай і Ліпнішскай парафій...

Аўтары вельмі ўдзячныя пробашчу Тракельскага касцёла Паўлу Станіславу Ушакевічу і усім жыхарам Цвермаў за прадстаўленыя матэрыялы для напісання артыкула.

Уладзімір Круцікаў, Міхась Бурачэўскі.


Змагары за вольную Беларусь

У апошнюю суботу траўня ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве адбылася чарговая імпрэза, прысвечаная Івану і Лявону Луцкевічам. Іван Луцкевіч неардынарная постаць у гісторыі Беларусі. Нарадзіўся ён у Шаўляі, вучыўся ў Лібаўскай і Менскай гімназіях, Маскоўскім археалагічным інстытуце, Пецярбургскім універсітэце, студыяваўся ў Вене, пасля рэвалюцыі 1905 гада перабраўся настала ў Вільню. Тут ён актыўна ўдзельнічае ў заснаванні першых беларускіх газет, выдавецтваў, навуковых таварыстваў, дзякуючы яму ў 1919 годзе пачала працаваць Віленская Беларуская гімназія, пазней беларускі музей імя Івана Луцкевіча, асновай экспанатаў стала яго прыватная калекцыя беларускіх старажытнасцяў.

Ён паўплываў на творчасць Я. Купалы, Я. Коласа, Зм. Бядулі, М. Гарэцкага, М. Багдановіча і іншых пісьменнікаў, лёс і творчасць якіх звязаны з Вільняй.

Вясной гэтага года споўнілася 85 год з дня нараджэння Лявона Луцкевіча нашчадка роду Луцкевічаў. Ён нарадзіўся ў Вільні, скончыў знакамітую беларускую гімназію, выкладаў беларускую літаратуру ў Радашковічах, працаваў дырэктарам мастацкай школы ў Баранавічах. Ваеннае ліхалецце яго закінула ў Прусію,Чэхаславаччыну, Польшчу, дзе і быў арыштаваны. Пакаранне адбываў на Калыме, вярнуўся ў родную яго сэрцу Вільню, пачаў збіраць матэрыял пра Івана і Антона Луцкевічаў, пра Базальянскія муры, "беларускую Вільню". Актыўна ўдзельнічаў у стварэнні ТБК, з'яўляўся яго сакратаром да апошніх дзён свайго жыцця. Лявона Луцкевіча я ведала з канца 80х гадоў мінулага стагоддзя, карысталася яго прыватнай бібліятэкай, ад яго ўпершыню даведалася пра Паўліну Мядзёлку, Н. Арсеньеву, Б. Рагулю і іншых беларускіх дзеячоў, да яго прыходзіла з сваімі вучнямі, яго запрашала на сустрэчы ў беларускую школу ў Вільні, ён прыходзіў у школу, якую разам з сваім сябрам старшынём ТБК Хведарам Нюнькам заснаваў, дзякуючы іх аўтарытэту ў літоўскім грамадстве пачала працаваць такая школа, кафедра беларусістыкі пры Віленскім педагагічным універсітэце.

Як было прыемна, калі мы з вучнямі вярталіся з чарговай вандроўкі па "беларускай Вільні", і яны ўбачыўшы Лявона Луцкевіча, усе хорам закрычалі: "Дзядзька Лявон ідзе!" Пісалі неяк сачыненне "Цікавая сустрэча", і некалькі вучняў пісалі пра Лявона Луцкевіча, яно захавалася ў маім архіве. Гэта было ў сярэдзіне 90х гадоў самых плённых у культурнаграмадскім жыцці дзядзькі Лявона. Здавалася так і будзе працягвацца, але 28 ліпеня 1997 года перастала біцца сэрца Лявона Луцкевіча. Пахавалі яго побач з помнікам Івану і Антону Луцкевічам на старажытных могілках Росы. Цяпер я туды прыходжу кожны год на Дзяды і на Радаўніцу, запальваю свечку і стаўлю белчырвонабелыя кветкі. Таварыства зняло пра яго паховіны добры відыяфільм, які будзе паказаны на чарговай імпрэзе, прсвечанай Лявону Луцкевічу, 28 ліпеня, калі будзе адзначацца дзесяцігоддзе з дня ягонай смерці. Ідэю вольнай і незалежнай Беларусі, якую праз усё жыццё пранёс Лявон Луцкевіч працягваюць яго сябры, прыхільнікі, моладзь, якая прыходзіць у ТБК.

Гэтым разам прысутныя на імпрэзе паглядзелі відыяфільм, зняты таварыствам падчас адкрыцця табліцы Пётру Сергіевічу ў траўні 1996 года, тады Лявон Луцкевіч шмат гаварыў пра мастака, якога ведаў з сямі гадоў, і кватэра якога была цэнтрам беларускасці на працягу дзесяцігоддзяў, і якая, нажаль, не стала яго музеем. Так прыемна было пачуць жывы голас дзядзькі Лявона, успомніць тую гістарычную імпрэзу, а многія з прысутных яго ўбачылі ўпершыню: студэнты ЕГУ, беларускі студэнт , які вярнуўся з ЗША, а таксама намеснік старшыні ТБК Хв.Нюнькі асьпірант Валера Місюк, які вёў мерапрыемства. Паведамленне пра род Луцкевічаў падрыхтавала Л. Мілаш.

Наступным выступіў з дакладам аб палітычным становішчы на Беларусі студэнт ЕГУ, палітолаг Артур Юдзіцкі. Яго выступленне выклікала шырокі рэзананс, шмат было пытанняў да выступоўцы, прысутныя актыўна ўключыліся ў дыскусію, аўдыторыя добра падрыхтаваная па пытаннях гісторыі і палітычнага становішча ў Беларусі, у тым ліку абмяркоўваўся і чарговы кангрэс дэмакратычных сілаў, які пачаў працу ў гэты дзень у Менску. Прысутнічалі журналісты літоўскіх газет і радыё, а таксама радыё "Палёнія".

Апошнім выступіў малады студэнт Андрусь Храпавіцкі, які два гады студыяваўся ў ЗША на журналіста, ён расказаў пра сябе, пра жыццё беларусаў у ЗША, да яго таксама было шмат пытанняў і ў галіне журналістыкі, і па пытаннях беларускай мовы і культуры ў свеце, як ведаюць Беларусь за акіянам. Андрусь Храпавіцкі ўпершыню наведаў Вільню, па запрашэнні старшыні ТБК, тут вучыцца ў ЕГУ ягоная дзяўчына Надзея Бабіч, якая першы раз прысутнічае на імпрэзах ТБК. Так кола маладых чальцоў ТБК пашыраецца, наладжваюцца кантакты, знаёмствы.

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Леакадзія Мілаш, Вільня.

На здымку: На імпрэзе слова мае Леакадзія Мілаш.


Грамадская ініцыятыва

Створана Грамадская ініцыятыва - аргкамітэт па падрыхтоўцы святкавання 645-годдзя вялікай перамогі беларускіх войскаў ВКЛ пад камандаваннем Вялікага князя Альгерда на Сініх Водах і вызвалення Украіны ад татарскага іга (старшыня - доктар гістарычных навук, прафесар А. Грыцкевіч).

Аргкамітэт распрацаваў і прыняў праграму святкавання і мяркуе правесці наступныя святочныя мерапрыемствы:

- дзіцячую і маладзевую выставу,

- навуковую канферэнцыю,

- выставу Беларускага саюза мастакоў,

- канцэрт,

- літаратурны фэст.

Святочныя мерапрыемствы пройдуць у верасні і снежні 2007 г.

Аргкамітэт звяртаецца ў Кабінет Міністраў РБ і Менгарвыканкам з прапановай годна ўшанаваць імя Вялікага палкаводца і гаспадара старажытнай беларускай дзяржавы Вялікага князя Альгерда ў сталіцы Беларусі Менску, а таксама ў Віцебску, Наваградку і іншых гарадах у назвах плошчаў, праспектаў, вуліц.

Закласці помнік Альгерду ў цэнтры Менска.

Пераіменаваць Менскае сувораўскае вучылішча ў Менскі кадэцкі корпус імя Альгерда.

* * *

Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і грамадская ініцыятыва, нацыянальны аргкамітэт па адзначэнні 645-гадовага юбілею перамогі беларускіх войскаў ВКЛ пад камандаваннем Вялікага князя Альгерда на Сіньвадзе і вызвалення Украіны ад татрскага іга аб'яўляюць конкурс на літаратурны, паэтычны, музычны і твор выяўленчага мастацтва, прысвечаны перамозе на Сіньвадзе (Сінія Воды). Вынікі конкурсу будуць падведзены ў верасні 2007 г.

Запрашаем да творчасці.

Творы і звесткі пра іх падаваць у ТБМ імя Ф. Скарыны да 1 верасня 2007 г. на адрас: Менск, 220034, вул. Румянцава, 13.

* * *

Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і грамадская ініцыятыва, нацыянальны аргкамітэт аб'яўляюць аб конкурсе і правядзенні выставы дзіцячай і маладзёвай мастацкай творчасці, прысвечаных 645-ці годдзю перамогі беларускіх войскаў ВКЛ пад камандаваннем Вялікага князя Альгерда і вызвалення Украіны ад татарскага іга. Творы падаваць (дасылаць) у сядзібу ТБМ імя Ф. Скарыны па адрасе: Менск, 220034, вул. Румянцава, 13 (на дзіцячую выставу) да 24 жніўня 2007 г. Прымаюцца творы юных мастакоў, аформленыя ў рамы. Выстава адчыніцца 11 верасня бягучага года.

Наш кар.


Замест некралогу або Зорка Сусвету Rydel

У Празе спынілася сэрца Ўладзіміра Каткоўскага. Пасля леташняй аўтакатастрофы ён амаль цэлы год правёў у коме.

Заўжды неймаверна цяжка ўсведамляць плынную крохкасць быцця. На гэтым тле яшчэ цяжэй усведамляць свае "правіны вольныя і міжвольныя". 19 чэрвеня 1976. 15 чэрвеня 2006. 25 траўня 2007. Тры даты. Тры кропкі. І - бясконцасць. Суму, жалобы, спачування, сутаржных успамінаў... Асэнсаваць немагчыма. Ахвота заснуць - раптам гэта толькі ўласнае вар'яцтва даўжынёй у год? І, выйшаўшы з забыцця, дастатковы дабрацца да кампутара і, зайшоўшы кудынебудзь на інтэрнэтфорумы ці на pravapis.org, пабачыць не проста знаёмыя, а нязмушанародныя нікі rydel23 і br23...

У мазгах трымцяць радкі, шматкроць памножаныя сусветным павуціннем на колькіх мовах: "У чэшскай Празе амаль праз год пасля жудаснай транспартнай катастрофы памёр адзін з піянераў байнэту ўэбмайстар, блогер, фатограф Уладзімір Каткоўскі, вядомы як rydel23 і br23 у сеткавай супольнасці Беларусі і сярод англамоўных карыстальнікаў, якія цікавяцца нашай краінай... За тры дні да свайго 30годдзя, у сонечны дзень 15 чэрвеня 2006га Ўладзя і яго жонка Янада, верагодна, адзіная грамадзянка Албаніі з бездакорнай беларускай мовай, патрапілі ў аўтамабільную катастрофу ў цэнтры Прагі... Ўладзя быў незвычайным чалавекам. Усе, хто яго ведаў, а гэта шматлікія сотні карыстальнікаў інтэрнэт па ўсім свеце, сёння смуткуюць разам з яго роднымі... Ён быў піянерам беларускамоўнага інтэрнэту, яго выдатным дзеячом і найбольш вядомым блогерам… Стварыў такія сайты як Litvania, Pravapis.org, "Мартыралог Беларусі", апошнюю версію сайта беларускай рэдакцыі радыё «Свабода», актыўна змагаўся за папулярызацыю беларускай мовы, за распаўсюд праўдзівай інфармацыі пра Беларусь за мяжой... Пераклаў на беларускую мову інтэрфэйс вядомага пашукавіка Google, заснаваў Вікіпедыю на беларускай мове..."

І, яшчэ, характэрнаасабістыя. "Памёр Уладзя Каткоўскі, што быў вядомы ў Сеціве пад мянушкамі rydel23 і br23. Шмат для каго ён быў віртуальным тварам Беларусі. Ён шмат з кім не супадаў у поглядах, ды я з ім разпораз лаяўся. Але гэта быў добры чалавек, у якога балела сэрца за нашую краіну. Вечная памяць." (syarzhuk з livejournal). "Я ніколі не ведаў Уладзю асабіста. Гэта ён пачаў "Позірк", тады яшчэ TOL blog, год таму... Дай бог нам усім зрабіць для Беларушчыны столькі, колькі зрабіў Уладзя за свае 30 год, калі ён бачыў свет." (Віталь Сіліцкі). "Я ніколі ня ведаў яго ў рэале, але, пачынаючы ад 2000 году, шмат сустракаўся з ім у сеціве. Гэта быў вельмі цікавы чалавек, i хаця часам мае погляды не супадалі з ягонымі, я вельмі спадзяваўся, што калінебудзь пазнаёмлюся з ім у рэальным жыцці, аднак гэтаму, на вялікі жаль, так і не давялося спраўдзіцца..." (juras14 з livejournal). "Згадваю ўражанні ад допісаў за нікам rydel23 на шматлікіх беларускіх форумах - заўсёды ўзважаныя, абгрунтаваныя, інтэлігентныя, талерантныя, цярплівыя, заўсёды беларускія па духу. Прыклад і арыентыр. Вечная памяць!" (Ігар з каментароў на nn. by). "…Ўладзя быў беларускім нацыяналістам, настолькі апантана ён займаўся ўлюбёнай справай, не лічачы гадзіны, выходныя дні, вольны час, гэтак шчыра жыў усімі беларускімі справамі. Гэтаксама правільна назваць Уладзю сучасным еўрапейцам…" (А. Лукашук, RFE/RL Inc.)

І ў гэных радках - увесь Ўладзь, Ўладзя, Валодзечка, як пашчасціла найменіці светлай памяці Уладзіміра тым, хто меў магчымасць кантактаваць з нябожчыкам значна часцей за аўтара гэтых памінальных радкоў. У гэткія сумныя хвілі пачынаеш глыбей разумецьадчуваць - мы, беларускамоўныя, страцілі яшчэ аднаго рэпрэзентатара прышлай Беларусі, прадстаўніка тае самай першае пасапраўднаму вольнай ад выклятай сэсэсэрыі генерацыі, якой мы, "талакоўцы", "тутэйшыя" ды "першафронтаўцы", занятыя "змаганнем", амаль не надавалі ўвагі. Так, збег палітычных абставінаў расчысціў шлях пакаленню Каткоўскага - некаторыя з іх першымі ў гісторыі сучаснае Беларусі патрапілі ў заходнія навучальныя ўстановы, і, дзякуючы сваім высілкам, дапамозе і падтрымцы родных, сталіся тымі самымі першымі еўрапейскімі беларусамі. Нават болей за тое - яны паўсталі як грамадзяне таго Свету, дзе наш край ёсць не нейкай там нязначнай "ускраінай", а неабходнай складовай, Беларускай Галактыкай бачнай часткі Сусвету. "Think globally, act locally!" - гэты лозунг нябачна напісаны на ўсім тым, што рабіў і што планаваў, але не паспеў здзейсніць дарагі Ўладзя. Сумна іншае - мая генерацыя - то бок тыя, каму зараз 4047, часцяком, мякка кажучы, не дапамагае гэтым самым першым вольным ад савецкіх таталітарных звычак "дзецям перабудовы", прабіць сабе (то бок - новай еўрапейскай Беларусі) тор, што створаны з тых "дзяцей ранняга ды спелага застою", якія прэтэндуюць на гегемонію сваёй візіі прышласці роднага краю. Сведчаннем таму ёсць тое, што ментальны ўзровень Каткоўскага прыцягваў увагу нават ледзь не спрэс расейскамоўных віртуальных пляцовак, - прыкладам, за колькі дзён да жахлівага здарэння атрымаў галоўны прыз на 4м Конкурсе кантэнтпраектаў ТУТ.by за блог і сайт http://www. br23.net . Тою грандпрызавай 7мэгапіксэльнай дыгітальнай фотакамерай "Nikon" ён так і не паспеў скарыстацца…

Прагледзеўшы бачыны інтэрнэту, адчуў - надта багата людзей (не толькі беларусаў), гэтымі жахліва марна спадзеўнымі часінамі даўжынёй ў год застылі ў сталай падсвядомай скрусе - чаму дагэтуль так мала скарыстоўвалі кантактаваннем з Уладзімірам, чаму не заўжды карысталі з ягоных прапазіцый па супрацы, чаму не заўсёды дапамагалі яму ў пікіяванні з нядобразычліўцамі? (Спадзяюся, што спадар szhapokljak з lj.rossia.org - разам з драбнейшымі парсунамі гэтага кшталту - шчыра пакаецца перад Усявышнім за свае нядобрыя словы і ўчынкі перад Памяццю аб адным з самых таленавітых і ахвярных "беларусаўдзяцей перабудовы".)

Уладзю не вярнуць. Але там, на Нябёсах яму будзе лягчэй, калі мы не забудземся на ягоных бацькоў Арыну і Лявона, зрабіўшых за гэты год, ўсё (і нваат болей), што было ў іх моцы, сястрычку (дзяўчына, як паказалі падзеі часоў Плошчы, годная свайго брата) і, вядома, жонку Ўладзі Янаду, якая сталася зусім нашай, сваёй. Бо праверка нацыі на годнасьць - гэта не толькі "сцягі ды лозунгі", а найперш - дапамога сваім. І не толькі зараз, у жалобныя часіны, але, гэта, як падаецца, паважней - і надалей. Каб тыя словы (мяркую, не толькі мне падумалася гэтымі днямі: "Лепш б я, а не ён") не сталіся звычайнай чалавечаспачувальнай рэфлексіяй, а кіраўніцтвам да рэальнай справы. Родныя Ўладзі павінны адчуць - страціўшы тут Ўладзю, яны набылі сяброў, якія па меры сваіх мажлівасцяў, дапамогуць хаця б на колькі адсоткаў запоўніць гэтую пустэчу... Пагатоў спадчыны Ўладзімір Каткоўскі пакінуў нам, хто яшчэ тут, на нашай грэшнай зямлі, папросту нямерана. Асабліва бяручы пад ўвагу колькасць пражытых гадоў. Адна толькі годная аўтаразаснавальніка падтрымка сайтаў чаго варта! А абагульненне ўсіх думак Уладзі наконт лёсу нашае мовы і пошуку шляхоў па вываду з тае духоваментальнае крызы, у якой знаходзіцца нашае грамадства… Бо тыя праблемы, якія ён неаднакроць выносіў да карыстальнікаў байнэту, нікуды не падзеліся - возьмем да прыкладу ідэю павяртання кірылкавай літары Ґ або неабходнасць паступовага ўкаранення нашае традыцыйнае лацінкі... Інакш - як будзем глядзець у вочы Rydela, калі давядзецца ўжо самім дапяць да нябеснага павуціння?

В. А.

P. S. 1. Кожны з нас, праходзячы ў Менску паміж Палацам Рэспублікі ды Музеем другой сусветнай вайны да Домамузея Ваньковіча, няхай штораз звяртае ўвагу на новыя паказальнікі кірункаў, на якіх назовы пазначаны абедзвюмя альфабэтамі нашае мовы. Дужа ёсць упэўнены, што ў гэтым надзвычай сімвалічным поступе маецца ладны кавалак высілкаў Светлай Памяці Беларускага Рыдэля 23.

2. Пахавалі У. Каткоўскага 2 чэрвеня на Менскіх могілках Пятроўшчына.


Добрае слова пра сябра

Адышоў у вечнасць Аніска Анатоль Іванавіч (22.06.1941-14.05.2007). Шчыры прыхільнік роднай мовы, гісторыі, культуры - ён шмат чаго зрабіў на карысць незалежнасці Бацькаўшчыны.

Нарадзіўся ў в. Рыча-Дзяржаўная Шчучынскага р-на. Годна вытрымаў усе выпрабаванні лёсу: і надзвычай цяжкае дзяцін-ства, і неспрыяльныя жыц-цёвыя абставіны.

У 1966 г. закончыў БДУ, працаваў у навукова-даследчых установах і заўсёды быў неабыякавы да Беларушчыны. У свой час падтрымаў стварэнне БНФ; болей за 20 гадоў вёў асветніцкую дзейнасць у Менскім клубе "Спадчына"; займаў выбарныя пасады ў Таварыстве інвалідаў, удзельнічаў у шматлікіх шахматна-шашачных спаборніцтвах і займаў прызавыя мейсцы.

Распрацоўваў падручнік па шахматах, былі задумкі пра напісанне драматычных твораў - недзе засталіся рукапісы.

Разумны, працавіты і сціплы, ён меў шматлікія адзнакі за працу і грамадскую дзейнасць (у т.л. медаль "Пагоня" ад "Спадчыны").

У музеі выяўленчага мастацтва А. Белага (г. Старыя Дарогі) ёсць творы з выявай А. Аніскі і іншыя матэрыялы пра ягоную дзейнасць.

Ён шчыраваў усё жыццё на карысць сям'і, сыноў, унукаў. Аптыміст, дабразычлівы і надзейны сябар, такім ён назаўсёды застанецца ў памяці родных, блізкіх, сяброў.

Заўсёды з намі,

недзе блізка - блізка,

Наш Анатоль...,

Ён жыў і будзе жыць,

У справах і нашчадках,

і ёсць яны -

Працавітыя, вясёлыя

І сціплыя, як бацька,

Сыны -

Уладзімір

і Аляксандр Аніска!

Сябар клуба "Спадчына" Уладзімір Ліпскі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX