Папярэдняя старонка: 2007

№ 28 (816) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 28 (816) 25 ЛІIПЕНЯ 2007 г.


4 жніўня
90 гадоў з дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля

Брыль Янка (Іван Антонавіч (4.8.1917, Адэса-2006) бел. пісьменнік, Нар. пісьменнік Беларусі (1981). У 1922 пераехаў з бацькамі на іх радзіму (і. Загор'е Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.). Скончыў польск. сямігадовую школу (1931), працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. З сак. 1939 служыў у польск. марской пяхоце. Удзельнік баёў на Вэстэрплятэ. У вер. 1939 трапіў у ням. палон, адкуль уцёк увосень 1941. З кастр. 1942 сувязны партыз. брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, у сак.-ліпені 1944 партызан-разведчык брыгады «Камсамолец», рэдактар газеты «Сцяг свабоды» і сатыр. антыфаш. лістка «Партызанскае жыгала». З кастр. 1944 у Менску. Працаваў у рэдакцыях газ.-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», часопісаў «Вожык», «Маладосць», «Полымя», у Дзярж. выд-ве Беларусі. У 1966-71 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1938. Першыя зб-кі «Апавяданні» (1946), «Нёманскія ка-закі» (1947) вылучылі яго як арыгінальнага майстра лірыка-псіхал. прозы, добрага знаўцу жывой нар. мовы. Жыццё даваеннай і пасляваен. зах.-бел. вёскі, усенар. барацьба супраць ням.-фаш. акупантаў - асн. тэматыка творчасці Б. (зб. апавяданняў «Вераснёвая рунь», 1949; аповесць «У Забалоцці днее», 1950, Дзярж. прэмія СССР 1952; зб-каў «На Быстранцы», 1955; «Надпіс на зрубе», 1958; «Мой родны кут», 1959; «Працяг размовы», 1962, Літ. прэмія імя Я. Коласа 1963, і інш.). Апавяданні «Галя», «Надпіс на зрубе», «Маці» і інш. сталі хрэс-таматыйныя. Яны кранаюць задушэўнасцю тону, сагрэты любоўю да людзей, славяць высокую гуманнасць, патрыятызм. Стылю празаіка ўлас-ціва паэтычнасць бачання свету, сплаўленая з тонкім псіхалагізмам і пластычнасцю малюнка. Чалавек у яго творах даследуецца ў складаных сац.-нсіхал. абставінах, лірызм і эмацыянальнасць арганічна спалучаны з цвярозай аналітычнасцю і псіхал. дакладнасцю. Героі Б. - людзі тонкай душы і дасціпнага розуму, схільныя да аналізу і самааналізу (Лёня Жывень з аповесці «Апошняя сустрэча», 1959; Алесь Руневіч з рамана «Птушкі і гнёзды», 1963, і інш.). У аснове рамана «Птушкі і гнёзды» - роздум пра чалавека, народ, Радзіму, паказ пакутлівых пошукаў зах.-бел. юнаком Руневічам - чалавекам уражлівай душы і высокіх духоўных парыванняў - шляхоў да свядомай барацьбы з фашызмам. Паказваючы «біяграфію адной душы», пісьменнік здолеў разгарнуць шырокую панараму жыцця, выкрыць знутры «філасофію» таталітарызму і фашызму, паказаць нараджэнне супраціўлення яму ў душах людзей. Людзі актыўнага дзеяння, наіўныя рамантыкі зах.-бел. падполля П.Жалезняковіч і Р. Сяржант - героі вядомых нарысаў Б. «Сэрца камуніста» і «Партрзт старэйшага таварыша». З калабруньёнскім гумарам і журботаю, з псіхал. глыбінёй паказана жыццё зах.-бел. вёскі 1920-30-х г. у яго аповесцях «Ніжнія Байдуны» (1975) і «Золак, убачаны здалёк» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1982). Аповесць «Муштук і папка» (1990) пра брата, закатаванага ў 1938 у Белай Царкве на Украіне. Шырокае прызнанне атрымалі лірыка-філас. мініяцюры, псіхал. абразкі (зб-кі «Жменя сонечных промняў», 1965, «Вітраж», 1972, «Вячэрняе», 1994 і інш.). Піша таксама для дзяцей, вобразы якіх ма-люе шчыра, светла, замілавана (зб-кі «Ліпка і клёнік», 1949; «Зялёная школа», 1951; «Светлае ранне», 1954; «Пачатак сталасці», 1957; «Жьгў-быў вожык», 1976). Адзін з аўтараў кнігі «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А. Адамовічам і У. Калеснікам), у якой сабраны і сродкамі маст. публіцыстыкі пракаментаваны расказы нешматлікіх людзей, што перажылі жахі соцень спаленых разам з жыхарамі бел. вёсак. Кніга гэтая - напамінак свету пра зверствы гітлераўцаў, выключнай сілы прысуд фашызму, гімн мужнасці няскоранага народа. Выступае з публіцыст. і літ.-крытычнымі артыкуламі. Эстэт. погляды пісьменніка, яго аналіз сучаснага літ. працэсу - у зб-ках «Роздум і слова» (1963), «Трохі пра вечнае» (1978).



Старшыні грамадскага аб'яднання

«Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны»

спадару Алегу Трусаву

Паважаны Алег Анатольевіч!

Ваш зварот у Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь па пытанню абмежавання канстытуцыйнага права грамадзян горада Слоніма карыстацца дзяржаўнай беларускай мовай разгледжаны.

У мэтах устаранення перашкод, звязаных з выкарыстаннем беларускай мовы пры афармленні ў новых пашпартах прапіскі, Ваш зварот разам з матэрыяламі аб іх перапісцы накіраваны ў Міністэрства ўнутраных спраў Рзспублікі Беларусь з мэтай карэкціроўкі адпаведнага акта зак-анадаўства.

У пісьме ў якасці станоўчага моманту адзначана Інструкцыя аб арганізацыі работы падраздзяленняў па грамадзянству і міграцыі органаў унутраных спраў па афармленню пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, зацверджаная пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2006 г. № 4. Яна абавязвае запаўняць рэквізіты пашпарта на беларускай і рускай мовах.

Старшыня Р.А. Васілевіч.



Гродненский облисполком

Председателю общественного

объединения «Общество белорусского

языка им. Ф. Скорины»

Трусову О. А.

ул. Румянцева, 13, г. Минск

Направляется для рассмотрения по существу заявление председателя общественного объединения «Общество белорусского языка им. Ф. Скорины» Трусова О.А. по вопросу реконструкции центра г. Гродно.

О результатах рассмотрения обращения просьба сообщить заявителю.

Приложение: заявление на 1 листе в первый адрес.

Заместитель прокурора области старший советник юстиции Е.А. Трутько.


НА ПОЛАЧЧЫНЕ ЎШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ АНТОНА ГРЫНЕВІЧА

Вядомы краязнаўца з Полацкага раёна Віктар Карасёў працягвае сваю плённую працу па ўшанаванні памяці выбітных землякоў. З ягонай ініцыятывы і з дапамогай мясцовых уладаў у вёсцы Шпакоўшчына ўсталявалі чарговы вялізны камень.

Помнік устаноўлены ў гонар выбітнага фалькларыста, кампазітара, педагога і выдаўца Антона Грыневіча , які нарадзіўся непадалёк, у былым фальварку Іваноўшчына. На камені вагой больш за 10 тон - гранітная дошка з датамі жыцця знакамітага збі-ральніка народных песень: 1877 - 1937.

Антон Грыневіч быў дзейным сябрам выдавецкай суполкі "Загляне сонца і ў наша аконца", заснавальнікам асабістага выдавецтва, у якім выходзілі ў тым ліку і творы Янкі Купалы і Якуба Коласа . Але найбольшую вядомасць яму прынеслі сабраныя ў двух-томнік і выдадзеныя "Беларус-кія песні з нотамі", а таксама "Народны спеўнік" і "Школьны спеўнік". За актыўны удзел у беларускім руху ў 1921 годзе ён трапіў у Лукішкскую турму ў Вільні. А ў 1934-м быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі і асуджаны на 10 гадоў.

Падчас адкрыцця помніка ў Шпакоўшчыне адбылося вялікае фальклорнае свята.

А. Грынявіцкая.


Пётра Садоўскі: "Рэфармаваць правапіс у закрытым рэжыме немагчыма"

На мінулым тыдні Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу разгледзела законапраект «Аб правiлах беларускай арфаграфii і пунктуацыi», распрацаваны Мiнiстэрствам адукацыi ды Iнстытутам мовазнаўства Акадэмii навук. Старшыня камiсii па адукацыi, культуры, навуцы і навуковатэхнiчным прагрэсе Ўладзімір Здановіч мяркуе, што ўжо ў кастрычніку законапраект стане Законам. Карэспандэнт "Радыё Свабода Міхась Скобла пагутарыў з гэтай нагоды з мовазнаўцам Пётрам Садоўскім.

Міхась Скобла: "Спадар Пётра, неаднаразова дэпутат Уладзімір Здановіч заяўляў, што яго дужа непакоіць існаванне ў беларускай мове двух правапісаў. А для вас як мовазнаўцы гэта праблема?"

Пётра Садоўскі: "Як мовазнаўцу мяне гэта не вельмі непакоіць. У нас у грамадстве існуе нашмат больш вастрэйшых праблемаў, чым правапіс. Скажам, агульны стан беларускай мовы павінен нас трывожыць больш.

І ўсё ж я павінен пацвердзіць, што праблема правапісу ёсць. Але праблема гэтая ёсць у кожнай мове, у кожную эпоху. Нават калі ўзяць гэткія ўнармаваныя мовы, як расейская ці нямецкая. Ці не кожнаму з нас трапляў у рукі тоўсты даведнік "Цяжкасці сучаснай расейскай мовы". І там падаюцца розныя склоны, розныя канчаткі, розныя націскі.

Як германіст магу сказаць яшчэ, што немцы абмяркоўвалі свой новы правапіс (прыняты гадоў пяць таму) некалькі гадоў! Унармаванасць мовы - гэта перш за ўсё акт грамадскай дамовы. У правапісе няма закончанай логікі, няма гармоніі. Там прыгожае і эстэтычнае тое, што агульнапрынятае. Гэта значыць, што абавязкова трэба выслухаць усе бакі. Вось што вельмі істотна".

Скобла: "Я памятаю той Вярхоўны Савет, дзе дэпутатамі былі Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Яўген Цумараў, Лявон Баршчэўскі, - людзі, якія ведалі беларускую мову, выступалі па-беларуску з парламенцкай трыбуны. Вы ў пару дэпутацтва таксама працавалі ў адпаведнай камісіі. Ці ёсць у сённяшняй Палаце прадстаўнікоў кампетэнтныя ў галіне мовазнаўства спецыялісты?"

Садоўскі: "Наш цяперашні парламент працуе ў такім закрытым рэжыме, што я і не ведаю, ці ёсць там які кандыдат ці доктар філалагічных навук. Відавочна, што там няма столькі дасведчаных людзей, як было ў нашым Вярхоўным Савеце. Але гэта сама па сабе не праблема. Дэмакратычны парламент заўсёды мае шырокую сетку дарадцаў з рознымі поглядамі. Напрыклад, мы, калі абмяркоўвалі тую ці іншую праблему, абавязкова запрашалі экспертаў. Сфера філалогіі, лінгвістыкі не менш складаная, чым фізіка ці матэматыка. Цяпер усе сталі спецыялістамі ў медыцыне. Глядзяць па тэлебачанні перадачы накшталт "Малахаў-плюс", чытаюць розныя траўнікі, слухаюць розных знахароў, і кожны лічыць сябе адмыслоўцам у галіне медыцыны. Так і з мовазнаўствам... А мовазнаўства - вельмі складаная навука, і тут ёсць свае правілы гульні".

Скобла: "Вы згадалі пра рэформу правапісу ў Нямеччыне. А як там гэта адбывалася?"

Садоўскі: "Па-першае, ва ўсіх тыражных газетах і часопісах (Sьddeutsche Zeitung, Die Zeit, Frankfurter Allgemeine, Spiegel) выступалі адмыслоўцы і ўвогуле ўсе зацікаўленыя. Кожнае выданне друкавала розныя праекты, прапановы. Доўгі час існавалі адпаведныя мовазнаўчыя рубрыкі, былі прадстаўленыя розныя школы і кірункі.

Нядаўна мне з Нямеччыны прывезлі найноўшы слоўнік нямецкай мовы на 2000 старонак, і словаў там тысячаў дзвесце. Дык вось, у тым слоўніку каляровым шрыфтам выдзеленыя словы, напісаныя згодна з новым правапісам.

Трэба адзначыць, што новы правапіс у Нямеччыне доўгі час многія не прызнавалі. Некаторыя рэдакцыі працягвалі пісаць пастарому. А некаторыя старыя пісьменнікі і цяпер кажуць: "Мы гэта не прымаем". Але я не чуў пра нейкія штрафныя санкцыі ў адносінах да іх".

Скобла: "А ці існуюць заканадаўчыя акты адносна правапісу ў іншых краінах? Ці закон, які рыхтуецца ў Беларусі, - гэта цалкам беларускі эксклюзіў, і тут мы ізноў можам апынуцца паперадзе ўсёй Еўропы?"

Садоўскі: "У розных краінах да гэтай далікатнай тэмы розны падыход. Напрыклад, у Нямеччыне існуе гэтак званы "дэнгліш", там цяпер у мове вялікі адсотак амерыканізмаў. Але немцы не бачаць у гэтым вялікай праблемы. А вось у Францыі больш актыўна змагаюцца за чысціню свае мовы. Там вельмі суровыя законы. На дзяржаўным узроўні, у дзяржаўных выдавецтвах, і не толькі, за парушэнне нормаў мовы могуць накласці штраф на кіраўніцтва, ёсць і іншыя віды спагнанняў. Ва ўсякім разе, у нармальных дзяржавах моўныя нормы ёсць у школах, у падручніках. Падручнікі могуць па змесце змяняцца, але правапіс там зацверджаны, гэта безумоўна. Але рэформа правапісу ніколі не робіцца паспешліва і келейна.

Скобла: "У Беларусі гэта робіцца келейна - згодзен, але зусім не паспешліва. Нагадаю, што праект беларускага правапісу быў падрыхтаваны яшчэ ў 1997 годзе тагачасным дырэктарам Інстытуту мовазнаўства нябожчыкам Аляксандрам Падлужным. Я бачыў той праект, на ім заставалася толькі паставіць дату і подпіс прэзідэнта. Як вы лічыце, чаму да гэтай пары справа ўсё адкладвалася й адкладвалася?"

Садоўскі: "У адрозненне ад цяперашняга праекту той праект я збольшага чытаў. Больш за тое, я працаваў адзінаццаць гадоў у лабараторыі эксперыментальнай фанэтыкі Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук пад кіраўніцтвам Падлужнага і магу шмат добрых словаў пра яго сказаць. Чаму ўсё адкладвалася... Памойму, таму, што тое становішча, у якім апынулася беларуская мова, відавочна ненармальнае. Мова адусюль выгнаная, мовы нідзе няма... І пытаньне зацягвалася таму, што не магло быць шырокай дыскусіі. Сама тэма палітызавалася, і грамадства не дапускалася да яе абмеркавання".

Скобла: "Законапраект, пра які мы гаворым, называецца "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі". За парушэнне нормаў у ім, паводле словаў Здановіча, прадугледжаныя штрафы. Але ці можна штрафаваць за ненапісанне вялікай літары, ці за знакі прыпынку?

Скажам, быў такі польскі паэт Тадэвуш Ружэвіч, дык ён часам пісаў увогуле без вялікай літары. А французскі паэт Гіём Апалінэр не прызнаваў знакаў прыпынку. Дый наш Алесь Разанаў свае квантэмы піша без аглядкі на пунктуацыю".

Садоўскі: "Гаварыць рашуча, што паводле новага закону будзе рабіцца тое, тое і тое, мы не можам. Мы не бачылі праекту, які схаваны ад грамадства. Але пачутае ад спадара Здановіча, тая інфармацыя, якая прасочваецца па розных каналах, дае падставы меркаваць, што падобныя пакаранні могуць у будучыні мець месца. Нейкі чыноўнік зможа патрактаваць закон так, як яму захочацца. Але я не думаю, што закон павінен быць такім абсурдным, каб паводле яго можна было спыніць нейкія літаратурныя эксперыменты.

Зноў жа спашлюся на маю ўлюбёную Нямеччыну. Там у рэкляме назоўнікі звычайна пішуць з малой літары, хоць, паводле правапісу, трэба пісаць з вялікай. Відаць, у рэкляме ёсць свае законы, свая гармонія. Але хачу падкрэсліць: калі мы не генералізуем пэўныя правапісныя нормы, то ў нас будуць вечныя спрэчкі. Напрыклад, як пісаць у множным ліку - "П(п)аўлікі М(м)арозавы" ці "А(а)ляксандры М(м)атросавы"? З вялікай літары ці не? Альбо слова "П(п)ерыклы"? Перыкл, з аднаго боку, даваў грошы на тэатры, будаваў масты, слова "дэмакратыя" любіў ужываць у сваіх публічных прамовах. З другога боку, Карл Маркс схарактарызаваў Перыкла як "чалавека, што ўзначаліў меншасць, якая прыгнятала большасць".

Мяне, напрыклад, цікавіць слова "П(п)рэзідэнт": ці можна яго ўжываць, з якой літары яго пісаць? Ёсць розныя з'явы грамадскія, і калі мы гэты класавы падыход не адкінем, нас чакае невядома што. На кожнае слова правіла не прыдумаеш. Таму ёсць пэўны неспакой. Можна сказаць, што чарговая спроба рэфармавання правапісу ў нашых умовах - гэта нейкая фантасмагорыя".

Скобла: "Але і пры існым становішчы фантасмагорыя не меншая. Мне скардзілася адна выкладчыца беларускай мовы: "Бярэш у рукі "Звязду" - адзін правапіс, бярэш "Нашу ніву" - там другі, бярэш "Дзеяслоў" - там трэці"..."

Садоўскі: "Што рабіць настаўнікам? Спашлюся на ўласны досвед. Я выкладаю нямецкую мову ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. Вядома ж, я стараюся на ўроках гаварыць толькі па-нямецку. Але часам даводзіцца карыстацца і мовай-пасярэдніцай - роднай беларускай. Дык я тады кажу: ёсць, умоўна кажучы, "тарашкевіца" і ёсьць "наркамаўка". Я буду карыстацца "тарашкевіцай", але вы майце на ўвазе, што тэсты ці іспыты паралельныя будзеце здаваць на "наркамаўцы". Такі падыход можна выпрацаваць, але ў дадзеным выпадку я маю справу з гуманітарыямі, а для шараговага вучня, для шараговага настаўніка гэта даволі складана. І гэта сапраўды праблема. Таму найперш павінна быць грамадская дыскусія".

Скобла: "Дык можна сказаць, што дыскусія ідзе. Уладзімір Здановіч даў інтэрвію "Звяздзе", зладзіў прэсавую канферэнцыю. Іншыя газеты выступілі, наша радыё..."

Садоўскі: "Яшчэ раз хачу, каб усе зразумелі адну ідэю. Калі мова рэдка ўжываецца, тады дайсці да нейкай грамадскай дамовы паміж карыстальнікамі вельмі цяжка, проста немагчыма. Тое, што рэдка чуецца, часам здаецца непрыгожым, незразумелым, няслушным. А калі чалавек працуе ў сістэме адной мовы, у яго выпрацоўваюцца і пэўныя эстэтычныя падыходы да той ці іншай з'явы. Асабліва гэта відавочна на лексіцы. Напрыклад, возьмем тое самае вымаўленне. Мы пішам "на дошцы", а вымаўляем "на досцы". Сямутаму гэта здаецца немілагучным, таму што ўзнікаюць нейкія непатрэбныя асацыяцыі.

Калі так прыслухоўвацца, то немагчыма нам ужываць расейскае слова "как". Беларус можа сказаць: "Паслухайце, што гэта за слова?! Як яно непрыемна гучыць..." У любой мове можна адшукаць адпаведныя збегі зычных і зрабіць нядобразычлівыя высновы. Пра гэта яшчэ Янка Купала пісаў. Калі ў чалавека пачварная душа, і ён хоча знайсці нешта пачварнае ў чужой мове, ён яго абавязкова знойдзе. Таму яшчэ раз паўтару: моўная норма - гэта грамадская дамова. Грамадства можа дамовіцца толькі пра тое, што яно бачыць і чуе. Вырашаць праблемы правапісу ў закрытым рэжыме немагчыма".

Скобла: "Ёсць гэткая прыказка: не кіем, дык палкаю - адной паганялкаю. Ці дапускаеце вы думку, што ўся рэформа правапісу і прыдуманая дзеля таго, каб прыкрыць некалькі нелаяльных да ўлады выданняў ды інтэрнэтсайтаў?"

Садоўскі: "Тут я зраблю тры заўвагі. Па-першае: калі ў законе будзе абцякальная фармулёўка, і яе будзе магчыма шырока тлумачыць, то нейкаму чыноўніку падобнае "змаганне" можа прыйсці ў галаву. Па-другое: калі інтэрнэт-выданні будуць прызнаныя друкаванымі сродкамі масавай інфармацыі, то, натуральна, чыноўнікі будуць наводзіць "парадак" і ў інтэрнэт-прасторы. І па-трэцяе: я вельмі баюся, што рэформа правапісу закрые на тэстах шлях у ВНУ беларускамоўным дзецям. Баюся, што гэты разнабой, які непазбежна ўзнікне з прыняццем новага правапісу, адмоўна адаб'ецца на колькасці тых абітурыентаў, якія сёння здаюць тэсты па-беларуску".


Добры дзень, шаноўная рэдакцыя!

Вельмі набалела на душы, і я вырашыла расказаць адзін выпадак які здарыўся са мною ў нашым горадзе ў гарадскім транспарце ў чэрвені месяцы.

Значыць так. Ехала я ў тралейбусе. Сядзела са сваімі думкамі, а насупраць мяне сядзела жанчына майго ўзросту і вельмі актыўна прамаўляла. да сваёй незнаёмай суседкі. Нешта ўсё гаварыла на, рэжучай вушы "трасянцы". У той час у тралейбусе ўсе прыпынкі аб'яўлялі на прыгожай правільнай беларускай мове. Жанчына засяродзіла ўвагу на гэтым і здзіўлена вылупіўшы вочы выпаліла: "Вой. Гавораць дажа пабеларускаму!" Я паказала ёй вялікі палец і сказала: "Клас! Гэта ж у Беларусі. Што дзіўнае, не на кітайскай жа мове. Гэта ж так прыгожа." Яна адказала: "Я очань не люблю беларускі язык!"

Побач з намі стаяў малады мужчына гадоў 30ці. У чорных акулярах і ў прыгожым сучасным убранні. Ён тут жа падхапіў гэтую размову і адразу выпаліў: "Правільна. Это хамскій колхозный язык. Яго нікогда не было, как і не было ні беларусаў ні самой Беларусі!"

У мяне сперла ў горле. Я не ведала, як сябе павесці. Але ўсё ж такі сказала, што гэта не так і чаму ён абражае калгаснікаў і наогул беларусаў тым, што яны хамы. Гэтага чалавека затрасло фізічна ад таго, што я заступілася, ці абаранілася ад нападу на беларускую мову і беларусаў.

Ён агрэсіўна мне сказаў: "Што, ты хочешь со мной поговорить?. Давай выйдем, и я с тобой поговорю… о тебе. О беларуском языке. О Беларуси!» У яго быў такі агрэсіўны выгляд і паводзіны, што мне падалося, ён будзе зараз мяне біць. І тады я схамянулася, гэта ж мусіць і ёсць рускі фашыст, пра іх я толькі чула і вось пашэнціла з такім сутыкнуцца. Ён намерваўся са мною выйсці і яўна мяне пабіць. Але мне ўдалося незаўважна выслізнуць з тралейбуса не на маім прыпынку.

Хто мне скажа, што гэта? І што з гэтым рабіць? Да якога часу гэта будзе??? Чаму мы павінны цярпець такія абразы, каб у нашай хаце гаспадарыў нехта чужы і прытым табе крычаў, што ні цябе. ні тваёй мовы, ні Краіны ніколі не было і тое, што ты хам і быдла. Мог нават без усякай засцярогі і адказнасці і пабіць.

Наталля Надзейка,

70 гадоў, г. Гародня.

Усяго вам добрага "Наша слова"!


ПРА ДВА ЗБОРНІКІ ПРЫКАЗАК

Цяжка пераацаніць значэнне Івана Іванавіча Насовіча (1788-1877) у гісторыі беларускай філалогіі, фалькларыстыкі і этнаграфіі. Ён займае пачэснае месца сярод выдатных дзеячаў беларускай культуры ХІХ ст. Яго справядліва называюць «беларускім Далем», супастаўляючы дзве славутыя працы У.І.Даля з кнігамі І.І.Насовіча - «Слоўнікам беларускай мовы» (СПб., 1870) і «Зборнікам беларускіх прыказак» (СПб., 1874). Праўда, паводле ахопу апісанага моўнага матэрыялу працы Насовіча значна ўступаюць далеўскім, але тут ёсць свае прычыны.

Беларуская мова ў тыя часы афіцыйнымі ўладамі не прызнавалася як самастойная, і Насовіч у адпаведнасці з устаноўкамі Расійскай Акадэміі навук уключаў у свой «Слоўнік…» далёка не ўсё, што было ў жывым народным маўленні беларусаў, а толькі тое, што не супадала з засведчанымі ў даведніках фактамі рускай мовы.

Другая праца Насовіча - «Зборнік беларускіх прыказак», - як і першая, была выдадзена Расійскай Акадэміяй навук. Аўтар сціпла назваў сваю працу зборнікам прыказак, а між тым гэта быў першы ў гісторыі ўсходнеславянскага мовазнаўства тлумачальны слоўнік прыказак. Е.Р. Раманаў справядліва ахарактарызаваў гэты слоўнік як «працу, пакуль што адзіную ў сваім родзе». Яшчэ да выхаду зборніка ў свет, азнаёміўшыся з рукапісам, Рускае геаграфічнае таварыства прысудзіла І. Насовічу залаты медаль і выбрала яго членамсупрацоўнікам Таварыства.

Дарэчы, і іншыя буйныя даследаванні вучонага, якія не страцілі сваёй вартасці па сённяшні дзень, былі высока ацэнены Аддзяленнем рускай мовы і славеснасці Акадэміі навук: за «Слоўнік беларускай мовы» І. Насовіч атрымаў Дзямідаўскую прэмію, за «Алфавітны паказальнік старых беларускіх слоў…» - Увараўскую.

Навуковадаследчай дзейнасцю Насовіч пачаў займацца ў 1848 г., маючы за плячыма вялікі жыццёвы досвед, дасканала вывучыўшы багацце не толькі роднай яму Мсціслаўшчыны, але і Віленшчыны, Міншчыны, Аршаншчыны, дзе шмат гадоў настаўнічаў. Выйшаўшы ў 1844 г. у адстаўку, Насовіч пачаў папаўняць матэрыялы для слоўніка беларускай мовы. «Для паспяховага выканання гэтай справы, - пісаў сын вучонага В.І. Насовіч, - бацька мой не шкадаваў ніякіх выдаткаў, ездзіў у розныя беларускія мясціны, якія яго цікавілі. Жывучы з маленства сярод сельскага люду, добра ведаў, як мову беларусаў, так і мноства іх песень, прыказак, прымавак і інш. Ён ведаў і шанаваў іх звычаі». І. Насовіч заўсёды меў пры сабе сшытак, «куды неадкладна занатоўваў кожнае новае для яго слова, што траплялася яму ў гутарцы з простым чалавекам, кожную цікавую песню, прыказку».

Збіранню, асэнсаванню і вытлумачэнню прыказак І. Насовіч аддаў больш за дваццаць гадоў жыцця. Публікацыя гэтых матэрыялаў мае сваю гісторыю. Першая тысяча прыказак была надрукавана ў 1852 г. Затым, як зазначае сам даследчык, ён, збіраючы матэрыялы для «Слоўніка…», «адкрыў непараўнана большую колькасць прыказак, якія існуюць у гаворках беларускіх жыхароў, асабліва сялян… Беларусы ўсе факты, усе выпадковасці чалавечага жыцця, усе ўчынкі, як добрыя, так і дрэнныя, і ўсякае нават меркаванне пра штонебудзь падводзяць пад мерку прыказак сваіх… Паміж простых людзей ёсць шмат такіх здольных, якія на ўсякую падзею, на ўсякі выпадак, вясёлы, спрэчны, сумны, - адразу ж і дарэчы выдаюць прыказку, нібы яны знарок вывучалі іх, як тыя, хто, авалодваючы лацінскай мовай, завучвае на памяць дыстыхі Катонавы». У новы зборнік (1867) увайшлі і раней апублікаваныя прыказкі, і новыя (больш за дзве тысячы). Апошняе выданне зборніка (1874) змяшчае 3715 прыказак. Да зборніка прыкладаецца тлумачальны слоўнік асобных слоў (каля дзвюх тысяч).

Выключнае значэнне гэтага зборніка найперш у тым, што амаль усе змешчаныя ў ім прыказкі растлумачаны. Не паясняюцца толькі тыя, якія ўжываюцца ў іх літаральным значэнні, напрыклад: Брат брату паняволі прыяцель . Сэнсавая, а часта і сітуацыйная характарыстыка, якая даецца прыказкам, амаль ва ўсіх выпадках прымальная і сёння. Напрыклад, пасля прыказкі Маладое піва ўходзіцца ідзе: «Говорят насчет шалостей, или вспыльчивости, или самой ревности к чемулибо молодого человека». Часамі да сітуацыйнай характарыстыкі далучаецца і стылістычная. Экспрэсіўнаацэначная афарбоўка пазначаецца словамі: з насмешкай, жартаўліва, насмешліва, у пахвалу, у папрок, з незадаволенасцю, з жальбай, з радасцю і інш.

Прыказкі-сінонімы або прыказківарыянты суправаджаюцца адсылкамі: тое самае, што; глядзі; параўнай. Напрыклад: «Усе бабры дабры, адна выдра ліха яе бяры. Адпавядае прыказцы : Усе людзі як людзі, адзін чорт у калпаку».

Шкада толькі, што гэта каштоўная і патрэбная кніга ні ў савецкі час, ні ў апошнія 15 гадоў так і не перавыдавалася, хоць пра неабходнасць перавыдання неаднойчы гаварылася ў друку. Пісаў і гаварыў пра гэта і я, але звычайна адказвалі, што перавыдаваць яе нельга, бо ў ёй ёсць ідэалагічна непрымальны матэрыял, асабліва рэлігійны, часта ўжываецца «жыд» і іншае. Я спрабаваў пярэчыць: у зборніку У.І. Даля «Пословицы русского народа» ёсць і «жид», і цэлыя тэматычныя групы тыпу «Бог - вера», «Вера - грэх» (па 200 і болей прыказак у групе), аднак зборнік выдавалі чатыры разы (нядаўна выйшла яшчэ адно выданне). На пярэчанні, не задумваючыся, адказвалі: дык гэта ж, маўляў, Даль!..

У 1974 г. спаўнялася стагоддзе з дня выхаду ў свет «Зборніка...» І. Насовіча. У гэтай сувязі я прапанаваў часопісу «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» артыкул «Класічная праца айчыннай філалогіі». У адным месцы машынапіснага варыянта артыкула я назваў І.Насовіча «беларускім Далем», але ў рэдакцыі прапанавалі апусціць гэта, бо «ўсё ж Насовіч і Даль - не супастаўляльныя велічыні»…

Нічуць не прымяншаючы бясспрэчнай велічы далеўскага зборніка, хацелася б толькі спыніцца на некаторых не зусім дакладных сцвярджэннях, якія, як штосьці стэрэатыпнае, вандруюць з адной кнігі ў другую пры ацэнцы гэтай працы У.І. Даля.

Сцісла ахарактарызаваная вышэй праца І.Насовіча, як ужо гаварылася, не столькі зборнік прыказак, колькі парэміяграфічны тлумачальны слоўнік, у якім пададзеныя ў алфавітным парадку прыказкі апісваюцца ў семантычным і стылістычным плане. Далеўскія ж «Пословицы русского народа», упершыню апублікаваныя ў 1862 г., - гэта сапраўды зборнік прыказак. Яны тут аб'яднаныя ў 192 тэматычныя групы тыпу «Хорошо - худо», «Радость - горе», «Казна», «Царь», «Закон», «Пьянство». Толькі ў вельмі рэдкіх выпадках каля асобных прыказак даюцца паметы сэнсавага ці сітуацыйнага характару, напрыклад: «В нашем жите хорош росток (о женихе)»; або пазначаецца месца, дзе бытуе прыказка: говорится в Сибири; новгородск.; солдатск.; матросск .

Адзінадушна сцвярджаецца, што ў зборніку У. Даля больш як 30 тысяч прыказак. Але чамусьці не ўлічваюць, што гэта тоўстая кніга (амаль тысяча старонак) мае падзагаловак: «Сборник пословиц, поговорок, речений, присловий, чистоговорок, прибауток, загадок, поверий и проч.» Уся гэта збордружына сапраўды складае, па маіх падліках, амаль 32 тысячы адзінак. У. Даль у прадмове да зборніка, названай «Напутное», дае азначэнні ўсім гэтым жанрам вуснай народнай творчасці.

У тэматычных групах зборніка побач з прыказкамі змешчана каля 5 тысяч прымавак (поговорок): не ровен час, как серпом по шее, чем черт не шутит, поминай как звали… Сёння ў навуцы такія выразы маюць іншую назву - фразеалагізмы і падаюцца не ў зборніках прыказак, а ў фразеалагічных слоўніках. Даль у адных выпадках прыводзіць прымаўкі (фразеалагізмы) у іх сапраўднай форме, так, як і ў сучасных слоўніках ( мороз по коже пробежал, мурашки по телу бегают, знай наших ), часам з паказам іх абавязковай лексічнаграматычнай сувязі са словамі ( подсыпать кому перцу, согнуть кого в дугу ), а ў другіх выпадках змяшчае ў кантэксце, у акружэнні слоў, у кароткіх урыўкахсказах: Он в рубашке родился; Он тебя в ложке утопит; Он из тебя веревки вьёт.

У зборніку шмат загадак. Яны падаюцца як у асобных рубрыках, так і ў канцы той ці іншай тэматычнай групы; напрыклад: на с. 51-53, 107, 940 ( у выданні 1957 г.).

Ёсць у зборніку нямала няпрыказкавага і нефразеалагічнага матэрыялу, напрыклад, такія спалучэнні: кругом виноват, есть маленько, развернись на все, подкузьмить кого . Часам даюцца дыялогі з некалькіх рэплік, да прыкладу: « - Батька! Лезет черт в хату. - Не замай, лишь бы не москаль». Ля гэтай нібыта прыказкі ёсць паказчык, што яна запісана ў «Малороссии». Як пазначана ў падзагалоўку зборніка, у ім маюць месца і «речения», «присловия», «чистоговорки», «прибаутки» ды іншыя маўленчыя з'явы, якія прыказкамі ніяк не назавеш.

Адказаць на пытанне, колькі ж тут прыказак (з пэўным, адзіным разуменнем гэтага тэрміна), вельмі цяжка. Бо, апрача сказанага вышэй, тут, папершае, надта многія прыказкі пададзены не ў адной тэматычнай групе, а паўтараюцца ў некалькіх групах. Так, на розных старонках зборніка тройчы паўтараюццца, напрыклад, такія прыказкі: Не все коту масленица; Нашла коса на камень; Бог дал, Бог и взял; Бог даст день, даст и пищу; На воре шапка горит; Гром не грянет - мужик не перекрестится.

Падругое, шмат якія прыказкі, уключаныя ў зборнік, наўрад ці былі і ў тыя ранейшыя часы агульнанароднымі, іх ужыванне было, відаць, абмежавана невялікім рэгіёнам ці нават адной вёскай або некалькімі моўнікамі. Пра гэта можа сведчыць наступны факт. З.Т. Тарланаў у манаграфіі пра сінтаксіс рускіх прыказак піша аб «вялізнай ступені распаўсюджанасці бяззлучнікавых структур у мове прыказак» і ў якасці ілюстрацый прыводзіць 16 прыказак. Усе яны ўзятыя са зборніка У. Даля. Аднак ніводная з іх не трапіла ў сучасны «Слоўнік рускіх прыказак і прымавак» (2003) У.П. Жукава, дзе апісаны «найбольш часта ўжывальныя ў рускім маўленні і зафіксаваныя ў пісьмовых літаратурных крыніцах прыказкі».

Па адукацыі У.І. Даль не лінгвіст ці фалькларыст, а ваенны марак і ўрач (закончыў спярша марскі корпус, пасля медыцынскае аддзяленне універсітэта). Пачаўшы з 18гадовага ўзросту, на працягу 35 гадоў Даль, як пасля пісаў, «не прапускаў дня, каб не запісаць выказ, слова, зварот на папаўненне сваіх запасаў». У памянёнай прадмове да зборніка Даль гаворыць і пра крыніцы, якімі ён карыстаўся. Прыкладна «пятая доля майго зборніка», - піша Даль, - узята з раней апублікаваных зборнікаў Княжэвіча і Снегірова. Астатнія - з прыватных запісак і сабраныя «по наслуху, в устной беседе», ад «доброхотных дателей, помощников и пособников». Пра тое, што гэта за «доброхотные датели», нічога не сказана. Але штонішто пра іх можна знайсці ў рускага пісьменніка Д.В. Грыгаровіча, які доўгі час быў знаёмы з Далем. У поўным зборы твораў (т. 12, 1896, с. 285) пісьменнік прыгадвае перыяд, калі Даль шмат гадоў да 1849 года быў дырэктарам канцылярыі ў міністра ўнутраных спраў Расіі Пяроўскага: Даль на бланках грознага міністэрства, «карыстаючыся сваім становішчам, рассылаў цыркуляры ўсім службовым асобам унутры Расіі, даручаючы ім збіраць і дастаўляць яму мясцовыя рысы звычаяў, песні, прыказкі і інш.».

Можна меркаваць, што ў зборнік У. Даля, дзякуючы «доброхотным дателям», трапілі дасланыя службовымі асобамі з беларускіх губерняў, напрыклад, такія прыказкі і прымаўкі (фразеалагізмы), якія ў іншых рускіх зборніках не фіксуюцца, але ёсць у нашых сучасных і ранейшых даведніках: 1) Богатый дивится, что бедному не живится ( бел .: Багаты дзівіцца, чым бедны жывіцца; 2) За мое жито, да меня же бито ( бел .: За маё жыта дый мяне пабіта); 3) От напасти не пропасти ( бел .: Ад напасці не прапасці); 4) Душа кривая все примает ( бел .: Мая душа не крывая, усё прымае). Прымаўкі (фразеалагізмы): 1) Косится, как середа на пятницу ( бел .: крывіцца, скрывіцца, касіцца як серада на пятніцу ); 2) А что мне до ланского снега? ( бел .: патрэбны як лонскі снег).

Як бы там ні было, але сабраць аднаму чалавеку такую вялікую колькасць прыказак і сумежнага з імі матэрыялу - несумненны навуковы подзвіг Уладзіміра Іванавіча Даля.

Хай жа чытач не падумае, што кожны цыган сваю кабылу хваліць. Аддадзім належнае і Насовічу, і Далю. Як гаворыцца, паважай чужое, але і свайму ганьбы не давай.

І.Я. Лепешаў, доктар філалагічных навук, прафесар


ГАВОРЫЦЬ НАША ГРОДЗЕНШЧЫНА

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

4. Посьля вайны дзет з братам былі кавалямі, рабілі ў кузьні. Прыехалі да іх салдаты і продалі каня. Прасілі за каня баханку хлеба, сала кусок і два літра воткі. Віцько (брат) пазычаў у Стахі воткі. Яны за того каня - і схаваць. Завялі да швагра Оляся. Назаўтра прыязджаюць другія салдаты і забіраюць каня. І Бронак на Віцько кажа, кап ён паказаў того каня, бо кепско будзя. Віцько ні хоча. Але як зачалі моцно біць, тады паехалі на Галынку і забралі того каня. Салдаты былі з брычкаю. Прыехалі сюды, іх абодвых паставілі пад аўтамат, сказалі: "Ідзеця". Адасіха (маці) - у енк, а ён прыкладам як вальнуў і пірабіў руку. Гналі і камандавалі: та ўстань, та ляш. І білі. Тады ўверх сталі страляць. А дзет кажа на Віцька: "Падаймо й ляжэм". Яны ўжэ тады паехалі. А яны цераз Елю ў рэку пашлі мыцца ат крыві. Прыехалі дахаты, а ў мацяры рука пірабіта. Шчэ табе так раскажу. Пасьвіла я воўца каля гасьцінца, і воўца нашыя (гарачо было) ляжалі, а мы сядзелі дваіх с Стаськам. Ехалі сабе ласаўцы - сабакі - коньмі з вазамі. Астанавіліся пачці пасьледнія. У стаду, за барана і забралі. Я прашуся: "Аддай!" А ён: " Ні дам!" За міне і валачэ ў лес. А я назат тады, і Стасько за мною. І пусьціў, ні завалок. Прыгналі, і Янушчынаго барана ні было. Ні плацілі мы тады за яго. Тады Бронак якрас дровы вёс і бачыў усё. Мая мама гэдык сумела. Добро, што ўсё абышлося. Забралі немцы ў нас кабылу, а мама хацела забраць у ласаўцаў. Ну і пашлі яны зь Людзьвікам Радзівонікавым. Ласаўцы пасьвілі коні і паснулі. А яны, Людзьвік Радзівонік - аднаго каня, а мама - другога, і павялі. Завялі ў такі глыбокі роў у хвайняк, прывязалі тыя коні - і дахаты. Тудака ласаўцы папрачыналіся - німа коняў. Бегаюць і шукаюць. Яны ніаружаныя былі, папрыходзілі да хаты. Людзьвікаў Франак хацеў палянуць на тыя коні. Пашоў, а ласаўцы ўбачылі яго. Учапіліся, страляюць - аддай коні. А ён нават добро ні ведаў, дзе яны. Ну ля, пірапалохаўся, стаў як стоўп і стаяў. Яго зь месца ні маглі зварушыць. Дзе яны яго ні вазілі. Потым крыху адышло, ніпраўда. Але ўсёраўно астаўся памешаны. Ніхто ні думаў, што ён будзя жыць. Ні еў і стаяў як стоўп. Ласаўцы паехалі, а яны забралі сабе коні.

Жанчына, 1931 г. н. в. Косцевічы Ваўкавыскага раёна, 1987 г.

5. Гэто вам ціперака добро жывецца, а мы нічого добраго ні бачылі. От у міне мама ўмярла, я яе дажа ні помню, малая шчэ была. От так і гадаваласа. Тато ўзяў другую жонку, яна ні сказаць, кап плахая была, але заўсягда гаварыла, што ні родныя мы зь ёй. От якія дзелы. Што і гаварыць. У школу хадзілі, у польску, я чатэры класы адучыласа, бо далей плаціць мусялі. Дак мачыха сваіх то павыучывала, а мы так і былі. Потамака пасватаўса да міне хлопяц, да багаты. Адно людзі казалі: вельміся ўжэ ніхарошы, лёхкія рукі меў. А што мне было рабіць, мусяла ісьці, бо мачыха сказала, што ні будзе міне карміці зра. Ну і пашла. Што зь ім гора мела, то ні расказаць. Ён жа ўсе сваі грошы праграў у карты. А мо й добро, што праграў, бо як савецка ўласьць прышла, то паехалі п мы ў Сібіру, а так бедныя ды бедныя. Патом зачаласа вайна. Бацька на вайну забралі, Пётру майго тожа. І асталаса я адна зь дзіцем малым на руках. Дак от, кажуць, што немяц благі быў, а яны, як праз вёску нашу ішлі, дак ні только што нічого ні ўзялі, а шчэ і хлеба нам прыносілі. Толька было адзін рас, што зашоў у хату немяц, а ў яго рука ў крові, дак ён наставіў на міне аўтамат, каб дала чым руку завязаць, а ў міне нічого ні было, дак ён узяў маю сукеначку, харошу такую, у колцы, і завязаў руку. А больш нічого благого ні помню.

Жанчына, 1918 г. н. в. Бераставічаны Бераставіцкага раёна, 2004 г.

6. Вайной праз нашу дзярэўню бой ішоў, с чатырох пачаўся, падранкі кончыўся. Гэто было, калі яшчэ жыто не пажалі, каноплі былі пасеяны, лён. Каля Бучаняцінай хаты сядзелі дваццаць немцаў, а другія немцы не бачылі, мусіць, што гэто немцы, і кінулі с канапель гранату, і ўсіх чыста пакалечыла. Каторыя ішчэ варушыліся, прасілі: "Ацец, дайце вады". Але да вечару ўсе дайшлі. Гуліца ад гулачкі ўся выгарала, ажно да магілкаў, а другая поўнасьцю. У ямах ляжалі рускія і крычалі: "Гура! Гура!" Запальвалі хаты, кап праз дым нічога ні было відно. Юрчыкавуй Насьці ў гулду папала пуля, і ўсе людзі на ямы ў паграбы пабеглі хавацца. А ў нас не было пограба, цяшко мы жылі, і я ў аткрытую яму схавалася. А зорно, толькі зямля - сып, сып, а пулі - ф'ю, ф'ю... А я ў адной сукенаццы, засыпаў міне пясок. Немцы з арудзямі, с тангамі, а панічыха ў рове сядзела і папаўзла яна каленьмі. Немцы пусьцілі п снарат, яна кажа: "Панічыку, гэта нашыя цывільныя людзі". І яны пусьцілі снарат на Таўкаліцы, дзе былі рускія салдаты, а ні на вёску. Калі атступалі, выпусьцілі дысантаў с самалётаў. Сьціх наранкі бой, кругом салдаты пабітыя. А Паўлюк Лошчын гукае: "Людзі! Хто жывы, выласьця!" Каля магілак Барташово гумно было, ляжыць адзін, другі наш салдат, картачкі параскіданыя. А я падабрала і схараніла. Потым пасьля вайны да Галі Каралёвай прыяжжаў Генік, кажа: "Дай мне картачку. Я ў Мінску па радзіву перадам. Можа, знайду родных". А на другой - украінец, пахавалі яго ў Малькавічах. Потым пасьля вайны прыяжжала маці, брат і сястра. А ён быў пахаваны ў лесі. На ём вырасла рамашка, вялікі цвяток. Хлопца таго дасталі і пахавалі каля памятніка. А маці рамашку выкапала і сказала: "Павязу дахаты. Сын мой будзе цьвісьці са мною..." А на выгані ў нас, каля Ігнасіхі, сем нямецкіх магілаў было. А потым іх аткапалі і павязьлі ў Германію. А ішчэ... Быў другі дзень Калят. Твайго дзеда сястры дачка Воля, партызанка, у гміне служыла, прыехала з жаніхом васточнікам ў госьці. А бункяра зь немцамі ў Дзярэчыне, у Курылавічах. А яны прас Азёркі сюды прыехалі. Я была ў каваля тады. Усё відно. Ехалі па вуліцы, так ганарово дваіх сядзелі; конь чорны, харошы, брычка натто красіва. Яна ў новум кажушку, папругай патпяразана. А нехто сапшчыў. Пабылі мало. Тут кажуць, паліцманы с Курылавіч. Яны хацелі ўцякчы зноў на Азёркі, а іх акружылі, і яны - на выган. То яго адразу забілі, а яе ранілі. Але яна прытварылася. Боты пазьдзіралі, нагой штурхнулі і пашлі. Тады яна папаўзла ў гумно да дзеда, дзе авечкі, і схавалася. У нашай дзярэўні былі каторыя прадаліся ў паліцманы. Стэфан, Тамашоў брат, Дэгунаў Валодзя, Лавік, Долік. Так прыйшлі, сабакі, знайшлі... Як доў каторыто прыкладам па галаве, і забілі. Дзет зрабіў труну з дошак. Хавалі назаўтра, так босу ў насках, і кавалера разам. Патом маці праз паўтара года рашыла дастаць і пахаваць ў сваёй вёсцы, у Мілявічах. Бацько, Блажэй, вучыцелем быў. Труна, як і закапалі, так і была цэлая. Усе людзі чысто былі. Аткрылі, а там - папялок. Дзьмухнулі - як павуцінечко. Ногі яе белыябелыя былі. А то ўсё чорно, як у пелюсьцях сажа. Але і с паліцманаў ніхто ні астаўся жыў. Лавіка граната разарвала, астатніх пазабівалі, бо много нацярпеліся мы ад іх.

Жанчына, 1928 г. н. в. Монькавічы Мастоўскага раёна, 1998 г.

7. Якрас як хазяін памёр, было дзьве каровi. Так тады прызналi адну - бальная, дохтар правяраў. Трэбо вам здаць, ужэ малака нi будзяця здаваць. Шкадавала я ўсе, аля нiчого, здала. Думаю, я ўжэ адна, мне аднае хвацiць. Потым цераз два года дохтар сказаў: "Глядзеця, бо можа і гэта быць заразна". Цераз два года прызналi, бралi кроў, і гэта нiздарова стала. Сказаў, што нада здацi i гэту. Так я перажывала, хацела падзяржацi. Як хазяiн памёр, ашчэ я была нека дужайша. Бiс хазяiна была я сем лет, дзяржала ашчэ кароўу, шкадавала здавацi. Ён кажа, што возьмеце ў калхозi кароўу сабе. Кажу: "Людзi нi дадуць". Кажа: "Дадуць! Вы самыя нi продайця. Мы ад вас забiраям, прызнаем, што яна бальная". Я неяк тут страсла грошай, за кароўу гэту, за бураке, што палолi, усе зьбiрала, зьбiрала. Думаю, вазьму сабе маладую. А зно, дзяку Богу, мне вышло тулько мало даплаціць. Я ўзяла кароўку маладзеньку і назвала яе Зорка. Мне сказалі, на машыні згрузім, бо зіма была тадыка, у наябрэ месяцэ я ўзяла. Яна мне за тры нідзелькі ацяліласа, і, дзякуй Богу, такая хароша, удачна была кароўка. Я яе прыучыла, хлеба кіну ў жолап. На пашу хадзіць далёко, тутака ўжэ па гуліцы ні было кароў, яна адна ішла, туко выдзе сюды за угал, зараве, я скажу: "Зорачка, хадзі, Зорка, дахат хадзі, Зорачка!" Ідзе, так стараяцца і ў хлеў. Я яе пілнавала, каб яна такая нірасьцягаўшы была, і чтыры года дзяржала я яе. А гэта на пяты год ўжэ цяшко было, сказала: "Буду продаць". Та ўзяў у вёсцы кум мой і сказаў: "Люба, будзяш продаць - я забяру тваю карову". Кажу: "Я ў сваю вёску ні буду продаць". - "Чаму?" Кажу: "Ай! Будуць тады што гаварыці, будуць бачыць што кепско". Ён у вадном канцэ жыве, я - тут у гэтум канцэ. Там каля аго пасуцца. Ён ўжэ зная маю карову і настояў міне, што прадай мне, прадай кароўу. Я кажу: "Ціпер, Міша, продаць ні буду. Ашчэ я буду дзяржаць да осяні". Кажа: "Дзяржы, дакуль хочаш, хай сабе і ў хлеў стануць, тулько каб ужэ як на зіму, та прадасі". І Маня кажа: "Хаця ты міне ні падвядзі". - "Не, не, што я такая, што буду ўжэ падводзіць". І дзяржала да осяні, да Пакроў. А тады ўжэ пасьвіць халадно было, ні было каму. Пашлі дзеці, ужэ ў інсьцітуці учацца ўнучкі. Я ўжэ сказала: "Забірайця, як будзяця браці!" Забралі і ні таргаваліса, сколько сказала, стулько й заплацілі мне. Я ні шкадую яе, хай Бох дае ім што найлепей, бо я ўжэ ні дала б рады, цяшко, бо ўжэ вядро вады ледво ат студні прынясу для сібе. Як сьвіням, та ўжэ й дошч нападае, і прыедуць, наносяць мне. Ужэ гэдак апходжусо. Пака дзяржу сьвіня троя, а даляй ні знаю, што будзя.

Жанчына, 1927 г. н. в. Ліцвінкі Гродзенскага раёна, 2002 г.

8. А ўжэ да вайны, то пака немяц прышоў, горо было. А немяц прышоў - яшчэ горшо горо стало. Стаў людзей вывозіць, стаў убіваць, усяляк. Страшно было, казаць німа чаго. Аднаго ваеннао пленнао та мы нават і хавалі. Ён уцёк з асфальту, як гналі ўжэ немцы, а ён узяў уцёк. Прышоў туды от да нас, падзецца німа дзе. І мы баяліса. Ад немцаў хавалі ў беразі. Там ашчэ з анною, цётка была, што ў Навасёлках яна. Адзін дзень мама носіць карміць у кошычку, другі дзень яна нясе карміць яго. Тато сваю адзёжу даў, бо ў яго ваенна была адзёжа, дзе ш, нідзе ні вылязяш. Тую спалілі, а даў тато сваю адзёжу. Ужэ як дзе зустрэнецца, кап людзі ні зналі хоць, пастароннія. І от так яго выхавалі, і ён патом нашоў кампаню ўжэ сабе і пашоў. А нас за парцізанаў і вывязьлі. Можа хто дзе й шапянуў, хто ведае. Немцы прышлі, тата забралі, білі так. І маго тата, і там суседзяў усіх на футары мушчынаў да таго білі, бізунавалі, ледво жывыя. Завядуць на ток, разьдзенуць наголо і бізунуюць. Скінуць штаны, скінуць сарочку, усё скідай і лажыса на ток. А там только як цапамі якімі, аш німожно гаварыць, хай Бог бароніць як. Тато ўвайшоў у хату і кажа на немцаў: "Ужэ ніведамо яны, пане, я невем". Та бізуном як пацягнулі - мне сёньня ўвачу гэто ўсё стаіць. Ён токо за твар о ўхапіўса, нічого ні сказаў, і пагналі. Пагналі, загналі ў Гронно ў цюрму, пасьдавілі ўсіх там мушчынаў. Мясо кавалкамі атпадало, так зьбізунавалі. Ну, а патом прыехалі і нас акружылі - нікуды нікого. А зімою было - ніхто нікуды ні выдзяш. Акружылі, загналі ванну хату, усе думалі, што мо пастраляюць, аля тады яшчэ растрэлу ні было. Ата шчэ начало, яны забіралі, вязьлі туды, у Германю, на работу перлі, на заводы, на этыя, на акопы капаць. Ой, я спамінаць ні хачу, так натто трунно было. Думаю, Божа мой Божа, ціперака дажыліса, кусок хлеба есьць, дадуць некаго рубля, і чалавек давольны гэтым, ляпей ні можа быць. Я ціпер даражу ўсім на сьвеці, мне ўсяго шкада, от што, мне лахманчыка шкада, мне таго шкада. А я ціперака і есьці маю што, і піць, і дрова есьць, і ўсё, і кажу: "О дзе было горо тады". Ціпер ужэ можно жыць, кап только мір, спакой быў. Хай сабе ну, калі нідастача дзе чаго, от так бывая, што ні так, як мы хочам, аля я та не, ні хачу нічого, мне ўсё добро, от што, усё добро.

Жанчына, 1929 г. н. в. Сухары Гродзенскага раёна, 2004 г.

9. Ну яг жывем? Як прыйдзеца. Цяшка, што ні кажы. Здаровя таго чалавек ні мая, а работу рабіць трэба. Кароўку сваю яшчэ такрок здалі, бяз малака дрэнна старым, алі што ты скажаш. Трэба й корму загатовіць, падаіць, гной выкідаць. А сілачкі німа. Увесь век працавала: кросны ткала, выбівала, прала кудзелю, вышывала. Усё самаробна было. Сачкі с сукна шылі, спадніцы ткалі. Зімою вечар доўгі, то збіраліся адны ў адных - разам весялей. Нас мама да працы з малога прывучала. Ойцец меў два надзелы зямлі, абраблялі яе. Працавалі да цямна. Летам, покуль слонца ня ўзыдзя, бегалі ў Мадушэўскую пасатку па лісіцы альбо па ягады чорныя. Потым роварам кошыкі ў Астрыну здаваць вазілі, усё некая капейка была. У школу хадзілі. Я тры класы за польскім коньчыла. Алі от, якая там вучоба. Трэба было ойцу памагаць па гаспадарцы. У хаці ўсё паробіш, а потым яшчэ й суседзям паможаш: бульбачку пасадзіць ці бураке церабіць. Замуш я рана пайшла. Алі, дзякуй Богу, ні горш людзей жылі. Пятага ліпца залатоя вяселя будзя, калі дажывем . Дасьць Бох.

Жанчына, 1924 г. н. в. Рыча Шчучынскага раёна, 1992 г.

10. Цяшка было жыцё. Па ўсёй вёсцы людзі былі невучаныя. Калі адзін выдарыца разумнейшы, то паможа жонт вучыцца, а так пралі ды ткалі. Адзяваліся ў зрэбныя кашулі, льняныя спадніцы шылі. Прыбяромся, і гэтак было здатназдатна: с кужаля спадніцу адзенем. На музыку хадзілі толькі ў дзеравяніках на басанош альбо ў туфлях. Прыйдзеш да дзяцькі ў хату, дзе музыка грая, абуў з нох пат лошку схаваям, басяком танцуям. Паабіваюць усе ногі хлопцы ботамі, бо яны не разуваюцца. На печы газоўка - і гэтак танцуям. Цёмна, мала адзін аднаго бачым, але танцуям цалу ноч. Дахаты прыйдзем, ногі мыям. Буднымі днямі хадзілі на вечаркі с кудзелямі, было весела. Пралі да двух часоў кажны вечар. У каго лямпа, газоўка, а ў каго лучына. Пасярэдзіне сьвяцільнік, лучыну ўткнуў, не трэба яе дзяржаць. Вакол яго дзяўчаты пасядуць, гаспадар лучыну мяняя. Усе сьпявалі песьні ўсякія, весяліліся. Іны рас раставім прасьніцы ды танцуям. Німа гармоніка, то пат балалайкі. Весяло жылося. Хлеп свой, сала сваё, купляць не бегалі па магазінам. Жылі дружна ў вёсцы ўсе. Гаспадыня гарохам, бобам частавала дзяўчат у пятніцу, як пост. Іны рас каўбасу сьпячэ, частавалі кудзельніц. Увосені лён труць у сушні. Бярэ гаспадар пятнаццаць дзевак, якія труць цалы дзень, націраюць на дзьве капы ўсе. Вечарам балююць. Потым перат Коляды лён трэплюць на гарэ некалькі бабаў. Прычакаўшы лета, выходзяць у поле жаць кожны сваю ніву. Зажынкі - першы дзень. Сьплятуць дзеда. Нясуць дахаты той сноп. У чыёй хаці маладзіца, дык тая ўжо вешая падарак сьвекрыве на полі на гэты сноп. Большыя гаспадарэ наймалі, бяднейшыя ў іх патзараблялі. У каго дачок у хаці многа, то сваё пажнуць прэнтка, ідуць на шыршую ніву да гаспадара, дзе адна гаспадыня, яна не здужая ўсяго зрабіць. Плацілі добра: два пуды жыта на дзень. Кончыцца жніво - робяць людзі дажынкі. Дзяўкі сьпяваюць на полі, уморацца жнучы і давай сьпяваць пат Барджэй,

барджэй вечар будзе -

Майму сэрцу ляхчэй будзе.

За бор сонца, за даліну,

А дай Божа вечарыну .

Не было калі гараваць за работаю. Кончылі жніво - пайшлі картофлю капаць. Капаюць перш сваю, потым у заропкі ходзяць дзяўкі. А маці ў хаці атпачывая. Летам за ягадамі хадзілі, за дзень пойдзе маці з дачкою і набярэ кошык і нясе на торх. Прададуць - купяць на сукню, дачцэ шаляноўку альбо другое што. Цяпер замуш толькі рвуцца абы выйсьці, а рабіць нічога не ўмее. А раней хлопцы шукалі гаспадыню, затое і жылі, разводаў не было. Жыве цала жыця. Вось такое было жыця ў вёсцы. Хоць і скупей было, цяшка, але весяло было. Вёска цьвіла. Зарас у добрым жыці замерла, глуха, адны старыя засталіся, што далей будзя, невядома.

Жанчына, 1926 г. н. в. Вялікае Сяло Шчучынскага раёна, 1996 г.

(Працяг будзе.)

Мікалай Даніловіч, доктар філалагічных навук, прафесар


І лагодна ўсміхнуцца Я. Купала і Я. Колас

На Беларусі ёсць святыя мясціны, наведаць якія імкнецца кожны свядомы беларус, а, менавіта мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю песняроў Я. Купалаы і Я. Коласа.

Для кожнага беларуса назвы Вязынка, Акінчыцы, Акопы, Смольня, Мікалаеўшчына гучаць таксама, як для жыхароў Расіі геаграфічныя назвы Ясная Паляна, Міхайлаўскае, Пушкіна ....

Даўняя моая мара - прайсці па сцяжынкам, дзе ступала нага песняроў. І калі на малой радзіме Я. Купалы - у в. Вязынка мне давялося пабываць тройчы, то месца нараджэння Я. Коласа - Акінчыцы наведаў двойчы, недзе ў пачатку 70-х гадоў, калі ў якасці глебазнаўцы абследваў глебы калгасаў "Краіна Саветаў" і імя Леніна, што на Стаўбцоўшчыне.

І вось толькі сёлета мая мара здзейснілася. Неяк, яшчэ ў канцы зімы, я атрымаў запрашэнне ад вядомага рупліўца беларушчыны, дацэнта менскага педуніверсітэта імя М. Танка, старшыні Таварыства беларускай школы (ТБШ) спадара Алеся Лозкі прыняць удзел у паездцы па коласаўскіх мясцінах. Дардэчы, з ТБШ мяне звязвае маё супрацоўніцтва ў друкаваным органе ТБШ - "Бюлетэні Таварыства беларускай школы".

І вось мы ў дарозе. Мы - гэта настаўнікі з розный раёнаў Меншчыны. Здавалася, сонечнае надвор'е, сама квітнеючая прырода спрыяла нашаму падарожжу. У аўтобусе панаваў цудоўны настрой, жарты, якія падтрымліваў галоўны ініцыятар падарожжа Алесь Лозка. Г. Дзяржынск прадстаўлялі настаўніца беларускай літаратуры і мовы Таццяна Байдак і аўтар гэтага артыкула. Праблытаўшыся крыху па Стоўбцах (зза адсутнасці дарожных указальнікаў, як даехаць да музея - сядзібы), мы нарэшце ступілі на святую зямлю, месца, дзе нарадзіўся Я. Колас - музейсядзібу ў Акінчыцах (зараз у межах г. Стоўбцы). Тут нас гасцінна сустрэлі гаспадары - экскурсаводы Юрась Міцкевіч - дваюрадны ўнук Я. Коласа і яго жонка - Соф'я Міцкевіч. На прыгожай сакавітай беларускай мове, з жартамі, прымаўкамі гэтыя цудоўныя людзі паведалі нам шмат цікавага аб сядзібе, аб жыцці і творчасці вялікага песняра беларускай зямлі.

У гэтай невялічкай вясковай хатцы нарадзіўся будучы паэт, тут ён, у гэтай калысцы, падвешанай да стлі, выгукнуў першыя свае словы "Уугаа". Вельмі добрая прыкмета, што ля сядзібы, на бярозе - буслянка.

Вядома ж, што для беларуса бусел - сімвал адраджэння і жыцця.

Дарэчы, Соф'я Пятроўна Міцкевіч паведаміла, што ў свой час сядзібу наведаў спікер Расійскай Дзярждумы Генадзь Селязнёў, які як давялося чуць, мае ў сваім радаводзе беларускія карані. Дык вось, паважаны госць задаў Соф'і Пятроўне пытанне, ці аб'яднаюцца Беларусь з Расіяй, і калі, на яе думку, гэта адбудзецца. На што гэтая мудрая жанчына адказала, што так, аб'яднаюцца, але толькі тады, калі і на Беларусі, і ў Расіі перастануць піць моцныя напоі. Даволі трапны адказ!

Прыемнай нечаканнасцю быў для мяне прыезд у той жа дзень сюды, на сядзібу - музей, паўнюткага аўтобуса з прадстаўнікамі вядомай і паважанай народам Беларусі творчай інтэлігенцыі. Прызнацца, мне ўпершыню давялося пабачыць разам тых вядомых людзей, аб якіх я чытаў у перыядычных выданнях, творы якіх чытаў і ведаю па мастацкіх выстаўках. Гэта і сын Я. Коласа Міхась Міцкевіч - грамадскі дзеяч, доктар хімічных навук, вядомыя не толькі на Беларусі сваімі мастацкімі творамі пісьменнікі і літаратуразнаўцы Вольга Іпатава, Сяргей Законнікаў, Уладзімір Содаль, таленавіты вядомы мастак Алесь Марачкін, вядомы вучоны - геолаг Радзім Гарэцкі, вядомая беларуская артыстка Зінаіда Бандарэнка, дырэктар беларускамоўнага ліцэя Уладзімір Колас і многія іншыя.

Цэлае судзор'е вядомых людзей Беларусі!

З Акінчыц мы, ужо ў складзе пасажыраў 2-х аўтобусаў, прадоўжылі свой шлях. Вось і Смольня, дзе ў 1912 г. ўпершыню сустрэліся Я. Колас з Я.Купалам, знаёмства са знакамітай сядзібай. Фатаздымкі на ўспамін, і далей праз в. Мікалаеўшчыну, радзіму многіх пісьменнікаў - ва ўрочышча Прыстанька.

Гэта менавіта тут, у прыгожым маляўнічым месцы на беразе бацькі - Нёмана ў ліпені 1906 г. адбыўся нелегальны з'езд настаўнікаў з удзелам Я. Коласа, Я. Маўра і іншых тагачасных настаўнікаў - патрыётаў Бацькаўшчыны, на гэтым месцы зараз устаноўлены памятны камень - знак у гонар гэтай падзеі.

Як вядома, урад царскай Расіі, даўнішні злосны вораг беларушчыны, жорстка пакараў удзельнікаў з'езду. Я. Колас быў асуджаны на 3 гады зняволення. Пакаранне ён адбываў з 1908 па 1811 гг. у Менскай турме, як яе называлі тады "Пішчалаўскі замак" (зараз у прастамоўі яе назва "Валадарка"). Астатнім удзельнікам з'езду было забаронена займацца настаўніцкай дзейнасцю. Тут, на гэтым памятным месцы, Алесь Лозка правёў свой сход з настаўнікамі, які ўмоўна быў названы другім з'ездам настаўнікаў. Праз 101 год, прыняўшы ад бацькі эстафету, у гэтым з'езде прымаў удзел сын Я. Коласа - Міхась Міцкевіч. На з'ездзе было створана менскае абласное аддзяленне ТБШ, вырашаўся шэраг пытанняў дзеяння гэтай уплывовай грамадскай арганізацыі. У гэты ж час прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі вырашалі свае пытанні.

У час гэтага падарожжа мне давялося даведацца, што нейкія недабражычліўцы Беларусі падзялілі творчую інтэлігенцыю краіны на "чэсных" і "нячэсных". Але ж, здаецца, мы ўжо гэта праходзілді.

Як вядома, у сакавіку 1926 г. ЦК КП(б) Б прыняў пастанову "Аб рабоце сярод інтэлігенцыі", згодна з якой інтэлігенцыю рэспублікі партыйныя боўдзілы падзялілі па палітычных поглядах на групы. І пачалі ачышчэнне ўстаноў навукі, адукацыі і культуры ад варожых элемкнтаў. У гэтыя ж гады былі заведзены справы на Я. Коласа, Я. Купалу. М. Гарэцкага, Я. Лёсіка, В. Ластоўскага і інш. як на ворагаў народа. Шмат з іх было без падстаў расстраляна, ці загінула ў шматлікіх сталінскіх лагерах. У той жа час сярод "чэсных" значыўся Лукаш Бэндэ ды іншыя, якім быў угатаваны шлях на сметнік гісторыі.

І вельмі сумна, што нашы спадарожнікі таксама ў спісу "нячэсных".

Але пройдзе час, і гісторыя ўсё рассудзіць і творы Я. Коласа. Я. Купалы, В. Быкава. У. Караткевіча, Р. Барадуліна, В. Іпатавай. С. Законнікава. Я. Брыля і інш., як чыталі, так і бьудуць чытаць. Талент - ёсць Божы дар, які нельга адмяніць ніякімі пастановамі. І нельга забараніць чытаць шматлікім прыхільнікам жывога беларускага слова. Беларусь стане сапраўды незалежнай дэмакратычнай толькі тады, калі ў нашай краіне будуць паважаць таленавітых людзей, патрыётаў сваёй Бацькаўшчыны. І тады з намі ўсімі лагодна ўсміхнуцца Я. Колас і Я. Купала.

Лявон Целеш, г. Дзяржынск.


Свята ў "Засцянковай хатцы"

Літаратурна-рэлігійная імпрэза на тэму: "Святы засценак - родны мой каханы", прысвечаны 15годдзю ТБМ Віленскага Краю, 205-м угодкам Ігната Дамейкі, а таксама 65-годдзю Старшыні ТБМ паспяхова прайшла 30.06. - 1.07. 2007 г. у Віцебскай вобл. на базе тамтэйшага гістарычна-этнаграфічнага музея "Засцянковая хатка".

Да гэтага мерапрыемста мы старанна падрыхтаваліся, усё было прыведзена ў належны стан (пабелены клумбы і сад, скошана трава, прыбрана ў хаце і г.д.). устаноўлены 3 (тры) стэнды: "ТБМ - 15 год", "Сітцы - радзіннае гняздо Дамейкаў", "Юбіляр - Ю. Гіль".

Тэрыторыя музея - запаведніка складае поўгектара зямлі, дзе былі ўстаноўлены 14 стацый крыжовага шляху Ісуса Хрыста. Ля хаты пад адкрытым небам капліца "Святая сям'я". дзе ўстаноўлены фігура Ісуса Хрыста, Маці Божай і Анёлка. Тут таксама буслава гняздо, сажалка, садок. Усё тут прыгожа і міла, вакол цудоўныя краявіды. Устаноўленыя крыжы сімвалізуюць гэты святы Божы Куточак святой Бацькаўшчыны, дзе і адбылася гэтая імпрэза, на якую прыехалі ці прыйшлі 60 чалавек з Менска, Вільні, нават з Беластока.

Наш засценак за апошні час абязлюдзеў, бо людзі паўміралі ці выехалі, а жывуць пастаянна тут толькі 3 чалавекі. І ўсё ж летам тут не бязлюдна, бо сюды ідуць людзі, каб азнаёміцца з "Засцянковай хаткай" альбо схадзіць у лес па ягады ці грыбы, альбо звязаць дубовы ці бярозавы венік. А вакол лес, куды ні паглядзі. Прыгожыя мясціны. Цудоўныя краявіды.

... Імпрэза пачалася з сустрэчы гасцей. Ля хаты ўстаноўлена быў стол перад абразом Маці Божай Будслаўскай (а гэта ўсё адбывалася на пярэдадні Свята Апякункі Беларусі - 2 ліпеня ў Будславе, што за якія 20-25 км ад гэтуль).

Усіх гасцей сустракалі ля хаты сырам і мёдам, а таксама чаркай смачнай вішнёвкай гарэлкі. Спачатку людзі знаёміліся з музеем, а потым ўсе ўдзельнічалі ў правядзенні Крыжовага Шляху, дзе ля ўсіх 14 стацый адбываліся малітвы, а на заканчэнні была малітва за памёрлых людзей гэтага засценка і за Беларусь.

Потым адбыўся супольны абед. Адбылася паездка ў Сітцы - радзіннае гняздо Дамейкі і на могілкі, дзе пахаваны прадстаўнікі гэтага славутага роду. Наведалі і Параф'янаўскі касцёл, у якім хрысцілі Ігната Дамейку (?).

Потым шмат хто паехаў у Будслаў, на Фэст, які адбываецца штогод акурат 2 ліпеня ў гонар Маці Божай Будслаўскай, апякункі Беларусі. У нашай імпрэзе прынялі ўдзел супрацоўніца газеты "Ніва" з Беластока спадарыня Ганна Кандрацюк; дацэнт Менскага педуніверсітэта імя М. Танка спадар Валеры Кучынскі са сваёй сястрой Галінай; праваахоўніца з Менска Садоўская і інш. прадстаўнікі грамадскасці.

На вялікі жаль па хваробе не змаглі прыехаць на свята запрошаныя пісьменнікі Ул. Содаль, Генадзь Банкевіч.

Па невядомых прычынах не прыехалі Алесь Пушкін (мастак), Павел Севярынец, Анатоль Белы...

Нягледзячы на некаторыя недапрацоўкі свята ў Вашунаве прайшло паспяхова.

Гучалі малітвы, песні, гутаркі і ўсё на роднай беларускай мове.

Апроч усяго гэтага пад час імпрэзы вырашаны былі і некаторыя арганізацыйныя пытанні па ўдасканальванні працы гіст.этн. музея. "Засцянковая хатка". Так, створана Рада музея ў новым складзе, дзе старшынём Рады і дырэктарам музея цяпер ужо з'яўляецца мой родны пляменнік, Гіль Генадзь Часлававіч, які родам з Сітцаў, але пражывае і працуе цяпер у Менску. Намеснікам па кіраўніцтву музеем з'яўляецца настаўніца фізкультуры Крулеўшчынскай СШ Русалоўская Ала Дзімітраўна.

Аўтар гэтай зацемкі застаўся кансультантам - кантралёрам усёй дзейнасці гіст. - этн. музея "Засцянковая хатка".

Нягледзячы на ўсе цяжкасці наш музей працуе, дзейнічае на карысць Бацькаўшчыны, адраджэнне беларушчыны на маёй малой радзіме - у Докшыцах, а дакладней у засценку Вашунова.

Старшыня ТБМ Віленскага краю Юры Гіль. Вашунова - Вільня.


Па слядах літвы

Памяці Міколы Ермаловіча

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Насуперак А.З. Таўтавічусу, Р.К. Валкайтэ-Кулікаўскене падала сваю рэканструкцыю за этнавызначаль-ную: "Эти головные уборы вместе с ожерельями, состоящими из бронзовых спиральных бус биконических форм, составляли этногра-фическое своеобразие женщин литвы - племени, оставившего восточнолитовские курганы" (Тамсама) . Але ж "галаўная аздоба ў выглядзе вянка, на-зываная «вайнагі», была адной з частак латгальскага жаночага строю ў VII - ХІІІ стст. Сярод іх найбольш распаўсюджанымі былі стужкавыя вянкі з трох-шасці радкоў бронзавых спіраляў ды бронзавых пласцінаў паміж імі" (Тамсама. С.360) .

Дарэчы, Р.К. Валкайтэ-Кулікаўскене ўзнаўляла ўбор з рэшткаў. Тыя "рэшткі" маглі прывезці ваяры-літва з рабаўнічага паходу ў Латгалію ці ў Жамойць. Чытаем жа ў нарысе пра жыхароў заходняй часткі Летувы, што ў жаночых захаваннях жамойцкіх могільнікаў V-VIII стст. паўсюдныя "галаўныя вянкі з бронзавых спіраляў…" (Тамсама. С. 383) . Прыкладам, "галаўныя венчы-кі, складзеныя з бронзавых спіралек і пласцін" выяўлены ў пахаваннях "найбольш добра вывучанага" жамойцкага мо-гільніка Маўджыарай ("дру-гой паловы І тысячагоддзя н.э.") ( Тамсама. С. 384) .

У нарысе "Жемайты" згадваюцца шматлікія аздобы ў пахаваннях мужчынаў, у тым ліку і "вітыя шыйныя грыўні з хадульнымі канцамі, якія заканчваюцца петлямі, шматкутнымі або конусападобнымі галоўкамі" (Тамсама. С. 384) . І дзіўна бачыць на табліцах СХХІІ "Древности литвы. Эволюция" ды СХХV "Укра-шения литвы" малюнкі жанчын з шыйнымі грыўнямі, у якіх конусападобныя галоўкі. Чым можна вытлумачыць такое "супадзенне" мужчынскіх і жаночых аздобаў розных - сацыяльнай і этнічнай - груповак, а да таго яшчэ розных паводле паходжання і займанай тэрыторыі?

NB. Ва "ўсходнелітоўскіх" курганах знойдзены: а)агульныя для ўсіх літоўскіх плямёнаў арбалетныя фібулы, вітыя шыйныя грыўні, шый-ныя грыўні з лодкападобнымі канцамі (Таутавичус А.З. Восточнолитовские курганы. С. 133) ; б)вянкі ("венок-оголовье"); в)скроневыя колцы; г)эмаліраваныя фібулы; д) "рэчы ўзбраення літоўскіх плямёнаў". Заўважым: Надзвы-чай дзіўны кангламерат матэрыяльнай культуры "племян-ной групоўкі"! Ці мог гэты "субстрат" стаць падмуркам для "сфармавання адметнага балцкага племені"? Прынамсі, глеба для такога, гістарычнага, працэсу не была падрыхтавана. Як зазначыў В.В. Сядоў, "на жаль, знаходак ворыўных пры-ладаў у помніках 2-й пал. 1-га тысячагоддзя н.э. не выяўлена" (В.В. Седов. Балты. С. 395). Літва-ваяры не аралі зямлю! Больш таго, "мініяцюрныя прылады працы, характэрныя для пахаванняў з трупаспа-леннем у грунтовых могіль-ніках заходніх раёнаў Літоўскай ССР пачатку другога тысячагоддзя н.э., у курганах не сустракаюцца" (Таутавичус А.З. Восточнолитовские кур-ганы. С. 137) . Відавочна, у літвы былі ў пашане іншыя прылады.

4. Слова пра курганы і абрады

Згаданыя скарбы - спадчына некалькіх плямёнаў, якія В.В.Сядоў падае за "племенную группировку, называемую литвой". Cловаспалу-чэнне "племенная группировка" ён выкарыстаў не выпадкова: надта ж разнастайныя рэчы выкопвалі археолагі. "Агульныя" рэчы належалі супольнасці плямёнаў, што вызначылася сваімі збудаваннямі: гарадзішчамі ды паселішчамі на гарадзішчах (Энцыклапедыя "Археалогія і нумізматыка Беларусі". Мн., 1993. С. 660) . Але паводле адметных вырабаў з гліны супольнасць тых плямёнаў (навукоўцы падаюць іх за "балцкія плямёны") атрымала назву: "культура штрыхаванай керамікі" (далей - КШК). Час яе бытавання на абшарах сучасных Беларусі, Летувы і Латвіі: VІІ-VІ ст. да Х.н. - ІV-V ст. па Х.н.

Абшар латгалаў. Латгалы ў V-VІ стст. па Х.н. "нябожчыкаў хавалі ў ямах, выкапаных у курганах, што мелі колцавую абкладку з камянёў". Пазней "у Латгаліі калектыўныя курганныя пахаванні ў VІ ст. змяняюцца грунтавымі могільнікамі", якія "ў VІІІ-ІХ стст. пераважаюць" (В.В. Седов. Балты. С. 359). В.В. Сядоў пераказвае і вынікі даследаванняў у памежных з Літвой раёнах Латвіі, дзе "кур-ганныя пахаванні вядомыя з першых стагоддзяў н. э." (Там-сама. С. 395). Нябожчыкаў-мужчынаў клалі, прынамсі, у VІІІ-ІХ стст., галавой на ўсход (Тамсама. С. 359.)

Абшар селаў. На "левабярэжжы Даўгавы - Аўгшземе" знаходзіцца група курганоў ІІ - VІ стст., якія "варта звязваць з селамі" (Тамсама. С. 366) . Гэтыя селонскія помнікі даваенныя латышскія навукоўцы схільныя былі вы-лучыць у асобную "культуру курганоў з колцавай каменнай абкладкай", што займала тэрыторыю Земгале, Аўгшземе (Тамсама. С. 367) . А "з VІ ст. на зямлі селаў з'яўляюцца грунтавыя могільнікі. Іх ла-дзілі каля раней насыпаных курганоў, што сведчыць пра пераемнасць абраднасці" (Там-сама). Занатуем: На зямлі селаў, самай блізкай абшару "ўсходнелітоўскіх" курганоў, засведчана пераемнасць абрад-насці. ("Пахаванні не мелі строгай арыентацыі паводле бакоў свету". Тамсама.)

Абшар земгалаў. На абшары вадазбору земгальскай ракі Ліелупе вядомыя "курганы з каменнымі вянкамі І-ІV стст.", у кожным - "не-калькі пахаванняў паводле абраду трупапалажэння" (Тамсама. С. 371) . Пахаванні размешчаны на розных узроўнях курганнага насыпу і "ў неглыбокіх падкурганных ямах". Арэал такіх курганоў "ахопвае сярэднюю Латвію і значныя часткі цэнтральнай Літвы" Тамсама. З V ст. "у басейне Ліелупе курганны абрад пахавання знікае,.. замя-няецца грунтавымі пахаваннямі" (Тамсама. С. 372). ("Мужчынаў хавалі пераважна галавой на ўсход" Тамсама. С. 372.)

Абшар "усходнелітоўскіх" курганоў. В.В. Сядоў сцвярджае, што і ў арэале "племянной групоўкі літвы" (ён атаесамляе яго з арэалам "усходнелітоўскіх" курганоў ды называе "часткай тэрыторыі КШК" Тамсама. С. 395) "раннія курганы (ІV-VІІ стст.) у аснове абкладзены вянком з камянёў" (Тамсама. С. 392). Тыя ж, відавочна, "курганы ІV-V стст. утрымваюць пахаванні паводле абраду трупапала-жэння" (Тамсама). Памерлых клалі ў "асобныя грунтавыя (падкурганныя) ямы…" даўжынёю 1,7-2 метры, глыбі-нёю да 1,5 метра… "Пахаванні нябожчыкаў-мужчынаў ары-ентаваны галавой на захад" (Тамсама) . На тым жа абшары знаходзяць тагачасныя ("сінхронныя курганам ІV-V стст.") "асобныя грунтавыя пахаванні з трупапалажэннямі", інвентар якіх "ідэнтычны матэрыялу ўсходнелітоўскіх курганоў" (Тамсама. С. 393).

Занатуем: Курганы таго часу маюць "канструкцыйную" асаблівасць (вера-годна, пад уплывам нейкага культа) - "вянок з камянёў". І хоць пахаванні КШК, нібыта, не выяўлены (БСЭ. Т. 29, М., 1978. С. 503) , з пададзенага В.В.Сядовым вынікае, што ўсе "штрыхавікі" хавалі памерлых у грунтавых магілах. "Для земгалаў, як для латгалаў і селаў, характэрна супрацьлеглая арыентыроўка пахаваных. Мужчынаў хавалі, пераважна, галавой на ўсход, (жанчын - на захад)" (В.В. Седов. Балты. С. 372) . (Над магіламі - падкурганнымі ямамі - носьбіты КШК насыпалі курганы, прынамсі, да сярэдзіны І тысяча-годдзя па Х. н.) Заўважым: У той жа час на абшары "племянной групоўкі літвы" нябожчыкаў-мужчынаў клалі ў магілу галавой на захад.

У другой палове І тысячагоддзя па Х.н. на абшары КШК латгалы, селы, земгалы пачынаюць хаваць нябожчыкаў ў "грунтавых могільніках".

Наступіла новая эпоха (трэці этап развіцця КШК: І-V стст. па Х.н.). Але светапогляд носьбітаў КШК не змяніўся: застаўся той самы звычай пахавання - трупапалажэнне - ды тая ж арыентыроўка трупаў паводле бакоў свету. І "пераемнасць абраднасці", як сцвярджае В.В. Сядоў, яны (прынамсі, селы) захавалі. Але ад традыцыі насыпання курганоў адмовіліся. (Можна меркаваць, што змяніўся сацыяльны стан носьбітаў КШК. Мясцовае насельніцтва магло трапіць у залежнасць ад навасельцаў, якія забаранілі туземцам ушаноўваць памяць сваіх пабрацімаў курганамі.) Адначасова ў суседзяў, на тым жа абшары КШК, "у V ст. ва ўсходнелітоўскіх курганах з'яўляюцца трупаспаленні. У VІ ст. яны ўжо пераважаюць" (Тамсама. С. 393).

Перш выпадае паразважаць пра "з'яўленне" самых курганоў. Як сцвярджае В.В. Сядоў, звычай узвядзення курганных насыпаў у абмяр-коўваным рэгіёне КШК "безумоўна быў прыўнесены звонку. Цалкам відавочна, што курганны абрад прыйшоў з сярэдзінных і паўночных раёнаў Літвы, а таксама з сумежных з імі раёнаў Латвіі, дзе курганныя пахаванні вядомыя з першых вякоў нашай эры" (Тамсама. С. 395) . На жаль, ні пацвердзіць, ні абвергнуць меркаванне вядомага навукоўцы няма магчымасці. Праўда, летувіскія археолагі "звярнулі ўвагу на даследаванне паселішчаў унутры іх ("ўсходнелітоўскіх" курганоў - З.С. ) арэала" ды цягам 1950-х гадоў раскапалі 18 курганных могільнікаў. Але нават аўтар нарыса пра "племянную группировку, называемую литвой", не пацікавіўся тымі вынікамі, абмежаваўшыся заўвагай, што матэрыялы даследаванняў гэтых помнікаў "засталіся неа-публікаванымі" (Тамсама. С. 391).

Якія ж "агульныя для ўсіх літоўскіх плямёнаў" рэчы знайшлі ў тых могільніках летувіскія археолагі, калі палічылі іх не вартымі публікацыі? Здавалася б, вартымі агалошання могуць быць нават рэчы іншых плямёнаў ці "груповак", асабліва славянскіх, што магло б толькі пацвердзіць даўнюю ваяўнічасць "племянной групоўкі літвы". Зрэшты, згаданы рэгіён здаўна знаходзіўся ў цэнтры абшару КШК, а таму ў могільніках павінны былі знайсці рэчы адпаведнай матэрыяльнай культуры. Дарэчы, у гэтым рэгіёне носьбіты КШК заявілі пра сябе шматлікімі гарадзішчамі эпохі жалезнага веку, як, прыкладам, гарадзішча Лаварышкес (за 30 км ад Вільні). Паводле знойдзеных у паселішчы каля гэтага гарадзішча рэштак штрыхаванай керамікі" (Там-сама. С. 394) , час пасялення "штрыхавікоў" на ім вызначаны ІV-ІІІ стст. да Х.н. (Там-сама) . Варта заўважыць, што там жа былі адкапаны рэшткі "железоплавильной печи" (Тамсама) . Як можна меркаваць, такі факт толькі падкрэслівае прыналежнасць гэтага рэгіёна да абшару КШК, прынамсі, адпаведнасць трэцяму этапу развіцця гэтай археалагічнай культуры. І калі тут на пачатку І тысячагоддзя па Х.н. "абарыгены" не насыпалі кур-ганоў, то паўстае пытанне: "Ці не жылі там у той час носьбіты нейкай іншай археалагічнай культуры?

Станоўчаму адказу, нібы, супярэчыць канструкцыйнае падабенства тых помнікаў : "Ранние курганы (ІV - VІІ стст.) в основании обложены венцом из камней" (Там-сама. С. 392) , падобна, як і латгальскія, селонскія ды земгальскія. Яшчэ і абрад інгумацыі ў "ранніх курганах усходняй Літвы" нібы тыповы для "курганных захаванняў паўночнай Літвы і паўднёвай Латвіі" (Тамсама. С. 395). (Такое падабенства "ўсходнелітоўскіх", латгальскіх і селонскіх пахаванняў не павінна дзівіць: усе яны нібы належалі адной археалагічнай культуры.) Але паводле В.В.Сядова, абрад крэмацыі, - верагодна, "вынік уздзеяння пахавальнага рытуала абарыгенаў" (Тамсама. С. 395). З такога "несупадзення" хаўтурных звычаяў сапраўды можа вы-нікаць, што абарыгенамі былі славяне, бо яны спальвалі сваіх нябожчыкаў. (Зразумела, што абвергнуць процілеглыя мер-каванні В.В.Сядова, або пацведзіць іх слушнасць, можна толькі з дапамогай матэрыялаў археалагічных даследаванняў, што "засталіся неапублікаванымі".)

Узнікае і пытанне, чаму амаль у сярэдзіне абшару гэтай культуры ці, прынамсі, "частцы тэрыторыі КШК", уласцівы гэтай культуры "курганны абрад" нібы распаўсюдзіўся на некалькі стагоддзяў пазней? І чаму, калі, прыкладам, у блізкай Селіі ды "ў Латгаліі калектыўныя курганныя пахаванні ў VІ ст. замяняюцца грунтавымі могільнікамі", такі ж звычай не распаўсюджваецца на недалёкім паўднёвым абшары - услед за "курганным абрадам"? Больш таго, у той жа час, калі ў суседзяў селаў - на тым жа самым абшары "штрыхавікоў" - засведчана "пераемнасць абраднасці", чаму ў рэгіёне "ўсходнелітоўскіх" курганоў усё дзеецца наадварот: "у V ст. ва ўсходне-літоўскіх курганах з'яўляюцца трупаспаленні" (Тамсама. С. 393) ? (У VІ ст. гэты абрад пераважае. Тамсама .) І чаму стваральнікі "ўсходнелітоўскіх" курганоў, пазычыўшы, нібы, звычай насыпаць курганы, абіраюць іншы пахавальны абрад? Паводле самога ж В.В. Сядова, абрад крэмацыі, - верагодна, "вынік уздзеяння пахавальнага рытуала абарыгенаў" (Тамсама.. С. 395) .

Занатуем. З цытаванага вынікае: абарыгены "ўсходнелітоўскага" абшару КШК чамусьці не насыпалі курганоў, але нябожчыкаў спальвалі. Значыць, яны мелі звычаі, што адрозніваліся ад селонскіх і латгальскіх. Відаць, каб патлумачыць, хоць бы ўскосна, такое адрозненне, В.В.Сядоў настойліва называе згаданых абарыгенаў "нашчадкамі носьбітаў КШК", з чаго можа вынікаць, што яны ўжо выракліся звычаяў продкаў. Да іх у V ст. прывандравалі носьбіты КШК, якія насыпалі курганы над сваімі нябожчыкамі, пакладзенымі галавою на ўсход. Навасельцы на новым месцы пачынаюць насыпаць курганы ды складаць туды парэшткі спаленых нябожчыкаў. Праўда, пэўны час і абарыгены, і навасельцы трымаліся сваіх старых абрадаў. Ды ў VII ст. запанаваў абрад крэмацыі, з чаго В.В. Сядоў зрабіў выснову, што навасельцы "растварыліся".

Летувіскія археолагі мяркуюць, што менавіта такая замена абраду запачаткавала "працэс кансалідацыі плямёнаў, якія ўвайшлі ў склад літоўскай народнасці". Гэты працэс, як сцвярджае Р.К. Кулікаўскене, "прасочваецца паводле распаўсюджвання абрада трупаспалення" (В.В.Седов. Балты. С.397) . І В.В. Сядоў свае развагі пра ўзнікненне "літоўскай народнасці" ў рэгіёне ўсходнелітоўскіх курганоў падмацоўвае меркаваннем Р.К. Кулікаўскене, што "ў VII - VIII стст. абрад крэмацыі нябожчыкаў пачынае пераважаць на значнай частцы літоўскай тэрыторыі, яднаючы гэтыя землі. Напрыканцы І і напачатку ІІ тысячагоддзя н.э. з Усходняй і Сярэдняй Літвы гэты пахавальны абрад распаўсюджваецца ў заходнія раёны (за выключэннем рэгіёна жамайтаў)" (Тамсама. С. 397 ). (Сапраўды, у жамайтаў "у V - IX стст. непадзельна панаваў абрад трупапалажэння" (Тамсама. С. 383).

Карціць запытацца, пра якія "заходнія раёны" гаворка? Пра Панямонне, той нібы "аўкштайцкі" рэгіён, дзе значна раней ужо спальвалі нябожчыкаў, як вынікае з меркавання В.В. Сядова пра "аўкштайцкія" грунтавыя могільнікі: "найбольш раннія з іх (V-VІ стст.) бірытуальныя" (Тамсама. С. 388 )? Пра паўднёвае Занямонне з "заўважанымі сярод круглых курганоў… асобнымі доўгімі насыпамі" (Тамсама. С. 415) .

Але ж яцвягі, жыхары таго краю, мелі цесныя сувязі з "насельніцтвам усходняй Літвы ўжо ў IV-VI стст.", пра што сведчаць "занёманскія" знаходкі "шыйных грыўнаў з лодкападобнымі канцамі, эмаліраваных падковападобных спражак, манжэтных бранзалетаў" (Таутавичус А.З. Восточнолитовские курганы. С. 135) . Магчыма, меўся на ўвазе "яцвяжскі" абшар паўночней ракі Мяркіс? Але ж там "у ІІІ - ІV стст. абрад трупапалажэння "суіснаваў" з абрадам трупаспалення (В.В. Седов. Балты. С. 415) . І не выпадкова ж А.З. Таўтавічус меркаваў, што "пад уздзеяннем суседніх яцвяжскіх плямёнаў абрад трупаспалення мог з'явіцца ва ўсходняй Літве" (Таутавичус А.З. Восточнолитовские курганы. С. 135).

Дык з усходу на захад, ці з захаду на ўсход распаўсюджваўся "яднальны" абрад? В.В. Сядоў не каментуе такой "вольнасці" летувіскіх археолагаў, хоць ён жа раней вылучаў меркаванне польскай даследніцы Е. Золь-Адаміковай, што "славянам з глыбокай даўніны ўласцівы абрад крэмацыі памерлых" (В.В. Седов. Первый международный симпозиум по славянскому язычеству. // КСИА. № 164. М. , 1981. С. 124) . Ён прапанаваў трэці кірунак. "Відавочна, курганны абрад пахавання распаўсюдзіўся не сам па сабе, а стаў вынікам міграцыі насельніцтва з паўночнага захаду" (В.В. Седов. Балты. С. 395) . Але, як выпадае меркаваць паводле згаданых археалагічных даследаванняў, селы, латгалы і земгалы не пакідалі сваіх родных мясцін. Яны і ў VІ ст. хавалі сваіх нябожчыкаў блізка прашчураў, пахаваных у курганах.

Дзеля выяўлення носьбітаў звычаю курганнага пахавання парэшткаў крэмацыі больш істотнай, як уяўляецца, бачыцца заўважаная В.В. Сядовым археалагічная асаблі-васць: "На жаль, знаходак ворыўных прыладаў у помні-ках 2-ой пал. І тысячагоддзя н.э. пакуль не выяўлена" (Там-сама). Раскапалі столькі курганоў, а не знайшлі нават "жа-лезнай матыкі", што траплялася, прыкладам, у пахаваннях земгалаў і куршаў (Тамсама. С. 372) . (Відавочна, ваяры-літва і не намерваліся ўрабляць зямлю.)

Як уяўляецца, новы звычай спальвання і пахавання ва "ўсходнелітоўскіх курганах" сведчыць не пра пераемнасць традыцый, як мяркуе В.В. Сядоў, але пра пэўныя сацыяльныя змены. Як вядома, на тым абшары выявілі толькі 7000 курганоў, насыпаных цягам ІV - ХІV стст. Відавочна, большасць насельніцтва хавала сваіх нябожчыкаў паводле звычаю прашчураў. Верагодна, распаўсюджанне абраду пахавання ў курганах не "вынік уздзеяння пахавальнага абраду абарыгенаў, нашчадкаў носьбітаў КШК" (Там-сама. С. 395) , а наадварот, - укараненне звычаю навасельцаў, якія спальвалі сваіх нябожчыкаў, доказ сцвярджэння свайго вяршэнства над аба-рыгенамі, што выявілася ўрэшце ў стварэнні ВКЛ, дзяржаўнай мовай якога стала крывіцкая мова.

NB. Відавочна, і В.В. Сядоў пад паняццем "паўночны захад" разумеў больш далёкія, заморскія землі. Адтуль, верагодна, шляхам ваяроў князя Вільчана, і прыйшлі славянскія навасельцы. Але вызначыць этнічную прыналежнасць насельніцтва, якое насыпала курганы, не пажадалі ні летувіскія археолагі, ні В.В. Сядоў. Абвергнуць іх меркаванні, або пацведзіць слушнасць пэўнай высновы, можна толькі матэрыяламі археалагічных даследаванняў, што "засталіся неапублікаванымі". Ды іх не апублікавалі, верагодна, толькі таму, што гэтыя матэрыялы супярэчаць меркаванню: "Раннесредневековая литва как особое балтское племя сформировалась в результате взаимодействия местного населения с пришлым… последние растворились * в среде местного на-селения" (Тамсама. С. 395)

5. "Аўкштайцкая" блытаніна

Міжволі схіляешся да высновы, што летувіскія даследнікі ўсвядомілі: няма падставы падаваць "племянную групоўку літва" за балцкае племя. І археолагі пачалі "засяляць" абшар "усходнелітоўскіх" курганоў невядомымі раней аўкштайтамі. З такім вырашэннем праблемы этнічнай прыналежнасці стваральнікаў згаданай групы помнікаў пагадзіўся нават В.В. Сядоў. Але пра з'яўленне новага "пле-мені" не пажадаў сказаць сваё слова, абмежаваўшыся згадкай, што этнонім "аўкштайты" паходзіць ад літоўскага aukstutinis 'верхні' (В.В. Седов. Балты. С. 390) , ды сцверджаннем: "Ядром тэрыторыі аўкштайтаў быў абшар вадазбору р. Нявяжыс. (На ўсходзе і паўднёвым усходзе яны суседнічалі з племенем, якое называлася літва)" (Тамсама. С. 390) . Падставай для вызна-чэння арэалу рассялення аўкштайтаў стала "асаблівая група могільнікаў", што вылучаецца "ў басейне ракі Нявяжы, у нізоўі правабярэжжа ракі Нярыса (Віліі-Вяллі - З.С. ) і ў парэччы Нёмана… да г. Смалі-нінкай" (Тамсама. С. 382. Карта 45. Помнікі літоўскіх плямёнаў. б - грунтавыя могільнікі аўкштайтаў) .

Менавіта такім сваім размяшчэннем паабапал Нявяжы і Нёмана гэтыя помнікі кідаюцца ў вочы. Разглядаючы мапу таго рэгіёну, заўважаеш незвычайныя як для "ядра тэрыторыі" тапонімы: Жямай-ткеміс, Жямуціняй, Крывенай, Крэйвяй, Мозурай, Мозурышкес, Пранцай, Прусокай, Пруселяй, Русенай, Русейняй ды Смалінінкай, назва якога нагадвае пра смалінцаў, заход-неславянскае племя. Такі этнічны "кангламерат" можа сведчыць пра пасяленне ў Панямонні родаў розных пля-мёнаў, прадстаўнікоў сацыяльных групаў, што прывандравалі "з-за мора" нёмнавым шляхам, а таксама і пра зася-ленне гэтай тэрыторыі палоннымі, прыведзенымі ваярамі-літвой. (Успамінаецца і функцыя "стражнікаў ракі" ў некаторых заходніх славянаў.) Зрэшты, падставай для такога меркавання можна лічыць знаходжанне на левым беразе Нёмана двух блізкіх адзін да аднаго грунтавых могільнікаў: Рамонішкяй з трупапалажэннямі V- VІІ стст. ды Пакалніш-кяй з пахаваннямі V-ХIV стст. "выключна спосабам спален-ня" (В.В. Седов. Балты. С. 389) . Як згадвалася, некаторыя грунтавыя могільнікі V-VІ стст. таго рэгіёну бірытуальныя. У адных магілах знаходзяцца пахаванні па абраду інгумацыі, у другіх - крэмацыі (Тамсама. С 388) . А, прыкладам, на могільніках Вершвай і Саргенай у сутоку Нявяжы і Нёмана, мужчынаў хавалі галавой на захад. Варта згадаць і заўвагу В.В.Сядова: "Якіх-небудзь характэрных этнаграфічных жаночых аздобаў аўкштайты не мелі" (Там-сама. С 390) . Як бачым, няма падставы для вылучэння яшчэ адной "этнаграфічнай,.. племянной групоўкі старажытных літоўцаў".

Пазней згаданыя археалагічныя помнікі прыпісалі "заходняй групоўцы аўкштайтаў" (Тамсама) . Аднак А.З. Таўтавічус стаў сцвярджаць (і В.В. Сядоў схільны пагадзіцца з ім), што "гэтыя могільнікі цалкам належаць аўкштайтам - усходнім суседзям жамойтаў" (Тамсама) . Такія розныя меркаванні адлюстраваліся нават на пададзеных да нарыса В.В. Сядова табліцах: СХІХ "Украшения жемайтов" (Тамсама. С. 438) ды СХХ "Древности аукштайтов. Эволюция" (Тамса-ма. С 439) . На іх, пад нумарамі 6 і 19 адпаведна, бачым ідэнтычныя шыйныя грыўні, якія паходзяць з адной і той жа мясцовасці - Акмене. Відавочна, такія супярэчныя меркаванні летувіскіх археолагаў, падача адной і той жа грыўні за рэч "розных плямёнаў" - не прыхамаць асобных навукоўцаў, а адсутнасць сапраўды адметных этнавызначальных рэчаў у пахаваннях, прыпісаных аўкштайтам. Але асноўная прычына спрэчак летувіскіх археолагаў ды патуранне ім маскоўскіх гісторыкаў - спроба сцвярджаць існаванне асобнага "племені" аўкштайтаў. Зрэшты, некаторыя летувіскія археолагі, пераканаўшыся, што ні балцкага племені літва, ні аўкштайтаў увогуле не магло быць, падавалі за жамойцкія нават тыя могільнікі, дзе "пахаванні паводле абраду трупа-спалення…" (Тамсама. С. 387) , не зважаючы на іншы пахавальны абрад жамойтаў.

Дарэчы, паводле выкарыстанага словаспалучэння "заходняя групоўка аўкштайтаў" можна было б уявіць, што аўкштайты - вялікае племя. Але з надрукаванай у томе "Финно-угры и балты в эпоху средневековья" карты археалагічных помнікаў вынікае процілеглае. Гэтак названыя аўкштайцкія грунтавыя могільнікі выяўлены на невялікім абшары. Верагодна, таму В.В. Сядоў у гэтым выданні вырашыў хоць бы слоўна пашырыць межы "племені аўкштайтаў" і падаў меркаванне вядомага савецкага гісторыка У. Ц. Пашуты, не зважаючы на часавую неадпаведнасць абранай цытаты. У. Ц. Пашута сцвярджаў, што "гістарычная вобласць Аўкштайція ў XIII-XIV стст. ахопвала не толькі рэгіён выяўленых помнікаў, але больш шырокі абшар усходняй Летувы ад басейна ракі Нявяжы на паўночным захадзе да летувіска-беларускай мяжы на паўднёвым усходзе" (В.В. Седов. Балты. С. 387). (Невядома чаму дасведчаны гісторык, аўтар даследавання пра гісторыю Летувы, забыўся ўключыць у склад "Аўкштоты" "заходнюю групоўку аўкштайтаў". Але выпадае меркаваць, што У. Ц. Пашута свядома абмежаваў заходні абшар выдуманай "вобласці", таму што ведаў пра розныя спосабы пахавання ў згаданых двух суседніх могільніках.) Зрэшты, В.В.Сядоў, цытуючы У.Ц.Пашуту, відаць, забыўся, што ў нарысе "Земгалы" ён сам сцвярджаў: "Бассейн р. Нявежис принадлежал уже жемайтам" (Тамсама. С. 372).

Такія "меркаванні" не могуць пацвердзіць ні існаванне "племені" аўкштайтаў, ні верагоднасць перайменавання рэгіёна з "усходнелітоўскімі" курганамі. "Вобласць Аўкштайція" не згадваецца нават у Галіцка-Валынскім летапісе, дзе пад 1219 г. названыя шматлікія князі пяці "літоўскіх плямёнаў", у тым ліку і літоўскі князь "Мидогъ" (Мяндоўг). Вядома, аўкштайцкіх князёў там і не маглі згадаць. Ды У.Ц. Пашута, не зважаючы на пададзеную летапісцам прыналежнасць Мяндоўга да літвы, называе яго аўкштайцкім князем (Пашуто В.Т. Образование литовского государства. М., 1959. С. 374 ).

І, вядома, ніхто і не задумваўся, як жа пагадзіць пашырэнне "гістарычнай вобласці Аўкштайція" (ды рас-сяленне "племені аўкштайтаў") з энцыклапедычнай аксіёмай, што менавіта літва захопвала суседнія землі? Як вядома з булаў папы Інацэнта IV, менавіта літоўскі князь Міндаў (Мяндоўг) стаў каралём "усяе літвы" (Міндаў, кароль Літовіі ў дакумэнтах і сьведчаннях. С.55 ), "падпарадкаваў сабе князёў іншых літоўскіх зямель і заснаваў адносна адзіную раннефеадальную дзяржаву" (БелСЭ.Т.7. Мн., 1973. С. 208) . І тая дзяржава стала называцца Вялікім Княствам Літоўскім, а не Аўкш-тайцкім.

Зрэшты, і В.В. Сядоў вымушаны быў неяк патлумачыць думку У.Ц. Пашуты пра пашырэнне назвы "Аўкштайція": "...тут, здаецца, мела месца распаўсюджанне назвы, вытворнай ад этноніма, на гістарычную вобласць, што ахопвала больш шырокі прастор, чым племянны арэал аўкштайтаў" (В.В. Седов. Балты. С. 387) . Перайменаванне штучна вылучанага рэгіёна, замена "племянной групоўкі літва" ўяўнымі аўкштайтамі спатрэбілася летувіскім навукоўцам, каб замест поліэтнічнага абшару (не выпадкова ж "племянная групоўка") стварыць монаэтнічны. І яны пастараліся замацаваць за гэтым абшарам назву, якая хоць бы паходзіла з балцкай мовы. Так і з'явілася "гістарычная вобласць Аўкштайція".

А тэрмін "Аўкштайція (Аўкштота)" быў узяты з суседняга рэгіёна - "левабярэжжа Даўгавы - Аўгшземе", што вядомы з сярэднявечча. Прыкладам, пастыр Біленштэйн пісаў пра жыхароў паўднёвага прыбярэжжа Дзвіны, што яны называюцца зелонамі («зелешы»), "або ўвогуле нагорнымі жыхарамі (аугшгалешы)" (Сборник материалов и статей по истории Прибалтийского края. Т. ІІ. Рига, 1879. С. 3). Не ведаў народу "аўкштайты" і Генрых Латыш, аўтар "Лівонскай хронікі", а таксама і даследнік А. фон Рыхтар, які згадваў вендаў, кураў, семгалаў, селаў, [што "жылі на паўднёвы ўсход ад семгалаў, уздоўж Дзвіны на землях: Тавракене, Нальзене (ці не адсюль і летапісная Нальшчанская зямля? - З.С. ), Палоне, Медзене"], а таксама летгалаў, якія "жылі на поўнач ад Заходняй Дзвіны" (Сборник материалов и статей по истории Прибалтийского края. Т. І. Рига, 1876. С. 20) . А латышскія навукоўцы С.Я. Цымерманіс і В.І. Маркунас называюць пяць гісторыка-этнаграфічных вобласцяў Латвіі: Аўгшземе, Відземе, Земгале, Курземе і Латгале (С.Я. Цимерманис, В.И. Моркунас. Об историко-этнографических областях в Латвии и Литве во 2-й пол. ХIХ в. // Этнографические и лингвистические аспекты этнической истории балтских народов. Рига, 1980. С. 19) . Праўда, яны падаюць, што ўжо на мяжы І і ІІ тысячагоддзяў меліся "ў Літве - Жэмайція, Аўкштайція, Занямонне (яцьвяжскія землі), Прымор'е" (Тамсама. С. 13) , але не спасылаюцца на гістарычныя дакументы. [Некаторых земляў-воласцяў, прынамсі, апошняй, у той час і не магло быць, таму што на ўзбярэжжы Вянедскага мора, у тым уяўным "Прымор'і" жылі вянеды (ад іх і Вентспілс) ды куршы.]

Дарэчы, рэгіён "левабярэжжа Даўгавы - Аўгшземе" вызначаўся адметнымі моўнымі асаблівасцямі, якія ўласцівыя "старажытнай мове селаў". З атаесамленнем абшару рассялення селаў і арэалу адметных гаворак латышскай мовы, які сягаў далёка па-за сучасную мяжу Латвіі ды Літвы, згодны і В.В. Сядоў. (В.В. Седов. Балты. С. 365). Да такога меркавання можна дадаць і выснову вядомага летувіскага мовазнаўцы К. Бугі, які "слушна лічыў, што зямля селаў укліньвалася ў тэрыторыю Літвы" Цыт. Паводле: (Анцитис К.Я., Янсон А.Я. Некоторые вопросы этнической истории древних селов. // Советская этнография. 1962. № 6. С. 96), сягаючы за вытокі ракі Святой (Швянтоі). К.Буга даказаў, што на абшары 5-6 раёнаў Летувы, уключаючы гарады Субачус, Утена, Таўрагнай, "сапраўды раней жылі селы". Пра гэта сведчаць тапонімы Антазаве, Зарасай, Задуояс, Чадасай, гідронім Чычырыс (Тамсама). На падставе навуковай працы К. Бугі латышскія даследнікі Анцыціс К.Я. і Янсан А.Я. робяць выснову: "Можна лічыць даказаным, што разгле-джаная вобласць Літоўскай ССР сапраўды ўваходзіла ў склад старажытнай Селіі" ( Тамсама. С. 97) .

У навуковым зборніку Інстытута гісторыі АН Латвіі "Этнографические и лингвистические аспекты этнической истории балтских народов" пададзена схeма (№42) распаўсюджання дыялектаў латышскай і летувіскай моваў. Адметным узорам у касую клетку заштрыхаваная тэрыторыя - гэта фактычна арэал селонскіх гаворак (С.Я. Цимерманис, В.И. Моркунас. Об историко-этнографических областях в Латвии и Литве… С 41). У каментары арэал умоўна называецца "селонскія гаворкі верхнелатышскага дыялекта ў Латвіі, усходнія гаворкі аўкштайцкага дыялекта літоўскай мовы ў Літве" (Тамсама) . На схеме гэтая штрыхоўка сягае Вяльлі, - значыць, амаль да Віленшчыны прасціраецца ўплыў селонскай мовы.

Гэты ж абшар селон-скага "субстрату" пацвярджаецца і бытаваннем селонскіх элементаў жаночых строяў, што і відаць на схеме, пры-кладзенай да артыкула латышскага навукоўцы М.К. Славы (Тамсама. С. 92). Мабыць, "селонскія элементы жаночага строю" сягалі далёка за Вілен-скі край, таму што і для большасці строяў крывічанак і дрыгавічанак характэрная "ваўняная спадніца ў клетку" (Энцыклапедыя Археалогія і нумізматыка Беларусі. Мн., 1993. С. 27) .

N.B. Як бачым, ні ў летапісах, ні на мапах не знаходзім прыдуманага "племені аўкштайты". Не знайшлі для іх хоць "якіх-небудзь характэрных этнаграфічных жаночых аздобаў" ні ў курганах, ні ў грунтавых могільніках.

6. А хто ж яцвягі?

Як згадвалася, А.З. Таўтавічус сцвярджаў, што звычай крэмацыі нябожчыкаў мог перайсці ва ўсходнюю Літву з паўднёвага Занямоння (Таутавичус А.З. Восточно-литовские курганы. С. 135) . Жыхары таго краю насыпалі над пахаваннямі курганы з камення, або з камення ды зямлі. Іх стваральнікаў называюць яцвягамі, прызнаючы за балцкае племя.

Здзіслаў Сіцька


К А З А Н Н Е

ксендза Віктара Малевіча, прамоўленае падчас exekwii ў касцёпе парафіяльным у Койданаве па памерлых: Адольфe Янушкевічу і пляменніцы яго Касільдзе Янушкевічаўне ў чэрвені 1857 года

- Слова маё ест болесць, бо стрэлы панскія ў ва мне, каторыя выпілі гнеў духу майго. Якая ж моц мая, каб вытрываць?.. Ані моц каменная моц мая, ані цела маё мядзянае". (Кніга Ніова Раздз. УІ, в.3,4.11.12) . Такі енк болесці, такая мімавольная скарга, такія ў раздзёртай болесці душы нараканні вырываюцца з грудзей справядліваму Небу, над каторым завісла цяжкая рука божая, у незаслужоных, суворых мучэннях, каторыя Бог нам за прыклад паставіў, каб умелі зносіць усякія болесці, уціскі, дапушчэнні божыя. Так, гэты вялікі муж божы ўмеў павітаць хваробы, убоства, няпэўнасці і суворасці над усёй жалобай айцоўскага сэрца, тымі векавечнапамятнымі словамі: "Пан даў, Пан узяў; няхай будзе ім панскае дабраславенне!" Гэты ж муж божы пад грамадай цярпення не можа адняць скаргу раздзёртага сэрца і выгукае, зламаны: "Слова маё поўнае болесці. Стрэлы панскія ў ва мне, каторыя выпілі гнеў духу майго! Якая ж моц мая, каб вытрываць?... Ані моц каменная, моц мая, ані цела маё мядзянае".

Найлюбыя! Прад намі абраз праўдзівы hiobowych цярпенняў. Дзве адразу жалобы, з каторых кожная грамадай болесці прыгнятае. У ваднэй сям'і, пад адным дахам памерла аздоба роду, чалавек пасвечаны, выгнанец, каторы па доўгім адарванні нядаўна вярнуўся да роднай зямлі, ледзве напіўся яе паветра. Ледзве глянуў на яе дарагое аблічча, ледзве зірнуў у абліччы і душы каханых браццяў... ужо яго паклікаў Пан, і прыклаў да праху айцоў, годна старых айцоў прах пілігрыма беспрытульнага!.. І ў гэтым жа доме, пад адным дахам, адначасна памерла пілігрымка пляменніца, дзяўчынка - анёлак. Каханае дзіця бацькоў! У іх не загаіліся шчэ раны па нядаўняй жудаснай страце падгадаваных сыночкаў, а зараз, з пяцярых дзетак губляюць ужо чацвётае, расквітнелую на ўдзячнасць і цноту надзею сваю, дзяўчынку, дачку. І ў той жа сям'і ест старэнькая матка і бабка, матка памерлага выгнанца, матка двух іншых сыноў беспрытульных; матка сына, што сваю дзяўчынку сёння хавае; ест сэрца маладзейшай маткі і братавай, сёстры ест братэрскія, ест айцова сэрца... О! Хто ж агорне гэтае мора болесці, што нібыта ў якімсь загневанні божым на іх, бедных, выпала?.. І калі набажэнства сённяшняе ест жывым выказваннем той болесці, і калі на мяне пала сёння павіннасць угледзецца ў тую грамаду цярпення даткнёных рукі божай, і паднесці з тэй жалобы, і падаць вам, найлюбыя, думку божую, каторая, як усюды, так і тут ест - што ж за дзіва, што перш, чым думка божая ўзнята, паражоны, зламаны грамадай дапушчэнняў божых, выгукаю тут да вас, найлюбыя: "Слова маё поўнае болесці. Бо стрэлы панскія ў ва мне ест, каторыя выпілі гнеў духу майго. Што ж за моц у ва мне ест, каб вытрываць? Ані моц каменная моц мая, ані цела маё мядзянае!"

І няма ў тым грэху для мяне, суняцце болесці ест падзел болесці. Зрэшты, на тое Бог і пасылае болесць, каб наперад пачулі, а ледзь толькі пачуўшы, да Бога аднеслі. Пашана найвялікшая, афяра найвялікшая, калі чалавек з гэтае зямлі Богу аддаць можа, гэта ўшанаванне і афяра болесці. Бо што ж з долі нашае дамо Богу, калі Боская Моц мінучым шчасцем нас абдорвае, калі жыццё сярод пацех ды вевялосці сплыве? - толькі падзяку, толькі ўдзячную радасць сэрца. Афяра пакорлівасці Богу, толькі тады зачынаецца, калі Бог цярпеннем нас наведае. Каго крыжам Бог уцісне, тое не ўціск, тое яго пасвячэнне, той абраны Богам, абраны на ўшанаванне, на Ласку Боскую. Прымаць цярпенні бяздумна, грэхам, неразумнасцю ест; прымаць у здранцвенні духу - слабасцю, марнаваннем Боскага паклікання ест. Для таго я мушу, я чую, што павінен з таго мора цярпення, з сённяшняй залевы жалобы цэлую горыч і болесць вынесці і да сэрца прыняць - для таго гукаў і гукаю: "Слова маё поўнае болесці. Стрэлы панскія ў ва мне, каторыя выпілі гнеў духу майго!" Я мушу, я чую, што я павінен з гэтай цэлай грамадай болесці стаць перад Богам, і за вас, каторых Бог даткнуўся, і ад вас, і з вамі разам тую болесць прад Богам пакласці. Няхай Пан прыме, як афяру, як васальную залежнасць паддданства нашага, няхай нас не абвіне Ласка Яго, няхай узмоцніцца Яго падтрымка, каб мы пад болесцю нашай пачулі, так, што вусны нашыя змушаны вымавіць: Ойча, будзь воля Твая!

А зараз, найлюбыя, у пакорлівасці волі божай, у гэтых святых словах нашай святой малітвы, сабраўшы дух і сілы, угледземся ўсе бліжай у жалобу сённяшнюю. То дзве жалобы: на адной, крывёй напісанае, ляжыць слова: Заслуга ; на другой, кветам усыпанае, ляжыць слова: Нявіннасць . Пра першую мовіць вам буду. Божа! Сіл мне дадай.

Каму з вас, найлюбыя, знаёмае жыццё згаслага паміж намі выгнанца, каторы як бы ва ўзнагароду адданасці роднай зямлі па доўгіх гадах адарвання ад яе, рукой боскай выпраўлены на вяртанне і тут свае косці паклаў. Колькі там было высокага сумлення, колькі самаахвярнасці без мяжы, колькі афяр, цярпення, на колькі нашае ўдзячнасці заслужыў пакутнік каханнем сваім для нас. На малыя душы нашыя вялікае ест слова: Самаадданасць без межаў! Цноты выгнанца, асаблівасці жыцця гэтага чалавека, афяры, як дарагая таямніца, як святасць, каторай даткнуцца на вольна, сталіся ведамымі ўсевідушчаму Богу і нешматлікім людзям, утаемненным у тае цені і скрытнасці, каторым вялікі пераслед абвешчаны за вялікія заслугі. Мы то толькі ведаем, што калі трэба было крыві і жыцця, ён кроў сваю і жыццё даваў за нас, калі кожны з нас гадаваўся, узрастаў альбо сталеў на айцоўскіх палетках, калі нас няспынна абвяваў подых салодкага роднага паветра. Калі расцякаўся скрозь над усім наймілейшы гук роднай мовы, калі былі мы шчасныя аглядаць штодня дарагія абліччы нашых бацькоў, браццяў - ён, сумуючы без гэтага, жыў у далёкай далечы, у голадзе і прагненні весткі ад дарагіх, ад сваіх. І калі запёртую праўду можна было выкупіць тугой ды цярпеннем, ён праўду божую ўшанаваў у сабе і цярпеў, як вызнаўца сваёй веры. Цярпенне ўпрыгожыла яго. Хрыстус цэлую поўніцу дабраславенстваў паклаў на душу яго. Выкшталцоныя пад Ласкай Боскай розум і сэрца адрознівалі яго ад большасці, ад нас усіх. Ён паміж намі быў, як дуб векавы над кустамі, над хмызняком. Ён лучыў, ён братаў, ён жыў з імёнамі нашых волатаў духовых, бо дух яго выпрастаўся, дараўнаваўся да іх. Заўжды актыўны па духу, хоць няшчасцем зламаны, знясілены хваробамі, да рэшты быў малоўшым ад большасці, хоць малодшых гадамі. А прытым шчырая сціпласць была цнотай яго. "Быў то слуга божы, абранец божы, над ім быў дух божы". (Ерамія) Была то слава нашая, духовая знакамітасць нашая, нашае зямлі, нашага люду абраны, каханы сын!

І калі па доўгай беспрытульнасці, за змілаваннем боскім, да сваіх вярнуўся, то вярнуўся як бы на скананне толькі, як бы на тое, каб у дабраславенстве сваіх заслуг прах свой прыкласці да люду свайго. Так Якуб патрыярх паміраў, і астатняе яго слова: "Я прылучаны да люду майго, пахавайце ж мяне з айцамі маімі". А Святое Пісанне дадае: "І Якуб памёр, і прыкладзены ест да люду свайго".

Найлюбыя! Так, ён ест прыкладзены да люду свайго. Ён лучыць нас, ён нас звязвае і пагаджае з мінуўшчынай, з айцамі нашымі. Ён прыкладзены, бы нашае вялікае каханне і ўдзячнасць, і любасць, каторыя абуджаюцца з пазнання яго заслуг, цярпенняў, афяр, уздымаюць нас да яго. Брацця найлюбыя! Тая хвіля жалобы нашай, тое як бы астатняе яшчэ ўздрыгванне згаслага жыцця хай будуць хвіляй векавечнага звязку паміж духам, што ад нас адлятае, і душой нашай, што жыве вечна ва ўлонні нас усіх. Няхай гэты дух перальецца, затрымаецца і з'яднаецца з намі!.. Так спраўдзяцца словы патрыярха, а ў іх святое прагненне памерлага: "Я прылучаны да люду майго, пахавайце ж мяне з айцамі маімі", і спраўдзіцца слова Боскае: "Ён памёр і прылучаны ест да люду свайго".

Дзіўныя, незразумелыя ест справы божыя !!! Чамуж з гэтай урачыстай жалобай па выгнанцу лучыцца жалоба такая чуллівая па дзяўчынцы нявіннай?.. Ці то Бог сарваную прыгожую кветку хацеў кінуць пры магіле мужа?! Ці духу выгнанца хацеў даць таварыша? Ці хацеў сённяшняй жалобе, на каторай ляжыць цяжкая, крывавая і слёзная, потам аблітая і працай скутая заслуга - хацеў прышпіліць анёльскай нявіннасці скрыдлы? Досыць жа ест дзіўная, таямнічая, урачыстая і святая гэтая жалоба нашая. Бог яе нам даў неразгаданай у выроках, у меркаваннях незразумелай... Тут муж божы клікаў на нас духу божага, што змізарнеў у руках нашых, духу любасці, афяры, што згас паміж намі, а на яго мейсцы ўзрос ў нас і разбуяў дух самалюбства, цемнаты і забіў у нас пазнанне і пажаданне ўсяго, што вышэйшае, што пякнейшае - і тая дзяўчынка - анёлак адлятае ад нас можа для таго, каб не сказіцца заразай нашай.

Пахілім чало прад гэтай дваістай, таямнічай, урачыстай жалобай нашай. Хай збавенная задумлівасць над сабой самімі смутная і тужлівая, горкая і балесная будзе жалобным вянцом ад нас, каторым апаяшам дзве свежыя магілы - калі Касцёл нас кліча да супольнай жалобнай малітвы, выканаем верных павіннасць. Молімся аб духу Боскім над намі, молімся за душы памерлых. Спакой ім вечны! - Аман.

Zywot Adolfa Januszkiewicza i jego Listy ze steow kirgizskich, t.1, drugie wydannie, Berlin, 1875.

Калі мне дазволена будзе, мушу дадаць колькі слоў ад сабе. Чытаю зараз гэтую Кнігу выдання 1875 году, нібыта басанож ступаю па яшчэ гарачым папялішчы Нашае Літвы. Вось натрапляю на словы біёграфа Фелікса Ўратноўскага: "..з яго (Алольфа Янушкевіча - Г.М.) натхнення Юліюш Славацкі напісаў гімн, каторы будзіць Ліцвінаў і каторы належыць да малой лічбы папраўдзе паэтычных твораў рэвалюцыі Лістападавай" (с. 8), і мяне. як таго Максіма, працінае за краіну радзімую жах!... На Дабры ляжым, Дабро гноім і наракаем, што ад нас усё пазабіралі. А трэба ўсяго толькі прызнаць гэты Гімн за свой: Літва Жыве! Як прызналі палякі за свой мазурак Марш Дамброўскага. Светлыя пачынанні загадзя асуджаны на марнасць, калі няма пераемнасці ў ланцугу эвалюцыі, калі выбіта ў ім звяно, і мы, як той Сізіф, знясіленыя, будзем бясплённа і бясконца валачы цяжэзны беларускі камень пад гару да тэй пары, пакуль не ўставім у ланцуг выбітае звяно - Нашую Літву. І яшчэ. Піша Эўстахі Янушкевіч ва Уступе да Кнігі:" Можа калісьці будзе яна кропляй з высахлага мора слёз, у каторую адбітае святло кіне промень на доўгі працяг цярпенняў народных, абрынутых сёння глыбока ў цень і бадай забытых". Я думаю, што настае Час, калі гэтае Прароцтва спаўняецца. Толькі трэба разабраць, сінтэзаваць сваё і чужое. Ад мамы сваёй старэнькай, згорбленай, пачула (пасля прачытала ў "Варшавянцы" за 1831 год) і здрыганулася:

Bracia! my wam krew dawali,

Dzis wy dla nas nic procz lzy.

Ды не ж! Гэта не палякі дакараюць французаў. Гэта мы, Ліцьвіны, пакідаем палякам горкія слёзы. Яныто сытыя, а мы, аддаўшы ім столькі лепшых сваіх твораў, дзеяў, думак, памкненняў сядзім цяпер у гэтай цёмнай яме - Беларусі!

А трэба проста разумным, адукаваным вярнуць доўг, што маюць перад меншымі.

Проста, зусім проста, як у Багушэвічавай "Афяры":

Каб свайго я дабра не прасіў,

І нізашто не меў чужы труд.

Ганна Матусевіч, Койданаў.


Песня Літоўскага Легіёна

Літва жыве! Літва жыве!
І слонца шле ёй промні хвалы,
І столькі сэрц для Краю б'ецца!
І столькі сэрцаў біцца перастала!

Трэба быць разам,
Трэба быць скалой цярпення,
За Літву мы помсцілі жалезам,
Вольнай думкай, вольнай песняй.

Задрыжэлі ворагі,
Песня наша суворая,
Гэтыя жмудскія рогі,
Езус Марыя! Наперад! Гоп, гоп, ур-ра!

Навучылі нас тэўтоны
Спяваць, як нам спявалі.
Легіёны! Легіёны!
На Русь! Далей! На Русь! Далей!

Бо калі нам кажуць зноў ісці да ўлохаў,
То як жа нам з магіламі дзядоў расстацца?
Хіба сказаць адвечным прахам:
За намі рушце, з магіл паўстаньце!

Помста ворагам!
Песня наша суворая,
Гэтыя жмудскія рогі!
Езус Марыя! Наперад! Гоп, гоп, ур-ра!

Калі страшыў цар Альгерда,
Адказаў Альгерд паслам:
Панясцё цару паходню,
Перш чым згасне - завітаю сам.

І за пасламі тэй самай ночы
Стаў абозам на Масквы гарах,
Узвышаўся, як арол у хмарах,
З чырвоным яйкам на Вялікдзень панаваў.

Задрыжэлі ворагі,
Песня наша суворая,
Гэтыя жмудскія рогі!
На гром Пяркуна! Наперад! Гоп, гоп, ур-ра!

Ягелонскай мур сталіцы
Расквітнее каберцамі,
Позірк дзеўчыны за працу -
Смех іскрыцца са слязамі.

А калі вежа імхом зеляніцца,
Камень з тэй вежы, абуджаны песняй,
Можа сарвацца, да ног прыкаціцца,
І Гедзіміна ўнукаў прывеціць.

Давай на ворагаў!
Песня наша суворая,
Гэтыя жмудскія рогі!
На гром Пяркуна! Наперад! Гоп, гоп, ур-ра!

Нас ніхто цяпер не звінаваціць,
Нас ніхто цяпер не запытае:
Ці жывуць яшчэ ліцьвіны ў свеце?
Вось Пагоня нашая лятае!

Але не пытайце, чаму нас так мала,
Жменька харугваў мужных лунае.
Больш нас было, але з таго дрэва
Бураю лісця шмат абарвала.

Помста ворагам!
Песня наша суворая,
Гэтыя жмудскія рогі!
На гром Пяркуна! Наперад! Гоп, гоп, ур-ра!

Го! Зашумелі штандарамі,
Што вольнасці барвамі гараць;
Мы ляцім, а за намі
Арлы! Арлы! Арлы ляцяць.

На нашыя галовы
Спадаюць громы… Легіён памірае,
Як лаўр, што аздабляе магілу героя.
Хто хцівы славы - ірве лісце лаўру.

Помста ворагам!
Песня наша суворая,
Гэтыя жмудскія рогі!
Езус Марыя! Наперад! Гоп, гоп, ур-ра!

Юліюш Славацкі

Пераклад Ганны Матусевіч.


Жыве на Палессі народная песня

У Пінскім раёне шмат робіцца, каб захаваць народ-ную творчую скарбніцу. У многіх вёсках створаны і дзейнічаюць фольклорныя гурты. Шмат школьных калектываў, якія збіраюць народную спад-чыну. Раённы цэнтр пазашкольнай работы праводзіць фестывалі фальклорнага мастацтва. Вось аб гэтым пойдзе размова у гэтым рэпартажы.

"Галасы Палесся"

Напрыканцы красавіка ў раён прайшоў занальны фестываль рэгіянальнага фальклору "Галасы Палесся". У фестывалі бралі ўдзел фальклорна-этнаграфічныя гурты з в. Дабраслаўка, Камень, Парэчча і Пінкавічы, Чухава. Стытычава, Крыўчыц, Валішча, Ладарапс.

Вусная народная творчасць - важнейшае частка духоўнай культуры народа. Яна грае вялікую ролю ў фармаванні нацыянальнай свя-домасці, у ёй адлюстраваны мары і спадзяванні людзей працы, іх побыту і гаспадар-чага досведу, гісторыя народа. Яна з 'яўляецца адной з крыніц развіцця нацыянальнай літара-туры і мастацтва. Бедны той народ, які не ведае сваёй гісторыі, не цэніць духоўную спадчыну, не вывучае яе, не захоўвае і не беражэ яе.

Разумеючы гэта, свядомая людзі вёскі ствараюць групы, калектывы, які збіраюць фальклор, вывучаюць народную творчую спадчыну і нясуць гэтае багацце новым пакаленням. Старэйшымі гуртамі з'яўляюцца "Дударыхі" з в. Валішча, "Багатухі" з в. Камень, "Добраслаўчанкі" з в. Дабраслаўка, якія носяць імя народных. Набіраюць моцы фальклорныя гурты з Парэчча, Пінкавіч, Стытычава і інш. на фестывалі былі прадстаўлены народныя песні Палесся, карагоды, абады, прыпеўкі....

Трэба асобна адзначыць, што ў фестывалі прынялі ўдзел два дзіцячыя фальклорныя калектывы з вёсак Чухава і Стытычава.

Так старэйшае пакаленне перадае эстафету юным палешукам, якія ўжо сёння далучаюцца да народнага мастацтва.

Былі на фестывалі і асобныя ўдзельнікі, якія захапляюцца песнямі сваіх бабуль.

Але трэба адзначыць, што з многіх дзесяткаў сельскіх клубаў фальклорныя гурты дзейнічаюць толькі ў некальніх. Мала дзіцячых калектываў, якія працуюць пры школах. Вось пра некаторыя з іх неабходна хоць коратка сёння ўспомніць. У Кончыцкай сярэдняй школе працуе гурток "Спадчына", якім кіруе настаўніца роднай мовы Надзея Гулевіч. Гурткоўцы праводзяць шмат народных свят, абрадаў. Адно з апошніх старажытных святаў - Масленіца На свята зазывалі скамарохі, якія потым частавалі гасцей аладкамі ды салодкай гарбатай. Але аб гэтым гурце неабходна распявесті ў асобным артыкуле.

У Чухаўскай СШ працуе фальклорны гурт "Крынічанька". Кіруе калектывам ужо больш за дваццаць гадоў Вольга Шпакоўская.

Старышыня Пінскай раённай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Уладзімір Гук.



Я асабіста і ўсе сябры ТБМ імя Ф. Скарыны Віленскага Краю з вялікім смуткам успрынялі гэтую вестку і выказваем спачуванні родным, блізкім, сваякам і знаёмым сям'і Банкевіч у сувязі з утратай патрыёта Беларусі, адраджэнца, барацьбіта за незалежнасць краіны, змагара за мову, грамадскага і палітычнага дзеяча, сябра хрысціянска-кансерватыўнай партыі БНФ "Адраджэньне", падпалкоўніка, чалавека з вялікай літары Генадзя Уладзіміравіча.

Я добра ведаў гэтага Чалавека, з якім яшчэ ў Менску ў канцы 80-х гг. 20-га стагоддзя стваралі Менскую раённую арганізацыю БНФ, і дзе я да выезду ў Вільню быў яе старшынём.

Я страціў свайго лепшага сябра па адраджэнні беларушчыны, з якім падтрымліваў стасункі і быў у яго ў кватэры жаданым госцем. Яго жыццё - лепшы прыклад служэння і барацьбы за незалежную і вольную Беларусь.

Няхай яго труну пакрые был-чырвона-белы сцяг з гербам "Пагоня", а родная зямелька стане для яго пухам, за якую ён мужна змагаўся, страціў здароўе і памёр, як слынны сын свайго народа.

Жыве Беларусь!

Старшыня ТБМ Віленскага Краю Юры Гіль.


У ФІЛІЯЛЕ ВЕТКАЎСКАГА МУЗЕЯ НАРОДНАЙ ТВОРЧАСЦІ АДКРЫЛАСЯ ВЫСТАВА ДРАЎЛЯНАЙ АРХІТЭКТУРНАЙ РАЗЬБЫ

Арганізатар экспазіцыі пад назвай "Дом. Горад. Міф." Андрэй Скідан заўважае, што драўляны дэкор вылучае народную архітэктуру Усходняга Палесся ад астатніх рэгіёнаў Беларусі.

Наведнікі філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі змогуць азнаёміцца з традыцыяй драўлянага дойлідства майстроў Гомеля, Веткі, Добруша. Правядзенне падобнай выставы сталася магчымай у выніку больш як дваццацігадовай працы супрацоўнікаў музея народнай творчасці, плёнам даследаванняў якіх сталася калекцыя ўзораў дамавой разьбы майстроў Гомельшчыны.

Гісторык Яўген Малікаў адзначае, што разьба па дрэве - асноўная асаблівасць дойлідства ў памежных з Расіяй і Украінай рэгіёнах Беларусі. Як вядома, менавіта ў Гомелі, Добрушы, Рэчыцы і Ветцы захаваліся цэлыя кварталы драўлянай забудовы, багата аздобленыя шыкоўнай разьбой.

"Упрыгожанне фасадаў і ліштваў драўляных дамоў, падкрэсліў спадар Малікаў, мела на мэце не толькі эстэтычнае значэнне. Так, насычаныя кампазіцыйна старажытнаславянскімі сімваламі сонца, вады і раслінаў ліштвы мусілі ахоўваць гаспадароў хаты, выконваць функцыю магічнага абярэга". Тое, што найбольш дасканалымі і складанымі элементамі ўпрыгожання драўляных дамоў з'явіліся ліштвы на вокнах, то гэта невыпадкова, паколькі менавіта вокны абаранялі людзей ад вонкавага ўплыву, дадаў Яўген Малікаў.

Юлія СІВЕЦ.


Страчаная ўнікальнасць парку Альба

Ландшафтныя паркі Нясвіжа - вялікі культурна-гістарычны здабытак, адмысловая з'ява ў садовым дойлідстве Беларусі. На працягу чатырох стагоддзяў у радзівілаўскіх парках атрымалі ўвасабленне ўсе асноўныя еўрапейскія стылі.

Гісторыя парку "Альба" вядзе адлік з канца 16 стагоддзя, калі ў прыгарадзе Нясвіжа пачала стварацца летняя рэзідэнцыя князёў Радзівілаў. Паводле "Альбома будаўнічых чарцяжоў" італьянскага архітэктара Джавані Марыя Бернардоні (1540-1605 г.г.) у гэты час у Альбе знаходзіўся дом князя Радзівіла. Гэта быў сціплы, драўляны, прастакутны ў плане будынак з мансардным дахам.

Заснавальнікам парку "Альба" быў Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка (1549 - 1616). Ён асабіста азнаёміўся з рэнесанснымі прыёмамі садовапаркавага мастацтва Аўстрыі, Францыі, Італіі. Назва "Альба" было дадзена ў гонар італьянскага горада Alba Longa. Слова "альба" у перакладзе з лацінскай мовы азначае "белы, чысты, світанак".

На тэрыторыі Альбы былі праведзеныя складаныя меліярацыйныя работы і пасаджаны парк, які атрымаў назву італьянскі. Пойма ракі Уша была перакрытая плацінамі і створана сістэма азёр: Дзявоцкае, Альбянскае, Свіцязь. Уздоўж берага ракі быў пракладзены вялікі канал, які даваў ваду штучным сажалкам. Алеямі парк разбіваўся на прастакутныя ўчасткі.

У 1604 годзе на тэрыторыі Альбы быў пабудаваны драўляны палац "Эрмітаж". Паводле апісання Ў. Сыракомлі ў кнізе "Вандроўкі па маіх былых ваколіцах" ён быў збудаваны ў дзве лініі і ўключаў гардзеробную, сталовую, кухню, капліцу з фаянсавымі алтарамі. На адным франтоне мелася драўляная статуя святога Мікалая, на другім святога Крыштафа. Інтэр'еры былі цёмных колераў, упрыгожаныя мармуровымі камінамі, над якімі красаваліся эмблемы: крыж, чара, чэрап. Эрмітаж размяшчаўся на ўскраіне Альбы, недалёка ад возера Свіцязь. У перакладзе з французскага слова "эрмітаж" азначае "адасобленае месца, загарадны дом". Гэты палац служыў для князя Радзівіла Сіроткі месцам сыходу ад свету, з мэтай духоўнага самаўдасканалення, як манастыр пустэльніка.

Паводле інвентара 1636 года фальварак Альба ўключаў жылы дом з пакоямі, якія абаграваліся кафлянымі зялёнымі печамі і камінамі, флігель, які служыў кухняй, броварны завод, пякарню, сырнік. Да дома прымыкаў агарод лекавых раслін і два агароднінных, сад з пладовымі дрэвамі, пчальнік на шэсць калод. Шматлікія гаспадарчыя пабудовы (гумно, аборы, адрыны для быдла, птушнікі) утваралі вялікі гаспадарчы двор.

Паколькі, да парку Альба прымыкаў лясны масіў, то ў летняй рэзідэнцыі Радзівілаў было задумана стварыць ідэальныя ўмовы для палявання. Невыпадкова з'явіўся звярынец, у якім разводзілі зубраў, рысяў, дзікоў, ласёў, ваўкоў, мядзведзяў. З вандраванняў па Італіі, Сірыі, Палестыне, Егіпце, Крыту, Кіпры М.К. Радзівіл Сіротка прывёз экзатычных жывёл: леапарда, льва, аленяў, вярблюда, горных бараноў, малпаў, тура, байбакоў. Звярынец у Альбе з'явіўся першым заапаркам на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

У цэлым паркавы комплекс "Альба" у 17 стагоддзі насіў характэрныя рысы рэнесансных сядзіб. Ён сімвалізаваў сілу ўзыходзячага роду Радзівілаў. Ваенныя падзеі сярэдзіны 17 стагоддзя нанеслі Альбе вялікія страты. Паводле інвентару 1680 года, поўнасцю быў спустошаны звярынец, паўразбураныя гаспадарчыя будынкі. Без агародж засталіся сад і агарод.

Другі перыяд у гісторыі парку "Альба" звязаны з імем Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі (1702-1762 г.г). Ён шмат падарожнічаў па Еўропе і ў 1720 годзе пачаў рэканструкцыю парку Альба ў стылі французскага класіцызму. Галоўнае месца ў такіх ансамблях займаў палац, ад якога радыяльнымі прамянямі расходзіліся алеі, адкрываўшыя шырокія краявідныя перспектывы. Унікальнасць Альбы складалася ў дзіўнай воднай сістэме, якую завуць "Круг". У цэнтры вадаёма знаходзіўся круглы востраў, ад якога прамянямі расходзіліся 8 каналаў шырынёй ад 7 да 10 метраў і даўжынёй ад 200 да 800 метраў. У сектарах паміж каналамі знаходзіўся звярынец.

У 1748 годзе ў Альбе быў пабудаваны палац "Кансаляцыя" (суцяшэнне). Аўтар праекту італьянскі архітэктар Маўрыцыё Педэці (1719 - 1799 г.г.). З 1758 года ў Альбе фармуецца вялікі паркавы ансамбль у стылі французскага класіцызму. За палацам "Кансаляцыя" быў разбіты новы парк, які размяшчаўся ўздоўж цэнтральнай ліпавай алеі. Баскеты парку былі яшчэ слаба сфармаваныя. У абсаджванні іх выкарыстоўвалася лаванда, самшыт, агрэст. Паркавыя дарожкі былі аформленыя шпалерамі з ліпы і граба. Парк упрыгожвала кампазіцыя з ліп у выглядзе васьмі прамянёў.

У сярэдзіне 18 стагоддзя ў Альбе знахадзілася галандская ферма, фазанар, сабакарня, млын, аптэка, кузня, цэх па вырабе карэт і калёс, суконная мануфактура, чыгунналіцейны завод, які вырабляў гарматы. У Альбе знаходзілася стайня, дзе ўтрымоўваліся дарагія коні турэцкіх, іспанскіх, ангельскіх пародаў.

Радзівіл Рыбанька арганізаваў кадэцкі корпус і ўвёў аднастайныя мундзіры для свайго войска. На беразе возера Дзявоцкага на самым высокім месцы быў пабудаваны будынак марской вучэльні і прыстань, дзе размяшчаўся ветразьны і галерны флот. У Альбе ў гэты час дзейнічала персіярня. Першапачаткова гэтая мануфактура павінна была вырабляць галуны і пазументы, але затым тут пачалі вырабляць паясы, якія ткалі з залатых і срэбных нітак. Яны бліскацелі на сонцы, нібы былі адлітыя з металу. Таму іх звалі адліванымі. У 1760 году вытворчасць паясоў было пераведзена ў Слуцк. Кіраваў персіярняй армянскі майстар Аванес Маджарскі, які прывёз з сабой дасведчаных турэцкіх майстроў.

У Альбе маці Радзівіла Рыбанькі Ганна заснавала мануфактуру па вытворчасці шпалер, тутака ж былі выраблены габелены па малюнках мастакоў Ю. Гескага і К. Лутніцкага: "Прысваенне княжага тытулу роду Радзівілаў", "Узяцце ў палон і смерць палкоўніка М.З. Крычаўскага пад Лоевом", "Агляд войскаў пад Заблудавым". Захаваліся імёны прыгонных ткачых: Марыя Кулакоўская і Анастасія Маркевіч.

Жонка Радзівіла Рыбанькі Францішка (1705 - 1753) была драматургам і асветніцай. Яна спрыяла аднаўленню дзейнасці Нясвіжскай друкарні. Пісала на польскай, італьянскай, французскай і нямецкай мовах. У сваіх п'есах яна выкарыстала сюжэты казак, міфаў, п'ес французскіх драматургаў: Бакача, Вальтэра, Мальера. Часта п'есы ставілі ў "зялёным" тэатры ў Альбе або ў палацы "Кансаляцыя". Амфітэатр быў разлічаны на 1000 гледачоў.

Замест куліс выкарыстоўваліся тры рады падстрыжаных кустоў. З 1748 года сцэна ў палацы "Кансаляцыя" стала рухомай і асвятлялася. Першыя дэкарацыі былі аб'ёмныя, архітэктурнага тыпу.

У канцы 40х пачатку 60х гадоў 18 стагоддзя тэатральнае жыццё ў Нясвіжы было даволі інтэнсіўным. Так, у 1757 годзе было паказана 26 спектакляў, у 1761 г. - 22. У дзённіку Міхала Рыбанькі ёсць такі запіс: "Пасля абеду з усёй кампаніяй ездзілі ў Альбу, дзе з задавальненнем глядзелі камедыю, паказаную дзецьмі і дваровымі. Мая жонка пастаралася. Быў фейверк-ілюмі-нацыя. Вярнуліся ў Нясвіж уначы".

Пры Радзівіле Рыбаньцы ў Альбе была пабудаваная аранжарэя, у якой гадавалі цытрусавыя расліны (памяранцы, мандарыны, цытрыны), інжыр, размарын, грэцкі арэх.

Трэці перыяд у гісторыі парку "Альба" звязаны з імем Караля Станіслава Радзівіла, Пане Каханку (1734-1790).

У 1778 годзе архітэктар Лявон Лутніцкі сумесна з італьянскімі дойлідамі К. Спампані і М. Пядэці пачаў працу па рэканструкцыі Альбы ў стылі сентыментальнага рамантызму.

Была пабудаваная ідылічная вёска з 180 хатак. Правобразам паслужылі вёскі Рамбуйе і Трыянон каралевы Марыі ІІ Антуанэты. Еўрапейскай арыстакратыі 18 стагоддзя былі ўласцівыя ўцёкі ад рэчаіснасці ў ілюзорны свет тэатральнай гульні.

Цэнтрам усёй кампазіцыі ідылічнай вёскі стаў палац Альтанка. Ён быў пабудаваны на круглым востраве ў стылі храма Святой Сафіі ў Стамбуле (Канстанцінопалі). Гэта быў драўляны трох'ярусны будынак з вежкамімінарэтамі і вялікай залай на першым паверсе. Да яго сходзіліся ў выглядзе прамянёў вуліцы вёскі. Падчас феерверку войт Альбы - Пане Каханку запрашаў усіх гасцей для катання на лодках па каналах, адкуль ілюмінацыя ўспрымалася найболей эфектна і маляўніча.

Хаткі ў ідылічнай вёсцы нагадвалі беларускія хаткі, крытыя саломай; тутака ж былі жылыя пабудовы ў кітайскім, японскім, швейцарскім стылі, фантастычныя будынкі, стыль якіх не паддаваўся азначэнню. Замест парадкавых нумароў на хатках мацаваліся знакі: слана, вярблюда, арла, мядзведзя. Каля кожнай з іх размяшчалася лазня. У ідылічнай вёсцы князь Радзівіл і яго госці ператвараліся на некаторы час у сялян. Усе пераапраналіся ў халопскія, бутафорскія гарнітуры, працавалі на агародзіках, наглядалі за індыкамі, пасвілі бараноў з стужкамі на шыі, падыгрываючы сабе на флейтах і гітарах.

Караль Станіслаў Радзівіл стварыў корпус артылерыі і інжынерыі пры школе флоцкіх афіцэраў. Кадэты атрымлівалі акрамя вайсковай спецыялізацыі і агульна-адукацыйную падрыхтоўку: вывучалі замежныя мовы, гісторыю, матэматыку, логіку, геалогію, астраномію, маляванне, грамадзянскую архітэктуру.

Вялікая водная сістэма на Ушы служыла палігонам для вучэбных заняткаў, а ў дні святаў - месцам гуляў, прад-стаўленняў, а часам баёў, як "Узяцце Гібралтара", разыгранае ў гонар прыезду караля Станіслава Панятоўскага ў 1784 годзе.

Грандыёзнае прадстаўленне чакала караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў прыгарадзе Нясвіжа - Альбе ў 1784 годзе. У дзень яго прыезду ўся Альба ззяла агнямі. Тысячы сялян з навакольных сёлаў запалілі каля мільёна свяцільняў. Мясцовы майстар, які рыхтаваў феерверк, зрабіў яго так умела, што ён нагадваў вывяржэнне Везувія. У паветры круціліся разнастайныя гербы, вензелі, лічбы.

Яшчэ больш грандыёзным відовішчам было "узяцце Гібралтара". Кожны карабель флота меў сваю назву: "Тытан", "Саламандра", "Васіліск". Самы ж вялікі зваўся "Навухаданосар". Над вежай цвердзі, якая сімвалізавала Гібралтар, развіваўся сцяг, на якім паказаны цмок з падпаленай пашчай. Калі ўсё - і скала і замак, і батарэі, і флот - асвятліліся сотнямі тысяч лямпаў, паходняў, лампадаў у жалезных каганцах, выгляд стаў фантастычным. Батарэі адкрылі агонь з караблёў на цвердзь, з цвердзіі на флот, які штурмаваў. Падняўся страшэнны грукат, дым. Некалькі караблёў былі пабітыя спаленыя. Многія "матросы" абгарэлі, былі параненыя. Але гэта не хвалявала караля Рэчы Паспалітай і нясвіжскага магната, які наладзіў пасля відовішча вялікі баль. У Альбе разбілі каляровыя намётышатры. У гонар гэтай падзеі быў адчаканены памятны медаль. Мэтай наведвання каралём радзівілаўскай рэзідэнцыі была палітычная кансультацыя з князем Радзівілам напярэдадні выбараў у сойм Рэчы Паспалітай.

У 1785 годзе садоўнікамі ў Альбе працавалі Шэльпер і саксонскі майстар Больман. Уздоўж каналаў працягнуліся выкладзеныя каменем набярэжныя, тратуарныя, парапеты.

Падчас вайны 1812 г., уладальнік Нясвіжскай ардынацыі Дамінік Радзівіл ваяваў на баку французскага імператара Напалеона . У адплату за гэта рускія войскі разбурылі і разрабавалі не толькі Альбу, але і Нясвіж. Матэрыяльныя каштоўнасці былі вывезеныя ў Расійскую імперыю.

Чацвёрты этап развіцця Альбянского парку пачаўся пасля 1875 года, калі Антоні Радзівіл і яго жонка Марыя Дарота дэ Касталян, пачалі развіваць парк Альбы ў ангельскім стылі. Яго адрознівала перайманне натуральнай прыроды, вольная маляўнічая планіроўка, звілістыя дарожкі, чаргаванне адзінкавых і рассаджаных групамі дрэў.

Антоні Радзівіл у 1875 году кіраваў работамі па добраўпарадкаванні Альбы. У парку на плошчы 80 га былі пасаджаныя маладыя дрэвы, адрамантаваныя масты, вычышчаныя сажалкі і каналы, пабудаваны загон для сарнаў. У гэты час была праведзена рэканструкцыя галоўнай алеі, на якой раслі ясень, клён, ліпа, чорная таполя.

У 1884 годзе Альбянскі парк быў аддадзены ў даўгачасовую арэнду селяніну Антону Швяйкоўскаму для сельскагаспадарчых мэт. Насаджэнні Альбы былі высечаныя.

Новы пейзажны парк быў закладзены ў 30я гады ХХ стагоддзя ўздоўж Альбянскай сажалкі на плошчы каля 10 га. У аснову кампазіцыі былі пакладзены вялікія яловыя групы на газоне, пасаджаным метадам лясных культур. Прасветы паміж групамі адкрывалі выгляд на сажалку з боку галоўнай алеі.

У цяперашні час на тэрыторыі Альбы захаваліся толькі фрагменты алей, насаджэнні паркаў прынялі выгляд лесапаркавага масіву. Галоўны канал, які выконваў водарэгулявальную ролю, змялеў.

Сучасныя несвіжане адчуваюць гаркату ад страты ўнікальнага палацава-паркавага комплексу "Альба", але ўсё такі спадзяюцца, што дзяржава зверне ўвагу і пачне рэканструкцыю помніка ландшафтнага мастацтва. Тады шматлікія турысты горада Нясвіжа не змогуць стрымаць сваё захапленне, наведаўшы адноўленыя палацы і паркі на тэрыторыі Альбы.

Загадчыца аддзелам абслугоўвання і інфармацыі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі: А.І. Шкраба.


Роля беларусаў у падзеях 1612 года ў Маскве

Аўтар гэтых нататак ўжо друкаваў ранейшыя артыкулы аб удзеле беларускіх вайскоўцаў - шляхты і жаўнераў-выбранцаў - у вайне паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай 1609-1618 гадоў. Артыкул "Дзень 6 лістапада - гісторыя свята і спроба замяніць яго ў Расіі" быў надрукаваны ў "Нашым слове" 8 і 22 снежня 2004 г. (№№ 48 і 50). Артыкул "Пераварот, які ніколі не зможа стаць сапраўдным святам" - у "Народнай Волі" 26 кастрычніка 2005 г. (208). У гэтых артыкулах гаварылася, што значную частку акупацыйнай залогі ў Маскве (а ў канцы 1612 г. - у Крамлі) складалі беларускія вайскоўцы, а двое з трох палкоўнікаў - Язэп Будзіла і Эразм Стравінскі - былі шляхціцамі з Усходняй Беларусі (тагачаснай Літвы). Трэцім палкоўнікам і апошнім начальнікам залогі быў шляхціц з Украіны Мікалай Струсь. Такім чынам, польскі элемент у складзе акупацыйнага войска быў значна меншым, чым беларускі. Таму свята 4 лістапада ў Расіі не зусім правільна называецца. Ды і вызваленне Крамля ад беларуска-польскіх акупантаў адбылося не 4 лістапада (гэта дзень абраза Казанскай Божай Маці), а 7 лістапада. Таму расійскім ўладам і не трэба было пераносіць свята з 7 на 4 лістапада, а пакінуць дзень 7 лістапада, толькі пераназваўшы яго. Але гэта ўжо іх турботы.

Супраць пераносу даты святкавання ў Расіі выступалі нямногія. Сярод іх акадэмік В.Л. Янін, які таксама даводзіў, што Маскву ў 1612 г. апалчэнне Мініна і Пажарскага вызваліла не 4 лістапада. Аднак расійскія ўлады прыслухаліся да пажадання кіраўніцтва Рускай Праваслаўнай царквы і празначылі свята на дзень 4 лістапада.

Вяртаючыся да гэтай тэмы, аўтар прапаноўвае чытачу адрывак з апошняга інтэрвію з Юрыем Лявадам (1930-2006), які памёр 16 лістапада 2006 г. на працы ў сваім кабінеце. Вядомы сацыёлаг, Ю. Лявада з 1988 г. узначальваў Усерасійскі цэнтр вывучэня грамадскай думкі (па-руску ВЦПОМ). Паколькі расійскай ўладзе не падабаліся публікаваныя цэнтрам аб'ектыўныя вынікі грамадскіх апытанняў, у 2003 г. ВЦПОМ быў нацыяналізаваны і пераўтвораны ў дзяржаўную сацыялагічную арганізацыю, якая выдавала ўжо вынікі, неабходныя ўладзе.

Сам Юры Лявада і амаль усе яго супрацоўнікі (акрамя толькі аднаго!) пайшлі з працы і стварылі незалежную сацыялагічную арганізацыю - Аналітычны цэнтр Юрыя Лявады (Лявада - Цэнтр). Сваю задачу Юры Лявада сфармуляваў коратка: "...Наша задача - паставіць перад грамадствам люстрэрка, каб яно ў яго глядзелася... Калі людзі глядзяць у люстэрка, яны лепей разумеюць, як яны выглядаюць".

Апошняе інтэрвію Ю. Лявада даў часопісу "Новая Польшча", які выходзіць у Варшаве (№1, 2007 ). Прыводзім адрывак з інтэрвію, які датычыцца тэмы акупацыі Масквы і Крамля ў 1612 г., у нашым перакладзе. Інтэрвію брала Тацяна Касінава 4 верасня 2006 г. у Маскве.

Ю. Лявада:

"4 лістапада - гэта "бздура" (глупства, лухта), гаворачы па-польску, чыстая "бздура". Гістарычна памылковая, пазбаўленая ўсялякай асновы. Адно з нядрэнных выкрыццяў я чытаў на "Полит. ru" . Што на самой справе адбывалася ў Смутным часе? Прычым там былі палякі? Гісторыя з тагачаснай вайной-невайной з палякамі не звязана пра што я чуў і раней - я сам у гэтым не разбіраўся. І ўвогуле гэта не мае прынцыповага значэння. Тыя, хто захапіў Крэмль, з-за чаго яго спра-бавалі доўга і незаўсёды паспяхова вызваляць, былі ў асноўным з Вялікага Княства, тыя, каго называлі ліцвінамі. Яны да сучаснай Літвы не маюць дачынення. Па этнічнасці гэта былі тыя каго з часоў Кацярыны ІІ называюць беларусамі. Яна загадала іх перайменаваць афіцыйна, таму што ёй так падабалася. Або яе дарадцам так захацелася. А палякі - вось я спасылаюся на той матэрыял, які прачытаў, я не бяруся яго правяраць, я гэтым не займаюся, - былі на чацвёртым месцы ў ліку ўдзельнікаў. Там былі беларусы, немцы, французы. На чацвёртым месцы нейкая група была з палякаў. Гісторыя гэта дастаткова цёмная, звязаная з тым. што пры адсутнасці рэальнай цэнтралізаванай улады большая частка баяраў заклікала гэтых людзей. Канкрэтна - запрашалі Жыгімонта на царста. Як, зрэшты, гадоў трыццаць да таго Івана запрашалі на каралеўства ў Варшаву. Кажуць, не захацеў. Добра, што не захацеў. Пэўна, нарабіў бы там чагосьці. І з гэтага рабіць нейкую псеўдагераічную легенду?

Але ж зрабілі з Івана Сусаніна героя, высмактаўшы з пальца. Гэта была прымітыўная легітымацыя расійскага манархізму, якая тады спатрэбілася. 4 лістапада ў асноўным цікавае ад поўнага бязрыб'я.

Мы праводзілі апытанне: якое свята можа быць зыходным для сучаснай Расіі? Як мы і чакалі, атрымалі толькі адзін адказ - 9 траўня 1945 года. Адзіная гістарычная кропка, якую людзі памятаюць і цэняць. Усё астатняе, у тым ліку вось гэты дзень, ніхто не ведае, не перажывае. Я думаю, што 4 лістапада доўга не пражыве..."

(Пераклад А.П. Грыцкевіча)

Да вышэй прыведзенага можна дадаць, што нават у Расіі ёсць сумленныя, разважлівыя людзі, якія намагаюцца ведаць праўдзівую гісторыю сваёй краіны.

А. Грыцкевіч


ВЫНІКІ "БАСОВІШЧА-2007"

Лепшы беларускі гурт сёлетняга конкурсу - навапалачане "Фляўс і Кляйн". Яны атрымалі адмысловы прыз "БелСат" - статуэтку і грашовую ўзнагароду ў 5000 польскіх злотых, прыз ад Польскага Радыё для замежжа - 1360 злотых і 20 гадзін запісу з гукарэжысёрам на студыі "Рэмбрант" ад Радыё "Беласток".

Лаўрэатам другой ступені "Басовішча" стаў гурт з Менска SOK , які граў даволі экстрэмальную для "Басовішча" музыку. SOK атрымаў магчымасць 40 гадзін запісу без гукарэжысёра на Apollo Records, грашовую ўзнагароду ад тыднёвіка "Ніва" - 1.200 злотых і 1.800 ад Беларускага аб'яднання студэнтаў.

Малады фолькавы гурт Unia атрымаў 1.000 злотых ад войта Гарадоцкай гміны і адмысловы прыз беларускага Радыё Рацыя - 1.100 злотых. Акрамя таго, Unia забяспечана прамоцыяй на сайце Рацыі і гадавой ратацыяй у эфіры радыё.

Вызначала лепшых на сёлетнім "Басовішчы" журы ў складзе чатырнаццаці музыкаў, музычных журналістаў, прадзюсераў і мастакоў. Беларускі бок прадстаўлялі музычная журналістка "БелГазеты" Таццяна Заміроўская , прадстаўнік музычнага парталу "Тузін Гітоў" RWD , прадзюсер "Крамбамбулі" Ганна Вольская , прадзюсер Віталь Супрановіч , Вольга Кузьміч ад "Generation.by", музычны журналіст Зміцер Падбярэзcкі , мастак і паэт Міхал Анемпадыстаў , які, дарэчы, і распрацаваў сёлетні варыянт лагатыпа "Басовішча". Польскую частку журы склалі мастак Лёнік Тарасевіч , журналіст і музыка Лукаш "Стэп" Стэпанюк , музыка гурту "ZERO85" Багуслаў Каспярук , журналіст інтэрнэтчасопіса "ProRock" Марцін Полаць , кіраўнічка тэлеканала "Бел-Сат" Агнешка Рамашэўская , музычны журналіст Славамір Сакалоўскі і вакалістка гурта "5set5" і прадстаўніца "БАС" Ілона Карпюк . Усе тры лаўрэаты "Басовішча-2007" атрымалі таксама права на стварэнне кліпаў ад тэлеканала "БелСат".

Цікава, што пераможцы фестывалю - гурт "Фляўс і Кляйн" - раней спявалі толькі на рускай мове. Цяпер жа, як заявіў Рацыі вакаліст каманды Сяргей, гурт плануе запісаць альбом на беларускай мове. Песні для яго будуць адразу пісацца пабеларуску, зазначыў лідар "Фляўс і Кляйн".

Трэці дзень "Басовішча-2007" на "Вольнай сцэне" пачалі якраз лаўрэаты конкурсу маладых выканаўцаў, вышэйзгаданыя "Фляўс і Кляйн", SOK і Unia. "Вольная сцэна" дае магчымасць паказаць сябе гуртам, якія не прайшлі "Адборышча".

Радыё Рацыя.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX