Вярнуцца: 2007

№ 30 (818)


Крыніца: pawet.net.



№ 30 (818) 8 ЖНIЎНЯ 2007 г.


60 гадоў Віталю Скалабану

СКАЛАБАН Віталь Уладзіміравіч (н. 5.8.1947, в. Шылавічы Слонімскага р-на), бел. гісторык, літ.-знавец. Канд. гіст. н. (1987). Скончыў Ленінградскі ун-т (1970). Працаваў будаўніком. З 1972 рэдактар выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя», у 1992-95 заг. рэдакцыі гісторыі Беларусі. З 1995 нам. дырэктара, з 1997 саветнік Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы, з 2000 нам. дырэктара Нац. навукова-асв. цэнтра імя Ф.Скарыны. Даследуе гісторыю бел. нац. руху, культуры 19 - пач. 20 ст., пытанні архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі. Рэдактар-складальнік кн. «Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага р-на» (1989). Адзін са скла-дальнікаў бібліягр. дапаможнікаў «М.М. Улашчык» (1996), «Беларускі навукова-даследчы інстытут дакумента-знаўства і архіўнай справы» (1997), «Р.П. Платонаў» (2000), выданняў з рукапіснай спадчыны Улашчыка. Увёў у навук. ўжытак невядомыя тэксты бел. л-ры 19 ст. (у зб. «Шляхам гадоў», 1990), гіст.-літ. матэрыялы пра жыццё і творчасць бел. пісьменнікаў, грамадскіх і культ. дзеячаў («Гарэцкі М. Публіцыстыка 1918-1919 гг.», укл. разам з В.Дз. Селяменевым, 2000), пра Усебел. з'езд 1917 («Беларускі гістарычны часопіс», 1993, № 1-4). Сааўтар сцэнарыяў дакумент.-маст. тэлефільмаў «Без эпітафіі» (1990, пра З.Х. Жылуновіча), "Справа Ігнатоўскага» (1991), «Ніколі я не паміраў» (1992, пра Я. Купалу) і інш.


100 гадоў з дня нараджэння Эдуарда Самуйлёнка

САМЎЙЛЁНАК Эдуард Людвігавіч [23.7(5.8). 1907, Пецярбург -12.2.1939], беларускі сав. пісьмепнік. Вучыўся ў польск. гімназіі (Петраград). Юнацкія гады правёў на радзіме бацькі ў в. Бандзелі Верхнядзвінскага р-на. Хадзіў пільшчыкам па вёсках, загадваў хатай-чытальняй, быў сакратаром камсамольскай ячэйкі. Працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная Полаччына» (1930-33), «Літаратура і мастацтва» (1934-39). Дэбютаваў вершамі ў 1928. Першае апавяданне «Апошні заказ» (1929) пра перавыхаванне чалавека ў сацыяліст. калектыве. Аповесць «Тэорыя Каленбрун» (1933) - дынамічпы вострасюжэтны твор пра барацьбу польск. працоўных супраць фашызму. Выкрыццю фашызму і яго дэмагагічнай ідэалогіі прысвечаны апавяданні «Сустрэча», «Урачыстая меса», «Герой нацыі». Аўтар зборнікаў прозы «Пункт апоры» (1935), «Дачка эскадрона» (1937). Пісаў пра рэв. традыцыі і заканамернасць іх развіцця ў практыцы сацыяліст. будаўніцтва («Цагліна каземата», «Апавяданне пра гуманізм»), пра калектывізацыю («Абухам у лоб», «Русалчыны сцежкі», «Насустрач будучыні»), адлюстраваў новы побыт калгаснай вёскі і сав. людзей (аповесць «Паляўнічае шчасце», 1933). У рамане «Будучыня» (1938) паказаў жыццё груз. народа і яго барацьбу за Сав. ўладу, раскрыў ролю інтэрнац. еднасці працоўных. Аўтар п'ес «Сяржант Дроб» (інсцэніроўка аповесці «Тэорыя Каленбрун», паст. 1935, Бел. 3-і дзярж. тэатр), «Пагібель воўка» (апубл. і паст. 1939, БДТ-1 і БДТ-2). Творы С. перакладзены на рус, ням., польск. і рум. мовы.


Нас чакае стваральная восень

Дарагія сябры! Нягледзячы на летнія адпачынкі, жыццё ТБМ працягваецца, і наша штодзённая праца пакрысе прыносіць свой плён. Сябры ТБМ прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прасвечаных 125-м угодкам Янкі Купалы. Найбольш праявілі сябе нашы аднадумцы ў Магілёве. 7 ліпеня на вуліцах горада з'явіўся бясплатны тралейбус, у якім можна было даведацца пра творчы і жыццёвы шлях нашага вялікага палітыка і паэта. Гарадская арганізацыя ТБМ выдала прыгожы насценны каляндар пад загалоўкам "Яны ўславілі наш край" і партрэтамі братоў Гарэцкіх, Аркадзя Смоліча, Спірыдона Собаля, Валянціна Ермаловіча, Міхася Ткачова і іншых славутых магілёўцаў.

Салігорская арганізацыя пасля доўгіх намаганняў і перапіскі атрымала навы офіс у адным з гатэляў горада, дзе неўзабаве актывізуе сваю дзейнасць. Хутка гасцінна адчыніць свае дзверы і сядзіба гомельскай абласной арганізацыі ТБМ. Шмат культурных мерапрыемстваў летам зрабіла і яшчэ зробіць Баранавіцкая гарадская рада ТБМ начале з Віктарам Сырыцам. У Гародні і Магілёве пачалася праца па стварэнні беларускамоўных класаў, ідзе праца з бацькамі і настаўнікамі.

У Менску дзякуючы намаганням ТБМ з'явіліся вуліцы Алеся Гаруна, Напалеона Орды і іншых слынных дзеячоў нашай культуры.

У гістарычнай часцы горада Магілёва над Савецкімі назвамі вуліц (напісанымі па-руску) з'явіліся беларускамоўныя, з густам аформленыя старыя назвы вуліц, якія існавалі ў ХУ ст. Палата Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у першым чытанні прыняла закон "Аб вышэйшай адукацыі", у 21 артыкуле якога замацавана права ствараць у кожнай ВНУ беларускамоўныя студэнцскія групы альбо плыні. Дзякуючы сабраным намі тысячам подпісаў, з верасня ва ўсіх ВНУ Беларусі застаецца вывучэнне беларускай мовы, а таксама і застаюцца кафедры беларускай мовы і літаратуры. Нажаль, у ліпені значна зменшылася колькасць падпісчы-каў на "Наша слова", нягледзячы на тое, што аб'ём газеты пры старых коштах павялічыўся да 12 старонак. Асабліва кепская сітуацыя склалася ў Менску і некаторых іншых буйных гарадах Беларусі. Сакратарыят ТБМ з дапамогай беларускай федэрацыі прафсаюзаў падпісаў з ліпеня (на паўгода) на "Наша слова" раённыя бібліятэкі ў Чачэрску, Дрыбіне, Нароўлі, Мсціславе, Клічаве. Хойніках, Маларыце і Драгічыне. Было б добра, каб кожны чытач ці падпісчык "Нашага слова" здолеў падпісаць сам ці знайсці спонсара на яшчэ адзін нумар нашай газеты, асабліва з верасня, для свайго сябра, знаёмага, сваяка, альбо бліжэйшай школы, музея ці бібліятэкі.

Працягваецца святкаванне юбілею Льва Сапегі. Зараз мы спрабуем адкрыць дабрачынны рахунак для збору сродкаў на помнік Льву Сапегу ў Слоніме (аўтар праекту скульптар Іван Місько). Як толькі гэта адбудзецца, патрэбна заняцца зборам сродкаў для гэтай справы. У жніўні споўнілася 90 год аднаму з заснавальнікаў ТБМ, Народнаму пісьменніку Янку Брылю. Мы выпусцілі з гэтай нагоды кішэнны каляндарык. А Міністэрства сувязі абяцае надрукаваць прыгожы канверт. Дарэчы, дзякуючы нашай ініцыяцыве ўжо пабачыў свет канверт з выявай Янкі Купалы, маркі з адлюстраван-нем купалаўскага музея ў Менску. Аналагічна канверт рахтуецца і да юбілею Якуба Коласа.

Было б добра, каб у жніўні сябры ТБМ правялі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя ўгодкам Янкі Брыля, асабліва на Гарадзеншчыне і напісалі пра іх у "Наша слова".

7 жніўня споўнілася 75 год знакамітаму рупліўцу Беларушчыны, выдатнаму навукоўцу і пісьменніку Адаму Мальдзісу. Давайце не забудзем павіншаваць нашага старэйшага сябра і калегу. Я таксама спадзяюся, што ў канцы жніўня актывізуецца праца нашых студэнцкіх, вучнёўскіх, настаўніцкіх і выкладчыцкіх суполак па прыёме новых сяброў, зборы штогадовых складак і ахвяраванняў.

Зычу Вам усім плённай, жнівеньскай працы.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Старшыні Карэліцкага райвыканкама

І. М. Шматко

г. п. Карэлічы, пл. 17 верасня, 9

Паважаны Іван Міхайлавіч!

4 жніўня 2007 г. Вашаму славутаму земляку Народнаму пісьменніку Беларусі, дэпутату Вярхоўнага Савету БССР, лаўрэату шматлікіх прэмій, ардэнаносцу Янку Брылю спаўняецца 90 год.

У сувязі з гэтым прапануем надаць адной са школ горада Карэлічы, а таксама адной з яго вуліц імя Янкі Брыля.

З павагай,

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Янка Брыль і ў творах, і ў стасунках з людзьмі меў раўненне на вечнасць

4 жніўня соўнілася 90 гадоў з дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля. На Радыё Свабода ў серыі "Дом літаратара" прайшоў "круглы стол", у якім прынялі удзел супрацоўніца Інстытута літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук Ганна Кісліцына , крытык Ала Сямёнава і гісторык літаратуры Анатоль Сідарэвіч . Вядовец намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Міхась Скобла .

"Брыль і Быкаў - розныя, але роўныя"

Міхась Скобла: "Спадарства, у апошняй кнізе Янкі Брыля "Парастак", якая пабачыла свет літаральна за два тыдні да ягонай смерці, ёсць іранічны запіс пра тое, які набор эпітэтаў можна сустрэць сёння ў друку адносна таго ці іншага пісьменніка. "Ёсць у нас і абстрактныя геніі, і па-савецку народныя, і па пост-савецку культавыя, і на польскі лад слынныя ды выбітныя, і ад нашай правінцыйнасці эпахальныя ды сусветныя, і па-біблейску апосталы ды прарокі. А ўсё ж гэта літаратурная паказуха." Калі абысціся без пералічаных эпітэтаў, як можна схарактарызаваць пісьменніка Янку Брыля?"

Сямёнава: "Брыль - гэта моцная народная глы-бінная сіла, традыцыя, такт, культура. Ён ніколі не мітусіўся, заўсёды меў годнасць. У спосабе спазнання свету на ўсё глядзеў з вышыні тых мара-льных імператываў, што так ці інакш зацверджаныя хрысціянскімі запаветамі. Як пісьменьнік Брыль не маніпуляваў чала-вечымі пачуццямі, часам імкнуўся быць падкрэслена простым, ледзь не элементарным, але за гэтым стаялі багаж ведаў, мастацкая інтуіцыя, бездакорны густ, тонкі гумар і непадробны стыль яго Брылёвага слова, прадуманага, лёгкага і важкага адначасова. Звычайна, іх параўноўваюць - Брыля і Быкава. Яны розныя, але, я хачу гэта падкрэсліць, - роўныя. Брыль - заўсёды з вы-знаннем гармоніі, спакойны, мудры, надзейны, ад зямлі, але не заземлены, а магутна-моцны, з прыхільнасцю да гуманізму класічнага складу. Быкаў - жывы нерв народу, эпохі, з завострана-трагічным светаадчуваннем, з усведамленнем крызісных сітуацый, крызіснай свядомасці часу, духоўнай прасторы 20 стагоддзя".

Скобла: "Яшчэ ў 1967 годзе, роўна сорак гадоў таму, малады тады яшчэ Міхась Стральцоў пісаў, што ў беларускай літаратуры існуе "школа Брыля". Каго б вы залічылі ў выпускнікі гэтай школы?"

Анатоль Сідарэвіч: "Сярод выпускнікоў гэтай школы я назаву такіх спакой-ных, добрых навэлістаў, як сам Міхась Стральцоў, як Віктар Карамазаў, Алесь Жук, Анатоль Кудравец. Яны і не хавалі сваіх сімпатый да Брыля, да яго творчай манеры. Яны сапраўды па-брылёўску акуратна выбудоўваюць сказ, "выдыхаюць" інтанацыю. Гэта вельмі харошыя, ужывем такое слова, пісьменнікі, якія ведаюць, што такое стыль".

"Са смерцю Брыля мы страцілі візуальны вобраз вялікай літаратуры"

Скобла: "Вы назвалі прадстаўнікоў аднаго пакалення. Адносіны паміж пакаленнямі ў літаратуры рэдка бываюць бязвоблачнымі. Маладыя любяць выкрываць старых у мінулых грахах. Памятаю, і да Янкі Брыля чапляліся маладыя яршыстыя творцы. Наколькі я ведаю, гэта нервавала Івана Антонавіча. Што гэта, такі спосаб самасцвердзіцца - прынізіць вялікага?"

Кісліцына: "Гэта не столькі спосаб самасцвердзіцца, колькі - зрабіць сабе танны піяр. На людзях, якія нічога не дасягнулі і не маюць аўтарытэту, не заробіш многа. А Брыль - ён жа сапраўды вялікі як пісьменнік, у тым ліку і вонкава. Згадзіцеся, калі ён пайшоў з жыцця, мы згубілі яшчэ і візуальны вобраз вялікай літаратуры. Ён быў вялікім ва ўсіх сэнсах. І быў добрай мішэнню для маладых. Мне здавалася - памёр чалавек, і маладыя перастануць да яго чапляцца. Гэтага вымагае элементарная выхаванасць. Не! Нядаўна чытаю інтэрнэт-дённік аднаго маладзёна і сустра-каю там іранічную заўвагу: "Няўжо Янка Брыль нешта чытаў?" І гэта гаворыцца пра чалавека, які, можа быць, адзіны з пісьменнікаў, столькі чытаў, прычым на некалькіх мовах! Але Брыль усё цудоўна разумеў, ён разумеў, што маладыя самасцвярджаюцца за кошт яго. Але якія выпады ў яго бок ні рабіліся, Брыль заўсёды падкрэсліваў, што даруе маладым.

Калісьці на вечарыне Льва Талстога, што праходзіла ў нашым Доме літаратара, Брыль працытаваў словы Аляксандра Блока: "З Талстым памерла пяшчота". Мне здаецца, што з Брылём у беларускай літаратуры памерла чалавечнасць. Як ні прыглядаюся, я ў маладога пакалення не бачу нават рэшткаў тае чалавечнасці, павагі да людзей, да свайго народу. Калі гаварыць пра пакаленні, я не магу не згадаць вельмі мілы і дарагі для мяне момант. У кнізе "Парастак" Янка Брыль, вельмі сціплы чалавек, пісаў: "У маёй сям'і няма пісьменнікаў. Праграмісты, матэматыкі..." Гэта не так. Яго ўнук Антон-Францішак Брыль - цудоўны паэт, ён перамог у ПЭН-цэнтраўскім конкурсе імя Караткевіча. У яго сапраўды вельмі добрыя, еўрапейскага кшталту, вершы. І што цікава: унук такі ж сціплы, як і дзед. Ён удзельнічаў у конкурсе пад псеўданімам Тамаш Лярмант".

Скобла: "Унук успадчыніў літаратурны талент дзеда. Сам Брыль заўсёды цікавіўся літаратурнай моладдзю. Адгукаўся ў друку на творы маладых, пісаў прадмовы да іхніх першых кніг. Уво-гуле, ён валодаў рэдкаю сярод літаратараў якасцю - умеў сябраваць з калегамі па цэху. "Дружбаў у нас малавата, " - шкадаваў ён у адным інтэрвію. Што гэта за з'ява - літаратурныя дружбы Брыля?"

Сямёнава: "У Брыля было пажыццёвае сяброўства з Уладзімірам Калеснікам, з Анатолем Вялюгіным, з Максімам Танкам, з Фёдарам Янкоўскім. Тут ужо згадваліся імёны пісьменнікаў-шасцідзесятнікаў... Я памятаю, як у 1966 годзе ў Міхася Стральцова ў перакладзе на расейскую мову ў Маскве выйшла кніга "Что будет сниться". І там была прадмова Брыля, дзе ён пісаў: "Адначасова чытаю Буніна і Стальцова - на адной хвалі прыёму". Тады гэта падалося неверагодным авансам, а цяпер мы бачым, што Брыль меў рацыю, і яго прадбачанне спраўдзілася. Дарэчы, ён некалі і Уладзіміра Ягоўдзіка заўважыў, і Хрысціну Лялько прывеціў, і да самых апошніх дзён сябраваў з ёю. Друкаваўся ў часопісе "Наша вера" і выдавецтве "Про-Хрысто", дзе яна галоўным рэдактарам. Брыль у свой час пісаў пра "сум палёў і раўненне на вечнасць". Мне здаецца, што і ў сваіх стасунках з людзьмі ён быў якраз з тымі, хто меў гэтае "раўненне на вечнасць".

"Брыль у 1941-42 гадах друкаваўся ў "Беларускай газэце" і працаваў у менскім музеі гісторыі пад кіраўніцтвам Антона Шукялойця"

Скобла: "У кнізе Янкі Брыля "З людзьмі і сам-насам" знаходзім запіс пра тое, як пісьменніка на чарговую гадавіну Перамогі запрасілі ў Адміністрацыю прэзідэнта - атрымліваць медаль з рук кіраўніка краіны. І Брыль адмовіўся ад такога гонару - не пайшоў. Вядома, як адпомсціла ўлада - не дазволіла пахаваць жонку пісьменніка Ніну Міхайлаўну Брыль на Кальварыйскіх могілках. Фактычна - і самому Брылю адмовіла ў месцы апошняга спачыну, якое ён выбраў сам... Лічыцца, што савецкая ўлада Брыля шанавала - і званне народнага пісьменніка меў, і прэміі, і за мяжу пускалі. А калі прыгледзецца больш пільна..."

"Трохі пра "шанаванне".... У 1949 годзе над Брылём навісала смяротная пагроза. Прычына - ягоныя ўцёкі з нямецкага палону. Ці яго адпусцілі, ці ён сам уцёк? Калі адпусцілі, - значыць, супрацоўнічаў з немцамі. Калі сам уцёк - як гэта яму ўдалося? Гэта першая зачэпка. А вось другая. Брыль у 1941 годзе вярнуўся ў родную вёску Загору, і да яго адразу з'явіліся хлопцы з паліцэйскага гарнізона з Турца: "Будзеш у нас у гарнізоне сакратаром". У паліцыі Брыль быць не хоча, ён разумны хлопец і разумее, што Гітлера з яго чалавеканенавісніцкай палітыкай чакае крах. І тады ён уцякае ў Менск. Тут ён у вестыбюлі магістрату (бургамістрам на той час, быў здаецца, Вітаўт Тумаш) знаёміцца з Наталляй Арсенневай, Рыгорам Крушынам, Антонам Адамовічам - цветам беларускай літаратуры ў акупаваным Менску. Тады ж Брыль друкуе апавяданні ў "Беларускай газэце". Працуе ў менскім музеі ў Антона Шукялойця.

У 1949 годзе Брыля на выдавецкім калідоры сустракае Лукаш Бэндэ: "Мы всё знаем! Я до вас ещё доберусь!" А ў Брыля ўжо двое дзяцей - дзве дачкі. Уявіце сабе сітуацыю. Ратавала тое, што Брыль быў у партызанцы, і яго не так проста было ўзяць. Ён праз сваё партызанства даказаў калі не лаяльнасць уладзе, дык свой патрыятызм.

Ну, і нарэшце, Брыль стварае аповесць "У Забалоцці днее", якую прачытаў асабіста Сталін (у дзённіках Канстанціна Сіманава ёсць пра гэта запіс). Прачытаў і прысвоіў Брылю прэмію імя свайго імя (прабачайце за такую таўталогію). Вось гэта пісьменніка ўратавала канчаткова. Хоць і лаўрэаты Сталінскай прэміі не былі застрахаваныя ад рэпрэсій...

Далей - 1968 год, жнівень. Савецкія войскі ўваходзяць у Чэхаславакію. А Брыль - дзяжурны сакратар Саюза пісьменнікаў. І прыходзіць каманда з ЦК КПБ - наладзіць мітынг, ухваліць палітыку савецкага ўраду і камуністычнай партыі, папляскаць у ладкі. І Брыль разумее, якая ганьба яго чакае. І ён уцякае да Максіма Танка на Нарач. Яго не могуць знайсці, тады мабільнай сувязі не было. І тут пад рукой у ЦК аказаўся Іван Паўлавіч Мележ, які і быў вымушаны арганізаваць той пісьменніцкі мітынг... Вось такія няштатныя сітуацыі".

"Брыль трымаўся запавету Льва Талстога "жыць з народам"

Скобла: "Здаецца, Леанід Дранько-Майсюк назваў Янку Брыля "вязьнем цытатаў". А Масей Сяднёў па-сяброўску пакепліваў: "Мне самому нічога не трэба чытаць, дастаткова пагартаць Брыля, і ведаеш, пра што тая ці іншая кніга". Давайце пагаворым пра Брыля-чытача".

Кісліцына: "Брыль-чытач заўсёды спыняўся на ярархіі духоўных каштоўнасцяў. Я не магу прыгадаць, каб Брыль займаўся пераказам прачытанага. І цытаты ў яго вельмі цікавыя, калі на іх паглядзець. Вось, скажам, чытае Брыль Дастаеўскага. На што ён звяртае ўвагу? На думку Дастаеўскага пра беларусаў: "Усякая здаровая зямная сіла верыць у самую сябе і сваю праўду. І гэта найпершая адзнака здароўя народнага. Без гэтай веры ў сябе не выстаяў бы, напрыклад, на працягу вякоў беларускі народ і не выратаваў бы сябе ніколі". Гэтая цытата з Дастаеўскага настолькі блізкая Брылю, што адразу і не здагадаешся, хто гэта напісаў - Брыль ці Дастаеўскі?

Якіх аўтараў найперш любіў Брыль? Калі гаварыць пра літаратуру, гэта, найперш, Чэхаў (ёсць у Брыля эсэ "Мой Чэхаў"). Калі гаварыць пра філасофію, тут, безумоўна, на першым месцы Леў Талстой. Цікава, што многія пісьменнікі, цытуючы блізкіх па духу людзей, не жывуць па тых законах, якія накрэсліў для іх іхні кумір. А вось Брыль запавету Талстога "жыць з народам, з плёну сваіх рук" трымаўся на працягу ўсяго свайго жыцця. Што яшчэ імпануе мне ў Брылі-чытачу, дык гэта ягоная любоў да дэталяў. А як ён заўсёды вылучаў у другіх пісьменнікаў залацінкі мовы народнай!"

"У неапублікаваным "Дзённіку" Брыля каля 5 000 старонак"

Скобла: "Раней, калі паміраў пісьменнік, абавязкова стваралася камісія па літаратурнай спадчыне. Цяпер гэтага няма. Ходзяць чуткі пра брылёўскі дзённік. Вось калі Анатоль Сідарэвіч згадваў малавядомыя факты з біяграфіі Брыля, мне падумалася, што даведацца пра іх ён мог хіба з тых дзённікаў. Вы іх бачылі, спадар Анатоль?"

Сідарэвіч: "Брыль паказваў мне адну з папак. У яго была даўняя звычка - пісаць ад рукі, а потым самому перадрукоўваць на машынцы. Ён мне паказваў апошнюю папку, калі аддаваў яе дачцэ Наталлі. Я звярнуў увагу на нумарацыю апошніх старонак, там была пазначана - 4 800. Так што дзённік вялікі. Гэта, як сказаў бы я словамі Юсцінаса Марцінкявічуса, дзённік без датаў. Гэта запісы, зробленыя ў храналагічнай паслядоўнасці. Дзённік зберагаецца ў Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва. Згодна з аўтарскай воляй, доступ да яго закрыты на пяць гадоў. Праз чатыры гады, думаю, пачнецца публікацыя.

Як я магу здагадвацца, будзе там і пра перыяд 1941-1944 гадоў, і пра тое, хто канкрэтна пісаў на Брыля даносы, хто канкрэтна яму пагражаў расправай. Будуць там, мабыць, дыялёгі Брыля з Іванам Клімавым, які быў у Савеце Міністраў куратарам літаратуры і мастацтва і з пісьменнікамі вельмі не цырымоніўся. Гэта Клімаў у 1939-м быў камісарам Віленскага краю, а калі Сталін перадаў Вільню літоўцам, стаў сакратаром Вялейскага абкаму кампартыі. І пасля, ужо ў Менску, ківаў пальцам на Максіма Танка: "Эх, не дабраўся я тады да цябе, цыбаты!"

"Гэты хлопец - "Брыль-Ян-т беларускай літаратуры"

Скобла: "Хацелася б пагаварыць пра мову Янкі Брыля, пра яе дакладнасць і вобразнасць. Часам яго сказы нагадваюць мона-вершы, яны самадастатковыя.

"Спяваюць, грэючыся песняй, жаваранкі".

"Цымбальныя скокі дажджу па вадзе."

"Сонца праз хмары падперлася косамі."

"Маланка хрысціцца, як спалоханая маладзіца."

Вось Ганна Кісліцына гаварыла пра тое, што Брыль светапоглядна арыентаваўся на Талстога. Але кумір Брыля Талстой не прызнаваў метафары ў прозе і ўвогуле не вельмі шанаваў паэзію".

Сідарэвіч: "Не паклёпнічайце на Талстога! Ён плакаў, чытаючы ў Буніна: "И паутины тонкий волос блестит на праздной боразде".

Скобла: "Гэта выключэнне з правіла. Паўтараю - Талстой не любіў паэзію. Пачытайце ягоныя творы - вы там практычна не ўбачыце мастацкіх вобразаў".

Сідарэвіч: "Леў Мікалаевіч свядома пазбягаў усякай паэтызацыі. Гэта праўда".

Скобла: "Вось і пагадзіліся... Пытанне чыста літаратурнае: як удавалася Брылю мець Талстога за куміра і адначасова быць яму поўнай супрацьлегласцю ў творчасці?"

Сямёнава: "Брыль ішоў за Талстым у жыццёвай філасофіі, у сваім modus viven-di, як ужо сказала Ганна. Памятаю брылёўскую выпіску з Талстога: "Найлепш нічога не гаварыць пра сябе, трэба клапаціцца пра суд свайго сумлення, а не пра суд людзей." А ў літаратурнай творчасці ён ішоў больш за Чэхавым, за Буніным, за Мантэнем. І Брыль, безумоўна, вельмі мэтафарычны. Дарэчы, прыходзіў ён у літаратуру як паэт, друкаваў свае вершы ў заходнебеларускім часопісе "Шлях моладзі".

Сідарэвіч: "Калі згадваць Брыля-пачаткоўца, нагадаю, што адным з ягоных настаўнікаў быў Кузьма Чорны. Ён прачытаў яго першыя апавяданні і скаламбурыў: "Гэты хлопец - Брыль-Ян-т беларускай літаратуры". І ж не памыліўся".

Брыль: "Расейцаў у Беларусі - "меньшинство", але гэта "подавляющее меньшинство"

Скобла: "Мы сёння гаварылі пра брылёўскую прозу, пра Брыля-грамадзяніна, пра Брыля-чытача. Мне б хацелася згадаць малавядомую іпастась пісьменніка: Брыль - перакладчык паэзіі. Ён - адзін з перакладчыкаў паэтычнай анталогіі "Паэты Ленінграда" (1948), ён перакладаў вершы Міцкевіча і Буніна. Вось выдатны пераклад бунінскага верша "И трава, и цветы, и шмели, и колосья...", зроблены Брылём:

Травы, кветкі, чмялі,

каласы не гайдаюцца,

І ад спёкі блакіт не зміргне.

Прыйдзе час - добры Бог

у бадзягі спытаецца:

"Знаў ты шчасце зямное

ці не?"


І на ўсё я забудуся,

толькі пабачу

Палявую дарогу,

траву, збажыну,

І душу, анямелую

ў слодычы плачу,

Да каленяў Яго прыхіну.

Памятаю, зноў жа, адзін маладзён у друку папракнуў Янку Брыля за тое, што той часам гаворыць па-расейску. Сапраўды, міжнароднае братэрства - адна з улюбёных брылёўскіх тэмаў. Пытанне: наколькі беларус Брыль быў інтэрнацыяналістам?"

Сідарэвіч: "Згаданы вамі малады чалавек мог яшчэ пачуць, як мы размаўляем з Брылём і па-польску, і па-ўкраінску, калі не знаходзім адпаведнага слова ў беларускай мове. Гэты чуйнавухі малады чалавек мог пачуць з вуснаў Брыля трапную нямецкую прыказку, бо за два гады нямецкага палону Іван Антонавіч запомніў нямала нямецкіх словаў і выразаў. А з якой бага-вейлівасцю Брыль чытаў Шолам-Алейхема, Тараса Шаўчэнку! А як выдатна ён спяваў "Садок вішневій коло хаты..."! Мы з вамі гэтаму сведкамі, Міхась. А параўнайце "Ніжнія Байдуны" і "Коля-Бруньён" Рамэна Ралана - хіба гэта не аднаго парадку проза?

Прыгадваю, як я адчыняю дзверы ў брылёўскую кватэру, а гаспадар сустракае мяне на парозе прынагоднымі радкамі з "Пана Тадэвуша". Міцкевіч для Брыля ўвогуле быў святыняй. А як любіў ён Юльюша Славацкага! А згадайма сяброўства Брыля з цэлай пляядай польскіх пісьменнікаў! Гэта дзякуючы спрыянню Брыля на польскую мову была перакладзеная цэлая бібліятэчка літаратуры беларускай.

Выбачайце, быць пісьменьнікам і замыкацца ў сваёй шкарлупіне, не быць адкрытым на свет, на чужое трапнае слова - немагчыма. Пісьменнік павінен быць інтэрнацыяналістам, бо літаратура - гэта інтэрнацыянальная з'ява".

Кісліцына: "Брыль да расейскай мовы звяртаўся ў пэўных выпадках. Скажам, у адной мініяцюры ён пісаў пра тое, што і Гітлер, і Сталін у маладосці спявалі ў царкоўным хоры. І ў канцы дадае: "Умилительно!". Выкарыстанне другой мовы ў Брыля заўсёды было дарэчным. Для кожнага выпадку ў яго былі сваё слова, і свая мова".

Сямёнава: "Што да "расейскіх сімпатый" Брыля... Ён калісьці пісаў: "Расейцаў у Беларусі - "меньшинство", але гэта "подавляющее меньшинство".

"Ці будуць пераможцы і пераможаныя ў вайне ўлады з літаратурай"

Скобла: "Тыя адносіны, якія сёння існуюць паміж дзяржаўнай уладай і айчынным прыгожым пісьменствам, можна назваць па-рознаму. Маё асабістае вызначэнне: гэта вайна з літаратурай. Як вядома, Брыль быў удзельнікам другой вайны, вайны сапраўднай. І тады ён апынуўся ў стане пераможцаў. Як вы лічыце, ці будуць пераможаныя і пераможцы ў вайне з літаратурай?"

Сідарэвіч: "У 1930-я гады гэтая ўлада садзіла Кузьму Чорнага на кол. І я не аддзяляю беларускай улады ад улады тае. Бо сёння ў Беларусі ставяцца помнікі Дзяржын-скаму і Сталіну, узводзяцца "лініі Сталіна". Так што яна вартая пераемніца "слаўных" традыцый. Гэтая ўлада ў 1930-я гады страляла пісьменнікаў - дзясяткамі за ноч! А хто ўрэшце перамог? Хто памятае Панамарэнку, Шаранговіча, Гікалу?.. А Кузьму Чорнага, Уладзіміра Дубоўку, Язэпа Пушчу памятаюць".

Сямёнава: "Мастацтва і літаратура складаюць энцыклапедыю духоўнага жыцця народа. Яны валодаюць дарам адухатварэння. Выдат-ныя мастацкія творы не знікаюць, яны застаюцца на вякі".

Кісліцына: "У літаратуры можна перамагчы толькі ў адным выпадку: калі ты вядзеш вайну за свайго чытача. А барацьба ўлады і пісьменнікаў нічым плённым не скончыцца. Мы павінны, як Янка Брыль, змагацца за свой народ, а не супраць улады".

Скобла: "Дзякуй усім за ўдзел. З канца 1970-х гадоў Янка Брыль падоўгу жыў у Крынічным на беразе Нёмана. Лецішча ў Крынічным стала працоўняй пісьменніка, тут ім напісаныя многія творы, у наваколлі Крынічнага жылі ягоныя героі. У нашым архіве захаваўся запіс гутаркі з пісьменнікам".

Янка Брыль: "Мы ў 1978 годзе пасяліліся ў Крынічным у аднаго гаспадара, і нам вельмі спадабалася. Чатыры леты мы ў яго пражылі, а потым пабудавалі свой домік. Штогод з пачатку траўня да пачатку кастрычніка я тут жыву з вельмі рэдкімі выездамі ў Менск. І калі я сюды трапляю, у гэтае спалучэнне зялёнага, сонечнага і ціхага, то мне нікуды ня хочацца. Цішыня добра ўздзейнічае на творчы настрой, але мне ўспамінаецца выказванне Рамэна Ралана, здаецца, у "Жане-Крыстофе". Я працытую па-расейску, бо і чытаў некалі па-расейску: "Одиночество и тишина нужны в меру". Так-сама і мне часам хочацца, каб нехта прыехаў..."


Прысвечана Янку Брылю

2 жніўня 2007 г. у цэнтры Менска ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры на вуліцы Максіма Багдановіча ўрачыста адкрылася выстава, прысвечаная 90-м угодкам з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля. Імпрэза адбылася з ініцыятывы ТБМ. На выставе можна пабачыць кнігі Янкі Брыля, якія ўбачылі свет у розных выдавецтвах і ў розны час. У экспазіцыі шмат цікавых фотаздымкаў і асабістых рэчаў пісьменніка, перададзеных у музей яго блізкімі. У зале сабраліся вядомыя пісьменнікі, журналісты, музейшчыкі, а таксама сваякі Івана Антонавіча.

Першым узяў слова народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Ён адзначыў. што ўлады не спяшаюцца святкаваць юбілей чалавека, які столькі зрабіў для Беларусі. Але сапраўдны пісьменнік будзе вядомы да таго часу, пакуль ёсць мова і чытачы. Будзем чытаць і перачытваць Брыля, заклікаў Ніл Гілевіч, асабліва адзначыўшы пачуццё гумару пісьменніка, яго яскравасць і дасціпнасць.

Наступным прамаўляў Анатоль Вярцінскі. Ён пачаў свой выступ з радка Максіма Багдановіча "Я не самотны ...", паказаў паласу газеты "Звязда", прысвечаную 80-м угодкам Брыля, працытаваў некаторыя артыкулы з яе. Таксама зачытаў верш Ніны Мацяш "Матылёк", прысвечаны Янку Брылю.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч адзначыў, што 2 жніўня ўпершыню Брыль прадстаўлены ў беларускіх музеях як постаць, як знакаміты самабытны празаік, творца беларускай літаратуры другой паловы ХХ ст. Унікальная экспазіцыя выставы зроблена ў выглядзе кабінета пісьменніка. Прысутныя адзначылі прафесійнасць мастака музея сп. Чыстага, які стварыў гэтую цікавую экспазіцыю.

Народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч зачытала два фрагменты з замалёвак Янкі Брыля, у якіх выразна падаюцца беларускія народныя характары. Міхась Скобла сказаў, што сапраўдны пісьменнік заўжды афарыстычны і прывёў два афарызмы Брыля: "Рускія ў Беларусі - гэта меншасць, але падаўляючая меншасць" і "крывое кола на сябе бруд кідае". Скобла лічыць, што афарызмы пісьменніка неўміручыя. Таксама выступоўца адзначыў талент Брыля-перакладчыка, у тым ліку перакладчыка знакамітых рускіх паэтаў. Перакладаў Брыль і Адама Міцкевіча. Надзвычай цікавыя "монавершы" Брыля змешчаны ў яго празаічных творах. Міхась Скобла закончыў свой выступ, адзначыўшы, што ў "Крынічным" трэба праводзіць літаратурныя сустрэчы.

"У сцягах нашых многа святла" - вось найлепшы монаверш Янкі Брыля - адзначыў у сваім водгуку Анатоль Сідарэвіч. Ён распавёў таксама пра гуманізм пісьменніка, спадкаемца рускай і польскай гуманістычных традыцый. Брыль прыйшоў у савецкую рэчаіснасць у 1944 годзе ўжо 28-гадовым чалавекам з зусім несавецкай эстэтыкай. Таму ён актыўна прабіваў браню "соцрэалізму", пішучы пра праўду жыцця.

Напрыканцы імпрэзы слова ўзяў старшыня ТБМ Алег Трусаў. Ён распавёў пра працу Таварыства па ўшанаванні памяці Янкі Брыля. Выдадзены кішэнны каляндарык і паштовы канверт з партрэтам пісьменніка, Таварыства звярнулася да ўладаў Менска і Карэлічаў з заклікам назваць вуліцы ў гонар Брыля. Алег Трусаў распавёў пра мерапрыемства, прысвечанае творчасці пісьменніка ў Гданьску, горадзе, дзе Брыль ваяваў з фашыстамі ў верасні 1939 г.

З верасня плануецца распачаць збор подпісаў грамадзян з мэтай надання адной з вуліц Менска імя Янкі Брыля.

Наш кар.


У дзень 90-годдзя Янкі Брыля сябры і сваякі згадвалі яго ў Крынічным

4 жніўня ў дзень 90-годдзя з дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля, каб ушанаваць ягоную памяць, на ягоным лецішчы на беразе Нёмана ў Крынічным, што ў Карэліцкім раёне, сабраліся родныя, сябры, паэты і пісьменнікі.

З канца 1970-х гадоў Янка Брыль амаль кожнае лета праводзіў у Крынічным. Тут ён пісаў, прымаў гасцей. І вось ужо больш за год, як яго не стала. Сёння ў Крынічнае прыехалі пісьменнікі Генадзь Бураўкін, Сяргей Законнікаў, Анатоль Жук, Анатоль Кудравец, Анатоль Вярцінскі, Мі-хась Скобла, Анатоль Сідарэвіч.

Першае, што гучыць з вуснаў кожнага - ніхто не можа яшчэ звыкнуцца з тым, што Янкі Брыля няма побач. Ягоная дачка Наталля прапанавала, каб кожны напісаў нейкія ўспаміны, каб потым выдаць кнігу аб ім. А Анатоль Жук, седзячы пад дубам, дзе звычайна любіў сядзець Янка Брыль, кажа, што не можа зараз пісаць аб ім у мінулым часе.

Даследчык творчасці Брыля Анатоль Верабей прачытаў цэлы даклад аб адносінах Брыля і Караткевіча. Ягоны матэрыл ужо падрыхтаваны да будучай кнігі. Сяргей Законнікаў узгадаў, як Янка Брыль балюча шукаў той стрыжань, які аб'яднае вакол сябе беларускі народ. Брыль прыйшоў да высновы, што гэта можа зрабіць толькі мова. Анатоль Вярцінскі чытаў мініяцюры Брыля, з асалодай смакуючы ягонае слова.

Атмасфера панавала цёплая, гучалі песні, паколькі Янка Брыль сам вельмі любіў спяваць. Я пабываў у хаце Брыля, у пакоі, дзе ён пісаў: усё даволі сціпла - пісьмовы стол, самапіска... А ягоная ўнучка Данута дастала яшчэ друкарскую машынку.

Гаворыць Генадзь Бураўкін: "Сёння, у гэты прыемны, радасны дзень, калі Янку Брылю споўнілася б 90 год, мы прывезлі нашу любоў і павагу да яго ў гэты куток, які ён вельмі любіў, які яго натхняў, і можа быць сапраўды ў гэтай цішыні сённяшняга спакойнага дня, пад высокім небам, каля дрэваў, дзе ён зусім нядаўна яшчэ хадзіў, побач з Нёманам, які ён любіў, разумееш, што як вечны наш Нёман і гэтае неба над намі, так вечная і памяць пра Івана Антонавіча Брыля, так вечная яго таленавітая, выдатная творчасць, так вечная ягоная волатаўская постаць у нашай культуры.

Сёння мы не памяць яго адзначаем, а ягонае выдатнае жыццё. Гэтыя дрэвы, з якімі мы пазнаёміліся, памятаюць яго, Нёман памятае яго, а тое, што мы яго помнім - ды божачка мой, хіба можна забыць усё, што ён для нас зрабіў, усё, што ён стварыў для Беларусі?"

Едучы ўпершыню ў Крынічнае, мне некалькі разоў даводзілася пытацца ў людзей, як адшукаць лецішча Янкі Брыля. І кожны чалавек ведаў гэтае месца і імкнуўся як мага падрабязней патлумачыць, як туды даехаць...

Міхал Карневіч.


ГАВОРЫЦЬ НАША ГРОДЗЕНШЧЫНА

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

17. Ну як раней жылі? Пэўнё, што ні гэдак, як цяпер. У тваёй мацяры, маё ты дзіцятко, адзінаццаць было, а ўсе і дагледжаныя, і ніхто благого слова, бронь Божа, ні скажа. Было, есьці ні было чаго, а яна (маці) то крапівы спат плоту, то кіслаго малачка прыправіць с цыбулькаю, ды гэдак і перакідваліся. Дзякаваць Богу, ні калекамі вырасьлі. Ну а тыя, што паміралі, дык тады дзе ш тыя дактарэ былі. Покуль на кані да Навагратка везьлі, дык Мішка і сканаў на руках. Усяк, дзеткі, прыходзіласё. Алі маці твая хітрая была. Помню, ідзямо за гумна жыто жаць, а яна адышлася і гукая на большу: "Ірка, глядзі, кап там гопа ў печы ні прыгарэла, то ш я забылася да засланкі падсунуць!" А якая там гопа, калі нават булёну ні было чым заскварыць. Гэто ш кап мы ні думалі, што ў яе дзеці галодныя ходзяць. А падрасьлі дзеці, то хлопцаў большых у пастухе на лето аддавалі. Пасьвілі людзям вочараць, а тыя іх кармілі, абувалі і збожо давалі. Цэлу весну і восянь ў школу ш ні хадзілі. А во глянь ты, у людзі вышлі. Ірка - настаўніца, і Борык - ваенны, і астатнія як людзі. Ніхто ні пасьмяецца. Алі вот ты скажы, і жылі бедно, а тваёй мацяры ўсе завідавалі, бо ў вас ніколі сваркі ні было. Алі што ш хацець, твой бацько ніколі "ты" на мацяру ні сказаў. Усё хорашанько, ды ціханько, ды разам.

Жанчына, 1903 г. н., в. Райца Карэліцкі раён, 1990 г.

18. Во, і Танюшка якрас прышла. Памажы мне ў каморцы папратаць, а то адна не даю рады. Думаю ў гэту нядзелю сьвіню закалоць, а ў каморцы, бронь Божа, за лето й пылу нейкага насела, і павуціньня - аткуль толькі яно ўзялося - і ат мышэй спасу няма. Мо ў вас дома есьць якая атрава на мышэй, запытай у бацькі. Вочы ўжо ня бачаць добра таго павуціньня. Нітку ў голку ўжо не магу зацягнуць. А вунь шва колькі ляжыць, што не ведаю, калі яго пашыю. Няхай бы нясьлі ў арцель, ды ш не - шукаюць амаль дарэмнага. Хай жа хаця п прыходзілі швы апкідаць, і то было п ляхчэй. Тая ш Санька мае швейную машыну - ўсё роўна нясе мне шво. Не, кап прысьці павучыцца крою, дык ёй ўсё часу няма. Я, як маладою была, то хадзіла, кап навучыцца крою да адной удавы. Было ў яе трое дзяцей. Хаця й далекавата яна жыла, але ш і хадзіла за далёкі сьвет. Папо за гэта атплачваў ёй то шкваркай, то яйкам, то яшчэ чым. Потым, як шыць навучылася, папо машыну купляць. Хоць і дарагаватая яна была, але ж я як завінулася з гэтай машынай, дык дзе ш дзенесься, прышлося тры карове прадаць, кап машыну тую купіць. Яна ш і цяпер яшчэ ў мяне робіць, не горш за новыя. Але ш я ўжо старая стала, няма ў мяне ўжо той ахвочы, што была раней, ды вочы й тыя ня бачаць. Ой, усё гавару й гавару тут с табою, я ш ваду на газі аставіла, трэба яшчэ рас працерці ўсе гэтыя полкі. Пайдзі яшчэ ў вядрыну за дзяругай. Трэба гэту бумагу вынесьці ды спаліць, а то ўнукі ўсё сабіралі сабе тут нейкую макулатуры ды таквеляка яе тут назьбіралі, а ў школу ды не занесьлі, а мышы яе тут трохі і пагрызьлі. Мо там бацька ў Навагратак на базар паедзе, то няхай мяне возьме, хачу ш парасяты купіць. Картошкі трохі ўкапала, дык есьць чым карміць. Заўтра Антон пад'едзе дровы пілаваць, накажы, мо й бацька падыдзе пасьля работы ці вабед ды паможа парэзаць. Удвох бы ўрас парэзалі п. Ну добра, бяжы дадому.

Жанчына, 1921 г. н. в. Равіны Карэліцкага раёна, 2004 г.

19. Была дзеўкаю я. Хлопцы любілі. А ў міне бацькі ні было, толькі маці, браты старэйшыя і сястра старэйша, а я сама малотша. Ужо я стала дзеўкаю. Мне дало ліха палюбіцца c хлопцам, ды с такім бедным. Ды я і сама такая сама. Трэба было ш нам палюбіціся такім бедным. Мне ш уся мая сям'я забараніла, кап я сыходзілася зь ім. А кап ні было багачшых хлопцаў, так былі п радыя, хто браў бы, за тога і аддавалі п. Сям'я, канешне, - каб ішла за багачшых. Мы любіліся ў бядзе і сьлязах, бо нам забаронена. Давай мы саветавацца ўдваіх. Я загласна сь ім разысьціся, хоць і любіла, а ад яго ні абаранюся. Я яму саветую і проста ўгаварую, што разыдземся мы, бо што мы будзем рабіць, такія бедныя, як мы пажэнімся. Пойдзям шукаць, каб дзе на службу служыць. І ў нас ні будзе ўжо нашай любі, будзям толькі сварыцца. Ты шукай сабе дзеўчыны багачшай, а я выйду за багачшага. А мы будзям украткам любіціся. Ён толькі сказоў: "Ні бойся, мы маладыя, дамо ў жыцьці раду. Я маю работу ў руках - шавец. Ты ўсё думаеш, як будзям жыць, а я толькі думаю, абы мы пажаніліся". Ну, так ён міне ўгаварыў. Я загласна за яго выходзіць. На суботу сваты, а я ш баюся ў хаці прызнаціся, што ўжо прыйдзе ў сваты. Але ш мусіш прызнаціся. Але сваім я ўсё ш сказала, што прыйдзе ў сваты Юзік. Усе ш захадзілі, усе напроціў. Малотшы брат старэйшаму кажа: "Халера яе ведае, што зь ёю рабіць. Давай павесім і скажам, што сама павесілася. Што мела гінуць за батраком, то хай лепей павесім". А ён усе ш такі ўзёў свата, паўлітра воткі ішчэ і вяночкам прыброў вотку. Па-настаяшчаму трэба ш прыбраць усе, пазваць людзей на чарку, а я баюся, што тут ужо будзя. С хаты ўцякла, заляцела аш за гумно. Хай ужо бес міне, можа, будуць с хаты яго выкідаць. Сяджу ўжо там, а яны прышлі і с сватам. А ў хаці ўсе, хто на печ, хто на лошку, хто на другім лошку, ніхто ні ўстаў. Тады сват кажа на брата старэйшага: "Ваця, хадзі да стала. Буць ты чалавекам, прыдзі да стала, вып'ям па чарцы. Ні хочаш ты яго, так ты хадзі да міне пагаварыць". А брат сказоў: "Мне німа чаго гаварыць. Мы ўсе сям'ёй ні хочам, кап яна за яго ішла, і німа чаго гаварыць". А я за гумном сядзела ды ўжо думаю, што недзе ш ужо дагаварыліся, і давай ісьці ў хату. А пад вокнамі кругом хаты людзей поўна. Усім цікавасьць, як Кавоклі прымуць Юзіка. Я ўвайшла ў хату. Юзік ўстоў ад стала, прыйшоў да міне, а я ў плач. А ён кажа: "Ні плач, Юзэфка, узоўтра каб была гатова, мы будзям ехаць, кап ты была гатова, я цібе паклічу". Забраліся і пайшлі с хаты сват з маладым. А я ш так стала плакаць па ўсём гэтым і думаю, кап тата ў міне быў, то гэтак ні было п. Ну, ужо кладуцца ўсе спаць. Міне сястра ні прымае на лошку. Я на лаву лахманчык паткінула і на лаўцы пралежала ўсю ноч. А сястра як пачула, што Юзік сказаў, а гэта было ў мясаедзі, сама па Калядах, так яна пахавала ўсё адзеньне, сьнягоўцы, панчохі. Назаўтра я давай прыбіраціся. А я зімоваю парою абулася ў лодачкі і падраныя панчохі. І ўжо сват і з маладым едзя і міне завуць. Я да іх выходжу ніадзета, а загаварыць да іх ні магу, ком у горле засеў. І адразу лезу да іх на воз. Ну і паехалі барджэй за вёску. Юзік кажа: "Дамо рады". Разьвязаў мяшок сечкі і мае ногі закапалі ў сечку. А што сядзэня было заслана цёплым адзіялам, суконным, зьнялі ды накрылі на галаву. Заехалі да касьцёла. Я ш ужо ўстыдаюся ісьці. Увайшла ў пачакальню ды да жабракоў прысела. Выйшлі дахаты ехаць. Ізноў сяктак акуталі ды едзям дадому, але ш запаведзь у ксяндза ўзялі. Едзям у вёску, а брат стаіць на вуліцы ў адной рубашцы бяс шапкі, зімою гэта. Я кажу Юзіку: "Нешта ш ён прыдумаў. Можа, будзя па васку, як той Слука". Ажно ш ён за каня ды на надворак ды кажа: "Швагер, захіляйся да хаты, там ужо ўсё прыгатована. А ты, Юзэфа, кліч людзей на чарку". А да нас прыехаўшы стрэчны брат з другой вёскі і нават прывес карафку воткі пакаштаваць першай вырабы. І як дазнаў, што ў нас робіцца, то накрычаў, насварыўся на іх. Тады вот была ў нас першая чарка.

Жанчына, 1914 г. н., в. Гуды Лідскага раёна, 1997 г.

20. Сустрэліся мы з Ваням у Лідзе, мяса атпісвалі разам. Атпісалі, ну і ўсё, і мы свабодныя. Прышлі на рынак. А жара, цёпла. А мне піць хочацца. Кажу: "Так піць хочацца". А бабы продаюць клюкву. Здумаеш, які цяпер базар, а тады там, о, ніякага базару ні было. Ён мне купіў стакан клюквы, і я ела, і ён. І шчэ там адна дзеўчына была зь дзітдому. Ну, і ходзім там сабе па рынку, ямо гэту клюкву. Возьмеш у рот - кісьленька, так яно ўжо ні так піць хочацца. Ваня кажа: "Давайця сфадаграфіруемся". А мне што, ну й давайця. Тая дзеўчына ні стала, бо яна нек вродзі як дружыла зь ім. А я і ні замячала, я і сфадаграфіралася зь ім. І мне ён фатакартачку заплаціў, і я дахаты забрала. Гэта дзеўчына кінула, ці яна дахаты пашла напешы, ці яна чым паехала, ні ведаю. Досыць яна й ні была з намі. А мы цэлы дзень нек хадзілі, прышлі на станцу пад вечар. Пашлі білеты купілі. Нешто мы седзімо на вуліцы, гаворымо, а ён кажа: "Валя, есьлі ты пойдзіш за міне замуш, я прыеду ўвосінь да цібе ў сваты". Я нек засьмяялася, кажу: "Ну й прыягджай". А да міне былі ішчэ прыехаўшы сваты с Касілаўцаў, з другой вёскі. Тады ш яг было: хлопіц як увідзіць дзе дзеўчыну, чуць панаравілася, то ўжо прыедзе ў сваты, паўлітра воткі, дай у сваты прыедзе. А я нек і ні хацела за тога касілаўскага. Ён прыехаў і хацеў, кап перат летай жняю ўзяць у хату, каб жаць было каму. А бацька кажа: "Мы то перад летай вяселя ні зробім, бо ўжо прэнтка лета, мы ні зробім ". А я кажу: "Тата, добра, што ты гэтак казаў, я за яго і ні пайду". І мы выпілі гэтага паўлітра, і бацька дастаў нескалька грошай і заплаціў гэтаму кавалеру. Ну ўжо я нічога ні далжна, а выпіць трэба было, таму што ш гонар дзеўцы, што ўжо прыходзіў сват. У міне было мо зь дзесяць гэтых сватоў. Усё то такі, то гэтакі. Ну а потым, гэта было ўжо вясною, нек нека сьвято было. Нешта мама міне пасылала сюды да цётак. Я прыехала, а тут вяселя неча было. Ён за друшка быў. Помню, у іх натта конь быў харошы. Мы пайшлі выпраўляць маладога, дзяўчата, хлопцы. Яны за сталом сядзелі, ужо выягджалі. Ну, мы выправілі. Потым назаўтра ўжо там адгулялі ў тых Гародніках. Тады былі танцы, мы пашлі на танцы. Іван ні гаварыў ужо з друшкаю сваёю, ужо за мною ўсё гаварыў. Міне прыглашаў гуляць. Тады некалі хлопіц як ні прыглосіць дзеўчыну гуляць, то й ні пойдзе сама гуляць, як ціпер, пойдуць і таўкуцца. Адна сядзець будзе цэлы вечар, як ніхто ні прыглосіць. І Іван ужо прывёў міне дахаты. "Валя, я, - кажа, - свайго слова ні забыў, што табе сказаў". А я кажу: "Я ўжо й забылася". І прыехаў ён да нас пад восень нек. А я ўжо ўдома шыла. Было нека вяселя, і помню, так дзяўчатам я шыла сукенкі. І прылятае да міне дзяцька мой і кажа: "Валя, да цібе едзе хлопіц такі харошы". Я кажу: "Які хлопіц?" А я за друшку выбіралася. "Ён адзін прыехаў, палядзець. А я ш ні ведаю, хто". А ўжо як ён прыйшоў, то я пазнала. Мама міне ўжо за друшку ні пусьціла. Мы схадзілі на танцы, ці то нават і ні хадзілі. Тут ужо як узналі, што хлопіц у хаці, усе дзяўчата папрыходзілі, ужо ні пайшлі на вянкі аш у другую вёску. І тут ужо ў нас цэлы вечар былі. Лаўкі расьцягнулі. Тата трохі на скрыпку паграў. У нас грамафон быў такі с трубою, пласьціны клалі мы ўсё. Ну так пасядзелі, і ўсё. І ён кажа: "Прыеду да цібе ў сваты". А мама мая хоча, каб я за яго замуш пашла. А я нармальна, вот толька што ён харашо гуляў, наравілася. Назаўтра падвечар ён паехаў. Мы ўжо адну нядзельку яго чакаем і другую. А я ўжо, як толькі субота, печку вазьму забельваю. Адзета я ў такой спадніцы, запырскана, а тут - сваты. Бацька просіць: "Ідзеце ў хату". Яны прышлі ў хату, прынесьлі бутылку і лустачку хлеба. А сват многа пазагадаў пасагу, казаў, мы прыехалі да вас узяць вашу дачку, але наш буквар (гэта бацька ўжо Вані) так сказаў: дзесяць тысяч грошай. А тады дзесяць тысяч - гэта вялікія грошы былі. А бацька мой ды кажа: "У міне чатыры дачкі, і я ш каждай ні наўмеюся па дзесяць тысяч". А Ваня ўсё: "Ні слухай ты, - кажа, - яго". А я кажу: "На дзесяць тысяч мы ні сагласны, дажа й піць ні будзім вашай гарэлкі. А начаваць, - кажу, - начуйце, бо далёка ехаць". А мой кажа: "Ідзём людзей зьбіраць". Трэба было куму, суседаў, бацька хрышчоны, гэта абязацельна. Досыць мы набралі нек людзей на два сталы. Потым прыехаў, заяўленьне панясьлі. Трэба, каб заяўленьне доўга павісела на сьцяне ў сельсавеце. На Пакровы расьпісаліся. А яшчэ за месяц раней паехалі ў цэркву. А пасьля вяселя згулялі. І жывём ужо паўвека, підзісят гадоў во зара будзя. І сыноў двух маем. Во гэтака гісторыя.

Жанчына, 1925 г. н., в. Ганчары Лідскага раёна, 1998 г.

21. Раней васола было, не так, як тэрас. Тады ў Гайцюнішках школа міханізацыі была. Курсантаў было поўна, то часто рабілі танцы. Тады ш гэтых клубаў ні было. Танцы рабілі па хатах. Найболей то ў Маліноўскай танцавалі. Яны, ведаіш, бацька прыехаў з Амерыкі, добры кавалак зямлі купіў. Такая ладная забудова ў іх была. Многа пакояў. Куляжанкаў мела шмат, з імі і хадзіла на танцы. Так прыдумаю, як на дзеўку выходзіла. Ні мела чаго ўбрацца. Адна сукенка на штодзень, другая - да касьцёлка, трэцяя - на вечарыны. А малады, убрацца хочыцца. Тады вайной нічога ш ні было. Так помню адну сукеначку, такую шэрую, цётыначка дала. А посьля й шарафанчык, такі ядвабны, і блузачку. Кажа: "Бяры стройся, ідзі на танцы. Я ш ужо ні пайду, куды ш мне". А ў хаце як ест, так і добра. Помню, у маладой мяне косы длугія, тоўстыя былі. Пайду танцаваць, то гэтыя косы тылько плясь па плячах, плясь. Ото ш надаелі яны мне. Посьля адрэзала ўзяла, андуляцыю зрабіла. То бацька сварыўся, казаў: "Хіба ты, дзеўчына, здурэла". Раней і танцы не такія былі, як тэрас. Тэрас некія сьмешныя танцы, як стануць, то й таўкуцца на адным мейсцы. А мы гулялі белу кадрылю, краковяка, вянгерку, фокстротак, танго, польку. Найболей граць наймалі дзеда сь Сьвілоў. Курсанты сядуць на каня, то глядзі - рас-два й прывезьлі. Як нашы ні былі паехаўшы да Амерыкі, то я ў Таўрэлі часто хадзіла на танцы ці на васэля. От калі ўбачыш у касьцеле сястру сваю ў другой стрэчы, то яна скажа: тады й тады прыхоць да нас на танцы. Часто ў хаце, дзе браціха жые, тэш танцы былі. Гэтыя хазяіны да Польскай йшчэ ні былі выехаўшы. Як набярэцца нас там, то поўная хата. Ото ш васало было. Наша хата тэш ні малая. Так ужо глядзі, курсанты й просяцца: "Белаус, пусьці, пусьці". Абы толькі папрасілі ў бацькі хаты, так і пусьціў. Шафу адсоўвалі да сьцяны й гулялі. А потым засьмецяць, затопчуць падлогу й ні хочуць пратаць. І пратай ты за імі. А рас, помню, ото шмат курсантаў набралася ў нашай хаце. А дзяўчат было мала. Адзін укланіўся й вывяў мяне гуляць. А потым давай абымацца. Я як закрычу, як выляту с хаты ў кухню. А бацька кажа: "Чаго ты як дурная?" Аля рас у нашай хаце былі танцы, то ото ш біліся. Ужо тата казаў: "Ні пушчу боляй". Добра гокнаў ні пабілі. У Бэльскіх тэш хата нічога, туды часто хадзілі. Змовімся з дзяўчатамі і ідзем. Дзе нас тылько ні было. І во што спомніла. Рас пашла я с куляжанкай на вечарыну, з Валькай. Яна так ладна танцуя, я найбольш з ей і хадзіла. Добра ні прыпомню, хіба да Бэльскіх пайшлі. Уваходзім, а там ужо гуляюць. Поўна хата. Углядаюся, усе некія незнаёмыя. Адзін вывяў мяне гуляць, нізнаёмы, і як укусіў, то прама кроў пашла, хоць ты яму ў морду дай. І чорт ве, што рабіць, і няма як крычаць. Ну што рабіць, усю насовачку закрывавіла. Тады ў Гайцюнішках школа міханізацыі была, я думала які курсант. А посьля дзяўчаты даведаліся, скуль ён. Ну, дабыла я нек тую вечарыну. Ідзем ужо зь дзяўчатамі дахаты. Валька да мяне гаворыць. "Я, - кажа, - думаю, што ты ўсё выціраісься. І ўсенька хустачка ў крыві. Можа кроў з носу прарвалася?" Тады давай я ім расказваць. А Валька кажа: "Я яму як дала п, дык ён адразу атскочыў бы". І сьмяюцца тады дзяўчаты: "От, знак пасадзіў табе". Прыходжу дахаты, бацька пытая: "А што ш гэта?" Аля што ш скажыш, маўчу. От якіх было паганых хлопцаў. І тэрас хіба іх ест. Да трыццаці гадоў хадзіла на танцы, на васэлі, а посьля ўжо ні хадзіла. Думаю, стыдна ўжо ісьці, маладыя ўсе.

Жанчына, 1923 г. н., в. Лушчыкі Воранаўскага раёна , 1997 г.

(Працяг будзе.)

Мікалай Даніловіч, доктар філалагічных навук, прафесар


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў жніўні

Кунцэвіч Святлана Грудніцкі Рыгор Грудніцкая Тамара Доўгі Уладзімір Барадзіна Інга Мікалаеўна Косінец Анатоль Вячорка Аляўціна Сямёнаўна Грынюк Вольга Віктараўна Блоцкая Ірына Мікалаеўна Навумовіч Іван Мікалаевіч Арлоў Уладзімір Аляксеевіч Папова Варвара Сяргееўна Гудкова Вольга Уладзіміраўна Рысявец Уладзімір Аляксан. Сташкевіч Яна Ігараўна Макарэвіч Віталь Сяргеевіч Акіменка Антаніна Круглая Марына Віктараўна Малей Кацярына Краўчанка Пётр Кузьміч Цыганкова Анастасія Дзмітр. Бураўкін Генадзь Мікалаевіч Бранішэўская Света Басін Якаў Зіноўевіч Оліна Эла Ігараўна Марачкіна Ірына Сяргееўна Купава Вітаўт Мікалаевіч Панкоў Міхась Цімашэвіч Уладзімір Максім. Пабірушка Надзея Чэчат Алесь Віктаравіч Карповіч Андрэй Уладзімір. Мальдзіс Адам Восіпавіч Мішкевіч Аліна Міхайлаўна Варапееў Уладзімір Губскі Уладзімір Стукала Алена Антановіч Кастусь Уладзім. Сак Міхал Міхалавіч Пятровіч Ева Камароўскі Мікола Іванавіч Навумец Яўген Часлававіч Дакурна Генрых Фабіянавіч Андрэеў Ілля Аляксандравіч Барысік Таццяна Іванаўна Піскун Людміла Аляксееўна Супрановіч Віталь Канстанц. Анціпенка Алесь Ілліч Жлабовіч Мікалай Уладзім. Рачко Таццяна Рыгораўна Антанюк Раіса Рыгораўна Капціловіч Тамара Дычок Сяргей Уладзіміравіч Вайноўскі Міхаіл Нікіценка Мікалай Сідарэвіч Наталля Габец Ягор Валер'евіч Камароўскі Мікалай Міхайл. Крупкіна Рыта Мікалаеўна Іваноў Мікалай Аляксеевіч Леановіч Алена Георгіеўна Міхайлоўская Анастасія Вяч. Дзергачова Любоў Рыгораўна Рачко Віктар Дарафяюк Міхаіл Жаркоў Аляксандр Іванавіч Патапчук Леанід Дабравольскі Андрусь Грыгенча Вераніка Гаплічнік Аксана Мікалаеўна Гедрэвіч Валянціна Васько Яніна Мікалаеўна Фралоў Валеры Сабаленка Алесь Сапуноў Уладысь Самайлюк Тамара Андрэеўна Андросенка Сяргей Андрэевіч Козіч Ганна Леанідаўна Садаўнічы Дзмітрый В. Адамчык Валерый Зянонавіч Сцефановіч Здзіслаў Уладзіс. Шаўчук Ігар Іванавіч Палівода Святаслаў Мікітавіч Тэжык Ірына Мандрык Наталля Коваль Альвіна Малашчанка Уладлена Садоўская Анастасія Раман. Маліноўскі Макар Галубовіч Ксенія Леанідаўна Дзешчыц Алена Аляксандр. Воўк Яўген Марчанка Дзяніс Васільевіч Стаціўка Алесь Канстанцінавіч Кароль Алег Салодкіна Святлана Скрыган Ігар Генадзевіч Мясніковіч Юрый Наліўка Лідзія Вячаславаўна Туронак Людміла Данатаўна Касаты Людвіг Канстанцінавіч Пушкін Алесь Ляскоўскі Уладзіслаў Канст. Торап Аляксандр Валер'евіч Каваленка Анастасія Уладзім. Жукоўская Алеся Іванаўна Кананенка Тамара Міхайлаўна Бут-Гусаім Святлана Феадос. Казлянка Людміла Мікалаеўна Трусаў Алег Анатольевіч Дзячкова Ларыса Сучкоў Іван Іванавіч Трухановіч Ларыса Чабанава Таццяна Аляксанд. Міхайлоўская Таццяна Васіл. Кузьміч Леанід Пятровіч Краснова Наталля Акрушка Яўген Анатольевіч Альховік Надзея Васільеўна Ваўранюк Ірына Ільінічна Трубач Таццяна Георгіеўна Зверава Тамара Філіпчык Васіль Іванавіч Цупранава Кася Кірвель Юзэф Юзэфавіч Куплевіч Віталь Эдуардавіч Васіляўскайце Таццяна Галаўнёў Мікола Іванавіч Савіцкая Ірына Канстанцінаўна Бандарчык Уладзімір Грышкіна Аксана Аляксандр. Глазырын Сяргей Акрамава Іна Сенькавец Ганна Крывецкая Наталля Алякс. Мудроў Алег Фарнэль Кастусь Іванавіч Марцынкевіч Андрэй Неткачава Валянціна Алякс. Сом Алена Уладзіміраўна Гарэлікаў Уладзімер Марат. Рамук Андрэй Анацка Алег Юч Галіна Жаўрыд Марына Аляксанд. Царук Вольга Іванаўна Шаранінская Ірына Віктараўна Лойка Тамара Князева Часлава Вячаславаўна Арэшкава Марыя Іскарцкая Марына Машчэнская Алена Карабельнікава Алена Бахметава Святлана Зайка Аляксандр Фаміч Кануннікава Ніна Паўлаўна Савосценка Ігар Пшэннік Тамара Францаўна Камянецкая Ірына Кушаль Глафіра Васільеўна Бубешка Антаніна Куль Дзмітры Адамін Іван Казак Алег Саўко Марыя Догелева Ала Сека Васіль Запрудскі Сяргей Мікалаевіч Раткевіч Лілія Грышуніна Наталля Стамінок Наталля Утачкіна Людміла Чарнякоўскі Віталь Радзівон. Пучынскі Уладзімір Станісл. Федуковіч Васіль Яцкоўская Святлана Анатол. Аляксандровіч Валянціна Краснік Вольга Муха Барыс Ібрагімавіч Мандрыкін Раман Аляксан. Дзянісік Алена Колесень Ірына Рынкевіч В. У. Раманчык Надзея Дзмітрыеўна Мінчук Уладзімір Курловіч Аляксандр Адамавіч Плевака Валеры Сцяпанавіч Валатоўскі Вячаслаў Валянц. Сушчэўскі Алесь Аляксандр. Азаранка Аляксандр Іванавіч Халіпскі Рыгор Веніамінавіч Шчэрбіч Мікола Аляксандр. Гаравая Ніна Віктараўна


СЛОВА ДА ЧЫТАЧА

Ты павер мне, чытач,

што я шчыра імкнуўся

Роднай мовы багацце

табе падарыць,

Каб пачуў ты сваё

беларускае слова,

Як яно мілагучна прыгожа гучыць.


Як ім можна узнёсла

казаць пра каханне,

Пра любоў да Радзімы,

да роднай зямлі.

Я хацеў, каб душы

тваёй Годнасць і Гонар

Словы матчынай мовы

высока ўзнялі.

Каб з сябрамі, узяўшыся

моцна за рукі,

З ёй у светлае заўтра

Дзяржавы ўвайшлі.


І калі ты адчуў,

што душа акрыяла,

І табе зразумела, пра што я пяю,

Гэта значыць -

задумка мая спрацавала,

І я выканаў вершамі мэту сваю.

Фелікс Шкірманкоў.


"Літаратурная Беларусь" патаўсцела

Ад 30 ліпеня газета ў газеце мае 16 палосаў. "Літаратурная Беларусь" выходзіць у выглядзе ўкладкі газеты "Новы час" і прэзентуе супольны праект сябраў Саюзу беларускіх пісьменнікаў. "Гэта альтэрнатыва адабранаму ў яго і цяпер падкантрольнаму штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва", - гаворыцца ў інфармацыі ад рэдакцыі.

У новым выпуску артыкул старшыні СБП Алеся Пашкевіча да юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа, палемічныя нататкі Алеся Рыбака пра існаванне двух Саюзаў пісьменнікаў, вытрымка з выступу галоўнага рэдактара часопіса "Дзеяслоў" Барыса Пятровіча перад рэдактарамі літаратурнамастацкіх часопісаў у падмаскоўным "Перадзелкіне", вершы Рыгора Барадуліна, гутарка з паэтам і манахам Знічом ды іншае.

Пра "Літаратурную Беларусь" гаворыць аўтар другога нумару старшыня Берасцейскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Ніна Мацяш: "Мы ссумаваліся па сваім друкаваным органе: па газеце, па той плошчы, дзе мы маглі б друкавацца. Цяпер усе пісьменнікі настолькі бедныя, што хацелася б нават, каб нейкія ганарары былі. Хоць на паштовыя маркі, ці на падпіску на тую ж самую "Літбелку" ("Літаратурную Беларусь")... Нам патрэбна трыбуна".

У артыкуле "Зямля і неба Якуба Коласа" Алесь Пашкевіч дае азначэнне класікампеснярам: "Янку Купалу і Якубу Коласу было наканавана стаць спарышаміблізнятамі, "арлом" і "арэшкам" нацыянальнага літаратурнага медаля, падвойным сімвалам нацыянальнага творства".

Літаратар Алесь Рыбак называе свой артыкул "Што з намі дзеецца?" і наступным чынам акрэслівае ўласнае бачанне незалежнага ад афіцыёзу Саюза пісьменнікаў: "У нечалавечых умовах, без аніякага памяшкання, без капейкі грошай, на адным толькі энтузіязме і веры ў праўду працуе сёння Саюз беларускіх пісьменнікаў. ...А на чарзе - новыя і новыя кандыдатуры творцаў, якія жадаюць уступіць у Саюз пісьменнікаў не дзеля ўласнай выгоды, а каб служыць літаратуры і свайму люду".

Барыс Пятровіч у сваёй прамове перад калегамі з краінаў СНД развенчвае міф клопату беларускай дзяржавы пра нацыянальную культуру. З іншага боку, ён адзначае, што сучасная беларуская літаратура робіцца менш палітызаванай і больш літаратурнай. "Вытворчая" тэматыка пайшла ў глыбокае мінулае і, спадзяюся, нават у нас звароту да яе ўжо не будзе", - падсумоўвае Барыс Пятровіч.

Асобная старонка прысвечана гутарцы Алеся Клышкі з паэтам, філосафам і манахам Алегам Бембелем, вядомым як паэт Зьніч альбо праваслаўны манах айцец Мі-калай. Фізік і духоўная асоба гутараць пра жыццё, уладу і лёс чалавека.

С. Квяткоўскі.


Па слядах літвы

Памяці Міколы Ермаловіч

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

"З гаспадарчага гледзішча паўстанне гарадоў - вынік хуткага развіцця вытворчасці і таварнага абмену" (Leciejewicz Lech. Słowiań-szczyzna zachodnia. Wrocław - Warszawa, 1976. C. 136) . А прафесар З. Івінскас сцвяр-джаў, што на абшары, дзе цяпер рэспубліка Летува, "аж да XVI ст. амаль зусім невядомы быў экспарт збожжа" (Iwinskis Z. Litwa w dobie chrztu i unii z Polską. S. 69 ). А гэта азначае, што там не была раз-вітая земляробчая вытвор-часць - аснова эканомікі. Там не было такіх радовішчаў балотнай жалезнай руды, як на дрыгавіцкіх і крывіцкіх абшарах, у Навагарадскім княстве. Паводле таго ж З. Івін-скаса, Жмудзь прывозіла жа-леза з Рыгі (Тамсама) . А з гэтага вынікае, што грамадства стаяла на невысокім узроўні развіцця. Як вядома, у Жамойціі да сярэдзіны XVI ст. не было пісьмовасці на жамойцкай мове. Так, у артыкулах летувіс-кіх навукоўцаў пра гісторыю, літаратуру Летувы, надрукаваных у БелСЭ, чытаем, што на тых (летувіскіх) землях "пісьмовасць пачала разві-вацца з канца XIV ст. на ста-ражытнай беларускай, пазней на лацінскай і польскай мовах. На старажытнай беларускай мове напісаны летапісы…" (Ланкуціс І. Літаратура. // БелСЭ. Т. 6. Мн., 1972. С. 404) . А пісьмовасць, як вядома, адна з неабходных для функцыянавання дзяржавы ўмоваў. Не было там і горада, які мог бы стаць племянным цэнтрам, дзяржаватворным цэнтрам. Нават у гэтак названых літоўскіх летапісах "жамойцкія кня-зі" ствараюць дзяржаўнасць на чужых землях, у Навагарадку, бароняць крывічоў, дрыгаві-чоў ад манголаў і татараў. А ў гэты час крыжакі рабуюць Жамойць, на землі якой "з пачатку ХІІІ ст., прыкрываючыся распаўсюджваннем хрысціянства,.. пачалі нападаць нямецкія рыцары. У 1230-83 гг. яны захапілі землі прусаў і заходніх жэмайтаў" (Слеса-рунас Ф. Гістарычны нарыс. // БелСЭ. Т. 6. С. 399) . Ства-рэнню самастойнай дзяржавы жэмайтаў перашкаджалі і кан-франтацыі з літоўскімі князямі. Прыкладам, з летапісаў ведаем пра змаганне Мяндоўга з жа-мойцкімі князямі, пра забойства Вішымута.

Як бачым, нельга сказаць, што сацыяльная групоўка ваяроў-літвы магла ўзнік-нуць на абшарах заходняй часткі сучаснай рэспублікі Летува. Дзеля такого гістарычнага працэсу не было адпаведных умоваў ні ў Жамойці, ні на прынёманскай палосцы зямлі "заходняй групоўкі аўкштайтаў", не кажучы ўжо пра Пабужжа. Давядзецца звярнуць увагу на іншыя рэгіёны.

Мекленбургскiя каланісты

Як адзначаў польскі даследнік А. Павіньскі, Мазоўша ў XVI ст. вызначалася вельмі вялікай шчыльнасцю насельніцтва, што можна вытлумачыць каланізацыяй гэтага краю заходнеславянскімі плямёнамі. Звяртаюць на сябе ўвагу мазавецкія тапонімы Smolnikі, Smolentа ды падобныя - усяго не менш за 20 паселішчаў (Powiński A. Polska pod względem Geograficzno-Statystycznym. T. V. Mazowsze. Warszawa, 1895. S. 355) . Гэта нашчадкі заходнеславянскага племені смалінцаў, што пера-сяліліся ў Мазоўша з Мекленбургіі, дзе яны, паводле фран-кскіх хронік IX ст., жылі на правым беразе Лабы паміж глінянамі і марычанамі (Mały słownik kultury dawnych słowian. S. 361) , гарадамі Бойцэнбург і Дзёміц. Вытворныя ад назову гэтага племені тапонімы былі і ёсць на Беларусі: Смаленск, Смаляны, Смалявічы, Смаленікі, (а таксама і ў сярэднім Панямонні - згаданы летувіскі горад Смалінінкай). Таму можна сцвярджаць факт перасялення на нашыя землі сама менш часткі племені смалінцаў. Яны паўтарылі лёс і шлях крывічоў, якія таксама выйшлі з Мекленбургіі, дзе калісьці былі вядомыя крывіцкія паселішчы, прыкладам Сrivе, Criwiz, а цяпер знаходзяцца тапонімы Dorf Сrivitz, Dorf Kribbe II-37, 50.

Як згадвалася, Паўла Урбан падаў звестку сагі пра Тыдрэка Бернскага, што калісьці частка вільцаў-люцічаў перасялілася на ўсход. Пошук пацверджанняў гэтай звесткі даў, як згадвалася, цікавыя вынікі: больш за 200 беларускіх тапонімаў, ідэнтычных назовам паселішчаў Меклен-бургіі. Апроч таго, некаторыя мекленбургскія назовы, пераважна айконімы - гэта паралелі да сучасных беларускіх прозвішчаў (глядзі спіс ва "Ўс-тупе").

Дзеля прыкладу возь-мем Ляхавіцкі раён. Так, у вёсцы Рачканы, назву якой далі, верагодна, перасяленцы з заходнеславянскага племя рачане (вядомыя, прыкладам, мекленбургскія паселішчы Rеthce, Rethzowе I-37, 50), жывуць сем'і Брэчкаў і Стра-мавусаў. У мекленбургскім дакуменце 1241 г. занатаваная такая форма паралелі да першага прозвішча - Вritzekowе . А другое мае адпаведніка - занатаваную ў дакуменце 1306 г. назву асобы - Stromoysе I-48, II-53. Верагоднасць перасялення палабскіх славянаў у наш край пацвярджаецца прозвіш-чамі жыхароў суседняй з Рачканамі вёскі Пашкоўцы: Лініч, Жабік, Трыбух, Сіцька .

Што да першага, то верагодна ягонае паходжанне ад назову племені ліняне (гліняне), якое ўваходзіла ў абадрыцкі звяз. Прыкладам, у дакуменце 1273 г. згадваецца Liniz ІІ-37. Прозвішча Жабік мае шмат адпаведнікаў: Sabiс, Sabenizе, Sabenе I-37, як, дарэчы, і Трыбух: Тribuzes, Тгibuses, Тribowе I-40. Прашчурам апошняга роду мог быць ваяр з заходнеславянскага племені трэбавяне, што, верагодна, жыло ў Сілезіі, у ваколіцах горада Легніца (Mały słownik kultury dawnych słowian. S. 390) , або з германскага племені трыбокі . Паходжанне прозвішча Трыбух можна лучыць з заходнеславянскай назвай даніны - трыбут * або з мясцовасцю (мікратапонімам) у Вехняй Лужыцы, як то вынікае з словаспалучэння za Trje-buchom (Kьhnel P. Die slavi-schen Orts- und Flurnamen der Oberlausitz. Kцln, Wien, 1982. С. 141. // Slavistische Forschun-gen. Band 36) . Варта дадаць, што каля вёскі Пашкоўцы вядомыя мікратапонімы Кудзеркі ды Куты, якія маюць адпаведнікаў на абшарах Вер-хняй Лужыцы: "w kutach" ды "Kudierki, Kudzer hat" (Тамса-ма С. 67, 69, 71) . Апошняе з паданых пашкоўскіх прозвішчаў мае паралелі: тапонім Sit-kowе І-68 з акругі Шверын ды паселішча Sytecowе, вядомае з дакументу 1342 г. як Dorf Sietow з акругі Варэн I-37.

Варта падаць яшчэ адну цікавую паралель - антра-понім Тrizcen ды тапонім Trezstini lug 'Трысценеў луг' І-72. Прозвішча ці імя гэтага селяніна з-пад мястэчка Варнаў, уладальніка лугу, ідэнтычнае прозвішчу Трысцень , якое маюць жыхары вёскі Літва ды суседніх сёлаў Ляхавіцкага раёну Брэсцкай вобласці. Да вайны ў Зарэцкім сельсавеце Лагойскага раёну Мінскай вобласці была вёска Трысцень , але яна спаленая нямецкімі карнікамі. Заўважым, што ў гэтым жа раёне знаходзіцца мястэчка Гайна, дзе кароль Ягайла заснаваў адзін з сямі першых у Вялікім Княстве Літоўскім касцёлаў для ахрышчанай літвы (Ochmański J. Ludność litewska we włości Obolce na Białorusi Wschodniej w XIV - XVI w. // Acta Baltico-Slavica. 5. Białystok, 1967. S. 147) .

Пра перасяленне ў нашую краіну заходнеславянскіх плямёнаў сведчаць назовы беларускіх вёсак і мястэчак, заснаваных пэўнымі родамі гэтых плямёнаў. Апроч згаданых вялетаў-люцічаў, дрыгавічоў, крывічоў, рачанаў, смалінцаў, тут пасяліліся абадрыты (Mały słownik kultury dawnych słowian. С. 267) . Далей - толькі нумар старонкі (Аброва), брэжане (С. 50) (Беражна), гліняне ( ліняне ) (С.120) (Глінішча, Лінова), дзеравяне ( дрэвяне ) (С. 96) (Дзераўная), лендзяне (С. 208) (Лядзіны, Лядзвені), ліпяне (С. 210) (Ліпа, Ліпск), марычане (С. 242) (Морач), ніжане (С. 262) (Нізкавічы, Нізок), стадаране (С. 367) (Старыя Дарогі), хіжане (С. 402) (Хізаў, Хізы) ды іншыя -- усяго не менш за дваццаць плямёнаў. Вядома, шукаць прыстанішча рушылі не ўсе. Значная частка славянаў засталася і цягам часу была анямечана. Але іх імёны захаваліся ў назвах паселішчаў. Прыкладам, у назве некаторых мекленбургскіх паселішчаў відавочны этнатапонімы: ве-леты (Dorf Vellahn), вельяне (Dorf Кl. Wielen), дрэвяне (Dorf Drewitz), дабране (Dorf Dob-ritz), лендзяне (Dorf Lensah) , северане (Dorf Severin).

Аднак асабліва цікавы-мі бачацца паралелі: паселішчы Lettnin, Litten, Litsouw (Trautman R. Die Elb- und Ostsee-slavischen Ortsnamen. T.1. Berlin, 1948. S.20) , і нашыя вёскі Літва, у аснове якіх корань -lіt- . Дарэчы, апроч назоваў Lettowen 'Літва', якіх ў Заходняй Еўропе нямала, як то вынікае з даследавання фінскага мовазнаўцы В. Кі-парскага (Kiparsky V. // Neu-philologische Mittteilungen, hgb. vom Neuphilologischen Verein in Helsingfors. Helsingfors, 1949. S. 198) , там жа сустракаем і літаў.

Хто такія літы?

Леты (lаеtus) - ваенныя пасяленцы.

Франкі, пачынаючы з ІІІ ст., ладзілі набегі на паўночна-заходнія правінцыі Рымскай імперыі, але не заўсёды вярталіся пераможцамі ды з багатай здабычай. У 242 г. іх атрад быў разгромлены ў Галіі: 700 чалавек палеглі на полі бою, а 300 палонных рым-ляне павялі ў рабства (Грацианский Н.П. Из социально-эканомической истории западно-европейского средневековья. М., 1960. С. 77). Тое ж ды ў тым жа краі адбылося і ў 277 г. Шэраг паражэнняў нанеслі франкам Канстанцый Хлор напрыканцы ІІІ ст., а на пачатку наступнага - ягоны сын Канстанцін Вялікі, рымскі імператар (306 - 337 гг.). Захопленых у палон франкаў, а таксама іншых палонных гер-манскіх ваяроў рымляне сялілі "на памежных тэрыторыях рымскіх правінцый" то як рабоў і калонаў * , то як ваенных пасяленцаў - летаў (lаеtus) (Неусыхин А. И. Проблемы европейского феодализма. М, 1974. С. 224; Грацианский Н.П. Из социально-эканомической истории… С. 79) , і прымушалі іх працаваць на зямлі. "Былы валацуга і разбойнік рабіўся спакойным земляробам, - цытуе расійскі гісторык М.П. Грацыянскі Яўменія, панегірыста імператара Канстанціна Вялікага. - Калі ж яго клічуць на вайсковую службу, ён ахвотна з'яўляецца на заклік… Хоць ён называецца ваяром, але гэта сапраўдны слуга …" (Там-сама) .

Як уяўляецца, Яўменій не толькі дакладна вызначыў сутнасць сацыяльнага стану ваяроў-франкаў, але і даў падставу ўсвядоміць сацыя-льную сутнасць носьбітаў тэрмінаў лет (лэт) ды літ .

Для ўзнікнення ды існавання падобнай летам (lае-tus) сацыяльнай групы па-за межамі Рымскай імперыі так-сама меліся ўмовы. Прыкла-дам, пра адпаведны ўзровень развіцця грамадства германскіх плямёнаў згадвае нямецкі гісторык Й. Херман: "Бясспрэчны гістарычны факт, што з канца І ст. германскія плямёны Цэнтральнай Еўропы, у тым ліку і регіёна Эльбы - Заале (Лабы - Салы - З. С .), рэгіёнаў на ўсход ад Одэра (Одры - З. С .) і Скандынавіі, мелі, што раз, то большую магчымасць пераймаць , адпаведна ўзроўню свайго ўласнага развіцця, вынікі развіцця вытворчых сілаў у правінцыях Рымскай імперыі" (Xеррманн Й. Общество у германских и славянских племён и народ-ностей между Рейном и Одером в VI - XI вв.// Вопросы истории. 1987. № 9. С. 71) . Пераймалі " метады працы, тэхналогію і земляробчыя прылады, здабычу жалеза і пераапрацоўку яго на вытворчы рыштунак ды зброю, а каляровых і каштоўных металаў - на рэчы штодзённага карыстання і аздобы, пераймалі таксама гаспадаранне ды нават формы пасялення " (Тамса-ма) . Й. Херман згадаў, пры-кладам, цэнтр ганчарства ў Цюрынгіі, дзе "з ІІІ ст. выраблялася кераміка паводле рымскіх узораў і рымскай тэхналогіі" (Тамсама. С. 73) .

Гэтыя ўплывы сягалі Мекленбургіі, дзе, прыкладам, вялецкія ганчары выраблялі знакаміты, г. нз. фельдбергскі , посуд. Дакладана вядома, што ў першых стагоддзях пасля Х.н. рымскія гутнікі працавалі на поўдні Польшчы, у Свентак-шыскіх гарах, дзе стаўся вядомым цэнтр апрацоўкі жалеза (Bielenin K. Starożytne hutnictwo Świętokrzyskie. Warszawa. 1963. C. 12) . Да гэтых фактаў можна далучыць і з'яўленне дзесьці ў той час вытворчасці шкла на абшарах сучасных Беларусі ды Украіны (Mały słownik kultury dawnych słowian. Warszawa, 1972. C. 522) . На доказ жа гандлёва-гаспадарчых стасункаў насельніцтва нашых земляў з Рымскай імперыяй можна падаць 23 знаходкі антычных манет, пера-важна на абшары заходняй часткі Беларусі (Энцыклапе-дыя "Археалогія і нумізматыка Беларусі". Мн., 1993. С. 408.)

На падставе розных фактаў узаемадачыненняў Й. Херман канстатуе: "Пачынаючы з V ст., магчымасць сінтэзу германскага і рымскага раз-віцця становіцца гістарычнай рэальнасцю" (Xеррманн Й. Общество у германских и славянских племён… С. 74) . І за прыклад такога сінтэзу ён падае ўтварэнне Франкскай дзяржавы (Тамсама. С. 75) , у сферу сацыяльна-эканамічнага развіцця якой была ўключана, пасля заваёвы яе ў 531 г., тэрыторыя Цюрынгіі. І на ўзор пасяленняў у Галіі "па-лонных германскіх сялянаў ды іх сем'яў - як лэтаў" (Тамса-ма. С. 74) , у заваяванай франкамі Цюрынгіі "ўзніклі буйныя вотчыны з прыгоннымі (servi, coloni)" (Тамсама) , дзе франкі пасадзілі захопленых палонных, у тым ліку, верагодна, і славя-наў.

Такім чынам, "у Цю-рынгіі (а таксама ў Баварыі) з канца VI - пачатку VII стст. з'яўляюцца групы славянскіх пасяленцаў , якія становяцца аб'ектам рознабаковай феадальнай эксплуатацыі" (Там-сама. С. 76) , трапляючы, безумоўна, у залежны стан - стан літаў. (Верагодна, яны і называліся літамі.) Палонных сялілі паасобку ў асобных цюрынгскіх гаспадарках. Й. Херман падае, што ў Цюрынгіі было і шмат мяшаных, германска-славянскіх, паселішчаў (Тамсама) . М. Грацыянскі згадваў, што ў вярхоўях ракі Майна меўся славянскі рэгіён (regione slavorum) * з шэрагам славянскіх вёсак. Там жа асаджалі палонных - так ўтвараліся паселішчы славянскіх літаў. Некаторыя з гэтых вёсак маглі атрымаць назву, у аснове якой было слова літ, прыкладам, згаданыя ў нямецкім часопісе "Zeitschrift fьr thьrin-gische Geschichte" ("Часопіс цюрынгскай гісторыі") Lytouga , Lituania (Will K. Ueber den Verfasser des Chronicon Moguntinum. //Historisches Jahrbuch. II Band. 3. Heft. Mьnster, 1881. S. 369) . Жыхары тых вёсак, як, зрэшты, усе літы, мелі пэўныя правы. Тымі славянскімі грамадамі кіравалі свае вясковыя старэйшыны - жупаны (Xеррманн Й. Общество у германских и славянских племён… С. 76) . А яшчэ, як мяркуе А. Мейцэн, у літаў , што жылі ў асобных вёсках, " маглі існаваць нават некаторыя карпаратыўныя ўстановы , якія меліся ўжо ў абасобленых групах германскіх лэтаў падчас рымскага ўладарання".

Але вышэйшая ўлада была франкская. Над жыхарамі цюрынгскіх літскіх вёсак былі пастаўленыя "графы, якія сумесна з біскупам насаджалі сярод славянаў хрысціянства" (Грацианский Н. Карл Великий и славяне.// Исторический журнал. Книга 3. 1945. С.21 ). Касцёл заахвочваў уладароў-хрысціянаў даваць волю падначаленым ды надзяляць іх зямлёй, за якую тыя павінны былі плаціць аброк. Аднак хрышчэнне літаў не ішло латва. Яны, як і раней, ушаноўвалі паганскія боствы ды гатовыя былі плаціць штрафы, абы толькі не хрысціць дзяцей (Неусыхин А. И. Проблемы европейского феодализма. С. 162) . Варта запомніць пасяленне ў тым германскім краі славянаў ды іх хрышчэнне, таму што менавіта з Цюрынгіі, як меркаваў нямецкі гісторык К. Віль, паходзіў святар, біскуп Christianus Litoviensis 'Хрысціян Літоўскі' (Will K. Ueber den Verfasser des Chronicon Moguntinum. С. 370) , якому суджана было хрысціць нашага першага караля Мяндоўга ды літву - жыхароў Навагарадчыны.).

Літы "варварскіх Праўдаў"

Тэрмін lіtus ' літ ', ад якога, верагодна, паходзіць тэрмін "літва", часта сустракаецца ў зборніках законаў ранняга сярэднявечча (V-VIII стст.), у гэтак названых "варварскіх Праўдах". Такія зборнікі мелі, прыкладам, саксы, фрызы, цюрынгі, іншыя гер-манскія плямёны, а таксама і франкі, што жылі па-над ракой Заале (Салай). Гісторыкам вядомыя Саксонская, Фрызская, Цюрынгская Праўды ды найбольш даследаваная Са-ліцкая Праўда. У гэтых зборніках была вызначана мера адказнасці за розныя ўчынкі розных асобаў трох сацыяльных груп германскіх плямёнаў.

Як вядома, асноўную частку кожнага народа склада-юць непасрэдныя вытворцы. У згаданых "Праўдах" яны называюцца пераважна словам wоllfrеі 'вольны' (у саксаў - фрылінгі або ingenui 'вольныя сяляне'). Над імі ўзвышаецца родаплемянная ці дружынная знаць - эдэлінгі (або nobiles 'нобілі'), а ніжэй іх стаяць напалову вольныя ( літы , альдзіі , вольнаадпушчаныя ) і servi 'рабы' (Неусыхин А.И. Проблемы европейского феодализ-ма. М, 1974. С. 36) . Прынамсі такія сацыяльныя станы германскіх плямёнаў вызначыў вядомы савецкі гісторык-медэявіст А.І.Неусыхін. Заўважым, што адной з асноўных вызначальных прыкмет станаў было іх "судачыненне" з аб'ектам вытворчасці - зямлёй: адны валодалі абшарам або надзе-лам, вотчынай, іншыя павінны былі толькі працаваць на чужых палетках.

Літы не мелі ўласнага зямельнага надзелу, не мелі права ўдзельнічаць у народным сходзе і не маглі бараніць сваіх інтарэсаў у судзе. Але яны адрозніваліся ад рабоў тым, што ім належала сямейнае права, яны маглі мець хатнюю жывёлу, свой гаспадарчы ры-штунак (Тамсама ). Праўда, цягам часу сацыяльнае стано-вішча літаў палепшылася. Прыкладам, саксонскія літы "ўдзельнічалі ў судовых сходах, з нобілямі і вольнымі нараўне станавіліся закладнікамі, якіх браў Карл Вялікі падчас вайны з саксамі, а таксама мелі права насіць зброю" (Неусыхин А.И. Крестьянские движения в Саксонии в ІХ - ХІ вв. // Ежегодник германской исто-рии. М., 1959. С. 9. А.І) . Неусыхін жа і ўдакладніў: "У літаў захаваліся шырокія кроўна-роднасныя сувязі ды яны мелі права ўдзельнічаць у агульнаплемянным сходзе саксаў" (Тамсама. С. 10) .

Як бачым з пададзе-нага, літства - сваеасаблівая і шырока распаўсюджаная ка-тэгорыя, складаная частка сістэмы ранняга еўрапейскага феадалізму. Не выпадкова А.І. Неусыхін выкарыстоўваў для гэтай фармацыі назву "інстытут літства" (Неусыхин А. И. Проблемы европейского феодализма. М, 1974. С. 164).

"Інстытут літства" ў саксаў

На той час у "Саксонскай племянной дзяржаве" ўжо меліся згаданыя тры сацыяль-ныя слаі: " эдэлінгі (або nobiles 'нобілі'), г.зн. племянная знаць, фрылінгі (або ingenui 'вольныя сяляне') ды літы - напа-лову залежныя сяляне. Саксонскі, а таксама і фрызскі літ - гэта, пераважна, залежны ад свайго ўладара арандатар зямлі" (Неусыхин А. И. Проб-лемы европейского феодализма. С. 165) , які павінен быў плаціць невялікі аброк. Як бачым, літы (саксонскія зале-жныя сяляне) і леты (рымскія ваенныя пасяленцы) мелі не толькі падобныя назвы, але і падобны статус у грамадстве.

Паводле нямецкага гісторыка А. Мейцэна, літы, якія жылі на сядзібе свайго гаспа-дара, мелі перавагу, бо за службу лягчэй маглі атрымаць нейкія правы і дасягнуць лепшага сацыяльнага стану (А. Мейцэн. Сословия. История сословий в Германии. C.345) . Цалкам незалежнымі, паўна-праўнымі літы адразу не маглі стаць. Але шмат хто мог выкарыстаць такі шанец. Так, з ліку гэтых напалову вольных "аб-рочных людзей" (сеnsuales - чыншавікоў) землеўласнікі выбіралі асобаў, на якіх ускладалі выкананне пэўных гаспадарчых абавязкаў, звязаных з большай адказнасцю, прыкладам, ляснічых, лоўчых, а так-сама наглядчыкаў і кіраўнікоў асобных частак сваёй гаспадаркі. Таксама з літаў, як падае А. Мейцэн, франкскія нобілі складалі сабе нават узброены почат, што лёгка магло спрычыніцца да пераходу іх, у болей высокі сацыяльны стан.

Цягам часу феадал пачаў браць літа з сабою ў паход зброяносцам (Неусыхин А. И. Проблемы европейского феодализма С. 44) . І хоць звычайна толькі паўнапраўныя вольныя (vollfrеі), якія валодалі маё-масцю і публічным правам, маглі ўдзельнічаць у судзе ды служыць у войску (Неусыхин А. И. Проблемы европейского феодализма. С 105) , цягам часу, ужо ў эпоху Каралінгаў (772-911 гг.) "літаў бралі на ваенную службу" (А.Мейцэн. Сословия. История сословий в Германии. C. 370) .

І хоць іх рэальны стан - яны і слугі, і ваяры - быў дваякім (Неусыхин А. И. Проблемы европейского феодализма. С. 159) , аднак цягам часу ўсё больш і больш праяўлялася тэндэнцыя да значных зменаў у стане саксонскіх літаў. А.І. Неусыхін падае меркаванне гісторыка Ф. Гека, які меў саксонскіх літаў за асобны стан і трактаваў іх "як частку пле-мені, абавязаную несці воінскую службу і прысутнічаць на судовых паседжаннях" (Там-сама. С.158) , за ненаведванне якіх літаў штрафавалі (Там-сама. С. 162) . Такім чынам, "важнейшыя правы-абавязкі вольнага сакса" падаваліся верагоднымі і для літаў (Там-сама. С.158) .

Паступова расла і сацыяльная значнасць колішніх "арандатараў", "залежных людзей, якія сядзелі на чужой зямлі". Так, А.І. Неусыхін падае, што і літаў, якія напачатку не з'яўляліся нават асобным сацыяльным класам, закранула дыферэнцыяцыя, у аснове якой ляжаў агульны працэс маёмаснага і сацыяльнага расслаення грамадства. Ён вызначыў тры гіпатэтычныя катэгорыі саксонска-фрызскіх літаў з рознымі маёмаснымі правамі: "1) літы, што не мелі рабоў; 2) літы, якія мелі рабоў; 3) літы, у літскую залежнасць да якіх маглі трапіць вольныя" (Неусыхин А.И. Проблемы европейского феодализма. С. 164) .

Адкуль у "напалову вольнага" літа маглі з'явіцца рабы? У той час была толькі адна магчымасць займець іх: прывесці сабе палонных, захоп-леных падчас бітвы ці наезду. Вядома, што перамагчы непрыяцеля і атрымаць здабычу маглі толькі ўмелыя, можна сказаць, прафесійныя, ваяры. Грамадскі статус такіх літаў значна ўзрастаў. Не выпадкова А. Мейцэн пісаў пра " прыняцце літаў у стан служылай шляхты" . А.І. Неусыхін згадвае і саксонскія хронікі, аўтары якіх "залучаюць літаў у склад саксонскага племені" ды ставяць іх "на трэцяе месца пасля эдэлінгаў і фрылінгаў,.. вы-разна адмяжоўваючы іх ад рабоў" (Тамсама. С.165) .

З гэтага фактычнага прызнання літаў аднапляменнікамі саксаў можа вынікаць, што іх літы, прынамсі, некато-рыя, паходзілі з палонных, як і згаданыя "шматлікія laeti (лэты), большую частку якіх складалі германскія ваеннапа-лонныя" (Мейцэн А. Формы расселения. С.293) . Але такое "залучэнне літаў у склад сак-сонскага племені" магло адлю-строўваць і законы "старажыт-нага саслоўнага ладу", паводле якіх суплеменнікам мог быць толькі паўнапраўны, народжа-ны вольным - згаданы раней "wоllfrеі". А "хто нарадзіўся несвабодным, той не быў часткай народа і не меў удзелу ў народных правах; і ў этніч-ным сэнсе ён несумненна не належаў да «племені» " (Мей-цэн А. Сословия. История сословий в Германии. С 344) .

Верагодна, перш да значнай перамены стану саксонскіх літаў спрычынілася заваяванне напачатку ІХ ст. каралём франкаў Карлам Вялі-кім Саксонскай дзяржавы. Саксонскія эдэлінгі-нобілі паступова пераходзілі на бок франкаў. А вольныя сяляне, не кажучы ўжо пра літаў, пасту-пова закабаляліся ды станавіліся цалкам залежнымі людзьмі. Вядома, былыя фрылінгі не маглі мірыцца з новым станам, а таму цягам 30 гадоў змагаліся за свае правы. Натуральнымі садружнікамі ім сталі літы. Прыкладам, у паўстанні Стэлінга ўдзельнічалі вольнанароджаныя (фрылінгі) і напалову вольныя (вольнаадпушчаныя і літы). Фрылінгі сумесна з літамі "прагналі з краіны сваіх паноў і пачалі жыць паводле старых звычаяў" (Неусыхин А.И. Проблемы европейского феодализма С. 109) .

Тут важна заўважыць, што нават у такіх крытычных момантах гэтыя два станы не становяцца адзіным народам, прынамсі, храністы іх адроз-нівалі. Але напалову вольныя літы, відаць, усё ж былі добра арганізаваны і ўяўлялі пэўную вайсковую моц, інакш фры-лінгі не бачылі б сэнсу хаўрусавацца з імі.

N.B. У германскіх княствах існаваў складаны "інстытут літства". Літы не толькі набывалі пэўныя правы вольных, паўнапраўных грамадзянаў. Яны, хоць і трапілі ў стан напаўзалежных, не мірыліся з сваім становішчам ды дамагаліся лепшага. Прыкладам, удзельнікі паўстання Стэлінга літы і фрылінгі "прагналі з краіны сваіх паноў і пачалі жыць паводле старых звычаяў ". (Забягаючы наперад, заўважым, што праз некалькі стагоддзяў ваяры-літва ўчы-няць падобнае ў Мяндоўгавым каралеўстве, вядомым з папскіх булаў як Літовія.)

Славянскія літы

Ці магла быць падобная сацыяльная структура ў заходніх славянаў? Умовы, пры-намсі, для яе ўзнікнення былі. Абадрыты, вялеты ды іншыя славянскія плямёны амаль увесь час ваявалі з германцамі, датчанамі ды і паміж сабою. Пра славяна-германскія судачыненні на абшары Ніжняй Эльбы (Лабы) згадаў Й. Херман. Там цягам вякоў паміж саксамі і славянамі-абадрытамі існавала ваенна-палітычная мяжа - limes Saxoniae (Xеррманн Й. Общество у германских и славянских племён… С. 76) . Паабапал гэтай "этнічнай, сацыяльна-эканамічнай, культурна-гістарычнай і тэрытары-яльнай" мяжы стаялі бургі - умацаваныя паселішчы, жыхары якіх і вартавалі мяжу (Там-сама) .

Абадрыты будавалі вялікія племянныя бургі па ўсёй сваёй зямлі. То былі гаспадарчыя і культурныя цэнтры. Безумоўна, бургі служылі сховішчамі для вясковага насельніцтва, якое, верагодна, апрацоўвала і зямлю феадала. Безумоўна, "уладары такіх бургаў наладжвалі сельскагаспадарчую вытворчасць у вяс-ковых грамадах залежных сялянаў" (Тамсама. С. 80) . А трэба сказаць, што з паловы Х ст. значна ўзрасла інтэнсіўнасць апрацоўкі зямлі. Храніст Гель-мольд пісаў, што славяне аралі зямлю плугам , запрагаючы ў яго двух валоў або каня (Hel-molda kronika słowian. War-szawa, 1974. C. 352) . "Дадатковы прадукт, які паступаў у бург, ствараў аснову для да-лейшага гандлю" (Xеррманн Й. Общество у германских и славянских племён. С. 81 ). У сваю чаргу, рост гаспадарчай дзейнасці ўплываў на ўсе бакі жыцця славянскіх княстваў. Й. Херман пісаў, што "развіццё сацыяльнай структуры ў паўночна-заходніх славянаў… было ў пэўнай ступені падоб-ным да саксонскага развіцця " (Тамсама. С. 82) , а, значыць, у славянаў мог быць і "інстытут літства".

Усходнія суседзі саксаў вымушаныя былі ствараць адпаведную гаспадарку, якая магла б забяспечыць незалеж-насць. На доказ эканамічнай і вайсковай магутнасці можна падаць факт, што менавіта славяне станавіліся хаўруснікамі франкаў. Прыкладам, Піпін Кароткі клікаў іх на дапамогу, калі збіраўся ваяваць з саксамі (Грацианский Н. Карл Великий и славяне.// Исторический журнал. Книга 3. 1945. С.22) . Абадрыты ўдзельнічалі ў крывавых войнах Карла Вялікага з саксамі, што доўжыліся трыццаць тры гады (Тамсама) . Вядомы і войны славянаў паміж сабой. Славянскія ваяры прыводзілі з тых войнаў палонных і, паводле рымскага і франкскага прык-ладу, сялілі іх у сваіх вотчынах. Так ствараўся стан славянскіх літаў. І, верагодна, надалей іх называлі тым жа словам. Пры-намсі, так можна зразумець тлумачэнне, хто такія літы, у дарчай грамаце Ляўтэрбергскаму кляштару (ад 1181 г.). У гэтым дакуменце маркграфы Ота фон Мейсен і Дзітрых фон Остмарк пералічваюць нека-торыя катэгорыі вясковых жыхароў іх маркі * : "…seniores villarum, quos lingua sua supa-nos vocant, et in equis servientes, id est withasii … ceteri liti , videlicet hos est smurdi " (Mei-tzen A. Wanderungen, Anbau und Agrarrecht der Vцlker Europas nцrdlich der Alpen. Berlin, 1895. С. 240) ("вясковыя старэй-шыны, якія на іх мове назы-ваюцца жупанамі, і конныя слугі - гэта віцязі... Рэшта літы , гэта значыць смерды").

Як бачым, праз славянскае слова смерд маркграфы тлумачаць слова літ , што таксама можа служыць доказам існавання ў славянаў сацыяльнага стану "літы". Не вы-падкова ж на славянскіх землях, падобна, як у Цюрынгіі, узнікалі паселішчы, назва якіх паходзіла ад тэрміна-назвы напаўзалежных супляменнікаў. Так, вядомы нямецкі мовазнаўца Р. Траўтман падае тапонімы Litten , Litsouw , Litzenitz з палабскіх і памеранскіх славянскіх абшараў (Trautman R. Die Elb- und Ostseeslavischen Ortsnamen. Teil III. Berlin, 1956. S. 41, 42, 118) .

Высновы

З пададзенага пра летаў і літаў можна зрабіць некаторыя высновы. Першая. Палонныя, якія пачыналі служыць новым уладарам, звычайна атрымоўвалі ад іх адметную мянушку. Так, ваенных пасяленцаў франкаў рымляне назвалі летамі.

Другая. Тых людзей, якія прывыклі ваяваць, цяжка было перарабіць на земляробаў. Прыкладам, леты прымушаныя былі брацца за плуг, але заставаліся ваярамі, а таму ахвотней ішлі ваяваць.

Трэцяя. Розным катэ-горыям палонных прызначалі адпаведныя абавязкі, ды ўсё ж былых ваяроў, як, прыкладам, рымляне летаў, стараліся пры-вабіць маёмасцю, зямельным надзелам, і такім чынам папоўніць шэрагі легіянераў, далучыць да вайсковай службы. Безумоўна, стан былых ваяроў адрозніваўся ад стану тых палонных, якіх ператваралі ў рабоў.

Але згаданае меркаванне панегірыста Яўманія не адлюстроўвае сапраўдную мэту іх жадання ваяваць. Леты ўсведамлялі сваё становішча: яны - нядаўнія вольныя, грозныя ваяры вымушаны выкон-ваць працу рабоў. А таму цалкам зразумелае іх імкненне праз вяртанне да ваярскага стану здабыць сабе волю, а таксама і заваяваць тое, дзеля чаго яны рушылі за межы Бацькаўшчыны. І ўрэшце гэта ім удалося. Як падае А. Мейт-цэн, " ваеннапалонныя , расселеныя рымлянамі як laeti , германізавалі рымскія вобласці " (Мейцэн А. Сословия. История сословий в Германии. С. 280) .

N.B. Cтан напаўзалежных людзей - літаў , якіх у згаданай Ляўтэрбергскай дарчай грамаце назвалі смердамі, мелі і славянскія княствы міжрэчча Одры і Лабы. Забягаючы наперад, скажам, што ўтвораныя з гэтых літаў ваяры-літва, пасяліўшыся на дры-гавіцкіх і крывіцкіх землях Полацкага княства, цягам часу створаць славянскую дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае.

(Працяг у наст. нумары.)

Здзіслаў Сіцька


СЛОВА - РОДНАЕ, ЖЫВОЕ, СВАБОДНАЕ

Пабачыла свет кніга Ніны Гілевіч «Слова - роднае, жывое, свабоднае». Гэта другая кніга з дыялекталагічнай спадчыны Ніны Іванаўны. (Першая - «Дыялектны слоўнік», Мн., 2005.) Пра выданне гэтай кнігі яна марыла, бадай, мацней, чым пра выданне «Слоўніка». Ведаючы яе адносіны да жывога, вобразнаёмкага, трапнага, дасціпнага і, дадам, свабоднага, незацуглянага слова, я не здзіўляўся, чаму яна зноў і зноў загаралася задумай выдаць зборнік узораў жывой народнай мовы, запісаных ёю асабіста, а пераважна - яе студэнтамі ў час дыялекталагічнай практыкі. Разумеючы навуковую і мастацкую каш-тоўнасць гэтак званых «звязаных тэкстаў», Ніна Іванаўна строга патрабавала ад студэнтаў дакладнага і акуратнага запісу.

Што ж уяўляе сабой кніга «Слова - роднае, жывое, свабоднае»? Цяжка даць ней-кую адназначную дэфініцыю з ліку прынятых у нашай філалагічнай навуцы, бо, можа, яшчэ і падобнай кнігі ў нас не было - такога «жанру», такога складу, такога кшталту. Зборнік узораў жывога народнага маўлення? Так. Але - і на-роднага думання, і народнай памяці, і народнай маралі, педагогікі, этыкі і эстэтыкі. З важным удакладненнем, што кожны з гэтых узораў мае пэўную індывідуальна-асабовую адметнасць лексічнага, ці фразеалагічнага, ці сінтаксічнага, ці выяўленча-вобразнага характару. У прыватнасці, Ніна Іванаўна ў сваіх і студэнцкіх рабочых сшытках вылучыла: мясцовыя выразы, блізкія да прымавак і прыгаворак, да ўзораў традыцыйнага народнага мудраслоўя; моўныя но-ватворы; дыялектныя і несправядліва забытыя формы слоў, асабліва дзеясловаў мінулага часу; трапна выказаныя ацэнкі пэўных з'яў прыроды і падзей грамадскага жыцця, характарыстыкі пэўных чалавечых тыпаў і іх сацыяльных паводзін; індывідуальныя досціпы з трапным словам у пераносным значэнні; уласныя, адметныя формулы зычэнняў, наказаў, ганьбаванняў, кленічаў; дасціп-ныя, пацешныя мянушкі; узоры вуснамоўнага сінтаксісу (з выпадам слоў, з паўторамі, з недасказанасцю); выказы з узмоцненай у народным духу экспрэсіўнасцю, з падкрэсленай эмацыйнасцю, з гіпербалізацыяй. Часам гэта проста цікавы, нечаканы паварот думкі. Або - нечаканае назіранне ці арыгінальная выснова.

Самае ж каштоўнае, на мой погляд, гэта тыя «згусткі» жыццёвай праўды ці чалаве-чага болю, у якіх адлюстраваны не толькі асаблівасці менталітэту беларусаў, нашага нацыянальнага характару, а больш таго - адметнасць гістарычнага лёсу народа. У нямногіх словах, у скупых радках людзі патрапляюць сказаць вельмі-вельмі шмат. Пра сябе, пра свой жыццёвы шлях, пра свой лёс. Пра лёс суседзяў і землякоў, сваіх суайчыннікаў. з тым, каб збудзіць пытанне: а чаму мой і наш лёс гэтакі?

Колькі ў гэтых запісах па-мастацку пададзеных звестак аб гаспадарчым укладзе і побыце, звычаях і абрадах, традыцыях і завядзёнках тагачаснай беларускай вёскі! Колькі ў іх горкіх згадак (асколачкаў памяці) пра ўжо далёкае і зусім нядаўняе мінулае, пра перажытае беларусамі ў гады ваенных ліхалеццяў і сацыяльных ператрусаў, вынікі якіх - нэндза, галеча і патананне яе ў мутным моры п'янства). А колькі звестак пра ламанне і калечанне чалавечых лёсаў - лёсаў людзей, вартых перад Богам іншае, лепшае, хоць трохі шчаслівейшае долі!..

Канешне ж, Ніна Іванаўна, з яе прыродным пачуццём гумару, іроніі, закладзенага ў слове «смеху», не пра-пусціла ніводанага запісу, які або сведчыць пра вясёлы ха-рактар, дасціпны розум рэспандэнта, або наадварот - гаворыць аб той мілай прастадушнай сур'ёзнасці, якую без усмешкі ўспрымаць немагчыма. Іншы раз хочацца і ўсміхнуцца над перажываннем «маленькага чалавека», над яго жыццёвай стратай, а ўдумаешся - дык хутчэй паспачуваеш яму. «Пры паляках я дзіплом палучыў за буракі, за харошую работу, ды мая дурніца старая вазьмі яго ды спалі пры немцах. Спаліла маю памяць - дзіплом за буракі». I праўда, шкада: адзіная афіцыйная адзнака гонару была ў чалавека - і яе не стала.

Запісы, змешчаныя ў кнізе, рабіліся ў перыяд з 1963-га па 1974-ы год на тэрыторыі сямі раёнаў Мінскай вобласці; храналагічна ў такім парадку: Лагойскага, Валожынскага, Маладзечанскага, Вілейскага, Смалявіцкага, Мядзельскага, Чэрвеньскага. Уключаны ў кнігу і некаторыя запісы, зробленыя студэнтамі-завочнікамі на тэрыторыі іншых раёнаў Беларусі. Іх зусім няшмат.

З вялікім засмучэннем хачу зазначыць, што ўжо тады, у 60-я - 70-я гады мінулага стагоддзя, як пераканаўча сведчаць матэрыялы дыялектала-гічнай практыкі, у Беларусі ішоў нястрымны гвалтоўны працэс русіфікацыі, са стра-шэннай разбуральнай сілай абрынвалася на беларускую душу магутная стыхія іншай мовы, іншай культуры, іншага менталітэту, іншай нацыяна-льнай і гістарычнай самасвядомасці. У многіх-многіх выпадках ад жыхароў беларускай вёскі запісвалася не сапраўдная беларуская мова, а гэтак званая «трасянка». Плакаць хочацца, бачачы, як вясковыя бабулі стараюцца «ламаць язык», каб патрафіць сваім ужо рускамоўным гарадскім унукам. Сёння ўсяму свету відаць, якія ад таго часу дасягнуты поспехі ў вялікай «інтэлектуальна-культурнай» справе - у справе калечання, нявечання і вынішчэння беларускай мовы ў беларускай вёсцы (пра горад не гаворым).

Тым больш важна падаць на свет Божы гэтыя разнастайныя ўзоры моватворчага генія беларускага народа. Гэтым пачуццём і кіраваўся я, рыхтуючы кнігу Ніны Іванаўны да друку. Само сабою - і пачуццём удзячнай памяці пра вялікую руплівіцу на ніве роднага слова.

Ніл Гілевіч.

З Лагойшчыны

Даўней малыя дзеці, у пяць-сем гадоў, ужо сьвіней пасьвілі. А цяпер яшчэ за імі нянькі трэба, іх пасьвіць. Бегаюць, як пустадомкі.

Надзену якую зрэбную сукенку да пят, а яна як намокне ды лыткі як пасячэ - аж яны патрэскаюць. Але ж хадзіла. I не пярэчыла бацькам ніколі.

Колькі я папаплаквала, колькі папагалошвала! Усім хапіла гора за вайну.

Без мужчыны якое жыцьцё? Гора было жыць. I гаспадарка неяк не вялася. Конь прапоў. Карова ў нас гадкая была, да ўсіх з рагамі совалася. А яны ў адным хлеве стаялі. Неяк яна да яго прар-валася і прапарола яму бок. Так і прапоў конь. Колькі я па ім пагаласіла! Без каня засталася гаспадарка.

За садамі ў лесе рысь пладзіўся, а тады ўцёк. Я і сама чула, як рысі крычэлі: як каты.

Людзі ходзюць і зьбіраюць многа ягад. Сушуць, ва-рэньне варуць, засыпаюць. Абы былі ягады, а там патра-фюць, што зрабіць.

Што ты мацаешся, як сьляпы ўторбе? Вунь уключацель.

Яму добра, старому: памёр - і німа дзялоў ніякіх, усё ў парадку.

Спала столькі, як каню перакаціцца.

Спалолі, як добрай бабе сесьці.

I на Далёкім Усходзе пабываў. Па вярбоўшчыне. Але гэна толькі называлася так. Бралі і таго, хто хацеў, і хто не хацеў.

Паехаў я ў Сібір, пачаў рабіць там у сяльпе. Работа была не цяжкая, добрая. Яды хапала. Я тады зьядаў кіла-грам хлеба, кілаграм рыбы і літар чаю за раз. А еў тры разы на дзень. Цэлы год там быў. Таўсты зрабіўся - страх. Карак таўсьцей за галаву быў.

Рыбы разгаварваюць, толькі чалавечае вуха не чуе, не ўлаўлівае. Праз прыборы можна пачуць. Адна плыве - як воз крэхча, другая толькі папісквае.

Парція ёсць парція, а вера ёсць вера.

Што няма Бога - гэта няверна. Калі ты не паверыў у Бога зранку, то павер увечары. Не паверыў змалада - павер з стара.

Мачыха - не маці, матка не дарадзя свайму дзіця-ці ліхога.

Я пры кані стаю, Верка пры карове, баімся, каб нем-цы не аказаліся тут.

Старому нашаму рап-там нешта зрабілася, дык ён не гаварыў, ляжаў, адвярнуў-шыся да сьцяны. А перад сьмерцю вада ў яго з роту палілася нейкая, і ў нядзелю памёр.

Ён пяць год цягаўся за мной. Я б за яго не пайшла, я харашэйшая была за яго, але прывыкла да яго - і мусіла пайсьці.

Гэты быў гультаёк, адзін у бацькі, ручкі беленькія. Я была працаўнейшая за яго.

Сьвякроў была золата, а не сьвякроў. Мне так ужо жалка было яе. Нецярпеньне такое ў яе было. Бывала, гоцкае дзіця ў калысцы, я дзіця выню, дык яна парожнюю калыша.

Сьвякроў, бывала, ка-жа: «Ай, што зварыш, тое і зья-дуць, чорт іх ня возьме!» Пяць чалавек на маім карку было.

Ён яе мігане, а тады яна яго, - вот так і кукшыліся.

Ну, а гэтыя, дзяўчаты, дык як абнімуцца - аж грызуцца (цалуюцца).

Яны двайняты, і так дружаць! Неяк яна захварэла, дык ён паставіў ля яе ўсяго, усякіх прысмакаў, сядзіць - і сьлёзы градам коцяцца.

Да Беларуч ёмкіх восем кіламетраў.

Яны дужа добра жывуць, і пчолы ў іх - над усім Сямковам.

Нейкі ён такі нэндзанькі ў яе.

Пры боку ў мяне заўсёды ёсьць хлопец.

Я цяпер і пенсіі дапаганяцца не буду.

Чула панаслыхам, што хлапчук яе піргнуў, і яна з гэтага памёрла.

Бедная дзеўка, урэзалася (закахалася)!

Калі сватаюць, дык малады прыязджае з першай, другой і трэцяй гарэлкай.

У нас адзін дзед ёсьць, дык ён кажа: «Каб іх чорт не насіў, цяпер сьвяты - толькі май ды факстрычнік!»

Там сьнег прападае рана, а ў нас тут камяніца, дык сьнег трымаецца даўжэй.

Бабам кажу: «Як прыду дадому - дык хвост свой закіну аж за плот і пакачуся адразу спаць, - так замарылася».

Усё можа быць, а паляруш яго ведае!

З Клецкага раёна

От агламаздак! Чаму ж ты не напаіў каня?

Аглабля дурная, не ведае, колькі ёй трэба рэшты.

Штаны папрадзіраліся на каленях і ззаду, трэба аблеіць (наклеіць леі).

Або ён гаспадар? Ён майго астопка не варты!

Хацела купіць бурачковае фарбы і не знайшла, няма такога колеру.

Каб з цябе бэбахі вырвала, паразіт ты!

Хоць бы хлопец быў, а то - вашан вашаном.

А яе ж выхаванка не ходзіць на работу. Так выхавалі дачушку, што ўжо замуж трэба, а нічога не робіць.

Ніжняя сарочка, сшытая з паркалю і аздобленая карункамі, у нас называецца галька.

Пытаецца, што такое гонька? Гэта дзяруга, патканая не ніткамі, а дрэндзамі, гэта значыць тонкімі палоскамі надранай старой матэрыі.

Такая дзявеля (вялікая дзяўчына), а ня ўмее падлогі памыць.

Каб жа яйка, а то нейкі зносак, меншае за вароньне.

Не чалавек, а кіпень.

З Воранаўскага раёна

А пра яе - ані зыку, ніхто нічога не чуў, ніхто нічога не ведае.

Ён жа ж такі мондры, рызыкоўны, а што за подлы - то каб на яго памор!

Вяроўка яго знаіць - не ведаю.

Усе паехалі на хрэсьбіны, а яе пакінулі за дамаўніцу, вартаваць хату.

Чаго гэта ён зьдзядуліўся? Згорбіўся, як дзядок.

Не трэба так куцобіць дзіця, раздурыце - бяда будзе, клопату займееце.

Што гэта ён у вас такі непаседа, круціцца, як шворан?

Кольвек, як-нібудзь, як дажывём да першай сьмерці.

За што ты мяне клянеш? Кляні і на сябе бяры. Хай гэта ўсё табе будзе!

Забегся - як агню ўхапіў, і словам не пасьпелі перакінуцца.


Фізіку, палітыку, публіцысту Анатолю Астапенку - 60

Магчыма не ўсе чытачы нашага штотыднёвіка ведаюць Анатоля Астапенку, але імя яго на слыху сталічнай інтэлігенцыі. Ведаюць яго і за межамі Беларусі, бо ён старанна спрычыніўся да беларускага нацыянальнага адраджэння канца ХХ ст.

Нарадзіўся Анатоль Уладзіміравіч 7 жніўня ў в. Мсцібава Ваўкавыскага раёна ў сям'і настаўніка фізікі. У 1949 г. сям'я пераехала ў г.п. Васілевічы Гомельскай вобласці. Так сталася, што ён сем год вучыўся ў Васілевіцкай ся-рэдняй школе па-беларуску, а пасля аб'яднання рускай і беларускай школ працягваў вучыцца па-руску. Апошні год вучыўся ў вячэрняй школе і ў 1964 г. атрымаў атэстат сталасці са срэбным медалём.

Выбраў прафесію ба-цькі. Паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гомельскага педінстытута, але потым перавёўся вучыцца на фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які закончыў у 1970 г. Вучыўся ў аспірантуры Інстытута фізікі АН БССР па спецыяльнасці "Тэарэтычная і матэматычная фізіка". Напісаў кандыдацкую дысертацыю "Ферміёнанты-ферміённае ўраўненне і спектр мас мезонаў" і абараніў яе ў 1986 г. Потым яму было пры-своена званне дацэнта па спе-цыяльнасці "Інфарматыка, кіраванне і вылічальная тэхніка".

Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута фізікі АН бССР (1975 - 1985 гг.), затым навуковым навуковым супрацоўнікам на факультэце прыкладной матэматыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1985-1989), старшым выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта (1989-1996), дацэнтам Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта (1996 - 2004). З 2004 г. - дацэнт Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага універсітэта.

Ягоная дзейнасць шматгранная. На пачатку 90-х гадоў удзельнічаў у распра-цоўцы тэрміналогіі па інфарматыцы на беларускай мове. Выступаў з дакладамі на навуковых канферэнцыях па беларускамоўнай тэрміналогіі. Больш за 10 год (з 1990 г.) выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным уні-версітэце і універсітэце культуры цыкл прадметаў па ін-фарматыцы і праграмаванню на беларускай мове.

Апрача навуковай і выкладчыцкай дзейнасці Ана-толь Астапенка займаецца палітычнай і грамадскай дзейнасцю. Ён прымаў удзел у разагнаным мітынгу "Дзяды" ў 1988 г. Удзельнічаў у рабоце ўстаноўчага з'езда Беларускага народнага фронту, які праводзіўся ў чэрвені 1989 г. у Вільні. У 1990 годзе ён заснаваў Нацыянальна-дэмакратычную партыю Беларусі і больш за 4 гады быў старшынём гэтай партыі. Гэта была першая партыя пасля ўсталявання шматпартыйнасці. У 1994 г. стварыў Беларускую нацыяна-льную партыю і ўзначальваў яе на правах старшыні да 1998 г. Напісаная ім Праграм БНП упершыню адкрыта абвясціла нацыяналізм базавай каштоў-насцю грамадства. З 1998 г. з'яўляецца намеснікам старшыні Цэнтральнай Рады БСДГ.

Як грамадска-палітычны дзеяч выступае з 1990 г. ў перыядычным друку па палітычных пытаннях, праблемах беларускай дзяржаўнасці і нацыянальнага адраджэння. У 2000 г. ў Вільні была выдадзена ягоная кніга "Паслухайце нацыяналіста". Напісаныя ім артыкулы надзённыя, носяць дыскусійны характар і маюць навуковую вартасць.

Анатоль Уладзіміравіч напісаў дысертацыю "Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце", за якую ў 2005 г. атрымаў навуковую ступень доктара паліталогіі Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій. У 2006 г. ён абраны членам-карэспандэнтам той жа акадэміі.

У сваёй публіцыстыч-най дзейнасці стаіць на пазіцыях беларускага нацыянальнага адраджэння, хрысціянскіх каштоўнасцяў і веры ў будучыню Беларусі. Анатоль Астапенка шчыры вернік і лічыць, што Царква павінна быць нацыянальнай. Сваю ідэйную пазіцыю ён пацвяр-джае практычнай дзейнасцю - спявае ў беларускамоўным хоры на клірасе Свята-Пятра-Паўлаўскага сабора г. Менска і чытае гадзіны на беларускай літургіі.

А. Астапенка вядомы яшчэ і ў выдавецкай дзейнасцю. Ён складальнік унікальных адрыўных календароў "Беларусь праваслаўная" і "Беларускі календар" на 2004, 2005 і 2007 гг.

Улічваючы навуковую і грамадска-палітычную рабо-ту, Амерыканскі Біяграфічны Інстытут ў 2003 г. узнагародзіў А. Астапенку Сусветным Медалём Гонару, а ў 2004 г. ён абраны Чалавекам Году.

Сёлета Рада Саюзы беларускіх пісьменнікаў прыняла Анатоля Астапенку прыняла ў свае шэрагі як выдатнага публіцыста.

Актыўным навукоўцам і выкладчыкам выдадзены кнігі: "Лекцыі па сістэме праграмавання TURBO-PASCAL 5.5". (Мн., 1996); "Хрысціянства і нацыянальная ідэя. (Мн., 1998); "Паслухайце нацыяналіста". (Вільня, 2000); "Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце" (Мн., 2003), "Правовая информатика". (Мн., 2007). Усяго ім надрукавана каля 100 навуковых і публіцыстычных артыкулаў.

Цяпер юбіляр працуе над чарговай кнігай "Пралегомены да беларускага нацыя-налізму" . У ягоных стараннях яму дапамагае жонка Ніна.

Сакратарыят ТБМ і рэдакцыя штотыднёвіка "Наша слова", а таксама і яго калега журналіст С.В. Барыс зычаць сябру ТБМ (з 1989 г.) Анатолю Астапенку моцнага здароўя і плёну ў творчай працы і на выкладчыцкай ніве.

Сымон Барыс.


У Ляўкі, да Купалы

Вынікі конкурсу "Верш на юбілей", абвешчанага віцебскай філіяй Саюза беларускіх пісьменнікаў да 125-х угодкаў Янкі Купалы, былі падведзены 29-га ліпеня ў Ляўках - у купалаўскім музеі-запаведніку на Аршаншыне.

Вершы на конкурс даслалі некалькі дзясяткаў паэтаў ва ўзросце ад 18-ці да 30-ці год. Пераможцамі прызнаныя чацвёра маладых аўтараў: Ірына Барысевіч і Сяргей Саманенка з Віцебска, Ірына Бельская з Наваполацка і Алесь Зам-коўскі з Полацка.

Пераможцы купа-лаўскага конкурсу атрымалі дарункі ад старэйшых калегаў - паэткі Леры Сом і старшыні філіі СБП Франца Сіўко. Заахвочвальным прызам маладым паэтам сталася таксама паездка ў Ляўкі ды ў музей Уладзіміра Караткевіча ў Воршы.

Падводзячы вынікі паэтычнага конкурсу , Франц Сіўко распавёў, што наступным будзе конкурс для маладых празаікаў Віцебшчыны - да 125-х угодкаў Якуба Коласа. Свае творы - апавяданні, эсэ, нарысы і нататкі - аўтары могуць дасылаць на ранейшую электронную адрэсу vershnajubilej mail.ru. Конкурс мае завяршыцца ў кастрычніку выправай у коласаўскія мясціны.

Радыё Свабода.

На здымку: Алесь Замкоўскі, Ірына Барысевіч, Ірына Бельская, Сяргей Саманенка і старшыня філіі СБП Франц Сіўко.


РОДНЫ БРАТ ЯКУБА КОЛАСА - МІХАСЬ МІЦКЕВІЧ

"Вечны, светлы ўспамін..." - так адгукнуліся эміграцыйныя часопісы ў 1991 годзе на смерць Міхася Міцкевіча, або проста дзядзькі Міхася, як усе прывыклі яго называць на эміграцыі. 13 ліпеня 2007 года - 120 год з дня яго нараджэння, і лепшым успамінам пра яго нялёгкі лёс будуць яго творы, яго думкі, яго лісты да знаёмых і сваякоў, успаміны тых, хто быў разам з ім на працягу доўгіх гадоў.

"Хаця ён ніколі ня выпучваўся ў жыцьці й грамадскай дзейнасьці, амаль усе яго ведалі й паважалі, - пісаў адзін з яго сяброў па эміграцыі, Міхась Тулейка, - бо бачылі нясупынна дзейным чалавекам, які заўсёды імкнуўся штось рабіць для сваіх людзей і для беларускай нацыянальнай справы. На паказ ён ніколі нічога не рабіў. Усё рабіў на дабро, каб усё тое, да чаго ён меў дачыненьне, было добрым, чыстым, справядлівым і разумным"'.

Нарадзіўся Міхась Міцкевіч у тым прыгожым куточку беларускай зямлі, які хораша апеты на старонках "Новай зямлі" яго старэйшым братам - Якубам Коласам. У Альбуці і Мікалаеўшчыне прайшлі яго дзіцячыя гады. Дзядзька Антось вучыў яго першай грамаце і працы на гаспадарцы.

"Дзядзька Антось быў у сям'і неацэненым дабрадзеем, - пісаў Міхась. - Быў ён дбалым гаспадаром, быў майстрам зрабіць усякую рэч, натрэбную ў гаспадарцы, выконваў ролю выхаваўцы дзяцей, ня бяручыся за гэта фармальна, і ўрыўкамі станавіўся для іх настаўнікам. Спраўляў дзецям розныя рухлівыя забаўкі. Часта гэтыя забаўкі спалучаліся з выкананьнем нейкае працы".

Пасля дзядзькавых навук было лёгка вучыцца ў Мікалаеўскай пачатковай школе. Міхася захаплялі кніжкі, і ён аддаваў ім увесь свой вольны час. Вельмі рана пазнаёміўся з творчасцю свайго старэйшага брата.

"Рукапісы ляжалі ў беспарадку ў карзіне, плеценай з аголеных ракітных дубцоў на манер чамадана, толькі вышэйшай, блізу пад калена вышыні. Чытаць іх давялося яшчэ з маленства, толькі ўрыўкамі, тайком улазячы ў тую карзіну. Там іх было з паўкарзіны. Кажны раз, прачытаўшы пару вершаў, паўставаў сум і жаль - "чаго ён плача?" Усе тыя творы адзначаліся нейкай якбы бяспрычыннай, але беспрасьветнай, беспатольнай і безнадзейнай тугой, - успамінаў Міхась. - ...Сам Колас, відаць ня надта даражыў тымі творамі. Ад'яжджаючы ў "бежанства", яны былі пакінутыя" .

Гэта былі вершы, напісаныя ў настаўніцкай семінарыі ў Нясвіжы і пераважна на расейскай мове. Міхась, як і старэйшы брат, таксама паступіў ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, якая эвакуявалася ў 1915 годзе ў Вязьму. "Я быў паступіў у сэмінарыю Суджанскую на Куршчыне, а ў сваю вярнуўся ў другім паўгодзьдзі, ужо ў 1916 годзе. Тамжа ў Вязьме, сэмінарыя працавала і 1916-1917 навучальны год", - пісаў Міхась.

Вайна выгнала з родных земляў шмат людзей, прынесла вялікія страты. Спыніла існаванне "Наша Ніва", выданне якой адзначыла новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры і нацыянальна-палітычнага адраджэння.

"Ваенная завіруха 1914-18 гадоў, што ў ладнай меры адбылася на тэрыторыі Беларусі, здавалася, зусім перачыркнула ўсю нацыянальную дзейнасьць. - пісаў Міхась. - Разагнаныя па франтох вайны вайскавікі ды па абшарах расейскае імпэрыі цывільныя грамадзяне нават ня ведалі адзін аб адным. Заледзьве на прыканцы вайны пачалі сямтам закладацца арганізацыі беларусаў-уцекачоў, што прыймалі выразны нацыянальны кірунак. Паза гэтым нічога ня было чуваць. Затое з тым большым запалам Беларусы хапіліся за працу па лютаскай рэвалюцыі, калі адчыніліся большыя магчымасьці нацыянальнай дзейнасьці".

Наўзверх выходзіць Беларуская Сацыялістычная Грамада, паўстаюць новыя арганізацыі і партыі розных кірункаў: Беларуская Народная Грамада, Беларуская Партыя Народных Сацыялістаў, Хрысціянская Дэмакратычная Злучнасць ды іншыя. У сакавіку 1917 года ў Менску склікаецца з'езд беларускіх арганізацыяў, на якім быў утвораны Беларускі нацыянальны камітэт. У траўні 1917 года пачаў выдавацца друкаваны орган камітэта - газета "Вольная Беларусь".

"Вольная Беларусь" мела вялікае падабенства да "Нашай Нівы", стаўшыся як бы ейным працягам, - пісаў Міхась Міцкевіч. - Але калі кірунак "Нашае Нівы" можнаб азначыць як сацыяльна-нацыянальны, а пасьля як нацыянальна-сацыяльны, дык кірунак "Вольнай Беларусі" быў пераважна нацыянальны... Рэдакцыя "Вольнай Беларусі" , хоць і ў сталіцы Менску, змушаная была на пачатку прытуліцца ў старым драўляным двухпавярховым дамку на былой Захараўскай вуліцы над № 18ым. Але дамок гэты быў досыць утульны. Балькончык на другіы паверсе выходзіў у невялічкі парк з досыць старымі ўжо дрэваыі. што прыдавала гэтаму аселішчу прыемны ўтульны характар. Ды найбольш, бадай, гэтая ўтульнасьць вычувалася з тэй шчырай цёплай атмасфэры, якая панавала ў рэдакцыі..."

Рэдактарам "Вольнай Беларусі" быў родны брат Ганны Лёсік - маці Міхася Міцкевіча - Язэп Лёсік, які "з вонкавых абыходжаньняў часамі выглядаў суровым і досыць шорсткім чалавекам. Аб гэтым гаварыў катэгарычны й ня зусім ветлы напіс на дзьвярох рэдакцыйнага пакою: "Без патрэбы ня рыпацца", а на другой фортцы - "Без запытаньня ня лезьці". Але насцярожанасьць наведвальніка рэдакцыі, што паўстала ад гэтых папярэджаньняў, адразу адпадала, калі ён уваходзіў у рэдакцыйны пакой. Звычайна наведвальнік адразу спатыкаўся з уважлівым поглядам рэдактара, ласкавым тварам у акулярах - Ванды Лявіцкай (сакратаркі) й задуменным паглядам вялікіх вачэй Зьмітрака Бядулі (Самуіла Плаўніка). Насуперак вонкавых азнакаў шорсткасьці Лёсік меў натуру мяккую й асабліва спрыяльную да аўтараў, што падавалі свае творы й допісы ў газэту. Калі толькі ён бачыў нейкую арыгіналыіасьць у якім творы, дык пушчаў у друк нечапаным. У такіх выпадках і карэктару казаў: "Не чапай, брат, яго: няхай будзе як ёсьць - ён нейкі сваісты". Галоўны цяжар рэдакцыйнай працы ляжаў на самым рэдактару".

У "Вольнай Беларусі" друкаваліся творы В. ДунінаМарцінкевіча, М. Багдановіча, Я. Купалы, З. Бядулі, А. Гаруна, М. Гарэцкага, Ц.Гартнага, Ф. Аляхновіча; апублікаваны ладныя часткі паэмаў Я. Коласа "Новая зямля" і "Сымонмузыка", вершы і апавяданні з цыкла "Казкі жыцця".

На старонках "Вольнай Беларусі" пабачылі свет і творы Міхася Міцкевіча. Кароткі фельетон "Мікіта адстаівае сваіх" ("Вольная Беларусь", № 3) быў перапрацаваны і выдадзены асобнай кніжкай у сааўтарстве з Язэпам Лёсікам пад назвай "Як Мікіта бараніў сваіх"(Мн., 1917). У тым часе Міхасю было 20 гадоў. Яшчэ ў настаўніцкай семінарыі Міхась актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці краіны. Ён браў удзел у падрыхтоўцы Першага Усебела рускага Кангрэса, які адбыўся ў Мінску 18га снежня 1917 года. На Кангрэс з'ехаліся 1872 дэлегаты, выбраныя народам з усіх куткоў Беларусі. Адным з гэтых дэлегатаў быў Міхась Міцкевіч. І хоць бальшавікі разагналі Кангрэс збройнай сілаю і перапынілі выданне "Вольнай Беларусі", ідэі вольнай і незалежнай краіны жылі ў народзе, звалі да працы тых, хто хацеў бачыць Бацькаўшчыну незалежнай дзяржавай.

У лістападзе 1918 года бальшавікамі было спынена выданне "Вольнай Беларусі".

"Калі бальшавікі йзноў пакінулі Менск увосень 1919 г., адразуж пачала выходзіць газэта "Звон", якая сталася выразным працягам "Вольнае Беларусі", - пісаў Міхась Міцкевіч. - "Звон" рэдагаваўся спярва Янкам Купалам, але неўзабаве рэдактарства пераняў тойжа Лёсік; на прыканцы 1919 году газэта зьмяніла назоў на "Беларусь".

Сваё заданне газета надрукавала ў першым нумары, які выйшаў 25 жніўня 1919 года:

"Мы будзем даводзіць свайму гаратліваму народу. што не пазбудзецца ён ліха ніколі, калі не адбудуе свае уласнае Беларускае дзяржавы, свайго роднага Беларускага Гаспадарства. Толькі тады, калі народ наш не захоча быць нікім іншым, а толькі Беларусам з сваею роднаю мовай і культурай, - толькі тагды ён возьме сваю долю ў свае рукі і здабудзе сабе тое, чаго дамагаецца і што патрэбна для вольнага і культурнага жыцьця"'.

"Беларусь" (выдавалася з 21.10.1919 да 9.7.1920) неаднаразова канфіскоўвалася польскімі акупацыйнымі ўладамі, часам выходзіла з "белымі плямамі" цэнзуры.

Міхась Міцкевіч, Міхась Мяцёлка, М. Мч - так звычайна падпісваў Міхась свае публіцыстычныя творы, якія вызначалі ролю настаўнікаў і інтэлігенцыі ў справе нацыянальнага адраджэння, выступалі ў абарону беларускай мовы і культуры, спрыялі абуджэнню самасвядомасці, выкрывалі русіфікатарскую і паланізатарскую палітыку ў галіне народнай асветы, паказвалі сапраўднае жыццё сялян, настаўнікаў, семінарыстаў. Аповесці, апавяданні Міхась звычайна падпісваў псеўданімам - Антось Галіна. Вызначаючы гэтыя два кірункі творчасці Міхася Міцкевіча, Максім Гарэцкі адзначаў, што гэта "вельмі спадзейны малады бэлетрыст і паважаны публіцыст".

Сваю літаратурную дзейнасць Міхась Міцкевіч спалучаў з працай на полі ў родных мясцінах, а потым з працай настаўніка. Беларуская школьная рада Меншчыны 15 кастрычніка 1919 года прызначае Міхася настаўнікам беларускай мовы ў Менскай Беларускай Гімназіі. Аб жыцці настаўнікаў у гэты час мы можам даведацца з рэзалюцыі сходу настаўнікаў беларускіх пачатковых школ Менска ад 7 снежня 1919 года:

"Пяты месяц мы працуем, не атрымлівая пэнсіі. Уся адзежа ўжо прададзена. Крэдыт зачынены... Некаторыя настаўнікі не вытрымліваюць свайго крыжа і накладываюць на сябе рукі, альбо, кінуўшы пэдагагічную працу, шукаюнь сабе чорнага заработку. Матэрыяльнае становішча саміх школ не лепшае: німа дроў патапіць клясы і дзеці павінны сядзець у вопратках альбо саўсім кідаць вучэньне, каб не захварэць ад прастуды".

У знак пратэсту сход пастанавіў аб'явіць аднадзённую забастоўку 16 снежня 1919 года. Пад гэтай рэзалюцыяй сходу стаіць подпіс Міхася Міцкевіча, які на сходзе быў абраны пісарам.

Пытанні школы і роднай мовы заўсёды хвалявалі Міхася. Ён пісаў: "Выступаючы на шлях вольнага культурнага жыцьця, беларуская нацыя павінна збудаваць у першую чаргу сваю нацыянальную школу. Дзеля нацыі гэта патрэбна так, як патрэбны чалавеку рукі і нармальная галава... Асноваю нацыянальнай школы служыць родная мова - адзнака нацыі, яе духоўны твар. Мова зьбірае ўсё, што мае ў сабе дух нацыі. Няма ў нацыі нічога ні малога ні вялікага, чагоб мова ня ведала. Бяз мовы не адбываецца творчасьць народу. Пакуль жыве мова, глаўная адзнака цэлае нацыі, датуль жыве і народ, датуль нацыянальнае выхаваньне будзе мець вялікую вагу і значэньне".

Як сведчаць дакументы, Міхась клапоціцца аб забеспячэнні гімназіі кніжкамі, неабходнымі для выкладання роднай мовы, рыхтуе матэрыялы ў чытанку для дзяцей. Так, жывучы ў Амерыцы, у лісце да спадарыні Савёнак ён пісаў: "Памятаецца, як хадзілі з Лёсікам у Аддзел Асьветы ў справе выданьня "Нашай Крыніцы" - чытанкі для дзяцей школьнікаў. Я досыць шмат і матэрыялаў у яе даў. Нейкі досыць грубіла глядзеў на нас ваўкавата. Хутка пасьля гэтага я, паехаўшы дадому, атрымаў ад Лёсіка пісьмо. Ён напісаў - гэта дакладна: "Сядзі дома і ня рыпайся". Гэтыя словы я зразумеў добра. - Сядзі, то можа захаваеш галаву, а мне (ці праўдзівей - нам) хавацца не выпадае; пакуль льга што рабіць, то трэба працаваць, хоць хутчэй, што прыдзецца налажыць галавою".

Міхась застаўся ў сваіх родных мясцінах у Смольні, працуючы на гаспадарцы разам з Юзікам, які, па словах Міхася, "меў сям'ю і меў больш клопату і ня пярэчыў у праваджэньні гаспадаркі ды часам азіраўся, каб дзе на баку падзарабіць, бо з гаспадаркі, як той казаў, капала рздка" .

Сам Міхась "быў больш апраметны: лазіў, аглядаў тыя шнуры поля - у Дуброўках, у Ніўках, у Калошы, у Лядзінах, на Залесьсі - ды стараўся выкарыстоўваць, дзе што магчыма".

Але і ў родных мясцінах Міхась заставаўся вельмі дзейным. Па яго праекце былі закладзены гурткі "Таварыства прасьветы", быў арганізаваны самадзейны драматычны гурток, які ставіў п'есы "Паўлінка", "Пінская шляхта", п'есы Ф. Аляхновіча ды іншыя ў рэжысуры Міхася. Ды і ён сам любіў іграць галоўныя ролі, таксама даводзілася дамаўляцца з уладамі, вызначаць месца для спектакля. Звычайна выступалі ў будынку пажарнай аховы, але бывала ездзілі ў Нясвіж і іншыя месцы. Палякі настойвалі, каб спектаклі ладзіліся на польскай мове, прыходзілася шукаць кампрамісы і выступаць, як на польскай, так і на беларускай мовах.

Падзел Беларусі паміж палякамі і бальшавікамі на многія гады прыпыніў былыя сувязі з сябрамі, сваякамі.

На падзел Беларусі Рыжскім трактатам старэйшы брат Якуб Колас адазваўся вершам "Беларускаму люду":

Нас падзялілі - хто?

Чужаніцы,

Цёмных дарог махляры,

К чорту іх межы!

К д'яблу граніцы!

Нашы тут гоні, бары!...

Змушаны знаходзіцца далёка ад роднай вёскі, адчуваючы журбу і сум, ён пісаў:

А я пазіраю на захад.

Мне цяжка.

Чаго? - не пытай.

Пакрыты мы ўсе

адным дахам,

А усёж найдарожшы

свой край.


Сяджу я адзін, разважаю,

Як хвалі, маршчынкі на лбе.

Смуткую па роднаму краю,

Тужу, мілы друг, па табе

Ад 1915 да 1939 года Якуб Колас ні разу не напедаў родныя мясціны. Перапісваліся браты таксама вельмі рэдка. У лісце да Уладзіміра Міцкевіча Міхась успамінае:

"Праз доўгі час, памятаю, было яшчэ ад яго пісьмо, у якім ён пісаў: "Чаго ты там сядзіш? Што цябе дзяржыць? Тут дзьверы шырока адчынены ўва ўсе вучэлыні, а ты там у гразі корпаешся". На тое пісьмо я адпісаў: "Мяне тут нічога не дзяржыць, але ці даеш гарантыю. што я застануся працаваць на якойколечы рабоце на Беларусі?" На гэта адказаў: "Трэба зрабіць па прыказы: сем раз адмераць, пакуль раз адрэзаць". І стаў мераць. А я стаў чакаць. I гэтак чакаў некалькі гадоў, пакуль Чырвоная Армія заняла Заходнюю Беларуеь. Тады пачалася кароткая перапіска, і ў кажным наступмым пісьме Колас успамінаў, што збіраецца прыехаць у Смольню. Пасьля некалькіх пісьмаў я жартам успамянуў: "Мусіць. твой самаход вельмі памалу сунецца. У мяне ёсьць кабылка брыклівая, і я на ёй за гэты час ужо й з Туркестану прыехаўбы, а ты на самаходзе ня можаш з Менску дабрацца. Ды яшчэ пабойваюся, каб пасьля такіх доўгіх збораў не пасварыцца, як прыедзеш". Магчыма, ён крыху загневаўся. бо так вычувалася з прысланага потым мне пісьма. Але адпісаў: "Падкалупліваеш ты мяне, Міхась. А каб пасварыцца, то ня бойся - няма за што"'...

Увосень 1939 года Якуб Колас наведаў сваю родную вёску. Але прыехаў ён не адзін. Міхась аб гэтай сустрэчы пісаў:

"Разам зь ім увайшоў у хату незнаёмы чалавек, які ня пытаўся, ці можна ўвайсьці, ня лічыў патрэбным сказаць, хто ён і чаго ён прыехаў. Але Коласа так сьцярог, што нават спаць клаўся так блізка, каб галовы амаль стыкаліся. Тады яно неяк ня зразіла прыкрасьцю, бо лічылася за добрае, калі яшчэ не чапаюць у хаце, як прыкра падумаць цяпер, у адлеглым часе... Разумеецца, пры такіх абставінах не магло быць шчырых гутарак. I Колас, хоць звонку выглядаў тым самым братам, а з размовы - хтось іншы. Нейкая скрытнасьць, як бы заслона зьіначвала гутарку". Якуб Колас прыязджаў і ўлетку 1940 года разам з малодшым сынам. Але спаткацца не давялося, бо Міхась быў тады ў Наваградку на перападрыхтоўчых курсах. Потым вайна перапыніла ўсякую сувязь паміж братамі і ўжо назаўсёды. Міхась вельмі шкадаваў, што праз увесь час так і не давялося шчыра пагаварыць з братам. Ён пісаў: "Можа дзеля гэтага я ў першыя гады на эміграцыі вельміж часта ў сьне хацеў дабрацца да ягонага дому ў Менску, але ні разу не ўдавалася. Сьмерць ягоная перапыніла і сны гэтыя" .

У 1939 годзе, калі Заходняя Беларусь была далучана да БССР, Міхась зноў пайшоў працаваць у народную асвету. бо, як пісаў Мікола Прускі, гэты занятак ён вельмі любіў і цаніў. Мікола Прускі зараз жыве ў ЗША. Дзякуючы яго працы і яго друкарні, мы мелі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю такіх вядомых эміграцыйных пісьменнікаў, як Наталля Арсеннева, Міхась Кавыль, Алесь Салавей, Аляксандра Саковіч і многія іншыя. У яго друкарні пабачыла свет і бібліяграфія. падрыхтаваная Зорай і Вітаўтам Кіпелямі "Янка Купала й Якуб Колас на Захадзе", дзе ўлічана тое, што пісалася пра творчасць вядомых паэтаў эміграцыйнымі і замежнымі аўтарамі, у тым ліку і Міхасём Міцкевічам. Кожны раз, калі Мікола Прускі наведвае Беларусь, ён абавязкова прыязджае ў родную вёску- Мікалаеўшчыну, бо з ёю звязана шмат успамінаў.

"Найглыбейшы ўспамін пра дзядзьку Міхася - Мікалаеўшчына, - пісаў Мікола. - Няраз позьнімі восеньскімі вечарамі заходзіў ён са свайго хутара да нас, заўсёды з тоўстым кіем у руках, пагаварыць з бацькам. або часамі паспрачацца з маткаю. Прыходзіліся яны дваюраднымі. Характар у дзядзькі быў, як казала маці, "цьвёрды, старакавалерскі" . Усё гэта памятаецца, як праз сон. Больш яскрава запомніўся мне дзядзька Міхась, калі, здаецца ў 1940 годзе, упоўнач НКВД забрала майго бацьку й наша сям'я апынулася амаль на двары. Вось тады дзядзька прыехаў на калёсах і забраў нас да сябе на хутар. Тады дзядзька працаваў дырэктарам школы, маці й цётка Надзя даглядалі яго гаспадарку, а я хадзіў у 5ю клясу. Жылі згодна й дружна. У гэтым часе я пазнаў дзядзьку Міхася блізка, бо трымаў ён мяне "на воку"... Дзядзька Міхась быў чалавекам добрым, самаўпэўненым і веруючым. Гэта быў дабрадушны й цудоўны чалавек, вялікі патрыёт і любіў сваю Бацькаўшчыну як нешта сьвятое".

Міхась працаваў настаўнікам, дырэктарам, школьным інспектарам. Застаўся ён на пасадзе школьнага інспектара і ў часы нямецкай акупацыі. Стараўся, як мог, каб і ў гэтыя цяжкія часы вучыліся дзеці, каб захаваліся ад разбурэння родныя вёскі. У 1944 годзе Міхась прымае рашэнне пакінуць родныя мясціны. Аб неабходнасці гэтага сведчыць яго ліст ад 1 ліпеня 1944 года да дырэктара Мікалаеўскай школы Ігната Юр'евіча Міцкевіча:

"Абставіны склаліся так, што я пастараюся выехаць. Сякія-такія палітычныя ўчынкі зрабілі тое, што я, як і многія мае супрацоўнікі, шмат кім уважаюцца як "ворагі народу". Тое, што многія вёскі, у тым ліку і Мікалаеўшчына, абаронены ад спалення, нікім у рахубу ня возьмецца. Праўда, ня ўся работа падабалася і мне, і ня ўсё было роблена з ахвотаю. У кожным разе, масы нашых людзей, асабліва моладзі, якія выехалі на Захад, у большасьці гэтак сама не з ахвотаю, як бы прамаўляюць за тое, што і мне там месца. Быў бы шчасьлівым тагды, каліб на бацькаўшчыну вярнуўся астатнім. Вельмі б жадаў, каб фізычны габінэт і ўсе матэрыялы ў Інспектарыяце засталіся цэлымі. Аб гэтым прасіў суседзяў. Калі будзеце мець магчымасьць, дык парупіцеся, можа, і Вы. Гэта разумеецца, мне хочацца зусім не дзеля таго, што мне хочацца вярнуцца на старое становішча.

Жадаю Вам усяго найлепшага.

Як з выдачаю пасьведчаньняў вучням? Калі б жадалі, можнаб выдаць".

Нават і ў гэты цяжкі час, калі прымаецца рашэнне, якое павінна змяніць усё жыццё, Міхась клапоціцца аб вучнях і школьных справах.

Аб далейшым лёсе Міхася Міцкевіча сведчаць успаміны Кастуся Вайцяхоўскага з Ст. Свержаня, з бацькам якога сябраваў Міхась:

"Будучы школьным інспэктарам дз. Міхась зрабіў, бязумоўна, вельмі шмат. Перашкоды былі каласальныя - пра гэта Вы самі добра ведаеце.

Сувязь нашая з дз. Міхасём перарвалася, калі у чэрвені 1944 мы абозам пакінулі нашыя родныя мясьціны. Я далучыўся да калёны ўцекачоў са Стоўпцаў у Міры, куды прыехаў зь Нясвіжа з Шурай Заруцкай. Ня ведаю, якім чынам і шляхам дз. Міхась выехаў са Стоўпцаў. Спаткаліся мы ізноў зь ім дзесь у кастрычніку 1944. Гзта было ў Судэтах. Мы там ужо працавалі на ваеннай фабрыцы і пасьля працы, калі мама мая шла дадому, убачыла дз. Міхася, які з рукзаком па плячах ішоў па вуліцы. Ён ішоў задумана, не зважаючы ўвагі на нікога, і спалохана адазваўся, калі мама яго назвала Спр Міцкевіч! Ён ёй растлумачыў. як ён сюды папаў і з прыемнасьцю згадзіўся прайсьці ў наш барак, дзе ён і застаўся на працы ў нашай фабрыцы машынабудаўніцтва. Але доўга там не працаваў, бо яму не падабалаея праца ў нутры вялікай фабрыкі. Пасьля ён перавёўся крышку далей ад нашага гораду і працаваў на будоўлі, на дварэ. Гэтак сітуацыя трывала аж, здаецца, да сакавіка 1945 г., калі фронт пачаў пагражаць гораду... Мы і дз. Міхась атрымалі дазвол пакінуць фабрыку і хуценька спакаваліся і захвацілі апошні цягнік у страшэнным хаосе адступленьня нямецкагз войска і ўцекачоў. Усё падарожжа было кашмарным, але паміма бамбёжак і сховішчаў у тунэлях даехалі да Рэгенсбургу ў Баварыі, а адтуль у Шогін на Дунаю. Там у прыгожым малым горадзе жылі мы разам з дз. Міхасём і Бітусамі да прыходу Амэрыканскіх войскаў у травені 1945 году. Бацька і дз. Міхась лавілі фарэлі, а я працаваў на кухні Амэрыканскай арміі, мыючы пасудзіну і прыносячы да хаты астаткі вайсковай ежы. Гэта трывала якіх 5 месяцаў, бо ў верасні мы ўсе паехалі ў Рэгенсбург і там заснавалі беларускі лягер супольна з іншымі беларусамі. Там дз. Міхась прымаў вельмі актыўны ўдзел у арганізацыі лягернай управы, школьнай і царкоўнай дзейнасьці. Там мы пабудавалі сваю царкву, заснавалі Гімназію імя Янкі Купалы".

Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне прысвечана кніга Яна Максімюка, выдадзеная Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва ў 1994 годзе. Адзначым, што Міхась Міцкевіч уваходзіў у ініцыятыўную групу настаўнікаў па стварэнні Беларускага настаўніцкага згуртавання на эміграцыі і па правядзенні арганізацыйнага з'езда беларускіх настаўнікаў Амерыканскай зоны Нямеччыны. Ён працаваў школьным інспектарам Беларускага Нацыянальнага Камітэта на Амерыканскую зону Нямеччыны, разам з М. Рагажэцкім, І. Паланевічам, А. Шукелойцам і А. Акаловічам уваходзіў ва Урад Беларускага настаўніцкага згуртавання.

Пры гімназіі імя Янкі Купалы Міхась Міцкевіч працаваў дырэктарам пачатковай школы. У 1946/47 годзе пачатковую школу наведвалі 36 дзяцей, у 1948/49 - 37. у 1949/50 - 56 вучняў. На яго долю выпадалі арганізацыйныя справы і забеспячэнне гімназіі і школы неабходнымі матэрыяламі. Ім падрыхтаваны і выдадзены ў скаўцкім выдавецтве "Крыніца" (Міхельсдорф, Розенгайм) чытанкі для дзяцей 1га, 2га і 3га класаў пачатковай школы, "Роднае слова", геаграфічная чытанка і іншыя дапаможныя матэрыялы, неабходныя для навучання.

Выкладчыкаыі гімназіі працавалі Аляксандр і Наталля Орса. Аўген Каханоўскі, Антон Адамовіч, Іна Рытар, Наталля Арсеннева. Станіслаў і Зіна Станкевічы, Мікола Равенскі і іншыя. Роля гэтай гімназіі вельмі вялікая як у выхаванні свядомай беларускай моладзі, так і ў атрыманні сярэдняй адукацыі тымі, хто не паспеў скончыць школу на бацькаўшчыне. Гэта давала ім магчымасць пасля заканчэння паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы Заходняй Еўропы і ЗША. Гімназіі прысвечаны вершы Наталлі Арсенневай і Масея Сяднёва. Але самае галоўнае, як адзначыў Ян Максімюк - "вучні тае школы на ўсё сваё жыцьцё засталіся беларусамі незалежна ад таго, куды пасьля кінуў іх лёс, і засталіся таксама патрыётамі Бацькаўшчыны...".

Сярод іх Янка Запруднік, Зора і Вітаўт Кіпелі, Янка Жучка і многія іншыя.

Міхась Міцкевіч браў актыўны ўдзел і ў арганізацыі рэлігійнага жыцця ў лагерах ДП, дзе пражывалі беларусы. Ён уваходзіў у склад Вышэйшага царкоўнага праўлення Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ) на Чужыне, ініцыятарам стварэння Брацтва Жыровіцкае Божае Маці. Япіскап Васіль, Сакратар Свяшчэннага Сабору Япіскапаў БАПЦ у 1950 годзе выдаў Міхасю Міцкевічу дабраслаўлёную грамату за "выдатныя й высокацэнныя заслугі на Славу Бога й нашае Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы на Чужыне, а таксама на карысць нашага шматпакутнага Беларускага Народу"".

У 1950 гады большасць беларусаў пакінула Нямеччыну ў сувязі з ліквідацыяй лагераў ДП. Значная колькасць беларускай эміграцыі падалася за акіян - у Злучаныя Штаты Амерыкі. У 1950 годзе пераехаў у ЗША і Міхась Міцкевіч.

"Пасьля перасяленьня ў Злучаныя Штаты Амэрыкі, не зважаючы на цяжкую фізычную працу дзеля куска хлеба, - як сведчыць "Голас Царквы", - заўсёды знаходзіць час і сілы на дзейны творчы ўдзел у нашым эмігранцкім жыцьці. Быў некалькі гадоў рэдактарам газэты "Беларус" і таксама каля 15-ці гадоў нашага часапісу "Голас Царквы", на выданьне якіх няраз і нямала дакладаў са сваіх сьціплых ашчаднасьцяў".

Пра сваю працу Міхась пісаў у лісце да сястры Марыі: "Сам я матэрыяльных недастаткаў не адчуваў. Найбольш рабіў на могілках, але з нябожчыкамі справы не меў. Яны мяне не чапалі, і я іх не чапаў. Меў дачыненьні з травой, з кустамі, часам з кветкамі. І гэта лепш падабалася, як на фабрыцы - бліжэй яно было да поля, лугу й лесу".

Вельмі сумаваў Міхась па сваіх родных мясцінах, і яны часта з'яўляліся ў яго снах, яго думках: "Пра радзіму то я не забываюся, і асабліва выгляд таго роднага кута амаль заўсёды ўзьнікае прад вачыма, і з усімі адценямі лесу, травы, вады. I тое, што ўрэзалася ў вочы ў дзяцінстве, не забываецца і цяпер і становіцца прад вачыма. А што адбываецца цяпер, асабліва ў будзённым жыцьці, то хутка вылятае з памяці...."

Вольны час Міхась аддаваў грамадскай працы. Ён быў намеснікам Галоўнай Управы Беларуска-Амерыканскага Задзіночання, старшынём выдавецкага фонду "Беларус", апекуном Сабору Святога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку. Пасля выхаду на пенсію (1964-1965 гг.) Міхась доўгія гады працаваў задарма на карысць праваслаўнай парафіі ў Брукліне. Ён пісаў: "Ёсьць тут грамадка сваіх людзей, набылі агульны дом і ўладзілі царкву ў ім. Дык вось у доме і пры царкве, як догляд, так і розныя папраўкі ці ўладжаньні вымагаюць досыць шмат і клопату, і працы. Фізычна я яшчэ не аслаб зусім, а маладзейшыя заняты зарабковай працай, дык мне тут працы хапае ды яшчэ і сваіх грошай прыкладаю. Ходзячы ў заработкі, крыху зэканоміў, а пры недарагой кватэры з пэнсіі пражыць можна. Дык вось працую ўжо задарма, хоць часам і нэрвы тузаюцца - усяк бывае, - але без работы былоб сядзець горш" . I толькі ў 1985 годзе па прычыне слабага здароўя Міхась быў змушаны пакінуць гэтую працу. Але не толькі фізічна працаваў Міхась на карысць царквы. Ен, акрамя выдавання "Голаса Царквы", падрыхтаваў Беларускі царкоўны каляндар і пераклаў на беларускую мову Напрастольнае і Паспалітае Евангелле.

Апошнія гады Міхась жыў разам з сваім пляменнікам Алесем Міцкевічам і яго сям'ёй. Алесь Міцкевіч вядомы на эміграцыі як выдавец і рэдактар "Вестак й Паведамленьняў Аддзелу БеларускаАмэрыканскага Задзіночаньня". Дзякуючы Алесю, сталася магчымым атрымаць шмат матэрыялаў, прысвечаных жыццю дзядзькі Міхася ды і ўбачыць яго. Было гэта у верасні 1990 года, калі я прыляцела ў Амерыку на 19ты Кангрэс Беларусаў Паўночпай Амерыкі. Па дарозе у Кліўленд я на кароткі час заехала ў Царкву Святога Кірылы Тураўскага, дзе на працягу многіх гадоў працаваў Міхась Міцкевіч і ў маленькі прыгожы дом у НьюЁрку, дзе жылі сваякі. Дзядзька Міхась, так яго ў тым часе ўсе прывыклі называць, чуўся не вельмі добра. Памятаю яго словы: "Пэўна, у Коласа былі дзеці, пэўна, павінны быць і ўнукі" . Гэта была наша першая і апошняя сустрэча.

25 кастрычніка 1991 года Міхась Міцкевіч адышоў у вечнасць, і быў пахаваны ў Іст-Брансвіку (ЗША).

Не шмат матэрыялаў, прысвечаных Міхасю Міцкевічу знаходзіцца ў Дзяржаўным літаратурнамемарыяльным музеі Якуба Коласа. Але адзін экспанат вельмі цікавы - гэта гадзіннік, які Якуб Колас падараваў свайму малодшаму брату Міхасю. Выязджаючы на эміграцыю Міхась пакінуў гадзіннік на Беларусі і ён вярнуўся ў Коласавы дом. Свайму брату Міхась Міцкевіч прісвяціў некалькі артыкулаў, якія друкаваліся ў эміграцыйных выданнях, наўбольш грунтоўны - Кароткі успанін, апысвечаны Якубу Коласу быў надрукаваны ў часопісе "Беларускі Сьвет", які выдаваў Мікола Прускі.

Марыя Міцкевіч


У ТАВАРЫСТВЕ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ ЎСПАМІНАЛІ ЛЯВОНА ЛУЦКЕВІЧА

28 ліпеня ў Таварыстве Беларускай Культуры Літвы адбылося чарговае мерапрыемства. Гэтым разам прысвечанае 10 угодкам з дня смерці ЛЯВОНА ЛУЦКЕВІЧА.

Як заўсёды распачаў імпрэзу старшыня ТБК Хведар Нюнька, ён павіншаваў прысутных з днём незалежнасці Беларусі, абвешчанай у 1990 годзе, прынятай Вярхоўным Саветам Беларусі, якім кіраваў Станіслаў Шушкевіч. Было прапанавана, каб прафесар Станіслаў Шушкевіч стаў ганаровым сябрам ТБК.

Нельга пагадзіцца з паэтам Уладзімерам Высоцкім, які ў адным з вершаў пісаў: "Незаменимых нет"! Ёсць! Прайшло дзесяць год, як няма з намі Лявона Луцкевіча, яго не хапае, не хапае яго парадаў, яго ўсмешкі, яго вандровак па Вільні.

Першым выступіў з успамінамі Хведар Нюнька, ён коратка напомніў прысутным біяграфію Л. Луцкевіча. Нарадзіўся ў сям'і беларускіх інтэлігентаў, вучыўся ў легендарнай Віленскай Беларускай гімназіі, за беларускую дзейнасць быў асуджаны, адбываў пакаранне на Калыме, пасля хрушчоўскай адлігі вярнуўся ў Вільню.

Лявон Луцкевіч быў адным з першых, хто пачаў адраджаць беларускае культурнае жыццё напрыканцы 80х гадоў мінулага стагоддзя. Ён быў адным з першых, разам з Хведарам Нюнькам, хто заснаваў ТБК, улічваючы тое, што бацька Лявона Антон Луцкевіч закатаваны ў кіпцюрох ГПУ, дзядзька Іван Луцкевіч таксама вядомы беларускі дзеяч, дый сам Лявон адбываў пакаранне, таму ён не мог на той час узначальваць беларускую суполку. Але ён быў духоўным кіраўніком, 10 год сябравалі Хведар Нюнька і Лявон Луцкевіч і ні разу не разышліся ў поглядах адносна незалежнасці Беларусі, у ідэях. сп. Хведар нагадаў прысутным, аб крыўдзе, якая засталася ў Лявона Луцкевіча, які з замілаваннем любіў Вільню, пакінуў пасля сябе памяць кнігу "ВАНДРОЎКІ ПА ВІЛЬНІ". Ён марыў, каб кватэра беларускага мастака Пётры Сергіевіча, што па вуліцы Антокальскай, 30 у Вільні, дзе на працягу дзесяцігоддзяў гуртаваліся беларусы, засталася кватэрай музеем, нажаль беларуская амбасада не змагла даплаціць адпаведнай сумы грошай і яе набыў бізнесовец з Грузіі. На доме ўсталявалі мемарыяльную дошку з бронзы. Пры адкрыцці выступаў Лявон Луцкевіч, і ён сказаў: "Хай гэта застанецца на сумленні тых, хто мог зрабіць, але не зрабіў". Другая крыўда, якой быў абураны Луцкевіч, кіраўніцтва дзяржаўнай беларускай школы ў Вільні адмовіла Таварыству беларускай школы, кіраўніком якой доўгі час з'яўляўся Лявон Луцкевіч, у памяшканні. І трэцяя крыўда - тэлебачанне; на першай праграме літоўскага тэлебачання Лявон Луцкевіч распачаў тэлеперадачы "Вандроўкі па Вільні" на беларускай мове, але на жаль, яны дальнейшага працягу не мелі.

Аб чым бы ні гаварыў Лявон Луцкевіч, ён гаварыў шчыра, рабіў слушныя заўвагі. Ён з'яўляўся духоўнай глебай для ТБК, для ТБШ, для моладзі.

Другім выступіў Андрусь Старавойтаў. Ён упершыню пачуў голас дзядзькі Лявона па радыё, калі жыў у Маладэчне і паставіў сабе за мэту абавязкова пазнаёміцца з Лявонам Луцкевічам, што і адбылося ў Вільні. Добрыя стасункі між імі, па словах Андруся Старавойтава, доўжыліся да апошніх дзён жыцця Лявона. Андрусь Старавойтаў працуе на радыё "Палёнія" і ў сваім рэдакцыйным архіве захаваў шматлікія выступленні і інтэрвію Л. Луцкевіча і сёння яны гучаць вельмі актуальна.

Наступнай выступала я. Мне пашчасціла пазнаёміцца з дзядзькам Лявонам у 1988 годзе ў палацы прафсаюзаў. У лясной хатцы Зоські Верас, у яго бывала на кватэры з вучнямі.

Выступіла загадчыца беларускай кафедры ў Віленскім педагагічным універсітэце др. Лілея Плыгаўка, якая між іншым адзначыла, што каб не Лявон Луцкевіч і Хведар Нюнька, з іх уплывовым аўтарытэтам у літоўскім грамадстве, з іх мэтанакіраванасцю, арганізатарскімі здольнасцямі сп. Хведара не было б у Вільні ні беларускай школы, ні беларускай кафедры. Іх называлі беларускімі аксакаламі.

Апошнім выступіў чалец рады ТБК Сяргей Карабач.

Нагадвалі выказванні Лявона Луцкевіча, які адзначаў у свой час, што ў складаны для гісторыі перыяд з'яўляюцца, як грыбы, беларускія суполкі, якія часцей працуюць не на карысць Бацькаўшчыны, а для чужых інтарэсаў. Гісторыя паказала, што ён не памыляўся.

У пачатку 90х гадоў Лявон Луцкевіч заклікаў падтрымаць незалежнасць Літвы. Гэтае ён аргументваў тым, што суседняя дэмакратычная краіна будзе служыць на карысць беларусам.

Лявон Луцкевіч тады быў разам з літоўцамі, як і многія беларусы інтэлігенты Літвы. Ён застаўся ў памяці тых, хто яго ведаў, хто з ім адраджаў беларускае жыццё ў Вільні.

Ягоная кніга "Вандроўкі па Вільні", жывы голас на радыё і ў тэлеперадачах, успаміны аб ім узмацоўваюць падмурак беларускасці. Яго справа працягваецца, сказаў Хведар Нюнька, і знаходзіцца ў надзейных руках. Напрыканцы прысутныя паглядзелі відэяфільм ТБК "Паховіны Лявона Луцкевіча".

У ТБК дзейнічала выстава кніг, у якіх згадваецца Лявон Луцкевіч. На ёй была прадстаўлена яго адзіная кніга "Вандроўкі па Вільні", выдадзеная ТБК, якая пабачыла свет ужо пасля смерці аўтара.

Ён памёр, калі закончыўся 2гі з'езд беларусаў свету, у той дзень адышла ў іншы свет беларуская паэтка Наталля Арсеннева.

Яго імя застанецца ў гісторыі Бацькаўшчыны, як яго бацькі Антона Луцкевіча і дзядзькі Івана Луцкевіча.

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

28 ліпеня 2007 год,

Вільня.

Леакадзія Мілаш.


На вуліцы Элізы Ажэшкі

У Гародні гасцінна запрашае наведвальнікаў гарадская юнацкая бібліятэка.

Яна знаходзіцца ў доме знанай беларускай польскамоўнай пісьменніцы Элізы Ажэшкі (1841- 1910). Тут захоўваюцца два мемарыяльныя пакоі пісьменніцы, а таксама працуе экспазіцыя фатаздымкаў і гістарычных матэрыялаў, з якімі можна азнаёміцца. У гэтым годзе адзначалася 166годдзе са дня нараджэння знанай літаратаркі, якая паходзіла з Мількаўшчыны, Гарадзенскага краю.

Вялікі ўплыў на яе творчасць аказала паўстанне 1963-64 гг. і сялянскі рух 60-80-тых гадоў на Беларусі. Зборнік навел "Слава пераможаным!" (1910) быў прысвечаны героям паўстання.

Працуючы над лепшымі аповесцямі "Над Нёманам" і "Хам", Э. Ажэшка цікавілася мясцовымі паданнямі, песнямі, казкамі і раслінным светам наднёманскага краю.

Жадаючы замацаваць радзімую расліннасць, бліжэй яе пазнаваць, пісьменніца стварыла ў Гародні ўзорны сад. Любімым заняткам яе было збіранне раслінаў і стварэнне дэкаратыўных кампазіцый ў форме карцін, альбомаў, пано. Частку з гэтых скарбаў, яе кнігі, уласныя рэчы, можна пабачыць у мемарыяльных пакоях пісьменніцы.

Тут можна даведацца, што Э. Ажэшка была звязана з дзейнасцю гарадзенскага культурнага таварыства "Муза", арганізоўвала літаратурныя вечарыны, на якіх чытала лекцыі і прадстаўляла творчасць маладых аўтараў. Яна дзейнічала на карысць бедных, арганізоўваючы латарэі, ахвяруючы ўласную дапамогу, вяла нелегальна лекцыі па польскай культуры і літаратуры для дзяўчат, садзейнічала ў атрыманні стыпендый для таленавітай моладзі. У 1904 годзе Э.Ажэшка была намінавана на Нобелеўскую прэмію.

Насупраць дома праз раку Гараднічанку, дзе жыла і працавала пісьменніца, знаходзіўся ў савецкія часы дзіцячы дом №1. Тут расла і гадавалася яе шчырая сучасная паслядоўніца, апантаны дзеяч беларускага адраджэння Вольга Іпатава. Яна не раз прыходзіла сюды, у абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Гарадзеншчыны на сустрэчы, імпрэзы, вечарыны. Але, на жаль, шэсць гадоў таму пісьменнікі былі пазбаўлены магчымасці мець свае памяшканні ў гэтым доме, дзе спрадвеку віраваў дух творчасці і вольнасці. Пра гэты факт Вольга Міхайлаўна ўзгадала ў новай кнізе "Свабода да апошняга дыхання". Змястоўная кніга В. Іпатавай стала вынікам вандровак, наведвання магіл і памятных знакаў, прысвечаных славутым людзям нашай краіны.

Э. Оліна. На здымках: У доме Э. Ажэшкі. Фота аўтара.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX