Вярнуцца: 2007

№ 39 (827)


Крыніца: pawet.net.



№ 39 (827) 3 КАСТРЫЧНІКА 2007 г.


ІВАНУ ПТАШНІКАВУ - 75

ПТАШНІКАЎ Іван Мікалаевіч (н. 7.10.1932, в. Задроздзе Лагойскага р-на), беларускі сав. пісьменнік. Засл. работнік культ. БССР (1983). Скончыў БДУ (1957). Працаваў у Дзярж. выд-ве БССР (1957-58), час. «Маладосць» (1958-62). 3 1962 у час. «Полымя». Друкуецца з 1952. Першая кн. «Зерне падае не на камень» (1959). У раманах «Чакай у далёкіх Грынях» (1962), «Мсціжы» (1970) і «Алімпіяда» (1984) паказана жыццё сучаснай бел. вёскі, раскрыты духоўны свет селяніна-працаўніка, яго сувязь з роднай зямлёю. Аповесць «Лонва» (1965), апавяданні «Алёшка», «Алені», «Бежанка» (зб. «Сцяпан Жыхар са Сцешыц», 1966) - пра падлеткаў, якія сталелі ў выпрабаваннях вайны. Глыбокі псіхалагізм, суровая праўда ў паказе драм. абставін уласцівы аповесцям «Тартак» (1968; аднайменны фільм Бел. тэлебачання паводле сцэнарыя аўтара, 1974) і «Найдорф» (1975, Дзярж. прэмія БССР імя Я. Коласа 1978). Творчасць П. адметная ўзнаўленнем нар. жыцця, увагай да самабытных характараў, шматфарбнасцю мовы. Разгорнутыя карціны прыроды, сугучныя чалавечым пачуццям, насычаныя дынамізмам, перадаюць глыбінную сілу народа і чалавека, неўміручасць жыцця. У апавяданні "Львы" актуальная для Беларусі тэма Чарнобыля. Апавяданні "Францужанкі" і "Тры пуды жыта" пра драм. старонкі народнага жыцця, звязаныя з неабгрунтаванымі рэпрэсіямі. Апавяданне "Пагоня" трагедыйнага зместу, скіраванае супраць самазнішчэння ў прыродзе і грамадстве.

Яго творы перакладзены на рус, укр., лат., эст., польск., балг., чэш., славац., англ., франц. мовы.


Нашай сяброўцы Наталлі Качаноўскай да шаноўнага юбілею

Гэтая пяшчотная, выкшталцоная, адукаваная, інтэлігентная жанчына ад самага пачатку нашага вызвольнаадраджэнцкага руху непахісна стаіць у шыхтах самых адданых сыноў і дачок маціБеларусі.

Разам з намі яна зведала і дубінкі амапа і страшны аскал да зубоў узброеных спецназаўцаў і расправы паслужлівых рэжыму судоў.

Адна толькі прысутнасць яе кволай, нядужай, стройнай фігуркі заўсёды надае мужнасці і трываласці ўдзельнікам нашых дэмакратычных акцыяў.

Студэнты Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі, дзе яна выкладае англійскую мову, міжволі імкнуцца быць падобнымі да яе, быць побач з ёю.

Яе беларуская мова - вольная, прыгожая, мілагучная - прыцягвае да сябе людзей нават абыякавых і далёкіх ад праблем беларушчыны.

Хочацца ад усяго шчырага сэрца сказаць нашай сяброўцы Наталлі самыя цёплыя словы ўдзячнасці і папрасіць Магутнага Бога здароўя, сілы і трываласці ёй і ўсім нам.

Усе падпісваемся пад словамі верша спадара Яна Грыба:

Душа і стан, і твар прыгожы,

Ліцвінак гонар, чысціня.

Яз зорка ўсім у бездарожжы,

Чароўны спеў і цішыня.

Ці сэрцу розуму прынада,

Святла блакіт і прамяні,

Усеабдымная спагада,

У вачох - бяздонне дабрыні.

Жыве Беларусь!

Сябры Рады ТБМ імя Францішка Скарыны Кастрычніцкага раёна Менска.

Старшыня Рады Ян Грыб.


Сакратарыят ТБМ імя Ф.Скарыны, рэдкалегія "Нашага слова" далучаецца да цёплых слоў віншавання сяброў Рады Каст-рычніцкага раёна Менска і выказвае вялікую ўдзячнасць спадарыні Наталлі за яе шматгадовую працу ў складзе Рэвізійнай камісіі Таварыства, за актыўную жыццёвую пазіцыю, пастаянны клопат пра пашырэнне нашай газеты сярод моладзі. Радуйце нас і надалей сваёй адданасцю справе Беларушчыны!


Круглы стол з вострымі вугламі

ТБМ распачало грамадскае абмеркаванне законапраекту аб правапісе

28 верасня ў менскай сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Скарыны прайшоў круглы стол дзеля абмеркавання праекту закону " Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі ". Удзел у ім узялі навукоўцы , палітыкі , юрысты , супрацоўнікі дзяржаўных структураў . Запрошаныя да абмеркавання прадстаўнікі Міністэрства адукацыі , а таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу мерапрыемства праігнаравалі. Тым не меней, арганізатары спадзяюцца, што дыскусія стане пачаткам шырокага грамадскага абмеркавання пытанняў мовы.

Адкрыў сустрэчу старшыня ТБМ Алег Трусаў, вялі яе намесніцы старшыні ТБМ Алена Анісім і Людміла Дзіцэвіч . У паседжанні ўзялі ўдзел навукоўцы, выкладчыкі, выдаўцы, як з дзяржаўных, так і незалежных установаў: выкладчыкі Універсітэта культуры Ігар Клімаў , Педагагічнага ўніверсітэта - Алесь Лозка , Педагагічнага коледжа - Алесь Чэчат , мовазнаўцы, суаўтары "Беларускага клясычнага правапісу" Вінцук Вячорка і Зміцер Саўка , галоўныя рэдактары часопіса "Роднае слова" Уладзімір Куліковіч і газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік , доктар біялагічных навук Язэп Стапановіч і іншыя. Гасцямі былі дырэктар Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец , кандыдаты навук Вераніка Курцова (Інстытут мовазнаўства), Сяргей Запрудскі (БДУ), а таксама А. Загузаў , Н. Мячкоўская , Ю. Чавусаў , У. Содаль , В. Ермаловіч , Ф. Піскуноў і інш. Прыслаў свае тэзісы Зм. Паўлавец .

На сустрэчы прысутнічалі карэспандэнты "Нашай Нівы", "Вячэрняга Гродна", БелаПАН, Радыё Свабода, "Нашага слова".

Першым слова атрымаў дырэктар Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец. Ён не адзін раз падкрэсліў што абмяркоўваны праект ад пачатку, калі ім займаўся Інстытут мовазнаўства, разглядаўся не як рэформа, а толькі як удасканаленне правапісу 1959 года.

Зараз мы маем разнабой у правапісе. Я лічу, што ў гэтым пытанні трэба паставіць кропку.

Аднак апанентаў сп. Лукашанца, якраз менш за ўсё гэты разнабой хваляваў. Іх больш хваляваў агульны стан мовы, звужэнне сферы яе рэальнага ўжытку. Разам з тым хвалявала і працэдура прыняцця зменаў у правапіс. Праект, на думку апанентаў далёка не дасканалы, і прыняцце яго ў выглядзе Закона надоўга гэтую недасканаласць закансервуе.

(Працяг тэмы на ст. 2.)


Вінцук Вячорка: "Я заклікаю чальцоў Палаты: не спяшайцеся вырашаць лёс таго, чым вы не жывяце і чаго не адчуваеце"

Вынікі круглага стала па ўдасканаленні правапісу каментуе яго ўдзельнік, суаўтар "Беларускага клясычнага правапісу" Вінцук Вячорка.

- Я выступіў з востра крытычнаю нататкаю наконт вынесенага на абмеркаванне праекту правапісу, ён жа праект закону. Мовазнаўчая частка яе з'явіцца неўзабаве ў "Нашым слове". Наагул жа сёння беларуская літаратурная мова карыстаецца двума правапісамі: савецкім і класічным, а ў інтэрнэце - пераважна класічным. Класічны правапіс адрадзіўся ў Беларусі ў пачатку 80х гадоў як натуральная рэакцыя на хібы, непаслядоўнасць, русіфікатарскую палітызаванасць правапісу ўзору 1933 і 1959 г. Класічны правапіс існуе і будзе існаваць. Калі беларускую мову выціскаюць з асноўных функцыянальных сфераў, нельга падтрымліваць захады, якія абмяжуюць любую форму ейнага бытавання, будзь гэта дыялектная мова, гарадская размоўная мова, розныя правапісныя варыянты літаратурнае мовы. Законапраект акурат мае на мэце такое абмежаванне, а нават пераслед класічнага правапісу. Таму трэба адкласці прыняццё любых заканадаўчых актаў наконт правапісу да аднаўлення рэальных функцыяў беларускае мовы як дзяржаўнае.

Характэрна, што Алесь Чэчат, які ведае настроі настаўнікаўфілолагаў, кажа: яны ў бальшыні сваёй не хочуць зменаў, пагатоў праект падрыхтаваныя без іхняга ўдзелу. Я цалкам з ім згодны. Няма цяпер патрэбы чапаць правапіс 1959 году, перад моваю стаяць зусім іншыя ды вельмі небяспечныя выклікі, каб мы дазволілі сабе раскошу спрачацца наконт правапісаў.

Практычна нідзе ў еўрапейскіх краінах правапіс не зацвярджаюць як закон. Правапіс дзейнічае як дабрахвотная канвенцыя носьбітаў мовы. У нас улада, якая апошнія паўтара дзесяцігоддзі выціскала беларускую мову на ўзбочыну дзяржаўнага жыцця, раптам заклапацілася ейным лёсам. Я перакананы, што парупіцца пра нашую мову заканадаўча - значыць вярнуць яе ў тэлевізію, забавязаць вытворцаў пісаць пабеларуску на ўпакоўках, аднавіць зачыненыя беларускія школы, даць нарэшце магчымасць атрымліваць вышэйшую адукацыю пабеларуску.

Але ў Палаце прадстаўнікоў ніводзін прадстаўнік не выступае пабеларуску. Я заклікаю чальцоў Палаты: не спяшайцеся вырашаць лёс таго, чым вы не жывяце і чаго не адчуваеце. Дарэчы, з падачы Юр'я Чавусава наш Круглы стол прапанаваў разумную рэч: парламенцкія слуханні, прысвечаныя моўнай палітыцы.

Трывожна, што Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа застаўся ўбаку ад праекту і быў далучаны да яго на апошняй стадыі. Я магу спрачацца з яго прадстаўнікамі, але адназначна перакананы, што Інстытут павінен адыгрываць важную ролю ў распрацоўцы дзяржаўнае моўнае палітыкі. І добра, што сёння аднавіўся дыялог паміж спецыялістамі, якія працуюць у дзяржаўных установах, і незалежнымі навукоўцамі. Думаю, нас яднае значна больш, чым раз'ядноўвае, а менавіта клопат пра беларускую мову. Усё астатняе - дэталі.

Рэдактар газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік у сваім выступе настойваў на тым, што змены ў правапісе не павінны пагоршыць суадносіну вымаўленне/напісанне:

Бог даў беларусам граматыку з аднаго правіла: "Як чуецца, так і пішацца". Чорт дадаў выключэнні, і напісанне іншамоўных словаў.

Гэта алегорыя, але гэта метадалагічная алегорыя, і ў адносінах да рэформы правапісу яе трэба разумець так: "Усялякія змены, якія набліжаюць напісанне да гучання - прыймальныя і станоўчыя, усякія змены, якія аддаляюць, зноў жа, напісанне ад гучання - непрымальныя і адмоўныя".

Пры гэтым мы павінны гаварыць не толькі пра дзеянні, гэта значыць пра прапановы па развязцы нейкіх праблемаў, якія ўзніклі ў беларускай філалогіі за многія гады, пра якасць гэтых прапановаў: карысныя або шкодныя, але і пра бяздзеянне, гэта значыць пра невырашэнне, замоўчванне многіх праблем, якія назбіраліся ў нашай мове.

Таму, калі прапанаваныя змены не развязваюць назапашаныя праблемы, або развязваюць, пагаршаючы суадносіну гучанне/напісанне, то такія змены не патрэбныя наогул, і лепш захаваць статус - кво, г.зн. пакуль пакінуць усё як было. Фактычна трэба паступіць, як у медыныне, дзе дзейнічае асноўны прынцып: "Не нашкодзь".

Пра тое, што прапанаваны праект многія праблемы беларускага правапісу так і не развязвае, гаварылі многія выступоўцы, хаця спецыялістыфілолагі адзначалі і шмат чаго станоўчага. У многіх выпадках прапанаваныя змены ў правапісе яго ўсётакі спрашчаюць. Але складваецца ўражанне, што нашыя навукоўцы банальна не паспяваюць за развіццём мовы. Выключэнняў менш не становіцца. Асабліва гэта тычыцца правілаў напісання замежных словаў, колькасць якіх у нашай мове расце ўсё большымі тэмпамі, і якія не хочуць укладвацца ні ў якую сістэму.

Прынятая за аснову рэзалюцыя патрабуе публічнасці абмеркавання сітуацыі з правапісам і як мага даўжэйшага адкладу яго ўзаконення. Дапрацаваны тэкс яе будзе надрукаваны ў "Нашым слове".

Наш кар.

На здымку злева направа: Алена Анісім, Вінцук Вячорка, Алесь Лозка.


Дзень духоўнай хрысціянскай паэзіі

29 верасня, напярэдадні святкавання 600-годдзя Сынкавіцкай царквы, у гэтым храме ўпершыню на Беларусі адбыўся Дзень духоўнай хрысціянскай паэзіі.

А 12й гадзіне ў царкве пачаўся малебен. Адразу адчулася, якая цудоўная тут акустыка. Усё ж царква непаўторная не толькі сваёй знешняй незвычайнай архітэктурай. Той, хто будаваў яе, думаў, як будзе гучаць тут голас.

Настаяцель айцец Арсеній вельмі гучна чытаў малебен, а замест хора спявалі два семінарысты з Жыровічаў. Іх голас так і плыў па храме, ствараючы цудоўную атмасферу.

Айцец Арсеній перад гэтым не хаваў свайго хвалявання, праўда, заўважыў, што мерапрыемтва адбываецца ў даволі камернай атмасферы, паколькі школьнікаў з Елкаўскай школы сюды не пусцілі, а прыхаджанаў зусім няшмат.

Айцец Арсеній:

Мясцовае насельніцтва не зусім адчула адказнасць перад Богам, што ён падараваў ім такую царкву. Ведаеце, вельмі мала людзей сюды ходзіць.

Арганізавалі Дзень духоўнай хрысціянскай паэзіі паэт Міхась Скобла і пісьменнік, краязнаўца Сяргей Чыгрын - яны абодва паходзяць з Зэльвенскага раёна. А дабраславіў імпрэзу япіскап Арцемій з Горадні.

Міхась Скобла прадастаўляў словы паэтам: Алесь Клышка і інак Мікалай (паэт Зьніч) прэзентавалі новую кніжку "Шлях да Жыровіч", Вольга Іпатава чытала вершы пра Сафію, паколькі пра Сынкавічы ў яе пакуль не напісана, але сказала, што піша зараз кнігу пра Вітаўта, які мае самае непасрэднае дачыненне да царквы. Усё адбывалася ў храме, перад алтаром, усе стаялі і слухалі, быццам казанне, якое чытае святар.

Анатоль Вярцінскі з настроем зазначыў, што знаходзіцца пры адкрыцці новай традыцыі: чытання вершаў у беларускіх храмах. Рыгор Сітніца падараваў царкве карціну, якую намаляваў на далёкай выспе ў Эгейскім моры. На ёй толькі кляштар і мора. Сяргей Чыгрын распавядаў, як у дзяцінстве бавіў час вакол царквы.

Зала цалкам заціхла, калі пачала спяваць салістка менскай філармоніі Тацяна Матафонава. Яна спявала "О, Беларусь, мая шыпшына", на словы Уладзіміра Дубоўкі.
Міхась Скобла падараваў айцу Арсенію кніжку Ларысы Геніюш, сказаў колькі цёплых слоў пра яе. Скончылася імпрэза тым, што Тацяна Матафонава заспявала "Магутны Божа".

Пасля ўрачыстасці Вольга Іпатава падзялілася сваімі ўражаннямі:

Ведаеце, у мяне добрае ўражанне, і хаця тут не было вучняў, якія павінны былі прыйсці сюды, вы самі чулі, тут гучала паэзія хрысціянская, духоўная. Я думаю, людзі перададуць сваім дзецям, унукам, калі прыдуць дадому, гэтую часцінку нашай любові і нашай высокай узнёсласці, якая панавала ў гэтым старадаўнім храме.

Увесь дзень побач з царквой шчыравалі рабочыя: на званіцы змянілі бляху, побач з храмам усталявалі сцэну, разбілі палаткі, нават на жывёлагадоўчай фэрме, якая знаходзіцца за 20 метраў, даяркі фарбавалі вокны.

На завяршэнне ўдзельнікі імпрэзы наведалі Зэльву, дзе ўсклалі кветкі да помніка і магілы Ларысы Геніюш, а ў самым канцы прыпыніліся ў 100гадовай хаце Сяргея Чыгрына ў Хадзявічах.

30 верасня ў Сынкавічах прайшлі ўрачыстасці з нагоды 600-годдзя Сынкавіцкай царквы з удзелам мітрапаліта Філарэта.

Яраслаў Грынкевіч.


Творчы вычын Ігара Пешахонава

26 верасня 2007 года ў малой зале Лідскага раённага дома культуры прайшла прэзентацыя чарговага, ужо трэцяга, фотаальбома лідскага фотамастака Ігара Пешахонава Міцкевіча.

Першы альбом "Ліда" выйшаў у 2005 годзе, наступны "Навагрудак" у 2006 годзе. Сёлетні альбом "Краявіды Лідчыны" выйшаў павялічаным фарматам у выдавецтве "Беларусь" па замове і фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 21,5 ум. друк. аркушаў. Наклад 1500 асобнікаў.

Альбом ужо традыцыйна выйшаў на трох мовах: беларускай, англійскай і польскай. Тэкст напісаў Анатоль Варава, на англійскую мову пераклаў Віталь Кірылюк, на польскую пераклаў Аляксандр Колышка.

У новым альбоме І. Пешахонаў пераўзышоў абодва папярэднія, і зараз ужо можна зайздросціць слонімцам, бо наступны альбом, які збіраецца рабіць фотамастак гэта "Слонім", і, мабыць, ён будзе яшчэ лепшым, калі, наогул, зрабіць лепш магчыма.

На прэзентацыю сабраліся прадстаўнікі ўлады і грамадскасці. Вяла імпрэзу на беларускай мове Тамара Зенюкевіч.

Слова мелі намеснік старшыні райвыканкаму Антон Глаўніцкі, дырэктар Лідскага гістарычнамастацкага музея Ганна Драб, загадчык аддзела прыродных рэсурсаў Аляксандр Шокаль, старшыня Таварыства польскай культуры Аляксандр Колышка. Аздаблялі імпрэзу лідскія рыцары і гурт "Славяначка" пад кіраўніцтвам Аліцыі Казак.

Здымкі Ігара Пешахонава гэта не проста фіксацыя нейкіх будынкаў ці пейзажаў, гэта, нават не проста прыгажосць, гэта прыгажосць,сумешчаная з высокай якасцю паліграфіі, з мастацкім бачаннем свету і з высокім майстэрствам прафесіянала.

Альбомы Ігара Пешахонава, яго рэгулярныя фотавыставы, аздабленне горада гэта прыклад адданага служэння Беларусі, на тым месцы, дзе ён стаіць, той працай, якую ён умее рабіць.

Яраслаў Грынкевіч.

На здымках: 1. Выступае Ігар Пеша-хонаў. 2. Вокладка альбома. 3. Так выглядае Лідскі замак.


Памяць пра Касцюшку ў Беларусі будзе жыць

15 кастрычніка 2007 года спаўняецца 190 гадоў з дня смерці дзяржаўнага дзеяча, палкаводца, кіраўніка вызва-ленчага паўстання 1794 года, нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы, Францыі, Злучаных Штатаў Амерыкі Тадэвуша Касцюшкі (1746-1817).

Хочацца думаць, што гэтая гістарычная дата стане яшчэ адной падставай для далейшага вывучэння і асэнсавання чыну і жыццёвага шляху Касцюшкі, для ажыццяўлення планаў па ўвекавечанні памяці нацыянальнага героя чатырох народаў. Добра, што ў Беларусі распачалася такая праца, як дзяржаўнымі установамі, так і грамадскімі арганізацыямі. Так на малой радзіме Тадэвуша Касцюшкі ў вёсцы Мерачоўшчына працягваецца праца па аднаўленні сядзібы Касцюшак і стварэнні ў ёй экспазіцыі. Будзем спадзявацца, што лепшы, чым сённяшні, лёс чакае і Косаўскі палац, які, мяркуецца, стане часткай экурсійнага маршруту па месцах, звязаных з імем Тадэвуша Касцюшкі.

Сваю бонду ў гэтую пачэсную справу ўносіць культурнаасветны клуб "Спадчына". Да 190-годдзя з дня смерці кіраўніка паўстання 1794 года ўдзельнікі "Спадчыны" пастанавілі ўсталяваць помнік Тадэвушу Касцюшку на сядзібе музея выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах (Фонд Анатоля Белага). Аўтары помніка: Анатоль Белы (кіраўнік праекта), малюнак А. Крывенкі, А. Цыркунова, А. Белага. Адкрыццё помніка адбудзецца 15 кастрычніка гэтага года на сядзібе музея Анатоля Белага.

На здымку: помнік Тадэвушу Касцюшку чакае, каб стаць яшчэ адным крокам па вяртанні народу імёнаў слаўных сыноў Беларусі.

А. Мяльгуй.


ПРЫЛАДЫ ІМПЕРЫІ

У 1492 годзе, калі Калумб паплыў на пошукі Новага свету, сярэднявечны лінгвіст Антоніё Нябрыха напісаў кніжку, Іспанскую граматыку, першую працу гэткага кшталту для еўрапейскай мовы. Калі ён паднёс том каралеве Ізабэле, каралева не зразумела. "Навошта гэта?", спытала яна. "Ваша Вялікасць", адказаў біскуп Авілы, мова найлепшы інструмент імперы і".

Еўрапейскія экспедыцыі ХУІ-ХУІІ ст. па збудаванні імперый абвясцілі пачатак канца тысяч моў Паўночнай і Паўднёвай Амерык. Па меры таго як кантыненты каланізаваліся еўрапейскімі дзяржавамі і іхнія карэнныя жыхары маргіналізаваліся, мясцовыя мовы прападалі разам з сваімі носьбітамі. Да прыкладу, у Бразіліі, па ацэнках 75% усіх моў, на якіх некалі гаварылі ў краіне, зніклі з часу прыходу партугальцаў у 1500 годзе. Са 180 карэнных моў, што засталіся, толькі на адной размаўляе болей за 10.000 чалавек з насельніцтва ў 160.000 000. "Свет, гэта мазаіка бачанняў ", кажа Ар'ён Даль'Ігна Радрыгес, вядучы бразільскі аўтарытэт па карэнных мовах. "З кожнай мовай, што знікае, прападае кавалачак такой мазаікі".

Між кранакаў, што жывуць у паўднёваусходняй Бразіліі толькі жменька з 70 ці каля таго супляменнікаў усё яшчэ размаўляе на матчынай мове. Некалі племя паляўнічыхзбіральнікаў кранакі былі выгнаны з сваёй зямлі і загнаныя ў рэзервацыі ўрадавымі агентамі, якім было патрэбна болей прасторы для сельскай гаспадаркі. Да 1950 гадоў каталіцкія місіянеры забаранялі ім выконваць рытуалы ці размаўляць на сваёй роднай мове. Моўная забарона ў спалучэнні з выгнаннем племя з ейнай традыцыйнай зямлі разбурылі вусную перадачу племянной культуры. "Вусная традыцыя ўвесь час абнаўляецца, калі яна перадаецца далей", кажа 42 гадовы Айлтан Крэнак, індзеец і галава "Агменю Індзейскай Кулыуры", размешчанай ў СаўПаўлу аргаізацыі, што садзейнічае культурнай разнастайнасці Бразіліі. "Калі на мове болей не гавораць, гэта быццам насадзіць матылька на іголачку, на дошку. Вы перарываеце ланцужок жыцця".

Але мовы могуць быць надзвычай жывучымі. Калі абрынаюцца імперыі, прыдушаныя мовы знаходзяць шлях, каб прабіцца праз трэшчыны. Распад Савецкага Саюза ў 1991 годзе даў крэнакам неспадзяваную магчымасць аднавіць некаторыя парваныя звенні ў іхняй вуснай традыцыі, аднавіць зніклыя кавалачкі ў мазаіцы свету.

У 1993 годзе, пад час перыяду галоснасці, распачатай рускім прэзідэнтам Міхаілам Гарбачовым (так у тэксце заўв. перакл.) венгерская лінгвістка Эва Шэбашцьен у архіве Інстытута Этнаграфіі Расійскай Акадэміі Навук у СанПецярбурзе натрапіла на рукапісы Генрыха Генрыхавіча Манізера, рускага антраполага, які падарожнічаў па Бразіліі на стыку стагоддзяў. У час сваіх вандровак Манзер запісаў традыцыйныя крэнакскія аповяды, рытуалы і песні паруску і пакрэнацку гэткім чынам захаваўшы скарбонку словаў, выразаў і гісторый, якія, як думалі крэнакі, назаўсёды зніклі. Перакладаючы з расейскай на партугальскую і і пераправяраючы з запісанымі Манізерам тэкстамі на крэнакскай мове Айлтан шчыруе, каб знайсці частку страчанай племем мовы і вярнуць яе свайму народу. "Адкрыць гэтыя словы, аповяды і песні гэта знайсці шлях да нашай існасці, шлях нашай мары", - кажа ён.

Джэймс Джэры


Успаміны Эдварда Вайніловіча

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Яцына

Падобныя нацыянальныя пачуцці падзяляў прафесар Яцына, марскі афіцэр па прафесіі, а пазней вядомы генерал у Варшаве, у якога мне прыходзілася бываць, калі жыў на Мойцы, і які разам са сваёй выдатнай жонкай заўсёды быў рады гасцям. Гаспадыня была дачкой вядомага ў Маскве хімікатэхнолага, некалі і майго сябра, Асоўскага. Было яшчэ ў мяне адно месца "прыстанкі" хата майго сваяка інжынера Яна Петразоліна, які жыў далёка ад цэнтра горада на Няве, поруч са Шлісельбургскай шашой, у сувязі з чым я не мог бываць там часта. Падчас майго знаходжання на Няве прыязджала ў сталіцу па справах мужа жонка ўладальніка маярата Ежы Радзівіла, і ўдава князя Міхала Агінскага, якія заўсёды былі да мяне дабразычлівыя і гасцінныя. На Махавой жылі Плятары (сужонцы з родаў Патоцкіх і Незабытоўскіх), якія ахвотна прымалі ў сваім доме палякаў. Гаспадыня дома рухавая і энергічная жанчына, часта падпявала Дабецкаму вясёлыя кракавякі, а мне журботныя беларускія напевы. Я наведваў таксама свайго калегу прэлата Вітольда Чачота, у той час плябана прыходу св. Станіслава ў Каломне. Аднак часу для сяброўскіх кантактаў у мяне было вельмі мала. Яго забіралі паседжанні ў групе, у Цэнтры, пленарныя паседжанні, а таксама хатняе выкананне заданняў.

Польскі салон Патоцкіх

Па істоце быў толькі адзін польскі палітычны салон у графаў Патоцкіх. У перыяд I Думы граф быў дэпутатам пасланцам Валыні. Сям'я вярнулася ў сталіцу падчас склікання III Думы і заняло спачатку прыгожы палац графа Кляйнміхеля на Сяргееўскай, а затым выдатныя апартаменты турэцкай амбасады на набярэжнай Нявы, побач з Мікалаеўскім мастом. З графам я пазнаёміўся бліжэй у перыяд працы I Думы, а графіню Алену (з нясвіжскіх Радзівілаў) я добра ведаў яшчэ дзеўчынай. Абодва былі да мяне настроеныя вельмі прыязна і сардэчна. Я не адзін вечар правёў у іх у цесным сямейным коле, а таксама на званых абедах для высокапастаўленых асоб.

Патоцкія, імператар

Дом Патоцкія трымалі на высокім узроўні, з шматлікай прыслугай і прыдворнымі казакамі, падтрымліваючы актыўныя адносіны з княжымі і дыпламатычнымі коламі. На адным з абедаў, дадзеным у гонар французскага амбасадара, здаецца Бонпара, я пачуў, выказванне, якое тычылася Яго Імператарскай Вялікасці з вуснаў тагачаснага старшыні Думы М. А. Хамякова, які быў вядомы сваёй дасціпнасцю, што дапамагала яму ў самых складаных сітуацыях. "Бачу не першага імператара, сказаў Хамякоў, калі мы паселі за невялікім столікам за лікёрам, які сярод прыдворнай світы меў сваіх дараднікаў з адпаведнай вагой і павагай у краіне і пры двары. Зараз, калі я пакідаю Царскае Сяло, заўсёды думаю аб Яго Імператарскай Вялікасці бедны сірата, яму нават няма на каго абаперціся".

Хамякоў меў рацыю, што і пацвердзілі наступныя падзеі. Але не абыходзілася тут і без асноўнага фактару. Тыя, хто часцей наведваў Двор, стала знаходзіліся ў сумневах адносна пераважных сёння настрояў: ці не зменіць раптоўна сваё меркаванне імператар, і ці не гатова ўжо рашэнне аб адстаўцы госця, прыманага ім самым сардэчным чынам. А пры падзенні трона падчас сакавіцкіх падзей вельмі дзіўным здавалася тое, што не знайшлося ні адной партыі, ні аднаго палка, ні аднаго міністра, якія сталі б побач з імператарам.

Прыёмы пры Двары

У перыяд першага склікання Дзяржаўнай Рады, мусіць, Двор яшчэ не прывык да новага парадку рэчаў, і да таго, што, напрыклад, не толькі былыя міністры, амбасадары і генералгубернатары могуць стаць чальцамі Дзяржаўнай Рады, але і вылучаныя грамадствам людзі. Апошніх Двор ігнараваў, і, калі выбарны дэпутат жадаў патрапіць на аўдыенцыю да Яго Светласці, то ўяўляўся ў спісе не з тытулам чальца Дзяржаўнай Рады ад той або іншай губерні, а як камерюнкер, камергер, маршалак або старшыня органа самакіравання і т. д. У перыяд II Думы ўжо адбыліся змены, і з Царскага Сяла абвясцілі, што выбарныя чальцы Дзяржаўнай Рады могуць быць прынятыя пры Двары ў прызначаныя дні. Каб нікому не было крыўдна, чарговасць усталёўвалася па алфавіце. У сувязі з тым, што літара "В" знаходзіцца сярод першых у алфавіце, я апынуўся адным з першых разам са сваім калегам па групе ВойнічСянажэнцкім (абраным замест Выкоўскага), Арсенем архібіскупам пскоўскім і порхаўскім, С.Е. Бразолем, У. А. Бутляровым і іншымі, прэтэндэнтамі на прыём Яго Імператарскай Вялікасці. За некалькі дзён да візіту, на абедзе ў барона Кроненберга, я сустрэў віцацырымонійместара Двара Яўрэнева, які спытаў мяне, ці не буду я "шчаслівы" (замест "ці не выяўлю жадання") быць прынятым Яе Вялікасцю Імператрыцай. Калі так, то ён як міністр можа мне ў гэтым аказаць садзейнічанне. Натуральна, я падзякаваў, а ён тут жа пачаў запісваць дэталі маёй біяграфіі і роду, якія звычайна паведамляюцца Яе Вялікасці, каб мець пра госця ўяўленне, і ведаць, аб чым з ім весці гутарку. Пры гэтым ён папярэдзіў, што самому весці гутарку нельга, а трэба ўсяго толькі адказваць на пытанні, што, калі Яе Светласць падасць руку, то яе трэба пацалаваць, і, калі пажадае размаўляць на французскай мове, то не варта яе называць па тытуле, а ўсяго толькі "мадам" і т. д., і т. д.

Аўдыенцыя

Аўдыенцыя ў Царскім Сяле была прызначаная на 11 гадзін раніцы. Нам былі дасланыя пропускі ў царскія пакоі чыгуначнага вакзала, адкуль па адмысловых каляях двара, такім жа цягніком, у фраках, мы адправіліся ў шлях. Нас здзівіла тое, што пры ўездзе на вакзал і пры пасадцы ў цягнік ад нас не патрабавалася ніякіх дакументаў. Нам растлумачылі потым, што ўсе чыгуначныя службоўцы і жандары на вакзале гэта агенты "ахранкі", і, мусіць, нашы фатаграфіі знаходзяцца ў іх у кішэнях. Пасля прыбыцця ў Царскае Сяло прыдворны службовец называў нашыя прозвішчы па спісе, і па два чалавекі сядаліся ў карэты. Нас адвезлі ў павільён, дзе пачаставалі кавай і пірожнымі. Затым мы перамясціліся ў галоўны палац, у якім праз галерэю пакояў нас правялі ў гасцёўню (у ангельскім стылі) самой імператрыцы, з ангельскімі ілюстрацыямі на сталах і развешанай на сценах халоднай зброяй. Толькі на адной сцяне вісела намаляваная алеем карціна з малюнкам казакоў у стэпе, якія адпраўляюцца на вайну, што моцна нагадвала "Прывітанне стэпу" Брандта.

З салона дзверы былі расхінутая ў шырокі калідор, у які выходзілі дзверы кабінетаў імператара і імператрыцы, пад аховай маўраў у маляўнічых гарнітурах. На маё пытанне, адрасаванае церымонійместару графу Хендрыкаву, чаму клопат аб жыцці найкаштоўнейшых для Расіі людзей давераны не сваім падданым, напрыклад лейбказакам,сямёнаўцам, а чужым, як і на пытанне Арсеня: ці з'яўляюцца гэтыя маўры прывезенымі або мясцовай "вытворчасці?" (sic), мы пачулі ў адказ, што маўры былі падораныя Яго Імператарскай Вялікасці імператарам Абісініі, і што яны вельмі хутка адаптуюцца да мясцовых умоў, доказам чаму з'яўляецца тое, што адзін з іх закахаўся ў прыслугу імператрыцы, і зараз праблема выбранніца баіцца мець чорных дзяцей, і тое, што наогул маўры вельмі дакладныя і адданыя сваім гаспадарам служкі. Пасля нядоўгага чакання, паколькі аўдыенцыя з імператрыцай была толькі ў мяне, я быў запрошаны ў кабінет.

Маўр расчыніў дзверы. Імператрыца стаяла пасярод кабінета поруч стала, у светлапапялістым гарнітуры "taylor" добра выглядала. Яна падала для пацалунка руку і пры святле сонечнага сакавіцкага дня пачала мяне распытваць аб хатніх справах, як даўно наш род валодае маёнткам (я ледзь было не выпаліў, што раней, чым род Раманавых узышоў на трон), ці ёсць у мяне дзеці? і т.д. А калі я адказаў на ўсе пытанні, і распавёў з некаторым хваляваннем аб сваіх няшчасцях, якія па волі Божай мяне сустрэлі, яна ізноў працягнула мне руку са словамі "eh bien, Vous etes a plaindre, Monsieur (Вы годныя спагады, Мансеньёр)", а я, забыўшы пра этыкет, працягнуў "puisse le bon Dieu Vous eparher, Madame, les malheurs, que j'ai eprouve (Усемагутны добры Бог ды зберажэ Вас ад тых бед, якія я выцярпеў)". Яна ізноў працягнула для пацалунка руку. Прамаўляючы гэтыя словы, я нават не мог выказаць здагадку, што мае словы акажуцца прароцкімі.

Гісторыя скажа сваё слова аб Аляксандры Фёдараўне. Мне яна здалася чалавекам інтэлігентным з добрым сэрцам. Успамінаецца, з якім хваляваннем, магчыма, прадчуваннем, яна прысутнічала 27 красавіка 1905 г. пры абвяшчэнні акту, аб заснаванні Заканадаўчых Палатаў. Тады яшчэ ўплыў Распуціна на двор не быў такім моцным.

Пасля вяртання ў салон мы былі запрошаныя ўсім складам у кабінет імператара. Увесь кабінет быў аздоблены чырвоным дрэвам, нават антаблементная столь, здаваўся марской каютай: у цэнтры стаяў більярд, у куту стол, за якім, як мне распавёў барон Уекскюль, быў падпісаны дэкрэт 17 кастрычніка і контрасігнованы баронам як дзяржсакратаром. Дзяжурны ад'ютант расставіў нас і паказаў, куды трэба накіроўвацца пасля аўдыенцыі.

Імператар з'явіўся ў форме франтыр'ераў і малінавай шаўковай кашулі ў нацыянальным стылі. Кожнаму па чарзе падаў руку і распытваў кожнага ў асноўным аб сітуацыі ў губернях, аб аграрных хваляваннях. Падышоўшы да мяне, пачаў распытваць аб меліярацыйных работах генерала Жылінскага. Я распавёў аб меліярацыі ў нашым паветах, у маёнтку Рэгеля. На пытанне, якое тычылася ўмоў існавання ў нас у вёсцы, а таксама аграрных настрояў, я адказаў, што "нягледзячы ні на што землеўладальнікі сядзяць у вёсках, займаюцца зямлёй, працуюць, і ўсё было б добра і спакойна, калі б можна было ўсталяваць межы і карантынную паласу і адгарадзіцца ад цэнтральных расійскіх губерняў, адкуль прыходзіць уся зараза". Калі я выкладаў свае думкі, калегі, якія стаялі побач, пачалі тузаць мяне за крысы фрака, баючыся, што я занадта далёка зайду, але імператар падаў мне руку і сказаў: "Несумнеўна, так".

Аўдыенцыя скончылася, нас запрасілі на сняданак, арганізаваны міністэрскай службай Двара, але я адмовіўся, бо ў гэты дзень у мяне была вельмі важная нарада, і я без цяжкасці з'ехаў на цягнік, паколькі ў кожнага з нас была свая карэта і свой камердынер да нашых паслуг. Дарэчы, чаявыя прынятыя ўсюды, нават прыслуга, якая стаяла ў панчошках і барэтах са страўсавымі пёрамі, і адчыняла шматлікія дзверы галярэі, ахвотна іх прымала.

Вяртаючыся, я праходзіў праз дзіцячы гульнявы пакой, дзе ўбачыў збудаваную горку накшталт лёдавых, якія заліваюцца падчас карнавала ў Летнім садзе: дзеці падымаліся па прыступках на горку, усаджваліся на падушкі і з крыкамі "ура" зляталі ўніз. Непрыемнае ўражанне выклікала варта з багнетамі, што ажыццяўляла абход палаца, а таксама конны патруль у парку, якія стваралі атмасферу вайсковага лагера, і як скрозь зямлю праваліліся ў кульмінацыйны сакавіцкі перыяд.

Пазней мне таксама даводзілася бываць у Царскім Сяле, напрыклад, на імянінах імператара, або на богаслужэнні, дзе ў выкананні прыдворнага хору гучалі цудоўныя спевы, у тым ліку знакамітая кампазіцыя Чайковскага "Верую". Выканаўцы былі ў панчошках, малінавых фраках і напудраных парыках. Імператар стаяў, а імператрыца сядзела ў крэсле, пастаўленым на дыване. Пасля цырымоніі віншавання ўсіх запрасілі ў велізарную залу паспытаць страў, расстаўленых на круглых сталах прыкладна на шэсць чалавек, з вінамі выключна нацыянальнай вытворчасці. Але больш так блізка сутыкацца з царскай сям'ёй мне ўжо не даводзілася.

Як я ўжо згадваў, паседжанні Дзяржаўнай Рады ў перыяд абодвух скліканняў праходзілі ў Дваранскай зале на Міхайлаўскім пляцы. Залу апраўлялі ложы, у якіх па адмысловым дазволе размяшчалася публіка, дарэчы меней зацікаўленая, у адрозненне ад Думы, паколькі непарламенцкіх інцыдэнтаў у такім высокім зборы ніколі не здаралася, а дырыжорская палачка прызначанага, а не абранага, старшыні дэспатычна гасіла ўсе магчымыя рознагалоссі. Ля ўваходу знахадзілася ложа для журналістаў; там было ўсё неабходнае: пісьмовыя матэрыялы, папера, алоўкі; прыносіць партфелі і біноклі ахова не дазваляла па прычыне бяспекі, што, як пазней аказалася, было зусім нялішнім, паколькі неўзабаве была раскрыта змова супраць Сталыпіна пад кіраўніцтвам журналіста, які атрымаў запрашэнне ад адной з амбасадаў.

Дзякуючы пасольскай пратэкцыі ён меў прывілей на партфель, які невядома якім чынам стаў сувязным звяном у выбуху, у якім павінен быў быць знішчаны Сталыпін, а разам з ім вялікая частка чальцоў Дзяржрады. А паколькі ў кожнага было сталае, замацаванае за ім, месца, былі знойдзеныя планы, з указаннем тых асоб, якія павінны былі загінуць, прычым з жартаўлівымі прыпіскамі, так, напрыклад, поруч месца віцастаршыні І. І. Голубева "шкада старога", а поруч іншых: "не замінае" і т. д. Пры выпадку мы даведаліся, што за вялікай драпіроўкай каля ўваходу з левага боку паранейшаму знаходзілася вайсковая ахова, пастаўленая ў мэтах бяспекі. А паколькі польскія дэпутаты сядзелі недалёка ад ложы журналістаў, то, праходзячы міма, мы даставалі ахову просьбамі глядзець на нас прыязней пры новым замаху.

Сенат і ўрад

Усе пытанні, будзь то паднятыя па ініцыятыве Думы, будзь то ўносімыя ўрадам, павінны былі спачатку праходзіць праз Думу, перш чым выносіцца на павестку дня ў Дзяржаўнай Радзе. Таму самыя гарачыя сутычкі адбываліся там, у Думе, і сутыкаліся супрацьлеглыя плыні. Па ініцыятыве Дзяржаўнай Рады за маю бытнасць у ёй закраналася толькі адно пытанне, якое мала цанілася шырокай публікай, але якое мела вялікае значэнне гэта рэформа Сената вышэйшай касацыйнай улады, якая аб'яўляла і інтэрпрэтавала законы.

Дагэтуль на фармаванне спісу сенатараў самы вялікі ўплыў аказваў міністр юстыцыі, г.зн. кантралёраў выбіраў той, каго кантралявалі. Адгэтуль Сенат згубіў усялякую незалежнасць, якой ён ганарыўся, і ў якую верыў народ. Пытанне заключалася ў тым, каб не сказіць думку стваральніка Сената і вярнуць яму былую незалежнасць. Натуральна, што гэтая рэформа, якая меціла ў сэрца сённяшняга бюракратычнага ладу, была не па душы ўраду, а што ўрад паводле асноўнага дзяржаўнага закона меў права сам распрацаваць адпаведную заканадаўчую навэлу, і ў гэты раз ён скарыстаўся гэтым правам, каб з дапамогай зацягвання пахаваць саму думку або пазбегнуць яе абвастрэння.

Пытанне "марскіх пасад"

Другое пытанне, якое ўспеніла дрымотныя хвалі Дзяржрады і ледзь не справакавала падзенне Міністэрстваў, гэта пытанне так званых "марскіх пасадаў". Паводле асноўнага дзяржаўнага закона імператар з'яўляецца камандуючым узброенымі наземнымі і марскімі сіламі, але, з іншага боку, Заканадаўчыя Палаты ваціруюць усе крэдыты і, такім чынам, не заваціраваўшы крэдыты, яны могуць разбурыць любыя рэформы і пастановы аб войску і марфлоце.

У Думе правыя, натуральна, прызнавалі толькі кампетэнцыі Вярхоўнага галоўнакамандуючага, левыя наадварот.


Да 200-годдзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

Старшыні Грамадскага аб'яднання

«Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны»

Трусаву А.А.

вул. Румянцава,

13, 220034, г. Мінск

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь разгледзела Ваша пісьмо і паведамляе наступнае.

Тэматычным планам выдання знакаў паштовай аплаты на 2008 год прадугледжаны выпуск паштойвай маркі, канверта Першага дня і спецыяльнага памятнага штэмпеля, прысвечаных 200 - годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

3 павагай,

Намеснік міністра Н.С. Гаўрылава.


Віншем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў кастрычніку

Бусел Мікалай Кліменцьевіч Святоха Генадзь Уладзімір. Русіновіч Іван Кузьміч Бордак Наталля Васільеўна Каратай Уладзімір Арсеньев. Шыдлоўскі Раман Яўгенавіч Палянскі Аляксандр Сярг. Качаноўская Наталля Міцкевіч Уладзімір Валянц. Шаршнёва Наталля Анатол. Дамарад Святлана Зволінскі Тодар Савацееў Кім Сяргеевіч Дзенісевіч Лідзія Дзеружынская Вераніка Ав. Сёмкіна Вольга Віктараўна Сцежкін Кірыла Аляксандр. Раманцоў Зміцер Уладзімір. Дзіцэвіч Юлія Раманоўскі Валер Іванавіч Мальцава Ірына Вератынскі Кірыл Віктаравіч Алейнік Юры Леанідавіч Раманоўскі Уладзімір Іван. Пасюкевіч Ірына Уладзісл. Булат Алена Анатольеўна Бамбіза Мікалай Рыгоравіч Чайкоўскі Павел Іванавіч Стральцоў Алесь Уладзімір. Казлоў Алег Яўгенавіч Пунько Вольга Язэпаўна Грышчук Ганна Рыгораўна Шуй Вольга Васільеўна Станкевіч Георгі Трафімчык Сяргей Аляксан. Краўцоў Мікалай Осіпава Аляксандра Хархардзін Уладзіслаў Бубала Антон Зянковіч Юрась Сухаверхі Андрэй Сямёнавіч Думанская Ганна Рыгораўна Ермаловіч Васіль Васільевіч Кунцэвіч Зінаіда Мікалаеўна Мінаў Леанід Уладзіміравіч Гіль Міхаіл Нікадзімавіч Суднік Святлана Георгіеўна Масяйчук Аляксандр Крой Аляксандр Ільіч Конюх Віктар Лявонавіч Яроменкаў Аляксандр Леан. Малько Вячаслаў Аляксанд. Цішкевіч Юлія Іванаўна Кавецская Наталля Уладзім. Сямёнава Анастасія Васіл. Міняйла Ганна Сяргееўна Шохан Вольга Крупіца Валянціна Станеўская Людміла Жаўток Уладзімір Ліс Дар'я Алегаўна Даржынкевіч Генрых Фелікс. Ермаковіч Леанід Іванавіч Люкевіч Уладзімір Паўлавіч Сенькавец Уладзімір Адам. Хадневіч Цімафей Бягун Рацібор Аляксандр. Сакевіч Уладзімір Клеменц. Сямёнаў Віталь Скіцёў Зміцер Андрэевіч Байдакова Ганна Дзмітраўна Сагановіч Яніна Генадзеўна Панамарова Лізавета Сярг. Войніч Вераніка Сялюк Іван Фалейчык Алесь Розберг Дзяніс Уладзіміравіч Савіч Яўген Сікора Алег Георгіевіч Семянчук Валеры Іўчанкоў Мікалай Мікалаевіч Урублеўскі Вадзім Валер'ев. Лебедзеў Уладзімір Ануфр. Швед Іна Анатольеўна Мішчанчук Мікалай Іванавіч Трунова Ірына Сцяпанаўна Акаловіч Леанід Аляксандр. Клундук Святлана Сяргееўна Пяткевіч Лізавета Алегаўна Угрын Аляксандр Сяргеевіч Сухарэвіч Віталь Пятровіч Дзмітрыенка Анатоль Іван. Спосабаў Іван Іванавіч Булавацкі Міхась Пятровіч Мітэр Альберт Місевіч Аляксандра Качарагіна Людміла Алякс. Раманоўскі Уладзімір. Барташэвіч Антаніна Пярова Маргарыта Сярг. Пярова Наталля Юр'еўна Алейнік Іна Міхайлаўна Каханчык Зміцер Рындзевіч Вячаслаў Праневіч Генадзь Мікалаевіч Пракаповіч Ілля Мікалаевіч Шалястовіч Людміла Васіл. Валуненка Ірына Іванаўна Сухоцкі Андрэй Аляксеевіч Смашная Марына Уладзімір. Сімановіч Мікалай Мікал. Матысюк Вера Ваўкавыцкая Таццяна Жэгалава Тарэса Міхайлаўна Архуцік Мікалай Міснікова Кацярына Іваноў Максім Генадзьевіч Палубятка Іосіф Казак Валянціна Палсцюк Валеры Віктаравіч Навумчык Іосіф Адамавіч Дземянцей Лепешаў Іван Якаўлевіч Семянчук Генадзь Лучко Валянцін Станіславав. Лебядзевіч Д.М. Рудовіч Алена Філіповіч Дзіяна Леанідаўна Долбік Ларыса Рыгораўна Сідарчук Кірыл Валер'евіч Мазырка Аляксандр Брыцько Аляксей Дудар Таццяна Аляксандр. Цыхун Генадзь Апанасавіч Хадачок Міхаіл Лявонава Галіна Дзедушкова Алена Касцючэнка Ірына Кушнер Васіль Фёдаравіч Піліпенка Алена Буйніцкая Марына Малец Таццяна Кулеш Алена Аўдошчанка Валянціна Несцярук Валерый Фёдарав. Кутас Тамара Чмарава Марына Камкоў Пятро Караткоў Мікалай Кульбіцкі Сяргей Валер'евіч Бялецкі Вікгар Пятровіч Мацвеенка Аляксандр Яўген.


Семінары ТБМ

8.10. Шчасце і гора губернскага горада Менска. Прэзентацыя кнігі "Мінск 100 гадоў таму". З. Шыбека. ТБМ. 18.00.

11.10. Пакручастыя шляхі беларускай археалогіі : з гісторыі навукі. В. Вяргей. ТБМ. 18.00.

13.10. Гістарычныя ваколіцы Менска. Ул. Арлоў. Маладзечна.

16.10. Выяўленчае мастацтва Беларусі. А. Марачкін. ТБМ 18.00


Выйшла аўдыёкніга Міколы Ермаловіча

У Менску прэзентаваная кніга Міколы Ермаловіча з серыі "Гукавая кніга пабеларуску". Гэта першае выданне паэзіі, філасофіі і публіцыстыкі Міколы Ермаловіча. Аўдыёкніга выдадзеная намаганнямі грамадскага аб'яднання "Ветэраны адраджэння", Культурніцкай камісіі партыі БНФ і іншымі ініцыятывамі.

У асяродку навукоўцаў, выкладчыкаў і дэмакратычнай грамадскасці Мікола Ермаловіч вядомы як выбітны гісторык. Яму належыць грунтоўная праца па даследаванні гісторыі старажытнай Беларусі, якая зняпраўджвае многія афіцыйныя дагматы. Аднак у аўдыёвыданні Мікола Ермаловіч паўстае ў новым абліччы, кажа адзін з выдаўцоў Франак Вячорка:

У гэтай кнізе сабраныя вядомыя і невядомыя тэксты Міколы Ермаловіча. На жаль, ён ужо нябожчык, але такое адчуванне, што прадказаў тое, што мы сёння маем у Беларусі: татальнае прыніжэнне і вынішчэнне ўсяго нацыянальнага не беларускімі сіламі. А таксама раскрыў спосаб змагання з гэтым.

Выданне кнігі Міколы Ермаловіча "Старажытная Беларусь" напрыканцы 1980х сталася надзвычайнай падзеяй і паўплывала на светапогляд сотняў людзей. Не меншае ўражанне здольная зрабіць і аўдыёкніга публіцыста і філосафа Міколы Ермаловіча, перакананы рэжысёр Валеры Мазынскі:

Ён пісаў тое, на што не адважыўся, памойму, ніводзін з нашых паэтаў. Ён праўдзіва пісаў пра той час, і для мяне гэта было вялікае адкрыццё. Мы кажам, што дысідэнтаў у нас не было. Вось гэта быў абсалютны дысідэнт.

У аўдыёкнізе Міколы Ермаловіча Валеры Мазынскі начытвае 7 гадзінаў тэксту аўтара.

Як паведаміў Франак Вячорка, у серыі "Гукавая кніга пабеларуску" выйшлі таксама вершы Максіма Багдановіча, падрыхтаваныя да выдання творы класікаў беларускай і замежнай літаратуры:

Аўдыёкнігі, пераклады на беларускую мову кінастужак і іншае мы ўкладаем у канцэпцыю нэаадраджэння. Тое, што рабілася напачатку 1990х гадоў, усё гэта патрэбна людзям і сёння. Менавіта культура, на мой погляд, здольная змяніць нашую рэчаіснасць. А таксама абудзіць грамадства да нейкіх пераменаў.

Галіна Абакунчык, Менск.


Вызваленне ці акупацыя?

20 верасня ў памяшканні Таварыства Беларускай Школы, што размяшчаецца па вуліцы Будзённага 48, адбылася дыскусія на тэму "17 верасня 1939 года: вызваленне ці акупацыя?" Арганізатарамі мерапрыемства сталі гарадзенскія актывісты.

Дыскусія адбывалася з удзелам польскіх інтэлігентаў, у прыватнасці, з Ежы Мілеўскім, які з'яўляецца супрацоўнікам інстытута "Pamienc Narodava". Быў запрошаны Яўген Мірановіч. Таксама выступілі гарадзенскія гісторыкі.

Справа ў тым, што нядаўна, у верасні праўладныя афіцыйныя гісторыкі, прадстаўнікі БРСМ, аб'яднання "Беларуя Русь" і вайскоўцы выступілі з прапановай абвясціць дату вызвалення Заходняй Беларусі святам і зрабіць дзень 17 верасня днём Незалежнасці Беларусі. Адзін дзень незалежнасці ўжо ёсць - 3 ліпеня. Таму гарадзенская сустрэча прайшла досыць актыўна. Ежы Мілеўскі зазначыў: "Ці чулі вы што небудзь аб святкаванні перадачы літоўцам Вільні палякамі?" Не такая ўжо радасная падзея - дзень уз'яднання Беларусі. Ён нагадаў, як сустракаліся заходнія беларусы з "вызваліцелямі": бальшавікі учынілі тэрор на тэрыторыі краю: забойствы вайскоўцаў, святароў розных канфесій. Геаграфія даволі шырокая - Фабрычны, Квасоўка, Азёры. Мелі бяду і беларусы, і палякі.

Гісторык Алесь Смалянчук мяркуе, што наконт даты 17 верасня будзе доўга ісці спрэчка - такая неадназначная падзе. Да таго ж, трэба гаварыць пра падзею не на ўзроўні нацыянальным: маўляў, палякі ў жалобе, а беларусы радыя.

Станіслаў Пачобут нагадаў, што тая ж абарона Гародні мела неарганізаваны характар. Горад бараніла моладзь, гімназісты. Станіслаў узгадаў трагічны лёс 13гадовага Тадэвуша Ясенскага. Які кідаў бутэльку з гаручай сумессю ў савецкі танк. Разам з тым беларусы паддаваліся і на камуністычную прапаганду аб савецкім "раі".

Састарэлы Ежы Кілякоўскі - сведка тых бурных падзей. Добра памятае ён, як паўсюль паздымалі крыжы, партрэты маршалка. Аднекуль з'явіўся рускі настаўнік, сказаў: "Я теперь буду вас учить". Адраазу "госці" пачалі прапагандовыя закіды. Між тым сярод насельніцтва адчуўся раскол: паплылі даносы адзін на аднаго, пайшлі кляўзы. Тады спадар Ежы быў толькі гімназістам.

Малады гісторык з Гародні Андрэй Вашкевіч успомніў, як яму трапіліся дзве лістоўкі: адна з камуністычнай прапагандай, другая - прыгожая, глянцавая з запрашэннем на баль 11 лістапада, дзе павінны былі ўзяць удзел польскія афіцэры. Калі бачыш такія паперкі, спачатку адну, затым - другую, міжволі пачынаеш задумвацца, на чыім баку праўда. Было ўзгадана і пра рознабаковасць поглядаў людзей на ўз'яднанне. Факт крывавыя падзеі Скідальскага паўстання, дзе забівалі прадстаўнікоў польскай улады. У Жытомлі ж забівалі асаднікаў. Удзельнікі дыскусіі ўспомнілі, як апісваў А. Карпюк падзеі 1939 года, апісваючы "вызваліцеляў" : "... былі аматарамі мату і аматарамі выпіць".

Яўген Мірановіч яшчэ раз нагадаў прысутным, што вызваленне было проста новай акупацыяй.

Разам з тым адзін з дыскутантаў папярэдзіў, што польская Рэч Паспалітая - усё ж дзяржава антыбеларуская. Тыя ж прадстаўнікі польскай адміністрацыі маглі збіць чалавека толькі за тое, што той збіраў грыбы або ягады не там, дзе трэба. Разам з заможнымі людзьмі жылі бедныя, якім якраз і не шанцавала. Пасля выступу ўдзельніка некаторыя з прысутных адрэагавалі на такія факты балюча, што сведчыць аб некаторай аднабаковасці людзей. Так, у КартузБярозу садзілі актыўных у палітычным жыцці; так, некаторыя (іх мала) памерлі там; сапраўды, польскія ўлады не рабілі "ўраўнілаўкі". Але не варта забывацца і пра тое, што ўжо тады па Беларусі гуляла паланізацыя і пераследаваліся нацыянальна свядомыя і палітычна актыўныя людзі. Сёння ж таксама маем падобнае: русіфікацыя, рэпрэсіі супраць грамадскіх лідараў і актывістаў. Дык чаму ж не павінны ўзгадваць пра падзеі польскай акупацыі, дакладней, пра факты.

Адзін з гасцей, малады чалавек папярэдзіў, што максімалізм, пра які ўзгадвалася вышэй, не самая лепшая справа. Не выглядаюць анёламі ні пілсудчыкі, ні бальшавікі. Ісціна дзесьці пасярэдзіне.

Варта яшчэ дадаць і тое, што пасля неадназначнага ўз'яднання на нашай зямлі усталявалася адна ўлада. Беларусь не стала разадранай між двума арламі: расейскаім і польскім. Іншая справа, што пад дыктатурай пражылі мы яшчэ крыху больш за пяцьдзесят гадоў і выклікае сумнеў сённяшняя "дэмакратыя". І, як зазначыла адна з выступоўцаў, мы яшчэ з тых часоў не знішчылі ў сабе камунізм, які перашкаджае нам сёння збудаваць нацыянальную дэмакратычную дзяржаву.

Сёння мы не маем адзінага пункту погляду на гістарычную падзею 17 верасня 1939 года. Але ўсё ж гэты погляд з'явіцца. Але ці слушна з вераснёўскай даты рабіць чырвоны дзень календара, калі на змену адной акупацыі пры-йшла іншая.

Сяржук Антонаў, Гародня.


Дарма спадзяваліся

(Урывак з дакументальнай аповесці)

У той далёкі вераснёўскі год была нядзеля, з ледзь прыкметным туманам, роснай раніцай, хмарным небам. Усё - прырода і людзі - чакалі невядома чаго. Было адчуванне вялікай, не лепшай перамены. Людзі старэйшага веку памяталі мінулае. Малодшыя прывыклі да новага ладу. Але іх раздвойвалі бацькі. Ім не падабалася тое, што ў царкве павінны былі прамаўляць казанні не на вясковай мове. І многія выходзілі, каб не чуць тое, пра што вернікам гаварылі. Высокі і стройны, як выклічнік, Уладзік Пабока, які быў пры бацьку пасля службы ў польскім войску і хацеў прыстаць у прымы да паненкі з кавалкам зямлі, каб зажыць незалежна, усім гаварыў, што ніводная ўлада не вечная. Скора ці не скора, яна пэнкне. Адны перамогуць іншых, іншыя перамогуць першых. Бываюць жа ў моры прылівы і адлівы. Адны яму верылі. Сёйтой слухаць не хацеў, бо лад, да якога прывыклі, як конь да хамута, не раздражняў. Але ж выйшла па Уладзіку Пабоку: не ўсё вечнае.

У суботу, 16 верасня на той бок польска-савецкай граніцы палалі вялікія вогні-шчы, шмат вогнішчаў. Няўжо каля іх салдаты грэліся. Во-сеньская ноч халодная. А мо гэта сімвал быў. Тых, хто рас-пальваў вайну. А назаўтра здарыўся пералом. Мірнае жыццё заходніх прыгранічных беларусаў ўскалыхнула вайна.

Па цямочку савецкія танкі (тыя, хто служыў было ў польскім войску называлі іх чолгамі) рушылі на захад. Адзін танк, ідучы цагельнян-скім полем, пасля заграз у асушальнай канаве паміж сенакосамі. Мы, малыя, хацелі пабегчы, каб паглядзець. Але дарослыя забаранілі: "Няма чаго туды. Яшчэ застрэляць". Вайна ёсць вайна. Дзеці тады не баяліся смерці, бо не ведалі, якія яны неміласцівыя - і вайна, і смерць.

Польскія жаўнеры з прыгранічнай стражыцы, якая стаяла на ўзгорку недалёка ад Бруіхі, дзе дазвалялася юшаўцам здабываць на зіму торф, пастралялі на наступанцаў з карабінаў і, зразумеўшы, што гэтым не спыняць усходняе войска, пабеглі ў бок Нясвіжа - за захад.

Калі першая хваля Чырвонай Арміі схлынула, юшаўцы, паснедаўшы, сыходзіліся пагаварыць - хто цішком пабедаваць, хто весела парадавацца. Што галава, то і розум. Бедныя, малазямельнікі ведалі, што ім няма чаго траціць. Багацейшыя разумелі, што абагуляць усё - і поле, і коней.

- Глянь ты, вунь нейкія ідуць.

- Нават са сцягам над галавой.

Юшавіцкі шматдзетны рыжы яўрэй шавец Шмойла, падбухторыў вяскоўцаў пайсці ў Рымашы на той бок граніцы і пабратацца. Да натоўпу ўсё больш далучалася цікаўных. І так набралася мужчын можа з сорак. Напэўна, не менш.

Ішлі з добрым намерам, з надзеяй пазайздросціць, як заможна жывуць калгаснікі пры Савецкай уладзе. Беглі поруч за натоўпам і малыя, і падлеткі. Далучыўся і я. цікава ж. І бацька таксама не ўстрымаўся. Яго радня па мацяры-нскай лініі жыла на ўсходняй частцы Беларусі.

Праз парваны на світанку танкамі дрот граніцы нас не пусцілі. Пагранічнік на ўгаворы Шмойлы і іншых з натоўпу не на роднай для нас мове паўтараў адно і тое ж: "Нельзя".

Усе да гэтага думалі, што дарога за былы кардон да бальшавікоў аткрыта. Але ж дарма.

Здалёк, можа за паўкіламетра, калі не менш, хаты ры-машоўцаў выглядалі запушчанымі. Людзей ані повідам. З другой ці з трэцяй канцавой, да нас бліжэйшай выйшла з пустым кошыкам сухарлявая, чуць гарбатая кабета. Яна праз плячук глянула ў бок натоўпу з самаробным сцягам, махнула рукой і пайшла сабе. Бацька пасля расказаў мне пра гэты жэст. Ён патлумачыў - "Прапалі мы, прападзеце і вы".

Млява дзе-нідзе дымкі яшчэ курэлі над саламянымі страхамі рымашоўцаў. Нядзеля ж, выхадны.

- Няўжо ў іх мелу не хапіла пабяліць сцены хатаў? - сказаў нехта ў калоне пад сцягам.

- Завядзёнка не тая, - адказаў другі.

У Юшавічах палякі патрабавалі перыядычна бяліць вонкавыя сцены хатаў, камяні каля хат, каб кожны дзень па-святочнаму выгля-дала.

- Прапусціце нас, таварыш, - зноў папрасіў стары Гурбанец

- Нельзя. Приказа нет, - адказаў той жа пагранічнік.

Другі, што поруч стаяў без "языка", маўчаў.

З тога канца Рымашоў паказалася трое хлопцаў. Уба-чыўшы нас, яны спыніліся. Адзін паказаў пальцам на ка-лону. Па гэтаму пальцу зра-зумець можна было: глянь на дурняў. Адзін з тых траіх засвістаў, і нават моцна. Варта-выя аглянуліся. Хлопцаў, як і не было, недзе схаваліся.

Ні Шмойла, ні іншыя больш не прасілі пагранічнікаў, каб прапусцілі.

-Ну то дасьвіданія, - сказаў, як пакепліваючы малы ростам Гіраеўскі.

- Дасвіданіе, - адказаў пагранічнік. І падумаў задаволена: нарэшце адчапіліся.

Трошкі адышоўшыся, нехта ў калоне зарагатаў моцна. Гэты смех яшчэ некалькі чала-век падхапіла.

- Не смейцеся з права-дыра. - не выразна як з кашаю у роце, азваўся Платун Мак-сім. Ён меў на ўвазе Шмойлу і яго акцыю, якая правалілася.

Перапыніў маўчанне Гурбанец. Ён са шкадаваннем сказаў:

- Смачна пачаставалі нас. Мы думалі, закалец на палец. А там на цэлую руку.

- Ты пра які закалец? - паспрабаваў разварушыць яго мой бацька.

- Не ведаеш хіба, ці што? - без настрою азваўся Гіраеўскі. І ён тут жа патлумачыў: - Сватаючы хлопца да дзеўкі, сват сказаў пра маладога, што малады любіць хлеб з закальцам. Дык дзяўчына, да якой сваталіся, пахвалілася: "У маміным хлебе закалец на палец, а я калі спяку, дык на руку".

Шмойла глянуў на мураванку Гурэцкага, польскага асадніка і падкалупнуў:

- Далёка, пэўна, ён сёння. Драпака даў няйначай.

Юшаўцы ведалі, што польскія ўлады раздавалі вялікія зямельныя ўчасткі да сарака пяці гектараў былым польскім афіцэрам і чыноў-нікам, якія вызначыліся ў польска-савецкай вайне 1919 - 1920 гадах. Чым вызначыўся Гурэцкі, яны не ведалі. Ды і зямельны ўчастак быў не надта вялікі: гектараў можа з 20, калі не менш. Быў ён чалавек не маладога веку. Дзеці пры старых не жылі: што тут ім. Тое ж поле пры граніцы, дзе ні дарог, ні радыё. Наўкола хутары. Добра што ў той Цагельні амаль усе католікі. Асаднік з размовы ведаў, што ўсе яны былыя беларусы. Толькі па-лякі ў час перапісу ўсіх католікаў запісалі палякамі. Гэтым ганарыўся і Гурэцкі. Гэтым ганарыліся і цагельняне. Гурэцкі - што жыве сярод, хай сабе і штучных палякаў. Цагельняне - што яны не толькі католікі, а і людзі новай вялікай дзяржавы.

Абыходзячы ямы на дарозе, Шмойла трошкі адстаў. Ён адарваў той сцяг - кавалак чырвонай матэрыі ад дрэўка і кінуў палку ў Ксавэраву яшчэ не копаную бульбу. Тое, што нядаўна было сцягам, таксама, каб ішоў адзін, скамячыў бы і выкінуў бы ў тую ж бульбу. Аднак сорамна было перад людзьмі гэта зрабіць. Шмойла скамячыў чырвоную анучку і запіхнуў у левую кішэню, не заўважыўшы, што ражок былога сцяга трошкі тырчаў.

Былая калона зноў задуменна даўгавата маўчала. Задумаўся моўчкі і наш бацька. Каюк яго аўчынам. Раней кожнай восенню, калі вось-вось мелася наступіць зіма, людзі, зарэзаўшы авечкі на мяса, прывозілі да яго аўчыны, каб вырабіўшы іх - перапрацаваўшы можна было аддаць краўцу на пашыў кажуха. Бацькаву работу вяскоўцы высока цанілі. Прывозілі на выраб і тыя ж цагяльнянцы. І затурэйцы, і ракаўцы. Цяпер у калгаснае ярмо загоняць. Ні авечак тых людзі не будуць мець, ні аўчын авечых, ні кажухоў модных дзяўчаты і кавалеры мець не будуць. Ніхто слова свайго не скажа, не адстоіць свае правы, будзе адно цвёрдае: "Нельзя".

З боку Рымашоў загу-ло. Людзі аглянуліся. Ішла, не спяшаючыся, калона палута-рак. Бацька падняў руку. І калі аўтамашына прыцішыла хут-касць, папрасіў кіроўцу:

- Таварыш, падвязі майго хлопца, - ён паказаў на мяне, малога. Той, можа насу-перак статуту, дазволіў мне заскочыць на падножку аўта-машыны.

Тады я не выглядаў на свае дзесяць гадоў. Жылі з мазаля бацькавага, даражылі кожнай крошкай. Нас было чацвёра, ды яшчэ ж двое ба-цькоў. Каб не заробкі, ці звялі б канцы з канцамі.

Сярод вёскі тых, якія ішлі за рыжым Шмойлам, сустрэў Уладзік Пабока. Ішоў, здавалася, адзін супроць усіх. Іх, праўда, было ўжо малавата - мужчын. Людзі, якія жылі бліжэй да Цагельні, за якімі гібелі Рымашы, разышліся па сваіх хатах.

Уладік Пабока быў з рыдлёўкай. Звычайнай трохі блішчастай трохі ржавай. На доўгім бярозавым дзержаку. У Пабокі была мода хадзіць з рыдлёўкай. Некаторыя лічылі яго дзіваком.

Да рыдлёўкі ён прызвычаіўся пасля службы ў польскім войску. Нехта з юшаўцоў неяк запытаў навошта ён носіць яе. Тады Пабока ціха адказаў: "Хочаш, закапаю цябе?"

Яго, высокарослага асцярагаліся: той, хто пытаўся пра рыдлёўку, дзясятаму заказаў.

Наблізіўшыся да тых, хто ішоў са Шмойлам, Уладзік Пабока сказаў:

- А я ведаў, вас не пусцяць у Рымашы. Няма чым там хваліцца, - і засмяяўся, - хэ-хэ-хэ.

Шмойла вінавата апраўдаўся:

- Пагранічнік сказаў: "Нельзя".

- Насмяшылі нас тыя салдаты. Не салдаты. А нейкія навамодныя чэрці, - пачаў смела абгаворваць чырвона-армейцаў Гіраеўскі, Коля Гі-раеўскі, трошкі старэйша за мяне.

Раптам наўздагонак пачулася храпаватае:

- Мужчыны, мужчы-ны! - усе аглянуліся. Да нас спяшаўся Платун Максім. Ён трошкі засопся, але прыпы-ніўшыся, хукнуў ад сябе паве-тра з грудзей і сказаў:

- Заўтра ж панядзелак. Я толькі зайшоў у хату, а Манька, дачка мая, пытаецца, ці трэба заўтра ў школу.

- Надта ж твая Манька да ўрокаў ліпучая, - адказаў Пабока. - Хай адпачне ад ўрокаў, - і дадаў, - скора паіншаму будуць вучыць.

- Вельмі ўсё ты ведаеш, - не устрымаўся мой бацька.

Ён ніколі не канфліктаваў з Уладзікам. Як бы там ні было, а праз пляц суседзі. Ён толькі хацеў, каб гэты Уладзік з рыдлёўкаю выказаў сваю думку наконт вучобы, бо і ў самога цікаўніка двое ўжо ў школу ходзяць.

- Ведаю, таму і не маўчу, - адказаў Уладзік, былы польскі жаўнер. Ён ні кроплі не задумаўся. Толькі абвёў мужчын, якія стаялі поруч з рыжым Шмойлам. - Запомніце. Хаця ўсе вы самі на сваёй шкуры адчулі, што палякі не прызнавалі нашу беларускую нацыю, спынялі выхад газет, зачынялі школы. Да 1921 года Заходняя Беларусь мела чатыры сотні родных школ, дзве настаўніцкія семінарыі, пяць гімназіяў. Ці не Платунова Манька і твой сын, суседзе, - ён паказаў дзержаком рыдлёўкі на бацьку, - паўтаралі за настаўнікам Барткевічам словы: "Хто ты естэсь? Поляк малы. Які знак твой? Ожэл бялы!"

Нехта у невялікім натоўпе гыгыкнуў і сказаў:

- А можа Барткевіч нехаця мусіў вучыць.

- Вядома, што кожная ўлада - гэта гвалт, - згадзіўся Пабока. - і тут жа дадаў: - Пры царах на царскай, пры паляках на польскай. Прыйдзе да ўла-ды іншы кіраўнік, зноў будзе нас адвучваць ад нашай роднай мовы, ад нашай культуры. А мы ж усе беларусы - і праваслаўныя і католікі. Нашы карані тут. І нашых дзядоў і прадзедаў. Італьянцы таксама католікі, але ж не палякі. А тут, калі католік, значыць і паляк. Які абсурд?!

- Правільна сказаў чалавек, - пацвердзіў Платун.

- Канешне правільна, - нехта азваўся ў натоўпе.

- Правільна, то правільна, - сказаў Уладзік Пабо-ка. - Але ж усяго вы не ведаеце. У дамове 1921 года меўся артыкул, па якім польскія ўлады бралі на сябе абавя-зацельства прадастаўляць у Заходняй Беларусі правы па развіццю нашай культуры. Аднак Польшча не выканала гэтага. Яна фактычна стала на шлях каланізацыі і паланізацыі. Нават замест назвы "Заходняя Беларусь" выкарыстоўвала тэрмін "Усходнія крэсы"...

На могілках каля капліцы азваўся звон.

- Няўжо Чупрыс прыехаў на ровары і будзе абедню правіць?

- Пазнавата ўжо.

- Але ж абедня ад слова "абед".

- Хопіць, мужчыны, мітынгаваць.

- Праўда, пазнавата ўжо.

- Маліцца ніколі не позна.

Не кожны юшавец выказаў сваю думку. Людзі разы-ходзіліся, каб зноў сустрэцца на абедні. Там яны, не столькі думаць будуць пра Бога, як пра заўтра: пра калгас, пра Салаўкі, пра мову. Праўду сказаў Уладзік Пабока: любая ўлада - гэта гвалт...

Алесь Стадуб


Памяць прарастае дзеяй

Светлы крыж у промнях сонечнага ззяння лунаў у блакітным прасторы нябёсаў, славячы Ўсявышняга за ласку збаўлення ад пакутлівых вярыгаў бальшавізму і яго последу.

У чарговы раз на Пастаўшчыне ўшаноўвалася свята Дня Вайсковай славы - 8 верасня. Хоць тыя падзеі 1514 года як быццам нічога агульнага з названымі вярыгамі не маюць, ды гэта як на тое паглядзець. Але, усё па чарзе.

На цвінтары мястэчка Лынтупы знаходзіцца надта шмат разнастайных кладоў. Увагу даўняга і руплівага даследчыка слыннай мінуўшчыны роднага краю Алеся Гарбуля прыцягнулі шмат дзе змешчаныя намагільнікі, сціплыя і аднастайныя па форме. Асабліва прывабным яму падалося месца найбольш занядбанае, быццам наўмысна кімсьці прыхаванае. Адшукаўшы латунную шыльду з польскамоўным надпісам: "Nieznanemu żołneżowi Wojsk Polskich, poległemu w obronie Ojczyzny. Ludnożść gminy Łyntupśkej w 10e odparcia najazdu bolszewikуw. 1920 - 1930 r. r.", і даследаваўшы іншыя акалічнасці, стала зразумела, што тут месцяцца рэшткі не менш як трох чалавек. Усе яны з'яўляліся жаўнерамі Войска Польскага. Але вядомым засталося імя і прозвішча толькі аднаго з іх. Улічыўшы, што з Лынтупаў у час змагання з бальшавіцкай навалай у 1920 годзе было шмат рэкрутавана дзяцюкоў, можна безпамылкова канстатаваць аб прыналежнасці гэтых кладоў жыхарам гэтага мястэчка ці яго ваколіц.

Параіўшыся з сябраміаднадумцамі, землякамі Ўладакам Іванковічам ды Міхалам Гілём, была прынята згода на ўсталяванне тут новага помніка замест старога, які калісьці тут стаяў. Хоць справа гэта дужа клапатлівая і вымагае надта шмат розных высілкаў, сродкаў і шмат якой ахвярнасці, але ж і вынік яе надзвычай чаруе і вабіць. Увогуле, каб у нас, на Беларусі ўсталёўвалі хоць колькі прыстойныя помнікі змагарам з чумой ХХ стагоддзя, з бальшавізмам, які спарадзіў фашызм, яшчэ на жаль не назіралася.

Вядома, каб помнік гэты меў адпаведны і годны выгляд, трэба было адшукаць таго, хто б належным чынам спраектаваў, улічыўшы сціплыя ўласныя сродкі і высілкі (да мясцовых уладаў у гэтай святой справе, па розных прычынах, вырашылі не звяртацца). Аднадушна было прынята даручыць усё гэта ўжо добра вядомаму і спрактыкаванаму ў падобных справах аўтару пяці папярэдніх помнікаў, што годна і з гонарам упрыгожваюць і надаюць веліч тым прасторам, дзе яны ўсталяваны, - мастаку з Менска Алесю Цыркунову.

Нікога ні ў чым не трэба было пераконваць ці штосці тлумачыць, усе выдатна разумелі чыннасць і высокароднасць вызначанага ўчынку. Як кажуць - справа закіпела. Нават непоўнагадовы школьнік Стась, сын Ўладака Іванковіча, стараўся ні ў чым не адстаць ад дарослых. За лета і восень 2006 года была зроблена бальшыня падрыхтоўчых спраў, усталяваны фундамент помніка і аснова дэкаратыўнай агароджы па перыметру гэтага брацкага могільніка. За зіму амаль цалкам быў выраблены дубовы арнаментаваны крыж, які мусіў ачоліць усю кампазіцыю сваёй манументальнай формай. Фігуру Збаўцы, як і двухгербавую шыльду з Пагоняй і Белым арлом, што змяшчалася пад нагамі Хрыста і мела надпіс "За нашу і вашу свабоду", вырабіў народны ўмелец з Астравеччыны Стэфан Казлоўскі. Лета мінула ў надзвычай напружанай працы, было перароблена вельмі шмат рознага, каб да слыннага Дня Вайсковай славы Беларусі 8 верасня ўсё скончыць і ўславіць яго належным чынам. Так і здарылася, з ласкі Пана Бога доўгачаканая мара праз намаганні ўсіх тут пераназваных, іх блізкіх, родных і шмат якіх звычайных прыхільнікаў была годна, чынна і з гонарам здзейснена. Слаўным сонечным днём сечы пад Воршай у 1514 годзе 8 верасня 2007 года на цвінтары мястэчка Лынтупы мясцовым ксяндзом Паўлам у прысутнасці тутэйшага люду і паважаных гасцей было адслужана належнае набажэнства, асвячэнне помніка, названага "Невядовым жаўнерамсуайчыньнікам, палеглым у абароне Бацькаўшчыны ад бальшавіцкай навалы ў 1920 годзе".

На адкрыцці помніка сваё слова ўдзячнасці за здзейсненае годна і хвалююча выказаў дырэктар Польскага інстытута ў Менску і Першы дарадца амбасадара Польшчы Пётра Казакевіч. Чынны ўдзел у адкрыцці помніка ўзяў і вядомы дзеяч нашай культуры Валер Мазынскі. Напрыканцы агульнымі намаганнямі прысутных быў выкананы кранальны і велічны малітоўны гімн Наталлі Арсенневай "Магутны Божа".

Помнік гэты выкананы рукамі сучасных беларусаў і ўслаўляючы дзейнасць Войска Польскага ў той перыяд, з'яўляецца рэальным фактам, які сведчыць аб супольнай гісторыі беларускага і польскага народаў, а таксама аб дружбе і братэрстве, якія па праву павінны быць паміж імі.

На здымках: 1. Помнік у Лынтупах. 2. Асвячэнне помніка ксяндзом Паўлам.

Алехна Лясаньскі


У Менску ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій

29 верасня ў Менску сябры Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ правялі талаку ў Курапатах. Таксама з ініцыятывы Грамадскага камітэту дзеля ўшанавання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій адбыліся жалобныя цыры-моніі ў парку Чалюскінцаў і ва ўрочышчы Курапаты.

У Год памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі грамадскі камітэт праводзіць шэраг акцый. Яны прымеркаваны да 70-годдзя кульмінацыі сталінскіх рэпрэсій у краіне.

А 15-й гадзіне каля дзесяці чалавек усклалі кветкі і запалілі свечкі каля крыжа ў менскім парку Чалюскінцаў. Гэта адно з вядомых месцаў расстрэлу ахвяраў рэпрэсіяў. Сябра грамадскага камітэту Ўладзімір Раманоўскі сказаў:

- Менавіта 29 чысла было самае пікавае знішчэнне людзей. У гэтыя суткі былі знішчаны выбітныя людзі кра-іны. У гэтай сувязі было пры-нята рашэньне зрабіць 29 чысла мемарыяльным днём памяці ахвяраў сталінскага рэжыму. Гэта самы страшны пэрыяд.

Штомесяц грамадзяне наведваюць парк Чалюскінцаў і ўрочышча Курапаты, а 29 кастрычніка яны плануюць адзначыць Дзень памяці.

- Такім чынам, цягам гэтага году шанавалі памяць тых, хто загінуў. Гэта, практычна, нашых бацькоў і мацярок.

Уладзімір Раманоўскі сказаў, што камітэт звяртаўся да ўладаў, каб яны падтрымалі ідэю шанавання памяці ахвяраў сталінскага рэжыму:

- Пазіцыя такая - а навошта вам варушыць гэтыя косткі?! Уяўляеце амаральнасць адносінаў да такіх пытанняў? Памяць мы абавязаны захаваць, тым больш што нашы бацькі і дзяды былі пакут-нікамі, ахвярамі. Не ўласнай смерцю памерлі, а іх знішчылі.

Удзельнікі жалобнай цырымоніі каля крыжа ў пар-ку Чалюскінцаў праспявалі гімн "Магутны Божа" і накіраваліся ва ўрочыша Курапаты, дзе таксама ўсклалі кветкі. Адна з удзельніц акцыі, Любоў Сакалоўская, сказала:

- Мы не першы раз сюды прыходзім. Гэта 70 год як пачаліся самыя зверскія сталінскія рэпрэсіі. І вось мы ходзім сюды ўшаноўваць памяць гэтых бязвінных ахвяраў сталінізму. І ў Курапаты, і ў іншыя месцы па ўсёй Беларусі. Нам неабыякавыя гэтыя ахвя-ры. І хоць мы ў гэтай краіне іх успомнім.

Працягваецца падрыхтоўка да адзначэння дня памяці 29 кастрычніка. Кіраўнікі грамадскага камітэту па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў накіравалі старшыні КДБ Беларусі ліст з просьбай дазволіць ім ускласці кветкі да будынка ўнутранай турмы КДБ у Менску. На гэтым месцы ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году расстралялі каля 100 чалавек.

Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ падае заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне з нагоды Дня памяці продкаў шэсця і жа-лобнага мітынгу ва ўрочышчы Курапаты, які мяркуецца правесці 28 кастрычніка.

Алесь Дашчынскі, Менск.


"Сузор'е": да "Песні пра зубра" мы ішлі больш за дваццаць гадоў!

Адной з галоўных падзей гэтай музычнай восені абяцае стаць выхад музычнага альбома "Песня пра зубра" легендарнага беларускага рок-гурта "Сузор'е", музыканты якога стаялі ля вытокаў усёй рокмузыкі ў Беларусі. Нагадаю, што ідэя стварэння гэтай буйной музычнай кампазіцыі належыла цяперака спачыўшаму ў ЗША "сузорцу" Валянціну Пучынскаму, які яшчэ ў 1981 годзе звярнуў увагу сваіх калег на толькі што выдазены том з "Песняй пра зубра" Міколы Гусоўскага (у перакладзе Язэпа Семяжона). Музыкаў тады ўзрушыла глыбінная філасофія і высокая паэзія аўтара - знакамітага паэта эпохі Адраджэння Міколы Гусоўскага. Змест паэмы сведчыў пра высокі ўзровень культуры краіны нашых продкаў - Вялікага Княства Літоўскага, пра якое выдзе аповед аўтар.

Музыканты "Сузор'я" пачалі працу над рокверсіяй "Песні пра зубра" ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя і працягвалі працу над ёй да сённяшняга часу. У 2006 годзе на фэсце "Амбасовішча" адбылася канцэртная прэм'ера кампазіцыі. З таго часу прайшоў год і, пры падтрымцы амбасады Злучаных Штатаў Амерыкі, гэты твор вярнуўся да айчынных слухачоў: была дапрацаваны яго структура, у кампазіцыі з'явілася лібрэта (аўтар А. Саламаха), зроблены прафесійны запіс, выдадзены дыск.

Калі раскрыць "Музычную энцыклапедыю" на раздзеле, дзе ідзе гаворка пра оперу, то мы даведаемся, што ў яе структуры абавязкова павінна быць уступленне, а таксама ўверцюра, сольныя вакальныя партыі - арыі, рэчэтатывы, вакальныя ансамблі, хоры…

Амаль усе гэтыя оперныя атрыбуты прысутнічаюць у "Песні пра зубра", якую стварыў рокгурт "Сузор'е". Напрыклад, харавая кампазіцыя "Excutit arbitrium res", магутная па гучанні інструментальныя "Інтрадукцыя" і ёсць тым, што ў оперы названа уверцюрай! У "Песні пра зубра" гучыць і рэчэтатыў, у якім аўтар паэмы Мікола Гусоўскі голасам нашага сучасніка звяртаецца да манаршай асобы ("Ліст да каралевы Боны"), а таксама тлумачыць ёй і чытачам, як і чаму з'явілася паэма "Песня пра зубра".

Сапраўдным вакальным пірам (толькі з рокавай афарбоўкай) можна назваць кампазіцыі "Бой быкоў" і "Зубр", у якіх дамінуюць рокспевы салісткі гурта Нэлі Дзянісавай (працуе рэгентам царкоўнага хора) і Андрэя Казлоўскага. Безумоўна, для даўнейшых прыхільнікаў гурта "Сузор'е" будзе радасна зноў адчуць нюансы класічнага гучання гэтай легендарнай каманды. Тут і паліфанія электронных інструментаў, і хард-рокавая рытм-секцыя і скразныя сольныя партыі электрычных гітар, якія памятаюць і любяць ўсе прыхільнікі гэтага калектыву.

Адной з самых яркіх па мелодыцы кампазіцый "Песні пра зубра" стаў гімн "Родны мой край". Сапраўды, "пра радзімую старонку" напісана і выканана шмат песень. Так шмат, што сапраўды нармальнае чалавеччае пачуццё любові да роднай зямлі, на якой ты вырас, дэвальвавалася. Але ў выпадку з кампазіцыяй "Сузор'я" мы маем справу з высокім па змесце гімнам - сапраўды, выпакутаваным музыкантамі. Гэта не можа не хваляваць!

Кампазіцыяй "Паляванне" музыканты распачынаюць драматычную частку музычнага аповеду. Яе размераны рытм нагадвае грукат магутнага сэрца, якое б'ецца ў неперадольнае празе да жыцця. Але хцівыя паляўнічыя ведаюць, калі і куды пацэліць сваёй зброяй, каб моц і жыццё пакінула валата Белавежскай пушчы. Сілы не роўныя. Звер у апошнія імгненні жыцця бачыць родную дубраву і памірае…

Услед за М. Гусоўскім, музыканты гурта "Сузор'е" ізноў вяртаюцца да тых месцаў паэмы, у якіх паэт імкнуўся асэнсаваць сэнс жыцця чалавека з пазіцыі мысляра эпохі Адраджэння. Галоўная тэма кампазіцыі "Сумленне і розум" - вера ў чалавека, яго высокае прызначэнне. Кампазіцыя вызначаецца разнастайным рытмічным малюнкам, складанейшымі паліфанічнымі хадамі.

Выразнай антываеннай тэматыкай вызначаецца кампазіцыя "Панна Марыя" (пераклад Н. Арсеньневай). Яе малітоўны змест знайшоў сваё адлюстраванне ў разгорнутым музычным палатне, у якім гучыць хор выканаўцаў, якія на запрашэнне "сузорцаў" прынялі ўдзел у запісу. Эмацыйны напал "Панны Марыі" мае свой працяг і ў фінальнай частцы "Песні пра зубра" - другой інструментальнай частцы "Excutit arbitrium res"…

Думаю, трэба толькі вітаць вяртанне ў беларускі кантэкст такога значанага твора гурта "Сузор'е", як рок-опера "Песня пра зубра". А затрымалася кампазіцыя па дарозе да слухача больш чым на 25 гадоў! Затое, цяперака мы можам прывесці ў прыклад маладым гуртам паказальны творчы лёс "Сузор'я". У свой час, пад удзеяннем тагачаснай прапаганды і хлуслівых дарадчыкаў, таленавітыя музыкі рабілі стаўку на рускамоўныя хіты, кшталту "Капитана" і нечага падобнага да гэтага. А іншы раз музыканты "Сузор'я" звярталіся і да больш трывалага і нацыянальна каштоўнага - да "Песні пра зубра", "Полацкага сшытка". І цяперака менавіта гэтыя беларускамоўныя творы, ці знітаваныя з нацыянальнай культурай (як "Полацкі сшытак") і з'яўляюцца самым каштоўным даробкам ва ўсёй іх творачай кар'еры. Толькі што выдадзены дыск з запісам "Песні пра зубра" - гэта пераканаўча падцвердзіў!

Анатоль Мяльгуй.


Магілёўскія вершнікі

Першага верасня ў Полацку быў урачыста адкрыты помнік Ўсяславу Чарадзею. На старонках беларускага друку, у тым ліку ў "Нашым слове", гэта добрая вестка падавалася, як "першы ў нашай краіне конны помнік". Насамрэч на Магілёўшчыне, у Бабруйску і ў Хоцімскім раёне ўжо працяглы час існуюць скульптуры коннікаў. Паведамленні толькі пацвярджаюць недахоп інфармацыі аб конных помніках, што ўжо ёсць, хаця невялікае паведамленне ў "Нашай Ніве" ў свой час аб гэтым і было. Помнік у нашай старажытнай сталіцы - гэта першы конны помнік Ўсяславу Чарадзею, але не першая скульптура вершніка на Беларусі.

Хоцімскі помнік быў пастаўлены ў сувязі з канкрэтнай гістарычнай падзеяй. Узведзены ён за 800 метраў ад расійскай мяжы ў лесе між беларускай вёскай Горня і расійскай Асінкай. Тут чырвонаармейцы далі апошні ў 1941 г. бой на беларускай зямлі. Невялікі атрад савецкіх коннікаў прыкрываў адыход на ўсход 21-й конна-кавалерыйскай дывізіі 13-й арміі. Заслон з 25-ці воінаў на чале з палітруком роты сувязі Іванам Рыгоравічам Гарабцом ўвесь дзень 16га жніўні адбіваў спробы немцаў наступаць на Сураж. Вось толькі спыніць танкавую атаку ў канцы дня героі ўжо не змаглі. Практычна ўсе воіны ар'ергарду загінулі ў няроўным баі, прыкрываючы адыход сваіх.

У 1981 г. на месцы бою была ўзведзена конная скульптура. Баявы конь з кавалерыстам, які застыў у напружаным імкненні кінуцца ў бой з паднятай над галавой шабляй, нагадвае аб трагічных і гераічных старонках апошняй вайны. Як бачна, першы конны помнік быў узведзены чвэрць стагоддзя таму.

Бабруйскі коннік навейшы. Гараджане празвалі скульптуру "Конь Раманоўскага". Ён усталяваны некалькі год таму на галоўнай магістралі горада побач з праваслаўнай капліцай. Пастаўлены у гонар воінаў, што загінулі ў Вялікую Айчынную, вершнік нагадвае сабой дзіўны сімбіёз "Георгія Пераможцы" і савецкага пехацінца на кані. У касцы і плашчнакідцы ён у імклівым кідку дзідай прабівае галаву нямецка фашысцкага змея.

Хай даруе мне гэтую інтэрпрэтацыю аўтар твора - вядомы беларускі мастак Эдуард Канстанцінавіч Агуновіч. Можа зблізу помнік і не выглядаў бы так пачварна - эклектычна, але ж разгледзець дэталі скульптуры практычна немагчыма. Яна ўзнесена на высачэннай арцы вышэй дрэў. Каб сфатаграфаваць яе трэба як мінімум перайсці на другі бок вуліцы.

Злыя бабруйскія языкі кажуць, што так атрымалася дзеля жадання тутэйшых ветэранаў бачыць чырвонаармейскую зорку на касцы воіна вышэй за крыж праваслаўнай капліцы. Працэс будаўніцтва двух гэтых аб'ектаў ішоў практычна паралельна. Па меры росту будынка храма, падрастаў і праект помніка, бо амбітныя імкненні ветэранаў савецкай арміі падтрымліваў мясцовы старшыня гарвыканкама Раманоўскі. Ягонае прозвішча і прычапілася да помніка, стала гарадскім урбанонімам. Дарэчы па чутках, імкненне паставіць любую сэрцу савецкую ідэалогію вышэй за хрысціянскія сімвалы, каштавала былому "мэру" крэсла.

Тым не менш помнік застаўся. Ён стаў хай сабе і спрэчнай, але адной з адметнасцяў горада. Воіна на кані паказваюць гасцям, спрачаюцца аб яго сімволіцы. Адны бачаць у ім традыцыйны сімвал перамогі над фашызмам. Іншыя, апялюючы да таго, што вершнік чамусці скача на ўсход, кажуць што ён сімвалізуе адыход расійскай арміі ў Азію і змяншэнне арэалу расійскага ўплыву ў Еўропе. А нацыянальная плынь тутэйшай апазіцыі сцвярджае, што праект гэты не такі просты, як уяўляецца. Помнік вельмі лёгка перарабляецца ў нармалёвую "Пагоню…

Застаецца адно пытанне: існыя конныя скульптуры пастаўлены ў гонар канкрэтных гістарычных асоб, ці ўсё ж падзей? Калі бабруйскі коннік ўсталяваны ў памяць вычыну, то з Хоцімскім сітуацыя крыху больш складаная. Некаторыя краязнаўцы схільныя звязваць яго з імем палітрука Гарабца. Але сваякі героя ў свой час не прызналі іх знешняга падабенства. Ды і відаць задачы такой перад сабой скульптар Г.А. Гаравая не ставіла. Помнік мае назву "Воінам-кавале-рыстам". Як бачна, персаналізацыя гісторыі ў гэтым відзе мастацтва ўсё яшчэ актуальна.

Да гэтага году конныя скульптуры адлюстроўвалі толькі адну - афіцыйна услаўленую старонку нашай гісторыі - апошнюю вайну. Дзесяткі іншых гістарычных сюжэтаў і асобаў былі незаслужана забытыя. Таму, вельмі прыемна, што з'явіўся помнік нацыянальнаму герою Усяславу Чарадзею. Дачакацца б яшчэ Гедыміну ды Вітаўту. Іх узвядзення чакаю з нецярплівасцю.

Аляксандр Агееў, г. Магілёў.


Абвестка

Запрашаем наведаць выставу беларускай кнігі і музыкі ў сядзібе ТБМ па адрасу: г. Мінск, вул. Румянцава, 13. На ёй можна пазнаёміцца з кнігамі па беларускай гісторыі, навуковымі выданнямі, мастацкай літаратурай, серыяй "Беларускі кнігазбор" ды інш., а таксама класічнымі і новымі запісамі беларускай музыкі.

Выстава працуе штодня апроч выходных з 10 да 18 гадзін.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX