Папярэдняя старонка: 2007

№ 43 (831) 


Дадана: 14-11-2022,
Крыніца: pawet.net.



№ 43 (831) 31 КАСТРЫЧНІКА 2007 г.


Дзяды ідуць па Беларусі

Дзень памяці паўстанцаў 1863 году быў адзначаны 27 кастрычніка ў Свіслачы ўжо ў 13 раз. Аднак гэты год яго ўпершыню адзначалі без белчырвонабелых сцягоў, і ўпершыню на свята не здолела даехаць моладзь з Менска: іх аўтобус двойчы спынялі міліцыянты ў Дзяржынску і Баранавічах.

Калі гарадзенская моладзь збіралася ад'язджаць раніцай у Свіслач, у аўтобус увайшоў міліцыянт і папярэдзіў, што ў Свіслачы рыхтуецца несанкцыянаванае мерапрыемства і, маўляў, улада пра гэта ведае. Ён таксама папярэдзіў, каб ні ў якім выпадку не выкарыстоўвалася нацыянальная сімволіка.

Каля ста чалавек, якія здолелі даехаць у Свіслач з Горадні, Ваўкавыска, Мастоў, па традыцыі ўсклалі кветкі да магілы Віктара Каліноўскага на могілках у Свіслачы.

Ужо калонай аўтамабіляў усе разам накіраваліся ў Якушоўку, дзе на месцы былой сядзібы Каліноўскіх стаіць крыж. Калону суправаджала міліцэйская машына.

Каля крыжа ўсклалі кветкі, выступілі прамоўцы. Вінцук Вячорка сказаў, што напярэдадні перачытваў "Мужыцкую праўду" і вось да якіх высноваў прыйшоў:

Людцы мае, можна браць жыўцом тое, што пісаў Кастусь у пазамінулым стагоддзі. Добра, што нам ёсць на каго абапірацца, што ёсць тыя вечныя каштоўнасці, сфармуляваныя нашымі вялікімі продкамі, і нам не трэба нічога выдумляць з пустэчы. Гэтыя каштоўнасці з нашай зямлі, з нашага неба, з нашага духу.

Сярод іншага ў Якушоўцы заклалі новую традыцыю: пасадзілі 4 дубкі і паабяцалі, што будуць рабіць так штогод, каб заснаваць алею паўстанцаў.

З Якушоўкі калона ізноў вярнулася ў Свіслач, дзе былі ўскладзены кветкі да помніка Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту. Потым у лесе побач са Свіслаччу каля вогнішча ўзгадвалі пра паўстанцаў 1863 году, смажылі каўбаскі і частаваліся гарачай юшкай. Бард Андрэй Мельнікаў спяваў свае песні.

Міхал Карневіч


28 кастрычніка ў Менску прайшло шэсце і мітынг у Курапатах з нагоды Дня памяці продкаў. У жалобных урачыстасцях узялі ўдзел ад паўтары да дзвюх тысячаў чалавек. Пераважная большасць удзельнікаў сёлетняй акцыі былі маладыя людзі.

Больш за тры з паловай гадзіны каля дзесяці кіламетраў менскімі вуліцамі прайшлі ўдзельнікі жалобнага шэсця на Курапаты. Гэтым доўгім шляхам ішла, нягледзячы на дрэнны стан здароўя, і дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторная, якая сама зведала 18 гадоў ГУЛАГу. "Святы дзень. І галоўнае, што грамадой ідзем, і не адчуваеш сябе ў гэтым свеце адзінокай, як то было ўсё маё жыццё". Праз дзень спаўняецца 70 гадоў з дня гібелі Тодара Кляшторнага. Калі бацьку расстралялі, Маі было 3 месяцы.

Жалобнае шэсце пачалося ад Парку Чалюскінцаў, і адразу ж усе звярнулі ўвагу на тое, што пераважная большасьць удзельнікаў - гэта моладзь. Лідар Партыі БНФ Вінцук Вячорка кажа, што гэта ўжо тэндэнцыя: "Гэта сведчыць, што моладзь прыходзіць да нацыянальнай ідэі, што моладзь успрымае сэрцам жывое і перспектыўнае, а гэта - беларуская нацыянальная ідэя".

Па завяршэнні мітынгу ў Курапатах было ўсталявана 16 новых крыжоў. Як і большасць курапацкіх крыжоў іх вырабіў жодзінскі цясляр Анатоль Рыбкавец.

Ганна Соўсь.


Сябры ТБМ ў кнізе У. Арлова "Імёны Свабоды"

Дзяды

25 кастрычніка ў сядзібе ТБМ у Менску адбылася прэзентацыя кнігі Ўладзіміра Арлова "Імёны Свабоды". Сярод герояў кнігі шмат былых актывістаў ТБМ, заснавальнікаў Таварыства і проста сяброў. У дзядоўскі тыдзень мы лічым магчымым згадаць некаторых з іх.

Васіль Быкаў, адзін з заснавальнікаў ТБМ.

У кожнага з нас ёсць свае быкаўскія радкі, што нараджаюць у душы наймацнейшы водгук. Мяне, чалавека не самага сентыментальнага, нядаўна да слёзаў на вейках уразілі некалькі сказаў з аўтабіяграфічных «Пункціраў жыцця»: «Тады быў яшчэ малы... Далей гародаў нікуды не хадзіў. І вось аднойчы стпарэйшы мой сябра Валодзя кажа: «Пайшлі на возера». Пайшлі - праз параснікі, цераз роў... 3 гары адкрыўся цуд: лясное возера ўнізе, за ім лес на касагоры - прыгажосць на ўсё жыццё...»

Напэўна, рэч у тым, што для мяне вобраз Радзімы і хараства таксама непарыўна звязаны з лясным полацкім возерам.

Як тое возера прысутнае ў маім жыцці ад часу, калі я пачаўся як асоба, так і Васіль Быкаў, здаецца, прысутнічаў у маёй свядомасці заўсёды. Прынамсі, з моманту, калі я адчуў сябе беларусам.

Упершыню мы сустрэліся з Быкавым на семінары маладых літаратараў у 1982 годзе. Слухаючы яго словы аб тым, што яшчэ не прамоўленая ўся праўда пра мінулую вайну, я адразу ўспомніў тую полацкую вёску, якую ў 1941м спалілі разам з жыхарамі пераапранутыя ў нямецкую форму супрацоўнікі НКВД. Але значна болып за тое, што гаварыў Васіль Уладзіміравіч, мяне ўразіла тады ягонае маўчанне падчас выступаў рознага кшталту калялітаратурных чыноўнікаў. У гэтым маўчаньні адчу валіся сапраўдныя глыбіня і веліч асобы.

Сапраўднае адкрыццё Быкава як пісьменніка глыбока нацыянальнага пачалося для мяне пасля з'яўлення аповесці «Знак бяды» - твора, бясспрэчна знакавага для нашае літаратуры.

Васіль Уладзіміравіч не раз казаў, што яму блізкі экзыстэнцыялізм, асабліва раман Альбэра Камю «Чума" Адрозна ад французскага калегі, Быкаў, нягледзячы на моцную падтрымку Вацлава Гаўла і Чэслава Мілаша, не быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй. Але ці была гэтая ўзнагарода з яе сённяшнім пахіснутым аўтарытэтам вартая Быкава?

Ён быў увасабленнем Адраджэння Беларусі і сімвалам змагання з дыктатурай. Свае ўчынкі мы выпрабоўвалі пытаннем: «А што скажа Быкаў?» Пасля яго пахавання замежныя калегі казалі мне, што ўжо некалькі дзесяцігоддзяў нідзе ў Еўропе развітанне народу з пісьменнікам не было такім грандыёзнашматтысячным.

Адзін з заходніх крытыкаў назваў сыход Быкава апошнім уздыхам экзыстэнцыялізму. Метафара небездакорная: свет працягвае чуць магутнае дыханне быкаўскае прозы.

Ува ўсе эпохі ўлада нязмерна больш любіла не жывых, а мёртвых геніяў. Цяперашняя няздатная нават на гэта. У Менску, як і ў Горадні і Віцебску, Ягонае імя не ўшанаванае нават у назовах вуліцаў.

У нашай апошняй размове Быкаў паўтарыў фінальныя словы з сваёй «Доўгай дарогі дадому»: «Мой логас песімістычны, хаця душа мая прагне аптымізму».

Быкаў быў з намі ў сакавіку 2006га на пляцы, якому абаронцы гэтай маленькай выспы свабоды ў цэнтры Менска надалі імя Каліноўскага; у намётавым мястэчку я бачыў Яго кнігі.

Янка Брыль, адзін з заснавальнікаў ТБМ.

Ён нарадзіўся ў Адэсе, што, відаць, таксама прычынілася да ягонага нязводнага то вытанчанага, то панароднаму грубаватага гумару, які літаратуразнаўцы назвалі калябруньёнаўскім.

Гэтым гумарам былі наскрозь прасякнутыя лісты якія я зрэдку - кожны раз бясконца шчаслівы - атрымліваў ад мэтра, калі Брыль заўважыў мае першыя апавяданні.

Ен умеў пахваліць і ўвадначас панастаўніцку пасьмяяцца з праколаў накшталт лужынкі пад нагамі ў адной маёй гераіні, што яе знаёмы прыняў за наплаканыя слёзы...

Я суперажываў Алесю Руневічу з адзінага Брылёвага рамана «Птушкі і гнёзды".

Я рагатаў над старонкамі аповесці «Ніжнія Байдуны», ідэяй якой даўні Брылёў сябар (і суаўтар у стварэнні кнігі «Я з вогненнай вёскі») літаратуразнаўца Ўладзімір Калеснік назваў «неад'емнасць права нізоў на гістарычнае быццё і тварэнне свайго лёсу ў супярэчлівым свеце».

Але найбольш маімі ў ягонай творчасці заўсёды былі лірычнафіласофскія мініяцюры.

Зборнік «Жменя сонечных промняў» я доўгі час вазіў з сабой як настольную кнігу.

Яна, дарэчы, апрача наталення мудрасцю, урата вала мяне ў жалезнаводскім санаторыі ад бойкі з двума чачэнцамі, якія, на шчасце, убачылі на стале ў «расейскага акупанта» «нярускую» кнігу.

Мы ўсе павінны быць удзячныя яму за падтрымку маладзейшых Уладзіміра Караткевіча і Міхася Стральцова, таленты якіх станавіліся на крыло пад Брылёвай увагаю і апекай.

У сённяшняй Беларусі ён быў больш, чым выдатным пісьменнікам еўрапейскага маштабу.

Ужо пасля яго пахавання мне прыснілася, што Янка Брыль выступае на тэлебачанні. Ад нечаканасці я прачнуўся.

Такое цяпер сапраўды можна было ўбачыць толькі ў сне.

Адразу разгледзеўшы антынацыянальную сутнасць цяперашняй улады, Брыль не пайшоў з ёю ні на якія кампрамісы. Ён не надрукаваў ні радка ў сэрвільных холдынгаўскіх выданнях.

Ён у восемдзесят гадоў адкрыў выдатнай прамоваю Кангрэс дэмакратычных сілаў.

Пасля сыходу ў Вечнасць Васіля Быкава менавіта Янка Брыль быў найвышэйшым маральным аўтарытэтам краіны.

Сведчаннем гэтага мусіць стацца і ягоны дзённік на пяць тысяч старонак, які, паводле запавету, можна будзе апублікаваць празь пяць гадоў пасля смерці яутара.

Артур Вольскі, пэўны час старшыня Партызанскай рады ТБМ г. Менска.

Я не служыў на флоце, але добра ўяўляю, якая выбітная роля належыць на караблі боцману. А калі даць волю фантазіі і ўявіць маю верагодную марскую службу, я хацеў бы, каб нашага боцмана звалі Артурам Вольскім.

Частку сваіх дзесяці флоцкіх, у тым ліку і баявых, гадоў спадар Артур насамрэч выконваў боцманскія абавязкі, што, здаецца, зусім не горшым чынам паўплывала на ягоны далейшы лёс - і літаратурны, і кар'ерны. А трапіў ён на Ціхі акіян у 1942-м. Артуру толькі што споўнілася васямнаццаць, і ён ужо лічыў сябе не толькі мараком, але і пісьменнікам, бо першае апавяданне надрукаваў ажно ў трынаццаць гадоў.

Найбольш поўна шматстайныя таленты Вольскага раскрыліся, калі ён паўтара дзесяцігоддзі працаваў у Беларускім тэатры юнага гледача - спачатку загадчыкам літаратурнай часткі, а затым дырэктарам. Якраз тады разам з шматлікімі паэтычнымі і празаічнымі зборнікамі для дзяцей і дарослых была створаная п'есаказка «Сцяпан - вялікі пан», што - пакладзеная на музыку кампазітарам Юр'ем Семянякам - сталася першай беларускай дзіцячай апярэтай.

Парадак панаваў на ўсіх палубах і тады, калі спадар Артур быў дырэктарам менскага Дому літаратара

Шмат каму жыццё Вольскага падавалася ўва ўсіх сэнсах камфортным і бясхмарным. Але пад ягоным нацельнікам, што почасту выглядваў зпад моднай кашулі, білася сэрца, якое прывяло пісьменніка ў кастрычніку 1988га ў шэрагі стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». Вольскі ўваходзіў у склад некалькіх Соймаў БНФ, ачальваў Беларускае дэмакратычнае аб'яднанне ветэранаў вайны. Некалькі разоў я быў сведкам таго, як на акцыях дэмакратычных сілаў сваім уладным позіркам і зычным голасам спадар Артур спыняў і прымушаў адступаць чорныя шэрагі гэтых званых «ахоўнікаў правапарадку».

Ягоны бацька Віталь, аўтар славутага «Несцеркі», пражыў восемдзесят сем гадоў, маці - дзевяноста чатыры. Генатып і магутнае здароўе абяцалі спадару Артуру доўгае жыццё. Аднак умяшаўся выпадак, а найверагодней - загадзя спланаваная акцыя. Пасля вечаровага выступу перад школьнікамі Вольскага запыніла вялікая агрэсіўная кампанія. Яго не проста жорстка збілі, але і распранулі, кінуўшы непрытомным ляжаць на халоднай лістапааўскай зямлі. Перажыты тады шок, на думку медыкаў, і справакаваў анкалагічнае захворванне...

Адным з ягоных найлепшых паэтычных твораў апошніх гадоў многія лічаць верш «Калі гучыць «Магутны Божа»:

Калі гучыць

«Магутны Божа",

гатоў я ўпасці на калені.

Бог - толькі Бог! -

нам дапаможа

знайсці шляхі да вызвалення...,

Таленавіты род Вольскіх доўжыцца ў Артуравым Лявону - адным з найпапулярнейшых у краіне рок-музыкаў.

Ібрагім Канапацкі, актыўны сябар ТБМ.

Шэсць з гакам стагодзяў таму Вітаўт запрасіў у Вялікае Княства Літоўскае Тахтамыша, якога ў Залатой Ардзе пазбавілі ўлады. Ад таго часу на нашых землях і пасяліліся татары, для якіх Беларусь" стала радзімай, а яе мова настолькі роднай, што пабеларуску арабскай вяззю пісаліся іх мусульманскія рэлігійна-маральныя кнігі - кітабы.

Гісторык Ібрагім Канапацкі лічыў сябе нашчадкам аднаго з татарскіх коннікаў, якія поруч з нашымі продкамі бралі ўдзел у разгроме тэўтонцаў пад Грунвальдам. Справаю свайго жыцця ён абраў адраджэнне багатай і прыгожай культуры беларускіх татараў, даведзенай уладай амаль да поўнага занядбання.

Татарскі Дом ён адбудаваў на глебе агульнабеларускай, пад нашымі нацыянальнымі сімваламі. На часам паблажлівае пытанне: «Ну колькі вас тут, гэтых татараў?» Канапацкі заўсёды адказваў: «Нас з беларусамі дзесяць мільёнаў».

Ібрагім працаваў, як добрая ўстанова. Безь ягоных эрудыцыі, энергіі, зацятасці, без яго магутнай ваярскай постаці і густой беларускай мовы немагчыма ўявіць ні дзейнасці згуртавання «АльКітаб», ні квартальніка «Байрам», ні татарскага культурнага цэнтра ў Іўі, ні адбудовы мячэцяў у Наваградку, Слоніме, Клецку, у ягоных родных Смілавічах на Чэрвеньшчыне.

Я міжволі шукаў твар Ібрагіма на прэзентацыі сваёй апошняй кнігі. Мне яшчэ хочацца патэлефанаваць яму, каб удакладніць склад татарскіх аддзелаў у войску Вялікага Княства або жыццяпіс выхаванца Полацкага кадэцкага корпуса, вядомага дзеяча беларускага руху Гасана Канапацкага. Цяпер на мае пытанні будзе адказваць Ібрагімава дачка Зарына, якая працягвае бацькаву справу, абараніўшы кандыдацкую дысертацыю на тэму «Татары ў Беларусі і іх культура. XIV-XVII стст.».

Мусульманін для выратавання душы капае калодзеж. Алах ацэніць Ібрагімаў «калодзеж» у сябе на нябёсах. Мы мусім зрабіць гэта на зямлі, якую ён так любіў. Ці зьявіцца на малой радзіме Канапацкага ў Смілавічах вуліца яго імя, а на родным доме - мемарыяльная дошка ў гонар татарскага асветніка?

Анатоль Канапелька, у свой час заступнік старшыні Віцебскай абласной рады ТБМ.

Калі ў сярэдзіне дзевяностых ён папрасіў у мяне рэкамендацыю ў Саюз пісьменнікаў (а неўзабаве і ў Беларускі ПЭН-цэнтар), я крыху з'ніякавеў, бо значна лагічнейшай выглядала 6 сітуацыя адваротная.

I рэч не толькі ў тым, што Анатоль нарадзіўся на пятнаццаць гадоў раней.

Якраз тады я рэдагаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» (адкуль праз пару гадоў мяне звольняць з непаўторнай фармулёўкаю - «за выпуск исторической и другой сомнительной литературы») том «Анталогіі беларускай паэзіі», сярод аўтараў якой быў Анатоль Канапелька.

Ягоныя вершы запомніліся мне свежасцю і нейкім кранальным наівам, а адзін, што ў свядомасці адразу звязаўся з 25 сакавіка, я вывучыў на памяць.

Яшчэ шалее ветравік

аснежаным крылом,

ды наступае сакавік,

і рушыў крыгалом.

I ўжо не будзе лютых сцюж...

Ад самага відна,

як ачышчэнне нашых душ,

да нас ідзе Вясна...

Верш гэты, дарэчы, я цытаваў у інтэрвію, якія даваў у сакавіку 2006 году на пляцы імя Кастуся Каліноўскага.

Сам паэт ужо не мог быць там разам з намі, але ў намётавым мястэчку я пазнаёміўся з дзвюмя ягонымі былымі студэнткамі з філфаку Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе дацэнт Канапелька выхоўваў адданых сваёй справе выкладчыкаў і выкладчыц беларускай мовы і літаратуры, якія цяпер клічуць мяне на сустрэчы з вучнямі. Анатоль таксама імкнуўся запрашаць да сваіх гадаванцаў, але ў апошнія гады заўсёды сутыкаўся з катэгарычнай рэктарскай забаронай, што таксама не спрыяла ягонаму не надта моцнаму здароўю.

Ён быў бязмежна закаханы ў творчасць аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага. Дзякуючы Канапельку загучалі па-беларуску шмат якія польскамоўныя творы нашага з ім знакамітага земляка.

У выніку Анатолевых намаганняў ладзіліся міжнародныя навуковыя чытанні, прысвечаныя аўтару «Шляхціца Завальні», а на яго радзіме, у Мурагах, на беразе таямнічага возера Нешчарда, з'явіўся помнік. Акружаны ўлетку лугавымі гваздзікамі і рамонкамі, здаецца мне помнікам і самому Анатолю, што, як і каларытны герой Яна Баршчэўскага, запальваў на вакне свечку, каб паказаць заблукалым вандроўнікам шлях.

Генадзь Каханоўскі, актыўны сябар ТБМ.

Калі я згадваю Маладэчна, заўсёды ўзнікае імя - Генадзь Каханоўскі.

Памятаю сябе студэнтам, які зачаравана стаіць у музеі перад скрыпкаю Міхала Клеафаса Агінскага. Я яшчэ не заўважаю, што зза вітрыны з слуцкім пасам на мяне глядзіць чалавек з нейкім надзіва ўтульным прымругам вачэй. Праз хвіліну мы знаёмімся. Месца - Менскі абласны краязнаўчы музей у Маладэчне. Чалавек - намеснік дырэктара музея па навуцы Каханоўскі.

Праз дзесяць гадоў ён будзе рэцэнзентам маіх кнігаў. Тады знаёмства з Генадзем Каханоўскім станецца бліжэйшым, і мне адкрыецца няпросты шлях гэтага самаадданага слугі Кліё.

Юначыя гады ў Маскве, дзе будучы гісторык Каханоўскі ачольваў беларускае студэнцкае зямляцтва. Сустрэчы з Уладзімірам Дубоўкам і Міколам Улашчыкам, які стаў для Генадзя ўзорам служэння навуцы і Радзіме. Вяртанне ў Маладэчна і праца ў абласным краязнаўчым музеі, дзе найперш дзякуючы Каханоўскаму была створаная экспазіцыя, якая, адрозна ад шмат якіх замшэлых сталічных, працавала на беларускую нацыянальную ідэю.

Але гэтак званыя кампетэнтныя органы таксама не драмалі. У 1969-м адмыслова скліканая атэстацыйная камісія прызнала працу маладога гісторыка-патрыёта шкоднай для камуністычнага выхавання савецкіх людзей.

Ён быў абвінавачаны ў нацыяналізме нават за тое, што казаў пра страту Беларуссю ў Другой усясветнай вайне кожнага чацвёртага, а значыць «штучна завышаў ролю беларускага народу».

Звольненага Каханоўскага аднавілі на працы дзяку ючы заступніцтву Максіма Танка і Янкі Брыля, але нападкі на вучонага не спыніліся. Яго, які так любіў падарожнічаць, не выпускалі за мяжу. Мне здаецца, што якраз сваю тугу па няздзейсненых вандраваннях ён увасобіў ва ўнікальным помніку Віленскаму шляху паблізу вёскі Мясата на Маладэчаншчыне.

Калі над краінай падзьлулі новыя вятры, Каханоўскі паспеў зрабіць неверагодна шмат.

У 1989-м спрычыніўся да заснавання Беларускага краязнаўчага таварыства і стаў яго першым старшынём.

У 1992-м абараніў першую ў Беларусі доктарскую дысертацыю, прысвечаную крыніцазнаўству матэрыяльнай і духоўнай культуры.

Адна за адной выходзілі яго кнігі ў галінах фалькларыстыкі і археалогіі, даследаванні, прысвечаныя Яўстаху Тышкевічу, Адаму Кіркору ды іншым выбітным папярэднікам.

Разам з сваёй навуковай спадчынай ён пакінуў нам і мару, якой у сямідзясятыя васьмідзясятыя дзяліўся з блізкімі сябрамі: аднойчы прачнуцца, а Беларусь - ужо вольная.

Марыя Мацюкевіч, заснавальнік і нязменны старшыня Салігорскай арганізацыі ТБМ.

Аднойчы на сустрэчы з чытачамі мне прыйшло дзіўнаватае пытанне: «Ці ведаеце Вы, які сёння дзень? - «21 снежня», адказаў я і не здолеў анічога ўдакладніць.

Тады сярод публікі паднялася прывабная русявая жанчына: «Дзень нараджэння Сталіна». Зала знячэўлена прыціхла, потым па ёй прашамацеў здзіўлена-абураны шумок.

Але жанчына эмацыйна працягвала: «Вы ўяўляеце, якое шчасце, што мы пра такое ўжо і не памятаем?!» Гэта была Марыя Мацюкевіч, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры, якая і запрасіла нас з Вольгай Іпатавай і Сяржуком Сокалавым-Воюшам на тую сустрэчу ў яе Салігорск.

У 1990-я ў асяроддзі беларускай дэмакратычнай інтэлігенцыі Марыю ведаў кожны.

Без яе немагчыма ўявіць гісторыю Таварыства беларускай мовы, салігорскую арганізацыю якой Марыя Мацюкевіч узначальвала болей за дзесяць гадоў, зрабіўшы яе, відаць, найактыўнейшай у цэлай краіне. Яна правяла для сваіх вучняў і землякоў сотні сустрэчаў з літаратарамі, гісторыкамі, мастакамі, прычым кожная мела таленавіты сцэнар і пакідала перакананне, што твая праца - патрэбная.

Уласным коштам Марыя выпускала папулярную ў шахцёрскім горадзе газету «Рагнеда» з літаратурным дадаткам. Дзякуючы ёй была перавыдадзеная асобнам кніжкай гістарычная паэма Лявона Случаніна «Рагнеда».

Вакол сваёй улюбёнай настаўніцы заўсёды віравала моладзь...

Змянілася ўлада, прайшлі рэферэндумы 1995-га і 1996-га гадоў, а Марыя заставалася ранейшай - апантанай вераю ў сваю Беларусь.

Ці трэба казаць, што з кожным годам жыць ёй рабілася ўсё складаней?..

Марыя была ўпэўненая: вулічную бойку, у якой загінуў сын, справакавалі яе «куратары».

Дарэчы, крымінальная справа паводле факту сына вай смерці была распачатая толькі пад ціскам няўцешнае маці.

Мацярынскае сэрца не вытрымала страшнае страты.

Кажуць, хтосьці з дактароў вельмі здзівіўся, што настаўніца і на Божай пасцелі таксама гаварыла па-беларуску.

Мікалай Пятрэнка, адзін з заснавальнікаў Полацкай арганізацыі ТБМ.

Ці кожны з беларусаў, якія ў цвярозым або падвясёленым стане любяць зяцягнуць, папулярную песню «Ручнікі», адкажа на пытанне пра яе аўтараў? Ды што казаць пра шараговых пеюноў, калі нават нібыта прафесіяналы з Беларускага тэлебачання неаднойчы сцвярджалі, што словы і музыка «Ручнікоў» - народныя. Асабіста я на месцы сапраўдных аўтараў ад падобнай ацэнкі сваёй творчасці. магчыма, і не адмовіўся 6, але ж песню стварылі ўсё ж не безыменныя таленты з народу, а паэтка Вера Вярба і кампазітар Мікалай Пятрэнка.

Калі я пайшоў у першы клас, Мікалай Макаравіч якраз пачаў настаўнічаць у Полацку. Вучыцца ў яго мне, на жаль, не пашчасціла, а вось знаёмствам магу ганарыцца. У вайну ён пасля ранення і кантузіі трапіў у нацысцкі палон, адкуль зноў і зноў спрабаваў уцякаць.

Мікалай прайшоў праз некалькі лагераў смерці. Выжыць дапамагла мара стаць настаўнікам і ствараць песні, якія ўжо гучалі ў душы.

Большую частку свайго жыцця ён выкладаў у Полацкай педагагічнай вучэльні музыку, а таксама родную мову і літаратуру. Перакладаў на беларускую падручнікі, пісаў свае ўласныя.

Сотні, а мо і тысячы выхаванак і выхаванцаў здабылі ў яго не толькі веды, але навучыліся галоўнаму - любіць Радзіму. Не СССР, а - Беларусь. «Беларусь - гэта святое», - казаў ён, сцвярджаючы сваё credo і на ўроках, і ў жыцці, і ў песнях -меладычных, багатых на інтанацыі беларускага мэлясу, «спеўных».

Абвяшчэнне Незалежнасці сталася для яго святам, але гэта не значыла, што ён цалкам прымаў усе ідэі і прапановы тых лёсавызначальных гадоў. Пасля з'яўлення ў «ЛіМе» складзенага Сяргеем Дубаўцом Звароту, назоў якога казаў сам за сябе - «Рэпрэсаваны правапіс» - я (бо ў газеце стаяў і мой подпіс) вытрымаў з Мікалаем Макаравічам гарачую спрэчку. Урэшце мой апанент перайшоў на наш бок, аднак згадзіўся толькі на мяккі варыянт вяртання класічных правілаў. Зборнік ягоных песняў на вершы беларускіх паэтаў выйшаў праз некалькі месяцаў пасля таго, як Пятрэнка развітаўся з гэтым светам. Ён меў назоў «Беларусі мілай» і стаўся як 6ы весткаю ад Мікалая Макаравіча адтуль, з Беларусі нябеснай.

Барыс Родзіч, адзін з заснавальнікаў Заводскай арганізацыі ТБМ г. Менска.

Вы заўважалі, што прозвішчы нярэдка надзіва адпавядаюць іх уладальнікам? Так было і з ім, Барысам, якога шмат хто з блізкіх знаёмых сапраўды ўспрымаў як чалавека не толькі блізкага ў перакананнях, але і роднага па крыві. Усё, што я ведаю пра яго, пераконвае: мне 6 хацелася мець такога старэйшага брата.

Барыс Родзіч арганічна не мог трываць несправядлівасці і хлусні.

Неяк на самым пачатку дзевяностых газета «Правда» змясціла «стацейку» свайго карэспандэнта ў Беларусі Алега Сцепаненкі «Мама, возьми гадильник». Гэтую здзеклівую, пачынаючы з назову, пісаніну, скіраваную супраць вывучэння беларускай мовы ў пачатковых класах, дый наагул супраць нашае мовы, хуценька сэрвільна перадрукавала «Советская Белоруссия».

Напісаны Барысам і ягоным сябрам адказ «Клевета не аргумент» там, натуральна, друкаваць адмовіліся. Але артыкул ужо на наступны дзень апублікавала тагачасная «Народная газета» на чале з Ёсіфам Сярэдзічам.

Барыса хапала, здаецца, на ўсё. Ён засноўваў разам з Міхасём Ткачовым, Алегам Трусавым, Міхасём Чарняўскім Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду. Ствараў на сваім заводзе суполкі Таварыства беларускай мовы і Свабодны прафсаюз. Стаў адным з заснавальнікаў мемарыяльнага фонду «Трасцянец». Яшчэ за савецкім часам у яго можна было разжыцца «Расійскакрыўскім слоўнікам» Вацлава Ластоўскага і выдадзеным замежнымі суайчыннікамі «Кароткім аглядам гісторыі Беларусі», што разбураў савецкія гістарыяграфічныя міфы.

Родзіч вельмі даражыў суседствам і знаёмствам з Васілём Быкавым, з якім быў у адной суполцы БНФ.

На Барысавым 55годдзі ягоны сябар і паплечнік Мікола Лавіцкі прачытаў акраверш «Родзіч», апошні радок якога гучаў, як тады здалося, занадта трывожна: «Час палявання на родзіча».

Але за акном была вясна 1994га, і гэты час ужо няўхільна набліжаўся...

Барыс ніколі не скардзіўся на здароўе і абяцаў, што пражыве да ста гадоў. Аднак пасля рэферэндуму 1995 году, які ён успрыняў як асабістую трагедыю, Родзіча апанавалі хваробы.

Яго паклалі ў шпіталь лекаваць ад язвы, а праз колькі дзён сям'і сказалі: памёр ад сардэчнай недастатковасці. Міжводі згадваецца, што менавіта такі дыягааз паведамлялі ў сталінскі час родным расстраляных «ворагаў народу».

Родзіча хавалі пад бел-чырвона-белым сцягам і... пад пільным вокам некалькіх незнаёмых нікому людзей. Аўтамабіль з імі з'ехаў толькі тады, калі над магілаю людзі заспявалі «Магутны Божа» - як быццам сам наш хрысціянскі гімн адпрэчыў сатанінскую сілу.

Барыс Сачанка, адзін з заснавальнікаў ТБМ.

Працуючы разам з ім у выдавецтве «Мастацкая літаратура», чаго толькі я ні наслухаўся: і таго, што Сачанка - палкоўнік КДБ, і таго што ў кожнай рэдакцыі дзейнічае ягоная агентура... Не буду сцвярджаць, што ўсё гэта толькі чуткі і міфы. Не ведаю.

Але ведаю іншае.

Канец вайны заспеў дзевяцігадовага Барыса ў Нямеччыне. Адзін Сачанкаў зласлівец любіў казаць: «Лепей бы ён застаўся!»

Думаю, што асабіста Сачанку ў такім выпадку, можа, і сапраўды было б лепей, а вось беларускай культуры - відавочна не. Тады нехта іншы мусіў бы стаць аўтарам змешчанага ім у 1957-м у «ЛіМе» артыкула «Шанаваць родную мову», што выклікаў дыскусію, перадрукоўваўся ў эміграцыйнай прэсе і, натуральна, зацікавіў гэбістаў. Праўда, Сачанка нейкім чынам атрымаў дараванне «грахоў», бо пазней працаваў у часопісе «Полымя», у Саюзе пісьменнікаў, ездзіў дэлегатам ад Беларускай ССР на сесію ААН у Нью-Ерк.

Выдаючы кнігу за кнігай і нават атрымліваючы за іх прэміі, Барыс Іванавіч, мне здаецца, і сам з гадамі ўсё больш разумеў, што ягоная місія ў нашай культуры палягае ў іншым.

Загадваючы ў выдавецтве рэдакцыяй перакладной замежнай літаратуры, ён вытрымаў змаганне на нейкіх узроўнях у Маскве і распачаў выпуск беларускамоуных зборнікаў дэтэктываў і фантастыкі, а таксама серьп «Скарбы сусветнай літаратуры», кнігі з якой збіралі 10-15-тысячныя наклады.

Як толькі гэта сталася магчымым, Сачанка ўзяўся друкаваць артыкулы і ўкла-даць зборнікі, якія легалізоў-валі дзясяткі забароненых раней імёнаў і твораў літаратараў, знішчаных у гады сталінізму, і пісьменнікаўэмігрантаў. Ці не ён першы сказаў слова праўды пра смерць Янкі Купалы?

Вядома, ішлі размовы пра тое, што ўсё гэта адбыпасцца з дазволу КГБ, пагатоў дома ў Барыса Іванавіча была цэлая бібліятэка яшчэ нядаўна крамольнай літаратуры - сапраўдны філіял спецсховаў. Але факт застаецца фактам: некалькі гадоў ён адзін працаваў, як цэлы інстытут.

Ягоны пераход у 1993-м на пасаду галоўнага рэдактара выдавецтва «Беларуская Энцыкляпэдыя» быў цалкам заканамерны.

У 1995-м пабачыў свет таўшчэзны энцыкляпэдычны даведнік «Беларусь» - дзе, як дакладна адзначыў літаратурны крытык Сяргей Дубавец, «упершыню за ўсю гісторыю наша легальнае і дазволенае было аб'яднанае з нашым нелегальным, забароненым і забытым - у адно цэлае».

Апантаны працаю на карысць нацыянальнай ідэі, Барыс Сачанка пасля абрання прэзідэнтам А. Лукашэнкі стаўся для ўлады асобаю нязручнай.

Неўзабаве пасля рэферэндуму 1995-га ён, не дажыўшы і да шасцідзесяці гадоў, раптоўна памёр у працоўным кабінеце.

Энцыклапедычны даведнік «Беларусь» больш не перавыдаваўся.

Анатоль Сыс, актыўны сябар ТБМ.

Мы пазнаёміліся ў 1984-м у Вінцука Вячоркі. Анатоль Сыс, цвярозы, як слязінка немаўляці, усю ноч чытаў вершы - улюбёныя і ўласныя. Ягоныя часта гучалі мацней: у іх, хоць яшчэ і не заўсёды дасканала схопленая словамі, пульсавала стыхія сапраўднай паэзіі. Усцешаны гэтым адкрыццём, пад раніцу я заснуў, але Толя далікатна пабудзіў мяне і працягваў дэкламацыю.

Ён толькі што вярнуўся з вайсковай службы, якую адбываў у Польшчы часоў «Салідарнасці» і надзвычайнага становішча, што, безумоўна, абвастрыла ў яго і грамадзянскае, і нацыянальнае пачуццё.

Анатрль Сыс увайшоў у нашую паэзію і наагул у беларускае жыццё ўпэўнена і харызматычна. Ен стаў адным з стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» і арганізатарам першых Дзядоў у 1987м. Ён збіраў на сваіх вечарынах паўнюткія залы. Ягоныя кніжкі «Агмень» і «Пан Лес» імгненна разляцеліся. Трэцяя - «Сыс» - выйшла толькі ў 2002 годзе дзякуючы эмігрантцы Валянціне Якімовіч.

Яго цытавалі студэнты і дактары навук:

...і сталі дружна,

шчыра, шчыльна,

як на касьбе ці на сяўбе,

паэт сказаў: п'ем за Айчыну!

I кожны выпіў: за сябе...

Сяброўства з ім, бясспрэчна знакавай асобай таго часу, шукалі не толькі літаратары, але і міністры, да прыкладу, першы міністар замежных справаў незалежнае Беларусі Пятро Краўчанка. А ягонаму маскоўскаму калегу Андрэю Козыраву Сыс аднойчы прачытаў верш пра «мядзьведзя расейскага», публічна нагадаўшы, што тут - Беларусь, якая ніколі не будзе Расеяй.

Ён быў непрадказальны і таленавіты ўва ўсім. Міфалагізаваў родную вёску Гарошкаў. У 1990-м з крыкам «Акупанты, прэч!» спыніў разам з сябрамі на сталічным праспекце калону бронетэхнікі, што рыхтавалася да кастрычніцкага параду. Анатоль падаваў усім менскім жабракам (а аднаго прывёў у кавярню Дому літаратара і нагадаваў, выдаючы за свайго бацьку), пакуль сам вонкава не ператварыўся амаль што ў аднаго з іх.

Я папрасіў некалькіх знаёмых даць асобе Сыса ацэнку ў адным слове. Адказы можна вышыхтаваць так: Мужчына. Беларус. Паэт. Класік. Геній. Яго пяро насамрэч да апошніх дзён магло нараджаць вершы на мяжы геніяльнасці. Такія, як вось гэты, «Пчаліная матка»:

Начаваў я ў вуллі

Пад крылом у пчалінае маткі

Пчолы казкі гулі

Трутні ноч

Казыталі мне

пяткі...

Ен паміраў пакутліва, адзін: не мог, а мо і не хацеў нікога клікаць на дапамогу. Але ён верыў, што застанецца ў сваіх вершах, і не памыляўся. Гэта засведчыла выдадзеная ў 2006-м Анатолева кніга «Лён». Яго першая пасмяротная кніга.

Міхась Ткачоў, адзін з заснавальнікаў ТБМ.

Выпускнік правінцыйнай расейскамоўнай школы Міхась Ткачоў да паступленьня на гістарычны факультэт БДУ рыхтаваўся паводле беларускіх падручнікаў, бо быў перакананы, што ў сталіцы БССР усё пабеларуску. Пагарду да роднай мовы ён сустрэне ўжо ў прыёмнай камісіі, але студэнцкія гады толькі ўмацуюць яго нацыянальнае пачуццё.

Мая першая сустрэча з Ткачовым адбылася падчас археалагічных раскопак, якія ён вёў у родным Амсціславе. Ад таго дня засталося адчуванне ўпэўненасці і камфортнасці, якія потым заўсёды апаноўвалі побач з ім. Вялікі, дужы, чарнявы, ён, здавалася, проста выпраменьваў гэтую ўпэўненасць. Я думаю, што прычынаю была ягоная нязменная вера ў сваю праўду, у еўрапейскую гісторыю нашай краіны, у вартасць справы, якой прысвяціў жыццё.

Вынікам яго даследаванняў абарончага дойлідства нашых гарадоў сталі кандыдацкая і доктарская дысертацыі на гэтую тэму, а таксама кнігі «Замкі Беларусі», «Замкі і людзі», «Старажытны Амсціслаў»...

Працуючы загадчыкам.кафедры ў Гарадзенскім універсітэце, ён бескампрамісна бараніў ад мясцовых чыноўнікаў гістарычную забудову горада. Даходзіла да зваротаў у Саўмін СССР, пасля чаго Ткачова спрабавалі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за «клевету на органы Советской власти».

Пільную ўвагу КДБ выклікаў і заснаваны з непасрэдным удзелам Ткачова гарадзенскі гістарычнакультурны клуб «Паходня», які збіраў сотні людзей на свае асветніцкія вечарыны, якія ўсё часцей ператвараліся ў палітычныя дыскусіі.

Вяртанне ў 1989 годзе Ткачова ў Менск (як, дарэчы, і мой пераезд у сталіцу) адыёзная газетка «Славянский набат» пазней назаве акцыяй, спланаванай ЦРУ.

Такім чынам амерыканская выведка далучылася, у прыватнасці, да выдання Энцыклапедыі гісторыі Беларусі, што было галоўным клопатам Міхася на пасадзе галоўнага рэдактара выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя».

«Варожы агент» гаварыў пра сваю місію наступным чынам: «Мы пакажам і вернем імёны тых, хто не шкадаваў свайго здароўя і жыцця, ішоў гэтым цяжкім торам у імя будучыні нашай. Мы вернем народу тыя імёны, якія доўга ганьбілі, плямілі, трымалі ў спецсховах». У тыя вызначальныя для будучыні краіны гады Ткачоў быў у авангардзе нацыянальнадэмакратычных сілаў: браў удзел у стварэнні «Мартыралогу Беларусі», уваходзіў у Аргкамітэт БНФ, стаў ініцыятарам аднаўлення ў Беларусі сацыялдэмакратычнага руху і ўзначаліў Цэнтральную раду Грамады (БСДГ).

Незадоўга да сваёй трагічна ранняй смерці ён казаў у інтэрвію: «Нягледзячы ні на якія адкаты, працягваю верыць у наш народ, у яго рашучасць у крытычныя моманты гісторыі, калі на карту ставіцца лёс нацыі».

Уладзіслаў Чарняўскі, адзін з заснавальнікаў ТБМ.

«Кожны народ павінен маліцца ў сваёй мове». Вернасць гэтаму крэда беларусй святар Уладзіслаў Чарняўскі пранёс праз усё жыццё Ягоны зямны шлях пачаўся ў ваколіцах старажытных Гальшанаў. Гімназія пры Друйскім кляштары айцоў марыянаў, што знаходзілася пад уплывам беларускіх ксяндзоў, дала душы моцны нацыянальны гарт. Сваю першую імшу малады святар Уладзіслаў, як і некалі ягоны брат па духу Адам Станкевіч, адправіў пабеларуску ў касцёле гістарычнага Крэва.

Ад сярэдзіны пяцідзясятых амаль паўстагоддзя айцец Уладзіслаў служыў у касцёле Святой Марыі ў мястэчку Вішнева пад Валожынам.

Гэтае старажытнае мястэчка цікавае не толькі касцёлампомнікам ранняга барока. З Вішневам было звязанае жыццё асветніка часоў Рэфармацыі Сымона Буднага, у гэтых мясцінах жылі і былі пахаваныя паэты Канстанцыя Буйла і Пятро Бітэль.

Аднак у сямідзясятыя - васьмідзясятыя гады ў Вішнева прыязджалі найперш да айца Ўладзіслава, на той час адзінага ў Беларусі каталіцкага святара, які служыў па-бела-руску. У яго бывалі Ўладзімір Караткевіч, Зянон Пазьняк, гісторык і літаратуразнаўца Анатоль Сідарэвіч...

Да яго ехала па духоўную падтрымку адраджэнцкая моладзь. Я ведаю дзясяткі людзей, якія прынялі ў айца Ўладзіслава хрост. Сярод іх - вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі.

У 1960х рымскі папа Павел VI прапанаваў ксяндзу Чарняўскаму заняць пасаду адміністратара для ўсіх каталікоў Беларусі. Савецкія ўлады не далі на гэта дазволу, як пазней адхілілі і просьбу Ватыкана аб прызначэнні айца Ўладзіслава біскупам.

Улады некалькі разоў не дазвалялі яму паехаць у Рым, але былі не ў стане пахіснуць велізарны маральны аўтарытэт святара.

Ен адышоў у Вечнасць, не толькі паспеўшы ўбачыць здзяйсненне сваёй мары пра беларускую мову ў каталіцкіх святынях, але дачакаўшыся выдання свайго перакладу Новага Запавету.


Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні праект закона "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі"

Палата прадстаўнікоў 24 кастрычніка прыняла ў першым чытанні праект закона "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі".

Прадстаўляючы яго, міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў заявіў: "Падрыхтаваная новая рэдакцыя правілаў з'яўляецца найбольш аптымальнай у сённяшніх умовах і адпавядае патрэбам сучаснай моўнай практыкі". Паводле яго слоў, прапанаваныя змяненні не закранаюць асноўных палажэнняў і прынцыпаў беларускай арфаграфіі і "забяспечваюць традыцыі пераемнасці пісьмовай беларускай мовы".

А.Радзькоў адзначыў, што праблема разнабою ў напісанні беларускіх слоў стала асабліва актуальнай у канцы ХХ стагоддзя, калі ў сістэме беларускай мовы адбыліся істотныя змены.

"У некаторых выпадках праблемы адзінства арфаграфічных норм беларускай мовы набываюць палітычнае адценне, - сказаў міністр. - У сувязі з гэтым стала неабходна ўпарадкаваць правапісанне, каб забяспечыць адзінства норм і палегчыць навучанне беларускай мове ў школе".

Паводле слоў міністра, асноўныя змены ў правілах беларускай арфаграфіі робяць беларускую мову больш зручнай для засвойвання.

Законапраект, у прыватнасці, пашырае прынцып перадачы акання ў словах замежнага паходжання, уносіць змяненні ў напісанне складанаскарочаных слоў, пашырае прымяненне "ў" у словах замежнага паходжання, спрашчае правілы пераносу слоў. Ён таксама рэгулюе напісанне назваў органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, а таксама пасад і званняў з вялікай або маленькай літары.

Паводле слоў А. Радзькова, плануецца, што закон уступіць у сілу 1 верасня 2010 года. "Законапраект не мае імгненнага эфекту, а стане вехай у развіцці беларускай мовы і беларускай дзяржавы ў цэлым", - лічыць ён.

Міністр зазначыў, што ўвядзенне закона не патрабуе ўнясення кардынальных змяненняў у беларускія падручнікі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.


Прыняцце закона "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" зробіць беларускую мову больш прывабнай, лічыць старшыня парламенцкай камісіі

Прыняцце закона "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" зробіць беларускую мову больш прывабнай. Такое меркаванне ў інтэрв'ю БелаПАН выказаў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры, навуцы і навуковатэхнічным прагрэсе Уладзімір Здановіч.

Беларуская мова і правілы арфаграфіі, як падкрэсліў У. Здановіч, не з'яўляюцца "застылымі". "Людзі атрымалі магчымасць выязджаць за мяжу і прывозяць адтуль новыя словы. Узнікае блытаніна пры іх напісанні, - сказаў дэпутат. - Трэба было навесці парадак, таму што такі арфаграфічны разнабой робіць мову непрывабнай".

У. Здановіч падкрэсліў, што калі б прынятыя ў 1959 годзе правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі выконваліся ўсімі бездакорна, "не трэба было б сёння разглядаць гэты закон".

"Любы закон абавязковы да выканання, а за яго невыкананне прадугледжваюцца меры адказнасці", - сказаў У.Здановіч. Паводле яго слоў, законапраект аб арфаграфіі і пунктуацыі не прадугледжвае ніякіх мер за невыкананне. "Але пасля яго ўступлення ў сілу ў іншыя законы, якія тычацца мер адказнасці, будуць унесены адпаведныя змяненні", - зазначыў старшыня парламенцкай камісіі.

Паводле яго слоў, законапраект будзе вынесены на другое чытанне не раней за вясну 2008 года.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.


"Ці ёсць нейкае рацыянальнае зерне ў гэтым праекце?"

Такое пытанне задаў карэспандэнт Радыё Свабода Віталь Цыганкоў Зміцеру Саўку, які на "Круглым стале", праведзеным ТБМ, выступаў супраць яго прыняцця.

Саўка: "Там ёсць рацыянальныя моманты. Гэта спрашчэнне правапісу "ў" і пашырэнне якання на лічэбнікі. "Ў" будзе пісацца ва ўсіх выпадках пасля галосных, калі яно не пад націскам і не ёсць вялікай літарай. Словы "дзевяты", "дзесяты" перастануць быць выключэннем, бо будуць пісацца "дзявяты", дзясяты". Плюс моцна лібералізуюцца прынцыпы пераносу. Аднак усе гэтыя прапановы ўтрымліваліся яшчэ ў прапановах правапіснай камісіі ТБМ - гэта не заслуга сённяшніх "нармалізатараў". Шкада, што дэпутаты былі настолькі самаўпэўненыя, што не прыслухаліся да парадаў ТБМ і не пагадзіліся правесці парламенцкія слуханні".


70 гадоў з дня нараджэння Яўгена Куліка

Кулік Яўген (31.10. 1937, Менск - 12.01.2002), мастак-графік, актыўны ўдзельнік адраджэнцкага руху 1960-1990-х; у ягонай майстэрні ў 1960-х утварыўся асяродак «На Паддашку».

У 1957 скончыў Менскую мастацкую вучэльню, у 1963 - Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся ў Л. Лейтмана, А. Малішэўскага, В. Цвіркі, А. Мазалёва. З 1963 удзельнічае ў афіцыйных мастацкіх выставах. У 1965 уступіў у Саюз мастакоў Беларусі. Маючы жывапісную адукацыю, пасля заканчэння інстытута пераарыентаваўся на графіку. Аўтар станковых аркушоў і экслібрысаў. Аздабляў кнігі для дзяцей і дарослых, класіку і сучаснасць у асноўным беларускіх аўтараў Працаваў мастаком у дзіцячым часопісе «Вясёлка».

Куліку ўласцівы рамантычны погляд на беларускую мінуўшчыну часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, а таксама настальгія па традыцыйным побыце, які сыходзіць у нябыт пад націскам урбанізацыі і масавай культуры. Бо традыцыйны побыт у ягоным разуменні апірышча беларушчыны. Кулік паставіў творчасць на службу нацыянальнай ідэі, скарыстоўваў кожную магчымасць для прапаганды беларускай гісторыі і культуры. Пік творчасці прыпадае на 1974-1983. У гэты час з'явіліся ўсе ягоныя найбольш вядомыя творы: «Помнікі дойлідства Гарадзен-шчыны» (1974), малюнкі-рэканструкцыі «Замкі Беларусі» (1977), аркушы «На куццю», паводле Янкі Купалы (1982) і «Памяці Алены Кіш» (1983).

У 1980 мастак робіць ілюстрацыі да класічнага твору беларускай лацінамоўнай літаратуры «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага. На той момант, калі Кулік браўся за гэтую працу, ужо існавалі цудоўныя ілюстрацыі да «Песні...», зробленыя Аўгенам Кашкурэвічам. Такім чынам Кулік уступаў у своеасаблівае спаборніцтва з мэтрам беларускай графікі, і спаборніцтва гэтае пайшло на карысць нацыянальнаму мастацтву. Сёння ілюстрацыі К. да «Песні...», як і ілюстрацыі А. Кашкурэвіча, знаходзяцца ў шэрагу вышэйшых дасягненняў беларускай кніжнай графікі.

Выданне славутага твора лацінамоўнага паэта Беларусі Міколы Гусоўкага ў перакладзе на сучасную беларускую мову стала выдатнай падзеяй у справе асваення беларусамі ўласнай культурна-гістарычнай спадчыны. К. выдатна скарыстаў гэтую нагоду для ўслаўленьня гераічнай мінуўшчыны краіны. Гэтую працу можна лічыць кульмінацыяй творчасці мастака.

Кулік стварыў шэраг партрэтаў гістарычных асобаў (князя Рагвалода, князёўны Рагнеды, Св. Еўфрасінні Полацкай) і сюжэтных кампазіцыяў, прысвечаных драматычным падзеям нацыянальнай гісторыі (у прыватнасці, паўстанню 1863-1864). У сааўтарстве з М. Купавам рабіў малюнкі гербаў магдэбургскага перыяду для кнігі А. Цітова «Гарадская геральдыка Беларусі» (1989). Разам з А. Бажэнавым і М. Купавам маляваў гербы для кнігі таго ж аўтара «Геральдыка беларускіх местаў» (1998). Творасць Куліка мае выразна асветніцкі характар.

Асобнае месца ў ягонай творчай і грамадскай дзейнасці займае эпізод, звязаны са стварэннем у 1980 паштоўкі з нагоды 1000-годдзя Беларусі і перадачай яе на Захад, дзе намаганнямі беларускай дыя-спары паштоўка была растыражаваная. Імя аўтара хоць не адразу, але ўрэшце стала вядомым КДБ. Кулік пераследваўся - ужываліся нагляд і допыты.

Ад 1960-х і ажно да 1990-х майстэрня Куліка была своеасаблівым клубам апазіцыйна настроенай і нацыянальна арыентаванай інтэлігэнцыі. Менавіта ў ягонай майстэрні склаўся культурны асяродак «На Паддашку» (названы па месцазнаходжанні майстэрні пад самым дахам у доме насупраць будынка КГБ). У гэтым асяродку зьбіраліся самвыдатаўскія і забароненыя выданні, рыхтаваліся выставы, арганізоўваліся пошукавыя экспедыцыі. «На Паддашку», пасутнасці, была адною з нешматлікіх нефармальных груповак у Беларусі, якая функцыянавала, нягледзячы на ўціск з боку ўладаў, на працягу трыццаці гадоў. Потым мастакі гэтага асяродку склалі ядро творчай суполкі «Пагоня».

Напрыканцы 1980-х у выніку актывізацыі палітычнага жыцця ў беларускім мастацтве сцвярджаецца новы кірунак - сац-арт. У той час, як этнаграфізм (Кулік - выразны прадстаўнік этнаграфізму) стаяў на грунце рэалістычнай мастацкай школы, гістарычнай традыцыі і нацыянальнага рамантызму, апяваў беларускую архаіку і аб'ектыўна быў арыентаваны на даволі шчыльнае кола інтэлектуалаў, сацарт увасобіў рэаліі XX стагоддзя, еўрапейскі досвед (у тым ліку і досвед масавай культуры), дынаміку і супярэчнасць урбанізаванага грамадства. Этнаграфізм напрыканцы 1980-х ужо быў мастацтвам сталых людзей, сацарт сцвярджаўся як мастацтва моладзі. Далёка не ўсе мастакі «этнаграфічнай» генерацыі, якія мелі пэўныя заслугі ў сваім часе, здолелі ўсвядоміць, што гэты час скончыўся. Не ўсе яны аказаліся падрыхтаванымі прыняць новую эстэтыку, новую рэчаіснасць.

Кулік застаўся ў мастацтве кансерватыўным нацыяналістам, але ў палітыцы - ён прыхільнік нацыяналізму радыкальнага. З канца 1980-х у ягонай майстэрні збіраецца ўжо не культурніцкая, але палітычная апазіцыя камуністычнаму рэжыму. Тут планаваўся і абмяркоўваўся шэраг акцыяў Беларускага Народнага Фронту (БНФ). У часе стварэння БНФ Кулік уваходзіў у кіраўнічыя структуры Фронту. Браў удзел у мастацкім аздабленні шэрагу палітычных акцыяў патрыятычных сіл (з'езды БНФ, мітынгі, дэманстрацыі). У 1991 браў удзел у стварэнні графічнага эталону «Пагоні» - Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь.

У апошняе дзесяцігоддзе ў творчасці Куліка не назіралася новых тэндэнцыяў, не з'яўлялася прынцыпова новых вобразаў і стылёвых знаходак. Тое, чым ён займаўся ў канцы (геральдыка, гістарычныя рэканструкцыі адзення і г.д.), увогуле мела ўскоснае дачыненне да «прыгожага мастацтва». Гэта бліжэй да працы навукоўца.

Яўген Сяргеевіч Кулік быў сябрам мастацкай суполкі «Пагоня» і адным з ініцыятараў яе стварэння. Ён удзельнік выставаў суполкі. Кулік прыклаў руку да шэрагу праграмных дакументаў «Пагоні» - статуту, адозваў, заяваў.


Дзяды ідуць па Беларусі

Дзяды ў Гомелі

28 кастрычніка, у Дзень памяці продкаў і напярэдадні Дня памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій прадстаўнікі гомельскіх аб'яднаных дэмакратычных сіл ушанавалі памяць забітых супрацоўнікамі НКВД пад Гомелем мясцовых жыхароў. Пра гэта паведамляе ў сваім блогу моладзевы актывіст Зміцер Жалезнічэнка.

У мерапрыемстве прыняло ўдзел блізу паўсотні чалавек. Спачатку шэсце накіравалася ад прахадной завода "Крышталь", абвешчанай месцам збору, на дзявяты кіламетр Чарнігаўскай шашы, дзе яшчэ на пачатку 90ых пасля абвяшчэння незалежнасці з ініцыятывы гарсавету быў усталяваны памятны крыж. Прысутныя ўсклалі да крыжа кветкі, запалілі свечкі і памаўчалі хвіліну ў памяць ахвяраў сталінізму.

Далей калона накіравалася глыбей у лес, дзе сёлета былі знойдзеныя так званыя "гомельскія Курапаты" месца пахавання ахвяр рэпрэсіяў 2030ых гадоў. Каля крыжа з выяваю Божай маці, што быў усталяваны ўладамі, быў усталяваны помнік з надпісам "Пакутнікам тваім, Беларусь", ускладзеныя кветкі і запаленыя свечкі.

Пасля ўсталявання помніка частка удзельнікаў на машынах накіравалася да яшчэ аднаго месца верагодных расстрэлаў блізу Партызанскае крынічкі, астатнія разышліся. Уся акцыя праходзіла пад наглядам супрацоўнікаў у цывільным, якія рабілі відэаздымкі таго, што падчас яе адбывалася. Паводзілі яны сябе максімальна карэктна. Затрыманых таксама не было.

Радыё Свабода, Гомель.


На Гарадоччыне з'явіўся Крыж Памяці

28 кастрычніка грамадскасць Гарадоцкага раёна ўзяла ўдзел ў асвячэнні Крыжа Памяці на месцы супраціву жыхароў раёна бальшавіцкай уладзе у 1918 годзе. Крыж усталяваны каля вёскі Фралова, за 26 кіламетраў ад райцэнтра Гарадок.

У лістападзе 1918 году на Віцебшчыне адбылося антыбальшавіцкае паўстанне. Яно ахапіла амаль усе паветы вобласці, але было здушана карнымі атрадамі. З архіўных дакументаў стала вядома, што пры здушэнні паўстання на Гарадоччыне расстралялі каля дзясятка мясцовых жыхароў, якія не прынялі савецкую ўладу.

Мясцовыя краязнаўцы адшукалі нашчадкаў Міхаіла Сураўнёва і Аляксандра Лапаценкі, удзельнікаў паўстання 1918 году. Яны пацвердзілі сапраўднасць архіўных дадзеных і вызначылі месца загубы гарадоцкіх паўстанцаў. Крыж Памяці, усталяваны каля вёскі Фралова, асвяціў святар грэка-каталіцкае царквы айцец Зміцер Грышан.

Радыё Свабода.


Дзвінскі край

Незабытыя беларускія землі

У ХІХ - пачатку ХХ ст. этнографы і гісторыкі называлі Дзвінскім краем тры самых заходніх паветы Віцебскай губерні: Дзвінскі, Рэжыцкі і Люцынскі, месцы, дзе жылі латышы і беларусы. Прычым былі вобласці, дзе беларускае насельніцтва значна пераважала колькасць латышоў, расейцаў і габрэяў.

На тэрыторыі Латгаліі, дзе здаўна жыло балтыйскае племя латгалаў, нашы продкі, крывічы з'явіліся ў Х - ХІ стст. Яны мелі моцную дзяржаву Полацкае княства і, дзякуючы яго падтрымцы, стварылі тут два васальныя княствы Герцыке і Кукенойс. Апошнія залежалі ад Полацка і плацілі яму даніну. Гэта былі першыя дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі сённяшняй Латвіі і таму невыпадкова, што інфармацыя пра іх асвятляецца ў некалькіх падручніках па гісторыі гэтай краіны. Праўда латышскія гісторыкі стараюцца не згадваць пра славянскае, крывіцкае паходжанне гэтых княстваў і іх князёў.

Так, князя Вячку, які кіраваў Кукенойсам, назвалі Ветсеке, а князя Усевалада, уладара Герцыке, - Вісвалдзісам.

Сітуацыя ў Дзвінскім краі змянілася з прыходам крыжакоў, якія ў пачатку ХІІІ ст. захапілі полацкія калоніі. У 1214 годзе гэты факт быў прызнаны полацкім князем Уладзімірам. У 1264 годзе ўладанні крыжакоў ўшчыльную падышлі да межаў Полаччыны. У 1275 або 1278 годзе яны заснавалі памежны замак Дынабург, вакол якога ўзнік надалей вялікі горад. Двойчы, у 1403 і 1418 гг. вялікі князь Вітаўт захопліваў замак, але надоўга затрымацца ў ім не здолеў.

Сітуацыя перамянілася на нашу карысць у ХVІ ст., калі пачалася Лівонская вайна. Тут варта прыгадаць "Хроніку Лівонскай правінцыі", напісаную эстонскім святаром і школьным настаўнікам Балтазарам Русавым. Упершыню яна была надрукавана ў 1578 г. у Растоку.

"Польскі кароль Жыгімонт Аўгуст, па прапанове вялікага магістра Готарда Кетлера, узяў пад свой кантроль тыя землі і гарады ў Лівоніі, што засталіся не захопленымі. Ён аддаў у спадчыннае валоданне магістру некаторыя землі ў Курляндыі і ў рыжскім епіскапстве і назваў яго герцагам Курляндскім і графам Семігальскім. Тады скончылася магістарства Тэўтонскага ордэна ў Лівоніі і былі створаны два патомныя свецкія княствы: адно Курляндскае, падараванае герцагу, другое ў зямлі летаў і епіскапстве рыжскім, якое кароль пакінуў сябе, і якое цяпер завецца Задзвінскім княствам".

Сталіцай Задзвінскага або Інфлянцкага княства стаў Дынабург. У 1577 г. горад і замак захапілі войскі Івана Жахлівага, але праз год нашы войскі адбілі яго.

Стары рыцарскі замак быў збудаваны паміж возерам Шчуня і Заходняй Дзвіной. Ён меў форму няправільнага чатырохкутніка шырынёй 18 і даўжынёй 60 метраў і шэсць абарончых вежаў. Новы замак у Дынабургу у 1588 г. будуе Сцяпан Батура, першы кароль Рэчы Паспалітай. Сам горад размясціўся побач з гэтым замкам.

Былыя ордэнскія ўладанні кароль перадаў сваім людзям, і ўлада нямецкіх феадалаў зменшылася. Дзяржаўнай рэлігіяй заставаўся каталіцызм будаваліся новыя храмы і калегіюмы. З'явіліся першыя царкоўныя кнігі на латышскай мове.

Але неўзабаве пачалася вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1600 - 1629). Першы выт шведаў прыпаў менавіта на Задзвінскае герцагства, і яно практычна распалася. Пасля 1629 г. у ВКЛ засталася толькі Латгалія, а паўднёвая Эстонія і паўночназаходняя частка Латвіі разам з Рыгай адышла да Швецыі. Пасля Паўночнай вайны ў 1721 годзе гэтыя землі забрала Расія.

Латгалія ў складзе ВКЛ была падзелена на чатыры староствы: Дынабургскае, Рэжыцкае, Люцынскае і Марыенгаўзскае. У 1667 годзе Сойм ВКЛ аб'яднаў іх у Інфлянцкае ваяводства з цэнтрам у Дынабургу. Тут была рэзыдэнцыя біскупа інфлянцкага і мясцовага ваяводы.

У 1629 годзе ваявода Гансеўскі заснаваў у Дзвінску калегіюм езуітаў. Горад у той час меў чатыры часткі: 1. Замак у даліне на правым беразе Дзвіны; 2. Стары фарштат на адлегласці паўвярсты ад замка на беразе возера Шчуня; 3. новы фарштат на адлегласці вярсты ад цвердзі; 4. Мястэчка Грыва на левым беразе ракі, якое належала Курляндыі.

Другі беларускі горад Латвіі - гэта Краслаў альбо Краслава. Ён знаходзіцца на правым беразе Дзвіны пры вусці рэчкі Краслаўкі. У 1680 годзе тут заснавалі езуіцкую місію.

У 1730 г. у Краславе гаспадарыць род Плятэраў. Мсціслаўскі ваявода Людовік Плятэр у 1752 г. будуе прыгожы палац з садам, а ў мястэчку - ратушу з вежаю, гасціны двор, шпіталь і кляштар сёстраў міласэрнасці. У двухпавярховым доме месцілася бібліятэка, а ў мураваных дамах жылі рамеснікі. запрошаныя ваяводам з Германіі і Варшавы. Тут вырабляліся дываны, аксаміт, сукно, паркалі, зброя, экіпажы для конных выездаў і ювелірныя вырабы.

Трэці горад, дзе жылі беларусы, быў Люцын або Лудзен. Крыжакі збудавалі там магутны замак з шасцю вежамі і трыма брамамі, прычым адна з іх мела пад'ёмны мост.

Вельмі цікавым быў і Рэжыцкі замак, які паўстаў на правым беразе рэчкі Рэжыца ў канцы ХІІІ ст. Замак меў глыбокія лёхі і тры паверхі. Па форме гэта быў васьміграннік. Пад час Лівонскай вайны ён некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі. Існавала таксама Рэжыцкае староства.

Паводле Першага падзелу Рэчы Паспалітай Латгалія трапіла ў склад Расійскай імперыі. Спачатку беларуская яе частка стала Дзвінскай правінцыяй Полацкай губерні (1776 - 1796). Пазней яна ўваходзіла ў Беларускую губерню (1796 - 1802). З 1802 г. Дынабургскі, Люцынскі і Рэжыцкі паветы ў складзе Віцебскай губерні (да 1917 г.).

Дзвінскі край моцна пацярпеў у 1812 г., пад час вайны з Напалеонам. Цэнтрам мясцовага культурнага жыцця стала Краслава, дзе Адам Плятэр, выпускнік Віленскага ўніверсітэта, сябра віленскай археалагічнай камісіі (1850 г.) стварыў музей, бібліятэку і архіў. Ён быў куратарам школ Дынабургскага павета Віцебскай губерні, вывучаў курганныя могільнікі і першым у 1843 г. апісаў Барысавы камяні.

У першай чвэрці ХІХ ст. расейцы будуюць у Дынабургу магутную цвердзь. У 1831 г. у горадзе адкрылі гімназію, якая потым стала апірышчам беларускага адраджэння ў Дзвінскім краі. Росквіт горада прыпадае на другую палову ХІХ - пачатак ХХ ст. Праз яго прайшлі дзве чыгункі: ПаўночнаЗаходняя і Рыга - Арлоўская. Быў тут і вялікі рачны порт. Гэта быў гандлёвы і прамысловы горад. У горадзе жылі габрэі, беларусы, латышы, рускія стараверы. Вакол былі ў асноўным беларускія вёскі. З 1893 г. горад атрымаў назву Двінск і называўся так да 1920 г. (з 1920 Даўгаўпілс).

Пасля 1905 г. у Дзвінску дзейнічаюць адраджэнцы ЭпімахШыпілы і Гаўронскія. На тэрыторыі Латвіі дзейнічае Ігнат Буйніцкі, Ніна Ватацы, Кастусь Езавітаў, Карусь Каганец, Вацлаў Ластоўскі і Іван Луцкевіч. Па перапісу 1897 г. у Дзвінскім краі жыло 79523 беларусы. У канцы ХІХ ст. тут актыўна працаваў Еўдакім Раманаў, які правёў раскопкі знакамітага Люцынскага могільніка.

У Рэжыцкім павеце нарадзіўся Баляслаў Брэжга, адзін з пачынальнікаў архіўнай справы на Беларусі, знакаміты археолаг, філолаг і гісторык. З 1918 па 1922 г. ён быў загадчыкам Віцебскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута. З 1925 г. жыў у Латвіі, быў прафесарам кафедры археалогіі рускага інстытута ўніверсітэцкіх ведаў, з 1937 г. - інспектар упраўлення помнікаў. У 1940 - 1941 гг. - дырэктар Дзвінскага павятовага дзяржаўнага архіва. З 1946 г. працуе ў Інстытуце гісторыі і матэрыяльнай культуры Акадэміі навук ЛССР. У 1933 г. у Вільні выдаў працу "Замкі Віцебшчыны" Вывучаў сувязі беларусаў і латышоў, полацкія летапісы, склаў бібліяграфію па гісторыі Беларусі.

Перад Першай сусветнай вайной Дзвінск выйшаў на другое месца сярод беларускіх гарадоў па колькасці насельніцтва (Вільня - 200 тыс., Дзвінск - 120 тыс., Менск - 110 тыс., Віцебск - 115 тыс.)

У горадзе была добрая прамысловасць. Гарбарня, дзе працавала 2000 рабочых, тры фабрыкі гузікаў, млыны і бровары. Ішоў актыўны гандаль мануфактурай, лесам і льном.

У 1915 годзе Дзвінск апынуўся на лініі фронту. У верасні 1917 тут адбыўся Беларускі Вайсковы з'езд 5 арміі, які стварыў Беларускі нацыянальны камітэт. У 1918 годзе Дзвіншчыну захапілі немцы, потым бальшавікі, а ў 1920 годзе польскае войска. У 1920 г. у Рызе знаходзіўся урад БНР на чале з Ластоўскім, у Латвіі былі надрукаваныя першыя беларускія маркі ( серыя Асобны Атрад БНР).

11 жніўня 1920 года Ленін перадаў Латвіі тры паветы Віцебшчыны, часткова населеныя беларусамі - Дзвінскі, Рэжыцкі і Люцынскі паветы, а таксама 4 мільёны рублёў золатам. У 1921 годзе Літва перадала Латвіі 299 кв. км. у Ілукскім павеце каля Дзвінска з пераважна беларускім насельніцтвам.

Кіраўнік Расійскай дэлегацыі А.Ёфе адзначыў, што ў выніку міру з Латвіяй Савецкая Расія набыла ўжо не фортку, а шырокія дзверы ў Еўропу, у выглядзе выдатных латышскіх партоў - Лібава і Віндава.

Пасля вайны беларусаў у Дзвінскім краі засталося каля 70 тысяч, прычым напалам католікі і праваслаўныя. Тут існавалі культурнаасветніцкія арганізацыі "Бацькаўшчына", "Беларуская хата", "Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства". У Рызе існавала газета "Голас беларуса" на чале з К.Езавітавым.

Працавалі Дзвінская і Люцынскія беларукія гімназіі і школы. Ужо ў 1922 годзе было 46 беларускіх школ з 3500 вучнямі. У Дзвінскай беларускай гімназіі выдавалі штомесячнік "Школьная праца" (13 нумароў з 19261934 гг.), а ў Люцынскай - часопіс "Ластаўка" (1923-1924 гг.). Дзякуючы дэпутату Яну Райнісу пры Міністэрстве Асветы Латвіі быў створаны Беларускі аддзел на чале з Сахаравым. Аднак пасля прыходу да ўлады ў 1934 г. Карла Ульманіса сітуацыя значна пагоршылася.

У 1940 годзе беларусы Латгаліі апынуліся ў СССР. Неўзабаве пачалася чарговая вайна з немцамі. Падчас нямецкай акупацыі дзейнічалі беларускія пачатковыя школы і нават быў часопіс "Новы шлях", але потым культурнае беларускае жыццё тут спынілася.

Пасля вайны колькасць беларусаў у Латвіі і Дзвінску ўвесь час павялічвалася. У 1959 г. у Латвіі жыло 61,9 тыс. беларусаў, а ў 1989 г. - 120 тысяч, з іх у Дзвінску - 10000 чалавек.

Пасля аднаўлення незалежнай Латвіі ў 1991 годзе, у Рызе была зноў адкрыта беларуская гімназія, а ў Даўгаўпілсе з 1993 існуюць беларускія культурна-асветніцкае аб'яднанне "Уздым", а таксама беларуская нядзельная школа. З 1996 гола тут існуе суполка Міжнароднага фонду Я. Купалы. Аднак у сучасных падручніках для латвійскіх школаў беларусы Латгаліі практычна не ўзгадваюцца.

Варта згадаць таксама пілігрымкі беларускіх каталікоў у Аглонскую базіліку, да абраза Маці Божай Аглонскай, якія ладзяцца ўжо трэці год запар. Аглона - гэта мястэчка Латгаліі, у ваколіцах Даўгаўпілса, дзе ў свой час дамініканцы збудавалі шыкоўны касцёл у стылі барока, і дзе адзначаецца 15 жніўня свята Маці Божай Аглонскай. У гэтым годзе пілігрымка каталіцкіх вернікаў з парафіі Святых Сымона і Алены ў Менску спачатку наведалі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Даўгаўпілсе, дзе некалі служыў святаром пробашч Чырвонага Касцёла айцец Уладзіслаў Завальнюк, а ўжо потым дабраліся да Аглоны.

Такім чынам, культурніцкія і канфесійныя сувязі з беларусамі Латвіі і асабліва з жыхарамі Дзвінскай зямлі паступова пашыраюцца.

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук.


Успаміны Эдварда Вайніловіча

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Землеўладальнікі Меншчыны, з трывогай назіраючы за падзеямі, за ўсёй гэтай трагедыяй "exodusu", не паддаліся ўсеагульнай ліхаманцы, а вырашылі заставацца на месцах насуперак ціску з боку расійскіх войскаў, якія адыходзілі, лічачы: "Калі гінуць, дык лепш пад сваім плотам, чым пад чужым". Некаторыя жанчыны з дзецьмі перабіраліся ў горад, тыя, хто заставаўся, будавалі хованкі на месцах. Напрыклад, раскватараваныя ў нас артылерысты з дазволу афіцэра збудавалі нам акопы і зямлянкі, у якіх мы намерваліся хавацца ў выпадку набліжэння лініі фронту. Сяляне, бачачы, што двор нікуды не збіраецца, пачалі апрацоўваць палі. У дадзеным выпадку маёнтка, за выключэннем тых, якія знаходзіліся побач з лініяй фронту, сваю місію выканалі спаўна насельніцтва не падвергнулася эміграцыйнай ліхаманцы. Да таго ж і адступленне войскаў прыпынілася, а фронт вызначыўся поруч з тымі ж Баранавічамі, дзе ў пачатку вайны на рацэ Шчара знаходзілася Стаўка Галоўнакамандуючага. Усё гэта працягвалася датуль, пакуль увесь наш край да Дняпра і Дзвіны не быў заняты ворагам. Частка сельскага насельніцтва, якое ратавалася ад вайны асела ў нашых наваколлях, а частка пайшла на Ўсход. Маёнткі і горад кішэлі ўцякачамі, якія належалі да кіраўнічых колаў. Менск стаў набываць рысы польскага горада.

Нясвіж у сценах замка прымаў шматлікіх гасцей. Быў час, калі амаль усе Радзівілы сабраліся ў родных сценах. У сілу маіх былых адносінаў з Радзівіламі мае Савічы наведалі такія шаноўныя госці, як старшыня Польскай групы ў Берліне князь Фердынанд, князь Дамінік з Баліц меркаваны бацька польскага караля Ераніма, які жаніўся на дачцы эрцгерцага Стэфана з Жыўца. Гасцявалі таксама князь Канстанцін з Парыжа, старшыня Цэнтральнага аграрнага таварыства ў Варшаве князь Севярын Чацвярцінскі з братам Людвікам і шваграм Жулткоўскім і многія іншыя. Сем'ямі, а часта і ўсім дваром, чакалі пералому ў статэгічным і палітычным жыцці, каб вярнуцца дадому. Яны ўсё ж дачакаліся гэтага моманту, у той час як тыя, хто іх прымаў і частаваў, змушаныя былі пакінуць родны парог і застацца без даху над галавой. Хоць Савічы і знаходзіліся за 50 вёрст ад Баранавічаў, артылерыйская кананада даносілася і да іх. У вокнах палаца звінелі шыбы, адчыняліся дзверы, а варожыя самалёты, якія праляталі над нашымі лясамі і палямі, спачатку выклікалі трывогу, а затым перасталі палохаць людзей, якія нават не глядзелі ім услед і не адрываліся ад палявых работаў.

Дарога, якая праходзіла па тэрыторыі маёнтка, проста паміж хатай і стайняй, якая была пабудавана з дапамогай аўстрыйскіх палонных і вяла з Баранавіч вакол Клецка, праз Цімкавічы Слуцк Бабруйск на ўсход, была прычынай нярвовасці і турботы. Сталы рух вайсковых абозаў, перабазаванне вайсковых атрадаў, да якіх мы паступова абвыкалі, паколькі шкоды вялікай яны не прыносілі, а расійскія войскі скуплялі ўсё, што прадавалася, і добра плацілі. У сілу сваіх абавязкаў старшыні Аграрнага таварыства, а таксама падчас працы ў Дзяржаўнай Радзе, я быў знакомы з многімі з вайсковага кіраўніцтва, якія часта мяне наведвалі. Сярод іх варта назваць генерала Данілава камандуючага Баранавіцкім фронтам, які часта бываў у мяне са сваімі ад'ютантамі, баронам Бенкендорфам і ДоўбарамМусніцкім, здаецца, плямяннікам генерала. Прыязджаў заўсёды без папярэджання, спачатку з Савеяк, а затым з Іванава, дзе знаходзілася яго Стаўка. У мяне заставаліся запасы "старкі", якую вельмі шанавалі гэтыя спадары, і не адна бутэлька вугорскага была асушаная за гутаркай ля каміна.

А грамада была прыстойная: генерал быў прафесарам вайсковай акадэміі, Бенкендорф служыў пры амбасадзе ў Берліне і знаходзіўся ў добрых адносінах з ўсімі прыбалтыйскімі баронамі, ведаў таксама і маіх калегаў баронаў па Дзяржаўнай Радзе. ДоўбарМусніцкага я сустрэў пазней у Варшаве выпадкова ў трамваі, але ўжо як афіцэра польскага войска. Реквізіцыі расійскіх войскаў былі няцяжкімі, за выключэннем лясных матэрыялаў і асабліва маладых лясных пасадак, якія ішлі на будаўніцтва гасцінцаў і на фашыну. Але і гэтыя моманты можна было ўладзіць і знайсці агульную мову з дапамогай камандуючага беларускім фронтам генерала Эверта, змешчанага ў Менску, да якога я заўсёды меў доступ, і які ніколі мне як прадстаўніку Аграрнага таварыства не адмаўляў. Аграрнае таварыства аказвала невычэрпныя паслугі свайму Краю ў перыяд расійскага ваеннага кіравання, а затым нямецкага, змякчаючы наступствы канфліктаў, самавольства і стратаў, непазбежных ва ўмовах ваеннага становішча.

Саюз абшарнікаў Менскай губерні

Аграрнае таварыства складалася ў асноўным з чальцоў, якія жылі паза горадам (старшыня жыў за 120 вёрст ад Менска), а сродкі камунікацыі ва ўмовах нямецкай акупацыі або адсутнічалі, або былі цяжкімі. Да таго ж, у перыяд кіравання Керанскага паўстала мноства разнастайных "саюзаў", "аб'яднанняў", у тым ліку па прафесіі (толькі клас землеўладальнікаў не меў сваёй арганізацыі).

Ва ўлонні Аграрнага таварыства пры актыўным удзеле адваката Людвіка Уняхоўскага зарадзілася ідэя аб стварэнні саюза, у задачы якога ўваходзіла б абарона як вялікай, так і малой уласнасці абшарнікаў. Было склікана агульны збор Аграрнага таварыства, распрацаваны статут і створаны "Саюз абшарнікаў Менскай губерні", старшынём якога быў абраны Ежы Чапскі, які ў то час стала пражываў у Менску, а намеснікам старшыні і асноўны "спружынай" Людвік Уняхоўскі. Мы ганарыліся, што былі першымі, а не апошнімі, таму што, калі на наш збор прыбыў з Масквы прадстаўнік Цэнтральнага саюза абшарнікаў з мэтай стварэння ў нас аналагічнай арганізацыі і запрашэння нас да супрацоўніцтва, ён заспеў усё гатовае і дзейнае. Да прыходу немцаў нашы прадстаўнікі ахвотна ездзілі на агульныя паседжанні ў Петраград і Маскву, дзе іх гасцінна сустракалі і падтрымлівалі, бо цэнтральная ўстанова была добра арганізаваная, мела вялікі ўплыў і грашовыя сродкі.

Пасля сыходу бальшавікоў дзейнасць саюза была адноўленая ва ўмовах нямецкай акупацыі і ён працаваў нават абольш актыўна, чым раней, паколькі немцы лічыліся з гэтай арганізацыяй, маючы ў сябе аналагічную: "Verein der Landwirthe". Прычынаў для гэтага было звышдастаткова.

Урад Керанскага і яго эпігоны прасоўвалі ў земства ўльтралевыя элементы, якія абкладалі непасільнымі падаткамі і земскімі павіннасцямі абшарніцкія маёнткі і ўраўноўвалі падаткі на лес і зямлю, імкнучыся знішчыць буйную ўласнасць, у чым неацэнную дапамогу ім аказалі валасныя органы самакіравання, якія складаліся выключна з сялян, што паранейшаму праглі падзяліць уласнасць землеўладальнікаў. Саюзу землеўладальнікаў з пераменным поспехам прыходзілася абараняць свае маёмасныя правы і шукаць справядлівасці ў акупацыйных улад. Сабраўшыся ўжо ў якасці ўцякачоў у Варшаве ў 1918 - 1919 гг., мы аднавілі наш Саюз на варшаўскай зямлі ў выглядзе прадстаўніцтва крэсавых землеўладальнікаў пад польскім кіраўніцтвам. А пасля вяртання на Радзіму ўвосень 1919 г. мы ізноў аднавілі сваю працу ў Менску пад кіраўніцтвам таго ж кіравання. Але, нажаль, на малаважны тэрмін, паколькі вяртанне бальшавікоў у ліпені 1920 г. пазбавіла нас пасад.

Пасля сыходу з Канграсуўкі расійскіх войскаў, як я ўжо адзначаў, пасада Галоўнакамандуючага з рук вялікага князя Мікалая перайшла ў рукі імператара. Галоўная Стаўка была перанесеная ў губернскі Магілёў, а чыгуначная сувязь з Петраградам была арганізавана праз Оршу і Віцебск. Чаканні, звязаныя з "Зваротам вялікага князя", рассеяліся, як смуга з прычыны непрымірымага стаўлення афіцыйнай улады да ўсяго польскага, асабліва на Крэсах. Вельмі цвёрдую палітыку праводзілі расійскія акупацыйныя ўлады ў Галіцыі, дзе намеснік, граф Бобрынскі, арыштаваў і вывез у Расію мітрапаліта Шаптыцкага, а царкоўныя купалы пачаў перафарбоўваць у зялёны колер, каб пацешыць вока прывезенага з Хелма архірэя Яўлогія, які карыстаўся благой славай.

З Варшавай сувязь адсутнічала. Зрэдку прыходзілі весткі аб жорсткасці нямецкіх улад. Але і ў нас сітуацыя была не лепшай. Актыўна паранейшаму дзейнічалі ў краі самыя разнастайныя арганізацыі: асветніцкія ("Асвета"), якія займаліся асветай мясцовага насельніцтва, або курыравалі дзейнасць, звязаную з аказаннем дапамогі ўцякачам і "ахвярам вайны". Я хачу спыніцца на "Таварыстве дапамогі ахвярам вайны" у сувязі з яго далёка ідучымі інтарэсамі, якія пераследваў старшыня цэнтральнай маскоўскай арганізацыі Аляксандр Лядніцкі.

У сувязі з дзеяннем у Канграсуўцы і Заходнім краі "выключнага права", а таксама пераследаваннем палякаў на месцах і забаронай выконваць ім абавязкаў кіраўнікоў ва ўласным Краі, расійскія губерні ад Дняпра і Дзвіны да Ўладзівастока былі перапоўненыя польскім элементам, які шукаў хлеба і працы ці то ў дзяржаўным сектары, ці то ў іншых месцах. Сярод эмігрантаў былі нашчадкі ўцякачоў першых хваль, якія па розных прычынах не маглі вярнуцца на радзіму, а таксама ссыльныя, якіх заўсёды было звышдастаткова. Траплялі сюды таксама шматлікія дзяржслужбоўцы і чыгуначнікі, якія ў сілу дзяржаўнай палітыкі, што ажыццяўлялася ў той перыяд, перамяшчаліся з ускраін у глыб Расіі. Многія ехалі туды па ўласнай волі ў пошуках абшару для рэалізацыі сваіх здольнасцяў і ідэй. Але кожная з эміграцый, добраахвотная або змушаная, за невялікім выключэннем, павінна была рэгістравацца ў кнізе нацыянальных страт. У адрозненне ад немцаў, якія пры наяўных трох стваралі як мінімум чатыры "vereiny" (саюзы), польская эміграцыя жыла ўраскідку, паступова губляючы пачуццё нацыянальнага адзінства, падвяргаючыся ўплыву расійскай літаратуры, клубнага жыцця ў раённых гарадах, уступаючы ў шлюбныя саюзы і т. д. Хоць апошнія і прыўносілі дадатны элемент, але самі для сваёй Радзімы былі страчаныя назаўжды.

Вялікі наплыў уцякачоў з ліку сялян і інтэлігенцыі, якія ўцякалі ад нямецкай акупацыі, падзейнічаў ацверажальна і прымусіў успомніць аб нацыянальнай адказнасці шматлікіх эмігрантаў. Пачалі ўзнікаць саюзы, якія аказвалі дапамогу ўцякачам іх сеткай была пакрытая ўся Расія. На фоне адсутнасці ў іх дзейнасці якойнебудзь агульнай праграмы і салідарнасці адвакат Аляксандр Лядніцкі вядомы ў шырокіх расійскіх і польскіх колах сваімі арганізацыйнымі здольнасцямі паставіў сваёй мэтай сканцэнтраваць у Маскве дзейнасць усіх польскіх саюзаў, што дзейнічалі за мяжой, і надаць ім адзіны кірунак і пачуццё салідарнасці.

З'езд прадстаўнікоў саюзаў праходзіў у Маскве. Дэлегаты ад Заходняга краю таксама былі запрошаныя. Быў створаны Маскоўскі цэнтр, абрана кіраванне на чале з старшынём Лядніцкім.

Польскія арганізацыі, раз'язджаючыся, ужо не былі раз'яднанымі ў сваёй дзейнасці, а пачуваліся сувязным звяном агульнага ланцуга, што аб'ядноўваў усіх палякаў на ўсходзе. У любых сумніўных пытаннях яны маглі звяртацца ў Маскоўскі цэнтр, з якога адзін толькі націск клавішы вырашаў шматлікія праблемы палякаў, калі не ад Віслы, то, прынамсі, ад Буга да Ўладзівастока. Такія былі задумы спадара Лядніцкага.

У штодзённай газеце, якая выдаецца ў Маскве, быў надрукаваны вельмі строгі статут, паводле якога не толькі чальцоў, але і кожнага паляка, што не належыць да гэтай арганізацыі, але які ігнаруе яе распараджэнні або, напрыклад, не плаціць устаноўленыя падаткі, можна было паставіць да ганебнага слупа. Планавалася прызначыць кантралёраў, якія маглі затрымаць любога праходжага і запатрабаваць дакументы, якія пацвярджаюць выплату або пратэрміноўку падатку, вызначаючы тым добрапрыстойных і дрэнных палякаў. Газеты паведамлялі, што, у маскоўскіх з'ездах удзельнічалі прадстаўнікі "Польскай групы" з Заканадаўчых Палат, "Цэнтральнага аграрнага таварыства Каралеўства", "Цэнтральнага грамадзянскага камітэта" і т. д.

Стваралася ўражанне, што, згаджаючыся з прынятымі з'ездам рэзалюцыямі, яны як б падпарадкоўвалі кампетэнцыі сваіх арганізацый кампетэнцыі гэтага "з'езду з'ездаў": і сапраўды замахнуліся на функцыі нацыянальнага ўраду. Гэта ўжо было занадта, асабліва калі прымаць да ўвагі мае погляды ў адносінах да нацыянальнага ўраду і да пакорлівага падпарадкавання яму грамадскай думкі ў 1863 г. З'явіліся асцярогі, што мы ізноў можам стаць на шлях самазваных і канспіратыўных арганізацый.

Я схіляю галаву перад арганізацыйнымі здольнасцямі спадара Лядніцкага, і калі б яму ставілі помнік за вялікія заслугі і невычэрпную энергію ў вобласці аб'яднання ў "Саюз дапамогі ахвярам вайны" усіх палякаў, якія знаходзіліся ў расійскай эміграцыі, я ахвотна паклаў б і свой рубель. Але ў дадзеным выпадку гаворка ішла аб іншым. Спадар Лядніцкі павінен быў зыходзіць ад Уладзівастока, але спыніцца на Дняпры і Дзвіне, за якімі былі ўжо не эміграцыйныя атрады, а землі, уладальнікі якіх, як і гарадская інтэлігенцыя, фармаваліся адвеку стагоддзяў польскай культурай і моцныя сваім маёмасным станам, самі ўмелі і кіраваць, і арганізоўвацца. Эмігранты ж ніколі не змогуць кіраваць краем з карысцю для яго, таму што яны жывуць тымі рэаліямі, якія існавалі тут у момант іх адыходу. Яны не трымаюць руку на пульсе, на які варта арыентавацца. А беспярэчнае падначаленне рашэнням маскоўскіх з'ездаў было б раўназначным адрачэнню ад роднага краю і права распараджацца сваім лёсам, бо наша прадстаўніцтва заўсёды было б у меншасці, маючы 9 галасоў ад 9 заходніх губерняў, супраць, як мінімум, 70 цэнтральных губерняў краіны. Прычым, гэта былі б прадстаўнікі эміграцыі, якія прадстаўляюць іншыя грамадскія сферы і зусім не звязаныя з зямлёй. А валоданне зямлёй польскімі землеўладальнікамі складае галоўную апору польскай ідэі на Крэсах.

Прыняцце дырэктыў Маскоўскага цэнтра магло б прывесці да такога абсурду, што інжынер з Вяткі, цырульнік з Саратава, чыгуначнік з Тыфліса або цырульнік з Харкава вырашалі б, як уладкоўваць жыццё на Менскай, Віленскай або Валынскай зямлі. Сцвярджэнне прыхільнікаў гэтай арганізацыі ў тым, што маскоўскія рашэнні сталі вынікам з'езду ўсіх польскіх арганізацый краіны, былі хібныя, паколькі, калі ў гэтым з'ездзе ўдзельнічалі чальцы "Польскай групы" або "Цэнтральнага аграрнага таварыства", то, як прыватныя асобы, а не як упаўнаважаныя сваіх арганізацый, якія зусім не зракаліся ад сваёй аўтаноміі ў адносінах да Маскоўскага цэнтра, што і было пацверджана прэзідыюмамі гэтых арганізацый.

Узважыўшы ўсё і прымаючы да ўвагі тое, што ў перыяд падзей 1863 г. ніхто не выявіў грамадзянскай мужнасці, каб супрацьстаяць самазванному "Нацыянальнаму ўраду", я вырашыў не браць грэх на душу, паколькі, па маім меркаванні, тут замахваліся на нешта падобнае. Таму я ахвотна пагадзіўся на запрашэнне графа З. Веляпольскага ў Петраград, на палітычнае паседжанне, і з'ехаў, каб распавесці аб сваіх сумневах і боязі. Я не магу дакладна назваць дату паездкі ў сувязі са знікненнем пры пагроме маіх цыдулак. Памятаю, што сустрэў там свайго калегу і сябра Э. Дабецкага, які ад'язджаў у Стакгольм, прадстаўнікоў ад нашага Краю: А. Мяйштовіча і К. К. Скірмунта. Былі там дэлегаты ад Русі, а таксама прадстаўнікі нашай калоніі ў Маскве: Грабскі, князь Чацвярцінскі, князь Радзівіл і многія іншыя.

(Працяг у наст. нум.)


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў лістападзе

Давыдзька Святлана Домаш Валянціна Іосіфаўна Пугачэўскі Аляксандр Вікт. Левіт Зміцер Несцераў Аляксей Дацэнка Аляксандр Кірыл. Маліноўскі Віктар Літоўчык Святлана Міхайл. Міхалевіч Мілана Міхайл. Паталятаў Дзмітрый Алякс. Кулей Іна Феліксаўна Быцкевіч Сяргей Аляксандр. Сімакова Рэгіна Іосіфаўна Ляўчук Аляксандр Сяргеевіч Капойка Уладзімір Таўгень Антон Казачонак Сяргей Кудлацкая Валянціна Данішэвіч Вольга Вікторчык Ніна Сяргееўна Мельнікаў Андрэй Міхайл. Лапіцкая Святлана Дубовік Іна Пятроўна Лубянава Таццяна Віктар. Карповіч Ірына Іванаўна Белакоз Вера Сінкевіч Мікалай Сцяпанавіч Пагрэбіцкі Алег Кучынская Галіна Васько Віктар Вячаслававіч Нікіціна Людміла Канстанцін. Ралько Леанід Міхайлавіч Борын Алег Мікалаевіч Пракопчык Марына Міхайл. Андрусевіч Вольга Аляксан. Чашун Уладзімір Тозік Эдуард Гнедчык Алег Тычына Дзмітры Валянцін. Савіч Аляксандр Аляксандр. Здановіч Уладзімір Васільев. Зарэцкая Вера Якаўлеўна Яніцкі Міхаіл Іванавіч Кірэева Алена Уладзіміраўна Драгун Данута Федаровіч Кацярына Федаровіч Надзея Груша Дар'я Уладзіміраўна Дрыга Святлана Мікалаеўна Пыльчанка Яўген Аляксанд. Крыжаноўская Вольга Аляк. Дзядзюля Вера Уласевіч Дар'я Ветчынаў Сяргей Уласава Дар'я Шнітоўскі Міхась Хамінскі Міхась Аляксандр. Сабалеўскі Антон Аляксан. Савіцкая Яніна Іосіфаўна Сцепулёнак Эма Антонаўна Пугаўка Алена Вішнеўскі Павел Уладзімір. Казакоў Алесь Бародка Зьміцер Міхайлавіч Моніч Зміцер Зуева Галіна Паўлаўна Цвяткова Алена Мікалаеўна Гівоіна Вольга Міхайлаўна Дуброў Алег Анатольевіч Мацюкевіч Паўлюк Іванавіч Баранаў Аляксандр Геогріев. Андрэйкавец Надзея Дмітр. Макарэвіч Наталля Міхайл. Дзіцэвіч Людміла Мікалаеўна Станкевіч Ларыса Фёдараўна Дубко Ганна Міхайлаўна Лепяцюхіна Ганна Досіна Алена Бабак Вольга Хвошч Галіна Марговіч Антон Антонавіч Нагін Павел Розумаў Анатоль Якаўлевіч Гядрэвіч Іосіф Антонавіч Крук Валянціна Іосіфаўна Фралоў Аляксей Валер'евіч Кузьміч Мікалай Пятровіч Губарэвіч Віктар Дзмітрыев. Пракаповіч Мікалай Мікал. Кадыш Любоў Міжурына Раіса Канстанцін. Трафімчык Алена Веніямін. Цехановіч Святлана Гур'ян Алена Барысаўна Маковіч Дзіна Іконнікава Людміла Беляўская Таццяна Панюціч Аляксандр Кацяшоў Дзмітрый Сяргеевіч Мілаш Леакадзія Яскевіч Аляксей Юр'евіч Амінава Святлана Дзербянёва Анжаліка Кошкіна Людміла Чаславаўна Данілюк Тамара Паўлаўна Казлоўскі Руслан Канстанцін. Тарасава Святлана Міхайл. Асецкі Аркадзь Ганчарова Таццяна Бахвалаў Дзмітры Булаш Алена Сергіевіч Дзмітрый Шыманчык Святлана Мікал. Шчурко Лідзія Іванаўна Шчурко Галіна Аляксандр. Ваданосава Фаіна Аляксандр. Русецкі Марцін Ігаравіч Кузьма Аляксандр Стасюкевіч Дзіна Мельнік Міхась Іванавіч Паросава Марына Козел Галіна Маркаўна Бартасевіч Людміла Паляшчук Таццяна Лысова Таіса Нікіціна Ліля Турцэвіч Паліна Віктараўна Радзіон Ірына Сурко Анатоль Чаховіч Г. Г. Калатоўкіна Ларыса Анатол. Бекіш Віктар Андрэевіч Царкоў Мікалай Прохаравіч Радкоў Генадзь Андрэевіч


Літаратурная гасцёўня ў Магілёве

12 кастрычніка Магілёўская філія ТБМ зладзіла сустрэчу чытачоў з галоўнымі рэдактарамі газеты "Наша ніва" і часопіса "ARCHE" Андрэем Скурком і Валеркам Булгакавым. У межах сустрэчы адбылася прэзентацыя апошніх нумароў часопіса і кніг з серыі "Кнігарня "Нашай нівы": "Лісты з лесу" П. Севярынца, "Найясьнейшая Рэч Паспалітая", "Беларусь за дзесяць падарожжаў" А. Дынько і А. Скурко і інш. Акрамя таго, усім прысутным быў падараваны адзін - "прэзідэнцкі" асобнік "ARCHE".

Валерка Булгакаў адзначыў, што сёння ARCHE змяніў канцэпцыю, перастаўшы выдаваць тэматычныя нумары, што найперш звязана з выдаткамі творчасці, бо часопіс стаў выходзіць штомесяц у аб'ёме 500 ст. Ён падкрэсліў, што на працягу апошніх 10 год ARCHE застаецца безальтэрнатыўным штомесячнікам, прысвечаным крытычнаму аналізу беларускай рэчаіснасці, які мае пастаянную чытацкую аўдыторыю сярод беларускіх інтэлектуалаў. ARCHE паранейшаму выдае тое, што больш нідзе не атрымаецца надрукаваць, застаючыся андэграўдным выданнем, варункі існавання якога, гэтаксама як і "Нашай нівы", надзвычай складаныя.

Андрэй Скурко распавёў, што пераход "НН" на новы фармат абумоўлены тым, што ў новым выглядзе з газеты значна лягчэй зрабіць копію на ксераксе. Сёння газета з'яўляецца прадпрыемствам жорсткай унутранай дысцыпліны з невялікім калектывам, які мусіць працаваць з поўным напружаннем, каб забяспечваць чытача якасным прадуктам. Цікава таксама, што паколькі ў сучасным грамадстве існуе абмен ідэяў і моўных падыходаў, то вельмі верагодны ўплыў "НН" і ARCHE на моўны кшталт некаторых афіцыйных беларускамоўных СМІ.

Адносна далейшай будучыні беларускай супольнасці прагноз, як выказаўся сп. Булгакаў, стабільна негатыўны, а таму трэба мець настрой на доўгатэрміновую цяжкую працу, бо ёсць упэўненасць ў тым, што "шляхам максівысілкаў можна дасягнуць хаця б мінівынікаў, што можна жыць у грамадстве і быць свабодным ад гэтага грамадства, што і пад ільдом б'ецца нейкае свабоднае жыццё," - і ўсё гэта дае вялікую моц і натхненне для далейшай плённай працы.

А 16 кастрычніка ў Магілёў разам з шэрагам маладых літаратараў завітаў вядомы паэт, бард, перакладчык Андрэй Хадановіч. Менавіта ён і прадстаўляў прысутным маладых творцаў - пераможцаў літаратурнага конкурсу беларускага ПЭНцэнтра. У сустрэчы з нагоды прэзентацыі калектыўных зборнікаў "Групавы партрэт з Бабай Броняй" і "In Вільня veritas" бралі ўдзел магілёўцы Віталь Рыжкоў, Анка Упала, Дзмітры Дзмітрыеў, віцьбічы Юлія Шадзько, Ірына Барысевіч, Сяржук Мядзведзеў, а таксама Віялета Пачкоўская, Сяржук Семянюк і Наста Манцэвіч.

Кожны з маладых творцаў ва ўласцівай толькі яму манеры прадставіў уласныя творы: тут было і лірычнанапеўнае чытанне Ю. Шадзько, і эмацыйнанапружанае дэкламаванне В. Рыжкова, і сапраўдны перформанс у выкананні С. Мядзведзева, і экзотыка твораў Дз. Дзмітрыева… Напрыканцы сустрэчы некалькі ўласных твораў, некаторыя з якіх былі прысвечаны прысутным ў зале літаратарам, памайстэрску прачытаў і А. Хадановіч.

Безумоўна, пасля такой цікавай прэзентацыі, якая прайшла ў цёплай і таварыскай атмасферы, амаль кожны з наведвальнікаў сустрэчы набыў хаця б адно з прэзентаваных выданняў, упрыгожыўшы яго аўтографамі прысутных аўтараў.

Юрась Каласоўскі. Магілёў


Дзяды ідуць па Беларусі

Грамадскія актывісты Віцебска і сябры палітычных партый сабраліся каля памятных крыжоў недалёка ад вёскі Паляі Віцебскага раёна. Паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, тут у 19371941 гадах НКВД масава расстрэльваў людзей.

Набажэнства па нявінна загінулых адслужыў уніяцкі святар айцец Зміцер Грышан.

Крыж на гэтым месцы віцебскія актывісты ўсталявалі сёлета 29га ліпеня. Штомесяц яны прыязджаюць сюды, прыбіраюць навокал і ўскладаюць да крыжа кветкі.

Яшчэ адзін памятны крыж быў усталяваны тут раней. Паводле чыёй ініцыятывы, не ведаюць нават мясцовыя жыхары. Але яны кажуць, што гэта яшчэ адно сведчанне таго, што пра масавыя растрэлы каля Паляёў ведае шмат людзей, якія хочуць ушанаваць памяць ахвяраў.

На шыльдзе надпіс "Ахвярам сталінскіх рэпрэсій" ды цытата з Евангелля: "Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсць царства нябеснае"

Актывісты збіраюць успаміны тутэйшых жыхароў пра масавыя расстрэлы каля вёскі Паляі. Старшыня Віцебскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў распавёў, што партыйцы звярталіся ў Віцебскі райвыканкам з прапановай зрабіць тут мемарыяльны запаведнік. Аднак з райвыканкаму прыйшоў адказ, што з падобнымі прапановамі трэба звяртацца да старшыні аблвыканкаму. Актывісты рыхтуюць адпаведны ліст.

Радыё Свабода.


Злыдзень

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Злыдзень (Бранябойнаму). Функцыя-ніруеш?

Бранябойны. Функцыянірую.

Злыдзень. Рэагуеш?

Бранябойны. Рэагую.

Злыдзень. А трубы гудуць?

Бранябойны. Гудуць.

Злыдзень. Ну і няхай гудуць, хоць палопаюцца. Што табе, больш як каму трэба?

Бранябойны. Ён мяне вучыць жыць?!

Злыдзень. А чаго званіў той пенсіянер?

Бранябойны. Каналізацыя, кажа, так запрудзіла, што пробкі перагарэлі. А яму тэлевізар глядзець трэба. Кандыдата ў дэпутаты хоча паслухаць.

Злыдзень. Няхай бы лепш падышоў у стокватэрны, там раённае будаўнічае ўпраўленне капітальны рамонт вядзе, паставіў бы прарабу. (Ставіць на стол бутэльку.) Ён бы яму...

Бранябойны. Хадзіў. Нікога не знай-шоў.

Злыдзень. Няхай ранічкай на планёрку ідзе, пакуль яны на халтуру не распаўзліся.

Бранябойны. Пазвоніць яшчэ раз, прыйдзецца дапамагчы, а то без тэлевізара сядзець будзе. (Хоча узяць бутэльку, але ні бутэлькі, ні Злыдня ўжо няма.) Кіруе Яснотка. Хіба што спусцімся ніжэй?


Бранябойны, Любачка, Ігнат і Паўліна заходзяць да Ясноткі. Тая спіць. На кожны званок тэлефона рука яе аўтаматычна здымае і зноў кладзе трубку.


Кіруеш?

Яснотка (прачынаецца). Некаторыя яшчэ не так кіруюць.

Бранябойны. Ты на некаторых не ківай. Некаторыя перад табой справаздачу не трымаюць. А людзей пракансультуй, падкажы, накіруй куды трэба, каб парогаў дарэмна не абівалі. З народам працуеш, а не з дрывамі! (Выходзіць.)

Яснотка. Глядзіце, які душэўны знайшоўся!

Любачка. Зрабі, Яснотка! Абмяняй! I Міленькі просіць. Я б на тваім месцы...

Яснотка. Была б я на тваім месцы, Міленькі ў мяне з гэтымі кватэрамі сам бегаў бы як міленькі.

Любачка. Абмяняй, Яснотка! Во, як трэба!

Яснотка. Было б што, у нас гэта - раз плюнуць.


Любачка нешта шэпча на вуха Паўліне.


Любачка (выходзячы). Я толькі ў Палац шлюбаў і назад. Дзякую табе, Яснотка!

Паўліна. Праўду людзі кажуць: не май сто рублёў...

Злыдзень (Яснотцы). Не кажы гоп, пакуль не атрымаеш дырэктывы. А гэтым прачытай старую савецкую інструкцыю па абмену.

Яснотка (Ігнату і Паўліне). Сядайце! Абмен жылых памяшканняў як такавых можна праводзіць паміж наймальнікамі, якія пражы-ваюць: (заплюшчвае вочы, адкідаецца да спінкі крэсла і, як дзяк малітву, цытуе па памяці інструкцыю пра абмен кватэр) а) у адным доме; б) у розных дамах аднаго населенага пункта; в) у дамах розных населеных пунктаў. Абмен можа праводзіцца паміж двума, трыма, чатырма, пяццю, шасцю, сямю, васьмю, дзевяццю, дзесяццю... (Амаль заснула.) На абмен жылых памяшканняў як такавых не маюць права: а) асобы, якія карыстаюцца памяшканнем па згодзе з наймальнікамі ці з яго дазволу (паднаймальнікі, часовыя жыльцы, домработніцы, нянькі і іншыя; б) асобы, якія пражываюць у службовых памяшканнях (глядзі артыкул 228 грамадзян-скага кодэкса); в) асобы, якія пражываюць у гасцініцах; д) асобы, якім прад'яўлены іск аб разрыве дагавору найму займаемага імі памяшкання...

Паўліна (шэптам). Даслухай ты, Ігнатка, да канца, а я тым часам дамоў збегаю, гляну, як там нашы... (Ціхенька выходзіць, а на яе месца садзіцца Ігнат.)

Яснотка (далей цытуе інструкцыю, не заўважаючы замены кліента). Асобы, што займаюць жылыя памяшканні ў дамах прадпры-емстваў і ўстаноў, названых у частцы першай артыкул а 327 грамадзянскага кодэкса, калі наймальнік другога абменьваемага памяшкання не знаходзіцца з гэтым прадпрыемствам ці ўстановай у працоўных адносінах, акрамя выпадкаў, калі наймальнік не можа быць выселены з памяшкання прадпрыемства ці ўстановы без прадастаўлення іншай жылой плошчы.


Ігнат ціхенька выходзіць з кабінета. Яго месца займае Злыдзень Яснотка цытуе далей, не заўважаючы другой замены кліента.


Падайце заяву ў бюро па абмену па формуле 5, дадайце да заяў даведкі з домакі-раўніцтва па форме 6, прыкладзіце да гэтага акты абследавання абедзвюх кватэр па форме 7, прынясіце дазвол на абмен з таго міністэрства ці ведамства, якому належаць дамы. Можа, пасля гэтага вам і аформяць абменныя ордэры па форме 8. (Кладзе галаву на грудзі Злыдню, засынае.)

Злыдзень (да залы). Зараз мы вам так намяняем, што ў вачах пацямнее!

Яснотка (праз сон). Што вы сказалі?

Злыдзень. Нічога, кажу, у старых не атрымаецца.

Яснотка. Без цябе ведаю.

Злыдзень. Пакойчыкі ў Паўліны сумежныя. А ў сумежныя чужых усяляць нельга.

Яснотка. Без цябе ведаю.

Злыдзень. Дык ты ім скажы!

Яснотка. Яны ў мяне пра гэта не пыталіся.

Злыдзень. Дык сама скажы!

Яснотка. Збяруць усе даведкі, для «адзінага» акна, ім Міленькі сам скажа. (Пазяхае.) А наогул ім нічога мяняць не трэба. (Засынае.) У нас свабода, дзермакрація і суверэнітэт з незалежнасцю. Хто з кім хоча, той з тым і можа жыць.


Злыдзень вызваляецца ад Ясноткі, падыходзіць да рампы.


Злыдзень. Не, людзі, вы яшчэ не скора выправіце мяне на заслужаны адпачынак. I вы дарэмна здзіўляецеся, што я яшчэ такі мала-джавы. Захачу, на дзве стаўкі ўладкуюся. Вы ж без мяне не хочаце! А я, што? Я - Злыдзень! Аднаму дастану, другому здабуду, трэцяму зраблю, чацвёртага праштурхну, пятага ўладкую, шостаму параю. Мне ж таксама жыць трэба! Не святым духам, дзякуй богу, харчу-юся. І калі рука мая на вашай шыі часам сціскаецца больш таго, як бы вам хацелася, не тузайцеся, не аскірзайцеся!.. У нашай рабоце таксама тады-сяды ў асобных выпадках маюць месца некаторыя недахопы. Але гэта ж як на недахопы паглядзець. Я цябе, другога, абадраў як ліпку, ты голы як бізун - табе дрэнна, ты незадаволены. Ты клянеш Злыдня. А калі я табе аддаў тое, што садраў з іншага - ты шчаслівы, табе добра. Я ж зараз сваточкам такое выйсце параю, што яны мяне на руках насіць будуць. На покуце, пад абразамі пасадзяць! Маліцца на мяне, на Злыдня, будуць. Так у масць падкіну тутэйшым і без меры талерантным.


V

З'яўляюцца Ігнат і Паўліна.


Паўліна (устрывожана). Што ж гэта рабіць, Ігнатка?

Ігнат (безнадзейна). А-а-а!..

На прасцэніум урачыста выходзяць Фядора, Даніла, Гарык і Стэла, каб хлебам-соллю сустрэць маладых.


Фядора (радасна). Любачка пазваніла - нашы едуць! Ну, а як у вас, Паўліначка?

Ігнат. Хапілі шылам патакі, аж у горле горка!

Паўліна. Ні халеры не выходзіць.

Фядора. Не рэжце мяне жывую!

Стэла. А я, між іншым, ведала! Пакой-чыкі сумежныя... Наша мама...

Гарык. У лапу дала наша мама...


З'яўляецца Злыдзень.


Злыдзень. Глупства! Гэтаму ніхто не паверыць.

Паўліна. У лапу?! А скулля! А хваро-бы! А трасцы! А чэмеру!

Злыдзень. Груба! Неінтэлектуальна! Неэтычна! Прымітыўна! Не трэба на лапу, не трэба скулля, і не трэба хваробы, і тым больш трасцы з чэмерам - хто гэта вытрымае такога ярша? Вам бы ціха, культурна, з ласкаю, з далікатнасцю, асцярожненька, сардэчненька запрасіць начальнікаў дамоў... Няхай бы агледзелі кватэрку, пазнаёміліся з умовамі, пасядзелі, пагаварылі... пра міжнароднае і ўнутранае...

Фядора (успрымае як адкрыццё). На вяселле іх, пад абразы, на покуць!.. Накарміць, напаіць, з сабою даць!..

Злыдзень. Не будзем зараз дэталіза-ваць,..

Фядора. Паўліначка! Госцейкі! Пра-вільна! Усіх чыста абармотаў запрасіць трэба! Няхай п'юць, хоць зальюцца.

Паўліна (катэгарычна). А смалы, а дзёгцю, а халеры!

Фядора. Паўліначка, пачакай! Паўлі-начка, не пярэч! Нам гэтага чалавека сам бог паслаў! Няхай жа яны хоць падавяцца, хоць зальюцца, абы справу зрабілі, толькі маладым ні слова! (Выбягае.)


З'яўляюцца Міхась, Марына, Любачка і Дзюркіна. Вакол іх завіхаецца Неўпакоеў з фотаапаратам. Даніла і Гарык граюць марш. Ігнат і Паўліна сустракаюць маладых хлебам-соллю. Неўпакоеў робіць здымкі. Стэла пнецца трапіць у кадр.


Неўпакоеў (робячы здымкі). Тава-рышы бацькі, грамадзяне сваякі, як гаворыцца, дамы і панове! Прашу энтузіязму, натхнення, арганізаванасці! Так... (Робіць здымак.) Выдат-ненька! Яшчэ разок!.. А зараз дайце экспрэсіі, руху, дынамікі, пачуцця і эмоцый! Раблю!.. I яшчэ разочак... групавы, класічны!


З'яўляецца Фядора ў суправаджэнні Самасейкіна, Бранябойнага, Ясноткі.


Фядора. Пачакай, малец, без нас не здымай! I пастаў мне камісію па самым цэнтры!

Неўпакоеў. Камісію дык камісію! Калі ласка. Для масавасці не пашкодзіць.


Усе выстройваюцца для здымка. Злы-дзень уладкоўваецца ў цэнтры.


Бацькі, маткі, цёткі і іншыя пляменнікі - на задні план! Таварыш Бранябойны, (на Злыдня) абдыміце таварыша злева! А вы, таварыш Самасейкін, з другога боку. (Яснот-цы, Дзюркінай.) У вас папрашу усмешку! А цяпер - застылі! Дыханне затаілі! Задумаліся! Уявілі ўрачыстасць моманту! Увага - раблю! I яшчэ разочак для прэсы, на добры ўспамін патомкам, на радасць нашчадкам. Засяродзіліся! Спакойна! З вытрымкай! Усе ўсміхаюцца, усе рады, усе шчаслівыя. Раблю!


Яркая ўспышка, і ўсё патанае ў цемры. У промені пражэктара Злыдзень танцуе свой злыдзеньскі танец.

VI

На вяселлі сярод іншых гасцей: Сама-сейкін, Бранябойны, Дзюркіна, Яснотка. Неўпакоеў робіць здымкі.

Госці пяюць дружна, весела.


А баранька сівенькі, сівенькі, сівенькі,

На ім воўна сучыцца, сучыцца, сучыцца,

Нам гарэлкі хочацца, хочацца, хочацца,

Мы гарэлку піць будзем,

піць будзем, піць будзем,

Мы бараньку стрыч будзем,

стрыч будзем, стрыч будзем.


Як бы спаборнічаючы з сапраўднымі гасцямі, госці-службоўцы пяюць сваю песню.


А это свадьба, свадьба, свадьба

Пела и плясала,

И крылья эту свадьбу вдаль несли.

Широкой этой свадьбе было места мало,

И неба было мало, и земли.


Самасейкін (крычыць). Горка!

Бранябойны. Горка!

Дзюркіна (спявае). «Потом я тебя, потом ты меня, потом вместе мы поцелуемся...» (Абдымае Бранябойнага.)

Усе госці (скандзіруюць). Горка! Горка! Горка!


Бранябойны цалуе Дзюркіну, Самасейкін Яснотку, Гарык Стэлу, Неўпакоеў робіць здымкі. Маладым сумнавата.


Фядора. Чаго малады нос павесіў?

Даніла. Малады ўвагі хоча!

Бранябойны. Уважым маладога.


Фядора запявае, госці падхопліваюць песню:

Каб табе, Міхасёк, кот вочкі выдраў,

Як ты маладую нехарошую выбраў.

Сама на возе, ногі на парозе.

Стаіць ля слупа, развесіўшы лупы.


Усе смяюцца. Павесялелі і маладыя. Злыдзень падсоўвае Бранябойнаму свісток.


Бранябойны (свішча). Грамадзяне! Давядзецца таго-сяго штрафануць за нанясенне крыўды нашай дарагой нявесце пры выкананні абавязкаў... (Нечакана хапае за рукі Фядору, паднімаецца шум. Не ўсе разумеюцъ жарт Бранябойнага.) За абразу па ўказу!

Даніла (каб неяк згладзіць выхадку Бранябойнага). Штрафуй маю жонку на месцы, толькі не грашамі, а добрай песняй. (Грае вясельную.)


Фядора, а за ёю ўсе госці спяваюць:


Наша маладая, як сыраежачка,

А ваш малады, як галавешачка

Наша маладая, як сыр белы,

А ваш малады, як пень гарэлы;

Наша маладая, як золата,

А ваш малады, як долата;

Наша маладая, як суніца,

А ваш малады, як дурніца.


Міхась (махае рукамі). Хопіць! Хопіць! Хопіць! Лепш ужо прамовы гаварыце, чым такія песні!

Бранябойны (п'яны). У такім разе дазвольце ад імя і па даручэнню... вецеранаў афіцэрскага корпусу...

Даніла. Валі, пане тысяцкі! (Да гасцей.) Слова мае сказаць таварыш Супрацьтанкавы.

Бранябойны. Прабачце - Браня-бойны!

Даніла. Ну дык і лупі прамой навод-кай!

Бранябойны. Калі ўявіць... Калі ўдумацца... На сучасным этапе... што я не проста Бранябойны а асоба афіс... афіс... асіф..


Злыдзень (падказвае). Афіцыйная.

Бранябойны. Правільна! То значыцца я не ведаю маладых, я не ведаю іх бацькоў, я наогул нікога з вас не ведаю, і між іншым...

Злыдзень. ...ведаць не жадаю...

Бранябойны. Не жадаю... То якія могуць быць тосты? Але паколькі чалавек чалавеку сусед (не ведае, што гаварыць) на сучасным этапе... і ўсе мы звязаны...

Злыдзень. ...адзінай сеткай падземных камунікацый...

Бранябойны. ...і паветраных ліній электраперадач, то першы мой запавет: не пакідай без нагляду электранагравальныя прылады...

Злыдзень. ...не залівай суседа вадой...

Бранябойны. ...не забівай каналізацыі. I наогул... На сучасным этапе... I ў сусветным маштабе вып'ем за тое, каб і ты, Міша, і ты, Маруся, так жылі, так жылі, як яшчэ нікому, ніколі, нідзе і ў сне не снілася... у сусветным становішчы на сучасным этапе такая мая, наогул, лінія. (Выпівае.)


Неўпакоеў робіць здымкі.


Дзюркіна. Горка!

Яснотка. Горка!

Марына. Колькі ж можна?!

Даніла. Не зважай, дачушка! Якая пасада, такі і розум.

Бранябойны і Дзюркіна (скандзі-руюць). Горка! Горка! Горка!

Злыдзень. Шайбу!..

Бранябойны. Шайбу! Шайбу! Шай-бу!

Паўліна. Ну, пацалуйцеся, дзетачкі, хоць збольшага, людзі ж просяць.

Злыдзень. Хайе!

Бранябойны. Хайе! Хайе! Хайе! І няхай жыве кубак Дэвіса!


Маладыя цалуюцца, каб адчапіцца.

Дзюркіна выпівае.

Неўпакоеў робіць здымкі.


Дзюркіна. Малайцы! Малайцы! (Моц-на п'яная.) Як пяецца ў песні: «выпьем и снова нальем». (Налівае сваю чарку, устае.) Дарагія таварышы, паважаныя госці. Праз мяне, як галоўнага спецыяліста па сардэчных справах, прайшлі сотні і тысячы брачуюшчыхся пар. (Міхасю і Марыне.) Сёння я і вас аформіла. I як многім іншым, я вам сказала: любовь не вздохи на скамейке и не прогулки...

Злыдзень. У цемнаце...

Дзюркіна. У цемнаце... Але я не магла сказаць вам усяго ў той аўдыторыі. А што мы маем на сённяшні дзень, я ў вас пытаюся, грамадзяне брачуюшчыеся? Мы маем... у гэтай аўдыторыі я магу сказаць паміж наш... Мы маем... паміж намі... больш разводаў, чым бракаў. І лічба разводаў мае тэндэнцыю да павелічэння! Моладзь шалее! Многія старыя проста з глузду з'ехалі! Парахня з другога сыплецца, а туды ж... Характарамі не сышліся!.. Каб ты з галавы сышоў... іншы раз думаеш... А калі ўлічыць, што ў нас многанагамія і ў асноўным парны шлюб, то памножце тысячы зарэгістраваных на разведзеных і вы атрымаеце кашмарную лічбу няшчасных. І гэта ў наш час? А дзеці? Ці падумалі вы, паважаныя брачуюшчыеся, пра дзяцей, якіх вы пусціце на волю лёсу? Я не чапаю сёння, праблему мацярок-адзіночак... А тое, што бабы і ў шлюбе раджаць не хочуць, факт. Лік дзяцей у дзяржаве за дзесяць гадоў зменшыўся на паўмільёна. Але ў гэтай аўдыторыі магу сказаць, што я асабіста, калі шчыра і адкрыта, не маю мужа, але (з гонарам) у мяне няма і дзяцей. Дык вып'ем жа, дарагія таварышы, за нашу новую сям'ю! (Выпівае.) Першасную ячэйку обшчаства, як сказаў Маркс Энгельс. (Закусвае.)


Неўпакоеў робіць здымкі. Госці адчу-ваюць сябе ніякавата, маладыя тым больш. Напружанне здымае Даніла. Ён гаворыць, спакойна, душэўна, не спяшаючыся. Кожнае слова адрасуе туды, дзе яно да месца.


Даніла. Госцейкі сабраныя, сазваныя: каго конь прывёз, каго чорт прынёс, хто сам прыйшоў, каго сват прывёў, каго мая жонка Фядора прылучыла, на гэты час прыставіла! Я і сам дваццаць гадкоў пацеў, на гэта вяселле хацеў, яшчэ тры гады чакаў, пакуль сюды папаў. Пакуль за стол залез, дык увесь аблез. А іншыя госцейкі за сталом (глядзіць на Бранябойнага) як сокалы пад кустом. Мёд-віно п'юць і мне, беднаму, не даюць. А як бабы пяньку трапалі (глядзіць на Дзюркіну), мне кастрыцы ў рот напхалі. І калі б горла прамачыць, мог бы і я пару слоў сказаць.

Усе госці. Просім! Просім!

Даніла. Мог бы сказаць, што пара маладую княгіню падарункамі надзяляць: хто канём, хто валом, хто чыстым серабром. А тыя бабылі і бабылкі, што не маюць кабылкі, няхай бы надзялілі маладую Марынку добрым словам, шчырым пажаданнем.


Усе апладзіруюць Данілу.


Фядора (цалуе Данілу ў цемя). Пра-фесар! Вось прафесар, і ўсё тут!

Даніла (Паўліне). Ну, матуля, кажы, а я закругляць буду!

Паўліна (авалодаўшы сабою). Усё ў цябе, дачушка, ёсць. А лішняга не трэба. Будзь жа прыгожая, як ружа, багатая, як зямля, здаровая, як вада. (Цалуе Марынку, уцірае ёй слёзы.) I каб гэтыя твае слёзкі апошнія былі.


Усе апладзіруюць.


Любачка. Любві вам моцнае, а дзетак многа... I хлопчыкаў, і дзяўчынак... I каб усе сімпатычненькія, прыгожанькія і здаровень-кія... (Шчыра цалуе Марынку.)


Усе апладзіруюць.


Злыдзень. Стэла, лаві мамент!

Стэла (устае). I каб нашы мыслі ды напраўду выйшлі.

Гарык. Адкуль жа людзям ведаць пра твае мыслі?

Злыдзень. Ну дык...

Стэла. Ну дык скажы! Сядзіш як паралітык. А мая канцэпцыя такая: няхай жывуць, дзе спачатку надумалі, і дадуць бацьку адпачыць на старасці гадоў. А тут, у цешчы, будуць як у бога за пазухай.

Гарык. Выказалася?

Даніла. Няхай бацька скажа!

Фядора. Ціха, людцы, ціха! Зараз такое будзе!..

Паўліна. Сюрпрыз, дзеткі, будзе!

Ігнат. Надзяляю цябе, дачушка, і цябе, сынок...

Фядора. ...кватэраю. (Перадае Ігнату ключ на талерцы.)

Паўліна. ...асобнаю...

Ігнат. ...з усімі выгодамі! (Перадае Міхасю ключ.)

Марына (здзіўлена). Дзе вы яе ўзялі, татачка?

Міхась. Няўжо натрос на каапера-тыўную? Ну, малаток, стары! Адмачыў нумар, што і сказаць! Пакойчык адзін? Два! Які паверх? Як табе ўдалося без чаргі? Не пахне тут гэтым самым?..

Ігнат. Пахне, сынок... Чуласцю люд-скою, спагадлівасцю чалавечаю...

Бранябойны (сп'яна). Бо чалавек чалавеку сусед... I ўсе мы карыстаемся агуль-нымі... камулі... канулі... ка-му-на-лі-за-цы-ямі ліній электраперадач...

Даніла. За навасёлаў! (Паднімае чарку.)

Міхась. За добрых людзей. (Ківае на службоўцаў.)

Фядора. За добрую справу, і каб ніякі злыдзень не перашкодзіў нам яе здзейсніць!

Бранябойны. Вып'ем, Неўпакоеў.

Неўпакоеў. На рабоце не п'ю, нават у такой кампаніі.

Бранябойны (грозна ўстае). А што кумпанія? Кумпанія не велька, але бардзо пожондна... Налівай, Самасейкін!..

Самасейкін (налівае). Я наліваю, ты наліваеш, яна налівае... Мы выпіваем, вы выпіваеце, яны выпіваюць... Я правільна гавару? Мы мяняем, вы мяняеце, яны мяняюць...

Міхась (насцярожана). Нарэшце, хто што мяняе? Магу я нарэшце ведаць?!.

Злыдзень. Быка, быка...

Стэла. Быка на індыка, вось што мяняем!

Самасейкін. Правільна... (Апускае галаву ў талерку.)


Неўпакоеў робіць здымкі. Да Стэлы падыходзіць Злыдзень.


Злыдзень. Даўно хацеў сказаць...

Стэла (рашуча). Сама ведаю, што мне сказаць!..

Злыдзень. Трэба было б...

Стэла. Сама ведаю, што трэба, а чаго не трэба!..

Злыдзень. Хацеў параіць...

Стэла. Я сама каго хочаш навучу!..

Злыдзень. Чорт, а не баба!

Стэла. Ведаю і ганаруся!.. Такая ў мяне канцэпцыя!..

Злыдзень. Ну і ліха вас бяры, калі так! А мне тут рабіць няма чаго!

Стэла (рашуча). Прашу слова!!!

Гарык. Мухаморкіна, сядзь!!!

Фядора (каб пазбегнуць канфлікту). Рэж, Данілка! Давай нашу!


Даніла расцягвае гармонік, Гарык бярэцца за бубен, госці пакідаюць застолле, Фядора ідзе ў скокі і спявае.

Як у нас, так і ў вас,

А ўсё поле роўна.

Як і вам, так і нам

Пасмяяцца вольна.


Стэла (амаль крычыць). Бокам гэты смех некаторым выйдзе.

Гарык. Сцепаніда, адлупцую!

Стэла. Начальнікаў запрасілі! Цапам-лапам думаеце кватэрку адхапіць. (Да службоў-цаў.) А вы, работнічкі! Вас жа старасельская баба вакол пальца абвяла, на мякіне купіла!


Гарык заціскае Стэле рот. Яна яго штурхае на Бранябойнага. Той ускоквае на стол.


Бранябойны. Бранябойнага нельга купіць! Бранябойны на мякіне не прадаецца! (Хапае бутэльку.)


Усе кідаюцца да Бранябойнага, каб супакоіць. Пачынаецца нешта накшталт бойкі. Неўпакоеў наводзіць фотаапарат. Усе нерухомеюць, як на фотаздымку.


Злыдзень (крычыць). Заслону! Дайце заслону! I адзін бог святы ведае, чым усё гэта скончыцца!..


Яркая ўспышка, і ўсё патанае ў цемры. У промні пражэктара Злыдзень танцуе свой злыдзеньскі танец.


Заслона.


ДЗЕЯ ДРУГАЯ


VII

Перад заслонай праходзяць Самасейкін, Бранябойны, Яснотка, Дзюркіна, Міленькі. Усе яны спяшаюцца на работу. Адкрываецца заслона. Любачка ў прыёмнай на сваім рабочым месцы. Падкраўшыся неўзаметку, Міленькі абдымае яе... і атрымлівае аплявуху.


Міленькі (перапалохана). Ты што?.. Ты наогул ужо... Дзесяць сутак захацела? На рабоце рукі распускаеш?!


Заўважыўшы Злыдня, прымае яго за высокае начальства і губляецца, як хлапчук.


Злыдзень. Вось гэта быў кадр!

Міленькі. Абсалютна справядліва! Я заўсёды падкрэсліваў і падтрымліваю, што ў нашай сістэме асноўнае - гэта кадры... У нас кадры рашаюць амаль усё...

Злыдзень (запрашае Міленькага ў яго кабінет). Прашу!


Уваходзіць і садзіцца на яго крэсла, Міленькаму прапануе месца наведвальніка.


Сядайце, у нагах праўды няма.

Міленькі. Абсалютна справядліва. Любімая пагаворка шэфа.

Злыдзень. Каго?

Міленькі. Таварыша Дзелавога.

Злыдзень. Дарэчы, дзе ён?

Міленькі. На нарадзе па спортлато. У нас так кажуць: Дзелавы заўсёды пры дзеле.

Злыдзень. А вы?

Міленькі. А я пры ім.

Злыдзень. А Любачка пры вас?

Міленькі. Абсалютна справядліва!

Злыдзень. А гаворыш - кадры!

Міленькі. Абсалютна справядліва.

Злыдзень. Што справядліва?

Міленькі (разгублена). Лімітуюць... кадры... Стрымліваюць... Няма на каго абапер-ціся... Хоць у шырокім плане пытання, канешне, няма... у шырокім плане...

Злыдзень (даверліва). Ты думаеш, у нас лепш? У д'ябла не вераць, чорта не баяцца, самому Люцыпару акуляры замыльваюць. Ды і наш брат не той пайшоў. Здрабнеў злыдзень. У рабоце сярод насельніцтва застой, руціна, кансерватызм. Звычайнага дробнага паскудства па-людску зрабіць не можам. Паршывы жулік, пачынаючы бюракрацік, якая-небудзь звычай-ная Мухаморкіна ці Дзюркіна іншы раз дае фору кадры з дагістарычным стажам.

Міленькі (нічога не разумее). Абса-лютна справядліва!

Злыдзень. Не зразумейце мяне праві-льна, але вы ні вухам, ні рылам не разбіраецеся ў маёй справядлівасці.

Міленькі. Не пярэчу. Але калі ўзяць у шырокім плане... то, скажам, Самасейкін, Бранябойны, Яснотка і яшчэ два-тры...

Злыдзень. Самасейкіна, Бранябойнага і Яснотку пакуль не чапайце. А кантроль, канешне, само сабой...

Міленькі. Даруйце, вы (паказвае ўверх) зверху?

Злыдзень. Не, я знізу, з апраметнай.

Міленькі. Так сказаць, у пераносным сэнсе?

Злыдзень. Навошта ж у пераносным? У прамым. Я сказаў бы ў літаральным.

Міленькі (разгублена). Не разумею...

Злыдзень. Вось гэта абсалютна спра-вядліва. Між іншым, нас многія не разумеюць. У некаторым сэнсе мы асобы неадушаўлёныя, як і ў вас часам бывае ў жэсах і сферы добрых паслуг.

Міленькі. Вы ўжо даўно ў нашай сістэме?

Злыдзень. Не зразумейце мяне пра-вільна, але я, як Злы­дзень...

Міленькі. Рэдкае прозвішча.

Злыдзень. Абсалютна справядліва. Мы ўсе пад адным прозвішчам... Дык вось, мы, злыдні, атрымалі пэўнае месца ў структуры папуляцыі, калі вашых Самасейкіных, Бранябой-ных і яшчэ двух-трох у зародку не было. Так што гонар маю! (Падае руку, развітваецца.) Мы яшчэ сустрэнемся. Рады быў пазнаёміцца.

Міленькі. А да таварыша Дзелавога...

Злыдзень. Таварыш Дзелавы не мая сфера. (Выходзіць.)

Міленькі. Каб я быў жыў - з дзярж-кантролю, не інакш!.. І ўжо на нешта намякае!.. Абсалютна справядліва... калі мне не прымро-ілася з перапою...


У прыёмную уваходзіць Неўпакоеў.


Неўпакоеў (Любачцы). Цалую ручкі, мадам, і прашу зялёны! Справа тэрміновая! Справа гарыць!

Любачка (рашуча перагароджвае яму дарогу). Справа - не воўк. (Выстаўляе руку.) Па адным экзэмплярчыку кожнага здымачка, інакш не пройдзеш!

Неўпакоеў. Вас зразумеў! (Перадае Любачцы канверт са здымкамі, уваходзіць да Міленькага.) Маё шанаванне, Міленькі!

Міленькі. Здароў! Ну, і як?..

Неўпакоеў. Усё зроблена. Усё гатова! Усё ў абажуры, як кажа таварыш Дзелавы.


Звоніць тэлефон.


Міленькі. Міленькі ля апарата!.. Слухаю, Іван Мікітавіч!.. (Прыкрывае трубку.) Дзелавы... (Слухае, згаджаецца, абяцае, запісвае.)


Адкрыццё выставы Ўладзіміра Новака ў Нью-Ёрку

12-й гадзіне ў Беларускім музеі падчас Беларускага фестывалю, які праводзіўся Сястрынствам і Парафіяльнай Радай Сабора Святого Кірылы Тураўскага ў Брукліне сумесна з Беларускім Моладзевым Рухам Амерыкі адбылося адкрыццё выставы вядомага беларускага мастака Ўладзіміра Новака.

Уладзімір Новак нарадзіўся 20га траўня 1939га года ў Крычаве Магілёўскай вобласці.Ягонае мастацтва вызначаецца пластычнай выразнасцю, арыгінальнай кампазіцыяй. Гэта мастак манументальнадэкаратыўнага жывапісу. Меў шэраг персанальных выставаў у Еўропе, ў прыватнасці ў Нямеччыне, Балгарыі, Аўстрыі ды іншых краінах. У Амерыцы экспануецца ўпершыню.

У музеі былі прадстаўленыя 27-м алеявых карцінаў арыгінальнага мастацтва, якія ахопліваюць больш за сорак год ягонай працы. Адну з сваіх карцін мастак ахвяруе музею.

На адкрыццё выставы сабраліся дзесяткі беларусаў, наведала выставу таксама шмат амерыканцаў. Усяго ў першы дзень паглядзелі выставу каля ста чалавек. Нажаль мастак не мог прысутнічаць на выставе. Выступілі з прамовамі Зянон Пазьняк, Анатоль Колбун, Мікола Сагановіч. Выступіла на флейце і піяніна музыка з Арменіі Арасія Пастацян.

Здаецца, не было ў зале тых, каго бы не закранула мастацтва Новака. Невялічкія палотны, што сапраўды нясуць у сябе набой энергіі і настрою. Кожны твор мае свой незабыўны характар, унутраны эмацыйны падтэкст, шчырасць, творчы рапт, натхненне. Кожнае палатно пабудавана дакладна і разумна. Карціны вельмі жывыя, каларытныя і яркія. Жывапісная структура кожнай ягонай карціны запоўненая сімваламі колеру, якія падпарадкоўваюцца агульнай задумцы. Палотны Новака нясуць у сабе музычны і народны пачатак, вытрымку і стрыманасць.

Выстава будзе працягвацца да 19-га лістапада. Шчыра запрашаем!


«Вяртанне» Рышарда Капусцінскага на Беларусь

Новае выданне

Паэт некалі напісаў гэтыя філасофскія радкі, якія запомніліся:

Паэзія - штосьці блізкае

многія людзі нейкі час

адчуваюць нутром

але гэта не мае

нічога агульнага з намі.

Гэтым паэтам быў і застаўся ніхто іншы, як Рышард Капусцінскі. Зборнік вершаў яго пад назовам "Вяртанне" нядаўна пабачыў свет у Менску ў перакладзе на беларускую і рускую мовы. На беларускую мову вершы пераклаў Анатоль Шушко, на рускую - Валеры Грышкавец. Перакладчыкі жывуць у Пінску. Сімвалічна і тое, што ў Пінску ў 1932 годзе нарадзіўся і Рышард Капусцінскі.

Рышард Капусцінскі, як піша ва ўступным слове "Вялікі паляк з Пінска" да кнігі Іна Дзямід, быў самым вядомым, папулярным журналістам і пісьменнікам сучаснай Польшчы. Ён - лепшы польскі журналіст ХХ стагоддзя, прафесар Варшаўскага і Кракаўскага універсітэтаў, сябра пісьменніцкага ПЭН-клуба, уладальнік прэміі прынца Астурыйскага "За творчасць, якая садзейнічае збліжэнню розных народаў і культур", два разы вылучаўся на Нобелеўскую прэмію.

На Захадзе ў кожнай кніжнай краме на вітрыне пачэснае месца сярод іншых літаратурных навінак Еўропы і Амерыкі можна ўбачыць выданні Рышарда Капусцінскага. Яго артыкулы і матэрыялы аб ім - на першых старонках многіх газет, часопісаў, тэлебачання і радыё.

Так атрымалася, што, будучы сваім сярод сусветнай творчай эліты, наш зямляк Капусцінскі, на вялікі жаль, зусім невядомы на Беларусі. Толькі цяпер, пасля смерці, ён асобным выданнем упершыню вяртаецца да беларускага чытача. Асобныя творы польскага паэта сядытады перакладаліся на беларускую мову. Напрыклад, у двухтомніку анталогіі польскай паэзіі ХХ стагоддзя "Напярэймы: ад Буга да Варты"(Мн., 2003) у перакладзе Алега Лойкі, ёсць два вершы Рышарда Капусцінскага. Вось як гучыць пабеларуску мініяцюра ў перакладзе Алега Лойкі:

Лісток

адарваны ад галіны

дрыжыць дыгоча

і толькі калі дакранаецца

да зямлі

спакойваецца.

Гэты самы верш у пе-ракладзе Анатоля Шушко атрымаўся такі:

Ліст

ляціць адарваны ад галінкі

трымціць

і толькі калі долу кранецца

...супакойваецца.

А вось як па-расейску ўспрымаюцца гэтыя радкі ў перакладзе В.Грышкаўца:

Лист

оторванный от ветки

дрожит летит

и только земли коснувшись

успокаивается.

Усё проста. Пераклады амаль аўтэнтычныя. Але больш удалым атрымаўся пераклад у Анатоля Шушко, бо словы ў Лойкі "дрыжыць дыгоча" не вельмі пасуюць адно каля аднаго: "дыгоча" - лішняе слова.

Рышард Капусцінскі ніколі не цураўся сваіх палескіх каранёў, быў рады любой сустрэчы з землякамі. Бацькі будучага журналіста і паэта ў 30-я гады мінулага стагоддзя працавалі настаўнікамі ў Пінску. Тут захаваўся будынак у якім да Другой сусветнай вайны знаходзілася польская школа № 5, дзе настаўнікам прыродазнаўства працаваў ягоны бацька Юзаф Капусцінскі. У гэтай школе ў першым класе вучыўся і Рышард. Маці яго - Марыя Капусцінская (Бабко), скончыла польскую настаўніцкую семінарыю. Спачатку настаўнічала ў Лунінецкім павеце на Берасцейшчыне, а пасля замужжа - у польскай школе № 1 Пінска. Тут, у горадзе над Пінай, Марыя і Юзаф знайшлі сваё сямейнае шчасце. 4 сакавіка 1932 года ў іх сям'і нарадзіўся Рышард, а праз год - Барбара...

У зборнік "Вяртанне" увайшлі 48 вершаўверлібраў паэта. І бачыць верлібр польскага паэта, як дзіўнага госця на нашай зямлі, нельга. Бо і ў нас столькі правоў на верлібр, колькі ў любой іншай мове, а тым больш у мове нашых суседзяў. Верлібр, напрыклад, Капусцінскага - гэта вельмі сур'ёзныае выпрабаванне для паэзіі, для яе духа. Адказвацца ад такога выпрабавання - гэта тое ж самае, што закупорваць жывыя сасуды, перашкаджаць кровазвароту літаратуры. Верлібры Капусцінсага - гэта філасофскі роздум аўтара пра час, пра чалавецтва і самога сябе. Паэт смела выкарыстоўвае прыроду вольнага верша: то ён намаляваў камень і разбіў яго, то для яго "паэзія - святыня ў яе прахалодзе", а "вершы - астылае полымя", то "паэзія - штосьці блізкае", то "усё хутка забываецца".

Паэт разважае пра смерць і адначасова пра хвіліну. Хвіліна ў яго "была сардэчнай, імгненнай, як зорка жаданаю, святлом згаданаю", а смерць "дзесці ходзіць побач, кружляе, варочаецца, часам подбегам, бо адрасат вядомы...". Паэт разважае глыбока, асэнсавана, яму і хвіліны шкада, бо яна "адзіная непаўторная" і смерці трэба не паддавацца, хоць і мае яна "моцнае сэрца і на стому не скардзіцца".

Чытаючы кнігу "Вяртанне", кранае сэрца верш "Два паэты". Над радкаміроздумамі ёсць нам над чым задумацца:

Якія цудоўныя вершы былі ў іх

у гэтых састарэлых спадароў

пана Яраслава Івашкевіча

і пана Адама Важыка

бачу сёння

крочаць Вейскай вуліцай

пан Яраслаў абапіраецца на кульбаку

пан Адам напалову згорблены

а у суседнім парку

спяваюць птушкі.

Птушкі спявалі і тады калі Яраслаў Івашкевіч (1894-1980) і Адам Важык (1905-1982) былі маладымі, тады, калі і яны спявалі, як птушкі. Гады бяруць сваё, а паэзія, як і спевы птушак, неўміручая. Яраслаў Івашкевіч - быў шчырым сябрам беларускіх літаратараў.

Гэта былі два выдатныя польскія паэты, пра якіх невыпадкова згадаў Рышард Капусцінскі. Той вялікі Рышард Капусцінскі, пра якога лаўрэат Нобелеўскай прэміі сказала: "Са шчырай удзячнасцю думаю пра кнігі, якія ён напісаў, і з глыбокім жалем пра кнігі, якія напісаць ужо не зможа. Вялікі пісьменнік, высакародны чалавек, нястомны даследчык нашага чароўнага, але вечна трывожнага свету. Гэта - асоба, для якой усе далягляды былі цеснымі і існавалі толькі для таго, каб іх пераадольваць думкаю, сэрцам, творчасцю". І мне толькі застаецца пагадзіцца з гэтымі думкамі і сказаць словы падзякі тым, хто вярнуў творчасць Рышарда Капусцінскага на Беларусь.

Сяргей ЧЫГРЫН

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX