Вярнуцца: 2007

№ 45 (833)


Крыніца: pawet.net.



№ 45 (833) 14 ЛІСТАПАДА 2007 г.


120 гадоў з дня нараджэння Цішкі Гартнага

ГАРТНЫ Цішка (сапр. Жылуновіч Зміцер Хведаравіч; 4.11.1887, г. Капыль Менскай вобл. - 11.4.1937), бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Акад. АН Беларусі (1928). Удзельнік рэвалюцыі 1905-07. Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, на з-дзе ў Пецярбургу. Пасля 1917 сакратар Бел. нац. камісарыяту, рэдакгар газ. "Дзянніца", з 1.1 да 3.2.1919 старшыня Часовага рэвалюцыйнага ўрада Савецкай Беларусі, потым палітработнік 14-й арміі і штаба Зах. фронту. Пазней узначальваў Дзярж. выд-ва Беларусі, працаваў у Наркамаце асветы БССР, у Ін-це гісторыі АН Беларусі. У 1923 пленум ЦК КП(б)Б прыняў пастанову аб прысваенні яму звання нар. паэта Беларусі, аднак пастанова не бьша выканана. Чл. ЦБ КП(б)Б (1918-19), кандыдат у чл. ЦК КП(б)Б (1927-29), чл. ЦВК БССР у 1920, 1931. 16.1.1931 выключаны з партыі, 15.11.1936 арыштаваны. 7.4.1937 пераведзены ў Магілёў-скую псіхіятр. лячэбніцу, дзе, паводле афіц. версіі, памёр ад гангрэны лёпсіх. У 1988 рэабі-літаваны.

Друкавацца пачаў у 1908 у газ. «Наша ніва». Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, даследчык гісторыі бел. л-ры, крытык. Першы зб. «Песні» (1913). Г. - пачынальнік рабочай тэматыкі ў бел. паэзіі і прозе. У рамане «Сокі цаліны» (нап. 1914-29) паказаў шляхі фармавання характару рэв. змагара, узняў некранутыя таасты нар. жыцця, разгарнуў шырокія малюнкі заводскіх будняў, стварыў яскравыя вобразы сялян-местачкоўцаў. У зб-ках апавяданняў «Трэскі на хвалях» (1924) і "Прысады" (1927) адлюстравана разбуджаная рэвалюцыяй бел. вёска. У творах Г. заўважаўся паварот ад аднабаковай рамантызацыі і лірыка-эмацыянальнага ўспрыняцця грамадз. вайны да рэаліст. паказу канкрэтнага чалавека і яго псіха-логіі. У рамане «Перагуды» (1935) паказаў вёску ў перыяд калектывізацыі. У зб. «Узгоркі і нізіны» (1928) - даследаванні творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, М. Чарота, А. Гурло. На месцы пахаванння Г. пастаўлены помнік. Яго імем названы вуліцы ў Менску, Капылі і інш.


АНАТОЛЮ ЯРМОЛЕНКУ - 60

ЯРМОЛЕНКА Анатоль Іванавіч (н. 15.11.1947, г. Казацін Вінніцкай вобл., Украіна), бел. эстрадны спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. Беларусі (1993). Засл. дз. Рэспублікі Крым (2000). Скончыў Гомельскую муз. вучэльню (1976). 3 1974 маст. кіраўнік і вядучы саліст творчага аб'яднання «Студыя «Сябры» . Валодае багатым на тэмбральныя афарбоўкі голасам. Яго выкананню ўласцівы яркая івдывідуальнасць, сцэнічная прывабнасць. Першы выканаў многія папулярныя песні бел. і рас. кампазітараў (А. Іванова, І. Лучанка, М. Сацуры, Э.Ханка і інш.). Прэмія Ленінскага камсамолу Беларусі 1984.

«СЯБРЫ», творчае аб'яднане «Студыя «Сябры». Створаны ў 1974 як вак.-інстр. ансамбль Гомельскай абл. філа-рмоніі, з 1990 пры Менскай філармоніі, з 1992 - сучасная назва. Маст. кіраўнік А. Ярмоленка. кіраўнікі В. Бадзьяраў (1977-81), М. Сацура (з 1975). Творчасці ансамбля ўласціва своеасаблівая пеўчая манера, спалучэнне арыгінальнай мелодыкі з паэт. зместам, выразнасцю муз. мовы. У першым складзе «С» выступалі: А. Ярмрмоленка (вакал), Сацура (клавішныя, кал), Г. Балабанаў (ударныя), А.Клімовіч (флейта, дудка, саксафон), В. Прыгажаеў (гітара), А. Шчатаў (бас-гітара, вакал). У розныя гады ў склад ансамбля ўваходзілі: А.Аўдзяевіч (труба, трамбон: А.Газізаў (гітара), А.Каляда (клавішныя), В. Разанаў (бас-гітара), В. Чырвоны (усе вакал). У адным з апошніх складаў Алеся (А.А. Ярмоленка; салістка), Герасімаў (гітара, вакал), Сацура, А. Цераховіч (ударныя), У. Чыж (гітара, клавішныя ва-кал), А. Ярмоленка, С. Ярмоленка (бас-гітара, камп'ютэрная аранжыроўка, клавішныя). У рэпертуары песні бел. і кампазітараў, у т.л. У. Будніка, Я. Глебава, Л. Захлеўнага, А. Іванова, І. Іванова А. Пахмутавай, Я. Пцічкіна, С. Кас-торскага, Сацуры, Э. Ханка; песенныя праграмы: «Шлях да Беларусі», "Анатоль", «Ёсць лёс у мяне», «Я з вамі не развітваўся ніколі», «Перажывём», "Наша песні - наша жыццё», якія з'яўляюцца , назвамі дыскаў. Пры ансамблі дзейнічаюць маладзёжная студыя «Сябры» (з 1992, кіраўнік А. Ярмоленка), дзіцячы ансамбль «Буслік» (з 1993, кіраўнік У. Сарокін). Лаўрэат Усесаюзных конкурсу сав. песні (1977), тэлеконкурсу «3 песняй па жыцці» (1979). Прэмія Ленінскага камсамолу Беларусі 1984.


Нават і аднаго слова "лістапад" трэба дабівацца

Председателю ГО «Таварыства

беларускай мовы імя Ф.Скарыны»

Трусову О.

ул. Румянцева, 13

220034, г. Минск

Об использовании

белорусского языка

Уважаемый Олег Анатольевич!

По поручению Минского горисполкома Ваше обращение рассмотрено в государственном учреждении "Столичный транспорт и связь".

В контексте поставленного вопроса информируем. С 15 октября 2007 года проездные билеты на ноябрь месяц поступили в продажу со штампом «лістапад». В дальнейшем название месяца на проездной документации будет осуществляться на белорусском языке.

И.о. директора И.Г. Дадалко.


Упершыню за 10 гадоў у Бярозе з'явіўся 1-шы беларускамоўны клас

Алег Лабовіч - бацька 2-х сыноў:: Алеся (Алёшы) і Вані. Вані 3 гады, а Алесіку 18 кастрычніка споўнілася 6 гадоў. І ў наступным годзе ён пойдзе ў першы клас. Бацька заўсёды хацеў, каб ягоны сын вучыўся ў беларускім (беларускамоўным) класе. Але са зьдзіўленнем ён даведаўся, што ў Бярозе няма беларускіх класаў.

Алег Лабовіч нарадзіўся ў г. Ваўкавыску ў 1976 г. З аднаго году жыў у в. Сакалова. Сам вучыўся ў беларускамоўнай Сакалоўскай школе (яна і зараз лічыцца беларускай). На лета часта ездзіў да бабулі з дзядулям ў Зэльвенскі раён (в. Навасёлкі). Скончыў Берасцейскі дзяржаўны тэхнічны універсітэт. 5 гадоў працуе ў ААТ "Бярозаўскі маторарамонтны завод". Інжынерканструктар.

Спадар Алег звярнуўся з лістом да начальніка раённага аддзела адукацыі сп. А. Курыловіча. У адказах было напісана: "...У раёне налічваецца 23 агульнаадукацыйныя школы і 16 дзіцячых дашкольных устаноў, якія здзяйсняюць навучанне і выхаванне на беларускай мове. Гарадскія школы і дзіцячыя сады з'яўляюцца рускамоўнымі па жаданню бацькоў. На падставе заяў законных прадстаўнікоў вядзецца камплектаванне груп і класаў. Беларуская мова вывучаецца ва ўсіх школах раёна без выключэння. Ва ўсіх дзіцячых дашкольных установах праводзяцца заняткі на беларускай мове з мэтай выхавання нацыянальнай самасвядомасці. Ва ўсіх установах адукацыі ажыццяўляецца выхаваўчая работа па далучэнню дзяцей да культурнай спадчыны беларускага народа: знаёмства з этнаграфііяй, краязнаўствам, фальклорам. Праводзяцца з выкарыстаннем беларускай нацыянальнай вопраткі народныя святы, гульні..., іншыя формы работы, працуюць гурткі дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва.

Асабліва багаты вопыт работы па фарміраванню беларускай культуры, нацыянальнай самасвядомасці дзяцей дашкольнага ўзросту напрацаваны ў дзіцячых садах № 8, № 3 г. Бярозы, а таксама ва ўсіх гарадскіх школах.

Такім чынам, беларуская мова, культура народа не губляюцца, і калі будзе жаданне і заявы бацькоў з мэтай выхавання і навучання дзяцей у беларускамоўных групах дзіцячага сада і беларускамоўных класах школы, аддзел адукацыі, разам з навучальнымі ўстановамі, будзе садзейнічаць іх адкрыццю."

"...Сапраўды, ва ўсіх школах горада выкладанне вучэбных прадметаў вядзецца на рускай мове. У перыяд з 1987 па 1996 год у школах функцыявалі беларускамоўныя класы: у кожнай паралелі было па 5 такіх класаў. З зацверджаннем у краіне Закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" і бацькі і дзеці мелі права выбару мовы навучання. Таму паступова колькасць беларускамоўных класаў змяншалася і нават на сённяшні момант яны зусім зніклі..."

Тады сп. Лабовіч даведаўся адрас і звярнуўся з лістом у Менск у грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Там, каб абараніць ягонае канстытуцыйнае права на "свабоду выбару мовы выхавання і навучання" (Канстытуцыя Рэспублікі Беларусі, арт.50), параілі звярнуцца з лістамі ў тры адрасы: да Міністра адукацыі, Генеральнага пракурора і Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусі. У адказе з ТБМ былі ўказаныя адпаведныя адрасы. Сп. Алег скарыстаўся гэтаю парадаю і адправіў туды свае звароты. Звароты ў пракуратуру і ў Канстытуцыйны Суд былі адтуль пераадрасаваныя ў Міністэрства адукацыі. Міністэрства даручыла раённаму аддзелу адукацыі "вывучыць пытанне аб неабходнасці адкрыцця беларускамоўных класаў у г. Бярозе… ў сувязі з пажаданнямі законных прадстаўнікоў навучэнцаў і, пры неабходнасці ў рамках прававога поля, вырашыць пытанне аб іх адкрыцці".

27 жніўня г.г. у сярэдняй школе № 2 быў праведзены сход бацькоў першакласнікаў, якія павінныя былі пайсці ў школу з 1 верасня. Са 130 бацькоў прысутнічала каля 115. Перад імі выступілі дырэктар школы Святаслаў Мікалаевіч Гук, настаўніца беларускай мовы Галіна Сямёнаўна Халімончык, наменіца дырэктара па пачатковых класах Таццяна Мікалаеўна Атрошчанка, намесніца загадчыка раённага аддзела адукацыі Таццяня Пятроўна Брэнька, намесніца дырэктара па замежнай мове Таццяна Сяргееўна Гардзейчык. Яны распавялі, як важна і неабходна ў наш час валодаць не толькі замежнаю, але і роднаю моваю.

Галіна Сямёнаўна прывяла яскравыя прыклады ўжывання роднай мовы, паказала на фактах, што беларускую мову любяць у школе, што яе выбіраюць выпускнікі для здачы тэставання, з задавальненнем навучаюцца ў класах філалагічнага профілю, дзе беларуская мова вывучаецца на павышаным узроўні. Сёлета сярод 10-11-ых такіх класаў 5. Ды ўжо і таму варта вучыцца на беларускай , што гэта свая, родная мова. "Сваё слоўка, што салоўка".

Бацькам было прапанавана стварыць беларускаангельскі 1 "Г" клас. Дзякуючы прамовам выступоўцаў і жаданню бацькоў, каб іхняе дзіця з першага класа вывучала ангельскую мову, у беларускамоўны клас было пададзена 15 заяваў.

Такім чынам упершыню за 10 гадоў у Бярозе зноў з'явіўся першы беларускамоўны клас.

Умовы для 1га "Г" створаныя нават трошкі лепшыя, чым для астатніх першых класаў. Ён адзіны з 7мі першых класаў у школе № 2 размешчаны ў самой школе (астатнія класы знаходзяцца ў дзіцячых садках). Большасць вучняў класа знаходзяцца ў школе да 1800. Тут яны і спяць (ціхая гадзіна з 1400 да 1600) і харчуюцца. Вядзе клас маладая настаўніца Віталія Анатольеўна Кавальчук, якая мае спецыалізацыю: пачатковыя класы і беларуская мова.

Спадарыня Віталія Кавальчук скончыла Баранавіцкі вышэйшы педагагічны каледж. Пачала сваю педагагічную дзейнасць у 2000 г., тады ў школе № 2 яна вяла 4ты беларускамоўны клас (зараз тыя школьнікі вучацца ўжо ў 11м класе і сканчаюць школу). 2 гады была ў дэкрэце, цяпер сыну ўжо 5 гадоў. 3 гады вяла фізкультуру і ў гэтым годзе, нарэшце дачакаўшыся чаргі, атрымала свой клас.

Па словах спн. Віталіі весці ўсе заняткі пабеларуску для яе не мае ніякіх складанасцяў. Беларускія падручнікі ў школе ёсць. Праўда, пакуль ёсць недахоп у кніжкахчытанках, падручніках для дадатковага навучання, картках, плакатах, бо беларускі клас быў створаны літаральна перад самым пачаткам навучальнага года.

Дзеткі патрошкі асвойваюць беларускую мову і ўжо пачынаюць прывучаць да яе і вучыць ёй бацькоў. Хоць і амаль усе яны з беларускіх сем'яў (толькі адзін хлопчык з рускаармянскай), аднак і ў сям'і і ў дзіцячым садку большасць жыве ў расейскамоўным асяроддзі.

Штодня ў іх па 45 урокаў па 35 хвілінаў. І недзе да 1200 яны вучацца разам з настаўнікамі. Ангельскай мове пабеларуску іх навучаюць Наталля Мікалаеўна Ківатыцкая і Наталля Аляксееўна Буткарова. Музыку вядзе Людміла Захараўна Трафіменка. Руская мова - пакуль ідзе вусным курсам. А пасля ўрокаў з імі ўжо займаецца выхавацелька Таццяна Іванаўна Зянкевіч.

Хачацца падзякаваць усім настаўнікам з другой школы і супрацоўнікам раённага аддзела адукацыі, якія спрычыніліся і паспрыялі аднаўленню беларускамоўнага навучання ў нашым горадзе. Падобраму зайздрошчу ініцыятару - сп. Алегу Лабовічу, дзякуючы настойлівасці якога сёння ў Бярозе ёсць беларускаангельскі клас. У свой час нас было двое бацькоў, якія спрабавалі стварыць для сваіх дачок такі ж беларускаангельскі клас, аднак мы выніку не дасягнулі.

Сяржук Русецкі, сябра ТБМ, г. Бяроза Берасцейскай вобл


МЫ РАЗАМ ІШЛІ ДА БЕЛАРУСІ

Ірына Платонаўна Крэнь… Успамінаючы Ірыну Платонаўну, прыходжу да высновы, што гады яе працы ў газеце "Наша слова" былі самымі яркімі і плённымі ў яе працоўнай і жыццёвай біяграфіі. І не толькі самымі яркімі і плённымі ад таго, што яна актыўна ўдзельнічала ў выпуску газеты "Наша слова", а больш ад таго, што яна, як і ўсе супрацоўнікі штотыднёвіка Таварыства беларускай мовы, вяртала ў сэрцы і душы беларусаў гонар звацца беларусамі, беларусамі, якія маюць сваю мову і шматвяковую гісторыю і ганарацца гэтым.

Успамінаючы Ірыну Платонаўну, я не магу не згадаць тыя ўмовы жыцця і працы, у якіх мы ўсе тады жылі і працавалі. А час быў вельмі складаны, але ўсёткі светлы. І няхай гэта гучыць пафасна, але мы ўдзельнічалі ў нацыянальным Адраджэнні і разам з усімі ішлі да Беларусі. І, каб не быць галаслоўным, я прывяду некаторыя запісы са свайго дзённіка, якія тычацца непасрэдна "Нашага слова" і Ірыны Крэнь.

5.05.1991. 29 красавіка- мой першы дзень працы ў "Нашым слове". Рэдактар Эрнест Ялугін растлумачыў мне ўсе мае абавязкі. Самае галоўнае- буду займацца літаратурай. У гэты ж дзень падрыхтаваў да друку верш Уладзіміра Пецюкевіча і подпісы да здымкаў. Здымкі прынёс з часопіса "Беларусь", бо ў нас сваіх няма…

Сапраўды, на той час у нас не было свайго фотакора і мы карысталіся тымі здымкамі, якія толькі маглі раздабыць у іншых рэдакцыях або купіць у БелТА. І, зразумела, мае першыя і потым усе матэрыялы для "Нашага слова" перад тым, як ісці ў друк, былі прачытаны стыльрэдактарам Ірынай Крэнь. Ірына Платонаўна чытала ўсё, і нават у некаторых выпадках яе меркаванне, друкаваць ці не друкаваць той ці іншы матэрыял, было больш галоўным за слова рэдактара. Чаму? А таму, што Ірына Платонаўна была не толькі высокаадукаванай і інтэлігентнай жанчынай, але яна мела аўтарытэт прафесійнага мовазнаўцы і стыльрэдактара. І наш рэдактар з думкамі Ірыны Крэнь заўсёды лічыўся. Некаторыя матэрыялы яна сама перапісвала за аўтараў, хоць гэта рабіць у яе абавязкі і не ўваходзіла. А чаму яна так рабіла? Бо яна ведала і разумела, што чытачы "Нашага слова"- патрыёты Беларусі, ды, на жаль, не ўсе з іх добра валодаюць прафесіяй журналіста. І даведзеныя Ірынай Платонаўнай да ладу матэрыялы ішлі ў друк. І мелі чытацкі рэзананс. І Ірына Платонаўна радавалася, калі з цягам часу яе падшэфныя аўтары самі пачыналі пісаць на тым узроўні, калі ўжо не трэба было іх перапісваць. Да ўсяго, Ірына Платонаўна сама пісала надзённыя артыкулы, і ў яе яны добра атрымоўваліся…

8.09.1991. 16 жніўня разам з Людай і Веранічкай, а таксама з сям'ёй Галубовічаў паехаў у Дом творчасці "Іслач". Надвор'е было добрае. Усе радаваліся, што выбраліся на прыроду… Веранічцы спадабалася ў Доме творчасці і яна адразу забылася і пра Мінск, і пра бабулю Галю.

19 жніўня, устаўшы недзе ў шэсць гадзін, я паехаў у Мінск у рэдакцыю на вёрстку нумара. Напачатку заглянуў дахаты, а затым да цешчы ў газетны кіёск, дзе яна працавала. Цешча між іншым паведаміла, што Гарбачова знялі, на што я сказаў: "Такога не можа быць…" і паехаў у рэдакцыю "Нашага слова". Памяшканне ТБМ было замкнута і мне давялося даўгавата пастаяць пад дзвярыма. Першай прыйшла Люба Баршчэўская і, убачыўшы мяне зусім спакойным, сыталася:" Ты, відаць, нічога не ведаеш?" "А што?" "У краіне ваенны пераварот. Я ўжо мужу засушыла булку на сухары…" І толькі пасля гэтага я зразумеў, што цешча мая не жартавала… У галаве закруціліся розныя і страшныя думкі… Калі прыйшоў Ялугін і ўсе астатнія, мы пачалі абмяркоўваць палітычную сітуацыю. А па радыё і тэлебачанні ўсё перадаюць і перадаюць пастановы ГКЧП. Пагаварыўшы, мы ўсе прыйшлі да высновы, што нашу газету забароняць, але нумар чарговы, нічога не мяняючы, як было запланавана раней, пачалі рабіць. Баршчэўская, праўда, бядавала- мужа арыштуюць. Ялугін суцяшаў, што арыштоўваць яго адразу не будуць, а тым больш нас, і гэты путч камуністычна-ваенны яшчэ невядома ці пераможа, бо калі перамагаюць, то перамагаюць адразу. Зрабіўшы нумар, я адпрасіўся назад у "Іслач"…

Ірына Платонаўна, у якой быў рэпрасаваны бацька, як ніхто разумела тое, што адбылося ў краіне. Але яна была спакойная і, відаць, у многім, дзякуючы ёй, мы не разгубіліся, а працягвалі рабіць газету. І зрабілі, і газета выйшла… І нам не сорамна…

5.10.1991. У рэдакцыю прыходзіў Янка Брыль. Ён доўга размаўляў з Ірынай Крэнь. Успамінаў войскапольска. А мы, забыўшыся на працу, слухалі…

Часцей у першую чаргу да Ірыны Платонаўны, каб пагаварыць з ёй, а не ў рэдакцыю, прыходзілі і Янка Брыль, і Радзім Гарэцкі, і Уладзімір Калеснік, і шматшмат хто з тых інтэлігентаў, што з'яўляліся і з'яўляюцца гонарам нашай нацыі. І, дзякуючы Ірыне Платонаўне, нашаслоўцы мелі магчымасць не толькі слухаць вядомых грамадскіх і культурных дзеячоў, але і ўдзельнічаць у абмеркаваннях падзей, якія тады адбываліся…

2627.03.1993. У гэтыя дні якраз праходзіў ІІІ з'езд ТБМ. Прыехала каля 200 дэлегатаў і дзесяткі гасцей. Ніл Гілевіч пачаў з'езд… Крытыкавалі нашага рэдактара і газету (усёткі несправядліва!), але было адзначана, што інфармацыйны бок газеты вытрыманы ў дэмакратычным кірунку. Усе супрацоўнікі "НС" хваляваліся за Ялугіна, але ўрэшце рэшт усё скончылася добра і Эрнест Васільевіч і далей будзе ўзначальваць "Наша слова"…

Найбольш за ўсіх, і гэта было бачна, за Эрнеста Ялугіна хвалявалася Ірына Крэнь. І, памойму, яна была закаханая ў нашага рэдактара. І, калі ў Ялугіна памерла жонка, то можна было бачыць, як Ірына Платонаўна час ад часу прыносіла і прапаноўвала Эрнесту Васільевічу паабедаць. І такія простыя і душэўныя адносіны Ірыны Платонаўны да Ялугіна нас супрацоўнікаў газеты радавалі, бо мы вучыліся суперажываць і чужы боль браць да сэрца. А Ірына Платонаўна заўсёды чужы боль брала да сэрца і радавалася ад усяе душы поспехам і радасцям іншых. У "Нашым слове" у яе чужых людзей не было, як і не была і яна нікому чужой…

26.09.1994. Тыдзень назад нам зноў сказалі, што не будуць даваць зарплату, бо фінансуемся на 75 %, а грошай няма і ў нас 2 мільёны доўгу. Напісалі ліст Бутэвічу, а ён наклаў рэзалюцыю: "Прашу разабрацца. Унесці прапановы". Яго намеснік напісаў тое ж самае. Усе напісалі разабрацца, а грошай нам так і не далі. Я занёс ліст пра ўсё гэта Нілу Гілевічу. Сёння вечарам будуць думаць, што далей рабіць з газетай. З Ялугіным сустракалі Генадзя Бураўкіна, прасілі дапамагчы ў нашай справе, але той толькі развёў рукамі…

На той час наклад "Нашага слова" быў каля 10 тысяч і на выпуск газеты патрэбна было шмат сродкаў. Да ўсяго вар'яцкая інфляцыя хутка з'ядала ўсе падпісныя грошы і мы ледзьледзь зводзілі канцы з канцамі, але не здаваліся. І тут ужо Ірына Платонаўна клапацілася не толькі пра выхад газеты, але, нібыта родная маці, і пра кожнага супрацоўніка, бо яна ведала, што ў кожнага з нас ёсць дзеці. Дзе цёплым словам, а дзе і цукеркамі яна старалася стварыць кожнаму добры настрой. І, нягледзячы на цяжкі фінансавы перыяд, мы ў рэдакцыі адзначалі нацыянальныя святы, дні народзін, на якіх Ірына Платонаўна заўсёды нас частавала цудоўнымі пірагамі. І мы, дзякуючы ёй, адчувалі сябе калектывам, сям'ёй…

30.10.1994. Амаль месяц Ялугін ходзіць з ідэяй аб'яднаць "Наша слова" з "Культурай", каб атрымалася "Слова Культуры". Абышоў усіх. У ТБМ заварушыліся, пачуўшы пра ідэю аб'яднання. У чацвер Ніл Гілевіч паклікаў у свой кабінет, што ў Вярхоўным Савеце, Ялугіна, Вільтоўскага, Цумарава, Санько і мяне. Цумараў пасядзеў крыху і пабег на нейкае паседжанне. Пра "вяселле", як назваў Вільтоўскі прапанову Ялугіна аб'яднаць "Наша слова" з "Культурай", гаварылі доўга. Ялугін нават заявіў: "Калі я не падыходжу вам як рэдактар, то здымайце з пасады". А Гілевіч яму ў адказ: "Калі трэба будзе зняць з рэдактарства, то здымем.". Словам, усе выступілі супраць прапановы Ялугіна, бо ў ТБМ павінна быць свая газета, як бы цяпер не было цяжка яе выдаваць. Без газеты не будзе ТБМ…

Без газеты не будзе ТБМ! Гэтую выснову супрацоўнікі "Нашага слова" зразумелі і ўспрынялі правільна. І працавалі, і працуюць цяпер, помнячы пра гэта. І хутка, не агледзімся, як "Нашаму слову" будзе 20 гадоў. А там і 25, і 50, і 100! І я думаю, успамінаючы першых супрацоўнікаў выдання, дзякуючы якім наша беларускае слова праз газету вярталася ў сэрцы і душы людскія, будзе заўсёды называцца і Ірына Платонаўна Крэнь. Яна вартая гэтага!

Віктар ШНІП.


"Радыё Швецыя" па-беларуску - 3 гады ў эфіры

Беларуская служба "Радыё Швецыя" адзначыла тры гады выхаду ў эфір. У гэтай службе працуюць чатыры беларусы - два паводле кантракту і два пазаштатныя супрацоўнікі. На пытанні "Свабоды" адказаў прадусар праграмы Зміцер Плакс.

Караткевіч: "У чым адрозненне вашага радыё, якое перадае пабеларуску ад, прыкладам, Беларускай рэдакцыі Польскага Радыё ці Радыё Свабода пабеларуску?"

Плакс: "Ну, па-першае, мы не асвятляем падзей у Беларусі. Гэта не нашая вотчына. Мы асвятляем выключна падзеі ў Швецыі або беларускашведскія дачыненні, калі ёсць нешта агульнае.
Падругое, "Радыё Швецыя" гэта грамадская станцыя, непалітычная, недзяржаўная. Так званы public service. Вось такія два асноўныя адрозненні."

Караткевіч: "У сваім лісце, у якім вы звяртаецеся да слухачоў, сярод іншага кажаце аб укладзе ў развіццё Інтэрнэту. Калі гаварыць аб слухацкай аўдыторыі, ёсць магчымасць яе падлічыць, параўнаць з інтэрнэтнай?"

Плакс: "Мы не маем магчымасці праводзіць даследванні нашай аўдыторыі. Таму вельмі складана адказаць на гэтае пытанне. Паводле апошняга апытання, якое праводзіў НІСЭПІ, нашую радыёстанцыю слухаюць каля 140 000 жыхароў Беларусі. Апытанне тычылася таго, якія замежныя радыёстанцыі слухаюць на кароткіх хвалях рэспандэнты.

Мы выходзім у эфір 4 разы на тыдзень па суботах, нядзелях, панядзелках і аўторках у 20.30 паводле менскага часу на частаце на кароткіх хвалях 6065 кГЦ у дыяпазоне 49 метраў

У Інтэрнэце пакуль нас слухае значна меншая аўдыторыя, але колькасць інтэрнэтнаведвальнікаў стала павялічваецца. Асабліва цяпер, калі мы распачалі падкастынг".

Караткевіч: "Вы сказалі, што вашая місія расказваць, што адбываецца ў Шведскім Каралеўстве і аб дачыненнях Беларусі і Швецыі. Якая актуальная інфармацыя якраз аб стасунках Швецыі і Беларусі?"

Плакс: "Напрыклад, інфармацыя, якая шырока прайшла тут, асвятлялі гэта не толькі мы, але і іншыя рэдакцыі Шведскага радыё гэта інфармацыя пра тое, што Швецыя будзе дапамагаць Беларусі ў будаўніцтве сховішча радыёактыўных парэшткаў. Заўтра, напрыклад, будзе вечарына ў Шведскім Доме пісьменьніка, куды прыедуць пераможцы моладзегвага кубку паэзіі, які штогод адбываецца ў Пінску. Мы таксама будзем гэта асвятляць.

Інтэрнэт-адрас "Радыё Швэцыя" па-беларуску - radiobelarus.se.

Вольга Караткевіч.


Кветка, што расцвіла ў Слуцку

90 гадоў з дня ўтварэння культурна-асветнай арганізацыі "Папараць-кветка"

На хвалі нацыянальнаадраджэнчаскага руху, што напачатку ХХ стагоддзя ўзнялася на ўскраінах былой Расійскай імперыі, назіраліся з'явы, якія аказаліся вызначальнымі і ў справе фармавання сучаснай беларускай культуры. Адным з агменяў, у якім разгараўся агеньчык беларускай справы была Случчына.

У ліпені 1917 года па ініцыятыве Радаслава Астроўскага, камісара Слуцкага павету пры Часовым урадзе, у Слуцку была заснавана народная агульная гімназія, якая зза сваёй нацыянальна арыентаванай праграмы атрымала назву беларускай гімназіі. Першым дырэктарам яе стаў Астроўскі. Для ўстановы прыстасавалі будынак у гарадскім раёне, які называўся Калонія. А ў верасні 1917 года яе навучэнцамі было ўтворана культурнаасветнае таварыства "Папарацькветка", мэтай дзейнасці якога аб'яўлялася вывучэнне і прапаганда беларускай мовы, культуры і мастацтва, далучэнне да культурных каштоўнасцяў шырокага кола несельніцтва праз стварэнне і падтрымку філіялаў, стацыянарных і перадвіжных бібліятэк, правядзенне лекцый і канцэртаў.

Звычайна ўлады, што ў паслярэвалюцыйныя часы мяняліся ў нашым краі даволі часта, да беларускай справы ставіліся недобразычліва. Не раз падчас нямецкай і польскіх купацый прыходзілася працаваць падпольна. А зза таго, што многія актывісты аб'яднання прынялі актыўны ўдзел у атыбальшавісцкім Слуцкім збройным чыне 1920 года, то пасля ўсталявання Савецкай улады аб'яданне ўвогуле спыніла дзейнасць. Несумненна, апошняе стала прычынай таго, што дзейнасць "Папарацькветкі" не была адлюстравана папулярнай літаратуры ў савецкія часы. Ды і сёння, акрамя матэрыялаў у адпаведных даведніках і некалькіх публікацый у часопісе "Спадчына" знайсці немагчыма. Не змяшчае матэрыялы пра яе экспазіцыя мясцовага краязнаўчага музея.

Ініцыятарамі аб'яднання сталі вучні Слуцкай Беларускай гімназіі Сяргей Бусел і Янка Ракуцька (стаў першым старшынёй аб'яднання). Да іх далучыліся гімназіст Антон Коберц, пазней звольнены з войска Васіль Русак. У кастрычніку 1919 года, калі ў аб'яднанні сталі пераважаць дарослыя, "Папарацькветка" з маладзёжнай арганізацыі ператварылася ў грамадскую.

Складалася аб'яднанне з літаратурнай, краязнаўчай (культурнаасветнай), харавой і тэатральнай секцый. Сярод жыхароў павету папулярнасцю карысталаліся выпушчаныя аб'яднаннем два нумары часопіса "Наша каляіна". Паступова з'яўляліся філіялы арганізацыі: гурткі "Зарніца" у вёсцы Старыца (кіраўнік Алесь Каўпак), "Крыніца" у вёсцы Засялонне (кіраўнік Алесь Аніхоўскі), "Вясковая Зорка" у вёсках Ліпнікі і Ісерна (кіраўнік Улас Дубіна), у мястэчку Грозава (кіраўнік настаўнік Пратасевіч), вёсцы Сухая Міля. Былі закладзены чытальні ў вёсцы Заграддзе і ў слуцкім прадмесці Востраў. З дапамогай сябраў аб'яднання ў павеце адкрываліся беларускія школы, для настаўнікаў наладжаны настаўніцкія курсы.

У Слуцку харавая і тэатральная секцыі, якімі кіравалі Андрэй Бараноўскі і Васіль Русак, святочнымі вечарамі ставілі прадстаўленні, рабілі і выезды з канцэртамі і пастаноўкамі ў вёскі і мястэчкі павета. Яе ўдзельнікамі з Менска быў запрошаны хор пад кіраўніцтвам нашага зямляка Уладзіміра Тэраўскага (18711938). У Слуцу хор Тэраўскага даў вечарканцэрт, на наступны дзень спектакль, але сапраўднай падзеяй для горада стала выступленне хора пад час абедні ў гарадскім Мікалаеўскім саборы. Летам 1920 года з тэатральнай секцыяй працаваў прыехаўшы з Мінска выдатны тэатральны дзеяч, пісьменнік і рэжысёр Уладзіслаў Галубок (18821937).

Аўтарытэт і поспехі аб'яднання набылі такія памеры, што да яго ўрэшце далучылася практычна ўся слуцкая інтэлігенцыя, а колькасць ўдзельнікаў дасягнула больш трохсот чалавек.

На Случчыне "Папараць-кветка" стала першай сапраўды народнай нацыянальнай масавай культурнаасветнай арганізацыяй. Нягледзячы на адносна нядоўгі час існавання, яна стала прадвесніцай тых культурнаасветных і адукацыйных грамадскіх рухаў і аб'яднанняў Случчыны, якія пазней працягвалі працу на карысць нацыянальнай культуры. У іх ліку Слуцкая акруговая філія літаратурнага аб'яднання "Маладняк", якая дзейнічала ў 192527 гадах. Краязнаўчую дзейнасць працягвала слуцкая павятовая камісія беларусазнаўства, пазней рэарганізаваная ў павятовае таварыства краязнаўства, якому прышлося спыніць дзейнасць у 1930я гады. А сёння да прадаўжальнікаў распачатай 90 гадоў таму справы можам далучыць шматлікія самадзейныя народныя харавыя, і тэатральныя калектывы (адзін з іх таксама мае назву "Папарацькветка"), што працуюць пры гарадскіх і раённых установах культуры і на прадпрыемствах, мясцовае літаратурнае аб'яднанне "Случ", слуцкі адукацыйнаасветніцкі цэнтр "Вытокі", слуцкую філію Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Сілуэты ўдзельнікаў

Марк Асвяцімскі (1886-1938). Нарадзіўся ў Слуцку. Член партыі эсэраў. Адзін з кіраўнікоў слуцкай павятовай міліцыі пры мяс-цовым камісарыяце Часовага ўрада. Удзельнік Усебеларускага з'езду 1917 года. Актыўны сябар таварыства "Папараць-кветка". У 1930-я гады працаваў у Гомелі, дзе быў арыштаваны і прыгавораны да растрэлу. У 1960 годзе рэабілітаваны.

Алесь Аніхоўскі (1897-1950-я гг.). Нарадзіўся ў вёсцы Старыца Слуцкага па-вету (цяпер Капыльскі раён). Член аб'яднання "Папараць-квтка", у 1920 годзе скончыў Слуцкія настаўніцкія курсы беларусазнаўства. Вучыўся ў БДУ, у 1927-30 гады інспектар Наркамасветы БССР. Арыш-таваны органамі НКУС у 1935 годзе, у 1943 годзе арыштаваны паўторна і асуджаны на 10 гадоў канцлагераў. Вызва-лены ў 1956 годзе, жыў у горадзе Іванава.

Сяргей Бусел (1901-пасля 1940). Нарадзіўся ў вёсцы Сухоўчыцы Слуцкага павета (цяпер Капыльскі раён). Вучыўся ў Слуцкай беларус-кай гімназіі, адзін з заснаваль-нікаў аб'яднання "Папараць-кветка". Удзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920 года. Пазней жыў у Літве, у Празе, дзе скончыў Вышэйшую тэх-нічную школу, у Заходняй Беларусі. У 1939 годзе арыш-таваны, вывезены ў СССР, атрымаў 15 гадоў лагераў і далейшы яго лёс невядомы.

Андрэй Бараноўскі (1895-1938). Нарадзіўся ў засценку Вялікія Машыцы Слуцкага павета. Скончыў Слуцкую праваслаўную ду-хоўную вучэльню, займаўся на настаўніцкіх курсах. Арганізоўваў беларускія школы і культурніцкія арганізацыі ў Слуцкім павеце, узначальваў драматычна-тэатральную секцыю "Папараць-кветкі", рэдагаваў часопіс "Наша каляіна". З 1920 года загадчык школьнага аддзела Слуцкага рэўкаму, інспектар акружнога аддзела народнай адукацыі. З 1924 года на выкладчыцкай рабоце ў Менску. У 1938 годзе арыштаваны і прыгавораны да рас-стрэлу. У 1960 годзе рэабілітаваны.

Улас Дубіна (?-?) Нарадзіўся ў вёсцы Ісерна Слуцкага павету. Член партыі эсэраў, актывіст аб'яднання "Папараць-кветка". Удзельнічаў у Слуцкім збройным чыне 1920 года, пазней жыў у Заходняй Беларусі. З 1923 года жыў у БССР, у 1933 годзе арыштаваны і далейшы лёс невядомы.

Васіль Русак (1896-1950-я гг.). Нарадзіўся ў вёсцы Ячава Слуцкага павету. Удзельнік 1-й сусветнай вайны, з 1918 года на Случчыне. Працаваў у Беларускім нацыянальным камітэце, кіраваў хорам у "Папараць-кветцы", разам з тэатральнай трупай выступаў у вёсках Случчыны. Прымаў удзел у Слуцкім збройным чыне 1920 года, пазней жыў у Заходняй Беларусі, Чэхаславакіі. Там у 1945 годзе быў арыштаваны, вывезены ў Менск і асуджаны на канцлагер, дзе у пачатку 1950-х гадоў памёр.

Ігар Ціткоўскі, Слуцк.


Слуцкая гарадская арганізацыя Грамадскага аб'яднання " Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" абвяшчае конкурс "390 год найстарэйшай школе Беларусі!"

Пачнём збіраць зярно к зярняці,

былое ў думках уваскрашаць ...

Янка Купала.

Заснаваная ў 1617 годзе князем Янушам VI Радзівілам у Слуцку кальвінісцкая вучыэльня дала пачатак Слуцкай гімназіі, якая ўжо 390 год працуе на карысць Бацькаўшчыны.

Дзякуючы найвыдатнейшым педагогам, Слуцкая школа з'яўлялася перадавым цэнтрам педагагічнай думкі еўрапейскага ўзору. "Не ўладарыць над свядомасцю, а выхоўваць норавы і прыцягваць моладзь да навукі", - такой была філасофія "бастыёну гуманізму" ва ўмовах шматканфесійнасці Слуцкага княства часоў ВКЛ.

Гістарычная і культурная спадчына тых асобаў, якія жылі і дзеялі ў нашай малой айчыне, тых, хто ў змаганні, працы, творчасці здабываў славу і гонар школе - наш неацэнны скарб, які мы ня маем права згубіць.

- Тэматыка конкурсу ахоплівае гісторыю Слуцкай гімназіі і асабістую гісторыю яе выпускнікоў, а таксама ментальнасць нашага народу, яго дзяржаўныя традыцыі, прававыя і культурныя нормы і інстытуты.

- Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца вучні школ, ліцэяў, гімназій, а таксама навучэнцы каледжаў, ПТВ, тэхнікумаў і г.д.

- Прымаюцца мастацкія і дакументальна-публіцыс-тычныя пісьмовыя творы розных жанраў, а менавіта: апавяданні, нарысы, вершы, паэмы, песні, эсэ і іншыя.

- Прымаюцца таксама жывапісныя і графічныя творы выяўленчага мастацтва: партрэты, пейзажы, гістарычныя і батальныя карціны, шаржы, малюнкі, рэпрадукцыі мапаў, гербы і іншае. Да графічнай працы фармату А-3 ці А-4 неабходна дадаць пісьмовае тлумачэнне сэнсу твору.

- Удзельнікі могуць прапанаваць і іншыя тыпы твораў, якія будуць мець дачыненне да гісторыі Слуцкай гімназіі.

- Праца можа быць выканана як індывідуальна, так і групай; як самастойна, так і з дапамогай кіраўніка. Кіраўніком (куратарам) працы можа быць настаўнік, выхавацель, бібліятэкар, альбо хтосьці з сям'і аўтара. Адзін куратар можа прымаць удзел у падрыхтоўцы некалькіх прац.

- Мова пісьмовай працы - беларуская.

- Журы конкурсу вызначыць па 3 лепшыя работы ў кожным жанры. Пераможцы будуць узнагароджаны сувенірамі. Кожны удзельнік конкурсу атрымае кнігу з аўтографам аўтара.

- Прыём прац з паметкай "Конкурс - гімназія" ажыццяўляецца да 10 снежня 2007 г. Грунтоўныя працы прымаюцца і ў больш позні тэрмін.

Зычым Вам поспехаў і перамогі!


ГУЧЫ, РОДНАЕ СЛОВА!

Такую назву маюць тэматычныя вечарыны, якія рэгулярна ладзяцца сябрамі гарадской суполкі ТБМ у Полацку. Змест іх самы розны. На гэты раз вечарына пачалася з песні "Малітва" на словы Янкі Купалы ў выкананні Вольгі Пузікавай. І не выпадкова. Бо мерапрыемства праходзіла ў бібліятэцы імя Купалы. І на яго быў запрошаны адзін з пераможцаў конкурсу абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў "Верш на юбілей", прысвечаны вялікаму песняру. Алесь Замкоўскі прачытаў вершы, якія дасылаў на конкурс. З самапрэзентацыяй новых кніг выступілі Лера Сом і Валерый Старынскі. Галіна Загурская прэзентавала новы калектыўны зборнік творцаў літаратурнага аб'яднання "Наддзвінне" пад назвай "Вытокі". "Слова пра беларускую мову" меў выкладчык Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Мятла. Віктар Дзмітрыевіч памайстэрску прачытаў творы класікаў беларускай літаратуры, выказаў сваё стаўленне да "старажытнейшай, самай славянскай" з моў. Феакціст Фядотаў прадставіў літаратурнамузычную кампазіцыю па сваіх творах. Песні гучалі ў выкананні Раісы Клімуш, Міхаіла Зудзілава, Зміцера Пугачэўскага. Прыемнай неспадзяванкай стала прысутнасць на вечарыне старшыні ТБМ Алега Трусава, які прыехаў у гэты дзень у камандзіроўку ў Полацк і трапіў на вечарыну. Алег Анатольевіч гаварыў пра стан спраў у Таварыстве, пра падпіску на газеты "Наша слова" і "Новы час", перадаў гэтыя газеты ў падарунак. Напрыканцы сустрэчы прысутныя (каля 60ці чалавек) за кубкам гарбаты з пірагамі абмяняліся думкамі, абмеркавалі бліжэйшыя планы.

Валянціна Крук, старшыня гарадской суполкі ТБМ, г. Полацк. Фотаздымкі Эрнста Цецярэўскага


Да 200-годдзя В. Дуніна-Марцінкевіча

23 студзеня 2008 года споўніцца 200 гадоў з дня народзінаў паэта, драма-турга, тэатральнага дзеяча Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Да гэтай слаўнай даты Таварыства беларускай мовы выдала кішэнны ка-ляндар на 2008 год.

На яго тытуле - парт-рэт В.Дуніна-Марцікевіча, напісаны мастаком Аляксеем Марачкіным у 1983 г. да 175-годдзя пісьменніка. На тле карціны - эмблема ТБМ, надпіс - В. Дунін-Марцінкевіч - і гады ягонага жыцця.

На адваротным баку - каляндар на 2008 г., каардынаты Таварыства.

Дызайн выканаў сябра ТБМ, мастак Ігар Марачкін.

Памятны юбілейны каляндарык можна атрымаць праз пошту, папярэдне даслаўшы ахвяраванне на дзейнасць Таварыства ў памеры 1000 руб.

Наш кар.


Тэматыка гістарычных семінараў

19 лістапада. Міхась Чарняўскі. "Захаванне і вывучэнне помнікаў гісторыі і культуры". Пачатак у 18.00, ТБМ

20 лістапада. Валер Мазынскі "Беларускі тэатр і кіно: здабыткі і паразы". Пачатак у 18.00, ТБМ

22 лістапада. Уладзімір Арлоў. Прэзентацыя кнігі "Імёны Свабоды". Пачатак у 18.00, ТБМ.


Северская зямля

Незабытыя беларускія землі

Севяране - гэта славянскае племя, суседзі нашых радзімічаў, што засялілі раку Дзясну і яе прытокі. У ХI ст. землі радзімічаў і севяран, а таксама часткова палян і вяцічаў уваходзяць у Чарнігаўскае Княства. Першым князем тут быў Мсціслаў Уладзіміравіч з 1024 года. У ХI стагоддзі у склад княства ўваходзіць Гомель, Чачэрск і Рэчыца, прычым з 1160 года Гомель (тады яго называлі Гомій), стаў цэнтрам удзельнага княства. У сярэдзіне ХII стагоддзя чарнігаўскія князі нават валодалі Слуцкам, Клецкам і Рагачовам. Паўночныя землі радзімічаў адышлі да Смаленскага княства. Пазней там узнікла ўдзельнае Мсціслаўскае княства, як складовая частка Вялікага Княства Смаленскага. У складзе Чарнігаўскага княства паступова склалася Ноўгарад-Северскае княства.

Яно узнікае на землях севяранаў і часткова вяцічаў у 1096-1097 гадах. Першым князем быў Алег Святаслававіч. У другой палове ХII ст. жыхары княства вядуць вайну з полаўцамі. У выніку няўдалага пахода 1186 г. князя Ігара і ўзнік твор "Слова пра паход Ігаравы", у якім есць цікавыя звесткі пра старажытную Беларусь. З 1238 года Ноўгарад-Северскае княства уваходзіць у склад Бранскага княства.

Горад Бранск як славянскае паселішча ўзнікае ў 985 годзе на беразе рэчкі Дзясна. Спачатку ён называўся Брынь, потым Дзябранск. У летапісе як горад Чарнігаўскага княства згадваецца ў 1146 годзе.

Пасля таго, як мангола-татары ў 1239 годзе разбурылі і знішчылі Чарнігаў, ацалелы чарнігаўскі князь Раман у 1246 годзе пераносіць у Бранск сталіцу з Чарнігава. Неўзабаве, у XII стагоддзі бранскія князі адначасова мелі і тытул князёў чарнігаўскіх. У Бранску тады знаходзілася рэзідэнцыя чарнігаўскіх епіскапаў. Але ў 1285-1297 гадах бранскія князі пераходзяць пад уладу Сма-ленскіх князёў.

Першы раз вярхоўную ўладу ВКЛ бранскія князі прызналі ў 1339 годзе. Аднак, ў 1352 годзе яны переходзяць пад сюзерынітэт Масквы. Але, неўзабаве, каля 1360 года у Бранску адбылося паўстанне, ў якім перамаглі прыхільнікі ВКЛ, і князь Альгерд пасадзіў на бранскі пасад князя Рамана Міхайлавіча Чарнігаўскага. Бранская епархія была падначалена Літоўскай метраполіі, незалежнай ад Масквы.

Князь Раман у 1363 г. перайшоў на бок Масквы. Войскі Альгерда занялі княства і новым князем стаў Зміцер Альгердавіч, сын Альгерда. У 1380 годзе ён прыйшоў на дапамогу маскоўскаму князю і прывёў на Кулікоўскае поле палкі са Старадуба і Бранска. Менавіта ён разам з Андрэем Полацкім і Баброкам-Валынскім быў ініцыятарам паходу маскоўскага войска за Дон насустрач хану Мамаю. На Кулікоўскім поле ён кіраваў першым рэзервам Дзмітрыя Данскога на левым фланзе, за ім стаялі войскі валынскага ваяводы.

У персанальным змаганні з татарамі вызначыўся манах Аляксандр Перасвет, які паходзіў з бранскіх баяраў і нарадзіўся ў северскім горадзе Любечы. Потым Зміцер загінуў у бітве на р. Ворскле . Вітаўт вярнуў былое княства Раману Міхайлавічу, які зноў вярнуўся з Масквы ў ВКЛ і пазней загінуў ў Смаленску ў 1401 годзе. З 1465 года бранскім княствам кіруюць князі Мажайскія да 1500 года.

У часы Альгерда і Ві-таўта назіраецца росквіт север-скай зямлі. Расквітнелі северскія гарады: Бранск, Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Пуціўль, Старадуб, Трубчэўск і Почап.

Князь Альгерд паса-дзіў ў забраных северскіх гарадах сваіх сыноў. У Бранску - Зміцера Карыбута, у Труб-чэўску - Андрэя Вогунта, у Чарнігаве - Канстанціна Скіргайлу. Былі збудаваны драў-ляныя замкі ў Почапе, Рада-гошчы, Рыльску і Пуціўлі. Вітаўт паставіў вялікія вайсковыя залогі ў Гомелі і Любечы.

У гэты час на тэрыторыі былой Северскай зямлі ўзнікае магутнае Старадубскае кнняства. Яно склалася пасля 1454 года, калі мажайскі князь Іван Андрэевіч уцёк з Масквы у ВКЛ і атрымаў у вотчыну гарады Гомель і Старадуб. І гэта не было выпадковым, бо яго бацька, сын Дзмітрыя Дан-скога, князь Андрэй Дзмітрыевіч, ажаніўся з дачкою стара-дубскага князя Аляксандра Пятрыкеевіча, Аграфенай. У 1465 г. да княства далучылі Бранск, у 1496 г. - Чарнігаў, і ў 1499 г. - Хацімль.

Варта адзначыць, што ў 1486 г. жыхары Бранска паўсталі і забілі свайго князя Андрэя, сына мажайскага князя Івана. З гэтага часу Бран-скам кіруюць вялікакняскія намеснікі. Старадубскія князі мелі свой двор, сваіх баяр і свае войска (палкі). У 1499 годзе князь Сямён Іванавіч атрымаў тытул "князь Старадубскі".

У канцы ХV ст. сітуацыя на ўсходзе ВКЛ пачала ўскладняцца. Пачынаецца экспансія суседняга Маскоўскага княства на захад. У 1500 г. маскоўскія войскі на чале з Якавым Захар'іным захапілі Бранск. Старадубскі князь Сямён Мажайскі прысягнуў Івану Ш Маскоўскаму і пе-райшоў са сваім княствам на яго бок. Пры гэтым прыхапіў горад Любеч і прыняў удзел ў захопе Пуціўля.

Восенню 1501 года войскі Шых-Ахмета, цара Заволжскай Арды захапілі Ноўгарад-Северскія і іншыя гарады Северскай зямлі, але потым адступілі, бо не дачакаліся дапамогі ад ВКЛ.

Пэўны час Старадубскае княства захоўвала аўтаномію (да 1518 г.) у складзе Масковіі, а потым пасля смерці апошняга старадубскага князя Васіля, перайшло ў непасрэднае валоданне Васіля III Маскоўскага. Разам з Бранскам, Старадубам, Чарнігавым, ў склад Масковіі трапіў і Гомель.

ВКЛ, вядома, не змірылася з такімі стратамі сваёй тэрыторыі. У 1534-1537 г.г. адбылася вялікая вайна, якая атрымала назву Старадубская. Войскамі ВКЛ кіраваў гетман Юры Радзівіл. У ліпені 1535 г. быў узяты Гомель, а потым і Старадуб (29 жніўня 1535 г.). Пры штурме старадубскага за-мка быў узяты вялікі палон. Вяртанне Го-меля выклікала вялікую радасць ва ўсёй нашай дзяржаве, аднак, Старадуб утрымаць не ўдалося. Мяжа паміж Гомелем і Старадубам павінна была быць на аднолькавай адлегласці - 50 вёрстаў паміж імі, але потым яна пасунулася на ўсход бліжэй да Старадуба.

У расійскіх архівах захаваўся збор дакументаў гетманскай канцылярыі Юрыя Радзівіла, якія датуюцца 1534-1536 г.г. З іх можна даве-дацца пра планы вай-сковых дзеянняў, дэталі вайсковых аперацый, стан вайсковай дысцыпліны, унікальныя звесткі пра стан і рамонт дарог і будаўніцтва мастоў. Радзівілаўскі архіў часоў Старадубскай вайны чакае ўдумлі-вых беларускіх даследчыкаў.

Сітуацыя на карысць ВКЛ і Рэчы Паспалітай змянілася ў пачатку ХVII ст., калі Маскоўская дзяржава саслабела. У выніку вайны з Масковіяй у 1618 годзе былі вернуты Старадуб, Почап, Трубчэўск, Ноўгарад-Северскі і Чарнігаў, але Бранск і Пуціўль засталіся ў Расіі.

У складзе Смаленскага ваяводства быў створаны Старадубскі павет, які належаў ВКЛ, а Ноўгарад-Северскі і Чарнігаўскі паветы ўтварылі Чарнігаўскае ваяводства ў складзе Польшчы (Кароны).

Паўночная частка вернутых северскіх земляў, у складзе Старадубскага павета (1625 г.) склала тры ўезды: Старадубскі, Почапскі і Тру-бчэўскі. У 1644 годзе Трубчэўскі ўезд перадалі Расіі, а ў 1646 годзе да Старадубскага павета далучылі Лоеўскую і Любечскую воласць Кіеўскага ваяводства.

У 1648 годзе на тэрыторыі Кароны (Польшчы) пачалося ўкраінскае паўстанне на чале з Багданам Хмяльніцкім. Яго войскі асадзілі Ноўгарад-Северскі, дзе была вялікая залога і шмат шляхты. Казакі адразу не змаглі захапіць добра ўмацаваны горад, але мясцовыя жыхары ноччу выкапалі падземны ход пад сцяною цвердзі, упусцілі праз яго казакоў, разам з імі знішчылі варту і адчынілі гарадскую браму. Горад быў захоплены, а залога ліквідавана.

Таксама, у гэтым жа годзе быў захоплены і Старадуб. Аднак мясцовая шляхта здолела ўцячы на захад, дзе атрымала назву "эзгулянты", захавала свае пасады і, нават, у розных месцах ВКЛ збіралася на соймікі. У 1670 г. старадубская шляхта атрымала Гожскае староства і мясцовасць Клейвы ў Гарадзенскім павеце, а так-сама землі ў Ковенскім і Віль-камірскім паветах ВКЛ. З 1667 г. яна праводзіла свае соймікі ў Вільні, а з 1777 года ў Жыж-морах Троцкага павета.

У Чарнігаве ў 1648 годзе быў заснаваны казацкі полк.

Новая вайна пачалася ў 1654 годзе, калі Расія напала разам з украінцамі на Рэч Паспалітую. У 1654 годзе на Беларусь пайшло 18 тысяч казакоў Нежынскага, Чарнігаўскага і Ахотніцкага палкоў на чале з Іванам Залатарэнкам. Расійскае войска пад кіраў-ніцтвам ваяводы Трубяцкога выйшла з Бранска і захапіла Рослаў, Мсціслаў, Дуброўну і Шклоў. Казакі Залатарэнкі ўзялі Чачэрск і Гомель.

Паводле Андрусаўскага перамір'я 1667 г. Чарнігаўскае і Смаленскае ваяводствы (разам са Старадубскім паветам) адышлі да Расіі. Аднак Северская зямля апынулася ў межах гетманскай Украіны, што ўваходзіла ў склад Расіі на правах аўтаноміі: Чарнігаў і Старадуб мелі самакіраванне і сталі цэнтрамі казацкіх палкоў. У сваю чаргу палкі дзяліліся на сотні з цэнтрамі ў гарадах ці мястэчках. На чале палкоў стаялі палкоўнікі. Адзін з іх старадубскі палкоўнік Іван Скарападскі стаў украінскім гетманам у 1708 г.

Пасля ліквідацыі ўкраінскай аўтаноміі ў 1802 годзе была створана Чарнігаўская губерня, якая існавала да 1925 года. Паводле перапісу 1897 года ў губерні жыло 3 321 900 чалавек, з іх беларусы складалі 5% і жылі ў асноўным: у Суражскім, Мглінскім, Старадубскім і Чарнігаўскім паветах. Найбольш беларусаў жыло ў Суражскім павеце (85-90%).

Два паветы з беларускім насельніцтвам - Бранскі і Трубчэўскі адносіліся з 1778 года да Арлоўскай губерні. Самым значным горадам тут быў Бранск, які Аркадзь Смо-ліч назваў самым усходнім беларускім горадам. Сярод помнікаў гісторыі Бранска, славуты беларускі географ называе Свенскі манастыр, шырока вядомы сярод багамольцаў усходняй Беларусі.

На ўсіх гэтых землях моцна трымалалася памяць пра іх прыналежнасць да Вялікага Княства Літоўскага і еднасць насельніцтва з беларускім этнасам. Так Эдвард Вайніловіч, старшыня Менскага аграрнага таварыства згадвае ў сваіх успамінах, што ў 1901 годзе на ўрачыстасцях з нагоды 25-годдзя Таварыства з-за Дняпра прысутнічаў прадстаўнік Старадубскага аграрнага таварыства Чарнігаўскай губерні, "якога мы спецыяльна ўшаноўвалі".

Напрыканцы 1917 года, Украіна абвесціла сваю незалежнасць, якая была пры-знаная бальшавікамі і Чарнігаўская губерня ўвайшла ў яе склад. Неўзабаве, 25 сакавіка 1918 года абвешчана БНР.

У сакавіку 1918 года Чарнігаўшчыну акупавалі нямецкія войскі і знаходзіліся на тэрыторыі губерні да студзеня 1919 года. Пасля абвешчання ў Смаленску БССР, вырашана ў яе складзе ўтварыць Гомельскі раён у складзе Суражскага, Лалінскага і Старадубскага паветаў у адпаведнасці з даследваннямі Я.Карскага і М. Доўнар-Запольскага. Аднак ужо ў канцы студзеня бальшавікі адарвалі ад Беларусі яе ўсходнюю частку. У 1919 годзе яны стварылі новую Гомельскую губерню ў складзе Расіі і далучылі да яе Мглінскі, Новазыбкаўскі, Суражскі і Старадубскі паветы Чарнігаўскай губерні і частку Менскай губерні. Існавала Гомельская губерня да 6 снежня 1926 года.

Пасля яе ліквідацыі ў склад БССР перадаваліся Гомельскі і Рэчыцкі ўезды. Адначасова з ліквідацыяй Гомельскай губерні была ўтворана Бранская, у якую і ўключылі частку ўсходняй Беларусі. Бранскія ўлады адразу выказалі прэтэнзіі на Добруш, каб забраць сабе папяровы камбінат. Аднак Калінін сказаў, што тады беларусы запатрабуюць раёны з беларускім насельніцтвам, якія засталіся ў складзе РСФСР. Размова ішла пра Клінцоўскі ўезд Браншчыны.

На карце Беларусі, надрукаванай у газеце "Звязда", у 1927 годзе старадубскі павет быў пазначаны як спрэчная тэрыторыя. Але сталінскія рэпрэсіі спынілі працэсы ўзбуйнення БССР на поўначы і ўсходзе. Як і Смаленшчына, Браншчына моцна пацярпела пад час апошняй вайны. Потым быў Чарнобыль. Аднак праявы беларушчыны там захаваліся і таму невыпадкова ў Бранскім універсітэце студэн-ты вывучаюць беларускую мову. Дарэчы, вядомы беларускі архітэктар-рэстаўратар Валеры Слюнчанка, які аднавіў Полацкую Сафію, нарадзіўся ў Старадубе і добра ведаў беларускую мову.

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук.


Успаміны Эдварда Вайніловіча

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Пасля абеду ля каміна мы актыўна абмяркоўвалі тое, што адбывалася, а ўвечар пасля вяртання ў Савічы даведаліся пра тое, што Сіняўка занятая немцамі, і што салдаты ўцякаюць з акопаў. І тое, што галоўны гасцінец з Баранавіч праз Слуцк да Бабруйска праходзіў праз савіцкі двор паміж домам і стайняй яшчэ да нашага вяртання марадзёры, якія ўцякалі, пагражаючы рэвальверамі і багнетамі, звялі лепшую чацвёрку цуговых коней. Мы зразумелі адразу, што гэта не жарты, і што наступіла апошняя гадзіна ліквідацыі нашага дабрабыту на савіцкай зямлі. Ноч выдалася яснай, месячнай, мароз каля 15оС.

Перад вячэрай мы назіралі за абозам, які рухаўся праз двор велізарнай калоннай, "разбаўленым" пяхотай і некалькімі верхавымі. Нечакана абоз спыніўся, да яго падбегла з цемры група людзей, чальцоў "камітэта". Гэта была змова аб правядзенні пагрому. Праз некалькі хвілін абоз зрушыўся далей, мы ўздыхнулі з аблягчэннем, не думаючы, што ён спыніцца за паўвярсты далей, за паркам, у вёсцы, якая таксама звалася Савічы, і якая ніколі, ні ў часы прыгону, ні зараз, ні потым, не мела ніякіх адносінаў да маёнтка. Пасля нядоўгачасовай вячэры, якая была з'едзена спехам, мы адправіліся спаць. Я папярэдне пакінуў поруч з ложкам доўгія боты і кароткае лісінае футра. Не паспелі задрамаць, як нас пабудзіў нягучны стук у дзверы нашага пісарчука Дзімітра Шкуцько, які паведаміў, што прыйшлі тыя, хто будзе нас рабаваць.

Сам ён хутка ўцёк уніз. Я ўскочыў і, правёўшы жонку па чорнай лесвіцы ў сад праз бакавыя дзверы, сказаў, каб яна ішла ў садовы домік, у памяшканне пральні, і там, не турбуючыся пра мяне, пераседзела гэтую катастрофу. А я, знаходзячыся ўжо ўнізе, дазнаўся ад пісарчука, што ён, занепакоены гэтым абозам і нарадай камітэтчыкаў, з драбавіком на плячы, у старым кажушку, выйшаў як начны вартаўнік у двор, дзе поруч са свіранам да яго адразу ж прыскочылі двое, а затым яшчэ двое ўзброеных людзей з пытаннем, што ён тут робіць. Пісарчук адказаў, што з'яўляецца начным вартаўніком і правярае, ці ўсё ў парадку ў двары, і адначасова спытаў іх, чаго яны хочуць. Салдаты заявілі, што прыйшлі па авёс, які ім вельмі неабходны, нават уначы, паколькі яны павінны ехаць далей. Пісарчук прапанаваў ім пайсці да чальца камітэта, які распараджаўся дваром. Пакуль тыя радзіліся, ён скарыстаўся хвілінкай, каб нас пабудзіць і папярэдзіць.

Я ізноў выпусціў пісарчука з хаты, лічачы, што, калі нападаць будуць не салдаты, а мясцовыя сяляне, то нічога мне дрэннага не зробяць. І амаль адразу ж заўважыў бягучых да параднага ўваходу 12 15 узброеных салдат. Я выбег праз тыя бакавыя дзверы, праз якія нядаўна выпусціў жонку, і накіраваўся праз парк у бок дома ў садзе, за якім я ўвесь час назіраў. Перш чым дабег да першых дрэў, якія павінны былі мяне атуліць ад рабаўнікоў у такую ясную ноч, я пачуў шум, гам, стрэлы, крыкі натоўпу, які ўварваўся ў хату. Пачалося рабаванне, якое затым пракацілася па стайні, карэтнай адрыне і спынілася праз пару гадзін. Увесь гэты час, забываўшыся нават на мароз, я прастаяў паміж дзвюмя ліпамі, не адводзячы вачэй ад месца схованкі маёй жонкі, чуючы крыкі і грукат у хаце.

Трохі прыціхла, я выйшаў са схованкі і ўбачыў пісарчука, які папярэдзіў мяне аб з'яўленні новай партыі салдафонаў у суправаджэнні сялянскай браціі з суседніх Савічаў. Сялянам загадалі шукаць уладальніка, які павінен панесці пакаранне. Пісарчук параіў мне ад сябе і ад імя жонкі сыходзіць са двара, што я і зрабіў, правёўшы астатак ночы і ўвесь дзень да вечара наступнага дня ў ляску, сочачы пры гэтым за тым што адбываецца ў двары. А адтуль паранейшаму даносіліся стрэлы і да іх далучаліся нейкія выбухі. Колькасць адступаўшых войскаў (г. зн., марадзёраў) павялічвалася, цягнуліся чарадой сялянскія вазы, дакладней, мае ўласныя вазы, захопленыя дваровымі людзьмі, ездзілі туды і назад з накрадзенай маёмасцю. Я бачыў як пераганялі быдла і коней, бачыў рабаўнікоў, якія сварыліся і біліся за здабычу

Нярвовая ўзрушанасць не давала змерзнуць, нягледзячы на тое, што я быў лёгка апрануты, хоць быў моцны мароз. Толькі ўвечар на наступны дзень я адважыўся пайсці ў суседні фальварак "Малыя Савічы", які належаў Чарноцкім, дзе гаспадароў ужо не было, і дзе я знайшоў сваю жонку пад апекай кіраўніка. Ноч я правёў, не распранаючыся, у крэсле, у цёплым пакоі пад дахам. Пагром працягваўся яшчэ два дні, а мы ўвесь тыдзень правялі ў чужым маёнтку, не паказваючыся людзям на вочы і атрымліваючы весткі з двара толькі ад блізкіх дваровых людзей, як мяне там шукаюць і расцягваюць рэшткі маёмасці. Толькі 13/27 лютага па мяне прыслалі пасланца з весткай, што прыбыў атрад нямецкага войска, саксы, полк № 100, і мяне выклікаюць. Я паехаў, у сядзібе знайшоў дваровую службу, якая сабралася на ганку палаца.

На компасным слупе размяшчаўся кулямёт, побач двое самых заўзятых з дваровых бальшавікоў пад вартай, якіх рыхтавалі да павешання. Чалавек 20 салдат з начальнікам хадзілі па памяшканнях і дзівіліся таму спусташэнню, якое людзі часам у стане ажыццявіць безразважна і без адмысловай галечы, дзеля задавальнення сваіх варварскіх інстынктаў. Ні аднаго століка, ні аднаго цвіка ў сцяне, ні адных дзверцаў ад печаў не засталося. Многія дзверы і вокны былі выбітыя, многія вывезеныя. Зза таго, што каналізацыйныя трубы былі выдраныя, падлогі на верхнім паверсе і столі на першым былі залітыя вадой. А што стала з архівам і бібліятэкай, якая налічвае звыш 5000 тамоў! Усё пашматанае, карціны і партрэты родапачынальнікаў парэзаныя на палосы або прастрэленыя.

Я ўпрасіў саксаў не вешаць арыштаваных пры ўмове, што яны і яшчэ чатыры самыя нядобранадзейныя сям'і на наступны дзень з'едуць з двара, што і было зроблена. Яны ж аселі ў суседніх вёсках, размешчаных за 1 2 вярсты, і працягвалі сваю прапаганду. Найбольш балюча было тое, што сярод самых варожа настроеных людзей апынуліся тыя, у якіх не толькі бацькі, але нават дзяды нарадзіліся і правялі ўсё жыццё ў двары на службе ў маіх продкаў, унукаў якіх я дапамагаў выхоўваць. Праўда, было шмат людзей, якія засталіся мне вернымі ў самыя цяжкія часы, якія ўвесь час знаходзіліся побач і заўсёды былі гатовыя падзяліць мой лёс. Да іх ліку, у першую чаргу, я павінен прылічыць сына былога нашага вазака, эканома Дзімітра Шкуцько, ахмістрыню, пісарчука, кухара і лёкая.

Пасля таго, як саксы вярнулі мяне ў маёнтак у якасці ўладальніка і гаспадара, яшчэ пару тыдняў я павінен быў правесці ў сястры ў Пузаве, пакуль хоць некалькі пакояў з паўднёвага боку прывядуць у парадак. Але кіраванне ў маёнтку адразу ж узяў у свае рукі, і тыя ж самыя людзі чальцы камітэта, якія так яшчэ нядаўна шкодзілі, сталі такімі паслухмянымі і згодлівымі. І трэба адкрыта прызнаць, што, калі ім нялёгка гэта забыць, то, з іншага боку, вельмі цяжка іх пашкадаваць, калі прыняць да ўвагі, што з моманту падзелаў Польшчы, або на працягу чатырох пакаленняў, урад не стамляўся пры дапамозе сваіх службоўцаў, святароў, шэрагу законаў і планаў аграрных рэформ, у судзе, воласці і школе, праводзіць палітыку, накіраваную на тое, каб вёску з дваром пасварыць і распаліць нацыянальнакласавую барацьбу. Я павінен таксама з задавальненнем адзначыць, што сяляне былой дваровай вёскі Браткава з самага пачатку ніякага ўдзелу ў пагроме не хацелі прымаць і падпарадкаваліся толькі пасля таго, як іх прыстрашылі, што калі не пойдуць рабаваць, то пры падзеле зямлі іх абыдуць.

Я надаў гэтулькі ўвагі гэтаму эпізоду з асабістага жыцця, каб прадставіць карціну таго, што ў той перыяд адбывалася ў Краі: усё адбывалася падобна на хмару з градам, якая ў адным месцы знішчыць усё, а ў іншым, невядома чаму, усё захавае, нягледзячы на тое, што закрывае ўвесь гарызонт і ўсюды аднолькава грукоча. Не будзем хадзіць далёка па прыклады. Маёнтак Пузава, у якім жыла мая сястра, у той раз абыйшлі бокам. Раніцай на гарбату да яе прыйшлі бальшавікі, і хоць бы адна лыжачка знікла або шкода якаянебудзь была нанесена ёй і пляменніцам, якія былі пад яе апекай. Сапраўдны цуд Гасподні.

У выніку гэтага пагрому я пазбавіўся ўсіх сваіх запісак і дакументаў, што прашу ўлічваць пры праяве некаторых недакладнасцяў. Але, як я ўжо гаварыў вышэй, усё гэта не па маёй віне.

Нямецкая акупацыя

У Савічах гэты перыяд завяршыўся пагромам 6/19 лютага 1918 г., падзеі якога я ўжо апісаў, а ў краіне наступіў перыяд нямецкай акупацыі, аб якім некалькі слоў варта сказаць.

Бліжэйшым, занятым нямецкімі войскамі, пунктам быў Нясвіж. Прыехала некалькі кавалерыстаў у разгар гандлю на рынак, запоўнены шматлікімі вазамі з навакольных вёсак. Афіцэр і некалькі "Gemaines" (радавых салдат) увайшлі ў ратушу і абвясцілі, што з гэтага моманту ўлада пераходзіць у іх рукі, і ўжо з гэтага моманту яны пачалі "адмяраць справядлівасць", выдаваць законы, разлічвацца маркамі і пфенінгамі, а таксама прызначаць падаткі.

Першым кіраўніком у Нясвіжы, на вялікай тэрыторыі, якая распрасціралася за Слуцк да Менска, быў палкоўнік Ф. Тэтлаў, прускі юнкер, аднафаміліцу якога фрэйліну пры прускім двары выдзяляў сярод іншых нават кронпрынц, Фрыдрых II.

Ён пасяліўся ў замку як ва ўласным доме, у атачэнні штаба, што складаўся з афіцэраў з добрым веданнем рускай мовы, якіх загадзя рыхтавалі да сваіх будучых абавязкаў шляхам выканання гандльмісіі у Расіі. Пасля хадайніцтваў, якія доўжыліся некалькі тыдняў, мне ўдалося выклапатаць у палкоўніка дазвол наведаць Менск з банальнай мэтай прыапрануцца, паколькі я быў пазбаўлены поўнасцю вопраткі ў выніку пагрому 6/19 лютага. У мяне было моцнае жаданне зрабіць пакупкі ў Варшаве, і фон Тэтлаў замаўляў перад Беселерам аб дазволе на маю паездку. Ведаю, што за мяне замовіў слова былы мой калега па Дзяржаўнай Радзе, а тагачасны чалец рэгенцтва Е. Астроўскі, але гэтая апошняя пратэкцыя хутчэй мне нашкодзіла, чым дапамагла. Немцы лічылі мяне палітычным дзеячам з антынямецкай палітычнай арыентацыяй, і таму ўвесь акупацыйны перыяд, хоць адносіны са мной былі вельмі "карэктныя", вока з мяне не спускалі.

Акупацыйныя ўлады па меры пасоўвання немцаў у глыбіню, на ўсход, былі перамешчаныя з Нясвіжа ў Слуцк, дзе ў гэты час кіраваў баварац, генерал фон Вэбер, аднак незалежна ад канкрэтных асоб нямецкая сістэма не падвергнулася сур'ёзным змяненням. Немцы ў большай ступені эксплуатавалі двары, чым вёскі, абкладаючы іх данінай на яйкі, алей, праўда, аплачваючы спраўна, але па смешных цэнах. Дзейныя органы ўлады яны пакінулі амаль без змянення, пры гэтым бязлітасна заціскаючы падатковыя "гайкі". Акупацыйныя ўлады ўмацоўваліся з кожным поспехам на Заходнім фронце, асабліва пасля таго, як Менск быў вызначаны Стаўкай галоўнакамандуючага, генерала фон Фалькенхейна эксінтэнданта імператарскага двара, эксміністра вайсковых спраў, эксшэфа штаба кронпрынца падчас аблогі "Verdun", пазней пераведзенага на румынскі фронт, а затым на менскі.

Пасля ўцёкаў Керанскага і прыходу бальшавікоў, асабліва ў выніку Берасцейскага міру, на беларускіх Крэсах адбыўся адчувальны нахіл у нямецкі бок. Гэта не ад таго, што наша грамадства мела моцную любоў да немцаў або яго імкненне да ўсяго славянскага стала меней прыкметным, а проста таму, што ў іх бачылі абаронцаў грамадскага парадку і вартавых грамадскай бяспекі, асабліва ва ўмовах, калі бальшавізм усё больш распаясваўся ў Расіі і ўтоенай, але з кожным разам усё больш актыўнай, дзейнасці яго прыхільнікаў у Беларусі.

Гэтыя махінацыі сталі нагодай двух сходаў землеўладальнікаў у Менску, даты якіх я не прыводжу, паколькі ўсе мае запісы зніклі падчас пагрому. Адзін з гэтых сходаў праходзіў ў пачатку нямецкай акупацыі, другі у канцы. Першы і другі у перыяд кіравання фон Фалькенхейна. У абодвух сходах я прымаў удзел, папершае, па патрабаванні маіх суграмадзян, а падругое, у сувязі з тым, што немцы, якія ўжо даведаліся аб становішчы, якое я займаў у Краі перад акупацыяй, у Дзяржрадзе, і што быў шматгадовым старшынём Аграрнага таварыства, патрабавалі майго ўдзелу і майго подпісу на некаторых дакументах, як мне даносілі арганізатары гэтых сходаў.

Не магу прывесці тэксты гэтых мемарыялаў, паколькі не я іх рэдагаваў, але пры магчымасці заўсёды стараўся выдаляць з іх залішне філанямецкія канцэпцыі, а чарнавікі мае зніклі. Магу, аднак, адзначыць, што першая заява была больш ураўнаважанай у параўнанні з другой; меркавалася, што першая не пойдзе далей, як праз штаб Фалькенхейна, да Галоўнай Стаўкі, змешчанай у той час у Кароне. Там ішла гаворка ўсяго толькі пра падзяку акупантам за тое, што вярнулі грамадскі парадак, а таксама пра жаданне аддзяліцца ад бальшавікоў і быць з народамі Захаду, абапіраючыся на моцную нямецкую дзяржаву.

Другая заява было ўручанае ў сувязі з тым, што ў выніку Берасцейскай дамовы на павестку дня паўстала пытанне аб адступленні немцаў з усходу і перадачы імі ва ўсталяваныя тэрміны бальшавікам вызначаных участкаў беларускай тэрыторыі "да Беразіны і за Беразіну".

Першым, паветам, які перадаваўся немцамі саўдэпіі, павінен быў стаць Сенненскі павет Магілёўскай губерні, прычым немцы падавалі вайсковую ахову і вагоны ўцякачам для перавозкі іх маёмасці на захад. Мы ўсе перажывалі за лёс высокашаноўнага землеўладальніка Караля Свяцкага, які адпраўляўся ў такі "зыход", нават не здагадваючыся, як яму будуць зайздросціць, што ён прайшоў гэты шлях уцякача пад апекай улад і ў вагоне, у той час, як мы ўсе перад тварам страху быць расстралянымі бальшавікамі і ў паніцы неўзабаве будзем пакідаць родныя месцы, быўшы ўжо нявольнымі. Гэтая перадача па частках Беларусі бальшавікам была самай сапраўднай катастрофай для мясцовых польскіх землеўладальнікаў. Спасылаючыся на гістарычныя традыцыі, мы нават жадалі стварэнні Вялікага Княства ЛітоўскаБеларускага пад нямецкай кураторыяй і прасілі фон Фалькенхейна паведаміць аб нашым імкненні імператару Вільгельму.

Гэты апошні зварот быў настолькі супраціўным маім палітычным поглядам, настолькі гідкім, што я на працягу трох сутак змагаўся, каб не ставіць свайго подпісу, а разам з тым сярод "senioren Conventu", які складаўся з 30 чалавек, толькі адзін, самы малодшы, Зыгмунт Равенскі, мяне падтрымаў. І, быў змушаным і заклінаным на "salus reipublicae suprema lex" (заклік рэспублікі вышэйшы закон). Праўда, не на першым месцы, як гэта было ў першым звароце, але подпіс свой паставіў.

Мой пратэст быў запратакаляваны добрасумленным сакратаром М. Пароўскім з пазнакай, што пагадзіўся падпісаць толькі пад ціскам сходу і як бы закулісных інсінуацый, што нібы адсутнасць майго подпісу пазбавіла б аўтарыту ўсю гэтую акцыю. Ва ўсякім разе, калі мы пайшлі да фон Фалькенхейна, не я, а граф Ежы Чапскі ўзначальваў тады дэлегацыю ў адрозненне ад першага звароту, на якім першым стаяў мой подпіс. І я прадстаўляў тады дэлегацыю ф. Фалькенхейну.


Афіцыйнае ўступленне на пасаду Тадэвуша Кандрусевіча

10 лістапада ў менскім архікатэдральным касцёле імя найсвяцейшай Панны Марыі адбылася цырымонія ўрачыстага ўступлення на пасаду арцы-біскупа мітрапаліта Менска-Магілеўскага Тадэвуша Кандрусевіча.

У цырымоніі ўзялі ўдзел прадстаўнікі беларускіх уладаў, Ватыкана, Літвы, Польшчы, Італіі, Румыніі, Расеі і Ўкраіны, усе беларускія біскупы, лідары хрысціянскіх веравызнанняў, а таксама кіраўнікі іншых канфесіяў. Усе, хто жадаў прысутнічаць, ня здолелі змясціцца ў храме і назіралі за трансляцыяй цырымоніі на плазмавым экране, усталяваным перад касцёлам.

Сваё віншаванне з прызначэннем на пасаду арцыбіскупа мітрапаліта Менска-Магілёўскага даслаў Тадэвушу Кандрусевічу і прэзідэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Прыкладна 4,5 тысячы чалавек, у тым ліку каля 300 спецыяльна запрошаных гасцей, удзельнічалі ва ўрачыстай цырымоніі ўступлення на пасаду апостальскага адміністратара МенскаМагілёўскай архідыяцэзіі Тадэвуша Кандрусевіча. Цырымонія адбылася 10 лістапада ў менскім Архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі.

Сярод запрошаных былі прадстаўнікі беларусіх уладаў і дэмакратычнай апазіцыі, дыпламаты, біскупы і прадстаўнікі епіскапатаў з Аўстрыі, Ватыкана, Казахстана, Літвы, Польшчы, Расіі, Румыніі і Украіны, усе беларускія біскупы, лідары хрысціянскіх і іншых рэлігійных аб'яднанняў, прадстаўнікі айчыннай інтэлігенцыі, дабрачынных арганізацый, вернікі, у тым ліку з парафіі вёскі Адэльск у Гарадзенскім раёне, дзе нарадзіўся Тадэвуш Кандрусевіч , а таксама яго родныя і блізкія.

Цырымонія праходзіла пад гукі арганнай музыкі з выкананнем рэлігійных песнапенняў, гімнаў і малітваў у адпаведнасці з абрадам кананічнага ўступлення арцыбіскупа на пасаду. Пасля сустрэчы мітрапаліта хлебам-соллю перад будынкам касцёла адбылося яго ўрачыстае ўваходжанне ў храм і абвяшчэнне апостальскай булы папы рымскага Бенедыкта XVI аб прызначэнні Кандрусевіча апостальскім адміністратарам. Потым апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч уручыў Тадэвушу Кандрусевічу пастарал - сімвал яго духоўнай улады. Новага арцыбіскупа віталі святары архідыяцэзіі, прадстаўнікі манаскіх супольнасцяў, розных пакаленняў вернікаў і этнасаў, якія жывуць у Беларусі.

Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек уручыў Тадэвушу Кандрусевічу копію крыжа святой Ефрасінні Полацкай, а епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім - букет пунсовых ружаў ад імя мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта , патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі.

Цырымонія праводзілася на беларускай і лацінскай мовах, а асобныя малітвы чыталіся на еўрапейскіх мовах, у тым ліку англійскай, рускай, польскай і ўкраінскай.

Звяртаючыся да вернікаў, мітрапаліт зазначыў, што "сённяшняму свету, які маральна гніе, неабходная соль, каб збавіць яго ад духоўнага распаду" . "Таму будзьце тым святлом, якое свеціць у духоўнай цемры нашага свету. Будзьце тою соллю, якая захавае свет ад маральнага раскладу і надасць яму збаўчы смак хрысціянства. Будзьце тою евангельскаю закваскаю, што здольная заквасіць хрысціянскімі каштоўнасцямі наш свет" , - сказаў ён.

Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў моладзь быць вернымі хрысціянскім ідэалам і будаваць сваю будучыню на нязменных і трывалых маральных прынцыпах, а інтэлігенцыю - "не толькі спазнаваць таямніцы створанага свету і рыхтаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў, але таксама спрыяць фармацыі людзей, багатых Божай мудрасцю і гатовых узяць на сябе адказнасць за лёс Айчыны" .

Вялікія спадзяванні арцыбіскуп звязаў з супрацоўнікамі СМІ, "асабліва ў справе абвяшчэння Евангелля, служэння праўдзе і супольнаму дабру" . Ён лічыць, што "інтэнсіфікацыя выдання тэалагічнай, катэхітычнай, літургічнай і іншай рэлігійнай літаратуры будзе служыць не толькі адраджэнню і развіццю духоўнасці, але таксама стане значным унёскам у справу развіцця беларускай культуры, узбагачаючы яе рэлігійнымі элементамі" .

У звароце да прадстаўнікоў улады мітрапаліт выказаў гатоўнасць да ўзаемадзеяння і спадзяванне "на сумеснае служэнне гэтай агульнай справе ў клопаце пра духоўны і матэрыяльны дабрабыт нашых суайчыннікаў" . Як падкрэсліў Кандрусевіч, "мір і гармонія ў грамадстве дасягаюцца не праз узаемавыключэнне, а праз узаемадапаўненне, што мае актуальнае значэнне перад абліччам выкліку глабалізацыі і міграцыйных працэсаў" .

Арцыбіскуп выказаў падзяку каталікам свету, у тым ліку з Германіі, Італіі, ЗША, Аўстрыі і Польшчы, за дапамогу і салідарнасць у адносінах да Беларускай рымскакаталіцкай царквы,

Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Беларусі вяла прамую тэлетрансляцыю цырымоніі на Польшчу праз спадарожнікавую сувязь. А перад касцёлам быў устаноўлены велізарны плазменны экран, каб усе, хто прыйшоў да храма, маглі ўбачыць урачыстае дзеянне.

Нагадаем, 21 верасня папа рымскі Бенедыкт XVI вызваліў Тадэвуша Кандрусевіча ад пастырскага кіраўніцтва архідыяцэзіяй Маці Божай у Маскве і прызначыў яго ардынарыем МенскаМагілёўскай архідыяцэзіі. З 14 чэрвеня 2006 года гэтую пасаду займаў генеральны сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі біскуп Антоні Дзям'янка.

БелаПАН, Радыё Рацыя, Радыё Свабода.


Злыдзень

Сатырычная камедыя ад Алеся Петрашкевіча як бы пра савецкае жыццё

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Усе ўваходзяць да Дзюркінай.


Яснотка. Значыцца, фіктыўны шлюб - гэта яго ідэя? Што робіцца? Мы тлумачэнні пішам, нас здымаюць, а Міленькі хабар бярэ?!

Самасейкін. Як здымаюць?! За што?

Бранябойны. За хабар.

Дзюркіна (прыслухаўшыся). Што ты мелеш? Які хабар? Чалавеку нявеста гарбуза выкаціла, гарохавы вянок павесіла.

Бранябойны. Выходзіць, што і гарбу-замі і гарохам браў?!

Яснотка. Я думаю! Машына гарбузоў - гэта ж мільёны.

Дзюркіна. Якая машына? Яна ж пры мне сказала, што бачыла яго ў індыйскіх шкарпэтках.

Яснотка. Выходзіць, што імпартнымі прамтаварамі таксама не грэбаваў?! За мной! Я яму ўсё шлунне павытрасаю!


Яснотка, Самасейкін і Бранябойны накіроўваюцца да Міленькага, Дзюркіна затрымліваецца, убачыўшы Паўліну, Фядору і Любачку, якія ідуць у прыёмную Міленькага ў суправаджэнні Злыдня.


Злыдзень (на службоўцаў, якія зніка-юць за дзвярамі Міленькага). Ну, я не казаў?! Яны ўжо ўсё зразумелі. Фіктыўны шлюб не жарты! Цяпер зарэжуць - як піць даць. А то і фельетонам могуць жахнуць. А гэта ўжо канец... і грамадская думка ў маштабах горада і не аднаго...

Фядора (разгублена). А што ж гэта рабіць?!

Злыдзень (нечакана). Зарэгістраваць шлюб на сяле!

Фядора. У Стараселлі?!

Злыдзень. У Стараселлі!

Фядора (радасна). У Клаўкі?!

Злыдзень. У Клаўкі!

Фядора (у захапленні). Чалавек, адкуль цябе злыдні прынеслі?!. Паўліначка, у Клаўкі!.. Клаўка не адкажа! Клаўка сюды прыедзе!

Паўліна. Клаўка-то прыедзе, толькі ж я цяпер не прапісана ў Стараселлі.

Злыдзень. Не вучыце Клаўку жыць! Гэтым я займуся.

Фядора. I не нарадзіўся яшчэ той злыдзень, якога Фядора не аб'ягора!

Злыдзень. Блажэн, хто веруе...

Дзюркіна (затрымалася, каб пага-варыць). Што ж гэта вы міма нас і без жаніха?

Фядора. А нашы жаніхі даўно сабакам сена косяць.

Дзюркіна. А вы ж толькі што хацелі...

Фядора. Пераксціся, маладзіца! Я цябе першы раз у вочы бачу.

Дзюркіна (разгублена). Як першы?..

Любачка. Лячыцца трэба, Дзюркіна, і не піць да згубы памяці.


Паўліна, Фядора і Любачка заходзяць у прыёмную Міленькага. Дзюркіна абганяе іх і знікае за дзвярамі кабінета Міленькага.


Любачка (бярэцца за тэлефон). Які нумар?

Фядора. Адкуль мне ведаць? Вось пакруці і спытайся Клаўку з Стараселля. Яе там кожны ведае.


Любачка гартае тэлефонную кнігу, набірае нумар.


Злыдзень. Вось што значыць паставіць дурную справу на патрэбны ўзровень! Так раскруціцца, што і не спыніш! (Уваходзіць у кабінет Міленькага.)

Любачка. Стараселле. Будзеце гава-рыць з Мар'інай Горкай! (Перадае трубку Фядоры.)

Фядора. Каб мая воля, азалаціла б таго чалавека, што тэлефон выдумаў. (Бярэ трубку, вельмі гучна.) Клаўка? Ці гэта ты, Клавачка? Якая ж ты ў чорта Клаўка, калі я мужчыну чую? Фядора я, а што? Ну, якая Фядора? (Любачцы.) От выпытвае другі недарэка, нібы ў Стараселлі Данілавай Фядоры не ведаюць. (У тэлефон.) А ты хто? А, Мікітавіч? Ну так бы і сказаў. (Любачцы.) Старшыня сельсавета. (У тэлефон.) Мікітавіч, а Клаўка там? Дык пакліч, што ты мне галаву тлуміш, у мяне ж справа... Клавачка, золатка, ці ты гэта? А можа, гэта не ты, Клавачка?


Уваходзіць Неўпакоеў. Дзюркіна і іншыя службоўцы падслухоўваюць размову Фядоры з Клаўкай па паралельным тэлефоне.


Таму і дапытваюся, што справа дужа тонкая, такая тонкая, што аж ірвецца. (Любач-цы.) Не могуць ужо такога тэлефона паставіць, каб я яе, як у тэлевізары, бачыла? Дык ці чуеш, Клавачка, ластавачка мая, у горадзе я цяпер, на вяселлі была. Ага, Марынка. Ага, Міхасём завуць. Так сабе малец, але з мухамі ў носе. Вядома, з культураю, з вучонасцю ўсялякай. А бацька дужа ладны. Толькі цётка, бацькава сваячка, брыдота. Такая ўжо цылідра...

Любачка. Цётухна, бліжэй да справы...

Фядора. Слухай, Клавачка, кінь усё, вазьмі з сабой пячатку і тую кнігу, куды маладых запісваюць, і на адной назе сюды, да Паўліны. Скажы майму ўнуку, што я прасіла, дык ён цябе на трактары за паўгадзіны дамчыць. Нічога не пытайся, прыедзеш - сама ўбачыш. Трэба тут некаторым нос уцерці...

Злыдзень (службоўцам). Уразумелі?

Міленькі (уваходзіць у прыёмную). Падобна, другое вяселле наклёўваецца?

Фядора. Дзе ж яно наклёўваецца, калі табе нявеста гарохавы вянок спляла?


Любачка, Паўліна, Фядора дэманст-ратыўна пакідаюць пакой.


Міленькі (Неўпакоеву). Па-мойму, абстановачка прасвятляецца... (У форме загаду.) Дзюркіна блакіруе аддзел сардэчнасці, Яснотка - пададдзел перастрахоўкі, Бранябойны - дамавую кнігу, Самасейкін з аддзела чуласці паўстае на ахову пашпартнага рэжыму. Мы з Неўпакоевым точым алоўкі, запраўляем ручкі. (Неўпакоеву.) Вось гэта, дарагі мой карэспандэнт, алмаз! I давай так, сюжэт фельетона мой, тэкст - твой!

Неўпакоеў. А загаловак?

Міленькі. Быў бы фельетон, а загало-вак я неяк прыдумаю.

Бранябойны. Можа, мне ў іх пашпар-ты праверыць? Здаецца, што стары перавалок ужо свае транты і жыве без прапіскі.

Міленькі. Падтрымліваю! Толькі ты з сабой прыхапі. (Падштурхоўвае Неўпакоева.)


IX

Кватэра Паўліны і Ігната. Клаўка рэгіструе іх шлюб. Сведкамі гэтага «таін-ства» з'яўляюцца Любачка, Даніла, Фядора... і Злыдзень як наглядальнік.


Клаўка (Ігнату). Распішыцеся вось тут. (Распісваецца.) I вось тут. I яшчэ вось тут. (Паўліне.) А зараз вы, цётка Паўліна, тут, вось тут і тут... (Устае, глядзіць на «маладажонаў», губляецца.) Па закону... як прынята... я павінна б... павіншаваць трэба было б... каб па-людску...

Паўліна (змахвае слязу). Якое там, Клавачка...

Даніла (знянацку адкрывае шампан-скае, крычыць). Горка!!!


Данілаў выкрык і стрэл шампанскага толькі падкрэсліваюць цішыню. Усе сядзяць, апусціўшы галовы, шампанскае пеніць на падлогу.


Злыдзень (не вытрымаў і выходзіць). Па-мойму, гэта нешта большае за звычайнае паскудства!

Паўліна. Горка, Данілачка!.. Ой, як горка!..

Фядора. Каб ім век салодка не было... гіцлям гэным.


Уваходзяць Бранябойны і Неўпакоеў.


Бранябойны. Здравія жадаем! Зда-ецца, нас не чакалі?!

Даніла. Чаго ж?!

Бранябойны. Мы маем...

Даніла. Дык падзяліся, калі маеш.

Бранябойны. Таварышу карэспан-дэнту даручана праверыць адзін сігнальчык, а мне як спецыялісту па спагадлівасці - паш-партны рэжым. (Бярэ ў Клаўкі пашпарты, праглядае іх, кладзе ў кішэню.) Ведаеце, размовы розныя пайшлі, пагалоскі пацяг-нуліся... Непарадак! Дэстабілізацыя палучаецца.

Любачка (рашуча). Выйдзіце адсюль вон!.. Зараз жа!.. Абодва!.. Інакш я вас нечым удару!

Бранябойны. Між іншым, мы пры выкананні...

Любачка. Я ўдару вас нечым пры выкананні!..


Любачка так рашуча шукае нешта важкае, што Бранябойны хуценька знікае. Усе сядзяць моўчкі. Клаўка піша.


Неўпакоеў. Даруйце! Даруйце! (Вы-ходзіць.)


X

У кабінеце Дзюркінай Яснотка, Бра-нябойны, Самасейкін, Міленькі і Злыдзень. Яны разглядаюць пашпарты.


Злыдзень. Факт абуральны, невера-годны, адыёзны!..

Міленькі. I гэта не здымае з нас адказнасці!..

Злыдзень. I наша задача даць яму належную ацэнку!..

Міленькі. ...і прыняць неабходныя меры!

Злыдзень. Мая думка: а) Міленькі паведамляе кіраўніцтву пра супрацьзаконныя дзеянні грамадзянкі Клаўкі са Стараселля, якая зарэгістравала фіктыўны шлюб заднім чыслом; б) Дзюркіна рыхтуе па факту дакладную запіску для суда; в) Бранябойны прыцягвае да ад-казнасці тых, хто начуе не там, дзе прапісаны; г) Самасейкін паведамляе па месцы работы маладажонаў пра амаральныя паводзіны іх бацькоў.


Уваходзіць Неўпакоеў.


Міленькі. Усё вышэйпералічанае таварыш Неўпакоеў намотвае на вус і праз газету даводзіць гэты факт да ведама шырокай грамадскасці ў жанры сатыры і гумару... Як, Неўпакоеў?

Неўпакоеў. Абсалютна справядліва, і, вядома, не без гумару...



XI

Кватэра Паўліны. Чуваць ціхая лірыч-ная музыка. Паўліна намотвае ніткі на клубок, Ігнат трымае маток.


Паўліна. Каб яшчэ з паўфунціка нітак, то атрымаўся б свэтар і Міхасю, і табе... Ігнатка... Хочаш, я зраблю табе з высокім такім каўняром, каб вось так пад самае горла (дакранаецца да шыі Ігната), і прыгожа і дужа грэе.


Ігнат на нейкі момант пяшчотна дакранаецца шчакою да рукі Паўліны, але тая паволі адымае руку і бярэцца за клубок, ніткі заблытваюцца. Настае доўгая паўза.

Ігнат. Душу свэтрам не сагрэеш... (Пасля паўзы.) А можа б, нам Паўліна... можа б, пачакаць нам... пакуль... не спяшацца... з разводам? Заадно і начальства ўціхамірыцца - можа, мы і на самай справе... і Клаўцы будзе лягчэй адбрахацца... I мы пажывём для прыліку, а там мо... неяк будзе...

Паўліна (чакала такога пытання). Ой, не ведаю, Ігнатка, не ведаю...


На чале са Злыднем урываюцца Стэла, Міхась і Марына.


Злыдзень (Ігнату і Паўліне). Ну, я не казаў?! Палюбуйцеся!


Марына і Стэла галосяць, як па нябожчыку.


Марына. Абняславілі! Забілі! Зарэзалі!

Стэла. А божачка наш мілы! А дзетачкі нашы родныя! А куды ж нам ад ганьбы-сораму дзецца? А куды ж нам ад людзей вочы схаваць?

Ігнат (перапалохана). Каго забілі?!

Паўліна. Дзе зарэзалі?!

Стэла. Ачмурылі! Абкруцілі! Абвялі!

Ігнат (крычыць). Хто? Каго? Дзе?..

Стэла. Цябе! Тут! Фядорка з Паўлінкай і ачмурылі, і абкруцілі старога ёлупа! А Неўпакоеў, кажуць, фельетон піша!.. Ён цябе выведзе на чыстую ваду!..

Міхась. Нас ужо на мясцком выклі-калі!..

Ігнат. Цьфу! Каб вам пуста!.. А я думаў сапраўды што сур'ёзнае!

Марына (істэрычна). Вам канешне! Вам прыемна! Вам хоць бы што!


Уваходзіць Фядора.


Стэла. Жаніх знайшоўся, каб цябе каля слупоў жаніла!

Фядора. А чым не жаніх? У штанах, у шапцы, а на большае мы і не спадзяваліся.

Паўліна (плача). Вось сястрыца, як яно выйшла...

Ігнат (Фядоры). Раздзяўбі ты ім, Фядора, а то яны тут усе пашалелі!..

Фядора. А вы не вельмі перад імі рассыпайцеся дробным макам! Трэба было, дык і ажаніліся, трэба будзе, дык і разжэнімся. Цікава, што б вы рабілі, каб вас так прыперла?

Міхась. Дык іх яшчэ і прыперла?

Марына (у жаху). У такім узросце?..

Ігнат. Пры чым тут узрост?

Стэла. Я так і думала! Для поўнай канцэпцыі (да Марыны) тваёй мамачцы толькі і не хапала бабіча радзіць.

Марына (хапаецца за галаву, ляман-туе). Ай! Ай! Ай! Куды мне дзецца? Куды мне бегчы?

Злыдзень. Скажы, што засілішся, і выбягай на вуліцу.

Марына (істэрычна). Засілюся! Заду-шуся! (Выбягае.)

Міхась (у роспачы). Ну, бацька! Ну, татачка! Ну, любая цешча!... (Выбягае за Марынай.)

Паўліна (бяжыць за Міхасём). Трымай яе, Міхаська! Бяжы за ёй, родненькі!..

Стэла (Фядоры). Вось што ты, зводня, нарабіла! Вось што ты, лютня, натварыла! Адальюцца табе нашы слёзкі!..

Фядора (спакойна). Не выпінайся, цыліндра, а то вантробы перагараць.


Прыбягае Гарык з папругай. Заціс-нуўшы галаву Стэлы пад паху, ён лупіць жонку папругаю.


Стэла (перапалохана). Гарык!.. Га-рык!.. Гар!... Гар!.. За што?

Гарык. За данос!.. За плётку!.. За тое, што было!.. За тое, што будзе!..

Стэла. Гарык, утаплюся! Ты маю канцэпцыю ведаеш!.. (Выбягае.)


Гарык (спакойна закурвае цыгарку, Ігнату). Ну, ці не подлая ж баба, га? Выклікаюць мяне куды трэба, паціскаюць руку і кажуць: дзякуем вам, таварыш Перапечка, за сігнал вашай супругі Мухаморкінай, якая раскрыла амаральную аферу... (Прыкурыўшы ў Ігната.) Пайду гляну, можа, да ракі пабегла, дык хоць падштурхну... (Выходзіць.)

Ігнат (набівае люльку). Во пайшлі дзеткі...

Фядора. Ім жа, паршыўцам, робіш, для іх жа карысці стараешся, а яны - вось табе аддзячылі!

Ігнат. Табе падзякі не хапае?

Фядора. А што гэта ўжо, і пажартваць нельга?

Ігнат. Я б табе за гэтыя жартачкі...

Фядора (перапыняе). Я ж, выходзіць, яшчэ і вінаватая? Во праўду людзі кажуць: радні не пералічыш, а давядзецца тапіцца?- няма за каго ўчапіцца.


Прыбягае Клаўка, за ёй Даніла.


Клаўка. Вады мне! Вады!

Даніла. Ну, браточкі-сваточкі, трымай-цеся за што-небудзь!

Клаўка (адпіўшы). Усё Стараселле гудзе! Усе старасельцы ў курсе дзела!

Даніла. У праўленне калгаса званілі! Чакайце, кажуць, газету з фельетонам!

Фядора (усхопліваецца). У камітэт, у савет, на самы верх! У Мінск на вертыкаль еду. (Выбягае.)


Клаўка, Даніла выбягаюць за Фядорай.


Злыдзень (Ігнату). Позна! Цяпер каюк! Цяпер крышка!

Ігнат. Цяпер крышка...

Злыдзень. Тады будзем канчаць?!

Ігнат. Хіба што... Толькі як?

Злыдзень. Застрэлься... для разна-стайнасці...

Ігнат. Для разнастайнасці... Хіба што...


Злыдзень працягвае руку і атрымоўвае старынны пісталет, перадае яго Ігнату. Той спачатку разглядае зброю, потым разам са Злыднем выходзіць. З'яўляецца Паўліна. Раздаецца глухі стрэл. Пасля невялікай паўзы з'яўляецца Ігнат.


Паўліна (устрывожана). Што ты там разбіў?

Ігнат (спакойна). Галаву...

Паўліна. А божухна! Трэба ж асця-рожна. (Мацае Ігнатаву галаву, саромеецца, адступае.) У мяне як было?.. Палезла ў пограб...

Ігнат. Я разбіў галаву злыдню... Аж у самога ў вушах звініць...

Паўліна (нічога не разумее). Гэта добра, калі звініць. У мяне як было? Села скула ў самым вуху...

Ігнат (пра сваё). Гэта добра... Гэта вельмі добра, калі скула ў вуху... Але цяперака будзем жыць самастойна і шчасліва.

Паўліна (зразумела гумар). Добра, кажу, калі чалавек жартуе. Калі жартуе, доўга жыць будзе... (Збірае свае рэчы, складае на разасланую посцілку.)


У крэндзелі параграфа з'яўляецца Злы-дзень. Твар закапцелы, трымаецца за галаву.


Злыдзень. Дурныя жарты!

Ігнат. Што я хацеў спытацца?.. Як у цябе, Паўліна, хата?.. У Стараселлі?.. (Аглядае пакойчык.) Ну, як тут жыць?.. На вуліцы гудзіць, за сцяной шамаціць, зверху грукае, знізу стукае... Ані табе песню спець, ані табе мацюкнуцца...

Паўліна. Хата як хата, і мацюкнуцца можна, на каго хочаш, калі ўжо нявыпрутка якая, толькі дах прадзіравіўся. Знайсці б якога злыдня з шыферам...

Злыдзень. Будуць пенёнзы - злы-дзень знойдзецца і, не зразумейце мяне пра-вільна...

Ігнат. Не ў пенёнзах загвоздка... Злыдняў больш, чым шыферу, вось у чым пытанне!.. (Разам з Паўлінай збіраюць і звязваюць рэчы.)

Паўліна. I няма ж на іх ніякага мору.

Злыдзень. А мы - як грып, як вірус, як сухоты, як халера, як жук каларадскі!..

Паўліна. А калі дустам?..

Злыдзень. Не возьме.

Паўліна. Тады гэтым?..

Злыдзень. I гэтым не возьме.

Паўліна. Няпраўда, нечым возьме! Ад нечага і вы заперхаеце!

Злыдзень. Наіўныя людзі. Думаюць, што на гэтым усё і скончылася. (Знікае.)


XII

Міленькі ў роспачы мітусіцца па пакоі. З'яўляецца Злыдзень у сучаснай вопратцы, з кейсам.


Міленькі. Лёгкія на ўспамін...

Злыдзень. Мой стыль з'яўляцца адразу ж да таго, хто пра мяне не забывае. Але ж даўнавата не бачыліся і тэлепатычнага сігналу не было.

Міленькі (вінавата). Абсалютна справядліва, але ж...

Злыдзень. Меркавалі, што з вяселля-мі-абменамі канец? Заслона? А выходзіць - эпілог, ды які?!

Міленькі. Вы чытаеце мае думкі... Але ж такія, як Неўпакоеў не супакойваюцца. Функцыяніруюць паўпадпольна нават пасля таго, як нумар газеты з ягоным асабістым фельетонам у падтрымку тых клятых малада-жонаў і наглай дыскрэдытацыяй нашай гармар-шарбытпаслугаўскай вертыкалі-гарызанталі, а тым самым і ўсёй Рэспублікі быў канфіскаваны, а само выданне ў нас больш не друкуецца, не падпісваецца, па паштовых скрынках не раз-носіцца і ў шафіках не прадаецца.

Злыдзень. Дык якія яшчэ праблемы, калі я ўжо тут?..

Міленькі. Думалася ж і мне, і Дзела-вому, што нарэшце з'едзе адмарозак да Зянона на эміграцыю, а ён не толькі газету друкуе недзе ў Смаленску, але і цэлую сатырычную камедыю на нас накрапаў. Так і называецца: «Злыдзень».

Злыдзень (занепакоена). Як накра-паў?!

Міленькі. Так і накрапаў. Дзелавы як даведаўся, толькі і сказаў: «А ты, Миленький, осознаешь тот роковой факт, что сатира кроме зрителей никому не нравится?!» А хто пра камедыю мог падумаць?!

Злыдзень. Думаць - гэта мой занятак. Дзе камедыя?

Міленькі (бярэ са стала кніжку, падае Злыдню). Во... З даравальным надпісам упоперак дзейных асоб: «Міламу Міленькаму...

Злыдзень (адгортвае тытульную старонку, чытае). «Міламу Міленькаму ад Неўпакоева па шчырасці». (Чытае):


Дзейныя асобы:


Міхась - жаніх.

Марына - нявеста. (Абодва выходзяць на паклон.) Захацелі і пажаніліся.

Ігнат.

Паўліна.

І не хацелі, і не думалі - чорт ажаніў. (Выходзяць на паклон.)

Міленькі - першы памочнік другога намесніка начальніка Гармарнартырбытпаслуга (заняты па вушы).

Дзелавы - другі намеснік (заняты вышэй вушэй і ў камедыі не ўдзельнічае).

Любачка - сакратарка Міленькага (каб захацела, то выйшла б за яго замуж).

Даніла і Фядора - з вёскі і гэтым сказана ўсё.

Стэла Мухаморкіна і Гарык Перапечка - з горада і гэта пра тое-сёе сведчыць.

Самасейкін - загадчык аддзела чуласці (коннік без га­лавы).

Яснотка - загадчыца пададдзела пера-страхоўкі (і без галавы і не коннік).

Бранябойны - спецыяліст па спагад-лівасці (чулы да немагчымасці).

Дзюркіна - галоўны спецыяліст па сардэчных справах (прынцыповая да прыдуры).

Клаўка - не спецыяліст, але калі трэба, то зробіць, як сабе.

Неўпакоеў - журналіст-самавук, а голай рукой не бяры.

На выхад запрашаюцца госці, якія на вяселлі пілі, закусвалі, весяліліся і не вельмі лезлі туды, куды іх не прасілі.


Паўза.


Міленькі. Чытай, чытай... Пра Злыдня чытай!

Злыдзень (неахвотна). Злыдзень - звычайны: этнограф Ула­дзімір Даль памыліўся, вызначыўшы яго чалавекам, бо Злы­дзень?- самае брыдкае з таго, што ёсць у чалавека-злыдзеняносьбіта.

Шаноўныя гледачы, калі я вам больш не патрэбны, я зыходжу, зусім, назаўсёды. Я - страляюся прынародна. (Падымае руку, у ёй з'яўляецца старынны пістоль, які ён пры-стаўляе да скроні.)

Акторы (скандуюць). «Заслону!» «Заслону!» «Дайце за­слону!»


Апускаецца заслона, за ёй гучыць моцны стрэл.

Заслона адкрываецца.


На сцэне невысокі п'едэстал, накрыты мантыяй Злыдня і прымацаванай да яго афішы «Злыдзень». Праз залу шпарка ідзе і пады-маецца на сцэну Злыдзень. Ён толькі ў набед-ранай павязцы. Рожкі на галаве падраслі.


Злыдзень (да залы). Паважаныя! Дарагія! Шаноўныя! Не зразумейце мяне правільна... (Дастае з-пад мантыі клунак, што ляжыць на п'едэстале, і пачынае апранацца у вопратку ад даўніх да нашых часоў).

Не бяжыце ў гардэроб, не спяшайцеся па галёшы. Паслухайце Злыдня, як мы ўжо спаткаліся. Я што? Я Злыдзень просты, звычайны, можна сказаць, раённа-пабытовы. І злыдзеняносьбіты мае людзі праставатыя і начальнікі выключна гарызантальныя. Вы глядзелі на іх, недапечаных, і пасміхаліся. А каб пабачылі злыдзеносьбітаў вертыкальных ды элітных на ўзроўнях вышэйшых і найвышэйшых, то было б вам не да смеху. Паверце досведу Злыдня, мае дарагія кліенты, пакуль у сферы культуры і агітпропа будзе хоць адзін элітны злыдзень, вы гэтага відовішча ў другі раз не пабачыце, як уласных вушэй.

Да новых сустрэч, мае шаноўныя, на ніве мамоны, дурноты і амбіцыёзнасці. Пакуль жывы, паслужу вам з усёй маёй шчырасцю і адданасцю.

(Прыпадымае капялюш, схіляе галаву, засведчвае рожкі і зыходзіць. Вяртаецца на паклон з іншымі выканаўцамі, калі заслона падымецца.)


Заслона апускаецца.

1973 г., 2006 г.- новая рэдакцыя.


Новае краязнаўчае выданне

Мой тата Віктар Грыбко гадаваўся ў афіцэрскай сям'і. Бацькі яго родам з Чэрвеня, а нарадзіўся ён далёка ад роднай Беларусі, аж у Хабараўску. Сям'я часта пераязджала. Дзякуючы гэтаму, тату давялося шмат дзе пажыць. Ён аб'ездзіў амаль усю Беларусь: ад Гомеля да Магілёва, ад Мінска да Мазыра. Як сын вайскоўца, у школе беларускую мову тата не вывучаў, ды і ў сям'і стаўленне да роднага слова было, мякка кажучы, не зусім прыхільнае. Дзякуючы ўласным намаганням, ён вывучыў мову і вельмі добра ёй валодае. З дзяцінства тата любіў гісторыю. Калі атрымліваў падручнікі ў школе, то перачытваў іх літаральна за некалькі тыдняў.

Дух беларушчыны абудзіў у ім настаўнік гісторыі Мікалай Гнеўка. Тата скончыў гістарычназамежны факультэт педагагічнага ўніверсітэта імя М. Горкага, пасля чаго яму прапаноўвалі пайсці ў аспірантуру. Але абставіны склаліся так, што было не да навукі. Нечакана памерла мая бабуля, маці таты. На руках застаўся малодшы брат васьмікласнік. На той час тата быў ужо жанаты, і яны з жонкай паехалі па размеркаванні ў Рэчыцу. Аднак неўзабаве Чарнобыль памяняў усе планы. Сям'я едзе на радзіму жонкі ў вёску Іванск, што ў Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці. Тут ён працуе настаўнікам, вывучае гэтую цікавую мясціну, з якой звязаны шмат якія гістарычныя падзеі, напрыклад, Ульская бітва 1564 года. Ужо ў першыя гады настаўніцтва тата стварыў школьны музей і ўзначаліў гісторыкакраязнаўчы гурток "Спадчына", які прымаў актыўны ўдзел у шматлікіх конкурсах, і хутка стаў вядомы паза межамі раёна. У 1998 годзе гурток заняў першае месца ў рэспубліканскім конкурсе Цэнтра дзіцячага і юнацкага турызму і экскурсій. Праз два гады на абласным конкурсе па даследаванню роду Валадковічаў гурток увайшоў у тройку прызёраў. У 2003 годзе ён становіцца пераможцам трэцяга этапу Усебеларускай экспедыцыі "Наш край" па раздзеле "Летапісанне родных мясцін".

Стварыўшы музей, тата ўшчыльную заняўся краязнаўствам. Ён пачаў пісаць. Спачатку з пад яго пяра выходзіць маленькая кніжачка "Іванск" (Гістарычнакраязнаўчы нарыс). Акрылены першай кнігай, бярэцца за другую. Працуе над ёй гады тры. У жніўні 2007 года ў выдавецтве "Медысант" пабачыла свет кніга майго бацькі, цяпер вядомага віцебскага краязнаўца Віктара Грыбко "Наша Чашніччына". Гэта гістарычнакраязнаўчы курс, які асвятляе найбольш важныя падзеі з гісторыі Чашніччыны ад старажытнасці да навейшага часу.

Які ён, наш родны Чашніцкі край? Гэта звілістая стужка рэк, блакітныя акенцы азёр, крыніцы з чысцюткай і сцюдзёнай вадзіцай, светлыя бярозавыя гаі, што аглухлі ад птушынага звону. Гэта спрадвечныя бары, у якіх высачэзныя хвоі гамоняць з небам, залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі васількоў. А яшчэ наш край - гэта людзі з іх паўсядзённай працай. Шмат гістарычных падзей звязана з нашым краем, безліч войнаў і іншых бедаў пракаціліся па ім. Яшчэ і цяпер сялянскі плуг можа вывернуць на паверхню каменнае альбо жалезнае ядро, наканечнік дзіды ці праржавелыя гільзы ад патронаў і снарадаў, а часам і цэлыя боепрыпасы.

Мноства курганоў хаваюць пад сваімі дзірванамі прах нашых продкаў. Курганы, гарадзішчы, рэшткі цэркваў, абеліскі і помнікі - нагадваюць аб тым, што не з нас пачынаецца і не намі заканчваецца гісторыя, што мы толькі звяно ў бясконцым ланцугу, якое звязвае мінулае і будучае. А для гэтага неабходна ведаць гісторыю свайго роднага краю, неабходна любіць і шанаваць яе. Гэта і з'яўляецца галоўнай мэтай новага выдання "Наша Чашніччына".

Кніга складаецца з трох раздзелаў:

1 раздзел: Гісторыя Чашніччыны да 1917 г. Гісторыя асобных населеных пунктаў. Прыроднагеаграфічная характарыстыка.

2 раздзел: " Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына..." Жыццё і побыт Чашніччыны ў мінулым. Матэрыяльная і духоўная спадчына.

3 раздзел: Чашніччына ў навейшы перыяд гісторыі.

Курс цікавы як для вучняў і настаўнікаў сярэдніх школ, так і для ўсіх тых, хто хоча ведаць гісторыю свайго роднага краю. Яго матэрыялы можна выкарыстоўваць на факультатыўных занятках і занятках гістарычнага гуртка. З верасня 2007 г. чашніказнаўства вывучаецца на выбар у школах раёна.

Выданне багата ілюстраванае. У ім звыш 160 фотаздымкаў і план краязнаўча-турыстычнага маршрута па Чашнічынне. Па гэтым маршруце мой бацька, Віктар Грыбко не раз прайшоў разам са сваімі вучнямі.

Цяпер мой тата марыць напісаць яшчэ адну кнігу пад пакуль яшчэ рабочай назвай : "Экскурсійнатурыстычны маршрут па Чашніччыне". І я спадзяюся, што яна будзе запатрабаваная ў раёне.

Ганна Грыбко, студэнтка 3 курса БДУКіМ.


Шэсць гадзін адкрыццяў і адно расчараванне

Заўсёды з аптымізмам успрымаеш паведамленні пра тое, што забытыя імёны беларускіх інтэлектуалаў і тых, каго называюць маральнымі аўтарытэтамі нацыі, вяртаюцца да беларусаў, да тых, каму быў прысвечаны іх жыццёвы чын і неўміручыя творы. Бо сёння, як ніколі, нашаму народу патрэбны прыклады стойкасці і мужнасці ў адстойванні права "людзьмі звацца". Адным з такіх цудоўных і мужных беларускіх інтэлектуалаў быў гісторык, літаратар і дысідэнт Мікола Іванавіч Ермаловіч.

Калі навуковая іпастась Міколы Іванавіча і ягоныя эпахальныя гістарычныя кнігі добра знаёмая беларусам, то вось з літаратурнымі і дысідэнцкімі творамі Ермаловіча сучаснікі знаёмыя пакуль што не вельмі грунтоўна. Гэтую "белую пляму" ў творчай спадчыне М. І. Ермаловіча ўзяліся запоўніць паплечнікі па клубу "Спадчына", у якім ён быў залічаны ганаровым сябрам. Вынікам руплівай працы стаў зборнік успамінаў і неапублікаваных твораў "Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі. Зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85годдзя з дня нараджэння Міколы Ермаловіча". У выданні пад адной вокладкай была сабрана спадчына гісторыка, вальнадумцы, таленавітага літаратара Міколы Ермаловіча. Гэтая падзея не засталася незаўважанай беларускай грамадскасцю, сродкамі масавай інфармацыі. Адбылася прэзентацыя зборніка ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, дзе творы М. Ермаловіча гучалі ў жывым выканнанні сярод гістарычных экспанатаў той эпохі, якой Ермаловіч прысвяціў асноўныя гады жыцця і творчасці.

Магчыма гэтае "жывое" чытанне ў Нацыянальным музеі і натхніла выдаўцоў з суполак "Беларускі Гальфстрым", "Вэтэраны адраджэньня" і культурніцкай камісіі БНФ "Адраджэньне", якія вырашылі выдаць паэтычную і публіцыстычную спадчыну Міколы Ермаловіча ў выглядзе асобнай аўдыёкнігі. Такі фармат цяперака вельмі папулярны ў моладзі, якая лепш кантактуе з кампутарам, чым з папяровымі стронкамі традыцыйнай кнігі. Гэтую акалічнасць і вырашылі скарыстаць выдаўцы, каб пашырыць веды пра філасофскі сусвет Міколы Іванавіча Ермаловіча.

А агучыць на новай аўдыёкнізе біяграфію М. Ермаловіча (аўтар гісторык А. Валахановіч), шматлікія публіцыстычныя творы, "Гутаркі аб усім, што баліць" (19751976), лісты калегам з іншых краінаў, вершы, было даручана заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі, тэатральнаму рэжысёру і вядомаму грамадскаму дзеячу Валерыю Мазынскаму.

Праграма аўдыёкнігі па творах Міколы Ермаловіча разбіта на некалькі раздзелаў, якія робяць гэты дыск зручным для карыстальніка. У залежнасці ад настрою ці патрэбы слухач можа акунуцца ці то ў паэтычны свет Ермаловіча, ці то адчуць рашучую танальнасць змагара за нацыянальнае Адраджэнне ў "Гутарках аб ўсім, што баліць". Альбо засяродзіцца на эпісталярнай спадчыне гісторыка, на запісах выступаў для сяброў культурніцкіх суполак … І паўсюдна вы адчуеце не толькі вялікі інтэлектуальны патэнцыял беларускага мысляра, але і зразумееце тыя філасофскія далягляды, за якія разам з чытачамі зазірнуў Мікола Ермаловіч яшчэ ў 7090 гады мінулага стагоддзя.

Гэта, дарэчы, адбываецца не толькі дзякуючы магіі тэкстаў Ермаловіча, але і праз мастацтва чытальніка Валерыя Мазынскага, які даносіць да слухачоў усе эмацыянальныя і сэнсавыя адценні тэкстаў Міколы Іванавіча, чым дапамагае больш поўнаму разуменню таго духоўнага чыну, які здзейсняў Ермаловіч. Асабліва гэта тычыцца чытання гутарак і публіцыстычнай паэзіі М. Ермаловіча, у якіх аўтар укладваў акрэслены заклік да беларусаў шанаваць родну мову, ведаць і вывучаць гісторыю краіны, супрастаяць ўсім спробам зганьбіць спадчыну нашага народа.

Як і любое сучаснае выданне, аўдыёкніга - гэта вынік супрацы многіх спецыялістаў. Тут на першым месцы, зразумела, выступае чытальнік, які з дапамогай голасу робіць тэкст набыткам слухачоў. Але не меншая роля ў такіх выданнях адводзіцца і афармленню аўдыёкнігі, якая пасутнасці, з'яўляюцца літаратурнамастацкімі альбомам. І вось тут да выдаўнікоў ёсць пытанні. Напрыклад, чаму ў афармленні дыска мала выкарыстана беларускага гістрычнага матэрыялу, выяваў вучонага ці таго, што звязана з імем Міколы Ермаловіча? Упэўнены, такія візуальныя элементы ў афармленні дадалі б шарма да таго літаратурнага і публіцыстычнага матэрыялу, які прадстаўлены на гэтай аўдыёкнізе.

Але галоўнае пытанне ў тых, хто пазнаёміўся з гэтым, безумоўна цікавым і карысным выданнем, узнікае адносна таго, чаму выдаўцы не ўзгадваюць перашкрыніцу - кнігу М. Ермаловіча "Яго чакала Беларусь чатырыста гадоў", якая была выдадзена намаганнямі клуба "Спадчына"? Бо менавіта адтуль складальнікамі былі ўзятыя тэксты! А тое, што гэта менавіта так, і складальнікі аўдыёкнігі ведалі пра выданне "Спадчыны", сведчыць запісаная на дыску біяграфія М. Ермаловіча, дзе В. Мазынскім узгадваецца яе аўтар - сябра клуба Анатоль Валахановіч.

Безумоўна, клуб "Спадчына" не мае аўтарскіх правоў на тэксты Міколы Іванавіча ў поўным сэнсе гэтага вызначэння. Але трэба браць на ўвагу тое, што менавіта спадчынаўцы прыклалі максімум намаганняў, каб расшукаць і сістэматызваць літаратурнапубліцыстычную спадчыну гісторыка, выдаць яе асобнай кнігай. Пры тым, што спадчынаўцы шчыра аддалі належнае тым, хто дапамог ў гэтай важнай справе - выказалі падзякі, хоць радком узгадалі ўсіх, хто спрычыніўся да гэтай працы. І гэты вядома ўсяму беларускаму грамадству!

Таму размова можа весціся толькі ў плоскасці ўзаемаразумення і ўзаемапавагі ў асяроддзі тых, хто ведаў Міколу Іванавіча Ермаловіча, хто імкнецца ўшанаваць яго памяць, яго велічны чын на карысць Бацькаўшчыны. І дзеля гэтага мы павінны аб'ядноўваць нашыя намаганні, а не цягнуць, як невыхаваныя дзеці, коўдру толькі на свой бок, выстаўляючы сябе ледзь не першаадкрывальнікамі! Гэта пытанне і да чытальніка тэкстаў, і да выдаўцоў аўдыёкнігі "Мікола Ермаловіч. Лісты, выступы, гутаркі, вершы". Яшчэ ёсць час выправіць памылку і аддаць належнае творчаму калектыву клуба "Спадчына" падчас выдання наступнага накладу аўдыёкнігі, каб нашчадкі не ўпікалі нас, сучаснікаў у дробязнай крывадушнасці перад веліччу постаці беларускага Гісторыка.

Тут трэба весці размову пра нашу салідарнасць. Як яе патрабаваць ад палітыкаў і усіх чыннікаў беларускага грамадства, калі яе няма сярод нацыянальнай інтэлігенцыі?

Анатоль Мяльгуй.

На фота аўтара: В. Мазынскі чытае тэксты М. Ермаловіча для сяброў клуба "Спадчына" пад час прэзентацыі кнігі "Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі".


Паэт Яўген Амбражэвіч

Так ужо ў нашым жыцці атрымліваецца, што ходзіш недзе па вуліцы, побач з табою невядомыя людзі: і не ведаеш, што той ці іншы незнаёмец піша вершы ці прозу і г.д.

Лічу, што мне пашанцавала сустрэць цікавага суразмоўцу, цікавага чалавека.

Яўген Казіміравіч Амбражэвіч нарадзіўся ў г. Дзяржынску. Вайсковую службу праходзіў у Заполяр'і, працаваў у г. Узда рэдактарам раённага радыё, затым 6 год працаваў старшым карэспандэнтам сельгасаддзела газеты "Сцяг Кастрычніка".

Скончыў ён Бел дзяржуніверсітэт, філалагічны факультэт беларускай і рускай мовы і літаратуры.

Як ён мне паведаміў, у час вучобы прадмет "Беларускі народны фальклор" выкладаў народны паэт Беларусі Ніл Сымонавіч Гілевіч. Негледячы на тое, што Ніл Гілевіч быў вельмі патрабавальны, студэнты любілі яго, з задавальненнем слухалі яго лекцыі. Яўгену Амбражэвічу у пошуках фальклору давялося са сваімі аднакурснікамі наведаць самыя глухія куточкі Беларускага Палесся. Студэнцкія гады, вучоба пад кіраўніцтвам такога таленавітага настаўніка як Ніл Гілевіч - гэта ўспаміны на ўсё жыццё. Яўген Казіміравіч піша вершы толькі на беларускай мове. Ды і размаўляе таксама на матчынай мове. Чалавек ён вельмі сціплы. Таму нідзе і не публікуе іх. Недаўна яму споўнілася 70 год, аб чым у раённай газеце з гэтай нагоды было віншаванне ў выглядзе невялічкага артыкула.

Некалі асобныя вершы яго друкаваліся ў "ЛіМ"е, у часопісе "Сельскае хозяйство Беларуси".

Жыве ён адзін, пенсія яго - менш за 300 тыс. руб. Крыўдна за яго, крыўдна за цяперашнюю ўладу на Беларусі, па волі якой шмат такіх пенсіянераў, як Яўген Казіміравіч, апынуліся ў жабрацкім становішчы. Ім бы, нашым выбраннікам, такую пенсію! Шчыра жадаю!!!

Негледзячы на нястачу, Я. К. Амбражэвіч падпісаўся на нашу газету "Наша слова" да канца года і сказаў мне, што стане сталым чытачом і ў наступным годзе.

Прапаную ўвазе рэдакцыі, а, магчыма, і чытачоў "Нашага слова" некалькі яго вершаў. Тэма вершаў - лірыка, каханне, а таксама ў некаторых гучыць народны фальклор (не здарма ён любіў лекцыі Ніла Гілевіча).

Лявон Целеш.

Прыходзь...

Калі заціхне вуліца,

Да вокан зрок прытуліцца,

І пойдуць спаць вясёлыя

сябровак галасы,

Прыходзь парой вячэрняю,

Туды, дзе ветрык чэрвеня

Бярозку задрамаўшую

цалуе ў валасы.


Прыходзь

сцяжынкай вузкаю,

Што ледзь

прыкметнай стужкаю

Яшчэ яд сонца цёплаю

бяжыць сярод жытоў.

Яна, мая выбранніца,

Раскажа, як да раніцы

Што ноч цябе чакаю ўсё

і зноў чакаць гатоў...


Прыходзь....

Каліна цвіце

Над рэчкаю нізка

каліна цвіце.

За рэчкаю сцежкай

дзяўчына ідзе...

Скажы мне, каліна,

дзе сцежку знайсці,

Каб к сэрцу дзяўчыны

па ёй перайсці?

Скажы мне, каліна,

дзе сцежку знайсці...


Штовечар іграе

мой сябар-баян,

Штовечар прыходзіць

красуня мая,

Ды толькі заўсёды

мне слоў не стае

Сказаць, як я моцна

кахаю яе.

Ды толькі заўсёды

мне слоў не стае...


Пачула каліна, бядзе памагла,

Праз рэчку глыбокую

кладка лягла,

Дзяўчыне

галінку-руку падала

І кладкай - сабой

к юнаку прывяла.

Дзяўчыне

галінку - руку падала...


Ад гэтай пары

там пяюць да відна

Пра шчасце кахання

баян і яна.

Каліна над рэчкаю

нізка цвіце.

І квецень такую

не ўбачыш нідзе.

Каліна, каліна, каліна цвіце...


Яўген Амбражэвіч.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX