Папярэдняя старонка: 2007

№ 49 (837) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 49 (837) 12 СНЕЖНЯ 2007 г.


Споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння паэта Рыгора Крушыны

3 снежня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння паэта Рыгора Крушына (сапраўднае прозвішча - Казак). Гэта быў першы беларускі творца, які стаў сябрам Міжнароднага ПЭН-клуба - аб'яднання свабодных па-этаў, эсэістаў і навэлістаў. У 1950-1960-я гады пад псеўданімам Кастусь Рамановіч ён працаваў у беларускай рэдакцыі Радыё Свабода.

Дзяцінства і юнацтва Рыгора Казака прайшло на Случчыне. Бунтоўны край выхаваў будучага паэта ў духу пашаны да нацыянальнае незалежнасці. Гэтыя пачуцці выліліся з-пад ягонага пяра ў першых жа публікацыях - у рукапісным часопісе "Наша слова". Рыгор з братам Міколам і сябрамі выдавалі яго, калі вучыліся ў Слуцку. Апрача таго, юнакі друкавалі і распаўсюджвалі антыбальшавіцкія ўлёткі.

Толькі праз шчаслівы збег абставін Рыгор Казак пазбег рэпрэсіяў, шырока заявіў пра сябе паэтычнымі публікацыямі і нават паспеў скончыць сцэнарны факультэт пры Інстытуце кінематаграфіі ў Маскве. Але ў 1944 годзе ён разам з тысячамі іншых, хто быў не згодны з бальшавіцкімі парадкамі ў родным краі, мусіў выехаць на Захад, дзе стаў друкавацца пад імем Рыгора Крушыны.

"У ягонай паэзіі, як ні ў кога з беларускіх паэтаў, вельмі адчувальна адбілася настальгія па Бацькаўшчыне. Гэта па-першае. А па-другое, у яго па-новаму неяк загучала беларускае слова", - гаворыць даследчыца літаратуры беларускага замежжа Лідзія Савік.

На эміграцыі Рыгор Крушына выдаў сем паэтычных зборнікаў, у якіх упершы-ню ў айчыннай літаратуры ўжыў новыя вершаваныя формы, - падкрэслівае спадарыня Савік: "Ён упершыню ўвёў у беларускую літаратуру такія формы, як паліндром, туюг, газэль, канцона, японскае танка". А яшчэ ён быў першым прадстаўніком беларускіх творцаў у Міжнародным ПЭН-клубе.

Землякі нічога пра гэта ня ведалі, хоць голас ягоны шмат хто чуў на хвалях беларускай службы Радыё Свабода. Рыгор Крушына працаваў тут пад псеўданімам Кас-тусь Рамановіч.

Аб'ездзіўшы ўвесь вольны свет, ён марыў, калі не сам, то сваімі творамі вярнуцца на Радзіму. Але цягам 60 гадоў ніводнага верша, ніводнае згадкі пра імя паэта не з'явілася ў друку на Бацькаўшчыне.
І толькі залетась дзякуючы намаганьням сына Ігара творчая спадчына Рыгора Крушыны пачала вяртацца да чытачоў на радзіме. У недзяржаўным выдавецтве "Беларускі кнігазбор" выйшаў том выбраных твораў паэта, цяпер рыхтуецца яшчэ адна кніга ягонай паэзіі. А 12 снежня ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры, які месціцца ў Траецкім прадмесці, мае адбыцца вечарына ў гонар паэтавага юбілею.

(Пра Рыгора Крушыну чытайце на ст. 3.)


Х з'езд Партыі БНФ ХІ з'езд ГА БНФ "Адраджэньне"

8-9 снежня ў Менску прайходзілі Х з'езд Партыі БНФ і ХІ з'езд ГА БНФ "Адраджэньне".

Былі заслуханы справаздачы старшыні Вінцука Вячоркі і яго намеснікаў. Дзейнасць Партыі БНФ і ГА БНФ "Адраджэньне" за прайшоўшыя два гады была прызнаная здавальняльнай.

Пагаджаючыся з гэтай ацэнкай дэлегаты з'езду давалі самыя розныя высновы па дзейнасці Партыі ў цэлым і кіраўніцтва ў прыватнасці. Пры гэтым падкрэсліваўся не толькі традыцыйны незалежніцкі характар дзейнасці Партыі БНФ, а і яе дзяржаўніцкі характар. Партыя БНФ дзейнічала ў мінулыя два гады выключна ў інтарэсах беларускай нацыі і беларускай дзяржавы.

Выказваліся самыя розныя погляды на стратэгію дзейнасці партыі ў будучым. Гэтыя розныя падходы выліліся ў напружаную барацьбу пры выбарах старшыні Партыі БНФ на наступны тэрмін. Два туры галасавання не развязалі сітуацыі. У першым туры на пасаду старшыні прэтэндавалі тры кандыдаты: Вінцук Вячорка, Алесь Міхалевіч і Віктар Івашкевіч. У другі тур выйшлі Вячорка і Міхалевіч. Пасля падлікаў галасоў другога туру, Вінцук Вячорка набраў 118 галасоў, Алесь Міхалевіч 110, высветлілася, што для перамогі (50% + 1голас) Вячорку не хапіла двух бюлетэняў.

У гэтай крызіснай сітуацыі старшынём Партыі БНФ быў абраны Лявон Баршчэўскі. За яго прагаласавала 211 дэлегатаў з 236.

Лявон Баршчэўскі - знакавая для БНФ асоба. 19901995 гадах. - дэпутат Вярхоўнага Савету, уваходзіў у склад парламенцкай апазіцыі БНФ. Быў сябрам камісіі ў пытаннях адукацыі, культуры і захавання гістарычнай спадчыны, а таксама сябрам камісіі ў міжнародных справах і замежнаэканамічнай дзейнасці. Удзельнік галадоўкі дэпутатаў ХІІ склікання супраць рэфэрэндуму 1995 году, які скасаваў нацыянальную сімволіку і статус беларускай мовы як адзінай нацыянальнай. У 1995 годзе быў намеснікам старшыні Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне". У 19961999 гадах выконваў абавязкі старшыні Партыі БНФ пасля ад'езду з краіны Зянона Пазьняка. Пастаянна быў сябрам Сойму Партыі БНФ. Ён вядомы грамадскі дзеяч, выбітны перакладнік, заснавальнік Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, ганаровы прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра.

Былі выбраны пяць намеснікаў старшыні Партыі БНФ. Вінцук Вячорка будзе курыраваць міжнародную дзейнасць Партыі БНФ, а таксама пры патрэбе выконваць абавязкі старшыні Партыі БНФ, замяшчаць яго ў выпадку адсутнасці.

Намеснікам, які курыруюе рэгіянальную дзейнасць Партыі - стаў Юрась Губарэвіч, па інфармацыйнаідэалагічнай працы - Аляксей Янукевіч, па арганізацыі палітычных кампаніяў і працы з мэтавымі групамі - Віктар Івашкевіч, па партыйным і кааліцыйным будаўніцтве - Алесь Міхалевіч.

З'езд абраў Сойм у складзе 52 чалавек.

Партыю БНФ чакаюць новыя два гады напружанай працы на карысць Беларусі.


80 гадоў "ПОЛЫМЮ"

«ПОЛЫМЯ», аб'яднанне бел. пісьменнікаў. Існавала ў Менску са снеж. 1927 да 27.5.1932. Ініцыятары стварэння і члены: Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, М.Грамыка, А. Гурло, У.Галубок, Я.Нёманскі, М.Піятуховіч, А.Сянкевіч, а таксама нядаўнія чл. «Маладняка» М.Чарот, М.Зарэцкі, А.Вольны, А.Дудар, А. Александровіч, В.Сташэўскі. Чл. праўлення: Я.Колас, Ц.Гартны, М.Чарот; кандыдаты:. М. Зарэцкі, Я.Нёманскі, Сташэўскі. Асн. задачы: развіццё бел. маст. л-ры праз узмацненне творчай працы сваіх членаў, афармленне і замацаванне ў бел. л-ры пралет. ідэалогіі з удасканаленнем нац. формы. Значная ўвага аддавалася развіццю крытыкі, павышэнню прафес. ўзроўню і агульнаадук. ведаў чл. аб'яднання, беражліваму стаўленню да культ. спадчыны. Наладжвала літ. вечары, сустрэчы з рабочымі, арганізоўвала паездкі пісьменніцкіх дэлегацый у Ленінград, Харкаў, Кіеў і інш. Выступала за памяркоўныя адносіны і творчае супрацоўніцгва з інш. літ. аб'яднаннямі рэспублікі, імкнулася ўраўнаважваць крайнія тэндэнцыі ў літ. руху канца 1920 - пач. 1930-х г. Аднак дамагчыся гэтага не заўсёды ўдавалася.


Магілёў: у дзіцячым садку з'явілася першая беларускамоўная група

3 снежня трое дзетак - Яліна Салаўёва, Мікола Бацюкоў ды Павел Мохаў - пайшлі ў адзіную ў Магілёве беларускамоўную групу пры дзіцячым садку нумар 81. Беларускамоўная група "Вясёлка" з'явілася ў Магілёве пасля амаль пятнаццацігадовага перапынку.

Пяць месяцаў актывісты мясцовых суполак Таварыства беларускай мовы і руху БНФ "Адраджэньне" дамагаліся ад уладаў адкрыцця беларускамоўнай групы ды шукалі сем'і, якія пагадзіліся б аддаць туды сваіх дзяцей.

За гэты час актывістам удалося знайсці дзясятак такіх сем'яў. У групу, аднак, пайшлі толькі трое дзетак. Астатнія не адпавядалі паводле ўзросту.

Загад аб адкрыцці адзінай у Магілёве беларускамоўнай групы падпісаў начальнік аддзела адукацыі Ленінскага раёна Аляксандар Гапееў месяц таму. Чаму толькі сёння дзеці пайшлі ў свой садок? Тлумачыць адзін з бацькоў Зміцер Салаўёў:

Рашэнне аб адкрыцці групы было датавана першым лістапада. Але раённы аддзел адукацыі не выдаткаваў сродкаў на неабходныя гаспадарчыя рэчы, каб гэтая група адчынілася, каб санстанцыя гэта ўсё прыняла.

У дзіцячым садку ўжо ёсць польскамоўная група. Туды ходзяць 16 дзетак. Штогод у госці да іх наведваецца амбасадар Польшчы.

Загадчыца садка Элеанора Куляшова перакананая, што ў беларускамоўнай групе будзе больш дзетак:

Я перакананая ў гэтым. Мы беларусы. Усё ж хочацца, каб не забывалі, што мы беларусы. Адкрываюцца польскія, габрэйскія групы, але беларускія адкрываць трэба ў першую чаргу.

Выхавацелька Алеся Кучура задаволеная тым, што будзе працаваць у незвычайнай для Магілёва групе. Што яна найперш зробіць, калі застанецца самнасам з дзецьмі?

Спачатку знаёмства, потым гульня цікавая, каб абудзіць у дзяцей цікавасць да сябе, да таго, што яны прыйшлі ў новую групу.

Бацька Міколкі Бацюкова Аляксей свядома аддаў свайго сына ў беларускамоўную групу.

Беларуская мова - наша родная. Я ўпэўнены, што ў такую групу не прывядуць сваіх дзяцей бацькі, якія будуць безадказныя і не зацікаўленыя ў гэтым. Пакуль група малакамплектная, у сына будзе менш шанцаў захварэць, напрыклад. У малакамплектнай групе будзе больш увагі аддавацца кожнаму дзіцяці, - мяркуе Аляксей Бацюкоў.

У Магілёве беларускамоўныя групы пачалі стварацца пры канцы 1993 году. Пасля травеньскага рэферэндуму 1995 году гэты працэс спыніўся. Няма ў Магілёве і беларускамоўных школ.

Паводле ўправы адукацыі аблвыканкаму, беларускамоўных школ на Магілёўшчыне 56 працэнтаў. Але гэта пераважна вясковыя малакамплектныя школы. Сярод буйных гарадоў вобласці толькі Асіповічы маюць гімназію, дзе ўсе прадметы выкладаюцца па-беларуску.


Шаноўная рэдакцыя!

З задавальненнем прачытаў у № 45 аповед С. Русецкага з г. Бярозы, што на маёй радзіме - Берасцейшчыне, аб тым, як па ініцыятыве сапраўднага беларуса сп. А. Лабовіча ў Бярозе з'явіўся беларускамоўны клас.

Вось гэта ўнёсак у святую справу адраджэння беларускасці!

Вось гэта прыклад для ўсіх нас, хто лічыць сябе беларусам, патрыётам.

А зрабіць хоць штосьці для гэтага можа кожны з нас.

Напрыклад, я некалькі гадоў друкую аб'явы ў сваім кааператыве на беларускай мове, якія рэгулярна зрываліся, залівалі фарбай. Жахары дома абураліся што нявзручна, незразумела. І зараз такое бывае. Але ўжо адзінкавыя выпадкі, прывыклі, зразумелі.

А на пошце маладзенькая дзяўчына - аператар абурылася тым, што я ўсе лісты і дакументы аформіў на беларускай мове. Калі я адказаў, што гэтая мова дзяржаўная, што мы жывём у Беларусі, што мы беларусы і гэтая мова для нас родная, а калі хто яе не ведае, то гэта яго і бяда, і віна, то дзяўчына змоўкла, а чарга, на здзіўленне, прамаўчала, хаця раней чуць не выпіхвала мяне, называючы нацмэнам, адмарозкам і г.д.

Я абрадаваўся, усё жтакі рух наперад ёсць, самасвядомасць расце.

Беларусі быць!

Буйніч Міхаіл Міхайлавіч, пенсіянер-афіцэр у адстаўцы, г. Гомель.


Што ж беларускага ў гэтым саюзе?

Калі кіраўнікі Слуцкай суполкі БРСМ наважыліся адзначыць урачыста пяцігадовую дату свайго заснавання, мясцовыя ўлады прадставілі ім залу гарадскога Палаца культуры. З рання на яго прыступках вайсковы духавы аркестр страчаў запрошаных маршамі і мелодыямі часоў камсамольскай мінуўшчыны. А над галоўнай вуліцай горада, паблізу Палаца культуры, напярэдадні былі навешаны ярка блакітныя расцяжкі з адпаведнымі даце віншаваннямі. На расейскай мове. На ёй быў аформлены і кідкі шчытплакат перад уваходам у Палац культуры. Усё гэтае вонкавае афармленне вельмі нагадвала 50-80-я гады мінулага стагоддзя, калі родная мова ігнаравалася тут паўсюль. Таму не было ніякага сумневу, што і ў зале выступоўцы будуць гаварыць на адзінай моверасейскай. Так яно і выйшла. Ніводнага слоўца не прагучэла за дзве гадзіны афіцыёзу на беларускай! Можа хто з удзельнікаў збору і меў такое жаданне. Але хутчэй за ўсё збаяўся - каб часам не залічылі ў "нацыяналісты" або "маладафронтаўцы". Ці не такі жах адчувалі ў 1937 годзе тыя з нямногіх ацалелых інтэлігентаў пасля арышту і расстрэлу сотняў беларускіх "пісьменнікаў, настаўнікаў, журналістаў, вучоных, віна якіх была у тым, што любілі родную мову, карысталіся ёю на службе, дома, у сем'ях?

Не дзіўна, што пад заслону, калі ладзіўся канцэрт для удзельнікаў маладзёвага збору, са сцэны спрэс гучэлі расейскамоўныя песні - пад дружныя воплескі залы. Ніхто не жадаў адчуць хоць на хвіліну сябе беларусам! Ды адкуль быць той нацыянальнай самасвядомасці ў мададых людзей, калі ўжо не адзін год усе 13 сярэдніх школаў, 3 прафтэхнічныя каледжы, усе дзіячыя садкіяслі ў горадзе - расейскамоўныя. А дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі? Яны не меней чым на 98 працэнтаў такія ж. З беларускамоўных толькі рэспубліканская "Звязда" дасылаецца ў раён да 795 падпісчыкаў, ды лічаныя экзэмпляры "Нашаго слова", "Краязнаўчай газеты", "ЛіМ", "Нашай Нівы". Як у такіх умовах выжыць роднай мове? Пачуць сёння на ёй размову на вуліцы такая ж верагоднасць, як сустрэць у джунглях Барнео белага чалавека.

Напрошваецца думка: а што ж беларускага ёсць у гэтым БРСМ? Геаграфічная "прывязка", што ён не ў Тамбоўскай губерні "прапісаны", а ў незалежнай Беларусі? Дык гэта так мала. Ужо пакінулі б у назве толькі тры словы - "Рэспубліканскі Саюз моладзі".

Мікола Кутнявецкі, г. Слуцк.


ДЗЯРЖАЎНЫ МУЗЕЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ЗАПРАШАЕ

На прэзентацыю кнігі АЛЬГЕРДА БАХАРЭВІЧА

" Праклятыя госці сталіцы"

У праграме: Выступленні: Альгерда Бахарэвіча, Юрася Барысевіча, ВікіТрэнас, Зміцера Вішнёва, Андрэя Хадановіча.

Плануецца выступленне гурта "Рацыянальная дыета".

Імпрэза адбудзецца 14 снежня а 17-й гадзіне.

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры Траецкае прадмесце, вул. Багдановіча,13.


ЗОРКА ВЕРЫ РЫГОРА КРУШЫНЫ

(Да 100-годдзя паэта)

Кнігі маюць свой лёс - агульнавядомае выслоўе. Але не толькі кнігі, а нават і асобныя творы на шляху да чытача часам набываюць уласны "жыццяпіс". Гадоў сем таму давялося мне быць у слынных Гудзевічах у Алеся Белакоза. Сядзім у ягонай хаце, гутарым. Алесь Мікалаевіч расказвае, як яшчэ ў студэнцкія гады распаўсюджваў па Гарадзеншчыне антысавецкія ўлёткі. Спачатку сам іх друкаваў з дапамогай самаробнага клішэ, а потым непрыкметна раскідваў у людных месцах. На маю просьбу аднавіць тэкст тых улётак суразмоўца нечакана для мяне дэкламуе вершаваныя радкі:

Не спі, мой любы селянін!

Паўстань супраць

чужой улады!

Паўстанне - сродак твой адзін, Ты роднай

Бацькаўшчыны сын,

Сваіх не згубіш пуцявін,

Дык не шукай чужой спагады! /За зброю! Бі! Хай гінуць гады! Паўстань! Не бойся і не трусь! Ратуйма нашу Беларусь!

Потым я доўга спрабаваў высветліць імя аўтара гэтага верша, але - безвынікова. І вось, рыхтуючы да стагоддзя Рыгора Крушыны ягоную кнігу "Кантата самотных", атрымліваю ад ягонага сына Ігара Казака з ЗША два пакункі з рукапісамі бацькі. І якое ж было маё здзіўленне, калі сярод шматлікіх аўтографаў сустрэўся і верш, пачуты ад Белакоза!

Хто ж ён, аўтар таго адчайнасмелага верша? Нарадзіўся Рыгор Крушына (сапраўднае прозвішча Казак) 3 снежня (паводле новага стылю - 20 лістапада) 1907 года ў вёсцы Бязверхавічы на Случчыне. З 1944 года жыў на чужыне - у Нямеччыне і ЗША. Пакінуў Беларусь, каб уратаваць сябе, свой талент. Жывучы ў лагеры для выгнанцаў у Заходняй Нямеччыне, Рыгор Крушына выдаў кнігу "Лебедзь чорная" (1947), з якой і пачынаў пазней сваю творчую біяграфію. Пра даваенную сваю творчасць успамінаць не любіў, выказваўся катэгарычна: "Мінулае я закрэсліваю".

На пачатку 50х лагеры бежанцаў у Нямеччыне расфармоўваюцца, і іх насельнікі раз'язджаюцца па свеце. Алесь Салавей трапляе ў Аўстралію, Уладзімір Дудзіцкі - у Венесуэлу, Сяргей Хмара - у Канаду, Наталля Арсеннева і Масей Сяднёў - у Злучаныя Штаты Амерыкі. Наўслед за імі ў снежні 1952 годзе выправіўся ў ЗША і Рыгор Крушына. У ЗША паэт удзельнічаў у заснаванні Беларускага Інстытута навукі і мастацтва (БІНіМ), складаў першыя нумары бінімаўскага альманаха "Конадні", у выходных дадзеных якога падаецца хатні адрас паэта: R. Kazak, 191 Henri St., New Jork, 2 USA.

Не абжыўшыся ў ЗША, паэт вяртаецца ў Мюнхен і працуе ў беларускай рэдакцыі радыё "Вызваленне" (пазней - "Свабода"). "Гаворыць радыё "Вызваленне". Пры мікрафоне Кастусь Рамановіч…" - патанаючы ў атмасферных бяздоннях і пераадольваючы шум глушылак, далятаў да Беларусі голас. Займаўся паэт пераважна літаратурнымі перадачамі, рыхтаваў гэтак званыя "скрыпты", якія паралельна друкаваліся ў газеце "Бацькаўшчына". Жывыя згадкі пра тых, каго ведаў, з кім сустракаўся ў далёкія 2030я гады: пра Ю. Лістапада і Я. Коласа, К. Чорнага і М. Чарота, Я. Пушчу і П. Шукайлу, пра незабыўны Белпедтэхнікум…

Жыццё на эміграцыі давала свае перавагі. Найперш - адсутнасць цэнзуры, ад якой занепадала літаратура метраполіі. Падругое, пісьменнікэмігрант духоўна працягвае жыць на радзіме. І погляд на родныя, але пазатымсветныя рэаліі збоку, здалёку, звысоку дае каштоўны досвед. Гэта - як касманаўт на зямлю глядзіць і бачыць, што яна трохі прыплюснутая, а не ідэальна круглая, як на глобусе. Але пакуль не завіснеш над ёю дагары нагамі і не агледзіш у ілюмінатар - не адчуеш асаблівай ахвоты з Пталемеем спрачацца. Расейскі паэт паходжання ліцвінскага Уладыслаў Хадасевіч калісьці напісаў:

Счастлив,

кто падает вниз головой -

мир для него хоть на миг,

а иной.

Дык вось: эміграцыя дае магчымасць пабачыць свет трошкі іншым. І гэта таксама істотна.

Via est vita. Дарога - ёсць жыццё. Гэтае лацінскае выслоўе магло б паслугаваць эпіграфам да ўсіх без вынятку кніг Рыгора Крушыны. Ён шмат вандраваў па свеце, яго натхнялі Капры і Венецыя, Пампея і Сіцылія, Парыж і Ерусалім, Сахара і Дамаск. У вершах мясцовы каларыт перададзены настолькі адчувальна, што здаецца, і пісаліся яны непасрэдна ў падарожжах. Месца выдання на кнігах пазначана таямніча: НьюЁрк-Мюнхен. Так і ўяўляецца падпольная друкарня дзенебудзь на неабжытай выспе пасярод Атлантыкі.

Сярод кніг Р. Крушыны найперш хочацца згадаць зборнік "Сны і мары" (1974). Чытаючы яго, не перастаеш здзіўляцца майстэрству і вынаходніцтву аўтара. Наўслед за М. Багдановічам ён смела абжывае космас паэзіі, здабываючы ў дэкаратыўных парках і непралазных сэльвах ды высаджваючы ў беларускія паэтычныя гаі экзатычныя дрэўцы. Гэтак трапілі ў беларускую паэзію таўтаграма і паліндром, туюг і канцона, секстына лірычная і віланель, газель і трыялет рапалічны. У "Снах і марах" змешчаныя 86 вершаў, і амаль у кожным - маленькае адкрыццё. Паэт, як цыркавы сілач чыгуннымі шарамі, лёгка жангляваў раней нечуванымі ў айчыннай паэзіі гіпердактылічнымі рыфмамі, забаўляўся рознанаціскнымі амонімамі…

"Фармалізм, гульня ў словы - шырокім чытацкім масам гэта незразумела і непатрэбна," - быццам чую я голас з не зусім далёкага мінулага. У тым мінулым умелі ярлыкаваць усіх, хто з таптанай сцежкі збочваў на цалік, адрываўся ад масавага чытача. Але яшчэ Цыцэрон гаварыў: "Я сваіх чытачоў не лічу, я іх узважваю". То бок, не колькасць чытачоў мае значэнне, а іх вага. Хай бы ж прыслухаліся да мысляра ўсе тыя, хто шматтысячны наклад сваіх кніжак звык лічыць пропускам у вечнасць. Не адзін вялікі бор застаўся б падпіраць неба і шумець на радасць нашчадкам!

Рыгор Крушына шмат падарожнічаў, пабываў у многіх краінах на розных кантынентах. Вывучыў ангельскую, нямецкую, іспанскую, польскую мовы. Стаў першым беларускім пісьменнікам - сябрам Міжнароднага ПЭНклуба. Прыканцы жыцця купіў сабе невялікую кватэру на цёплым узбярэжжы - марскі клімат раілі лекары. Слухаў дыханне акіяна, успамінаў, думаў, марыў…

Але - хутка асыпаецца недаўгавечная кветка жыцця… Памёр паэт 27 сакавіка 1979 года пад Вашынгтонам у штаце Вірджынія. Апошнія гады хварэў, але і ў шпіталі пісаў, спяшаўся завершыць кнігу "Рэквіем". Адпявалі паэта ў беларускай аўтакефальнай царкве Жыровіцкай Божай Маці ў ІстБрансвіку (штат НьюДжэрзі). Падчас пахавання на беларускіх могілках гучала "Кантата самотных". У труну разам з абразком сын Ігар паклаў дарагую для бацькі кнігу - усё тыя ж "Сны і мары". Пазней усталяваў на магіле помнік з традыцыйнай Пагоняй, на жалобным мармуры якога золатам рассыпаныя вершы.

У 2005 годзе ў серыі "Беларускі кнігазбор" выйшаў том выбраных твораў Рыгора Крушыны, зычліва прыняты чытачамі. Да стагоддзя паэта "Беларускі кнігазбор" выпусціў у свет кнігу "Кантата самотных", куды ўвайшоў цэлы раздзел "З рукапіснай спадчыны" - творы, ласкава дасланыя з ЗША сынам паэта Ігарам Казаком.

Міхась СКОБЛА.


Расейская мова на "Еўрабачанні" - з'ява часовая?

11-гадовы мянчук Аляксей Жыгалковіч перамог ў на Міжнародным дзіцячым конкурсе "Еўрабачанне". Ён апярэдзіў канкурэнтаў з 17 краінаў, выканаўшы песню на расейскай мове "С друзьями".

Першае месца Аляксей Жыгалковіч аж да падвядзення канчатковых вынікаў дзяліў з дзіцячым ансамблем з Арменіі "Арэвік". Лёс пераможцы вырашыла Літва, якая паставіла суседняй Беларусі максімальную адзнаку - 12 балаў. Сам хлопец кажа, што на перамогу спадзяваўся, аднак паверыў у яе толькі пасля абвяшчэння вынікаў:

Спачатку я не зусім паверыў у тое, што перамог. Бо разрыў Беларусі з Арменіяй быў усяго 1 бал. Справа ў тым, што я дрэнна бачыў экран, таму да апошняга не ведаў, хто і колькі набраў балаў. І толькі праз нейкі час убачыў - Беларусь перамагла! Гэта было супер!

Аляксей Жыгалковіч праспяваў песню на расейскай мове "С друзьями". Два гады таму мазыранка Ксенія Сітнік таксама была першай, летась яе поспех ледзьве не паўтарыў Андрэй Кунец - і вось новая перамога.

Паказальна, што апошнія тры гады ўсе беларускія прадстаўнікі дзіцячага "Еўрабачання" спяваюць парасейску. У той жа час асноўная маса канкурсантаў выконвала творы на сваіх нацыянальных мовах, у тым ліку і тыя, каго Аляксей пацясніў з п'едэсталу. Чаму беларуская мова з рэпертуару ўдзельнікаў практычна выкрасленая?

Першай і апошняй, хто спяваў на "Еўрабачанні" пабеларуску, была ў 2003 годзе Вольга Сацюк. Тады яна прынесла Беларусі першы значны поспех, фінішаваўшы на 4 месцы.

Вакалістка гурта "Яр" Маша Яр, хоць і спявае пабеларуску, але да моўнага выбару артыстаў ставіцца досыць спакойна:

На якой мове спяваць? Ведаеце, я заўсёды стаўлюся да гэтага наступным чынам: хай чалавек размаўляе на той мове, на якой ён хоча і яму зручна размаўляць. І ён павінен быць вольны ў выбары таго, што ён хоча рабіць. Таму тут павінна быць права выбару. Няхай суддзёй у гэтым выступіць хто іншы, я радыкальных высноваў рабіць не хачу…

Песенны багаж згаданай ужо Вольгі Сацюк шмат у чым грунтаваўся на песнях папулярнага фолькрокгурту "Палац". Цяпер ужо "Палац" у ліку 15 лепшых пачаў падрыхтоўку да "дарослага" спеўнага конкурсу "Еўрабачанне2008" у Бялградзе. Лідар калектыву Алег Хаменка расказаў, што на фінал адборачнага туру падрыхтавана кампазіцыя "Кола млына".

Яшчэ да ад'езду на конкурс Вольга вельмі шмат спявала менавіта нашых, "палацаўскіх" песень. Але ўрэшце было вырашана, што будзе больш папулярная песня, не блізкая да фальклору. І насамрэч гэта было фарматна, так проста неабходна было зрабіць.

Што да мовы, то расейскія песні ў рэпертуары, я лічу, - гэта справа часовая. Чаму я так думаю? Бо ўсё ж Сербія ў тым годзе на ўзроўні прафесійных выканаўцаў яскрава прадэманстравала, што можна спяваць на славянскай мове і гэта таксама можа быць перамога.

Карэспандэнт:

Ваша песня, якую вы рыхтуеце ў якасці конкурснай, будзе на ангельскай мове ці, магчыма, на беларускай?

Мы падаем песню цалкам на беларускай мове. Не важна нават, якое месца яна зойме. Галоўнае, каб на такім фэсце прагучала беларускамоўная песня.

Нагадаю, што найвышэйшае месца Беларусі ў дарослым спеўным конкурсе "Еўрабачанне" - шостае. Яго сёлета заняў беларускі выканавец Зміцер Калдун.

Наступны конкурс дзіцячага "Еўрабачання" пройдзе на Кіпры.

Ігар Карней.


"Белсат" пачаў працу

Рэалізавалася стратэгічная ідэя ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" створаны цалкам беларускамоўны тэлевізійны канал "Белсат".

Канал створаны ў рамках польскага грамадскага тэлебачання пры ўдзеле ўраду Польшчы. Праект зацверджаны і фінансуецца польскім парламентам. Большасць працаўнікоў "Белсату" - беларусы. Канал працуе на беларускай мове і адрасаваны найперш жыхарам Рэспублікі Беларусь.

У планах "Белсату" - вяшчаць таксама праз інтэрнэт. Пакуль што на сайце каналу можна паглядзець прамацыйны ролік. У свой першы дзень, 10 снежня, "Белсат" працаваў у тэставым рэжыме. Тлумачыць кіраўнік службы інфармацыі Аляксей Дзікавіцкі:

Тэставае - тры гадзіны. Што да звычайнага рэжыму, праз 2-3 месяцы мы павінны перайсці на 16 гадзін, як і планавалася. Як гэта і будзе выглядаць у канчатковым варыянце.

Тры гадзіны - разам увесь эфір. Арыгінальная праграма пакуль мае адну гадзіну. 10 снежня, апроч іншага, можна ўбачыць навіны, запіс рокканцэрту з удзелам беларускіх выканаўцаў, а таксама сатырычную праграму "Саша і Сірожа".

Ад 8 студзеня арыгінальны эфір пашырыцца да 2 гадзін. А яшчэ праз некалькі месяцаў працягласць арыгінальнага эфіру складзе ўжо 4 гадзіны, якія цягам сутак будуць паўтарацца. Апроч навінаў, сатырычных і музычных перадачаў "Белсат" плануе дэманстраваць токшоў, дакументальныя і мастацкія фільмы, тэлевізійныя драматычныя пастаноўкі, аўтарскія праграмы розных жанраў ды іншае.

Глядзець канал можна праз спадарожнік ад 18й гадзіны. Ужо зараз дасяжны да прагляду афіцыйны сайт тэлеканала.

На сайце пакуль не шмат відэаматэрыялаў. Можна паглядзець хіба прэзентацыйны ролік, у якім апавядаецца пра тыя праграмы, што будуць у эфіры "Белсату". Затое ў раздзеле "Як нас знайсці" падрабязна тлумачыцца працэдура настройкі спадарожнікавай антэны на сігнал "Белсату". Кіраўніцтва канала абяцае, што са студзеня яго можна будзе глядзець праз магутны спадарожнік "Сірыюс". Пакуль жа "Белсат" перадаецца праз спадарожнік "Астра".

Севярын Квяткоўскі.


Гарадзенцы згадалі пра Н. Орду

2007 г. быў абвешчаны ЮНЕСКА годам Напалеона Орды. 200-годдзе з дня нараджэння славутага беларуса адзначылі і гарадзенцы. У музейнай гасцёўні Новага замка напрыканцы лістапада адбылася гісторыкамузычная вечарына "Па слядах Напалеона Орды", прымеркаваная да адкрыцця выставы яго малюнкаў.

Напалеон Орда - асоба надзвычай таленавітая, шматбакова адораная. Ён вызначыўся як мастак, кампазітар, педагог. Да таго ж праз усё жыццё захоўваў актыўную грамадскую пазіцыю.

Яшчэ падчас навучання ў Вільні Напалеон Орда ўваходзіў у тайнае студэнцкае таварыства "Заране". За ўдзел у ім быў выключаны з 4 курса універсітэта і арыштаваны. З гэтага часу меў кляймо "палітычна нядобранадзейны". Прымаў актыўны ўдзел у паўстанні 18301831гг. за незалежнасць Рэчы Паспалітай. За асабістую мужнасць у баі пад Коцкам узнагароджаны самай высокай узнагародай - "Залатым крыжом" «Virtuti Militari» ("Воінская доблесць"). Але, асуджаны да пакарання смерцю, вымушаны быў з'ехаць з краіны. 25 год правёў у эміграцыі, у асноўным ў Парыжы. Вярнуўся на радзіму пасля амністыі эмігрантам. Але неўзабаве пачалося паўстанне 1863 г. I праз пэўны час Напалеон Орда зноў апынуўся ў турме - абвінавачваўся ў адсыланні сваёй прыслугі ў "шайку мяцежнікаў". Следства вялося больш за год. Быў асуджаны да высылкі ў аддаленыя губерні Расіі.

На вечарыне студэнтамі Гарадзенскага коледжа мастацтваў быў інсцэніраваны допыт Напалеона Орды па гэтай справе ў Гарадзенскай турме. Для дакладнага ўзнаўлення фактаў былі выкарыстаны архіўныя матэрыялы.

Найбольшую вядомасць Напалеон Орда атрымаў як мастак. Знаходзячыся ў эміграцыі ў Парыжы, ён вучыўся жывапісу ў мастацкай студыі П'ера Жэрара. Асабліва вызначыўся ў маляванні архітэктуры. На Беларусі стварыў каля 200 архітэктурных замалёвак, 40 з якіх звязаныя з Гарадзеншчынай. Як сказала супрацоўніца музея, малюнкі Напалеона Орды - гэта мастацкая энцыклапедыя архітэктурных помнікаў Беларусі. Сёння пра тое, як выглядалі многія архітэктурныя помнікі, мы ведаем толькі дзякуючы яго творам.

Напрыканцы вечарыны адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы, на якой былі прадстаўлены копіі малюнкаў Напалеона Орды, прывезеныя з Кракава.

Вызначыўся Напалеон Орда і як кампазітар. На эміграцыі ў Францыі ён браў урокі музыкі ў Фрэдэрыка Шапэна, які ў хуткім часе стаў яго блізкім сябрам. 2 гады Орда быў дырэктарам тэатра Італьянскай оперы ў Парыжы.

Музычная дзейнасць не прынесла Напалеону Ордзе ні славы, ні дабрабыту, хоць яна высока была ацэнена многімі кампазітарамі, у тым ліку сусветна вядомым Ферэнцам Лістам.

Ацаніць музычныя здольнасці Напалеона Орды маглі і наведвальнікі музейнай вечарыны. На працягу яе гучалі творы Напалеона Орды, а таксама Фрэдэрыка Шапена ў выкананні студэнтак Гарадзенскага філіяла акадэміі музыкі.

Напалеон Орда быў і таленавітым педагогам. Распрацаваў асабістую тэорыю выкладання музыкі. У Варшаве выйшла яго "Граматыка музыкі", якую высока ацаніў Станіслаў Манюшка.

Напэўна, усе прысутныя засталіся задаволенымі вечарынай . Пасля заканчэння неаднаразова чуліся словы падзякі арганізатарам. А вось студэнтка Наташа была прыемна здзіўлена колам наведвальнікаў. Ёй было прыемна сустрэць людзей, якія цікавяцца сваёй гісторыяй, любяць сваю краіну, свой горад, размаўляюць пабеларуску, цікавяцца людзьмі, якія, хай і не нарадзіліся ў Гародні, але не абмінулі яе ўвагай у сваёй творчасці.

Але не абышлося і без крытыкі. Праўда, няжорсткай. Так, лаўрэат прэзідэнцкага конкурса 1 ступені па тэме "Напалеон Орда", студэнт 5 курса ГрДУ Аляксей Каламійцаў зазначыў, што на вечарыне былі дапушчаны невялікія памылкі ў падачы гістарычных фактаў. Напрыклад, пра два паказаныя малюнкі было сказана, што яны былі зроблены з акна Гарадзенскай турмы. Аднак гэта не зусім так. Адзін малюнак і сапраўды адлюстроўваў гарадзенскі турэмны двор, на другім жа - турэмны двор у Наваградку. Аднак недахопы не такія ўжо значныя, - заўважыў Аляксей. - Галоўнае, што такое мерапрыемства было ўвогуле падрыхтавана і праведзена.

Вікторыя В., Гародня.


Успаміны Эдварда Вайніловіча

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

"Камітэт абароны Крэсаў" (КАК) паставіў перад сабой задачу арганізаваць самаабарону, г. зн. узброеную сілу, якая змагла б абараніць ад бальшавіцкай пагрозы яшчэ незанятыя ўчасткі Ўсходніх Крэсаў, з чым і звярнуўся да Начальніка дзяржавы Пілсудскага. Заручыўшыся яго згодай, заўзята заняўся фармаваннем узброенага аддзела або экспедыцыйнага корпуса пад камандаваннем генерала Івашкевіча, вядомага годным адступленнем з глыбіні Расіі да Бабруйска для злучэння з польскімі легіёнамі.

Генерал Івашкевіч, які нарадзіўся ў Сібіры, сын ссыльного 1863 г., быў нават далёкім сваяком адваката Івашкевіча. Для фармавання аддзела, нават з 4 000 чалавек, неабходныя былі немалыя матэрыяльныя сродкі мільёны. Урад мог узброіць і апрануць іх, нават, магчыма, хацеў, толькі ў недастатковай ступені. Пасля доўгіх і цяжкіх хадайніцтваў ён адважыўся даць 20 мільёнаў, але ў выглядзе "дзяржаўнай пазыкі", якую ніхто не спяшаўся ажыццявіць. Таму спрабавалі знайсці іншае выйсце.

"КАК" узяў на ўзбраенне ідэю, якая сведчыла хутчэй аб яго патрыятычных пачуццях, а не аб фінансавых канцэпцыях: даць адпаведныя рэальныя гарантыі ў выглядзе зямлі, якой валодалі зацікаўленыя ў дадзеным прадпрыемстве ўцякачы, перадаўшы яе ў доўг, і атрымаўшы ў фінансавых сферах сродкі на ваеннае прадпрыемства, хоць тая зямля знаходзілася ўжо амаль усюды ў руках бальшавікоў. Паводле планаў "КАК", кожны крэсавы ўладальнік павінен быў перадаць у заклад (іпатэку) не меней, чым палову сваёй нерухомай маёмасці, прымаючы пры гэтым на сябе салідарную адказнасць за доўг у дачынененні капіталіста.

Варта аддаць належнае грамадзянскім пачуццям нашых землеўладальнікаў неабходная колькасць іпатэчнай адказнасці была сабрана ў кароткія тэрміны, прычым ільвіную долю адказнасці прынялі на сябе кн. Сапега, Пуслоўскі, гр. Генрых Грабоўскі, Л. Чацвярцінскі, кн. Альберт Радзівіл з Паланечкі і г. д. Быў, здавалася, момант, калі гэты ўздым павінен быў фінансаваць "Банк Саюза таварыстваў заработнай платы ў Познані", але, натуральна, усё было загублена на корані, бо ні адна сур'ёзная ўстанова не магла рызыкаваць і ставіць на маёмасць, якая павінна была быць здабыта пры дапамозе зброі. Гэта было, як у выпадку з Партугаліяй і Нідэрландамі.

Пытанне аб гарантыях было адным з асноўных тэм збораў, якія праходзілі ў мяне, і аб якіх я згадваў вышэй. Амаль усе прысутныя ўспрынялі яго негатыўна, г. зн. адмовіліся ад удзелу па наступных прычынах: папершае да Беларусі паранейшаму даходзілі весткі, што ў Кангрэсуўцы ўсё дрэнна, і толькі пасля прыезду ў Варшаву кожны заўважаў, што бальшавізм, якім заразіліся масы ўцякачоў з Каралеўства, які распаўсюджваецца рээмігрантамі, пусціў карані занадта глыбока на глебе эканамічных адносін Каралеўства. Фабрыкі спыніліся, бо не маглі задаволіць патрабаванні працоўнага класа, штрайкі служб у фальварках знішчалі сельскагаспадарчую вытворчасць і прывялі ў некаторых месцах Любліншчыны да скарачэння маёмаснага кіравання пры дапамозе парабкаў, "tout comme chez nous".

Адным словам, пачалі паўтарацца ўмовы, створаныя ў Беларусі ўвосень 1917 г. расійскай рэвалюцыяй, умовы, якія, здавалася, пратэжаваліся ўрадам Пілсудскага пад кіраўніцтвам Марачэўскага, Тугута і К, якія такім чынам стараліся аб'яднаць сваіх выбарнікаў перад надыходзячым галасаваннем у Заканадаўчы Сойм 26 студзеня 1919 г. Перасячэнне ж мяжы экспедыцыйным корпусам "Абароны Крэсаў" генерала Івашкевіча магло адбыцца толькі з дазволу ўраду, і здавалася дзіўным, што ўрад, які пратэжаваў бальшавізм на ўласнай глебе, мог з ім ваяваць на глебе літоўскабеларускай. І урад, натуральна, не даваў такога дазволу, нягледзячы на шматразовыя звароты генерала Івашкевіча і заявы, што велізарныя запасы абутку, абмундзіравання і іншых вайсковых рэквізітаў ляжаць у Беластоку. У сувязі з адступленнем немцаў гэтыя запасы абутку і абмундзіравання можна было б займець без адзінага стрэлу, інакш яны могуць, так яно і здарылася пазней, патрапіць у рукі бальшавікоў.

Падругое, экспедыцыйны аддзел, нават калі б і дасягнуў колькасці ў 4 000 чалавек, мог бы сыграць вызначаную ролю толькі ў дачыненні мясцовай бальшавіцкай партыі, і ніколі не мог б заступіць шлях тым бальшавіцкім сонмішчам, якія з глыбіні Расіі рухаліся, каб заняць Беларусь. Такі аддзел, не маючы рэзервовай падтрымкі, быў бы асуджаны на згубу пасля першай паразы, а тыя, хто яго фармаваў, г. зн. польскія землеўладальнікі, сваімі галовамі заплацілі б за падобнае прадпрыемства.

Патрэцяе, абсалютна ўсіх больш за ўсё пужала салідарнасць даўжнікоў перад фінансавымі ўстановамі, якая не дазваляе аднолькавай рызыкі ўсім падпісантам, паколькі крэдытор дамагаўся б заўсёды ад таго даўжніка, які даваў бы самыя вызначаныя гарантыі, або ў стаўленні да якога працэдура была б найлягчэйшай, а апошні абавязаны быў бы шукаць аб'яднаных, што было звязана з вялікімі цяжкасцямі і непрыемнасцямі. Усё гэтае разам узятае, а галоўнае нежаданне ўраду адпраўляць экспедыцыйны корпус, не гавару ўжо аб Беларусі, занятай бальшавікамі, але нават у Літву, якую можна было абараніць, адбівала ахвоту ад гэтага мерапрыемства, якое "КАК" толькі мог фінансаваць, але не кіраваць ім, да таго ж вялікая частка ўцякачоў з Беларусі з'язджала нечакана, захапіўшы з сабой усяго толькі сродкі да існавання свайго і сваёй сям'і, хто на год, а хто і на месяц, не гаворачы ўжо аб сродках на лячэнне або выхаванне дзяцей, у чым не знайшла ні найменшай спагады або дапамогі ва ўрадавых і грамадскіх кругах Каралеўства.

Аб умовах, у якіх апынуўся аддзел Івашкевіча ў Лапах, я даведаўся ад яго самога за вячэрай, якую для яго даваў уладальнік нясвіжскага маярату ў гасцініцы "Еўрапейская", на якую быў запрошаны і я. Генерал у целе і шаноўнага веку, які не зусім свабодна валодаў польскай мовай, распавядаў, што ўрад не толькі не даў дазволу на здабыццё вайсковай маёмасці ў Беластоку, але нават адабраў часткова выдадзенае раней узбраенне; не дазволіў вербаваць дабраахвотнікаў у Каралеўстве, а ўсяго толькі сярод красоўцаў, якія вялікімі або меншымі групамі чакалі на Крэсах перасячэння корпусам мяжы, каб далучыцца да яго, і, не дачакаўшыся, рассейваліся паступова, а салдаты ў бяздзейнасці гібелі, праядаючы сабраныя сродкі. Генерал быў настолькі здзіўлены дваістай гульнёй ураду, што ўжо зазбіраўся сыходзіць у адстаўку, і гэта здарылася б, калі б не быў пакліканы да выканання ганаровай місіі абараняць Львоў. Як бачна, фінансаванне абароны беларускіх тэрыторый не ўдалося ажыццявіць, але сродкі былі знойдзеныя іншым спосабам. Шырока разрэкламаваная дзяржаўная пазыка "выціснула" рэшткі з і так небагатых кішэняў красовых землеўладальнікаў на лік рэалізацыі гэтых 20 000 000 урадавых паручыцельстваў; чаго не хапіла (а бракавала шмат) дапоўніў "Банк Саюза таварыстваў заработнай платы", закупляючы астатнія аблігацыі. З гэтай сумы 13 000 000 пайшло для літоўскабеларускага экспедыцыйнага корпуса, а больш чым за 6 000 000 марак дазволілі "КАК" працягнуць культурную і эканамічную акцыю на Крэсах у межах свайго разумення.

На адным з чарговых збораў саюза "Палякі з беларускіх Крэсаў" было абрана яго кіраванне па прынцыпу 3 чалавекі ад кожнай губерні, якія павінны былі абраць старшыню.

(Працяг у наступным нумары.)


Год Коласа і Купалы ў Магілёве

У Магілёве працягваецца унікальны праект, які гарадская філія ТБМ зладзіла сумесна з мясцовым тэлеканалам "Магілёў-2" да 125-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа. Людзі рознага ўзросту ды сацыяльнага статусу чытаюць у эфіры мясцовага тэлебачання творы нашых класікаў. Штодня ў эфіры з'яўляецца каля сямі 30секундавых ролікаў, дзе зачытваюцца 1-2 слупкі з вершаў ды паэмаў класікаў. І гэтак - на працягу ўсяго года.

А пачалося ўсё з таго, што ў студзені гэтага года ТБМ прапанавала "М2" рэалізаваць сумесны праект да 125годдзя нашых славутых песняроў. Журналісты адгукнуліся, і ў хуткім часе ў эфіры з'явіліся першыя ролікі.

Для праекту выбіраюцца абсалютова розныя людзі. Іх яднае хіба што любоў да роднага слова. Вось што распавядае пра фармат праекту Алена Барысава ­- галоўны рэдактар тэлеканала "Магілёў2":

"Калі мы выбіралі фармат праекту, дык згадалі, як нашыя расейскія калегі ўшаноўвалі памяць Пушкіна: там ягоныя творы чыталі вядомыя людзі. Але мы параіліся і вырашылі, што магчымасць прачытаць вершы нашых песняроў мусіць мець кожны. "

Першымі адгукнуліся студэнты і выкладчыкі МДУ імя А. Куляшова ды акторы магілёўскіх тэатраў. А там, як гаворыцца, "пайшлопаехала"… Цікава яшчэ тое, што творы гучаць у эфіры не толькі на мове арыгіналу - пабеларуску. Напрыклад, суполка ўкраінцаў рыхтавала чытанні на мове Тараса Шаўчэнкі. А калі Магілёў наведвала гуманітарная місія з Ірландыі, то яе прадстаўнікі чыталі Купалу паангельску.

Але галоўнае, як я лічу, тое, што мы яшчэ раз нагадалі ўсім і першнаперш самім сабе, што мы БЕЛАРУСЫ.

Мы не проста ўшанавалі нашую літаратурную спадчыну, але і зрабілі вялікі крок да распаўсюду беларушчыны праз тэлебачанне. Да таго ж, праект паказаў на пераемнасць пакаленняў свядомых беларусаў. Бо прымаюць удзел і малодшыя школьнікі, і сталыя пенсіянеры. І гэта, я лічу, вельмі значна для развіцця ды захавання нашай культуры, для нашага нацыянальнага адраджэння.

Запрашаем усіх ахвочых да ўдзелу. Будзьма разам ушаноўваць нашую нацыянальную спадчыну, каб вечна жыла Беларусь!

Яўген Балбераў. Магілёў.


Гарадзенскі гісторык прадставіў "лепшую кніжка пра вёску"

5 снежня ў Горадні ў межах гарадзенскай восені прэзэнтацый адбылося прадстаўленне кнігі гісторыка Сяргея Токця "Беларуская вёска ў эпоху зменаў".

У кнізе разглядаюцца сацыяльнакультурныя працэсы, кірунак і характар зменаў у жыцці заходнебеларускай вёскі ў другой палове ХІХ - першай траціне ХХ стагоддзяў.

Адна з частак кнігі прысвечана мікрагістарычным даследаванням вёскі Бершты Шчучынскага раёна Гарадзенскай вобласці, адкуль і паходзіць сам аўтар.

Доктар гістарычных навук, Алесь Краўцэвіч назваў кнігу лепшым і пасапраўднаму праўдзівым даследаваннем пра беларускую вёску.

Сам аўтар падчас прэзентацыі заклікаў маладых гісторыкаў рабіць падобныя даследаванні пра свае вёскі і мястэчкі.

Міхал Карневіч, Гародня.

На здымку: Гісторык Сяргей Токць падчас прэзентацыі сваёй кнігі


Памёр Валянцін Блакіт

Пасля цяжкай і працяглай хваробы 7 снежня 2007 г. пайшоў з жыцця Валянцін Блакіт (сапраўднае імя Валянцін Болтач). Празаік, публіцыст, паэт, былы галоўны рэдактар часопіса "Вожык", першы выдавец знакамітае ананімнае паэмы "Сказ пра Лысую гару" займаў нацыянальнаадраджэнцкую пазіцыю. Яму было 69 гадоў.

Блакіт Валянцін , нарадзіўся 07.10.1938 г. у вёсцы Вострава Шчучынскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Скідзельскай сярэдняй школы (1956) быў прыняты на работу літсупрацоўнікам у рэдакцыю шчучынскай раённай газеты «Чырвоны сцяг». Служыў у Савецкай Арміі (1957-1960). У 1966 г. скончыў завочна Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў у шчучынскай, затым у жалудокскай раённай газеце «За Радзіму» (1962), у міжраённай газеце «Савецкая вёска» (Шчучын), у 1963-1967 гг. - адказным сакратаром вора-наўскай раённай газеты «Ленинское знамя», у 1967-1968 гг. - уласным карэспандэнтам абласной газеты «Гродзенская праўда». З 1968 г. загадчык сектара друку, радыё і тэлебачання, у 1971-1972 і 1974-1978 гг. - намеснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Гарадзенскага абкаму КПБ. У 1974 г. скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС у Маскве. У 1978-1987 гг. працаваў загадчыкам сектара тэлебачання і радыё ЦК КПБ. З 1987 г. - галоўны рэдактар часопіса «Вожык». Сябра СП СССР з 1981 г.

Узнагароджаны медалямі.

Вершы і нататкі публікаваў яшчэ ў школьныя гады ў раённай і абласной газетах. Першае апавяданне надрукавана ў 1960 г. (часопіс «Вожык»). Аўтар зборніка гумарыстычных апавяданняў «Вынаходнік» (1974), аповесцей «Час прылёту журавоў» (1979), «Шануй імя сваё» (1981), «Усмешка Фартуны» (1984), «Вырай» (1986), «Аповесці» (1988).


УВАГА!

Запрашаем наведаць выставу беларускай музыкі, кніг і часопісаў на сядзібе ТБМ (г. Менск. вул. Румянцава, 13). Працуем штодня, акрамя выходных, з 14.00 да 18.00.

Тут Вы можаце пазнаёміцца з новымі запісамі на CD, DVD, кнігамі з серыі "Беларускі кнігазбор", а таксама з новымі аўдыёкнігамі : "150 пытанняў і адказаў па гісторыі Беларусі", Мікола Ермаловіч "Лісты, выступы, гутаркі, вершы", Дж. Оруэл "Ферма", "1984", Андрэй Хадановіч "Абменьнік". Вершы і пераклады, Максім Багдановіч "Вершы".


Слынная берагіня Беларушчыны

Нішто так не дапамагае нашаму нацыянальнаму Адраджэнню, як веданне сваіх каранёў, сваёй гісторыі, нашай мінуўшчыны, а значыць і мастацкая літаратура, асабліва гістарычнага кірунку, якая дапамагае заглянуць у гісторыю, у мінулае нашых продкаў, каб лепш бачыць і будаваць сучаснасць і ўпэўнена глядзець у будучыню. Менавіта гэтаму і служыць проза Вольгі Іпатавай.

У яе мінуўшчына не сама па сабе, а цесна знітавана з сучаснасцю, з нашай нацыянальнай ідэяй адрадзіцца ва ўсіх адносінах. Гэтым яна і каштоўная для ўсіх нас, для гістарычнага, культурнага, маральнага і духоўнага адраджэння нашага занядбанага беларускага люду і яго роднай спакутаванай зямелькі.

З пункту гледзішча сутнасці гэтых не прэтэндуючых на арыгінальнасць ці нейкае адкрыццё слоў хацелася б сёння звярнуць увагу чытача на Вольгу Іпатаву не толькі як выдатную паэтку і журналіста, слыннага, таленавітага празаіка і публіцыста, але і як на Іпатаву - патрыётку на ніве нацыянальнага Адраджэння, актыўную асветніцу і прапагандыстку (прабачце за архаіку гэтага слова) нашай багатай. гістарычнай і культурнай спадчыны, самаадданай захавальніцы беларускасці на сваёй Бацькаўшчыне і за яе абсягамі. Не вельмі многія нашы творцы, пісьменнікі могуць пахваліцца сваімі набыткамі ў гэтай святой і высакароднай справе беларускага Адраджэння.

Разглядаючы пройдзены Вольгай Іпатавай жыццёвы і творчы шлях менавіта ў такім ракурсе сёння нельга не выказаць ёй вялікай чытацкай падзякі за той багаты літаратурны скарб, што створаны ейным талентам у беларускай літаратуры і адначасна яе шматгранную адраджэнцкую працу на ніве вяртання беларусам іх беларускасці, свайго нацыянальнага гонару і спрадвечнага права "людзьмі звацца", як пісаў Я. Купала.

Але справа сёння, яе сутнасць, урэшце, не толькі ў назвах, дэвізах, ідэях, а найперш у тым, наколькі чалавек у рэальным жыцці верны беларушчыне і адданы беларускай наыянальнай ідэі. Дык вось гэтую вернаадданасць Вольга Міхайлаўна Іпатава, насамрэч знакавая і сапраўды залатая, калі пакарыстацца назовам яе вядомага рамана, постаць у беларускай літаратуры, даказала і спраўдзіла кожным сваім словам і справаю, кожным сваім крокам у нялёгкім жыцці, усім сваім творчым напалам і працалюбствам, праўдзівасцю і бескампраміснасцю, дабрынёю і багаццем душы, вераю і чалавекалюбствам, роўна як і нецярплівасцю да адмоўных чалавечых праяў, да ўсяго негатыўнага ў жыцці. Усе гэтыя яе якасці літаральна б'юць крыніцай у кожным яе вялікім і малым творы, у кожным яе публіцыстычным артыкуле ці выступленні перад аўдыторыяй, праяўляюцца ў паўсядзённым жыцці і працы... Таму можна правесці безліч прыкладаў.

Дастаткова сказаць, што за лепшыя аўтарскія перадачы на беларускім тэлебачанні і выдатную працу ў газеце "Культура" яна была ўзнагароджана медалём Францішка Скарыны, а за чарнобыльскую тэматыку і непасрэдны ўдзел у выступленнях пісьменнікаў у заражанай радыёнуклідамі зоне перад тымі, хто нёс там працоўную вахту ў першы месяц пасля катастрофы, атрымала ордэн "Знак пашаны". А гэта сведчанне не толькі яе высокай і актыўнай грамадзянскай пазіцыі, але і асабістай мужнасці і патрыятызму.

Але мы не будзем тут асобна рабіць нейкі шырокаметражны экскурс у жыццёвы і творчы шлях пісьменніцы, гэтай сапраўднай берагіні беларушчыны, дарэчы, носьбіта звання ганаровага акадэміка Міжнароднай акадэміі навук "Еўразія", кавалера ўжо вышэй згаданых узнагарод і лаўрэата многіх літаратурных прэмій, а таксама актыўнейшай грамадскай дзеячкі і змагаркі за захаванне самабытнай беларускай культуры, гістарычнае асветніцтва народа, яго духоўнае нацыянальнае Адраджэнне на падмурку ўсё той жа беларускай нацыяльнай ідэі, а толькі спынімся на асобных найбольш адметных вехах і момантах гэтага шляху.

На паэтычным гарызонце першай такой адмецінай быў 1969 год, калі выйшаў першы зборнік вершаў маладой паэткі "Раніца". То былі яе як бы ўваходзіны ў беларускую паэзію, з той раніцы пачынаецца плённы дзень росквіту яе таленту на ніве паэзіі. Затым, пачынаючы недзе з 1973-га амаль штогод выходзяць з друку зборнікі яе лірыкі "Ліпеньскія навальніцы", "Снягурачка", "Парасткі", "Крыло".

А калі ж паглядзець у вытокі яе шляху на ніве прозы, асабліва ранняй, то згадаем той жа 1969, 1970, 1971 г.г. і пагартаем за гэтыя гады часопісы "Маладосць", "Работніцу і сялянку", газеты "ЛіМ", "Голас Радзімы", то знойдзем на іх старонках першыя апавяданні В. Іпатавай "Крынічка", "Ноччу", "На апошнім прыпынку", "Лялька дзядзькі Міколы", "Першыя крокі", "Аднакласніцы". Ужо яны сведчаць, што ў прозу ідзе шматабяцаючы аўтар, што поруч з паэзіяй у яе творчасці выспявае і талент празаіка. Ён найболын поўна потым раскрыўся ў яе гістарычных творах. У шэрагу першых з іх была аповесць пра Ефрасінню Полацкую "Прадыслава", якая была надрукавана ў часопісе "Маладосць" яшчэ ў 1971 годзе. Яна была ацэнена крытыкай як адметная падзея ў беларускай літаратуры. Але гэта было потым. А адразу твор атрымаў незадаволенасць вярхоў і касяком пайшлі адмоўныя ацэнкі і лісты ўсіх масцей розных абэцэдарскіх, пенсіянераў у ЦК партыі, "Праўду" і г.д.

Але ж нягледзячы на ўсё гэта, проза В. Іпатавай набірала моц, ды і справядлівасць хоць пакрысе але брала верх. У 1977 годзе выйшла кніга яе прозы "Вецер над стромай", дзе былі змешчаны дзве першыя яе салідныя аповесці "Вецер над стромай" і "Прадыслава".

Сёння гэты выдатны гістарычны твор пра Ефрасінню Полацкую стаў хрэстаматыйным і ні ў каго не выклікае сумніву, а служыць, як і яго аўтарка, вераю і праўдаю духоўнаму і маральнаму адраджэнню нашай спакутаванай Бацькаўшчыны.

Больш таго, я не магу не сказаць у гэтым хоць і беглым артыкуле, што "Прадыслава", як і іншыя раннія творы пісьменніцы, была яшчэ не вяршыняй яе творчага патэнцыялу і таленту, а толькі своеасаблівай прэлюдыяй, уступам да болып значных і маштабных твораў пра мінуўшчыну, што з'явіліся пазней.

Разам з творчым ростам расце, расшырае межы і вядомасць аўтара. Так, у 1980 г. у Маскве ў перакладзе на рускую мову выйшаў зборнік прозы В.Іпатавай "Ветер над кручей" у выдавецтве "Маладая гвардыя", прадмову да якога напісаў ужо сусветна вядомы Васіль Быкаў. "Чытач не можа не паверыць таму, што прачытае ў гэтай кнізе, пісаў Васіль Уладзіміравіч, і, мусіць, не застанецца абыякавым да трывог і клопатаў многіх з яе герояў. А гэта, відаць, свамае галоўнае для кожнага сумленнага аўтара". I тая кніга атрымала сапраўды высокую ацэнку - першую прэмію ўсесаюзнага літаратурнага конкурсу імя М. Горкага.

Раней маладая Вольга Іпатава падобраму зайздросціла Уладзіміру Караткевічу за ўсе тыя выдатныя творы, што выходзілі з пад яго пяра, асабліва іх гістарычнае начынне. А цяпер яна сама стала паслядоўніцай яго творчасці і напісала такія творы, якімі па праву можа таксама ганарыцца беларуская літаратура. Гэта тая ж "Прадыслава", "Агонь у жылах крэменю", "Чорная княгіня", раман "За морам Хвалынскім", "Залатая жрыца Ашвінаў", "Вяшчун Гедзіміна", "Альгердава дзіда" і іншыя.

Яе творы на гістарычную тэматыку, як і саму гісторыю розных часоў, я не проста чытаю, а стараюся прапусціць праз сваё уласнае "Я", дзеля аб'ектыўнага ўспрымання нярэдка вяртаюся да апісаных падзей зноў і зноў, бо як раней, так і сёння не маю такой магчымасці, каб самому акунуцца ў архівы, летапісы... А вось праз творы В.Іпатавай, ды таго ж Ул. Арлова, К.Тарасава і інш. спасцігаю глыбінныя пласты нашай гісторыі, малавядомай, але багацейшай мінуўшчыны...

Ды і вы скажыце, паклаўшы руку на сэрца: не будзь той жа Іпатаўскай "Прадыславы" у літаратуры, то ці ведалі б мы, асабліва моладзь, так эмацыйна, яскрава гэтую святую для нашага беларускага народа і ўсяго свету постаць?

Калі наша ветэранскае аб'яднанне яшчэ ў дамузейны перыяд праводзіла першы конкурс сачыненняў школьнікаў пад назовам "Іх імёны не знікнуць у акіяне вечнасці", то гэты велічны вобраз і не без уплыву на выбар прачытанай "Прадыславы" дамінаваў і ў сачыненнях вучняў. У выніку лепшым з іх журы прызнала сачыненне вучаніцы 27й школы г. Гродна Вольгі Забалотневай "Подзвіг Ефрасінні Полацкай". Вось толькі некалькі радкоў з таго сачынення. "Полацкая зямля, - піша Вольга, - узгадавала такую велічную асобу, як Ефрасіння, якая стала нябеснаю заступніцай не толькі Полацка, але і ўсёй беларускай зямлі. Сваё жыццё яна прысвяціла Богу і людзям. I людзям не толькі таго часу, але і нам. Нездарма ж вось ужо колькі стагоддзяў не згасае ў сэрцах людзей памяць пра вялікую асветніцу. Прымі ж ад усяго сэрца шчырыя словы маёй душы, святая Ёфрасіння, абаронца маёй Беларусі!". Да слова сказаць, вобраз Ефрасінні Полацкай выбралі для сачынення ледзь не бальшыня канкурсантаў...

Потым ладзіўся конкурс сачыненняў школьнікаў і студэнтаў па творчасці Васіля Быкава. Пра той і другі ў свой час ужо распавядалася ў прэсе...

А цяпер вярнемся ў музей Васіля Быкава ў Гародні, дзе нядаўна праходзіла сустрэча з Вольгай Іпатавай. Застаючыся ўдзячнай свайму вялікаму духоўнаму настаўніку, хто разам з Аляксеем Карпюком раскрыў яе дараванне ад Бога і падтрымаў у патрэбны час, Вольга Міхайлаўна перадала музею цікавыя фотаздымкі, зробленыя на малой радзіме пісьменніка ў вёсцы Бычкі, што на Віцебшчыне, а таксама некаторыя кнігі В. Быкава і свае творы.

Гародня - гэта горад не толькі яе дзетдомаўскага дзяцінства, але і стартавая пляцоўка, адкуль яна літаральна ўзляцела ў вялікую літаратуру і, вядома ж, у плённую для яе журналістыку. I таму зусім не выпадкова не толькі мною, але і іншымі старэйшымі яе калегамі па пяру згадваліся розныя моманты гарадзенскага перыяду нашай Волечкі, у прыватнасці наша сумесная праца ў першы год пасля пуску тэлестудыі ў Гарадзенскім камітэце па радыёвяшчанні і тэлебачанні (такая была спачатку наша афіцыйная шыльда). А потым, калі яна пераехала ў Мінск на беларускае тэлебачанне, усе мы добра памятаем яе творчы ўзлёт, сапраўдны эпагей яе журналісцкай славы. А пачыналіся ж першыя крокі да той славы тут, у нас на Гарадзеншчыне. Вось чаму і да гэтага часу кожная кніга, нават артыкул, напісаныя маёй ранейшай калежанкай па журналісцкай працы, для мяне гэта нешта большае, чым проста кніга любога іншага пісьменніка. I таму ў сілу толькі ўжо гэтага і, несумненна, перш таго, што гэта мастацкая літаратура самай высокай пробы, з Вялікай літары, як кажуць, а не раўня опусам многіх "калялітаратараў", што запаланілі кніжныя магазіны і паліцы бібліятэк. Так што, я чытаю В. Іпатаву і перачытваю, адольваю яе мастацкае слова і вобраз, глыбіннае пранікненне ў мінуўшчыну і дзень сённяшні, у нашу сучаснасць з яе такім празарлівым бачаннем да праблем і негатываў у маштабе як кожнага чалавека, так і ўсёй нашай зямлі не толькі як чытач, але і як яе спадкаемца, аднадумца, суперажывальнік і як чалавек, які імкнецца жыць у суладдзі з Богам, яго законамі і гармоніяй Сусвету, хоць у жыцці рэальным гэта ў сілу многіх і незалежных ад нас прычын далёка не атрымліваецца ўсё так, як хацелася б, як патрэбна...

I вось В. Іпатава як мала хто іншы не толькі ў сваіх буйных мастацкіх творах, у публіцыстыцы, а часцей у жывых непасрэдных гутарках з людзьмі, сваімі чытачамі і слухачамі не прамінае гэта падкрэсліць, хоць пакуль часта бачыць у вачах, а мо і ў сэрцах прысутных ледзь не пагалоўнае нявер'е. А яно ідзе ад неразумення, адсутнасці патрэбнага досведу ў людзей і не толькі маладых, ад маштабнай, каб не сказаць глабальнай невыхаванасці, бездухоўнасці. Але цяпер хоць запознена нашы погляды нават дзяржавай паціху скіроўваюцца да храмаў, да Бога... Толькі трэба імкнуцца, каб туды ішлі сапраўды да Бога, а не як у клуб, па модзе, па прынцыпу: усе ідуць і я схажу хоць у святы дзень... А выйшаў за вароты таго храма і пайшоў куралесіць і грашыць, як і грашыў...

I мала хто з гэтых маладзёнаў задумваецца аб фальшы і шкодзе такіх крокаў і адносін для самога сябе, для свайго жыцця.

На жаль, свае грахі і памылкі мы пачынаем бачыць і адчуваць на сабе зачастую толькі тады, калі яны ўжо зроблены... і адмоўна адбіваюцца, уплываюць на зрабіўшага іх.

Гэтыя і іншыя мае думкі і меркаванні і не толькі мае можа і не ва ўсім сугучныя з меркаваннямі і паглядамі на жыццё і вяршэнства ў ім Бога [латавай, але мы, яе сучаснікі, шануем і цэнім яе не толькі як слынную пісьменніцу і берагіню Беларушчыны, але і як прапаведніцу я не пабаюся гэтага слова - так усім патрэбнай нам чалавечай дабрыні і людскасці сярод людзей, чалавечнасці і згоды ў стасунках паміж людзьмі, з прыродай, з зямной і нават касмічнай прасторай як аднаго цэлага, бо мы самі разумная, а не варожая часцінка ўсяго гэтага і ўсе ходзім, як кажуць, пад адным Богам...

Кожная сустрэча з Вольгай Іпатавай узбагачае любога слухача і суразмоўцу, робіць яго вышэйшым маральна і духоўна, чысцейшым душою і сэрцам. Бо гэта сустрэча не толькі з яе паэзіяй, з багатай гістарычнай прозай, актуальнай і вострай публіцыстыкай, але і са шчыраю добразычліваю суразмоўцай, якая ўмее проста і даходліва без усякіх паперак гаварыць з людзьмі, пераконваць іх у праўдзівасці і справядлівасці сказанага. Кожнае яе слова даходзіць да розуму і сэрца, выпраменьвае энергію святла і чысціні ў адносінах паміж людзьмі. Менавіта творцу з такімі якасцямі, такой эрудыцыі беларускія пісьменнікі на сваім 13-м з'ездзе невыпадкова даверылі ўзначаліць свой творчы Союз.

А цяпер на заканчэнне зноў вернемся да вечарыны - сустрэчы з В. Іпатавай у музеі Васіля Быкава ў Гародні, якая і паклала пачатак напісанню гэтага артыкула. Мяне ўразіла і найболыд усхвалявала тое, што на сустрэчы Вольга Міхайлаўна як сапраўдная патрыётка і змагар за адраджэнне Бацькаўшчыны адкрыта і шчыра гаварыла людзям у якім стане ў школах і ўвогуле ў жыцці знаходзіцца беларуская мова, наша гісторыя і культура, асабліва беларуская літаратура, што гэтае становішча далёкае ад нармальнага і патрабуе выпраўлення.

Не можа таксама не трывожыць нас бездухоўнасць і апатыя, нявер'е многіх у Бога і лепшае жыццё.

Асэнсоўваючы ўсе напісаныя В. Іпатавай творы, асабліва на гістарычную тэматыку, я ўсё больш пераконваюся і ўсякі раз прыходжу да высновы, што яе трэба не проста чытаць як звычайную белетрыстыку, ці глядзець, скажам, 150ую серыю нейкага моднага фільма, а кожны яе гістарычны твор вывучаць, як і саму гісторыю ці тое ж свяшчэннае пісанне, прапускаць яго праз сябе, праз прызму сваёй душы, якая б яна ў цябе ні была: чыстая ці заплямленая... I не толькі я адзін так думаю. Вялікі майстар мастацкага слова Рыгор Барадулін сказаў, што Вольгу трэба чытаць і перачытваць...

Я гэта мімаходзь спрабаваў падкрэсліць і падчас сустрэчы з Вольгай Іпатавай, але пасля саркастычнай, хоць і смяшлівай ухмылкі аднаго ўдзельніка сустрэчы не стаў нешта камусьці даказваць, эканомячы перш за ўсё час.

Што ж, кожны ўспрымае і прымае літаратуру, як і ў цэлым гэты супярэчлівы свет так, як ён можа ўспрымаць і прымаць. Але ад гэтага мы не перастаем чытаць і любіць творы Іпатавай, а яна ў такой добрай і шчыльнай аўры сваіх прыхіьнікаў не перастае і не перастане быць далёка вядомай у народзе і любімай чытачамі пісьменніцай. Як кажуць, вецер дзьме, а караван ідзе...

Аляксей Дземідовіч, выдатнік тэлебачання і радыё.


Вечар сяброў і творчасці Ніны Барборы

"...Не знаю сколь потерь и обретений

Написано мне будет на крови,

Но опускаться буду на колени,

Я только для иконы и любви".

У пачатку лістапада ў Вільні адбылася вечарына пісьменніцы, паэткі, грамадскай дзеячкі і проста вельмі таленавітай жанчыны Ніны Барборы. Яна шмат гадоў займаецца псыхалёгіяй, самы малады вучоны. Абараніла дысертацыю магістра па сацыялогіі. Аўтарка кнігi на літоўскай мове "Аўтапартрэты", 2002, пасля якой Ніну Барбору запрасілі на прэзентацыю ў ЗША, яна прадстаўлена у кнізе "Хто ёсць хто", 2007, пра вядомых жанчын Літвы. А для мяне адна з лепшых кніг Ніны Барборы зборнік вершаў "Где стихи, там и проза", 2001. Я яе часта перачытваю, зноў і зноў адкрыццё, яна вельмі прыгожа аформлена вядомымі мастакамі і фотамастакамі Літвы. Вершы з зборніка чытала вучням 12 класа.параўноўвалі з паэзіяй Ганны Ахматавай, Марыны Цвятаевай.

Гэтым разам адбылася прэзентацыя новага дыска песень "З табой", выпушчанага ў Англіі. Паэт, выканаўца і кампазітар Ніна Барбора. На дыску песні на ангельскай, беларускай, літоўскай і рускай мовах. Прысутныя сустрэлі вельмі цёпла. У рускамоўнай газеце "Англія" пра дыск вельмі станоўчыя водгукі аўтарытэтных у музыцы асоб, напрыклад, вядомы музыкант Манфрэд Мэн сказаў: "Цяпер усе робяць якасную прадукцыю. Ваша такая.Але чаму вашыя песні, у адрозненне ад іншых, не надакучваюць?". Суайчыннікі параўноўвалі з Анітай Цой і легендарнай Алай Пугачовай. З ангельскай газеты даведалася праз інтэрвію Ніны Барборы, што талент і любоў да музыкі выхоўваўся ў сям'і, маці мела добры голас і спявала, а бацька граў на ўсіх клавішных інструментах, Ніна Барбора дачка вядомага беларускага дзеяча Хведара Нюнькі, Ніна вельмі здольная і працавітая. Яе словы: "Любы талент дар божы. Калі ты не стараешся прымяніць тое, што табе дадзена ад прыроды, не стараешся рэалізаваць, ты упускаеш магчымасць для свайго асабістага шчасця. Любы дар трэба пацвердзіць сваім жыццём". Што і робіць Ніна Барбора, і гэта ў яе ўдала атрымоўваецца.

На вечары выступілі вядомыя музыканты і кампазітары Літвы: Цітас Петрыкіс, Артурас Пугачаўскас, філолаг Ніёле Кізене, выдавец, чалец камітэту па тэлебачанні і радыёвяшчанні Эдмундас Юшкіс.

Сярод выступоўцаў былі беларускія мастакі Вільні Хрысціна Балаховіч і Алег Аблажэй, настаўніца Л.Мілаш, бліскуча вёў імпрэзу намеснік старшыні ТБК Валеры Місюк. У прыгожай, утульнай зале гучала музыка, песні, вершы і творца Ніна Барбора. Шмат было сказана добрых слоў, пажаданняў у гэты вечар. Наперадзе новыя сустрэчы, як сказала Лёля Міхалюк з Англіі, каб запісаць дыск беларускага фальклору ў выкананні Ніны Барборы. Яшчэ адна прыемная навіна для нас у Латвіі здымаецца фільм "Госця", у якім прагучаць тры песні з апошняга дыска Ніны Барборы. Пажадаем аўтару, каб яшчэ доўга гарэла і не гасла на паэтычным Парнасе зорка Ніны Барборы.

Леакадзія Мілаш, г. Вільня.


"Жодзінцы"

Праект, несумненна, меў надзвычай важнае значэнне не толькі для рэгіёну, бо прагучаў вельмі заўважна і на нацыянальным узроўні.

Найперш усцешыла тое, што повязь тых, хто жыве сёння ў сталіцы, і творцаўцяперашніх жодзінцаў, дала багаты плён. Але якраз сённяшнія жодзінцы былі ініцыятарамі аднаўлення традыцыі калектыўных выстаў мастакоў, якая бярэ пачатак аж ад 1972 года.

Аўтар гэтых радкоў настояў на тым, каб праект стаўся літаратурнамастацкім, узяўся падабраць і адрэдагаваць літчастку і выдаць не проста каталог выставы, а канцэптуальны альбом.

Ускалыхнулася літаратурна-мастацкае жыццё рэгіёна - нават тыя мастакі, што практычна адышлі ад творчасці, займелі імпэт, узяліся за новыя творы, бо атрымалі стымул выставіцца, як у прэстыжнай Полацкай мастацкай галярэі, так і ў сталічным Музеі сучаснага мастацтва.

Шмат зрушылася ў галовах жодзінскіх абывацеляў, гарадской адміністрацыі і нават кіраўніцтва Беларускага аўтазавода. Многія жыхары пабывалі на выставе, прачыталі газетныя водгукі на яе і ўсвядомілі, што пачэсна жыць і працаваць у старадаўнім горадзе, што карані нашыя вельмі глыбокія, што трэба ганарыцца сваёй гісторыяй, шанаваць яе, аддаваць даніну продкам, а ў тым ліку і заснавальніку горада князю Багуславу Радзівілу.

Дзякуючы намаганням і ўдзельнікаў праекту 1 лістапада Жодзінскі гарадскі савет прыняў рашэнне адзначаць у 2008 годзе не 45-годдзе, а 365-годдзе горада! Вырашана гэтаксама надаць аднаму з безыменных шляхоў найменне Багуслаў Поле паводле першапачатковай назвы горада, аднавіць на рэчцы Пліса старадаўні млын як філіял гісторыкакраязнаўчага музея, а ў перспектыве ўшанаваць помнікам (зноў жа, з непасрэдным удзелам творцаў і, вельмі хацелася б, - конным!) заснавальніка Жодзіна!

З'явіўся шэраг значных у мастацкіх адносінах новых твораў. Найбольш прыкметныя сярод іх - два партрэты (у залатых і ў блакітных танах) Багуслава Радзівіла Аляксея Марачкіна, напісаныя спецыяльна да выставы з ініцыятывы Уладзіміра Сіўчыкава, які забяспечыў старэйшага калегу іконаграфічнымі і факталагічнымі матэрыяламі.

Новыя артэфакты - плакаты, запрашальны білет, нагрудны значок, паштоўка, каляндардомік, публікацыі ў перыёдыцы - прадоўжаць фармаваць гістарычную свядомасць не толькі жодзінцаўгараджан, але і жыхароў усяго рэгіёна, а таксама тых гарадоў, дзе пабывала і яшчэ пабывае выстава.

Вельмі эфектыўным і эфектным аказаўся і сам брэнд ЖОДЗІНЦЫ - падобнага мастацка-літаратурнага праекту, здаецца, раней на Беларусі не было! На гэтым акцэнтавала сваю ўвагу ня толькі мясцовая (газеты "Навіны БелАЗа", "Жодзінскія навіны", інтарнэт-партал Zhodzina.com), але і нацыянальная прэса (газеты "Наша Ніва", "Наша слова", "Народная воля" і інш.).

Нечаканыя, але прыемныя запрашэнні паказаць выставу прыйшлі з Горак і з Новаполацку.

Самі ж жодзінскія мастакі мяркуюць доўжыць гэты праект, зрабіць яго рэгулярным і праводзіць імпрэзы з выданнем альбома кожныя 2-3 гады, бо выставы мелі надзвычайны поспех як у самім Жодзіне (на адкрыццё прыйшло паўтары сотні гледачоў!), так і ў іншых гарадах. Гэта заканамерна і цалкам верагодна, бо маюцца не скарыстаныя покуль што рэзервы - медзярыты Уладзіміра Гладкевіча, сяброўскія шаржы Міколы Шышлова, кераміка Георгія Міхейчыка...

Не выключана, што пойдуць па шляху "Жодзінцаў" палачане, гарадзенцы або, скажам, барысаўцы, лагойцы ці заслаўцы.

Праект набыў нават міжнародны розгалас - з партрэтам князя Багуслава Радзівіла Аляксей Марачкін быў запрошаны на плянэр у Трокі (Тракай), а потым і да ўдзелу ў выставе "Вялікае Княства Літоўскае", якая пройдзе паводле вынікаў плянэру ў Вільні, у Менску (у амбасадзе Літвы), у Кіеве і ў Варшаве!

Удзельнікі праекту змясцілі на шмуцтытуле свайго альбома факсіміле (гэта першапублікацыя!) са "Смалявіцкага інвентара" за 1643 год - першую пісьмовую згадку пра паселішча Багуслаў Поле (цяпер Жодзіна), што дакументальна пацвярджае пачэсны ўзрост горада.

Каардынатар праекту і адзін з яго актыўных аўтараў Уладзімір Сіўчыкаў разам з гісторыкам Міколам Крывальцэвічам выступае з ідэяй правесці на сутоках Жодзінкі і Плісы археалагічныя раскопкі, а потым і навуковапрактычную канферэнцыю з апублікаваннем яе матэрыялаў.

Верыцца, што ўдзельнікі праекту, як і іншыя гараджанесапраўдныя патрыёты, дамогуцца ўсталявання помніка заснавальніку Жодзіна князю Багуславу Радзівілу, у тым ліку і як процівагі помнікам бальшавіцкім (Леніну - іх у горадзе два!).

Гэтаксама прагнецца верыць, што шэраг выстаў мастакоўжодзінцаў сцвердзіць неабходнасць і наблізіць час адкрыцця гарадской карціннай галярэі, тым болей, што многія мастакі ахвотна перадалі б ёй свае творы.

Кіраўніцтва Жодзінскай гарадской бібліятэкі, у сценах якой была размешчана першая выстава, абяцае сабраць шырокую аўдыторыю і журналістаў, вельмі настойвае, каб і афіцыйная прэзентацыя альбома "Жодзінцы" прайшла менавіта ў чытальнай зале бібліятэкі. Гэта яшчэ раз сведчыць пра карысць, значнасьць і своечасовасьць праекту.

Дзякуючы гэтаму праекту канчаткова зруйнаваныя два савецкія міфы: пра тое, што Жодзіна - горад малады, і пра тое, што гэта горад індустрыяльны. Пераканаўча даведзена, што ён старадаўні, а таксама і тое, што Жодзіна - гэта і адметны культурніцкі цэнтр на Беларусі.

Уладзімір Сіўчыкаў.


Нябесны агонь

Нядаўна ў Менску была надрукавана вельмі цікавая кніга загадчыка кафедры рэжысуры абрадаў і свят Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, прафесара, кандыдата гістарычных навук Пятра Адамавіча Гуда "Мастацтва феерверкаў" (вогненна-светлавыя дзеі народаў сусвету). Пётр Адамавіч - вядомы ў краіне этнограф, фалькларыст, педагог і навуковец. Ён стваральнік навуковапедагагічнай школы ў галіне рэжысуры феерверкаў, рэжысёрпастаноўшчык першых на Беларусі гукапіратэхнічных і светлагукапіратэхнічных спектакляў, а таксама мастацкагістарычных феерверкаў. Акрамя Беларусі, ён зрабіў пастаноўкі феерверкаў у Грузіі, Арменіі, Расіі, Украіне, Казахстане, Літве і Польшчы. Таму не выпадкова, што праца Гуда ўтрымлівае яго рэжысёрскія праекты піратэхнічных дзей, прадстаўленняў і спектакляў. Сярод іх сцэнарый свята, прысвечанага 1125-годдзю г. Полацка, воднага светлагукапіратэхнічнага прадстаўлення на "Славянскім базары" (Віцебск, 2000 г.), план піратэхнічнага спектакля, прысвечаны 40-годдзю Светлагорска.

Уводная частка кнігі мае прыгожы назоў "Вытокі вогненных дзей". Тут ідзе гаворка аб ролі агню ў жыцці першабытнага чалавека, у побытавай культуры жыхароў старажытных Грэцыі і Рыма і арабскіх краін. Апавядаецца таксама пра вогненныя дзеі ў народных святах Беларусі. Асобна закранаецца тэма вогненна-светлавых дзеяў пад час святкавання Новага году ў Кітаі.

Два раздзелы кнігі прысвечаны першым крокам піратэхнікі ў свеце, вынаходніцтву пораху і яго распаўсюду ў Еўропе.

У кнізе ёсць таксама раздзел пра вогненнасветлавыя і піратэхнічныя відовішчы сярэднявечнай Еўропы. Тут ідзе гаворка пра агонь, як выразны сродак тэатралізацыі хрысціянскіх абрадаў і сярэднявечных містэрый, а таксама масленічных карнавалаў.

Падрабязна спыняецца аўтар на творчасці знанага беларускага піратэхніка Казіміра Семяновіча, падрабязна апавядае пра вогненныя забавы беларускай шляхты ў XVII-XVIII стст. Потым ідзе гаворка пра феерверкі ў Расійскай імперыі, СССР, краінах Заходняй Еўропы, ЗША і Лацінскай Амерыкі.

Шмат увагі спадар Гуд прысвячае вогненнаму мастацтву Беларусі на сучасным этапе. Гэта стварэнне міжнароднага саюза развіцця мастацтва феерверкаў і яго дзейнасць у Беларусі, а таксама тэхналогія стварэння феерверка. Кнігай спадара Гуда зацікавіліся шматлікія замежныя бібліятэкі, якія ўжо замовілі пэўную колькасць яе асобнікаў, у тым ліку і бібліятэка Кангрэса ЗША.

Таму гэтая кніга будзе несумненна запатрабаваная і беларускім чытачом.

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук.

Ад рэдакцыі. Мы прапануем чытачам "Нашага слова" азнаёміцца з раздзелам кнігі прысвечаным творчасці "Казіміра Семяновіча".


ТВОРЧАСЦЬ КАЗІМІРА СЕМЯНОВІЧА

Адной з яскравых старонак мастацтва піратэхнікі Еўропы з'яўляецца дзейнасць нашага землякабеларускага шляхціца Казіміра Семяновіча, ураджэнца МагілёўскаВіцебскага Падняпроўя, продкам якога былі дадзены ва ўладанне «двор Быхава» і «зямля пустая Дубровенская». У1650 г. генераллейтэнант кароннай артылерыі Рэчы Паспалітай Казімір Семяновіч у Амстэрдаме выдаў на лацінскай мове кнігу «Вялікае мастацтва артылерыі», якая на працягу паўтара стагоддзяў была самай фундаментальнай і аўтарытэтнай у Еўропе навуковай працай па артылерыі і піратэхніцы. Праца К. Семяновіча адразу звярнула на сябе ўвагу спецыялістаў артылерыі многіх краін. У 1651 г. П'ер Макар'ен выдае работу Казіміра Семяновіча на французскай мове; у 1676 г. капітан Даніэль Эльрых у Франкфурце-на-Майне пераклаў кнігу на нямецкую мову. Рускі цар Пётр I, які цікавіўся развіццём артылерыі і піратэхнікі, ў сваім велізарным кнігазборы меў і нямецкі пераклад кнігі К. Семяновіча. Высокую адзнаку працы К. Семяновіча даў у 1672 г. нямецкі даследчык А. Беклер, які ў кнізе «Кароткая архітэктура воінская» выкарыстаў яго матэрыялы. У 1729 г. манаграфія К. Семяновіча была выдадзена ў Лондане на англійскай мове, дзе яе перакладчык Георг Шэльвак казаў, што «аўтарытэт К. Семяновіча для пірабалістаў і феерверкераў і цяпер яшчэ ў'яўляе нешта святое». Такім чынам, можна сцвярджаць, што кніга К. Семяновіча, напісаная на лацінскай і перакладзеная на французскую, нямецкую і англійскую мовы, была настольнай кнігай прафесіяналаўартылерыстаў Яе матэрыялы знайшлі адлюстраванне амаль што ў кожнай працы даследчыкаў піратэхнікі тых часоў, а таксама ў феерверках Францыі, Германіі, Англіі, Расіі, Рэчы Паспалітай, Беларусі і іншых краін.

Ужо ў тыя гады К. Семяновіч апісаў піратэхнічныя вырабы, якія працавалі на трох узроўнях: у паветры, на зямлі і на вадзе. Сярод разнастайных піратэхнічных выра баў статычныя і дынамічныя вогненныя колы, петарды, вогненныя шары, вадзяныя фантаны і ракеты, якія выкідваюць уверх зорачкі і іскры; ракеты, якія рухаюцца па шнуру ў адзін бок або туды-сюды; шарападобныя і цыліндрычныя люсткугелі, якія выстрэльваюцца з марціраў, і інш.

Пэўную ўвагу удзяляў К. Семяновіч грамадзянскай і аказіянальнай (часовай) архітэктуры як дэкаратыўнай аснове мастацтва феерверкаў і месцу мантажа і дэманстрацыі піратэхнічных вырабаў. Так, на тытульным аркушы кнігі малюнак трыумфальнай брамы паказвае, што гэта архітэктурная спаруда была дэкаратыўным павільёнам феерверка. На шпілі франтона брамы размешчана піратэхнічная фігура «сонца» ў абрамленні піратэхнічных агнёў сонечных пратуберанцаў, якія вырываюцца са свяціла. На двух бакавых падстаўках паабапал «сонца» вогненныя фантаны (верагодна, сімвалізуючыя агні, вылятаючыя з жэрлаў вулканаў планет). Гэты піратэхнічны блок сімвалічна адлюстроўваў уяўленні людзей пра агонь як аснову светабудовы. Ззаду брамы - ракеты на шастах і звязка ракет на спецыялыным станку.

Цэнтральнай фігурай феерверачнай кампазіцыі з'яўляецца фігура старажытнарымскага бога віна Бахуса. Гэтая канструкцыя, упершыню распрацаваная К. Семяновічам, мела наступны выгляд і дзейсны змест: у вадзяным басейне ў паўколе гарэлі на вадзе піратзхнічныя фантаны; на спецыяльнай вазепадстаўцы знаходзілася скульптура Бахуса, які сядзіць у чашы з віном (у другім варыянце малюнка ён сядзіць на бочцы віна). У адной руцэ Бахус трымае чашу з вінаградам, у другой - кубак. Згодна логіцы дзеяння, прынцып якога зразумелы з чарцяжа ўнутранай пабудовы канструкцыі, парадак піратэхнічных дзей быў наступны: пры дапамозе контурных свечак свяціліся вінаградныя гронкі; затым «вінная пена» (верагодна, агні і смала, якія стваралі падобнае ўражанне) выцякала з кубку. Кульмінацыя дзеі дым і вогненныя іскры, якія выляталі з галавы «п'янага Бахуса», а фінал агонь, «агонь ачышчэння», які спальваў фігуру, і выбухі ракет, якія разрывалі на часткі ўсю фігуру Бахуса. Аналізуючы гэты феерверк, можна зрабіць вывад, што аўтар укладваў у яго глыбока філасофскі сэнс, паказваючы вечнасць космасу і нікчэмнасць марнай траты жыцця, што мела пэўнае выхаваўчае значэнне, агітавала за ўстрыманасць да алкаголю.

Прасочваючы за роздумамі К. Семяновіча, можна лічыць, што ў XVII ст. ракеты і іншыя піратэхнічныя прылады з'яўляліся выразным сродкам дзеяння феерверачных фігур розных антычных багоў - гарэзлівай Венеры, крывавага Марса і інш.

У сваёй кнізе першы беларускі піратэхнік даў рэкамендацыі па піратэхнічнаму афармленню феерверкаў розных урачыстасцяў (вызваленне гарадоў ад ворага, сяброўскія баляванні, перамогі, вяселлі і нараджэнні), а таксама па святочнаму афармленню народных гулянняў у сябе на радзіме.

Асаблівую ўвагу піратэхнікаў заслугоўвае раздзел, прысвечаны ракетам. Згодна апісанням, чарцяжам і малюнкам К. Семяновіча, прасцейшыя віды ракет складаліся з двух частак. Задняя частка такой ракеты запаўнялася палівам хуткага ці запаволенага гарэння, а пярэдняя - феерверачнай сумессю (зорачкі, іскры, швермеры, шарыкі, якія свецяцца і інш.).

Больш складаны тып ракет меў на корпусе некалькі ракет меншага памеру, размешчаных па спіралі. Гэта дазваляла ў час палету прыдаць асноўнай ракеце вярчальны рух і яна круцілася ў паветры ў доўгіх языках полымя, а выпушчаны ёю шар рассейваў на вялікую адлегласць вогненны дождж.

К. Семяновічам апісана некалькі дзесяткаў тыпаў ракет. Тут і ракеты, запушчаныя са спецыяльных станкоў, ракеты, якія бегаюць па вадзе або плаваюць, раскідваючы іскры, а таксама упершыню прапанаваная ім батарэя з сямі порахавых ракет. Вялікую цікавасць ўяўляе тып ракет, якія прымянялі для пад'ёму ўверх разнастайных піратэхнічных фігур «лятучы дракон», «голуб» і да т.п. Падобныя фігуры аўтар называе «пірабалічнымі машынамі», на якія навешвалі ракеты.

Для балансіроўкі ракет у час палёту К. Семяновіч прымяняў драўляныя шасты, а пасля шматлікіх доследаў прыйшоў да высновы, што гэтую задачу можа выконваць і прымацаванае да корпуса ракеты апярэнне ў форме дэльты, прычым такіх стабілізатараў можа быць два ці тры.

Для таго каб ракета ў час гарэння рассыпала вогненны дождж ці раскідвала ў паветры рознакаляровыя іскры і давала доўгія і шырокія языкі полымя, у сумесь звычайна дабаўлялі нязначную колькасць здробненага ў парашок шкла альбо жалезныя і драўляныя апілкі. Начыненне ракет саставамі рознага колеру адбывалася ў тыя часы наступным чынам: дабаўленная да порахавай сумесі камфара выклікала белы агонь малочнага адцення, каніфоль чырванаватага адцення, шэрасіняга, нашатыр зялёнага, сурма крывавачырвонага, апілкі слановай косці срэбнага, апілкі бурштыну жоўтага і лімоннага колеру.

Вялізарнай заслугай К. Семяновіча з'яўляецца тое, што ён апісаў і даў у чарцяжах шматступеневую ракету, тры ступені якой дзейнічаюць самастойна. Беларускія вучоныя А.М. Бельскі і М.А. Ткачоў пішуць, што многія з апісаных К. Семяновічам ракет былі вядомыя яму яшчэ з літаратурных крыніц, многія - упершыню прапанаваныя ім, у тым ліку і шматступеневыя ракеты. I, такім чынам, доўгая спрэчка аб тым, хто вынайшаў шматступеневую ракету - ці то быў рускі вучоны К. Цыялкоўскі, ці то бельгійскі інжынер Р. Бінг (які ўзяў патэнт на такую ракету ў 1911 г.), ці амерыканскі вучоны Р. Голанд (патэнт 1914 г.), вырашаецца некалькі нечакана: канструкцыю шматступеневай ракеты далёкага продка сучасных касмічных караблёў упершыню апісаў у сваёй кнізе (1650 г.) вайсковы інжынер Казімір Семяновіч.

Творчасць К. Семяновіча яркай зоркай заззяла на небасхіле сусветнай піратэхнікі. Першы беларускі феерверкер упершыню абагульніў творчыя здабыткі піратэхнічных майстроў антычнага свету і эпохі сярэднявечча, раскрыў саставы піратэхнічных вырабаў, прапанаваў новыя піратэхнічныя фігуры і канструкцыі, вынайшаў шматступеневую ракету, даў каштоўныя рэкамендацыі суайчыннікам і піратэхнікам Сусвету па далейшым ўдасканальванні мастацтва феерверкаў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX