Вярнуцца: 2008

№ 03 (842)


Крыніца: pawet.net.



№ 3 (842) 16 СТУДЗЕНЯ 2008 г.


190 гадоў з дня нараджэння Адама Кіркора

КІРКОР Адам Ганоры Карлавіч (21.1. 1818, в. Слівіна Клімавіцкага пав. Магілёўскай губ., цяпер Манастыршчынскага р-на Смаленскай вобл. - 23.11.1886), бел. гісторык, этнограф, археолаг, публіцыст, выдавец, грамадскі дзеяч. Чл.-кар. Імператарскага археал. т-ва (1856), чл. Рус. геагр. т-ва (1857), Акадэміі ведаў у Кракаве (1873). З небагатага бел. шляхочага роду. Вучыўся ў Магілёўскай (да 1834) і Віленскай (да 1838) гімназіях. Літаратурную дзейнасць пачаў у 1842. Выдаваў у Вільні навукова-літ. альманахі «Радэгаст» (1843), «Разумовыя дзённікі» (т. 1-3, 1845-46), «Віленскі альманах», час. «Теkа Wilenskа» («Віленскі зборнік», т. 1-6, 1857-58), у якім змяшчаў свае працы па гісторыі, этнаграфіі і археалогіі Беларусі і Літвы. 3 1849 чл. Віленскага статыстычнага к-та, рэдактар (1850-54) «Памятной книжки Виленской губернии». 3 1855 чл. Віленскай археалагічнай камісіі, кіраўнік Віленскага музея старажытнасцяў, якому ах-вяраваў сваю археалагічна-этнагр. калекцыю. Вёў археал. раскопкі ў Ашмянскім, Барысаўскім, Вілейскім, Віленскім, Лідскім, Менскім, Наваградскім, Свянцянскім пав., даследаваў каля 1000 курганоў. У 1859-65 рэдактар газ. «Виленский вестник». 3 1859 уладальнік друкарні ў Вільні. Адзін з выдаўцоў газ. «Новое время» (Пецярбург, 1868-71). 3 1872 у Кракаве, чытаў лекцыі па гісторыі слав. літаратур, у т.л. беларускай, у Кракаўскім прамыслова-тэхнічным музеі. У публікацыях «Рэшткі языч-ніцкіх звычаяў на Беларусі» (1839), «Аб этнаграфічнай мяжы літоўскай і славянскіх народнасцяў у Літве» (1857), «Этнаграфічны погляд на Віленскую губерню» (1857-59), у працах «Літоўскае Палессе» і «Беларускае Палессе» («Жы-вапісная Расія», т. 3, ч. 1-2, 1882) К. адз. з першых пазнаёміў навук. свет Расіі і Польшчы з багаццем духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў, адлюстраваў гіст. і этнагр. своеасабл. бел. народа, даў этнічную і сац.-бытавую характарыстыку тыпаў беларусаў адзначаў самастойнасць бел. мовы. У кнізе «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў» (1874) выказаў ідэю бел. культуры як цэласнай шматвяковай гіст. з'явы ў адзінстве пісьмовых і паэтычных, фальклорных відаў творчасці. Аўтар успамінаў.


100 гадоў з дня нараджэння Заіра Азгура

АЗГУР Заір Ісакавіч (15.1.1908, в. Маўчаны Сенненскага р-на Віцебскай вобл. - 18.2.1995), бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1944), нар. мастак СССР (1973). Чл. АМ СССР (1958), Герой Сац. Працы (1978). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме, Ленінградскім і Кіеўскім маст. ін-тах. Працаваў у галіне станковай і манум. скульптуры, прыхільнік строгай рэаліст. формы. У канцы 1920-х-30-я г. стварыў партрэты дзеячаў сацыяліст. і рэв. руху для Дома ўраду ў Менску. Прыкладам тонкага разумення сутнасці гіст. асобы з'яўляюцца партрэты пісьменнікаў Лу Сіня і Р. Тагора. Стварыў галерэю партрэтаў герояў Вял. Айч. вайны. Найб. значныя манум. работы: помнікі-бюсты С.І. Грыцаўцу, Я. Купалу і Ф.Э. Дзяржынскаму ў Менску, В.І.Талашу ў Петрыкаве, помнікі П.М. Машэраву ў Віцебску і інш. Вобраз Я. Коласа ўвасоблены ў помніку паэту ў Менску. Сярод станковых работ 1980-х г. партрэт М. Гусоўскага. З 1980 кіраўнік Творчай майстэрні скульптуры ў Менску. Аўтар публіцыст. твораў па праблемах выяўл. мастацтва і мемуараў («Незабыўнае», 1962; «Тое, што помніцца...», кн. 1-2, 1977-83). Дзярж. прэмія СССР 1946. Дасканала валодаў беларускай мовай.


У Новым годзе - новыя справы

Вось і адышлі ў нябыт чарговыя Каляды. Дзякуючы нашай з Вамі працы, дарагія сябры, яны былі больш беларускімі, чым мінулыя. Міністэрства сувязі па нашай просьбе забяспечыла грамадзян Беларусі цудоўнымі беларускамоўнымі паштоўкамі, маркамі і канвертамі. Узмацнілася на Калядах беларуская мова не толькі у касцёле, але і ў нашай праваслаўнай царкве. Нават беларускае тэлебачанне зрабіла навагоднюю перадачу па матывах неўміручай Купалаўскай "Паўлінкі" замяніўшы польскі акцэнт некаторых герояў на расейскі, прычым была аддадзена даніна і ангельскай мове, дзякуючы Кіркораву і Калдуну. Але лепей англамоўная, чым рускамоўная папса, бо яна больш дасканалая і не такая шкодная для беларускай ментальнасці.

Аднак ёсць і нядобры знак. Канчаткова зніклі з прадажу дзяржаўныя беларускамоўныя каляндары. Таму ўжо зараз трэба накіроўваць адпаведныя звароты ў выдавецтва "Беларусь", адміністрацыю Прэзідэнта і Міністэрства інфармацыі з патрабаваннем забяспечыць нас да кастрычніка гэтага года беларускамоўнымі каляндарамі розных тыпаў і відаў.

Таксама варта рабіць адпаведныя запісы у кнігі скаргаў і прапаноў у кнігарнях па месцы жыхарства.

У мілулым годзе мы распачалі збор подпісаў грамадзян у Адміністрацыю Прэзідэнта з патрабаваннем пакінуць у праграмах навучання ў беларускіх ВНУ абавязковае вывучэнне курса беларускай мовы, як прафесійнай лексікі адпаведных спецыялістаў. Зараз трэба актывізаваць гэтую працу. Асабліва сярод студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ.

Са снежня мінулага года мы мусілі заключыць новую дамову з кіраўніцтвам "Беларусбанка". З лютага 1999 года па снежань 2007 г. "Беларусбанк" не бараў ніякіх грошай з ТБМ за пералічэнне на наш рахунак дабраахвотных ахвяраванняў. Аднак зараз заканадаўства змяніліся і ў адпаведнасці з новым налічэннем "Беларусбанк" з кожнай сумы бярэ 1% за паслугі. Але гэта лепей, чым у выпадку з іншымі кліентамі, з якіх бяруць 2%.

Вельмі просім усіх сяброў ТБМ заплаціць сяброўскія складкі за мінулы 2007 год. Трэба адзначыць, што шмат якія суполкі гэта ўжо зрабілі. Гэта ў першую чаргу суполкі з Менска, Наваполацка, Нясвіжа, Гомеля, Баранавічаў, Масквы, Бярэзінскага, Дзятлаўскага і Светлагорскага раёнаў, а таксама Слуцка, Валожына і Салігорска. Гатовы бланк для пералічэння складак мы лрукуем на ст. 9.

Працягваецца падпіска на "Наша слова".



Мы вельмі удзячные нашым сябрам з Магілёва - якія дасягнулі у гэтым значных поспехаў. Але нас непакояць вынікі падпіскі ў Віцебску, Маладзечне, Салігорску, Стоўбцах. Просім і сяброў ТБМ з гэтых населеных пунктаў актывізаваць сваю працу ў другім квартале.

У сваю чаргу з дапамогай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі мы здолелі падпісаць на паўгода раённыя бібліятэкі ў Кіраўску, Краснаполлі, Касцюковічах, Чавусах (Магілёўшчына), Любані (Меншчыны), Акцябрску, БудаКашалёве. Ельску, Добрушы (Гомельшчына), Бешанковічах (Віцебшчына).

З павагай, старшыня ТБМ -

Алег Трусаў


Беларускі народны каляндар на 2008 год

Народны каляндар беларусаў - гэта сістэма сталых ці рухомых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, што замацаваны ў быце і фальклоры праз спалучэнне язычніцкіх і хрысціянскіх кампанентаў; уключае традыцыйныя арыенціры (хранонімы) пераважна на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах; утрымлівае традыцыйныя феналагічныя, метэаралагічныя, агранамічныя, астранамічныя, астралагічныя і іншыя каляндарныя веды, атрыманыя пераважна эмпірычным шляхам.

У народным календары на 2008 (высакосны) год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з магчымымі кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі і г. д. Дні, якія адзначаюць беларусы-каталікі, выдзелены тлустым шрыфтам, а дні якія адзначаюць беларусы-праваслаўныя, выдзелены тлустым курсівам. У праваслаўных яны замацаваны за старым, юліянскім, стылем, што мае 13 лішніх дзён. Зорачкай /*/ пазначаны святы «рухомай» царкоўнай пасхаліі. У наступным, 2009, г. Пасха (Вялікдзень) у каталікоў 12 красавіка, у праваслаўных - 19 красавіка, у 2100 (супадзенне) - 4 красавіка.

Алесь Лозка.

Студзень

1. (Аўторак) Новы год.

6. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год. Тры Каралі.

7. Божае Нараджэн. Пач. Каляд. «Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…». «Звязда». Батлейка.

9. Сцяпан. «На св. С-а вышэй слуга за пана».

13. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня. «Мароз, хадзі куццю есці».

14. Васілле. Новы год па с. ст. «Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю».

18. Трэцяя, Галодная, Вада-посная куцця.

19. Вадохрышча. «На Вадохрышча завіруха - на Вялікдзень таксама».

20. Прывадохрышча - заканчэнне Каляд. Пачатак Малой Вясельніцы (да посту).

24. Аксіння. «Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце». Фядос. «На Фядоса цёпла».

25. Таццяна. Свята студэнтаў. Павел.

31. Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. «Хавай нос у апанасаўскі мароз».

Люты

1. Ігнат. «На святога Ігната зіма багата».

2. Грамніцы, Стрэчанне. «Калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы», «Грамніца - хлебу палавіца...».

5. Агата. Каровіна свята. «Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты». *Се-рада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў каталік.).

6. Аксіння Паўзіміца. «На А-і мяце». Дарота. «Па Дароце высахнуць хусты на плоце».

11. Ігнат. «Ігнат Грамніцам рад».

14. Трыфан. «На Трыфана зорна - вясна позняя». Валянцін. Свята закаханых.

15. Грамніцы, Стрэчанне. «Зіма з летам сустракалася...», «На Грамніцы палавіна зіміцы».

18. Агата. Каровіна свята.

24. Улассе. Свята жывёлы. Мацей. «На Мацея дарога пацее», «На М. адліга - будзе мароз».

26. Фаціння. Заступніца ад хвароб.

28. Масленіца (гл. таксама 9 сак.).

Сакавік

3. *Рабы, тыдзень, Вясельніца, Развітальны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай.

4. Казімір. «Святы Казімір дровы сякець».

5. *Лысая серада. Праталіны-залысіны.

6. *Блакітны чацвер. Тумановы дзень.

7. *Масляныя Дзяды, Дзедава пятніца.

8. *Дзедава субота (Бабы).

9. Янка, Паўраценне. Мядз-ведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок. *Масленіца. Гуканне вясны. Сырапусны ты-дзень.

10. Сорак пакутнікаў. *Па-ласказуб. Першы дзень Вялік. посту. Паласкалі зубы га-рэлкаю.

13. Васіль Капальнік. Са стрэх капае.*Крывы чацвер. Валосся. Культ жывёлы.

14. Аўдоцця Вясноўка. Гу-канне вясны. «На Аўдокі голы бокі». (1.03 Новы год у мі-нулым)

15. Хвядот. «На Хв-а занос - усё сена знясе».

16. *Зборніца, Ізбор. Пачатак збору ў поле. «А святы Ізбор - бяжыць вада з гор». *Нядзеля Пальмова. «Вярба б'е, не я б'ю».

17. Герасім Гракоўнік.

19. Язэп. «Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту». «На Я. пагода - год ураджайны».

22. Саракі. Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. «Святыя Саракі ў поле саху валаклі».

23. ВЯЛІКДЗЕНЬ* (у каталікоў).

25. Рыгор. «На Рыгора зіма ідзе ў мора». Дабравешчан-не, Звеставанне. «І птушка гнязда не кладзе». Прылёт бусла. Гуканне вясны.

30. Аляксей Цёплы. «На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою». Дзень ры-балова.

31. *Пачатак Храстовага тыдня. Засеўкі.

Красавік

1. Дар'я Вясенняя. Адбельвалі палотны.

2. *Серадапосце. Выпякалі "храстцы".

6. Камаедзіца. Свята мядз-ведзя.

7. Дабравешчанне. «Д. без ластавак - халоднае лета». Абрад «Стралы».

13. Пачатак *Пахвальнага тыдня. «Дзікая качка яйцом пахваліцца».

14. Прабуджэнне хатніка. Мар'я.

15. Палікарп. Пачатак бясхлебіцы.

18. *Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак.

21. Пачатак *Вербнага, Белага, тыдня. Руф. Руф рушыць снягі. Войцах. «Святы Вай-цеху выпусціў жаўранка з меху».

24. Юры. Анціп - ахоўнік зубоў. *Чысты чацвер. У лаз-ню. Абрад "мыцця дзежкі".

25. Марк. «Дождж на Марка, дык зямля, як скварка».

26. *Вялікая, Чырвоная субота. Чырвоныя яйкі. Канец посту.

27. *ВЯЛІКДЗЕНЬ (у праваслаўных). «Хрыстос уваскрос!».

29. Арына. «На Арыну сей капусту».

30. Зосім - ахоўнік пчол. *Гра-давая серада. Праводны, Мёртвы, тыдзень

Травень

1. *Ушэсце. Унебаўшэсце пана Езуса. Свята агляду жыта. Кузьма. «Май Кузьма з морк-вінай сустракае, а Пахом з гурком».

5. Ляльнік. Свята Лялі - дачкі Лады.

6. Юр'е. Свята жывёлы. «Як дождж на Юр'я - хлеб будзе і ў дурня». Абрад «Страла». *Радаўніца. «На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе пла-чуць, а к вечару скачуць».

7. Алісей. «Прыйшоў Алісей - авёс пасей».

8. Марк. Станіслаў. «Сей лён на С...».

10. Ярылавіца. Свята Ярылы.

11. *Сёмуха, Зыход Св. Духа. Свята зелені.

13. Якуб. «На Якуба грэе люба».

14. Макарэй. Абрады ля вады.

15. Барыс. Апякун поля і жывёлы.

19. Пачатак *Пераплаўнага, Чарвівага, тыдня. Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві.

20. Антоній. «На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца дык і прадасца».

21. Іван Веснавы. Апякун земляроба. «На Івана каласок, а на Пятра піражок».

22. Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алёна. «Сей лён на Алену - вырасце па калена». *Божае цела.

24. Макей. Кірыла і Мяфод.

27. Сідары. «Прыйшлі С. - прыйшлі і сіверы»

28. Пахом. «Святы Пахом павее цяплом». «Сей агуркі на Пахом - будзеш насіць мя-хом».

29. Магдалена. Зязюльку прысылае.

30. *Градабойцы, Ледавіты, дзень.

31. Шэсць дзеў. Фядот.

Чэрвень

3. Алёна, Ульяна. Дзень ільну.

4. Васіліск. «Ад Васіліска і салавей блізка».

5. Дзень Ефрасінні Полац-кай. *Ушэсце. Абрад «Стра-ла».

7. Ян. «Рой перад Янам - пчаляр панам».

13. Ерамей. Антоній. «Антоні, аддай коні».

14. Юстын і Харытон. «Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон - лён». *Сёмушныя Дзяды, Духавая, Зялёная субота.

15. *Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. «Павядзём Куста пад гай зялёненькі...»

16. *Русальніца. Праводзіны вясны. «На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі...».

17. *Конскі Вялікдзень. Свята коней.

18. *Градабой. Серада Русаль.

19. *Наўская Тройца. Памін-анне. *Абліваха.

21. Тодар. На Тодара раса - канапель паласа.

22. Кірыла. Дзень сонцаста-яння. *Русальчыны розыгры. Засцерагаліся русалак. *Пят-роўка да 11 ліп. Пятроўка-галадоўка.

23. Купала. У старажытн. - Новы год/лета.

24. Ян Купальны. «Сонца грае».

25. Анапрэй. «Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ».

26. Акуліна Грачышніца, Задзярыхвост. *Дзевятнік. Перавод уніятаў у праваслаўе.

27. *Дзевятуха. Свята ад навальніцы.

28. Амос. «Прыйшоў Амос - цягне ўгору авёс»

29. Пятрок. «Да Пятра зязюльцы кукаваці». «Прыйшоў Пятрок - апаў лісток, прый-дзе Ілья - ападуць і два».

Ліпень

3. *Дзесятнік. "Дзесятнік гнаі возіць".

4. *Дзесятка. Косы точыць. Жыта паспявае.

6. Купалле. Свята Сонца і кахання.

7. Іван Купала. «Учора была Купала, а сёння Іван».

10. Самсон. Сем братоў. «На Самсона дождж - сем тыд-няў то ж». «Сем братоў варожаць, колькі тыдняў па-годы».

12. Пятро. Свята заканчэння Купалля.

13. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон.

14. Кузьма і Дзям'ян. Свята кавалёў. «Святы Пятро жы-та спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям'ян сена грабе».

17. Андрэй. «Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма». «Андрэй усіх мудрэй».

18. Свята Месяца. «Месяц гуляе».

21. Казанская. Пракоп. Пра-коп бок прыпёк

25. Якуб. «На Якуба хлеба поўна губа».

26. Гаўрылей. Засцеражэнне ад граду. Ганна. Снапы кладзе.

27. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллёю). Дзень зазубрывання сярпоў.

29. Афінаген. Заціхаюць пту-шкі.

Жнівень

1. Макрыны. «Глядзі восень па Макрыні».

2. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. «Ілля нарабіў гніл-ля», «Укінуў у воду кусок ільда».

4. Мар'я. «Магдалена - вады па калена».

6. Барыс. «Барыс і Глеб - паспеў хлеб».

7. Ганны. «Святы Ганны бабкі стаўляюць».

9. Палікоп. Панцеляймон.

11. Лаўрын. «На Л-на спяшай да млына».

12. Сіла. Жыта сей.

14. Макавей, Першы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 28 жніўня.

15. Базыль. «Базыль авечкам воўну дае». Прачыстая, Зель-ная. «Прыйшла Прачыста - стала поле чыста».

16. Антоны Віхравеі. Рох. «Кірмаш на паненак»

19. Яблычны Спас. Свята садавіны.

23. Лаўрэн - свята млынара.

24. Баўтрамей. «Св. Б. высы-лае буслоў па дзяцей». «Пры-йшоў Б. - жыта на зіму сей».

28. Прачыстая. Свята ўра-джаю.

29. Трэці Спас. Свята хлеба. Ян.

30. Міроны Ветрагоны.

31. Флор і Лаўр. Свята коней.

Верасень

5. Лупа. «Сей на Лупа - будзе жыта купа».

7. Баўтрамей. «Жыта на зіму сей».

8. Другая Прачыстая. «Мен-шая Прачыста - канчай сеяць начыста».

10. Мацей. Абаронца ад п'ян-ства.

11. Калінавік, Іван Крываўнік.

13. Кіпрыян. Журавель збіра-ецца ў вырай.

14. Сымон. Абрад «жаніцьбы коміна». Узвіжанне. Закры-ванне зямлі. Бабіна лета.

19. Цуды, Міхал. «Міхал з поля спіхаў».

21. Багач, Нараджэнне Бо-жае Маці. Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.

24. Тадора. «На Тадору ўсякае лета заканчваецца».

26. Стаўроўскія Дзяды.

27. Звіжанне. Свята закры-вання зямлі на зіму. Гадзюкі - у кучу.

29. Міхал. «Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор'е надзеі». Сіцыян. «Святы Сацыян ды ляны па-сцілаў»

Кастрычнік

2. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца - мароз на Па-кровы ўдарыць.

3. Астап, Астаф'я. Прыкме-ты па ветру.

4. Пранцішак, Францішак. «На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка».

8. Сяргей. Жалезны тыдзень.

9. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест.

14. Пакровы, Трэцяя Прачы-стая. Вясельная пара. «Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку - вя-ночкам». «Пакровы - зарыкалі каровы».

21. Трыфан, Палагея. Зміцер.

25. Марцін - свята млынароў.

28. Сымон і Юда. Параскева Пятніцкая.

29. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй

30. Паклоны.

31. Лука. «Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі». Дзень іканапісцаў. Юльян - ахоўнік дзяцей.

Лістапад

1. Усе святыя. Памінальны дзень. Змітраўскія Дзяды. Асяніны. «Святыя дзяды, завём вас...».

2. Задушны дзень. Памі-нальны дзень.

4. Казанская. Дождж ці снег.

8. Зміцер. «Да Змітра дзеўка хітра». Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.

9. Тодар. «На Тадора поўна камора».

10. Параскі. Апякунка жан-чын і рукадзелля.

11. Настуся. Настуся стры-жэ авечкі. Марцін.

12. Артошка. Пачатак пра-дзення.

14. Кузьма-Дзям'ян. Апякун земляробства, кавалёў і вясел-ля.

21 Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.

22. Матрона. «З Матроны становіцца зіма».

22. Хвёдар Студзянец.

25. Іван Міласцівы. Дзень падарункаў. Кацярыны. «Ка-цярына забрала лета».

27/14. Юстыніян. Піліп - пярэдадзень Піліпоўскага пос-ту (да 7 студзеня).

28 Піліпаўка - перадкалядны пост.

29. Мацей. «На Мацея зіма пацее».

30. Андрэй. Дзявочае свята. Адвент. Перадкалядны пост.

Снежань

4. Увядзенне. Водзяцца ваўкі. Барбара. «Барбара ноч ур-вала, а дзень надтачыла».

5. Пракоп. Савы. «Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае».

6. Матрыхваны. Не пралі. Мікола.

7. Кацярыны. «Забрала край лета».

9. Юр'е Зімовы. Юра мосціць. Ганны.

13. Андросы, Андрэйкі. Вара-жылі.

14. Навум. Наставіць на вум.

17. Варвары. «Мікола і Вар-вара ноч урвалі».

18. Савы, Міколін бацька. «Сава мосце, а Мікола гвоз-дзе».

19. Мікола Зімовы. «Без Міко-лы небывае ні зіма, ні лета». «Мікола марозам гвоздзіць».

22. Ганны. «Ганкі - сядайце на санкі».

24. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 ст.)

25.Спірыдон Сонцаварот. Божае Нараджэнне.

26. Сцяпан. «Кожны сабе пан».

31. Марк. Багатая куцця. Сільвестр.

Складальнік Алесь Лозка.


Беларускае пяціборства-VII прыемнае і сумнае…

На пачатку года ў Магілёве праведзена "Беларускае пяціборства-VII" - спаборніцтва для старшакласнікаў, схільных да матэматыкі, на веданне імі гісторыі сваёй краіны, яе мовы і літаратуры. Тым самым найбольш здольныя навучэнцы могуць вызначыць (найперш для ся­бе!) узровень іх агульнай адукацыі, адукацыі, якая не толькі дазволіць ім засвоіць тую ці іншую спецыяльнасць, але і дапаможа стаць гарманічна развітым чалавекам, свядомым грамадзянінам сваёй краіны. Апошняму школьная сістэма сучаснай Беларусі не надае дастат­ковай увагі, што выразна сведчыць аб неразумнасці сённяшняга дзяржаўнага ўладкавання.

У сёмым пяціборстве бралі ўдзел 21 чалавек - вучні школ, ліцэяў, гімназій і ПТВ Магілёва і Магілёўскай вобласці. На гэты раз даволі шырока былі прадстаўлены рэгіёны - удзельнічалі вучні з Быхава, Горак, Дрыбіна, Чэрыкава, Бабруйскага, Мсціслаўскага, Чавус­кага раёнаў. Але большасць, як заўжды, былі навучэнцамі магілёўскіх ліцэяў. Сярод іх былі неаднаразовыя пераможцы гарадскіх і абласных алімпіяд па розных школьных дысцыплінах.

Перад пачаткам спаборніцтва была праведзена кніжная латарэя, у выніку якой кожны ўдзельнік атрымаў адну ці дзве кнігі з тых, якія сабралі актывісты Магілёўскіх суполак ТБМ. Затым удзельнікі прыступілі да галоўнай дзеі: патрабавалася на беларускай мове выкласці развязак адной матэматычнай задачы і адказаць на пытанні з беларускай літаратуры, геагра­фіі Беларусі і яе гісторыі.

Упершыню перамогу атрымаў прадстаўнік не абласнога і нават не раённага цэнтра, а вучань з вёскі Гарбавічы Чавускага раёна Дарожкін Андрэй. Другое месца заняла дзесяцікла­сніца абласнога ліцэя № 3 Юля Чудакова. У мінулым годзе ў яе было таксама другое месца. Юля зрабіла яшчэ адзін дубль: другі раз атрымала адмысловы прыз за лепшы адказ на пытан­не па беларускай літаратуры. Можна парадавацца за настаўнікаў, якія маюць такую цудоў­ную вучаніцу, і за Беларусь, на зямлі якой такія Юлі нараджаюцца. На трэцім месцы адзінац­цацікласнік таго ж ліцэя Ігар Калашнікаў, які праявіў сябе найперш у матэматычнай задачы, чым і перакрыў нізкія паказнікі ў іншых намінацыях. Шкада, што Ігар у выпускным класе і праз год ужо не зможа браць удзел у пяціборстве; там ён паказаў бы іншыя вынікі ў сваім чалавечым развіцці. Кажу так з упэўненасцю, бо шмат прыкладаў падобнага роду маецца ў гісторыі пяціборства. Разумнаму чалавеку варта толькі паказаць ці даць самому ўсвядоміць хібы сваёй адукацыі і ён пачне рабіць захады дзеля выпраўлення гэтых хібаў. На тое і нацэлена ідэя правядзення пяціборства. Адмысловы прыз за лепшую мову атрымала Свят­лана Дзенісевіч з Дрыбіна, зараз навучэнка абласнога ліцэя № 1. Святлана - двойчы пера­можца пяціборства (2006 і 2007 г.), на гэты раз дацягнулася толькі да чацвёртага месца. А прыз за лепшае валоданне роднай мовай яна атрымоўвае ўжо трэці раз.

З сумных (але і чаканых!) вынікаў пяціборства трэба адзначыць чарговае зніжэнне якасці валодання роднай мовай. Зараз сярэдні вынік у мове - адна памылка на 1520 слоў - прыкметна саступае адпаведнаму выніку ранейшых пяціборстваў. Прычыны такой з'явы відавочныя: дзяржаўная палітыка нацэлена сёння не на падтрымку, не на адраджэнне, не на развіццё, не на пашырэнне ўжытку роднай мовы, а на яе паступовае вынішчэнне, на выціс­канне яе з усіх сфераў жыццядзейнасці чалавека. І малады чалавек пачынае разумець, што гэтая мова стане не памочнікам у яго жыццёвым уладкаванні, а хутчэй перашкодай, і пера­стае надаваць увагу яе вывучэнню і ўдасканальванню. А настаўніца беларускай мовы, якая на перапынку ці паза школай пачынае размаўляць з ім "великим и могучим русским язы­ком", толькі ўмацоўвае яго ў такім выбары.

Але мова выжыве, бо ёсць іншыя настаўніцы. І ёсць Юлі і Святланы, якія пранясуць яе, як сцяг, праз гады…

Міхась Булавацкі, старшыня журы "Беларускага пяціборства-VII"


Конкурс "Беларускі настаўнік 2007 года"

Арганізатар - РГА "Таварыства беларускай школы".

Пачатак - кастрычнік 2007 г., падвядзенне вынікаў - студзень 2008 г.

Удзельнікі конкурса "Беларускі Настаўнік 2007 года Мінска":

Бандарэнка Юрый Міхайлавіч, дырэктар Мінскай беларускай нацыянальнай гімназіі №4, настаўнік фізікі, выдатнік адукацыі СССР, БССР, РСФСР; Мартысюк Уладзімір Кірылавіч, настаўнік матэматыкі СШ №168 г.Мінска, выдатнік адукацыі Расійскай Федэрацыі, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, узнагаро-джаны медалём Францішка Скарыны; Тычына Міхась Аляксандравіч, доктар філалагічных навук, выкладчык літаратуры зачыненага Гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа.

Удзельнікі конкурса "Беларускі Настаўнік 2007 года Міншчыны": Ільініч Наталля Валянцінаўна, настаўніца гісторыі, ЧГДз, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры Талькаўскай СШ Пухавіцкага раёна, краязнавец; Дрокіна Галіна Пятроўна, настаўніца геаграфіі і эканомікі Гімназіі №10 г.Маладзечна, лаўрэат (2-ое месца) Усебеларускага конкурса "Крыштальны журавель" 2000 г.; Абрамовіч Антаніна Анатольеўна, намеснік дырэктара па этнакласах Мётчанскай СШ-сада Барысаўскага раёна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, фалькларыст, кіраўнік узорнага дзіцячага фальклорнага гурта "Берагіня"; Язвінскі Алесь, настаўнік фізічнай культуры СШ №3 г.Нясвіжа, краязнавец; Барбук Мікалай Андрэевіч, дырэктар Грабёнкаўскай СШ Чэрвеньскага раёна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры; Байдак Таццяна Пятроўна, настаўніца беларускай мовы і літартуры Гімназіі №1 г. Дзяржынска; Балоцька Алена Казіміраўна, выкладчык беларускай мовы і літаратуры Салігорскага дзяржаўнага горна-хімічнага тэхнікума.

Аргкамітэт.

Настаўнік, які паказвае дарогі ў шырокі свет

ДРОКІНА Галіна Пятроўна. Нарадзілася 21 жніўня 1954 года на Гарадзеншчыне. Скончыла Гарадзенскае музычна-педагагічнае вучылішча і геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Распачала настаўніцкую працу ў Ўздзенскім раёне. Але ўжо шмат гадоў жыве і працуе ў г. Мала-дзечна, апошнія 12 гадоў - настаўніцай геаграфіі і эканомікі Гімназіі № 10 (былой Беларускай Гімназіі). Пераможца гарадскога і аблас-нога конкурсаў прафесійнага майстэрства педагогаў у 1999 годзе. У 2000 г. заняла 2-е месца ва Усебеларускім конкурсе "Крыштальны жу-равель". Ва ўсіх конкурсах Галіна Пятроўна прэзентавала сябе, як беларускамоўны настаўнік.

Няма вучняў і бацькоў, незадаволеных урокамі Галіны Пятроўны. У сваіх водгуках яны ўпэўнены: гэта сапраўдны прафесіянал сваёй справы, лепшы настаўнік, які сустрэўся на іх шляху. "Настаўніца валодае прафесійнай свабодай, адчуваннем новага, умее выйсці за межы традыцыйных методык. Гэта сапраўдны эрудыт і педагог, яна не проста дае веды і вучыць арыентавацца ў інфармацыйных патоках - яна выхоўвае сапраўдных грамадзян сваёй краіны. Ужо з пятага класа мой сын на пытанне, які твой любімы прадмет - нязменна адказваў: геаграфія!" ( Н. Гайковіч). "Ад сябе асабіста, ад сына вельмі хочацца сказаць Галіне Пятроўне вялікі дзякуй за ўсё тое, што яна робіць. Няхай яна ведае, што яе вельмі любяць і паважаюць дзеці і бацькі, што яна прыклад вы-сакароднасці, дабрыні, таленту, інтэлігентнасці і проста чала-вечнасці" (Г. Кандраценка).

"Гэта лепшы настаў-нік у школе" (П. Вяжэвіч) . " Яна вучыць не толькі геаграфіі, але і жыццю" (К. Газізаў). "Гэта адзін з лепшых настаўнікаў, якіх я сустракала" (А. Раманоўская). "Галіна Пятроўна заўсёды ўмее правесці ўрок у незвычайнай форме" (Д. Сільвановіч). "Галіна Пятроўна выдатна выкладае геаграфію" (Р. Путрыч). "Геаграфія была адным з самых цікавых урокаў. Шкадую, што геаграфіі няма ў 11 класе"(Р. Гралеўскі). "Урокі геаграфіі засталіся ў маёй душы" (Г. Пішчанка). "Галіне Пятроўне абсалютна без на-пружання ўдаецца ўводзіць вучняў у веды па геаграфіі!" (М. Бялкоў). "Я ўсё жыццё буду памятаць апошні ўрок Галіны Пятроўны ў 10 класе. "(А. Жолтка). "Ніхто не ўмее тры-маць клас без строгасці, як Галіна Пятроўна. Прычым яна выстаўляе аб'ектыўныя адзнакі" (У. Юшкевіч). "Дрокіна Галіна Пятроўна - цудоўны настаўнік!" ( Д. Сітнік ). " Галіна Пятроўна дае веды ў даступнай для вучняў форме. На ўроках пазнавальна і весела" (М. Кляпец).

Рыса, якая вылучае гэтага педагога - філасафічнасць і глабальнасць падыходу ў выкладанні матэрыялу, уменне паказаць, што не бывае ў жыцці няважных рэчаў, што трэба цаніць кожны яго момант. На ўроках яна стварае атмасферу шчырасці, працаздольнасці, адкрыцця. Вучні захоплены ўрокамі Галіны Пятроўны, на яе занятках пануе своеасаблівая цеплыня і дзіўнае адчуванне спакою, расповеды зачароўваюць. Многія вучні Галіны Пятроўны атрымліваюць дыпломы алімпіяд, паступаюць затым без экзаменаў ва ўніверсітэт.

Настаўніца - носьбіт роднай мовы, культуры, патрыятызму, яе талент і высакародная праца вельмі патрэб-ны людзям, яе заслужана па-важаюць таксама калегі-настаўнікі.

Галіна Пятроўна прынцыповая прыхільніца дэмакратычных пераўтварэнняў у грамадстве. Зараз прыйшла да слушнай высновы, што найбольшую карысць можна прынесці на сваім рабочым месцы, даносячы да сваіх вучняў беларускае слова, узды-маючы гонар, годнасць і славу беларусаў.

Каб усе настаўнікі так умелі захапіць дзяцей сваім прадметам, выхаваць любоў да Радзімы і Роднага слова, Бела-русь чакала б вялікая будучыня - упэўнены ўсе, хто ведае Галіну Пятроўну Дрокіну.

Бярнарда Іванова.

Талент педагога

Калі спрабуеш уявіць сабе ідэальнага настаўніка роднай мовы і літаратуры, ці, кажучы больш стрымана, такога, у якога хацеў бы вучыцца сам ці аддаў бы да яго сваіх дзяцей або ўнукаў, то, пабачыўшы і паслухаўшы Мікалая Андрэевіча Барбука, напэўна, іншага не стаў бы і шукаць.

Напеўная чэрвеньская (ці яшчэ ігуменская!) гаворка, увабраная ім літаральна з малаком маці, а таксама маляўнічыя навакольныя краявіды (паблізу ад яго роднага Клінка нарадзіўся ў Убелі натхнёны Станіслаў Манюшка), здаецца, прадвызначылі будучы лёс Міколы Барбука. Магу як яго аднакурснік засведчыць: з першых дзён студэнцкага жыцця (а можа яшчэ са школьных гадоў?) ён марыў стаць менавіта настаўнікам, каб несці роднае беларускае слова наступным пакаленням.

Пасля заканчэння БДУ яму пашчасціла трапіць у адну са старэйшых вясковых школ на Беларусі, пра якую пісалася яшчэ ў "Памятной книжке Мин-ской губернии" амаль паўтара стагоддзя назад. Тут, недалёка ад'ехаўшы ад роднага кута, у вёсцы Грабёнка Чэрвеньскага раёна Мікола Барбук працуе ўсё сваё сталае жыццё, аддаючы справе, дзецям, калегам, суседзям усяго сябе дарэшты.

Любоў, павага, цікавасць да чалавека, да асобы так проста не даюцца. Каб стаць любімым для дзесяткаў і соцень людзей, трэба быць на-дзеленым не абыякімі чалавечымі якасцямі. І Мікола Барбук іх мае. Каб вырасці ў высокакласнага спецыяліста ў той галіне, у якой ты працуеш, трэба штодзённа назапашваць свой духоўны, інтэлектуальны багаж. І папаўненне гэтага "багажа" ажыццяўляецца М. Барбуком з маладых год - няспынна, нястомна, прагна. Ён не прапусціць ніводнае вартае ўвагі літаратурнае навінкі, ніводнае цікавае публікацыі, і абавязкова падзеліцца ўражаннямі з вучнямі. Ён не пакіне сваёю ўвагаю цікавых тэатральных пастановаак, канцэртаў, прадстаўленняў. Ды каб жа толькі сваёю! Ён пацягне за сабою на тыя імпрэзы добрыя паўшколы! А наколькі гэта бывае няпроста: дамагчыся білетаў, выбіць транспарт, па холаду ці па спякоце адольваць дзесяткі кіламетраў да сталіцы і назад... Здаецца, няма на Беларусі музея, літаратурнае мясціны, куды б не звазіў М.Барбук сваіх выхаванцаў.

Але не толькі ён некуды возіць. І да яго ў школу лічаць за гонар прыязджаць многія літаратары. Народны Паэт Беларусі Ніл Гілевіч, які, дарэчы, некалі выкладаў у М. Барбука курс фальклору, наведаўшыся ў Грабёнку, з усёй сваёй шчодрасцю выступіў асобна перад настаўнікамі і старшакласнікамі і перад вучнямі малодшых класаў. Колькі іншых гасцей - цікавейшых людзей - паперабывала па запрашэнню Мікалая Андрэевіча ў яго школе і ў яго доме! Фактычна школа - гэта яго другі дом. Вучні яго - гэта яго дзеці. І куды б лёс не закінуў іх потым, усе яны з радасцю з"яўляюцца ў родны кут, на парог роднае школы, каб пабачыць там свайго незабыўнага настаўніка, каб падзяліцца сваімі радасцямі і турботамі, каб пачуць яго часам вясёлае, а часам дакорлівае, ушчувальнае, але заўсёды панароднаму мудрае слова. І якая ж для Мікалая Андрэевіча Барбука - сёння ўжо дырэктара школы - уцеха, калі некаторыя з вучняў, выйшаўшы з-пад ягонага крыла, таксама выбіраюць настаўніцкі хлеб, працягваюць справу яго жыцця.

Няхай і надалей, доўгія-доўгія гады плённа працуецца гэтаму слаўнаму чалавеку - Мікалаю Андрэевічу Барбуку, каб яшчэ не адно пакаленне грабёнкаўскай дзя-твы, як неацэнны дар, мела такога Настаўніка.

Уладзімір Васілевіч, загадчык кафедры БДПУ.

Настаўнік, фалькларыст, музыка

АБРАМОВІЧ Антан-на Анатольеўна. Нарадзілася 3 жніўня 1958 года ў в. Бялёў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Скончыла Гомельскае педвучылішча (1977) і філалагічны факультэт Беларускага дзяржуніверсітэта (1987). Настаўнічае ў Мётчанскай СШ-садзе Барысаўскага ра-ёна Менскай вобласці. Намеснік дырэктара па этнакласах.

Народны музыка, вы-канаўца народных і аўтарскіх песень. Займаецца пытаннямі мастацкай адука-цыі дзяцей, даследуе традыцыйную культуру рэгіёна (Мядоччына). Аўтар многіх публікацый па праблемах культуры і педагогікі. Сярод іх вылучаюцца «Культурныя традыцыі Мядоччыны» (1997), «Каляндарна-абрадавая спадчына міжрэчча Бярэзіны, Бабра і Схі» (2001), а таксама стварыла ў сааўтарстве «Мы - "Берагіня": З гісторыі фальклорнага гурта "Берагіня" Мётчанскай адукацыйна-выхаваўчай установы "Школа-садок" Барысаўскага ра-ёна Менскай вобласці» (2001), «Традыцыйнае вяселле Мядоцкага краю» (2004).

Стварыла 1996 годзе дзіцячы фальклорны гурт "Берагіня", якому прысвоена ганаровае званне ўзорнага, і паспяхова кіруе дагэтуль разам з этнахарэографам Міколам Козенкам. Праўда, трэба дадаць, што дзеля гэтага на-вучылася самастойна яшчэ іграць на гармошцы, каб акам-паніраваць народжанаму ан-самблю.

«Берагіня» стала лаў-рэатам многіх рэспубліканскіх конкурсаў, удзельнікам прэ-стыжных міжнародных фестываляў. У яго рэпертуары шматлікія і арыгінальныя на-родныя танцы і песні, запісаныя вядомым харэографам М. Ко-зенкам і фалькларыстам А. Абрамовіч падчас фальклор-на-этнаграфічных экспедыцый.

У 2000 годзе ТБШ сумесна з ТБМ праводзіла конкурс на лепшую бела-рускую школу. Уражанне ад сустрэчы незабыўнае. Дыплом першай ступені - заслужана. Калі паўстала пытанне: каго паслаць на 40 юбілейны Між-народны фальклорны фестываль "Interfolk" у Францыі (2004 г.), а яго аргкамітэт даручыў Таварыству беларускай школы абраць годнага прадстаўніка ад Беларусі, у нас, пасутнасці, не было сумнення. І не памыліліся. Амаль два тыдні школьнікі-мётчаўцы (адзіны дзіцячы калектыў на фестывалі) поруч з праслаўленымі ансамблямі Румыніі, Чэхіі, Польшчы, Балівіі, Башкартастана, Краіны Баскаў, Бураціі, астравоў Фіджы і Францыі радавала ўдзельнікаў "Interfolk". Намеснік старшыні ТБШ Алесь Сядзяка, што суправаджаў землякоў-беларусаў, зрабіў наступныя ўзнё-сла-велічальныя вытрымкі з тагачасных французскіх газет: «чароўныя ўсмешкі маленькіх беларускіх танцораў скампе-нсавалі недахоп сонца падчас прадстаўлення "Берагіні" ў гарадку Так у аўторак веча-рам...»; «карагоды з малень-кімі беларускімі акторамі - выдатная нагода для фран-цузскіх дзяцей захапіцца танцамі ...»; «якасць спектакляў беларускага гурта парадавала ўсіх гледачоў сваёй сцэнічнай свежасцю, непасрэднасцю і натуральнасцю, а таксама прывабіла вялікім жаданнем дзяцей як мага лепей прад-ставіць сваю краіну...». Французы і іншыя еўрапейцы цяпер ведаюць Беларусь не толькі па тым, што на гэтай зямлі пра-цякае Бярэзіна, якая звязана з сумна вядомымі падзеямі 1812 года, але і тым, што тут бруіць жыццятворная крыніца талентаў - "Берагіня".

А душой мастацкага калектыву, як і ўсёй школы, з'яўляецца цудоўны педагог Антаніна Анатольеўна Абрамовіч. Разам з аднадумцамі-калегамі створана ўнікальная асветна-адукацыйная ўстанова, школа-музей, этнашкола, якая рыхтуе сапраўдных беларусаў, грамадзян. У "Летапісе ТБШ" мы не аднойчы распавядалі пра вопыт мётчаўцаў-паэтаў і май-строў. Нездарма школу лічылі за гонар наведаць вядомыя майстры слова Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Алег Лойка, Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін, Вячаслаў Рагойша, і інш.

"Божа гасцінны!

Павек карай

Гэтакімі прымусамі,

Якія чыніць

Мядоцкі край,

Робячы усіх беларусамі..." - пісаў у вершы народны паэт Р. Барадулін.

А пра такіх людзей, як Антаніна Абрамовіч, народны паэт Н.Гілевіч пісаў: "Зноў і зноў думаю аб тым, што залежыць ад людзей, у якіх ёсць вялікая любоў да роднага краю, вялікае пачуццё сыноўняга абавязку перад сваім народам і яго культурай. У Мётчы, на шчасце, такія людзі жывуць і працуюць. Паздароў іх Божа!".

Пра педагагічны вопыт школы таксама можна прачы-таць у наступных выданнях: Лайкоў У. "Трэба дома бываць часцей..." (2003); Мядоцкі край і яго таленты (1997). Часопіс "Роднае слова". 2003. №5.

Алесь Лозка.


Віншаванні ў адрас ТБМ

Каляды 2007 г.

Дарагія Сябры!

Віншую Вас з Сьвятамі і Новым Годам! Дай Божа, каб 2008 год быў для Вас

шчодрым і шчасьлівым. Жадаю Вам здароўя і задаваленьняў у Вашым жыцьці.

Жадаю таксама плёну ў нашай супольнай працы на карысьць нашай

Бацькаўшчыны Беларусі. Прашу Бога, каб даў нашаму народу найбольшую каштоўнасьць чалавека, СВАБОДУ, і захаваў назаўсёды незалежнасьць Беларускай дзяржавы!

У гэтым Новым 2008 годзе хачу таксама першай павіншаваць Вас з 90-мі ўгодкамі

абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, якія беларусы ўва

ўсім сьвеце будуць годна адзначаць.

Івонка Сурвіла.


L'Ambassade de France on Bielorussie vous adresse ses meilloeurs voeux pour une heureuse annee 2008


Тэматыка семінараў ТБМ

21 студзеня. "Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Гісторыя і сучаснасць." Ігар Кузняцоў, 18.00, сядзіба ТБМ.

28 студзеня. "Як жыць лепей ва ўмовах эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне" Людміла Дзіцэвіч, 18.00, сядзіба ТБМ.


УВАГА!

Запрашаем наведаць выставу беларускай музыкі, кніг і часопісаў на сядзібе ТБМ (г. Менск. вул. Румянцава, 13). Працуем штодня, акрамя выходных, з 14.00 да 18.00.

Тут Вы можаце пазнаёміцца з новымі запісамі на CD, DVD, кнігамі з серыі "Беларускі кнігазбор", а таксама з новымі аўдыёкнігамі: "150 пытанняў і адказаў па гісторыі Беларусі", Мікола Ермаловіч "Лісты, выступы, гутаркі, вершы", Дж. Оруэл "Ферма", "1984", Андрэй Хадановіч "Абменьнік". Вершы і пераклады, Максім Багдановіч "Вершы".

Новыя DVD: "Апакаліпсыс", "Лісты з Іўа Дзімы", "Тлум (Бабілён)" ды іншае.


У Светлагорску адбылася раённая канферэнцыя ТБМ

Найбольш адметным вынікам дзейнасці ТБМ у Светлагорскім раёне за прайшоўшыя 2 гады стала правядзенне краязнаўчых экспедыцый. Такую выснову зрабіла Х канференцыя ТБМ у Светлагорску (Гомельская вобласць). Па ініцыятыве сяброў ТБМ і пры іх удзеле праведзены таксама першыя археалагічныя даследванні на месцы былога горада Казімір і ў Шацілках старадаўняй частцы Светлагорска.

Канферэнцыя, якая праходзіла 30 снежня, пачалася з гімна "Магутны Божа". У ёй узялі ўдзел прадстаўнікі, якія былі абраны на сходах мясцовымі сябрамі ТБМ, і госці. Са справаздачай аб дзейнасці ТБМ у раёне за 2 гады і аб планах на будучыню выступіў Тэльман Маслюкоў. У абмеркаванні ўзялі ўдзел Віктар Ахрамчук, Мікалай Бусел, Аляксандр Лаўрыновіч і іншыя. Віктар Новік, удзельнік краязнаўчых мерапрыемстваў, прадставіў камп'ютарны агляд археалагічных раскопак у Шацілках. З прывітальнымі прамовамі да прысутных звярнуліся Вадзім Болбас (грамадскае аб'яднанне "БНФ "Адраджэнне") і Таццяна Наскова (Аб'яднаная грамадзянская партыя). Групе моладзі, якая нядаўна ўступіла ў ТБМ, былі ўрачыста ўручаны пасведчанні і значкі сябраў Таварыства.

Пасля канферэнцыі адбылася сяброўская вечарына. Віктар Раманцоў, краязнаўца і журналіст, упершыню распавёў аб сваёй працы над кнігай па гісторыі раёну. Наталля Цярэшчанка, аматарка гістарычнай рэканструкцыі, зрабіла прэзентацыю старадаўняга жаночага строю, які яна рэканструявала па матэрыялах перыяду Тураўскага княства (Х стагоддзе). Зміцер Сідаровіч з Менску - адзін з аўтараў музычнага альбому "Камэлот", які створаны ў стылі старадаўніх баладаў выступіў са сваімі творамі.

Наш кар.


"Дзікія лебедзі" загаварылі па-беларуску

Кампанія "Белтонмедыя" выпусціла чарговую аўдыёкнігу для маленькіх слухачоў - "Дзікія лебедзі".

На кампактным дыску запісаныя казкі Ганса Хрысціяна Андэрсэна пабеларуску. Гэта ўжо дзесятая аўдыёкніга кампаніі. Аўтарскі калектыў рыхтуе яшчэ некалькі такіх працаў. Стваральнікі аўдыёкнігі "Дзікія лебедзі" намагаюцца зрабіць літаратуру беларускай і сучаснай адначасова. Калектыў "Белтонмедыя" ужо пераклаў і агучыў шэраг твораў, у тым ліку з дзіцячай літаратуры школьнай праграмы, а таксама перакладныя творы з замежных моваў.

Друкаваная кніга "Дзікія лебедзі" выдавалася напачатку 1990-х у перакладзе з дацкай мовы. Цяпер яе агучылі і пераклалі ў сучасны аўдыёфармат. Тэкст чытае акторка Галіна Кухальская. Стваральнікі кніжкі ажывілі яе гукамі прыроды: слухачы пачуюць спевы птушак і гукі жамяры.

Стваральнікі аўдыёкніжак дамовіліся з кнігарнямі ў Менску і ў рэгіёнах, каб гукавыя выданні былі прадстаўленыя на паліцах поруч з друкаванай літаратурай.

Гаворыць адзін з каардынатараў праекту Франак Вячорка:

Наша задача распаўсюджваць літаратуру не падпольнымі метадамі, як гэта было апошнія 15 гадоў, а легальна. Дзеля гэтага мы зарэгістравалі афіцыйную фірму, якая называецца "Белтонмедыя", у якую увайшлі ўсе нашыя творцы - рэжысёры, акторы, аўтары. Мы плануем, што гэтая фірма зойме свой сегмент на рынку, сегмент беларускай якаснай літаратуры, музычнай прадукцыі, а таксама відэафільмаў.

Неўзабаве выйдуць у свет кніжкі з серыі "школьнай літаратуры". Ужо зробленыя "Палескія хронікі" Івана Мележа. Агучаны "Сымон-музыка", п'есы Янкі Купалы. Да дня святога Валянціна рыхтуецца аўдыёкніжка Антуана дэ Сент-Экзюперы "Маленькі прынц".

Любоў Лунёва.


ХІІ фестываль нацыянальнага фальклору ў Гародні

З самай раніцы можна было заўважыць нейкі незвычайны рух на двары, які чуўся праз рыпенне старой брамы і рэзкі пошум апошніх лістоў на халодных дрэвах. Гэта святыя Дзяды завіталі на асяніны, каб паглядзець, як мы жывём, якімі справамі займаемся. А мы хаты прыбралі, ручнікі белыя павесілі і чакаем усіх: і маці, і бацьку, і братоў, і сясцёр, і старых, і немаўлят, і сваякоў, і людзей чужых, незнаёмых.

25 лістапада адчыніліся дзверы гарадзенскага ГДК для ўдзельнікаў і гасцей ХІІ гарадскога фестывалю нацыянальнага фальклору. Свята праходзіла пад знаёмым знакам беларускай валошкі з некалькімі рознакаляровымі пялёсткамі, што ўвасабляюць прызнанне чацвёртым Рымам высокай мастацкай культуры палякаў, украінцаў, літоўцаў і іншых нацыянальных суполак.

Пачаўся святочны вечар з песні ў выкананні гурта медыцынскага універсітэта. Гучныя і чыстыя галасы сышліся разам, здавалася, каб заклікаць да агляду багатай спадчыны, што засталася ад тых, хто сышоў з зямных пуцявінаў. Мудрыя прадзеды, дапамажыце дайсці да векавечных крыніц, перадайце нам ваш розум, дух, традыцыі і досвед, каб дзеці нашы не заблудзілі…

Хвілінай маўчання паўнюткая зала палаца культуры ўшанавала памяць славутага Васіля Ліцьвінкі - старшыні Саюза беларускіх фалькларыстаў, кандыдата філалагічных навук, нязменнага старшыні журы папярэдніх дзесяці фестываляў нацыянальнага фальклору ў Гародні. Як і мінулы раз, сёння кампетэнтную Раду, у складзе якой прысутнічалі знаўцы з розных галін беларускай народнай творчасці, узначаліў фалькларыст, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы Руслан Казлоўскі.

На фестывальнай сцэне тварылі святочную атмасферу некалькі пакаленняў выканаўцаў. Непасрэднасць выхаванцаў дзіцячых садкоў удала спалучалася з энергіяй маладосці школьнікаў і студэнтаў і спакоем фальклорных калектываў старэйшага ўзросту.

Фестываль ахапіў амаль усё шырокае кола каляндарных і сямейных свят і абрадаў беларусаў. На сцэне былі рэпрэзентаваны звычаі і рытуалы не толькі галоўных традыцыйных Купалля, Вялікадня, Масленкі, але і ўпершыню паказаных ўваходзінаў у новую хату, адпраўкі ў войска, дня рыбака і некаторых іншых. Арганізатары зладзілі праграму такім чынам, што можна прасачыць поўную адпаведнасць заяўленых нумароў каляндарнаму (вясна - лета - восень зіма), а таксама сямейнабытавому (ад нараджэння да смерці) цыклам жыцця селяніна.

Абрадавасвяточны марафон пачынаўся з веснавога перыяду земляробчага года беларусаў. Тыповыя напевы вяснянак, агучаных вучнямі школы №3 з музычным ухілам, вылучаліся самабытнасцю і ўстойлівасцю выканання. Разам з тым, гэта было прыгожае песеннатанцавальнае карагоднае дзеянне. Разнастайна інсцэнаваны быў "Першы дзень Вялікадня" 27й школы з песнямі, скокамі, гульнямі, біццём і качаннем пафарбаваных яек. Старажытнае татэмнае свята пакланення "мядзведзюхнубацюхну", урачыстую сустрэчу яго пасля доўгага зімовага сну паказалі выхаванцы дзіцячага садка №78. Камаедзіца ў такой інтэрпрэтацыі пакарыла высокім ўзроўнем мастацкасці, бязмежнай павагай да найбольш паважанага члену рода, абагаўленнем святой сакральнай істоты.

Свята летняга сонцавароту, вядомае пад назвай Купалле, - самае маляўнічае па колькасці прыгожых язычніцкіх звычаяў. Дакрануцца да яго дахрысціянскай сутнасці паспрабавалі гурты з 12й, 18й, 36й школ, аграрнага універсітэта. Скокі праз купальскія вогнішчы, пусканне зёлкавых вянкоў на ваду, пошукі кветкіпапараці, песні, карагоды, варажба - усё гэта стварыла на сцэне атмасферу прыгажосці, свету, радасці жыцця, аптымізму. "Жніво", паказанае фальклорнаінструментальным ансамблем каледжа мастацтваў "Каханачка", не вылучалася пэўнымі абрадавымі цырымоніямі, аднак запомнілася гледачам працяжнымі мінорнымі напевамі працы.

Каляда старэйшай групы эксперыментальнага тэатрастудыі "Поўня ў студні" гімназіі №5, якая "прыехала вечарам на маляваным вазочку, на белым кані, прынесла дудачку ў рэшаце, сама села на куце ля куцці", стала найбольш вясёлай, тэатралізаванай, камедыйнай часткай святочнага вечара. Казкажарт "Цуды на Каляды" ў іх выкананні атрымала высокую ацэнку ажно ў дзвюх намінацыях: за абрадавы танец і акцёрскае майстэрства. "Крывыя вечары" скончыліся жаніцьбай Цярэшкі сіламі мастацкага калектыву 28й школы.

Цэлую музычнатэатралізаваную дзею, прыгожа аздобленую скокамі і музыкай уявіў сабой абрад уваходзінаў у новую хату, рэпрэзентаваны калектывам школыінтэрната для дзяцей з парушаным зрокам. Выканаўцы пускалі ката, каб лавіў мышэй і саграваў новую хату, улагоджвалі і частавалі дамавіка, каб вартаваў яе ад пажараў і бяды, прытоптвалі ходнікі, каб было весела ад скокаў і гульняў. Вылучаўся ў агульнай атмасферы вечара асучаснены нумар "Падклець", зроблены калектывам ліцэя №1. Кульмінацыя першай шлюбнай ночы хоць і не была арыентавана на ўзрост аудыторыі, якая знаходзілася ў зале, аднак заваявалатакі прыз за сінтэз выразных сродкаў ва ўвасабленні народных звычаяў.

Некалькі гадзін запар удзельнікі фестывалю гукалі вясну, сустракалі валачобнікаў, працавалі на жніве, адпраўлялі ў войска, віталі Купалку, жанілі Цярэшку, калыхалі немаўля, частавалі калядную казу і рабілі шмат што іншае дзеля таго, каб фальклорная стыхія калектыўнай творчасці нарадзіла святочны стан душы, уцягнула чалавека ў атмасферу свята і ператварыла яго з гледача ва ўдзельніка.

Журы выносіла прысуд цэлых паўтары гадзіны, ацэньваючы выканаўцаў па некалькіх намінацыях ("Сцэнічнае ўвасабленне свята ці абраду", "Абрадавы танец", "Абрадавая песня", "Народная песня", "Музычнае майстэрства", "Акцёрскае майстэрства" і інш.). Паводле слоў старшыні журы Руслана Казлоўскага, столькі спрэчак наконт узнагароджання і прысуджэння прэмій не было ні адзін год за ўсю гісторыю фестываля. Гранпры ХІІ фестывалю за рэжысёрскае майстэрства атрымаў гурт "Талака" школыліцэя №1 за нумар пад назвай "Беларуская калыханачка". Веданне нацыянальных звычаяў і бездакорная пастаноўка, якія стварылі вельмі чуллівую і замілавальную атмасферу на сцэне, не пакінуўшы абыякавым ніводнага гледача, былі заўважаны і высока ацэнены членамі журы як інсцэніроўка.

ХІІ фестываль нацыянальнага фальклору завершаны. Ёсць усе падставы сцвярджаць, што старажытная Гародня хутка стане найбуйнейшым фальклорным цэнтрам Беларусі. І тады памяць наша не згасне, асвятляючы шлях наступнікам. Будзем верыць, як верылі святыя Дзяды: людзі не знікаюць бясследна, душы іх жывуць у нашчадках. І зімой напярэдадні Масленкі, і вясной на Радаўніцу, і летам перад Сёмухаю, і восенню на Асяніны, як адвеку ў нашым краі, мы прыбярэм хату і падвор'е, памыемся ў лазні, прыгатуем святочную вячэру, на якую запросім сваякоў і суседзяў, і, паводле звычаю, ад кожнай стравы ўрачыста адкладзем дзядам.

Надзея Чукічова, магістр гуманітарных навук,аспірантка кафедры беларускай літаратуры Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы.


Спадарыня Яня

Да 50-годдзя Данчыка

Прыгадваю сваё падарожжа ў Амерыку. Нью-Ёрк. Незабыўна, святочна, велічна! Побач беларусы - родныя, па дзіцячы трапяткія і такія розныя...

Самае моцнае ўражанне ад сустрэчы са спадарыняй Янінай. Маладая, прыгожая, надзвычай тактоўная... Мы сустракаліся з ёй кожны дзень у Юліі Андрусішынай, маці Данчыка. Велічнасць гэтай жанчыны выклікала заўжды захапленне. Чысцюткая беларуская мова, агульныя інтарэсы, клопат пра ўсіх, душэўнасць спадарыні Яні бралі ў палон, і я гублялася побач з ёй. Я была ў гасцях у яе маленькай сціплай кватэры, дзе яна жыла з любым унукам Данчыкам. Іх адносіны паміж сабой мяне вельмі ўразілі: цеплыня, узаемаразуменне, шчырасць і разам з тым патрабавальнасць бабці (так зваў яе Данчык), калі рэч датычылася прынцыпаў. Гэта былі Вялікія Сябры!

Калі мы сустрэліся зноў у Празе, дзе я гасцявала ў Данчыка, спадарыня Яня адорвала нас сваім нябесным святлом. Вечарамі яна чытала вершы Янкі Купалы, Уладзіміра Жылкі, Сяргея Палуяна, Максіма Багдановіча. Заўжды ветлівая, вельмі далікатная, мудрая і адначасна - безабаронная. Зразумела, што ў яе цудоўная дачка Юлія, вырас, узгадаваўся наш любы Дан-чык.

Дзякуй Богу і лёсу, што я мела і маю шчасце іх ведаць, адчуваць іх клопат, дапамогу, любоў. Карыстаюся магчымасцю праз газету павіншаваць з Новым годам і Калядамі Юлію Андрусішыну, усіх суайчыннікаў на замежжы, роднага мне Данчыка з юбілеем, 50-годдзем з дня народзінаў.

Галіна Прыма.


Асвечаныя песняй

Як ветразь надзеі, ветразь веры і любові ўзнік вобраз Данчыка ў беларускай прасторы. Ён прыцягваў да сябе, вабіў, прасвятляў... Сонечным промнікам нёсся яго анёльскі спеў, працінаў людскія душы, вярэдзіў іх, змушаў шукаць згубленую сувязь з роднай зямлёй...

Гэта было амаль 20 гадоў таму. Людзі прагна чакалі пераменаў. Вецер перабудовы настойліва біўся ў вокны, грукатаў брамкаю нашага пахіленага грамадоўскага дома. А людзі ўсё чакалі, няўпэўнена азіраліся, спадзеючыся на падказку... I прыйшла, прыляцела, прымча-лася песня. Загучала па радыё, зазвінела ў канцэртных залах, заіскрылася на сяброўскіх сустрэчах і за бяседным сталом. Спяваў Данчык:

У гушчарах, затканых імглою,

Шэрым змрокам, на золку, ў зару

Ахвяруем Табе мы сабою

Кожны дзень, кожны час, Беларусь.


Спевам ён духоўна яднаў грамадоўцаў, песняй выводзіў іх на прастору, на шырокую дарогу да Праўды, да Волі:

Ў белай пене праносяцца коні, -

Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.


Біце ў сэрца іх - біце мячамі,

Не давайце чужынцамі быць!

I людзі задумваліся, разумелі, што без сваёй, роднай, матчынай мовы, няма грамады, няма краіны і яе дзяржавы. Як і няма жыцця, калі не спяваюць, калі не гучыць родная песня.

Данчыкава песня паяднала многіх мен-чукоў, і яны вырашылі стварыць суполку, якая прапагандавала б беларускую песню, асвятляла б творчы шлях амерыкана-беларускага спевака. Для большасці беларусаў феномен Данчыка - загадка. Яны не маглі зразумець, чаму юнак, які нарадзіўся на амерыканскім кантыненце, вольна размаўляе па-беларуску, добра ведае гісторыю зямлі сваіх дзядоў, прадзедаў і так цудоўна спявае нацыянальныя песні. Шмат хто і не зразумеў сутнасці быцця, хоць яна і прагу-чала на адной з сустрэч тады, у кастрычніку 1989 года, з вуснаў самога Данчыка - Багдана Андрусішына: "У нас (гэта значыць у Аме-рыцы) ніхто з вамі не заключыць дамову, калі вы не ведаеце сваіх каранёў, не падтрымліваеце сямейна-родавыя традыцыі". Проста і пера-канальна гучала гэтае выказванне. Калі вы адракліся ад бацькоўскіх духоўных здабыткаў, ад матчынай мовы, то вы без сораму здрадзіце партнёрам, сябрам. Вось пра гэта - песню, Данчыка, традыцыі і родны край - жадалі расказваць прыхільнікі Данчыкавага спеву.

Восенню 1990 году ўзнік фан-клуб Данчыка. Душою суполкі стала Галіна Прыма, загадчык беларускамоўнага дзіцячага садка-ясляў. Яна падтрымлівала трывалыя сувязі з сям'ёй Андрусішыных і з самім Багданам. Арганізацыйнымі справамі займаўся Зміцер Марчук, актыўнічалі Арына Кішчанка, Тацяна Лапцёнак (Лаўрык), Аляксей Фралоў. Месціўся фан-клуб Данчыка пры рэдакцыі часопіса "Роднае слова". Сябры клуба бралі чынны ўдзел на спеўных вечарынах, выступалі перад школьнікамі і студэнтамі, збіралі інфармацыю і матэрыялы пра свайго куміра. А яго гісторыя адметная. I вельмі звычайная. Як ва ўсіх тых, што маюць чуллівую душу, светлыя намеры, каго Бог надзяліў вялікім дарам - несці радасць.

... Данчык - так ласкава называлі Багдана (Баг-данчыка) у маленстве - удзячны маці, спадарыні Юлі Вадзімаўне, за выхаванне. А найбольш - бабулі Яніне Аляксандраўне. Яна змагла перадаць хараство роднага краю і яго несмяротны дух свайму ўнуку. Ёй было 35 гадоў, калі яна з дачкою, дванаццацігадовай Юляй, пакінула Менск і прытулілася на далёкай старонцы. Настальгічныя перажыванні Яніны Аляксандраўны арганічна перакінуліся на душу Данчыка, на яго светаўспрыманне. Ён вырас Асобаю. Нью-Ёрк - Беларусь - Украіна, а потым Германія і Чэхія гарманічна ўладкаваліся ў яго інтарэсах, імкненнях, дзеяннях. Але галоўнай дзеяй Багдана Андрусішына - любімага бела-русамі Данчыка - засталася песня. За гэты цуд, якім ён дасканала валодае і выконвае на сямі мовах, якім яднае грамаду і прасвятляе яе, яго імя ўнесена ў Беларускую Энцыклапедыю і ў энцыклапедычныя даведнікі. Данчык ўвайшоў у гісторыю беларускай культуры, стаў знакавай асобаю для маладога пакалення і наступнікаў.

Міхась Шавыркін.


Успаміны Эдварда Вайніловіча

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Лядніцкі вёў "адчынены дом", у якім засяроджвалася жыццё землякоў у Маскве, а Жван быў госцем тут амаль кожны дзень. У гэты час пачалася ліквідацыя польскіх аддзелаў, якія вылучыліся з расійскага войска на поўдні Расіі, і адступ гэтых рэшткаў войска праз Маскву і Мурманск да войскаў кааліцыі. Лядніцкі, нягледзячы на тое што многім з іх прыватным чынам спрасціў гэтыя ўцёкі, як прадстаўнік Рэгенцкай рады, якая з'яўлялася па сутнасці нямецкай эманацыяй, хацеў выканаць фармальнасці адносна свайго начальства і, дапушчаючы, што трэба аб тым, што адбываецца, інфармаваць нямецкія ўлады, напісаў чарнавік рапарта Лерхенфельду ў Варшаву. А той звярнуўся ў Рэгенцтва з пытаннем, ці рэкамендуецца такі рапарт і ці можна абыйсціся без яго. Рэгенцтва не палічыла, што гэта неабходна, і рапарт высланы не быў. Але падчас усяго гэтага маскоўскія ўлады, якія пачыналі сумнявацца ў лаяльнасці Лядніцкага, у яго адсутнасць запатрабавалі правесці дбайны пяратрус.

На пісьмовым стале быў знойдзены чарнавік, і нядобразычліўцы надрукавалі яго не як чарнавік, а як напісаны ліст і выслалі Лерхенфельду. На гэтай глебе паўсталі розныя закулісныя інсінуацыі, якія атруцілі жыццё Лядніцкаму, які, як мне распавядалі, толькі і чакаў магчымасці вынесці сваю справу на суд людзей, якія карыстаюцца павагай у грамадстве. Магчымасць такую даў пан Жван, сталы і папулярны чалец Паляўнічага клуба, які нібы ў клубе публічна вінаваціў Лядніцкага ў тым, што той перадаў немцам спісы людзей, якія сыходзяць ад іх на Мурманск, а таксама тых, хто ім у гэтым дапамагаў. Аб гэтым данеслі Лядніцкаму, які схапіўся за даўно чаканую магчымасць разблытаць усю справу і запатрабаваў ад пана Жвана або адклікаць інсінуацыі, або даць сатысфакцыю гонару, для чаго папрасіў мяне і графа Грахольскага быць у якасці секундантаў. Прызнаюся, што я ніколі не прымаў удзелу ў такіх справах, але ведаў, што ў гэтым выпадку адмаўляць не варта і, даверыўшыся досведу графа Грахольскага, узяў на сябе гэты абавязак.

9 ліпеня 1919 г. Мы са Скірмунтам адправіліся па запрашэнні ў Міністэрства на Мядовую. Скржынскі быў вельмі заняты надыходзячым момантам галасавання па аграрным пытанні, таму марудзіў з нашым прыёмам, а паколькі ў мяне быў прызначаны час сустрэчы з секундантамі Жвана, а ў такіх выпадках нельга спазняцца ні на хвіліну, то я вырашыў пакінуць Скірмунта для нарады з Скржынскім, а потым у Бельведэры з Пілсудскім, а сам паспяшаўся вярнуцца да сабе.

Сойм прагаласаваў за нацыяналізацыю лясоў. Знікне яшчэ адна крыніца дзяржаўнага багацця. У мяне шматлюдны збор для абмеркавання мэтазгоднасці верагоднага ўваходжання дэлегатаў з Літвы і Беларусі ў Сойм, няўжо гэтае ўваходжанне не прадвызначала б "уніі" або "анэксіі" Крэсаў польскай дзяржавай? Скірмунт зрабіў справаздачу перада мной аб сваім візіце ў Бельведэр. Уражанне хутчэй станоўчае. Пілсудскі прызнаваў выключнасць аграрнага пытання ў нас, якое перадвырашае нацыянальнае пытанне і сілу Польшчы на Крэсах.

10 ліпеня 1919 г. Галасаванне ў Сойме па аграрным пытанні. Усім дырыжаваў Скржынскі, "максімум" прайшоў з перавагай у адзін голас, магло б быць інакш, таму што прыхільнікі супрацьлеглага выніку, такія, як дэпутат Абрамовіч і хтосьці другі, не памятаю, хто, наўмысна не пайшлі на паседжанне Сойма. У Сойме, пасля падліку галасоў, хтосьці крыкнуў: "Скржынскі перамог"; я ведаў аб такім выніку за некалькі дзён наперад, але, захоўваючы гэта ў сакрэце, маўчаў. Дай Божа, каб гэтая камбінацыя пайшла на карысць.

13 ліпеня 1919 г. Звычайнае штотыднёвае паседжанне нашага Саюза; выступаў прыбылы з Менска адвакат Анцута аб жаласным становішчы ў Менску, а адвакат Абяйзерскі прачытаў ліст, які ўзрушыў усіх, аб закатаваных польскіх дзецях на Магілёўшчыне.

14 ліпеня 1919 г. Вялікія ўрачыстасці ў гонар Францыі. Французскі амбасадар Пралон ускладае вянок ля падножжа помніка Міцкевічу; вялікі раўт увечар на Фоксале ў графа Адама Замойскага; я не мог там прысутнічаць у мяне не было фрака.

15 ліпеня 1919 г. Пілсудскі збіраецца ў Вільню, дзе прадстаўнікі Крэсаў павінны даць яму мемарыял аб сваіх патрэбах. Мне даручана распрацаваць мемарыял, што я і зрабіў, дэлегаты яго ўхвалілі, паехалі ў Вільню і перадалі кіраўніку дзяржавы.

21 ліпеня 1919 г. Дрэнныя навіны зпад Менска: ад Вілейкі, Радашковічаў, Маладзечна моцны наступ бальшавікоў; вырашаецца лёс Менска. Я быў уцягнуты ў акцыю Чырвонага Крыжа ў бюро на Мазавецкай.

27 ліпеня 1919 г. Я быў на вялікім раўце, які даваўся ў купецкім рэсурсе маршалкам Сойма Трампчынскім; запрашэнне атрымала 1500 чалавек, а было дзесьці каля тысячы. Нажаль, у нашай кватэры ў пана Пульяноўскага рэквізавалі для афіцэраў два пакоі, з якіх нас выкінулі, адгэтуль вялікія нязручнасці і турботы для нашых найгодных гаспадароў.

28 ліпеня 1919 г. Вялікі падвячорак, а хутчэй вячэра ў гасцініцы "Еўрапейская", уладкованы "Беларускім камітэтам" з Леанідам Дубяйкоўскім на чале. Ідэя гэтага збору, які павінны быў пазнаёміць асоб, што могуць паўплываць на варшаўскую грамадскасць, з беларускім рухам, паўстала на паседжанні 30 траўня, аб чым гаварылася вышэй. Прыходзіў перад гэтым да мяне Дубяйкоўскі, прасіў мяне ўзяць на сябе абавязак арганізаваць гэты збор, на што я не мог даць згоды, паколькі лічыў правільным, што першы рух у бок сумеснай польскабеларускай працы павінны зыходзіць ад беларусаў. Я даваў толькі свае ўказанні адносна падрабязнасцяў арганізацыі і запрашэння на вячэру, таксама я ўзяў на сябе абавязак запрасіць тых, каго магу лічыць жаданым.

Неабходна сказаць, што і кіраўнічыя колы дабразычліва пазіралі на гэтыя крокі да агульнага збліжэння; доказам чаго з'явілася прысутнасць міністра Іваноўскага, прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў, старшыні кіравання горада Балінскага і шматлікіх іншых афіцыйных асоб. Была нават версія, што ўвесь гэты досыць дарагі баль быў аплачаны з казны дзяржавы. Сабралася больш за 50 чалавек. Першую прамову на польскай мове сказаў старшыня Дубяйкоўскі: проста, шчыра і сардэчна выказаў жаданне аб'яднаць "адну і непадзельную Беларусь з Польшчай", як вольную з вольнай і роўную з роўнай. Затым я павінен быў сказаць прамову, падкрэсліваючы сваю веру ў шчырасць беларускіх намераў, наколькі яны стаяць на глебе адраджэння сваёй нацыянальнасці, паколькі такую магчымасць яны маюць толькі ў польскай дзяржаве, якая ніколі не імкнулася да зводу сваіх народаў, а давала, нават, ім перавагу там, дзе дадзеная народнасць мела лікавую перавагу.

Самым лепшым доказам гэтага было тое, што нават польскі шляхціц павінен быў вучыцца гаварыць пабеларуску, калі жадаў судзіцца, што, нажаль, любіў рабіць, паколькі Літоўскі Статут на гэтай мове быў напісаны і нават да падзелу краіны на гэтай мове на Крэсах выносіліся судовыя рашэнні. З іншага боку, расійскі ўрад да таго русіфікаваў краіну, што, калі б яшчэ пару пакаленняў прайшло праз народныя школы, то беларуская мова знікла б цалкам, і Масква за паўтараста гадоў панавання зацерла б сляды ўсіх завадовых адрозненняў. Мой выступ быў прыняты беларусамі вельмі дабразычліва, мне горача пляскалі і дзякавалі.

Ад імя горада прамову сказаў Балінскі, затым прадстаўнік ад Беларусі, не памятаю, Аляксюк або Луцкевіч; і калі ў папярэдніх выступах старанна пазбягаліся любыя намёкі на цяперашні ўрад, гэтая прамова была адным пахвальным гімнам Пілсудскаму. Потым аказалася, што кіраўнік дзяржавы ў гэты ж дзень прымаў беларускую дэлегацыю і абяцаў даць ёй дазвол на стварэнне беларускага войска. Разыйшліся мы ў найлепшым настроі і з верай у магчымасць польска-беларускай згоды і працы.

(Працяг у наст. нум.)


Прынятыя звароты

"Аб абвяшчэнні 2008 года, года 90-га юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, Годам беларускай дзяржаўнасці"

8 студзеня, адбылося пашыранае пасяджэнне сустаршыняў Агульнанацыянальнага аргкамітэту па святкаванні 90-х угодкаў БНР з кіраўнікамі палітычных партый, рухаў і грамадскіх аб'яднанняў. Былі прынятыя звароты да беларускага народу і органаў улады Рэспублікі Беларусь "Аб абвяшчэнні 2008 года, года 90-га юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, Годам беларускай дзяржаўнасці".

У зваротах адзначаецца, што "падрыхтоўка да юбілею і яго святкаванне павінны стаць падмуркам яднання розных рухаў, партый, згуртаванняў, арганізацый, усіх грамадзян незалежна ад палітычнай арыентацыі на грунце прызнання прыярытэтамі дзяржаўнага будаўніцтва нацыятворных пытанняў мовы, гістарычна сцверджанай сімволікі, свабоды і дэмакратыі".

Аргкамітэт звярнуўся "да органаў улады краіны з прапановай абвясціць 2008 год Годам беларускай дзяржаўнасці".

У накіраваных зваротах да Нацыянальнага Сходу і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь выкладзеныя наступныя прапановы:

1. Надаць 2008 году афіцыйны статус Года беларускай дзяржаўнасці.

2. Абвясціць 25 сакавіка дзяржаўным святам.

3. Даць афіцыйны дазвол на ўсталяванне памятных знакаў на будынку тэатра імя Янкі Купалы ў Менску, дзе праходзіў Першы Усебеларускі кангрэс (1917 г.), і будынку, дзе была абвешчана незалежнасць БНР (Мінск, вул. Валадарскага, 9).

4. Вярнуць у заканадаўчае поле і легальны грамадскі ўжытак нацыянальную гістарычную сімволіку і атрыбутыку, якія ў БНР мелі дзяржаўны статус.

5. Міністэрствам культуры і адукацыі Рэспублікі Беларусь рэкамендаваць іх падведамасным установам правесці цягам году тэматычныя заняткі, лекторыі, конкурсы, прысвечаныя Году беларускай дзяржаўнасці.

6. Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь аказаць дапамогу выдавецтвам у выданні навукова-публіцыстычных і мастацкіх твораў, прысвечаных гісторыі БНР і яе дзеячам.

7. Гарадскім і раённым адміністрацыям садзейнічаць у правядзенні ўрачыстых сходаў і юбілейных канцэртаў 25 сакавіка 2008 г.

У звароце да беларускага народу Агульнанацыянальны аргкамітэт заклікае "ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь прыняць непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы і святкаванні 90-х угодкаў БНР. Кожная беларуская сям'я - гэта цаглінка ў гмах беларускай дзяржаўнасці, гэта паўнапраўны чыннік і творца яе сучаснай гісторыі".

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".


Беларускія гурты ў Магілёве

У Магілёве 7 студзеня адбыўся святочны канцэрт, у якім узялі ўдзел гурты "Хуткі смоўж" і "Палац". Музыкі выступалі на пляцоўцы насупраць Палацу культуры "Хімвалакно". Калядны канцэрт - гэта падарунак гараджанам ад МТС.

Наш кар.


"Прадславу" можна слухаць

Аматары творчасці Вольгі Іпатавай могуць пазнаёміцца з гукавой версіяй аповесці "Прадслава". Аўдыёкніга запісаная на мультымедыйным дыску. Гэта дзявятая лікам аўдыёкніга, выдадзеная творчым калектывам "Белтонмедыя".

Аповесць Вольгі Іпатавай "Прадслава" расказвае пра лёс асветніцы Еўфрасінні Полацкай. Сама аўтарка нават не ведала пра выхад аўдыёверсіі свайго твору. Але яна не збіраецца звяртацца ў судовыя інстанцыі па абарону аўтарскіх правоў:

У нас былі перамовы з Мазынскім, праўда, пра іншы твор - "Давыда Гарадзенскага", але ў прынцыпе, як бы там ні было, я расцэнваю гэта як такі сюрпрыз прыемны і трошкі нечаканы. Ведаеце, у нас аўтарскія правы - гэта пакуль што terra incognita для шмат каго. Тут хоць нейкія перамовы ішлі. Таму я ацэньваю гэта станоўча. Лічу, што хай, вядома, будуць беларускія аўдыёкасеты, гэта добра. Тым больш, што "Прадслава" пакуль што не выкрасленая са школьнай праграмы, у адрозненьне ад іншых твораў, то хай гэта разыходзіцца.

У творчы калектыў "Белтонмедыя", які выпусціў аўдыёкнігу, уваходзяць прадстаўнікі розных сфераў - актывісты Партыі БНФ, прадстаўнікі суполкі "Беларускі Гольфстрым", грамадскае аб'яднанне вэтэранаў "Адраджэньне". Рэжысёр праекту - Валеры Мазынскі. Адміністрацыйнай справай займаюцца Франак Вячорка і Алесь Каліта. У перспектыве творчы калектыў мае намер выдаваць беларускія паштоўкі і ствараць дакументальныя фільмы.

Аўдыёкніга "Прадслава" Вольгі Іпатавай дзявятая ў актыве "Белтонмедыя". Раней на дысках выйшлі беларускія народныя казкі, аповесці Оруэла і Ўладзіміра Арлова.

Аўдыёкніга - гэта сучасны від літаратуры, які дазваляе сучаснаму чалавеку, мабільнаму чалавеку слухаць літаратуру без творчых стратаў у цягніку, у транспарце, у басейне... Мы спрабуем рабіць беларускую літаратуру або замежную, але пабеларуску, сучаснай, мадэрновай і даступнай шырокаму слухачу", - сказаў у інтэрвію "Свабодзе" Франак Вячорка.

Любоў Лунёва.


Вялікая кніга вялікага беларуса

"Імёны свабоды" - чарговая (трынаццатая па ліку) кніга бібліятэкі радыё "Свабода" (XXI стагоддзе), што нядаўна пабачыпа свет, мае адзіны код - Беларуская Свабода, яе рыцары і гарачыя прыхільнікі. Па інтэлектуальнамаральнай. скіраванасці, па сваім патэнцыяле па ўплыве на чытача яна ў пэўнай ступені, пры параўнанні з іншым, хай сабе адносна, але роднаснымі тэкстамі, цягне на тое, каб стаяць побач з такімі выбітнымі творамі, як "Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі" Вацлава Ластоўскага ці "Гісторыя беларускае літаратуры" Максіма Гарэцкага. Праўда, у "Імёнах свабоды" гаворыцца пераважна не аб лёсе беларускіх кніг, а пра лёсы выдатных беларускіх людзей.

Напісаная з добрым веданнем матэрыялу, смела, мужна, часам наступальна і адначасова культурнадалікатна, яна мяне, небезпадстаўнага скептыка ў нашым нацыянальным жыцці засперагае ад таго, каб канчаткова не зайсці ў недавяркавы тупік. Ні адна, за рэдкім выключэннем, прадстаўленая ў гэтым энцыклапедычнаанталагічным выданні, персаналія не пакіне абыякавым ні адно чыстае беларускае чытацкае сэрца.

Падзеі беларускай гісторыі і культуры ў гераічных асобах з канца ХУІІІ стагоддзя і па сённяшні дзень (Тадэвуш Рэйтан, Тадэвуш Касцюшка, Якуб Ясінскі, Кастусь Каліноўскі, Альгерд Абуховіч, Францішак Багушэвіч, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Сяргей Палуян, Мікола Равенскі, Васіль Русак, Тамаш Грыб, Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Васіль Гроднікаў, Міхась Ткачоў, Вераніка Чаркасава, Ігар Гермянчук і іншыя - усяго 261 гістарычны партрэт) сведчаць пра змагарны, нязломны дух, няхай часта і праз трагічны лёс, верных сыноў і дачок Беларусі. Пра кожнага героя выдання сцісла, але інфармацыйнааб'ёмна падаюцца цікавыя звесткі ад даты і месца нараджэння і да яго смерці і месца пахавання. Ёсць тут і багаты іканаграфічны, у большасці выпадкаў - арыгінальны, і іншы ілюстрацыйны матэрыял.

Такім чынам, паводле "Імёнаў свабоды" маем 261 гераічную біяграму. Многа гэта ці мала? Нямала! Але калі ўлічваць, што свабода не церпіць абмежаванняў, то, можна быць упэўненым, што і кніга пра свабоду і яе дзяцей не мае берагоў. Няма сумневу, што "Імёны свабоды", якія адразу закарысталіся неверагодным попытам, і якія імгненна разышліся сярод нацыянальна свядомага паспалітага люду і рознага кшталту спецыялістаў, ужо сёння чакаюць свайго перавыдання; вядома, з дапрацоўкамі, удакладненнямі і дапаўненнямі. Ну хаця б да 365 ці біяграм - па колькасці дзён у годзе, каб чытаць і перачытваць кожны дзень "па герою".

Сярод тых, хто звяртаецца да аўтара і яго памочнікаў (а іх - аж 59) "Імёнаў свабоды" Уладзіміра Арлова са сваімі прапановамі па ўдасканаленні пры перавыданні кнігі, буду і я - адкрыты прыхільнік свабоды, асабліва свабоды беларускай, і неабыякавы да таго, што піша ўлюбёны ў беларушчыну, шырока вядомы, знаны маэстрапісьменнік. Трымаючыся закладзенага ў "Імёнах свабоды" храналагічнага прынцыпу падачы матэрыялу пра герояў кнігі, відавочна, што адпаведна неабход на распавесці і пра наступных асобаў.

Ян Дамель - жывапісец, рысавальшчык. Скончыў Віленскі універсітэт, выкладаў у ім на кафедры рысунка і жывапісу. Два гады быў у ссылцы. Вядома, не за вернападданніцкія матывы сваіх паводзін у адрас расейскага акупацыйнага рэжыму. Пасля ссылкі жыў у Менску. Сярод яго карцін - "Смерць магістра крыжаносцаў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам", "Вызваленне Т. Касцюшкі з цямніцы", "Ад ступленяе французаў праз Вільню ў 1812 г." і інш. Напісаў партрэты многіх дзеячаў Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Пісаў пейзажы Менска і яго ваколіцаў. Пахаваны быў (1840 г.) у прыалтарнай частцы касцёла на Кальварыі. Пра яго жыццёвы шлях і творчасць пісаў мастак і мастацтвазнаўца Л. Дробаў і Ул. Караткевіч.

Ігнацій Цэзік - графік, скульптар, сябар і супрацоўнік Я. Дамеля па Вілелскім універсітэце. Праславіўся як фальшываманетчык, які разам са сваім братам вайскоўцам Феліксам наладзіў пад Слуцкам выпуск фальшывых грошай з мэтай падарваць крэдыты царскіх уладаў на акупаванай Беларусі. Большасць жыцця правёў на катарзе (Табольск., Іркуцк, Улан~Удэ і ў іншых месцах). Паняволены, прыкуты да тачкі, ён працягваў вырабляць фальшывыя грошы і высокія творы мастацтва, якія па сваіх якасцях нагадвалі работы сусветна вядомага італьянца Бенвенута Чэліні. Скульптуры І. Цэзіка часта пасылалі на паказ і спадзіў у Маскву і СанктПецярбург. Выконваліся яго работы ў гліне; хутка яны карабаціліся, і таму іх амаль не захавалася. Але ў Іркуцкім гістарычным музеі яны ёсць дакладна. У судовай справе I. Цэзіка, што знаходзіцца ў гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь ёсць яго партрэт, выкананы Я. Дамелем. Партрэт у алоўку. Памёр І. Цэзік у Сібіры, праўда, ужо выпушчаны на волю. Сьн яго Міхаіл Цэзік спрабаваў аднавіць для сябе дваранскі тытул па бацьку, але безвынікова. Дарэчы шляхецтва Цэзікі "займелі" праз прадзеда Ігнація селяніна з Нясвіжчыны, які з бліскучай адвагай біўся з туркамі пры Хоціне, пра што было дакладзена каралю Яну Сабескаму. Кароль, як бачым, гэта улічыў.

Адам Гурыновіч - беларускі паэтдэмакрат, рэвалюцыянер, фалькларыст. Паходзіў з татарскага роду. Бацька Адама ў 1863 г. арыш тоўваўея за сувязь з паўстанцамі. Сын, як кажуць, уступіў у бацькаў след. Прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці "Гуртка моладзі польскалітоўскабеларускай і маларускай". У 1894 г. арыштаваны ў бацькоўскім доме ў Вільні і адпраўлены ў Петрапаўлаўскую цвердзь у Пецярбург. Пасля быў выпушчаны зза хваробы і высланы пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак на Мядзельшчыне, дзе неўзабаве памёр ад чорнай воспы.

Аўтар "Тараса на Парнасе". Трэба сказаць колькі слоў пра бліскучую шырокую заяўку на адкрытую беларушчыну і трыумфальнае шэсце паэмы па ўсёй Беларусі.

Стары Улас (Уладзіслаў Пятровіч СівыСівіцкі)- паэт, карэспандэнт "Нашай Нівы". Яго вершаваныя тэксты (легенды, паданні, гутаркі) вельмі добра ўспрымаліся простым беларускім людам і абуджалі і замацоўвалі ў гэтым людзе беларускаць.

Марцін Кухта - друкар, выдавец кніг на беларўскай мове. У яго друкарні выйшаў Ішы нумар газеты "Наша Ніва". Друкаваў творы Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, Цёткі і інш., беларускія каляндары, зборнікі. спеўнікі. Выпускаў забароненыя цэнзурай тэксты.

Тэрэза Гардзялкоўская - графіня. Яна, як і Магдадена Радзівіл на Меншчыне, адкрывала беларускія школы на Талачыншчыне, Пасля яе зваротупросьбы ў "Нашу Ніву" прыслаць у адну з яе школ настаўніка беларускай мовы там апынуўся Якуб Колас. Пра Т. Гардзялкоўскую ў гэтым годзе быў змешчаны вялікі і цікавы матэрыял М. Маліноўскага ў газеце "Культура".

Уладзімір Самойла - публіцыст, літаратурны крытык, філосаф. Пры яго садзеяняі ў газеце "СевероЗападный край" (1905 г.) надрукаваны верш Я. Купалы "Мужык". У. Самойла першы абектыўна ацаніў купалаўскую "Жалейку". Выступаў за асвету народных мас, неабходнасць бедарускай школы.

Ян Пятроўскі - беларускі рэлігійны дзеяч, літаратар, выдавец, лексікограф, перакладчык. Ураджэнец Слуцка. Аўтар "Успамінаў" (3 та мы), складальнік выдання "Лепшыя думкі чалавека" (3 тамы), "Старажытнагрэцкабеларускага слоўніка" (2 тамы); перакладчык на беларускую мову твораў Платона, Арыстоцеля, В. Гумбальта і інш. Усё гэта выдаў на эміграцыі ўласным коштам. Магу паведаміць, што мая стрыечная сястра жыла дзверы ў дзверы ў адным доме ў Слуцку са стрыечнай сястрой Я. Пятроўскага, якая да апошніх сваіх дзён у гэтым свеце баялася штонебудзь гаварыць пра свайго заакіянскага родзіча.

Павал Жаўрыд -беларускі нацыянальны дзеяч, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання (гл. "Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакументах і ўспамінах". Памёр у ГУЛагу.

Язэп Дыла - грамадскі дзеяч, пісьменнік. Варта даць пра яго асобны артыкул, дзе нядрэнна было б нагадаць пра яго п'есу "Блудны сын", галоўны герой якой Сімяён Полацкі, які ў свой час пакінуў Беларусь і пайшоў да двара расейскага цара выхоўваць і адукоўваць дзяцей апошняга. Дарэчы, з дапамогай Я. Дылы (цераз перапіску) краязнаўцу Р. Родчанку ўдалося адшукаць у Слуцку магілу Альгерда Абуховіча.

Мікола Шкялёнак - беларускі дзеяч нацыянальнавызвольнага руху, самабытны гісторык, рздактар, журналіст.

Сцяпан Некрашэвіч - беларускі мовазнавец і грамадскі дзеяч.

Янка Нёманскі (Пятровіч Іван Андрэевіч) - пісьменнік, навуковец, грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Расстраляны маскоўскабальшавіцкімі катамі. .

Паўлюк Трус - паэт. Няма сумневу, што ён стаў ахвярай атручвання, калі паехаў у Гомель з рэалізацыяй праграмы беларусізацыі. Раптоўна здаровы чалавек там смяротна занядужаў. Вярнуўшыся ў Менск, ляжаў тут у больніцы без якоганебудзь нагляду. Ніхто ім не апекаваўся. Чытайма кніжку ўспамінаў пра беларускага салаўя - і ўсё стане зразумела. Успаміны пра П. Труса гадоў пятнаццаць таму выдала выдавецтва "Мастацкая літаратура".

Міхась Дарчанка- крытык, гісторык літаратуры, літаратуразнаўца. У свой. час абэцэдаршчыкі ставілі яму ў віну спробу рэабілітацыі газеты "Наша Ніва" і інш.

Юрка Лявонны (Леанід Мікалаевіч Юркевіч) - паэт, перакладчык. Рэпрэсаваны, забіты маскоўскабальшавіцкімі катамі.

Сцяпан Ліхадзіеўскі - паэт, перакладчык. Рэпрэсаваны. Пасля высылкі ў Казахстан у Беларусь не вярнуўся, што, відаць, і дапамагло яму ацалець.

Уладзімір Сядура - празаік, навуковец, грамадскі дзеяч. Быў падвергнуты рэпрэсіям за беларушчыну. Уратаваўся ад расстрэлу маскоўска бальшавіцкімі катамі. Жыў на эміграцыі.

Масей Сяднёў - паэт, празаік, мемуарыст. Быў падвергнуты рэпрэсіям за беларушчыну. Ацалеў. Жыў на эміграцыі.

Мітрапаліт Мікалай (Мікалай Мацукевіч) - дзеяч беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы ў Канадзе. Эмігрант. Гадоў пятнаццаць таму, калі ён быў з візітам на Радзіме - у Беларусі, я меў гонар цалаваць яму крыж і руку і сказаць пра гэта ў чатырох радках:

Мітрапаліту Мікалаю

Я крыж і руку цалаваў,

Бо ён для роднага, для краю

Ў чужыне мову захаваў.

(Яўген Гучок. Сэрцам і думкай. Мн., "Мастацкая літаратура", 1994, с. 34.)

Рыгор Родчанка - краязнаўца, фалькларыст, даследчык жыцця і творчасці Альгерда Абуховіча, паэт; беларуская легенда Слуцка. Склаў, вядома, сабраўшы, зборнік фальклору Случчыны "З вечнага". Рукапіс у свой час быў уганараваны граматай Міністэрства культуры БССР; але выдаць зборнік дзяржава не парупілася, і таму складальнік ажыццявіў гэта за ўласны кошт, прычым - два выданні. Дарэчы, за маёй маці Кацярынай Ільінічнай Гучок Рыгор Віктаравіч запісаў звыш за 100 пасень. Па маці (па кудзелі) Р. Родчанка - беларус, па бацьку (па мячы) - украінец, што дапамагала яму не раз адбівацца на розных узроўнях ад абвінавачванняў у беларускім нацыяналізме. Яго бацька з таго роду, з якога выйшаў і знакаміты А.М. Родчанка (1891 - 1956) - дызайнер, графік, майстра фотамастацтва, мастак тэатра і кіно, сябра У. Маякоўскага.

Валянціна Пашкевіч - беларускі педагог і лексікограф. Падрыхтавала вялікі (каля 50 тысяч слоў) "Ангельскабеларускі слоўнік", падрыхтавала і выдала ў двух тамах падручнік "Беларуская мова" і інш. Жыла на эміграцыі.

Уладзімір Хмызнікаў - мастак, паэт. Спазнаў цкаванні і пераследаванне за дысідэнцтва з боку ўладаў і Заіра Азгура - куміра аднаго з так званых народных паэтаў Беларусі.

Аляксандр Міклашэвіч- навуковец (кандыдат тэхнічных навук, дацэнт), выкладчык Палітэхнічнага інстытута. У пачатку перабудовы склаў і на ўласныя сродкі выдаў "Беларускарасейскаангельскі палітэхнічны слоўнік". Распачынаў чытаць лекцыі на беларускай мове. Не прапускаў ніводнай беларускай масавай культурнай і грамадскай акцыі. Смерць яго вельмі загадкавая. Хавалі мы яго пад бел чырвона белым сцягам на Паўночных могілках. Дарэчы, ён - мой сваяк. А вось і верш на яго смерць.

На смерць

Аляксандра Міклашэвіча

Няпраўда,

што сёння няма вайны

На любай маёй Беларусі;

Ты толькі прыгледзься,

якія сыны

Тут паміраюць у скрусе;


У скрусе за мову,

за наш лад жыцця,

Што нішчыць

дзвюхногая трасца...

Каштоўнасць ратуючы

ад небыцця,

Як цяжка ў жывых застацца.

Ды толькі нам трэба,

трэба стаяць

Праз сэрца хваробы і нырак...

Лепей памерці, чымся прыняць

Здраду і гнюсны вырак.


Я сёння ля гэтай

магілы святой

Пры развітанні

з духоўным братам

Смела сцвярджаю,

з кагорты ён той,

Што набліжае свята.


А Бог усё бачыць, і будзе суд,

I трасца сваё атрымае...

За боль некрыклівых

нашых пакут,

І за таго, каго сёння хаваем.

(Яўген Гучок. На патрэбу душы. Мн., "Тэхналогія", 2004, с. 64.)

Сяргей Сідор - навуковец (доктар навук, прафесар), выкладчык. Актыўны сябар БНФ на геафаку. Аўтар падручніка "Геаграфія Бела русі".. Лічыў сябе вучнем і паслядоўнікам А. Смоліча. Я меў гонар на працягу доўгіх гадоў з ім супрацоўнічаць: быў рэдактарам яго работ у выдавецтве "Народная асвета", Смерць яго - таксама загадкавая. Кіраўніцтва геафака тады ж не дазволіла развітанне на факультэце з нябожчыкам. Яго памяці я прысвяціў верш.

Светлай памяці Сяргея Сідора

* * *

Каб палюдску,

каб ладна жыць,

Каб душою

не быць абдзёртым,

Не бываць трэба дома,

а быць,

Не часцей, а заўжды -

і жывым, і мёртвым.


Трэба памятаць,

што твой дом -

Беларусь ўся:

фізічная і духоўная,

А не толькі мясціна,

дзе пад акном

Цётка Тэкля

таўчэцца з воўнаю.


Трэба помніць,

што родны край

Ад прадвеку мяжуе з Богам... Дык у сэрцы тваім няхай

Патрыёта жыве трывога!


Пачувацца тут

трэба гаспадаром,

А не жыхаром рэзервацыі;

А інакш -

да канца твой дом

Сілы цёмныя

возьмуць пад акупацыю.


Каб палюдску,

каб ладна жыць,

Каб душою

не быць абдзёртым,

Не бываць трэба дома,

а быць,

Не часцей, а заўжды -

і жывым, і мёртвым.

(Яўген Гучок. На патрэбу душы. Мн., "Тэхналогія", 2004, с. 45.)

Якуб Якубоўскі - навуковец, выдавец, рэдактар, грамадскі дзеяч, старэйшы сябар І.Канапацкага. Меў тры вышэйшыя адукацыі. Валодаючы некалькімі мовамі, карыстаўся пераважнавыключна беларускай. Пастаянна ахвяраваў уласныя сродкі на розныя беларускія культурніцкія акцыі і справы. Як беларускі татарын спаў пад белчырвонабелым сцягам з паўмесяцам. На яго помніку на мізары ў Смілавічах паарабску і пабеларуску выбіта: "Алагу належым, да Алага вяртаемся". У сваёй душы ён побач з цвярозым успрыманнем жыцця, меў многа рамантызму, невычэрпнай інтэлектуальнай вынаходлівасці і часам дзіцячай узнёсласці. Я меў шчасце з ім сябраваць.

Міхаіл Біч - навуковец (доктар гістарычных навук, прафесар), аўтар новай (антыабэцэдарскай) канцэпцыі і методыкі выкладання гісторыі Беларусі, аўтар бліскучага падручніка "Гісторыя Беларусі" для 8га класа сярэдняй школы. Гэты падручнік улады ад навукі на ўсіх узроўнях імкнуліся знявечыць, Міхаіл Восіпавіч, як мог, супраціўляўся, што і вырвала яго заўчасна з гэтага жыцця. Ён аўтар многіх цікавых работ па праблемах беларускай гісторыі.

Рыгор Семашкевіч - паэт, навуковец, эсэіст, даследчык беларускай гісторыі і культуры.

Ян Матусевіч - уніяцкі святар, грамадскі дзеяч. У сябе дома быў збіты "невядомымі" налётчыкамі. Я наведваў яго ў больніцы, а потым змясціў матэрыял у "ЛіМе" пра напад, збіццё і здзек над беларускім святаром.

Мікалай Ігнатовіч-Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь. Вызначыўся у свой час, як выключна здольны следчы па Мазырскай і Віцебскай справах. 3 маёй рэкамендацыі, ад партыі БНФ быў абраны ў Вярхоўны савет СССР. Уваходзіў у Міжрэгіянальную групу. Заняўшы пасаду Генеральнага пракурора Беларусі, імкнуўся раскрыць некаторыя "цёмныя" справы, у прыватнасці забойства Арцымені. Смерць М. Ігнатовіча загадкавая. Народная лякарка Фядора, якая аглядала Мікалая Іванавіча, сказала, што нічым яму дапамагчы не можа, бо ён атручаны.

Юрый Авяр'янаў - актор Купалаўскага тэатра, радыёрэжысёр. Зверскі забіты "невядомымі" ва ўласнай кватэры, Юрый часта на плошчы Незалежнасці, калі там збіралася многа людзей, парадзіраваў многіх, так званых, гаспадароў жыцця. Дарэчы, апроч Тэатральнамастацкага інстытута, ён скончыў філасофскі факультэт БДУ, валодаў некалькімі замежнымі мовамі. Гарачы прыхільнік і абаронца беларушчыны.

Валянцін Рабкевіч - паэт, фалькларыст, перакладчык, выдавец. Зведаў ганенні за беларушчыну. У свой час быў звольнены з работы з выдавецтва "БелСЭ".

Павал Дубашынскі - заслужаны артыст Беларусі, артыст Купалаўскага тэатра. Гарачы прыхільнік беларушчыны.

Артур Ляўковіч- навуковец (кандыдат тэхнічных навук, супрацоўнік Беларускай акадэмі навук, грамадскі дэеяч). У сваіх выступленнях на розных сходах і ў друку адстойваў інтарэсы Беларусі.

Генадзь СокалаўКубай - рэжысёр, педагог, выкладчык Універсітэта культуры, грамадскі дзеяч.

Мікола Гайдук - гісторык, паэт, празаік, перакладчык, педагог, сааўтар падручнікаў па беларускай мове для 3 8 класаў. Жыў у Польшчы.

Уладзімір Лісіцын - баларускі паэт, тэатразнаўца, настаўнік. Быў у апошяія гады ў Джанкоі (Украіна).

Гай Пікарда - даследчык беларускай музычнай культуры. Брытанец італьянскага паходжання,

Васіль Гадулька і Васіль Сахарчук - беларускія паэты.

Ганна Уланава - паэт, артыстка. Памерла ва ўзросце 19 год. Жыла беларушчынай. Прачулы і кранальны матэрыял Марыі Эйсмант пра юнае дараванне быў змешчаяы ў жніўні 2005 г. у газеце "Народная воля" у гадавіну смерці Ганны.

Генадзь Банкевіч - шматгадовы кіраўнік Фрунзенскай гарадской рады БНФ г. Менска. Гарачы патрыёт Беларусі. Былы вайсковец - падпалкоўнік.

Цімох Вострыкаў - геройпакутнік за Беларусь. Шматгадовы вязень ГУЛагу.

Язэп Сажыч - эксстаршыня Рады БНР. Жыў на эміграцыі.

Варта было б нагадаць, вядома, ускосна і імёны, дзякуй Богу, тых жывых асоб, якія сваёй дзейнасцю спрыялі і спрыяюць набліжэнню нашай СВАБОДЫ.

Язэп Барэйка (Віктар Сянькевіч) - гісторык, журналіст, грамадскі і палітычны дзеяч, шматгадовы супрацоўнік радыёстанцыі "Свабода".

Лявон Шыман - савецкі паліткатаржанін (за беларускасць, у часе вайны падлеткам выкладаў беларускую мову), аўтар мемуараў "Мая няволя", якія ў свой час былі надрукзваны ў часопісе "Полацак". (Я іх рэдагаваў.) Жыве Л. Шыман у Маладзечне.

.Міхал Кукабака - дысідэнт, правааборонца, вязень савецкіх псіхушак, турмаў і лагераў. Памятаю, як на маю прапанову ўзяць пэўную суму грошай на пражыццё, Міхал Ігнатавіч параіў на гэтыя грошы пашыць белчырвонабелыя сцягі.

Сяргей Ханжанкоў - вязень савецкіх лагераў. Быў зняволены за намер узарваць тэлевышку ў Менску.

Крысціна Шацікава - дысідэнтка сённяшніх дзён, праваабаронца. Падвяргалася прымусоваму ўтрыманню ў псіхбальніцы.

Адносна асобы Івана Саланевіча. Я, як кажуць, не збіраюся наводзіць цень на пляцень, але неабходна адзначыць тут і тое, што ў свой час, трымаючыся грунту заходнерусізму, Іван Лук'янавіч, як і ято бацька Лук?ян Міхайлавіч, ганьбаваў імя Янкі Купалы за яго беларускасць. Дарэчы, Івана Міхайлавіча за ўцёкі з лагера ў Фінляндыю яго сына і ўнука савецкія карнікі расстралялі.

Адносна месца пахавання слуцкага епіскапа Мікалая Шамяцілы. Яно знаходзіцца на былых лютаранскіх могілках. Цяпер там дзіцячая пляцоўка з выразанымі з дрэва свінямі, гусаком, воўкам і да т.п. Гэта побач з будынкам адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Менска.

Са Слуцка хворага айца Мікалая нкусаўцы павезлі нібыта "падлячыць" у сталічным шпіталі. На самой справе яны яго расстранялі ў менскай турме і адразу, ноччу, цела забітага прывезлі на нямецкія могілкі і закапалі ў турэмнай робе. Вернікі, якія за ўсім гэтым сачылі, на другую ноч адкапалі свайго бацюшку, пераапранулі ў адзенне святара і з таемнай малітвай пахавалі яго там жа.

Відаць, у спадара У. Арлова ёсць намер стварыць кнігу і пра тых, хто спавядаў і стараўся на рахунак беларускай несвабоды, хто руйнаваў і руйнуе беларускую вольнасць. Такая кніга вельмі і вельмі патрэбна. Многія з прыхільнікаў таленту Удадзіміра Аляксеевіча гатовы гэта вітаць і, вядома, дапамагаць па меры мажлівасці.

Вяртаючыся да пачатку гэтага свайго тэксту і, зразумела, да старонак выдання "Імёны свабоды", не магу не заўважыць, што У. Арлоў застаецца верным сабе пры служэнні нашай Бацькаўшчыне - Беларусі. I гэта ў яго з першых публікацый, з першых і чарговых кніг. Разгарніце "Добры дзень, мая шыпшына!" (у аднюй назве кнігі колькі подыху маладосці і радасці!), "Дзень, калі ўпала страла", "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі, 862 - 1918" (разам з Г. Сагановічам), "Адкуль наш род", "Краіна Беларусь" (пры мастацкім афармленні З. Герасімовіча) і інш. На кожнай старонцы напрамую, не адстаронена, сур'ёзна і з гумарам, з адкрытай інвектывай і падтэкстам, з лірызмам і эпікай прысутнічае вялікі патрыёт. Вось жа і "Імёны свабоды" па праву можна назваць вялікай кнігай вялікага Беларуса. Вялікую справу з вялікай душой У. Арлоў робіць з самага пачатку, са свайго з'яўлення на літаратурнай прасторы Беларусі, ды і не толькі Беларусі. Карціць мне прывесці тут колькі радкоў вершам пра вернасць героя майго тэксту самому сабе:

Беларус быў Уладзя

Пры савецкай уладзе;

І пры новай уладзе

Ён - усё той жа Ўладзя.

3 пажаданнямі Дабра ўсяму паспалітаму беларускаму люду!

Яўген Гучок


Прыгажосць беларускай прыроды, роднага краю ў нашых сэрцах застанецца назаўсёды, бо ёсць талент які усхваляе гэтую прыгажосць плённай працай

Зусім нядаўна ў мастацкую галярэю, якая знаходзіцца ў вельмі прыгожым горадзе з такой беларускай назвай Бяроза, былі завезены карціны лідскага мастака Рычарда Грушы.

Шмат ходзіць паданняў пра гэтае мястэчка, і калі чужы чалавек даведваецца пра гэтыя паданні, ён нібы становіцца сведкам і акунаецца у тое мінулае, што нас заварожвае сёння.

На ўскраінах города, паабапал дарог красуюцца беластволыя бярозы, якія нібы абараняюць горад і сардэчна вітаюць сваіх сяброў, што завіталі сёння ў г. Бярозу з прымёнанскага краю з горада, які мае ласкавае жаночае імя Ліда.

10 студзеня 2008 г у выставачнай зале мастацкай галярэі вельмі цёпла і ўтульна. Шмат прыйшло гледачоў, аматараў прыгожага, каб дакрануцца душою і сэрцам да вялікага, таямнічага мастацтва жывапісу вядомага не толькі на Лідчыне, але амаль ва ўсёй нашай краіне і, нават, далёка за мяжой, мастака, скульптара, паэта Рычарда Грушы, які сёння больш, як за трыццаць работ, прадставіў на суд мясцовага глядача.

Гэта чалавек пасапраўднаму таленавіты і з вялікім гонарам любіць нашу Беларусь, свой родны край у якім нарадзіўся, гэтымі словамі дырэктар галярэі Любоў Мікалаеўна Ківатыцкая адкрыла выставу.

Далей больш грунтоўна аб творчасці аўтара расказала супрацоўніца лідскага мастацкагістарычнага музея Тяццяна Міхайлаўна Нікіфарава, якая разам з сябрамі, народным ансамблем яўрэйскай музыкі "Шалом" , народным тэатрам эстраднай песні Лідамюзікл прыехала падтрымаць свайго земляка.

Гэта стала ўжо добрай традыцыяй разам прадстаўляць усе грані таленту Рычарда Грушы, сказаў мастацкі кіраўнік ансамбля "Шалом" Міхаіл Дзвілянскі пасля выкання песні на словы Рычарда Грушы.

Любімым жанрам мастака з'яўляецца пейзаж, але аўтар на гэты раз адышоў ад сваіх традыцый і паказаў некалькі нацюрмортаў.

Яго творы абуджаюць нашу памяць, бо амаль у кожнай карціне можна ўбачыць і распазнаць свой родны куточак.

Мне здаецца, што Рычард Груша не толькі багаты талентам, але і вялікай душой і добрым сэрцам, бо гэта, відаць, ўсё ад Бога.

Рычард нарадзіўся 27 ліпеня 1963 г. у в. Сцеркава Лідскага раёна ў сялянскай сям'і. Скончыў Бердаўскую СШ. Перад арміяй па накіраванні ад калгаса паехаў вучыцца на мастакаафармляльніка.

Вялікі ўплыў на маладога мастака зрабіла служба ва Ўзброеных Сілах. Горад над Нявой з яго прыгожай архітэктурай, мастацкімі музеямі, выставачнымі заламі моцна уразіў юнака. Рычарду добра пашанцавала бо давялося пад час службы працаваць на мастацкім камбінаце, дзе тварылі у той час знакамітыя скульптары Ленінграда. Служба ў Ваеннай Медыцынскай Акадэміі была добрай школай для маладога хлопца.

Але любоў да Радзімы была мацней. Вярнуўшыся з арміі, ён застаўся працаваць мастаком у родным калгасе і ўжо ў тыя гады пачынае займацца разьбой па дрэву, лепкай, піша карціны і, нават, іграе на басгітары ў вакальнаінструментальным ансанблі, які разам з сябрамі і стварыў.

Але галоўны і самы плённы перыяд яго творчасці пачынаецца ў 2000 годзе.

За параўнальна невялікі часавы прамежак Рычард напісаў больш за 500 карцін, якія сёння знаходзяцца не толькі ў дзяржаўных але і ў прыватных. калекцыях Беларусі, Польшчы, Эстоніі, Літвы, Латвіі, Украіны, Расіі, Германіі, Францыі, Кітая, Ізраіля .

Пакінуў Рычард Груша вялікі след і на Беларускай зямлі ў наўпроставым значэнні гэтага слова, бо ён шмат працуе па ўшанаванні культурна гістарычнай спадчыны Беларусі. У манументальным мастацтве ім выканана больш за 50 праектаў, гэта памятныя знакі, дошкі ў гонар ахвяр ВАВ, воінаўінтэрнацыяналістаў, вялікіх гістарычных асоб такіх, як: А. Міцкевіч, I. Дамейка, К. Агінскі, Ф. Скарына, У. Сыракомля, Т. Касцюшка, I. Гашкевіч і іншых

У актавай зале галярэі творчыя калектывы выканалі музычныя творы, пелі песні на словы Рычарда. Амаль увесь песенны рэпертуар быў складзены з яго твораў. Цудоўныя словы пра любоў да Беларусі, да родной зямлі кранулі сэрцы ўсіх прысутных жыхароў Бярозы і гасцей.

Толькі так можа любіць сваю Радзіму чалавек, які з'яўляецца яе сапраўдным сынам, гэтыя цёплыя словы і віншаванні аўтару выставы выказаў намеснік старшыні Бярозаўскага райваканкаму Тарасюк Яўген Якаўлевіч і пажадаў новых поспехаў і плёну на творчай ніве.

Добрае ўражанне ад карцін было ўзмоцнена тым, што ўсе прысутныя атрымалі сапраўдную асалоду ад самой атмасферы прыгажосці, цеплыні і таленту, якія на некаторы час пакінулі Лідчыну і перасяліліся ў Бярозу.

Н. Малец.


Астранамічная абсерваторыя ў Гародні

У прэзентаваным мне зборніку "Вольныя муляры ў беларускай гісторыі (канец XVIII - пачатак XX ст") на C. 133 у дадатку № 16 заўва-жыў: "Прамоўца ложы Францішак Нарвайш (17421819), былы езуіт, матэматык, фізiк, вучыўся ў Віленскай Акадэміі, выкладаў у Гародні (1763-1765), прафесар Віленскай Акадэміі, праводзіў астранамічныя доследы, у другой палове 70х гг. XVIII ст. супрацоўнічаў з А.Тызенгаўзам, павінен быў стаць дырэктарам гарадзенскай астранамічнай абсерваторыі, прымаў удзел у ачышчэнні рэчышча Нёмана (1769-1772)."

Стала цікава, дык ці была ў Гародні астранамічная абсерваторыя? Калі была, то, верагодна, гэта адзіная абсерваторыя у гісторыіі на сучаснай тэрыторыі Беларусі. А гэта ўжо цікава для гісторыі навукі.

Францішак Нарвайш - заслужаны прафесар вышэйшай матэматыкі ў Віленскім універсітэце, кафедральны канонік Самагітскай дыяцэзіі; нарадзіўся 15 студзеня 1742 года ў Вількамірскім павеце Ковенскай губерні. Ва ўзросце восем гадоў паступіў у езуіцкую вучэльню першай ступені, па заканчэнні курсу 16 снежня 1756 года, перайшоў у езуіцкую ж калегію ў Шэнберзе. Уступіўшы ў ордэн езуітаў, Нарвайш адправіўся ў Вільню, куды ў гэты час прыбылі два знакамітыя матэматыкі выгнаныя з Францыі езуіты Расіноль і Флеры. У ліку нешматлікіх вучняў, дапушчаных да заняткаў вышэйшай матэматыкай пад кіраўніцтвам французскіх навукоўцаў, быў і Нарвайш. У хуткім часе ён настолькі вылучыўся сярод іншых слухачоў сваімі поспехамі і здольнасцямі, што, калі Расіноль і яго таварыш пакідалі Вільню, адпраўляючыся ў Кітай, яны паказалі на яго, як на свайго годнага пераемніка. Нарвайшу была прапанаваная кафедра вышэйшай матэматыкі, і ў той жа час яму былі нададзены навуковыя ступені доктара філасофіі і доктара багаслоўя. Праз некаторы час, з прычыны непаразуменняў з начальствам, Нарвайш быў пазбаўлены кафедры і сасланы ў Гародню, дзе выкладаў "піітыку". У год знішчэння езуіцкага ордэна (1773) ён быў выкладчыкам матэматыкі ў Нясвіжы; затым, пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным яго ўдзеле былі вызначаны геаграфічнай каардынаты многіх мясцовасцяў ВКЛ. Па заканчэнні гэтай працы Нарвайшу было даручана кіраваць працамі па ўрэгуляванні рэчышча Нёмана і знішчэнні прыродных перашкод для плавання караблёў па гэтай рацэ. Работы ішлі на працягу трох гадоў, і Нарвайш, удала вырашыў прапанаваную яму складаную задачу, набыўшы вядомасць. Пасля знішчэння езуіцкага ордэна Нарвайшу была прапанаваная кафедра філасофіі ў Вільні, але ён адмовіўся, бо літоўскі падскарбі граф Тызенгаўз запрасіў яго да сабе для дапамогі ў справах, якія мелі мэтай узняцце народнага гандлю і прамысловасці. Неўзабаве Нарвайш быў камандзіраваны ў Нямеччыну, Галандыю і Англію для агляду розных фабарык і іншых прамысловых устаноў і куплі аптычных прыбораў для астранамічнай абсерваторыі у Гародні. За мяжой Нарвайш прабыў пяць гадоў. У 1783 годзе ён заняў кафедру вышэйшай матэматыкі ў Віленскім універсітэце, застаючыся ў той жа час кафедральным віленскім канонікам і плябанам прыходаў гарадзенскага і сабоцкага. Прафесарскую кафедру Нарвайш займаў да самай смерці 26 чэрвеня 1819 года ў Вільні. Па меркаванні біёграфаў, Нарвайш быў самым таленавітым з былых віленскіх езуітаў. Ён пакінуў шмат цікавых навуковых прац па матэматыцы, якія захоўваліся разам з іншымі яго працамі ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта.

Далейшы пошук прывёў да "Энцыклапедыіі закону (ордэну) езуітаў". Там знаходзім:

"Нарвайш Францішак (NARWOJSZ Franciszek), ксёндз, нар. 15.01.1742 у Хадуцішках Вількамірскага павету. У закон уступіў 10.12. 1756 у Вільні, ксёндз у 1768, памёр 26.06.1819 у Вільні.

Прафесар матэматыкі у Вільні 1767-70, у 1767 браў удзел у працах па ачышчэнні Нёмана. Прафесар матэматыкі ў Наваградку 177273, матэматыкі і фізікі у Вільні ў 177374. Па скасаванні закона езуітаў пры фінансавай падтрымцы касцёла, праводзіў работы па вызначэнні геаграфічных каардынатаў розных месцаў да планаванай мапы Рэчы Паспалітай.Арганізаваў астранамічную абсерваторыю ў Гародні і з гэтай прычыны здзейсніў падарожжа (паездку) ў Еўропу у 1775-80. (Organizowal obserwatorium astronomiczne w Grodnie i w tym celu odbyl podrуz na Zachуd Europy 1775-80). З 1793 па 1808 прафесар вышэйшай матэматыкі ў Галоўнай Школе Віленскай. У 1803 выбраны сябрам Варшаўскага Таварыства Навук, а ад 1806 - Віленскага Таварыства Навук. Ад 1808 г. канонік віленскага капітула. Сябра Рады Галоўнай Семінарыі ў 1810-11. Выдаў "Theses mathemathicae Isaaci Newtoni (Wl. 1784)".

Такім чынам, у канцы 18 ст. мы, верагодна, мелі астранамічную абсерваторыю на сучаснай тэрыторыі Беларусі, у Гародні.

Крыніцы па тэме:

Bibliografja polska XIX stolecia. Wiadomosc o zyciu і pracach uczonych s. p. I. X. Franciszka Narwojsza, professera wysluzonego w uniwersytecie wilenskim etc., przez Tomasza Zyckiego, prof. Emeryta, czytana. (Вильно, 1820 n 1823);

Orgelbrand, S. Encyklopedja Powszechna, том 19. Wetzer i Weite. Encyklopedja, том XV, (1883). Naruszewicz, AdamStanislaw. Dziela poetyckie, Dziennik Wilenski 1820 года.

Grzebieс L. Narwojsz (Narwoysz) Franciszek Ksawery // PSB. - T. XXII. 1977.

Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 15641995, Krakоw, 1996

Леанід Лаўрэш

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX