Вярнуцца: 2008

№ 08 (847)


Крыніца: pawet.net.



№ 8 (847) 20 ЛЮТАГА 2008 г.

21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы

115 гадоў з дня нараджэння Максіма Гарэцкага

Нарадзіўся ў вёсцы Малая Багацькаўка на Магілёўшчыне 18 лютага 1893 г. у сялянскай сям'і. У 1913 г. скончыў каморніцка-агранамічную вучэльню, працаваў па спецыяльнасці на Віленшчыне. Летам 1914 г. пайшоў вольназапісаным ў армію. З пачаткам Першай Сусветнай вайны ўдзельнічаў у баях, быў паранены. Пасля шпіталю накіраваны ў Паўлаўскую вайсковую вучэльню ў Петраград (1916). Камісаваны ў сувязі з хваробай у 1918 г. у Смаленску. Працаваў у рэдакцыі газеты "Звязда", з якой у 1919 г. пераехаў спачатку ў Менск, потым у Вільню. У выніку захопу Польшчай Вільні застаўся на польскай тэрыторыі. Працаваў у Беларускай гімназіі. За сувязь з камуністамі трапіў у Лукішскую турму (1922). З кастрычніка 1923 г. жыў у БССР. Працаваў выкладчыкам роднай мовы і літаратуры ў розных навучальных установах. З 1928 г. займаўся навуковай працай у Інбелкульце і БАН.

У 1930 г. арыштаваны па справе так званага Саюза вызвалення Беларусі і высланы на 5 гадоў у Вятку (Кіраўск). У 1935 г. пераехаў у пасёлак Пясочна (Калужская вобл.), бо вярнуцца на радзіму ўлады не дазволілі. Працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры.

Першае апавяданне "У лазні" пад псеўданімам Максім Беларус з'явілася ў 1913 г. у "Нашай ніве". У 1914 г. выйшаў зборнік "Рунь", у 1919 г. - драматызаваная аповесць "Антон", аповесць "Дзве душы". У 1926 г. апублікаваны дакументальна-мастацкія запіскі "На імперыялістычнай вайне", аповесць "Ціхія песні" ("Ціхая плынь"), зборнік апавяданняў "Досвіткі".

М. Гарэцкі - аўтар першай "Гісторыі беларускай літаратуры" (1920). Напісаў раманы "Віленскія камунары", "Камароўская хроніка" (твор застаўся незакончаным).

У канцы 1937 г. М. Гарэцкі быў арыштаваны другі раз. На пачатку лютага 1938 г. расстраляны ў Вязьме. Справа па абвінавачванні адменена Вярхоўным судом БССР у 1957 г. У 1959 г. Маскім Гарэцкі поўнасцю рэабілітаваны.


100 гадоў з дня нараджэння Станіслава Шушкевіча

ШУШКЕВІЧ Станіслаў Пятровіч [псеўданімы: Янка Бор; Саўка Койданаўскі; Вільгельм Эрнест; крыптонімы: С.Ш.; Стах Ш.; С.Ш. і В.М. (з В. Мараковым); С.Ш-ч; Шуш; В.Э.; Э-ст; В. Эрн; 6(19).2.1908, в. Бакінава Менскага пав., цяпер Дзяржынскі р-н Менскай вобл. - 1.2.1991, Менск], паэт, празаік. Першы верш апублікаваў у студз. 1924 у газ. "Чырвоная змена". У 1924-26 вучыўся ў 11-й сямігадовай школе Менска. У 1926 паступіў у МБПТ; стаў членам літаб'яднання "Маладняк". У 1928-30 працаваў у Кніжнай палаце і Дзяржаўнай бібліятэцы БССР; у 1930-31 загадваў бібліятэкай Навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі; у 1934-35 працаваў у рэдакцыі газ. "Літаратура і мастацтва", у 1935-36 - газ. "Звязда". Адначасова вучыўся на літаратурным ф-це МВПІ, які скончыў у 1934. Член СП Беларусі з 1934. У 1934 апублікаваў першую кніжку вершаў. Арыштаваны 15.11.1936; прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі. У 1937-46 знаходзіўся ў лагеры і ссылцы ў Кемераўскай вобл. У 1946 вярнуўся на Радзіму; працаваў настаўнікам СШ у Данілавічах Дзяржынскага р-на Менскай вобл. Паўторна арыштаваны 22.8.1949. Высланы на спецпа-сяленне ў Краснаярскі край. Вярнуўся ў Менск у 1956. У 1956-58 працаваў у газ. "Мінская праўда", у 1958-70 быў загадчыкам аддзела пісем газ. "Літаратура і мастацтва". З 1970 на пенсіі. Канчаткова рэабілітаваны па абедзвюх справах 26.9.1975.


Зварот

Паважаныя беларусы!

21 лютага ва ўсім свеце на розных узроўнях адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы , заснаваны па рашэнні ЮНЕСКА.

Нягледзячы на паважны ўзрост і значныя высокамастацкія творы, наша родная беларуская мова сёння знаходзіцца ў складаных умовах. Таму ініцыятыва міжнароднай грамадскасці адзначаць гэты дзень для нас надзвычай актуальная і запатрабаваная.

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" звяртаецца да ўсіх грамадзян Беларусі: смялей і ахвотней карыстайцеся беларускай мовай у розных жыццёвых сітуацыях! Мы цвёрда перакананы: штодзённае ўжыванне спрадвечнай мовы беларускага народу ўзбагаціць нас духоўна, напоўніць творчым натхненнем і надасць сілы для стварэння выдатных умоў жыцця ў нашай краіне.

Разам з беларускай мовай у міжнародную супольнасць!

Прынята на пасяджэнні Сакратарыята ТБМ 12 лютага 2006 г.



21 лютага ТБМ ладзіць святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы, заснаванага па ініцыятыве ЮНЕСКА.

Мерапрыемства мае адбыцца ў сталічным Палацы мастацтва па вул. Казлова, 3.

Падчас імпрэзы плануецца прэзентацыя "Беларуска-ўкраінскага слоўніка", выдадзенага напрыканцы мінулага года ва Украіне, а таксама выступы беларускіх мовазнаўцаў, вядомых пісьменнікаў, перакладчыкаў, спевакоў.

Пачатак імпрэзы прызначаны на 15-ю гадзіну.

Уваход вольны.



Сп. Г. М. Нявыгласу,

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта

Рэспублікі Беларусь

220050, г. Мінск. вул. К. Маркса, 38

Аб уключэнні курса "Беларуская мова. Прафесійная лексіка"

Паважаны Генадзь Мікалаевіч!

На наш зварот да Вас аб захаванні ў адукацыйным Стандарце па сацыяльна-гуманітарных дысцыплінах абавязковага курса "Беларуская мова. Прафесійная лексіка" мы атрымалі адказ з Міністэрства адукацыі (дадаецца), у якім выказваецца нязгода з нашай прапановай. Як абгрунтаванне, даецца спасылка на вынікі канферэнцыі 16 кастрычніка 2007 г., у якой бралі ўдзел і рэктары ВНУ. Таксама адзначаецца, што беларуская мова нібыта ў дастатковым аб'ёме вывучаецца ў школах.

Аднак я хачу выкласці Вам аргументы ў падтрымку нашай прапановы.

1. Значная частка выкладчыкаў выказваецца за захаванне азначанага прадмета, у тым ліку і на старонках рэспубліканскіх газет (артыкул "Ці пойдзе справа на лад?", газета "Звязда" за 12 снежня 2007 г.).

2. Кіраўнік Беларускай дзяржавы А. Г. Лукашэнка на нарадзе з Рэспубліканскім саветам рэктараў ВНУ 19 снежня 2006 г. выказаў сваю заклапочанасць станам вывучэння беларускай мовы ў ВНУ і сказаў дакладна наступнае: "Трэба ведаць перадусім сваю родную мову".

І мы падзяляем яго клопат, бо Міністэрства адукацыі праводзіць мэтанакіраваную палітыку па згортванні беларускамоўнай адукацыі ў нашай краіне. Колькасць беларускамоўных класаў і школ штогод скарачаецца. У такіх вялікіх гарадах як Магілёў і Гродна няма ніводнага вучня, які б навучаўся на роднай мове, мове сваіх продкаў. Спробы ж грамадскасці адчыніць новыя беларускія класы прафесійна адхіляюцца адказнымі чыноўнікамі.

У беларускіх вёсках масава зачыняюцца малакамплектныя беларускія школы, а вучняў, якія вучыліся па-беларуску, пераводзяць у рускамоўныя школы.

Нядаўна Міністэрства адукацыі перавяло выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі на рускую мову ў школах з рускай мовай навучання.

Беларускамоўныя плыні і групы ў ВНУ паступова скарачаюцца або ліквідуюцца, а новых ніхто не стварае.

Паважаны Генадзь Мікалаевіч! Беларусь стала 17-й краінай у свеце, якая далучылася да міжнароднай канвенцыі ЮНЕСКА "Аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны". Такім чынам наша дзяржава ўзяла на сябе абавязкі па захаванні не толькі фальклору і абрадаў, але і беларускай мовы, а значыць і яе прафесійнай лексікі. Прывяду толькі адзін прыклад. У нашых школах няма такога прадмету як "Гісторыя беларускай архітэктуры". Прафесійную будаўнічую лексіку не ведаюць не толькі вучні і студэнты, але і шматлікія выкладчыкі-філолагі. Таму і блытаюць тэрміны " кладка" і " муроўка" , " кафля" і " ізразец" , " цэмент" і " цамянка" .

Беларускі народ выпрацаваў унікальную лексіку ва ўсіх галінах навукі - ад права да матэматыкі і медыцыны.

У сувязі з вышэйзгаданым прапануем пакінуць у адукацыйным Стандарце ВНУ курс "Беларуская мова. Прафесійная лексіка" у памеры 60 гадзін.

З павагай,

Старшыня ТБМ, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў


Р У С К І

А таму хвораму на грудзі салдату-беларусу, што прывезлі з аўстрыйскага фронту, болей выпадае ляжаць у бальніцы для нервовахворых, чым тут, у нас. Ён ляжыць на Саксанавым месцы.

Наша палата празвала яго Рускім, бо ён, калі яго забірае хвароба, крычыць шмат разоў бесперастанку:

- Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!..

На выгляд гэта ёсць даволі здаровы мужчына. Ён сярэдняга росту, добрага складу, шыракаплечы, і грудзі ў яго звычайныя. На твары ніякай хваравітасці не відаць,- пэўна ж, калі ўважаць на тое, што чалавек прыехаў не з гасцей, а з акопаў. I толькі ў вачах гаротніка ё штосьці такое, што выдае цяжкую хваробу, і муку, і безнадзейнасць. Вочы ў яго праваліліся, зрабіліся маленькімі. Галоўнае ж, яны страшэнна змарнаваныя, нейкія змятыя, сцёртыя. Трэба прыгледзецца да іх, і тады відаць у іх боль.

Дзіўная гісторыя выйшла з гэтым нешчаслівым чалавекам.

3 пэўнасцю можна сказаць, што да вайны ці, лепей кажучы, да мабілізацыі - Рускі быў звычайным земляробам Магілёўскае губерні: быў здаровы, але крышку павольны; здольны ад прыроды, але цёмны, грубы. Апрануты па-салдацку, ён нічым не змяніўся, толькі прытарнаваўся да свай-го новага жыцця.

I на пазіцыі, у часе доўгага і спакойнага стаяння ў зацішку малаважнага фронту, болей за другіх сваіх таварышаў любіў Рускі туляцца па пустых, кінутых сялянскіх дварах і поркацца там, шукаючы пажытку. Увечары, першым змрокам, ішоў ён цягацца па зрытых акопамі палях, знаходзіў пустое бульбянішча - капаўся там сваёю маленькаю пехацінскаю лапатачкаю дзеля якога дзесятку непадабраных гаспадаром і свіннямі бульбін. Хаця яму за гэта дакаралі, не кідаў свайго блукання ў цёмным полі, і тая памаўзлівасць згубіла яго.

Аднойчы Рускі, няўпрыцям для самога сябе, забрыў лішне далёка ў бок аўстрыяцкіх пазіцый, за сваю перадавую старожу, і так забавіўся, шукаючы пажытку, што было ўжо зусім цёмна.

Троху спалоханы, асцярожна плёўся ён назад, заткнуўшы лапатачку за пояс і маючы ў аднэй руцэ кацялок з накапанаю бульбаю, а ў другой - стрэльбу на ўсякую неспадзяванку.

Толькі ўзняўся ён на нейкі невялічкі ўзгорачак, як знянацку ашаламеў: перад ім стаяў аўстрыяк... Абодва разам прыселі да зямлі: Рускі прысеў ад страху, а той, мусіць, так-сама. Дзеелася адзін момант, а здалося дужа доўга. Аўстрыяк тады першы кажа:

- Руськый! Я маю горілку...

- Я табе нічога не зраблю! - адказаў Рускі зусім лагодна і смела ўстаў і пайшоў да яго бліжэй.

Аўстрыяка таксама падняўся, разы два ступіў і падаў руку. Ворагі прывіталіся, як даўныя сябры. Потым ізноў селі, толькі ўжо побач - і стрэльбы паклалі, кожны пры сваім баку.

Хаця блізу што зусім не гаманілі, бо языкі варочаліся туга, дый мала чаго яны разумелі ў словах той таго, але так выйшла неўзабаве, што выпілі аўстрыякаву гарэлку, заелі яго падсітным хлебцам і закурылі па кручонцы з ма-хоркі Рускага. Гарэлкі было - адно толькі званне: па чарцы, можа, ці па дзве на брата. Пілі набгом - спярша аўстрыяк, а тады Рускі. Калі зрабілі ўсё і трэба было расхадзіцца, пачулі нейкую прыкрасць. Ды аўст-рыяк падбодрыўся і сказаў:

- Чы веды менэ до Русіі, чы разойдэмся.

Рускі паскроб ля вуха, як бы й запраўды разважаў, што тут рабіць. Паглядзеў, задраўшы галаву, і адказаў:

- Не, братка, ідзі сабе да сваіх.

Аўстрыяк быццам трохі, нябачна, замаркоціўся. Але падаў руку. Рускі паціснуў яе. I завярнуліся ў свае бакі.

Аўстрыяк адыходзіў шпарчэй. Рускі павалюхаў марудна і няскладна, як мядзведзь. Яго прыціснула тое, што не меў часу падумаць, як гэта што было. Ён хапаўся ўцяміць, ці ўсё добра ён рабіў. I калі раптам бліснула яму ў галаве, і ён, (каб не спазніцца і каб пасля не шкадаваць, што быў варонаю, ён, ужо ступіўшы разоў дзесяць, сказаў сам сабе: «Э, што ж я за ваяка». I не сказаў, толькі бліснула яму так у галаве... Павярнуўся, злажыўся стрэльбаю і без дум паціснуў пальцам:

- Так!

Гул быў глухі і невя-лікі. Аўстрыяк спачатку зарыўся. носам і бразнуў бляшанаю пляшкаю, з якой пілі гарэлку, аб сваю стрэльбу. Потым перавярнуўся дагары тварам - і вельмі жалосна і з працягам застагнаў.

Калі Рускі падбег і нахіліўся над яго чубатаю шапачкаю і даўно, падстрыганымі вусамі, дык у цямноце мала чаго ўбачыў, але пачуў, як ён яшчэ дадаў, гаворачы быццам аб нейкім трэцім:

- Што ж цій москаль наробыв... Зостанэцця моя жынка і діты...

Безнадзейная крыўда чулася ад яго; апошнія словы ледзь выдыхнуў, бо ўжо канаў. Раскінуў рукі і ногі. Рускаму здалося, што смяротная пялёнка, як у той курыцы, засцілае яго жаўтаватыя бялкі.

- А колькі ж іх маеш? - з апалым сэрцам спытаўся Рускі і мімаволі, выглядаючы сабе падмацаванне, агледзеўся наўкол, у начным змроку.

- Діты...

Забіты яшчэ раз пацягнуўся, замкнуў паволі вочы.

І быў гатоў.

Рускі перахрысціўся над мёртвым і палез у яго кішэню ў штанах. Выцягнуў адтуль пакамечаны ад доў гага часу і замаслены ліст у канверце. Болей нічога не было, і ён расчаравана ці нездаволена падраў яго на колькі частак. Абдумаўшыся, падняў іх з зямлі, каб пасля скурыць. I зноў кінуў. Аж рукі трохі дрыжэлі, і было брыдка, што так блазнуе, быццам не ворага забіў, а якога свайго. Смялей памацаў у яго за пазухаю, ува ўсіх кішэнях і ў шапцы і ізноў нічога добрага не знайшоў. Аглядаючы яго боты, ці варта здзіраць, глянуў незнарок у цямноту ночы, спалохаўся... Схапіў кацялок з бульбаю ў адну руку, дзве стрэльбы за раменне - у другую і пусціўся бегчы што ёсць духу да сваіх.

У роце яму не далі веры, што забіў аўстрыяка, і думалі, што прост у полі дзе знайшоў гэтую аўстрыяцкую стрэльбу. Але, праўда, была яна нядаўна ношаная, «цёплая» і пачышчаная. Можа, і забіў.

Толькі чалавек з гэтага часу перамяніўся. Быў дужа маркотны, кінуў брадзіць па дварах і бульбоўніках, упадабаў ляжаць на зямлі з раскінутымі нагамі і рукамі... Урэшце зазябіў сабе грудзі, і яго адправілі з пазіцый і прывезлі спярша ў нейкі паўднёвы горад, а потым у наш шпіталь, глыбей у тыл.

Тут не ведаюць, як яго разумець. Доктар Гэрмэер, немец з Дзвінску, якога мы ўсе не любім, лічыць Рускага за прыкідаку, іначай не заве, як «сімулянтам», і нават у вочы яму кажа:

- Ты, прахвост, прыкідаешся! Ты ўсё гэта выдумаў! Падлечым табе грудзі і ўсё роўна паедзеш ізноў на фронт.

Другі доктар, старшы, на прозвішча Квяткоўскі, а родам, як кажуць, зпад Баранавіч, старанна лечыць яму грудзі рознымі ўдыханнямі і паветранымі ваннамі, а на яго нервы зважае мала і быццам не чуе, калі таго пачынае забіраць хвароба:

- Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!..

- Ну-ну-ну, гэта не столь важна,- гаворыць старшы доктар Рускаму, пераходзячы на другіх хворых і раненых.

«Не столь важна! Не вельмі важна, гм!» -думаю сабе я.

Я на свае вушы чуў ад Рускага аб тым, як ён забіў беднага аўстрыяка, і спярша таксама не паверыў: ці мала хітрых бестый бывае паміж салдат. Аднак, я на свае вочы бачыў, у першую ж яго ноч у нашым шпіталі, як ён горка плакаў і жаліўся, што яму ўсё нешта здаецца. Няшчасны, нягледзячы на бром і падскурнае ўпырсківанне, заліваўся слязьмі так шчыра і жалосна і так доўга, што ніяк не можна было яму не верыць...

Максім Гарэцкі


Справаздача аб дзейнасці Гарадоцкай раённай Рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" у 2007 годзе

арыны" і Гарадоцкая Рада ГА "ТБМ імя Ф. Ска-рыны" у 2007 годзе праводзіла наступную працу:

1. Садзейнічалі падпісцы на беларускамоўныя выданні: "Наша слова", "Новы час", "Наша Ніва". Кожны квартал гэтыя выданні траплялі на Гарадоччыну, у тым ліку газета арганізацыі "Наша слова" увесь год трапляла у чытальную залу раённай бібліятэкі.

2. Выдавалі незалежную інфармацыйна-культурную газету Гарадоччыны "Гасцінец", дзе адлюстроўва-ліся культурныя, сацыяльна-эканамічныя падзеі Беларусі. Выданне пераважна выходзіць на беларускай мове.

3. Ушаноўвалі куль-турна-гістарычную памяць Гарадоччыны:

 усталявалі ў каст-рычніку Крыж "Змагарам за Свабоду" ля в. Фралова паўстанцам, якія змагаліся ў 1918 годзе супраць бальшавікоў;

 праводзілі дабраўпа-радкаванне могілак ля в. Кісялі, якія заснаваны у 19 стагоддзі;

 садзейнічалі падрыхтоўцы шматмоўнага выдання паэмы Кастуся Вераніцына "Тарас на Парнасе" ( укладальнік - Язэп Янушкевіч), бо найбольш верагодным з'яўляецца факт, што паэма напісана у Гарадку у 1855 годзе.

4. Прапаноўвалі аддзелу культуры правесці сустрэчу з беларускім пісьменнікам У. Арловым у раённай бібліятэцы. Пры атрыманні адмоўнага адказу дабіліся ад Віцебскага аблвыканкама, што у 2008 годзе у бібліятэках вобласці будзе адзначацца 55годзе з дня нараджэння У. Арлова.

5. Стварылі грамадскую бібліятэку сучасных беларускіх выданняў, дзе аматары роднага слова могуць атрымаць апошнія навінкі беларускага кнігавыдання.

6. Распачалі працу па выкарыстанні дзяржаўнай беларускай мовы у працы міліцыі, пракуратуры і іншых дзяржаўных устаноў раёна. Дзеля гэта прапануецца усім рупліўцам роднага слова пераважна звяртацца да ўладных устаноў пабеларуску і патрабаваць адказаў таксама на дзяржаўнай беларускай мове.

7. Напярэдадні дня нараджэння Ўладзіміра Караткевіча ўзнагародзілі беларускімі кнігамі вучняў СШ№1, якія перамагалі на школьнай алімпіядзе па беларускай мове.

Старшыня Гарадоцкай рады Л. Гаравы


Сустрэчай з беларускімі пісьменнікамі - Уладзімірам Арловым, Наталкай Бабінай, Валерам Булгакавым...

... у Гарадку распачалася падрыхтоўка да 90годдзя Дня Волі

Адначасова з гэтым на Віцебшчыне распачалося святкаванне 55годзя з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Арлова, якое ўнесена ў план работы бібліятэк вобласці па рашэнні абласнога ўпраўлення культуры.

Пад час нефармальнай сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі зацікаўленыя аматары роднага слова мелі магчымасць пагутарыць з гасцямі і набыць літаратуру на роднай мове.

Валер Булгакаў прэзентаваў часопіс "Архэ" і найбуйнейшыя выдавецкія праекты апошняга часу - выданне Юры Туронка "Мадэрная гісторыя Беларусі", "Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі" і іншыя, расказаў пра уласныя кнігі "Гісторыя беларускага нацыяналізму" і г.д.

Наталка Бабіна распавяла пра выдавецкі праект "Нашай Нівы" "Кнігарня "Наша Ніва", у межах якога выходзяць кнігі, раней зусім не даступныя для беларускага чытача, а таксама расказала пра ўласную творчасць - кнігу "Рыбін горад" перакладзеную на іншыя мовы.

Уладзімір Арлоў прэзентаваў унікальнае выданне "Імёны Свабоды", прачытаўшы нарасы пра Тамаша Ваўжэцкага, Станіслава БулакБалаховіча і сваю бабулю Аўгінню. Уладзімір таксама распавёў пра планы падрыхтоўкі да 90-годдзя з дня ўтварэння БНР, пераклад на беларускую мову кнігі украінскага сябра Аляксандра Ірванца "Роўна/Ровно".

Напрыканцы сустрэчы ахвочыя мелі магчымасць атрымаць аўтографы ад вядомых беларускіх пісьменнікаў, а таксама сфатаграфавацца на памяць. Сустрэча завяршылася наведваннем музейнай экспазіцыі прысвечанай аўтару паэмы "Тарас на Парнасе" Кастусю Вераніцыну ля краязнаўчага музея.

Наступным пунктам сустрэчы пісьменнікаў стаў абласны цэнтр Віцебск, дзе іх чакалі маладыя чытачы.


Паэт з Гарадоччыны стаў класікам

У акадэмічным выданні "Класіка" сустрэліся "Пінская шляхта" і "Тарас на Парнасе".

Унікальнае выданне упершыню прэ-зентуе беларускія класічныя творы на еўра-пейскіх мовах: "Пінская шляхта" на пяці, а "Тарас на Парнасе" на васьмі (!) еўрапейскіх мовах. Гэта стала вынікам шматгадовай да-следчай дзейнасці вядомага беларускага літаратуразнаўцы Язэпа Янушкевіча. Менавіта дзякуючы яго няспынным намаганням у выдавецтве Віктара Хурсіка пабачыў свет гэты унікальны твор.

Прэзентацыя выдання адбылася 4 лютага у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі у першы дзень урачыстасцяў прысвечаных 200-годдзю народзінаў Дуніна-Марцінкевіча. Святочная дата нараджэння Дуніна-Мар-цінкевіча уключана у сусветны каляндар знакамітых дат, якія вызначае ЮНЕСКА.

Але для Віцебшчыны прыемна, што пад адной вокладкай з прызнаным класікам раз-мясцілася імя Кастуся Вераніцына, як самага верагоднага аўтара паэмы "Тарас на Парнасе". Аматары роднай літаратуры ведаюць, што Кастусь Вераніцын ( у дзяцінстве - Васільеў) нарадзіўся ў Астраўлянах, што на Гарадоччыне. Яго імя адкрыў вядомы даследчык беларускай літаратуры Генадзь Кісялёў у 1973 годзе, а ў 2001 годзе ля краязнаўчага музея ў Гарадку былі ўсталяваны музейныя экспазіцыі прысве-чаныя К. Вераніцыну.

У прадстаўленым кананічным тэксце паэмы першыя чатыры радкі:

Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса,

Што палясоўшчыкам служыў?

На Пуцявішчы, у Панаса,

Ён там ля лазні блізка жыў, -

поўнасцю адпавядаюць радкам на камені.

У святочным выданні ўпершыню прад-стаўлены пераклады паэмы на нямецкую, іспанскую і балгарскую мовы. І ў гэтым ёсць заслуга віцяблян. Пераклад на нямецкую мову ажыццявіўвядомы паэт, перакладчык Уладзімір Папковіч.

Невялікі наклад выдання адразу робіць яго рарытэтным для аматараў роднага слова.

Л. Гаравы


Справаздача

суполкі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" г. Бабруйска за 2007 год

У 2007 справаздачным годзе суполка ТБМ г. Бабруйска дзейнічала ў адпаведнасці са статутнымі мэтамі і задачамі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". На жаль, праца бабруйскіх сяброў ТБМ у справаздачным часе была не такой выніковай і паспяховай, як у папярэднія гады. Разам з тым, па прашэсці гэтых год можна канстатаваць, што суполка ТБМ адзіная сярод грамадскіх і палітычных арганізацый Бабруйска, якая стала спрычыняецца дзейснага клопату ў справе паляпшэння стану беларускай мовы ў горадзе.

Дзеля ўмацавання традыцыі святкавання міжнароднага Дня роднай мовы сябры суполкі, штогод, надоечы падзеі, выступаюць у гарадскім друку з адпаведнымі публікацыямі. У мінулым годзе прынагодны артыкул пад назвай "Сумнае свята" быў змешчаны ў газеце "Бабруйскі кур'ер" (дадаецца да справаздачы).

Паводле ініцыятывы сябра суполкі Міхася Кавалеўскага быў складзены, і на сходзе 22 траўня 2007 г. прыняты, зварот да дырэктара ААТ "Чырвоны харчавік". У звароце мы, як грамадзяне і спажыўцы, выказалі правамернае абурэнне з нагоды непаважлівага стаўлення да беларускай мовы і яе адсутнасці ў афармленні і маркіроўцы прадукцыі прадпрыемства. Зварот атрымаў пазітыўны розгалас у Бабруйску. I хаця адказ на зварот, за подпісам дырэктара ААТ "Чырвоны харчавік" М.Ф. Чыслова, даволі двухсэнсоўны, дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што да нашай думкі прыслухаліся. Прапановы, выкладзеныя ў звароце, часткова ўлічваюцца ў цяперашняй дзейнасці "Чырвонага харчавіка". (Зварот і адказ дадаюцца да справаздачы).

У 2008 г. спаўняецца 200 год з дня нараджэння аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, класіка нацыянальнай драматургіі, слаўнага сына Беларусі - Вінцэнта Дуніна Марцінкевіча, які нарадзіўся на Бабруйшчыне ў колішнім фальварку Панюшкавічы. Паколькі такая асоба, як Дунін Марцінкевіч заслугоўвае ў Бабруйску значна лепшага і болын грунтоўнага ўшанавання, мы пісьмова звярнуліся да выканаўчай улады горада са сваімі прапановамі на пзты конт. Акрамя гэтага, зварот быў надрукаваны ў дзвюх мясцовых газетах "Вячэрні Бабруйск" і "Бабруйскі кур'ер". У звароце даводзіцца неабходнасць і важнасць устаноўкі ў Бабруйску вартаснага помніка В. Дуніну Марцінкевічу; прапануецца перайменаваць адну з цэнтральных вуліц у вуліцу імя Вінцэнта Дуніна Марцінкевіча; а таксама выказана пажаданне, каб выкарыстаць тэму 200годдзя В. Дуніна Марцінкевіча пры афармленні горада, на банерах, стэндах, рэламных шчытах і расцяжках. Атрыманы за подпісам начальніка аддзела культуры Бабруйскага гарвыканкама адказ вельмі лаканічны. А наколькі ён шчыры пакажа час. Пакуль жа на вуліцах Бабруйска ўсталявана два прыгожыя банерныя стэнды з выявай Дуніна Марцінкевіча і вывешана адна тэкставая расцяжка. (Зварот і адказ дадаюцца да справаздачы).

Разам з іншымі перадавымі і сумленнымі людзьмі Бацькаўшчыны бабруйскія сябры ТБМ удзельнічалі ў справе, ініцыяванай Рэспубліканскай Радай зборы подпісаў у абарону менскага касцёла святога Юзафа. Было сабрана 87 подпісаў.

Па аб'ектыўных прычынах суполка не змагла правесці ў 2007 г. конкурс беларускамоўнай бардаўскай песні і паэзіі "Вольнае Вогнішча". Спаміж першачарговых захадаў па паляпшэнні дзейнасці суполкі важнейшымі з'яўляюцца: абавязковае правядзенне раз на месяц сходаў і афармленне падпіскі на газету "Наша слова"для ўсіх сяброў суполкі.

28. 01. 2008г.

Старшыня суполкі ТБМ г. Бабруйска Віктар Маліноўскі.

Намеснік старшыні суполкі ТБМ г. Бабруйска Надзея Грынявецкая.


ТБМ Бабруйска дзеля В. Дуніна-Марцінкевіча

Старшыні Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта Дз. М. Бонахаву,

Ад сяброў бабруйскай суполкі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

17.07. 2007 г.

ЗВАРОТ

" Вінцэнту Дуніну - Марцінкевічу - належнае ўшанаванне ў Бабруйску"

У 2008 г. спаўняецца 200 год з дня нараджэння аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, класіка нацыянальнай драматургіі, слаўнага сына Беларусі - Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які нарадзіўся на Бабруйшчыне ў колішнім фальварку Панюшкавічы. Хрысцілі Вінцэнта ў бабруйскім парафіяльным касцёле. Пачатковую адукацыю будучы пісьменнік атрымаў у павятовай школе Бабруйска. Святкаванне 200-тых угодкаў народзінаў В. Дуніна - Марцінкевіча будзе адзначацца па ўсёй Беларусі, у тым ліку і ў нашым горадае. Паколькі такая асоба, як Дунін - Марцінкевіч заслугоўвае ў Бабруйску значна лепшага і болып грунтоўнага ўшанавання, звяртаемся да ваканаўчай улады горада са сваімі прапановамі на гэты конт.

1. Высакародны намер усталявання ў Бабруйску сапраўднага велічнага помніка В. Дуніну - Марцінкевічу, напрыканцы XX ст., скончыўся тым, што адліты з бронзы помнік вялікіх памераў быў змешчаны ў падвал драмтэатра. Затым, вынесены з падвалу, помнік праваляўся пэўны час на тэатральным падворку, потым яго перавезлі на гаспадарчы двор гарадскога парку, адкуль, у пачатку 1990 - х гадоў, помнік бесслядоўна знік - напэўна, што быў скрадзены. I хаця пазней, да 190-х угодкаў народзінаў пісьменніка, і быў устляваны мармуровы бюст Дуніна - Марцінкевіча ля ўваходу ў тэатр, але з-за сваёй сціпласці і непрыкметнасці ён стаўся слабой кампенсацыяй страчанага папярэдніка. Зыходзячы з вышэйапісанага і ў сувязі з 200-годдзем нашага самага слыннага земляка, мы, сябры суполкі ТБМ г. Бабруйска, звяртаемся да выканаўчай улады з прапановай - усталяваць у нашым горадзе вартасны, прыгожы і велічны помнік В. Дуніну - Марцінкевічу. На нашу думку помнік мусіць быць выкананы з брошы і падаваць асобу Дуніна - Марцінкевіча, як творцу і мысляра. Месцам усталявання помніка можна абраць галоўную алею гарадскога парку культуры і адпачынку, ці сквер на вул. Мінскай 20, альбо іншае дагледжанае і люднае месца ў цэнтральнай частцы Бабруйска. Сам помнік было б няблага падтрымаць адпаведнымі малымі архітэктурнымі формамі са скулыпурнымі ці рэльефнымі выявамі герояў твораў В. Дуніна - Марцінкевіча, каб гэтае месца стала ўпадабаным ўтульным куточкам беларускасці, якіх пакуль, на жаль, няма на ландшафтнай карце горада Бабруйска. Паколькі тэхнічна з'яўляецца даволі складаным выкананне ўсяго аб'ёму мяркуемых работ да дня афіцыйна прынятай даты нараджэння В. Дуніна -Марцінкевіча, 4 лютага, можна спланававаць адкрыццё помніка на Дзень горада -29 чэрвеня 2008 г.

2. Не сакрэт, пгто назвы пераважнай колькасці вуліц у Бабруйску маюць залішне празмерную камуністычна - ідэалагічную прыналежнасць, а вось вуліц, што маюць назвы ў гонар беларускіх гістарычных культурных і рэлігійных дзеячаў, выбітных пісьменнікаў, чый лёс і жыццёвы шлях быў спалучаны з Бабруйскам -літаральна лічаныя адзінкі. Гэта ненармальна і абуральна. Як абуральна і тое, шгго назвы бэбруйскіх вуліц падаюцца на ўсіх аншлагах выключна па - руску, чаго не было нават у савецкія часы. Памылкі гэтыя патрабуюць пераасэнсавання і вьшраўлення, бо карані патрыятызму не ў ідэалагічных шорах і не ў вырачэнні ўсяго роднага, яны - у гістарычнай памяці, у спадчыне нашай... Таму мы прапануем дзеля ўвекавечвання імя В. Дуніна-Марцінкевіча ў бабруйскай тапаніміцы перайменаваць вул. Карла Лібкнехта, як вуліцу на якой знаходзіцца тэатр іменаваны ў гонар класіка нацыянальнай драматургіі - у вул. Вінцэнта Дуніна - Марцінкевіча.

3. Прапануем выкарыстаць тэму 200-годдзя В. Дуніна - Марціякевіча пры афармленні горада, на банерах, стэндах, рэкламных шчытах і расцяжках

Напэўна, ніводны з беларускіх пісьменнікаў XIX ст. не пакінуў нашчадкам такой багатай і разнастайнай жанравай літаратурнай спадчыны, як В. Дунін -Марцінкевіч. Кнігі беларускага дудара сталі творчым арыенцірам для беларускіх пісьменнікаў не аднаго пакалення. Пад уплывам В. Дуніна-Марцінкевіча пачалі пісаць Янка Купала, Алесь Гарун, Ядвігін Ш. і ішпыя пісьменнікі пачатку XX ст. Сваёй літаратурнай працай асветнік унёс вялікі ўклад у выпрацоўку першых норм беларускай літаратурнай мовы, чым значна аблегчыў працу сваім паслядоўнікам па далейшым яе развіцці.

Выказваем спадзяванне на мудры і паважлівы разгляд вашых прапаноў выказаных у звароце " Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу - належнае ўшанаванне ў Бабруйску" і прыняццё па іх станоўчых рашэнняў.

3 павагай - сябры суполкі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" г. Бабруйска.

Зварот з подпісамі сяброў суполкі адасланы ў гарвыканкам 3 жніўня 2007г.

Старшыня суполкі ТБМ г. Бабруйска:Віктар Маліноўскі.


Мовазнаўчы досвед

Нарадзіцца -> нара-джэнне -> нараджэнец - а не ўраджэнец. Нашая мова мае натуральныя словы з пры-стаўкаю на- : нараджацца, нарадзіцца, нараджэнне, на-раджальнасць, нараджэнец, нараджэнка, народжаная, народзіны, народзінец...

Але слоўнікі савецкага часу на месцы свайго слова нараджэнец (яго падае «Бе-ларуска-расійскі слоўнік» М. Байкова і С. Некрашэвіча, Менск, 1926, с. 185) змясцілі штучную форму ураджэнец , якая супярэчыць утваральнай лексеме, што падаецца пры тлумачэнні гэтага слова. У «Тлумачальным слоўніку бе-ларускай мовы» (Т.5, Кніга 2. 1984, с.44) чытаем: « Ураджэ-нец , -нца, м. Чалавек, які на-радзіўся ў якой-небудзь мяс-цовасці, родам з якой-небудзь краіны, горада і пад.»

Ураджэнец - гэта прыстасаванне да ладу бела-рускае мовы усесаюзнага стан-дарту - расейскага уроженец , якое мае і свайго суродзіча урод (белар. вырадак ). У пера-кладных слоўніках падаецца беларускае слова народжаная як адпаведнік рас. урождённая («Беларуска-рускі слоўнік», т.2, 1989, с. 753), што таксама сведчыць пра натуральнасць беларускага ўтварэння нара-джэнец ( нараджэнне -> нараджэн-ец ). Як і аднаструк-турныя вызваленне -> вызваленец , паўстанне -> паў-станец і пад.

На месцы пазычання ўраджэнец у незалежнай Рэспубліцы Беларусь стала выкарыстоўвацца беларускае слова гэтага кшталту наро-дзінец (утварэнне ад наро-дзіны : народзін-ец ): «Гэтым Смоліч адрозніваецца ад баль-шыні сваіх папярэднікаў - народзінцаў Беларусі» (А. Болатаў, Г. Радзеўскі. Ахвяру-ючы сябе Бацькаўшчыне: Ар-кадзь Смоліч. - Мінск: Тэх-налогія, 1999, с. 6). Дык ці не пара замацаваць у літаратур-ным слоўніку Рэспублікі Бе-ларусь сваё натуральнае слова нараджэнец нараджэнка )?!

Шчыруны... «То была яна, дачка настаўніка, які паважаў мяне і якога паважаў я лепш за ўсіх педагагічных шчыруноў на свеце» (Полы-мя. 2007. № 12. С.70). Слова шчырун (шчыруны) - утва-рэнне ад дзеяслова шчыраваць «дбайна, старанна, рупна ра-біць што-небудзь, завіхацца каля, вакол чаго-небудзь». («Тлумачальны слоўнік бела-рускай мовы». Том 5. Кніга 2. С.423) ці шчырэць «упарта, старанна, з запалам рабіць што-небудзь» (Тамсама. С.424). Нашыя слоўнікі не падаюць слова шчырун , хоць фіксуюць шмат яго аднакаранёвікаў: шчыраваць, шчыра, шчыра-ванне, шчырасць, шчыры, шчырэць.

Шчырун - натуральнае слова і заслугоўвае фіксацыі ў слоўніку літаратурнай мовы. Словы з гэтым суфіксам скла-даюць прадукцыйны тып сло-ваўтварэння («Беларуская граматыка». Частка 1. - Мінск, 1985, с. 228- 229).

Запісоўца. «Гэтак по-тым і з'яўляюцца ў некаторых друкаваных зборніках не за-пісанае ў пэўнай мясцовасці, а прыдуманае самім запісоў-цам» (Полымя. 2007. № 12. С.74).

Запісовец, запісоўца. Актыўныя ў наш час утварэнні з суфіксамі -ец / -ц-а, -овец / -оўц-а /. Параўн. аднамадэльныя вядоўца, размоўца, навуковец, службовец, вайсковец, падлі-ковец, спартовец, кіровец і шмат іншых.

Такія словы даюць маг-чымасць унікнуць навязаных нашай мове ўсесаюзным стан-дартам штучных утварэнняў (дзеепрыметнікаў з суфіксамі -уч- (-юч) / -ач- (-яч-) і іншых «усесаюзных формаў») кшта-лту вядучы, гаворачы, слу-жачы, выконваючы (абавязкі).

На маю думку, дарэч-ным будзе выкарыстоўваць лексему падпісоўцы на месцы ненарматыўнага падпісаўшы-яся і нават замест падпісанты, падпісаныя .

Падпаліць (у печы), распаліць (печ) - а не рас-тапіць (печ). «У хаце ў Ку-жалёў цёпла і светла ад белых сонечных водсветаў. Фёкла растапіла печ. У дзежцы падыхлдзіць цеста. Падкінула ў печ палена, другое і спыні-лася, пазіраючы на агонь, які абвіваў дровы, прагна хапаўся за сухое дрэва» (Полымя. 2007. №11. С.28).

Ніводзін слоўнік не фіксуе ў беларускай мове «растапіць печ». Дзеяслоў растапіць мае ў беларускай мове значэнне «нагрэўшы, ператварыць цвёрдае ў вадкае. Растапіць воск » («Тлумача-льны слоўнік беларускай лі-таратурнай мовы». 1996, с. 556). Перакладныя слоўнікі таксама засведчылі гэта: «Рас-топить (печь) - распаліць (печ), падпаліць (у печы)» («Русско-белорусскнй сло-варь», 1993, т.З, с.223).

Дык для чаго такая моўная трасянка ў аўтары-тэтным часопісе?!

Тэлевізійны - а не тэлевізіённы. «Малыя вельмі лёгка ловяць з экрана фразы пашлаватага тэлевізіённага гатунку і тут жа страляюць імі нават па старэйшых» (Полымя. 2007. № 12. С.69).

Нарматыўная ў бела-рускай літаратурнай мове форма тэлевізійны (утварэнне з суфіксам -н- ад тэлевізія : тэлевізій-ны ). «Тэлевізіённы» - вытворнае ад тэлевізія _. з суфіксам -онн-: тэлевізій-онн-ы. Беларускай мове такія ўтва-рэнні неўласцівыя, бо пры-метнікі ад назоўнікаў, якія канчаюцца на - ія , утвараюцца з выкарыстаннем суфікса -н- : камісія -камісійны, тэлевізія - тэлевізійны . Гэта ў расей-скай мове адпаведныя прымет-нікі маюць суфікс -онн-: ко-мисионный, телевизионный , што пацвярджаюць і пера-кладныя слоўнікі: «Телевизи-онный - тэлевізійны» («Рус-ско-белорусскнй словарь». 1993, т.З, с.506).

Павел Сцяцко


Не змоўкнуць у свеце ніколі песні Купалы і Коласа словы

Прайшоў 2007 год, год 125гадовага юбілею вялікіх сыноў Беларусі, таленавітых майстроў слова, славутых класікаў беларускай літаратуры. Перадавая частка беларускага люду і ўсё прагрэсіўнае чалавецтва ў свеце шырока адсвяткавалі юбілей найславуцейшых сыноў Беларусі.

Піншчына ўдзячна лёсу за тое, што Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас) свае першыя гады настаўніцкай работы і літаратурнай дзейнасці правёў на Палессі. Вёска Пінкавічы была нейкі час месцам жыцця і працы будучага таленавітага пісьменніка. Пінквіцкая СШ носіць імя Якуба Коласа. У старым будынку школы, дзе зараз працуе раённы цэнтр пазашкольнай работы, прайшло заключнае мерапрыемства - свята інсцыніраванай песні, прысвечанае юбілею Я. Купалы і Я. Коласа, іх творчасці. Але аб гэтым болей падрабязна.

Напачатку 2007 года раённым аддзелам адукацыі быў зацверджаны план мерапрыемстваў, прысвечаных 125гадоваму юбілею Народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Згодна з гэтым планам было зацверджана палажэнне аб конкурсе інсцэніраванай песні па творах юбіляраў, а таксама склад журы.

Конкурс адбыўся ў лістападзе 2007 года. У конкурсе прынялі ўдзел 34 школы раёна. Мэтамі і задачамі конкурса было:

- развіццё самадзейнай музычнай творчасці школьнікаў;

- узбагачэнне ведаў вучняў праз творчасць народных паэтаў.

- выяўленне таленавітых выканаўцаў інсцэніраванай песні;

- фармаванне эстэтычных і маральных каштоўнасцяў;

- развіццё нацыянальнай свядомасці школьнікаў.

Вядома, што нацыянальная свядомасць найбольш пяспяхова развіваецца праз родную мову, нацыянальную беларускую літаратуру, гісторыю і культуру народа. А носьбітамі ўсяго гэтага найбольш з'яўляюцца творцы і мастакі слова, дзеячы народнай культуры, уся творчая інтэлігенцыя.

У конкурсе прынялі ўдзел вучні 511 класаў. Ацэньваліся выканаўчае майстэрства, сцэнічная культура, артыстычнасць, навізна, арыгінальнасць творчага рашэння, прапаганда творчасці Я. Купалы і Я. Коласа. З 11 гадзін раніцы і да цямна працавала сцэна, дзе адна школа змяняла папярэднюю. Я прысутнічаў на конкурсе і здзіўляўся знаходлівасці школьнікаў і іх настаўнікаў, зацікаўленасці і артыстызму дзяцей, адказнасці настаўнікаў роднай мовы і літаратуры, якія рыхтавалі сваіх выхаванцаў да конкурсу.

Прагледзеў выспупленні больш, чым трох дзесткаў школ, журы было нялёгка вызначыць лепшых выканаўцаў. Але дапамагло тое, што канкурсанты ацэньваліся ў трох намінацыях: арыгінальнасць творчага рашэння, артыстызм і лепшае выканаўчае майстэрства. У кожнай намінацыі былі вызначаны па тры лепшыя выканаўцы. Школыпераможцы ўзнагароджваліся дыпломамі трох ступеняў. У першай групе дыпламантамі сталі Дабраслаўская СШ, Плешчыцкая і Лышчанская СШ. Пераможцамі ў другой намінацыі сталі Чухаўская, Ставокская і Лемяшэвіцкая СШ. Статычаўская і Пінкавіцкая СШ, Дамашыцкая СШ заваявалі дыпломы ў намінацыі "Лепшае выканаўчае майстэрства".

Загадам райаддзела адукацыі дырэктарам школ рэкамендавана адзначыць настаўнікаў, якія падрыхтавалі пераможцаў конкурса. Аддзелам адукацыі загадана настаўнікам беларускай мовы і літаратуры пастаянна прапагандаваць творчасць Я. Купалы і Я. Коласа, а таксама творы класікаў беларускай літаратуры.

Год Я. Купалы і Я. Коласа паказаў тое станоўчае, што ёсць у краіне ў сэнсе любові да беларускіх творцаў роднага слова, да беларускай мовы, да нацыянальнай культуры, а таксама выявіў усё негатыўнае, што дзеецца вакол беларускага: і мовы, і культуры, і гісторыі.

Але аб гэтым не хочацца думаць. Хочацца верыць і спадзявацца, што нішто не заглушыць роднае слова, беларускую мову, не спыніць беларускасць, не знішчыць беларускі народ, нацыю беларусаў.

Пакуль жыве хоць адзін чалавек, які ўжывае вуснае і пісьмовае беларускае слова - жыве беларуская мова і яе носьбіт, народ.

Уладзімір Гук, старшыня Пінскай раённай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны.


Усходні фарпост Еўрапейскай гарадской культуры

Магілёўцы адсвяткавалі 431-ю гадавіну атрымання горадам Магдэбургскага права, якое адбылося 28 студзеня 1577 года з ласкі Стэфана Баторыя. Непасрэдна да святочнай даты быў створаны аргкамітэт па адзначэнні свята. Да арганізацыі мерапрыемства далучылася і гарадская філія ТБМ імя Францішка Скарыны. Непасрэдна правядзеннем імпрэзы заняўся кіраўнік філіі - Алег Дзьячкоў.

- Святкаванне гэтай даты, - адзначыў сябра аргкамітэту Алесь Сілкоў, у Магілёве сталася добрай традыцыяй. Пачынаючы з 1997 года, мы, актывісты дэмакратычных арганізацыяў ды партыяў, праводзім розныя мерапрыемствы і такім чынам спрабуем прыцягнуць увагу магілёўцаў да гэтай гістарычнай падзеі. Сёлета мы адаслалі ліст на імя мэра горада Віктара Шорыкава з просьбай дазволіць правядзенне канферэнцыі прысвечанай Магдэбургскаму праву ў памяшканні аднаго з музеяў горада. Таксама планавалася правесці конкурс сачыненняў і малюнкаў сярод вучняў школ на тэму "Я люблю Магілёў" і "Я малюю Магілёў". Мы ўжо атрымалі адказ, на жаль адмоўны... На жаль, сёння мы не можам масава святкаваць гэты сапраўды вялікі для горада дзень, але ж кожны з тых, хто паважае гісторыю, я ўпэўнены, павінен узгадаць у гэты дзень тое, што адбылося больш за чатыры сотні гадоў таму. Спадзяюся, што хутка 28 студзеня будзе нададзены больш паважны статус, што гэты дзень не будуць абыходзіць улады.

Сама імпрэза прайшла цікава ды дынамічна. 3 гісторыкаў выступілі з прамовамі Алег Дзьячкоў ды Аляксандр Агееў. Цікавыя дадаткі да іхніх прамоў рабіў Міхась Булавацкі. Паміж выступамі навукоўцаў маладыя магілёўскія літаратары Віталь Рыжкоў і Анка Упала прачыталі свае лепшыя творы перад слухачамі, якіх, дарэчы, сабралося на той вечарыне вельмі багата.

Спадарыня Лілея Кузьменка, як заўсёды, вельмі эмацыйна ды ўзнёсла, упэўнена ды пераканаўча распавяла пра нашую культуру. Пра культуру як праяву чалавечай гуманнасці ды Боскай мудрасці. А напрыканцы ўсіх зачаравала Руслана Уласава, якая шыкоўна праспявала верш "Мой родны кут". Усе ўдзельнікі вечарыны атрымалі кнігу ў падарунак , а гледачы былі ўзнагароджаны добрым настроем ды моцным пачуццём гонару за свой горад.

Сапраўды, ганарыцца ёсць чым: на ўсход ад Беларусі гарады не мелі права на самакіраванне паводле Магдэбургскага права, а яно, відавочна, спрыяла развіццю ды ўмацаванню нашага горада як фарпоста вольнасці, самакіравання.

Яўген Балбераў, Магілёў.


Успаміны Эдварда Вайніловіча

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Вандраванне было няўдалым, стала псаваліся гумовыя колы, так што ў Бабруйску мы былі не ў 10 вечара, а ў 3 раніцы. Нас чакалі з вячэрай старшыня часовага самакіравання Рагульскі і намеснік старасты Ежы Чарноцкі, які затым запрасіў мяне адпачыць пару гадзін, паколькі ў 7 раніцы мы павінны былі выехаць у Менск. У Бабруйску да нас дайшла добрая навіна аб пасоўванні атрадаў генерала Канаржэўскага да самага Рагачова, і калі б не паступіў загад адступіць, то коні ўланаў першы раз напіліся б вады з Дняпра. Замест 7 толькі ў 11 удалося адправіцца з Бабруйска ў кампаніі Рачкевіча і яго 2х памагатых: па цывільных пытаннях графа Эмерыка Чапскага, і па вайсковых справах паручніка Гадлеўскага, вельмі інтэлігентных і сімпатычных маладых людзей, якія, працуючы ў начальніка акругі, стануць здольнымі і дасведчанымі службоўцамі.

У Менску 7, 8 сакавіка 1920 г. Паседжанне Сельскагаспадарчага таварыства і "Саюза абшарнікаў". Галоўныя дэбаты над праектам закона аб разняволенні дробных арандатараў, які, няўмела распрацаваны Асмалоўскім, удалося часова прыпыніць для ўнясення неабходных змяненняў. Я выступаў на зборы, падтрымліваючы сам прынцып, лічачы неабходным зрабіць так, каб закон, якім карысталіся пры царскім самадзяржаўі праваслаўныя арандатары, ва ўмовах новага дзяржаўнага ладу быў пашыраны і для католікаў, для гэтага ў ім трэба было зрабіць толькі неабходныя змяненні. Агульны збор падзяліў гэты пункт погляду і вылучыў дэлегатаў для правядзення перамоваў па гэтым пытанні ў генеральным камісарыяце ў Вільні: З. Равенскага, Л. Уняхоўскага, графа Х. Грабоўскага і Сямашку. Мяне прыспешвалі прыняць удзел, але, спасылаючыся на цяжкую дарогу і неабходнасць пасядзець трохі дома, я адмовіўся і назаўтра, па жудаснай дарозе, вялікую частку якой я прайшоў пешшу, хоць ехаў на конях праз Старыцы, прыйшоў дадому.

12 сакавіка 1920 г. Не ўдалося мне доўга адпачываць, таму што на сняданак да мяне прыехаў нясвіжскі ардынат са сваёй даверанай асобай А. Аскеркам і прывёз тэрміновую дэпешу з Вільні ад графа Ежы Чапскага і Д. Даўгялы. У дэпешы гаварылася, каб я абавязкова прыязджаў на 15га, бо тэрмін перанеслі з 20га на 15е, каб я змог прыняць удзел у віленскай радзе, бо 20га я павінен быць у Менску на акруговым сойміку. Я не мог адмовіць, асабліва Даўгялу, якога прымусіў прыняць пасаду старшыні Варшаўскага саюза абшарнікаў, прыняўшы гэтым на сябе абавязак быць яму паслухмяным, калі мяне будуць выклікаць у выпадку крайняй неабходнасці. Прабыўшы такім чынам дома толькі паўтара сутак, я адправіўся праз Замак, Менск у Вільню.

Зза беспарадкаў на чыгунцы вандраванне гэтае заняло дзве бяссонныя ночы. Стаміўшыся, пры поўнай адсутнасці месцаў у гасцініцах, я спыніўся ў майго стрыечнага брата Станіслава Ваньковіча, некалі дэпутата Думы, а зараз старшыні кіравання Гандлёвага банка ў Вільні. Адразу ж я адправіўся па ўказанні да шаноўнага Д. Даўгялы. Даўгяла рацыянальна абгрунтаваў, што праца Саюза абшарнікаў з Літвы і Беларусі цалкам страціла сэнс у Варшаве, паколькі Цывільнае кіраванне ўсходніх земляў з Асмалоўскім на чале пераехала ў Вільню. Выдаючы розныя дэкрэты, часам для абшарнікаў вельмі шкодныя, яно павінна было знаходзіцца ў сталым кантакце на месцы з арганізацыяй тых жа абшарнікаў, каб быць добра інфармаваным, а часта і кантраляваным. Таму варта Саюз, узніклы ў Варшаве, распусціць (старшыня Даўгяла, віцастаршыні Уняхоўскі і Лядніцкі). Паколькі саюзы ў губернях ужо аднавілі сваю працу, варта вылучыць з іх Саюз з сталым прадстаўніцтвам у Вільні і начальнікам бюро, праца якога добра б аплачвалася, і які належным чынам абараняў бы інтарэсы абшарнікаў у Цывільным кіраванні ўсходніх земляў.

Для арганізацыі такога інстытута і быў сабраны агульны збор абшарнікаў з Вільні, Гародні, Коўні, Менска, Магілёва, Віцебска і Польскіх Інфлянтаў, на які трэба без прамаруджання ісці і які, зза адпаведных калізій і некаторай неарганізаванасці мясцовых элементаў, жадае бачыць мяне старшынём. Тамуто так настойвалі на маім прыездзе. Такім чынам, 15га ў 5 вечара сабралася кола прадстаўнікоў абшарнікаў, 40 50 чалавек, у зале "Льну красовага". Стаміўшыся пасля дарогі, нявыспаўшыся і малапасвечаны ў атмасферу Вільні, павінен быў старшынстваваць. Я гаварыў сабраным, што мяне да гэтага вымусілі, бо на гэтым зборы было гэтулькі людзей, якія не горш за мяне справіліся б з гэтым заданнем. Назаву прысутных: Д. Даўгяла, Х. Гяцэвіч, А. Мяйштовіч, Вагнер, А. Хамінскі, С. Ваньковіч, граф Часлаў Красіцкі, Мар'ян Плятэр і многія іншыя. Збор палічыў неабходным арганізаваць такі Саюз саюзаў з цэнтрам у Вільні і вылучыў рэдакцыйную камісію, якая павінна была быць часовым кіраваннем Саюза, распрацаваць статут і сабраць наступны агульны збор для абрання сталага кіраўніцтва.

Рэдакцыйная камісія стала часовым кіраваннем па неабходнасці, бо амаль штодня з'яўляецца неабходнасць дзейнічаць у аўтарытэтных сферах Цывільнага кіравання ўсходніх земляў. Калі я не памыляюся, у склад камісіі ўвайшлі: Даўгяла, С. Ваньковіч, Мар'ян Плятэр, Калантай, Адамовіч, Скіндар, Мохль, і на гэтым збор скончыўся. На наступны дзень, 16 сакавіка 1920 г., прайшла вельмі важная нарада ў Генеральным камісарыяце, напаўафіцыйная, са стэнаграфістамі па пытанні распрацоўкі дэкрэту аб дробных арандатарах і магчымым іх разняволенні. Зза адсутнасці Асмалоўскага, які быў у Варшаве па прычыне хваробы, старшынстваваў яго намеснік, Эдмунд Івашкевіч, у атачэнні сваіх галоўных супрацоўнікаў з кіравання.

Ад Віленшчыны дэлегатамі былі: С. Ваньковіч і адвакат Скіндар; ад Меншчыны: Людвік Уняхоўскі, Зыгмунд Равенскі, граф Грабоўскі, Сямашка і я. Дэлегаты даручылі мне выступіць ад іх імя перад пачаткам паседжання. Я пачаў з таго, што падкрэсліў добрую волю абшарнікаў у рашэнні лёсу дробных арандатараў. Але з другога боку, не да канца легальная праца ўраду ў змяненні грамадзянскіх законаў у акупаванай краіне, дагэтуль не анексаванай ні адным дэкрэтам, што супярэчыць канвенцыі ў Гаазе. Калі б не чыннікі легальнасці, то абшарнікі самі выступілі б з ініцыятывай прававога змянення і г. д. Гаварыць аб гэтым мне было вельмі лёгка, таму што некалі падобны праект разняволення дробных арандатараў я павінен быў прадставіць Сталыпіну і толькі рашэнне Польскага кола ў Дзяржаўнай Радзе мяне спыніла.

Івашкевіча вельмі ўзрадаваў мой выступ, ён паўтараў, што заўтра ён будзе перададзены па тэлефоне ў камісію Сойму, каб і яна мела паняцце аб поглядах абшарнікаў на Крэсах, якія, як некалі першымі падалі праект разняволення сялян, так і зараз разумеюць неабходнасць адпаведных аграрных рэформ. На наступных перапынках да мяне нават падыходзілі калегі, дзякавалі за выступ. Потым пачалася арганізацыйная праца над некаторымі параграфамі змянянага закона, якую вельмі падзелавому вялі Равенскі, Уняхоўскі і ўсе тыя, хто добра вывучыў пытанне, безумоўна, апярэджваючы віленскіх дэлегатаў, што нават падкрэсліў Івашкевіч да ўсеагульнай незадаволенасці апошніх.

(Працяг у наступным нумары.)


ЯНЫ ЗМАГАЛІСЯ, КАБ ЖЫЛА БЕЛАРУСЬ!

Падымайся з нізін,

сакаліна сям'я,

Над крыжамі бацькоў,

над нягодамі,

Занімай, Беларусь

маладая мая,

Свой пачэсны пасад

між народамі...

(Янка Купала.)

З пачатку 2008 года ў Таварыстве Беларускай Куль-туры ў Літве пачаліся мерапрыемствы, прысвечаныя 90-м угодкам БНР.

Адбываюцца імпрэзы, дзе ўзгадваюцца людзі, якія жылі для Беларусі, ахвяравалі сваім жыццём дзеля яе Незалежнасці, адбываюцца сустрэчы з выбітнымі асобамі, ладзяцца пешыя экскурсіі па гістарычных беларускіх мясцінах Вільні.

26 студзеня ў ТБК адбылася чарговая імпрэза. Першым выступіў аспірант, журналіст літоўскай газеты "Варута" Алесь Адамковічдаследчык жыцьця і дзейнасці беларускіх каталіцкіх святароў, у Таварыстве ён ужо прачытаў шэраг лекцый па гэтай тэме, а гэтым разам распавёў пра Чэслава Сіповіча, які ўсё сваё святарскае жыццё адстойваў больш шчаслівую долю беларусаў, вёў службы пабеларуску, спрычыніўся да стварэння беларускай бібліятэкі імя Фр. Скарыны ў Лондане.

Пра гісторыю Віленскай Беларускай Гімназіі расказала Л. Мілаш. Напярэдадні мерапрыемства адзначыла сваё 90-дзе равесніца ВБГ, яе ву-чаніца Вера Шостак, шмат гадоў яна працавала ў школах Беларусі, а пасля вайны - у Вільні, куды пераехала сям'я на сталае жыхарства, яна выкладала нямецкую і ангельскую мовы. Наведала Веру Сымонаўну і кола актывістаў ТБК, начале з Хведарам Нюнькам. В. Шостак і Х.Нюнька з'яўляюцца сваякамі, шмат успаміналі пра даваеннае жыццё ў Заходняй Беларусі, амаль адначасова прыехалі ў Вільню. Успамінала Вера Сымонаўна і пра гімназію, у студзені яна была цэнтрам увагі, пра яе здымалі перадачу, гаварылі на радыё "Свабода", бо яна ўжо па яе словах "апошняя з магікан". Раней і Вера Шостак актыўна прыходзіла ў ТБК.

У мінулым годзе адышлі на вечны спачын чальцы Таварыства вучні гімназіі Г. Астроўскі і Г. ВойцікЛуцкевіч. Прысутныя хвілінай маўчаньня памянулі тых, каго ўжо няма.

ВБГ- адна з першых беларускіх сярэдніх навучальных устаноў у Заходняй Беларусі. Існавала з 1919 па1944 г., заснавана па ініцыятыве І. Луцкевіча, які разам з братам Антонам Луцкевічам выкладалі ў гімназіі. Яны адыгралі вялікую ролю ў фармаваньні светапогляду вучняў, асабліва Іван Луцкевіч, які выкладаў беларусазнаўства і краязнаўства, звяртаючы ўвагу на патрыятычнае выхаванне. Гімназія імкнулася захаваць нацыянальны характар, таму ўсе прадметы ў гімназіі выкладаліся на беларускай мове ва ўсіх класах." На працягу чвэрці стагоддзя гімназія ўзгадоўвала кадры нацыянальнасвядомай інтэлігенцыі, унесла важкі ўклад у адраджэнне Беларусі. Яе жыццятворны ўплыў адчуваецца да нашых дзён." Так пісаў у сваёй кнізе "Вандроўкі па Вільні" Лявон Луцкевіч нашчадак знакамітага роду Луцкевічаў, былы вучань легендарнай гімназіі. Як яго дзядзька Іван на пачатку ХХ стагоддзя быў заснавальнікам ВБГ, так Лявон Луцкевіч на прыканцы ХХ ст. быў адным з арганізатараў і заснавальнікаў, разам з Хведарам Нюнькам, В. Стэхам Віленскай беларускай школы, якая цяпер носіць імя Фр. Скарыны. Лявон Луцкевіч распачаў, спачатку на радыё цыкл перадач, а пазней выходзілі брашуры "Партрэты Віленчукоў" пра выкладчыкаў і вучняў гімназіі, каб ведалі і помнілі нашчадкі, Пасля ягонай смерці працу прадоўжыла яго жонка Г. Войцік-Луцкевіч. Выйшла каля дзесяці кніжак, якія адразу сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. І наступныя пакаленні будуць удзячныя ім і іхнім справам. Нажаль не напісана гісторыя гімназіі, ці хто працягне серыю "Партрэты Віленчукоў". Выдаваліся кніжкі, дзякуючы багатаму архіву Зоські Верас. Пасля смерці Г. Войцік-Луцкевіч, яе сын Яраслаў Войцік перадаў частку бібліятэкі Зоські Верас, Г. Войцік-Луцкевіч і Лявона Луцкевіча ў Таварыства Беларускай Культуры, так напісала ў сваім тастаманце Галіна Антонаўна, кнігі каштоўныя яшчэ і тым, што многія з дэдыкацыяй аўтараў. Яны стануць экспанатамі для будучага музея. Лёс раскідаў па свеце былых вучняў гімназіі, але яны сваімі справамі і ўчынкамі праславілі Беларусь: Раіса ЖукГрышкевіч, Вінцэнты ЖукГрышкевіч, Наталля Арсеннева, Мар'ян Пецюкевіч. У Вільні пачыналі беларускае адраджэнне Лявон Луцкевіч, Леванід Кароль, Мікола Рулінскі і іншыя. Што можам робім для ўшанавання іх памяці. Бо гэтанашая недалёкая гісторыя.

Наступным выступіў Артур Яўмен. Ён гаварыў пра Ўстаноўчую Грамату Рады БНР, пра яе ролю ў станаўленні Беларускай дзяржаўнасці, нажаль ідэі, за якія змагаліся на пачатку мінулага стагоддзя, актуальныя і сёння. Мы тут жывём ў вольнай еўрапейскай краіне, без віз і нават без наяўнасці пашпарта можам ехаць у любую краіну Еўропы і не толькі. На ідэях БНР выхоўваецца новае пакаленне беларусаў. Сам Артур малады, актыўны чалец ТБК, вучыцца на апошнім курсе Віленскага дзяржаўнага унівэрсітэта, добра ведае гісторыю. Яго светапогляд пачаў фармавацца пад уплывам маці Тамары, якая ў Таварыстве ўжо не адзін год.

Пра жыццё і дзейнасць Янкі Філістовіча расказаў студэнт ЕГУ, прадстаўнік Маладога фронту Кірыл Атаманчык. Да яго было шмат пытанняў у прысутных, яны тычыліся яго актыўнай грамадскай дзейнасці. Яго выступ быў у форме апытання. Напрыклад, "А ці ведаеце вы баларускія маладзёвыя арганізацыі ў сучаснай Беларусі? Якія існавалі ў міжваенны перыяд? і г.д.

Успамінамі пра Г. Каханоўскага падзяліўся В. Радзюкевіч, ён расказаў пра адзін урок гісторыі, які правёў Г. Каханоўскі, замяніўшы захварэўшага настаўніка гісторыі, гэта быў першы ўрок гісторыі на беларускай мове, які запомніўся на ўсё жыццё, з гэтага ўрока пачалася ў яго любоў да роднага слова.

На імрэзе выступіў і старшыня ТБМ Віленскага краю імя Фр. Скарыны Юры Гіль, ён расказаў пра Браніслава Тарашкевіча, пра яго мэтанакіраванае змаганне па ўшанаванні памяці беларускага дзеяча, дзякуючы Ю.Гілю адна з вуліц Лаварышак носіць імя Бр. Тарашкевіча, а надаць імя мясцовай школе не атрымалася. Прысутныя пазнаёміліся з архівам Ю. Гіля пра вучонага. У гэтым годзе споўніцца 70 год з дня смерці Бр. Тарашкевіча. У 1933 годзе ён быў абменяны на Фр. Аляхновіча і неўзабаве растраляны.

Выбар вышэй згаданых асобаў для імпрэзы 26 студзеня абумоўлены тым, што на снежань, або студзеньпрыпадае іх дзень народзінаў, або смерці.

Напрыканцы імпрэзы ўсе прысутныя разам праспявалі гімн "Магутны Божа! на словы Н. Арсенневай, музыку напісаў М. Равенскі.

Праглядзелі фільм "Расціслаў Лапіцкі", які вельмі ўразіў , а І. Ахрамовіч - сябра ТБК нават убачыў сваякоў, ягоныя дзядзькі Ахрамовічы былі растраляныя бальшавікамі каля Маладэчна. Хоць імпрэза і зацягнулася, але ніхто не спяшаўся зыходзіць. Усе мерапрыемствы ў ТБК праходзяць пад нацыянальнымі сімваламі: белчырвонабелым сцягам, гербам Пагоня, прыходзіць моладзь, студэнты ЕГУ, былыя навучэнцы ліцэя імя Якуба Коласа. Прыходзяць тыя, каму цікава, а значыць Таварыства Беларускай Культуры ў Літве працуе на карысць Бацькаўшчыны! Жыве Беларусь!

Леакадзія Мілаш, г.Вільня, 27.01. 2008 г.


Грамадства абыходзіцца без дзяржавы

На незразумелую і неразумную і неразумную пазіцыю, занятую беларускімі дзяржаўнымі структурамі па ліквідацыі такой з'явы, як беларускамоўныя календары, беларуская грамадзянская супольнасць дала годны адказ.

Пакуль ТБМ вяло змаганне з дзяржаўнымі структурамі, дабіваючыся ад іх прызнання хібнасці іхняй пазіцыі, розныя грамадскія арганізацыі і аб'яднанні наладзілі выпуск насценных беларускамоўных календароў.

Першым такі каляндар выпусціла МГА "Бацькаўшчына", затым пайшлі календары Музея імя Янкі Купалы, Руху "За свабоду" і, нарэшце каляндар Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ). Напэўна, што гэта не ўсё.

Каляндар БАЖ звяртае на сябе ўвагу вастрынёй тэматыкі. Ён прысвечаны захаванню гістарычнай спадчыны беларускага народа. Ілюстрацыі падаюць помнікі культуры і архітэтэктуры (прыроды), якім пагражае знікненне або і знішчэнне. А на тытульным аркушы паказаны экска-ватар, як сімвал археалагічнай навукі незалежнай Беларусі.

Наш. кар.


Праз гады

"Неба ўкрыта хмарамі -

Чорнымі барознамі.

Я іду папарамі,

Я спяваю з соснамі ..." -

гэта пачатак верша Ірыны Платонаўны Крэнь "Сосны". Больш за паўстагоддзя я памятаю гэтыя радкі, настолькі яны ўразілі мяне сваёй вобразнасцю і рытмікай ...

Мы з Ірынай аднакурсніцы. У 1948 - 1949 гг. разам жылі ў інтэрнаце ў агромністым пакоі хімічнага корпуса БДУ. Там месцілася каля сарака студэнтаў першых курсаў з розных факультэтаў. З гаманлівай грамады дзяўчат Ірына выдзялялася задуменнай, спакойнай разважлівасцю. А калі смяялася, яе смех быў з нейкім нервовым надрывам. Мы не вельмі звярталі на гэта ўвагу. Нават я, хоць некалькі гадоў таму ў турме памерла мая маці, арыштаваная за нацыяналізм, не здагадвалася, што Ірына хавала ў душы вялікае гора: яе бацька быў рэпрэсаваны і сасланы. І мы ніколі не гаварылі з ёй пра нашыя беды. Разам хадзілі на лекцыі, наведвалі творчы гурток, бо абедзве пісалі вершы, абменьваліся ўражаннямі ад розных падзей на курсе.

Да дзяўчат у "пяцісотку" (так усе называлі наш агромністы пакой) наведваліся былыя аднакласнікі. Да Ірыны Крэнь прыходзілі студэнты-матэматыкі з педінстытута: Коля Семяняка і Стась Ёўса, вельмі ў яе закаханы, Ліля Вжосэк з інстытута замежных моў і на год старэйшы студэнтмедык Юра Аляхновіч. Гэтаму медыку мусіць я ўпала ў вока, бо, відаць па яго просьбе, Ірына пачала далучаць мяне да сваёй кампаніі. А на летнія вакацыі мяне запрасіла да сябе на некалькі тыдняў яе любімая настаўніца з Маўчадскай сярэдняй школы Яўгенія Міхайлаўна Данілевіч. Гэтая выключнай дабрыні жанчына адна гадавала трох дачушак і тым не менш, па просьбе Ірыны, прыняла мяне, як родную. У яе гасцінны дом часта прыходзілі Стась, Ліля, Юра, прыязджала цягніком са сваёй Ярашоўкі Ірына. У гасцёўні Яўгеніі Міхайлаўны была шырачэнная канапа. Там мы ўладкоўваліся каму як зручней, і пачыналіся бясконцыя гутаркі, жарты, спевы. Найбольш любілі спяваць украінскую песню "Ніченька місячна...". Любілі слухаць з грамафона музыку, найбольш класіку. Яўгенія Міхайлаўна была шчырай беларускай і ў сваіх вучнях падтрымлівала дух беларушчыны.

Аднойчы мы задумалі выцечку на возера Свіцязь. Павёў нас у гэтыя легендарныя мясціны Юрын бацька, настаўнік матэматыкі Георгій Іванавіч. Як цяпер памятаю сонечны, росны ранак, ціхую дарогу сярод палёў, празрыстае, як сляза, возера Свіцязь, круглую чашу якога ахіналі векавыя дубы, рабіны, вольхі і глухаваты голас Георгія Іванавіча, які папольску чытаў нам "Свіцязянку" Міцкевіча.

Пройдзе ўсяго некалькі гадоў, і жыццё раскідае тую нашую грамадку. Стась трагічна загіне, утопіцца ў рацэ каля ўласнай аселіцы, ратуючы хлопчыкападлетка з Ленінграда. Георгій Іванавіч страціць памяць і стане бездапаможным інвалідам. Мяне выключаць з універсітэта за тое, што не пісала ў анкетах, што мая маці памерла ў турме, а бацька жыў на эміграцыі. Пасля смерці Сталіна я скончу ўніверсітэт завочна, выйду замуж за Юрыя Аляхновіча, буду працаваць у Маўчадскай СШ, а потым у менскіх школах. Ірына, скончыўшы ўніверсітэт, будзе навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры АН БССР, стане жонкай вучонага-эканаміста Міколы Вераб'я.

У тыя гады мы з Ірынай сустракаліся не часта. Мы мелі сем'і, працавалі, гадавалі дзяцей, у кожнай з'явілася сваё кола прыяцеляў. За гэты час Ірына змянілася: стала больш адкрытай, усмешлівай, хораша прымала ў сваім доме сяброў. У яе кватэры бывалі Уладзімір Караткевіч, Ларыса Геніюш, Данута Бічэль. Ларыса Антонаўна перапісвалася з маім бацькам, які жыў у Канадзе. Даведаўшыся пра гэта, Ірына расказала ёй пра мяне, дала мой адрас. Так, дзякуючы Ларысе Геніюш і беларускаму этнографу, які пасля вайны жыў у Польшчы, Мар'яну Пецюкевічу, мой бацька праз многа год знайшоў мяне. А прычынілася да гэтага Ірына.

Мы сталі бачыцца часцей, калі Ірына перайшла на працу ў выдавецтва "Народная асвета". Я ў той час працавала ў НДІ педагогікі, друкавалася ў гэтым выдавецтве. Было і так, што Ірына мае рукапісы рэдагавала. Пазней яна рыхтавала да друку мае ўспаміны пра бацьку ў рэдакцыі газеты "Наша слова". Ірына была патрабавальным рэдактарам і мудрай дарадчыцай. І я за гэта ёй удзячная.

Ірына была сярод тых, хто пачынаў нашае Адраджэнне. Памятаю, як мы ўсе былі абураныя, калі афганцы на "Гуканні вясны" ў Траецкім прадмесці збілі навучэнцаў мастацкай школы-інтэрната. Ірына тады паклікала мяне да сябе і дала пачытаць запісы гэтых таленавітых дзяцей. Яны пісалі пра тое, як у нацыянальных строях з "жаваранкамі" спявалі беларускія народныя песні, гукалі вясну, а на іх брутальна напалі натрэніраваныя мужчыны і жорстка збілі ... Ірына ўдзельнічала ў сходзе таварыства "Мартыралог", дзе быў утвораны аргкамітэт Беларускага народнага фронту, ездзіла ў Вільню на ўстаноўчы з'езд БНФ. Калі ў Беларусь прыехаў Данчык, яна клапацілася, каб усе яе сябры наведалі канцэрты гэтага таленавітага беларускага спевака з вольнага свету. Мне прыслалі з Канады кружэлку з песнямі Данчыка. І Ірына перапісала гэтыя песні для магнітафона.

Яна была гасціннай гаспадыняй, добра гатавала. У яе ўтульнай кватэры за бяседным сталом заўсёды было хораша і весела. Ірына глядзела з усмешкай, як госці аддаюць належнае прыгатаваным ёю стравам, і прыгаворвала: "Умеюць есці беларусы!"

Ірына паспела выдаць літаратурную спадчыну свайго бацькі Платона Крэня, дзе змясціла і свае ўспаміны пра яго, і дала гэтай кнізе сумную назву: "Бывай, Ярашоўка". Падрыхтавала па гэтай кнізе цікавую радыёперадачу. І як жа яна цешылася, калі сябры, прачытаўшы кнігу, праслухаўшы перадачу, віншавалі яе!

Яна была чалавекам са слабым здароўем, але мела мужнае, поўнае дабрыні сэрца і светлую душу. Такой мне помніцца Ірына Платонаўна Крэнь - аднакурсніца, сяброўка на доўгія гады.

Рагнеда Аляхновіч (Грышкевіч).

21 - 29 красавіка 2005 г.


Наша студэнцкае сяброўства

Маё знаёмства з Ірынай Крэнь адбылося на ўступных экзаменах ва ўніверсітэт у 1948 г. Сярод абітурыентаў былі тыя, што свядома паступалі на беларускае аддзяленне. Але прэстыжным сярод мінчан лічылася рускае аддзяленне. Па выніках атэстата і экзаменаў я магла паступіць на рускае аддзяленне, але зрабіла свой выбар - беларуская мова і літаратура. Многія мае знаёмыя-мінчане дзівіліся з гэтага, "шкадавалі" мяне. Ірына вылучалася сярод дзяўчат, з якімі я сутыкнулася ў першы дзень вучобы ва ўніверсітэце, сціпласцю, была вельмі сімпатычная, можна нават сказаць прыгожая. Але галоўнае было ў глыбокім яе перакананні правільнасці выбару будучай спецыяльнасці.

З самага пачатку мы пасябравалі, разам хадзілі ў чытальную залу, наведвалі розныя вечары, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі. Наш педагог, Міхась Рыгоравіч Ларчанка, даваў нам магчымасць наведваць літаратурныя вечары ў Доме літаратара, знаёміў з пісьменнікамі. Да Ірыны ён ставіўся асабліва цёпла і ўважліва. Відаць, ён ведаў, што яна дачка Платона Крэня - рэпрэсаванага беларускага паэта. Мы разам рыхтаваліся да экзаменаў у канцы семестра, збіраліся невялікімі групамі і сустракаліся то ў Ліны Блінавай на кватэры, дзе яна жыла, то ў мяне, ў доме майго мужа - мае сваякі ўпадабалі маіх сябровак і нічога не мелі супраць нашых агульных заняткаў.

З вялікай удзячнасцю ўспамінаю той час, калі сяброўства правяралася выпрабаваннямі, якія давялося перажыць у жыцці.

1949 год… У краіне ідзе змаганне супраць так званых касмапалітаў. Ва ўніверсітэце такім касмапалітам быў аб'яўлены дацэнт Леў Бараг, які надрукаваў артыкулы пра міжнацыянальныя сувязі народных казак - ідэі дабрыні, справядлівасці, працалюбства, таленавітасць і іншыя рысы, што складалі сутнасць казак многіх народаў свету. На партыйным сходзе ўніверсітэта асудзілі гэты артыкул, даказвалі яго шкоднасць, адсутнасць патрыятызму аўтара. Было яшчэ шмат розных папрокаў у яго адрас. У гэты час Л. Бараг дачытваў нам курс старажытнай літаратуры ХІ-ХІІІ стст. Я была камсоргам групы і адчувала патрэбу не толькі падзякаваць яму за цікавыя лекцыі, выказаць свае адносіны да артыкулаў настаўніка. Група мяне падтрымала апладысментамі. Але ўжо на перапынку мяне паклікалі да парторга ўніверсітэта Арлова і далі зразумець, што маё выступленне накіравана супраць рашэння партбюро. Тэрмінова быў скліканы камсамольскі сход першага курса філфака, на якім было прынятае рашэнне выключыць мяне з камсамолу і прасіць кіраўніцтва універсітэта выключыць з ліку студэнтаў. Было прапанавана галасаваць за гэтую прапанову. Большасць камсамольцаў курса выступіла супраць мяне, але да гонару студэнтаў нашай, беларускай, групы яны галасавалі супраць такога несправядлівага рашэння. Сярод іх была і Іра Крэнь. Яна лепш за іншых ведала, што будзе са мною пасля такога акта - гэта тая самая рэпрэсія, якую яна перажыла на сабе. Я была вельмі ўдзячна сваім аднакурснікам за падтрымку, якая выратавала мяне. Маім абаронцам выступіў і прафесар І.В. Гутараў, ён сказаў, што не дасць мяне ў крыўду, не дазволіць ламаць лёс чалавека.

Пасля заканчэння універсітэта Іра засталася ў Менску - выйшла замуж, нарадзіла дачку. Яна не пакідала заняткаў літаратурай і друкавала артыкулы ў газетах, часопісах, брала інтэрв'ю ў вядомых дзеячаў беларускай культуры.

Яе артыкулы пра беларускіх пісьменнікаў дапамагалі навучэнцам больш дасканала і глыбока вывучаць творчасць пісьменнікаў, давалі выкладчыкам роднай мовы і літаратуры карысны матэрыял да вывучэння твораў, дапамагалі праводзіць пазакласныя мерапрыемствы. Мне асабіста яны вельмі дапамаглі ў маёй працы выкладчыка беларускай мовы і літаратуры ў Мінскім індустрыяльным тэхнікуме будаўнічых матэрыялаў. Сама Ірына пісала вершы, мілыя, шчырыя. Калі быў выдадзены зборнік вершаў яе бацькі, яна падаравала яго мне з цёплым надпісам.

Пры ўсёй сваёй занятасці Ірына знаходзіла магчымасць цікавіцца справамі і станам здароўя сваіх сяброў. Мы часта збіраліся, успаміналі былое студэнцкае жыццё. З цягам часу нашы сустрэчы станавіліся больш рэдкімі. Я бачылася з ёю на святкаваннях, прысвечаных Купалу і Коласу, на літаратурных вечарах у Доме літаратара, на сустрэчы беларусаў розных краін, у Палацы мастацтваў, дзе была выстава твораў Язэпа Драздовіча. Перамаўляліся па тэлефоне. Яна расказвала пра сваё жыццё, працу, пра дачку, унучку, распытвала пра мяне і маю сям'ю. Калі памёр мой муж, Ірына Платонаўна (для мяне яна была заўсёды проста Іра) прыйшла на пахаванне, хаця кепска сябе адчувала, выказала спачуванне, прынесла шыкоўныя белыя ружы.

Смерць Ірыны Платонаўны - гэта яшчэ адна горкая старонка ў маім жыцці. Я страціла верную, надзейную сяброўку. Памяць пра яе назаўсёды захаваецца ў маім сэрцы. Хай Бог даруе яе душы вечнае бяссмерце.

Тамара Бурэйка (Самойлава).


Каляндар святаў, прысвяткаў, абрадаў ды прыкметаў ад Юрыя Гіля

ЛІПЕНЬ

"Пякучы, але даручы"

"Ліпень косіць і жне

доўга спаць не дае".

Назва месяца паходзіць ад дрэва "ліпа", якое ў гэтаю пару якраз цвіце. Самы гарачы летні месяц, вяршыня лета, найвышэйшы росквіт прыроды ў гадавым цыкле, калі ліпы ахінаюцца ў белую квецень і пчалінны гул, а лугавыя травы і збажына пышна красуюць. У земляробаў ліпень - час касавіцы, а там і жніво.

"Ідуць касцы, звіняць іх косы,

Вітаюць іх буйныя росы,

А краскі ніжай гнуць галовы,

Пачуўшы косак звон сталёвы"...

(Я. Колас.)

Шмат працы ў селяніна ў гэтым месяцы, але працавітых потым ён узнагароджвае, аб чым сведчаць прымаўкі:

"Хто ў ліпні на полі пацее, таго ў зімку і печка пагрэе",

"Як пайшла карова па пракосе, то малако знялося, а як пойдзе па іржышчы - назад сышча"; "Калі ўлетку на сонцы не папячэшся, то ў зімку з холоду натрасешся"; "Летнюю часін-ку зімовым тыднем не заменіш"; "Лета прагуляў-шы, восенню не збярэш"; "Лецечка неўлежна, затое ўежна". На гэты месяц прыпадае Купалле, Пятро і Паўла (у праваслаўных), Серпавіца...

2 - га ліпеня - свята НПМ Будслаўскай (в. Будслаў)

3-га ліпеня - свята перапялятнікаў і навальніц. Лічылася, што ў гэты ці наступны дзень абавязкова грымне гром ці блісне маланка.

5-га ліпеня - тыдзень да Пятра; садзілі рэпу.

6-га ліпеня - Купалле, свята сонца і агню, урадлівасці і росквіту зямлі; старажытнае славянская ўрачыстасць, прыгадваецца ў летапісах ХІІ ст., з ім звязаны шматлікія абрады, легенды, павер'і, варажба.

У старажытнасці Купалле было пры-мяркована да летняга сонцастаяння, а потым хрысціянская рэлігія сумясціла гэтае свята са святам Івана (Яна) Хрысціцеля (Прадцечы), то яно набыло здваеннаю назву: Іван+Купала = Іван (Ян) Купала.

У ноч з 6 на 7 ліпеня - кульмінацыя Купалля (купальская ноч), а свята Ян (Іван) ужо 7 ліпеня. Калі Каляды былі галоўным зімнім святам, то Купалле - галоўным летнім.

Напярэдадні яго дзяўчаты збіралі кветкі на вянкі, рабілі запасы лекавых раслін ад рознай немачы.

У Купальскаю ноч хлопцы і дзяўчаты з усяе вёскі прыходзілі да рэчкі, раскладалі вогнішча, дзе забаўляліся гульнямі, вадзілі карагоды, спявалі купаліскія песні.

"Сягоння Купала, заўтра Ян,

Да пойдзем, дзевачкі, у зялёны гай,

Да нарвём купала па пучочку,

Да саўём, дзевачкі, па вяночку,

Каб нашыя вяночкі харошы былі,

Каб нашыя хлопцы нас любілі".

З Купаллем звязана адна з самых рамантычных легенд беларускага народа пра папараць-кветку. Верылі, што ў купальскаю ноч на папараць сыходзіць агонь Перуна, і яна ўспыхвае яркім цветам, цвіце апоўначы некалькі імгненняў, і трэба паспець ухапіць яе. "Хто гэтую кветку здабудзе, будзе мець усё, чаго толькі яго душа пажадае", "... можна тады ведаць усё, што на свеце робіцца".

У народзе захаваліся прыкметы, якія характэрны для Купалля.

"Калі на Іванаву ноч зорна, то многа будзе грыбоў". "Вялікая раса - да ўраджаю агуркоў".

"На Купалу пачынай касьбу, прайдзі хоць першы пракос".

Традыцыі Яна (Івана) Купалы ў Бела-русі захаваліся і працягваюцца дагэтуль.

12-га ліпеня - Свята апосталаў Пятра і Паўла. у народзе - Пятрок, яму папярэднічае ў праваслаўных пост, пра які гаворыцца: "Пят-роўка - самая галадоўка". Святых Пятра і Паўла народ лічыў сваімі апекунамі і памочнікамі ў гаспадарчых справах:

"Святы Пётра косы вострыць, а Святы Паўла граблі робіць"

На Пятроўку спявалі:

"Ой, разгон, разгон Пятроў дзень.

Паразганяў дзевачкі з гулячкі;

Годзі вам, дзевачкі, тут гуляць,

Бярэце сярпочкі, ідзіце жыта жаць!".

Лічылася, што з Пятроўкі лета ідзе на спад: "Прыйшоў Пятрок - апаў лісток..."

Таксама ў гэты перыяд трэба было ўжо ліпы драць на лыка, бо пазней кара прысыхае. Было заўважана: "Калі на Пятра гразь, то будзе добры ўраджай" (на наступны год). Пост канчаўся і можна было разгавецца: "Жджы Пятра - сыр з'ясі".

Пад звон косаў ("Святы Пётра ў косы звоніць").

"Святы Пятро талаку збіраў копы сена вазіць, стагі мятаць". Ён таксама "папар барануець, поле раўнуець, грунт гатуець, ды яшчэ "жыта родзіць", "жытцо спяліць". "Святы Пятро - жытцу вядро".

А гэта ўсё значыла - трэба ўжо і сярпы тачыць, бо "з Пятрова дня ў полі "пожня" (зялёны пакос).

Па дні Пятра людзі прадказвалі ўра-джай, пагоду і непагадзь і размяркоўвалі свае заняткі: "Калі на святога Пятра дождж, будзе жыта, як хвошч", "На Пятра дожд - сенакос мокры"; "Калі Пётра з Паўлам плачуць, дык людзі праз тыдзень сонца не ўбачаць". "Калі на Пятра дождж, то на Новы год будзе страшная мяцеліца."

Так, лічылі, што зязюля кукуе ад Юр'я да Пятра, а пасля гэтага замаўкае. Нібыта падавіўшыся ячменным коласам, які пад гэту пару выходзіць з трубак. Адхіленне ад згледжанай заканамернасці ведалі і заўважалі: "Калі зязюля перад Пятром перастане куваць, то будзе восень халодная і ранняя зіма". "Калі зязюля па Пятры кукуе, то восень будзе цёплая, а зіма стане па Усіх Святых, г.зн. 1 лістапада".

"Калі зязюля перастане куваць за два тыдні да Пятра, то лета тое будзе ўраджайнае і спакойнае".

Дзе-нідзе на Пятра і на Сёмуху спраў-лялі вяселлі і гэта не абміналася трапным словам: "Да Пятра дзеўка хітра, а на Пятры - хоць твар ёй падатры" (г.зн. стараецца спадабацца хлопцу і выйсці замуж, а калі гэта не ўдасца, то мусіць чакаць наступнай пары вяселляў, калі заявяцца сваты ў хату).

13-га ліпеня - дзень Сымона і Юды; пачыналі араць ці баранаваць папар. Гаварылі: "На Сымона і Юды конь баіцца груды".

14-га ліпеня - Кузьма і Дзям'ян, апякуны і дарадцы сенакосу і падрыхтоўкі да жніва; "Кузьма і Дзям'ян прыйшлі, - на сенакос пайшлі"; "Святы Кузьма сярпы робіць, святы Дзем'ян сена грабіць"; у гэты дзень не працавалі ў кузьнях, бо лічылі Кузьму з-за сугучнасці імені апекуном кавальства.

17-га ліпеня - свята Андрэя апекуна земляробства. Да гэтага дня выспявала жыта. "Зерне ў каласку - не валяйся ў халадку".

20-га ліпеня - Фама і Акакій (у праваслаўных); прыкмета: калі ў гэты дзень ідзе дождж, то гэта надоўга і шкодна для ўраджаю.

21-га ліпеня - Дзень Казанскай Божай Маці. Ён засцерагаў ад хвароб вачэй і галавы.

На поўдні Беларусі магло пачынацца жніво. Нельга было працаваць у гэты дзень: "Калі хто паробіць, ток нешта і зробіцца - маланка ў стог ударыць" "Будзеш вазіць сена на "Казанскаю", то гумно да другое "Казанскае" не дастаіць!".

А ў каталікоў у гэты дзень - святы Данат, трэба было "коскі тачыць, сянцо касіць".

25-га ліпеня - дзень пакутніка Прокла. Казалі, што ён прыносіць вялікаю расу, таму людзі стараліся высушыць сена, каб не згніло.

Згодна з каталіцкім календаром ў гэты дзень шанаваўся Якуб: "Які Якуб да паўдня - такая да снежня зіма"; "Дождж на Якуба - для жалудоў згуба".

26-га ліпеня - дзень Ганны ў католікаў, казалі народныя назіральнікі за надвор'ем так: "Як Ганна з даждом - дык гарох з чарвяком"; "Святая Ганна раніцы халодзіць"; "Калі на Ганну раніца халодная, то і зіма будзе ранняя і халодная". У праваслаўных - Гаўрылей; у гэты дзень людзе засцерагаліся, каб град не пабіў пасевы.

27-га ліпеня - Дзень Незалежнасці Беларусі. У гэты дзень у 1990 г. была прынята Дэкларацыя аб суверынітэце Беларусі.

28-га ліпеня - "Серпавіца, дзень "зазубрываня сярпоў і час падрыхтоўкі да жніва".

Для ліпеня ўвогуле характэрны частыя ліўневыя дажджы з градам, моцныя вятры, што перашкаджаюць сялянам у сельскагаспадарчых работах.

ЖНІВЕНЬ

"З сярпом па полі прайшоў". "Што ў полі ўродзіць - жнівень знаходзіць". "Кожная хата ў жніўні багата".

Жнівень - апошні месяц лета, яго назва паходзіць ад асноўнага клопата селяніна ў гэту пару - жніва.

Пра жніво складзена шмат песень, прымавак і прыказак: "Што поле ўродзіць, тое жнівень пазвозіць". "У жніўні і верабей піва зварыць"... А ў жнівенскай песні спяваецца:

"У полі жыта палавее,

У багатага душа млее,

Што ў засеку жыта тлее.

А ў беднага радуецца,

Што новы хлеб гатуецца,

Што з багатым зраўнуецца"...

А з першымі жнівеньскімі днямі адчува-ецца набліжэнне восені, хаця, здаецца, лета, як лета, бо сонца па-ранейшаму грэе шчодра і горача, але ўжо пашалёстваюць залаціста-жоўныя лісты кучаравай бярозы. Пачынаецца жніво азімых... Наступае грыбная пара. Бо ў жніўні цёпла і вільготна. А якая асалода ад збору грыбоў у гэты час! Баравікі, падасінавікі... - прывабліваюць чалавека ў лес, асабліва дзяцей, якія старанна шукаюць іх і напаўняць свае кошыкі. Іх "паход" у грыбы я нават занатаваў у сваім вершыку "Па грыбы":

"Адыходзіць лета, прайшла спякота,

Цяпер месяц жнівень,

Прайшоў дожджык лівень,

Пара грыбная, у лес ахвота...

Там баравік, грыб белы,

Ідзі ў лес, калі ты смелы.

На ранку ў лесе ціха, росна,

А днём інакш, жара і млосна.

Грыбнікоў, нібы гусей чароды,

З-за кустоў відаць іх вусы-бароды,

А пад вечар ідуць ужо і дзеці,

Шумяць, гамоняць і гукаюць,

Усе яны грыбоў шукаюць.

Затым ідуць дамоў,

нясуць кашы - карзінкі,

Як паглядзіш, то пацякуць і слінкі.

Крочаць вольна,

важна, з нейкім шыкам.

Затым хутчэй, хутчэй, з падбрыкам.

Мяне гэта радуе і цешыць,

І нават трошкі неяк смешыць."

1-га жніўня - прысвятак Макрыны, з якім асацыюецца макрэча, дажджліве надвор'е.

Усё гэта замацавалася ў прыкметах: "Калі ў дзень Макрыны дождж, то ўсё лета і восень будзе мокра, а калі суха, то восень сухая".

"На святую Макрыну нельга палоць грады, таму што ўсякая гародніна адмокне ад вялікіх дажджоў". Кажуць: "Глядзі восень па Макрыне".

2-га жніўня - Святы Ілля (прарок). Успрымаецца Ілля, як (ліць-дождж), нібы родны брат Макрыны. У народзе заўсёды казалі: "Прыйшоў Ілля - нарабіў гнілля". "Да Іллі ўсё і пад кустом сохніць - после Іллі, і на кусту не сушыць".

Лічылі, што Ілля на вогненнай калясніцы ездзіць "громы і маланкі пускае". Паводле Бібліі, ён тварыў цуды і жывым узнёсся на вогненнай калясніцы ў неба. У народзе захава-ліся рысы язычніцкага бога Перуна з вобразам святога Іллі, па-гэтаму слова "пярун" азначае "гром".

Дзень Іллі ўспрымаецца, як рубеж між летам і восенню: "Ілля жніво пачынае, а лета канчае", "На Іллю да абеда лета, а па абедзе восень", "Да Іллі поп просіць Бога пра дождж, а з Іллі і баба фартухом яго нагоніць".

З гэтага дня ўжо забаранялася купацца: "Прыйшоў Ілля і кінуў у воду алядня". Аб тым, што дні становяцца ўсё карацейшыя гаворыць прымаўка: "Пятро і Павел час убавіў, а Ілля - прарок - два ўвалок". Вада ў вадаёмах становіцца сцюдзёная. "Да Іллі мужыкі купаюцца, пасля яго - з вадой развітаюцца". Сярод людзей па Іллі склаліся і наступныя назіранні: "Калі на Іллю дождж - будзе жыта ядранае, але маланка папаліць арэхі; калі пагода - павінен быць добры сенакос; калі спякотна - трэба чакаць працяглай зімы". Ад Іллі звычайна пачыналася жніво: "Святы Ілля - слаўная жняя."

У беларускім фальклёры Ілля распара-джаецца надвор'ем, пасылае на зямлю дождж і навальніцу (з громамі і маланкамі), а таксама засуху і град. Пра Іллю складзена шмат прыказак, сярод якіх і такія: "На Іллю на лапату палью" (да новага хлеба), "Прыйшоў Пятрок-сарваў лісток, прыйшоў Ілля - сарваў два", "Ілля жніво пачынае, а лета канчае"; "Ілля блізка: гніся баба нізка, уставай раненька ды жні дапазненька". У гэтым месяцы ў сябе закончвалі касавіцу ды хадзілі талакою касіць удовам.

Жніво спрадвеку суправаджалася народнымі абрадамі - зажынкамі і дажынкамі.

4-га жніўня - Мар'я (Магдалена); гэты прысвятак асацыюецца ў народзе клопатамі жанчын аб ураджаі і прадказаннем надвор'я: "На Мар'ю росна - лён будзе шэры, неўма-лотны", "Магдалена - вады па калена", - гэтая прыказка сведчыць, што дажджы, непагадзь ад папярэдніх "мокрых дзён не спыняліся".

6-га жніўня - Дзень святых Барыса і Глеба, у народзе асцерагаліся ў гэты дзень працаваць, каб Бог не пакараў: не згарэла хата або пуня, не здохла жывёла. На Барыса і Глеба апошні раз купаюцца, гэтыя святыя лічыліся апякунамі земляробства. "Барыс і Глеб - паспеў хлеб".

7-га жніўня - Св. Ганны (жнеі), Маці Багародзіцы. Дзень Ганны, ідучы за Барысам нічым не адрозніваўся ў сялянскіх занятках: "Барыс з Ганнай не гуляюць, святому Іллі памагаюць".

За Ганнай прызнавалі тую ж старан-насць: "Святыя Ганны да помачы жаць сталі, вязь вязалі, копы клалі", "бабкі стаўлялі", "дамоў снапы звозілі, копы лічылі". На Ганну працаваць можна было толькі ў талацэ ці па найму. Гэты прысвятак асацыюецца з дбайнай жняёй: "Святы Барыс снапы зносіць, святыя Ганны дамоў возяць".

Народная прыкмета: "Халодная раніца - будзе халодная зіма".

У гэты дзень каляндар вылучаў імя Макара, якое ўслед за Макрынай і Іллёю таксама звязваў з макрэчай, ліўнямі: "Макар налье ў рукаў".

9-га жніўня - Палікон, дзень жніва, у які нібы маланка паліць копы, стагі.

У гэты дзень шануецца святы Панце-ляймон - угоднік лекарам, асобліва ад хвароб галавы.

12-га жніўня - Дзень апостала Сілы. Калі паспявалі закончыць жніво, гаварылі, што карысна пачаць сяўбу новага хлеба: "Хто на Сілу жыта пасее, у таго на хлеб надзея". Таксама ў гэты дзень Іаан-воін, яму маліліся, каб адшукаць украдзеныя рэчы і коней, і пакараць зладзеяў.

13-га жніўня - Спасаўскія запускі, пярэдадзень Спасаўскага посту.

14-га жніўня - першы Спас, які называюць яшчэ Мокрым альбо Мядовым. Лічыцца, што з гэтага дня пчолы перастаюць насіць мёд, а росы становяцца халоднымі і шкоднымі для здароўя.

Яшчэ гэты Спас называлі Макавей, свята маку. Асвянчалі ваду, зёлкі, садовыя кветкі, моркву. Елі пірагі з макам і морквою.

Усіх Спасаў было тры.

Да 28 жніўня , Спасаўка, - 15 дзённы пост.

(Заканчэнне. Пачатак на ст. 7.)

15-га жніўня ў като-лікоў унебаўзяцце НМП (Най-свяцейшай Марыі Панны).

16-га жніўня - дзень Антона, чакалі вятроў, якія называліся "Антоны - віхравеі"

У каталікоў у гэты дзень - Рох, святок, кірмаш для паненак. Хлопцы і дзеўкі з бацькамі ездзілі на кірмаш, дзе рабілі дамовы, дамаўляліся пра пасаг.

17-га жніўня - дзень Аўдоцці (Еўдакіі), яе называ-юць Сенагнойкай, бо ідуць дажджы, шкодныя для сена.

19-га жніўня - Яб-лычны альбо Вялікі Спас (дру-гі) кажуць, які гэты Спас - такі будзе студзень м-ц. Свята садавіны, якую асвянчаюць у царкве ў гэты дзень. "Спас - усяму час" - так гаварылі. "Спас - і лета ад нас".

Пачыналі пасля Спаса сеяць азімыя.

22-жніўня - апостал Мацей. У селяніна крыху работ змяншалася і таму так гаварылі: "Пасля Мацея му-жык на полі не пацее".

23-га жніўня - Лаў-рын, дзень млынара. Гаспадар-чыя работы ў селяніна часам змянялі адна адну і ён адпраў-ляўся малоць новае збожжа: "На Лаўрына - спяшай да млына".

25-га жніўня - На Віцебшчыне пачыналася т.з. "Чарвівая нядзеля". Пасеяны на працягу наступнага тыдня хлеб, як казалі, дае "чарвівую муку", з якой нельга вывесці казурак-калі з яе нават пячэш, яны да пары заціхаюць і ад-жываюць пасля таго, як асту-дзіцца хлеб.

27-га жніўня - апошні дзень "Спажыўнога паста" (спасаўкі - ласаўкі). У гэты дзень Міхей. Прыкмета лёгкі вецер у гэты дзень - будзе пагодлівая восень: моцны - дажджліваю і халоднаю".

28-га жніўня - Пра-чыстая ў праваслаўных (Дзень Успення Багародзіцы).

Лічылася, што з гэтага дня сонца пачынае "засынаць", г.зн. страчвае сваю летнюю сілу. Яшчэ гэты дзень называлі Спажа, Зельная. Асвячалі зёлкі і городніну, а таксама "бараду" - апошні снапок, зернем якога пасля Прачыстай пачыналі засеўкі. Наладжвалі свята свеч-кі: пераносілі яе з адной хаты ў другую, гасцявалі.

Лічылі, што ад Прачы-стай да Галавасека (11-га верас-ня) пачынаецца "маладое баб-скае лета".

29-га жніўня - Жытні альбо Хлебны Спас (трэці). У гэты дзень спраўлялі дажынкі.

Такім чынам у жніўні тры спасы: на першы (14-га) аглядалі бортнікі пчол, асвя-чалі мак і іншую гародніну. На другі (19- га) асвянчалі яблыкі (гэта быў самы важны Яблыч-ны Спас) і здымалі забарону есці садавіну (яблыкі і іш.). Трэці (жытні) азначаў канец жніва і пачатак сяўбы азімых. "Па трэцім Спасе - трымай рукавіцы ў запасе", - зазначае народныя мудрасць.

Спас - гэта старажыт-нае народнае свята, якое адзна-чалася між летнім і асеннім цыкламі земляробчых работ. Даўней на Спасы ладзілі кір-машы.

Да Вялікага Спаса (19 жніўня) царква прымеркавала Свята Праабражэнне Госпада Бога (Перамянене Збавіцеля). Паводле Бібліі, свята бярэ пачатак ад падзеі, якая адбы-лася на гары Фавор, на якую ўзышоў Ісус Хрыстос пама-ліцца. Калі Ён маліўся, выгляд яго змяніўся: вопратка стала светлай, а вакол галавы ўзнікла ззянне. З'явіліся прарокі Ілля і Майсей і пачалі з Ісусам гутарыць пра тое, што мае здарыцца з ім у Ерусаліме.

31-га жніўня - Святы Флор і Лаўр, заступнікі коней.

У гэты дзень коні павін-ны адпачываць. Іх нельга было на пашы путаць. Гэта прысвя-так пастухоў. "Конскім святам" называлі гэты дзень.

Жанчыны ў гэты дзень пяклі ляпёшкі, меншыя за чайныя сподачкі, і называлі іх капытамі. Жанчынам у гэты дзень забаранялася ткаць.

На жнівень месяц пры-падае так званая Рабінавая (Вераб'іная) ноч, пра якую часта прыгадваюць у мастац-кай літаратуры. Яе пара ад Іллі да Малой Прачыстай, г.зн. да 21 верасня.

Ноч гэта да жудасці злавесная і навальнічная, з парывістым ветрам, аглушаль-нымі ўдарамі грому і сляпу-чымі маланкамі.

Людзі гэту стыхійную з'яву звязвалі з "нячыстай сілай", якая быццам выходзіла ў гэты час з пекла і ладзіла свой шабаш. Сілы дабра, увасобле-ныя ў жывой прыродзе, давалі "нячысцікам" бой.

Лічылася, што ў гэтую ноч (Гарабінаваю) паспявае рабіна.

Жнівень - Спасавы ме-сяц, з'яўляецца збавіцелем ад усялякіх ядаў, якія назапаш-ваюцца ў арганізме чалавека. Каб правільна правесці чыстку арганізму патрэбан прытрым-лівацца посту, выконваць тры яго "залатыя" правілы:

1) поўнае адмаўленне ад ежы ("чысты пост") ад 2-х да 21 дня.;

2) "Водны рэжым" - ужыванне ў дзень гэтага паста паўтара - два літры крынічнай вады;

3) "Рухальны рэжым" - абавязкова хадзьба на пры-родзе да 10 км. у дзень.


У Менску выдадзеныя вершы Іллі Злотніка на ідыш з перакладамі на беларускую мову

У Менску выдадзены зборнік паэзіі Іллі Злотніка "Мая песня" на ідыш з перакладамі на беларускую мову.

У інтэрвію БелаПАН выдавец кнігі Вольф Рубінчык адзначыў, што гэта першы паэтычны зборнік на ідыш, выдадзены ў Беларусі за пасляваенныя гады. Па яго словах, асобныя вершы публікуюцца ў перакладзе на беларускую мову, зробленым Феліксам Хаймовічам. "Ілля Злотнік пісаў аб жыцці ў родным мястэчку, аб Вялікай Айчыннай вайне, аб мовах габрэяў і аб сучасным Ізраілі", - сказаў В. Рубінчык.

Злотнік Ілля Леаніда-віч нарадзіўся ў 1922 г. у мяс-тэчку Лапічы (цяпер - Мала-дзечанскі раён Менскай воб-ласці). Перад вайною вучыўся ў Менскім яўрэйскім настаў-ніцкім тэхнікуме і паступіў у Менскі педагагічны інсты-тут.

3 1942 па 1945 г. знахо-дзіўся ў Чырвонай Арміі, меў баявыя ўзнагароды. Пасля дэмабілізацыі выкладаў бела-рускую мову і літаратуру ў школах працоўнай моладзі г. Менска.

3 1960 па 1986 г. быў літработнікам, а потым старшым карэспандэнтам "Настаўніцкай газеты".

У 1990 годзе разам з сям'ёй пераехаў у Ізраіль, жыў у горадзе Рышон-Лецыён. Публікаваў вершы на ідышы ў газетах Ізраіля і Амерыкі. Памёр у 2006 г., пахаваны ў Рышон-Лецыёне.

Крэўныя сёстры

Лясы беларускія, ў памяці ўдзячнай Захоўваю вас я ашчадна.

Праз вашыя кроны мне нібыта бачны

Падзеі год страшных і чадных.


Галінамі гонкія вашыя сосны

Пры ветрыку лёгкіх павевах

Расказваюць былі мне сумна і ўзнёсла

Ў нягучных бясконцых напевах.


У час, як народ мой

за крок быў ад скону,

Крывёю сцякаў у змаганні,

Давалі прытулак вы дзецям ягоным,

I неслі вы ім ратаванне.


Далёка ад вас, беларускія сосны,

Я сёння жыву. I паверце,

Што пальмам тутэйшым

вы крэўныя сёстры,

Бо так адчуваю я сэрцам.

Мястэчка кожнае

Мястэчка кожнае

3 рачулкай плыткаю,

Над кожнай рэчкаю

Масток вузенечкі.

Ах, дзе ж падзеліся

Мае ўсе блізкія?

Застаўся цэлага

Шматок маленечкі.


Мястэчка кожнае

3 садком зялёненькім,

Мястэчка кожнае

3 глыбокай студзенькай.

О, як любіў жа я

Ды нашу хатаньку,

А не знайсці цяпер

Хацінкі любенькай.


Мястэчка кожнае

Гайком аздоблена,

Пры кожным доміку

Вясёлы ганачак.

Ах, вочкі чыстыя,

Ах, коскі чорныя!

Хіба забыць магу

Кахання раначак?


Беларусь - любы край

Пабачыла свет кніга вершаў аднаго з найстарэйшых сяброў ТБМ Фелікса Шкір-манкова "Беларусь - любы край". Як піша аўтар ва ўступным слове, ён нічога не прыдумваў, ён толькі зарыфмаваў убачанае і пачутае на гарадскім рынку, на які сёння, як і ў глыбокай старажытнасці, сцякаюцца ўсе гарадскія навіны. Навіны самыя розныя, хутчэй дрэнныя, чым добрыя, але гэта навіны з нашай любай краіны і пра нашую любую краіну. Таму і такая назва кнігі.

ВОСЕНЬ - ПАРА ЖУРАЎЛІНАЯ

Восень - пара жураўліная, Водгук пражытых гадоў.

Дзе ж ты вясна салаўіная,

3 водарам росных лугоў?


Дзе ж вы, сябры маладосці,

Хто з вас яшчэ не сышоў

У незваротныя госці,

I, дзякуй Богу, здароў?


Сумна, што большасць пражыта.

Радасць і гора было.

Шмат што між волі забыта

I у нябыт адышло.


Дзякаваць Богу за міласць,

3 ёю жыццё я пражыў.

Праўда, спагада і шчырасць,

Гэтым заўжды даражыў.


... Восень - пара жураўліная, Водгук пражытых гадоў.

Дзе ж ты, вясна салаўіная,

3 водарам росных лугоў?

1 кастрычніка 2006 г.

КАЗІНО

Рулетку лёсу раскруціў круп'е.

Нікому слова супраць не даруе,

I выйграць толькі тым дае,

Хто захапляецца, як ён махлюе.


О, гэты цуд - Дзяржава - казіно!

Грыміць аркестр, музыкі ў ражы,

Рулетка круціцца, за мной даўно

Цікуюць хлопцы ў камуфляжы.


Я ўсё сабе кажу, што гэта сон,

Прачнуся - і пачвара згіне,

Няўжо на нас сышоў з нябёс праклён,

I доля лепшая надоўга нас пакіне?


Стаім на самым, на краі

Страшэннай бездані без роднай мовы.

Мы адракліся ад яе, а сёння карані

Сваёй адметнасці прадаць гатовы.


Манкурты зноў перамаглі,

Калі стаміліся ў дарозе коні,

I шлях да беларускае зямлі

Стаў пахавальным шляхам для Пагоні.


Прадалі ўсё, цяпер адно -

Прадаць нам засталося свае душы.

А мо аддаць дарма, бо нам "лапшу" даўно

"Старэйшы брат" навешвае на вушы?


О, гэты цуд - Дзяржава - казіно!

Рулетка круціцца, музыкі ў ражы.

Як Тэрмінатар у жудасным кіно,

Круп'е з дубінкаю і ў камуфляжы.

27 лістапада 1996 г.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX