Вярнуцца: 2008

№ 12 (851)


Крыніца: pawet.net.



№ 12 (851) 19 САКАВІКА 2008 г.

З Вялікім Днём, беларусы!

З Днём Волі!

ПРЫВІТАННЕ СТАРШЫНІ РАДЫ БНР

Дарагія Суродзічы!

Вітаю Вас з вялікім Юбілеем ў жыцці беларускага народу: дзевяностымі ўгодкамі абвешчання незалежнасці Беларускай Народ-най Рэспублікі.

Пасля стагоддзя жудаснай няволі і этнацыду, пасля чатырох гадоў голаду і мукаў спрычыненых чужой вайной на беларускай зямлі, народ наш знайшоў у сабе сілу і годнасць абвесціць свету, што ён таксама хоча жыць вольным на гэтай зямлі, што ён таксама мае права быць гаспадаром у сваёй хаце.

III Устаўная Грамата БНР - ці Акт 25-га Сакавіка, - найважнейшы дакумент у нашай сучаснай гісторыі...

Нам усім ведама, дарагія суродзічы, што без Акту 25-га Сакавіка, без Беларускай Народнай Рэдспублікі, не было б сёння беларускага народу нагэтай зямлі...

Беларуская Народная Рэспубліка не ўспела аднак замацаваць новаабвешчаную дзяржаву. Хаця суседзі яе прызналі, нашым паслам у Версалі не ўдалося абараніць права беларускага народу на самавызначэнне Ворагі нашыя былі мацнейшымі. I Беларусь у тыя часы ня мела у Вашынгтоне, Лёндане і Парыжы сяброў, якія працавалі б на яе карысьць, такіх якіх мелі палякі і балты. Абвешчанне Беларускай Народнай Рэспублікі змусіла аднак захопнікаў стварыць БССР...

... Рада БНР у міжчасе, хаця ў экзылі, прадаўжала змаганне за незалежнасць. Яе прадстаўнікі ўва усім свеце былі тымі абаронцамі правоў беларускага народу, якіх ён не меў у 1918-м годзе. Па крысе, не гледзячы на дзікую прапаганду супраць нас Масквы і яе тагачаснага васала - Менска, мы інфармавалі вольны свет пра паняволены народ, пра нашую гісторыю, нашую культуру, нашае права быць гаспадарамі на сваёй зямлі...

... Хаця я ўжо не маладая, веру, што пабачу яшчэ вольную і незалежную Беларусь, такую якой яна сёння была б, калі б бальшавіцкія агрэсары не напалі на Беларускую Народную Рэспубліку і не зняможылі яе.

Адродзім наш цудоўны край. Народ наш пераможа страх і ўваскрэсне, так як Уваскрос Наш Госпад Ісус Хрыстос!

Дык памажы нам Божа!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвіла, Старшыня Рады БНР.


Заклік ТБМ з нагоды 90-х угодкау Беларускай Народнай Рэспублікі

Незалежнасць нашай краіны ўпершыню была агалошаная на ўвесь свет 25 сакавіка 1918 года. 90 гадоў таму беларусы зрабілі свой палітычны выбар. Беларуская мова стала мовай суверэннай Беларускай Народнай Рэспублікі. На ёй былі напісаныя дзяржаўныя акты, яна стала рабочай мовай Ураду БНР.

На жаль, сёння родная мова - адзін з галоўных чыннікаў дзяржаўнасці - пачувае сябе няўтульна на роднай зямлі нашай незалежнай Беларусі. Абмежаваныя ўмовы для яе развіцця і шырокага ўжытку. Беларускую мову ігнаруе цяперашні Урад, чыноўнікі рознага рангу. Мае месца нават пераслед яе носьбітаў.Таварыства беларускай мовы цягам свайго існавання адстойвае канстытуцыйнае права дзяржаўнай беларускай мовы быць роўнай сярод іншых моваў, каб, урэшце, "заняць свой пачэсны пасад між народамі".Рада ТБМ у гонар 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі падтрымлівае ідэю правядзення ва ўсім свеце агульнанацыянальнай дыктоўкіі заклікае прыняць удзел у гэтай гуманітарнай акцыі ўсіх, каму дарагія ідэалы вольнай Беларусі. Гэта паспрыяе замацаванню ў грамадскай свядомасці і даты 25 Сакавіка, і значэння роднай мовы. Без роднай мовы няма нацыі, без нацыі не можа быць дзяржавы. Беларуская мова - гэта шлях да сябе, да самавызначэння. Зробім свой выбар на карысць незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Шануйма нашу слаўную гісторыю, наш нацыянальны духоўны скарб - родную мову!


Што адкажуць улады?

Палітычныя дзеячы Рэспублікі Беларусь Лявон Баршчэўскі , Аляксандр Мілінкеівіч , Мікалай Статкевіч , Анатоль Лябедзька 7 лютага 2008 года звярнуліся ў Менскі гарвыканкам з заявай наступнага зместу :

"У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" просім даць дазвол на правядзенне шэсця і мітынга пад назвай "Дзень Незалежнасці".

Мэта мерапрыемства: святкаванне 90 год абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дата правядзення мерапрыемтсва: 25.03.2008г.

Месца збору ўдзельнікаў шэсця: г. Мінск, пр. Незалежнасці, д. 50 (Беларуская дзяржаўная філармонія).

Час збору ўдзельнікаў: 18.00 - 18.30.

Час шэсця: 18.30 - 20.00

Маршрут шэсця: па праспекце Незалежнасці ад пл. Я. Коласа да вул. Валадарскага (адна паласа праезджай часткі), па вул. Валадарскага (праезджая частка), вул. Гарадскі Вал (праезджая частка), вул. Купалаўская (праезджая частка) да пляцоўкі ля помніка М. Багдановічу (пл. Парыжскай камуны).

Месца правядзення мітынга: пляцоўка побач з помнікам М. Багдановічу (пл. Парыжскай камуны).

Час правядзення мітынга: 20.00 - 22.00.

Плануемая колькасць удзельнікаў: да 1000 чалавек.

Грамадскі парадак пры правядзенні масавага мерапрыемства шэсця і мітынга гарантуем."

Што адкажуць улады, будзе бачна 25 сакавіка.


У Вільні свята будзе па поўнай праграме

У Вільні, Беларускімі дэмакратычнымі сіламі створаны арганізацыйны камітэт па святкаванні Дня Волі, які прадугледжвае: 25 сакавіка аб 12 гадзіне ўскладанне вянка да помніка заснавальнікам Беларускага адраджэння Івану і Антону Луцкевічам.

А 15 гадзіне адбудзецца ўрачысты Сход у вялікай зале дома настаўніка, затым шэсце са сцягамі ад Віленскай вуліцы да Базыльянскіх муроў, дзе ў царкве Святой Тройцы адслужаць малебен за Беларусь.


АБВЯШЧЭННЕ БНР

У ноч з 24-га на 25-е сакавіка 1918 года, у Менску, пасля доўгіх абгавораў і спрэчак, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвесціла незалежнасць Беларусі ад Расеі і выдала з гэтага поваду "Трэцюю Устаўную Грамату" да жыхарства Беларусі.

Памеры і характар нашага часоліса не даюць нам магчымасці падрабязней спыніцца на гісторыі гэтага акту, а таму мы абмяжуемся толькі галоўнымі фактамі і этапамі, падрыхтаваўшымі гэты гістарычны акт.

...Усебеларускі Кангрэс, які адбыўся 5-18 снежня 1917 года (па старому стылю), абвесціў Беларусь Народнаю Рэспублікаю і абраў Раду Кангрэсу і яе Выканаўчы Камітэт, якім даручыў скласці першы ўрад Беларусі і ўвайсці ў перагаворы з Расійскім і Украінскім урадамі аб фармальным замацаванні федэрацыі з гэтымі Рэспублікамі. Выконваючы даручэнне Кангрэсу, Выканаўчы Камітэт Усебеларускага Кангрэсу ў канцы снежня месяца 1917 года звярнуўся да Масквы і Кіева з прапазыцыямі аб канстытуцыіраванні Федэрацыі. Але і Масква і Кіеў, кожны з розных прычын, прапазыцыю гэтую адкінулі: Масква жадала і надалей панаваць над Беларуссю, як сваёй калоніяй, а Украіна, якая толькішто абвесціла сваю незалежнасць ад Масквы, не жадала сябе звязваць ніякімі новымі дзяржаўнымі звязямі з Маскоўшчынай. Такім чынам працягнутая Беларуссю рука асталася ў паветры.

Беларускае грамадства, лятуцеўшае ў той час аб Усеславянскай Федэрацыі і глядзеўшае на федэрацыю з Маскоўшчынай і Украінай, як на першы крок у гэтым кірунку - было дужа расчаравана гзткім адношаннем да прапазыцый Усебеларускага Кангрэсу і змушана было зрабіць належныя вывады. I вось ужо 31 снежня 1917 года (па стараму стылю, новы стыль ва Беларусі ўведзевы быў з 1га лютага 1918 года) на навагоднім банкеце, які адбыўся ў Менску ў Клубе "Беларуская Хатка", сябрамі Прэзыдыюму Беларускай Вайсковай Цэнтральнай Рады было рашуча пастаўлена пытанне аб абвешчанні незалежнасці Беларусі. Пасля адпаведных прамоў, быў пушчаны ліст з кароткай дэкларацыяй: "Хай жыве Незалежная Беларуская Народная Рэспубліка!" Ліст гэты быў падпісаны ўсімі прысутнымі на банкеце беларускімі дзеячамі.

Гэты банкет і праведзенае на ім, шляхам падпісання ліста, папярэдняе галасаванне канчаткова вырашылі пытанне абвешчання Беларускае Народнае Рэспублікі незалежнаю. Аставалася толькі належным і аўтарытэтным чынан аформіць гэтую важную справу.

Разглядаючы падзеі 1917 і 1918 гадоў на Беларусі, трэба ўвесь час памятаць, што цераз усю Беларусь праходзіў нямецкарасейскі фронт, які адрэзаў Заходнюю Беларусь ад Цэнтральнай і Усходняй Беларусі, ды што ўся Цэнтральная Беларусь была набіта расейскімі вайскоўцамі і рознымі расейскімі грамадскімі арганізацыямі, абслугоўваўшымі армію. У беларускіх гарадах, асабліва ў Менску, дзе стаяў штаб Заходняга фронту, расейская прыезджая інтэлігенцыя ўваходзіла ў значнай лічбе ў гарадскія і нават земскія самаўрады, дзе мела вялікі ўплыў і ў хаўрусе з яўрэйскімі дамаўласнікамі ды польскімі і расейскімі абшарнікамі ўсімі спосабамі перашкаджала працы Выканаўчага Камітэту Ўсебеларускага Кангрэсу.

Прайшло некалькі тыдняў пакуль Выканаўчы Камітэт і Рада Ўсебеларускага Кангрэсу настолькі ўмацаваліся, што здолелі, з дапамогай Беларускай Вайсковай Цэнтральнай Рады, узяць уладу ў Менску ў свае рукі і стварыць першы Урад Беларусі - Беларускі Народны Сакратарыят. Здарылася гэта 19 лютага І918 года, калі Беларуская Вайсковая Цэнтральная Рада, скарыстаўшы абставіны і абапёршыся на беларускіх вайскоўцаў і свядомую моладзь у Менску, захапіла горад і яго ваколіцы ў свае рукі і стварыла ў Менску Беларускую Камендатуру і 1шы беларускі пяхотны полк.

Расейская армія, у якой панаваў тады поўны развал, адступіла на Усход, за Воршу, на лінію Дзвіна-Дняпро і беларусам не перашкаджала. Затое на маладую беларускую ўладу адразу ж зрабілі напад польскія абшарнікі з Паўднёвае Меншчыны, якія мелі ў раёне Бабруйска сканцэнтраваны польскі корпус генерала ДаўбарМусніцкага. Частка гэтага корнуса адразу была кінута на Менск з паўднёвага боку, каб зліквідаваць беларускую ўладу і захапіць Цэнтральную Беларусь і беларускую сталіцу ў польскія рукі. Аднак гэтыя захопніцкія планы палякаў на той раз не ўдаліся, бо хутка ў справу ўмяшаліся немцы, якія павялі наступ на Менск з захаду і акупавалі яго.

Нямецкая акупацыйная армія спыніла беларуска польскія сутычкі ў дужа арыгінальны спосаб: яна абязброіла, як палякаў, так і беларусаў; пры гэтым польскія вайсковыя часткі былі перавезены з Беларусі ў Польшчу, а беларускія вайскоўцы былі інтэрнаваны. Зліквідаваўшы польскую пагрозу, акупацыйная армія не спыніла працы Народнага Сакратарыяту Беларускай Народнай Рэспублікі, які застаўся ў Менску і, не гледзячы на розпыя абмежаванні і перашкоды з боку акупантаў, лічыў сябе і ўважаўся ўсім жыхарствам за адзіную законную ўладу на Беларусі.

Пасля стварэння Беларускага Народнага Сакратарыяту і пераходу ўлады ў рукі беларусаў, расейскія і яўрэйскія партыйныя арганізацыі, а таксама Менскі гарадскі і земскі самаўрады зрабіліся больш лагоднымі і выказаліся за поўнае супрацоўніцтва з Радай Усебеларускага Кангрэсу і яе арганізацыямі Выканаўчым Камітэтам і Беларускім Народным Сакратарыятам. У выніку гэтае беларускае перамогі аказалася магчьшым сканструяваць Беларускі Прадпарламент, які аб'яднаў у сабе: 1) Раду і Выканаўчы Камітэт Усебеларускага Кангрэсу, 2) Беларускую Цэнтральную Вайсковую Раду, 3) прадстаўнікоў ад беларускіх гарадскіх і земскіх самаўрадаў і 4) прадстаўнікоў ад усіх палітычных партый на Беларусі. Створаны на гэткім шырокім прадстаўніцтве Беларускі Прадпарламент быў названы: Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. У ёй былі рэпрэзэнтаваны ўсе краёвыя нацыянальнасці, самаўрады, кірункі і партыі, за выключэннем невялічкае групы беларускіх хрысцігаў і абшарнікаў, якія згрупаваны былі каля беларускага абшарніка Рамана Скірмунта і ўскладалі надзею на тое, што сваімі даносамі на Раду даб'юцца ад акупаваўшых Менск немцаў разгону Рады. Немцы, аднак, добра бачылі, што Рада штодзень болей набывае ў Краі папулярнасці і сімпатыяў, а таму разагнаць яе не адважваліся, хаця ж у Радзе і была непажаданая ім сацыялістычная большасць.

Хаця беларускія партыі і арганізацыі мелі ў Радзе большасць, аднак з актам абвешчання незалежнасці Беларусі яны не спяшаліся, бо хацелі каб гэты акт быў вынесены як мага большаю лічбаю галасоў. З гэтай мэтай вяліся адпаведныя перагаворы з партыямі іншых нацыянальнасцяў у Радзе ды разам з тым чакаліся "беларускія рэзервы" з Заходняй Беларусі, якой таксама былі прадугледжаны 10 мандатаў у Радзе БНР.

24 сакавіка з'явіліся ў Раду прадстаўнікі Віленскай Беларускай Рады, лічба беларускіх галасоў павялічылася, апрача таго атрымана была згода на абвешчанне незалежнасці Беларусі ад некаторых расейскіх і яўрэйскіх груповак. I пытанне аб прыняцці дэкларацыі з абвешчаннем незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі было пастаўлена ў парадак дня. Пасля доўгіх спрэчак з расейскімі сацыялістамі рэвалюцыянерамі, польскімі сацыялістамі і некаторымі яўрэйскімі групамі, пад самую раніцу быў зроблены перапынак, а на світанні пераважнай большасцю галасоў была прынята "Трэцяя Устаўная Грамата" з абвешчаннем незалежнасці Беларускае Народнае Рэспублікі.

Калі абвешчаны былі вынікі галасавання, у зале запанаваў урачыстаузняты настрой, беларускія сацыялісты заспявалі рэвалюцыйны беларускі гімн: "Ад веку мы спалі, і нас разбудзілі!..." Уся Рада ўстала і дружна падхапіла гэтую хвалюючую, магутпую мелодыю з яе захопліваючымі, як прысяга, словамі.

У гэты момант праз вокны ўдарылі першыя залатыя праменні наступаючага 25-га сакавіка, і ўся зала афарбавалася ў нейкі містычнаружовы колер. Захопленыя агульным уздымам, нават прадстаўнікі расейскіх с.р. і яўрэі, пасля адспяванага гімну, зрабілі ўрачыстыя заявы, у якіх падкрэслілі, што, лічачыся з стаўшымся фактам, яны таксама ўсімі сіламі будуць падтрымоўваць Беларускую Дзяржаву.

1933 г. Кастусь Езавітаў


Тыдзень у гонар Дня Незалежнасці Беларусі ў Еўрапарламенце

У Еўрапейскім Парламенце упершыню ў гісторыі прайшоў Беларускі тыдзень у гонар Дня Незалежнасці Беларусі 25 Сакавіка. Беларускі тыдзень - складовая частка святкавання 90-годдзя абвешчання Беларускае Народнае Рэспублікі.

Беларускі тыдзень у Еўрапейскім Парлямэнце (ЕП) быў арганізаваны яго найбуйнейшай групай (фракцыяй) "Еўрапейская народная партыя - Еўрапейскія дэмакраты" (ЕНПЕД) з ініцыятывы Партыі БНФ, якая ўваходзіць у Еўрапейскую народную партыю ў статусе назіральніка. У студзені пісьмовую прапанову ў Еўрапарламент накіраваў Вінцук Вячорка, а Аляксей Янукевіч у Бруселі непасрэдна дамовіўся з новаабраным кіраўніком Дэлегацыі ЕП дзеля сувязяў з Беларуссю Яцкам Пратасевічам.

На ўрачыстым адкрыцці Беларускага тыдня выступілі прэзідэнт Еўрапейскага Парламенту ГансГерт Пётэрынґ, Еўрапейскі камісар у пытаннях вонкавых дачыненняў Бэніта ФэрэраВальднэр, старшыня групы ЕНПЕД Жазэф Доль. Ад беларусаў прамаўлялі Аляксандар Мілінкевіч і Лявон Баршчэўскі, які прэзентаваў свой 28моўны "Беларускаеўрапейскі слоўнік" і падараваў яго асобнік сп. Пётэрынґу.

На паседжанні Дэлегацыі дзеля сувязяў з Беларуссю ад імя Аб'яднаных дэмакратычных сілаў выступіў сустаршыня АДС, першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

У межах Беларускага тыдня прайшлі прысвечаныя Беларусі паседжанні структурных адзінак ЕП, шматлікія палітычныя сустрэчы, круглыя сталы, творчыя акцыі: паказ фільма Ю.Хашчавацкага і У.Арлова "Беларусь - назад у Еўропу", выстава жывапісу Аляксея і Ігара Марачкіных, фотавыстава Ігара Крашэўскага, Юліі Дарашкевіч ды інш., канцэрт Змітра Вайцюшкевіча ды яго "W-Z Orchestra". Збіраліся подпісы еўрадэпутатаў за зніжэнне кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў.

Круглы стол "Незалежная дэмакратычная Беларусь як неаддзельная частка Еўропы" быў прысвечаны праблемам геапалітычнага выбару Беларусі, суадносінам барацьбы за незалежнасць і за свабоду, стратэгіі і тактыцы дэмакратычных сілаў. У ім узялі ўдзел Яцэк Сар'юш-Вольскі, старшыня Камітэту міжнародных справаў Еўрапейскага Парламенту, і намеснік старшыні групы ЕНПЕД Мар'ян Марынэску

Вячэру ў гонар беларускіх гасцей даў старшыня групы ЕНПЕД Жазэф Доль. У прывітальным выступе ён зазначыў, што як эльзасец, продкі якога цярпелі ад чужых рэжымаў, выдатна разумее ролю нацыянальнай ідэнтычнасці, мовы, гістарычнае памяці ў барацьбе за свабоду.

Дэлегацыя Партыі БНФ правяла ў Еўрапарламенце перамовы з дэлегацыяй шведскай Партыі мадэратаў, нямецкімі, літоўскімі, славацкімі еўрадэпутатамі.

Наш кар.


Амбасадары пісалі дыктоўку па-беларуску

15 сакавіка а 14 гадзіне у сядзібе ТБМ распачалася Агульнанацыянальная беларуская дыктоўка прысвечаная 90м угодкам абвяшчэння БНР.

Гэта дата абрана невыпадкова, бо менавіта 15 сакавіка 1994 года была прынятая першая Канстытуцыя незалежнай Рэспублікі Беларусь. У ёй адзінай дзяржаўнай мовай у краіне стала беларуская мова, што сведчыла аб перамозе здаровага сэнсу сярод большасці дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі розных палітычных поглядаў.

У дыктоўцы прынялі ўдзел амбасадары і прадстаўнікі амбасадаў Славакіі, Швецыі, Польшчы, Літвы, Украіны, Вялікабрытаніі, ЗША і іншых краін.

На пачатку дыктоўкі яны зачыталі вершы класікаў сваіх нацыянальных культур, прысвечаных роднай мове, якія былі перакладзены на беларускую мову. Дыпламат Вялікабрытаніі прачытаў верш Янкі Купалы ў перакладзе на англійскую мову.

У якасці тэксту дыктоўкі была прапанавана адаптаваная да сучаснай беларускай мовы "Прадмова" да зборніка "Дудка беларуская", напісаная Ф. Багушэвічам.

Сама Агульнанацыянальная дыктоўка адбудзецца на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі 23 сакавіка 2008 года.

Наш кар.

На здымку: 1. Амбасадары пішуць дыктоўку. Тэкст чытае першы намеснік старшыні ТБМ Людміла Дзіцэвіч.

(Матэрыялы ў працяг тэмы Агульнанац. дыктоўкі гл. у наст. нумарах.)


Паседжанне Рады ТБМ

16 сакавіка 2008 г. у Менску прайшло паседжанне рэспубліканскай Рады ТБМ. Паседжанне было прымеркавана да 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. На парадак дня Рады былі вынесены наступныя пытанні:

1. Падрыхтоўка да чарговага X з'езда ТБМ.

1.1. Вызначэнне даты правядзення з'езда.

1.2. Вызначэнне квотаў на з'езд для дэлегатаў ад рэгіянальных структур ТБМ, якія стаяць на афіцыйным уліку.

1.3. Вызначэнне неабходных дакументаў для рэгістрацыі дэлегатаў і тэрмінаў іх падачы ў сядзібу ТБМ.

2. Абмеркаванне сітуацыі ў сувязі з уступленнем у сілу з 24.04.2008 г. Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які пазбаўляе грамадскія арганізацыі льгот на арэндную плату. Прыняцце адпаведнай заявы і пастановы.

3. Аб удзеле ў напісанні агульнанацыянальнай дыктоўкі 23 сакавіка 2008 г.

4. Прыняцце закліку Рады ТБМ з нагоды 90-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Рада прайшла ў спакойнай атмасферы, бо праблемы, якія стаяць перад ТБМ, вымагаюць не доўгіх абмеркаванняў, а штодзённай напружанай працы.

Дакументы Рады будуць апублікаваныя ў наступных нумарах.


Нашы пісанкі-фарбаванкі

Ідуць Велікодныя дні. Надыходзяць святы Вялікадня? Вяртаемся да традыцый нашых бацькоў, дзядоў, прадзедаў. Яшчэ нядаўна за часы майго дзяцінства традыцыя размалёўвання яйка жыла. Але потым у сувязі з распаўсюджаннем атэізму гэтая традыцыя была аднесена да шкодных перажыткаў і фактычна забаронена. Паступова ўсё забываецца. А яйка з'яўлялася і будзе сімвалам жыцця і пладавітасці на Зямлі. Вера ў яго значэнне паходзіць з вельмі даўніх часоў. Ужо ў Егіпце яйка лічылася сімвалам бога сонца Ра, у кожным доме захоўвалася да наступнага году. Потым у Грэцыі было адным з атрыбутаў Афрадыты, багіні пладавітасці. Таксама ў Індыі з незапомных часоў, ды на Філіпінах і цяпер лічаць, што свет пачаўся з яйка, таму ўпрыгожваюць яго кожны год. У міфе аб Тэзеі, у дзень прызначаны на смерць караля, каралева Месяца падае яму яблыка, звястун смерці, а ён як талісман паказвае пісанку - яйка сімвал уваскрашэння.

Да таго ж яйка з'яўлялася і з'яўляецца асноваю лячэбнай магіі ва ўсім свеце. Так у Еўропе ды і ў Азіі згодна з народнаю традыцыяй яйка замуроўваюць у падваліне дома, каб забяспечыць дом перад няшчасцямі, перакінутае цераз дом ахоўвае ад пажару. У мясцінах бязводных на Вя-лікдзень закопваюць свянцо-нае яйка, знесенае ў дзень Божага Нараджэння, каб у тым месцы з'явілася крыніца.

У кожнага народа склалася шмат сваіх асаблівых звычаяў, звязаных з пісанкамі і спосабаў іх упрыгожвання.

У старажытных грэ-каў і рымлян яйка лічылася любімаю страваю памерлых, таму клалі яго ў дамавіну, ды на магілах у дзень свята. На Палессі ды на Украіне я была сведкам як спецыяльна пафарбаваную пісанку ў чорны колер паклалі ў дамавіну з пра-вага боку. У краінах славянскіх захаваўся звычай пасля асвянчэння яек на Вялікдзень нясуць іх на магілы сваіх родных, ды і на магілы самотных. Так, што ў гэты дзень некаторыя магілы бывалі цалкам пакрытыя рознакаляровымі пісанкамі. Быў звычай раздавання пісанак убогім каля храма і дома, што даручалася наймалодшым у сям'і, дзецям, якія ў вялікую суботу сядзелі гурточкам і нескалданымі малюнкамі ўпрыгожвалі пісанкі. Рабіліся розныя надпісы, вершы, пажаданні, у залежнасці ад таго, каму яйка прызначалася ў падарунак. Бо менавіта віншаванне адбывалася з абавязковым дарэннем святочнае пісанкі.

Яшчэ яйка ўдзельнічала ў абрадзе пры нараджэнні дзіцяці і ачышчэнні парадзіхі. Таму яго фарбавалі ва ўсе колеры вясёлкі. Наогул лічы-лася, што ўпрыгожанае яйка, асабліва святочнае, пасвенчанае мае асаблівую сілу. Таму дзеці з кошычкам яек стараліся абабегчы ўсе храмы, якія былі ў тым месцы, не гледзячы, ці то каталіцкія, ці праваслаўныя.

Прынёсшы яйкі дадому, гаспадар з гаспадыняй яйкам святочным паціралі хрыбты жывёлы і каня, каб былі здаровымі, дужымі і круглымі, як яно.

Пісанкі ўрачыста складвалі на прыгожым паўміску і так ставілі на ўрачыстым месцы да наступнага Вялікадня. Узнікалі калекцыі. Прывозіліся з падарожжаў, бо ў розных краях па рознаму іх упрыгожваюць. Так у Егіпце, Судане пісанкі рабілі з яйкаў страўсаў, бо на іх выпісваліся цытаты з Карана, вершы мудрацоў. У Кітаі размалёўваліся мініяцюрамі птушак, квітнеючай вішні, хрызантэм. Пры каралеўскіх дварах яйкі вырабляліся з серабра, золата, упрыгожваліся каштоўнымі камянямі, дыяментамі. Нават у славянскіх народаў пісанкі размалёўваюцца па-рознаму.

На землях Вялікага Княства Літоўскага звычай размалёўвання яек існаваў з незапамятных часоў, пры паганстве маючы адзін сэнс, пры хрысціянстве - свой, іншы. Характэрным з'яўлялася, што наша пісанка мела розныя пасачкі, чаму і называлася пасаначкай, або крашан-кай. Ужываліся матывы геаметрычныя, расліныя, кветкі, некаторыя сімвалічныя знакі, словы - усё мела значэнне і сілу. Для дзяцей матывы анімалістычныя: зайчаняткі, куряняткі, коцікі, ослікі і г.д. Спосабы выканання былі розныя: натуральныя фарбы прыродныя, воск. А нават купляліся спецыяльныя, асабліва славіліся гамбургскія ды бра-зільскія, не шкодныя. Пасаначкі-пісаначкі рабіліся з яек усялякіх птушак. Яшчэ ў 1939 годзе ў Нясвіжскім замку ды навакольных дварах былі ка-лекцыі пісанак з розных яек, з маленькіх курапатчыных ды вялікіх гусіных. У астатнія часы перад вайною была пайшла мода на ўпрыгожванне яек рознакаляровымі ніткамі, паперкамі, саломкай. Абклейвалі і надавалі форму птушак, збаночкаў, рыбак.

Былі сапраўдныя майстры ў некаторых мясцовасцях, славіліся сваім майстрэрствам. Добра было б, каб уваскрэсла гэтая традыцыя ў нашага народа. Бо толькі ж паўстагоддзя, як яе заглушылі, занядбалі.

Віншую ўсіх са святам Вялікадня і жадаю вясёлых свят. Смачнага, прыгожага яечка ды найлепшых надзеяў на будучае!

Дарую са сваіх альбомаў некалькі ўзораў нашых пісанк для нашых умельцаў і ахвотнікаў.

Галіна Пілецкая.


"Горадня - другая сталіца БНР"

Так называецца серыя з 13 паштовак, якую да выдання падрыхтавалі гарадзенскія краязнаўцы і гісторыкі. Гэтае выданне прысвячаецца 90ым угодкам Беларускае Народнае Рэспублікі.

Паштоўкі зробленыя з старых здымкаў 1918 года, знойдзеных у архівах. Якраз у той час урад Беларускае Народнае Рэспублікі вымушаны быў перабрацца з Менска ў Горадню.

Са слоў аднаго з гісторыкаў, Андрэя Чарнікевіча, знайсці такія паштоўкі аказалася лягчэй, чым яны думалі. У перспектыве, як заўважыў гісторык, у Горадні можна адкрыць музей БНР пад адкрытым небам, паколькі захаваліся шмат будынкаў, дзе мясціліся ўрад БНР, вайскоўцы і іншыя беларускія арганізацыі.

Праўда, са слоў Чарнікевіча, шмат матэрыяльнай культуры, у прыватнасці помнікаў архітэктуры, якія памятаюць часы БНР, у Горадні не стала.

Плануецца, што паштоўкі пабачаць свет у Горадні 25 сакавіка, у дзень 90х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Міхал Карневіч.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX