Вярнуцца: 2008

№ 19 (858)


Крыніца: pawet.net.



№ 19 (858) 7 ТРАЎНЯ 2008 г.


125 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Некрашэвіча

НЕКРАШЭВІЧ Сцяпан Міхайлавіч [8.5.1883, в. Данілаўка Бабруйскага пав. Менскай губ., цяпер Светлагорскі р-н Гомельскай вобл. - 20.12.1937, Менск, НКВД], навуковец, мовазнавец, грамадскі дзеяч. С.М. Некрашэвіч з'яўляецца прадстаўніком беларускай шляхты са старажытнага роду Некрашэвічаў, які быў злучаны з іншымі шляхецкімі родамі Карафа-Корбутаў, Рудзінскіх, Тычынаў. Род Некрашэвічаў карыстаўся гербам "Любіч", дзе на блакітным полі былі выявы падковы, крыжа, шолама і кароны з трыма страўсінымі пер'ямі. Гербам "Любіч" карысталіся больш за 500 шляхецкіх родаў. Вядома, што дазвол на набыццё зямлі харунжаму Сямёну Некрашэвічу даваў сам кароль Жыгімонт трэці.

Сцяпан Міхайлавіч нарадзіўся ў сям'і незаможнага шляхціца, першапачатковую адукацыю атрымаў ў так званага дарэктара, пра якого напісаў Якуб Колас ў "Новай зямлі". Між іншым, унучатая пляменніца Сцяпана Міхайлавіча, Зарына Уладзіміраўна Кулеўская - нявестка Якуба Коласа, брала шлюб са старэйшым сынам Я. Коласа Данілам Канстанцінавічам Міцкевічам.

У 1908 Некрашэвіч скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, у 1913 Віленскі настаўніцкі інстытут. Падчас 1-й Сусветнай вайны ў дзейнай царскай арміі на Румынскім фронце. 3 восені 1917 у Адэсе. Пасля абвяшчэння БНР прадстаўнік яе ўраду на Поўдні Украіны і пры французскім камандаванні Антанты, старшыня Беларускага Нацыянальнага цэнтра ў Адэсе (1919 г.). Адначасова вучыўся ў Адэскім вышэйшым міжнародным інстытуце. 3 1920 у Менску. Працаваў у апараце Наркамасветы БССР, старшыня навукова-тэрміналагічнан камісіі, якая была створана 10 лютага 1921 г. 30 студзеня 1922 г. на базе навукова-тэрміналагічнай камісіі была заснавана першая шматгаліновая навукова-даследчая ўстанова рэспублікі - Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). С.М. Некрашэвіч - старшыня Інбелкульта ў 1922-25 гг. У 1926-28 гг. Сцяпан Міхайлавіч - старшыня аддзела мовы і літаратуры і старшыня аддзела гуманітарных навук Інбелкульта. 3 яго імем звязана стварэнне і выданне спецыяльных слоўнікаў беларускай навуковай тэрміналогіі па 24 галінах ведаў, стварэнне картатэкі на 180 тысяч слоў. Разам з М. Байковым Сцяпан Міхайлавіч складае «Беларуска - расійскі слоўнік» (Мн., 1925) на 30 тысяч слоў і «Расійска-беларускі слоўнік» (Мн" 1928) на 60 тысяч слоў. Сярод навуковай спадчыны С. М. Некрашэвіча пачэснае месца займае праца «Да характарыстыкі беларускіх гаворак Парыцкага раёна» (Мн., 1929). У пачатку яе апісваюцца прыродныя ўмовы, мінулае раёна. побыт жыхароў, эканамічны ўклад. На вялікі жаль, пасля арышту ў 1930 г. С. М. Некрашэвіча і іншых спецыялістаў па гэтай праблеме работа над слоўнікам жывой беларускай мовы спынілася. I яшчэ адна бяда. У час Вялікай Айчыннай вайны ўся картатэка і ўжо апрацаваныя слоўнікавыя артыкулы загінулі. З 1927 Некрашэвіч - дацэнт БДУ. З пачатку 1925 да ліп. 1926 на стажыроўцы ў Ленінградскім універсітэцеце, працаваў пад кіраўніцтвам Я. Карскага. З 1928 акадэмік БелАН, віцэ-прэзідэнт БелАН, адначасова з 1929 дырэктар Інстытута мовазнаўства, старшыня камісіі па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы, старшыня правапіснай і аспіранцкай камісій. 3 1.1.1928 старшыня Галоўнавукі пры Наркамасвеце БССР. Асноўны кірунак навуковай дзейнасці - лексікаграфія і гісторыя беларускай мовы.

Арыштаваны АДПУ БССР 21.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 пастановай калегіі АДПУ СССР прыгавораны да 5 гадоў высылкі ў Сарапул (Удмурція). Ён працуе там спачатку планавіком-эканамістам кааператыўна-прамысловай арцелі інвалідаў, а затым бухгалтарам канторы "За-готзерно". Тэрмін ссылкі быў прадоўжаны на 2 гады. Паўторна арыштаваны ў ліст. 1937; дастаўлены ў Менск. 19.12. 1937 Ваеннай калегіяй Вярхоў-нага суда БССР прыгавораны да расстрэлу. Па 2-м прысудзе рэабілітаваны 12.10.1957, па 1-м -10.6.1988.

Жыццё і творчасць Сцяпана Міхайлавіча патрабуюць больш глыбокіх даследванняў, некаторыя звесткі - праверкі і ўдакладнення. Напрыклад, у газеце "Минский курьер" № 169 от 22.08.2003 была надрукавана дзіўная інфармацыя, што быццам бы ў 1935-годзе С.М. Некрашэвіч быў прызначаны дырэктарам кінастудыі "Беларусьфільм" ("Советская Беларусь"), якая ў той час месцілася ў Ленінграде... Ці было гэта так, ці не - невядома.

І. Кулеўская.


ЯНКА МАЎР: 125 гадоў з дня народзінаў

МАЎР Янка (сапр. Фёдараў Іван Міхайлавіч нарадзіўся 10.5. 1883 г. у г Лібава (цяпер Ліепая, Латвія) у сям'і сталяра- памёр 3.8.1971, бел. пісьменнік; адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай л-ры. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Дзя-цінства правёў на радзіме маці - у вёсцы Лебянішкі Ковенскай губерні (цяпер Летува). Скончыў пачатковую, затым рамесную навучальню ў Коўне. 3 1899 вучыўся ў Панявежскай настаўніцкай семінарыі, адкуль з апошняга курса выключаны за вальнадумства; у 1903 здаў экзамен экстэрнам. У 1903-06 настаўнічаў. Працаваў памочнікам настаўніка ў Новым Месцы (Летува), у вёсцы Бытча на Барысаўшчыне. У 1906 за ўдзел у нелегальным з'ездзе настаўнікаў у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) звольнены з працы і трапіў пад нагляд паліцыі. 3 1911 настаўнічаў у Менску. У 1920-я г. працаваў у Наркамаце ас-веты Беларусі, у рэсп. саюзе работнікаў асветы, Бел. дзярж. выд-ве. Друкаваўся з 1923. Аповесць «Чалавек ідзе!..» (1926-27) пра паходжанне чалавека. У апавядакнях «Слёзы Тубі», «Незвычайная прынада», «Лацароні» і інш., у прыгодніцкіх аповесцях «У краіне райскай птушкі» (1927), «Сын вады» (1928) апавядаў пра экзатычныя краіны свету, антычалавечую сутнасць каланіялізму. Першы ў бел. л-ры прыгодніцкі раман «Амок» (1929) пра паўстанне на Яве, напісаны на матэрыяле, які атрымаў ад сяброў-эсперантыстаў. Тут шмат прыгод, таямнічага, загадкавага, апісана жыццё мясц. насельніцгва, прырода. Гумарам, дынамічнымі дыялогамі, элементамі прыгодніцкага жанру адметная аповесць «Палескія рабінзоны» (1930, паводле сцэнарыя М. экранізацыя 1935). «Аповесць будучых дзён» (1932) - першая ў бел. л-ры спроба ў жанры сац. утопіі. Аповесць «ТВТ» (1934) пра цікаўных, дапытлівых і вынаходлівых школьнікаў. У творы паэтызацыя павагі да працы і добрых спраў Асвойваў навук.- фантастычны і аўтабіягр. жанры. У 1927 апубл. казку «Вандраванне па зорках». Фантаст. аповесць «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага (1954-55) прысвечана міжпланетным падарожжам. Сваёй асн. кнігай лічыў аўтабіягр. аповесць «Шлях з цемры» (і 1, нап. ў 1920, апубл. 1948, ч. 2 -у 1956, апубл. 1960, ч. 3 - 1957, апуй, 1975), дзе паказаў сваё дзяцінства, вучобу ў рамесным вучылішчы, у настаўніцкай семінарыі, раскрыў дыялектыку душы гал. героя. Глыбокім псіхалагізмам вызначаюцца яго апавяданні «Бярозавы конь», «Яно», «Шчасце», «Максімка», «Завошта?». Аўтар п'есы «Памылка» (1940), аднаактовак «Хата э краю» (1941), «Балбатун» (1946). Рэдактар кн. «Ніколі не забудзем» (1948) - успамінаў дзяцей пра вайну. На бел. мову пераклаў паасобныя творы Дз. Маміна-Сібірака, М. Прышвіна, А. Чэхава, Х.К. Андэрсена, Ж. Верна, Р. Кіплінга, М. Твена і інш. Дзярж. прэмія Беларусі (1972). Узнагароджаны двума ордэнамі Пра-цоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі. Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968).3 1993 прысуджаецца Літ. прэмія яго імя за лепшыя творы для дзяцей. Імем М. названа абл. дзіцячая б-ка ў Менску, Брытчанская 8-гадовая школа (Барысаўскі р-н). У в. Брытча на будынку школы і ў Менску на доме, дзе ён жыў, устаноўлены мемарыяльныя дошкі.


"Круглы" выдатнік

(на 55-годдзе Франца Сіўко)

Мне скажуць, што трэба чакаць "саліднага" юбілею, каб расказаць пра пісьменніка, даць ацэнку яго творчасці. А мне падаецца маладой, задзірыстай нагодай успомніць 3 траўня 1953 года, калі на Віцебшчыне ў в. Вята Мёрскага раёна нарадзіўся Сіўко Франц, сын Івана. Як раз у дзень прыняцця Канстытуцыі напаўзабытай Рэчы Паспалітай. Прыдзвінскаму мальцу спаўняецца 55 гадоў. Несур'ёзная дата? Тады нагадаю, што літаратурнаю чыннасцю мой зямляк займаецца з 1983 г. Стаж - 25 гадоў. Чвэрць стагоддзя ў кузні Слова.Так што ёсць "зачэпка" для добрай згадкі пра апавядальніка, эсэіста, і гумарыста таксама, які ўсе крошкі падабраў у носьбітаў духоўнага багацця продкаў. Сам не звяга, не разбэрса, не галадра. У качэргі не іграе, не пяе курню, не круціць мітулямі, не рабее. Гатовы даць падабінкі сталічным мэтрам, пайсці з імі на перацяжкі. Можа лезці на лес, ляцець на нож, даць у тухмалку. У бяседах не п'ець, а душу ў госці завець. Калі з галавой не дагаворыцца, то й да ног не сунецца. Ведае: хто мяняе, па тым хамут гуляе, бо за чужое лычка раменьчыкам плацяць.

Гэтыя гаваркія словы з лексікі нашай роднай з Францам Мёршчыны, а дакладней, Прыдзвіння - характарыстыкааздоба яго людскасці, утрапення, учэпістаці, рухавасці, грамадзянскай чыннасці, прафесійнай работы. Назаву асобныя ступені біяграфічнага п'едэсталу: выкладчык беларускай мовы ў Віцебскім тэхналагічным універсітэце, сябра абласной рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, старшыня Віцебскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, уласны карэспандэнт часопісаў "Аvе Маrіa","Наша вера"... Не забыць: ён лаўрэат прэміі імя У. Караткевіча.

Носьбіту народнай маралі, духоўнасці - сваёй маці Стэфаніі Іосіфаўне - прысвяціў Франц першую выдрукаваную кнігу "3 чым прыйдзеш..." (1991). Потым былі "Апошняе падарожжа ў краіну ліваў", "Удог", "Ягня ахвярнае", "Асіметрыя", "Дзень Бубна"... Піша Франц Сіўко і для дзяцей, не цураецца гумарыстычных тэкстаў. А колькі ў яго ўдумлівых, пафіласофску разважлівых публіцыстычных выступленняў! Часамі "хаваецца" пад псеўданінам Францішак Анашка, Аляксандр Адамковіч-гэта таксама ён, Франц Сіўко.

А ў друку яго называюць "віцебскім містыкам", майстрам новага беларускага рэалізму. "Свет творчасці Франца Сіўко чысты і светлы, да яго дакранаешся з радасцю, бо багацееш душою," - піша пра майго зямляка Іван Штэйнер. Цікавыя і заслужанкя высокія ацэнкі яго творчасці можна прачытаць у публікацыях Таццяны Андрэйчанкі, Леаніда Галубовіча, Сяргея Рублеўскага, Эдуарда Зубрыцкага, Вольгі Шынкарэнкі, Леаніда Матэленкі і іншых. Алесь Марціновіч так заканчвае сваю літаратуразнаўчую рэцэнзію: "...калі пачнеш чытаць Ф. Сіўко, дык забудзеш і пра чарговы баявік, які штодня паказвае ў 19 гадзін НТБ".

Аднаго разу, віншуючы Франца з чарговым днём народзінаў, я скумекаў для яго складанку пад назвай "Млён і плён":

Дзвіна-Даўгава -

творчая прастора!

Прыплод вялікі з-пад яго пяра:

то з лівамі збіраецца да мора,

то ў Рым ідзе

з данінай серабра...

Сіўко пад Мёрамі кілзае сіўку,

а чуе францысканскія званы.

Як Усяслаў:

з латгалкай у абдымку,

пасля - з палякам

чэша цурбаны.

Каб зноў плылі вянкі

Дзвіной адважнай,-

не венікі ён вяжа, а ганкі.

- 3 чым прыйдзеш,-

кажа франт

Франціш Анашка, -няважна:

хачу жыцця развязваць вузялкі.

У моўнасці прыдзвінскай,

між сугуччаў

Міжрэчча, Вяты

планетарыць ён.

... Я зноў угледзеў

містыка над кручай:

у Калізей нясе ад жорнаў млён.

Млён - дзяржанне, якім круцяць жорны. А Франц - умела круціць жорны жыцця.

Ён нарадзіўся ў Вяце, што на рацэ Вята, а яго падлеткавыя гады прайшлі ў Міжрэччы. Мяне дзівіць, што Франц не ўдаўся паэтам. Бо на Шляху з Грэкаў у Варагі, на Чаркашчыне (Украіна) паэт Дмытро Чэрэднычэнко нарадзіўся ў Мэжыріччы. Схаваў ці, што свае першыя вершаваныя крэмзы Франц, але сваю паэтычную натуру ён выдае поўнасцю. У сакавіцкім выпуску "Літаратурнай Беларусі" (газета "Новы час") чытаю ў нататках "З валізаю ад "учора" тэкст, які супадае з почыркам сучасных паэтычных словатворцаў:

Не ўмею і не люблю ўрабляць зямлю як умеў і любіў урабляць яе дзед.

Не ўмею элементарна

цяслярыць,

як умеў бацька.

Не дам рады распаліць у печы ці выгнаць гарэлкі,

як рабіла тое маці.

Не ўмею адрозніць назовы

траваў,

як Панізьнік.

Нічога не ўмею з вясковага, апроч як касіць

ды даіць карову.

Сялянскі сын.

Наконт маіх ведаў Франц перабольшвае. Пра зёлкі чуў ад бабкі Альжбеты, а яшчэ ад бабкі Ядзвінні. Гэта за ёй я хадзіў вакол яе вянечнага двара, дзе зараз размешчаны філіял "Музея Радзімазнаўства" у Лявонпалі, за вёрст 20 ад Вяты. Як зараз чую Ядзвінін голас: "Летам іду... Пахошчы! Каждая зёлка да мяне гаворыць: "Вазьмі!" Бабка зрывала сцімбюры і вучыла мяне: "Гэта пералёт. Вуньдзіка тубыць, а гэта - прастрэл. Яны - ад упуду. Надсаднік - ад абарваніны. Стокветнік - калі ў грудзёх баліць. Матачнік - ад жару, пухліны, раны гоіць. Чысцік - ад находу, калі болькі на целе. Брылёўнік жар зганяіць..."

Як даўні выпускнік Магілёўскай медвучэльні, мяркую, што зёлкі "ад упуду" Францу непатрэбныя. Ён даўно нікога і нічога не баіцца. Яму варта прыгледзецца да чысціка - ад злога находу, да надсадніка, бо не абы які цяжар узваліў сабе на плечы, абжаргаўшы пуцяводныя каляіны, якія так лёгка збэрсаць тым, хто не творыць, а дундзіць, смыгае, карапужыцца, юдзіць ці разжагерыўшыся на падстаўленым крэселку, любіць падлабуніцца пад зверхніка, каб смачна ўёдаваць каля карыта.

Не мудуруецца (вяцкі, павяцкі, дрысенскі, віцебскі) малец. Не калоціць вераб'я ад прыкрасцяў і неспадзевак. Клёк (і млён) не згубіў. Пераймае ад радзіннай лучнасці перазвоны скарбаў, бо кожная зязюлька пра сваё кукуе. Так і Франц Сіўко: пра сваё - ў ДзвінскуДаўгаўпілсе, Рыме, МонтэКасіна, Парыжы, і на землях, пазасталых ад даўняй шляхецкай Рэчы Паспалітай Многіх Народаў.

Ах, як мне хочацца хоць у нечым быць падобным на празаікапаэта Франца, майго землякасуайчыннікапатрыёта. I прадоўжыць ад яго Вяты, Міжрэчча да маіх Вабышак, Прорваў, Дубавога, Ліпава, Ясёва, Кульвока, Лявонпаля натхнённую ўспашку мацерыка народнай трывушчасці, падоўжыць праменьчыкіснуйку мовы, зберагчы чублы трапных, дасціпных прыбабуняк. Каб нашым наступнікам не давялося нядотыкі святкаваць, прыбіраць з настольніка спіткі і з'едкі спадчыны. У маўленні і ў рукапісах. Бо анёл па правай, а чорт па левай руцэ ідзе. Нам неабходна трымаць слова на дабрыні, каб не ачужэць, не згубіць повязі, бо нас падзяляюць, каб уладарыць. Вунь не так даўно пазваніў бліжэй да вечара Алесю Масарэнку павіншаваць яго з 76годдзем. А той са скрухай кажа: "Ты першы з пісьменнікаў узгадаў мяне..." Прыкра, калі творцы самі сябе не паважаюць, не ідуць на любкі. Зацягнула нас на чортавы віры? Але я хачу закончыць свой адрасны допіс абнадзейнымі радкамі. Бог ведае, хто што робіць, і хто як абедае. Нам ёсць чым паджалюбаць, дарагі Франц. Пакуль раса на корч не ўпала, зычу табе вясёлашчаў, каб на цябе гонар не напаў - дужайся сваёй правіцай з чортавай лявіцай. Вольнаму воля, багатаму рай.

Сяргей Панізьнік.


Слуцкія паясы прыехалі дадому

5 траўня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылася выстава "Слуцкія паясы".

У экспазіцыі прадстаўлена восем цэлых і чатыры фрагменты паясоў розных мануфактур са збораў маскоўскага Дзяржаўнага гістарычнага музея і Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. На выставе дэманструюцца знакамітыя слуцкія паясы, вырабленыя ў перыяд арандавання мануфактуры вядомым ткачом Лявонам Маджарскім, а таксама паясы, створаныя "накшталт слуцкіх".

Як паведаміла журналістам вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Алена Карпенка, найбольш каштоўнымі прызнаны літыя паясы, поўнасцю затканыя сярэбранымі і залатымі ніцямі. Імі карысталіся магнаты і шляхта вышэйшага саслоўя. У экспазіцыі прадстаўлены адзін такі пояс з меткай "Лео Мажарскі ў градзе Слуцку", выкананы ў 1781-1801 гадах.

Паясы выстаўлены разам з калекцыяй партрэтаў нясвіжскіх магнатаў - заснавальнікаў Слуцкай мануфактуры. Дэманструюцца чатыры партрэты беларускіх шляхціцаў XVIII-XIX стагоддзяў, важным элементам касцюма якіх з`яўляюцца слуцкія паясы. Апрача таго, наведвальнікі экспазіцыі могуць азнаёміцца з патрэтамі шляхціцаў у шоўкавых і золататканых персідскіх і іранскіх паясах, а таксама скураных паясах з металічнымі накладкамі, якія былі характэрныя для больш ранняга перыяду - XV-XVI стагоддзяў.

На адкрыцці выставы вядомы беларускі літаратуразнаўца, крытык, празаік і публіцыст, доктар філалагічных навук прафесар Адам Мальдзіс узняў праблему вяртання ў Беларусь cлуцкіх паясоў, што знаходзяцца за межамі краіны. "Парадокс, што на радзіме слуцкіх паясоў амаль не захавалася гэтых вырабаў, толькі фрагменты", - падкрэсліў ён. Паводле слоў вучонага, па меншай меры 40 паясоў знаходзіцца ў запасніках Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве і каля 10 паясоў дэманструецца на яго стэндах. "Мне здаецца, што тут узнікне дыялог, які прывядзе да абмену каштоўнасцямі на бясплатнай аснове", - сказаў А.Мальдзіс.

Як зазначыў кіраўнік Падліковай палаты Расіі Сяргей Сцяпашын, пытанне абмену слуцкіх паясоў, што знаходзяцца ў Расіі, на іншыя прадметы мастацтва або іх доўгачасовага дэпазіту Беларуссю плануецца ў хуткім часе вырашыць.

Выстава будзе доўжыцца да 22 красавіка 2009 года.

Даведка БелаПАН. Слуцкія паясы прызнаны ва ўсім свеце унікальным відам ручнога ткацтва і своеасаблівым сімвалам самавызначэння беларускай нацыі. Яны ствараліся з сярэдзіны XVIII да сярэдзіны XIX стагоддзя на мясцовых мануфактурах, самай вядомай з якіх была Слуцкая. У Беларусі цяпер у розных музеях захоўваецца не больш, як 20 паясоў, пераважна ў фрагментах. Слуцкія паясы знаходзяцца таксама ў Расіі, ва Украіне, у Літве, Польшчы.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН.


СТВАРЫ СЯБЕ, ЧАЛАВЕК

У Менску ў выдавецтве "Чатыры чвэрці" выйшла кніга Эдуарда Збароўскага "Ствары сябе чалавек".

Кніга доктара медыцынскіх навук, прафесаракардыёлага, акадэміка Міжнароднай акадэміі энергаінфармацыйных навук Э. Збароўскага вучыць выжыць і не згубіць асабістае "Я" у супярэчлівым сацыяльным асяроддзі шматлікіх спакус і часовых куміраў цывілізацыі спажывання і асалоды.

Выданне ўзбагачана, як пэўнымі карыснымі ведамі, так і рэцэптамі паэтычнага і псіхалагічнага трэнінгу маральнапсіхалагічных якасцяў чалавека.

ДЗВЕ ДАРОГІ

Дзве дарогі Бог прызначыў -

Рай і пекла, людзі баюць,

Але ростань не пазначыў, -

Вось між імі і блукаюць

Эдуард Збароўскі.


Ці змогуць беларусы калі-небудзь карыстацца слухаўкамі на сваёй мове?

(альбо аб беларусізацыі мабільных тэлефонаў)

Паважанае спадарства! Хачу звярнуцца да чытачоў "Нашага слова" якім не абыякавы лёс сваёй мовы, сфера яе ўжывання і развіццё згодна патрабаванням часу, працягваючы гаворку пра, гэтак мовіць, "беларусізацыю" сотавых тэлефонаў (раней я пісаў на гэту тэму - гл. "Наша слова" №24 (812) ад 20.06.2007г.).

За дзевяць гадоў існавання мабільнай сувязі і, суадносна, мабільных тэлефонаў на Беларусі іх так і не адаптавалі да нас, так і не зрабілі меню на беларускай мове! Дагэтуль Беларусь застаецца, напэўна, адзінай краінай у Еўропе, для якой не вырабляюцца мабільныя тэлефоны з меню на нацыянальнай мове. Гэта проста непавага, абраза нашай краіны, разгляданне яе з боку транснацыянальных карпарацыяў, што вырабляюць побытавую тэхніку, проста як тэрыторыю для збыту сваіх тавараў, часам "шырокаспажыўных". У шырокім сэнсе слова, гэта абмежаванне правоў грамадзян - беларусы нават не маюць фізічнай магчымасці атрымоўваць гэтую паслугу ў сваёй краіне на сваёй мове!

У шматлікіх установах, куды звяртаўся па гэтым пытанні, з іх лістоў я чуў ці "чытаў паміж радкоў: "В РБ приняты два государственных языка - русский и белорусский, каждый может выбирать какой хочет, поэтому мы на белорусском говорить не будем и делать для его употребления ничего не будем!". Інакш кажучы, беларуская мова зараз у гэтай краіне знаходзіцца, фактычна, у паўзабароненапаўпрыдушаным стане! Няма не тое што роўнасці, але фактычна, расейская мова не проста дамінуе ў гэтай сферы, а поўнасцю, на 100% захапляе яе!

Хоць з развіццём сотавай сувязі на Беларусі, пашырэннем кола карыстальнікаў, з'яўляюцца спажыўцы, якія хацелі б карыстацца слухаўкамі менавіта на сваёй мове.

Тут я хацеў бы заўважыць, што пэўным лідарам на беларускім рынку слухалак з'яўляецца паўднёвакарэйская карпарацыя Samsung. Яна не толькі мае адно з вядучых месцаў па продажы, сэртыфікавала не асобныя свае мадэлі, а і саму вытворчасць, але і лідзіруе ў "беларусізацыі" ужо працяглы час трывала дае слоганы сваёй прадукцыі ў вонкавай, тэлевізійнай рэкламе на беларускай мове - мове карэннай нацыянальнасці нашае краіны.

Раней я сам пісаў непасрэдна ў галоўныя офісы асноўных карпарацыяў, што вырабляюць тэлефонныя апараты - Samsung, Sony Ericsson, Nokia, Siemens, Motorola. Але большасць гэтых кампаніяў нават не дала мне адказ - мабыць, палічыла, што такіх "беларускіх" спажыўцоў на Беларусі мала і не варта гэтым займацца, траціць грошы на адаптаванне праграмовага забеспячэння "адзін ў полі не ваяр"! Калі б гэтаму вырабніку прыйшло шмат лістоў з патрабаваннямі, гэта было б большаю падставай, каб упэўніць кіраўніцтва і зрушыць сітуацыю.

І толькі ад шведскай кампаніі Sony Ericsson са скрынкі questions.pl@support. sonyericsson.com мне прыйшоў адказ, дзе было сказана: "Без сумніву, мы поўнасьцю згодны з Вамі, што ўся прадукцыя для Беларусі павінна падтрымліваць беларускую мову. Наша кампанія заўжды спрабуе вырабляць прадукцыю, прыязную для нашых кліентаў. І мы разумеем, што меню і Кіраўніцтва для карыстальніка на роднай мове нашых кліентаў ёсць адной з найважнейшых падставаў дзеля дасягнення гэтай мэты. Галоўнай прычынай, чаму нашыя слухаўкі не падтрымліваюць беларускую мову, ёсць тое, што мы не маем да гэтага часу афіцыйнага прадстаўніцтва нашай кампаніі на Беларусі. ... Наша кампанія вельмі жадае змяніць гэтую сітуацыю, і мы спадзяёмся, што ў 2008 г. Sony Ericsson прыйдзе і выведае беларускі рынак афіцыйным шляхам".

Ёсць пэўная падтрымка і з боку кіраўніцтва беларускіх прадстаўніцтваў Samsung - дырэктар афіцыйнага фірмовага рамонтнасэрвіснага цэнтра Samsung "Асьпірс", у цэлым, падтрымаў гэтую ініцыятыву; кіраўнік афіцыйнага прадстаўніцтва Samsung па мабільных тэлефонах звярталася да topменэджараў з такой прапановай. Гарантыйны квіток да манітора Samsung, які мы набылі ў сакавіку 2007 г., быў у тым ліку і на беларускай мове!

Я сам не раз спрабаваў зьвяртацца да афіцыйных дзяржаўных органаў РБ, што рэгулююць дзейнасць у галіне мабільнай сувязі і сотавых апаратаў (Мінсувязі, інш.).

Апошнім часам я звярнуўся ў Канстытуцыйны Суд з кансультацыяй, як карыстацца дзяржаўнай беларускай мовай у гэтай сферы, паколькі парушаюцца мае правы спажыўца. У лісцеадказе было сказана, што Канстытуцыйны Суд разглядаў пытанні выкарыстання беларускай і расейскай моваў у сферы абслугоўвання, абароту банкаўскіх пластыкавых картак, на Беларускай чыгунцы, пры маркіроўцы тавараў, г.д. і ў сваіх рашэннях выклаў пазіцыю па пытанні забеспячэння фактычнай роўнасці беларускай і расейскай моваў у розных сферах грамадскіх адносінаў. А для рэалізацыі і правапрымяняльнай практыкі параіў звярнуцца ў Савет Міністраў. І толькі пасля ліста апошняму з Міністэрства сувязі і інфарматызацыі прыйшоў адказ са словамі: «Специальная комиссия 300 Европейского института стандартизации электросвязи … в сентябре 2007г. включила в модернизированную версию данного стандарта (версия V 2.1.2 п. 6.2.3.7) белорусский алфавит с предложениями, внесёнными МСиИ. Одновременно информируем Вас о том, что Минсвязи поручило УП «Гипросвязь» проработать с основными производителями аппаратов телефонных сотовой подвижной электросвязи вопрос о включении белорусскоязычного программного обеспечения».

Як бачым, шанец на беларусізацыю ў рэшцерэшт ёсць! Але прайшоў не адзін месяц, а беларускамоўныя слухаўкі так і не з'явіліся.

Што да недзяржаўных арганізацыяў, датычных сотавай сувязі, то іх таксама няблага "паварушыць":

1. У Беларускім таварыстве абароны спажыўцоў мне літаральна з парога паведамілі: "Нет, мы ничем здесь помочь не можем … К нам уже обращались с желанием объявлять сообщения у компании "МТС" на белорусском языке. Мы их послали … в эту компанию".

2. ЗП "Мабільная лічбавая сувязь" (гандлёвая марка "Velcom") -больш уплывовая сотавая кампанія, якая першай пачала забяспечваць мабільную сувязь на Беларусі, першай даўно зрабіла беларускамоўную версію свайго інтэрнэтсайту; раней размяшчала сваю рэкламу на нацыянальнай мове, з'яўляецца таксама афіцыйным дылерам па продажы тэлефонных апаратаў, праводзіць акцыі па распаўсюджванні слухалак. Гэтая кампанія разгледзела такую прапанову па "беларусізацыі" і пазначыла, што мае намер праінфармаваць асноўныя кампаніівырабнікі слухалак, з якімі супрацоўнічае, "пра тое, што магчымасць выбару беларускай мовы ў меню мабільных тэлефонаў можа мець поспех у пэўнай часткі спажыўцоў у Рэспубліцы Беларусь".

Як бачым, станоўчыя зрухі ёсць! Хоць апошнім часам я толькі менш бачу беларускамоўных білбордаў.

Такім чынам, я хачу зьвярнуцца да чытачоў газеты з просьбаю даслаць лісты (пажадана на ангельскай мове замоўным пісьмом) ў кампанію Samsung, як найбольш "прасунутую" ў гэтым пытанні, па адрасе:

Samsung Electronics Co. Ltd

Samsung Main Bldg.,

250 Taepyung Ro, 2Ga, Chung Ku, Seoul

KOREA, 100 742,

а таксама ў кампанію Sony Ericsson па адрасе:

Telefonaktiebolaget LM Ericsson
TORSHAMNSGATAN 23, KISTA
164 83 STOCKHOLM
SWEDEN
з просьбаю распрацаваць софт для мабільных тэлефонаў на Беларусі на беларускай мове. Выказаць свае меркаванні па гэтым пытанні, а таксама атрымаць ангельскамоўны тэкст ліста Вы можаце

Вячаслаў Кучук, г. Менск.


У Менску мяркуецца вуліца імя братоў Луцкевічаў

Вул. Пляханава, 56-1-133,

220095 Г. МІНСК

Трусаву А.А.

Аб перайменаванні вуліцы

Паважаны Алег Анатольевіч!

Ва ўпраўленнні культуры Мінгарвыканкама разгледжаны Ваш зварот аб перайменаванні вуліцы Інтэрнацыянальная ў вуліцу імя Луцкевічаў або наданні імя Луцкевічаў адной з новых вуліц у г. Мінску.

Паведамляем, што перайменаванне вуліцы Інтэрнацыянальная ў вуліцу імя Луцкевічаў немагчыма ў сувязі з тым, што гэта прычыняе нязручнасць жыхарам, арганізацыям і ўстановам і звязана з перапрапіскай, пераафармленнем дакументаў на права ўласнасці кватэры або прыватнага домаўладання, асабістых рахункаў, пераафармленне юрыдычнага адраса і патрабуе значных фінансавых затрат.

Разам з тым, Ваша прапанова аб наданні адной з новых вуліц імя Луцкевічаў уключана ў план работы Камісіі па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак г. Мінска.

Начальнік упраўлення У.М. Карачэўскі.


Ён назаўжды застанецца ў гісторыі мастацтва

Мінуў год, як мастак Віктар Сташчанюк пакінуў нас. Пайшоў у вечнасць у росквіце творчых сілаў, нечакана для ўсіх, хто яго ведаў. Ён быў поўны новых задумаў, марыў пра сваю юбілейную выставу. На жаль, гэтая выстава адбылася без яго. Яе зладзілі сябры і сваякі мастака ў сталічнай бібліятэцы імя Л.М.Талстога

З гэтай нагоды адбылася і вечарына памяці, прысвечаная 75годдзю з дня народзінаў Віктара Пятровіча (1933 - 2007), мастака і сябра бібліятэкі на працягу многіх гадоў. Калегі па творчым цэху з удзячнасцю адгукнуліся на запрашэнне бібліятэкі і сваякоў Віктара прыняць удзел ва ўрачыстасці, успомніць таленавітага мастака, добрага і сціплага чалавека.

На пачатку вечарыны вядучая Надзея Карзюк нагадала, як і калі першы раз пазнаёміліся супрацоўнікі бібліятэкі з Віктарам Пятровічам, колькі год сябравалі і ладзілі мастацкія выставы. Выстава, разгорнутая ў адной з залаў бібліятэкі, характарызавала мастака як непераўзыдзенага майстра гістарычных рэканструкцый. Яго творы даюць мажлівасць ўявіць віртуальна, як выглядалі даўнія велічныя помнікі. На выставе былі і жывапісныя творы мастака. Гэта - дарагія яму пейзажы Наваградка, Заслаўя, Полацка, замалёўкі Палесся, Гарадзеншчыны, Магілёўшчыны, зробленыя падчас шматлікіх экспедыцый і вандровак па роднай Беларусі. У вітрынах можна было пабачыць невялікую частку твораў дэкаратыўнаужытковага характару. Асобная старонка творчасці - дызайн паштовых канвертаў і марак. У мініяцюрных творах - адметнасць нашага расліннага і жывёльнага свету, нашы святы, танцы, музычныя інструменты, помнікі архітэктуры, выявы дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі. На сустрэчы прысутнічаў Анатоль Сянько, начальнік выдавецкага цэнтра "Марка" РУП "Белпошта", які расказаў, з чаго пачалося супрацоўніцтва мастака па аздабленні паштовых канвертаў і марак, аб першай марцы, выкананай да 200годдзя з дня народзінаў Яна Чачота.

Вельмі цікавымі былі ўспаміны Георгія Сташчанюка, дваюраднага брата мастака, а таксама іншых родных. Добрым словам успаміналі яго сябрымастакі, гучалі вершы Віктара Пятровіча, гарэла свечка. У гэты час ён быў разам з намі.

Таццяна Маткоўская, загадчыца бібліятэкі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX