Вярнуцца: 2008

№ 25 (864)


Крыніца: pawet.net.



№ 25 (864) 18 ЧЭРВЕНЯ 2008 г.


АНАТОЛЮ БУТЭВІЧУ - 60

БУТЭВІЧ Анатоль Іванавіч. Нарадзіўся 15.6.1948 г. на хутары Язавец Нясвіжскага раёна, потым бацькі пераехалі ў в. Баяры. Беларускі дзяржаўны дзеяч, дыпламат, дзіцячы пісьменнік, перакладчык, публіцыст, крытык. У 1971 г. скончыў філфак БДУ. Працаваў рэдактарам БелТА, інструктарам, загадчыкам аддзела прапаганды і культурна-масавай работы ЦК ЛКСМБ, намеснікам рэдактара газеты «Чырвоная змена» (1975-80), інструктарам, загадчыкам сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры, загадчыкам сектара літаратуры і мастацтва, намеснікам загадчыка ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ (1980-86, 1987-90), дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1986-87). У 1990-92 гг. старшыня Дзяржаўнага камітэта Беларусі па друку, міністр інфармацыі (1992-94), у 1994-96 гг. міністр культуры і друку. 3 1996 г. Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску. У 1998-2000 гг. надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Румыніі.

Друкуецца з 1969 г. Літаратурны псеўданім Максім Валошка. Яшчэ ў час вучобы ў Вялікаліпскай васьмігодцы, у Сноўскай сярэдняй школе з'яўляўся няштатным карэс-пандэнтам Нясвіжскай раённай газеты «Чырвоны сцяг», супрацоўнічаў з рэспубліканскімі газетамі і Беларускім радыё. Аўтар кніг «Прыгоды лісціка-карунчыка» (1996), «Прыгоды памаўзлівай Рыскі» (1999), «Расстайны пах асоту» (2000). У апавяданнях і казках для дзяцей - веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне займальна і даступна гаварыць з чытачом, адчуванне на-роднага слова, раскрываюцца маральна-этычныя праблемы ўзаемаадносін паміж людзьмі, адказнасць чалавека за свае ўчынкі, ухваляюцца паважлівыя адносіны да прыроды і братоў нашых меншых, раскрываецца чароўны свет кахання. Перакладае з польскай (С. Лем «Прыгоды Піркса», 1992; «Салярыс», 1994), рускай і ўкраінскай моў, з беларускай на рускую мову (У. Ліпскі «Крутыя вёрсты», 1981; А. Капусцін «Салёная раса», 1984; В. Гігевіч «Марсіянскае падарожжа», 1992; беларускі народны гумар «Смяяцца не грэх», 1997). На беларускую мову пераклаў асобныя творы Э. Хемінгуэя («Бывай, зброя», 1996), Шолам-Алейхема, Д. Олдрыджа (раман «Паляўнічы»), А. Гудзяліса, Я. Гуцалы, А. Давыдава, П. Панча, Ю. Збанацкага, У. Крупіна, Х.К. Андэрсена, братоў Грым і інш. У перакладзе А.І.Бутэвіча ішлі п'есы на сцэне Беларускага тэатра юнага гледача, Віцебскага лялечнага тэатра. Член Саюза журналістаў і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Кандыдат навук у галіне інфарма-цыйных тэхналогій. Узнагароджаны медалём «За асваенне цалінных зямель», Граматай Прэзідыюма Вярхоўнага Савета Беларусі, Ганаровай граматай Савета Міністраў Беларусі.

Анатоль Бутэвіч - адзін з заснавальнікаў ТБМ імя Ф. Скарыны.


На ніве адраджэння мовы

Мінулы навучальны год увайшоў у гісторыю магілёўскага Ліцэя №1 актывізацыяй працы навучэнцаў і выкладчыкаў па адраджэнні роднай мовы.

У лютым, да міжнароднага Дня роднай мовы, пачала выходзіць газета "Ліцэйская Ніва", якая праз два месяцы акрамя маланакладнага выпуску пачала друкавацца і ў якасці стэнда. Газета выходзіць штомесяц. Тут знаходзяць адлюстраванне самыя значныя падзеі краіны і Ліцэя, прыгадваюцца цікавыя, малавядомыя старонкі гісторыі краіны і нашага горада. Газета своеасаблівая "адкрытая пляцоўка" для маладых талентаў: на яе старонках заўсёды ёсць месца лірыцы і прозе ліцэістаў, якія пішуць пабеларуску.

Як галоўны рэдактар "Ліцэйскай Нівы", я лічу самым галоўным тое, што газета стала папулярнай сярод ліцэістаў. Калі выданне толькі пачыналася (люты), у нас працавалі толькі тры чалавекі - тыя, хто мэтанакіравана стаў на шлях Адраджэння. А вось цяпер назіраецца сітуацыя, што памер газеты проста не можа змясціць увесь аб'ём творчай працы, якую робяць навучэнцы. За кароткі прамежак часу высветлілася, што шмат хто піша неблагія, а часам - проста шыкоўныя вершы на роднай мове, нехта складае цікавыя апавяданні… А хтосьці і проста заняўся перакладамі з рускай мовы. Сам я, як будучы гісторык, займаюся гістарычнай часткай газеты. Стараюся падбіраць найбольш цікавыя тэмы, закрануць сапраўды актуальныя падзеі. Мяркую, нядрэнна атрымліваецца.

Наступным крокам стала стварэнне беларускага гуртка, дзе збіраюцца прыхільнікі беларускай мовы, журналістыкі ды прота цікаўныя навучэнцы. А потым мы пачалі запрашаць розных цікавых людзей. За гэты навучальны год нас паспелі наведаць сябры ТБМ Віталь Яўменькаў і Галіна Хітрыкава.З імі былі зладжаны цікавыя творчыя сустрэчы.

Але галоўнае, што творчыя пачаткі ліцэйскай моладзі знаходзяць водгук і паразуменне ў адміністрацыі навучальнай установы. Вялікі дзякуй дырэктару, яго намеснікам і выкладчыцы беларускай мовы за дапамогу! Дзякуючы ім мы маем добрую магчымасць займацца любімай, а галоўнае - карыснай справай Адраджэння.

Нарэшце пра самае прыемнае: усіх нас чакае новы навучальны год. А значыць - новыя нумары "Ліцэйскай Нівы", новыя сустрэчы і новыя поспехі ў нашай справе.

Яўген Балбераў, Магілёў.


Пашырым ужыванне беларускай мовы ў нашых школах

Заява Сакратарыяту ТБМ

Кіраўніцтва Беларусі вырашыла правесці чарговую рэформу беларускай адукацыі. ТБМ адзначае, што ў чарговы раз гэта было зроблена знянацку, без шырокага абмеркавання грамадскасці, без сацыялагічнага апытання вучняў, бацькоў і настаўнікаў.

У сувязі з гэтым ТБМ прапануе ўключыць у дэкрэт Прэзідэнта, прысвечаны зменам у сярэдняй адукацыі нашай краіны, наступны запіс:

1. Вучэбныя прадметы " Гісторыя", " Геаграфія" выкладаюцца ва ўсіх школах, незалежна ад мовы навучання, на дзяржаўнай беларускай мове.

2. Колькасць гадзін на вывучэнне беларускай мовы і літаратуры ў школах з рускай мовай навучання ў 9-11 класах павялічваецца на 30%.

3. Вучні 11 класа здаюць абавязковы выпускны экзамен па беларускай мове і літаратуры.

Рашэннем ЮНЕСКА 2008 год абвешчаны Міжнародным годам моў ва ўсіх краінах свету. Таму такі дадатак у прэзідэнцкі дэкрэт, які зараз рыхтуецца, будзе вельмі дарэчы.

10 чэрвеня 2008 г. Сакратарыят ТБМ.


Арэндную плату могуць зменшыць

Грамадскае аб'ялнанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

вул. Румянцава. 13, 220034, г. Мінск

Аб арэнднай плаце

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь у адказ на знарот адносна памераў арэнднай платы за грамадскія, адміністрацыйныя і пераабсталяваныя вытворчыя будынкі, збудаванні і памяшканні для грамадскіх аб'яднанняў паведамляе наступнае.

Нормамі падпункта 1.1.3 пункта 1 Дадатка 3 да Палажэння аб вызначэнні памераў арэнднай платы за грамадскія, адміністрацыйныя і пераабсталяваныя вытворчыя будынкі, збудаванні і памяшканні і ўмовах давання іх у бязвыплатнае карыстанне, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублік; Беларусь ад 30 верасня 2002 г. № 495 (у рэдакцыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 533 ад 23.10.2007 г.) (далей -Указ) устаноўлены паніжаючы каэфіцыент за арэндуемыя плошчы ў памеры 0,1 працэнта для:

1) творчых саюзаў для размяшчэння майстэрняў, галерэй, выставачных залаў, студый. лабараторый,

2) некамерцыйных арганізацый, створаных у мэтах ажыццяўлення гуманітарнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь,

3) некамерцыйных арганізацый, якія не ажьшцяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, для арганізацыі дзіцячых і юнацкіх спартыўных секцый і груп, дзіцячых тэатраў, студый, танцавальных, літаратурна-мастацкіх калектываў.

Астатнія грамадскія аб'яднанні павінны аплачваць арэнду па агульным расцэнкам.

Разам з тым, паводле нормаў пункта 2 Указа Рэспубліканскай камісіі па ўпарадкаванню выкарыстання адміністрацыйных будынкаў, збудаванняў, вытворчых плошчаў і іншых аб'ектаў дзяржаўнай уласнасці (далей - Камісія) прадстаўлена права даваць тлумачэнні аб ужыванні Палажэння аб вызначэнні памераў арэнднай платы за грамадскія, адміністрацыйныя і пера-абсталяваныя вытворчыя будынкі, збудаванні і памяшканні і ўводзіць для асобных катэгорый арандатараў, відаў дзейнасці, ажыццяўляемых на арандуемых плошчах грамадскіх, адміністрацыйных і пераабсталяваных вытворчых будынкаў, а таксама для асобных будынкаў, збудаванняў, памяшканняў, здаваемых ў арэнду, павышаючыя і паніжаючыя каэфіцыенты, ужываемые пры вызначэнні памераў арэнднай платы.

Такім чынам, грамадскія аб'яднанні, не названыя ва Указе, для рашэння пытанняў аб магчымым атрыманні льготаў пры аплаце за арандуемыя плошчы могуць з адпаведнымі заявамі звяртацца ў вышэйназваную Камісію.

У парадку інфармацыі паведамляем, што парадак падрыхтоўкі нарматыўных актаў вы-значаны Законам Рэспублікі Беларусь "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь" і Правіламі падрыхтоўкі нарматыўных прававых актаў, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 жніўня 2003 г. № 359 "Аб мерах па ўдасканаленні нарматворчай дзейнасці".

Намеснік Міністра А. У. Білейчык.

На 3-й старонцы мы публікуем бланк для збору подпісаў на адрас старшыні Рэспуб-ліканскай камісіі па ўпарадкаванню выкарыстання адміністрацыйных будынкаў, збудаванняў, вытворчых плошчаў і іншых аб'ектаў дзяржаўнай уласнасці А.Ф. Дамашэвіча. Трэба збіраць подпісы - кропля камень точыць.


БЕЛАРУСКІ ІНТЭРНЭТ

У сусветным інфармацыйным прасторы ўсё больш значнае месца займае Інтэрнэт. Перад усім дзякуючы неабмежаванасці абсягу, хуткасці распаўсюджвання інфармацыі і практычнай безцэнзурнасці. Праўда, дзякуючы адсутнаці цэнзуры ў сеціве вельмі шмат інфармацыйнага смецця. Аднак гэта не перашкаджае размяшчэнню і пошуку незалежнай інфармацыі, што асабліва важна ва ўмовах інфармацыйнай ізаляцыі і абмежавання магчымасцяў незалежных СМІ. Усё больш з'яўляецца і беларускамоўных Інтэрнэт-старонак. Зразумела, што сітуацыя з Інтэрнэтам на Беларусі вельмі спецыфічная, таму шмат якія беларускія старонкі выкарыстоўваюць не дамэн by, а які-небудзь іншы. Вядома, Інтэрнэт - з'ява міжнародная, аднак беларускім старонкам і электронным паштовым скрынкам варта было б мець уласны беларускі твар. А тварам старонкі або электроннай скрынкі з'яўляецца яе адрас, таму што яго можа прачытаць і той, хто на гэту старонку не заходзіць. Для запісу такіх адрасоў можа выкарыстоўвацца толькі стандартны набор лацінскіх сімвалаў без дадатковых знакаў. Таму народы, якія карыстаюцца нелацінскім алфавітам, маюць пэўныя цяжкасці.

Для беларусаў такая праблема не павінна існаваць, паколькі беларуская мова мае сваю традыцыйную форму лацінскага алфавіта - лацінку. Якраз лацінка найлепш падыходзіць для правільнага запісу адрасоў інтэрнэт-старонак і e-mail. Дыякрытычныя знакі не робяць вялікіх праблемаў. Беларусы могуць рабіць так, як усе народы, якія карыстаюцца лацінскім алфавітам (у тым ліку нашы суседзі - палякі, літоўцы, латышы): пісаць адрас на сваёй мове без дыякрытычных знакаў. Добрым прыкладам можа быць напісанне адрасу польскай старонкі пра Беларусь - bialorus.pl. Гэта агульнапрыняты стандарт выкарыстання лацінскага алфавіта ў гэтых мэтах. У беларусаў ёсць яшчэ адна магчымасць: выкарыстоўваць дарэформенную форму лацінкі з пазначэннем гукаў ч і ш як у польскай мове - cz i sz. Менавіта так пішацца адрас e-mail "Нашага слова" - naszaslowa tut.by. Таму фактычна існуюць два варыянты напісання лацінкай па-беларуску для выкарыстання ў сеціве ("дарэформенны" і "паслярэформенны").

Аднак, нажаль, як і ў шмат якіх іншых сітуацыях, беларусы імкнуцца дапасавацца да чужога. Адрасы старонак і скрынак перакладаюць на ангельскую мову або надаюць ім "ангельскую" форму напісання. Зразумела, што так робяць дзяржаўныя ўстановы, якія найчасцей ігнаруюць беларускую мову, а тым больш існаванне лацінкі - president.gov.by (старонка прэзідэнта Беларусі), mfa.gov.by (старонка Міністэрства Замежных Спраў), bsu.by (старонка БДУ), new. bspu.unibel.by (старонка БДПУ імя М. Танка), belarus-tv.by (старонка канала Беларусь-ТВ), pogoda.by (старонка Гідраметцэнтра Беларусі), peramoga.dzyatlava.by (старонка дзятлаўскай раённай газеты "Перамога"), mdk.molodechno. by (старонка "Палаца культуры горада Маладзечна"), kletsk.minsk-region.by (старонка клецкага райвыканкама), p-shkola.by (старонка часопіса "Пачатковая школа").

Аднак вельмі здзіўляе тое, што і назалежныя беларускія старонкі не спяшаюцца прыняць беларускую форму - milinkevich.org (старонка Аляксандра Мілінкевіча), sieviarynets.net (старонка Паўла Севярынца), kozylin.com (старонка Аляксандра Казуліна), uladzimir-karatkevich.com (старонка прысвечаная Уладзімеру Караткевічу), spadchina.narod.ru, www.spadchyna.org (старонкі музея "Фонд Анатоля Белага"), arkushy.narod.ru ("Сьвіслацкія аркушы", сайт Змітрака Кузменкі), hramy.com ("Фотаэнцы-клапедыя "Нашы касцёлы"), saligorsk.org (інфармайцыйна партал Салігорска), nashaziamlia.org (асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў) zasvobodu.net (старонка "За свабоду!").

І ўсё ж сярод незалежных беларускіх старонак значна часцей сустракаюцца прыклады правільнага беларускага напісання адрасоў - knihi.net, nastaunik.info, harodnia.com, lacinka.org, radzima.org, vandrouka.com, zianonpazniak.de, moladz.org, dziejaslou.by, spadczyna.org, padrucnik.by.ru. Таму ёсць з чаго браць прыклад. А што датычыца такога доваду як "зацікаўленыя хутчэй знойдуць старонку, калі яе адрас напісаны на ангельскі манер", то гэта неактуальна. Пошукавыя сістэмы знаходзяць старонкі па словах, якія ёсць на старонцы, а не ў назве старонкі.

Нехта скажа "Якая розніца, як напісана назва старонкі? Важна што на гэтай старонцы...". Аднак калі нехта неабыякавы да лёсу беларускай мовы, ён заўсёды імкнецца прамаваць яе. А адрас Інтэрнэт-старонкі або электроннай скрынкі, дзякуючы беларускай лацінцы, дае магчымасць гэта зрабіць, замест таго каб прыстасоўваць яго пад ангельскі або расейскі і ангельскі правапіс. Тое самае тычыцца і логінаў і псеўданімаў у Інтэрнэце (часам ёсць магчымасць выкарыстання толькі лацінскіх літар). Беларус заўсёды можа напісаць сваё імя як Viačasłau або Wiaczasłau (можна і без дыякрытыкаў), а не Viacheslav, Siarhiej, а не Sergey і г. д. Тады іншыя карыстальнікі сеціва могуць зацікавіцца чаму адрас або логін напісаны менавіта так, а не прывычным воку "ангельскім" правапісам. А ў выніку гэтай цікавасці могуць даведацца пра беларускую лацінку і правільнае беларускае напісанне. Інтэрнэт дае магчымасць паказаць усяму свету беларускія твары старонак. Аднак, як заўсёды, патрэбу гэтага павінны першымі ўсвядоміць беларусы.

Выбар адрасоў старонак у артыкуле выпадковы. Яны выкарыстаныя толькі для прыкладу. У сеціве можна знайсці шмат іншых прыкладаў як правільнага, так і няправільнага напісання.

Павел Давідоўскі, слухач Еўрапейскага Калегіюма Польскіх і Ўкраінскіх Універсітэтаў, дактарант Універсітэта імя Марыі Складоўскай-Кюры, Люблін, Польшча.


Ёсць такі музей…

Мне кажуць быць

рэальным раім,

За гэта ўзяўся ты не ў час!

Ах, мары, мары!

Шмат іх маем…

Мо рэчаіснасць дасць адказ ?

П. Броўка. "Калі б я мог", 1979 г.

Калі размова заходзіць пра літаратурныя музеі ў гонар пісьменнікаў, звычайна ўзгадваюць Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Я. Коласа і Дзяржаўны літаратурны музей Я. Купалы. Магчыма, хтосьці яшчэ ўзгадае і Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Так, сапраўды, гэтыя людзі ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускай культуры і літаратуры ў прыватнасці. Але ёсць яшчэ і чацвёрты музей, які знаходзіцца на вуліцы Карла Маркса, 30 - Літаратурны музей П. Броўкі. Музей знаходзіцца ў кватэры, дзе з 1950 года да заканчэння свайго жыцця жыў пісьменнік.

П. Броўка - народны паэт Беларусі, акадэмік, Герой працы, Лаурэат вышэйшай у былым СССР - дзяржаўнай прэміі ў галіне літаратуры - Ленінскай прэміі і некалькіх дзяржаўных прэмій Беларусі і СССР, Ганаровы грамадзянін г. Менска.

П. Броўку было прысвоена імя народнага паэта Беларусі (у 1962) пасля Я. Купалы (1925), Я. Коласа (1926) і народнага пісьменніка Міхася Лынькова (1962). П. Броўка лічыў сябе вучнем і паслядоўнікам Я. Купалы і Я. Коласа. У адным з вершаў ён пісаў: "Купала і Колас! Вы нас гадавалі…".

П.Броўка быў выдатным паэтам, драматургам, празаікам, публіцыстам, вучонымасветнікам і да ўсяго гэтага трэба абавязкова дадаць - П. Броўка шчыра, сардэчна любіў людзей, любіў не толькі ўсіх людзей агульна, але быў здольны паважаць кожнага і дапамагаць кожнаму, хто меў у гэтым патрэбу. Аб гэтым яскрава сведчаць водгукі многіх людзей, гэта пацвярджаюць удзячныя ў адрас паэта словы беларускіх пісьменнікаў, вучоных, педагогаў, напісаных на прысланых яму паштоўках, на сваіх кнігах, падараваных паэту.

П.Броўка быў цікавай асобай і як чалавек і як творца. У яго было многа сяброў не толькі ў нашай краіне, але і за межамі яе. Яго творы перакладзены на іншыя мовы. П. Броўка эмацыянальны, узнёслы чалавек, любіў спяваць песні. П.Броўка быў глыбока ўлюбёны ў родную прыроду, здольны ўспрымаць яе прыгажосць, адчуваць, як "ўсё спявае на зямлі".

Вобразнасць паэзіі П. Броўкі, манера пісьма традыцыйная, славянская. Змест і стыль яго лірыкі грунтуюцца на лепшых традыцыях славянскага пісьменства, на прынцыпах народнай маралі, этыкі, філасофіі, народнапесеннай паэтыкі.

Музей складаецца з дзвюх частак - літаратурнадакументальнай, якая адкрылася 11 кастрычніка 2007 года і мемарыяльнай.

Літаратурнадакументальная частка складаецца з дванаццаці раздзелаў, кожны з якіх прысвечаны пэўнаму перыяду жыцця паэта.

Першы з іх "Маё абуджанае ранне". Сапраўды. Пятрусь Броўка нарадзіўся ў 1905 г., а гэта быў пачатак Новага веку, і веку неспакойнага: Першая Сусветная (імперыялістычная) вайна, дзве рэвалюцыі, Грамадзянская вайна. І ўсё гэта - на дзяцінства ўражлівага хлопчыка. Само жыццё рыхтавала яго стаць у будучым заступнікам чалавека працы, змагаром за народную праўду. З дзяцінства разумець і абараняць усё прыгожае ў жыцці.

Тут вы ўбачыце фота бацькоў паэта, першую выяву самога паэта, куточак інтэр'еру хаты, дзе жылі Броўкі. Тут і на далей, у кожным з 12 раздзелаў, якія адпавядаюць знакавым перыядам у яго жыцці, змешчаны здымкі маляўнічай навакольнай прыроды, якая садзейнічала развіццю яго творчых здольнасцяў.

П. Броўка нарадзіўся, рос і выхоўваўся ў маляўнічым і спеўным краі - на Ушаччыне, у музычнай сялянскай сям'і. Яго бацька Юстын Адамавіч даволі віртуозна іграў на скрыпцы, а бацькавы браты Клімент і Ігнась - на цымбалах, жалейцы, бубнах. Глыбока краналі душу будучага паэта найгрышы скрыпачоў і дудароў з суседніх вёсак. Маці Петруся Броўкі Алена Сцяпанаўна (дзявочае прозвішча - Сыс) была дабрэйшай душы чалавек, майстрыца шыць і вышываць, ведала многа народных песень і прыгожа спя-вала. Тут дарэчы ўзгадаць радкі з верша П.Броўкі ("На родных месцах", 1957):

Бор, палеткі, гаі,

Песня родная матчына,

Кут бацькоўскай зямлі,

Дарагая Ушаччына…

У кожным раздзеле прыводзяцца яго вершы, у якіх ён успамінае пра свае ранейшыя гады.

"Так пачыналася маладосць" - наступны этап у жыцці П.Броўкі (19181925). Пасля заканчэння Лепельскай вышэйшай пачатковай вучэльні ён у 13 год пачаў працаваць у валасным ваенным камісарыяце, затым у валвыканкаме, у саўгасе. Старшынёй сельскага савета абралі яго ў 1924 г. (было яму 19 год). Усё гэта ўплывала на развіццё яго светапогляду. Тут вы ўбачыце здымкі будынкаў, дзе вучыўся П. Броўка і дзе працаваў.

У П.Броўкі ёсць такія словы "Полацк. Паэзіі маёй пачатак". Гэта фраза і стала назвай наступнага раздзела (19251928). Першае выступленне яго ў друку адбылося, калі ён працаваў у Полацку - у рэдакцыі газеты "Чырвоная Полаччына". Тут 18 жніўня 1926 г. быў надрукаваны яго верш "Ой, не шапчы, бяроза…" І па сённяшні дзень гэты верш, пакладзены на музыку, гучыць як песня ў многіх канцэртах мастацкай самадзейнасці ў музычнай апрацоўцы кампазітара У.Чараднічэнкі або з мелодыяй самадзейнага кампазітара М.Ларкова, напісанай ў 1920х гг.

Адсюль, з Полацка, П. Броўка паехаў у 1928 г. у Менск вучыцца ў БДУ на літаратурналінгвістычнае аддзяленне педфаку. Гэты перыяд яго жыцця "Вучоба ў БДУ. Пошукі паэзіі." (19281933) быў насычаны цеснымі і плённымі сувязямі з маладымі паэтамі і кампазітарамі, вызначаецца стараннай вучобай у Я. Купалы, Я. Коласа і ў сваіх калег.

У Менску ў 1930 г. ён сустрэўся з Янкам Купалам. Народнаму паэту спадабаўся шчыры, узнёслы хлопец, які хоць і пісаў, як усе тады маладыя, вершы крыклівыя, з агітацыйным ухілам. У вершах П. Броўкі Я. Купалу падабалася веданне маладым паэтам жыцця, народнай мовы і песеннасць вершаванага радка. Пазней нашы літаратуразнаўцы назавуць П. Броўку паэтам купалаўскай школы. Гэта адпавядае такой пачэснай характарыстыцы, але нельга не адзначыць, што П. Броўка як ён сам прызнаваўся, вучыўся і ў Якуба Коласа.

У 1930 г., калі П. Броўка быў яшчэ студэнтам, выйшла з друку першая кніжка яго вершаў "Гады, як шторм".

Стракатай мазаікай выглядае паэзія 30х гадоў, у якой існавалі розныя светапоглядныя арыентацыі, спаборнічалі традыцыя і авангард, мажор і мінор, рыторыка і лозунгавасць і глыбокае паэтычнае наватарства, якое ўзнімала замілаваны спеў пра айчыну, як покліч да будучыні на самых гуманных прынцыпах грамадскага жыцця. Гэта выяўлялася ў самім змесце твораў, праз вобразы, дэталі. Да прадстаўнікоў апошняга мастацкага кірунку належаў і П.Броўка. Ён імкнуўся ствараць больш гарманічны малюнак, дзе пачуццё і думка рэалізоўваліся ў выяўленчых дэталях, у рытміцы, інтанацыі верша. У 2й палове 1930х гг. паэтычны талент П. Броўкі ўзмужнеў, многія яго вершы былі пакладзены на музыку - "Ой, шумі ты, радуйся, беларускі бор", "Дукорскія партызаны" ("Дукорская партызанская"), "Палессе", "Вясной птушыны, звонкі лёт" і інш.

У гэтым комплексе пазнаёмімся з такімі рарытэтамі як фота П.Броўкі з жонкай Аленай Міхайлаўнай (дзявочае прозвішча- Рыдзеўская), дыплом П.Броўкі аб заканчэнні БДУ, фота П. Броўкі з Я. Скрыганам, фота выкладчыкаў БДУ і інш. Цікавыя таксама і здымкамі горада Менска 1930х.

Але неўзабаве пачынаецца Вялікая Айчынная вайна. Творчасць П. Броўкі ваенных гадоў - з'ява даволі ўнікальная ў беларускай літаратуры.

У яго паэзіі вастрэй, чым у паэзіі іншых аўтараў, адчуваліся і боль за сваю родную Беларусь, якую акупавалі фашыстцкія захопнікі, і страта самага спрадвечнага, дарагой беларусу магчымасці сеяць і жаць. Эпіграфамі да стэндаў экспазіцыі пра Айчынную вайну выбраны радкі з вершаў П.Броўкі: "Плача жалейка" і "Будзем сеяць, беларусы".

Вострым драматызмам сюжэту і высокім напалам лірычнага пачуцця вызначаюцца яго балады "НадзяНадзейка", "Кастусь Каліноўскі", "Магіла байца" і інш. творы.

П. Броўка дабраахвотна пайшоў на фронт і быў накіраваны ў рэдакцыю газеты "За Савецкую Беларусь" і плакатгазеты "Раздавім фашысцкую гадзіну" і інш. выданні. Паэт сумесна з іншымі беларускімі пісьменнікамі актыўна працаваў на абарону. Аб гэтым гавораць яго творы, дакументы, здымкі, на якіх бачым П. Броўку, перапіска з іншымі пісьменнікамі.

На фронце супраць фашысцкіх захопнікаў змагаліся і тры яго родныя браты - Сцяпан, Аляксандр, Канстанцін. Малодшы з іх, Канстанцін, закончыў ваеннае вучылішча, у 24 гады меў званне маёра, тры ордэны і тры медалі, камандаваў стралковым батальёнам. Пра яго гераічнае змаганне з ворагам і камандзірскія здольнасці армейскія журналісты пісалі ў газетах. На вялікі жаль, Канстанцін памёр ад ран у 1944 г. Захоўваюцца ў музеі пісьмы ваенных гадоў Канстанціна і Аляксандра, дасланыя Петрусю Броўку.

Прыехаўшы ў 1944г. у вызвалены Менск, П. Броўка некалькі месяцаў жыў у пакоі драўлянага дома № 30 па вул. Падлескай. Захавалася яго пісьмо жонцы Алене Міхайлаўне ў Маскву, на якім пазначаны гэты адрас. Зараз былая вуліца Падлеская носіць імя Петруся Броўкі. Пасля П. Броўку далі кватэру на вуліцы Ульянаўскай. Некаторыя рэчы з гэтай кватэры захаваліся і экспануюцца ў вітрыне (лямпа, падсвечнікі, будзільнік, пісьмовы прыбор, партфель і інш.).

У 1955 г. паэту споўнілася 50 год. Урачысты вечар, прысвечаны юбілею паэта, адбыўся ў Драматычным тэатры БССР імя М. Горкага 25 чэрвеня 1955 г.

Беларускія пісьменнікі даслалі прывітальны адрас юбіляру. Як пацвярджаюць подпісыфаксіміле пісьменнікаў П. Броўку, яго віталі з юбілеем усе беларускія пісьменнікі. Радавалі сваімі сустрэчамі і творцы іншых нацыянальных літаратур. Радавала яго і тое, што адбудоўвалася наша сталіца, родны Менск, жыццё людзей паляпшалася ў горадзе і на вёсцы. Аб гэтым ён вобразна казаў у сваіх творах - у вершах, паэмах ("Добры друг", "Чырвонгарадок", "Сябры", "Лясы наддзвінскія") і ў рамане "Калі зліваюцца рэкі".

"Голас сэрца" - гэты раздзел экспазіцыі, адрасаваны паэме "Голас сэрца", прысвечанай паэтам памяці сваёй маці Алены Сцяпанаўны. Яна загінула ў фашысцкім лагеры "Асвенцім", арыштаваная нямецкафашысцкімі захопнікамі за сувязь з партызанамі і завезеная туды. У дадатак да матэрыялаў аб'ёмных радочкі з паэмы, успаміны пра Алену Сцяпанаўну былых партызанскіх камандзіраў, фота інтэр'еру хаты, у якой яна жыла, і якую спалілі карнікі ў той дзень, калі схапілі яе, рэчы, якія знайшлі аднасяльчане на папялішчы сядзібы, відэазапіс выступлення паэта з чытаннем твора, фота, на якіх зазняты П. Броўка ў час паездкі ў Асвенцым у 1947 г. і 1955 г.

Тут жа экспануюцца і газетныя публікацыі пісьменнікаў і журналістаў пра сустрэчу з Н. Волах. Яе, маладую дзяўчыну, разам з Аленай Сцяпанаўнай фашысцкія карнікі схапілі і завезлі ў Асвенцым. У лагеры смерці карнікі намецілі разам з іншымі вязнямі яе на наступны дзень адвесці на пакаранне смерцю ў лагернай печы. Алена Сцяпанаўна неўзаметкі стала на яе месца, начапіўшы яе лагерны нумар на сябе. Дзяўчыну адпіхнула на сваё месца. Алена Сцяпанаўна загінула. Лагер праз некалькі дзён вызвалілі нашы воіны. Н. Волах засталася ў жывых.

Апошнія два дзесяцігоддзі ў творчасці П. Броўкі былі новым этапам яго жыццяпісу. Ён, як бачым на здымках, сустракаўся з творцамі іншых нацыянальных літаратур і грамадскімі дзеячамі, пабываў у розных кутках Еўропы, Азіі, удзельнічаў у XIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у НьюЁрку. Усё гэта, вядома, не магло адбіцца і на яго творчасці. Гэта быў ужо больш усхваляваны паэтычны роздум П. Броўкі, у якім дамінуе больш гарманічная гуманістычная канцэпцыя жыцця і мудрая філасафічнасць, далейшы сінтэз агульначалавечага і асабістага. Паэт узнімаецца да знітавання трох часовых вымярэнняў, надаўшы сваёй творчасці адзнакі маштабнасці і глыбокага лірызму, які рабіўся ўсё больш сардэчным. Паэзія П. Броўкі з 1960х гадоў, як ён сам зазначыў, пісалася "заўсёды сэрцам чыстым, каб, як дзіцячая сляза, быць шчырай і празрыстай…" і "падобную да салаўя, заўсёды быць пявучай".

Адзін за другім выходзілі зборнікі паэзіі "Далёка ад дому", "Высокія хвалі", Між чырвоных рабін".

Голас паэта набываў цеплыню гучання, песенную элегічнасць, калі ён пісаў аб любві да роднага краю, аб роздуме над праблемамі жыцця.

У 1984 годзе адбудзецца капітальны рамонт дома. Але мемарыяльныя пакоі кранаць не будуць і яны да нас дойдуць у першапачатковым выглядзе. Гэта бібліятэка паэта і рабочы кабінет.

У бібліятэцы можна пабачыць творы мастацкай літаратуры - гэта класіка зарубежнай еўрапейскай літаратуры ў перакладзе на рускую мову, пачынаючы з Рымскіх часоў да 1980г., рускую класічную і рускую савецкую літаратуру, украінскую класіку, беларускую класічную і сучасную (пасляваенную) літаратуру. Ёсць асобныя кнігі японскай, кітайскай, карэйскай літаратуры.

У бібліятэцы паэта адклаліся кнігі па беларускаму і рускаму літаратуразнаўству і мовазнаўству, слоўнікі Даля, Ушакова, Ожэгава, беларускія слоўнікі.

Энцыклапедыі - Большая Советская энциклопедия, Краткая Литературная энциклопедия, Беларуская Савецкая энцыклапедыя, Украінская Савецкая энцыклапедыя, кнігі па гісторыі СССР і БССР і розная даведачная літаратура пра выдатныя гарады ў былым Савецкім Саюзе і ў замежных краінах. Усяго 1800 кніг. Калі ўлічыць колькасць і іншых кніг, якія стаяць ў кватэры П. Броўкі, набіраецца больш за тры тысячы адзінак.

У рабочым кабінеце - уласныя рэчы паэта. Рабочы стол, на якім былі напісаны пісьменнікам вершы, паэмы, артыкулы, пісьмы. На стале пісьмовыя прылады, сувеніры і іншыя прадметы, фатаграфіі сына і жонкі. Каля стала два крэслы. На адным сядзеў і працаваў гаспадар кватэры, другое (насупраць) - для тых, хто заходзіў да П.Броўкі.

Пётр Усцінавіч Броўка ўнёс вялікі ўклад ў развіццё беларускай літаратуры, і таму супрацоўнікі музея зробяць усё магчымае, каб захаваць у памяці нашчадкаў гэтае імя.

Р. Крыцук.


Вандроўка Магілёўскага ТБМ па Быхаўшчыне

Магілёўская суполка ТБМ у нядзелю, 8 чэрвеня, зладзіла аднадзённую вандроўку-экспедыцыю па ваколіцах Магілёва і Быхава. У часе вандроўкі яе ўдзельнікі наведалі шэраг самых разнастайных помнікаў гісторыі і архітэктуры. Добрай традыцыяй стала тое, што кожны з удзельнікаў вандроўкі атрымаў адмысловы буклет з указаннем маршруту падарожжа і фотаздымкамі запланаваных да наведвання мясцін.

Першы прыпынак быў зроблены каля мемарыяльнай капліцы ў гонар перамогі расейскіх войскаў пад Салтанаўкай у 1812 г. - помніка архітэктуры неакласіцызму.

Дашкаўка. Тут захаваўся будынак палаца Жукоўскіх, парк. За сядзібай, на стромым беразе Дняпра, давялося пабачыць камень з надпісам па-польску "Czujnie"/пільна, чуйна/.

Баркалабава. Царква Казанскай Маці Божай - помнік архітэктуры псеўдарускага стылю пач. 20 ст. Нядаўна перададзена вернікам, дзейнічае, хаця ўсё яшчэ знаходзіцца ў занядбаным стане. Паблізу знаходзіўся славуты праваслаўны манастыр, у якім, магчыма, быў створаны "Баркулабаўскі летапіс". Сёння на гэтым надзвычай прыгожым месцы на беразе Дняпра ўсталяваны крыж.

Прадмесце Быхава Сапяжынка . Буслы на дубах вакол занядбанага будынка пачатковай габрэйскай школы - хедара. У 1812 г. на гэтым месцы знаходзіўся штаб расейскай арміі пад кіраўніцтвам Баграціёна, пра што сведчыць памятны знак. А вось у час апошняй вайны тут было закатавана 70 габрэяў - распавядае помнік, усталяваны на сродкі брытанскага фонду Лазарусаў, які займаецца ўшанаваннем памяці ахвяр халакосту.

Вёска Мокрае . Адноўленая Успенская царква на месцы храма сяр. 19 ст., які ўжо двойчы згараў. Храм быў адноўлены ў спешцы, таму цяпер тут вядзецца грунтоўная перабудова.

Быхаў. Калісьці - горад-фартэцыя, вядомы сваім непрыступным замкам, абарон-чымі ўмацаваннямі. На ўскрайку горада - габрэйскія могілкі, за якімі адкрываецца надзвычай прыгожы краявід дняпроўскіх паплавоў. Троіцкая царква - помнік драўлянага дойлідства, дзе сёння захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай Баркалабаўскай. Сінагога - помнік архітэктуры позняга рэнесансу 17 ст. Уваходзіла ў сістэму абарончых умацаванняў. У занядбаным стане, гэтаксама як рэшткі замка.

Лудчыцы . Мемарыял вайсковай славы "Лудчыцкая вышыня". Велічны Гусляр, які апавядае пра подзвіг савецкіх салдат.

Пераязджаем на левы бок Дняпра. Грудзінаўка . Палацава-паркаваы ансамбль графа Д. Талстога. Трохсотгадовы дуб. Палац - у занядбаным стане.

Будынак паштовай станцыі 19 ст. ля шашы Пецярбург - Адэса. І, нарэшце, рэшткі царквы ў вёсцы Сідаравічы (сяр. 19 ст.). Напэўна, мясцовыя жыхары вельмі здзівіліся, пабачыўшы тут экскурсію.

Нягледзячы на тое, што абсалютная большасць убачаных помнікаў знахаодзіцца, мякка кажучы, у занядбаным стане, напрыканцы падарожжа, відавочна, многа хто самастойна прыйшоў да высновы, выказанай арганізатарам і кіраўніком экспедыцыі, старшынём Магілёўскага ТБМ Алегам Дзячковым: у нашых родных мясцінаў надзвычай багатая спадчына, і наш абавязак - ведаць і берагчы яе.

Улетку ж Магілёўская суполка ТБМ плануе вандроўкі па Заходняй Беларусі і Палессі. Далучайцеся!

Юрась Каласоўскі.


Нацыст № 3 - Рудольф Гес

(Гісторыка-дакументальнае эсэ)

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Член Міжнароднага Ваеннага Трыбуналу ад СССР І.Ц. Нікітчанка выказаў Асобым меркаваннем сваю нязгоду на прыгавор, лічачы, што Ф. фон Папен, Г. Фрычэ і Ялмар Горас Грынен Шахт апраўданы безпадстаўна, а да Рудольфа Геса павінна была прыменена вышэйшая мера - пакаранне смерцю.

Разам з тым, Міжнародны Ваенны Трыбунал прызнаў злачыннымі для чалавец-тва дзяржаўную тайную паліцыю - гестапа, службу бяспекі - СД кіраўнічы склад Нацыянал-сацыялісцкай партыі (НСДАП) і яе ахоўныя атрады - СС.

У апраўданні Ялмара Шахта выключную ролю адыгралі яго цесныя сувязі з амерыканскімі прамыслоўцамі і банкірамі ў свой час, а таксама імкненне заходніх суддзяў зняць з "капітана індустрыі" адказнасць за ўзнікненне Другой Сусветнай вайны. Калі б Я. Шахт быў асуджаны, ён бы ў помсту "своим покровителям" хутчэй за ўсё паведаміў бы шырокай грамадскасці аб ролі амерыканскага капіталу ва ўзбраенні Германіі напярэдадні Другой Сусветнай вайны і аб тых патайных сувязях, якія падтрымліваліся германскімі і амерыканскімі магнатамі ў гады вайны.

А ў Ганса Фрычэ і Франца фон Папена ў параўнанні з іншымі падсуднымі віна была значна меншай, і ім не маглі быць інкрымінаваны цяжкія ваенныя злачынствы і змова супраць свету і чалавечнасці. Г. Фрычэ, дарэчы, быў увогуле дробнай сошкай у нацысцкім палітычным апараце, а Ф. фон Папен, прадстаўнік кансерватыўнай прускай эліты, не быў нават членам НСДАП. Значную ролю ў апраўданні Ф. фон Папена адыгралі, відавочна, яго цесныя сувязі з прамысловымі коламі і каталіцкай царк-вой. Вядома, у прыватнасці, што да пачатку Нюрнбергскага працэсу рымскі Папа Пій XII хадайнічаў перад амерыканскім суддзёй за Ф. фон Папена.

Пакаранне смерцю праз павешанне пазбег толькі Герман Герынг. За тры гадзіны да пакарання ён скончыў жыц-цё самагубствам з дапамогай цыяністага калію, невядома кім і як перададзенага яму ў турму.

Асуджаныя, якія пазбеглі пакарання смерцю, былі размешчаны ў берлінскай тур-ме Шпандау.

У 1954 годзе быў памілаваны Канстанцін фон Нейрат, у 1957 і 1958 гадах памілаваны асуджаныя на пажыццёвае зняволенне Вальтэр Функ і Эрых Рэдэр. У 1956 годзе, адбыўшы тэрмін пакарання, выйшаў на свабоду Карл Дзёніц.

У 1962 - 1964 гадах, калі я праходзіў службу ў Савецкай Арміі ў ГСВГ, у турме Шпандау адбывалі пакаранне Альберт Шпеер, Бальдур фон Шырах і Рудольф Гес. У 1966 годзе, адбыўшы 20 гадоў турэмнага пакарання, выйшлі на волю А.Шпеер і Б. фон Шырах.

3 1966 года ў турме Шпандау застаўся толькі адзін вязень - Рудольф Гес. Просьбы Геса аб памілаванні адхіляліся з-за адмоўнай пазіцыі Савецкага Саюза. Засталося і да гэтага часу няясным пытанне аб сапраўднай ролі Р. Геса ў нацысцкаа сістэме і мэтах яго сенсацыйнага палёту ў Вялікабрытанію ў траўні 1941 года.

Вакол Р. Геса ў тыя гады разгарнулася вострая палітычная барацьба. Правыя сілы ў ФРГ і іншых краінах пачалі настойліва патрабаваць яго памілавання. Але дзяржавы-пераможцы катэгарычна адмовіліся змягчыць ці перагледзець прыгавор. Р. Гес прабыў у турме Шпандау аж да самай сзаёй смерці 17 жніўня 1987 года.

Са смерцю Рудольфа Геса была закрыта апошняя старонка жыцця палітычных лідэраў Трэцяга рэйху.

Прыгавор пакарання смерцю быў прыведзены ў выкананне ў ноч на 16 кастрычніка 1946 года. Целы пакараных і цела Г. Герынга, які скончыў жыццё самагубствам за тры гадзіны да пакарання смерцю, былі сфатаграфаваны, спалены і прах іх развеяны па ветры. Так упершыню ў гісторыі чалавецва былі пакараны арганізатары агрэсіўнай сусветнай вайны, і ўпершыню ў гісторыі агрэсія была прызнана найцяжэйшым міжнародным злачынствам супраць чалавецтва. На Нюрнбергскім працэсе былі выкрыты агрэсіўная і чалавеканенавісніцкая сутнасць фашызму, жудасныя злачынствы нацыстаў у акупаваных краінах, устаноўлена віна галоўных кіраўнікоў фашысцкай Германіі ў арганізацыі і ўчыненні найцяжэйшых злачынствах супроць чалавецтва і міру на ўсёй зямлі.

Турма Шпандаў

Цвердзь Шпандаў - лепшае мураванае абарончае збудаванне эпохі Рэнесансу ў Паўночнай Еўропе. У XI стагоддзі на гэтым месцы на стыку рэк Гавель і Шпрэе было вядома ваеннае ўмацаванне. Шпандаў, як замак, у дакументальных крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1197 годзе, быў цвердзю маркграфаў Брандэнбургскіх. Тут яны арганізоўвалі вячэры і святы ў палацавай вежы Юліюса. Вежа Юліюса, пабудаваная ў 1230 годзе, адна з самых старажытных пабудоў горада Берліна. Вышыня вежы болып за 30 метраў - яна самая высокая: ў цвердзі Шпандаў, з яе вышыні ў добрае сонечнае надвор'е бачны горад Патсдам.

Пры курфюрсце Ёахіме II гэтая цвердзь была дабудавана італьянскімі архітэктарамі і з 1590 года служыла гораду Берліну ў якасці сховішча (сховані). Цвердзь Шпандаў вытрымала адзіную і значную аблогу ў 1813 годзе войск французскага імператара Напалеона I Банапарта. Толькі ад выбуху ў складзе перад паўднёвай сцяною засталіся руіны.

У 1874 годзе ў цвердзі Шпандаў было размешчана "государственное военное богатство" - звыш 120 мільёнаў марак залатымі манетамі.

У мінулым турма Шпандаў знаходзілася ў горадзе і цвердзі першага разраду ў прускай правінцыі Брандэнбург. Горад Шпандаў месціўся на захад ад Берліна, пры ўпадзенні ракі Шпрее ў раку Гавель на караблеходным Берлін-Шпандаўскім канале. У канцы XIX стагоддзя ў горадзе жылі 56 тысяч чалавек.

Шпандаў - адзін з старажытнейшых гарадоў правінцыі Брандэнбург. У 1232 годзе ён атрымаў магдэбургскае (гарадское) права, у 1319 годзе - акружаны абарончьмі сценамі. У 1559 годзе былі пабудаваны галоўныя часткі сучаснай цвердзі. У 1630 годзе кароль Швецыі Густаў Адольф заняў Шпандаў шведскай вайсковай залогай, якая заставалася там да Вестфальскага міру, які быў заключаны 24 кастрычніка 1648 года. У 1806 годзе пасля паражэння прускай арміі пры Іене і Аўерштадце, камендант Шпандаў, палкоўнік Бенкендорф, здаў цвердзь Шпандаў французска-му маршалу Лану без бою.

15 сакавіка 1813 года саюзнікі пачалі блакаду горада Шпандаў, які быў заняты французамі. Нягледзячы на слабасць блакіруючых сілаў саюзнікаў і іх раз'яднанасць рэкамі Шпрэе і Гавель, камендант, генерал Бруэ, ачысціў Шпандаў і заняў цвердзь 18 красавіка. Саюзныя войскі адкрылі па цытадэлі агонь, а ў ноч на 20 красавіка яны пачалі штурм цвердзі. Хаця штурм саюзнікаў быў няўдалы, генерал Бруэ 26 красавіка капітуляваў.

У канцы XIX стагоддзя ў Шпандаў была царква Свяціцеля і Цудатворца Мікалая, пабудаваная ў XVI стагоддзі. У цвердзі Шпандаў захаваліся помнікі: курфюрсту Ёахіму II (работа Энке, 1889) і германскаму імператару Фрыдрыху III (работа Мантэ, 1892). У апошнія гады XIX стагоддзя сцены цвердзі былі ўмацаваны - на высотах правага берага ракі Гавель, з Патсдамскага боку пабудаваны ў цвердзі самастойныя (аўтаномныя) форты.

(Працяг у наступным нумары.)

Анатоль Валахановіч, пісьменнік, журналіст, гісторык, краязнаўца

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX