Вярнуцца: 2008

№ 30 (869)


Крыніца: pawet.net.



№ 30 (869) 23 ЛІПЕНЯ 2008 г.


110 гадоў з дня нараджэння Рыгора Кобеца

КОБЕЦ Рыгор Якаўлевіч (24.7.1898, г. Кіраваград, Украіна - 9.9.1990), бел. пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1935). З 1921 жыў у Менску, працаваў у рэдакцыі газ. «Рабочий». 3 1925 чл. рус. секцыі «Маладняка» - «Звенья», з 1929 - «Маладняка». У 1931-37 на кінастудыі «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе, пазней на студыі кінахроніхі на Д. Усходзе. У 1938 рэпрэсаваны, у 1939 апраўданы, жыў у Хабараўску. У 1941 зноў рэпрэсаваны, з 1951 на пажыццёвым пасяленні ў кірг. стэпах. 3 1960 у Менску. Рэабілітаваны ў 1960. Друкаваўся з 1918. Пісаў вершы, фельетоны, нарысы. Першая і найб. значная ў драматург. спадчыне пісьменніка п'еса «Гута» (1929, паст. 1930 БДТ-1) на рабочую тэму. Сярод інш. п'ес «А ўсё ж заспяваю» (1932), «На заставе» (1934), «Мігрэнь» (1940), «Цяжкі выпадак» (1961), «Піражкі з чырвонцамі» (1965) і інш. Зрабіў значны ўклад у станаўленне бел. кінематаграфіі. Аўтар сцэнарыяў кінафільмаў «Ураган» (1931, з Б. Брадзянскім), «Двойчы народжалы» (1933, першы гукавы фільм на бел. мове), «Шукальнікі шчасця» (1936, з І. Зэльцарам, апубл. 1988), «Дняпро ў агні» (1937, з І.Барашкам). Аўтар муз. камедыі «Шчаслівы бераг» (паст. 1940), аповесці «Ноеў каўчэг» (нап. 1964, апубл. 1989), успамінаў пра Я. Купалу «Купалава ноч» (нап. 1959, апубл. 1998).


90 гадоў з дня нараджэння Івана Грамовіча

ГРАМОВІЧ Іван Іванавіч (26.7.1918, в. Закружка Менскага р-на - 2.7.1986), бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1978). Скончыў Менскі пед. ін-т (1939). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1935. У першай аповесці «Чужы грунт» (1939) выкрываў прыстасавальніцтва і падхалімства. У зб-ках апавяданняў «Шырокія азёры» (1951), «Рына-Марына» (1958), «Як вясну рабілі» (1985), аповесцях «На крутой гары» (пач. назва «Да ясных вышыняў», 1950-51) і «Сям'я Вішнёвых» (пач. назва «Далі сабе слова», 1968-70) і інш. асн. тэмы - вайна, пасляваен. аднаўленне, сяброўства, каханне, праблемы горада і вёскі. Апавяданні Г. для дзяцей сваёй рамантычнай прыўзнятасцю, арнаментальным стылем нагадваюць вершы ў прозе (кн. «Першага верасня», 1949; «Сонца скрозь воблакі», 1964). У сатыр. і гумарыстычных тюрах (зб-кі «Нарасць», 1961; «Вадалей-гэтак далей», 1975; «Залатая бранзалетка», 1977) асуджаў мяшчанства і бескультур'е. Аўтар успамінаў пра дзеяча? культуры і л-ры «У сховах памяці і сэрца» (1983), нарысаў, публіцысг. артыкулаў, сцэнарыяў фільмаў. Пераклаў на бел. мову асобныя творы У. Кочатава, М. Носава.


Завершыліся археалагічныя раскопкі на месцы горада Казімір

У Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці завершыліся археалагічныя раскопкі на месцы горада Казімір, які існаваў у XVII стагоддзі і меў Магдэбургскае права, паведаміла БелаПАН выкладчыца Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Івана Шамякіна Ірына Калбасіна.

Паводле яе слоў, даследаванні праводзіліся з 7 па 18 ліпеня ў вёсцы Каралёва Слабада - 2 Краснаўскага сельсавета, якая знаходзіцца на месцы былога горада Казімір. У раскопках удзельнічалі 15 студэнтаў-гісторыкаў універсітэта пад навуковым кіраўніцтвам прафесара кафедры гісторыі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта (Менск), доктара гістарычных навук Сяргея Расадзіна.


ТБМ паслалі па даведкі

Общественное объединение

«Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны»

220034, г. Минск, ул. Румянцева, 13

Республиканская комиссия по упорядочению использования административных зданий, сооружений, производственных площадей и других объектов государственной собственности (далее - Республиканская комиссия) возвращает Ваше обращение без рассмотрения в связи с тем, что не представлены необходимые документы: экономическое обоснование необходимости установления льготы, расчет ставок и размеров арендной платы за занимаемые Вашей организацией помещения на момент обращения и в случае принятия соответствующего решения, ходатайства республиканского органа государственного управления и Минского горисполкома .

Приложение: на 3 л в 1 экз.

Ответственный секретарь Республиканской комиссии

по упорядочению использования административных

зданий, сооружений, производственных площадей и

других объектов государственной собственности Е.Н. Малая.


У Левых Мастах аднавілі помнік жаўнерам Гарадзенскага палка 1-й Беларуска-Літоўскай дывізіі

Масты Левыя мясцовыя актывісты аднавілі помнік жаўнерам Гарадзенскага палка 1-й Беларуска-Літоўскай дывізіі якія ў 1920 годзе стрымлівалі Чырвоную армію на берагах Нёмана. Паводле аповядаў ветэранаў тут гарадзенцы ўтапілі ў Нёмане калмыцкую дывізію чырвоных, але і самі панеслі значныя страты.

У 1928 годзе на гэтым месцы быў пастаўлены сціплы помнік вайскоўцамі 71-га гарадзенскага пяхотнага палка імя караля Стэфана Баторыя - камень з шыльдай на пастаменце. У 1939 годзе яго разбурылі. І вось на прыватнай ся-дзібе мясцовага жыхара Рыбака Уладзіміра Ўладзіміравіча помнік адноўлены.

Ініцыятарам аднаўлення помніка стаў Язэп Палубятка. Палубятка гаворыць: "Вырашылі сваімі сіламі аднавіць помнік. Мы давядзем яго да ладу разам з грамадскімі арганізацыямі, з Саюзам па-лякаў, гэты помнік стане сімвалам нашых братэрскіх адносінаў і вайсковай славы."

Краязнаўца Лявон Карповіч: "Сабраліся вось людзі, каб адзначыць такую падзею: знайшлі помнік, які пастаўлены на магіле жаўнераў, якія тут змагаліся з бальшавікамі ў 1920 годзе, трымалі абарону 23 ліпеня. Помнік паставілі ў 1928 годзе ў дзесятую гадавіну адраджэння Польшчы, але ён быў разбураны поўнасцю, а камень скінуты на бераг Нёмана. Гаспадар дома знайшоў, адкапаў і папрасіў людзей, каб дапамаглі, перацягнулі яго сюды".

1-я і 2-я Беларуска-Літоўскія дывізіі былі сфармаваныя ў 1919 годзе ў асноўным на тэрыторыі Беларусі. Падчас савецка-польскай вайны дывізіі змагаліся супраць чырвоных. Пасля заключэння Рыжскай мірнай дамовы 1-я Беларуска-Літоўская дывізія "ўзбунтавалася" і пад камандай Люцыяна Жылігоўскага заняла Вільню. Дывізіі сталі Ўзброенымі сіламі Сярэдняй Літвы. Пасля далучэння Сярэдняй Літвы да Польшчы палкі ды-візій сталі палкамі Войска Польскага. Таму адноўлены помнік - гэта помнік у першую чаргу палеглым беларусам, а жаўнерамі Войска Польскага яны юрыдычна на той час як бы і не былі.

Паводле А. Астраўцова.

На здымку: краязнавец Лявон Карповіч каля помніка.


Як гэта было

Вакол постаці Кастуся Каліноўскага

Першаму сакратару ЦК КПБ тав. М.М. Слюнькову

Сакратару і члену Бюро ЦК КПБ тав. Кузьміну А.Т.

Копіі:

Міністэрству культуры БССР.

Дзяржаўнаму камітэту БССР па кінематаграфіі.

Дзяржаўнаму камітэту БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні.

Дзяржаўнаму камітэту БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю.

Акадэміі навук БССР.

Творчым саюзам:

Саюзу пісьменнікаў БССР.

Саюзу мастакоў БССР.

Саюзу кампазітараў БССР.

Саюзу кінематаграфістаў БССР.

Саюзу архітэктараў БССР.

Саюзу журналістаў БССР.

Беларускаму тэатральнаму аб'яднанню.

Таварыству аховы помнікаў.

Газеце "Літаратура і мастацтва".

21 студзеня 1988 года спаўняецца 150 гадоў з дня нара-джэння Кастуся Каліноўскага. У студзені - лютым гэтага года спаўняецца 125 гадоў з пачатку паўстання 1863 г. у Польшчы, Беларусі і Літве.

Заслугі Кастуся Каліноўскага перад рэвалюцыйным рухам і беларускай культурай неаспрэчныя.

У яго дзейнасці знайшлі ўвасабленне найбольш радыкальныя тэндэнцыі паўстання 1863 года. Як правадыр і тэарэтык рэвалюцыйнай дэмакратыі ўвайшоў ён у гісторыю грамадскай думкі і рэвалюцыйнага руху Беларусі і Літвы. Дзейнасць К.Каліноўскага трэба разглядаць як адну з найбольш смелых і нязменных спроб ажыццявіць на практыцы і ўвасобіць у жыццё рэвалюцыйныя праграмы М.Г.Чарнышэўскага, М.А. Дабралюбава, А.І. Герцэна.

Веліч К.Каліноўскага ў тым, што ён выступіў непахісным абаронцам інтарэсаў прыгнечанага і бяспраўнага сялянства, прысвяціўшы гэтай высакароднай мэце незвычайны талент мысліўца, публіцыста і рэвалюцыянера. Ён не толькі здолеў узняцца да прызнання неабходнасці класавай барацьбы і народнай рэвалюцыі, як сродку карэннай перабудовы грамадства, але і заклікаць беларускіх сялянаў на барацьбу і павяржэнне царскага самаўладства, разглядаючы іх выступленне як складовую частку агульнарасійскай сялянскай рэвалюцыі, што рыхтавалася вялікімі рускімі рэвалюцыянерамі-дэмакратамі. Ідэі ўтапічнага сацыялізму, рэвалюцыйнага дэмакратызму і нацыянальнага вы-звалення, якія прапагандавалі К.Каліноўскі і яго паплечнікі па рэвалюцыйнай барацьбе, падрыхтавалі ў Беларусі глебу для ўспрыняцця ідэй навуковага сацыялізму, а ў далейшым дапамагалі беларускім рэвалюцыянерам уключыцца ў стварэнне Рускай секцыі Інтэрнацыянала (1870) у агульнаеўрапейскі рабочы рух.

Вялікая заслуга К.Каліноўскага ў тым, што яго рэвалюцыйная дзейнасць з'явілася паказчыкам абуджэння нацыянальнай і сацыяльнай свядомасці беларускага народа і садзейнічала гэтаму абуджэнню. Ён унёс прыкметны ўклад у фарміраванне беларускай літаратурнай мовы, быў творца беларускай рэвалюцыйнай публіцыстыкі, беларускай дэмакратычнай прэсы, выдавец першай газеты на беларускай мове. Ён стварыў першае ў гісторыі народаў нашай краіны рэвалюцыйнае выданне для працоўных мас, для сялянства - нелегальную газету "Мужыцкая праўда". З імем К.Каліноўскага звязана самабытная старонка ў гісторыі беларускай паэзіі.

Веліч К.Каліноўскага і ў тым, што свой кароткі жыццёвы шлях ён прайшоў як сапраўдны народны герой. Ён уражваў паплечнікаў і сучаснікаў выключнай мужнасцю, стойкасцю, смеласцю, воляй, беззапаветнай адданасцю ідэалам вызваленчай барацьбы, непахіснай упэўненасцю ў перамозе народнай справы. Незвычайныя асабістыя якасці К.Каліноўскага, як і іншых герояў паўстання 1863 г., паслужылі прыкладам для выхавання наступных пакаленняў барацьбітоў з самадзяржаўем - пралетарскіх рэвалюцыянераў. Характэрна, што ў аднаго з байцоў ленінскай гвардыі - Камо (С.А. Тэр-Петрасяна), якога У.І. Ленін характары-заваў "як чалавека зусім выключнай адданасці, адвагі і энергіі", сярод асабістых рэчаў знаходзіўся і літаграфаваны партрэт К. Каліноўскага. Гэта яскравае сведчанне павагі Камо да асобы К. Каліноўскага.

Уплыў асабістых якасцяў беларускага рэвалюцыянера, на погляд некаторых даследчыкаў К.Каліноўскага, зведаў і палымяны рыцар рэвалюцыі, чалавек крыштальнай маральнай чысціні і высокай духоўнай культуры - Фелікс Дзяржынскі, бацька якога ў студэнцкія гады быў сябрам К.Каліноўскага.

Імем Каліноўскага даражылі і беларускія партызаны, якія абаранялі Савецкую ўладу ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і людзі, што аднаўлялі разбураную вайной гаспадарку. І ў нашы дні, будуючы камунізм, што, паводле слоў У.І.Леніна, "патрабуе самага працяглага, самага ўпартага, самага цяжкага гераізму маса-вай і будзённай работы, мы адчуваем дабратворны ўплыў сапраўды вялікіх герояў мінулага, да ліку якіх належыць і К.Каліноўскі.

Паўстанне ў Польшчы, Беларусі і Літве выклікала радасць і хваляванне, прыліў энергіі і надзею на развіццё рэвалюцыйнага руху ў Еўропе ва ўсіх рэвалюцыянераў.

А.І. Герцэн у "Колоколе" адстойваў права народаў не толькі Польшчы, але Украіны і Беларусі на самавызначэнне. Ён пісаў польскаму Цэнтральнаму нацыянальнаму камітэту: "Што да нас, дык нам лёгка з вамі ісці: вы ідзяце ад прызнання правоў сялянаў на зямлю, якую яны апрацоўваюць; вы прызнаяце права ўсялякага народу распараджацца сваім лёсам. Гэта нашы асновы, гэта нашы догмы, нашы сцягі… Скажам сумесна з палякамі: быць Літве, Беларусі, Украіне, з кім яны быць хочуць, альбо ні з кім, толькі б волю іх пазнаць не падробную, а сапраўдную".

Мы нагадаем словы У.І.Леніна, сказаныя пра Герцэна, якія характарызуюць непасрэдныя погляды У.І.Леніна на рэвалюцыйныя падзеі 1863 г.: "Калі ўся зграя рускіх лібералаў адхлынула ад Герцэна за абарону Польшчы, калі ўсё "адукаванае грамадства" адвярнулася ад "Колокола", Герцэн не збянтэжыўся. Ён працягваў адстойваць свабоду Польшчы і бічаваць ліхадзеяў, катаў, вешальнікаў Аляксандра ІІ. Герцэн выратаваў гонар рускай дэмакратыі".

Мы ведаем, як прыхільна ставіліся да рэвалюцыйных падзей ў Польшчы, Беларусі, Літве К.Маркс і Ф.Энгельс, як яны ўсе свае творчыя сілы, энергію, свой вялікі аўтарытэт у міжна-родным рэвалюцыйным руху накіроўвалі на дапамогу змагарным народам, абаранялі іх правы на самавызначэнне, арганізоўвалі збор сродкаў для паўстанцаў, рыхтавалі нямецкі легіён для падтрымкі змагароў, арганізоўвалі кампаніі салідарнасці рабочага класа еўрапейскіх краін з паўстанцамі, выкрывалі прадажную палітыку еўрапейскіх краін у дачыненні да "польскіх падзей".

На думку К. Маркса і Ф. Энгельса, пры станоўчым развіцці падзей гэта рэвалюцыя магла стаць зыходным момантам агульнаеўрапейскай рэвалюцыі. Яны разлічвалі, што рэвалюцыйныя падзеі дадуць штуршок рускай рэвалюцыі, дзе ў народных масах працягвалася рэвалюцыйнае хваляванне, выкліканае вынікамі рэформы 1861 г., якое, злучыўшыся з рускай рэвалюцыяй, перакінецца ў Германію. Яны лічылі, што ў Еўропе зноў шырока адкрылася эра рэвалюцый. Асабліва гэтая ўпэўненасць прыйшла пасля таго, як за рэвалюцыйнымі падзеямі 22 студзеня 1863 г. у Польшчы, у лютым і сакавіку ўспыхнула паўстанне ў большасці месцаў Беларусі і Літве, якое адразу набыло дэмакратычны, сапраўды масавы характар.

К. Маркс і Ф. Энгельс адразу звярнулі ўвагу не толькі на гераізм паўстанцкіх атрадаў на Гродзеншчыне, Міншчыне, Магілёўшчыне, але ў першую чаргу на характар, мэты паўстання. Так, 8 красавіка 1863 г. Ф.Энгельс у сваім лісце да К.Маркса звяртае ўвагу, што Літоўскі (К.Маркс і Ф.Энгельс, як і большасць публіцыстаў таго часу, нярэдка ўжывалі ў адносінах да Беларусі старую гістарычную назву Беларусі і Літвы - "Літва") рух - цяпер самае важнае, бо ён

1) выходзіць за межы кангрэсовай Польшчы;

2) у ім прымаюць больш удзел сяляне, а бліжэй да Курляндыі яно набывае нават прамы аграрны характар.

Аналізуючы поспехі і няўдачы паўстання, К. Маркс і Ф. Энгельс прыйшлі да высновы, што, нягледзячы на паражэнне, яно мела міжнароднае значэнне. Што да Расіі, дык дзякуючы гэтаму паўстанню, яна наблізілася яшчэ болей да канкрэтных рэвалюцыйных пераўтварэнняў.

Пасля паражэння паўстання многія беларусы эмігрыра-валі на захад, атрымалі магчымасць працягваць рэвалюцыйную дзейнасць. І многія пайшлі гэтым шляхам далей, у класавых бітвах заваявалі еўрапейскую і сусветную вядомасць. На долю тых, хто трапіў у рукі карнікаў і быў сасланы ў Сібір (а такіх аказалася каля 50 тыс. чалавек) выпалі вялікія выпрабаванні і цяжкасці. Яны склалі другую, найбольш значную хвалю палітычных ссыль-ных. Многія з іх пакінулі значны след у вывучэнні Сібіры і набылі шырокую вядомасць (напр. І.Д. Чэрскі, Б.І. Дыбоўскі).

Асаблівую цікавасць уяўляюць удзельнікі паўстання ў Беларусі, якія потым актыўна супрацоўнічалі з К. Марксам і Ф. Энгельсам.

Да іх ліку належаць Антон Трусаў і Валеры Урублеўскі. У Еўропе А.Трусаў актыўна ўключаецца ў рэвалюцыйны рух, удзельнічае ў стварэнні Рускай секцыі Інтэрнацыянала, выбіраецца яе сакратаром. Яго імя стаіць пад усімі калектыўнымі пасланнямі Камітэта Рускай секцыі. К. Маркс даў згоду прадстаўляць Рускую секцыю ў Генеральным савеце, прыцягнуў яе членаў у групу партыйна-палітычных спраў Інтэрнацыянала. А.Трусаў - арганізатар, а затым укладальнік друкарні "Народное дело". Пра такіх людзей, як ён, К.Маркс гаварыў, што яны "выдатныя хлопцы" і сталі "лепшымі людзьмі партыі". Дзякуючы пастаяннаму супрацоўніцтву з правадырамі між-народнага пралетарыяту, А.Трусаў многа зрабіў і для выканання Рускай секцыяй узнятага на сябе абавязку: "быць пасярэднікам паміж рабочымі саюзамі ў Расіі і рабочымі саюзамі ў славянскіх землях".

Валеры Урублеўскі - выхадзец з дробнай шляхты, ураджэнец м. Жалудок Шчучынскага раёна, кіраўнік паўстанцкіх атрадаў на Гродзеншчыне. Па-сапраўднаму ваенны талент В. Урублеўскага раскрыўся пасля рэвалюцыі: 18 сакавіка 1871 г., калі ён стаў генералам Парыжскай камуны. З кастрычніка 1871 г. В. Урублеўскі - член Генеральнага савета І Інтэрнацыянала і сакратар-карэспадэнт Польшчы. Генерал Камуны карыстаўся поўным даверам К. Маркса і Ф. Энгелса. Яны прынялі ўдзел у арганізацыі нашым земляком славянскага мітынгу ў гонар 12-й гадавіны паўстання 1863 г. у Польшчы, Беларусі і Літве.

У сувязі з усім сказаным, хочацца зноў звярнуцца да артыкула У.І. Леніна "Памяці Герцэна":

"Рабочая партыя павінна памянуць Герцэна не дзеля абывацельскага славаслоўя, а для ўсведамлення сваіх задач, для ўсведамлення сапраўднага гістарычнага месца пісьменніка, які адыграў вялікую ролю ў падрыхтоўцы рускай рэвалюцыі.

…Ушаноўваючы Герцэна, пралетарыят вучыцца на яго прыкладзе вялікаму значэнню рэвалюцыйнай тэорыі, - вучыцца разумець, што беззапаветная адданасць рэвалюцыі і звяртанне з рэвалюцыйнай пропаведдзю да народа не прападзе нават тады, калі цэлыя дзесяцігоддзі аддзяляюць сяўбу ад жніва… Герцэн першы ўзняў вялікі сцяг барацьбы шляхам звароту да мас з вольным рускім словам".

Тут для нас у першую чаргу важны сам метадалагічны прынцып падыходу У.І.Леніна да ўшанавання памяці вялікіх рэвалюцыянераў, якія сваімі дзеяннямі, сваёй самаахвярнсцю ў служэнні рэвалюцыі, сваім гарачым публіцыстычным словам сцвярджалі палітычную, сацыяльную, нацыянальную самасвя-домасць народа, падрыхтоўвалі да новых рэвалюцыйных бур.

Такое ўшанаванне памяці сваіх герояў-рэвалюцыянераў, перш-наперш патрэбна ўсім свядомым пралетарыям, а цяпер усяму народу, бо гэта,

па-першае, вучыць народныя масы "вялікаму значэнню рэвалюцыйнай тэорыі", дапамагае асвойваць яе;

па-другое, дае вялікі прыклад не толькі для наступных пакаленняў рэвлюцыянераў, прыклад самаадданага служэння справе рэвалюцыі, справе нацыянальнага і сацыяльнага вызвалення свайго народа ад прыгнёту самаўладства;

па-трэцяе, выхоўвае народныя масы ў пазнанні класавай барацьбы, дапамагае сцвердзіць яго класавую і нацыянальную самасвядомасць;

па -чацвёртае, выхоўвае патрыятызм народных мас, іх рэвалюцыйную годнасць і гонар за вялікіх пачынальнікаў у рэвалюцыйным руху;

па-пятае, дае магчымасць народным масам глыбей пазнаць сутнасць, ролю і значэнне інтэрнацыянальных сувязяў рэвалюцыянераў, інтэрнацыянальнай дапамогі народу-паўстанцу з боку другіх рэвалюцыянераў і народаў, што дае вялікую магчымасць у фарміраванні інтэрнацыянальных пачуццяў народных мас;

па-шостае, мае вялікае значэнне і для сучаснага вопыту ўсяго міжнароднага рэвалюцыйнага руху таму, што ўсе прыгнечанні народа не застаюцца беспакараныя, што народныя масы заўсёды вылучаюць з сваіх шэрагаў дзеячоў, якія вядуць іх на рашучае рэвалюцыйнае змаганне, што палымяная пропаведзь рэвалюцыянераў і іх самаахвярнасць не прападаюць, што яны заўсёды служаць жыватворным асяроддзем для ўдзячных нашчадкаў;

і апошняе, калі б дэспатызм змог толькі над некалькімі пакаленнямі ў свеце працаваць спакойна, без пратэсту супраць яго, ён бы мог навекі лічыць забяспечаным сваё панаванне. Двух пакаленняў яму было б дастаткова, каб перакруціць, перайначыць на сваю карысць сумленне, нораў і дух народа. Вось чаму рэвалюцыя, якая нават церпіць паражэнне, не гіне бясследна, бо яна робіць немагчымым для дэспатызму перайначыць, перакруціць і пакарыць волю, розум, нораў, сумленне народа, ператварыць народныя масы ў пакорлівых істот. Яна падрых-тоўвае новыя пакаленні людзей для больш рашучых рэвалю-цыйных выступленняў.

Прымаючы пад увагу тую вялікую ролю, якую адыграў К.Каліноўскі ў духоўным фарміраванні беларускага народа, а таксама ролю паўстання 1863 г. у фарміраванні сацыяльнай і нацыянальнай самасвядомасці нашага народа, у падрыхтоўцы яго да далейшых рашучых рэвалюцыйных дзеянняў, прымаючы пад увагу тыя інтэрнацыянальныя сувязі кіраўнікоў паўстання з правадырамі міжнароднага руху К.Марксам і Ф.Энгельсам, выказваем спадзяванне, што партыйныя і савецкія органы нашай рэспублікі прымуць адпаведныя рашэнні для ўшанавання памяці герояў паўстання 1863 г. і яго кіраўніка Кастуся Каліноўскага.

Для ўсенароднага ўшанавання памяці прапануем:

1. Стварыць музей паўстання 1863 г. у г. Мінску ці ў бліжэйшым зручным месцы каля Мінска (Напр., у вёсцы Плябань Маладзечанскага раёна каля чыгуначнай станцыі Уша, дзе пахаваны паўстанцы 1863 г. на чале з кіраўніком атрада Юльянам Бакшанскім. Там знаходзіцца будынак былога касцёла, які можна пасля рэстаўрацыі прыстасаваць пад музей).

2. Стварыць музей К. Каліноўскага на яго радзіме ў г.п. Свіслач.

3. Стварыць помнікі К. Каліноўскаму ў гарадах Мінск і Гродна і на радзіме К. Каліноўскага ў г.п. Свіслач. Прапаноўваем аб'явіць збор сродкаў на стварэнне музеяў і помнікаў, наладзіць правядзенне суботнікаў. Спадзяемся, што ўсе творчыя калектывы, навучальныя ўстановы, насельніцтва рэспублікі, камсамол і піянерыя адгукнуцца на гэты патрыятычны заклік і дапамогуць у гэтай высакароднай справе.

4. Выдаць творы К. Каліноўскага, куды б увайшлі яго публіцыстычныя артыкулы з "Мужыцкай праўды", "Пісьмы з-пад шыбеніцы", матэрыялы следчай камісіі, успаміны пра дзейнасць К. Каліноўскага іншых рэвалюцыянераў і іншыя матэрыялы і дакументы.

5. Выдаць матэрыялы і дакументы пра паўстанне 1863 г. у Беларусі.

6. Выдаць факсімільнае выданне ўсіх вядомых нумароў "Мужыцкай праўды".

7. Арганізаваць чытанні, прысвечаныя 150-годдзю з дня нараджэння К. Каліноўскага і 125-годдзю з пачатку паўстання 1863 г., мастацкую выстаўку, стварыць мастацкія і дакумен-тальныя фільмы, прысвечаныя гэтым падзеям і г.д.

Час загадвае, што ў гэтай справе ніхто не павінен мару-дзіць. Шчыра спадзяёмся, што рэспубліканскія ўстановы, газеты і часопісы адгукнуцца на гэты патрыятычны заклік.

Тэкст падрыхтаваў Анатоль Белы.

Зварот прыняты 19 лютага 1986 г. на пасяджэнні клуба "Спадчына".


Памяці светлай яго пакланіцца...

Так, менавіта светлай памяці Вялікага Беларуса Васіля Быкава прыйшлі пакланіцца ў дзень яго народзінаў 19 чэрвеня супрацоўнікі ягонага музея, удзячныя чытачы, сябры аб'яднання ветэранаў, у офісе якога і месціцца музей горача любімага ў народзе вялікага пісьменніка зямлі беларускай.

Канешне, калі б былі пра тое абвесткі ў прэсе і іншых сродках масавай інфармацыі, карацей рэклама, то людзей, без сумнення магло б быць і больш... Але ж мы абышліся і без гэтага, бо Быкаў не рэклама, і яна яго вялікасці зусім не патрэбна. Васіль Быкаў гэта святая і горкая праўда вайны і чалавека на гэтай безчалавечнай і людажэрнай вайне, а калі хочаце шырэй, то Быкаў гэта праўда не толькі ваеннага часу, а Праўда ўсяго нашага жыцця, зачастую па нашай жа віне і абыякавасці, а пад час і проста галавацяпства яшчэ горшага, чым на вайне, калі добрыя людзі без усялякай віны нярэдка гінуць не ад варожай кулі, а ад сваёй і чужой бязсардэчнасці і варажнечы, несумленнасці і безчалавечнасці, звыродлівасці і поўнай дэградацыі самога чалавека. А гэта ўсё тое, што ўсімі фібрамі душы ненавідзеў і не цярпеў вялікі гуманіст і праўдалюбец Васіль Быкаў.

Калі б і з кім бы на экскурсіі ці ў асабістай размове з маладым чалавекам або ветэранам гаворка не зайшла пра Быкава і яго творы, супрацоўнікі музея. стараюцца не праходзіць міма гэтага вызначальнага стрыжня і крэда ягонай асобы ці як цяпер кажуць постаці, усяго яго жыцця і творчасці.

Мусіць перш за ўсё варта і трэба было сказаць пра такого вялікага чалавека і творцу ў дзень яго нараджэння 19 чэрвеня і тут жа амаль побач у дзень яго смерці 22 чэрвеня, калі мы зноў прыйшлі ў музей, каб нізка схіліць галовы перад ягонай памяццю, нізка пакланіцца яго таленту і той багатай літаратурнай спадчыне, якую ён нам пакінуў, падараваў удзячным і не зусім такім да яго людзям.

Пра тое, чаму мы прыйшлі сюды ў музей да Быкава ў такі незвычайны знакавы ў яго біяграфіі дзень народзінаў сведчыла і падкрэслівала многае. I перш ужо сам настрой наведвальнікаў быкаўскай святыні. Колькі разоў тут быў у звычайныя будзённыя дні, а душа не адчувала такога трапяткога стану і адказнасці як цяпер. Здавалася, што перад намі не бронзавы бюствыява з добра знаёмымі мне рысамі твару, з яго сціпласцю і добразычлівасцю, а сам жывы Васіль Уладзіміравіч, які, здаецца, скіруе на цябе свой позірк і ціха лагодна спытае: "Ну, як ты там, Аляксейка, на радыёстудыі змагаешся?.." I мне і цяпер нават, калі споўнілася пяць гадоў, як ён адышоў ад нас у свет іншы, хочацца, вядома, неяк выказаць сваю любоў і павагу да яго постаці, яго таленту, бацькоўскіх клопатаў і адносін да маладых. Тады пры жыцці яго мы, што грэх таіць, мажліва і не ўмелі цаніць гэта, быць удзячнымі... I толькі цяпер, на адлегласці часу, праз частакол гадоў усё гэта большменш аб'ектыўна бачыцца і цэніцца... Ды што тут ні кажы, а ўсе мы перад ім ад шараговага да начальніка ў неаплатным даўгу. I цяпер, стоячы перад яго бронзавай постаццю, перад яго неагляднай веліччу гэта бачыш і адчуваеш як ніколі раней...

I тут ніякі настрой святочнасці, традыцыйнай увагі да вялікіх людзей не павінен засціць нам бачання таго, што такога вялікага чалавека і мысляра як В. Быкаў пры ягоным жыцці мы шанавалі і аберагалі мала... Я ўжо не гавару, што многія рабілі адваротнае палівалі яго брудам.... Але ж сёння ніхто ад таго не чырванее, наадварот запісваюцца ледзь не ў сябры вялікага пісьменніка, класіка беларускай літаратуры.

I ўсё ж дзень нараджэння несмяротнага Вялікага Васіля, як і побач дзень яго адыходу з жыцця наўрад ці варта азмрочваць толькі аднымі змрочнымі фарбамі. І хоць у яго жыцці змрочнага было, бадай, болей чым светлага... I вось гэты светлы букет сінявокіх валошак ці васількоў, як іх называюць і ведаюць многія, каля бронзавай постаці Быкава, а побач з імі іншыя палявыя кветкі у суседстве з ружамі, якія прынеслі ветэраны, журналісты, студэнты і вучні, сведчаць апроч усяго іншага пра тое, што крыніца любові да Быкава не перасыхае і пасля яго смерці, а паўнее і будзе паўнець, бо праўда сваё бярэ і возьме. I калі б гэтыя сінявокія васілёчкі, што прынесены ў музей для Вялікага Васіля маглі размаўляць, то яны несумненна сказалі б, што прынеслі іх ад шчырага сэрца і сапраўды шчырыя праўдзівыя людзі, якіх Быкаў любіў і падтрымліваў. I яшчэ больш нас усцешвае тое, што не толькі ў дні святаў, але і ў будні ў музей на сустрэчу з Быкавым, каб памяці светлай яго пакланіцца да нас звяртаецца і прыходзіць усё больш і больш людзей. Гэта добры знак таго, што Васіль Быкаў у народзе жыве.

г. Гародня, чэрвень 2008 г. Аляксей Дземідовіч.


Каталіцкая гісторыя Бабруйшчыны

У рэспубліканскім каталіцкім выдавецтве "Про Хрысто" выйшла кніга "…І будуць расчынены брамы" - Гісторыя касцёлаў Бабруйска. Выданне апавядае пра каталіцкія святыні Бабруйска і гісторыю рыма-каталіцкай канфесіі ў горадзе і яго наваколлі ў кантэксце гістарычных падзей з пачатку XVII ст. да нашых дзён. Змест багата ілюстраванай кнігі, аб'ёмам 110 старонак, складаецца з чатырох раздзелаў прысвечаных: бабруйскаму парафіяльнаму касцёлу святых Апосталаў Пятра і Паўла; касцёлу Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі; бабруйскаму рыма-каталіцкаму дэканату і дзейнаму касцёлу Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Выданне безганарарнае, надрукавана за сродкі парафіян бабруйскага касцёла накладам 1000 асобнікаў. Увесь збор з яго продажу пойдзе на рамонт і ўтрыманне касцёла. Аўтар кнігі - сябра касцельнай парафіяльнай рады, старшыня бабруйскай суполкі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" сп. Віктар Маліноўскі. Дзякуючы мастацкаму і тэхнічнаму рэдактару выдання сп. Алегу Глекаву і мастаку Ігару Гардзіёнку кніга мае дыхтоўную вёрстку і афармленне.

Праца В. Маліноўскага па свойму ўнікальная, бо рэдка якая праваслаўная, ці каталіцкая парафія Беларусі мае такое выданне па гісторыі сваёй канфесіі ў канкрэтным рэгіёне. Да таго ж - у гэтай кнізе аўтар ўпершыню падае разасобленую і ўдакладненую гісторыю першых каталіцкіх святыняў Бабруйска.

Бо, неяк так сталася, што апісанне першага бабруйскага касцёла св. Ап. Пятра і Паўла, будаўніцтва якога было пачата ў 1615 годзе, і які перастаў існаваць пасля панішчэння пажарам у 1885 г., у энцыклапедыях і даведніках, спрэс пераблытана з апісаннем касцёла Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі, пабудаваным у 1747 г. У асноўным гэты барочны храм, насуперак мінорным даведачным сцверджанням, хоць і моцна перабудаваны, захаваўся і з'яўляецца самым старажытным будынкам Бабруйска. Аўтар таксама вяртае з небыцця імёны шматлікіх святароў і свецкіх асобаў, якія годна неслі і захоўвалі святло веры ў Адзіную Святую Тройцу і вернасць Касцёлу на Бабруйшчыне, пачынаючы з 1615 г.

Прэзентацыя кніжнай навінкі адбылася ў нядзелю 8 чэрвеня, пасля святой Імшы на 11 гадзін, у бабруйскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Перад шматлікімі гасцямі і вернікамі выступіў пробашч парафіі ксёндз-магістр Юры Быкаў, які адзначыў вартасць і значнасць выдання. Ад імя касцельнай парафіяльнай рады словы ўдзячнасці за вялікую працу сп. Віктару выказала аўтар гэтых радкоў. А прыканцовы выступ В. Маліноўскага быў сардэчна ўспрыняты і адудзячаны ўсімі прысутнымі.

Ала Грахава, сябра суполкі ТБМ г. Бабруйска.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX