Вярнуцца: 2008

№ 33 (872)


Крыніца: pawet.net.



№ 33 (872) 13 ЖНІЎНЯ 2008 г.


Беларускае скрыжаванне

Парасткі беларушчыны прарастаюць то там, то сям. Сёлета на трасе Менск-Ліда пры перасячэнні з дарогай Іўе-Наваградак адчынілася прыгожая кавярня з прыгожай беларускай назвай "На скрыжаванні" і адразу стала сапраўдным упрыгожаннем усёй трасы, хаця на трасе шмат кавярняў і міні-кэмпінгаў з арыгінальнымі беларускімі назвамі.


Вакол памятных месцаў Якуба Коласа ў Пінску

Сродкі масавай інфармацыі ў чэрвені 2008 г. паведамілі, што пад пагрозай зносу апынуўся двухпавярховы дом па вуліцы Чыгуначнай, дзе. тры гады, з 1912-га па 1914-ты, выкладаў Якуб Колас. Пабудаваны дом больш за сто гадоў назад як рэальная вучэльня, у савецкі час тут была псіхлячэбніца. Зараз дом, магчыма, перабудуюць у боўлінг-цэнтр.

- Будынак у трухлявым стане, у горада няма грошай яго адрамантаваць. Яго прадалі з аўкцыёну прыватніку з горада Менска, вельмі прыстойнаму чалавеку. Ён будзе яго рамантаваць і зробіць там забаўляльны цэнтр з боўлінгам - бо ў нас у Пінску практычна няма такіх устаноў. Гэтаму чалавеку прадпісалі захаваць фасад будынка, захаваць мемарыяльную шыльду пра Якуба Коласа. Гэта значыць сцены і апорныя канструкцыі пакінуць, а планіроўка, вядома, будзе змяняцца... - запэўніла карэспандэнта "Камсамольскай праўды" Глеба Лабадзенку Іна Дзямід, адмысловец па ахове гістарычнай спадчыны Пінскага гарвыканкаму.

У сувязі з гэтым старшыня ТБМ Алег Трусаў накіраваў ліст Міністру культуры:


Сп. У.Ф. Матвейчуку, Міністру культуры

Рэспублікі Беларусь

220600, г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11

Аб захаванні помніка гісторыі і культуры ў Пінску

Паважаны Уладзімір Фёдаравіч!

У сродках масавай інфармацыі (гл., напрыклад, "Комсомольскую правду» №108 ад 11.06.2008 г.) з'явілася інфармацыя аб тым, што пад пагрозай знішчэння апынуўся будынак былога рэальнага вучылішча ў г. Пінску, дзе з 1912 г. па 1919 г. працаваў выкладчыкам Якуб Колас.

У сувязі з гэтым просім разгледзець дадзенае пытанне на чарговай Калегіі Міністэрства культуры і стварыць у гэтым будынку мемарыяльны пакой народнага пісьменніка Беларусі як філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Мінску.

Дадатак на 1 старонцы.

3 павагай,

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Быў атрыманы адказ наступнага зместу:

220034, г. Мінск,

в. Румянцава, 13

Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

У сувязі з Вашым лістом ад 15.06.2008 № 96 паведамляем наступнае.

Міністэрства культуры цалкам згодна з тым, шго мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю славутага класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, патрабуюць мемарэалізацыі, у тым ліку і музейнымі сродкамі. Разам з тым, каб стварыць музей, або музейны пакой у такім памяшканні, патрэбна згода ўласніка.

Па інфармацыі Пінскага гарадскога выканаўчага камітэта будынак, які размяшчаецца ў горадзе Пінску па вуліцы Чыгуначнай, 25 - былым рэальным вучылішчы, дзе ў 1912-1919 гадах працаваў Якуб Колас, прададзена на аўкцыённых таргах ТАА «Аўтаэлектрыка». На дадзены момант рыхтуюцца дакументы па рэстаўрацыі гэтага будынка. У архітэктурна-планіровачным заданні новаму ўласніку пазначана захаванне гістарычнага фасаду будынка. Пасля рэстаўрацыі на будынку будзе ўсталявана мемарыяльная дошка.

Дом у горадзе Пінску, у якім да Першай Сусветнай вайны жыла сям'я Якуба Коласа, таксама знаходзіцца ў прыватнай уласнасці нашчадкаў сям'і Балевічаў - былых гаспадароў дома. Гэты будынак занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. 3 уласнікамі кватэр заключаны ахоўныя абавязацельствы. На доме ўсталявана мемарыяльная дошка.

Міністэрствам культуры накіраваны ліст Пінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту аб неабходнасці прыняцця мер па належнаму ўшанаванню памяці Якуба Коласа ў горадзе Пінску.

Намеснік Міністра У.П. Грыдзюшка.


"Спыніцца арфаграфічны разнабой" ?

26 і 29 ліпеня ў газеце "Звязда" быў надрукаваны новы закон "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі". Закон уступіць у сілу 1 верасня 2010 года. Фактычна гэта азначае, што ўлада афіцыйна скасавала суіснаванне самых розных беларускіх правапісных стандартаў.

24 чэрвеня закон "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" быў прыняты ў другім чытанні Палатаю прадстаўнікоў, 28 чэрвеня яго ўхваліў Савет Рэспублікі, а 23 ліпеня яго падпісаў Прэзідэнт.

Дырэктар Інстытута мовы і літаратуры Нацыя-нальнай акадэміі навук Аляксандар Лукашанец, адзін з распрацоўшчыкаў закона, перакананы:

"Прыняцце гэтага закону дазволіць спыніць той арфаграфічны разнабой, які праявіўся ў апошняе дзесяцігоддзе ў беларускамоўных выданнях, у тым ліку і ў вучэбнай літаратуры, што абсалютна недапушчальна для высакаразвітай літаратурнай пісьмовай мовы, якая з'яўляецца дзяржаўнай мовай краіны. Адзінства правапісу павышае прэстыж мовы і аблягчае яе выкарыстанне ва ўсіх камунікатыўных сферах сучаснага грамадства".

За тыя амаль 50 гадоў, якія прайшлі з часу выдання Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі 1959 года, у сістэме мовы адбыліся пэўныя змены, у першую чаргу ў слоўнікавым складзе мовы. Слоўнік папоўніўся вялікай колькасьцю запазычанняў, што патрабуе рэгламентацыі іх напісання. Праблема беларускага правапісу ў тым, што ў ім шырока прадстаўлены так званы фанетычны прынцып напісання слоў, заўважыў прафесар Аляксандар Лукашанец:
"Тыя змены, якія ўнесеныя ў адпаведнасці з прынятым законам, сапраўды не закранаюць асноўных прынцыпаў і асноўных правілаў беларускай арфаграфіі, а толькі накіраваныя на ўдасканаленне некаторых з іх і змяншэнне колькасьці выключэнняў. У прыватнасці, у правілах здымаюцца выключэнні ў напісанні складанаскарочаных слоў. Напісанне ўсіх складанаскарочаных слоў цяпер падпарадкоўваецца аднаму правілу: часткі скарочаных слоў пішуцца так, як і ў нескарочаным слове. У моўнай практыцы ўжо даўно замацавалася "гаркам", "райкам". Фактычна новая рэдакцыя правіл замацоўвае тое, што ўжо замацавалася практыкай".

На думку Аляксандра Лукашанца, вельмі добра, што закон уступае ў дзеянне праз два гады: гэта дазволіць падрыхтаваць базу. За гэты час будуць падрыхтаваныя і выдадзеныя арфаграфічныя слоўнікі, пэўныя каментары, якія дазволяць на практыцы карыстацца новымі правіламі.

Мабыць трэба пагадзіцца, што некаторы разнабой сапраўды спыніцца, асабліва, што тычыцца афіцыйных і дзяржаўных выданняў. Разам з тым марна спадзявацца, што прыхільнікі "тарашкевіцы" і самаствораных правапісаў так лёгка яму падпарадкуюцца. Каб разнабой спыніўся цалкам закон мусіў быў прайсці не толькі праз шматлікія кабінеты і калідоры ўлады, а атрымаць на яго ўвядзенне сацыяльную згоду ўсяго грамадства, чаго на жаль не адбылося.

Паводле "Радыё "Свабоды".


Наперадзе Х з'езд ТБМ

Паважаныя сябры!

У кастрычніку адбудзецца чарговы Х з'езд ТБМ. Зараз мы пачалі падрыхтоўку да гэтага мерапрыемства. Просім Вас да 15 верасня правесці вылучэнне дэлегатаў на з'езд ТБМ і даслаць нам іх анкеты, а таксама выпіскі з пратаколаў аб іх вылучэнні. Глядзіце ўзоры анкеты і выпіскі.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


МАДЭЛІРАВАННЕ НА ЎЗОР ПРЫКАЗАК

Шырока ўжываючыся ў маўленні, прыказкі найчасцей выкарыстоўваюцца ў іх звычайнай, нарматыўнай форме і з замацаваным за імі зместам. Яны і ў такім выглядзе амаль заўсёды выступаюць яркім стылістычным сродкам. Аднак нярэдка пісьменнікі, журналісты, іншыя моўнікі «амалоджваюць», творча абнаўляюць прыказкі, вынаходліва выкарыстоўваюць іх невы-чэрпную «вобразную энергію», змяняюць іх традыцыйную форму ці абыгрываюць сэнсавы змест. У такіх выпадках стылістычная роля прыказак у сістэме моўных сродкаў нібы падвойваецца. Абноўленыя прыказкі маюць вялікую прыцягальную сілу і, калі сказаць словамі Я. Брыля, «здорава, часам нават вырашальна працуюць на красу і значнасць цэлага».

Назіраючы за індывідуальна-аўтарскай пераробкай і пераасэнсаваннем прыказак у мастацкай літаратуры, можна выдзеліць 10 творчых прыёмаў іх эфектыў-нага выкарыстання са змяненнямі структурна-семантычнага ці толькі семантычнага характару.

Замена прыказкавага кампанента іншым словам - адзін з пашыраных стылістычных прыёмаў. Звычайна замена кампанента выклікаецца пэўнай сітуацыяй, прадвызначаецца кантэкстам і амаль заўсёды дае значны эфект, бо ў свядомасці чытача на звычайнае значэнне прыказкі накладваецца яшчэ і значэнне слова, якое выціснула прывычны кампанент. Вось толькі адзін прыклад.

Прыказка "Сабака брэша - вецер носіць" пагард-ліва асуджае каго-небудзь за недарэчныя словы, плёткі, за беспадстаўную, нявартую ўвагі балбатню. У адным з сатырычных вершаў ваеннага часу К. Крапіва замяняе першы кампанент гэтай прыказкі канкрэтным адрасатам - прозвішчам галоўнага гітлераўскага брахуна, міністра пра-паганды Гебельса. З'яўленню абноўленай прыказкі ў тэксце папярэднічаюць параўнанні Гебельса з сабакам («Не збрахаць, як карлік, столькі дзесяці сабакам», «брэша з захапленнем»), а пасля гэтага ідзе: «Нам ужо абрыдлі досыць байкі прайдзісвета: - Гебельс брэша - вецер носіць, - кажам мы на гэта». Абнаўленне ўспрымаецца на фоне прывычнай прыказкі, і заменены кампанент так і праглядвае праз «намесніка», даючы яму сваёй назвай належную характарыстыку. Сатырычны эфект і дасціпнасць гэтага перафразавання становіцца яшчэ больш відавочным, калі пры-няць пад увагу, што ў нямецкай мове прозвішча гітлераўскага доктара прапаганды супадае ў гукавых адносінах са словам Gebell (брэх, гаўканне); у родным склоне адзіночнага ліку - Gebells; параўн. прозвішча Гебельса ў нямецкай арфаграфіі: Goebbels.

Звернемся цяпер да такога творчага прыёму, як мадэліраванне на ўзор прыказак. Гэты стылістычны прыём адрозніваецца ад папярэдняга тым, што ў прыказцы замяняюцца амаль усе яе кампаненты і ў выніку ўзнікае дасціпны індывідуальна-аўтарскі наватвор, у падтэксце якога адчуваецца прыказка-прататып. Звычайна такія мадэліраваныя выразы, утвораныя на ўзор прыказак, характарызуюцца сэнсавай ёмістасцю, з'яўляюцца яркім выяўленчым сродкам, удзельнічаюць у стварэнні камізму ці сатырычнай завостранасці.

Некаторыя з наватвораў, зробленых пад прыказку, выражаюць абагульненае суджэнне і здольныя дастасоўвацца да розных аналагічных з'яў. Напрыклад, аднолькавыя ў сэнсавых адносінах прыказка "На бязрыб'і і рак рыба" і выраз, утвораны на яе аснове, "На бясптушшы і варона салавей" : «- Ат, глупства ўсё гэта! - махнуў рукою Вялеська. - З мяне літаратурны перакладчык... Проста падхалтурваю, як, помніш, любіў казаць наш колішні шэф... На бясптушшы і варона салавей...» (В.Блакіт). Суджэнне абагульненага характару ўласціва і аўтарскаму выразу "Адна варона не робіць граю" , пабудаванаму па мадэлі прыказкі "Адна ластаўка вясны не робіць" : «- Пагаварылі з намі - і спакайней у групе. Толькі Панкова. Але ведаеце пагаворку: адна ластаўка вясны не робіць. - Ластаўка? От не тую выбрала ты пагаворку. Я лепей новую прыдумаю, спецыяльна для Панковай: адна варона не робіць граю» (Я. Радкевіч).

Найчасцей мадэліраваныя выразы носяць прыватны характар, прывязаны да пэўнай сітуацыі, маюць канкрэтную, кантэкстуальна абумоўленую семантыку. Структурная мадэль прыказкі "З міру па нітцы - голаму сарочка" стала асновай для стварэння некалькіх аўтарскіх выразаў. Гэта прыказка абазначае 'ад усіх патроху - і атрымліваецца штосьці значнае, адчувальнае для каго-небудзь аднаго' . На яе аснове Г. Марчук у аповесці «Паляшук» стварае свой афарызм, які рэалізуе значэнне, уласцівае прыказцы-мадэлі, толькі больш звужанае, абу-моўленае пэўным кантэкстам. Гэты наватвор, у складзе якога ёсць слова капейка , укладваецца ў вусны прагнага да грошай Апанаса і выступае як дадатковая самахарактарысты-ка персанажа: «Скоч у праўленне, адзнач мне камандзіроўку. Маўляў, чалавек яблыкі закупляе. Я сваю ўжо адзна-чыў, а гэту ўзяў быццам на таварыша. З люду па капейцы - жабраку падштанікі».

Тая ж прыказка-прататып адчуваецца і ў наступным урыўку, дзе гаворыцца пра калектыўную працу сатырыкаў у газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну!» і часопісе «Вожык»: «Сягоння нават цяжка сказаць, хто аўтар тых ці іншых калючых радкоў, бо часам у рэдакцыі атрымлівалася, як у той прыказцы: кожны... па іголцы, а «Вожыку» - чарговы штых у фашысцкае чэрава» (У. Корбан, Г. Кляўко).

Мадэль той жа прыказкі ў эпіграме К. Крапівы «Чыжык» запаўняецца зусім іншым матэрыялам: "З людзей па радку, а мне эпіграма" . Хоць тут усе словы ўжыты з прамым значэннем, непасрэдна накіраваным на канкрэтныя рэаліі, але сваім комплексам яны ствараюць выразны намёк на прыказку-мадэль. Майстэрства сатырыка нельга поўнасцю ацаніць, калі не бачыць перад сабой усёй гэтай арыгінальнай сваім мастацкім выкананнем эпіграмы-літмантажу, змешчанай у часопісе «Заклік» (1933. № 1. С. 51). У эпіграме знайшоў увасабленне адзін з тыповых эпізодаў тагачаснай жорсткай рэчаіснасці, бесчалавечнай барацьбы, кры-жовага паходу ў пошуках «ворагаў народа». Вось гэты твор:

Чыжык

(Эпіграма-літмантаж 1)

на дэбют крытыка Аркадзя Куляшова

- Чыжык, чыжык,

дзе ты быў?

- За гарой Максіма біў. «Дзюбаў, дзюбаў, аслабеў, Толькі збрудзіў, а не з'еў». _____________

1 З людзей па радку, а мне эпіграма: у гэтым вершы толькі адзін радок мой.

Сапраўды, «у гэтым вершы толькі адзін радок» крапівоўскі: "За гарой Максіма біў" (маецца на ўвазе выступленне ў друку маладога, 19-гадовага паэта А. Куляшова ў нязвычнай для яго ролі дэбютанта - крытыка твораў Максіма Гарэцкага). Першы радок эпіграмы ўзяты з вядомай жартоўнай песенькі такой самай назвы, а два апошнія - з верша А. Алексан-дровіча «Хлопчык і певень»: Ку-ка-рэ-ку! Ку-ка-рэ-ку! Вось і певень тут аднекуль, Крадучыся, неўзаметку Падляцеў, хапіў катлетку. Дзюбаў, дзюбаў - аслабеў, Толькі збрудзіў, а не з'еў.

Ды і другі радок не зусім крапівоўскі, гэта - перафразаванне з той жа песенькі: "За гарой гарэлку піў" . Варта таксама зазначыць, што ў кантэксце гэтай эпіграмы адбыліся семантычныя зрухі ў словах, дастасаваных да крытыка-дэбютанта: чыжык, дзюбаў, збрудзіў, з'еў . Яны атры-малі сэнсавае прырашчэнне, падвойны змест.

З прааналізаваных вышэй мадэліраваных выразаў відаць, што нярэдка яны ства-раюцца з выкарыстаннем структуры і асобных кампанентаў - прыназоўнікаў ці злучнікаў. Напрыклад, выраз "З людзей па капейцы - жабраку падштанікі" ўзнік па структурнай схеме «з каго па чым - каму што». Гэтак жа, толькі па іншай структурнай схеме, запаўняецца новым лексічным матэрыялам мадэль "На бязрыб'і і рак рыба" : «Антось і сёння розныя свінушкі, ласі, радоўкі, хоць мясцовыя людзі і перасталі іх цурацца, разважаючы, што на бязгрыб'і і свінушка грыб, усё роўна не лічыць за грыбы, не можа паверыць, што яны ядомыя» (В.Блакіт).

Ёсць некалькі прыказак, структурна арганізаваных па схеме «была б (было б) што, а што знойдзецца»: "Была б шыя, а хамут знойдзецца"; "Было б балота, а чэрці знойдуцца"; "Было б сала, а кубел знойдзецца"; "Было б карыта, а свінні знойдуцца". Па гэтай жа мадэлі пабудаваны і выраз "Была б галава цэлая, а шапка знойдзецца" , ужыты ў сатырычным апавяданні І. Аношкіна «Уважлівая прычына».

Пры мадэліраванні часам выкарыстоўваюцца разам са структурай і некаторыя кампаненты, у тым ліку паўназначныя часціны мовы. У «Карацельках» Бр. Баровак, дзе гаворыцца пра калекцыянера, якому замест старажытных манет хацелі падсунуць жалезныя гузікі, з'едзеныя ржой, ёсць такая рэпліка: «Я так і ведаў, браце, што вопытнага калекцыянера на гузіках не правядзеш». Выдзелены выраз створаны па мадэлі прыказкі "Старога вераб'я на мякіне не правядзеш" .

Пададзім яшчэ некаторыя прыклады выкарыстання мадэліраваных выразаў, у якіх лёгка ўгадваюцца прыказкі-прататыпы: «Сучасныя газетчыкі таксама вельмі слушна сцвярджаюць: пад ляжачае пяро ганарар не бяжыць» (Я. Васілёнак); «- Самалёт!.. - Ліха з ім, з самалётам, немцаў баяцца - на паравозе не ездзіць, - махнуў рукой Каляда і злосна бразнуў дзверцамі топкі» (І. Гурскі).

Іван Лепешаў, доктар філалагічных навук.


Кніга пра магілёўскую ратушу

У ліпені 2008 года на свяце горада адбылася доўгачаканая для ўсіх жыхароў Магілёва падзея - урачыстае адкрыццё нанава адбудаванай гарадской ратушы, якая з'яўляецца сімвалам горада, фактычна яго брэндам і лагатыпам. Гзты шэдэўр беларускай архітэк-туры мае больш чым трохсотгадовую велічную і трагічную гісторыю. Ратуша гарэла і перабудоўвалася. абвальвалася і нішчылася, але заўсёды заставалася ў сэрцы магілёўцаў і кожны раз адраджалася.

Магілёўская ратуша - сімвал гарадскога самакіравання. Яна з канца XVII стагоддзя дэманстравала свету, што магілёўцы не толькі могуць умела распарадгкацца ўласнай свабодай і дабрабытам, але і з годнасцю нясуць адказнасць за лёс свайго горада.

Гісторыя гэтага цудоўнага помніка грамадзянскай архітэктўры Беларусі хвалявала і хвалюе магілёўскую і беларускую грамад-скасць. Бібліяграфія магілёўскай ратушы ў абласной бібліятэцы налічвае больш за 50 толькі газетных публікацый. Пачынаючы з XIX стагоддзя. практычна ўсе тутэйшыя краязнаўцы і многія гісторыкі апісвалі яе гісторыю.

І вось з'явілася найбольш грунтоўнае і шыкарнае выданне - кніга "Магілёўская ратуша". Выдалі кнігу Магілёўскі гарадскі выканаўчы камітэт, аддзел культуры Магілёў-скага гарадскога выканаўчага камітэта, Музей гісторыі горада Магілёва.

Аўтары: Агееў А.Р . - кандыдат гістарыч-ных навук, дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін УА «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова» і Трусаў А.А. - кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва».

Навуковыя рэцэнзенты: Марзалюк І.А. - доктар гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін УА «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова»; Рыер Я.Р. - доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі УА «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова»; Пушкін І.А. - кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гуманітарных дысцыплін УА «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання».

Пры напісанні кнігі аўтары абапіраліся, як на ўласныя даследаванні, так і на працы такіх даследчыкаў магілёўскап гісторыі, як М. Без-Карніловіч. А. Кіркор, Л. Кандрацьева, I. Марзалюк, I. Пушкін, I. Філіповіч, I. Чарняўскі, Т. Чарняўская. Т. Шчарбакова. Улічваліся матэрыялы раскопак магілёўскай ратушы, якія захоўваюцца ў фондах магілёўскіх і іншых беларускіх музеяў, інфармацыя газетных публікацый, перш-наперш найбольш грунтоўныя і глыбокія з артыкулаў, якія належаць пяру вядомых магілёўскіх журналістаў - В. Юшкевіча і М. Ножнікава.

Гэтая кніга - падарўнак усім гараджанам у сувязі з сапраўдным святам - адраджэннем архітэктурнага сімвала Магілёва. Мэтай яе напісання з'яўлялася абагульненне, аналіз і навукова-папулярны выклад гістарычнай інфармацыі аб шматвяковай гісторыі магілёўскай ратушы ў кантэксце еўрапейскай і беларускай гісторыі, апісанне этапаў яе будаўніцтва, прызначэння ўнутраных памяшканняў, інтэр'ераў і экстэр'ераў, абгрунтаванне яе выключнага месца сярод ратушных будынкаў Беларусі, папулярызацыя дасягненняў магілёўскай архітэктурнай спадчыны, апісанне праектаў і спроб яе рэстаўрацыі ў канцы XX ст. і адраджэння ў XXI ст.

У верасні кніга з'явіцца ў сядзібе ТБМ.


Адкрылася выстава пра заснавальнікаў БНР

"Заснавальнікам БНР прысвячаецца" - пад такім назовам 7 жніўня ў Менску ў сядзібе партыі БНФ адчынілася мастацкая выстава.

У экспазіцыі прадстаўленыя больш за трыццаць твораў беларускіх мастакоў з пры-ватнай калекцыі кіраўніка клуба "Спадчына" Анатоля Белага . У ліку аўтараў твораў выставы - народны мастак Беларусі Ўладзімір Стальмашонак, вядомы беларускі графік Мікола Купава , старшыня Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", кіраўнік творчае суполкі "Пагоня" Алесь Марачкін і іншыя творцы.

Выстава прысвечаная 90-годдзю БНР. І хоць дата 25 сакавіка ўжо мінулася, але, як сказаў Алесь Марачкін, увесь сёлетні год дэмакратычнай грамадскасцю краіны шануецца як год беларускае дзяржаўнасці.

Менавіта на ўвесь год распланаваў сваю дзейнасць клуб "Спадчына". Ужо створаны сайт "Адраджэнцы", які ўтрымоўвае 240 біяграфій і 450 партрэтаў дзеячоў нацыянальнага адра-джэння, пастаўлены помнік, у стылі кампутарнай графікі створана карціна Генадзем Граком, нарэшце гэтая выстава, а да канца года мае месца быць яшчэ не адна дзея на гонар БНР.

На здымку: карціна народнага мастака Беларусі Ўладзіміра Стальмашонка.


Музычнае рэха Грунвальда

Вядома, што буйнейшая бітва Сярэдневечча, якая абылася 15 ліпеня 140 года пад Грунвальдам, цяпер вывучаецца ў школах. І кожны выпускнік, які здае іспыты па гісторыі Беларусі, марыць, каб яму трапіў білет "Грунвальдская бітва і яе гістарычныя вынікі". Бо пра падзею, пасля якой "…500 гадоў бот нямецкага салдата не ступаў на зямлю Беларусі", напісана і прачытана шмат цікавых кніг, гістарычных даследванняў. Да таго ж, гэтая тэма здольна выклікаць у вучня не толькі цікаўнасць, але і шчыры гонар за нашых продкаў, якія ў самай жорсткай бітве перамаглі Тэўтонскі ордэн - самую магутную прафесійную армію Сярэдневечча! Які маладзён не стане захапляцца стратэгічным талентам палкаводца і ваярскім гераізмам нашага Вітаўта Вялікага, для якога дзяржава - Вялікае Княства Літоўскае было даражэй за жыццё!

Пры ўсёй значнасці даты 15 ліпеня 1410 года для айчыннай гісторыі, чарговыя ўгодкі перамогі пад Грунвальдам у Беларусі шырока не адзначаюцца. Ёсць іншыя дзяржаўныя прыярытэты. Пра тое, што гэта несправядліва адносна нашых гераічных продкаў, гаварылася ў СМІ шмат. Але гэта перамога і да сённяшняга дня застаецца невывучанай, непрызнанай, а яе героі - неўшанаванымі…

Мо таму, не спадзяючыся на дапамогу і зацікаўленасць ў гэтай справе дзяржавы, герояў Грунвальда шануюць самастойна. Напрыклад, не так даўно намаганнямі сяброў клуба "Спадчына" ўпершыню ў Беларусі быў адкрыты помнік "Героям Грунвальда". Паўстаў ён, нагадаю, на сядзібе Музея выўленчага мастацтва Анатоля Белага ў Старых Дарогах. На ім можна пабачыць партрэты Вітаўта і Ягайлы, дзяржаўныя сімвалы ВКЛ, убачыць рэканструкцыю узораў тагачаснай зброі, прачытаць тэкст гімна "Багародзіца", з якім ў бой ішлі ваяры ВКЛ, і імёны беларусаў-герояў Грунвальда, якія для нас захавала гісторыя.

Адным са сведчаннеў таго, што памяць пра найвялікшую бітву Сярэднявечча і яе герояў жыве не толькі ў навуковых колах, але і ў моладзевым асяроддзі, стала правядзенне "Грунвальдскага фэсту". Гэтая музычная імпрэза сабрала ў сталічным клубе "Рэактар" аматараў медыевільнай (сярэдневечнай) і экстрэмальнай ("металічнай") музыкі Беларусі.

Вядучы імпрэзы лідар гурта "Стары Ольса" Зміцер Сасноўскі падкрэсліў той вялікі ўнёсак ў разгром тэўтонцаў, які зрабілі выхадцы з беларускіх зямель. І каб узнавіць каларыт той эпохі, у якой былі не толькі бітвы і паходы, але і шыкоўныя балі і вялікакняскія прыёмы, вядовец запрасіў на сцэну малады, але шпарка набіраючы вядомасць жаночы гурт RR пад кіраўніцтвам перпектыўнай выканаўцы на беларускай дудзе Аксаны Касцян. Дзяўчаты гралі свае версіі "Полацкага сшытка", а таксама іншыя беларускія і еўрапейскія мелодыі. Пад мелодыі гурта RR у зале распачаліся танцы, якія з'яўляцца нязменным атрыбутам папулярных у моладзі "Сярэдневечных дыскатэк".

Замацаваў гэтае імкненне да самавыўленне праз танцы этнакор гурт UNIA, які ў гэты дзень прэзентаваў слухачам свой дэбютны альбом DOLAM. Трэба адзначыць, што маладая каманда ўвесь час набірае папулярнасць: музыканты UNIA сталі ўладальнікамі трэцяга прыза на мінулагоднім фэсце "Роккола" ў Полацку, на дзяржаўным тэлебачанні знялі кліп па песню "Крынічанька", а вось цяпер вярнуліся з прадстаўнічага фэсту ва Украіне… Праўда, гурт крытыкуюць за просталінейнасць у спалучэнні фолка і сучасных рытмаў хардкору, але не заўважыць, як захапляецца моладзь музыкай UNIA, немагчыма! Значыць, знайшлі яны сваю нішу ў музычным фолкнакірунку айчыннай рокмузыкі!

У віхуру сярэдневечных мелодый слухачоў вярнуў гурт старадаўняй музыкі TESTAMENTUM TERRAE. За непрацяглы час яго удзельнікі пад кіраўніцтвам дудара Юрася Панкевіча адрадзілі столькі музычных шэдэўраў мінулага, што цяпер слухачы толькі і просяць выканаць іх на канцэртах! А гэта такія кампазіцыі, як "Полька", "Кракавяк", "Гандзюленька", "Рыцар Верабей" і шмат іншых твораў, якія сталі музычнымі візітоўкамі TESTAMENTUM TERRAE.

Сярэдневечную музычную хвалю падхапіў ад папярэдняга гурта і вядовец "Грунвальдскага фэста" Зміцер Сасноўкі, які сам узяў у рукі дуду, а дакладней, яе нямецкі аналаг - дудэльзак, які па словах даследчыкаў, быў добра вядомы на тэрыторыі ВКЛ. І тут няма ніякага парадокса - беларусы заўсёды былі супраць ваеннай інтэвернцыі, але затое пераймалі ўсё лепшае ў еўрапейцаў, у тым ліку і ў немцаў… Пад гукі старажытных інструментаў, спеваў салістаў слухачы апантана танчылі, час ад часу выказваючы пашану героям Грунвальда.

І хоць постмедзіевальны гурт РОКАШ нельга аднесці да "цяжкіх" кірункаў музыкі, іх песні падаліся ўсім слухачам энергаёмістымі і напружанымі, выклікалі шмат апладысменатў і адабрэння наведвальнікаў "Грунвадскага фэсту". Запомніліся такія песні РОКАША, як "Запалі агонь", "Крылы", "Сокал", "Крумкач"… Лірычную частку "Грунвальдскага фэсту" падтрымаў барысаўскі гурт "Сонцаварот", які вядомы "цяжкім" рэпертуарам. Але на "Грунвальдскім фэсце" яму, па незалежачых ад музыкаў абставінах, давялося выступаць у акустычным варыянце - пад гукі двзюх гітар і флейты. Лірычныя песні "Сонцаварота" краналі самыя тонкія душэўныя струны і таму слухачы шчыра ўзнагародзілі барысаўчан гучнымі воплескамі, прасілі яшчэ лірычных мелодый! Але час падціскаў, а на сцэну рыхтаваліся выйсці хэдлайнеры "Грунвальдскага фэсту"…

Так, надышоў момант ісціны! Бо на сцэну ўзыйшлі такія папулярныя ў маладзёвым асяродку каманды, як LITVINTROLL і ZNICH! Абодва выконваюць музыку на стыку "цяжкіх" плыняў року, фальклору і сярэдневечнай музыкі. LITVINTROLL, да таго ж, аддае перавагу экстрэмальнаму выкарыстанню беларускай дуды, якая стала візітоўкай гэтай каманды. А для таго, каб старажытныя музычныя інструменты не перашкаждалі рухам на сцэне, "літвінтролі" абсталявалі бурдоны сваіх дудаў радыёмікрафонамі. Цяпер музыкам не трэба падладкоўвацца на сцэне пад шматлікія мікрафоны, а можна сканацэнтравацца на выканані музыкі і на шоў. Так яно і здрылася, калі LITVINTROLL нагадаў такія знакамітыя хіты, як "Рокнрол", "Дуброва", "Песня пра троля" і "Пахне чабор"!

Гурт ZNICH - лідар айчыннай paganсцэны, і гэта было бачна па паважнай рэакцыі, з якой слухачы сустракалі лідара гурта Алеся Таболіча і яго паплечнікаў. Музыкі ж не прамінулі нагадаць маладым слухачам пра карані, пра тое, чым мы абавязаны нашым продкамгероям Грунвальда. Ды і музыка была адпаведнай тэме фэсту - паваярску магутнай і бескампраміснай. Гурт ZNICH нагадаў сваім прыхільнікам песні з альбому "Крыжыабярэгі", па якіх пазнаюць гурт у Беларусі і за яе межамі - "Ярыла". "КрываКрывейта", "Крыжы-абярэгі", "Беларусь"…

"Грунвальдскі фэст" яшчэ раз даказаў: беларусы памятаюць пра гераічны чын нашых суайчыньнікаў, пра тыя рэкі крыві, якія пралілі нашыя прашчуры, абараняючы будучыя пакаленні ад пагалоўнага знішчэння. А яшчэ тое, што праз год мы будзем адзначаць 600-годзе Грунвальдскай бітвы. І да таго часу трэба будзе ажыццявіць грамадзянскую мабілізацыю, каб на ўсіх ўзроўнях у Беларусі ўспомнілі і адзначылі гэтую дату. Усёй нацыяй, разам з іншымі, памаліліся за герояў Грунвальда, збудавалі адпаведны іх высакароднай мужнасці Грунвальдскі мемарыял!

Анатоль Мяльгуй, фота аўтара.


Старажытны Мсціслаў запрашае

Магілёўская суполка ТБМ імя Ф. Скарыны 16 жніўня ладзіць аднадзённую вандроўку па маршруце Магілёў - Сухары - Расна - Пустынкі - Мсціслаў - Магілёў. У межах падарожжа запланавана наведванне Успенскай царквы ў в. Сухары, руінаў касцёла св. Казіміра і сядзібы ў в. Расна, Успенскага манастыра ў Пустынках, рыцарскі турнір і канцэрт сярэднявечнай узыкі ў Мсціславе.

1517 жніўня 2008 года Мсціслаў зноў гасцінна запрашае на фестываль сярэднявечнай культуры "Рыцарскі фэст. Мсціслаў - 2008". Мэта фестываля - праз стварэнне атмасферы сярэднявечнага свята спрыяць адраджэнню старадаўніх традыцый і духоўнасці на ўсходняй Беларусі, папулярызацыі зацікаўленасці да рыцарскай культуры, фолькнапрамку ў музыцы, старадаўняга танца, народных раместваў.

Упершыню свята сярэднявечнай культуры "Мсціслаўскі фэст" адбылося летась у жніўні. У ім удзельнічалі 16 рыцарскіх клубаў з усёй Беларусі. Таксама ў праграме былі майстаркласы старадаўняга танцу, выставакірмаш, агнявое шоў, ірландская вечарына, тэатралізаваны штурм замку, выступы гуртоў "Джамбібум", "Келіх кола", а яшчэ экскурсіі па горадзе, Езуіцкім і Кармеліцкім касцёлах ды Пустынскім манастыры.

Свята мае мульцікультурную накіраванасць - ахоплівае перыяд Сярэднявечча ва ўсёй разнастайнасці традыцый і культурных кірункаў. У першы дзень «Мсціслаўскага фэсту» адбудзецца навуковы семінар, прысвечаны гістарычнаму мінуламу Мсціслаўшчыны, і канцэрт з удзелам групы "Рада" і тэатра "Крэсіва".

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX