Вярнуцца: 2008

№ 37 (876)


Крыніца: pawet.net.



№ 37 (876) 10 ВЕРАСНЯ 2008 г.


АЛЕСЮ БЕЛАКОЗУ - 80

БЕЛАКОЗ Алесь (11.11.1928, в. Ляткі Ваўкавыскага пав. (цяпер Мастоўскі р-н), настаўнік, краязнавец, музеязнавец.

Алесь Белакоз нарадзіўся ў сям'і малазямельнага селяніна, які ў сярэдзіне 1920-х ездзіў на працу ў Бразілію, а па вяртанні на заробленыя грошы пабудаваў дом у в. Ляткі і адчыніў сваю краму. Белакоз амаль усё жыццё пражыў у роднай вёсцы, якая з часам злілася з больш вялікімі Гудзевічамі. Тут атрымаў і пачатковую адукацыю. Да нямецкай акупацыі скончыў 5 класаў Гудзевіцкай няпоўнай сярэдняй школы. У часе вайны вучыўся пад кіраўніцтвам роднай сястры Веры. «У 1943 годзе, успамінае Белакоз., на нашу і іншыя хаты напалі бандыты, якія пасля называлі сябе партызанамі, з мэтай рабунку. Тата хаты не адчыняў і выбухам гранаты быў забіты... Давялося гаспадарку браць на свае плечы».

У кастрычніку 1944 Алесь Белакоз пачаў вучыцца ў восьмым класе расейскай школы № 1 Ваўкавыска, якую скончыў у 1947 г.

Няўдалыя спробы паступіць у Менскі медычны інстытут вымусілі Белакоза часова адмовіцца ад планаў пра вышэйшую адукацыю і ўладкавацца ў 1948 на працу ў якасці настаўніка другіх і чацвёртых класаў у Гудзевіцкай школе. З 1949 А. Белакоз распачаў завочнае навучанне на беларускім аддзяленні Гарадзенскага педагагічнага інстытута.

Падчас вучобы Белакоз працаваў у розных школах: 1953-1954 - настаўнік пачатковых класаў у Струзе, 1954-1955 - выкладчык фізікі і матэматыкі ў Тупічанскай семігодцы, 1955-1959 - выкладчык беларускай, нямецкай моваў у Радзявіцкай семігодцы. Па заканчэнні інстытута ў 1958 уладкаваўся выкладчыкам беларускае мовы і літаратуры ў Гудзевіцкай сярэдняй школе.

Праца з вучнямі і прага вывучэння беларускай гісторыі, мовы, культуры захапіла А. Белакоза. У 1965 ён наладжвае ліставанне вучняў з вядомымі беларускімі пісьменнікамі, арганізоўвае школьны кабінет беларускай літаратуры. Вучні захапіліся літаратурнай і даследніцкай дзейнасцю, іх працы пачалі друкавацца ў беларускіх газетах і часопісах.

У 1966 Алесь Мікалаевіч Белакоз разам з вучнямі выдаў першы нумар машынапіснага літаратурна-краязнаўчага альманаха «Праменьчык». Выданне выходзіла раз на два гады. Усяго да канца 1980-х выйшла 14 нумароў, па 4 асобнікі кожны.

У 1968 на базе кабінета беларускай мовы і літаратуры быў адчынены літаратурна-краязнаўчы музей.

З 1990 Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музей мае статус дзяржаўнага і налічвае больш за 12 тысяч экспанатаў, сабраных Белакозам разам з вучнямі. Таленавіты настаўнік, ён распрацаваў спецыяльную методыку далучэння вучняў да літаратурна-краязнаўчага пошуку, музейнай справы і праз гэта да каштоўнасцяў беларускай гісторыі і культуры.


Дзень беларускага пісьменства ў Лідзе

3 верасня ў малой зале Лідскага раённага дома культуры прайшла мастацкая імпрэза да Дня беларускага пісьменства і друку. Ладзілі імпрэзу Лідская цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы, дом культуры і студыя "Пегас", якой кіруе сябар ТБМ Васіліса Пазнухова.

Пачалася імпрэза з малітвы за Беларусь, як робіцца ў Лідзе амаль заўсёды, бо менавіта тут, не гледзячы ні на што, Беларусь яшчэ жыве.

Па дарозе з Прагі на Вільню завітаў у Ліду сам Францішак Скарына.

Залу запаўнялі навучэнцы Лідскага каледжа, а цудоўнай музыкай радавалі прысутных настаўнікі і навучэнцы Лідскага музычнага вучылішча. За ўсю імпрэзу прагучала толькі адна небеларуская песня і было прамоўлена некалькі небеларускіх фразаў.

І ўсё гэта без усякага ўдзелу ТБМ, усё само па сабе, усё натуральна.

Калі б так было ва ўсіх сферах лідскага жыцця, то мы павесілі б замкі на офісы ТБМ, сказалі б: "Жыве Беларусь!", і пайшлі б займацца іншымі справамі. Нажаль, у буднія дні ўсё некалькі не так, як у свята пісьменства. Таму, каб жыла Беларусь, паўтысячнае лідскае ТБМ мусіць працаваць і пра-цаваць.

Наш кар.


У жыцці не ўсё так, як жадаў Янка Купала

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

Не сакрэт, падобнага кшталту людзей мы не маем у патрэбнай колькасці і сёння, што асабліва востра адчуваецца на тых участках жыцця, дзе вырашаецца лёс Бацькаўшчыны, дзе неабходны рашучыя захады, каб спыніць спаўзанне нацыі ў асіміляцыйную багну. На пальцах адной рукі можна пералічыць тых прысланых Масквою за ўвесь пасляваенны перыяд дзеячаў культуры, якія сталі ў нас сапраўднымі творцамі беларускай нацыянальнай культуры, носьбітамі нашых культурнамоўных традыцый. Трапіўшы на Беларусь, яны сталі тут не толькі інтэнсіўна без усялякай меры распаўсюджваць ужо наяўныя рускія духоўныя каштоўнасці, але і ствараць новыя. Не без уплыву такіх творцаў на падобны супярэчны нацыянальнаму інтарэсу шлях стала вялікая армія дзеячаў культуры беларускага паходжання.

У выніку зараз на ніве рускай культуры Беларусі працуе куды болып творчых людзей, чым у сферы яе нацыянальнай, роднай культуры. Выходзіць, і тут мы не ўзялі пад увагу слушнага папярэджання Апостала нацыі пра страшэнную небяспеку пераварочвання нас на чужы капыл.

Вельмі рана Купала ўсвядоміў, якой вялікай перашкодай да абуджэння беларускага народа да актыўнай самабытнай культурнай дзейнасці з'яўлялася адсутнасць у яго сапраўднага нацыянальнага тэатра. Украінцы намнога раней за нас зразумелі ролю апошняга і ўжо на пачатку XX стагоддзя дамагліся тут пэўнага поспеху. Вось чаму гэтая праблема так непакоіла ўсю кагорту нашых нацыянальных адраджэнцаў. У цяжкім для Бацькаўшчыны 1915 годзе, калі ўсё бліжэй падыходзіла да яе межаў лінія нямецка-рускага фронту, Купалу ўдалося пабыць у Вільні на апярэце «Залёты» (словы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, музыка М. Кімонт) у выкананні Беларускага музычна-драматычнага гуртка. Гульнёй артыстаў застаўся задаволеным, але толькі не іх беларускай мовай. У спецыяльна прысвечаным спектаклю артыкуле пісаў: «... апрача двух-трох артыстаў, аб іншых трудна было паду-маць, што іграюць беларусы і па-беларуску са сцэны гавораць. Бедная ты мова беларуская, як цябе людзі не ўмеюць шанаваць!» Не сумняваюся, што гэтыя словы паўтарыў бы паэт і сёння, пачуўшы, як каверкаюць беларускую мову многія артысты тэатраў, журналісты тэлебачання і радыё, ірваў бы валасы на галаве, прысутнічаючы на юбілейных вечарах артыстаў беларускамоўных тэатраў, калі яны вядуць гутарку з аўдыторыяй толькі па-руску. На гэтай мове бальшыня з іх піша і свае мемуары. Словам, усё не так, як меў спадзеў на тэатральныя калектывы Купала.

Так сталася, што Купала не вырас у спрактыкаванага педагога-прафесіянала. Зразумела, не меў перад сабою такой мэты. Але, як арганізаваць дзейнасць сістэмы народнай адукацыі, каб яна служыла нацыянальнаму, а не чужому інтарэсу, ведаў, мо як ніхто іншы. Ён добра разабраўся з хітрыкамі польскіх акупантаў, якія задужа любілі праводзіць рэферэндумы з бацькамі датычна мовы навучання іх дзяцей у школе. Да гэтай справы нашы заходнія суседзі прыцягвалі вялікую колькасць адданых польскай ідэі агітатараў. Не спалі і асобы, моцна заражаныя вялікарускім дзяржаўным шавінізмам. Каб даць аб'ектыўную ацэнку тагачаснай складанай сітуацыі, Купала прапанаваў грамадству задумацца над такімі пытаннямі: «Хіба можа цёмны беларускі абываталь пажадаць беларускае школы, калі ён не ведае, ці прынясе яна яму карысць?! Хіба можа ён адважыцца на беларускую школу, калі беларушчына цэлымі соткамі год ганьбілася і выганялася адусюль, адкуль толькі можна было?! » Многія нацыянальна-самасвядомыя беларусы разам з паэтам адказвалі на пастаўленыя пытанні: «Не». Каб карэнным чынам змяніць сітуацыю на карысць беларусаў, ён быў думкі, што трэба ствараць толькі такія школы, якія маглі б «прышчапляць вучням любасць да роднага краю, развіваць у іх пашану да таго народу, сярод каторага яны жывуць, і гатаваць з іх добрых, сумленных і працавітых работнікаў на ніве беларускай культуры. Трэба ж, конец-концам, уцяміць, што тут не Расія і не Польшча, а Беларусь, каторая не хоча ніякіх плебісцытаў, накіданых ёй сёння аднымі, а заўтра другімі...» Пасля такіх слоў неадчэпна лезе ў галаву думка: колькі б мы выратавалі маладых душаў ад культурна-моўнай русіфікацыі, каб увесь час слухаліся разумных слоў Апостала беларускай нацыі?! Але на сёння, відаць, нічога нельга зрабіць, бо плебісцыты датычна мовы выкладання ў школах занадта ўжо любяць разам з палітыкамі і ўзгадаваныя ў рускамоўных навучальных установах настаўнікі, кіраўнікі народнай адукацыі. Карыстаючыся амаль поўнай незапатрабаванасцю беларускай мовы ў грамадскім жыцці, нізкім узроўнем нацыянальнай самасвядомасці карэннага насельніцтва краіны, яны вельмі лёгка дамагаюцца падчас рэферэндумаў згоды людзей будаваць нашу сістэму народнай адукацыі на рускай культурна-моўнай аснове. Хапае ў іх «важкіх» довадаў, каб адвесці маладасведчаных ў пытаннях народнай адукацыі людзей ад думкі пра неабходнасць стварэння і развіцця беларускай нацыянальнай вышэйшай шко-лы. 3 гэтым у нас поўны застой. Не маючы аніводнага нацыянальнага універсітэта, Беларусь на фоне сусветнай практыкі (не кажучы ўжо пра еўрапейскую) працягвае выглядаць «белаю варонаю».

Моцна хвалявалі Купалу сур'ёзныя і працяглыя непаладкі ў нашым грамадска-рэлігійным жыцці, асабліва панаванне тут чужых для беларусаў моваў - рускай і польскай. Высокае духавенства выкарыстоўвала гэта ў якасці падставы, каб першую катэгорыю вернікаў адносіць да рускай нацыянальнасці, другую - да польскай. Нягледзячы на абсалютную абсурднасць такога падыходу да вызначэння нацыянальнай прыналежнасці беларусаў, пэўная частка іх і сапраўды пачынала лічыць сябе за рускіх ці за палякаў. Падобнае этнічнае раскраданне беларусаў у найболыпай ступені назіралася на тэрыторыях, сумежных з рускімі і польскімі губернямі. Каб унікнуць беспадстаўнага, шкоднага падзелу адзінага беларускага народа на рускіх і палякаў, паэт звяртаецца да яго з такімі праўдзівымі словамі: «Помніма, братцы, ці мы католікі, ці мы праваслаўныя, - мы беларусы, а Бацькаўшчына наша - Беларусь. Не мяшайма справы рэлігіі з нацыянальнасцю».

I ўсё ж мяшалі і мяшаем. Асабліва гэта відавочна ў дзейнасці рускай праваслаўнай царквы. Яе непрыхаванай русіфікатарскай палітыцы ва ўсім спрыяюць і свецкія ўлады Беларусі. Атрымаўшы дазвол на бесперашкоднае вядзенне ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі рэлігійна-асветніцкай прапаганды, праваслаўныя духоўныя асобы выкары-стоўваюць у гэтых мэтах практычна толькі рускую мову. 3 іх вуснаў мы часта чуем, што паміж беларусамі і рускімі няма амаль ніякіх этнакультур-ных адрозненняў, што яны ёсць адзіны праваслаўны народ - рускія, што мова як сродак камунікацыйных зносін павінна быць толькі адна - руская. Дарэмна ўпіраецеся. Мова ў нас ад Бога, і рана ці позна беларусы будуць звяртацца да Усявышняга не на чужой, а на роднай мове.

Напісанае мною вышэй - гэта далёка не ўсе запаветы Купалы свайму роднаму наро-ду. Але, як бачым, і яны не знайшлі так жаданага і неаб-ходнага ўвасаблення ў нашым жыцці. Не слухаем свайго Настаўніка. А трэба было б слухацца. Дый не толькі нам, але і нашым суседзям. Звароты паэта да іх не страцілі сваёй правамернасці і пасёння. Вось адно з іх у апублікаваным у 1919 годзе артыкуле «Торжы-шча»: «Дайце волю народам самім будаваць сваю долю. А тады гэтыя народы скажуць сваё шчырае слова аб вашай культурнасці...» Будаваць беларусам сваю долю не жадаюць даць многія палітыкі і ідэолагі Расіі, упарта распаўсюджваючы міф, што толькі ў яе складзе наш народ не будзе мець аніякай пагрозы звонку, атрымае спрыяльныя ўмовы для свайго эканамічнага і культурнага развіцця. А што ў рознага роду дакументах аб утварэнні саюзнай дзяржавы з усёй катэгарычнасцю адзна-чана, што беларуская мова не будзе ў ёй мець статусу афіцыйнай, ніхто не хоча адкрыта сказаць. Мабыць, ведаюць, што без такога статусу для беларускай мовы наша і без таго моцна размытая нацыянальна-культурная адметнасць адразу ж трапіць пад нож у саюзнай дзяржаве, беларусы канчаткова русіфікуюцца і ўжо ніколі не ўзнімуць голас у абарону сваіх палітычных правоў. I ўсё ж нашай палітычнай незалежнасці найбольшую пагрозу нясе не вонкавы, а ўнутраны фактар. Праціўнікам дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, яе культурна-моўнага жыцця на ўласным падмурку ўдалося пахіснуць веру вельмі многіх людзей у магчымасці дасягнення прыстойнага чалавечага шчасця на роднай зямлі без падтрымкі ўсходняга суседа,

Не да канца ўпэўнены ў рэальнасці купалаўскага прадбачання аб Беларусі як палітычна незалежнай, этнічна самабытнай краіны нават шмат хто і з інтэлектуальнай эліты. I на гэта ёсць важкія прычыны. Уладныя структуры ўсяляк імкнуцца да таго, каб не даць хоць на адну прыступку ўзняцца нацыянальна-дзяржаўнай свядомасці грамадства. Не адстаюць ад іх ідэалагічныя службы, якія робяць усё, каб толькі нельга было інтэлігенцыі цвёрдай нацыянальнай арыентацыі працаваць у купалаўскім духу:

3 цэлым народам

гутарку весці,

Сэрца мільёнаў

падслухаць біцця.

Як непазбежны вынік, сёння для нашага грамадства характэрная празмерная па-сіўнасць ва ўсім, што датычыць нацыянальнага жыцця. Калі на-ват хто і бачыць яго ўсё болыы пагрозлівую дэградацыю, асабліва не кідаецца ратаваць народ ад культурна-моўнай асіміляцыі, палітычнага бяс-праўя. Словам, робім не так, як вучыў наш Прарок Купала: «Супольна і згодна працаваць над адраджэннем сваёй вялікай старонкі, здабываць для сябе лепшую долю - вось наша праўдзівая мэта ў жыцці» . Такую ж долю ніколі не здабудзеш па-за нацыянальнай прасторай, таму трэба ўсяляк імкнуцца не даць узарваць дзяржаўны суверэнітэт Бацькаўшчыны, разбурыць яе нацыянальны культурна-моўны патэнцыял чужацкімі ўплывамі, якія набудуць нечуваную моц, калі мы перастанем быць паўнаўладнымі гаспадарамі роднай зямлі. Праўда, іншым разам падчас правядзення рознага роду палітыка-масавых мерапрыемстваў быццам бы і шмат людзей далучаецца да актыўнай нацыянальнай дзейнасці. Аднак з прычыны недальнабачнай палітыкі ўладных структур яна не дае належных вынікаў. Таму сучасны стан беларускага нацыянальнага жыцця практычна застаец-ца такім, як яго характарызаваў Я. Купала ў 1920 годзе ў артыкуле «Справа беларуска-га нацыянальнага гімна»: «Мы, беларусы, дзякуючы ўсялякім гістарычным і палітычным безгалоўям (падкрэслена мною. - Л.Л.) нашай Бацькаўшчыны, вечна цягнуліся ў хвасце сваіх суседзяў ды ячшэ і цяпер не можам у гымат якіх справах раўняцца з імі» . Асобам, што засумняваюцца ў правамернасці параўнання цяперашняга нацыянальнага жыцця Беларусі з тым, якім яно было ў 20-х гадах мінулага стагоддзя, парэкамендую цвяроза глянуць на рэальнасць яе дзяржаўнага суверэнітэту (у вярхах многія толькі і думаюць пра аб'яднанне з Расіяй), сацыяльны статус роднай мовы, месца нацыянальнага фактару ў народнай адукацыі і пастарацца супаставіць усё гэта з іх адпаведнікамі ў нашых суседзяў: Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі і Украіне.

Датычна ж сэнсу загалоўка згаданага артыкула Купалы можна сказаць наступнае: у нас, як і ў тыя часы, няма сапраўднага, усім народам прызнанага, нацыянальнга гімна. Тое, што створана на аснове дзяржаўнага гімна БССР (словы Міхася Клімковіча, музыка Несцера Сакалоўскага), ёсць гімн дзяржаўны, а не нацыянальны, бо ён адпавядае галоўным чынам інтарэсам сучаснага палітычнага рэжыму, не дае рэальнай ацэнкі стану жыцця краіны, не заглядвае ў перспектыву, у шэрагу месцаў не вызначаецца так патрэбнай для такога твора дакладнасцю. Не паддасцца, напрыклад, разуменню, пра якія з народаў-братоў вядзецца гаворка ў наступных словах Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь: «Разам з братамі мужна вякамі / Мы баранілі родны парог» . Як вядома, у падобнага роду сітуацыях беларусы стагоддзямі ўдзель-нічалі супольна з літоўцамі, украінцамі, палякамі ў барацьбе з крыжакамі, татарамі, Маскоўскім княствам, пазней - з Рускай дязржавай. I працяг-лы час удавалася нікога не пускаць на родны парог. Надоўга ж страцілі яго толькі пасля гвалтоўнага далучэння беларускіх земляў да царскай Расіі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793 і 1795 гг.). Ад тае пары беларусы ўжо не з'яўляліся гаспадарамі не толькі роднага парога, але і ўсёй сваёй хаты. Ваявалі бела-русы супольна і з рускім народам, але толькі не за родны парог, а за агульнарасійскія, агульнаімперскія інтарэсы.

Не проста здагадацца., пра які з народаў ідзе размова ў такіх радках-закліках гімна: «Слаўся, народаў братэрскі саюз!» ці «Дружба народаў - сіла народаў!» Лічу, што не пра рускі, бо гэта ж Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, а не ўяўнай беларуска-рускай саюзнай дзяржавы. Тады ж, хто гэтыя народы Беларусі? У ёй спрадвеку жыў і жыве толькі адзін народ - беларускі. Уся ж астатняя частка яе насельніцтва - гэта этнічныя групы, нацыянальныя мяншыні, прадстаўнікі тых народаў, якія стала жывуць на іншых тэрыторыях планеты Зямля, маюць там свае дзяржвы - метраполіі. Такой неакрэсленасці, нявызначанасці ў тэрміналогіі тэксту Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, як і ў іншых па-добнага роду дакументах, нельга дапускаць.

Што ж датычыць такіх слоў Купалы з вышэйназванага артыкула «Справа беларус-кага гімна павінна быць вырашана», дык яны паранейшаму для нацыянальна зарыентаваных паэтаў і кампазітараў застаюцца надзвычай актуаль-нымі. Незалежна ад стаўлення дзяржавы да ідэі нацыянальна-патрыятычнага гімна над ім трэба працаваць. Нас не могуць задавальняць творы аналагічнага характару, напісаныя 50-100 гадоў таму назад. Жыццё істотным чынам змянілася. Перад Бацькаўшчынай стаяць іншага парадку праблемы, што і павінна быць адлюстраваны ў словах і музыцы нацыянальнага гімна. Ён павінен мець тэкст змястоўны, цесна прывязнаы да сучаснасці, каб слухаючы яго, людзям і самім хацелася спяваць усёй грамадой на плошчах, стадыёнах, у парках, закрытых памяшканнях пад час правядзення з'ездаў, сходаў і іншых масавых мерапрыемстваў грамадска-палітычнага, культурна-асветніцкага парадку. Абавязковае патрабаванне да слоў і музыкі гімна - палкі нацянальны патрыятызм, бадзёрасць з тым, каб усяліць знявераным у шчасце людзям цвёрдую ўпэўненасць у перамогу святой беларускай справы.

Сёння ў Еўропе няма аніводнай краіны, акрамя Беларусі, у якой не было б такога нацыянальнага гімна-песні. Асабліва ўзнёсла, да прыкладу, ён спяваецца на стыдыёнах пасля гола, забітага камандай - гаспадаром футбольнага поля. А якую велізарную ролю адыгралі агульнанацыянальныя песні гімнавага характару ў змаганні прыбалтыйскіх народаў за выхад са складу СССР! Адсутнасць у беларусаў уласнага нацыянальнага гімна заўжды будзе з'яўляцца сур'ёзнай перашкодай на іх шляху да рэальнай палітычнай незалежнасці, сапраўднага эканамічнага і духоўнага росквіту, захавання сваёй этнакультурнай самабытнасці, пра што ўвесь час марыў, за што так самаахвярна змагаўся срод-камі мастацкай літаратуры мудры Янка Купала.

Таму давайце не забывацца на Купалаў наказ болып як васьмідзесяцігадовай даў-насці: «...справа беларускага гімна павінна быць вырашана, і то як найхутчэй».

Дый ці толькі беларускага гімна. У нейкай ступені пра ўсё сваё жыццё мы можам сказаць сёння словамі з напісанага ў 1910 г. Янкам Купалам верша «Памяці С. Палуяна»:

Няшчасны край! чым быў,

чым стаў, чым будзеш ты

3 сваім

прыдаўленым народам?

Як нёс - нясеш

ярмо ўпадку, слепаты

I змен чакаеш год за годам.

Як і раней, мы ўсё яшчэ ў вялікім даўгу перад Янкам Купалам, бо не жывем той нацыянальнай ідэяй, якой яна бачылася яму. Застаецца невы-кананым і яго кліч: «Паўстань з народу нашага Прарок!» Выдатныя асобы ў нас заўсёды былі і ёсць, толькі няма сярод іх сапраўднага Прарока, які мог бы ачоліць беларускі змагарны нацыянальны рух, зрабіць Бацькаўшчыну палітычна незалежнай, забяспе-чыць усе ўмовы для развіцця самабытнай нацыянальнай ку-льтуры.

Час гэтак шпарка ля-ціць, што не заўважым, як прыйдзе і новы чарговы юбі-лей Янкі Купалы. I як хацелася б, каб пры наступнай такой нагодзе ў нас засталося намнога менш нявырашанага з таго, чаго хацеў, да чаго імк-нуўся Янка Купала.

Зразумела, ёсць у нас яшчэ за што прасіць выбачэння ў Купалы, бо сучаснае жыццё далёка не адпавядае ідэалам, пажаданням беларускага пес-няра. Спадзяюся, што пачатую мною гаворку абавязкова пра-цягнуць іншыя аўтары.

Леанід ЛЫЧ, доктар гістарычных навук, прафесар


Гарадзенскія канферэнцыі ТБМ

7 верасня ў Гародні адбыліся Гарадзенская абласная справаздачнавыбарчая канферэнцыя ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны". Канферэнцыя заслухала справаздачны даклад старшыні арганізацыі Алеся Місцюкевіча і акт Рэвізійнай камісіі.

Адбыліся выбары Гарадзенскай абласной рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны". Абрана рада з 9 чалавек. У радзе прадстаўнікі Гародні, Гарадзенскага раёна, Ліды і Слоніма. Абрана Рэвізійная камісія з 3 чалавек.

Па стану здароўя папрасіўся ў адстаўку старшыня рады Алесь Місцюкевіч. Новым старшынём рады абраны 49гадовы Алесь Крой, які да гэтага быў намеснікам старшыні.

Абраны пяць дэлегатаў на з'езд ТБМ, які адбудзецца ў Менску 26 кастрычніка.

У гэты ж дзень была праведзена і справаздачнавыбарчая канферэнцыя Гарадзенскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны". Была заслухана справаздача старшыні арганізацыі прафесара Аляксея Пяткевіча і даклад старшыні Рэвізійнай камісіі.

Абрана новая рада з 5 чалавек. Рада абноўлена на 40%. Старшынём рады на новы тэрмін абраны прфесар Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч.

Былі абраныя два дэлегаты на з'езд ТБМ.

Падчас канферэнцый былі паднятыя многія балючыя пытанні беларускай рэчаіснасці. Упершую чаргу гэта праблема беларускамоўнай адукацыі. У адрозненне ад іншых праблема адукацыі агульная, як для Гародні, так і для Ліды, так і для іншых гарадоў і раёнаў вобласці.

На Гарадзеншчыне так і не ўдалося нічога зрабіць па вырашэнні праблемы беларускамоўнай адукацыі ў гарадах вобласці. Але так быць больш не можа. Беларускай школе на Гарадзеншчыне быць. Гэта воля нашых вялікіх продкаў, і яна будзе выканана.

Наш кар.


Светлыя песні Маргарыты Тарасавай

У век антымузыкі, панавання какафоніі і расхлістанай папсы пачуць беларускую песню, якая нібы сола з анёльскага хору - і радасць, і свята, і паратунак для жывой душы. Такое падумалася, калі я слухаў песні Маргарыты Тарасавай. Яе музы - паэта, кампазітара, выканаўцы - у сваёй шчырасці і апантанасці часта пераўзыходзяць некаторых вядомых знакамітых майстроў. Каб у гэтым пераканацца, варта паслухаць песні майстра, што змешчаны на аўдыёдыску "Сустрэча", выдадзеным Інфармацыйным агенцтвам Беларускай Праваслаўнай Царквы.

А спявае М. Тарасава сваім прыгожым , звонкім голасам пра напоўненасць нашага свету дабром і любоўю ў духоўным разуменні гэтых катэгорый.

Кампазітар, паэт і спявачка - чалавек рэлігійны, вернік праваслаўнай канфесіі, але песні яе маюць расшыральны змест: яны больш духоўныя, чымсці душэўныя. І таму, безумоўна, у іх пераважае святло, мажор, радасць. І яшчэ ў іх няма страху перад Богам, у іх - голас любові да Яго. У гэтай сувязі ўспамінаюцца радкі сучаснага паэта:

"Каб выжыць,

каб зратавацца,

Каб не здавацца, а быць,

Я Бога хачу не баяцца,

Я Бога хачу любіць".

Ну і, канечне, трэба адзначыць, што лад душы М. Тарасавай - беларускі, аб чым сведчаць словы яе песень і амаль няўлоўныя перагукі яе мелодый (на ўзроўні архетыпу) з беларускім народным меласам.

У заключэнні гэтых разваг пра песні М. Тарасавай, пажадаем ёй далейшых творчых поспехаў, а яе прыхільнікам - новых натхнённых сустрэч з любімай аўтаркай.

Набыць аўдыёдыск можна ў кнігарні прыхода ў гонар іконы Божае Маці "Усіх тужлівых радасць" (вул. Прытыцкага; тэл. 2547956) і ў іншых царкоўных лаўках.

Яўген Гучок.


Да 220-годдзя Івана Насовіча

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" выпусціла юбілейны каляндарык, прысвечаны аўтару першага слоўніка беларускай мовы Івану Насовічу, якому сёлета, 7 кастрычніка, споўніцца 220 гадоў ад дня ягоных народзінаў.

Выява Івана Насовіча змешчана на фоне Мсціслаўскага кармеліцкага касцёла, помніка беларускага барока 17 - 18 стст.

Ураджэнец Магілёўшчыны Іван Насовіч значную частку свайго жыцця пражыў у Мсціславе, дзе і напісаў згаданы слоўнік.

Пазначаны гады жыцця. Каляндарная сетка складзеная на 20082009 навучальны год і будзе прыдатная для карыстання вучнямі і студэнтамі.

Дызайн выканаў мастак Ігар Марачкін. Запытвайце памятны кішэнны каляндарык у сядзібе Таварыства беларускай мовы, што на вуліцы Румянцава, 13 у Менску, і ў сядзібе БНФ на пр. Машэрава, 8.

Ірына Марачкіна.


Яны захоўваюць беларускі дух Таварыству беларускай культуры ў Літве - 20!

У суботу, 30 жніўня 2008 г., Таварыства беларускай культуры ў Літве адзначыла свой двадцацігадовы юбілей. Так, ужо два дзесяцігоддзі гэтая арганізацыя рупліва шчыруе на ніве беларушчыны і яе захавання ў Літоўскай Рэспубліцы. Сёння так ёсць, што дарагая кожнаму беларусу Вільня, з кожным днём усё больш і больш аддаляецца ад Беларусі і беларуская прысутнасць менш і менш заўважная ў гэтым Вечным Горадзе. І таму з кожным разам становіцца складаней захоўваць беларускі дух гэтага месца. Але як бы там не было, у Літве ведаюць, што ёсць беларусы не толькі як мінулае, але як і рэалія найноўшай гісторыі, дзякуючы высілкам сяброў Таварыста і яго нязменнага кіраўніка Хведара Нюнькі.

20 год таму сабраліся віленскія беларусы, каб арганізавацца ў таварыства з тым, каб захаваць беларускую Вільню з яе героямі, дзеямі і прабегшымі днямі. Гэта быў той час, калі рушылася імперыя і народы атрымалі магчымасць не толькі на сваё нацыянальнае самавызначэнне, але і на пабудову сваіх дзяржаў. Беларусы не засталіся ў баку. Сённяшняя Беларусь, хаця і далёкая ад жаданай Беларусі, але так ці іначай яна існуе на палітычнай мапе свету і сведчыць чалавецтву аб быцці беларусаў як нацыі. Вільня застаецца ў межах Літвы. І тут варта зазначыць, што і беларусы ўнеслі значны ўклад у здабыццё незалежнасці Літвы: 10 беларусаў узнагароджаны медалямі за ўдзел у барацьбе за самастойнасьць гэтай краіны.

Ля вытокаў стаялі: Хведар Нюнька, Лявон і Юрка Луцкевічы, Зоська Верас, Кастусь і Леакадзія Шышэі, Лявон Кароль, Аляксей Анішчык, Мікола Рулінскі і інш. Яны былі першымі пасля 50 год забыцця, хто ўзяўся за адраджэнне беларускасці ў гэтым краі.

Дзякуючы старанням ТБК у Вільні ўсталяваны помнікі на могілках беларускіх дзеячоў, адкрыты мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя дзеячам беларушчыны: Францішку Скарыну, Кастусю Каліноўскаму, Браніславу Тарашкевічу, Рыгору Шырму, Янку Купалу, Вацлаву Ластоўскаму, Пятру Сергіевічу, Наталлі Арсеньевай, Адаму Станкевічу, Максіму Гарэцкаму... І сёння блукаючы завулкамі старое Вільні не толькі адчуваеш гэты беларускі дух, але бачыш і вонкавыя знакі, сляды тае слаўнае гісторыі.

Намаганнямі Таварыства і яго старшыні Хведара Нюнькі ў Вільні адчынена беларуская сярэдняя школа імя Францішка Скарыны, якая лічыцца працягам Віленскае гімназіі, зачыненай бальшавікамі. У Віленскім педагагічным універсітэце створана кафедра беларускай мовы.

ТБК правяло тры канферэнцыі беларусаў Балтыі. Пастаянна праводзіць пікеты каля расейскай і беларускай амбасадаў.

І тое, што ў гэтым годзе сябры ТБК былі запрошаны на сустрэчу з прэзідэнтам Літоўскай Рэспублікі і атрымалі віншаваньні з нагоды 90-год-дзя абвяшчэння БНР сведчыць, што Літоўскі ўрад беларусаў Літвы успрымае ў вобразе Таварыства беларускай культуры. Сяброў Таварыства прымаюць на высокім узроўні палітыкі розных краінаў. І гэта яшчэ адно прызнанне тых, хто стаіць на абароне свае мовы, гісторыі, культуры.

Таварыствам выдадзены не адзін дзесятак кніг, сабраны багаты архіў па гісторыі Беларусі і Літвы.

ТБК прыняло ўдзел ва ўсіх з'ездах беларусаў свету. Мае вельмі цесныя кантакты з беларускімі дыяспарамі як блізкага, так і далёкага замежжа.

20 год - гэта цэлае пакаленне, гэта ўжо той час, каб асэнсаваць, што здзейснена і з чым ісці далей. А зроблена, як бачым, шмат: беларусаў ведаюць, аб іх прынамсі чуюць, яны навучыліся бараніць свае правы і інфармаваць сусветную супольнасць аб сваіх праблемах, аб тым, што гіне нацыя, мова, культура. І таксама яны навучыліся і рабіць. Доказам гэтага ўсё вышэй пералічанае.

У прыгожай зале (аздабленнем якой займалася мастачка Крысціна Балаховіч) вядоўцы Леакадзія Мілаш і Артур Яўмен абвесцілі аб адкрыцці ўрачыстага мерапрыемства.

Распачалі яго хвілінай маўчання, ушаноўваючы памяць тых сяброў, якіх ужо няма, якія ў нябеснай Беларусі сняць сны аб Вольнай і Святой Бацькаўшчыне. Так, сярод нас ужо няма: Лявона і Юркі Луцкевічаў, Леваніда Караля, Кастуся Шышэі, Аляксея Анішчыка, Міколы Рулінскага, Уладзіміра Кузменкі, Генрыка Астроўскага, Валеры Місюка.

На святкаванні прысутнічала шмат шаноўных і знакамітых асобаў, тых, што твораць сёняшнюю гісторыю Беларусі: Уладзімір Арлоў, Уладзімір Колас, Анатоль Белы, Валдас Банайціс, Зінаіда Бандарэнка, Кася Камоцкая, Уладзімір Хільмановіч, Юры Бандажэўскі, Алесь Смалянчук. Кожны з іх распавядаў аб сваім бачанні Вільні, месца ў ёй беларусаў, аб лёсе Бацькаўшчыны. І ніводнага з іх не пакідала вера ў тое, што ў хуткім часе ўсе сустрэнемся ў вольнай, незалежнай, дэмакратычнай, беларускай Беларусі. Былі дастаўлены падарункі ад ТБМ.

Выступаючы, сябры Таварыства (Сяргей Карабач, Крысціна Балаховіч і іншыя) распавялі аб дзейнасці ТБК, аб становішчы беларусаў Віленшчыны і аб іх гісторыі. Аб стварэнні гэтае арганізацыі больш падрабязна распавёў яе старшыня Хведар Нюнька. У іх прамовах канстатавалася, што беларусы сапраўды засталіся забытымі і не патрэбнымі. Яны не маюць ніадкуль падтрымкі і ўсё трымаецца выключна на адным энтузіязме. Тыя ж самыя літоўцы не вельмі хочуць дапамагаць беларусам, а часам нават адчуваецца і варожае стаўленне. Спадар Хведар узгадаў адзін выпадак, калі беларусы дамагаліся стварэння беларускай школы, то міністар адказаў, што, калі тыя хочуць беларускай школы, то няхай едуць у Беларусь. Шмат праблемаў ёсць і сёння. Гэта і стварэнне музея Якуба Коласа, якое ўжо цягнецца другое дзесяцігоддзе, і аднаўленне музея Луцкевічаў, якое так-сама, не ведама па якіх прычынах, не атрымліваецца.

Але гэта не прычына, каб складаць рукі, жыццё паказвае, што нічога не даецца лёгка. Трэба проста рабіць справу, і тады будуць вынікі, спадзяюцца сябры таварыства.

На заканчэнне святочнай праграмы, сябра таварыства Андрусь Старавойтаў праспяваў патрыятычныя песні, Вера Хамянюк прачытала свае вершы, Таццяна Райнене прадэкламавла "Тарас на Парнасе", выступіла таксама народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, а сама праграма закончылася пад жывы голас Касі Камоцкай.

Час ідзе. І Беларусь, якую ўкрыжавалі, растапталі і занядбалі - уваскрэсне. І думаю, не апошні ўнёсак у гэта зрабіла і яшчэ зробіць Таварыства беларускай культуры ў Літве, галоўная задача якога, захаванне беларускага духу Віленшчыны.

Алесь Адамковіч, Вільня 2 верасня 2008 г.


Зазірнуць у 60 - я...

Вярнуцца ў даперабудовачны час, пабываць у 60-х, 70-х гадах мінулага стагоддзя такую магчымасць чытачам дае кніга наваполацкага пісьменніка, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Вінцэся Мудрова. "Альбом сямейны", якая пабачыла свет у 2007 годзе. У "Апошняй старонцы " кнігі аўтар піша: "У "Альбоме сямейным " адбіліся падзеі, постаці й рэчы, што надарыліся, дзеялі і былі ва ўжытку ад пачатку 60-х гадоў да сярэдзіны 80-х гадоў мінулага стагоддзя . Памежнымі знакамі той эпохі стаў палёт Гагарына і выбух збройнага плутонію ў Чарнобылі. Гэта была пара юнацтва, самая шчасьлівая пара ў маім жыцці і ў жыцці майго пакалення."

Менавіта людзям сталага веку, якіх не пакідае настальгія па тых часах дазволіць кніга В. Мудрова апынуцца там, у атмасферы савецкага ладу жыцця, а маладым яскрава ўявіць той час і зразумець, як жылі тады, у што верылі, чым захапляліся, што елі, што насілі, на чым спалі, як бавілі вольны час іх бацькі. Здаецца, быццам з дапамогай " машыны часу", а на самой справе з вельмі канкрэтнымі замалёўкамі жыццёвых з'яў, побытовых дэталяў аўтар дапамог нам зноў пабываць там.

Юры Сапажкоў, аўтар вялікай дадатнай рэцэзіі на гэту кнігу (ЛіМ, 2007, № 30) так апісвае свае ўражанні: "Мяне амаль фізічна абступілі , зноў абдалі, здавалася б, назаўсёды забытымі ветрам, колерам і пахам прадметы, фарбы, імгненні і цэлыя здарэнні, з якіх калісьці складаліся дні майго жыцця, што прамчаліся шалёным табуном." I далей: " Раёк" -вось , напэўна, самае дакладнае вызначэнне жанру гэтай кнігі. Так, яна - свайго роду скрынка з павелічальным шклом для разгляду маклюнка. Тут табе і паказ, тут і неабходныя тлумачэнні да яго."

Той жа аўтар так адзываецца аб творчай манеры В. Мудрова: "Гэта прынцыпавая адмова ад усялякіх упрыгожанняў затое выбар "смачных ", выразных слоў, у якіх часта факусіруюцца промні едкай сатыры. Смешныя рэчы, пра якія гаворыцца з вельмі сур'ёзным тварам." Гэта наогул характэрная рыса аўтара.

Кніга напісана ў арыгінальнай літаратурнай форме - у форме кароткіх радыёперадач, прадстаўленых у выглядзе тэксту. "Альбом сямейны" утрымоўвае каля ста аўтарскіх маналогаў. Герой - аўтар паказаны ва ўсіх ўзроставых праявах, ад шасцігадовага ўзросту да сівабародага ча-лавека. Час, узгаданы В. Мудровым, паказаны з усімі яго заганамі: паказухай , крывадушнасцю, абыякавасцю, грамадзянскім інфантылізмам. Нататкі пра рэчы дэфіцытныя і смешныя сёння.

Трэба зазначыць, што адметнасцю пісьменніцкага стылю В. Мудрова з'яўляецца іронія . Часам гэта смешна, часам выклікае раздражненне і крыўду за сябе, за час у якім прайшла наша маладосць, дзе за рэчы, пасады, начальніцкую ласку, за кватэры разменьваўся талент і жыццёвыя ідэалы. Хочацца паспрачацца з аўтарам, запярэчыць: няўжо ён не бачыў колькі дадатнага было у тым жыцці ?! Але... вымушаны пагадзіцца: было, сапраўды такое было. А яшчэ прымірае з едкімі сатырычнымі выпадамі аўтара тое, што больш за усіх ён іранізуе з сябе. На ўсім працягу кнігі прысутнічае постаць аўтара, ад малога хлопчыка да сівабародага чалавека. Імпануе лаканізм, прастата аповедаў, фразы, трапныя выразы і словы. Але разам з тым многа анахранізмаў: "ачольвала", "асадка" і г. д. Вельмі ўдала зроблены заключны раздзел кнігі : Memorabilia , які ўяўляе сабой своеасаблівы тэматычна - прадметны паказальнік з такімі рубрыкамі, як напрыклад: Адзенне; Свае: бацька, маці, сябры; Літаратура; Музыка; Часопісы; Тэхніка, і г.д. з указаннем старонак, на якіх пра гэта гаворыцца.

Вывад, які хочацца зрабіць, прачытаўшы гэту кнігу: арыгінальна, праўдзіва, спрэчна, цікава.

Валянціна Сопікава.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX