Вярнуцца: 2008

№ 38 (877)


Крыніца: pawet.net.



№ 38 (877) 17 ВЕРАСНЯ 2008 г.


АЛЕСЮ КРАЎЦЭВІЧУ - 50

КРАЎЦЭВІЧ Аляксандар Канстанцінавіч нарадзіўся 13 верасня 1958 г. у вёсцы Лупачы Мастоўскага раёна на Гарадзеншчыне ў сям'і настаўніцы і селяніна. Пасля заканчэння васьмігодкі ў 1973 г. паступіў у Гарадзенскі тэхнікум фізічнай культуры, вучоба ў якім планавалася як першы этап падрыхтоўкі да кар'еры вайсковага марака. Аднак пасля заканчэння тэхнікума планы памяняліся. Дыплом з адзнакай дапамог паступіць на гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта.

Пад час навучання ва ўніверсітэце (1976 - 1981 г.) сфармаваліся навуковыя інтарэсы - цікавасць да археалогіі і гісторыі сярэднявечнай Беларусі, а таксама грамадская пазіцыя, менавіта, удзел у працы на беларускае культурнае адраджэнне. I тое і другое адбывалася пад непасрэдным уплывам вядомага археолага і палітыка Алега Трусава, які стаў для студэнта з правінцыі настаўнікам у навуцы і жыцці. Дзякуючы Алегу Трусаву адбылося свядомае вяртанне да беларускай мовы і культуры пасля перапынку, выкліканага пераездам па заканчэнні вясковай беларускай школы ў русіфікаваны горад.

У час летніх вакацый выязджаў у складзе студэнцкага будаўнічага атрада на будаўніцтва 4га калійнага завода ў Салігорску (1978 г.), а пазней (1979, 1980 г.) на будову Байкала-Амурскай магістралі (Якуція). Ад 1980 г. пачаўся актыўны ўдзел у археалагічных экспедыцыях Беларускага Рэстаўрацыйна-праектнага інстытута (кіраўнік Алег Трусаў). Гэтыя экспедыцыі, якія цягнуліся па чатырыпяць месяцаў ад вясны да восені, сталі для некалькіх сотняў студэнтаў розных беларускіх вучэльняў не толькі добрай археалагічнай практыкай, але адначасова школай беларускасці і месцам адпачынку ад савецкага таталітарызму і будзённай шэрасці канцавога перыяду брэжнеўскай эпохі.

Пасля заканчэння універсітэта ў 1981 г., дзякуючы дыплому з адзнакай, з'явілася магчымасць паступлення ў аспірантуру без неабходнага ў такіх выпадках двухгадовага працоўнага стажу. Навучанне ў аспірантуры (1981 - 1984 г.) Інстытута археалогіі АН СССР у Маскве стала выдатнай прафесійнай школай, дзякуючы беспасрэдным кантактам з многімі вядомымі вучонымі: Леанідам Аляксеявым, Святланай Плятнёвай, Валянцінам Сядовым, Расціславам Разенфельдам, Даротай Беленькай. Падрыхтоўкай кандыдацкай дысертацыі "Гарады і замкі Беларускага Панямоння 14-17 стст. (планіроўка, культурны слой)" кіраваў акадэмік Барыс Рыбакоў (абарона адбылася ў тым жа Інстытуце ў сакавіку 1988 г.).

Пасля заканчэння аспірантуры пачалася праца: у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі (1985 - 1987 г.), потым у Беларускім Рэстаўрацыйна-праектным інстытуце (начальнік аддзела архітэктурна-археалагічных даследаванняў, 1987 - 1990 г.), у архітэктурна-рэстаўрацыйным кааператыве "Арк" (загадчык аддзела археалогіі, 1991 - 1993 г.), на пасадзе намесніка Старшыні Дзяржаўнай інспекцыі аховы гісторыка-культурнай спадчыны (1993 г.), першага прарэктара Гарадзенскага дзяржуніверсітэта (1994 - 1995 г.). Увесь гэты час займаўся навуковай дзейнасцю, выдаў некалькі кнігаў.

У сакавіку 1995 г. па прычыне змены палітычнай сітуацыі ў краіне адышоў з пасады прарэктара і паступіў у дактарантуру БДУ (1995 - 1998 г.). У 1996 г. перарваў навучанне ў дактарантуры ў сувязі з навуковай стажыроўкай у Ягелонскім універсітэце ў Кракаве (люты 1996 - травень 1997 г., кіраўнік - прафесар Ежы Выразумскі). За час гэтай стажыроўкі быў падрыхтаваны асноўны тэкст доктарскай дысертацыі "Вялікае Княства Літоўскае ў другой палове 13 - пачатку 14 ст.: генезіс дзяржавы па пісьмовых і археалагічных крыніцах". Абарона дысертацыі адбылася 4 снежня 1998 г. у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

З 1999 г. пачаліся рэгулярныя выклады ў польскіх вышэйшых вучэльнях. У 2001 г. абраны Старшынёй выканкаму Рады Беларускага Гістарычнага Таварыства. Ад 1998 г. распачаў і працягвае рэдагаваць выданне ў Гародні навуковага гістарычнага і краязнаўчага часопіса "Гістарычны альманах".

Ад лютага 2005 г. сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Сябар ТБМ.


2-гі том "Гісторы Беларусі"

Нарэшце выйшаў з друку 2-гі том "Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоў-скага" 6-ці томнай "Гісторыі Беларусі". 1-шы том "Старажытная Беларусь" выйшаў ажно ў 2000 годзе. У 2004 годзе выйшаў 3-ці том "Беларусь у часы Рэчы Паспалітай". У 2005 годзе з'явіўся 4-ты том "Беларусь у складзе Расійскай Імперыі", у 2006 годзе выйшаў 5-ты том "Беларусь у 1917-1945 гг."

І вось праз восем гадоў пасля першага з'явіўся другі том выдання. Але выйшла кніга на 686 старонак у той час, як першы том мае аб'ём 352 старонкі, а трэці 344 старонкі. Такім чынам, калі не ўнікаць у сутнасць канцэпту-альных пасылак кнігі, то па аб'ёму эпоха Вялікага Княства Літоўскага прэзентавана ў шасцітомніку вельмі годна.

Аўтарамі тома выступаюць: Ю. Бохан, Г. Галенчанка, В. Голубеў, А. Дзярновіч, А. Доўнар, Л. Іванова, М. Касцюк, П. Лойка, В. Насевіч, У. Падалінскі, Г. Сагановіч, А. Самусік, Л. Собалева, М. Спірыдонаў, А. Янушкевіч.

У "Ўводзінах" у прыватнасці гаворыцца: "Працяглым і самабытным гістарычным перыядам у сярэднявечным мінулым беларускага народа з'явіўся той час, калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага (ВКЛ). Пры гэтым у многіх адносінах яны вызначалі сутнасць, накіраванасць, характар гэтай магутнай еўрапейскай дзяржавы.

Беларусь і ў пэўнай ступені іншыя ўсходнеславянскія землі былі дэмаграфічнай гаспадарчай, … духоўнай асновай дзяржавы і вялікакняскага домена."


34 гадзіны на беларускасць

Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францыска Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства адукацыі разгледзела Ваш зварот аб выкладанні ў ВНУ курса "Беларуская мова (прафесійная лексіка)" і паведамляе наступнае.

У мэтах удасканалення падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў, якія павінны авалодаць на прафесійным узроўні беларускай мовай, Міністэрства "адукацыі рэкамендавала арганізаваць у кожнай вьппэйшай навучальнай установе вывучэнне абавязковага курса "Беларуская мова (прафесійная лексіка)" у аб'ёме 34 гадзін.

У пісьме да пачатку 2008/2009 навучальнага года вышэйшым навучальным установам дадзены рэкамендацыі па выкладанні названага курса.

Намеснік Міністра К.С.Фарыно.


Чаму я не маўчу?

Хачу, каб урэшце-рэшт пачула ўлада тых,

Хто хоча шчырай з ёй размовы,

Законапаслухмяных грамадзян сваіх,

Аб стане у краіне роднай мовы.


Хачу, каб зразумелі ўрэшце там,

Што мова родная - падмурак нашай славы,

Што без яе не будзе ўдачы нам,

Прызнання ў свеце нашае дзяржавы.


Якая ад майго жадання небяспека

Сыходзіць для дзяржавы і чаму?

Здаецца не такі ў жыцці я недарэка.

А зразумець усё гэта не магу.


Таму і не маўчу, бо на душы трывожна.

Як людзям гэты стан свой перадаць,

Каб кожны беларус падумаў: Колькі можна

Такія здзекі з мовы дазваляць?

Фелікс Шкірманкоў.


Пад пагрозай нябыту

Беларуская мова,

Нам Богам дадзена яна,

І зберагчы яе - святая справа.

Без мовы нацыі няма,

Без нацыі няма дзяржавы.

Ул. Дарагуж.

Як лаканічна, як трапна і папулярна сказаў паэт! Але не ўсе разумеюць гэтую сярмяжную ісціну, асабліва нашы родныя вярхі. А вось чаму? Яны, відаць, лічаць, што гэта сказана не пра нас, не пра нашу мову і нашу дзяржаву. Яны думаюць, няйначай, што яны знайшлі ці вынайшлі новую формулу, больш надзейную і зручную для іх, а менавіта: можна абысціся без свае мовы, варта толькі ведаць суседаву, мову магутнага суседа, які з зайздросным імпэтам распаўсюджваў яе ў часе росквіту Савецкага Саюза і не так распаўсюджваў, як навязваў, даказванючы, што без рускае мовы мы прападзём. І што ў хуткім часе не толькі мы ў СССР, а нават ва ўсім свеце будзе адна мова - руская, на якой булуць гаварыць грамадзяне сусветннага камуністычнага грамадства.

І шмат хто ў такое верыў. А вось жа ідэя сусветнага камуністычнага руху развалілася на нашых вачах, і ўсе тыя народы, што былі ўжо ахопленыя гэтаю ідэяй, адкінулі яе як чужую і шкодную, нерэальную, і пачалі будаваць свой дзяржаўны дом без чужое падказкі - і без рускае мовы. У СССР адбылося тое самае: кожная рэспубліка, кожны народ стаў самастойнаю дзяржавай - са сваім гаспадарчым укладам, загаварыў на сваёй роднай мове. І кожны народ, кожная рэспубліка як бы нанава нарадзіліся на свет: ажылі, закаласіліся новымі здабыткамі, новым узлётам духоўнага жыцця. Кожны народ адчуў сябе вольным, стаў гаспадаром у сваім доме, пачаў думаць і дбаць пра сябе, пра сваю сям'ю, пра ўвесь свой народ, пра сваю родную дзяржаву.

Нешта падобнае адбывалася і ў нас, у Беларусі, хоць было шмат тых, якія не хацелі ніякай перабудовы, ім было добра і так - як раней, за Савецкім Саюзам. Таму вялікага зруху да лепшага ў нашым грамадстве не адбылося, хоць закон аб дзяржаўнасці беларускай мовы з цяжкасцю быў прыняты. Яго прынялі, ды фактычна толькі на паперы, а потым яшчэ надалі дзяржаўнасць другой мове - ужо рускай, нібы ёй было мала заставацца мовай зносін між былых саюзных рэспублік, нібы рускіх у нас не мільён з нечым, а ледзь не палова ад усіх беларусаў.

Чаму так атрымалася? Ды таму, што мы, беларусы, асабліва нашы родныя вярхі, ужо гатовы былі крочыць у камунізм і гаварыць толькі паруску. Гэта прымітыўна, але проста і выгадна. Навошта нам ведаць ажно дзве мовы? Родная - ужо лішняя, яна толькі замінае. Яна стала нават пасмешышчам: з яе смяяліся не толькі рускія, а і самі беларусы. Але калі рускім такое можна дараваць, бо з чужога можна і пасмяяцца, дык беларусам смех над родным - ужо вялікі грэх, бо смяяцца над роднаю моваю - гэта тое, што і смяяцца над роднаю маткаю. А да такога цынізму не кожны можа апусціцца. Аднак жа...

Мне здаецца, што ёсць дзве прычыны, па якіх многія нашы братыбеларусы лічаць сваю мову лішняю, непатрэбнаю, нават, грубаю, немілагучнаю, а яшчэ - небяспечнаю. Бяда ў тым, што наша мова блізкая да рускай, ведаючы адну, лёгка перайсці на другую, і натуральна, што пераходзяць на тую, якая пануе ў жыцці, якая гучыць з высокіх трыбунаў і з усіхусіх магчымых галосных і друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. І калі ты другое мовы не чуеш, хоць яна і родная табе, або чуеш сядытады, яна ўжо пачынае гучаць як чужая і непатрэбная, яна ўжо нават пачынае рэзаць вуха.

І кожны, хто хоча абараняць родную мову, лічыцца ўжо таксама непаўнацэнным, як і тая мова, якую ён сам лічыць вартаю ўвагі і павагі. Яго нават могуць аб'явіць вар'ятам, паколькі ён не бачыць ці не хоча бачыць відавочнае ісціны, а трымаецца за старое - за тое, што аджыло свой век.

Другая прычына мо і менш відавочая за першаю, але яна амаль такая ж небяспечная для носьбіта нашае мовы. Рэч у тым, што беларуская мова ў расстрэльныя савецкія гады была таксама расстрэльнаю. За яе паплаціліся жыццём ледзь не ўсе беларускія літаратары. Амаль уся беларуская інтэлігенцыя, ледзь не ўсе носьбіты нашае мовы ў горадзе і ў вёсцы. Усе, каму ўдалося ўцалець і не загінуць ад кулі ці ад голаду і холаду ў Салаўках, у Варкуце, у Карагандзе, у Магадане і Нарыльску або ў іншых менш вядомых гулагаўскіх катоўнях, насілі на сабе кляймо нацдэма, нацыяналіста, які заўсёды быў пад прыцэлам, і пад прыцэлам ён і застаўся, і застаўся яго сын, яго дачка і нават унукі. Таму падсвядомы страх не трапіць на мушку чэкіста сядзеў ужо ў касцях гэтых людзей, якія выпадкова ўцалелі і таму баяліся, што нешта падобнае чакае і іх дзяцей, унукаў і праўнукаў, калі яны пойдуць па той дарозе, якою ішлі яны самі - і ледзь засталіся жывымі. Тамудалей ад той дарогі, якая вядзе да згубы, лепш адрачыся ад усяго, за што можна паплаціцца жыццём. Толькі так можна ўцалець і прадоўжыць свой род.

У дужках трэба дадаць, што так думалі і рабілі не толькі тыя, хто перажыў страх смерці на сваёй скуры, а і тыя, хто гэта ўсё бачыў збокусваякі, суседзі тых няшчасных, якія не вярнуліся дадому і прапалі недзе там, у бязмежай тайзе ці тундры.

Страхвялікая, цёмная сіла, і перамагчы яго няпроста. Адна даследчыцапсіхолаг (на жаль, прозвішча не запомніў) гаварыла, што трэба, каб прайшло пяць пакаленняў, пакуль мы - меншасць ці большасць - пазбавімся ад яго ўлады над сабою і станем нармальнымі людзьмі.

Гэта колькі дзесяцігоддзяў трэба чакаць, каб наш страх развеяўся канчаткова і мы адчулі сябе вольнымі ад яго! А ці нельга паскорыць працэс аздараўлення нашай свядомасці, нашай псіхікі, і вярнуць нам страчанае ці прыніжанае пачуццё годнасці чалавечай гордасці, каб мы не адчувалі сябе непаўнацэннымі непаўнавартаснымі істотамі, а роўнымі сярод роўных людзей! Відаць, трэба ўсімі сродкамі масавай інфармацыі абуджаць свядомасць нашых людзей, пісаць у газетах, гаварыць па радыё і па тэле, лячыць нашу параненую псіхіку, вяртаць людзей да разумення таго, што мы перажылі эпоху вялікага тэрору і ашуканства, дзе вінаватымі былі невінаватыя, а вяршыцелі іх лёсу гэта кіраўнікі рэпрэсіўнай машыны, якая знішчала на сваёй дарозе ўсіх, хто трапляў ёй пад колы.

Мы сёння мовы поўнае маральнае права ведаць пра тыя ахвяры, якія перанёс наш народ у перыяд паміж дзвюх сусветных войнаў, у перыяд бальшавіцкага панавання да развалу СССР.

На шчасце, мы маем людзей, якія займаюцца вывучэннем усіх супроць праўных парушэнняў, якія збіраюць звескі пра ахвяр і карнікаў. Сярод іх трэба назваць перш за ўсё прозвішча Леаніда Маракова, сына рэпрэсаванага Маракова Уладзіміра і плямянніка паэта Валерыя Маракова.

Пачаўшы з біяграфіі свайго дзядькі Валерыя Маракова, Леанід паступова перайшоў да больш далёвага і шырокага вывучэння праблемы злачынства бальшавікоў на беларускай зямлі. Ён паставіў сабе задачу сабраць імёны ўсіх рэпрэсаваных беларусаў і не толькі беларусаў - якія жыллі на нашай тэрыторыі апошнія два стагоддзі і такім чынам ускладніў сабе задачу, якая і так аказалася нялёгкай.

Леанід Маракоў займаецца гэтым пытаннем шмат гадоў, ён выдаў больш як два дзесяткі даведнікаў, сярод якіх галоўнае месца займаюць звесткі пра рэпрэсаваных літаратараў, дзеячоў культуры, навукоўцаў, асобныя два тамы - пры рэпрэсаваных настаўнікаў ёсць яшчэ два тоўсыя тамы пра рэпрэсаваных святароў, рыхтуецца трэці. Настаўнікі - гэта якраз тыя людзі, якія тварылі нашу культуру, неслі ў масы святло навукі, любові да свайго роднага краю і ў першую чаргу - да свае роднае мовы.

Колькі прозвішчаў, колькі лёсаў сабраны пад вокладкамі гэтых кніжак - а канец іх амаль аднолькавы: або расстрэл, або пяцьдзесць ці нават дваццаць пяць гадоў ППЛ (папраўча - працоўных лагераў), у канцы - рэабілітацыя, часцей за ўсё - пасмяртоная.

Ёсць даведкі кароткія, пратакольныя, як нп., такія:

"Навуменка Аляксандр Барысавіч (1902, Гомель - 26.8.10 38, Гомель(?), НКВД). Жыў на ст. Унеча Бранскай вобл., працаваў настаўнікам. Закатаваны ў турме НКВД. Рэабілітаваны 31.01.1959 г."

а ёсць больш разгорнутыя, дзе падаецца болей біяграфічных звестак, :

"Навіцкі Іосіф Іванавіч (1896, в. Лапуты Барысаўскага пав. Мінскай губ., цяпер Докшыцкі рн Віцебскай вобл. - 10.11.1937, Віцебск (?), турма НКВД). З вялянскай сям'і працаваў настаўнікам няпоўнай СШ в. Нядаль Барысаўскага рна. Уступіў у ВКП(б), быў жанаты, гадаваў пяцёра дзяцей. Арыштаваны 24.8. 1937. асуджаны 29.10.1937 тройкай НКВД як "агент польскай разведкі" да ВМП. Расстраляны. Рэабілітаваны трыбуналам БВА 27.9.1961, асабовая справа Н. №12170п захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл."

Вось чалавеку быў 41 год, працаваў настаўнікам, меў вялікую сям'ю - пяцёра дзяцей, напэўна, яшчэ малых, а тут яго арыштоўваюць як польскага шпіёна і праз два месяцы пакутаў і катаванняў расстрэльваюць як злейшага ворага рэжыму! А пасля рэабілітуюць праз 25 год, бо аказваецца, што ён ніякі не шпіён, ніякай віны за ім няма. А як жыла яго сям'я без карміцеля, як раслі яго пяцёра дзяцей колькі ім давялося пакутаваць, пакуль сталі на свае ногі, пакуль пачалі зарабляць на свой хлеб! Колькі слёз яны пралілі, колькі поту! Хіба можна мізэрнаю кампенсацыяй вымераць, ацаніць іх пакуты?

Не лепшы лёс чакаў і жанчыннастаўніц, якія трапілі ў "яжоўскія рукавіцы". Вось адна з іх.

"Шарамей Дар'я Фёдараўна (189021.9.1937 г, Смаленск, НКВД). З бел. сям'і. да арышту працавала настаўніцай у Смаленску. Арыштавана 19.8.1937 г. асуджана камісіяй НКВД і Пракуратуры СССР 17.9.1937 г. за "шпіянаж". Расстраляна".

А вось другая, не менш трагічная, біяграфія:

"Зарэмбоўская Людміла Фульгентаўна (1899, Ігуменскай пав. Мінскай губ. - 20.2.1938, Мінск, турма НКВД) жонка Дзмітрыя Зарэмбоўскага. З сялянскай сям'і. атрымала сярэднюю адукацыю. працавала настаўніцай СШ у мяст. Бобр Крупскага рна. Менскай вобл. Выйшла замуж, гадавала трое дзяцей. Арыштавана ў 1937. Асуджана 21.1.1938 тройкай НКВД за "шпіянаж на карысць польскай разведкі" да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляна разам з мужам. Рэабілізавана трыбуналам БВА 12.4.1963 г. Асабовая справа 3 №7938 - захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі".

Чытаючы і гартаючы кнігі - даведнікі Леаніда Маракова, можна плакаць і абурацца. Можна праклінаць рэжым, які ператвараўся ў машыну знішчэння свайго народа, і які дзейнічаў, як гэта ні параддаксальна, ні здзекліва, ад імя гэтага самага народа. Толькі адных настаўнікаў па Беларусі было рэпрэсавана каля шасці тысяч чалавек! Хіба нацыя не адчула, не магла не адчуць такое вялікае страты сваіх лепшых сыноў і дачок, якія неслі святло ў кожную сям'ю, дзе былі дзеці, якія хадзілі ў школу і прагнулі ведаў, хацелі быць падобнымі да сваіх настаўнікаў і бралі з іх прыклад у сваім далейшым жыцці?

А іх, гэтых такіх мілых і дарагіх людзей для кожнага школьніка, арыштоўвалі, аб'яўлялі ворагамі народа, расстрэльвалі або высылалі ў далёкую Сібір. Няцяжка ўявіць стан душы таго вучня, які прыйшоў у школу, а яму кажуць, што настаўніка роднае мовы сёння ноччу арыштавалі, што ён вораг народа... І дзіцячая душа разрываецца ад болю: любімы настаўнік - і раптам вораг? Не можа такога быць! Але як не паверыць, калі яго забралі, калі яго доўга трымалі і не адпусцілі, калі ён знік? Каму верыць, каму? Дзе праўда?

І можа сёння той вучань, ужо чалавек у гадах, пачытаўшы і пагартаўшы кнігідаведнікі Леаніда Маракова, знойдзе прозвішча свайго любімага настаўніка і скажа сам сабе: а я ведаў, што мой настаўнпік не вораг народа. І падзякуе Леаніду Маракову "дарэчы, і пісьменнікупразаіку, за яго пачэсную працу па вяртанні з нябыту добрага імені тысячам нявінных ахвяр гулагаўскага рэжыму.

Хачу скончыць тым, з чаго пачаў. Кіраўнікі бальшавіцкага рэжыму, спешным маршам ідучы ў камуністычны рай, які здаваўся ім зусім блізка, расчышчалі сабе дарогу і знішчалі ўсё, што здавалася ім перашкодай. А такою перашкодай яны лічылі людзей, што любілі свой народ і яго мову. Людзей, якія будавалі беларускую дзяржаву з усімі яе нацыянальнымі адзнакамі. Якраз гэтыя адзнакі ўспрымаліся крамлёўскімі верхаводамі як варожыя, нацыяналістычныя, а іх носьбіты падлягалі фізічнаму знішчэнню.

А галоўнаю варожаю адзнакаю яны лічылді дадзеную Богам мову нашага народа. І як тут не ўспомніць словы чалавека, які яшчэ задоўга да бальшавікоў ішоў тою ж дарогаю ды пачынаў рабіць тое, што потым прадоўжылі бальшавікі, мо нават самі таго не падазраваючы. Гэта ўсім нам вядомы генералгубернатар ПаўночнаЗаходняга краю Мураўёўвешальнік, які галоўнаю перашкодаю абрусення краю лічыў беларускую мову. Вось што ён піша:

"В СевероЗападном крае так называемую мову необходимо свести на ничто, потому что если этого не сделать, она постоянно будет инспирировать мысль об отдельном беларусском народе і о праве этого народа на этническую самастоятельность і нацыональногосударственную суверенность, чего допустить нельзя".

Як ні дзіўна, наша мова і сёння пад пагрозай знішчэння, як пад пагрозай і яе носьбіўбеларуская нацыя, бо не будзе мовы - не стане народа, як слушна кажа паэт.

І апошняе. Загубленыя без віны ахвяры рэабілітаваныя - хоць праз дваццаць пяць гадоў. Калі ж будзе рэабілітавана наша шматпакутная беларуская мова? Няўжо яна ўсё яшчэ лічыцца ў нечым вінаватаю?

І перад кім? Мо хіба перад ценем Мураўёва-вешальніка?

Уладзімір Дамашэвіч.


АДМЫСЛОВЫ СЛОЎНІК БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Кожная мова мае ў сваім складзе пэўную колькасць слоў, якія не могуць быць перададзеныя на іншай мове аднаслоўна, а толькі з выкарыстаннем апісальных канструкцый. Лічыцца, што менавіта такія лексічныя адзінкі (безэквівалентная лексіка) найбольш канцэнтравана перадаюць «дух» кожнай мовы і наўпрост выяўляюць нацыянальную карціну свету. Асабліва важна гэта ва ўмовах беларускарускага двухмоўя, калі носьбіты мовы павінны ўсвядомлена карыстацца пэўнымі словамі, а не бяздумна нагрувашчваць іх у пэўных камунікатыўных сітуацыях.

Даследчыкі адзначаюць і яшчэ адзін момант: словы, у семантыцы якіх канцэнтравана закадаваны сэнс цэлай фразы, выяўляюць дзеянне закона эканоміі моўных сродкаў. Сапраўды, як трэба ўспрымаць беларускія словы маладзік, знічка, прочкі, кавальства, зашмат, замалы, даўнавата, бліжэць і інш.? Растлумачыць іх, напрыклад, паруску можна толькі апісальнымі выразамі, а яны, выкарыстаныя ў беларускай мове, будуць яскрава сведчыць пра няведанне аўтарам яе глыбінных пластоў і залішняе расходаванне моўных высілкаў (напрыклад, "прыйсці ў заняпад" замест "заняпасці", "у мінулым годзе" замест "летась").

Аўтар «Слоўніка беларускай безэквівалентнай лексікі (у рускамоўным дачыненні)» - вядомая даследчыца беларускай мовы, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук Ірына Шкраба - не адзін год рупліва збірала адметныя беларускія словы. Першы слоўнік падобнага кшталту «Самабытнае слова» быў выдадзены ў 1994 годзе і ўключаў толькі каля 900 слоў. Новае ж выданне, ажыццёўленае выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», змяшчае ўжо прыкладна 2000 лексічных адзінак, ужыванне якіх грунтоўна праілюстраваная прыкладамі з твораў мастацкай літаратуры і публіцыстыкі. Мяркуем, шаноўная даследчыца і надалей будзе шчыраваць над збіраннем падобнай лексікі, бо з упэўненасцю можна сказаць: такіх слоў - безліч.

Напрыканцы не ўтрымаемся ад спакусы паказаць хоць яшчэ некалькі гэтых залацінак беларускай мовы: абапал, бляха, вырай, глыбець, не дакупіцца, екатаць, жаўцяк, завіхацца, камяніца, леснічоўка, мур, найперш, папахадзіць, разьбярства... I, безумоўна, кнігарня , куды трэба як найхутчэй праставаць, каб не апынуцца без такога цікавага і патрэбнага даведніка.

Пятро ЖАЎНЯРОВІЧ.


Калі ты - беларус...

У 1911 годзе Янка Купала ў вершы "Як спытаюцца нас" пісаў:

"Прыйдуць людзі з Усходу,

Прыйдуць з Захаду людзі

І спытаюцца нас:

"Скуль, якога вы роду?

Дзе айчызна у вас?"

На пачатку ХХ стагоддзя беларускія вучоныя лінгвісты Яўхім Карскі і этнограф Мітрафан ДоўнарЗапольскі (кожны асабіста) склалі этнаграфічную карту рассялення беларусаў. На падставе аналізу гістарычных, эканамічных і этнаграфічных фактаў М. ДоўнарЗапольскі абгрунтаваў у навуковапубліцыстычным нарысе "Асновы дзяржаўнасьці Беларусі" (Гродна, 1919) права беларускага народа на суверэннасць. Ён зрабіў гэта пасля абвяшчэння 25 сакавіка 1918 года Беларусі суверэннай дзяржавай.

Цяпер мы жывем у незалежнай дзяржаве - Рэспубліцы Беларусь, якая з'яўляецца сябрам ААН і СНД. І, нягледзячы на гэта, пагроза страты незалежнасці Беларусі на пачатку ХХІ стагоддзя існуе. Працэсы глабалізацыі і інтэграцыі ў свеце вымушаюць нас быць пільнымі. Ад кожнага беларуса залежыць ці захаваем мы беларускую нацыю, сваю мову і дзяржаву. Што трэба рабіць? Адказаць трэба самому сабе на пытанне: "Што я зрабіў для Беларусі?"

Калі ты - беларус , шануй і любі сваю мову, размаўляй у Беларусі толькі пабеларуску. Ведай, што другой Беларусі няма. Тут твая зямля, і толькі тут ты і пан і гаспадар яе. І мова твая пявучая, багатая і не горшая, чым у тваіх суседзяў. Памятай словы Францішка Багушэвіча: "Беражыце і шануйце мову нашу беларускую, каб не ўмёрлі!.." Нас, беларусаў (праваслаўных, католікаў, стараабраднікаў, пратэстантаў), аб'ядноўвае беларуская мова.

Калі ты - беларус , ведай этнічныя межы рассялення беларусаў. Ведай, што каля 5 мільёнаў беларусаў жывуць у іншых краінах. І вельмі добра, што многія з іх не цураюцца беларушчыны.

Калі ты - беларус , пераадолей сваю абыякавасць да лёсу беларускай мовы і сваёй беларускай дзяржавы. Абарона мовы і дзяржавы - твой свяшчэны абавязак, і гэта святая справа.

Калі ты - беларус , у якой бы ты краіне ні апынуўся, знайдзі і падтрымай земляка. Вазьмі добры прыклад з габрэяў. Усюды, дзе ёсць дватры беларусы, стварайце суполку, затым грамаду. Дапамагайце адзін аднаму незалежна ад веравызнання.

Калі ты - беларус , ведай гісторыю беларускага народа. Ад племянных саюзаў крывічаў, дрыгавічаў, яцвягаў і радзімічаў ідзе наш беларускі род. Памятай, што наша спадчына - гэта нашы карані, таксама, як і наша мова. І калі карані засыхаюць, засыхае і расліна. Таму акупанты на нашай зямлі стараліся наш народ пазбавіць мовы, гістарычнай памяці (спадчыны) і вынішчыць беларускую культуры. Ведай і памятай, што на беларускай мове ў ХVI стагоддзі напісаны статут Вялікага Княства Літоўскага - зборнік законаў і фактычна першая канстытуцыя ў Еўропе.

Калі ты - беларус , у сваёй роднай хаце або гарадской кватэры, трымай у сваёй бібліятэцы беларускія кнігі: па гісторыі Беларусі (напрыклад, "150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі"), па беларускім мастацтве і творы класікаў беларускай літаратуры: Янкі Купалы, Францішка Багушэвіча, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Міколы Ермаловіча, Васіля Быкава.

Калі ты - беларус , ты павінен умець праспяваць хоць бы адну народную або папулярную беларускую песню, а таксама ведаць напамяць беларускі гімн і пры неабходнасці выканаць яго. І не так ужо важна, ці гэта будзе "Пагоня", "Ваяцкі марш" або "Мы - беларусы...". Калі ты выпадкова трапіш у нейкую інтэрнацыянальную групу, і прадстаўнікі іншых народаў праспяваюць свае песні, а ты не зможаш праспяваць сваю беларускую, дык табе будзе сорамна. Сорамна будзе і нам, бо ты - прадстаўнік беларускага народа.

Калі ты - беларус , захоўвай нашы традыцыйныя звычаі і абрады. І калі ў цябе цяжкая пільная, адказная работа, прасі сваіх сяброў і суседзяў на талаку, як рабілі нашы продкі. І калі цябе запрашаюць у талаку, не адмаўляйся, ідзі і дапамажы. У талацэ робяць бясплатна, за дзякуй і пачастунак. Працуй, як у сябе дома, і не лянуйся. Гультаёў у нас не любяць.

Калі ты - беларус , ведай сваіх нацыянальных герояў і ўшаноўвай у памяці іх прозвішчы. Памятай пра вычыны Тадэвуша Рэйтана, Тадэвуша Касцюшкі, Якуба Ясінскага, Мікалая Валовіча, Кастуся Каліноўскага, Вінцэся Гадлеўскага.

Калі ты - беларус , не забывай нашых святых асветнікаў: небесную апякунку Беларусі Ефрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскага, ведай пра асветніцкую дзейнасць Кліма Смаляціча і Францішка Скарыны.

Калі ты - беларус , ганарыся і шануй імёны палкаводцаў сваіх Усяслава Брачыславіча Чарадзея, Вітаўта Вялікага, Льва Свідрыгайлы, Кастуся Астрожскага, Льва Сапегі, Януша Радзівіла, Яна Хадкевіча.

Калі ты - беларус , ведай прозвішчы нацыянальных дзеячаў, якія 25 сакавіка 1918 года абвясцілі незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Іх прозвішчы мы абавязаны ўшанаваць хаця б у назвах вуліц. Гэта браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі і Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік і Аркадзь Смоліч ды інш..

Калі ты - беларус , запомні трагічныя даты, памятай пра тыя падзеі. Трагічныя даты беларускага народа: 1067 г., 1399 г., 1648-1667 гг., 1772-1795 гг., 1914-1921 гг., 1929-1930 гг., 1937 г., 1941-1944 г., 1986 г.

Ведай і пра памятныя дні Беларусі. Іх у нас таксама шмат.

Калі ты - беларус , бяры добры прыклад з нашых папярэднікаў і сучаснікаў. Калі мой паважаны зямляк не наведаў Гудзевіцкі краязнаўчы музей у Мастоўскім раёне і не сустрэўся з Алесем Белакозам, дык ведай, што ты не ведаеш і не бачыў сапраўднага беларуса-патрыёта.

Калі мой шаноўны чытач не паглядзеў экспазіцыю Старадарожскага мастацкага музея (фонд Анатоля Белага) і экспазіцыю Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАНБ, дык ты не ведаеш сапраўдную беларускую культуру.

Настаўнік Алесь Белакоз і выкладчык БДУ Анатоль Белы стварылі славутыя музеі, якімі беларусы могуць ганарыцца. Яны працавалі дзеля Беларусі. А што зрабіў ты для Беларусі?! Ці паважаем мы сябе як народ?!

Сымон БАРЫС


УВАГА!

Запрашаем наведаць выставу беларускай музыкі, кніг і часопісаў на сядзібе ТБМ (г. Менск. вул. Румянцава, 13). Працуем штодня, акрамя выходных, з 15.00 да 17.00.

Тут Вы можаце пазнаёміцца з новымі запісамі на CD, DVD, кнігамі з серыі "Беларускі кнігазбор", а таксама з новымі аўдыёкнігамі : "150 пытанняў і адказаў па гісторыі Беларусі", Мікола Ермаловіч "Лісты, выступы, гутаркі, вершы", Дж. Оруэл "Ферма", "1984", Андрэй Хадановіч "Абменьнік". Вершы і пераклады, Максім Багдановіч "Вершы".


У штаце Агаё прайшла 28-ая сустрэча беларусаў замежжа

30-31 жніўня ў беларускім грамадскім цэнтры "Полацак" што ў амерыканскім Стронгсвілі недалёка ад Кліўленда прайшла 28-ая сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі.

У двухдзённым мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за дзве сотні беларусаў Злучаных Штатаў, Канады, Англіі ды самой Беларусі.

Арганізатарамі сустрэчы выступілі Беларускае задзіночанне Амерыкі (БАЗА), Згуртаванне беларусаў Канады ды Беларуска-Амерыканскі грамадскі цэнтар "Полацак".

Першая частка сустрэчы - увесь першы дзень 30 жніўня была азнаямляльназабаўляльнаспартыўнай, другая - першая палова запланаваных на нядзелю 31 жніўня мерапрыемстваў мела больш фармальны ды сур'ёзны характар, трэцяя ж дала магчымасць не толькі падвесці нейкія вынікі ды зрабіць высновы, але і дазволіла рабіць гэта з добрым настроем.

ДЗЕНЬ ПЕРШЫ. АЗНАЯМЛЯЛЬНА-ПАДРЫТОВАЧНА-ЗАБАЎЛЯЛЬНЫ

Беларусы Паўночнай Амерыкі з'язджаліся на сустрэчу ўжо 28-мы раз. У гэтым годзе да сябе ў госці запрасіў БеларускаАмерыканскі грамадскі цэнтар "Полацак", які знаходзіцца ў невялічкім мястэчку Стронгсвіль.

Пераважная большасць удзельнікаў сустрэчы прыехалі ў Агаё на ўласных аўто. Зарганізаваная ды самая вялікая група складзеная з жыхароў НьюЁрку ды НьюДжэрсі завітала ў Моцны Гарадок (менавіта так перакладаецца назва Стронгсвіль з ангельскай) на аўтобусе, пераадолеўшы няблізкі больш чым 600-кіламетровы ды 9-гадзінны шлях. Былі і тыя, хто завітаў у мястэчка, скарыстаўшыся паслугамі авіялініяў: беларусы прыляцелі з Каліфорніі, ЛасВегаса, Англіі. Наогул беларусы на сустрэчу з'ехаліся больш чым з дваццаці рэгіёнаў Злучаных Штатаў, Канады ды Брытаніі.

Хочацца адзначыць брытанскага прадстаўніка асабіста. Ім быў вядомы беларускі дзеяч айцец Аляксандр Надсан з Лондана.

Ну а самы доўгі шлях, каб патрапіць на сустрэчу, адолелі прадстаўнікі такой далёкай - каля 10 тысяч кіламетраў і ў той жа час зусім блізкай, што жыве ў сэрцы кожнага з нас, Беларусі.

Трэба нагадаць, што беларусы Амерыкі ўпершыню ладзілі такую сустрэчу 56 год назад - у далёкім 1952-м годзе.

У першы дзень адбыўся кірмаш, дзе наведвальнікі мелі магчымасць набыць кашулі, капялюшы, посуд, народныя вырабы ды іншыя прыналежнасці з вядомымі беларускімі асобамі, гістарычнымі беларускімі сімваламі ды ў нацыянальных колерах.

Увечары беларусы частаваліся традыцыйна беларускімі прысмакамі, слухалі музыку маладых беларускіх роквыканаўцаў ды спявалі пад гармонік. Таксама былі паказаны стужка "Беларускі Рэзыстанс", зробленая беларусамі Польшчы, якія дакументальна прааналізавалі антысавецкі супраціў, ды вядомы фільм Юрыя Хашчавацкага "Плошча", у якім аўтар распавёў пра падзеі апошняй прэзідэцкай кампаніі ды гераічныя спробы маладых беларусаў вярнуць Беларусь да цывілізаванага шляху развіцця.

ДЗЕНЬ ДРУГІ. ГАЛОЎНЫ

Другі дзень распачаўся ранішняй богаслужбай. Афіцыйнае адкрыццё сустрэчы адбылося пасля абеду. Спадар Вячка Станкевіч вітаў кожны рэгіён, які прадстаўлялі беларусы. Найбольшае прадстаўніцтва было ў канадскай правінцыі Антарыё ды амерыканскіх штатаў НьюЁрк і НьюДжэрсі.

Першай удзельнікаў вітала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. У сваім выступе яна коратка распавяла пра праблемы, якія стаяць перад дыяспарай, адзначыла ролю беларускай эміграцыі ў станаўленні вольнай Беларусі: "Цяперашнія беларускія амбасадары прадстаўляюць Лукашэнку. А беларускі народ прадстаўляе дыяспара!" Звярнула ўвагу спадарыня Івонка і на тое, што зараз шмат хто з беларусаў спрабуюць заставацца паза палітыкай: "Палітыка - гэта тое, што мы робім. Але палітыка - гэта і тое, чаго мы не робім. А гэта яшчэ значна горш!"

Выканаўчы дырэктар Цэнтра беларускіх даследванняўў пры Паўднёва-Заходнім Каледжы што ў Канзасе былы амерыканскі амбасадар на Беларусі ў 19921994м гадах спадар Дэвід Суорц у сваім насычаным 8-хвілінным выступе распавёў пра вельмі істотныя падзеі апошняга часу, што датычацца Беларусі. Ён выказаў свой погляд на расейска-грузінскі ваенны канфлікт, ды распавёў пра адныя з першых яго наступстваў - падпісаныя дамовы паміж ЗША Польшчай ды Чэхіяй аб пачатку ўсталявання сістэмаў супрацьпаветранай абароны.

Пасля выступу спадара Дэвіда былі зачытаны вітальныя словы ад кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта, а таксама ад грамадска-асветніцкага аб'яднання "Спадчына".

Канферэнцыя на тэму "Год беларускай дзяржаўнасці", мадэратарам якой быў старшыня з'яднання БАЗА Віталь Зайка, пачалася з выступу старшыні таварыства "Бацькаўшчына" Алены Макоўскай. Яна распавяла пра дзейнасць аб'яднання за апошні год, зладжаныя таварыствам у апошні час акцыі, бягучыя ды будучыя праекты. Адзін з галоўных ды перспектыўных кірункаў на бліжэйшы час - гэта працяг праекту "Год беларускай дзяржаўнасці". Але калі раней ён ладзіўся больш у палітычных мэтах, то зараз асноўны яго кірунак будзе мець культурна-адукацыйныя межы.

Напрыканцы прамовы Алена Макоўская запрасіла ўсіх прысутных прыняць удзел у штогадовым з'ездзе "Бацькаўшчыны".

Выступ Валянціны Трыгубовіч лідаркі праваслаўнага беларускага руху датычыўся па большасці рэлігійных пытанняў ды спробаў беларусаў змяніць сітуацыю да лепшага ў гэтай духоўнай частцы жыцця краіны. Яна распавяла пра невялікія перамогі, якіх дамагліся вернікі на Беларусі ў апошні час, а таксама, нажаль, пра вялікую колькасць нявырашаных праблемаў, што паўсталі перад беларусамі ды ныюць болем ў тысячах сэрцаў нашых суайчыннікаў. Чаму так адбываецца? Магчыма, адказ на гэта пытанне можна прывесці першымі словамі Валянціны ў яе выступе: "Да шчасця, калі я прыязжаю сюды - а я тут ужо пяты раз - я заўсёды бачу шмат новых твараў. Але, нажаль, так адбываецца, што я не сустракаю знаёмых твараў ды сяброў". Вельмі трапна сказала спадарыня Валянціна! Адсутнасць салідарнасці, пачуцця сяброўскага пляча побач ды разрозненасць беларусаў - адныя з галоўных праблемаў нацыі на шляху да вольнай краіны.

Наша Беларусь і беларуская мова - гэта тая вера, за якую змагаецца Валянціна Трыгубовіч ды яе паплечнікі і тое, што яднае ўсіх беларусаў свету.

Малады гісторык студэнт Нью-Ёркскага унівэрсітэта Ілья Куніцкі ў сваім кароткім, але вельмі змястоўным выступе распавёў пра ўсе стадыі беларускай дзяржаўнасці: ад полацкіх князёў ды Вялікага Княства Літоўскага да з'яўлення Беларускай Народнай Рэспублікі ды нарэшце самастойнай прызнанай усімі краінамі свету дзяржавы з назвай Рэспубліка Беларусь.

Апошнім з выступоўцаў узяў слова старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк. Яго прамова датычылася сучаснай сітуацыі на Беларусі ды яе персектываў. Стасункі Беларусі з Расеяй сталі галоўным кірункам прамовы былога кандыдата ў прэзідэнты краіны.

Віток гісторыі ў супрацьстаянні беларускіх нацыянальных інтарэсаў прарасейскай палітыцы выйшаў на новы ўзровень, па словах Зянона Пазьняка, напрыканцы 2005-га года. Як раз у той час стала відавочнай спроба Расеі захапіць Беларусь эканамічным шляхам: праз авалоданне маёмасцю. Такую палітыку спадар Пазьняк называе Тыбецкім варыянтам акупацыі.

Сітуацыя з прыняццем закона аб беларускім правапісе ды выкарыстанні адзінай яго версіі з магчымасцю прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за памылкі пры пісьме на беларускай мове прывядзе да росту боязні ў людзей пісаць пабеларуску, што пагоршыць і без таго вельмі кепскае моўнае становішча ў краіне. І што цікава прыцягаць да крымінальнай адказнасці будуць тыя, хто сам не разумее беларускай мовы і ніколі на ёй не пісаў ды не размаўляў... А ўладарыць у гэты час будуць тыя, хто, магчыма, "парасейску слова "хорошо" пісаць будзе з двума літарамі "а"...

Лагічнай высновай усіх выступаў прамоўцаў стала прыняцце рэзалюцыі канферэнцыяй. У ёй звяртаецца ўвага на неабходнасць змены палітыкі ўладамі дзяржавы ў дачыненні да беларускай мовы ды культуры, а таксама выказваецца пратэст супраць магчымага ўводу расейскай зброі ды расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі.

Канферэнцыя скончылася адказамі на пытанні слухачоў з залы ды працягнулася нефармальнай дыскусіяй на ангельскай мове "Роля наступных пакаленняў беларускай дыяспары", якая праводзілася пад кіраўніцтвам Паўліны Сурвілы.

Перад беларусамі замежжа стаіць зараз шмат пытанняў, якія трэба вырашаць як мага хутчэй, бо сёння Беларусь знаходзіца ў вельмі небяспечным становішчы. І, магчыма, менавіта зараз (улічваючы і тэхналагічны прагрэс, і рост дабрабыту беларусаў замежжа) дыяспара мае найлепшыя магчымасці дапамагаць сваім сябрам змагарам за вольную Беларусь, што знаходзяцца на Радзіме - і разам з імі рабіць нашу агульную беларускую справу. З мэтай усталявання кантактаў паміж усімі тымі, у каго Беларусь жыве ў сэрцы, і праводзяцца такія сустрэчы, вынікі якіх будуць адчувацца яшчэ, спадзяемся, не адзін год.

Цішка Дзенісюк.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX