Вярнуцца: 2008

№ 39 (878)


Крыніца: pawet.net.



№ 39 (878) 24 ВЕРАСНЯ 2008 г.


90 гадоў з дня нараджэння Фёдара Янкоўскага

ЯНКОЎСКІ Фёдар Міхайлавіч (21.9.1918, в. Клетнае Глускага р-на Магілёўскай вобл. - 13.11.1989), бел. мовазнавец, пісьменнік; заснавальнік бел. фразеалогіі. Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Д-р філал. н. (1970), праф. (1971). Скончыў Гарадзенскі пед. ін-т (1948). Працаваў настаўнікам. 3 1953 у Менскім пед. ін-це (у 1956-82 заг. кафедры). Даследаваў фанетыку, арфаэпію, лексіку, фразеалогію, граматыку бел. нар. і літ. мовы, яе гісторыю: «Дыялектны слоўнік» (вып. 1-3, 1959-70), «Беларускае літаратурнае вымаўленне» (1960), «Беларуская фразеалогія» (1981), «Гістарычная граматыка беларускай мовы» (1983) і інш. Упершыню ў бел. мовазнаўстве раскрыў сутнасць перакладу фразеалагізмаў (немагчымасць даслоўнага перакладу, неабходнасць падбору адпаведнікаў у мове перакладу). Складальнік зборнікаў крылатых слоў і афарызмаў, прыказак і прымавак, параўнанняў, фразеалагічных і тлумачальных слоўнікаў: «Крылатыя словы і афарызмы: 3 беларускіх літаратурных крыніц» (1960), «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» (1962), «Беларуская фразеалогія. Фразеалагізмы, іх значэнне і ўжывванне» (1968), «Фразеалагічны слоўнік. Для сярэдняй школы» (1973, у сааўт.). Адзін з аўтараў і рэдактар дапаможнікаў для ВНУ («Сучасная беларуская літаратурная мова», 1976, і інш.). Пісаў навелы, апавяданні, літ. мініяцюры (кн. «Абразкі», 1975; «Прыпыніся на часіну», 1979; «I за гарою пакланюся», 1982; «Радасць і боль», 1984; «Само слова гаворыць», 1986; «3 нялёгкіх дарог», 1988) і інш.


Урокі Фёдара Янкоўскага

Імя Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага ўвайшло ў гісторыю Беларусі найперш як знанага беларускага філолага, мовазнаўца, заснавальніка беларускай фразеалогіі. Але ён найперш педагог. І от з нагоды яго дзевяностагоддя хацелася б згадаць колькі пастулатаў з ягонай педагагічнай практыкі і ягонага педагагічнага этыкету.

Пастулат першы. "Што забяспечвае педагогу поспех? - не адзін раз нібыта ў самога сябе пытаўся Фёдар Міхайлавіч і сам адказваў: "Яго ўлюбёнасць, аж да замілавання, у свой прадмет. Яго глыбокая перакананасць. Без гэтага ні на які поспех спадзявацца не прыходзіцца!" Якраз у гэтай аўры ён і праводзіў свае заняткі. Пра што ён ні распавядаў, усё рабіў з душэўным гарэннем і пераканаўчасцю. І гэта адчувала студэнцтва.

"Мяне і сцены слухаюць" не адзін раз канстатаваў знаны педагог. Пра лекцыйнае майстэрства Фёдара Міхайлавіча пагалоска даходзіла да студэнтаў іншых навучальных устаноў. Прынамсі, прыгадваю: аднойчы паслухаць, як вядзе свае заняткі Фёдар Міхайлавіч выказала жаданне мая стрыечная сястра Тамара Курленка, якая вучылася тады ў палітэхнічным інстытуце. І хоць тэма заняткаў была далёкая ад абранага Тамарай профілю, але глыбокая пранікнёнасць выкладчыка ў стыхію свайго прадмета запала Тамары на ўсё жыццё.

І яшчэ адна дэталька, адзін штрышок з педагагічнай практыкі Фёдара Міхайлавіча. "У выкладчыка, казаў ён, ля дошкі павінна ляжаць не менш як дзветры крэйдачкі. Навошта? - спытаецеся А вось глядзце... Пісаў, пісаў выкладчык на дошцы і раптам тая крэйдачка выслізнула з рук, з рукі... Упала на падлогу. І што звычайна робіць выкладчык? Нагінаецца, падымае тую крэйдачку. Што ж, можна і так... Але паглядзіце: ці этычна гэта? А калі выкладчыца жанчына? А так, упала адна крэйдачка, неўпрыкмет бярэш другую і працягваеш заняткі, не парушаеш ход думкі, увагі студэнтаў.

Зпад педагагічнага крыла Фёдара Міхайлавіча выйшла шмат знаных зараз у Беларусі педагогаў, вучоных, мовазнаўцаў. Сярод іх - Кім Скурат, Ніна ПанюцічКалоша, Клара Клопава, Віктар Бекіш, Яўген Адамовіч, Марыя Абабурка - Шаўлоўская, Валянціна Мароз, Андрэй Каляда. Мікола Плескацэвіч... І шматшмат іншых. Кожнаму з іх ёсць што згадаць пра слыннага педагога і мовазнаўцу. То давайце гэта зробім зараз, у пярэдадзень яго дзевяностагоддзя і апублікуем на старонках "Нашага слова" а там можа і кніжачку з гэтых згадак выдадзім, балазе ўжо ёй і назва ёсць - " З-пад яго крыла".

Уладзімір Содаль, таксама кадр з-пад педагічнага крыла знанага мовазнаўца


Адноўлены выпуск календара "Родны край"

Летась у Беларусі быў спынены выпуск адзінага беларускамоўнага адрыўнога календара "Родны край", што выклікала масавыя пратэсты людзей і розных грамадскіх арганізацый, у тым ліку і ТБМ.

Сёлета выданне календара "Родны край" адноўлена. Каляндар выдадзены ў выдавецтве Беларусь" накладам 7000 асобнікаў. Складальнікі В.М. Пінчук і А.С. Шагун. У звароце да чытача гаворыцца:

"Гэты каляндар прызначаны перш за ўсё для жыхароў Беларусі. «Родны край» напомніць вам аб дзяржаўных і рэлігійных святах. На кожным каляндарным лістку змяшчаюцца імяніны:

праваслаўныя - пр. ,

каталіцкія - к.

У календары вы знойдзеце шмат цікавага пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, прыроду, карысныя парады па вядзенні хатняй гаспадаркі, выхаванні дзяцей, парады садаводу і агародніку, рэцэпты народнай медыцыны і шмат чаго іншага.

Выпуск выдання ажыццёўлены па заказу і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

У календары выкарыстаны матэрыялы з газет «Звязда», «Однако», а таксама з кніг: Беларуская міфалогія : дапам. / уклад. У.А. Васілевіч. - Мінск, 2001; Бельков, В.М. Памятники природы Белоруссии / В.М. Бельков [м др.]. - 2е мзд., перераб. м доп. - Минск, 1986; Курскоў А.М. Таямніцы беларускага лесу / А.М. Курскоў. - Мінск, 1987; Шкраба, I. Крынічнае слова : бел. прыказкі і гірымаўкі / I. Шкраба, Р. Шкраба. - Мінск, 1987."

Задача сяброў ТБМ, каб календары з'явіліся ва ўсіх кнігарнях Беларусі і былі раскуплены, балазе цана вельмі нізкая.


СЯРГЕЮ ЧЫГРЫНУ - 50

Сяргей ЧЫГРЫН нарадзіўся 24 верасня 1958 г. у вёсцы Хадзявічы на Слонімшчыне. Закончыў тэатральнае аддзяленне Магілёўскай культасветвучэльні і філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Жыве ў Слоніме, працуе намеснікам галоўнага рэдактара «Газеты Слонімскай». З'яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Выдаў паэтычныя зборнікі «Шчырая Шчара» (1993), «Горад без цябе» (1999), гісторыка-краязнаўчыя кнігі «Янка Купала і Слонімшчына» (1993), «Родам са Слонімшчыны» (2003), «Пакліканыя на родны парог» (2005). Уклаў і выдаў у Беластоку літаратурную спадчыну С. Грынкевіча, Ф. Грышкевіча, У. Казлоўшчыка («Вяртанне да сваіх», 1999), а таксама гістарычныя нарысы М. Шкялёнка («Беларусь і суседзі», 2003).

У 2008 г. выйшлі яшчэ дзве кнігі Сяргея Чыгрына "Тэатр у Слоніме", "Беларуская Беласточчына".


Той, хто мае гонар

(Да 70-годдзя Вячкі Целеша)

Целеш Вячка (Вячаслаў Міхайлавіч, 25.09.1938, в. Краснае Сяло Ваўкавыскага р-на), беларускі культурны дзеяч, мастак, калекцыянер. Сябра Беларускага Саюза мастакоў (1995). 3 сям'і рабочага. Вучыўся ў Краснасельскай СШ. У 1956-58 і 1960 працаваў у вытворчым аб'яднанні "Ваўкавыскцэменташыфер" (рабочым, вучнем слесара, мастаком-афармляльнікам). У 1959 у Рызе працаваў слесарам у аб'яднанні "Рыжскцэмрамонт", тут наведваў студыю выяўленчага мастацтва (1960-61). Служыў у войску (1961-64). Працаваў у Прамбудрамонце (Рыга) і наведваў падрыхтоўчыя курсы пры Латвійскай акадэміі мастацтваў (1964-70). У 1970-75 вучыўся на педагагічным аддзяленні гэтай акадэміі. Быў мастаком-афармляльнікам у будаўнічай фірме ў Рызе. Стваральнік і кіраўнік беларускай дзіцячай мастацкай студыі "Вясёлка". Арганізатар і старшыня аб'яднання беларускіх мастакоў Балтыі "Маю гонар" (1991). Актыўна працуе ў Таварыстве беларускай культуры ў Латвіі "Світанак" (з 1995 - намеснік старшыні). Арганізатар у Рызе беларускай нядзельнай школы. 3 1994 - дырэктар Рыжскай дзяржаўнай беларускай школы. Калекцыянуе беларускія і латышскія паштоўкі, на іх матэрыяле - многія гістарычйа-краязнаўчыя публікацыі (з 1977) у навуковым і масавым друку. Выдаў альбом "Мінск на старых паштоўках" (1984), камплект "Рыга на даўніх паштоўках" (Рыга, 1987, у сааўт., на рус. мове), альбомы "Рыга ў даўніх паштоўках" (Рыга, 1991, на латышскай, рускай, англійскай, нямецкай мовах), 'Тарады Беларусі на старых паштоўках" (1998). Як жывапісец працуе ў жанрах партрэта, пейзажа, нацюрморта. Як графік стварае экслібрысы, партрэты, умоўныя кампазіцыі. У выставах - з 1976 (у Беларусі, Латвіі, Літве, Эстоніі, ЗША, Канадзе, Даніі, Швецыі, Фінляндыі). Партрэты (пераважна кампазіцыйньія): "У лекарскіх навуках доктар Францішак Скрына", "Першыя крокі ў свет. Францішак Скарына ў Рызе", "Маці наша - Дзвіна-Даўгава (Янка Купала і Райніс)", "ГТартрэт бацькі", "Партрэт паэта С. Панізніка", "Першаму беларускаму драматургу прысвячаецца. (В. Дунін-Марцінкевіч)", "Князь Вячка", "Першабытны шахцёр з Краснасельскіх шахтаў", партрэты 3. Верас, К. Езавітава, А. Белакоза. Пейзажы і нацюрморты: "Зямное сонца", "Хата ў Спрыдышах", "Нацюрморт з ручніком". У графіцы - цыкл "Касмічныя шляхі", сатырычны цыкл "У ценю часу трыумфаў", экслібрысы У. Караткевіча, 3. Верас, Л. Луцкевіча, А. Мальдзіса, У. Арлова і інш. Творы зберагаюцца ў музейных і прыватных зборах Беларусі, Латвіі, Эстоніі, Расіі, Румыніі, Кітая, ЗША, Канады.

З паважнага набору гадоў - добрую палову мы з ім, Вячкам, у сяброўстве. А пісаць пра Вячаслава Міхайлавіча Целеша цяжка: кожная мая публікацыя з той, або іншай нагоды праз год, два патрабавала удакладненняў, дапаўненняў. Вячка - натура вельмі рухавая, няўрымслівая, ініцыятыўная. Такія творчыя непаседы здараюцца рэдка. Яны пастаяна фантануюць, і паспрабуй зафіксаваць кожны ўзлёт. А Вячка вельмі дакладны, патрабавальны да выкладання фактаў. Таму я да сёлетняга юбілейнага допісу прыклікаў на дапамогу многіх сведкаў бурлівага як прыбой жыццябегу нашага рыжскага беларуса.

Паўвека Вячаслаў Міхайлавіч жыве ў горадзе, дзе не астылі вякоўныя сляды палачанаў, сярод якіх быў і "кароль" Вячка, і сам Скарына з родзічамі. Таму і напісаў я ў адным з прысвячэнняў:

Ён з Латвіяй даўно ў сваяцтве.

Князь Вячка з Кокнэсе - радня.

З ім Вячка Целеш у мастацтве

Латышызуецца штодня.

Ён мае гонар! І каханак

Не піша дрогкіх, у расе...

У Рызе нарадзіў "Сьвітанак",

СЦЯГ беларускасці нясе...

Любяць, паважаюць, шануюць латышы нашага Вячку. А ён іх. Аднаго разу Целеш сказаў: "Латышы мяне навучылі, як любіць Бацькаўшчыну". І ён намоцна пераняў прынцыпы даваенных аўтахтонных беларусаў Латвіі: вызначыць самаіснасць, тоеснасць, паважаць досведы дзяржавы, дзе жывеш. Нездарма ў 1997 годзе пастановай Сейма Вячку Целешу - беларускаму мастаку, педагогу і грамадскаму дзеячу было нададзена латвійскае грамадзянства з гучнай высновай: "За асабістыя заслугі перад Латвіяй". Пазней быў узнагароджаны ордэнам Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі. Ці не ў большай меры яму абавязана Беларусь. На розных кантынентах планеты выстаўляліся яго работы з постацямі Ф. Скарыны, М. Гусоўскага, М. Багдановіча, В. ДунінаМарцінкевіча, Пятра Сакола (Масальскага), К. Езавітава, Л. Геніюш... У майстэрні Вячкі бачыў амаль закончаны партрэт Н. Арсенневай. Калі абыйсці менскія кватэры слаўных людзей, можна сустрэць падараваныя творы Целеша. А ў дасканалых экслібрысах Вячкі - водгулле імёнаў Зоські Верас, У. Караткевіча, Р. Барадуліна, А. Мальдзіса, У. Арлова, Л. Луцкевіча. Да таго ж Вячка - выдавец унікальных аўтарскіх паштовак, прысвечаных К. Езавітаву, С. Сахараву, Э. Вайвадзішу, Купалу і Райнісу, А. Белакозу... А як не згадаць кнігі - сапраўдныя навуковыя даследаванні багацейшага філакартыста Вячкі Целеша: "Мінск на старых паштоўках", "Гарады Беларусі на старых паштоўках" (вытрымала тры выданні!).

Чакае даследавання Целешава "Кніга гасцей". У магутным фаліянце - аўтографы знакамітасцяў розных краін і народаў, якія ў свой час былі наведнікамі гасцінай "Беларускай хаткі" на паддашку, не менш знаным, чым паддашак Яўгена Куліка ў Менску...

І яшчэ адна юбділейная дата, датычная грамадскай чыннасці Вячкі. Двадццаць гадоў таму (27 лістапада) было ўтворана ў Рызе латвійскае таварыства беларускай культуры "Сьвітанак", якому Вячка аддаў нямала нерваў, змогі, напорыстасці, несаступнага змагарства за гонар і сумленне латвійскага беларуса. Гэта менавіта у "Сьвітанку" былі ўзгаданыя такія падзвіжнікі, як С. Сахараў. К. Езавітаў, П. Мірановіч...

Спрабаваў я падлічыць, колькі ж у майго сябрука было выставаў з яго удзелам. "Акругляю": каля шасцідзесяці. А колькі персанальных? Скажу так: дваццаць тры. Вячка, калі прыедзе сёлета ў Менск са сваёй калекцыяй экслібрысаў, мяне дапоўніць. Дарэчы, яго называюць класікам экслібрыса. Не дзіва. Бо калі ў Партугаліі выйшла спецвыданне пра сусветных мастакоў экслібрыса, Латвію прадстаўляў толькі ён.

Сёння мала пахваліць Вячку, як сябра Беларускага і Латвійскага саюзаў мастакоў. Так ён педагог. А яшчэ і навуковецдаследчык. Ён жа і яркі публіцыст, папулярызатар. Быць лаўрэатам прэміі Беларускага ПЭНцэнтра таксама многае значыць. Несумненна: уклад Вячкі Целеша ў нашу культуру - аграмадны.

У нядаўнім часе ўзваліў Вячка на сябе нялёгкую ношу. На кафедры культуры і мастацтва Інстытута мененджмента інфармацыйных сістэм ён працуе дацэнтам па малюнку і жывапісе. А ў дадатак праводзіць заняткі ў мастацкіх студыях, у тым ліку і ў знакамітай на ўсю Рыгу "Вясёлцы". Але Беларусь чакае новых сустрэч са сваім землякомпатрыётам. Чакаюць яго сябры, якіх ён надарыў цудоўнымі памяткамі сваёй творчасці.

Сяргей Панізьнік, старшыня таварыстава "БеларусьЛатвія", кавалер ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі.

З "Кнігі гасцей" Вячкі Целеша

"Некалі ў Рызе была кантора Лукі Скарыны, бацькі Францыска, і беларусам знаходзіўся прытулак і ласка. А зараз у Рызе ёсць Беларуская Хатка Вячкі Целеша, які ўзяў ад свайго славутага земляка Францыска яго таленту, яго няўрымслівасці і яго гасціннасці.

Э. Ялугін.

Сакавіка 21.дня 81 года.

Вячаслаў Целеш разглядае матэрыял з пазіцый гісторыка. У паштоўцы яго цікавіць перш за ўсё яе дакументальнаінфармацыйная функцыя. Ён разглядае паштоўку як дакумент па гісторыі архітэктуры, горадабудаўніцтва, этнаграфіі, быту і ўвогуле эпохі. Яго цікавіць у першую чаргу змест дакумента. Прынцып гэты вытрыманы паслядоўна на добрым даследчыцкім узроўні, што дало магчымасць аўтарускладальніку да драбніц узнавіць тапаграфію, структуру, дэталі былой забудовы Менска.

Даследчыцкую працу, праробленую Вячаславам Целешам, трэба вітац, асабліва ўлічваючы тое, што горада, адлюстраванага на фатаграфіях, у асноўным ужо няма.

Зянон Пазняк

(З рэцэнзіі на кнігу В. Целеша "Мінск на старых паштоўках")

У яго руках знаходзіцца - можна смела сказаць - самая вялікая калекцыя беларускіх паштовак. І самая каштоўная. Каштоўная ў навуковых адносінах, бо паштоўкі сістэматызаваны па тэмах, па гарадах, па выдавецтвах. Вячаслаў Міхайлавіч вядзе вялікую даследчыцкую работу: ён складае каталогі, піша гісторыю старой беларускай паштоўкі. І не толькі беларускай. У яго таксама вялікая калекцыя рыжскіх, латышскіх паштовак. Пра іх ён часта расказвае ў латышскім друку. Выступае Целеш і ў беларускіх газетах і часопісах - "Маладосці", "Літаратуры і мастацтве". І піша ён не толькі пра паштоўкі. У трэцім нумары часопіса "Неман" быў надрукаваны яго артыкул пра беларускую царкву ў Рызе. Артыкул суправаджаўся знойдзенай аўтарам цікавай гарвюрай.

Адам Мальдзіс

(З тэлевізійнай перадачы пра Вячку Целеша)

З ласкаю Вячку Целешу

Ён макае пэндзаль у аблокі -

І на суравіне туманоў

Ажывае кут

Цяпер далёкі,

Даўні дзень займаецца наноў.


З ласкаю

Суседняя чужына

Кволіць сум выгнанца-мастака.

Як жывы дакор,

Цвіце шышына

Пад крылом

зламаным ветрака.


Ашукаць самоту немагчыма.

Успамінам хочацца людзець.

І цераз мяжу

Ідзе Радзіма

На сябе самую паглядзець...

Рыгор Барадулін."


Знітаваныя любоўю

(Ян Чачот (7.7. 1796 - 23.8.1847 г.г.)

Ян Чачот - гэтае імя трывала ўвайшло ў спіс «будзіцеляў», па трапнаму вызначэнню Алега Лойкі. Гэта яны, стваральнікі новай беларускай літаратуры, пасля летаргічных стагоддзяў пачалі нанова вызначаць і вяртаць гістарычную памяць народу, які некалі валодаў велізарнай дзяржавай і собскай высока развітай мовай.

Аднак і некаторыя з іх не ўсведамлялі цалкам, ШТО менавіта ствараюць яны у гістарычнай перспектыве. Да прыкладу, для Яна Чачота, які яшчэ у 1819 годзе напісаў адзін са сваіх першых вершаў на беларускай мове, гэта былі спачатку своеасаблівыя практыкаванні ў мове, пра якую ён пісаў: «Сумнявацца трэба, каб яна стала пісьмовай і развівалася асобна.»

Мабыць, ён не мог прадбачыць, што гэтыя «практыкаванні» стануць лёсам, які прывядзе яго да арганізацыі тайнага студэнцкага таварыства філаматаў, а таксама да выбараў яго як кіраўніка літаратурнага аддзела саюза філарэтаў, што выклікала адпаведную рэакцыю з боку расійскіх шавіністаў самадзяржаўнікаў. Тая рэакцыя і непрыйманне свабодалюбных настрояў у новазаваёваным краі ( як, зрэшты, і ва ўласнай краіне) каштавала юнаму Чачоту дзесяці гадоў турмы і ссылкі - спачатку ў Вільні, затым, каб ізаляваць яго і прымусіць пакутаваць як найболей, на чужыне, на Урале ў Кізільскай, пасля ва Уфімскай турмах.

Усе тыя пакутлівыя, цяжкія гады ён жыў надзеяй на вяртанне дадому, на радзіму, у Малюшычы (цяпер Карэліцкі раён), у родны Наваградак, дзе вучыўся ў дамініканскай школе разам з Адамам Міцкевічам і адкуль пайшоў у турмы аўтарам дзесяці балад («Свіцязь», «Калдычэўскі шчупак», «Наваградскі замак» і іншых), а таксама і вершаў на польскай і беларускай мовах.

Толькі ў трыццаць сем гадоў вярнуўся ён на радзіму, хворы і ўжо зняможаны. Спачатку працаваў сакратаром кіраўніцтва Бярэзінскім каналам у Лепелі,, потым граф Храптовіч ўзяў яго ў сваю бібліятэку ў Шчорсах. Праз чатыры гады гады Ян Чачот выдаў «Сялянскія песні» - шэсць фальклорных зборнікаў, куды ўвайшлі больш за тысячу народных песень, прыказкі і прымаўкі, а таксама ўласныя беларускія вершы і слоўнічак з 200 слоў. Пазней Уладыслаў Сыракомля адзначыць, што Чачот «песціўся… з мовай і паэзіяй беларускага народа, сабраў яго песні…сам рабіў спробы пісаць на гэтай мове, сабраў народныя песні і, зрабіўшы над мовай шмат трапных заўваг, заклаў першыя падваліны яе граматыкі»

А той, каму Гісторыя вызначыла несмяроцце, мабыць, пра гэта не думаў. Ён жыў адзінока і бедна, памёр у пяцьдзесят адзін год і пахаваны ў в. Ротніцы пад Друскенікамі,

Яго магіла стаіць непадалёк ад касцёла, на ўзлобку, і, мяркуючы па надпісах навакол, з'яўляецца адной з першых на гэтым цвінтары.

… Мы прыехалі да гэтай магілы ў спякотны чэрвеньскі поўдзень.

Мы - гэта ўдзельнікі літаратурнага пленэру ў Друскенінкай, які вось ужо другі год аб'ядноўвае прадстаўнікоў былой Рэчы Паспалітай, а менавіта пісьменнікаў Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны. Паездку гэтую арганізавала намесніца старшыні Саюза пісьменнікаў Літвы Бірута Янушкайтэ, якая піша папольску і добра ведае літаратуру Беларусі і Украіны, яднаючы ў сваёй асобе ўсіх тых, хто тыдзень працаваў у Друскеніках над перакладамі з суседніх літаратур.

За дзень перад тым мы пабывалі ў хаце, дзе нарадзіўся Чурлёніс, і касмічная музыка гэтага найбольш духоўнага з яго сучаснікаў паэта і кампазітара дадала нашаму пленэру нейкай вытанчанай еднасці душаў.

І на магіле Яна Чачота было адчуванне (прынамсі, у мяне, якая так даўно хацела пабываць на месцы апошняга супакаення свайго славутага земляка) непарыўнасці традыцый СЛОВА, што перасягае рубяжы вякоў. Некалі тут, ля магілы Яна Чачота, стаялі яго сябры і паплечнікі, а пазней, праз няпоўныя два стагоддзі, эпітафію, напісаную А. Э. Адынцом, пераклаў з польскай на беларускую Максім Танк (Лісткі календара, Збор твораў, т. 4, стар. 308). Цяпер стаялі украінцы Пятро Засэнка і Змітро Чараднічэнка, полька Крыстына Канецка, літоўка Бірутэ Янушкайтэ і мы, беларусы. І пасля нас будуць прыходзіць - ужо з наступных пакаленняў літаратараў, якіх мы можам толькі ўявіць сабе сёння…

І не только літаратары шануюць Яна Чачота, але і ўсе тыя, хто шануе Свабоду.

Бо ён хацеў, каб яго зямля была вольнай ад прыгнёту і жорсткасці, і гэтай яго мары не зламілі і не выпетрылі ў ім ні Уфімская, ні Кізілская турмы. Ён ведаў, што і сябры яго -Тамаш Зан, Міхал Рукевіч. Ігнат Дамейка, - у пакутлівыя дні катаргі памятаюць вершы, напісаныя ім, Янам Чачотам:

І наступяць год, дзень гэты,

Выйдуць, рушаць з філарэтаў

Амярцвелыя сарматы

Меч узяць і ўзяць уладу.


Выйдуць, рушаць, як салдаты,

За ўсе крыўды на адплату!

Дзяліць спадчыну Яна Чачота паміж двума народамі не даводзіцца - яна ў скарбніцы сусветнай літаратуры, і кожны, хто захоча, можа дакрануцца да яе, як да жыватворнай крыніцы Быцця.

Стоячы ля магілы Яна Чачота, я думала пра ўсіх тых, хто быў гвалтоўна раскіданы па свеце, часта не мог вярнуцца дадому і хто сваім жыццём, сваёй крывёй плаціў за любоў да Беларусі, хто не здраджваў ёй да апошняга дыхання і адваёўваў ёй Будучыню.

А я веру ў тую Будучыню нягледзячы на ўсе перашкоды, на «крывавы памол», паводле С. СокалаваВоюша, праз які нашай краіне давялося прайсці не аднойчы ўжо ў гэтым стагоддзі. Нягледзячы на тое, што беларуская мова ў ёй пачувае сябе падчаркай, што за няшчасныя чатыры офісныя пакойчыкі Таварыства беларускай мовы дзяржава, якая ПАВІННА клапаціцца пра сваю нацыянальную культуру, дзярэ як з бізнесменаў. На тое, што лепшым яе творцам няма дарогі ў дзяржаўныя выданні, нягледзячы на…

Пералічваць можна столькі, што на гэта не хопіць памераў сціплай узгадкі пра аднаго са змагароў.

А іх у нас шмат.

Дык будзем удзячнымі ім за тое.

І, прыходзячы да іхніх магілаў, будзьма адчуваць цеплыню і ўдзячнасць. А таксама ўзнёсласць, якая нітуе пакаленні і Час.

Вольга Іпатава.

На здымку: удзельнікі Друскенінкайскага літаратурнага пленэру каля магілы Яна Чачота.


Наперадзе чарговы з'езд

Паважаныя сябры і прыхільнікі ТБМ!

26 кастрычніка ў Менску павінен адбыцца чарговы Х з'езд ТБМ. Зараз праходзяць справаздачнавыбарчыя канферэнцыі і сходы сяброў ТБМ у рэгіёнах, дзе вылучаюцца дэлегаты на з'езд, абіраецца новае кіраўніцтва. Просім Вас закончыць гэтую кампанію да 10 кастрычніка і неабходныя паперы перадаць у сядзібу ТБМ.

Хачу павіншаваць усіх прахільнікаў роднага слова з трымя вельмі важнымі перамогамі. Дзякуючы нашым агульным намаганням у ВНУ застаўся абавязковы курс "Беларуская мова. Прафесійная лексіка", дазволена выкладаць у рускамоўных школах радмет "Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі" пабеларуску і пабачыў свет беларускі адрыўны каляндар "Родны край" (прычым у пачатку верасня, а не ў снежні, як раней).

Усе гэта сведчыць аб неабходнасці далейшага існавання нашай арганізацыі.

Аднак каб існаваць і плённа працаваць, нам патрэбны грошы, не меней як 5 млн. рублёў у месяц. У сувязі з гэтым мы друкуем напярэдадні з'езду колькасць нашых актыўных сяброў па рэгіёнах Беларусі:

Раёны Менска

Фрунзенскі - 374

Ленінскі - 616

Маскоўскі - 155

Савецкі - 156

Першамайскі - 218

Заводскі - 169

Цэнтральны - 97

Партызанскі - 264

Маскоўскі 155

Разам - 2204


Вобласці

Беоасцейская - 448

Віцебская - 689

Гарадзенская - 854

Гомельская - 364

Магілёўская - 159

Менская - 593

Разам - 3107

Па стану на 20 верасня іх налічваецца 5311 чалавек. Калі кожны з іх будзе ахвяраваць у месяц адну тысячу (толькі адну!) рублёў наша фінансавае існаванне аблегчыцца. Праблема ў тым, як гэтыя грошы сабраць. Таму мы друкуем бланк ахвяраванняў і просім усіх актывістаў неадкладна прыступіць да збору грашовых сродкаў, а іх у кастрычніку трэба 7 (сем) мільёнаў, бо 2 (два) мільёны неабходна для правядзення з'езду.

Спісы ўсіх ахвярадаўцаў будуць друкавацца у "НС" адразу пасля іх паступлення.

Просім таксама дасылаць Вашыя прапановы па кандыдатурах у новае кіраўніцтва ТБМ (старшыня, намеснікі, склад рэспубліканскай рады і сакратарыята). Патрэбна энергічная, актыўная людзі, якія павінны забяспечыць у тым ліку і фінансавую трываласць ТБМ, гэта значыць узняць на сябе адказнасць за збор складак і ахвяраванняў у сваім рэгіёне. Чакаем Вашых прапаноў.

З павагай, старшыня ТБМ - Алег Трусаў.


Слова пра земляка

Я выйшаў родам

з гэтага народа,

Я мову гэту ў сэрцы берагу...

О, Беларусь -

спагада і свабода,

Я без цябе і дыхаць

не змагу! --

так пісаў у адным са сваіх вершаў мой зямляк - паэт, літаратуразнавец, краязнавец, перакладчык, журналіст са Слоніма Сяргей Чыгрын, які 24 верасня адзначае свой 50гадовы юбілей.

Вершпрызнанне ў любові да Беларусі змешчаны быў у ягоным першым паэтычным зборніку "Шчырая Шчара", які пабачыў свет у 1993 годзе. У гэты зборнік увайшлі вершы лірычнаўзнёслага гучання пра родную Слонімшчыну і беларускую мову, пра прыгажосць бацькоўскай зямлі, яе людзей і светлае каханне.

Асаблівае месца ў зборніку, які я зноў з вялікім захапленнем прачытаў, займаюць вершы, прысвечаныя маці. Яны гучаць асабліва шчыра, выразна і пранікнёна:

У гэты святочны час

Музыка больш за словы.

Мамы танцуюць вальс

Лёгкі, пяшчотны, вясновы.

Гэтыя радкі маглі нарадзіцца ў душы чалавека, які пасапраўднаму адданы сваёй маці. І гэта так. Нягледзячы на шматлікія клопаты і турботы, Сяргей заўжды знаходзіў час, каб адведаць маці ў роднай вёсцы Хадзявічы. А каля яна пастарэла і стала часта хварэць, забраў да сябе. І радкі пра маці зноў пішуцца:

Песні твае

Мне шэпча кожны каласок,

Калі іду сцяжынкай між палёў.

Тулю да сваіх загарэлых шчок

Твае далоні -

Градкі мазалёў...

Другі паэтычны зборнік, у які ўвайшлі вершы пра каханне, Сяргей Чыгрын назваў "Горад без цябе" (1999). Большасць вершаў гэтага зборніка, як здалося мне, прасякнута сумам:

Здзіўляешся ты:

Крочу я між

Бяроз і сосен.

У паветры

Кружаць лісты -

Я прывёз табе

Восень.

Такі ўжо парадокс нашага жыцця, такі парадокс жыцця паэта.

На колькі мне вядома, у апошні час Сяргей аддаліў ад сябе паэтычную музу, заняўся гісторыкакраязнаўчай і літаратуразнаўчай працай. Магчыма, на гэта паўплывала ягоная журналісцкая праца ў газеце. Магчыма, з'явілася патрэбнасць паказаць маладзейшаму пакаленню, што наша зямля багата не толькі матэрыяльнымі, але і духоўнымі скарбамі. Нездарма выдадзены ў 2007 годзе зборнік гісторыкакраязнаўчых і літаратурных нататкаў носіць назву "У пошуках слонімскіх скарбаў".

Слонімскія скарбы, як і скарбы іншых беларускіх гарадоў, на жаль, сёння параскіданы па свеце. Таму віной шматлікія войны, што вогненнымі хвалямі пракочваліся праз Беларусь. "У гэтым упэўніўся і я, калі бачыў, напрыклад, старадаўнія слонімскія зборы ў музеях Польшчы, Швецыі, Літвы, Расіі. У адным з музеяў Уроцлава ўдалося мне знайсці слонімскую паштовую карэту, у Слупску убачыў слонімскія гадзіннікі, а ў шведскім горадзе Арэбра - фарфор і фаянс са Слоніма", - піша аўтар.

Ужо з першых старонак кнігі можна ўбачыць неабыякавасць аўтара. Ён не проста піша, паведамляе, даследуе, але і перажывае. Яго хвалюеі лёс старажытных слонімскіх скарбаў, і перасохлыя слонімскія фантаны, і слонімская фалерыстыка. А яшчэ чытач разам з аўтарам можа адправіцца ў цікавую вандроўку па родным краі: пабыць у вёсках Гумнішчы, Ваўчкі, наведаць магілу маці беларускага паэта Кандрата Лейкі, бліжэй пазнаёміцца з Гальяшом Леўчыкам, Сяргеем Новікам-Пеюном, Алегам Лойкам, прайсці сцежкамі легендарнага Тадэвуша Касцюшкі.

Арыгінальнай па сваёй задуме і пабудове з'яўляецца кніга Сяргея Чыгрына "Чамяры і чамяроўцы". Аўтар вызначыў жанр гэтай кнігі як гісторыкакраязнаўчы нарыс. Кніга прысвечана вёсцы Чамяры Слонімскага раёна і яе знакамітым людзям: беларускаму палітыку, педагогу і публіцысту Максіму Бурсевічу, славутым медыкам Андрэю і Іллі Пракапчукам, доктару гістарычных навук Міхасю Міско, паэтам Анатолю Іверсу і Івану Чыгрыну, скульптару Івану Міско і іншым. Болей бы такіх кніжак. Няхай людзі ведаюць, адкуль пайшоў іхні род.

Хацелася б звярнуць увагу на своеасаблівасць стылістыкі кнігі "Чамяры і чамяроўцы". Яна чытаецца лёгка, бо напісана простай, даходлівай мовай, разлічанай, як кажуць, на масавага чытача. А яшчэ ў ёй адчуваецца прысутнасць аўтара. Кожнае слова выпісана, выпешчана з ласкай. Аўтар любуецца сваімі землякамі, суперажывае ім.

Прываблівае найперш сваёй паэтычнай назвай яшчэ адна кніга Сяргея Чыгрына - "Пакліканыя на родны парог" (2005). Кнігу склалі гісторыкакраязнаўчыя артыкулы, аб'яднаныя адной скразной думкай - нагадаць чытачам пра забытых, малавядомых, але таленавітых і шчырых беларусаў, якія моцна любілі сваю Бацькаўшчыну і свой народ.

Шмат гадоў Сяргей Чыгрын збірае матэрыялы, звязаныя з гісторыяй тэатральнага мастацтва на Слонімшчыне. У выніку гэтага сёлета свет пабачыла яго арыгінальная кніга "Тэатр у Слоніме". Жанр яе - гісторыка-краязнаўчыя і мастацтвазнаўчыя артыкулы аб развіцці тэатральнага мастацтва на Слонімшчыне, пачынаючы з XVIII стагоддзя і да нашых дзён. Не кожны тэатр Беларусі можа пахваліцца такім творчым здабыткам.

А зусім нядаўна, можна сказаць, на днях я атрымаў ад Сяргея новую кнігу з ягоным аўтографам - "Беларуская Беласточчына". У ёй надрукаваныя артыкулы пра знакамітых беларусаў Беласточчыны, пра іх жыццё, дзейнасць і творчасць, а таксама пра беларускія калектывы, гурткі і выданні ХХ стагоддзя на Беласточчыне. Як бачым, таленавітаму творцу межаў Слонімшчыны ўжо мала, трэба браць шырэй.

На днях забег да яго дамоў, а ён зноў працуе над новымі кнігамі. Магчыма ў бліжэйшы час мы убачым ягоныя кнігі пра беларускі рух у Варшаве, пра беларусаў, якія згінулі ў Сібіры, а таксама кнігі па гісторыі Слонімшчыны.

Вербы над шчыраю Шчараю

Гушкаюць гнёзды гракоў.

Еду па шчасце,

Па светлую мару,

Еду я ў вёску да землякоў.

Хаты блакітнымі вокнамі

Вуліцу бачаць наскрозь.

З матчынай моваю,

З пеўнямі звонкімі

Я на радзіме не госць, -

так пісаў Сяргей Чыгрын у вершы "Прызнанне". Сапраўды, ён на Радзіме не госць, а руплівы і шчодры гаспадар. З юбілеем цябе, дарагі зямляк! Здароўя табе і новых здабыткаў.

Аляксей ЯКІМОВІЧ, пісьменнік.


Вадзяны вятрак

У сярэдзіне верасня Жодзіна адсвяткаваў 365-годдзе, адзначыў дату, пра якую многія месцічы яшчэ зусім нядаўна нават і не ўяўлялі.

У праграмцы святочных мерапрыемстваў кожны жодзінец і госць горада панад Плісою мог адшукаць, як у вабным меню, пачастунак сабе пад густ. Ад урачыстага мітынгу "БелАЗ - наш гонар!" да канцэрта сярэднявечнай музыкі. Ад ускладання вянкоў да мемарыялаў і помнікаў вайсковай славы да коннага рыцарскага турніру. Ад пасадкі алеі гарадоўпабрацімаў да тэатра вогненных перфомансаў. Ад цырымоніі адкрыцця фантана на галоўнай алеі гарадскога парка да бугуртаў - тэатралізаваных гістарычных боек. Ад мастацкай выставы "Мой горад старадаўні - мой горад малады" да адкрыцця на вуліцы Багуслаў Поле памятнага знака «Ветряная мельница»…

Але стоп! Той, хто пабачыў той знак, мусіць зніякавець. Агульнавядома, што круціць жорны млынаветрака мусяць ягоныя крылы. А калі імправізаваны млын назвалі ветраком, дык дзе яны, тыя крылы?! І навошта "вятрак" пастаўлены пад шатамі дрэў, на беразе рэчкі Жодзінкі непадалёк ад яе сутокаў з Плісой? Месца ветраку - у чыстым полі, дзе дзьмуць вольныя вятры!

Сапраўдны колішні жодзінскі млын стаяў непасрэдна на Плісе і, натуральна, быў млынам вадзяным! А млын, адноўлены ў лялечнапаркавым выглядзе і памеры, мае і вадзяное кола, якое, між тым, да плыні Жодзінкі не тое, што не дастае, але і стаіць упоперак рэчкі. Прычым стаіць і ў літаральным сэнсе! А як хораша было б, каб кола тое круцілася, сімвалізуючы гараджанам і рух часу і дабрабыт!

Непаразуменне выклікаюць і іншыя "артэфакты" псеўдагістарычнага падворка млынара. Дахі будынін з гарызантальна насьцеленых дошак, хаця просіцца на іх гонта ці трысьнёг. Студняжораў, з якой не зачэрпнеш вады, свіран, у які не зойдзеш, бельмаватыя вокны, у якія не зазірнеш...

Уражанне, што рабілася ўсё гэта паспешліва, пааматарску, без кансультацый з дасведчанымі гісторыкамі, мастацтвазнаўцамі, этнографамі. Мімаволі згадваецца сумнавядомае: "Хацелі як найлепей, а атрымалася, як заўсёды."

Збольшага выратоўвае сітуацыю хіба што памятны знак разьбяра Уладзіміра Глазуна. Хай сабе і не вельмі пісьменна (занадта ўжо вытыркаюцца вушы расійскага чынавенскага канцылярыту!), сведчыць ён, што "365 год таму назад на злучыне Плісы і Жодзінкі Багуславам Радзівілам заснавана мястэчка Багуслаў Поле, якое паклала пачатак гораду Жодзіна. Ва ушанаванне той даўняй падзеі ўсталяваны гэты памятны знак. 2008 год".

Ды ўсё ж хочацца спадзявацца і верыць, што менавіта ад яго ў школьнікаў будуць пачынацца ўрокі жодзіназнаўства, што менавіта да яго (а не да глыбока трагічнага помніка маці-патрыётцы, якая паводле савецкай міфалогіі аддала на вайну пяцёх сыноў!) неўзабаве павязуць кветкі шчасьлівыя маладзёны.

Уладзімір Сіўчыкаў.


Пра час і пра сябе з іроніяй і без

Пра тое, як будавалі Наваполацк напісана шмат твораў мастацкай літаратуры. А кніга сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі наваполацкага пісьменніка Вінцэся Мудрова "Ператвораныя ў попел" распавядае, як жыла моладзь Наваполацка ў 70я гады мінулага стагоддзя ва ўжо пабудаваным горадзе. Пра сябе, час,сяброўнавапалачан з іроніяй і без так, дакладней за усё, вызначаецца тэма кнігі Вінцэся Мудрова. У падзагалоўку пазначана: эсэ, фантасмагорыі, успаміны. Безумоўна, усе рэчы заслугоўваюць увагі, але больш за ўсё цікавыя для нас, навапалачан менавіта успаміны пра наваполацкіх пісьменнікаў, пра іх жыццё ў нашым горадзе. Упамінанае аўтар Уладзіміра Арлова, Навума Гальпяровіча, Валерыя Шлыкава, Сяржука Сокалава-Воюша. Успаміны "Іскры мінулага жыцця" прысвечаны цалкам Алегу Мінкіну. Твор "Ператвораныя у попел", які даў назву кнізе пра дзіцячыя, а потым юначыя гады аўтара, што прайшлі ў Наваполацку. Разам з сябрамі В. Мудроў выдаваў альманах "Блакітны ліхтар", за які яны "трапілі на вока " КДБ. Шчыра, ніколькі не ўпрыгожваючы свае ўчынкі, праз дакладныя побытовыя дэталі аўтар узнаўляе карціны мінулага жыцця, болып за ўсё аддаючы ўвагу аспектам жыцця інтэлігенцыі. I ў гэтай кнізе В Мудроў застаецца верным сваёй творчай манеры "казаць аб смешным з сур'ёзным тварам", а пра складаныя рэчы з іроніяй. Пад гэтай іроніяй спадаюць німбы з ідаалаў таго часу ("Героі прамінулай эпохі"), іранізуе аўтар таксама над заганамі і нашага сённяшняга жыцця, а часцей за ўсё і над сабою. Мова твораў лаканічная, словы трапныя, таму і атрымоўваюцца творы сціслыя, выразныя і запамінальныя.

3 пазіцыяй аўтара на тую ці іншую з'яву можна згаджацца , ці не згаджацца, але бясспрэчна іх цікава чытаць і абдумваць.

Валянціна Сопікава, Наваполацк

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX