Вярнуцца: 2008

№ 48 (887)


Крыніца: pawet.net.



№ 48 (887) 26 ЛІСТАПАДА 2008 г.

100 год з дня нараджэння Міколы Засіма

АСІМ Мікола [Мікалай Арцёмавіч; 6(19).11. 1908, в. Шані Пружанскага р-на - 19.7.1957], беларускі паэт. Член КПСС з 1946 г. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1948). За рэв. падп. дзейнасць у 20-30-я г. ўлады бурж. Польшчы няраз арыштоўвалі яго, саджалі ў турму. Удзельнік антыфаш. падполля і партыз. руху ў Айч. вайну, інструктар Брэсцкага абласнога антыфаш. к-та. Працаваў у Пружанскім райвыканкаме (1944-46), у брэсцкай абл. газ. «Зара» . (1948-57). Друкаваўся з 1926 у час. «Маланка», «Літаратурная старонка», «Асва» і інш. выданнях пад псеўд. Хлопец, Агонь, Ацот, М. Асот, Міз, у Айч. вайну - у падп. газ. «Заря», «За Роднну». Першы зб. «Ад шчырага сэрца» (1947). У вершах выяўляў сац. канфлікты ў зах.-бел. вёсцы, паказваў цяжкое жыццё сялянства, выкрываў палітыку польскіх бурж. улад. Шырока карыстаўся сатыр. прыёмамі адлюстравання (гратэск, пародыя). У ваен. і пасляваен. вершах пісаў пра веліч і цяжар нар. вайны ў варожым тыле, радасць мірнай працы, рост культуры і грамадскай свядомасці нар. мас у зах. абласцях рэспублікі. На рус. мову яго творы перакладаў А. Твардоўскі.


Угодкі Слуцкага збройнага чыну

23 лістапада адбылася вандроўка па мясцінах Слуцкага збройнага чыну. Яе наладзіла культурніцкая камісія Партыі БНФ.

Удзельнікі вандроўкі наведалі вёску Грозава, дзе фармаваўся Грозаўскі полк паўстанцаў, таксама вёску Семежава, дзе адбыліся жорсткія баі паміж паўстанцамі і чырвонаармейцамі, і нарэшце вандроўка завяршылася ў Слуцку каля былога будынка палаца Вайніловіча, дзе быў абвешчаны Слуцкі збройны чын, дзе засядала Беларуская рада Случчыны, якая прыняла рашэнне змагацца за ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі.

Арганізатарам удалося правесці не ўсе мерапрыемствы, якія былі запланаваныя, Улады Слуцка не дазволілі правесці мітынг ані каля музея, ані на спартовым стадыёне. Таксама пад ціскам адміністрацыі, як паведаміў адзін з арганізатараў вандроўкі актывіст Партыі БНФ Франак Вячорка , адмовілі ў памяшканні для дэманстрацыі фільма "Слуцкі збройны чын" бібліятэка, музей, а таксама дзве пратэстанцкія царквы. У Семежаве і Грозаве раней яшчэ грамадскасць усталявала два крыжы слуцкім паўстанцам і ўдзельнікі вандроўкі запалілі там зьнічы. Былі прамовы, экскурсію вёў вядомы краязнаўца і гісторык Антон Астаповіч. І каля крыжа ў Семежаве актывіст Моладзі БНФ Стась Багданаў зачытаў зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы з нагоды 88 угодкаў Слуцкага збройнага чыну.

У вёсцы Грозава ўдзельнікі вандроўкі разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі і прайшлі ад Крыжа паўстанцам, ад цэнтра вёскі да маёнтка Міраеўскіх і назад. Каля аўтобуса іх ужо чакалі прадстаўнікі капыльскай міліцыі, якія загадалі не разгортваць белчырвонабелыя сцягі і цікавіліся далейшым маршрутам вандроўкі.

30 лістапада аналагічную вандроўку па мясьцінах Слуцкага збройнага чыну плануюць правесці актывісты беларускай секцыі таварыства "Мемарыял".

Слуцкі збройны чын, Слуцкі збройны ўздым, Слуцкае паўстанне - спроба збройнай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцка ў лістападзе і снежні 1920 года. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялян, адбівалі наступ савецкага войска. Aд пачатку 1990-х існуе традыцыя мемарыяльных ак-цыяў да Дня герояў.


ВІНШУЕМ З ЮБІЛЕЕМ АЛЕНУ АСМАКОЎСКУЮ!

23 лістапада - дзень народзінаў у нашага дарагога сябра і паплечніка, сябра Магілёўскай гарадской і рэспубліканскай Рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алены Асмакоўскай.

Алена Асмакоўская нарадзілася ў в. Яскалды Бераставіцкага раёна Гарадзенскай вобласці. Вучылася ў Дварчанскай васьмігадовай школе, дзе выкладанне вялося на беларускай мове. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі паступіла ў Берасцейскі інжынерна - будаўнічы інстытут на архітэктурны факультэт, дзе атрымала спецыяльнасць інжынера - будаўніка. Па размеркаванні прыехала працаваць у Магілёў.

Сп. Алена надзвычай добры, адказны і чулы чалавек, шчыры руплівец на ніве беларушчыны. Нягледзячы на адносна невялікі час дзейнасці ў шэрагах ТБМ, сёння ўжо надзвычай цяжка ўявіць Магілёўскую гарадскую арганізацыю ТБМ без гэтага чалавека. Алена Асмакоўская прымае самы чынны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах таварыства, у многім дзякуючы яе старанням аднавіў працу гурток беларускай мовы.

Шчыра віншуем сп. Алену з юбілеем і зычым ёй моцнага здароўя, дабрыні і натхнення ва ўсіх жыццёвых справах, вялікіх здзяйсненняў на ніве беларушчыны!

Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ імя Францішка Скарыны.



Сакратарыят ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" віншуе выдатнага беларускага грамадскага і рэлігійнага дзеяча айца Аляксандра Надсана з 50-годдзем яго душпастырскай дзейнасці.

НАДСАН Аляксандр (08.08.1926, м. Гарадзея каля Нясвіжа), каталіцкі святар усходняга абраду, мітрафорны протаіерэй, магістр тэалогіі, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч беларускага замежжа ў Вялікабрытаніі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст., душапастыр, педагог, культуролаг, гісторык, публіцыст і перакладчык, бібліяфіл. Дырэктар Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане (1971) . Апостальскі адміністратар для беларусаў-католікаў у Еўропе (1976). Апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў усходняга абраду ў эміграцыі і кансультант кангрэгацыі ўсходніх цэркваў пры Ватыкане (1986).


Якуб Колас і "Наша Ніва"

Успаміны А.М. Уласава (16.08.1874-11.03.1941)

Мне ўжо 62 г. Я належу да пакалення, якое адыйшло ў гісторыю. 90 прац. маіх равеснікаў ужо скончылі зямную кар'еру. Я яшчэ на пару гадоў затрымаўся. Варта было б мне напісаць свой кінематограф на працягу якіх 35 гадоў для беларускай моладзі. Можа і ўдасца гэта зрабіць перад смерцяй. Малады пясняр Жылка (ён ужо на тым свете) мне купіў тоўсты сшытак на гэта.

Калі я быў студэнтам, то мне прарочылі кар'еру літаратарагумарыста, а я як раз усё жыццё пісаў на праклятыя палітычныя і эканамічныя тэмы. I цяпер прасілі мяне напісаць пра Якуба Коласа. Я па старой паганай прывычцы (як жартавалі з ваеннага пісара, каторы ўмеў танцаваць толькі ад печкі) мушу трохі паглядзець на жыццё кругом. На свет гляджу з заходне-беларускіх земляў. Хацелася б мне пабываць яшчэ ў Менску. Калісь старая "Беларуская Рэвалюцыйная Грамада" у пракламацыях нясмела пісала ў 1905/6 г.: "Аўтаномія Беларусі з соймам у Вільні альбо ў Менску". Менск неспадзявана выскачыў першы на сталіцу. Вось я бы хацеў паглядзець на новае жыццё там і напіцца вады са Свіслачы. Кідаць мае бедныя, заняпалыя, з сумным жыццём народу, Заходне-беларускія землі я не хачу. У мяне астаўся сентымент да скрыўджаных ... У нас тут у хаду песня:

"Rolnik nasz poczciwy

Jaki on jest kciwy.

Pije liter 2 denatury,

A w butach ma dziury."

Мне трэба адыйсwіся ад таперашніх часоў і з 1936 году пераскочыць на 30 гадоў узад. Бачыце, ніяк не магу адразу перайсці на "заданую тэму".

Бунтавалі, баставалі ўсе студэнты, далучыліся работнікі і сяляне, самадзяржаўе скранулі з гранітнага фундаменту. Дума... Народныя выбраныя... Энергія была ў нас каласальная, энтузіязм моладасці. Вера горы перасоўвае! Менск 1905/6 г. Пасля першых маіх мітынгаў у Радашковічах, гдзе я гаварыў страшэнныя штукі: "Цара не трэба" і да т.п., я, як кажуць далікатныя местачковыя нашы жыды, "трошкі" уцёк, уначы, зімой, абсажаным бярозамі старым трактам у Менск. Селянін падганяў каня свайго з пашаны да пасажыра: "Гей, пролетарый усіх старон... соедзіняйся!"

У Менску я з Бурбісам і братамі Луцкевічамі і яшчэ з кучай моладзі арганізавалі забастоўкі шаўцоў, парыкмахэроў, музыкантоў... Стэцкевіч ("Аганёк") друкаваў пракламацыі, пускалі іх па вёсках т.д. Я не меў кватэры, быў падпольнік. Начаваў кожны дзень у другім мейсцы, а пару разоў і на сквэры, "пільнуючы ўсходу сонца"... Здароўе было жалезнае, энергія маладая! 3 паўгоду так рыскаў, як воўк, а Іван Луцкевіч цэлы год у Вільні так бадзяўся. Гэта я пішу для характарыстыкі дэкарацый таго часу.

Раз на вуліцы спатыкаю Леаніда Канстанціноўскага, прыяцеля майго і друга са школьнай лаўкі ў Лібаве. Леанід ажаніўся, быў багаты, наймаў вілу ў Менску. Я знайшоў у яго і стол, і дом. Яго жонка была тыпам тургенеўскіх кабет. Зараз, мае чытачы, дабярэмся і да Якуба Коласа. Гэта я малюю фон вобраза.

Ехаў я - раней, чым гэта дзеялася - трэцяй клясай. Раптам уваліваецца лапцяватая грамада беларусаў з Нёмана. Загналі плыты ў Коўню, едуць назад па Нёмане, каб ізноў гнаць дрэва. Мяне тады распірала, як кажуць цяпер, ад агітацыі; разгаварыўся скора, чытаў вершы Мацея Бурачка. Тады не было яшчэ ні Купалы, ні Коласа. Плытнікі з в. Мікалаеўшчыны. Гэта вёска дастаўляла не толькі "рачных ваўкоў", але і вучыцеляў народных, як м. Валожын рабіноў. Мне гавораць: "А ў нас адзін настаўнік "смешна чытае панашаму".

Праз нейкі час быў у Менску з'езд вучыцеляў, на дачы на Камароўцы. На гэтым з'ездзе я спытаўся: "Хто тут з вас з Мікалаеўшчыны беларускія вершы фабрыкуе?" Выходзіць лабаценькі, з чорнай маладзенькай бародкай. Від у яго быў не саўсім забіты семінарскай трафарэтнай вучобай.

Я павёў гэтае жамчужнае зерне да Леаніда Канстанціноўскага. Ветлівыя гаспадары, шыкарная вячэра. Мой вучыцель развярнуўся. "Но лишь божественный глагол до слуха чуткого коснется, душа поэта встрепенется, как пробудившийся орел!" Хлапец пераабразіўся, вочы яго ззялі, твар адухатварыўся. Мілагучныя рыфмы спявалі ў яго. Мы ўсе зразумелі, што перад намі - узыходзячая зорка беларускай паэзіі.

Браце Якубе! Можа парачытаўшы гэта, ты ўспомніш нашу залатую моладасць беларускага адраджэння і наш стары "губернский город". Можа, пішучы аб табе, я, адышоўшы ад актыўнай работы, стары, ужо не умею трымаць нос па ветру і не ўсім дагаджу: не прывык я гэтага рабіць. Чуў твой голас, Якубе, праз радыё, чуў і гарачае прывітанне менскай публікі. Прайшоў ты праз жыццё, зрываючы, як і маё пакаленне мала кветак і многа цернаў і турмы. Для мяне ўсё ж гэта гонар, што я першы Цябе разшукаў не праз абвесткі ў газетах, а праз лаптяваных мужыкоў. Я твой хросны бацька. Нагародай мне было б, каб што-небудзь зрабіць для "Каласкоў" Беларусі, дзе я дажываю свой век! 3 маёй, цяпер нябожчыцы "радашкоўскай гімназіі" выйшаў малады паэт Танк і многа іх яшчэ выявілася б пры добрых варунках асветы.

Помню, як у Менску хадзіў у турму да Коласа. За гэны самы вучыцельскі з'езд ён дастаў тры гады. Помню недзе пад Брэсцкім вакзалам, у завулку, драўляную турму, тыпу павятовой турмы, досыць патрыархальную. "Старшой" Пікулік, чалавек дабрадушны, убачыўшы мяне з дарамі прыроды, гаварыў: "Пазавіте Кінстінтіна!" 3 нутра турмы выходзіць неяк баязліва наш паэт. Сядаем на лавачцы каля варот, пасямейнаму, неяк сядзяць Пікулік і стражнік.

Я шмат раз наведваў людзей у турмах. Ніколі не трэба пытацца: як маешся?, а найлепш расказваць што-небудзь вясёлае, анекдоты. Іх любіў слухаць і Пікулік.

Калі К. Міцкевіч адсядзеў турму, Іван Луцкевіч, каторы ведаў увесь край, у кожным закавулку ён меў знаёмых, - намовіў адну сімпатычную старую паню Т. Гардзялоўскую (кабету тыпу Э. Арэшчыхі) зрабіць беларускую школу тайную, і Якуба зрабілі вучыцелем яе. Ен быў першы беларускі вучыцель першай беларускай школы. Як гэта ўсё было там, я не памятаю.

Цяпер пяройдзем да "Нашай Нівы". Пачатак беларускай прэсы быў увесь на ахвярах і цяжкай начной працы. Паўтраця году мы з Антонам Луцкевічам пісалі ад вечара да раніцы. Як мы вытрымалі гэту работу, я не разумею. Моладасць, нязломная воля і энтузіязм! Трэба было вырабляць літаратурную мову. Пазней з'явіліся памацнікі. Прыходзілі да нас, як у "Запарожскую сеч". Помню, зайшоў да нас хлапец, з выгляду падобны да клерыка, каторы адразу сеў пісаць сотні адрасоў. Піша дзень, другі, трэці... Прыклеіўся да работы. Пытаюся ў Івана як яго прозвішча? Іван кажа: "А чорт яго ведае! - але малайчына". Аказалася, ніхто яго не ведае, а гэты малец прыклеіўся надоўга. Так папаў да нас і "дзядзька Барадаты". Апрацовываў матарыял. Прыйшоў з сытым тварам, але, папрацаваўшы пару месяцаў, пабялеў, і нэрвы, як скрыпка зрабіліся. Затое мысль, стыль зрабіўся лёгкі. "Барадаты" апрацовываў раніцай, раз пісаў і кажа: "Я пасля абеду дакончу, а цяпер бягу ў суд, як сведка". Няма яго ні на абед (3 абеды мы дзялілі на 5 чалавек), ні ўвечары. Іван паляцеў разнюхаць, гдзе ён дзеўся. "Барадатаму", што называецца "пашанцавала". Тры сведкі зрабілі яго вінаватым, і дастаў 10 гадоў ссылкі ў Сібір за с/р партыю... Праз месяц "Барадатага" у кайданах павялі з партыяй на вакзал. Потым мы яму паслалі ў вокладцы кнігі "акуляры", г.з. фальшывы пашпарт, і ён у Сібіры ажаніўся ды абсеў.

Прыбыў у рэдакцыю да нас урэшце і Якуб Колас. Далі яму адпаведную работу.

Прысылалі ў "Нашу Ніву" многа вершаў, расказаў, карэспадэнцыяў. Колас меў многа працы. 3 благіх вершаў рабіў добрыя, і местачковы вершаплёт, прачытаўшы свае вершы сваім знаёмым, дзівіўся разам з імі, якія пекныя вершы!

Колас унёс многа гумару ў рэдакцыю: чалавек ён быў жыццярадасны, у жыццё нашае "багемы" уносіў у вольныя хвіліны многа вясельля.

Помню раз цэлую ноч працавалі ў рэдакцыі на рагу Завальнай і Троіцкай у Вільні. Колас а гадзіне 3 ночы кажа: "Вот бы выпіў гарэлкі!" - "На грошы і купі" - Колас за поўгадзіны вярнуўся з цёмнай вуліцы і кажа: "Няма, усё зачынена! Тут і генерал не дастане." - Я пайшоў. Пытаюся ў гарадавога: "Калі ласка, гдзе тут можна дастаць гарэлкі?" - "Ды вось у стоража № 58".

Маладыя мае чытачы! Вашае жыццё ўсё ўперадзе. Вашя вера ў шчаслівую буду-чыню, яна недзе за ружовымі хмаркамі-лятуценнямі, - там адкрываюцца новыя і новыя далі. Я ўжо прайшоў праз усе далі: жыццё мне іх адкрывала год за годам. Нашае пакаленне несла свае ідэалы вызвалення народаў пакрыўджаных, занядбаных, пашанавання ўсіх цяжка працуючых, на карысць не сваю, а чужую. Мае равеснікі і аднадумцы клалі свае маладыя гады, сваё асабістае.

(Паводле тэксту Старадарожскага музея А. Белага.)


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў снежні

Гарэцкі Радзім Гаўрылавіч Кажан Анатоль Лазаравіч Талерчык Аляксандр Сямён. Шушкевіч Станіслаў Станісл. Галіноўская Ніна Васільеўна Лемцюгова Валянціна Пятр. Шаравар Мікалай Лазаравіч Гук Уладзімір Пятровіч Курневіч Лізавета Васільеўна Мядзюта Аляксандр Стралко Валер Васільевіч Урублеўская Лізавета Мікал. Дунецкі Тадэвуш Віктаравіч Тарасаў Кастусь Іванавіч Баярчук Алена Нікіціна Зінаіда Ніканаровіч Генрых Лашук Міхаіл Багнюк Любоў Шымук Марыя Дзмітраўна Анцыповіч Мікалай Траццяк Ганна Двілянская Бэла Багінская Аўгіння Ніна Шышко Іван Валянцінавіч Аксючыц Галіна Уладзімір. Атрахімовіч Вячаслаў Каржэўскі Віктар Мікалаевіч Ожык Галіна Мамай Часлава Чаславаўна Казачок Ларыса Дучыц Людміла Русецкая Ала Грамыка Алена Віктараўна Курыльчык Мікалай Пятр. Касцянчык Мікалай Мікал. Клок Валянціна Лозка Алесь Юр'евіч Падгол Уладзімер Дашкевіч Г. С. Міткавец Аляксандр Гракун Валянціна Іосіфаўна Трафімчык Таццяна Уладзім. Яўменаў Альберт Піліпавіч Ермалёнак Марыя Георгіеўна Волкава Ала Верабей Янка Міхайлавіч Антаноўская Людміла Шалкоўская Людміла Віктар. Мядзведзева Валянціна Лявіцкі Ягор Вацлававіч Дзем'яновіч Т. А. Бацян Валянціна Клімковіч Ірына Яўгенаўна Грэская Браніслава Хальпукова Вольга Курчынскі Браніслаў Браніс. Гурыновіч Генадзь Аркадз. Краўчук Сяргей Гарох Мікалай Дзянісаў Уладзімір Жаўнярчук Ларыса Васіл. Плакса Ўладзімер Рамашкевіч Алег Аляксандр. Лук'янцаў Алег Папека Мікалай Жучкова Наталля Яўгенаўна Бартошык Наталля Пятроўна Новік Мікалай Аляксандрав. Марговіч Людміла Васіл. Конан Генадзь Абдулаева Святлана Іосіф. Цыцыліна Таццяна Міхайл. Каваленка Святлана Пятр. Гацкі Уладзімір Венядзімавіч Новік Таццяна Мікалаеў Андрусь Васіл. Аўласка Ала Зімніцкая Ірына Хітыкава Галіна Уладзімір. Шыманец Віржыня Борбат Таццяна Вайдашэвіч Жанна Пятроўна Бурак Жанна Генадзеўна Дземідовіч Ігар Славаміравіч Дамарацкі Аляксандр Уладз. Егіпцава Таццяна Уладзімір. Свідуновіч Галіна Мішкевіч Інэса Вітольдаўна Бусловіч Святлана Анатол. Пятроўская Алена Аляксан. Вабішчэвіч Аляксандр Мік. Башкоў Аляксандр Аляксан. Буданаў Зміцер Львовіч Кастанаў Аляксандр Сівы Сяргей Палешчук Наталля Зелянко Вольга Уладзімір. Адамоніс Валянцін Канстанц. Понтус Сяргей Іванавіч Букачова Алена Уладзімір. Берняковіч Іна Шалахоўскі Аляксей Леанід. Пека Зоя Пятроўна Цівончык Мікалай Канстанц. Савіцкая Тэрэза Міраслав. Севярынец Павел Канстанц. Шыцёнак Наталля Поцька Віталь Станіслававіч Еўдакіменка Святлана Станішэўскі Віталь Валянцін. Доўжык Андрэй Ігаравіч Каркота Анэліка Юшкевіч Міхаіл Валянцін. Калыска Ірына Мілаш Валеры Уладзіслав. Піменава Алена Анатольеўна Шчэрбік Зміцер Васільевіч Давідовіч Дзмітрый Пішчулёнак Марына Баеў Канстанцін Генадзевіч Кутырло Віталь Эдуардавіч Прыбыльская Наталля Скуратовіч Аляксей Анатол. Лукашэвіч Алена Худанёнак Ірына Тарашкевіч Марына Мікал. Дабрынец Аляксей Васільев. Панцялей Аляксандр Уладз. Гнятуля Алег Аляксандравіч Пархімовіч Сяргей Аляксан. Фунт Аляксандра Грыцаў Тарас Трушко Уладзімір Алейнік Віталь Водзіч Наталля Дрозд Юля Шэпетаў Мікалай Васільевіч Дзяменцева Ірына Донаў Павел Пяіровіч Халезіна Дзіяна Юданаў Віктар Канстанцінав. Гінько Марыя Уладзіміраўна Хлус Алена Логвінава Вольга Іванаўна Арцюшэнка Вікторыя Уладз. Бойка Валянцін Юр'евіч Матчэня Алег Швед Аляксандр Аляксандр. Харак Анастасія Уладзімір. Грэйт Таццяна Міхайлаўна Мацко Сяргей Віктаравіч Малахаў Зміцер Шаршун Алена Сяргееўна Жыткавец Кацярына Семяненка Таццяна Леанід. Кашчэеў Аляксандр Цыва Андрэй Вітальевіч Афанасенка Кацярына Уладз. Аношка Любоў Іосіфаўна Камароўскі Андрэй Уладзім. Сныткіна Вольга Анатол. Ціханчук Алена Ігараўна Гайдаровіч Анжэліка Бандарчык Вікторыя Ігар. Слінько Аляксандр Віктарав. Андрасовіч Таццяна Валянц. Супаненка Павел Ігаравіч Грыневіч Ганна Бурносаў Раман Генадзевіч Каляда Ірына Станкевіч Наталля Аляксан. Кардаш Глеб Паўлавіцкі Станіслаў Даманава Лідзія Дзмітрыеўна Лабковіч Мікалай Мікалаевіч Раеўскі Аляксандр Аляксан.


Лідская "Прадмова"

У Лідзе выйшаў першы нумарлістка моладзі Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ "Прадмова". Наклад 299 асобнікаў. Рэдактар сябар Лідскай гарадской рады ТБМ Кірыл Сыцько. 18 лістапада лісток быў прадстаўлены на семінары ідэалагічных работнікаў каледжаў Гарадзенскай вобласці. Прапануем адзін з артыкулаў лістка.

Асаблівасці чалавечай годнасці, ці як я падарожнічаў па вёсках

Неяк давялося прачытаць адзін артыкул, у якім было сказана, што мова беларуская засталася ў чыстым выглядзе толькі ў вёсках… Давярай, але
правярай… Адправіўся вандраваць па вёсках… У першай, якая трапілася на вочы, спыніўся паразмаўляць з групкай равеснікаў, якія, не зварочваючы ўвагі на праходжых, стаўшы ў кола, цягнулі з паўтаралітэркі піва (без назоваў рэкламу рабіць я тут не збіраюся). На кожную маю рэпліку пабеларуску тыя адказвалі на трасянцы, устаўляючы для прыгажосці ў сказ некалькі моцных расейскіх мацюкоў для звязкі…

Тут трэба зрабіць адступленне і расказаць трохі пра мацяршчыну… Пра яе я прачытаў шмат цікавага ў артыкуле Марыйкі Мартысевіч "Пашлі мяне пабеларуску"… Дык вось, мацюкі ў беларускую мову прынеслі менавіта
нашыя, беларускія хлопцы, у тыя часы, калі танцы пад жалейку былі часова выштурхнуты з ужытку ігрой на балалайцы пад гарэлку…Ішоў наш хлопец на заробкі ў горад, а вяртаўся не толькі з парай капеек, але і з цэлым наборам моцых слоўцаў, якія, бы пластылін, лёгка прымалі самую
неверагодную форму… На жаль, пластылін мае не толькі гэтую асаблівасць… Ён яшчэ і пэцкае рукі… Прычым, адмыць, часам, бывае дастаткова складана…

Расчараваўшыся ў мясцовай моладзі, я пакрочыў далей… Запыніўся паразмаўляць з бабуляю, якая сядзела на ўслоне і з пачуццём уласнай
годнасці лузгала семкі, элегантна закінуўшы адну нагу на гэты самы ўслон… Здавалася, вось яна тая, хто дасць адказы на ўсе хваляваўшыя мяне пытанні… Але і тут аблом. Бабулька з упартасцю адказвала на ўсе мае пытанні на нейкай дзіўнай сумесі з беларускай, польскай ды расейскай
моў…

Паблукаўшы па людзях, я натрапіў на дзядульку, які запытаў:

Ці даўно ходзіш?

Гадзіны з чатыры…

Заходзь, пагрэйся…

Як аказалася, грэўся ён не з дапамогаю печкі, а метадам улівання ўнутр мутнай вадкасці, якую я вызначыў як самагонку.

Пасля, пэўна, трэцяй шклянкі, о цуда! ён пачаў сумовіцца са мною на чысцюткай літаратурнай беларускай мове…

Адсюль вывад: пачуццё ўласнай годнасці да многіх вяртаецца толькі пасля трохсот грам…

Чаму так адбываецца? Патлумачыць лёгка. Вясковы люд, нагледзеўшыся на прарасейскі горад, пераймае адтуль некаторыя "фішкі": апранаецца, як "гарадскія", спрабуе так размаўляць…

…Зараз у гарадах усё больш і больш людзей дастаюць з глыбіні сваёй душы
мілагучнае беларускае слова. Робяць гэта, бо ўжо цалкам пазбавіліся страху, які душыў нас без спыну з часоў яшчэ імперскай акупацыі… Нам
трэба толькі пачакаць трохі і горад пачне размаўляць пабеларуску. А вёска, пераймаючы модную плынь, пацягнецца следам. Тут трэба зрабіць яшчэ адзін вывад: калі мы з'яднаем нашыя высілкі ў
гарадах ды павялічым нашую актыўнасць, дык ружовыя хмары ў хуткім часе ператворацца ў штодзённую існасць…

P.S.: Калі вы думаеце, што тое, што напісана вышэй гэта замах на мову, то глыбока памыляецеся… Гэта нармальная такая крытыка… Нават
самакрытыка, бо нярэдка лаўлю ў сваёй беларускай гаворцы расейскае слова…

Кірыл Сыцько. Лістапад 2008. Ліда-Ольжава-Поразава-Пескі.


Сябрам ТБМ

Шаноўныя сябры ТБМ.

Сёлета, у многім дзякуючы намаганням ТБМ, быў выпушчаны каляндар "Родны край". У большасці гарадоў ён даўно прададзены. Так у Лідзе да пачатку лістапада былі прададзены дзве партыі календара. Зараз кнігарня прымае пісьмовыя заяўкі і шукае магчымасці, дзе б узяць календароў, каб залатвіць хаця б гэтыя заяўкі, не кажучы ўжо пра вольны продаж. Такя ж сітуацыя ў многіх іншых гарадах, але мы просім сяброў ТБМ узяць сітуацыю пад поўны кантроль па ўсёй краіне, каб потым не аказалася, што ў канцы года застануцца непрададзенымі календары ў нейкіх месцах, у той час, як у іншых іх шукаюць.

Шаноўныя сябры, паплечнікі і дабразычліўцы!

Выказваю шчырую падзяку ўсім: знаёмым і незнаёмым, каму неабыякавым аказалася маё здароўе і мой лёс, хто са спагадай прыйшоў да мяне ў лякарню, хто патэлефанаваў, хто проста спагадліва падумаў.

Дзякуй усім. Ваш Уладзімір Арлоў.


Пайшоў Алег Лойка

19 лістапада 2008 года памёр член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар, паэт, крытык, літаратуразнавец, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Алег Лойка.

Я цяжка ўражаны

Я вельмі ўражаны гэтай трагічнай падзеяй. Сустрэўшыся з ім першы раз у
жыцці, мы сталі ўмомант добрымі сябрамі, нягледзечы ні на розніцу ва ўзросце, ні на мастацкі досвед. Гэта быў адкрыты і шчыры, сапраўдны
беларус з вялізарным запасам дабрыні, цяпла да любога чалавека, але са сваім стойкім поглядам на гісторыю Радзімы і лёс суайчыннікаў. Я зразумеў, што гэты чалавек быў заўсёды чалавекам сумлення і праўды, якой бы горкай яна ні была. Але ніколі ён не выказваў жорсткасці ці негатыўнай катэгарычнасці да тых, хто вагаўся разам з часам і ягонымі выкрутасамі. Можна было назваць яго і хадзячай энцыклапедыяй, такі быў у яго запас ведаў і глыбіня разважанняў. Але гэтыя вясёлыя, калі і
сумныя, вочы ніколі не глядзелі з вышыні на таго, хто хацеў прыхіліцца да яго, ці спытаць нешта важнае для сябе. Ён ніколі не быў воддалек, не
сядзеў у баку, з першых слоў заваёўваў сэрца і душы тых, хто
ведаў гэтую знакамітую і гасцінную хату. ХАТУ на Лойкаўшчыне, на вялікай і маленькай Радзіме паэта.

Ён вельмі цаніў мяне за тое, што я разарваў свае ланцугі і вярнуўся дадому. У пэўным сэнсе гэта вярнуўся і да Яго на Лойкаўшчыну, бо яна кавалак Айчыны.

Слава і памяць яму! Доўгага жыцця ўсяму таму,
што ён зрабіў для Беларусі і для ўсіх нас! Мы будзем ездзіць да цябе! Мы не забудзем Лойкаўшчыну!

Алесь Цвік , пісьменнік, Штутгарт, Германія.

Алегу Лойку

Быў я аднойчы ў яго хаце,

Дзе стойкі беларус жыве!

Згубіў нагу і бацьку, маці,

А ўсё ж той моцай аддае!


Вочы яго - як зоркі ўначы,

Калі сваё каханне

ў руках трымаў.

Голас то сціху,

то звонка гучыць -

Беларусі аб роднай спяваў.


Не-е, Чалавек гэты -

не інвалід зусім.

Ён дасць фору любому,

Ахіне любоўю - быццам з ім

І толькі з ім тут

жыве яна, любоў.


У ягонай хаце я адчуў,

Нібыта дух з-за печы

песеньку пяе.

А я, я слухаю душой яго,

маўчу,

Адно й маўчаць

мне штосьці не дае.


Што ж так штурхае

ў сэрца й грудзі,

Што не дазваляе доўга спаць?

Мелодыя

мо Лойкаўшчыны будзіць

І позвы ў ёй Алегавы гучаць!


А час яго і мой імчыцца.

Лісткі з календара

пачаў губляць,

На Шчару мне б,

там можна павучыцца

Ягонымі вачыма

ўвесь свет абняць!

Аўгустоўскі канал

Аўгустоўскі канал размешчаны за трыццаць кіламетраў ад Гародні і з'яўляецца выдатным помнікам гідратэхнічнай архітэктуры ХІХ стагоддзя. У наш час па тэрыторыі Беларусі праходзіць 21 кіламетр Аўгустоўскага канала, а астатняя частка (80 кіламетраў) - у Польшчы. Беларуская частка Аўгустоўскага канала звязвае басейны Віслы і Нёмана. Варта адзначыць, што ў свеце існуе толькі два аналагі такога воднага шляху: у Швецыі - Gota і на тэрыторыі Англіі - Kalendonski. І сёння, пасля рэканструкцыі, Аўгустоўскі канал можа стаць адным з найбольш цікавых турыстычных аб'ектаў нашай краіны, тым больш, што за восем кіламетраў на подзень ад канала знаходзіцца валоданне Валовічаў - палацавапаркавы комплекс Свяцк (дарэчы, у вельмі дрэнным і аварыйным стане). Таксама ў раёне канала знаходзіцца шэраг абарончых збудаванняў. Яскравым прыкладам з'яўляецца форт у вёсцы Навумавічы. Пры аналізе вышэй прыведзеных помнікаў гісторыі і культуры можна арганізаваць даволі цікавы турыстычны маршрут. Але гэта ўжо зуcім іншая гісторыя…

Сваім узнікненнем Аўгустоўскі канал абавязаны тагачаснаму міністру фінансаў Каралеўства Польскага Ф.К. Друцкаму-Любецкаму. Справа ў тым, што ў 1821-1825 гадах берлінскі ўрад ўвёў высокія мытныя падаткі на транзіт тавараў Расійскай імперыі цераз Усходнюю Прусію, што перашкаджала гандлю з балцкімі краінамі. Было прапанавана "абысці" Прусію. Аўтарам праекту быў інжынер-падпалкоўнік І. Прандзінскі, а выканаўцам праекту - генерал М. Малецкі.

15 лютага 1825 г. імператар Аляксандр І зацвердзіў каштарыс буданіцтва канала. Ужо з чэрвеня 1825 года пачалося ўзвядзенне шлюзаў. Працоўную сілу складалі вольныя сяляне. Але муляроў наймалі толькі ў Прусіі. Штодня на канале было занята ад 4 да 7 тысяч чалавек, прычым большасць працы рабілася ўручную. Цалкам працы па будаўніцтву канала былі завершаны ў 1839 годзе. Такім чынам, на працягу толькі 14-ці гадоў на адрэзку 101 кіламетр (такая агульная працягласць канала) па забалочанай мясцовасці ўзвялі ўнікальны гідратэхнічны аб'ект. Гісторыя данесла да нас імёны інжынераў - У. Хржаноўскі, Я. Лялявель, А. Шульц, У. Колберг і іншыя. Галоўнае дасягненне архітэктараў і інжынераў было ў тым, што яны гарманічна злучылі інжынерныя аб'екты з навакольнай прыродай. 18 шлюзаў, 29 плацін, 65 масткоў - вось вынік 14-цігадовай напружанай працы.

Але пасля адмены Прусіяй падаткаў на тавары Расійскай імперыі канал страціў сваю першапачатковую функцыю. Доўгі час ён выкарыстоўваўся як лакальная траса для транспарціроўкі лесу. Непасрэднае выкарыстанне выключыла магчымасць вялікай мадэрнізацыі канала, дзякуючы чаму ён і захаваўся. Як сведчаць гістарычныя крыніцы, у міжваенны перыяд канал стаў папулярным турысцкім аб'ектам.

Беларуская частка Аўгустоўскага канала пачынаецца на лініі мяжы з Польшчай за 1,8 кіламетраў да памежнага шлюза "Кужынец" (1828 год, інжынер К. Ядко, аднакамерны), ад якога яшчэ 1,6 кіламетра цягнецца па памежнай тэрыторыі. На адрэзку 21 кіламетр (беларуская частка канала) знаходзяцца 4 камерных шлюза і 1 шлюз-рэгулятар. Канал працякае па часткова "зробленай прама" ў 1830-х гадах рацэ Чорнай Ганьчы і пераходзіць у сваё непасрэднае рэчышча - штучны выкапаны ўчастак даўжынёй 6 кіламетраў да злучэння з Нёманам.

Пасля Другой сусветнай вайны канал у Беларусі практычна не эксплуатаваўся.

Цікава і гісторыя ўзвядзення шлюзаў. Сцены камер зроблены з камення і абліцаваны цэглай на рошчыне з гідраўлічнай вапны. Дэталі, якія былі найбольш падпадалі пад пашкоджанні, умацоўваліся каменнямі з пясчаніку. Кожны шлюз меў свайго архітэктара, а тэрмін яго будаўніцтва не перавышаў двух гадоў. На беларускай частцы Аўгустоўскага канала найбольш вядомым з'яўляецца шлюз "Дамброўка". Гэты шлюз знаходзіцца на 92ім кіламетры канала, пабудаваны ў 18281829 гадах інжынерам-палкоўнікам Ежы Арнольдам, пра што нагадвае памятная дошка, умураваная ў сцяну шлюза.

Комплексная рэканструкцыя беларускай часткі Аўгустоўскага канала была распачата ў 2004 годзе. Аўтарскім калектывам з'яўляюцца: генпраектыроўшчык архітэктурнага праекту - Рэспубліканскае праектна-вышукальнае прадпрыемства "Белгіправадгас", генеральны план канала і схема тэрытарыяльнай арганізацыі прылеглых да яго раёнаў распрацаваны супрацоўнікамі інстытута "БЕЛНІП-горадабудаўніцтва" горада Мінска. Заказчыкам рэканструкцыі аб'екта з'яўляецца Гарадзенскі аблвыканкам.

Такім чынам, беларуская частка Аўгустоўскага канала можа (а, дакладней, і павінна) стаць цэнтрам не толькі ўнутранага, але і міжнароднага турызму. Палякам іх частка канала ўжо прыносіць неблагі прыбытак. А мы чым горшыя?

Р.А. Крыцук


"Ён першы сеяў зярняты…"

У Магілёўскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы 17 лістапада адбылася вечарына ў гонар 200-годдзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Супольна з ЦГБ імя К. Маркса імпрэзу аргнанізавалі Палац культуры вобласці і Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ імя Францішка Скарыны.

Пра біяграфію нашага выдатнага земляка, найбольш адметныя моманты якой таксама паказваліся на экране, прысутным распавядалі Надзея Краўцова (ЦГБ) і старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў.

У гэтым расповедзе давялося пачуць і пра такіх цікавых людзей, як родны дзядзька пісьменніка Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч - лінгвіст, драматург, палітычны і царкоўны дзеяч; Антон Лявіцкі - будучы беларускі пісьменнік Ядвігін Ш., які вучыўся ў нелегальнай школе ў Люцынцы, арганізаванай Марцінкевічамі.

Акрамя таго, на працягу сустрэчы перад яе гасцямі выступалі выхаванцы народнага тэатра з Палаца культуры вобласці (кіраўнік Ала Кускова), якія прадставілі ўрывак з "Неспадзяванкі для майстрыхі", маналогі Марысі з "Пінскай шляхты" і Адэлі з "Залётаў" і самога Ядвігіна Ш., тады яшчэ Антона Лявіцкага, вучня пісьменнікавай дачкі Цэзарыны Марцінкевіч.

Кожны з прысутных атрымаў тэматычны буклет, прысвечаны біяграфіі нашага земляка.

Юрась Каласоўскі. На здымках: 1. Слова мае Алег Дзьячкоў. 2. Выстава.


Мая любімая Беларусь

Пад такой назвай адкрылася выстаўка мастацкіх твораў Тамары Дауд у сядзібе Таварыства Беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Мастачка нарадзілася ў 1968 г. у г. Салігорску, але з 1980х гадоў жыве ў Менску. Беларусы, якія прыйшлі на сустрэчу, пасапраўднаму былі здзіўлены незвычайнымі прыгажосцямі роднай зямлі, якія закранулі глыбіні душы мастачкі і ўжо доўгі час, замест лекавых напояў, дапамагаюць ёй пераадольваць цяжкую хваробу і радавацца жыццю…

Пра захаванне і развіццё мастацкіх традыцый беларускіх маляваных дываноў ад Алены Кіш да Язэпа Драздовіча у творчасці мастачкі, як і шырокаму дыяпазону яе мастацкіх стыяляў казалі на адкрыцці выставы прафесар мастацтвазнаўства Р.Ф. Шаура, мастак Віктар Маркавец, старшы навуковы супрацоўнік музея "Заслаўе" Юры Малаш, сябра Таварыства беларускай мовы з горада Заслаўе Таццяна Трубач (ініцыятар выставы), эколаг Станіслаў Зубовіч, пісьменнік Эрнэст Ялугін, краязнаўца Генадзь Трафімовіч ды іншыя.

Мне ўпершыню давялося пабачыць і адчуць такі шчыры і зацікаўлены дыялог паміж мастаком і прысутнымі. Гэтаму спрыяла надзвычай цёплая атмасфера, якая насычалася беларускай энергетыкай ад твораў мастачкі і пераходзіла ў душу кожнага прысутнага, які жадаў выказаць свае задавальненне ад пабачаных работ Тамары Дауд.

Ад маленькіх, але быццам жывых беларускіх краявідаў, якія затойвалі свае таямніцы на Браслаўскіх астравах, да "Роднага льва Беларусі", які выглядаў пушыстай кісай з квітнеючага луга, да амаль рухомых этнаграфічных кошыкаў і гліняных глечыкаў, якія запрашаў Вас набыць вясковы майстра, бабулькі, якая некуды спяшае - усё гэта ядналася ў адзінай мастацкай прасторы і было вельмі зразумела для кожнага. А пра асобнае ўяўленне і адлюстраванне Чарнобылькай тэмы паведала прысутным сама мастачка. Ад "Рая 21 стагоддзя" ці таго, што адбудзецца з нашай планетай у будучым да цяжарных зялёных і чырвоных кісаў, якія адпачываюць на аблоках такое мастацкае адлюстраванне паўстае перад беларусамі ў невялічкай зале па вуліцы Румянцава 13.

Выстава арганізавана Менскай абласной арганізацыяй ТБМ у рамках кампаніі "Будзьма".

Юры Малаш.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX