Вярнуцца: 2008

№ 52 (891)


Крыніца: pawet.net.



№ 52 (891) 24 СНЕЖНЯ 2008 г.


З Калядамі і Новым Годам!

210 гадоў з дня нараджэння Адама Міцкевіча

Адам МІЦКЕВІЧ (Adam Bernard Mickiewicz, 24 снежня 1798, Завоссе - 26 лістапада 1855, Канстанцінопаль) нарадзіўся на Наваградчыне ў сям'і збяднелага беларускага шляхціца, адваката Мікалая Міцкевіча.

Пачатковую адукацыю атрымаў у Наваградскай дамініканскай школе. У 1815 годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Зразумеўшы, што дакладныя навукі не яго прызванне, праз год перавёўся на гістарычна-філалагічны факультэт. Якраз у гэты час у Беларусі і Польшчы пачаўся новы ўздым нацыянальна-вызвольнага руху. Не засталіся ў баку ад падзей і студэнты Віленскага ўніверсітэта. Тут узнікла тайнае студэнцкае таварыства філаматаў (сяброў навукі), адным з кіраўнікоў якога стаў Міцкевіч. Мэтай філаматаў была культурная праца ў масах, выхаванне патрыятызму ў асяроддзі польскай і беларускай моладзі. Першыя яго паэтычныя творы напісаныя пад уплывам філамацкіх ідэй. У паэме «Мешка, князь Наваградскі» (1822), апавяданні «Жывіла», шэрагу вершаў упершыню з'яўляецца прывабны вобраз рамантычнага героя-барацьбіта за свабоду і шчасце народу Беларусі. Азнаёміўшыся з творамі і дзейнасцю вольналюбівага студэнта, прафесура універсітэта палічыла іх «крамольнымі». Міцкевічу прапанавалі сціплую пасаду настаўніка Ковенскай павятовай школы. Але і на новым месцы паэт працягваў кіраваць дзейнасцю філаматаў, якія ў 1821 годзе ператварыліся ў таварыства філарэтаў. Па яго ініцыятыве створаны шэраг масавых арганізацый моладзі, у якіх меркавалася рыхтаваць новыя кадры для філарэтаў. Для некаторых такіх арганізацый, напрыклад, «Саюза сяброў» і «Прамяністых», Міцкевіч напісаў статуты. На выхаванне маладых патрыётаў была скіравана і яго паэтычная творчасць. У сваёй «Песні» ён заклікаў:

Пра сваю прысягу помні

Кожны дзень і штохвілінна.

Шчырасць, веды і айчына.

Пойдзем хоць

цяжкой дарогай,

Калі з братам брат заўсёды;
Будзе табе дапамога

Там, дзе мужнасць,

праца, згода!

А ў «Песні філарэтаў» заяўляў:

Спявайма толькі тое,

Што родны склаў народ.

Найбольш адкрыты і бунтарны твор гэтага перыяду - «Ода да маладосці» (1820), з якой пазней ішлі ў бой ге-раічныя паўстанцы 1830 году, клікала да адкрытага выступлення супраць расейскіх акупантаў:

У шчасці для ўсіх -

нашы мэты святыя,

Розумам дужыя, у цвеце і сіле,

Разам, сябры маладыя...

І той шчаслівы,

хто ў бойцы загінуў,

Лёгшы ў брацкай магіле,

Славу ўздымае краіны.

Разам, сябры маладыя!

Адначасова з вершамі-маніфестамі Міцкевіч стварыў цыкл рамантычных балад, што ў 1822 годзе ўвайшлі ў першы том яго твораў. У ліку гэтых балад і сусветна вядомыя «Люблю я!», «Рамантычнасць», «Свіцязь», «Рыбка», сюжэты якіх былі падказаны беларускімі народнымі паданнямі і песнямі, пачутымі ў дзяцінстве на Наваградчыне...

Беларускія матывы наскрозь пранізалі і ўсе больш познія творы, у тым ліку і эпічную паэму "Пан Тадэвуш"

... Творчасць Міцкевіча зрабіла вялікі ўплыў на развіццё беларускай літаратуры. У 1830-1840-я гады ў польскай літаратуры склалася так званая беларуская школа, прадстаўнікі якой услед за Міцкевічам пісалі на тэмы з жыцця беларускага народу. Высока ацэнваючы фальклор Беларусі, Адам Міцкевіч пісаў пра цяжкі лёс беларусаў: «У іх казках і песнях ёсць ўсё... Усю сваю гісторыю на зямлі яны прайшлі ў страшэннай галечы і прыгнёце».

Беларускую мову Міцкевіч называў «найгарманічнейшай і з усіх славянскіх моў, найменш змененай ...гэта найбольш багатая і найбольш чыстая гаворка, якая даўно з'явілася і цудоўна распрацавана».

Пад уплывам паэта літаратурную дзейнасць пачыналі Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, Уладзіслаў Сыракомля і іншыя. Дабратворны ўплыў яго адчулі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, А. Вярыга-Дарэўскі, В. Каратынскі. У Міцкевіча вучыўся творчаму асваенню вобразаў і матываў беларускага фальклору Францішак Багушэвіч. Тыпалагічныя сувязі з рамантызмам Міцкевіча выявіліся ў паэмах «Сон на кургане», «Курган» і некаторых вершах Янкі Купалы. Тыпалагічна блізкія да «Пана Тадэвуша» паэма Якуба Коласа «Новая зямля». У 1920-я гады рамантычным пафасам Міцкевіча цікавіліся маладнякоўцы У. Дуброўка, Я. Пушча, М. Лужанін, Ю.Гаўрук, Паўлюк Трус і іншыя.


Перапіс насельніцтва 2009 года павінен паспрыяць, а не пашкодзіць становішчу беларускай мовы

У Сядзібе БНФ прайшоў круглы стол, прысвечаны абароне беларускай мовы як каштоўнасці. Кіраўнікі БНФ "Адраджэньне", ТБМ імя Ф. Скарыны, Інстытута дзяржаўнасці і дэмакратыі, Таварыства беларускай школы, грамадскага аб'яднання "Дыярыюш", навукоўцы і палітыкі абмеркавалі два асноўныя пытанні. Папершае, гэта укладанне праекту закону пра абарону і дзяржаўную падтрымку беларускай мовы. Падругое, заўвагі і прапановы да моўнай часткі перапісу насельніцтва 2009 году.

Выступалі Вінцук Вячорка, Алег Трусаў, Пётра Садоўскі, Лявон Баршчэўскі, Іван Саверчанка, Андрэй Вардамацкі, Віктар Івашкевіч, Мечыслаў Бурак ды іншыя.

Вырашана стварыць экспертную групу для маніторынгу перапісу і для падрыхтоўкі законапраекту, у якую таксама запрасіць прадстаўнікоў Беларускага ПЭНЦэнтра, Саюзу беларускіх пісьменнікаў, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Пра вынікі сустрэчы гаворыць яе ініцыятар Вінцук Вячорка: "Патрабуючы вярнуць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай, мусім адначасова рабіць тэрміновыя небанальныя крокі. Таму мы прапануем закон пра абарону і дзяржаўную падтрымку беларускай мовы як культурнай каштоўнасці. Фармальна такі закон не ўвойдзе ў супярэчнасць з дзейным моўным заканадаўствам. Асобныя законы пра мову тытульнай нацыі або яе аспекты як культурныя каштоўнасці ёсць ці маюць быць прынятыя ў розных краінах, прыкладам у Эстоніі, Украіне. Мы ўвяжам наш законапраект з міжнароднымі дакументамі - такімі, як Міжнародная канвенцыя пра ахову нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА, Усеагульная дэкларацыя лінгвістычных правоў, што рыхтуецца для будучай ратыфікацыі краінамі ААН.

Дзяржава павінна абараняць беларускую мову ад небяспекі страты гістарычнай пэрспектывы, бо моўнае адзінства нацыі - магутны фактар нацыянальнай бяспекі.

Таму дзіўна, што планаваны ў наступным кастрычніку перапіс насельніцтва не выкарыстоўваецца для ацэнкі колькасці людзей, што лічаць беларускую мову роднай. Хаця раней такое пытанне было. Прафесар Вардамацкі назваў гэта сёння парушэннем сацыялагічнага прынцыпу трэндавасці. Не збіраюцца пытацца, у якой ступені чалавек валодае беларускаю моваю, што неабходна для адукацыйнага планавання.

Наадварот, у моўны блок перапісу механічна ўключаныя пытанні малаінфарматыўныя, а то і аблудныя для чытача. Пытанне пра "родную мову" ёсць, але гэтае паняцце нечакана расшыфроўваецца як "мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве" (калька з mother tongue - матчына мова, аднак гэта не заўсёды адно і тое). Але ж пасля дзесяцігоддзяў русіфікацыі сотні тысячаў, мільёны ўрбанізаваных беларусаў адчулі повязь з беларускаю моваю як вялікаю нацыянальнаю і асабістаю каштоўнасцю - нават калі іхныя мацяркі не гадавалі іх пабеларуску.

Вельмі трывожыць, што няма ані інструкцыяў моўных паводзінаў перапіснікаў, ані перапісных лістоў пабеларуску. Калі перапіснік пачынае гаворку парасейску, гэта міжволі ўплывае на апытванага чалавека, замацоўвае яго ў думцы, што беларуская мова другасная.

Вынікі моўнай часткі перапісу будуць мець вялікае значэнне для ацэнкі нацыянальнай перспектывы беларускага народу. Мы будзем звяртацца ў Нацыянальны статыстычны камітэт (там сёння акурат свая нарада на тэму перапісу) з прапановай наладзіць круглы стол з грамадскасцю. Гатовыя даць не толькі канструктыўныя прапановы, але і практычную дапамогу ў выглядзе моўнасітуацыйных трэнінгаў перапіснікаў", - запэўніў Вінцук Вячорка.


Ухвалы Круглага стала

Да канцэпцыі праекту закону пра абарону і дзяржаўную падтрымку беларускай мовы

1. Закон мае самастойную вартасць і не пярэчыць дзейнаму моўнаму заканадаўству.

2. Аб'ект дзеяння закону - беларуская мова ва ўсіх яе формах бытавання, часавых і прасторавых праявах (літаратурная мова, дыялекты, графічныя і правапісныя традыцыі, анамастыка і г.д.).

3. Беларуская мова ў праекце разглядаецца як:

- нематэрыяльная культурная каштоўнасць;

- фактар нацыянальнай бяспекі краіны;

- гарантыя гістарычнай і этнакультурнай перспектывы беларускай нацыі;

- чыннік кансалідацыі беларускай дыяспары.

Пра стварэнне Грамадскай групы маніторынгу падрыхтоўкі і правядзення моўнай часткі перапісу насельніцтва 2009 г.

1. Мэта Грамадскай групы маніторынгу - забяспечыць улік меркаванняў профільных грамадскіх арганізацыяў, навуковай і грамадзянскай супольнасці пры падрыхтоўцы і правядзенні моўнай часткі перапісу 2009 г.

2. Грамадская група маніторынгу лічыць неабходным:

- уключыць у працоўныя групы правядзення перапісу прадстаўнікоў дзяржаўных і недзяржаўных сацыялагічных службаў;

- правесці шырокае грамадскае абмеркаванне пытанняў перапісу 2009 г.;

- захаваць у перапісным лісце пытанне пра родную мову рэспандэнта з захаваннем права самавызначэння ў гэтым пытанні;

- пашырыць і суаднесці з беларускай мовай спіс факталагічных пытанняў моўнай часткі, дадаўшы пытанні пра ступень актыўнага ці пасіўнага валодання беларускай мовай, у тым ліку яе мясцовымі дыялектамі;

- падрыхтаваць для перапіснікаў інструкцыю адэкватных моўных паводзінаў, каб выключыць успрыняцце рэспандэнтам статусу беларускай мовы як другаснай у параўнанні з рускай.

3. Грамадская група маніторынгу прапануе Нацыянальнаму статыстычнаму камітэту Рэспублікі Беларусі і аддзяленню ЮНФПА (Фонду ААН у галіне народанасельніцтва) у Беларусі правесці супольны круглы стол, прысвечаны моўнаму блоку перапісу 2009 г.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы імя

Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13,

220034, г. Мінск

Паважаны Алег Анатольевіч!

Разгледзеўшы зварот грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" па пытанню ўдасканалення заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое рэгулюе выкарыстанне дзяржаўных моў, паведамляем наступнае.

Прапановы аб удасканаленні заканадаўства, у тым ліку аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у законы, выданні дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, павінны рыхтавацца і ўносіцца на разгляд Кіраўніка дзяржавы ў парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі, у прыватнасці ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 жніўня 2003 г. №359 "Аб мерах па ўдасканаленню норматворчай дзейнасці", ад 23 чэрвеня 1998 г. №327 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку разгляду Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь праектаў прававых актаў", Законам "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь".

Начальнік галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь В.А.Дарашкевіч.



Грамадскае аб'яднанне

«Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны»

Аб унясенні змяненняў у Закон

Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у

Рэспубліцы Беларусь"

Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследванняў Рэспублікі Беларусь (далей - Цэнтр) разгледзеў зварот грамадскага аб'яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» аб унясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", накіраваны ў Цэнтр Пастаяннай камісіяй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, і паведамляе наступнае.

Мы падзяляем ваш клопат пра неабходнасць забеспячэння фактычнай роўнасці абедзвюх дзяржаўных моў і дзяржаўнай падтрымкі выкарыстання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскіх адносін. Разам з тым выключэнне з тэксту Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" слова "або" прывядзе да павялічэння расходаў дзяржаўнага бюджэту, а таксама расходаў суб'ектаў гаспадарання. Так, напрыклад, неабходна выдзяленне дадатковых сродкаў для забеспячэння прыняцця і апублікавання нарматыўных прававых актаў на абедзвюх дзяржаўных мовах, для афармлення аб'ектаў сферы абслугоўвання на абедзвюх дзяржаўных мовах і інш.

У сувязі з гэтым пытанне аб унясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" будзе разгледжана пры фарміраванні плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2010 год пасля падрыхтоўкі адпаведных фінансава-эканамічных разлікаў.

Дырэктар В.В. Міцкевіч.


Ва Украіне адкрыўся першы музей Быкава па-за межамі Беларусі

У Вялікай Севярынцы Кіраваградскага раёна Украіны адбылося ўрачыстае адкрыццё першага Музея Васіля Быкава паза межамі Беларусі, паведамляе сайт Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Кіраваградская Севярынка вядомая ў беларускай гісторыі акурат праз імя Васіля Быкава. Адтуль прыйшла ў бацькоўскую хату "пахаванка", а на абеліску Славы над брацкаю магілай у Вялікай Севярынцы сярод 150 загінулых воінаў з'явілася і прозвішча пісьменніка. Васіль Быкаў гінуў 01.10.1944 года. Падчас бою ў той дзень нямецкі танк праехаў у некалькіх сантыметрах ад параненага лейтэнанта Быкава, а дакумент аб смерці ўзнік пасля таго, як на заснежаным полі знайшлі палявую сумку будучага пісьменніка.

Аб тым, што Васіль Уладзіміравіч застаўся жывым, першай у вёсцы дазналася Тацяна Краўчанка, якая прачытала ягонае інтэрвію ў газеце "Молодь Україны"...

Доўгія гады настаўнікі і школьнікі Вялікай Севярынкі збіралі матэрыялы аб жыцці і творчасці народнага пісьменніка Беларусі, вялі зацікаўленую перапіску з ім. Матэрыялы вывучаліся і перадаваліся ў школьны гістарычны музей.
Плёнам такой дзейнасці стаў і асобны музей Васіля Быкава з некалькімі прасторнымі экспазіцыйнымі заламі.

Наш кар


Пра стварэнне Грамадскай групы маніторынгу падрыхтоўкі і правядзення моўнай часткі перапісу насельніцтва 2009 г.

1. Мэта Грамадскай групы маніторынгу - забяспечыць улік меркаванняў профільных грамадскіх арганізацыяў, навуковай і грамадзянскай супольнасці пры падрыхтоўцы і правядзенні моўнай часткі перапісу 2009 г.

2. Грамадская група маніторынгу лічыць неабходным:

- уключыць у працоўныя групы правядзення перапісу прадстаўнікоў дзяржаўных і недзяржаўных сацыялагічных службаў;

- правесці шырокае грамадскае абмеркаванне пытанняў перапісу 2009 г.;

- захаваць у перапісным лісце пытанне пра родную мову рэспандэнта з захаваннем права самавызначэння ў гэтым пытанні;

- пашырыць і суаднесці з беларускай мовай спіс факталагічных пытанняў моўнай часткі, дадаўшы пытанні пра ступень актыўнага ці пасіўнага валодання беларускай мовай, у тым ліку яе мясцовымі дыялектамі;

- падрыхтаваць для перапіснікаў інструкцыю адэкватных моўных паводзінаў, каб выключыць успрыняцце рэспандэнтам статусу беларускай мовы як другаснай у параўнанні з рускай.

3. Грамадская група маніторынгу прапануе Нацыянальнаму статыстычнаму камітэту Рэспублікі Беларусі і аддзяленню ЮНФПА (Фонду ААН у галіне народанасельніцтва) у Беларусі правесці супольны круглы стол, прысвечаны моўнаму блоку перапісу 2009 г.


БЕЛСАТ. Год у эфіры

10 снежня мінуў роўна год ад пачатку эфіру першага незалежнага спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат». Гэтай падзеі была прысвечана святочная прэсканферэнцыя, якая адбылася ў Варшаве. У ёй бралі ўдзел высокія госці з Сейма і Сенату Польшчы, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Польшчы, а таксама прадстаўнікі польскіх, беларускіх і еўрапейскіх сродкаў масавай інфармацыі. Шмат было сказана слоў пра ўнікальнасць дадзенага праекту. А ён сапраўды ўнікальны. Так сталася, што вяшчанне дзяржаўных беларускіх каналаў ажыццяўляецца амаль цалкам на мове суседняга народу, пры гэтым на «беларускіх» каналах амаль цалкам ігнаруецца беларуская мова. І толькі з дапамогай польскага ураду сталася магчымым вяшчанне пабеларуску! Хіба гэта не ўнікальна?!

Варта ўзгадаць некаторыя факты з гісторыі стварэння каналу. На VIII з'ездзе Таварыства беларускай мовы 12 кастрычніка 2003 года была зацверджана «СТРАТЭГІЯ развіцця беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі» дзе было запісана наступнае: «Найбольшую занепакоенасць выклікае адсутнасць беларускамоўных электронных сродкаў масавай інфармацыі. Ад гэтага церпяць не толькі беларускамоўныя грамадзяне ў Беларусі, але і беларускія дыяспары ва ўсім свеце (асабліва вялікія па колькасці ў краінах СНД).

Менавіта пасля VIII з'езду Таварыства распрацавала першую канцэпцыю спадарожнікавага тэлеканалу. Мы неаднаразова збіралі зацікаўленых дзеячаў культуры і журналістаў у нашай сядзібе, каб абмеркаваць магчымасць яго стварэння. Да нашай працы актыўна далучылася Беларуская асацыяцыя журналістаў. Я памятаю, як многія не верылі ў ажыццяўленне гэтай ідэі. І гэта сапраўды тады здавалася малаверагодным. Але 13 снежня 2006 году беларускія ўлады затрымалі, а праз суткі дэпартавалі з аэрапорта Мінск2 журналістку Польскага тэлебачання Агнешку РамашэўскуюГузы. Гэтая «бліскучая» аперацыя беларускіх спецслужбаў сталася пачаткам практычнай рэалізацыі па арганізацыі і стварэнні «Белсата». Зараз спадарыня Агнешка з'яўляецца дырэктарам тэлеканалу!

Арыентуючыся на падобны гістарычны досвед Польшчы (маецца на ўвазе роля радыё «Свабодная Еўропа» ў камуністычныя часы), праект падтрымалі МЗС і ўрад Польшчы, у рамках польскае палітыкі спрыяння міжнароднаму супрацоўніцтву на карысць дэмакратыі ды грамадзянскай супольнасці. Гэта найбуйнейшы з такіх праектаў у Еўропе. На яго бок сталі многія палітычныя сілы ў парламенце.

Праект «Белсат» атрымаў фінансавую падтрымку МЗС Літвы, а таксама арганізацыйную дапамогу літоўскага тэлебачання. На сённяшні дзень у Літве рыхтуецца публіцыстычная перадача «Форум». Распачалося супрацоўніцтва з радыё «Свабода». Журналісты гэтай радыёстанцыі рыхтуюць для «Белсату» публіцыстычную праграму «Тыдзень з радыё «Свабода».

Канал падпісаў таксама дамову з нямецкім тэлебачаннем «Deutsche Welle», які прапануе свае перадачы, прысвечаныя грамадскакультурным падзеям у краінах Еўрапейскага Саюзу.

«Белсат» арганізуе курсы для журналістаў, фінансаваныя ўрадам Вялікабрытаніі ды Ірландыі. Вядуцца перамовы пра падтрымку адукацыйнай і праграмнай часткі праекту Канадаю, ЗША, Швецыяй і Галандыяй. Тэлеканал спадзяецца атрымаць фінансаванне Еўрапейскага Звязу.

Над праграмаю працуе некалькі дзесяткаў журналістаў у Беларусі, Польшчы і Літве. «БелсатТV» - гэта тэлебачанне шырокай тэматыкі, а ў ім:

IНФАРМАЦЫЯ

Інфармацыйны сервіс «Аб'ектыў» - навіны без цэнзуры. Аб'ектыўная і дакладная інфармацыя пра сітуацыю ў краіне і блізкім замежжы. Разнастайнасць меркаванняў і поглядаў. У дзень першых угодкаў тэлеканалу пачалі выходзіць і спартовыя навіны.

ПУБЛIЦЫСТЫКА

Палітыка, права і эканоміка без сакрэтаў. У студыі «Белсату» - гарачыя дыскусіі, у эфіры - агляды незалежнае прэсы, адукацыйнадаведныя праграмы, у тым ліку эканамічныя. Галоўныя публіцыстычныя перадачы: «Форум», «Госць «Белсату», «Маю права».

ДАКУМЕНТАЛIСТЫКА I РЭПАРТАЖЫ

Гісторыя і сучаснасць без рэтушы чыноўнікаў. Белыя плямы ў гісторыі Беларусі, культурныя і цывілізацыйныя дасягненні беларускага народу. У праграме таксама замежная дакументалістыка і рэпартажы.

ФIЛЬМЫ I СЕРЫЯЛЫ

Найлепшыя мастацкія кінастужкі ды найцікавейшыя серыялы апошніх гадоў, напрыклад, польскія «Афіцэр», «Мент», амерыканскі серыял «Элі Макбіл», а таксама незалежныя дакументальныя фільмы беларускай і замежнай кінематаграфіі. Цягам некалькіх апошніх месяцаў фільмы "Белсату" былі ўзнагароджаныя на некалькіх прэстыжных фестывалях: "Prix Europa" (Берлін), VIII Міжнародны фестываль крэатыўных дакументальных фільмаў "Escalles Documentaire" ў ЛяРашэль (Францыя).

ТЭЛЕСПЕКТАКЛІ

На экране - найлепшыя акторы і ўсё яшчэ актуальныя разважанні над беларускай тоеснасцю. Перадачы з цыклу «Тэатр «Белсату».

ЗАБАВА

Беларускі рок, хіпхоп, андэрграўнд. Найноўшыя кліпы, інтэрвію і канцэрты тых, каго не паказваюць афіцыйныя медыі. На «Белсаце» - Беларусь і свет у гумарыстычным святле - сатыра без патурання.

Паводле сацыялагічнага даследавання Незалежнага беларускага інстытута найбольш папулярнымі праграмамі на"Белсаце" з'яўляюцца інфармацыйныя, пасля іх - фільмы, музычныя перадачы і дакументальныя фільмы. Амаль 70% рэспандэнтаў лічыць перадачы цікавымі, менш як 12% маюць іншае меркаванне. У параўнанні з дзяржаўнымі тэлеканаламі Беларусі, «Белсат» глядзіць больш маладых, адукаваных людзей і больш мужчын, чым жанчын. Апошнім часам глядацкая аўдыторыя "Белсату" значна пашырылася, дзякуючы трансляцыі перадач праз найпапулярнейшы ў Беларусі спадарожнік - "Сірыус", і складае 200 тысяч чалавек.

Такім чынам «Белсат» стаўся водгукам на патрэбу беларускіх дэмакратычных колаў у незалежнай інфармацыі ды культуры, інструментам па пераадоленні перашкодаў на шляху да роднае мовы і нацыянальнае спадчыны.

Вынікі папулярнасці тэлеканалу былі падсумаваныя на вышэйзгаданай прэсканферэнцыі, дзе, акрамя іншага, гучалі словы ўдзячнасці тым, хто браў удзел у стварэнні "Белсату" і падтрымліваў яго. Адмысловыя статуэткі "Сябар "Белсату" атрымалі:

Славамір Сівэк, віцэдырэктар Тэлевізіі польскай; Адам Ліпіньскі, дэпутат польскага Сейму; Яцэк Пратасевіч, дэпутат Еўрапарламенту; Робэрт Тышкевіч, дэпутат польскага Сейму; Крыстоф Ланц, кіраўнік тэлеканалу "Нямецкая хваля", які прапануе свае праграмы "Белсату"; і Пятрас Вайцякунас, эксміністар замежных справаў Літоўскае Рэспублікі. Літва ад самага пачатку далучылася да падтрымкі гэтага праекту. Шэраг іншых асобаў былі адзначаныя дыпломамі.

Роля тэлеканалу "Белсат" была заўважаная шэрагам установаў па ўсёй Еўропе. Сярод іх - Еўрапейскі Парламент. 9 кастрычніка 2008 г. Еўрапарламент у сваёй рэзалюцыі пра дэмакратызацыю ў Беларусі згадаў "Белсат" і заклікаў Еўрапейскія Раду і Камісію да прызначэння фінансавай падтрымкі незалежнаму тэлеканалу.

«Белсат» транслюецца са спадарожніка «SІRІUS» (пазіцыя 5?E, палярызацыя H, частата 12 379,6 МHz) і «Astra 1Kr» (пазіцыя 19,2?E, палярызацыя H, частата 10 773 MHz).

«Белсат» штодзённа рыхтуе шасцігадзінную праграму - ад 18:00 да 24:00 паводле беларускага часу (GMT+2).

Сяргей Кручкоў, сябра Рады ТБМ.


Не стала Ніны Мацяш

19 снежня ўранні прыйшла жалобная вестка з Белаазёрска - там памерла паэтка і перакладчыца Ніна Мацяш. 20 снежня паэтку пахавалі.

Мацяш Ніна , нарадзілася 20.09.1943 г. у вёсцы Нівы Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1960 г. скончыла Бярозаўскую сярэднюю школу і паступіла на факультэт французскай мовы Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў. Зза хваробы вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак (скончыла інстытут у 1966). У 19731977 гг. працавала выкладчыцай нямецкай мовы ў Белаазёрскай прафесійнатэхнічнай навучальні. Сябра СП СССР з 1971 г.

Узнагароджана медалямі.

Першы верш апублікавала ў 1962 г. (бярозаўская раённая газета «Маяк камунізма» і «Во славу Родины»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Агонь» (1970), «Удзячнасць» (вершы і паэма, 1973), «Ралля суровая» (вершы і пераклады, 1976), «Прыручэнне вясны» (1979), «Поўны келіх» (1982), «Жнівень» (1985), «Паварот на лета» (выбранае, 1986), «Шчаслівай долю назаві» (1990) і казак «Два браты і сякера» (1975), «Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя» (1982).

Напісала п'есы для тэатра лялек «Прыгоды трох парасят» (пастаўлена ў 1976), «Крок у бессмяротнасць» (пастаўлена ў 1977), тэлесцэнарыі пра творчасць В.БялыніцкагаБірулі «Пясняр роднай прыроды» (пастаўлены ў 1978) і Р. Кента «Гэта я, госпадзі» (пастаўлены ў 1980).

Перакладала з нямецкай, польскай, французскай моў. У яе перакладзе выйшлі кніжкі Ж. Аліўе «У краіне індзейцаў» (1973), А. Гаўрылюка «Песня з Бярозы» (1979), Ж. Сімянона «Першая справа Мегрэ» (1982), А. дэ СэнтЭкзюперы «Планета людзей» (1984) і «Маленькі прынц» (1989), навелы Г. дэ Мапасана (1987), паэма «Маруся Чурай» Л. Кастэнка (1989).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя А.Куляшова (1984) за «Паэму жніва», прэміі Ўсебеларускага фестывалю моладзі, прысвечанага 50годдзю ЛКСМБ (1970) за вершы аб моладзі.

Паэт АнатольВярцінскі называў Ніну Мацяш раднёй па духу і заўсёды згадваў яе верш "Сябрыне"

Не знадзейвайся. Перажыві.

Хоць якая, ды ёсць патоля:

Намарозіць радня па крыві -

Адагрэе радня па долі.


Скруха - зашмаргай… Перарві.

Ёсць лагода на боль, на скруху:

Адрачэцца радня па крыві

Паратуе радня па духу.


ТБМ: ЛІТАРАТУРНЫЯ СУСТРЭЧЫ

Таварыства беларускай мовы, акрамя іншага, займаецца асветніцкай дзейнасцю. Адзін з яе аспектаў - літаратурныя сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьменнікамі. Яны маюць на мэце азнаямленне шырокіх колаў грамадства з дасягненнямі айчыннай літаратуры, яе сучасным станам, а таксама з творцамі, якія складаюць гонар нашай краіны і вядомы далёка за яе межамі. Пад час імпрэзаў ладзяцца і прэзентацыі новых кніг. На працягу года адбылося 72 сустрэчы на тэмы: "У слове можна свет змясціць", "Літаратура і духоўнасць","Беларуская літаратура і свет", "Наша спадчына і сучасны літаратурны працэс","Лірычныя матывы ў літаратуры", "Паэзія і песня - два крылы творчасці","Выдавецкія дасягненні ў беларускай літаратуры", "Наша спадчына і літаратурнамоўны працэс" ды іншыя. Сярод пісьменнікаў, якія бяруць ўдзел у іх асвятленні, - Эдуард Акулін, Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Генадзь Бураўкін, Пятро Васючэнка, Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Законнікаў, Вольга Іпатава, Анатоль Клышка, Уладзімір Някляеў, Алесь Пашкевіч, Уладзімір Содаль, Андрэй Федарэнка, Антаніна Хатэнка, Кастусь Цвірка. Удзяч-нымі слухачамі гэтых цікавых вечарынаў з'яўляюцца вучні, студэнты, настаўнікі, прадстаўнікі шырокіх колаў інтэлігенцыі, пенсіянеры.

Прапануем інтэрв'ю з паэтам Эдуардам Акуліным, адным з актыўных удзельнікаў нашай асветніцкага праекта, выступленні якога карыстаюцца вялікім поспехам .

Эдуард Акулін - паэт, перакладчык, бард. Нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Вялікія Нямкі на Гомельшчыне. Скончыў Гомельскі дзяржаўны універсітэт і аспірантуру НАН Беларусі. Працаваў настаўнікам, загадчыкам філіі Літаратурнага музею Максіма Багдановіча "Беларуская хатка", намеснікам галоўнага рэдактара часопісу "Першацвет", загадчыкам аддзела паэзіі часопіса "Полымя". Цяпер - намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Дзеяслоў", а таксама - намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Аўтар кніг паэзіі: "Лёс дзённага асвятлення" (1988), "Пяшчота ліўня" (1990), "Крыло анёла" (1995), "Радно"( 2000), "Непрычалены човен" (2003), "Маленькае я - гэта Я..." (пераклад з нямецкая мовы аўстрыйскай пісьменніцы Міры Лобэ), драматычнай містэрыі "На Каляды" (1996), шматлікіх перакладаў з украінскай, польскай, літоўскай і нямецкай моваў, а таксама двух песенных магнітаальбомаў : "Мая Крывія" (1995), "Як яна і я" (2000) - і кампакт-дыскаў "Напачатку была Песня" (2003), "Песні залатой Крывіі"(2008).

Вершы перакладаліся на англійскую, французскую, італьянскую, украінскую, расейскую, польскую, балгарскую, славенскую, харвацкую, літоўскую і латышскую мовы.

Лаўрэат Першага нацыянальнага фестывалю беларускай бардаўскай песні (1993).


Донкіхот беларускай Паэзіі

або Калядная гутарка з паэтам і бардам Эдуардам Акуліным

Н.К. Спадар Эдуард, вы - знаны беларускі паэт, перакладчык, бард, вас называюць "яркім прадстаўніком літаратурнага пакалення 90х, тым, хто апявае новы дзень Беларусі". Ці змянілася нешта для Вас асабіста за астатнія гады ў творчым і грамадскім жыцці?

Э.А. Папершае, "новы дзень Беларусі" застаўся ў мінулым. Гэта быў час, калі Беларусь атрымала сваю незалежнасць, калі грамадскае і творчае жыццё былі на ўздыме, калі ў менскім небе над Домам ураду лунаў белчырвонабелы штандар і ўсім здавалася, што нарэшце мы "дайшлі да Беларусі". На вялікі жаль, час існавання нашай Краінымары быў вельмі непрацяглы… Ён скончыўся гвалтам над нашымі святынямі - над сцягам, гербам і мовай…А гэта значыць - над душой беларускага народа. Пачатак новага стагоддзя мне таксама запоўніўся гвалтам. На гэты раз над зборнікам маіх вершаў "Радно", наклад якога па волі пільных палітцэрбераў быў пушчаны пад друкарскі нож…

Н.К. Але ж былі і светлыя моманты ў вашым жыцці. Вас абралі адным з кіраўнікоў Саюза беларускіх пісьменнікаў…

Э.А. Сапраўды, нас, літаратурнае пакаленне 90х, Алеся Пашкевіча, Барыса Пятровіча, Міхася Скоблу і мяне абралі кіраваць СБП. А потым у нас адабралі пісьменніцкую маёмасць, выгнаўшы з Дома літаратара і ліквідаваўшы Літаратурны фонд, нашыя выданні, стварыўшы холдынг " Літаратура і Мастацтва". Дарэчы, менавіта тады, разам з Барысам Пятровічам на знак пратэсту мы звольніліся з працы ў часопісе "Полымя".

Н.К . Затое неўзабаве ўзнік літаратурнамастацкі часопіс "Дзеяслоў"…

Э.А. З'яўленне гэтага выдання для мяне - як промень святла ў шэрым і беспрасветным жыцці за апошні час.

Н.К. Да слова, "Дзеяслову" ўжо шэсць гадоў. Чым Вы можаце пахваліцца ў гэткім, скажам так, "дзіцячым"узросце?

Э.А. " Навошта марна хваліцца свету", - сказаў бы Янка Купала. І тым не менш, пэўныя набыткі ў нас ёсць. Папершае, выйшла 37 нумароў часопіса. Падругое, у нас з'явілася сталае кола чытачоў і падпісчыкаў. Патрэцяе, "Дзеяслоў" прырос уласнай бібліятэчкай. За астатнія паўтары гады выйшла дзевяць кніг паэзіі, прозы і крытыкі.

Н.К. Пачацвёртае, у Вас з'явілася свая літаратурная прэмія "Залаты апостаф"…

Э.А. І свае лаўрэаты. У гэтым годзе "Залаты апостраф" атрымалі Кастусь Тарасаў, Андрэй Хадановіч і Ірына Бельская.

Н.К. Спадар Эдуард, я ведаю, што сёлетні год стаўся "ўрадлівым" для Вас і на ўдзел у міжнародных літаратурных фестывалях. Дзе Вы паспелі пабываць?

Э.А. Я паспеў, як вы кажаце, пабываць на чатырох міжнародных фэстах: у Літве на паэтычным пленэры з удзелам украінскіх, польскіх і літоўскіх творцаў, у Славеніі з удзелам паэтаў з Харватыі, Латвіі і Італіі, і на двух паэтычных форумах у Польшчы. Адзін з іх - вельмі прыстыжны. Ён называецца "Варшаўская восень паэзіі". Фестываль гэты праводзіцца штогод у сталіцы Польшчы і на яго збіраюцца паэты з дзесяткаў краін свету.

Н.К. А ці ёсць рэальны літаратурны плён ад такіх вось міжнародных імпрэз?

Э.А. Безумоўна, ёсць, і ў тым іх значнасць. Скажам, па выніках славенскага фестывалю ў Быстрыцы толькі што выйшла пяцімоўная анталогія сучаснай еўрапейскай паэзіі пад назовам "Белая кніга метафар", а таксама дзве беларускапольскіх анталогіі. Літаральна на днях у Вільні, куды я запрошаны на прэзентацыю, павінна з'явіцца чатырохмоўная анталогія паэзіі "У каралеўскіх далонях".

Н.К. Значыць,"каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…" А ці выступаеце Вы перад беларускімі прыхільнікамі паэзіі і песні?

Э.А. Сказаць выступаю - не сказаць нічога. Толькі за апошнія тры гады ў творчых вандроўках разам з Леанідам ДранькоМайсюком, Барысам Пятровічам, Нілам Гілевічам, Анатолем Вярцінскім, Уладзімірам Някляевым я пражыў цэлы літаратурны год, арганізаваўшы каля 400 творчых сустрэчаў.

Н.К. І за гэта адзін з радыёжурналістаў назваў Вас "літаратурным гастралёрам"…

Э.А. Толькі той, хто не падымаўся а палове пятай раніцы, не ехаў 360 кіламетраў да Брэста, не чытаў вершаў і не спяваў песень цягам 6 гадзін і не вяртаўся дадому ў гадзіну ночы, можа дазволіць сабе такое параўнанне. Нашы творчыя сутрэчы па ўсёй Беларусі пад якім бы сцягам мы не выступалі: часопіса "Дзеяслоў", Таварыства беларускай мовы ці кампаніі "Будзьма" - гэта свайго роду месіянерства, далучэнне да веры ў беларускае Слова тысяч і тысяч нашых слухачоў і чытачоў. А згаданы журналіст, пэўна, не чытаў Сервантэса. Іначай ён назваў бы мяне і маіх сяброў - Донкіхотамі беларускай Паэзіі…

Н.К. А можаце вы назваць канкрэтныя адрасы апошніх выступленняў па сцягам ТБМ?

Э.А. За апошнія паўгода такіх выступаў былі дзесяткі. Найбольш запомніліся сустрэчы ў Беларускім цэнтры турызму і краязнаўства, у сценах Беларускага Дзяржаўнага універсітэта культуры, куды мы двойчы наведваліся з Сяргеем Законнікавым, мінскім Інстытуце праблем культуры, перад студэнтамі Беларускай Акадэміі музыкі, перад навучэнцамі сталічнай гімназіі №61, куды нас запрасілі разам з Леанідам ДранькоМайсюком , і, канечне ж, традыцыйныя сустрэчы на сядзібе Таварыства беларускай мовы, якія праходзяць з нязменным аншлагам.

Н.К. А ці запомнілася вам якаянебудзь творчая сутрэча кур'ёзным эпізодам?

Э.А. Такіх кур'ёзаў здаралася вельмі і вельмі шмат. Напрыклад, на нядаўнім выступленні перад студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага універсітэта мы з Леанідам ДранькоМайсюком атрымалі цыдулку з наступным зместам: "Дарагія паэты, калі ласка, цягніце час. Нам так не хочацца ісці на практычныя заняткі па стараславянскай мове…"

Н.К. Ну і як атрымалася?

Э.А. Яшчэ як! Заміж паўтарагадзіннага выступу мы "цягнулі час", амаль што як пасожскія бурлакі, цэлыя дзве пары. Узнагародай былі шчырыя апладысменты і запрашэнне на новыя сустрэчы.

Н.К. Спадар Эдуард, зараз у разгары прадпісная кампанія. Падпісчыкам якіх беларускіх выданняў асабіста вы з'яўляецеся?

Э.А. Мае любімыя выданні - газета "Наша слова" і часопіс "Дзеяслоў". Іх я і выпісваю. І раю гэта зрабіць усім, каму не абыякавы лёс роднага Слова і роднай Беларусі.

Н.К. І апошняе. Чаго б вы пажадалі нашым чытачам у Новым 2009 годзе?

Э.А. Сутрэчы з цудам… Шчаслівага жыцця ў Краіне светлай і незабранай…

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX