Папярэдняя старонка: 2009

№ 03 (894) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 3 (894) 21 СТУДЗЕНЯ 2009 г.


140 гадоў з дня нараджэння Адама Гурыновіча

ГУРЫНОВІЧ Адам Гіляры Калікставіч [13(25). 1.1869, б. фальварак Кавалькі, Мядзельскі р-н - 23.1 (4.2). 1894], беларускі паэт-дэмакрат, фалькларыст, рэвалюцыянер. 3 сям'і збяднелага шляхціца. Скончыў Віленскую рэальную вучэльню (1887). Вучыўся ў Пецярбургскім тэх-нал. ін-це (1887-93). Член, з крас. 1893 старшыня нелегальнага «Гуртка моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай». Дзейнасць гуртка была выкрыта паліцыяй, Г. 16.6.1893 арыштаваны ў Вільні і дастаўлены ў пецярбургскі дом папярэдняга зняволення. У канцы лістапада выпушчаны з-за хваробы і сасланы пад нагляд паліцыі ў фальварак Крыстынопаль (Смаргонскі р-н), дзе памёр ад чорнай воспы. На фармаванне яго светапогляду вырашальны ўплыў зрабілі ідэі шляхецкіх рэвалюцыянераў і рэв. народніцтва 1880-х г., у т. л. беларускай групы «Гоман». Матэрыяліст і атэіст, Г. верыў у «жыццёвае прымяненне» сацыяліст. ідэй, першым у бел. л-ры выказаў думку пра агульнасць інтарэсаў усіх пластоў народу ў іх барацьбе за справядлівы сац. лад. Пісаў на бел., рус. і польск. мовах. Упершыню яго творы былі апублікаваны (з уступным арт. Б. Тарашкевіча) у газ. «Беларускі звон» (1921). У паэзіі быў паслядоўнікам Ф. Багушэвіча (праграмны верш «Дзякуй табе, браце Бурачок Мацею...») і выступаў з пазіцый рэалізму і народнасці. Паэзія Гурыновіча - мастацкае адлюстраванне сац.-паліт. працэсаў парэформеннага часу. Ён заклікаў да сац. барацьбы, да духоўнага абнаўлення, грамадскай згуртаванасці (вершы «Перш душылі паны...», «Што ты спіш, мужычок»...», «Што за звук ды так громка раздаўся...»). Пісаў таксама вершы ў жанры пейзажнай («Бор», «Вясна») і элегічнай («Сцямнела на дворы і ціха кругом...») лірыкі, якім уласцівы мяккасць фарбаў, настраёвасць, паглыбленне ва ўнутраны стан героя. Адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай паэзіі (вершы «Каток», «Рыбак»). На бел. мову пераклаў асобныя творы А. Пушкіна, I. Крылова, М. Някрасава, А Талстога, А. Міцкевіча, Э. Ажэшкі, Я. Каспяровіча, I. Франка. Сабраў цікавы этнаграфічны матэрыял, зрабіў шмат запісаў бел. фальклору (у Свянцянскім пав.). Частка з іх (165 песень абрадавай і пазаабрадавай лірыкі і 37 загадак) была апублікавана ў часопісе «Zbior wiadomosci do Antropologii Krajowej» («Збор звестак ла айчыннай антрапалогіі», т. 17, 1893). Значная частка творчай спадчыны Гурыновіча загінула (8 сшыткаў канфіскаваны паліцыяй пры арышце, іншыя матэрыялы для бяспекі былі знішчаны братам. Рукапісы і лісты зберагаюцца ў архівах Беларусі і Літвы.


125 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Сянкевіча

СЯНКЁВІЧ Аляксандр Антонавіч (20.1.1884, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Менскай вобл. - 29.6.1938), дзяржаўны і партыйны дзеяч Беларусі, вучоны, пісьменнік, публіцыст. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902), мед. ф-т Мэрылендскага ун-та ў ЗША (Балтымар, 1913). Настаўнічаў у сельскіх школах. Удзельнік агр. рэв. руху ў 1905-06 на Беларусі. Адзін з арганізатараў нелегальнага настаўніцкага з'езду 9.7. 1906 у Мікалаеўшчыне, які быў разагнаны паліцыяй. У канцы 1906 эміграваў у ЗША. 3 1908 чл. рус. аддзела амерыканскай сацыяліст. партыі, супрацоўнічаў у рус. рэв. прэсе. Займаўся мед. практыкай. У 1917 праз Японію трапіў на Д.Усход. Быў на сав. і прафс. рабоце, удзельнічаў у партыз. руху, працаваў нам. міністра нар. асветы Далёкаўсх. Рэспублікі. З 1920 камісар земляробства ў Хабараўску. З 1921 наркам аховы здароўя БССР. З 1923 на парт. рабоце ў Менску, Барысаве і Віцебску. У 1924-26 заг. бел. сектара Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду ў Маскве. З 1926 дацэнт БДУ, з 1928 рэктар Камуніст. ун-та Беларусі імя Леніна, адначасова заг. аддзелаў друку, культуры і прапаганды ЦК КП(б)Б У 1931-32 працаваў у Ін-це л-ры і мастацтва Бел. АН. З 1932 дырэктар Ін-та гігіены і сані-тарыі Наркамата аховы здароўя РСФСР, з 1933 заг. сектара Міжнар. ленінскай шко-лы, з 1935 г. ва Ўсесаюзным радыёкамітэце. Чл. ЦК КП(6)Б у 1927-32, канд. у чл. Бюро з 1928, чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1930-31. Канд.у чл. ў 1922-24, чл. ЦВК БССР у 1921-22, 1927-31. У сваіх працах аддаў даніну вульгарнаму сацыялагізму. 10.1.1938 неабгрунтавана арыштаваны, у чэрв. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г. Прататып доктара Сташынскага ў рамане А. Фадзеева «Разгром», Алеся Садовіча ў рамане Я. Коласа «На ростанях» і Баса-Грэнкі ў п'есе Я. Коласа «Забастоўшчыкі».


Рада ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"

18 студзеня ў Менску адбылося планавае паседжанне Рады ТБМ.

Рада заслухала справаздачу старшыні ТБМ Алега Трусава (гл. ст. 2.).

Рада разгледзела план працы ТБМ на 2009 год. У праект плана быў унесены шэраг зменаў і дапаўненняў.

Рада зацвердзіла заяву "Аб вяртанні дзяржаўнай беларускай мовы на экраны БТ".

Чацвёртым Рада разгледзела пытанне "Аб заснаванні Рэдакцыйна-выдавецкай установы "Верасень" грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" і заснаванні часопіса "Верасень". Рада пастанавіла:

1. Заснаваць Рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову "Верасень" грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (скарочаная назва - "Рэдакцыйна-выдавецка ўстанова "Верасень");

2. Зацвердзіць Статут Рэдакцыйна-выдавецкай установы "Верасень" грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны;

3. Заснаваць часопіс "Верасень";

4. Прызначыць дырэктарам Рэдакцыйна-выдавецкай установы "Верасень" грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" і рэдактарам часопіса "Верасень", сябра ТБМ Кацярыну Маркоўскую...

Такім чынам 18 студзеня 2009 года быў заснаваны яшчэ адзін беларускі літаратурны часопіс, які будзе скіраваны ў асноўным на моладзевую аўдыторыю.

Цяпер справа за рэгістрацыяй установы і часопіса ў дзяржаўных структурах.

Рада даручыла Сакратарыяту адрэдагаваць шэраг заяў у дзяржаўныя органы. Адна з заяў прысвечана сітуа-цыі з беларускамоўнай адукацыяй. Рада канстатавала, што становішча ў гэтай сферы крытычнае. Далей адступаць няма куды. Выказваліся думкі пра неабходнасць масавых акцый ТБМ за беларускамоўную адукацыю. Было адзначана, што ўлада сама не выконвае ўласных рашэнняў па гэтым пытанні. Так не выкананай застаецца пастанова Міністэрства адукацыі 2000 года, паводле якой у кожным горадзе Беларусі павінна быць адкрыта беларускамоўная гімназія. Як было адзначана на Радзе, такая гімназія адкрыта толькі ў Менску. А ў нашай сітуацыі пытанне беларускамоўнай адукацыі - гэта пытанне нацыянальнай бяспекі, пытанне незалежнасці і суверэнітэту краіны. Сыходзячы з гэтага будзе ладзіцца дзейнасць ТБМ у 2009 і наступных гадах.

Наш кар.


Справаздача старшыні ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алега Трусава "Аб дзейнасці ТБМ за 2008 год"

Шаноўнае спадарства!

Падрабязную інфармацыю аб дзейнасці ТБМ за апошнія тры гады паміж з'ездамі я зрабіў на апошнім Х з'ездзе ТБМ 26 кастрычніка 2008 г. Яна надрукаваная ў "Нашым слове" № 44 за 29.10. 2008 г. Зараз я хачу падвесці вынікі мінулага года, улічваючы і яго апошнія месяцы.

Галоўным кірункам дзейнасці ТБМ было змаганне за пашырэнне беларускамоўнай інфармацыйнай прасторы ў СМІ, навучальных установах, транспарце, візуальным афармленні нашых гарадоў і вёсак. Дзякуючы ТБМ, у ВНУ захаваны абавязковы курс "Беларуская мова. Прафесійная лексіка", а гісторыю і геаграфію ў рускамоўных школах са згоды бацькоў, вучняў і настаўнікаў зноў можна выкладаць па-беларуску.

Напрыканцы жніўня 2006 года ўлады абвясцілі пра будучыя змены ў беларускім правапісе, але абмеркавання ў грамадстве па гэтым пытанні не прапанавалі. Дзякуючы нама-ганням ТБМ, такое абмерка-ванне адбылося ў нашай сядзібе. Прапанаваныя дадаткі і заўвагі былі накіраваныя ў Адукацыйную камісію Палаты прадстаўнікоў. Некаторыя з іх былі ўлічаны, і, дзякуючы гэтаму, апошняя версія Закона, прынятая ў мінулым годзе, стала больш прыдатная для карыстання.

Каб крочыць у нагу з часам мы стварылі новы сайт ТБМ, захаваўшы пры гэтым стары, на якім змешчаны Статут ТБМ у новай рэдакцыі. З ім можа пазнаёміцца кожны ахвочы. Таксама з'явіўся сайт Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, на якім можна азнаёміцца з апошнімі нумарамі газеты "Наша слова".

Некалькі слоў пра поспехі Таварыства ў рэалізацыі адной з ідэй у сферы СМІ. Вы памятаеце, як 4 гады таму мы ў "Стратэгіі развіцця беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі" запісалі ў якасці адной з задач - ства-рэнне беларускамоўнага спадарожнікавага тэлеканала. З нашай ініцыятывы распачалося грамадскае абмеркаванне гэтай ідэі. Шмат хто заяўляў пра тое, што гэта ўтапічная ідэя. Аднак, як кажуць, добра смяецца той, хто смяецца апошні. 10 снежня 2007 года пачаў сваё вяшчанне тэлевізійны спадарожнікавы беларускамоўны канал "Белсат", які можна гладзець кожны дзень па спадарожніках "Астра" і "Сі-рыюс". Напрыканцы мінулага года была створана кансультацыйная рада тэлеканала "Белсат", якую ўзначаліў былы кіраўнік Беларускай дзяржаўнай тэлерадыёкампані, сябра Рады ТБМ, паэт Генадзь Бураўкін. Зараз праграму пера-дач "Белсат пачалі друкаваць у газетах "Народная воля", "Наша Ніва", "Новы час".

У мінулым годзе, дзякуючы намаганням Аляксея Караля і намесніка старшыні ТБМ Алены Анісім, зноў рэгулярна пачала выходзіць другая газета ТБМ (заснаваль-нік Мінская гарадская арганізацыя ТБМ) "Новы час". У ёй таксама па магчымасці друкуецца літаратурны дадатак "Беларусь літаратурная", які рыхтуе да друку Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Дзякуючы нашым захадам, зараз гучаць у эфіры дзве цалкам беларускамоўныя радыёстанцыі "Еўрапейскае радыё для Беларусі" і "Радыё Рацыя"; загаварылі па-беларуску "Нямецкая хваля" і "Радыё Швецыі", пашырылася сфера выкарыстання беларускай мовы на транспарце; родная мова загучала ў метро, трамваях, аўтобусах, тралейбусах і электрацягніках. Уся філатэлістычная прадукцыя суправаджаецца тэкстамі на беларускай мове.

Мы стараемся, наколькі гэта магчыма, заўважаць і падтрымліваць рупліўцаў беларускай мовы, дасылаем лісты з падзякамі тым прадпрыемствам, якія пачалі выка-рыстоўваць роднае слова. Гэта розныя замежныя фірмы і беларускія прадпрыемствы. Мы ўдзячныя Міністэрству сувязі і інфарматызацыі, якое прыслухоўваецца і, па магчымасці, улічвае нашы прапановы па выпуску паштовай прадукцыі на беларускай мове. Шмат гадоў нам спрыяе Федэрацыя беларускіх прафсаюзаў, дзякуючы фінансавай падтрымцы якой мы маем магчымасць падпісаць шэраг раённых школьных бібліятэк, а таксама музеяў на "Наша слова", выпісаць іншыя беларускія выданні.

Жыццядзейнасць ТБМ, станоўчыя вынікі яго працы наўпрост звязаныя з пастаяннымі стасункамі ўнут-ры структуры - ад абласных арганізацый да кожнай суполкі і нават асобных сяброў; з іншымі грамадскімі арганізацыямі (ЗБС "Бацькаўшчына", Саюз беларускіх пісьменнікаў, ТБШ, ГА "Ветэраны адра-джэння", суполка мастакоў "Пагоня", грамадскі рух БНФ "Адраджэньне"); а таксама з уладнымі структурамі рознага ўзроўню.

У мінулым годзе працягваліся літаратурныя сустрэчы пісьменнікаў з менчукамі. Яны адбываліся на ся-дзібе ТБМ, у школах, навучальных установах, бібліятэках Менска. Тыя, што праходзяць на сядзібе ТБМ, загадзя анансуюцца ў незалежных СМІ: газетах "Наша слова", "Народная воля", "Наша ніва", "Новы час". Усяго мяркуецца правесці 108 літаратурных сустрэч з тымі сябрамі творчага Саюза, чые творы выключаны са школьных падручнікаў, а таксама з тымі, каму Міністэрства адукацыі адмовіла ў праве выступу ў навучальных установах. Сярод іх В. Іпатава, У. Някляеў, С. Законнікаў, Г. Бураўкін, У. Арлоў, Э. Акулін ды іншыя. Вызначаныя 12 тэмаў, у прыватнасці : "Ягелоны - беларуская дынастыя", "Выдавецкія дасягненні ў беларускай літаратуры", "Беларуская літаратура і свет", "Наша спадчына і сучасны літаратурны працэс", "Паэзія і песня - два крылы творчасці" і інш. Літаратурныя сустрэчы спрыяюць пашырэнню шэрагаў сяброў ТБМ, стварэнню новых суполак у Менску. Сярод прысутных заўжды шмат моладзі. Слухачы атрымліваюць бязвыплатна шмат асобнікаў розных цікавых кніг і брашураў, нумароў газеты "Наша слова" і "Народнай волі".

Паспяхова праходзілі заняткі семінара "Я магу жыць лепей" (Людміла Дзіцэвіч), курсы беларускай мовы (Алена Анісім). У сядзібе ТБМ рэгулярна ладзіліся мастацкія выставы і прэзентацыі розных беларускіх выданняў.

На курсах беларускай мовы, якія ладзіць Алена Анісім, прысутныя спасцігаюць навуку быць беларусамі: знаёмяцца з каляндарна-аб-радавымі святамі, даведваюцца пра цікавыя, але слаба вядомыя мясціны ў Беларусі, практыкуюцца ў карыстанні беларускай мовы у розных сітуацыях і інш. І з гэтага практычнага досведу выразна праступае наступная задача ТБМ - неабходнасць стварэння беларускамоўных асяродкаў, магчыма ў выглядзе розных клубаў ці нечага падобнага. А калі гладзець далей і шырэй - арганізацыя моладзевага руху ўнутры ТБМ. Вядома, без залішняй фармалізацыі, але з рэальнымі цікавымі для мола-дзі справамі і акцыямі. Гэта, у сваю чаргу, дапаможа вырашыць справу з кадрамі.

Акрамя таго, на гэтых курсах вырашана распачаць працу над стварэннем размоўнікаў "Як гэта сказаць па-беларуску". Удзельнікі курсаў рыхтуюць беларускую частку. А для ажыццяўлення перакладных частак - нямецкай, італьянскай, шведскай, англійскай - будзем шукаць партнёраў.

З 1 кастрычніка ТБМ у супрацоўніцтве з ЗБС "Бацькаўшчына", Саюзам беларускіх пісьменнікаў і іншымі грамадскімі арганізацыямі бярэ ак-тыўны ўдзел у грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма". У аснове акцыі - пашырэнне ўяўлення маладых пра сябе як прадстаўніка беларускай нацыі, пачуванне сябе беларусамі. Лічым, што менавіта сёлета, у год чарговага перапісу насельніцтва, вельмі важна несці ў народ род-нае слова. У межах кампаніі Тава-рыства арганізавала сустрэчы ў розных гарадах Беларусі: Менску, Баранавічах, Лідзе, Наваполацку, Магілёве, Ва-ложыне, а таксама ў Дзятлаўскім, Лідскім, Нясвіжскім, Менскім і іншых раёнах.

Да 200-х угодкаў В. Дуніна-Марцінкевіча, якія адбыліся 4 лютага 2008 года, мы падрыхтавалі і выдалі кі-шэнны каляндар на 2008 год. Па нашай прапанове ўлады выдалі паштовую марку і адмысловы канверт з выявай класіка беларускай літаратуры, у Бабруйску быў пастаўлены адпаведны помнік.

Да пачатку 2008-2009 навучальнага года у сувязі з 220-мі ўгодкамі Івана Насовіча пабачыў свет кішэнны каляндар ТБМ, прысвечаны аўтару першага слоўніка беларускай мовы.

Быў адноўлены выпуск адрыўнога беларускамоўнага календара "Родны край" на 2009 г. Ён паступіў у продаж у верасні месяцы і хутка разышоўся.

У красавіку 2008 г. улады Беларусі падвысілі арэндную плату за офісы ТБМ у 10 (!) разоў. Такім чынам, існаванне нашай арганізацыі стала праблематычным. Мы мусілі адмовіцца ад аплаты сядзібы ТБМ у Салігорску і звярнуліся праз СМІ да грамадзян Беларусі па фінансавую дапамогу.

Мы вельмі ўдзячныя рэдакцыям газет "Наша Ніва, "Новы Час", "Беларусы і рынак", "Белгазета", "Народная Воля" за друкаванне нашых зваротаў з нумарам нашага банкаўскага рахунка. І людзі адгукнуліся, неслі і дасылалі свае ахвяраванні і складкі. Дзякуючы ім мы існуём у сённяшніх умовах і змаглі правесці з'езд. Аднак нашу працу па зборы фінансавых сродкаў трэба змяніць і максімальна актывізаваць. Каб нармальна існаваць і выдаваць "Наша слова" нам неабходна штомесяц мець на рахунку 5 млн. рублёў . Гэта значыць, што кожны сябар ТБМ павінен ахвяраваць на нашу дзейнасць 1000 рублёў у месяц. Грошы невялікія, але іх трэба збіраць і пераводзіць на наш рахунак да 20 чысла кожнага месяца. Зараз трэба распачаць збор сяброўскіх складак за 2009 год, асабліва ўлічваючы дэвальвацыю беларускага рубля і павышэння ў сувязі з гэтым на 20 і болей адсоткаў арэнднай платы.

З нагоды 90-х угодкаў абвяшчэння БНР ТБМ пры-няла актыўны ўдзел у напісанні першай Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі. Мера-прыемства было праведзена ў сакавіку ў розных гарадах і вёсках Беларусі, а таксама ў замежжы. У дыктоўцы бралі ўдзел дыпламаты з розных краінаў, якім мы, карыстаючыся нагодай, выказваем шчырую падзяку.

Спадзяюся, што напісанне ў лютым, сакавіку гэтага года беларускай дыктоўкі стане штогадовай традыцыяй і ў ёй будуць браць удзел усё болей людзей.

У 2009 годзе адбудзецца чарговы перапіс насельніцтва, і мы павінны нагадаць грамадзянам Беларусі аб іх роднай мове і мове штодзённага ўжытку. Таму мы і прымаем зараз актыўны ўдзел у кампаніі "Будзьма беларусамі".

У кастрычніку мінулага года адбыўся чарговы Х з'езд ТБМ. У ім узялі ўдзел 106 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. З'езд прыняў наступныя дакументы: зварот да ўладаў і грамадзян Беларусі з нагоды 600-годдзя Грунвальдскай бітвы, зварот да ўладных структур аб неабходнасці ўнясення зменаў у закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", зварот да грамадзян Беларусі у сувязі з перапісам насель-ніцтва, які мае адбыцца ў 2009 годзе, а таксама рашэнне "Аб святкаванні 20-годдзя Таварыства беларускай мовы".

Пружанская раённая арганізацыя ТБМ, дэлегаты з'езда ўнеслі прапанову аб неабходнасці прыняцця заявы " Аб вяртанні дзяржаўнай беларускай мовы на экраны Беларускага тэлебачання". Сёння вашай увазе прапану-ецца праект гэтага дакумента, які нам належыць прыняць.

На наш зварот аб неабходнасці зменаў у закон "Аб мовах" мы атрымалі станоўчыя адказы ад уладных структур, у якіх паведамляецца аб тым, што ў 2010 годзе будзе разгледжана пытанне аб удаскана-ленні заканадаўства Беларусі, якое рэгулюе выкарыстанне дзяржаўных моваў, і даслалі нам адпаведныя праекты. За-раз мы павінны трымаць гэтую справу на грамадскім кантролі.

Пад час з'езда адбыліся выбары Рады ТБМ, Рэвізійнай камісіі. Былі абраны два новыя намеснікі старшыні ТБМ Ірына Марачкіна і Дзяніс Тушынскі, а таксама новы старшыня Рэвізійнай камісіі ТБМ - Леанарда Мухіна. Змянілася кіраўніцтва і ў нека-торых рэгіянальных арганізацыях ТБМ: Гарадзенскай абласной, Наваполацкай гарадской і іншых.

Зараз на тэрыторыі Беларусі 110 рэгіянальных структур ТБМ, з іх 56 зарэгістраваныя. Яны налічваюць каля 6000 чалавек. Наша задача гэтую колькасць захаваць і павялічыць. А перадусім, ва ўсіх структурах весці канкрэтную працу па вяртанні дзяржаўнай беларускай мовы ва ўсе сферы дзейнасці грамадства, у асветныя ўстановы. Засяроджваю вашу ўвагу на гэтым у сувязі з тым, што літаральна днямі мы атрымалі вельмі трывожныя, але праўдзівыя звесткі пра стан спраў з роднай мовай у школах краіны.

На пачатак 2008-2009 навучальнага года колькасць вучняў усіх тыпаў школ складае 1 064 466, у тым ліку у школах з беларускай мовай навучання - 195 592 (18,4% ад агульнай колькасці), з рускай мовай навучання - 792 535 вучняў (74,4%)

У параўнанні з мінулым навучальным годам колькасць агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання паменшылася на 1,7%.

У бягучым навучальным годзе ў першых класах навучаюцца 91 290 вучняў, з якіх 73 579 (83,3% ад агульнай колькасці) навучаюцца на рускай мове, 14712 (16,7% ) - на беларускай.

З агульнай колькасці навучэнцаў першых класаў агульнаадукацыйных устаноў, якія знаходзяцца ў гарадской мясцовасці, на беларускай мове навучаюцца 1,9 %, на рускай - 98,0%. Па сельскай мясцовасці гэтыя паказчыкі наступныя: на беларускай мове навучаюцца 68,6% вучняў, на рускай - 31,4%.

Некалькі слоў пра фінансавую дзейнасць ТБМ.

На працягу ўсяго перыяду на рахунак паступiла 33 230 677 рублёў. З iх ахвяраваннi саставiлi 25 976 940 руб., складкi - 7 253 737 руб.

З гэтых сродкаў былi зроблены наступныя выплаты на агульную суму 32 680 911 руб.:

- арэнда памяшкання i камун.паслугі -24 463 231 руб.;

- тэлефон - 913 069 руб.;

- аплата працы - 1 286 910 руб.;

- аплата у ФСАН - 497 051 руб.;

- аплата падпіскі друк-аваных СМІ - 1 429 267 руб.;

- арэнда памяшкання i камун.паслугі за Гомельскую і Салігорскую арганізацыі - 2 675 255 руб.;

- аплата за ваду - 77 256 руб.;

- аплата канферэнц-залы - 614 167 руб.;

- аплата падаходнага падатку - 380 691 руб.

- іншыя выплаты - 344 014 руб.

Выдаткі на дзейнасць ГА ТБМ склалi 27 501 672 руб., яны былi спiсаны за кошт паступiўшых ахвяраванняў i складак.

Я жадаю Вам усім плёну ў Вашай нялёгкай працы. Жыве беларуская мова і жыве наша незалежная Беларусь!


Заява Рады ГА ТБМ

"Аб вяртанні дзяржаўнай беларускай мовы на экраны БТ"

У апошнія гады беларуская мова выцеснена з усіх тэлеканалаў Беларускай дзяржтэлекампаніі. Атрымліваецца, што ў незалежнай дзяржаве - Рэспубліцы Беларусь - няма дзяржаўнага ўласнабеларускага тэлебачання, мова карэннага насельніцтва ў тэлеэфіры практычна адсутнічае. Такую сітуацыю нельга разглядаць іначай як дыскрымінацыю беларусаў па мове, што з'яўляецца грубым парушэннем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Між тым, у суседняй з намі Расіі ў ліпені 2008 г. прынята ўрадавая пастанова аб ахове і пашырэнні рускай мовы. Цікавай з'яўляецца моўная практыка ў Казахстане, дзе руская мова мае статус афіцыйнай. Тэлебачанне ў Казахстане прадугледжвае вяшчанне на дзяржаўнай казахскай мове не менш за палову эфірнага часу на кожным канале.

Рада ТБМ лічыць, што ў перадачах дзяржаўнага тэлебачання Беларусі беларуская мова павінна гучаць не менш за палову эфірнага часу. Неабходна неадкладна распрацаваць Закон пра абарону і пашырэнне беларускай мовьк і прыняць яго да пачатку дзеяння новых арфаграфічных правілаў. Гэта паспрыяе ўмацаванню незалежнасці Рэспублікі Беларусь і надасць дынамічнасці яе духоўнаму і культурнаму адраджэнню.


Абвестка

24 студзеня (субота) 2009 г. у 11.00 на сядзібе ТБМ (вул. Румянцава, 13, Менск) адбудзецца прэзентацыя кнігі калектыву аўтараў "История имперских отношений. Беларусы и русские. 1772 - 1991". Уваход вольны.


Віншаванні ТБМ

Вясёлых Калядаў і шчаслівага Новага Года!

Шчыра Ігар Ліхавы, Пасол Украіны.

* * *

З Калядамі і Новым годам!

Амбасада Швецыі.

* * *

У чаканні надыходзячых Калядаў і Новага Году поўныя надзеяў глядзім у будучыню.

Жадаем здароўя, добрага настрою, здзяйснення ўсіх мараў, поспехаў у працы і прыемных нечаканасцяў.

Старшыня Ўправы Яўген Вапа.

Намеснік Старшыні Ўправы Пётр Янкоўскі.

Беларускае радыё Рацыя.

* * *

Шаноўны Алег Анатольевіч і сябры ТБМ!

Шчыра віншуем Вас з Новым 2009 годам і святам Божага Нараджэння!

Жадаем Вам магутнага здароўя, аптымізму, непахіснай веры, мужнасці і трываласці ў служэнні Бацькаўшчыне!

Няхай Божая ласка, цяпло і спакой агорне Ваша сэрца.

Няхай усе Вашыя мары здзяйсняюцца!

З павагай,

Камітэт абароны рэпрасаваных "Салідарнасць".

* * *

Паважаны спадр Алег і спадарыня Ірына!

Віншую Вас, ТБМ, "Наша слова" з Новым 2009 годам і Калядамі.

Жадаю добрага здароўя вам і вашым родным.

Жадаю вам поспехаў у вашай дзейнасці на карысць Беларусі, беларускай мовы і культуры.

Марыя Сафро, Масква.

З Нараджэннем Хрыстовым і Новым годам!

Амбасада Славакіі.

* * *

Магілёўская гарадская арганізацыя Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны

ПАВАЖАНЫ АЛЕГ АНАТОЛЕВІЧ!

ШАНОЎНАЯ ІРЫНА СЯРГЕЕЎНА!

ДАРАГІЯ СЯБРЫ РЭСПУБЛІКАНСКАЙ РАДЫ ТБМ!

Радасна і шчыра вітаем вас і віншуем з Новым годам і Раством Хрыстовым!

Верым у плён нашай працы і нястрымны рух адраджэння Бацькаўшчыны. Наша мова будзе гучаць у поўнай моцы і прыгажосці і несці ў свет духоўны патэнцыял адукаванага, таленавітага і нязломнага беларускага народу.

Маючы вялікую пашану да Вашай працы, хочам пажадаць вам здароўя, шчасця, дабрабыту і чароўных святаў!

Хай ціхае святло чалавечай удзячнасці дапаможа вам пераадолець складаныя хвіліны жыцця.

Поспехаў у працы, здзяйснення планаў, асабістых перамог і дасягненняў, шчаслівых хвілін у жыцці!

Праўды, дабрыні і веры.

Старшыня Дзьячкоў Алег.

* * *

Дарагія сябры!

Я віншую вас усіх з Новым годам, які чакаецца лепшым і свабаднейшым, чым папярэднія цяжкія гады змагання за беларускую ідэю і сапраўдную нацыянальную дзяржаву. Якраз жа нашае супраціўленне, нашая нязломная вера і святло любові не далі за гэтыя гады знішчыць родную мову, растварыць Беларусь як самастойную краіну і зрабіць яе адной з расейскіх правінцый. Я пасылаю вам сваю любоў, сваё шчырае захапленне вашай мужнасцю і ўсім, што вы робіце ў такіх складаных варунках і спадзяюся на тое, што мы
зробім разам яшчэ шмат патрэбных і важных спраў.

Пра кожнага з вас можна пісаць ар-тыкулы і нататкі, і я спадзяюся на тое, што Бог дасць мне сілы занатаваць для нашчадкаў Вашыя справы ў час вялікіх гістарычных выпрабаван-няў. Кожны з вас на сваім месцы, кожны патрэбны Беларусі і кожны працуе за сотні, калі не за тысячы раўнадушных, знявераных альбо і злачынна-варожых да ўласнай маці-краіны асоб. У кожнага з нас ёсць сем'і, дарагія нам людзі. Няхай усім ім - усім нам - новы год прынясе палёгку і новыя здзяйсненні. А можа, найбольш патрэбную для ўсіх простую рэч - радасць жыцця, радасць кожнага новага дня і добрае здароўе.

Заўсёды з вамі душой і сэрцам - Вольга Іпатава, Канада.


Ля гэтых карцін

Спроба партрэта Алеся Цыркунова

Каб днела ў галовах

І каб у душах агонь займаўся -

Вось яно мастака прызначэнне.


Убачыць, што Бог стварыў,

А пасля увасобіць гэта ў карціне -

Вось штодзённы ўступны экзамен майстра.


У майстэрні не толькі мастак працуе,

Тут і Богі адначасова

Спраўляюць свой пір.


Мастацтва, шчырае мастацтва

Было ва ўсе вякі

На ўзроўні сонца, месяца і зорак.


Рухомыя душой,

Рука і пэндзаль мастака,

Шукаюць ісціну і дораць прыгажосць.


Вядома, карціны майстра - гэта квадрат,

Што трымаецца на трохкутніку:

Бог, Свабода, Радзіма.


Узор садружнасці

Радзімы, Творцы й майстра

У пэндзлі мастака схаваны.


Мастак, калі сапраўдны ён мастак, -

У час натхнення

З Творцам аднагодак.


Калі мастак малюе яблык,

Ў душы яго, вядома, -

Сад.


Явачныя мясціны

На праўду і прыгажосць -

Палотны шаноўнага майстра.


Калі намалюе мастак вугольчык,

Дык ён нібы сонейка

Намалюе.


За кубкам малака

У гэтым нацюрморце

Мне бачыцца бясконцы Млечны шлях.


На палатно каб душу перанесці,

А з палатна ды збудаваць рэальнасць...

О! Якім чароўным быў бы свет!


Побач з пэцканнем

Шарамыжніка-шарлатана

Майстра свой не размесціць твор.


Як сонца струмень, як ветра павеў,

Пэндзаль маэстра -

Чароўна-непрадказальны.


Пры шырокай душы мастака

Самы маленькі эцюд яго

Расшырае і раму, й прастору залы.


Яго карціны -

Болей, чым карціны;

Яны - нібыта сімвалы бясконцасці жыцця.


Ля гэтых карцін

Можна вучыцца майстэрству аратара;

Вядома, у гонар Айчыны.


Ля гэтых карцін,

Бы ля замкавых сцен,

Пачуваеш сябе абароненым.


Каб адагнаць бяду ад Бацькаўшчыны,

Мастак свой талент-шчыт

Заўжды гатоў падставіць.


Расшаркваецца ён прад ўладамі ці не,

Заўжды відаць па рухах

Пэндзля мастака.


А хто сказаў, што ў яго няма майстэрні?!

Яна - паўсюль,

Дзе вока, пэндзаль, палатно і фарбы.


Спачатку - Бог,

Затым - душа,

А потым - палатно і цюбік з пэндзлем.


Карціны мастака -

Не толькі ў майстэрні, залах...

Яны - яшчэ і ў душах гледачоў.


Жэсты сэрца рука пераводзіць на пэндзаль,

А пэндзаль малюе

"Вобразы мілыя роднага краю".


І душа яго, і Радзіма ў ёй

З кожным пэндзлявым рухам

Ачышчаюцца, прасвятляюцца.


Усяго толькі пэндзаль,

А як ён у майстра руцэ

Цераз палотны раўняе нам душы.


Калі перавесці гэтыя фарбы ў словы,

Дык атрымаецца

Беларускі тэкст.


І пэндзлямі мастакоў-патрыётаў

Падвышаецца беларускае

Неба.


Дабро, Радзіму, Прыгажосць

У нашых душах

Замацоўвае мастак.


У колерах, танах, напаўтанах,

Як і ў тэматыцы карцін

Натхнёнасць у яго

ў асноўным бел-чырвона-белая.


Цаліннасць і залежнасць нашых душ

Мастак, нібыта плугам,

Уздымае пэндзлем.


Камуна-фашыстоўскія парадкі

Ірвуць між небам і зямлёю сувязь...

І гэта нам паказвае мастак.


Сягоння, як заўсёды,

Сягоння па зарэз

Патрэбны Беларусі патрыёты-мастакі.


Мастак з душой малюе зброю,

З якою мы не нападалі,

З якою баранілі мы сябе.


Калі няма ў пэндзля ззяння неба,

Тады дрымучая зямнота

Перад намі.


Адны, як ён, сваім мастацтвам

Дабро даруюць людзям,

Другія ж - ад людзей яго скрадаюць.


Фарбы тады між сабой варагуюць,

Калі сапсаваны парадак

У мастака ў душы.


Можа, і купіць які выстаўкам

Карціну якога сапсутага, порсткага,

А ці Творца зірне на яе?!


Дух многіх юркіх мастакоў

Не толькі спіць, але ўва ўсю

Пахрапвае са свістам.


Калі няма душы у фарбах,

Дык перад намі - месіва,

Не болей.


Хто маляваў "апякуна" народа,

Той маляваў сябе -

Прыслужніка тырана.


Не замалёўвае, не падмалёўвае мастак

Жыцця скрыжалі;

Ён іх паказвае, ён раскрывае іх.


За межамі бухты-барахты

Не працуе й маляр сапраўдны;

Дык што гаварыць пра сапраўднага мастака?!


А цёмныя фарбы майстра,

Як цёмная ноч,

Робяць вострым, прасветленым дух гледача.


Пэндзаль майстра...

Ён сёння - нібыта пяро жар-птушкі,

А ўчора - бы пёрка

з крыла падбітага лебедзя.


Так, Творца нянчыць мастака,

Мастак жа - тэмы і сюжэты,

Ну а карціны - гледачоў.


І што ні гавары,

А беларускіх мастакоў

Заўсёды падбадзёрваюць

Скарына й Каліноўскі.


Просіць часам замазкі рама,

Часам просіць замазкі сцяна;

Ды не карціна майстра.


Глыбока памыляецца і той,

Хто прастадушша, ці вялікадушша, мастака

За прастату звычайную прымае.


Мастацтва - ад навукі,

Навука - ад мастацтва,

А першасны, вядома, - майстра.


Не толькі любіць адкрываць

сваю выставу Цыркуноў,

Ён іншых мастакоў нам адкрывае,

Вяртае іх нам з небыцця.


Што сам умееш, то - цудоўна,

Шчэ больш цудоўна і чароўна -

Умельствам з іншымі дзяліцца.


Пахі фарбаў мінаюць,

Застаецца адно толькі - майстра душа...

Вось яна перад намі.


І як не абсыпаюцца нябёсы,

Так не абсыплюцца і фарбы

З палотнаў майстра-мастака.


А што яшчэ дадаць пра Цыркунова?!

Даволі слоў!

Ідзіце на выставу!


2008 г.

Яўген Гучок


ЧЫТАНКА

для дзіцячага садка

У канцы 2008 г. у выдавецтве "Медысонт" у Менску па замове Міжнароднага грамадскага аб'яднання "Бацькаўшчына" выйшла кніга "Чытанка для дзіцячага садка", укладальнікі Вінцук Вячорка і Пётра Садоўскі, малюнкі Наталлі Гарбуновай.

«Чытанка» 2008 г. фармальна не звязаная з дзейнай цяпер праграмай дашкольнай адукацыі і адпаведна не ёсць метадычным дапаможнікам.

Аднак творы, уключаныя ў «Чытанку», могуць на жаданне бацькоў ці выхавальнікаў выкарыстоўвацца або непасрэдна для чытання, распавядання, завучвання на памяць, або як дапаможны матэрыял пры засваенні ведаў, выпрацоўцы навыкаў і ўменняў, знаёмстве з нашай краінай і малой радзімай дзяцей, прыродаю, прафесіямі, адзеннем, асабістай гігіенай і г. д. Ёсць творы, прыдатныя для ладжання святаў, спартовых і іншых гульняў. Бацькі самі выберуць тэксты, даступныя разуменню дзяцей з розным узроўнем ведання беларускай мовы.

Многія творы, уключаныя ў чытанку, знайсці па-за ёй без доступу ў фундаментальныя бібліятэкі цяжка. Шырока падаецца беларускі фальклор. Пры ўключэнні твораў іншых літаратураў, фальклору іншых народаў перавага аддавалася суседнім народам. Імёны перакладнікаў пададзеныя ў змесце, апроч выпадкаў, калі прозвішчы аўтараў перакладаў, што выйшлі ў 30-я - 50-я гады, не ўдалося высветліць, а таксама выпадкаў, калі творы пераклалі ўкладальнікі.

У «Чытанцы» захаваны дэталёвы падзел на ўзроставыя катэгорыі ад 3 да 6 гадоў (маленства - да 3-х гадоў, дашкольнае дзяцінства 3-4, 4-5, 5-6 гадоў), які дазволіць бацькам ці выхавальніку лягчэй зарыентавацца ў матэрыяле. У «Чытанцы» няма штучнага падзелу твораў на беларускія, рускія і замежныя. Часткова ў парадку закладзены каляндарны прынцып (ад восені да лета). Як правіла, жанры чаргуюцца. Калі пэўны твор прыдатны для розных узроставых групаў, у «Чытанцы» ён падаецца адзін раз - для малодшых. Асобныя тэксты падаюцца са скаротамі альбо прадстауленыя ўрыўкамі. Некалькі твораў адаптаваныя ўкладальнікамі.

Шырока ўлічаны досвед і выкарыстаныя здабыткі ўкладання першых - пачатку XX ст. - беларускіх зборнікаў для дзяцей наагул, для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў: Аляксандры Смоліч, Уладзіславы Луцэвіч, Леанілы Чарняўскай, Якуба Коласа, Язэпа Лёсіка...

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX