Вярнуцца: 2009

№ 05 (896)


Крыніца: pawet.net.



№ 5 (896) 4 ЛЮТАГА 2009 г.


Арсеню Лісу - 75

Арсень Ліс, навуковец, літаратар, нарадзіўся 04.02.1934 у в. Вётхава Маладзечанскага пав., Віленскага ваяводства (цяпер Смаргонскі раён Гарадзенскай вобласці). Сярэднюю адукацыю атрымаў у г. Смаргоні. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ (1956 г.) загадваў педкабінетам РАНА у г.п. Шаркоўшчына, паралельна выкладаў беларускую літаратуру ў старшых класах мясцовай школы. З лета 1957 года - рэдактар рэдакцыі "Мастацкая літаратура" Дзяржвыдавецтва БССР. З восені 1959 у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі. Доктар філалагічных навук, член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1967 г. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі за 1986 г.

Аўтар кніг пра вучоных, мастакоў, манаграфічных даследаванняў пра каляндарна-абрадавы фальклор беларусаў, сааўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў пра М. Доўнар-Запольскага, М. Гарэцкага, А. Смоліча, Б. Тарашкевіча, А. Уласава, Р. Шырму.

(Артыкул А. Ліса чытайце на ст. 4.)


80 гадоў Леаніду Лычу

ЛЫЧ Леанід Міхайлавіч (нарадзіўся 8 лютага 1929 года ў вёсцы Магільна Уздзенскага раёна Менскай вобласці). Доктар гістарычсных навук, прафесар. Сябра клуба "Спадчына".

Скончыў Башкірскі педагагічны інстытут (1957). Працаваў настаўнікам. З 1962 года - у Інстытуце гісторыі АН Беларусі. Даследаваў пытанні сацыяльна-класавых адносін у савецкі час, гісторыю беларускай культуры, моўную палітыку ў Беларусі ў ХІХ - ХХ стагоддзях, міжнацыянальныя адносіны ў Беларусі ў ХХ стагоддзі.

Л.Лыч з'яўляецца адным з аўтараў кніг: "Гісторыя Беларускай ССР", "Гісторыя рабочага класа БССР", "Гісторыя Мінска"; аўтарам манаграфій, сярод якіх "Беларуская нацыя і мова" (1994), "Назвы зямлі беларускай" (1994), "Гісторыя культуры Беларусі" (1996); аўтарам "Нарысаў гісторыі Беларусі" (1995). У 1992 - 1996 гадах Л.Лыч быў Старшынём Тапанімічнай камісіі пры Прэзідыюме Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

Л. Лыч дзейсна працуе на карысць Айчыны і ў шэрагу сяброў клуба "Спадчына". За самаахвярную працу ў рэчышчы грамадскай і навукова-асветніцкай дзейнасці на карысць нашай Бацькаўшчыны ганараваны ордэнам "Гонар Айчыны", Кубкам "Спадчыны" з выявай герба "Пагоні" з адпаведнымі дыпломамі. Занесены ў Кнігу гонару "Рупліўцы твае, Беларусь". У Старадарожскім музеі выяўленчага мастацтва экспануецца партрэт Лыча Л.М. (мастак Я.М.Ціхановіч).

* * *

Вельмішаноўны Леанід Міхайлавіч!

Сардэчна віншуем Вас, аднаго з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы, дзе цягам гадоў Вы плённа працавалі ў складзе Рады ТБМ, з паважным юбілеем, 80-годдзем з дня нараджэння. Беларуская мова, яе гаротны стан - крык Вашай душы, Ваш боль. Невыпадкова Вашаму пяру належыць шмат публікацый па розных аспектах беларускай мовы.

Нягледзячы на шаноўны ўзрост, Вы заўсёды ў першых шэрагах адраджэнцаў Беларушчыны. Гэта радуе і натхняе. ТБМ высока цэніць Ваш важкі ўнёсак у скарбонку айчыннай гістарычнай навукі, Вашу навуковую і нястомную грамадскую дзейнасць ды спадзяецца, што не далёка той час, калі плён працы доктара гістарычных навук, прафесара, аўтара соцень навуковых прац і манаграфій будзе належным чынам ацэнены дзяржавай.

Хай спраўдзіцца Ваша самая пракаветная мара!

Сакратарыят ТБМ,

Рэдакцыя "Нашага слова".

(Выказванні сяброў пра Леаніда Лыча чытайце на ст. 4.)


Што будзе з беларускамоўнай адукацыяй?

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мбвы"

Трусаву А.

Шаноўны спадар Алег!

У Міністэрстве адукацыі разгледжаны Ваш чарговы зварот. Паведамляем наступнае.

На пачатак 2008/2009 навучальнага года колькасць агульнаадукацыйных устаноў у рэспубліцы (уключаючы школы-інтэрнаты) - 3 672 , у тым ліку з беларускай мовай навучання - 1979 (53,9 % ад агульнай колькасці), з рускай мовай навучання - 1535 (41,8%), з беларускай і рускай мовамі навучання - 155 (4,2%). У дзвюх школах навучанне здзяйсняецца на польскай мове, у адной - на літоўскай.

Колькасць вучняў у агульнаадукацыйных установах усіх тыпаў на пачатак 2008/2009 навучальнага года - 1 064 466, у тым ліку ў агульнаадукацыйных установах з беларускай мовай навучання - 195 592 вучні (18,4 % ад агульнай колькасці), з рускай мовай навучання - 792 535 вучняў (74,4%).

У параўнанні з мінулым навучальным годам колькасць агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання паменшылася на 1,7%.

У бягучым навучальным годзе ў першых класах навучаюцца 91 290 вучняў, з якіх 73 579 (83, 3% ад агульнай колькасці) навучаюцца на рускай мове, 14 712 (16,7%) - на беларускай.

З агульнай колькасці навучэнцаў першых класаў агульнаадукацыйных устаноў, якія знаходзяцца ў гарадской мясцовасці, на беларускай мове навучаюцца 1,9%, на рускай - 98,0%. Па сельскай мясцовасці гэтыя паказчыкі наступныя: на беларускай мове навучаюцца 68,6% вучняў, на рускай - 31,4%.

Звяртаем Вашу ўвагу на тое, што вызначэнне статуса школ або класаў па мове навучання здзяйсняецца па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў з улікам пажаданняў вучняў ці іх законных прадстаўнікоў.

Намеснік Міністра К.С. Фарыно.


Паступовая ліквідацыя адукацыі на беларускай мове - пагроза для нацыянальнай бяспекі краіны

Заява Рады ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

На працягу апошніх 14 гадоў у Беларусі адбываецца няўхільнае скарачэнне колькасці беларускамоўных школаў, класаў, дзіцячых садкоў. З году ў год змяншаецца колькасць вучняў, якія навучаюцца па-беларуску, колькасць дашкольнікаў, якія чуюць беларускую мову ў садках, колькасць студэнтаў, якія слухаюць беларускамоўныя лекцыі ў ВНУ. З году ў год змяншаецца колькасць вучняў, якія ідуць у беларускамоўныя першыя класы. Па звестках Міністэрства адукацыі на пачатак 2008-2009 навучальнага года ў агульнаадукацыйных установах з беларускай мовай навучання ўсіх тыпаў вучыцца 18,4% вучняў. У гарадскіх школах краіны ў першых класах на беларускай мове вучыцца толькі 1,9% вучняў. Фактычна, мы перажываем жорсткі крызіс моў-най і нацыянальна-культурнай самабытнасці нашага народу.

Негатыўныя тэндэнцыі ў беларускамоўнай адукацыі яшчэ ў 2001 годзе былі прызнаныя Міністэрствам адукацыі, якое для паляпшэння сітуацыі 27 жніўня выдала Пастанову № 48 з "Праграмай дадатковых мер па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі". Аднак гэтая Пастанова і Праграма засталіся, за некаторым выключэннем, толькі на паперы, як засталіся на паперы і праграмы абласных выканаўчых камітэтаў аналагічнага зместу.

Разам з тым беларускае грамадства рэальна страчвае навыкі беларускага маўлення. Губля-ецца нацыянальная тоеснасць і адметнасць. Па сутнасці, ствараецца касмапалітычны соцыум, што ў эпоху глабалізацыі нясе рэальную пагрозу існаванню беларускага этнасу і беларускай дзяржавы.

У сувязі з гэтым Рада ТБМ:

- выказвае крайнюю занепакоенасць тымі наступствамі, якія нясе Беларусі страта моўнай самабытнасці;

- заяўляе рашучы пратэст супраць бяздзеяння ўладаў у галіне беларускамоўнай адукацыі і патрабуе неадкладна вярнуцца да поўнага выканання "Праграмы дадатковых мер па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі" 2001 года;

- канстатуе гатоўнасць усіх арганізацыйных структур ТБМ краіны аказаць на месцах самую дзейсную дапамогу ўстановам адукацыі ў выкананні вышэйназванай Праграмы;

- звяртаецца да ўсіх грамадзян Беларусі, асабліва да бацькоў будучых першакласнікаў, каб яны ўжо зараз падавалі заявы аб жаданні навучаць сваіх дзяцей на беларускай мове.

- прапануе беларускім студэнтам таксама патрабаваць з верасня гэтага года беларуска-моўнага навучання і аб'ядноўвацца ўжо зараз у адпаведныя групы і плыні ў сваіх ВНУ.

Крызіс нацыянальнай самабытнасці беларускага этнасу не менш страшны і цяжкі, чым любы фінансавы або эканамічны, і патрабуе самай пільнай увагі з боку дзяржавы і ўсяго грамадства.


Рыцар Беларусі

Семідзесяціпяцігадовае жыццё прафесара Міколы Савіцкага ёсць выдатны для сучаснікаў прыклад мужнасці, смеласці, адвагі, самаахвярнасці і бескарыснасці. Час і яго дзеянні паказваюць і сумленнасць, і настойлівасць, і ўпартасць у дасягненні сваёй мэты. Мэта - гэта нацыянальная ідэя. Ён адзін з абаронцаў і адстойвальнікаў яе, усведамляючы, што толькі дзякуючы ёй краіна можа стаць заможнай і незалежнай. Гэта толькі яна цэментуе, яднае, сплочвае народ у нацыю. Стрыжнем яе - ёсць родная беларуская мова.

Вучоны ў галіне эканамічнай інфарматыкі. З'яўляецца адным з пачынальнікаў развіцця машыннай апрацоўкі эканамічнай інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Стваральнік і арганізатар першай кафедры "Механізацыі ўліку і вылічальнай тэхнікі" у Беларусі. Мае больш сотні грунтоўных навуковых прац. Сярод іх - падручнік "Техника вычислений», які вытрымаў тры выданні ў Маскве. Па ім звыш дваццаці гадоў займаліся студэнты ўсіх тэхнікумаў эканамічнага профілю былога СССР. А для студэнтаў ВНУ выдаў падручнік "Вычислительные машины и программирование». Аўтар першага "Руска-беларуска-англійскага слоўніка па інфарматыцы і вылічальнай тэхніцы". Для ВНУ выдаў на беларускай мове вучэбныя дапаможнікі: "Тэхналогія арганізацыі, захоўвання і апрацоўкі даных" і "Эканамічная інфарматыка і вылічальная тэхніка".

З пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя Мікола Савіцкі рашуча стаў прыхільнікам выканання Дзяржаўнай праграмы па ўкараненні Закона аб мовах, бо гэты закон адпавядаў развіццю нацыянальнай ідэі. Адзіны, хто выкладаў ва ўніверсітэце прадметы па інфарматыцы пабеларуску. Выкладаў да апошняга дня, калі ўжо крута памяняліся адносіны да такіх асобаў, як ён, і да беларускай мовы. Працоўны дагавор з ім не прадоўжылі. Але ўжо пенсіянербеспрацоўны завяршыў шматгадовую працу над беларускамоўным тлумачальным слоўнікам па інфарматыцы, які хутка выйдзе з друку.

Ён з першага дня ў нашым таварыстве, і цяпер з'яўляецца сябрам Рады ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны". На працягу пяці гадоў з 1991 года ўзначальваў Раду ТБМ горада Менска. Аб тых дзеяннях сяброў сталічнай Рады, яе раённых арганізацый сёння можна толькі марыць. Гэта шматлюдныя мерапрыемствы, вечарыны, сходы сяброў ТБМ з радасцю сустракалі ў працоўных калектывах на сходах, у навучальных установах, былі сумесныя дзеянні з гарадскімі, раённымі аддзеламі культуры і нават была дзяржаўная дапамога таварыству. Дзе б ні быў Мікола заўжды з ім родная беларуская мова. Ён не проста носьбіт беларускай культуры, але і яе прапагандыст. Сваімі спецыфічнымі прыёмамі вымушае субяседніка задумацца аб паняцці "родная мова", што гэта ёсць святое. Аднойчы я стаў сведкам аднаго яго "урока":заходзіць ён у салон тралейбуса і гучна пачынае быццам лаяцца паруску "Ишь ты, подавай им белорусский язык, националисты. Разве что умное на этом языке выскажешь». У салоне - цішыня. Купка маладых хлопцаў і дзяўчат заўсміхаліся. Ён падыходзіць да іх, вітаецца і кажа: "Чаму вы ўсміхаецеся, я ж вас абразіў. Няўжо вы не беларусы? Каб я такое сказаў, нават у Расіі, не кажучы аб іншых краінах, то тамтэйшыя пасажыры пабілі б мяне (і правільна зрабілі б) і выштурхнулі б з тралейбуса. А вы, маладыя людзі, наша будучыня, пэўна студэнты, нават ўсміхаецеся і то баязліва. Дзе ж мы згубілі элементарную самапавагу і здаровы гонар. І запытаўся ў пасажыраў: "Ці сустракалі вы рускага, які нарадзіўся ў Беларусі, на нашай зямельцы вырас, але выракся рускага языка? Такога вы не знойдзеце. Таму, што для рускага - рускі язык родны, гэта яго духоўная маці". Пачуліся прабачэнні маладых людзей, маўляў, мы ўсур'ёз не ўспрынялі, пачалася шчырая гутарка.

У той час калі ўлада разам з падхалімаміхалуямі пачала зацята змагацца супраць ужывання беларускага спрадвечнага звароту "Спадар", вытруціўшы гэтае слова з усіх СМІ, і толькі адзін Мікола працягваў карыстацца ім у эканамічным універсітэце ў адносінах са студэнтамі. Такім жа чынам звярталіся і яны да яго.

Ён адзін з першых сяброў Беларускага народнага фронту "Адраджэньне". Адлік удзелу ў культурнаасветніцкіх, палітычных мерапрыемствах Мікола вядзе ад Дзядоў-88, першага ўшанавання спрадвечнай беларускай традыцыі. Тады супраць мірных удзельнікаў была ўпершыню ўжыта для разгону фізічная сіла з прымяненнем газу. Ён першы адкрыў адлік у новай Беларусі зняволеных па палітычных матывах у Акрэсцінскай турме. Гэта адбылося 4 студзеня 1995 года пад час акцыі па абароне незалежнага беларускага друку, а дакладней газеты "Свабода". Пяць разоў арыштоўваўся ён. Аднойчы кінуўся бараніць дзяўчыну, якую хлопцы ў цывільным імкнуліся схапіць, заломваючы ёй рукі. Дзяўчыну абараніў, затое схапілі яго. Пяць разоў хапалі яго, як нейкага злоснага злачынцу. Але больш за ўсё ён пацярпеў 24 сакавіка 1996 года на 78-ыя ўгодкі абвяшчэння БНР. Быў атручаны газам і атрымаў цяжкую чэрапнамазгавую траўму ад АМАПаўскага дручка. Судзіўся Мікола з МУСам за сваё знявечанне ды так нічога не атрымаў.

Пераможца конкурсу, праведзенага радыёстанцыяй "Беларуская служба радыё "Свабода", на тэму "Мая свабода" і быў прэміраваны паездкай у Чэхію з наведваннем калектыва рэдакцыі. Адзін са старэйшых сяброў Менскага культурнаасветніцкага клуба "Спадчына", які ушанаваў яго медалём "Пагоня" і срэбным імянным пярсцёнкам з уласнымі ініцыяламі "М" і "С" з надпісам "Жыве Беларусь". А ў Старадарожскім нацыянальнамастацкім музеі Анатоля Белага ёсць яго партрэт, напісаны мастаком Алесем Цыркуновым і бронзавая плакетка з яго выявай і надпісам "Мікола Савіцкі - прафесар кібернетыкі", зробленая мастаком Міколам Несцярэўскім.

Не здраджвае Мікола даўняшняй традыцыі Адраджэнцаў: на лацкане піджака, паліто ў яго заўжды нашы нацыянальныя сімвалы. Ён упэўнены, што яны вернуцца на пачэснае дзяржаўнае месца. Гэты дзень прыбліжаюць менавіта такія, як ён.

4 лютага ў Міколы Іванавіча Савіцкага дзень народзінаў. Няхай Божа пашле яму, яго родным і блізкім здароўя, даўгалецця, дабрабыту, далейшай веры ў нацыянальную ідэю, якая абавязкова запануе, калі ёсць такія з рыцарскім характарам.

Мікола Лавіцкі.


Сустрэча з Аляксандрам Зімоўскім

Да пытання беларусізацыі БТ

27 студзеня 2009 года адбылася сустрэча старшыні ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алега Трусава з старшынём Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Аляксандрам Зімоўскім.

Сустрэча адбылася па прапанове старшыні ТБМ у сувязі з заявай Рады ТБМ "Аб вяртанні дзяржаўнай мовы на экраны Беларускага тэлебачання".

Пад час размовы былі разгледжаны наступныя прапановы ТБМ кіраўніцтву Белдзяржтэлерадыёкампаніі па пашырэнні беларускай мовы:

1. Першы нацыянальны канал Беларускага тэлебачання цалкам зрабіць беларускамоўным (у перспектыве).

2. Беларускамоўную рэкламу даваць па крыху меншым кошце.

3. Заснаваць перадачу "Гаворым пабеларуску" (1015 хвілін).

4. Стварыць цыкл перадач на беларускай мове на гістарычную тэматыку. Першы цыкл прысвяціць 600годдзю перамогі беларусаў у Грунвальдскай бітве. Асвяціць гісторыю гарадоў, харугвы якіх былі на полі бітвы.

5. Сумесна з Інстытутам мовы і літаратуры НАН Беларусі зрабіць перадачу, прысвечаную 10м угодкам Міжнароднага дня роднай мовы, заснаванага па рашэнні ЮНЕСКА.

6. Раз у месяц ладзіць на тэлебачанні тэматычныя "круглыя сталы" па пытаннях беларускай мовы, культуры з удзелам грамадскіх арганізацый (Таварыства беларускай мовы, Таварыства беларускай школы, МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" і іншымі).

7. Аднавіць дубліраванне замежных фільмаў на беларускую мову з далейшым паказам на Беларускім тэлебачанні (як гэта робіцца на тэлеканале "Белсат").

Згода адразу была атрымана па пунктах 37. Першы і другі пункты, на думку А. Зімоўскага, патрабуюць асобнага разгляду. Размова з абодвух бакоў адбывалася на дзяржаўнай беларускай мове. Спадар Зімоўскі таксама паабяцаў аформіць пабеларуску частку сувеніраў тэлерадыёкампаніі.

Наш карэспандэнт.


АЙЧЫННАЕ ТЭЛЕБАЧАННЕ ЗРОБІЦЬ ЯШЧЭ ПЯЦЬ КРОКАЎ ДА БЕЛАРУСКАСЦІ

Днямі адбылася сустрэча старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алега Трусава і старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага. Пасля яе СМІ гучна затрубілі - айчыннае тэлебачанне значна больш «беларусізуецца». Значыць, прыхільнікі роднай мовы нарэшце дамагліся свайго!

У старшыні БТРК на гэты конт крыху іншае меркаванне - так, сустрэча адбылася па ініцыятыве ТБМ, і па 5 з 7 прапанаваных пунктаў па пашырэнні ўжытку беларускай мовы было дасягнута пагадненне: «Мы прынялі тыя пункты, якія не супярэчаць палітыцы нашых тэлеканапаў. Але ніякіх ультыматумаў ніхто не ставіў, сустрэча праходзіла як нармальнае рабочае абмеркаванне. I нават калі б ТБМ звярнулася да нас раней, вынік быў бы такі ж - бо павелічэнне колькасці беларускамоўных праектаў было ў нашых планах».

Добра, кіраўнікі сустрэліся і пагутарылі, а чаго ў выніку чакаць гледачам? Па пунктах:

- заснавання невялікай (10-15 хвілін) перадачы «Гаворым пабеларуску»;

- стварэння цыкла беларускамоўных перадач, першая з якіх будзе прысвечана 600годдзю перамогі беларусаў у складзе войска Вялікага Княства Літоўскага ў Грунвальдскай бітве;

- з'яўлення перадачы (пры садзейнічанні Інстытута мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы НАН Беларусі), прысвечанай 10-й гадавіне Міжнароднага дня роднай мовы, заснаванага паводле рашэння ЮНЕСКА;

- правядзення раз на месяц на тэлебачанні тэматычных «круглых сталоў» па пытаннях беларускай мовы, літаратуры і культуры;

- нарэшце, вяртання на айчынныя тэлеканалы замежных фільмаў, дубляваных на беларускую мову.

- Аляксандр Леанідавіч, ці хутка чакаць рэалізацыі гэтых планаў? звярнуліся мы непасрэдна да старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандра ЗІМОЎСКАГА.

- Вы ж разумееце, тэлевытворчасць мае свае правілы - таму, напрыклад, праца над цыклам перадач пра Грунвальдскую бітву патрабуе пэўнага часу. Што датычыцца «Хвілінкі беларускай мовы», як умоўна назваў гэту ідэю спадар Трусаў, то ў нас ёсць такія праграмы на радыё, ёсць вопыт іх стварэння, таму гэтая справа пойдзе хутчэй. Хачу зазначыць, што першым крокам будзе запрашэнне спадара Трусава на адно з нашых рэйтынгавых токшоў, дзе абмяркоўваюцца спрэчныя пытанні, якія хвалююць усё наша грамадства. Вырашылі, што найлепшай пляцоўкай для гэтага абмеркавання будзе токшоў «Ход у адказ», якое вядзе на Першым канале Аляксандр Мартыненка - гэта ўжо ў найбліжэйшых планах.

- Ці можна назваць канкрэтных асобаў, якія будуць адказваць за той ці іншы праект?

- Думаю, займацца іх рэалізацыяй будзе дырэкцыя, якая раней называлася «літдрама» - мы зараз выявім, хто з супрацоўнікаў больш здатны да гэтай работы, каб гэта адчувалася цікавым па змесце, выкананні і абавязкова высакаякасным, каб выконваліся нормы сучаснага правапісу і г.д.

- Што датычыцца дубляжу замежных фільмаў на беларускую мову - раней на канале «ЛАД» была такая практыка, пераагучваліся фільмы вытворчасці дзяржаўнага французскага канала, але паступова ўсё спынілася. Цяпер дубляж будзе адноўлены па гэтай жа схеме ці нейкім іншым чынам?

- Дубляж будзе здзяйсняцца крыху інакш. Тыя фільмы, якія прапаноўваюцца Белтэлерадыёкампаніі для набыцця і паказу, я лічу, павінны быць дубляваныя на беларускую мову, але займацца гэтым павінны тыя, хто іх прапаноўвае - дыстрыб'ютары, кінавідэапракат. Да таго ж трэба ўлічваць патрабаванні пракатчыкаў. Да прыкладу, па ўмовах пракату фільма «Страсці Хрыстовы» гук павінен быў заставацца арыгінальны, мы мелі права толькі зрабіць субтытры. А вось, скажам, фільм «Каты» Анджэя Вайды - лічу, ён варты і павінен быціь сапраўды дубляваны на беларускую. Хоць пачаць цяпер варта ўсё ж субтытраў, бо якасны дубляж вымагае часу, вялікай колькасці акцёраў...

- Грошай.

- Грошы, як кажуць, знойдзем. Але найперш, мяркую, патрэбныя добрыя акцёры і літаратуразнаўцы.

- Ці праводзілі вы даследаванні, якая беларускамоўная праграма на сёння - самая рэйтынгавая? Па водгуках гледачоў складваецца ўражанне, што галоўныя сімпатыі маюць «Калыханка» і «Тэлебарометр»...

- Не, мы не вялі падобных даследаванняў - проста таму, што не падзяляем тэлевізійныя прадукты па моўным прынцыпе. Напрыклад, калі ў выпусках навінаў ці ў «Панараме» ёсць сюжэт на беларускай мове - ён прыцягвае вялікую ўвагу ўжо таму, што самі гэтыя праграмы і час іх выхаду ў эфір - найбольш рэйтынгавыя. Або наш праект «Зямля беларуская», цалкам беларускамоўны - адзін з самых запатрабаваных і высокарэйтынгавых, бо ён цікавы і блізкі гледачам. Так што галоўны падыход у нас - тэлевізійны прадукт павінен быць якасным, незалежна ад таго, на якой мове ён зроблены.

...Дададзім: у якасці прыемнага бонусу частка фірменных сувеніраў Белтэлерадыёкампаніі будзе аформленая пабеларуску. Што да яшчэ дзвюх прапаноў Таварыства беларускай мовы - у перспектыве зрабіць Першы канал тэлебачання цалкам беларускамоўным, а беларускамоўную рэкламу даваць па меншым кошце, чым рускамоўную - іх разгляд пакуль што адкладзены.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК. ("ЗВЯЗДА", ад 30 студзеня 2009 г.)


Пра родны кут на роднай мове

Прыемны падарунак да Калядаў і Новага года атрымалі жыхары і госці Верхнядзвінска: стараннямі наваполацкага выдаўца А. Маладзечкіна выйшлі ў свет адразу пяць камплектаў - набораў паштовак пра адметнасці старажытнага прыдзвінскага горада. Выданне пабачыла свет дзякуючы напорыстасці энтузіястаў у пераадоленні шматлікіх фармальных перашкод.

Набор "З вышыні жаўруковай" паказвае горад і яго бліжняе наваколле ў здымках з верталёта.

У арыгінальнай падборцы "Перагук стагоддзяў" выявы двухбаковыя. На адным баку можна разглядаць чорнабелыя фотаздымкі розных куткоў старой дарэвалюцыйнай і даваеннай Дрысы. На адваротным баку картак паказаны тыя самыя куткі сучаснага Верхнядзвінска ў каляровым варыянце.

Цікава разглядаць таксама выявы высокіх веснавых паводак розных гадоў і стагоддзяў, падчас якіх гарадскія пабудовы заліваліся пад самыя дахі.

Паштоўкі з набору "Знаёмства з горадам" паказваюць адметныя будынкі сучасных устаноў, асобныя помнікі архітэктуры.

Падборка "За гарадской аколіцай" раскрывае перад гледачом маляўнічыя краявіды прыгарадных мясцін. Тут можна пабачыць цудоўны куточак славутага Верхнядзвінскага дэндрара, Юсціянаўскі дубволат - помнік прыроды рэспубліканскага значэння, найбуйнейшы на Дзвіне расколаты каменьгігант, найвялікшы ад вытоку ракі востраў і новы мост, які злучыў яе берагі.

Завяршае серыю камплект "Лірычныя эцюды". Паштоўкі з гэтага набору не толькі вабяць чароўнымі выявамі гарадскіх цікавінак, але і ствараюць адпаведны лірычны настрой вершаванымі радкамі.

На адваротным баку кожнай карткі на трох мовах - пабеларуску, паруску і панямецку - пададзены геаграфічныя і гістарычныя звесткі пра горад і яго наваколле.

Прынцыповая пазіцыя верхнядзвінскіх выдаўцоў вызначылася яшчэ падчас працы над фотаальбомам "Край Асвейскіх азёр": у тэкстах і надпісах павінна дамінаваць родная мова, бо мы прэзентуем адметнасці беларускай, а не якой іншай, зямлі.

У звязку з гэтым хочацца выказаць недаўменне і расчараванне, якія ўзнікаюць пры знаёмстве з фотаальбомаміпрэзентацыямі іншых раёнаў ды гарадоў. Вось яны перада мной: віцебскія, полацкія, глыбоцкія, з Дуброўна, Мядзела, Браслава, Мёраў… - усе маляўнічыя, падчас аж занадта прыхарошаныя кампутарам. І ўсе як адзін, нават пра Скарынаву радзіму, - рускамоўныя. Выключэннем стаў толькі фотаальбом "Очарование Миорского края", дзе ў раздзеле пра адпачынак і турызм ёсць паралельны пераклад на … ангельскую мову.

Цікава б даведацца, колькі тых англічан прыязджае на Мёршчыну пазнаёміцца з яе "очарованием"...

Антон Бубала.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў лютым

Дамашэвіч Уладзімір Макс. Лыч Леанід Міхайлавіч Добыш Генадзь Канстанцінав. Драгун Павел Якаўлевіч Грышан Мікола Паўлавіч Галякевіч Яўген Ціханавіч Савіцкі Мікалай Іванавіч Раманцэвіч Валянціна Карл. Янушэўскі Віктар Пятровіч Бубен Уладзімір Пяткевіч Уладзімір Сцяпан. Калядка Таццяна Рыгораўна Шундрык Георг Бублікава Лілея Чылік Ніна Аляксандраўна Абраменка Эдуард Якаўлевіч Лашкоўская Рэгіна В. Кішкурна Уладзімір Герасім. Гарэцкі Іосіф Аляксандравіч Жук Мікалай Клімчык Генадзь Ражкоў Леанід Мікалаевіч Грыгор'ева Жанна Іосіфаўна Петрушкевіч Ала Сырасек Васіль Іванавіч Болбас Вадзім Іванавіч Панізоўцаў Сямён Сямёнавіч Русак Андрэй Клімуць Станіслава Яканюк Данат Лявонавіч Цімохін Леанід Аляксандрав. Камесніковіч Вольга Сахута Яўген Міхайлавіч Дубіцкі Віктар Сымонавіч Матэлёнак Леанід Аляксанд. Крысюк Людміла Баравік Марыя Якаўлеўна Рысявец Раіса Рыгораўна Засім Тамара Ляшчынскі Іван Купрыянавіч Мазынскі Валер Яўгенавіч Сямдзянава Галіна Георгіеўна Кухаронак Аляксандр Дзміт. Касаржэўскі Віктар Іванавіч Мартынаў Мікола Рыгоравіч Чыбісаў Мікола Утохіна Наталля Іжохіна Надзея Іванаўна Савасцеева Людміла Лукашонак Тамара Дзеружынскі Авяр'ян Авяр. Гаўрон Алесь Нікіценка Таццяна Пятроўна Лукашэвіч Тамара Георгіеўна Літвінава Людміла Сямёнаўна Крэйніна Людміла Міхайл. Петрашкевіч Часлава Крук Алена Гуцалік Галіна Гільвей Вацлаў Стэпановіч Язэп Міхайлавіч Чычкан Фёдар Уладзіміравіч Багдановіч Эвеліна Паўлаўна Ігнаценка М.І. Ярмусік Эдмунд Ахрамчук Віктар Георгіевіч Цэдрык Ганна Васільеўна Шашута Алесь Ціткоўскі Ігар Адамавіч Клімовіч Наталля Сянкевіч Мікалай Іванавіч Плітко Віктар Васільевіч Язукевіч Ганна Чаславаўна Верхачуб Уладзімір Васіл. Камінская Аліна Аляксандр. Васючэнка Пятро Васільевіч Гаравы Леанід Антонавіч Пухоўская Таццяна Фёдар. Гарэлава Ганна Філюта Ніна Рыгораўна Сцефановіч Галіна Іванаўна Свістун Сяргей Канановіч Ірына Аўкштулевіч Тамара Яўген. Новікава Яна Райчонак Аляксандр Алег. Сідарук Лілея Мікалаеўна Праташчык Людміла Віктар. Карнеева Алена Віктараўна Лявончыкава Дз. Марачкін Ігар Аляксеевіч Макарэвіч Алесь Мурашка Ігар Ладыга Сяргей Паўлавіч Працко Святлана Аляксандр. Лагодская Ірына Маслюкова Алена Аляксан. Нікіцін Віталь Хадневіч Васіль Краснабаеў Артур Мікалаев. Корзан Ала Вікенцеўна Мінько Жанна Коласава Лілея Міхайлаўна Іжохіна Таццяна Мікалаеўна Андруцэвіч Станіслаў Вяч. Піўко Юры Даніленка Сяргей Чарнышова Зоя Клімуць Лада Войткун Галіна Вотэхаўна Нялепа В. Касцючык Валянціна Міхайл. Дземідовіч Вольга Валер. Пятровіч Аксана Іванаўна Жукоўская Л. С. Надакунева Ірына Старавойтаў Сяргей Мікал. Ходар Аляксандр Ануфрыенка Валянціна Грынь Сяргей Іванавіч Кірэеў Антось Мікалаевіч Бекешка Вікторыя Сямёнаўна Канойка Ігар Туровіч Алесь Швайко Валянціна Рыгораўна Крываногава Святлана Макарэвіч Аляксандр Васіл. Хмянчук Марыя Іванаўна Вашкевіч Марына Мудроў Максім Губарэвіч Юры Іванавіч Кляшчонак Алена Мянькоў Юры Уладзіміравіч Машнюк Тацяна Аляксанд. Падашвялёў Дзмітры Аляк. Петрашкевіч Аляксандр Ан. Бузо Алег Леанідавіч Вабішчэвіч Таццяна Іванаўна Мішчанкова Юлія Анатол. Ушакоў Сяргей Аляксандр. Сакалова Алена Георгіеўна Губарэвіч Настасся Уладз. Крыванос Алеся Бяліста Марына Гарнастай Алена Рымко Вольга Бардош Іна Анатольеўна Лазарэвіч Аляксандр Серада Алеся Сяргееўна Мяцельскі Мікалай Міхайл. Шчасная Марыя Рудніцкая Яніна Яшчэня Ірына Богуш Мікалай Кучынскі Віталь Паўлавіч Ятусевіч Сяргей Станіслав. Лабада Анастасія Пятроўскі Аляксандр Цярэнцьеў Зміцер Ігаравіч Сарока Андрэй Іванавіч Строганаў Вадзім Вячаслав. Кучаравенка Паліна Уладзім. Стома Анастасія Карбановіч Сяргей Красоўскі Сяргей Уладзімір. Старжынскі Андрэй Місуна Раман Цішакіна Ірына Пятроўна Забаўская Святлана Аскерка Валянціна Валянцін. Курыленка Юлія Шырвель Андрэй Раманавіч Літаш Вольга Кузьмянкова Наталля Алег. Ковель Уладзімір Шпакаў Фелікс Ражко Яўген Яўгенавіч Прохарскі Аляксей Трубкін Аляксей Анатольев. Ружыцкі Павел Аляксандр. Шаўчук Аляксандр Мікал. Паўкштэла Сюзана Алегаўна Наскоў Міхаіл Андрэевіч Шчарбакоў Ян Сяргеевіч Бязрукая Аксана Юр'еўна Дзенісевіч Павел Алегавіч Качура Яўген Іваніцкі Павел Яўгенавіч Кур'ян Астап Андрэевіч Ваўрышук Наталля Юр'еўна Голуб Аксана Уладзіміраўна Тэрэз Віктар Чарняўскі Сцяпан Матавілава Кацярына Ігар. Садоўская Яна Францаўна Емяльянава Аляксандра Вік. Яшын Дзмітры Іванавіч Бабічаў Антон Вячаслававіч Аўсеенкава Кацярына Валер. Пяткевіч Марына Ліс Тамара Заяц Генадзь Мікалаевіч Бярэзіна Надзея Уладзімір. Сучок Міхась Рачко Мікалай Хацкевіч Анатоль Канстанц.


Моц, вечнасць слова - у яго праўдзівасці

За 17 год аб'яўленай незалежнасці Рэспублікі Беларусь мова беларускага народа, носьбіта суверэннасці рэальна не стала дзяржаўнай, належна пашыранай у публічным жыцці. На гэта, вядома, ёсць прычыны. Некаторыя з іх - навідавоку. А іншыя і не такія відавочныя. Не забудзем, аднак, што катэгорыя мовы звязана з паняццем тэрыторыі. Але цяпер не аб гэтым.

Наша спрадвечная, кажуць Богам дадзеная, як і кожная жывая мова, жыве і развіваецца. За апошнія дзесяцігоддзі прыкметна папоўніўся яе лексічны фонд, а часам не да горшага змяняюцца паасобныя сінтаксічныя канструкцыі. Бяда не бяда, аднак насцярожвае, што папаўненне ідзе не коштам актывізацыі ўнутраных рэзерваў нашай мовы, а пераважна адно шляхам запазычання з іншых моў.

Яшчэ ў мае студэнцкія гады, за жыцце Якуба Коласа, які думаў, не мог не думаць пра мову свайго народа ў кантэксце яго лёсу, будучыні, пісаў у "ЛІМе" аб беднасці лексічнага запасу сучасных пісьменнікаў. Паэтакадэмік раіў звяртацца да народных крыніц, ды "абшарыць кішэні ўласнай памяці". На той час традыцыя актыўнага развіцця беларускай мастацкай літаратуры, характэрная для 20х гадоў, зза найцяжэйшых рэпрэсій, перажытых савецкім грамадствам у 30-40-я гады, ды з-за стратаў Вялікай Айчыннай вайны была дэфармавана, ледзь не страчана. Толькі ў постсталінскі час, з 60х гадоў, яна пачала пазбаўляцца ідэалагічна прадпісаных ёй схем адлюстравання жыцця, набіраць натуральны сэнс і голас гучання.

Асабліва шмат зрабілі для ўзвышэння беларускай літаратуры як выказніцы перажытага народам, яго светапогляду, ментальнасці пасля Янкі Купалы і Якуба Коласа, Кузьма Чорны, Іван Мележ, Янка Брыль, Максім Танк, Пімен Панчанка, Васіль Быкаў.

Разам з паказам, раскрыццём у іх тварах духоўнага свету, характару, лёсу беларуса ўзбагачалася беларускае слова, як першаэлемент літаратуры, раскрывалася яго ідэйнаэстэтычная патэнцыя.

Дзейсна прычынілася да набліжэння новага этапу ў развіцці беларускай літаратуры гэтак званае філалагічнае пакаленне пісьменнікаў: Уладзімір Караткевіч, Іван Пташнікаў, Вячаслаў Адамчык, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін, Янка Сіпакоў, Васіль Зуёнак, Анатоль Кудравец, Алесь Разанаў, Іван Чыгрынаў, Барыс Сачанка, Віктар Казько, Алесь Жук, Сяргей Панізьнік, Вольга Іпатава. Сталеючы, яно адышло ад афіцыйнага разумення фундаментальных паняццяў: грамадзянскасці, патрыятызму, гуманізму.

Да таго ж прадстаўнікі ўласна гэтай пісьменніцкай генерацыі насамрэч, свядома ўнеслі ў беларускую мову намяла каларытных слоў, ідыёмаў, выслоўяў, зачэрпнутых з мясцовых гаворак розных рэгіёнаў Беларусі. Шчасліва пачатая Уладзімірам Караткевічам мастацкая актуалізацыя беларускай гісторыі, сягоння таленавіта працягваецца Алесем Петрашкевічам, Уладзімірам Арловым, Людмілай Рублеўскай і іншымі. Пульс беларускай ідэі, пошук новага моцна забіўся ў паэзіі Уладзіміра Някляева, рана адышоўшага Анатоля Сыса, неацэненых інтэлігентных інтэлектуалаў Алега Мінкіна і Ірыны Багдановіч.

Пры ўсёй складанасці сягоння станаўлення беларускай дзяржаўнасці літаратура наша як нацыятворны чыннік, рэпрэзентатар народа развіваецца памысна. А з ёй і мова беларуская, выяўляючы на тысячагадовым шляху развіцця сваю прыроджаную моц і неўміручую красу.

Як казалі калісь у Беларусі пры вялікай працы, у жніво: "Спары, Божа!.."

Арсень Ліс.


ДА ЮБІЛЕЮ ЛЕАНІДА ЛЫЧА

А. Белы:

Лыч Леанід Міхайлавіч з'яўляецца ідэалагічным мозгам усіх праграм, якія распа-чынаў клуб. Ён не толькі з'яўляецца іх душою, але і самым шчырым і разумным дарадцам. Без яго разважлівай заўвагі не праходзіла ніводная імпрэза клуба. Яго касмічны боль за лёс роднай мовы, за стан сучаснай нацыянальнай культуры кранаў ўсіх сяброў клуба. Ён застаецца нашым настаўнікам у святой справе змагання за родную мову, за ідэалы Беларускага нацыянальнага Адраджэньня, будзіцелем і збіральнікам усіх заарыентаваных на нацыянальную ідэю сіл Беларусі...

* * *

А. Валахановіч:

Шматлікія кнігі і артыкулы Леаніда Міхайлавіча прысвечаны гісторыі Беларусі, беларускай мове, культуры, беларускаму Адраджэнню. Ён актыўна і паслядоўна змагаецца за вяртанне ранейшых тапанамічных назваў вёскам, мястэчкам, гарадам Беларусі. Яго артыкулы пра дзейнасць клуба "Спадчына" - узор гістарычнай журналістыкі ў поўным сэнсе гэтага слова. Ён заступнік старшыні Камітэта Ушанавання Менскага клуба "Спадчына".

Жадаю Леаніду Міхайлавічу - свайму даўняму сябру і паплечніку - творчых поспехаў на ніве Адраджэння Бацькаўшчыны.

* * *

Віктар Шніп:

Забяспечыць сабе месца ў цывілізаваным

свеце народ можа толькі праз развітую ў нацыянальнай мове культуру.

Карыстанне чужымі духоўнымі набыткамі і мовай вядзе да немінучай гібелі.

Лявон Лыч.

Лявону Лычу

За Мову, Адраджэнне,

За адраджэнне Краю

Змагаліся заўсёды

Наперадзе - не з краю,

А ў гушчыні змагання.

І смела скажам сёння:

Змагар Вы Беларускі

Пад слаўнаю Пагоняй.


"Нашчадкі" ў Станькаве

Нягледзячы на тое, што ад Менску да Станькава можна лёгка дабрацца на самаходзе ці маршрутцы за якіхнебудзь паўгадзіны, няшмат хто ведае пра гэтае мястэчка. Няшмат хто і няшмат што, на жаль. У лепшым выпадку ўзгадваюць, што тут нарадзіўся Марат Казей.

Яшчэ некалькі тыдняў таму мы таксама амаль нічога не ведалі.

Дык чаму прапанова Аляксея Галіча зладзіць вандроўку менавіта ў Станькава была адразу прынята? Бо мы былі ўпэўнены, што нешта нецікавае ён дакладна не параіць!

Станькава вядома з XV стагоддзя. Спачатку яно належала Радзівілам, потым ім валодалі графы фон ГутэнЧапскія, сядзіба якіх і была галоўнай мэтай нашага падарожжа.

Сам палац не захаваўся. У вайну яго падпалілі партызаны. А ў 60я гады Станькава наведалі таварышы з НКУС. Яны загадалі людзям, якія зза недахопу жылля пасяліліся ў палацы, узяць самае неабходнае і пакінуць будынак, пасля чаго ён быў зноў падпалены і потым узарваны. Зараз на месцы палаца стаіць школаінтэрнат для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Побач знаходзіцца Скарбніца - павільён, у якім Эмерык фон ГутэнЧапскі захоўваў частку сваёй бібліятэкі, нумізматычную калекцыю і збор жывапісу. Яе не ўзарвалі, але, пасля таго як тут пэўны час размяшчаўся летнік для цяжкіх падлеткаў, ад будынка засталіся толькі распісаныя зусім не памастацку сцены.

Аб былых гаспадарах сядзібы акрамя Скарбніцы нагадваюць яшчэ кухонны флігель, воданапорная вежа, дом для прыслугі, кароўнік, альтанка, уязная брама. А яшчэ парк, які ў свой час мог паспрачацца са знакамітым Нясвіжскім, ды і зараз, недагледжаны і занядбалы, усё роўна ўражвае сваёй прыгажосцю.

Калі прыгледзецца, можна заўважыць алею, што вядзе ад былога палаца праз парк да штучнага возера, створанага па загаду Эмерыка. На супрацьлеглым беразе стаіць СвятаМікалаеўская царква, галоўным фасадам зарыентаваная ў бок палаца. Яе таксама спрабавалі ўзарваць і нават разбурыць пры дапамозе танкаў, але царква ацалела. Зараз яна знаходзіцца на рэканструкцыі.

Дакладна вядома, што будынкі сядзібы звязаны паміж сабой падземнымі хадамі, якія цягнуцца аж да царквы. Зараз яны зачыненыя, а тая частка, што пралягае пад возерам, затоплена. Кажуць, што ў вайну ў тых падземных калідорах фашысты катавалі людзей, заганяючы іх у невялічкія камеры, дзе немагчыма было нават паварушыцца, і пакідалі паміраць. Афіцэр, які пабыў там пасля вайны, выйшаў адтуль цалкам пасівелы і толькі перад смерцю расказаў пра ўбачанае.

Побач з палацам быў касцёл і могілкі. Цяпер на тым месцы школа ды стадыён. Ёсць спадзяванне, што пахаванні Чапскіх часткова маглі ацалець, бо скляпы знаходзяцца пад зямлёй крыху ўбок ад школы. Але праверыць гэта зараз няма магчымасці.

Нам пашанцавала сустрэць архітэктара Алега Масліева і краязнаўцу Анатоля Валахановіча, якія з натхненнем распавядалі пра сядзібу ды яе ўладароў. Дзякуючы ім, мы атрымалі не проста паўнавартасную экскурсію, а значна больш: спецыяльна для нас адчынілі музей, што знаходзіцца ў мясцовай школе (а была нядзеля), прапанавалі зайсці ў Скарбніцу, якая звычайна зачынена (па зразумелых прычынах), і, галоўнае, дазволілі падняцца на будаўнічыя рыштаванні і агледзець царкву літаральна з усіх бакоў, што пакінула ў нас фантастычныя ўражанні!

Прасольная Вольга, Хатылёва Таня, удзельніцы курсаў беларускай мовы пры ТБМ

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX