Вярнуцца: 2009

№ 07 (898)


Крыніца: pawet.net.



№ 7 (898) 18 ЛЮТАГА 2009 г.


120 гадоў з дня нараджэння Міколы Байкова

БАЙКОЎ Мікола [Мікалай Якубавіч; псеўданімы і крыптанімы: Аглядальнік; Асветнік; Дашкольнік; М.К-ч; М.Кр.; Кр-іч; Крывіч; Мікола Крывіч; Настаўнік; 10(22).2.1889, Бежацк Цвярской губ. - пасля 1946 ?], мовазнавец і літаратуразнавец, педагог. Нарадзіўся ў сям'і святара. Пачатковую адукацыю атрымаў у Бежацкай мужчынскай духоўнай вучэльні, сярэднюю - у Цвярской духоўнай семінарыі, вышэйшую - у Маскоўскай духоўнай акадэміі (скончыў у 1913). Накіраваны выкладчыкам філасофскіх і педагагічных дысцыплін у Менскую духоўную семінарыю. Адначасова выкладаў у гарадской гімназіі і ў прыватных навучальных установах. З 1918 чытаў лекцыі ў Менскім настаўніцкім інстытуце. З 1921 выкладчык МБПТ. Рэдактар час. «Школа и культура Советской Белоруссии» (1919, 1921), з 1924 супрацоўнік час. «Асвета». З 1921 вучоны сакратар Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР, у 1922-28 Слоўнікавай камісіі Інбелкульта, потым Інстытута мовазнаўства АН БССР. Атрымаў вядомасць як аўтар прац па літаратуразнаўстве, крытыцы і педагогіцы, але асабліва як укладальнік слоўнікаў: «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М. Гарэцкім), «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925), «Расійска-беларускі слоўнік» (1928, абодва разам з С. Некрашэвічам), «Практычны беларускі вайсковы слоўнік» (1927, разам з А. Бараноўскім). Арыштаваны ДПУ БССР 19.7.1930 па абвінавачанні ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». Вызвалены 2.9.1930. На акадэмічную працу вярнуцца яму не дазволілі. У 1931-41 літсупрацоўнік Менскага рэкламнага бюро, стыліст у газ. «Чырвоная змена». Падчас вайны знаходзіўся ў Менску, супрацоўнічаў з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. У 1944 выехаў у Германію. Працаваў у прапагандысцкім бюро «Вінэта». Па некато-рых звестках, арыштаваны савецкай ваеннай контрвыведкай «Смерш» у Берліне і перавезены ў Менск. Далейшы лёс невядомы.


70 гадоў з дня нараджэння Чэслава Немана

Чэслаў НЕМАН (сапр. Чэслаў Юліюш Выдрыцкі, польск.: Czesіaw Niemen (Czeslaw Juliusz Wydrzycki); 16 лютага 1939, Старыя Васілішкі, цяпер Шчучынскі раён - 17 студзеня 2004, Варшава) - польскі музыка.

Навучаўся ў музыкальнай педагагічнай вучэльні ў Гродне, па класу домбры. Пасля году навучання Немэн быў выключаны з вучэльнi

У 1958 сям'я Выдрыцкіх пераехала ў Гданьск, дзе Чэслаў паступіў у вышэйшую музычную школу. У пачатку 1960-х ён ужо пачаў выступаць на польскай эстрадзе, а ў 1962 стаў удзельнікам ансамбля "Niebiesko-Czarni", дзе быў не толькі вакалістам, але і складаў песні. Група карысталася поспехам, як у Польшчы, так і за яе межамі і нават выступала ў парыжскай "Алімпіі". Менавіта ў гэты перыяд Выдрыцкі ўзяў сабе псеўданім Неман (у гонар ракі Нёман, на якой ён вырас).

Першае прызнанне прыйшло да артыста ў 1964, калі Марлен Дзітрых запісала нямецкую версію яго песні "Czy mnie jeszcze pamatasz?". У 1966 Чэслаў пачаў складаць матэрыял у духу соўл, а для радыёпраграм запісаў некалькі рускіх народных песень.

У пачатку 1967 Неман сышоў з "Niebiesko-Czarni" і распачаў уласную кар'еру, сабраўшы гурт "Akwarele". Улетку таго жа года Чэслаў выступіў на фэсце ў Сопаце, дзе зрабіў сенсацыю песняй "Dziwny jest ten swiat". Песня прынесла спеваку першую прэмію. З "Акварэлямі" Неман запісаў тры альбомы, правёў серую тураў і прыняў удзел у шэрагу фэстаў. У 1969 Чэслаў у цалкам новым асяроддзі стварыў альбом "Nie-men Enigmatic", дзе выкарыстаў вершы вядомага польскага паэта Цыпрыяна Норвіда. ...

Чэслаў Неман адносіцца да шэрагу найбольш знакамітых і найбольш любімых польскіх музыкаў.


Беларусь будзе святкаваць 600-годдзе Грунвальдскай бітвы

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб прапановах па святкаванню

600-годдзя Грунвальдскай бітвы

Паважаны Алег Анатольевіч!

У Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь разгледжаны Вашы прапановы наконт святкавання 600-годдзя Грунвальдскай бітвы.

Выданне асобнага прававога акта па дадзенаму пытанню прызнана немэтазгодным. У 2010 годзе ў Беларусі будзе праведзены шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай гістарычнай падзеі.

Афіцыйных прапаноў аб удзеле прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь у святочных мерапрыемствах на Грунвальдскім полі ад уладаў Польшчы не паступала. У выпадку атрымання падобнага запрашэння яно будзе разгледжана ва ўстаноўленым парадку.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб С. Буко.


Каляндар "Родны край" на 2010 год можна замаўляць.

Пытанне перавыдання энцыклапедыі "Беларуская мова" вывучаецца.

Старшыні

ГА «Таварыства беларускай

мовы імя. Ф. Скарыны»

Трусаву А.А.

Аб прапановах

Паважаны Алег Анатольевіч!

Паведамляем, что выдавецтву «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі» даручана сумесна з зацікаўленымі арганізацыямі разгледзець магчымасць перавыдання энцыклапедыі «Беларуская мова» і накіраваць свае прапановы аб мэтазгоднасці рэалізацыі названага выдавецкага праекта ў Міністэрства інфармацыі і праінфармаваць ГА "ТБМ".

Вашы прапановы аб выданні розных відаў календароў на беларускай мове (п. 3) накіраваны ў падведамныя міністэрству прадпрыемствы для вывучэння магчымасці выдання названай каляндарнай прадукцыі, зыходзячы з попыту на яе і наяўнасці ў прадпрыемстваў сродкаў на выпуск.

Адрыўны каляндар "Родны край" на 2010 год уключаны ў план выпуску сацыяльна значных выданняў выдавецтва "Беларусь" з адпаведным фінансаваннем з рэспубліканскага бюджэту. Плануемы тыраж - 12,0 тыс. экз. Канчатковы тыраж календара будзе вызначаны пасля ўдакладнення заказаў кнігагандлёвых арганізацый пры падпісанні выдання ў друк.

3 павагай,

Намеснік Міністра І.М. Лапцёнак.


Жыве мова - жыве народ

Зварот ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны"

Дарагія суайчыннікі!

Набліжаюцца10-я угодкі Міжнароднага дня роднай мовы (21 лютага), заснаванага па рашэнні ЮНЕСКА дзеля ўшанавання галоўнай духоўнай святыні кожнага народа.

Наша родная беларуская мова адна з самых багатых, прыгожых і мілагучных моў свету. На ёй створаны неўміручыя літаратурныя творы, што ўваходзяць у скарбонку агульначалавечай культуры. Наша мова мае дастатковы ўзровень развіцця, каб гучаць ва ўсіх без выключэння сферах грамадскага і палітычнага жыцця краіны.

Шаноўныя беларусы!

Ад нас, і толькі ад нас залежыць далейшы лёс мовы тытульнай нацыі, лёс нашай краіны. Далучайцеся да ініцыятыў і акцый ТБМ:

- удзельнічайце ў зборы подпісаў за пашырэнне беларускай мовы ў сферы мабільнай сувязі;

- падтрымлівайце беларускамоўныя СМІ;

- размаўляйце паўсюль па-беларуску;

- перадавайце любоў да роднай мовы сваім дзецям і ўнукам;

- прыміце актыўны ўдзел у агульнанацыянальнай беларускай дыктоўцы (21 лютага, 15 і 25 сакавіка).

Разам з сусветнай грамадскасцю зберажом наш духоўны скарб і захаваем генетычны код беларускай ідэнтычнасці!

Зварот прыняты на паседжанні Сакратарыята 9 лютага 2009 г.


Рыхтуемся да Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі

У мінулым годзе Таварыства беларускай мовы прымала актыўны ўдзел у напісанні першай Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі. Акцыя адбылася ў розных гарадах і вёсках Беларусі, а таксама ў замежжы і была прымеркаваная да 90-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У дыктоўцы бралі ўдзел дыпламаты з розных краінаў, якім мы, карыстаючыся нагодай, выказваем шчырую падзяку.

Сёлета ТБМ прапануе правесці дыктоўку ў тры этапы. Першы - 21 лютага, калі ва ўсім свеце у адпаведнасці з рашэннем ЮНЕСКА дзесяты раз будзе адзначацца Міжнародны дзень роднай мовы. Рэкамендуем на выбар два тэксты дыктоўкі: мінулагодні (Прадмова да зборніка "Дудка беларуская". Паводле Ф. Багушэвіча) і новы (Родная мова. Паводле Ул. Караткевіча).


Прадмова да зборніка "Дудка беларуская"

Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя "мужыцкай" завуць, а завецца яна "беларускай".

Я сам калісь думаў, што мова наша - "мужыцкая" мова і толькі таго. З той пары я шмат дзе быў, шмат чаго бачыў і чытаў і пераканаўся, што мова наша ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо іншая якая. Чытаў я ці мала старых папераў па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных на нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі нашай мовай чысцюсенькай, як бы вось цяпер пісалася...

А, можа, і сапраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць не можна? Ой, не! Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам. І гаворым жа мы ёю шмат добрага, але так ужо мы самі пусцілі яе на здзек.

Ці ж ужо нам канечне толькі на чужой мове чытаць і пісаць можна? Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю. Перадумаўшы ўсё гэта, я, братцы, адважыўся напісаць для вас сякія-такія вершыкі: хто іх спадабае, таму дзякуй! А хто падумае лепш і больш напісаць, таму чэсць вечная і ад жывых людзей, і ад бацькавых касцей! А пісаць ёсць шмат чаго!

... Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову зойме, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носіць. От жа гаворка, язык і ёсць адзежа душы...

Можа, хто спытае: дзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, дзе наша мова жыве! ...

(Паводле Францішка Багушэвіча)


Родная мова

Мова Скарыны і Буднага, мова Багдановіча і Купалы, Багушэвіча і Коласа, мова соцень геніяў, што яшчэ прыйдуць. Мова інтэлігентаў беларускіх, імя якім - легіён. Мова настаўнікаў і паэтаў, вучоных і камапазітараў, але перш за ўсё мова дзесяці мільёнаў людзей па ўсім свеце - ад Уругвая да Далёкага Усходу і, галоўнае, на нашай беларускай зямлі.

Мова першай матчынай калыханкі і апошняга "бывай", мова старадаўніх архіваў і новых школ, мова пажаўцелых статутаў і мова кахання. Мова плытагонаў, сялян, акадэмікаў і шахцёраў на саляных капальнях. Мова, якая можа ўсё; можа сказаць словы невыказанай пяшчоты і можа ўдарыць так, што не ўстанеш.

У старадаўнія часы, калі яшчэ не склаліся нацыі, мова магла зрабіцца мёртвай мовай, як латынь. У новы час скон немагчымы для кожнай больш-менш развітай мовы. Мова неўміручая. Ірландская, валійская, баскская, іўрыт, мовы народаў Афрыкі, якія сотні год ляжалі ў заняпадзе, усталі. Бо мова - душа народа, і толькі на ёй можа народ найбольш поўна выказаць сябе.

Мова вечная, бо ўся яна як наш характар. Здаецца, кволая ад пяшчотнай мяккасці, яна раптам кідае наверх схаваную ад усіх жалезную мужнасць і сілу. І, як быццам дамогшыся свайго, б'е, як перапёлка ў жытах - мякка, а за тры вярсты чуваць.

Дык што ж лепей за цябе, мова мая, мова наша?! За цябе, даўняя, за цябе, вечна жывая, за цябе, неўміручая?!

(Паводле Ул. Караткевіча)


Пра адзначэнне Дня роднай мовы і наступныя мерапрыемствы ў абарону беларускай мовы

Рашэнне Сойму ГА "БНФ "Адраджзньне "

Грунтуючыся на сваіх праграмных мэтах, Сойм ГА "БНФ "Адраджэньне" вырашыў:

1. Усім сябрам грамадскага аб'яднання прыняць магчымы ўдзел у адзначэнні 21 лютага г.г. Міжнароднага дня роднай мовы;

2. Кіраўнікам структураў ГА "БНФ "Адраджзньне" распрацаваць і ажыццявіць план мерапрыемстваў на перыяд з 21 лютага да 31 снежня г.г., пры магчымасці каардынуючы гэтую працу з кіраўнікамі структураў ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" і іншых зацікаўленых грамадскіх аб'яднанняў;

3. Як стрыжнявыя моманты сваёй дзейнасці ў гзтым кірунку разглядаць арганізацыю (дапамогу ў арганізацыі) Другой агульнанацыянальнай дыктоўкі (тэрміны - з 21 лютага па 25 сакавіка), а таксама інфармацыйна-растлумачальную працу ў звязку з маючым адбыцца ў каст-рычніку г.г. Усеагульным перапісам насельніцтвам.

4. Адказнасць за выкананне гэтага Рашэння ўскласці на адказнага сакратара Управы і кіраўнікоў рэгіянальных структураў "ГА БНФ "Адраджэньне".

5. Даручыць першаму намесніку Старшыні ГА "БНФ "Адраджэньне" сп. В. Вячорку арганізаваць падрыхтоўку тэксту і абмеркаванне законапраекту "Аб абароне дзяржаўнай беларускай мовы".

Менск, 14 лютага 2009 г.


Агульнанацыянальная беларуская дыктоўка

Менск

1-шы этап Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі пройдзе 21 лютага ў 14.00 у Палацы Мастацтваў па вул Казлова. Запрашаюцца ўсе ахвочыя.

Лідчына

21 лютага Агульнанацыянальная беларуская дыктоўка пройдзе ў г. Бярозаўцы ў гарадской бібліятэцы па вул. Карзюка, 4 . Пачатак у 12.00 .

22 лютага Агульнанацыянальная беларуская дыктоўка пройдзе ў г. Лідзе ў чытальнай зале Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы па вул. Савецкай, 16. Пачатак у 9.00 .


На момант здачы газеты ў друк звесткі па іншых гарадах і краінах у рэдакцыю пакуль што не паступілі.


Літаратурныя сустрэчы на сядзібе ТБМ
23 лютага, панядзелак.

Сустрэча з пісьменніцай Антанінай Хатэнка.

Тэма: "Міфалагічныя матывы і метафізічны светапогляд у літаратуры 20 стагоддзя"

Пачатак у 18.30. Уваход вольны (Менск, вул. Румянцава, 13)


Для тых, хто цікавіцца гісторыяй

26 лютага 2009 г. на сядзібе ТБМ (вул. Румянцава, 13) мае адбыцца прэзентацыя навукова-папулярнай кнігі Анатоля Тараса "Анатомия ненависти. Русско-польские конфликты в XVIII - XX вв.". Яна з'яўляецца працягам папярэдняй кнігі аўтара: "Войны Московской Руси с Великим княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV - XVII вв.", якая мела шырокі розгалас і карысталася вялікім попытам у чытачоў.

Прэзентацыя новай кнігі Анатоля Тараса пачнецца ў 18.00.


Беларуская мова - дапаможная

Жыхары Арлянскай гміны (Польшча) могуць афі-цыйна карыстацца беларускай мовай! Паводле закону аб нацыянальных і этнічных меншасцях такое права маюць гміны, дзе пражывае мінімум 20 адсоткаў жыхароў, якія ка-рыстаюцца мовай меншасці, у Орлі беларусы больш, чым у тры разы перавышаюць гэты адсотак, аднак дзеля ўвядзення мовы меншасці як дапаможнай патрабуецца таксама рашэнне мясцовых уладаў, якое было прынятае.

Рада гміны аднагалосна прыняла рашэнне аб увядзенні як дапаможнай беларускай мовы. Войт Арлянскай гміны Пётр Сэлвэсюк падзякаваўшы райцам пасля галасавання падкрэсліў што рашэнне было безумоўна абгрунтаваным паколькі падчас правядзення нацыянальнага спісу насельніцтва Польшчы 70 адсоткаў жыхароў гміны прызнала сябе беларусамі, а тым самым з'яўляецца большасцю на гэтай тэрыторыі, і не так ужо важна, што мясцовы дыялект нязначна адрозніваецца ад літаратурнай беларускай мовы:

- Я вельмі добра разумею, што мясцовая мова - гэта не чыста літаратурная, але тым больш не украінская. Гэта мясцовы беларускі дыялект, - адзначыў войт. - Беларускамоўныя назовы мясцовасці зробім хутка і добра, і на чарговай сесіі рады гміны такая пастанова будзе ўведзеная.

Радыё "Рацыя".


Паважаны спадар рэдактар!

У дні майго 80-гадовага юбілею мяне павіншавалі тэлеграмамі, лістамі, паштоўкамі і па тэлефоне дзесяткі сяброў і дабразычліўцаў, у тым ліку і з замежжа. Віншаванні перадалі і сродкі масавай інфармацыі - Радыё "Свабода", БЕЛАПАН, газеты "Наша слова", "Краязнаўчая газета", "Інфа-Кур'ер" (Слуцк) і іншыя.

Вішаванні я атрымаў і ад грамадскіх арганізацый - "Бацькаўшчына", "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны", Беларускага фонду культуры.

Не маючы магчымасці адказаць усім асабіста, прашу праз газету "Наша слова" перадаць маю падзяку ўсім, хто павіншаваў мяне з юбілеем і даслаў цёплыя словы, адзначыўшы маю працу на ніве Беларушчыны.

Анатоль Грыцкевіч.


Беларусам пачувацца

У Гомелі завяршыўся трэці этап Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры… Праходзіла яна на базе ліцэя машынабудавання № 78.

Алімпіяда складалася з трох конкурсаў - комплексная праца па мове і літаратуры, водгук на мастацкі твор і вуснае выказванне. Некалькі гадоў назад быў уведзены літаратурны элемент, з якога і пачала называцца алімпіяда па беларускай мове і літаратуры, - але большую частку працы складаюць заданні па мове.

Для водгукаў ў 11-ым класе быў прапанаваны твор Валянціны Коўтун "Балада франтавога медаля", а ў 9 класе - верш Іны Снарскай "Радзіме". З аднаго боку, здавалася б, гэтая тэма - Вялікая Айчынная вайна - не новая, але, з другога боку - літаратуразнаўчага, там было шмат матэрыялу для творчага аналізу. Вучні з гэтым конкурсам справіліся паспяхова.

"Ахілесавай пятой" гомельскай каманды (мусіць жа, не толькі гомельскай, а і з другіх абласцей) з'яўляецца вуснае выказванне. Прычыны гэтай з'явы агульнавядомыя - не існуе практычных умоў для развіцця моўнай практыкі (мова вусная ўжываецца толькі на ўроках ці падчас якойнебудзь імпрэзы, у паўсядзённым прымяненні гэта не стала правілам), у нашых дзяцей бракуе ўжыванне беларускай лексікі, зза чаго і ўзнікаюць праблемы вытрымаць моўны экзамен перад строгім журы на высокім узроўні.

А журы складалася з прадстаўнікоў філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны. Нязменным старшынём журы з'яўляецца Леанід Пятровіч Кузьміч, які ўваходзіць у склад і рэспубліканскага журы, які мае вялікі досвед у правядзенні такіх алімпіяд. Строгімі, але добразычлівымі суддзямі былі дактары навук Вольга Карпаўна Шынкарэнка, дацэнты, прафесары, моладзь з розных кафедраў… Упершыню ў гэтым годзе у склад журы ўвайшла настаўніца СШ9 Таццяна Мікалаеўна Курыліна.

Па выніках алімпіяды былі ўручаны 63 дыпломы. З іх 13 дыпломаў першай ступені, 19 - другой і 32 дыпломы трэцяй ступені.

У нас з'явілася добрая традыцыя - узнагароджваць 45 адсоткаў удзельнікаў алімпіяды. Гэта з аднаго боку павялічыла колькасць пераможцаў, а з другога было абмежаванне - каб стаць пераможцам алімпіяды, кожны ўдзельнік, каб атрымаць дыплом любой вартасці, павінен справіцца паспяхова з заданнямі конкурсаў - не меней чым на палову.

У гэтым годзе праблемаў з такім раскладам правядзення алімпіяды не было, хаця і былі некаторыя нязначныя "накладкі". Распрацоўшчыкі алімпіяды падышлі да гэтага пытання з веданнем справы, улічваючы пажаданні вучняў і сяброў журы, прызвычаіўшыся да такога паняцця як жартавалі добразычліва вучні - "кулікувізмаў" - ад прозвішча распрацоўшчыка Куліковіча, што адыграла станоўчую ролю ў падрыхтоўцы да алімпіяды.

Мне не раз гаварылі вучні, што непад'ёмных заданняў не было. Падкрэслівалі, што заданні маглі быць аб'ёмнымі, нялёгкімі, але, прыклаўшы максімум разумовых намаганняў і творчых здольнасцяў, спраўляліся з пастаўленай перад імі задачай.

Наперадзе - Рэспубліканская алімпіяда. І таму на яе паедзе пятнаццаць нашых пераможцаў прадстаўляць Гомельшчыну - таленавітыя і шчырыя беларусы, якія прадэманстравалі свае выдатныя веды па роднай мове і літаратуры, як бы даказалі, што мова родная жыве, на ёй можна гаварыць, думаць, спяваць, спрачацца, даказваць сваю годнасць і гонар…

Віка Волкава - 51-ая гімназія Гомеля… Адметна тое, што Віка вольна пачувалася ў розных навуках і сферах, але выбрала для сябе родную мову і літаратуру. Яна лёгка прайшла тры конкурсы - комплексная праца па мове і літаратуры, вуснае выказванне, водгук на мастацкі твор.

Як я ведаю, гэта своеасаблівая дзяўчына. У яе глыбокія веды па многіх дысцыплінах. Тэма яе вуснага выказвання "Школа будучыні". Яе ўважліва слухалі ўсе прысутныя. Слухалі не толькі таму, што трэба было выставіць адзнаку, але і таму, што выказванне было вельмі неардынарным. Віка прадэманстарвала глыбокія веды па гісторыі айчыннай школы, без аглядкі ці то на расейскую, польскую ці іншую школы. Калі гавораць па радыё ці тэлебачанні пра першыя газеты, то звычайна прыводзяцца новаўвядзенні Пятра Першага, з якога пачаліся "Ведамасці", то Віка не рабіла традыцыйнай памылкі, пачынаючы з суседняй гісторыі, а расказвала пра сваё, што існавала ў Вялікім Княстве Літоўскім…

У Гомелі ёсць бібліятэкі, у абласным цэнтры знаходзіцца шмат культурных цэнтраў, якія ўзбагачаюць веды вучняў і студэнтаў, а за сотні кіламетраў ад горада - у палескай глушы, дзе можа нават і бібліятэкі няма, як там напітвацца ведамі і пашыраць свой кругагляд?

Аксана Доўгая вучыцца ў Бабуніцкай школе Петрыкаўскага раёна ў 11ым класе. Яе я ведаю даўно, не адзін год супрацоўнічаем з ёю. Яна летась стала пераможцай абласной алімпіяды для вучняў чацвёртыхдзевятых класаў. А ў гэтым годзе стала абсалютнай пераможцай сярод вучняў 11ых класаў.

Маці Аксаны па адукацыі гісторык, не мае дачынення да мовы. Але яна дапамагла дачушцы ў яе станаўленні - і парадамі, і сваімі ведамі па гісторыі Беларусі. Калі ўзнікалі невядомыя ці незразумелыя пытанні, маці тэлефанавала мне, раілася, прасіла падабраць неабходную літаратуру. Я радавалася поспехам Аксаны, яе духоўнаму і навуковаму росту. І таму яна заслужана атрымала перамогу на Алімпіядзе, бо поспех заўсёды прыходзіць да настойлівых і таленавітых.

Яшчэ цікавы момант. У дзевятым класе 3, 4, 5 і 6 месцы занялі хлопцы. Гэта ўражвае. Чаму? Гэта прыемная нечаканасць, бо хлопцы заўсёды былі ў меншасці ў такіх імпрэзах. Тым не менш, пра сябе заявілі прадстаўнікі з Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, школы № 9 горада Мазыра, Светлагорскай гімназіі і школы № 13 са Жлобіна…

Кірыл Вінарскі - Светлагорск, Андрэй Капшай - СШ 9 Мазыра, Дзімітры Караткевіч - Мазырскі абласны ліцэй, Мікола Мельчанка - са Жлобіна. Нас радуе, што яны прадэманстравалі глыбокія веды па мове і літаратуры, справіліся добра і па вусных водгуках і ацэнках літаратурных твораў.

Што адметнае сёлета? Можна канстатаваць, што у гэтым годзе удзельнікі паказалі сябе больш падрыхтаванымі, чым у мінулыя гады, паказалі глыбокія веды па роднай мове, думкі і развагі іх заслугоўваць высокай пахвалы і падзякі.

Алімпіяда завяршылася, алімпіяда працягваецца…

Пераможцы абласной рыхтуюцца ўзмоцнена да рэспубліканскай алімпіяды. Некаму пашчасціць, а некаму і не. Але ніхто з іх не застанецца незадаволеным тым, што яны прымалі ўдзел у такім цікавым праекце і не дасягнулі найвышэйшых вяршыняў. У іх паўсядзённым жыцці родная мова застанецца пастаянным спадарожнікам, у сэрцы не знікне любоў да роднага краю, да гісторыі і культуры.

Няхай не ўсе яны будуць вучыцца на філалагічным факультэце, набываючы спецыяльнасць выкладчыка роднай мовы і літаратуры. Прааналізаваўшы стан мінулых алімпіядаў, мы прыйшлі да вываду, што яны, пераможцы, паступілі вучыцца на розныя спецыяльнасці - матэматыкаў і гісторыкаў, біёлагаў і эканамістаў, дыпламатаў і хімікаў. А астатнія абралі прафесіі беларускай філалогіі.

Але тут трэба сказаць вось што. Тыя, хто заваёўвае дыпломы першай ступені на абласной алімпіядзе, аўтаматычна атрымліваюць сертыфікат на 100 балаў - 11 клас. Калі ж перамагаюць на рэспубліканскай, то паступаюць без экзаменаў у ВНУ гэтага ж профілю.

Ну і ў канцы хочацца дадаць вось што. Падчас алімпіяды мы заўсёды запрашаем беларускіх пісьменьнікаў, каб падчас сустрэчы вучні пачулі жывое слова творцы, мелі магчымасць задаць пытанні па праблемах мовы і літаратуры.

На гэты раз у госці да аматараў роднага слова прадстаўнік мясцовага арганізацыйнага камітэта Аксана Канстанцінаўна Рудэнак - намесніца дырэктара ліцэя - запрасіла старшыню Гомельскай абласной грамадскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны паэта і празаіка Анатоля Бароўскага. Ён жа з'яўляецца і старшынём Гомельскай абласной грамадскай арганізацыі беларускіх пісьменнікаў.

Было шмат пытанняў, на якія пісьменнік пастараўся даць грунтоўныя адказы. На сустрэчу Анатоль Бароўскі прынёс дзве апошнія кнігі - "Пякельны рай" і перакладзеную на расейскую мову раманфантасмагорыю "Спакушэнне". Кожны, хто набыў кнігі, атрымаў аўтограф пісьменніка з пажаданнем перамогі на алімпіядзе.

Усім калектывам канкурсантаў Анатолю Бароўскаму падпісалі Калядную паштоўку з пажаданнем творчых поспехаў у Новым годзе. Падпісалі яе Марыя Жгарова і Андрэй Ільеня, Марыя Крупейчанка і Галіна Сідарок, Анастасія Смірнова і Марыя Мельнік, Наталля Тумарава і Кацярына Гурская з Рудабелкі, а вучні са Жлобіна запрасілі да сябе ў госці.

А наперадзе напружаная праца па падрыхтоўцы наступнай Алімпіяды. Напружаная таму, што мы не хочам зніжаць планку нашых сёлетніх і папярэдніх дасягненняў і перамог. Верым у тое, што будучае змаганне прынясе новыя перамогі, новыя імёны, новыя таленты, і ў нас з'явіцца яшчэ больш прыхільнікаў роднага слова, улюблёных у родную Бацькаўшчыну, у яе Гісторыю, у яе Будучыню.

Алена Панфіленка, метадыст Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

На здымку: За круглым сталом з А. Бароўскім.


Памёр Валянцін Тарас

13 лютага раптоўна спынілася сэрца беларускага паэта, публіцыста і перакладчыка Валянціна Тараса.

9 лютага ён адсвяткаваў свой 79 год нараджэння. Нібы прадчуваючы свой хуткі адыход ён сказаў тады ў інтэрвію, што баіцца не пабачыць ужо вольнай, заможнай і вясёлай Беларусі. "Я ўжо ў такім узросце, калі не пра сябе думаю і не сваімі марамі і жаданнямі заклапочаны, а сваіх дзяцей, свайго ўнука, каб іхнія мары здзейсніліся. І перадусім, каб яны дажылі да той Беларусі, пра якую я заўсёды марыў і сёння, вядома, мару, але баюся, што я ўжо пасапраўднаму такімі здаровымі маладымі вачыма яе не ўбачу. Той Беларусі, пра якую мы марым, Беларусі заможнай, вясёлай, не пахмурнай краіны, Беларусі, дзе запануе нарэшце ва ўсіх куточках наша мова, расквітнее пасапраўднаму наша культура".

Валянцін Тарас нарадзіўся ў 1930 годзе ў Менску ў сям'і мастака. У гады вайны трынаццацігадовым хлопчыкам пайшоў у партызаны. Па вайне скончыў факультэт журналістыкі БДУ. З 1955 да 1962 працаваў у рэдакцыі газеты "Звязда", з 1964 да 1967 - рэдактарам аддзелу прозы часопіса "Нёман", з жніўня 1968 г. - на "вольным хлебе".

Сябар Саюза беларускіх пісменнікаў і Беларускага ПЭНцэнтра. Аўтар кніг паэзіі ("Две тетради", "Пазіцыя", "Колеры"і інш.), прозы ("Прощальные костры", "Дань времени"), мемуараў ("На выспе ўспамінаў"), разам з Карлам Шэрманам пераклаў на расейскую мову раман "Восень патрыярха" Габрыэля Гарсія Маркеса. Менавіта Валянціну Тарасу Васіль Быкаў даверыў перакласці на расейскую мову сваю апошнюю кнігу "Доўгая дарога дадому".

Пра паэта, празаіка, публіцыста і перакладчыка Валянціна Тараса гаворыць яго сябар паэт Генадзь Бураўкін .

Многія дзесяцігоддзі жыло адчуванне, што сярод людзей, якія цябе разумеюць, з якімі лёгка разам за прынцыпы ваяваць, абавязкова ёсць Валянцін Тарас. Адчуванне таго, што ён побач, што ён твой сябра, у мяне было яшчэ з даўніх універсітэцкіх часоў. Валянцін, праўда, быў на некалькі курсаў старэйшы, але і ў яго ўжо былі літаратурныя зацікаўленні, і ў нас - у мяне, у Рыгора Барадуліна... І з таго часу Валянцін Тарас для нас калега, а пасля і сябра.

Асабліва блізка мы з ім сышліся ў апошнія дзесяцігоддзі - тады, калі пачаліся працэсы дэмакратызацыі, калі пачалася сапраўдная барацьба за незалежнасць Беларусі, за прынцыпы нацыянальнага адраджэння. Валянцін тады аказаўся яшчэ больш блізкі да нас і да мяне.

Я высока заўсёды цаніў яго літаратурны талент, цаніў вершы яго, якія ён даўно пісаў. А потым для мяне нечакана трохі ён пачаў пісаць прозу, і проза была вельмі цікавая, праўдзівая, партызанская, бо Валянцін яшчэ, акрамя таго, што ён быў цікавы, таленавіты пісьменнік, быў яшчэ вельмі цікавы чалавек. Ён хлапчуком пайшоў у партызаны і (ён пра гэта амаль ніколі не гаварыў) быў адзін з тых, хто заслужана насіў медаль партызана Вялікай Айчыннай вайны.

Ягоныя партызанскія апавяданні (іх друкаваў часопіс "Юность", які ў той час меў шмат мільёнаў чытачоў) вельмі праўдзівыя, вельмі цікавыя. Дарэчы, якраз пасля тых публікацый яны асабліва блізка сышліся з Васілём Быкавым, які пісаў праўду пра франтавую вайну, а Валянцін пісаў праўду пра партызанскую вайну.

Ён быў, акрамя ўсяго іншага, вельмі добрым перакладчыкам беларускай перш за ўсё паэзіі. Я магу засведчыць, што адны з найлепшых перакладаў маіх вершаў на рускую мову - гэта пераклады Валянціна...

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла выказала спачуваенне з нагоды смерці пісьменніка Валянціна Тараса.

З вялікім сумам даведалася пра адыход ад нас Валянціна Тараса. Хаця я асабіста слаба ведала Валянціна Тараса (мы сустракаліся з ім у Празе у сакавіку 2003га), адчуваю, што Беларусь страціла ў ягонай асобе яшчэ аднаго свайго сумленнага сына, патрыёта. Асабліва сумна, што адышоў ён, не пабачыўшы той Беларусі, аб якой марыў. Дасылаю мае самыя шчырыя спачуванні сям'і і ўсім, хто яго любіў і паважаў" - сказала Івонка Сурвіла.


Помнік Адаму Гурановічу

З 30-х гадоў мінулага стагоддзя ў Беларусі краязнаўства не ў пашане. Ужо некалькі гадоў выдаецца "Краязнаўчая газета", якая надрукавала энцыклапедычны даведнік краязнаўцаў, але Беларускага Краязнаўчага таварыства фактычна няма. Яно было створана, але дагэтуль не зарэгістравана. Значыць, яго няма.

Краязнаўцы ёсць. Газета ёсць, а таварыства няма. Слава Богу, краязнаўцы дзейнічаюць. Калі чыноўніківарвары знішчаюць беларускую спадчыну, дык патрыёты - краязнаўцы яе аднаўляюць і ўвекавечваюць памятныя мясціны. І ў кожным раёне знаходзяцца няўрымслівыя энтузіясты, якія капаюцца ў архівах, нешта знаходзяць і ўвекавечваюць.

На мой погляд, самыя значныя поспехі ў гэтым маюць сябры менскага клуба "Спадчына" ды вілейскія краязнаўцы. У г. Вілейцы ніякага клуба няма, але душой тутэйшых краязнаўцаў і іх кіраўніком стаў дэпутат Вілейскага раённага Савета, начальнік Вілейскіх раённых электрасетак Анатоль Валянцінавіч Рогач. Яму дапамагае архітэктар Анатоль Іванавіч Капцюг. Аднак іх поспех не быў бы такім плённым, каб не Віталь Міхайлавіч Кастэнка (украінец па нацыянальнасці), які ўзначальвае на Вілейшчыне турыстычную арганізацыю. Вось гэтыя тры чалавекі з дапамогай іншых людзей кожны год у Вілейскім раёне праводзяць аднодва краязнаўчыя мерапрыемствы па ўвекавечванні памяці землякоў.

Як вядома, 25 студзеня сёлета споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння Адама Гурыновіча (1869-1894), паэтадэмакрата, фалькларыста.

Адам Гіляры Калікставіч Гурыновіч нарадзіўся 13 (25) студзеня 1869 года ў былым фальварку Кавалькі (цяпер мясціна каля вёскі Слабада Мядзельскага раёна. Памёр ён 4 лютага 1894 года ад чорнай воспы ў маёнтку Крыстынопаль, што некалі быў каля вёскі Золькі, паблізу Чурлёнаў (в. Лыцавічы) у Вілейскім рне. На вясковых могілках у в. Золькі, каля бабулі і быў пахаваны паэт. Пражыў ён зусім мала - усяго 25 гадоў. Як і Максім Багдановіч памёр рана і дзяцей не меў. Максіму пашанцавала ўбачыць свой зборнік вершаў, а Адаму такога шчасця не было. Восем сшыткаў яго твораў ацэньвалі ў паліцыі. Яго спадчына расцярушана. Толькі на пачатку ХХІ ст. вілейскія краязнаўцы яго ўшанавалі належныым чынам. На месцы пахавання шляхецкага роду Гурыновічаў стаяла каталіцкая капліца, але яна была разбурана падчас Першай Сусветнай вайны, калі тут праходзіла лінія фронту паміж расійска-нямецкімі войскамі каля трох гадоў.

Сёння на падставе архіўных і краязнаўчых даследаванняў А. Рогачу ўдалося дакладна ўстанавіць, што Адам Гурыновіч пахаваны на могільніку насупраць былога фальварка Крыстынопаль, у якім ён правёў апошнія гады жыцця. Яму ж удалося зрабіць рэканструкцыю сялібы Каліксты Гурыновіча ў Кавалях.

Як жа ўвекавечылі памяць Адама Гурыновіча?

Яго імем названы вуліцы ў Мядзелі і ў Вілейцы. У Слабадской агульнаадукацыйнай сярэдняй школе імя Адама Гурыновіча ёсць невялікі школьны музей, які зрабіла са сваімі вучнямі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Ўладзіміраўна Грынкевіч. У ім прадстаўлены матэрыялы, у якіх расказваецца пра славутыга земляка. 14 снежня 2007 года каля в. Золькі Ужанскага сельсавета Вілейскага раёна па ініцыятыве вілейскіх краязнаўцаў устаноўлены памятны знак - камень валун у гонар таго, што тут жыў і пахаваны таэтдэмакрат Адам Гурыновіч.

А 30 студзеня 2009 года на вясковых могілках у Зольках адбылося ўрачыстае адкрыццё фамільнай капліцы сям'і Гурыновічаў. На ёй шляхецкі герб Гурыновічаў і наступны надпіс: "Адам Гурыновіч 1869-1894. Фамільная капліца сям'і Гурыновічаў, выхадцаў з Аравіі. Узведзена пасля смерці бабулі па маці Ізабелы Сеняўскай (1870) побач пахаваны: бацька Адама Каліст (1876), брат бацькі Аляксандр (1884), брат Станіслаў (1897). Капліца была разбурана ў І Сусветную вайну, адноўлена да 140-годдзя з дня нараджэння паэта ў 2008 годзе."

Праект капліцы зрабіў Анатоль Капцюг, а будаўнічымі работамі займаўся Віталь Кастэнка. Будаўнічым матэрыялам забяспечылі выканкам Ужанскага сельсавета і мясцовага СВК "Чурлёны". Для ўдзелу ва ўрачыстасцях прыйшлі школьнікі Чурлёнскай базавай школы і прыехалі вучні Слабодскай сярэдняй школы з Медзельскага раёна. Потым у сельскім Доме культуры ў вёсцы Лыцавічы адбыўся канцэрт, прысвечаны 140й гадавіне Адама Гурыновіча.

Вілейскі руплівы краязнаўца Анатоль Рогач, які дарэчы нарадзіўся за 10 вёрст ад Золькаў у вёсцы Кралеўцы, паказаў другое выданне кнігі "Адам Гурыновіч, якая была надрукавана ў канцы 2008 года Першае выданне кнігі "Адам Гурыновіч" адбылося ў 2007 года.

Нарэшце хочацца падзякаваць кіраўнікам Вілейскага раёна, якія не перашкаджаюць вілейскім краязнаўцам рабіць добрую справу - пакідаць памяць для сябе і для нашчадкаў. А старшыня раённага савета дэпутатаў Яўген Антонавіч Ігнатовіч нават дапамагае і ў такіх мерапрыествах прымае чынны ўдздел.

Зычу сваім дарагім землякам плёну на ніве нацыянальнага Адраджэння!

Сымон Барыс.


Валеры Казакоў у Магілёве: размова пра тое, што…

У чацвер, 12 лютага, у памяшканні Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса ў Магілёве адбылася сустрэча з пісьменнікам Валерыем Казаковым.

На пачатку вечарыны пісьменнік распавёў прысутным пра свой жыццёвы шлях, пасля чаго паміж ім і гасцямі сустрэчы завязалася вельмі ажыўленая і цікавая гутарка пра літаратуру і пра той "смешны час", у якім, па словах нашага земляка, мы жывём.

Такім чынам, пасля амаль дзвюх гадзін размовы прысутныя даведаліся пра тое…

- што з 1990-х гадоў пісьменнік, які зрабіў выдатную кар'еру ў войску (В. Казакоў - палкоўнік запасу), жыве ў Маскве і працуе ў Крамлі, ведае вышэйшыя эшэлоны расійскай ўлады знутры і тое, як улада дзейнічае на чалавека, а таму і піша пра гэта;

- што Валерый Казакоў з'яўляецца яшчэ зусім мала-дым пісьменнікам (першую кнігу выдаў у 2006 г.) і дагэтуль шкадуе, "што не зрабіў усяго таго, што трэба было зрабіць, каб дапамагчы Васілю Быкаву", з сям'ёй якога ён добра знаёмы;

- што хаця ён і руска-моўны пісьменнік, але пераклаў на беларускую дзве свае кнігі - "Цень гобліна" і "Халоп яснавяльможнага дэмакрата"- і ў далейшым плануе адразу пісаць на роднай мове, таму што "… па бацьку я - радзіміч, па маці - крывіч";

- што сп. Казакоў лічыць беларускую мову адной з лепшых моў у свеце і ўпэўнены, што неўзабаве прыйдзе час, калі ў Беларусі пачнуць размаўляць па-беларуску.

Акрамя вышэйсказанага, у дзвюхгадзіннай гутарцы гасцямі сустрэчы было пачута яшчэ многа самых разнастайных рэчаў: і пра палітыку, і пра мастацтва, і пра жыццё беларуса за мяжою…

А таму падсумоўваючы ўсё гэта, можна з упэўненасцю сказаць: у нас ёсць вельмі цікавы пісьменнік, сапраўдны беларус, радзімічкрывіч, які піша пра Беларусь, жывучы ў Расіі; які адчувае і ведае Беларусь, будучы за яе межамі; які натхняецца Беларуссю, завітваючы на Радзіму…

Напрыканцы вечарыны старшыня Магілёўская гарадской арганізацыі "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алег Дзьячкоў ад імя ўсіх прысутных падзякаваў Валерыю Казакову і прэзентаваў пісьменніку тэматычныя календары, распрацаваныя Магілёўскім ТБМ.

Скончылася ж сустрэча ўжо традыцыйным фота на памяць і аўтографамі аўтара для новых аматараў яго творчасці.

Юрась Каласоўскі, Магілёў.

Даведка

Валеры Мікалаевіч Казакоў нарадзіўся ў 1952 г. ў Чавускім раёне на Магілёўшчыне. Пасля службы ў войску закончыў Вышэйшую ваеннапалітычную вучэльню, затым - Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага. Быў вайсконым карэспандэнтам газеты "Красная Звезда". Пасля звальнення ў запас працаваў у Расійскім Саюзе ветэранаў Афганістана, Савеце бяспекі Расійскай Федэрацыі, Адміністрацыі Прэзідэнта РФ. Палкоўнік запасу. Узнагароджаны трыма ордэнамі, дваццаццю медалямі і знакамі.

Кандыдат сацыялагічных навук. Дзейсны дзяржаўны дарадца Расійскай Федэрацыі. Сябар Саюза журналістаў Расіі, сакратар Праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі.

Жанаты, мае траіх дзяцей. Жыве ў Маскве.

Валеры Казакоў - аўтар паэтычнага зборніка «Философия звука», кніг публіцыстыкі і прозы. Уганараваны Вялікай літаратурнай прэміяй Саюза пісьменнікаў Расіі.

Кніга "Цень гобліна" - першая кніга аўтара на роднай мове. В. Казакоў быў непасрэдным удзельнікам шэрагу пераломных падзеяў, а таму высокія ўладныя гульні, службовыя інтрыгі адлюстроўваюцца ў яго прозе ярка і востра. Мастацкая праўда, грамадзянская мужнасць, метафарычнасць і душэўнасць запамінальна адрозніваюць творы нашага земляка. Таксама на беларускую мову аўтар пераклаў кнігу "Халоп яснавяльможнага дэмакрата".

На здымках: 1. В. Казакоў; 2. В. Казакоў і магілёўскі пісьменнік Андрэй Арцем'еў з сябрамі ТБМ г. Магілёва.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX