Вярнуцца: 2009

№ 08 (899)


Крыніца: pawet.net.



№ 8 (899) 25 ЛЮТАГА 2009 г.


Мікалаю Мельнікаву - 85

МЕЛЬНІКАЎ Мікалай Аляксандравіч нарадзіўся 26 лютага 1924 года ў вёсцы Броды Чавускага раёна Магілёўскай вобласці.

У канцы 20-х гадоў сям'ю Мельнікавых рэпрэсавалі. Разам з бацькамі хлопчык апынуўся ў спецлагеры на Валагодчыне, дзе правёў некалькі гадоў. Дзякуючы родным, яму ўдалося вырвацца на волю. Напярэдадні вайны паступіў на літаратурны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута.

У час Вялікай Айчыннай вайны прымаў удзел у абароне Магілёва. Пасля трапіў у партызанскі атрад "Беларусь", дзе камандаваў аддзяленнем і рэдагаваў газету. Пазней, з прыходам Савецкай Арміі на беларускую зямлю, у шзрагах вайскоўцаў штурмаваў фашысцкую цвярдыню Кёнігсберг. Салдату пашанцавала - ён выжыў у той бітве і пацягваў службу да пераможнага канца вайны.

Мікалай Мельнікаў аднавіўся ў Магілёўскім педагагічным інстытуце, дыплом якога і атрымаў. Была прапанова вучыцца ў аспіран-туры, і ён паехаў у Маскву. Там абараніў дысертацыю і стаў кандыдатам педагагічных навук.

Шмат гадоў працаваў выкладчыкам у ВНУ Барнаула і Баранавіч. У 1965 годзе пераехаў на сталае жыхарства ў Гародню. Узначальваў кафедру рускай і замежнай літаратуры дзяржаўнага педагагічнага іпстытута (пасля універсітэта) імя Янкі Купалы. Абіраўся сябрам Вучонага Савета гэтай ВНУ, членам навукова-даследчага Інстытута ААД Акадэміі педагагічных навук СССР і Інстытута літаратуры імя Я Купалы Акадэміі Навук Беларусі.

Сёння гэты няўрымслівы чалавек узначальвае гарадское аб'яднанне ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл. Пэўны час пры аб'яднанні дзейнічаў моладзевы Цэнтр культуры імя К. Каліноўскага. На добраахвотных пачатках у офісе арганізацыі высілкамі ветэранаў па ініцыятыве М.А.Мельнікава створаны музей Васіля Быкава, які 25 гадоў жыў у Гародні.

Быць на зямлі Чалавекам

М.А. Мельнікаву

з нагоды дня народзінаў

Дабрыню і спагаду, бы сонейка ззянне,

Вы дорыце людзям,

як сын патрыёт свайго краю і веку.


Для Вас дарагія зусім не пасады

і зверху прызнанне,

А праўдашукальніка

і справядліўца прызванне

І вышэй за ўсіх найвысокае званне:

Быць на зямлі Чалавекам.

Ал. Дземідовіч.

(Працяг тэмы на ст. 2.)


75 гадоў Алесю Рыбаку

РЫБАК Алесь (Аляксандр Пятровіч; н. 7.11.1934, в. Макаўчыцы Дзяржынскага р-на Менскай вобл.), бел. пісьменнік. Рос у працавітай сялянскай сям'і. Гады дзяцінства былі азмрочаны вайной і асабістай трагедыяй: ад рук фашыстаў загінуў бацька, а ў канцы вайны - маці. Аднак трэба было жыць і выжываць у жудасных варунках ваеннага і пасляваеннага часу... Нездарма шмат у чым творы пісьменніка аўтабіяграфічныя (раманы "Трэба было жыць", Талаброды" і толькі што скончаная трэцяя частка трылогіі "На раздарожжы"). Скончыў БДУ (1958). Працаваў у час. «Вожык», «Бярозка», газ. «Калгасная праўда», на Бел. радыё.

Пісьменнік некалькі гадоў жыў з сям'ёй у Маскве, працаваў у апараце Прэзідыюма Вярхоўнага Савета СССР, выкладаў беларускую мову ў Літінстытуце імя М. Горкага. Па вяртанні ў Менск з 1972 намеснік адказнага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, у 1978-95 у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Зараз Алесь Рыбак - старшыня секцыі прозы Саюза.беларускіх пісьменнікаў.

Друкуецца з 1953. У цэнтры ўвагі яго твораў маральна-этычныя праблемы. Акрамя раманаў напісаў зб. апавяд. і гумарэсак «Дарогі бываюць розныя» (1972), кн. для дзяцей «Сёння прыедзе тата» (1976).

...Ён працуе ўпарта і нястомна, штодзень з раніцы за рабочым сталом. І ў гарадской кватэры, і на лецішчы, што ў чараўнічым Кола-савым родным куце - Акінчыцах.

Добрага здароўя Вам, шаноўны Алесь, і багатага творчага плёну наперадзе!

(Працяг тэмы на ст. 2.)


Міжнародны дзень роднай мовы ў Менску і Варшаве

21 лютага па ўсёй краіне і далёка за яе межамі пракаціліся імпрэзы , прысвечаныя 10- м угодкам Міжнароднага дня роднай мовы.

На цэнтральнай сядзібе ТБМ у Менску пісалі другую Агульнанацыянальную беларускую дыктоўку. Быў абраны тэкст "Родная мова" Уладзіміра Караткевіча У акцыі бралі ўдзел: амбасадары Украіны і Швецыі, журналісты, выкладчыкі ВНУ, навукоўцы, студэнты, вучні.

А 14й гадзіне ў сталічным Палацы мастацтваў адбылося ўрачыстае паседжанне. З уступным словам пра гісторыю гэтага Дня, заснаванага па рашэнні ЮНЕСКА 10 гадоў таму, выступіла Алена Анісім , намеснік старшыні ТБМ. Яна распавяла таксама, як і калі гэтая дата стала вядомай на Беларусі, і як Таварыства беларускай мовы спрычынілася да пашырэння яе ў нашай краіне.

Цікавай і змястоўнай атрымалася другая "старонка" імпрэзы - ушанаванне рупліўцаў беларушчыны, тых, хто спрыяе пашырэнню роднай мовы на Бацькаўшчыне і ва ўсім свеце. Былі агучаныя тры намінацыі. У першай з іх "За адраджэнне і пашырэнне беларускай мовы ў духоўным і грамадскім жыцці краіны" адмысловыя Падзякі з рук старшыні ТБМ Алега Трусава атрымалі: Аляксей Кароль, Уладзімір Колас, Уладзімір Содаль, Уладзіслаў Завальнюк, Лявон Баршчэўскі, Арсень Ліс, Анатоль Грыцкевіч, Мікола Савіцкі, Уладзімір Арлоў, Сяргей Кручкоў, Мікола Галаўнёў, Алесь Лозка, Марат Гаравы, Святлана Кліменценка, Станіслаў Суднік, Віктар Сырыца, Алег Дзьячкоў, Алесь Місцюкевіч, Іосіф Навумчык, Леанд Лыч.

У другой намінацыі "За шматгадовую папулярызацыю беларускай мовы" узнагароджаныя: амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан, амбасадар Украіны Ігар Ліхавы, амбасада ЗША, былы амбасадар Ізраіля Зэеў Бен Ар'е, былы амбасадар Славакіі Любамір Рэгак.

У трэцяй намінацыі "За спрыянне міжнароднаму прэстыжу беларускай мовы" адзначаныя Падзякай амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас і амбасадар Польшчы Хенрык Літвін.

Падчас імпрэзы была прэзентавана грамадская ініцыятыва: створаны электронны варыянт размоўніка "Як гэта сказаць пабеларуску". Аўтараміскладальнікамі з'яўляюцца наведвальнікі курсаў беларускай мовы пры ТБМ, ад іх імя выступілі Таня Фёдарава, Вольга Прасольная, Алёна Дробыш. У планах гэтых актыўных маладых людзей дадаць нямецкую, шведскую і англійскую мовы, каб размоўнік стаў адпаведна дзвюхмоўным: нямецкабеларускім, шведскабеларускім і г.д.

Надзвычай разнастайнай атрымалася канцэртная праграма вечарыны. Яе адкрыла шасцігадовая Ружана Кручкова вершам "Бацькаўшчына". Мастацкай дэкламацыяй беларускай класікі парадаваў прысутных Пятро Тарасевіч. З захапленнем успрыняла зала выступ навучэнкі сталічнай гімназіі № 15 Паланейчык Паліны, якая выканала свае песні. Навучэнцы гуманітарнага ліцэя прэзентавалі сваю творчасць цэлай нізкай нумароў. А завяршыў імпрэзу таленавіты спявак, адданы сябра ТБМ Аляксей Галіч. "Пагоню" на верш М.Багдановіча ў яго выкананні зала слухала стоячы.

21 лютага дыктоўку пісалі і ў Варшаве. Гэтая імпрэза адбылася ў палацы культуры і навукі. Прадстаўнік ініцыятывы "Беларуская нацыянальная памяць" Анатоль Міхнавец апавёў: "Беларусы, якія жывуць, вучацца ці знаходзяцца тут на прытулку, пісалі дыктоўку ў цэнтры Варшавы. Мы пісалі тэкст «Родная мова» па Караткевічу. Прыйшло каля 50ці чалавек, прыйшлі нашы сябры палякі, былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч разам з жонкай, прафесары Варшаўскага ўніверсітэта. Прэзідэнт Collegium Civitas пані Каралевіч прыйшла прывітаць беларусаў.

Калі мы хочам быць нацыяй, дзяржавай, мы павінны размаўляць на сваёй мове. Мова гэта тое, што гуртуе людзей. Калі мы не будзем яе памятаць і паважаць, то нас ніхто не будзе памятаць і паважаць".

Наш кар.

На здымках: дыктоўка; слова мае А. Трусаў; падзячны ліст Стэфану Эрыксану.


Што мы страцілі

У 2008 годзе менскае выдавецтва "Кнігазбор" выпусціла ў свет кніжку ўспамінаў Міколы Мельнікава з Гародні "Вяртайцеся, буслы!" Гэта працяг жыццёвай гісторыі хлопчыка Міколкі з раскулачанай сялянскай сям'і, апісанай у кнізе "Адчай, боль і горыч" (2004 г.).

Другая кніга апавядае пра жыццё Міколкі, якога выкупіла з Валагодскага лагера цётка. Нягледзячы на дакументальнасць падзей, пададзеных у творы, кніжка ўяўляе сабой твор высокай мастацкай вартасці, відаць, таму, што ўсе падзеі прапушчаны праз глыбіню душы, сэрца, духу і розуму пісьменніка. Мудры аўтар жывапісуе жыццё на хутары свайго дзеда Ягорчыка Анціпенкава ў 30ыя гады XX стагоддзя. Перад намі паўстаюць эпічныя карціны жыцця беларускага сялянства праз прызму ўстрымання сямігадовага Міколкі і сталага васьмідзесяцічатырохгадовага Міколы Мельнікава. Гэтая знітаванасць сталасці і маленства абумоўлівае ідэйную скіраванасць твора асудзіць прымусовую калектывізацыю, яе "крайнюю жорсткасць", якая пахіснула "веру ў справядлівасць свету. Ва ўспамінах створаны абагульнены, тыповы вобраз Беларусі ў трагічны момант гісторыі.

Аўтар ававядае, як жыў з бабуляй Марыяй Герасімаўнай у паўраскіданай Змітраковай хаце, бо дзедаву хату камбедаўцы разабралі і завезлі ў вёску. Але нават у такім выглядзе хутар уражваў, ён быў падобны да "летняй вясёлкі", бо ахутаны зеленню садоў, прысадам і водарам маліны. У добры час тут стаяла шэсць хат. Калі "камісары" вывезлі тры, дзядуля Ягорчык прылёг на зямлі і пацалаваў тое месца, дзе стаяла яго пабудова, а потым прыклаў да зямлі вуха і "некалькі хвілін услухоўваўся". Дзядуля сказаў: "Хачу пачуць, унучак, зямельку. Яна ведае, што будзе з хутарам", Гэты эпізод сведчыць аб, бадай, самай галоўнай тэме твора М. Мельнікава тэме шчымлівай, крамольна-беражлівай знітаванасці чалавека з роднай зямлёй, з яе прыродай і традыцыямі. Жыхары хутара былі часткаю гэтай зямлі, таму адчувалі яе ўсю і тады, калі віталіся з векавымі дубамі прадзедавага лесу, чуючы ад дрэў адказ на прывітанне; і калі былі ў полі, на лузе і ў лесе, "як у сваёй хаце"; і калі перажывалі за ластавак, гнёзды якіх былі пад дахамі знішчаных хат (птушкі "станавіліся лёгкай здабычай для каршуноў, варон і сарок"). Асабліва кранаюць эпізоды сяброўства маленькага Міколкі з бусламі. Ён бяжыць за некалькі вёрстаў на былы хутар дзеда Восіпа, каб сустрэцца з бусламі, якія прылятаюць на Дабравешчанне. Сэрца хлопчыка быццам прадчувала бяду: камбедаўцы "доўгім шастом раскідвалі буслянку" на дубе. Міколка "слёзна прасіў" не чапаць буслянкі. Тыя паслухаліся і пакінулі хатку птушак. Адляталі буслы на другі (яблычны) Спас. Міколка зноў бяжыць за шмат вёрстаў, каб развітацца з бусламі. Пабачыўшы хлопчыка, птушкі "весела заклекаталі", бо яны і людзі "разумелі адно аднаго". Любілі хутаранцы і лес за тое, што ён даваў адчуванне свабоды. "Тут не адчувалася тая прыніжанасць, якая давала пра сябе знаць сярод людзей. Лес быў свабодным светам, тут жылі свае законы. роўныя для ўсіх".

Разам з людзьміхутаранцамі пакутуюць жывёлы, птушкі, дрэвы. "Быццам пабітыя салдаты на полі бою", ляжаць спілаваныя новымі ўладамі стагадовыя дубы. Плача дзед Ягор Яфімавіч Анціпенкаў, бо "знішчылі такія каштоўныя дрэвы на слупы да калгасных гумнаў. Векавыя волаты ўжо больш не адродзяцца.

Мікола Мельнікаў быццам хоча сцвердзіць творам, што ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя ў часы калектывізацыі і раскулачвання была парушана гармонія, адзінства прыроды і людзей, быццам разарвалася кола любові, сувязь чалавека з роднай зямлёй.

Нельга без слёз чытаць эпізод сустрэчы хлопчыка з уласным канём Родзькам, якога забралі ў калгас.

Гэта сустрэча ўзмацняе трагізм становішча "Калі падыходзіў да Ягорчыкава хутара, заўважыў спутанага каня. Ён скуб траву. Хацеў яго мінуць, але конь падняў галаву і заржаў. Угледзяўся і пазнаў гэта Родзька, наш любімы з дзедам конь. Падбег і кінуўся абдымаць яго, гладзіць шыю, вушы і цалаваць. Родзька прыгарнуўся да мяне, пачаў лашчыцца і ціха ржаў.

Што рабіць? Распутваць нельга, хтосьці з хутаран прыехаў на ім. Перасіліў сябе. Адарваўся ад Родзькі, аглядзеўся. Спутаны конь скача за мной. Спатыкнуўся. Вяртаюся, дапамагаю падняцца. Зарыдаў. Пастаяў каля яго, прытуліўся і пабег немаведама куды...

Услед гучнае, мяккае, працяглае ржанне спутанага каня. Яно як бы гналася за мной".

Другая тэма твора тэма працы асветлена таксама трагізмам падзей. Надыходзіла пара сенакосу. Пляменнікі з калгаса прынеслі дзеду накляпаць косы. Дзед Ягорчык думаў, што яго запросяць на сенакос. "Але кулаку Ягорчыку Анціпенкаву было забаронена працаваць на калгасным лузе. Не патрэбен. Падрыхтаваную касу паставіў на ранейшае месца. Закрыў вароты і заплакаў. Па яго твары пацяклі слёзы. Падбег да яго:

Дзядуля, ты што? усхвалявана спытаў я.

Гора ў мяне, унучак, адказаў ён.

Падняў мяне на рукі і пацалаваў у галоўку". У дзеда Ягорчыка было сапраўднае гора: разбурылі яго жытло, раскідалі сям'ю дачкі, выслалі ў лагер свата з дарослымі дзецьмі, адабралі ўсю дзедаву маёмасць. Заставаўся яшчэ сэнс жыцця ў працы, аднак і гэтага імкнуліся яго пазбавіць. Ды дзядулю трэба было шукаць сілу для таго, каб жыць і расціць унукаў. I дзед Ягорчык пачаў тупаць па панадворку, знайшоў паламаныя калоды для пчол, адрамантаваў. Можа паселяцца. I пчолкі завяліся. Дзеда яны не чапалі, бо ён хадзіў каля іх смела і размаўляў з пчолкамі. Вось чаму на мядовы Спас на стале стаяла паўнюткая міска з сотамі і ляжалі "недаспелыя яблыкі". Падрыхтоўка да свята крышку адсунула на другі план гора сямейкі, прытупіла яго. Памылі лаўкі і падлогу, сцены прыбралі клёнамі і рабінкай, у святых памянялі ручнікі. Памыліся, апранулі чыстае адзенне і селі за стол з мёдам і яблыкамі. Стол застаны чыстым абрусам. Аднак свята было азмрочана, бо камбедаўцы прыслалі падводу па мёд, забраўшы ўсе калоды з пчоламі. Цётка Ганна крыкнула, каб не забіралі апошняга. Адзін камбедавец гаркнуў у адказ: "Кулацкае ўсё адымем. А Ягорчыка пасадзім".

Бабуля Марыя Герасімаўна жыла песняй, "яна іх ведала шмат і спявала на Купалле", Каляды, хрэсьбіны, на памінках продкаў...

Яе песні "жалобяць душу, выклікаюць слёзы". Яна звярталася да продкаў па дапамогу ў бядзе, выказвала "пракляцце" калектывізацыі. Яе паэтычны талент нарадзіў балючыя радкі:

Зірніце, дзяды мілыя,

з глыбокіх магілачак

На свет гэты Божы.

Нас хочуць распяць.

Адгукніцеся, дзядулечкі,

Я клікаю вас, малюся і плачу.

Ва ўспамінах М.Мельнікава моцна гучыць тэма традыцый нашага народа, якіх прытрымліваецца сям'я хутаранцаў. I гэты твор падобны да "Новая зямлі" Я. Коласа. Аўтар апавядае нам пра каляды, Вялікдзень, Радаўніцу, Дабравешчанне, Спас, паказвае магілы прадзедаў ("было відаць шмат адмыслова насыпаных грудкаў без крыжоў"). Паказвае аўтар, як на хутары ткуць, кудзельку прадуць, плятуць лапці, пражаць бульбу і каласы, праводзяць зажынкі і дажынкі, пяюць жніўныя і калядныя песні, пякуць хлеб. I хоць гэта ўсё адбіраюць, крадуць, вытраўліваюць прадстаўнікі новай улады, яны не могуць адабраць самага галоўнага умення працаваць, рабіць шмат якія справы, умення рук і душы, якая просяць працы. Сям'я цягнецца да звыклага ўкладу жыцця свайго народа, да яго традыцый, бо менавіта ў гэтым знаходзіць жыццёвую раўнавагу, каб выстаяць, не зламацца, проста не звар'яцець ад людской чэрствасці і пакут. Уся кніжка М. Мельнікава перасыпана памяншальналаскальнымі словамі (Ягорчык, пчолкі, ягадкі, грыбкі, унучак, сынок, анучкі і інш.). Гэтым аўтар быццам супрацьставіць бесчалавечнасці і людской злосці дабрыню сэрцаў раскулачаных хутаранцаў. Хлеб у хаце быў рэдкім госцем, а больш "карміліся бульбай і травіцай". I калі цётка Ганна прынеслі за шыццё торбачку збожжа, дык дзед змалоў яго на камянях. жорнах. Люба было глядзець на тое, як пякла хлеб бабуля: спрытна, хватка, памаладецку. Я не мог адарваць вачэй. "Водар печанага хлеба і мяты стаяў у хаце. Лаўку заслалі "белым чыстым ручніком". "Аўтар піша: "Напэўна, гэта быў самы смачны абед у маім жыцці". Калі ж на хутар зайшла жанчына Пекла з Украіны прасіць міласціну, дык яе з дачкой пасадзілі за стол, кармілі, паілі, суцяшалі.

Гартаючы старонкі кнігі М. Мельнікава "Вяртайцеся, буслы!", пачынаем разумець, што ў яе 24 невялікіх раздзелах, а таксама ў трох раздзелахдадатках аўтар праспяваў гімн чалавечай стойкасці, дабрыні, працавітасці і ўлюбёнасці ў жыццё, якое ладзіцца па запаветах продкаў, гімн роднай прыродзе і чалавеку, які застаўся Чалавекам, прайшоўшы праз неймаверную жыццёвую трагедыю і выпрабаванні. "Вяртайцеся, буслы!" хочацца сказаць і нам, чытачам, бо жыццё Міколкі і яго родных настолькі змястоўнае і цікавае, што той, хто жыве ў цяперашняй Беларусі, разумее, наколькі збяднела ў параўнанні з героямі твора наша душа, нягледзячы на дасягненні навукі і тэхнікі. Дзякуючы твору М. Мельнікава, мы пачынаем ўсвядамляць, што страцілі ў сэнсе духоўнага і душэўнага багацця, да чаго варта імкнуцца, што вяртаць з небыцця, з бяспамяцтва, каб несці ганаровае званне Чалавек.

Т. Трафімчык, г. Слонім.


Творчая ўдача пісьменніка

Алеся Пятровіча Рыбака я не без падстаў лічу адным з лепшых беларускіх пісьменнікаў сучаснасці: мяркую, з гэтым пагодзяцца шматлікія чытачы - прыхільнікі яго творчасці.

Свае творы гэты таленавіты пісьменнік пісаў і піша ў рэчышчы добрых традыцый усёй беларускай літаратуры, яе выдатных дасягненняў 6080 гадоў, у перыяд, калі пачалі з'яўляцца грунтоўныя, праўдзівыя кнігі пра вайну. В. Быкава, І. Шамякіна, Я. Брыля, І. Пташнікава і многіх іншых аўтараў. Творы Алеся Рыкаба вылучаюцца глыбокім пранікненнем у стыхію народнага жыцця ваенных і пасляваенных гадоў, гуманістычнай аўтарскай пазіцыяй. Два гады таму я на адным дыханні прачытаў яго цікавы,высокамастацкі раман "Галаброды", працяг аўтабіяграфічнага рамана "Трэба было жыць".

А чуллівую аповесць Алеся Рыбака "Маша і Машка" упершыню прачытаў на старонках папулярнай незалежнай газеты "Народная воля". Мяне, сталага чалавека, да слёз тады кранула гэтая аповесць, у якой аўтар праўдзіва адлюстраваў трагічны лёс адзінокіх, кінутых на выжыванне старых людзей у выміраючых беларускіх вёсках.

І вось я трымаю ў руках тэкст з аўтарскімі паметкамі новай аповесці Алеся Рыбака пад назвай "Хрумкач".

Падзеі ў новай аповесці разгортваюцца ў Вялікую Айчынную вайну і ў пасляваенны час, у беларускай вёсцы, у партызанскім атрадзе і ў пасляваенным Менску.

Трэба адзначыць, што праўда аб партызаншчыне на Беларусі: недастаткова раскрыта ў творах пісьменнікаў. Найбольш шырока гэтая тэма агучана ў апошнім таленавітым творы беларускага пісьменніка Васіля Якавенка "Пакутны век". І вось новы твор на гэтыю тэму - аповесць "Хрумкач", твор, які з'яўляецца сапраўднай удачай пісьменніка Алеся Рыбака.

Як на франтах Вялікай Айчыннай вайны, так і ў партызанскіх атрадах у тыле ворага было месца не толькі падзвігам і высакародным учынкам. Былі і морадзёрства, подласць, баязлівасць, здрада сваім сябрам па зброі з боку асобных прадстаўнікоў партызанскага руху.

Галоўны герой аповесці - Раман з першых дзён вайны - ў партызанскім атрадзе. Неяк ён завітаў у родную вёску да сваіх бацькоў, і бацька сказаў яму, што схавае для Рамана новенькія хромавыя боты, каб пасля вайны сынок змог іх насіць. Ад Рамана, камандзіра падрыўной групы, даведаўся пра боты яго падначалены партызан Пахілкін, якога сябры па зброі зза яго прагнасці клікалі ўпотай мянушкай КрумкачХрумкач. Ноччу Пахілкін - хрумкач наведваецца ў Раманаву вёску, забівае яго бацьку і маці і забірае хромавые боты.

Пасля адной з партызанскіх аперацый Пахілкін у лесе страляе ў Рамана і цяжка раніць яго. Але Раман выжывае: яго, сыходзячага крывёю, знаходзіць і вяртае з таго свету простая сялянская жанчына Хрысціна. У канцы аповесці Раман адшукаў здрадніказабойцу Пахілкіна ў пасляваенным Менску, дзе той займае высокі чын у адным з міністэрстваў, і распавядае ўсюды пра свае гераічныя ўчынкі ў часы вайны. Прага помсты здрадніку, забойцу ў Рамана адыходзіць на задні план, калі ён знаёміцца з ветлівай цяжарнай жонкай Пахілкіна, і з іхняй малой дачушкай. Адбываецца сустрэча Рамана з Пахілкіным, пасля якой, з цягам часу, гэты вялікі чын, былы здраднік, вар'яцее і трапляе ў псіхіятрычную бальніцу ў Навінках. З вялікім майстэрствам, выведзены пісьменнікам Алесям Рыбаком станоўчыя асобы аповесці "Хрумкач".

Гэта і бацькі Рамана і сам галоўны герой, камандзір партызанскага атрада, а пасля вайны начальнік райаддзела міліцыі Пушкароў, сялянская жанчына Хрысціна, якая выратавала Рамана і стала яго другой маці, а таксама вобразы сяброўпартызан.

Не памылюся, калі скажу, што па свайму зместу, высокаму майстэрству гэтая аповесць Алеся Рыбака нагадвае такія выдатныя творы пісьменніка Васіля Быкава, як "Дажыць да світання", "Сотнікаў".

Хутка чытачы, аматары творчасці Алеся Рыбака, змогуць пазнаёміцца з яго новай аповесцю "Хрумкач" на старонках часопіса "Дзеяслоў", урыўкі з аповесці будуць надрукаваны на старонках "Народнай волі".

Нядаўна наш знакаміты пісьменнік скончыў пісаць трэццю частку трылогіі "На раздарожжы", якая з'яўляецца працягам аўтабіяграфічных раманаў "Трэба было жыць" і "Галаброды". Напісаў пісьменнік у апошні час эсэ "Лецішча".

Спраўдзіліся надзеі ўсіх тых, хдто спадзяваўся на далейшы росквіт таленту Алеся Рыбака.

17 лютага Алесю Рыбаку споўнілася 75 гадоў з дня нараджэння.

Пажадаем жа яму моцнага здароўя, дабрабыту і новых творчых поспехаў!

Лявон Целеш, г. Дзяржынск.


Міжнародны дзень роднай мовы ў Бярозаўцы, Лідзе ...

21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы ў г. Бярозаўцы Лідскага раёна пісалі Агульнанацыянальную беларускую дыктоўку. Пад дыктоўку рашэннем аддзела культуры Лідскага райвыканкаму была выдзелена чытальная зала гарадской бібліятэкі. Сабралася 10 чалавек рознага ўзросту, роду заняткаў і прафесій.

Перад пачаткам дыктошкі з інфармацыйным паведамленнем пра традыцыю святкавання Міжнароднага дня роднай мовы і напісанне агульнанацыянальных дыктовак выступіў старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны", сябар рэспубліканскай Рады ТБМ Станіслаў Суднік.

Пісалі тэкст прадмовы да зборніка "Дудка беларуская" Францішка Багушэвіча. Чытаў дыктоўку Сяргей Пантус , брыгадзір Бярозаскага шклозавода "Нёман", сябар Лідскай раённай арганізацыі ГА ТБМ імя Ф. Скарыны.


22 лютага Агульнанацыянальную беларускую дыктоўку пісалі ў Лідзе. Пад гэтае мерапрыемства была выдзелена чытальная зала Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы. Сабралася 22 чалавекі.

Перад пачаткам дыктоўкі была наладжана невялікая імпрэза. З інфармацыйным паведамленнем пра гісторыю ўзнікнення традыцыі адзначаць Міжнародны дзень роднай мовы распавяла супрацоўніца бібліятэкі Лілея Шавяла .

З вершамі пра родную мову да ўдзельнікаў дыктоўкі звярнулася намеснік дырэктара СШ №11 г. Ліды, паэтэса Ганна Рэлікоўская . Яна ж прадставіла прысутным анталогію лідскіх літаратараў пра беларускую мову "Шануйце роднае слова".

Чытаў дыктоўку, прадмову да "Дудкі беларускай" Францішка Багушэвіча, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, выкладчык Лідскага каледжа, старшыня арганізацыі ТБМ Лідскага каледжа Міхась Мельнік .

Дыктоўкі, як бярозаўскія, так і лідскія будуць правераны, будуць вызначаны па тры пераможцы і прадстаўлены ў сядзібу ТБМ для ўзнагароджання.

Лідчына пачала адзначаць Міжнародны дзень роднай мовы амаль што першай у Беларусі з 2004 года. Раней да гэтага дня ў Лідзе праводзіліся самыя розныя імпрэзы. Сёлетняе правядзенне першага этапа Агульнанацыянальнай дыктоўкі менавіта ў Міжнародны дзень роднай мовы глядзіцца вельмі лагічным. Традыцыя павінна прыжыцца.

Яраслаў Грынкевіч.

... і Віцебску

21га лютага ў розных месцах Віцебска прайшоў першы этап напісання Агульнанацыянальнай дыктоўкі.

На здымку: пераможцы першага этапу. Злева: Наталля Дзіканава настаўніца гісторыі гімназіі №8; Лізавета Трушчанка студэнткагісторык. Справа: Ігар Гром - студэнт-гісторык; Таццяна Кавітава - аспірантка-матэматык.

Юрась Бабіч - нам. старшыні Віцебскай абл. рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны.


Мастацкая выстава "Вечны вандроўнік" у Лідзе

21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы ў Лідскім гістарычнамастацкім музеі адкрылася выстава твораў беларускіх мастакоў, створаных на працягу некалькіх гадоў падчас пленэраў, прысвечаных Язэпу Драздовічу, якія праводзяцца ў розных гарадах Беларусі. Прадстаўлены работы Яўгена Шатэрніка, Валерыя Славука, Рыгора Сітніцы, Ігара Марачкіна, іншых мастакоў. З лідзян у выставе прыняў удзел Алесь Судар. Адкрываць выставу з Менска прыехалі Аляксей Марачкін, Генадзь Драздоў, Фёдар Ладуцька.

Постаць Язэпа Драздовіча для Ліды не чужая. Недзе ў 1929 годзе ён стварыў цэлы альбом, прысвечаны Лідскаму замку. На сёння шырока вядомы чатыры малюнкі з гэтага альбома.

Было б вельмі пажадана, каб выстава паклала пачатак стасункам Ліды з Саюзам мастакоў Беларусі, і каб адзін з пленэраў, прысвечаных Я. Драздовічу, прайшоў на Лідчыне.

Наш кар.


Шляхецкая сядзіба

У лютым 2009, ў Полацкім раёне пройдзе конкурс-фестываль ансамблевай музыкі "Шляхецкая сядзіба", прысвечаны памяці былой шляхецкай культуры Полаччыны. У гэтай акцыі прымуць удзел дзіцячыя камерныя ансамблі вучняў школ мастацтваў Полацкага раёна.

У многіх шляхецкіх сем'ях тагачаснай Беларусі было піяніна або раяль. У сядзібах музыцыравалі на фартэпіяна і ў ансамблі са скрыпкай, басэтляй. Ансамблявалі для асалоды, у адукацыйных мэтах, ці мелі іншыя музычныя прыхільнасці і выражэнні, што было вялікай культурнай з'явай, як і сама сядзіба.

Бываючы ў месцах былых шляхецкіх сядзіб, бачачы зарослыя сажалкі, рэшткі алей паркаў, экзатычных дрэў, кустоў бэзу і акацыі, прыходзіць думка пра тое, як выглядалі уладальнікі сядзібаў, што яны былі за людзі, які іх лёс. На жаль, у большасці выпадкаў мы пра гэта, можа, ужо і не даведаемся, але з'явілася магчымасць распавесці пра лёс беларускага шляхецкага роду Плясневічаў з Полаччыны і праілюстраваць матэрыял цікавымі фотадакументамі, з якіх на нас глядзяць вясковыя жыхары з тварамі каралёў.

У 2009 годзе спаўняецца 80 год з пачатку, масавых дэпартацый рапрэсій беларускіх шляхецкіх сем'яў і сем'яў працавітых сялян (кулакоў).

Баляслаў Ігнатавіч Плясневіч, 1856 г.н., землеўладальнік і прадпрымальнік. Ягоныя землі былі каля вёскі Сакалішча і сядзіба ў вёсцы Валатоўкі Полацкай акругі (месца сядзібы вельмі пацярпела ў вайну). Ён займаўся вытворчасцю дзёгцю, мёду, сельскай гаспадаркай. Меў фарбавальню, дзе фарбаваў тканіну і трымаў конны завод. Ягоныя коні займалі высокія месцы на іпадромах, у тым ліку ў Полацку, дзе ён таксама, вёў сваю справу.

Займаўся Плясневіч і дабрачыннасцю. Дапамагаў Спаса-Еўфрасіньеўскаму манастыру тканінай, мёдам, грашыма. Меў музычныя схільнасці любіў спевы цыганоў, таму выдзяліў цыганскаму табару некалькі гектараў сваёй зямлі. Там стаялі іх шатры і гучала музыка.

У Плясневіча было чатыры сыны і дачка. Дзяцей вучылі музыцы і жывапісу. Запрашалі прыватных выкладчыкаў. Адзін з братоў Плясневічаў добра граў на фартэпіяна. Баляслаў Плясневіч хварэў на самнамбулізм.

Сын Б. Плясневіча Эдуард (1903 г.н.) навучэнец Полацкага кадэцкага корпуса. Вось такія хлопцы маглі прынесці вялікую карысць Беларусі, але былі сасланы у мядзведжыя закуткі Расеі, ці былі забітыя, ці памерлі.

У Полацкім кадэцкім корпусе вучыліся яшчэ два сыны Плясневіча: Баляслаў (1897 г.н.) і Адам(1900 г.н.). Усе чацвёра братоў Плясневічаў былі дэпартаваны ў Архангельскую вобласць. Чацвёрты сын, Альберт (1907 г.н.), уцёк з ссылкі, ваяваў у арміі імя Тадэвуша Касцюшкі, дзе было шмат беларусаў.

Ядвіга Плясневіч.

3 4-х дзяцей Ядвігі, трое памерлі пры дэпартацыі і ў дзетдамах (2 хлопчыкі і дзяўчынка), калі маці трымалі ў лагеры. Засталася толькі Ірэна.

Брат Баляслава Плясневіча Станіслаў меў землі, таксама ў Полацкай акрузе, як і другі брат Плясневіча, Якаў. Ягоныя землі былі каля вёсак Зялёнка і Булаўкі. У 1917, Якаў пакінуў усю маёмасць і з'ехаў у Канаду. Браты засталіся. Станіслаў памёр пры дэпартацыі, а Баляслаў у Архангельскім лагеры.

Як паведаміла ўнучка Плясневіча Ірэна (1924 г.н.), у 1929 улады, высылаючы шляхецкія сем'і, падзялялі іх па палавым прызнаку: мужа і жонку, бацькоў і дзяцей, братоў і сясцёр. Мужчын ссылалі на Поўнач, жанчын на Далёкі Ўсход. Відаць такім чынам паляпшалі якасць народа: адлегласцю абцяжарвалі магчымасць шлюбаў паміж прадстаўнікоў шляхецкіх сем'яў, каб выкараніць беларускія шляхецкія роды. Малых дзяцей ізалявалі ад бацькоў, каб пазбавіць ад іх згубнага ўплыву.

На Далёкім Усходзе, у бараках, дзе трымалі жанчын, кожную раніцу з нараў здымалі трупы. Там памерла жонка Плясневіча -Эмілія.

Сястра жонкі Б. Плясневіча Эміліі. Была замужам за яго братам Станіславамбраты ажаніліся на сёстрах. Гэтая дама прадстаўніца старажытнага ліцьвінскага шляхецкага роду з часоў ВКЛ.

Ірэна унучка Плясневіча, вярнулася на радзіму у 60я гады. Зараз жыве ў Полацку. Яна грае на гітары і акардыёне. Яна мастак піша алеем, у яе шмат карцін.

Ветрынская школа мастацтваў выказвае шчырую падзяку паважанай Ірэне Мікалаеўне за гэтую інфармацыю і фотаздымкі, якія Плясневічы захоўвалі ў цяжкіх умовах, лічачы іх вялікай каштоўнасцю.

Лёс сям'і Плясневічаў мог бы стаць цікавым прататыпам для кінасцэнарыя аб гісторыі Беларусі зза тыповасці гэтага лёсу.

Класавы падыход у ацэнках народнай нацыянальнай культуры, сваёй аднабаковасцю, нанёс непапраўную шкоду беларускай культуры, калі высокае было зменена элементарным і ўрэшце знішчана. Трэба сказаць, што такі падыход працягвае існаваць і зараз, асабліва ў сістэме культуры.

Арыстакраты былі таксама народам краіны. Арыстакратычная культура ў іншых краінах з'яўляецца нацыянальным гонарам, асновай палітэсу, мэтай у выхаванні і інтэлектуальнага турызму, які, у сваю чаргу, стымулюе развіццё нацыянальнай культуры: замкі, маёнткі, веды гісторыі арыстакратычных радоў, іх могілкі...

Зараз у краіне плануецца развіццё турызму на сельскіх тэрыторыях і сцвярджэнне, што сядзібы не захаваліся, нясе наўпроставую шкоду. Пэўна думаюць, што крытэрый захаванасці шляхецкіх сядзібаў, гэта калі захавалася не толькі пазалота, але і пах інтэр'ераў, пасля такога вандалізму і вайны.

Калі ўлада не бачыць для сябе цікавасці ў сёняшніх рэштках сядзібаў, выходзіць гэта не цікава і нікому?!

Духоўнасць, далікатнасць успрымання, здольнасць асацыяваць, дазваляе бачыць і адчуваць тое, што знішчана, што нябачна. Але такія "глупствы" ў разлік не бяруцца. Іншая справа: павудзіць рыбу, памыцца ў вясковай лазні, паснедаць, выпіць чарку - таксама вельмі добра.

Калі ж творча падаць тое, што засталося ад сядзібаў, то паедуць глядзець і зза мяжы, каб пачуць цікавую і трагічную гісторыю ўладальнікаў сядзібаў, схіліць галаву перад іх светлай памяццю і былой веліччу, тым больш, што нават не засталося іх магілаў.

Для гэтай справы вялікіх сродкаў не патрэбна, калі ў месцы сядзібных каналаў паставіць "гарбаты" масток добрага цяслярскага гатунку, а не перакідваць кладку, як праз канаву. Абыграць відавы пагорак, якія мала дзе захаваліся (вёска Рудня, сядзіба "Антавіль"). На другім этапе можна будзе зрабіць і больш.

Трэба весці доследы па гэтай тэме, каб было што распавядаць экскурсаводам і выкарыстоўваць у выхаванні моладзі. У падручніках мы сутыкаліся толькі з прозвішчамі: Нарышкін, Галіцын, Абаленскі, Шарамеццеў, Юсупаў.

А ў нас выхоўваць ёсць на чым і без іх. У шляхецкіх сем'ях дзецям давалі добрую адукацыю і выхаванне. Вучылі ў лепшых установах, у тым ліку і ў заходніх краінах і не для таго, каб потым "нічога не рабіць, толькі іграць у карты, аб'ядацца, паляваць і лупцаваць сялян на канюшнях". Ставілася мэтай служэнне не камунебудзь, а Радзіме.

Калі зараз рэшткі шляхецкіх сядзібаў не разглядаць як каштоўнасць, то год праз дзесяць пра іх застанецца толькі ўспамін.

Экстрапалюючы нашу сітуацыю з рэшткамі сядзібаў на якую небудзь рэспектабельную еўрапейскую або азіяцкую краіну, думаеш, а як там, пры нейкіх абставінах, аднесліся б да аналагічнага становішча?!

Стылістыку былых шляхецкіх сядзібаў можна выкарыстоўваць і ў ландшафтным дызайне дабраўпарадкавання сельскіх тэрыторый. Такая стылізацыя змагла б прыўнесці арыгінальнасць у гэтую справу і стаць добрай памяццю аб цудоўным.

Уладзімір Амосаў, дырэктар школы мастацтваў.


Юбілей Л. М. Лыча

8 лютага, увечары, у дольнай зале Чырвонага касцёла св. Сымона і Алены собралася шмат людзй, пераважна сталічная інтэлігенцыя. Спачатку быў невялікі канцэрт, які скончыўся гімнам "Магутны Божа". Усе ўсталі і моўчкі слухалі яго.

Гэтую вечарыну з нагоды 80годдзя выдатнага беларуса Леаніда Лыча адкрыў арцыбіскуп Антоні Дзям'янка, цёпыя, шчырыя, словы пра юбіляра сказаў доктар гістарычных навук Уладзімір Навіцкі. Шмат добрых слоў сказалі Леаніду Міхайлавічу акадэмік Радзім Гарэцкі, старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, старшыня клуба "Спадчына" Анатоль Белы, муфтый беларускіх татараў АбуБекір Шабановіч, доктар гістарычных навук Эмануіл Іофе і іншыя.

Леанід Міхайлавіч Лыч распавёў памастацку пра некаторыя штрыхі са свайго жыцця. Перакажу некаторыя факты з таго выступлення. Яго бацька, якога называлі ў вёсцы Магільна, што на Уздзенчшыне, Міхась, падчас сталінскіх рэпрэсій у 19371938 гг. улетку спаў на гарышчы з сякерай і казаў: "Калі прыйдуць забіраць, дык хоць аднаго засяку, бо я не вінаваты, і мяне няма за што арыштоўваць". У пасведчанні юбіляра, якое было выпісана ў 1929 годзе ў сельсавеце, запісана: "Лыч Леанід Міхасёў нарадзіўся 8 лютага 1929 года". Яшчэ перад вайной ён меў дакументы, у якіх было запісана яго імя па бацьку "Міхасевіч", а цяпер, бачыце, перахрысцілі на расейскі капыл Міхайлавіч".

Падчас вечарыны юбіляр сказаў: "Хоць мне 80, але я яшчэ малады і адчуваю гэта штодня. Асабліва ў гарадскім транспарце: яшчэ ніхто з маладых мне месца не саступаў".

А ў панядзелак, 9 лютага, у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, вучоныя цёпла віншавалі свайго калегу Л.М. Лыча з 80гадовым юбілеем. Дырэктар інстытута, вучоны сакратар-акарэмік Аляксандр Каваленя адзначаў яго плённую дпрацу на працягу 46 гадоў, апантанасць даследчыка, прынцыповасць і шматграннасць досведу. Ад імя землякоў юбіляра вітаў намеснік старшыні Уздзенскага выканкаму Л. Шкель.

У кожнага з выступоўцаў вучоных М. Касцюка, У. Мазеца, А. Літвіна і іншых былі цікавыя паведамленні пра славутага вучонага Леаніда Лыча. Гаварылі, што ён вучоны ад Бога. Тут я хачу паведаміць чытачам яшчэ два факты. У 19601970 х гадах змянялі старыя назвы вёсак. Мястэчка Магільна ў 1979 годзе назвалі Нёман. Але паселішча вядома з 1284 года па летапісах, калі тут на рацэ Нёман адбылася бітва Вялікага князя Літоўскага Рынгольда з кааліцыяй рускіх князёў Леанід Лыч хадзіў па ўсіх установах і прасіў, каб вярнулі мястэчку старую назву. У 1991 годзе яго просьбу задаволілі. Зрабіць, гэта было складана. Савецкія чыноўнікі адступаць не любілі і не хацелі, а таму ў вёсцы Магільна знаходзіцца Нёманскі сельсавет.

У "Народнай волі" за 13-16 лютага 2009 года надрукаваны невя-лічкі артыкул Леаніда Міхасевіча "Ратуйцеся, беларусы!" Гэта крык беларускага патрыёта, каб мы ўсе аглохлыя, аглушаныя пачулі яго заклік.

Будзьма беларусамі.

Сымон Барыс.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX