Вярнуцца: 2009

№ 10 (901)


Крыніца: pawet.net.



10 (901) 11 САКАВІКА 2009 г.


120 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Пігулеўскага

Уладзімір Пігулеўскі нарадзіўся 26 лютага (10 сакавіка) 1889 г. у г. Гародні ў сям'і калежскага сакратара гарадской управы. Скончыў Менскую мужчынскую класічную гімназію (1907), гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага універсітэта (1912). Артылерыстам, авіятарам-назіральнікам удзельнічаў у баях Першай Сусветнай вайны (штабскапітан У. Пігулеўскі за мужнасць і гераізм быў узнагароджаны высокімі ардэнамі расейскай арміі).

Далучыўшыся да беларускага нацыянальнага руху, займаў адказныя пасады пры кіраўніцтве Беларускай Народнай Рэспублікі. Службоўцам для спецыяльных даручэнняў пры Міністэрстве замежных спраў наведаў Украіну, удзельнічаў у рабоце Беларускай нацыянальнапалітычнай канферэнцыі ў Рызе (1920). Там жа ўзначальваў Кансуліт пры Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі.

На сталае жыхарства пераехаў у Латвію ў 1922 г. У «Галерэі латышскіх дзеячаў. 1918-1928» (Рыга, 1928) пра гэты перыяд можна прачытаць наступнае: «3 1919 г. - на педагагічнай рабоце - як арганізатар беларускіх школ. Працаваў спачатку на Украіне, потым у Літве. Адтуль у 1922 г. перайшоў у Латвію, быў беларускім настаўнікам у сярэдняй школе Даўгаўпілса, потым дырэктарам сярэдняй школы ў Лудзы.

У 1927 г. прызначаецца кіраўніком Упраўлення беларускіх школ пры Міністэрстве асветы Латвіі. 3 1924 г. - у сацыялдэмакратычнай партыі, быў абраны ў Сейм ад Латгальскай выбарчай акругі».

(Працяг на ст.2.)


50 гадоў Язэпу Янушкевічу

7 сакавіка споўнілася 50 гадоў літаратуразнаўцу і архівісту, археографу і перакладчыку, кандыдату філалагічных навук Язэпу Янушкевічу (вёска Ракаў Валожынскага раёна Менскай вобласці).

Янушкевіч даследуе гісторыю беларускай літаратуры і культуры XIX-XX стагоддзяў, а таксама беларуска-польскія гісторыка-культурныя сувязі гэтага перыяду. З'яўляецца вядучым беларускім даследчыкам спадчыны Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, вывучае творчасць Паўлюка Багрыма, Францішка Багушэвіча, Міхала Галубовіча, Уладзіміра Жылкі, Уладзіміра Караткевіча, Адама Кіркора, Вацлава Ластоўскага і Паўліны Мядзёлкі.

Упершыню апублікаваў арыгінал "Пінскай шляхты" Дуніна-Марцінкевіча, "Лісты з-пад шыбеніцы" Кастуся Каліноўскага і дзённікі Уладзіміра Караткевіча. З 1999 па 2007 год з'яўляўся намеснікам старшыні археаграфічнай камісіі Камітэта па архівах і справаводстве пры Савеце міністраў Беларусі. З 1996 па 2006 год працаваў загадчыкам аддзела Беларускага НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы.

У 2007 годзе звольнены з інстытута ў сувязі з заканчэннем тэрміну кантракта. Навукоўца лічыць, што звальненне выклікана "празмерным" - у разуменні чыноўнікаў - захапленнем спадчынай Дуніна-Марцінкевіча і іншых знакамітых беларускіх літаратараў.

Зараз Янушкевіч працуе над навукова-мастацкім творам "Зямля кенатафаў".

Кандыдат гістарычных навук Кастусь Цвірка выказаў вялікую падзяку Янушкевічу за ўдзел у падрыхтоўцы многіх тамоў "залатой" серыі "Беларускі кнігазбор".

Паводле слоў сябра юбіляра, пісьменніка Уладзіміра Някляева, сын Язэпа і Марылі-Ірэны з роду Грыбоўскіх Язэп Янушкевіч з'яўляецца "сапраўдным прадстаўніком ракаўскай шляхты, якая ніколі не жыла абы-як, а тым больш нічога абы-як не рабіла". Таму яго працы і кнігі вылучаюцца "грунтоўнасцю, мастацкай якасцю, захапляльнасцю і неспатольнай, апантанай цікавасцю".

- Ён любіць здзіўляць і захапляцца. З ім хораша сябраваць - ён светлы, адкрыты. Моцны: валуны цягае спяваючы. Ягоная невера-годная працаздольнасць - найпершая прычына, па якой праўдамі і няпраўдамі стараліся пазбавіцца ад яго ва ўстановах, дзе Язэп служыў. Ён упрагаўся і адзін цягнуў гэткі ж, калі не большы, воз, як усе астатнія. А на пытанне "табе што, больш за ўсіх трэба?" адказваў: "больш". Гэта не што-небудзь, а характар сапраўднага вучонага, чалавека і беларуса, - падкрэсліў Някляеў.


Вызначаны першыя пераможцы ІІ Агульнанацыянальнай дыктоўкі

У рэгіянальных структурах ТБМ падводзяцца вынікі ІІ Агульнанацыянальнай дыктоўкі, у якой у лютым прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек у Беларусі і за яе межамі.

Сярод вучняў 9-х класаў г. Менска пераможцамі сталі:

1. Чарненка Варвара . Нарадзілася ў 1993 г. у Мен-ску. Захапляецца маляваннем, піша апавяданні і вершы, грае на піяніна.

2. Карней Паліна. Нарадзілася ў 1992 г. у г. Воршы, потым пераехала ў Менск, вучылася ў гімназіі № 4. Займаецца коннай яздой, захапляецца маляваннем і спевамі.

3. Пісарэнка Соф'я . Нарадзілася ў 1992 г. Захап-ляецца акрабатыкай і маля-ваннем.

Дзяўчаты пісалі дыктоўку "Родная мова" паводле Уладзіміра Караткевіча.

У Лідзе 1-е месца з адзнакай 10 балаў занялі:

Падчашы Яўген - навучэнец Лідскага каледжа;

Васюк Сяргей - навучэнец Лідскага каледжа.

2-е месца з адзнакай 9 балаў занялі:

Кійко Артур - навучэнец Лідскага каледжа;

Сыцько Кірыл - навучэнец Лідскага каледжа.

3-е месца з адзнакай 8 балаў занялі;

Шарафановіч Ірына - навучэнка Лідскага каледжа;

Берыдзэ Торніке Марленавіч .

У Бярозаўцы Лідскага раёна пераможцамі сталі:

1. Дычок Рэгіна ;

2. Трафімчык Аляксандра ;

3. Трафімчык Дамініка .

У Лідзе і Бярозаўцы пісалі дыктоўку "Прадмова да "Дудкі Беларускай" паводле Францішка Багушэвіча.

Лідскае журы праверыла работы вучняў Дварэцкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна.

1-е месца з адзнакай 9 балаў занялі:

Сіневіч Яна - 5 клас;

Жукоўская Алёна - 2 клас.

2-е месца з адзнакай 8 балаў заняла:

Баравік Крысціна - 8 клас.

3- месца з адзнакай 7 балаў занялі:

Лашкоўская Паліна - 5 клас;

Жукоўская Святлана - 6 клас:

Станцаль Алёна - 5 клас;

Лашкоўская Аліна - 3 клас;

Баравік Кірыл - 4 клас.

Дзеці пісалі дыктоўку "Родная мова" паводле Ула-дзіміра Караткевіча.

У Віцебску перамож-цамі першага этапу былі названы: Наталля Дзіканава - настаўніца гісторыі гімназіі № 8; Лізавета Трушчанка - студэнтка-гісторык, Ігар Гром - студэнт-гісторык; Таццяна Кавітава - аспірантка-матэматык.

Сакратарыят ТБМ просіць усе арганізацыі, якія ладзілі Агульнацыянальную дыктоўку дасылаць вынікі ў сядзібу ТБМ.

Пераможцы атрымаюць кнігі Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Сакратарыят ТБ


Другі этап Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" запрашае прыняць удзел у другім туры ІІ Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі. Жыхары Менска могуць напісаць дыктоўку 15 сакавіка 2009 г. у сядзібе ТБМ па адрасе г. Менск, вул. Румянцава, 13 (прыпынак метро Плошча Перамогі, выхад на вуліцу Захарава). Першая плынь - у 13.00 , другая плынь - у 14.00 . Тэл. для даведак 284-85-11 (з 16.00 да 19.00).


Літаратурная сустрэча на сядзібе ТБМ

17 сакавіка 2009 года ў 18.00 на сядзібе ТБМ (вул. Румянцава, 13) адбудзецца сустрэча з пісьменнікам Васілём Якавенкам , пад час якой аўтар трылогіі "Пакутны век" рапавядзе пра падрыхтоўку другога выдання, прэзентуе сваю новую кнігу "Нячывелле".

У сустрэчы маюць узяць удзел крытык Аляксей Рагуля, мастак Алесь Цыркуноў, паэт Генадзь Бураўкін. Уваход вольны.


УЛАДЗІМІР ПІГУЛЕЎСКІ

(Заканчэнне. Пачатак на ст. 1.)

Уладзімір Пігулеўскі з 1922 па 1924 г. выкладаў гісторыю і расейскую мову ў Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, а з 1924 па 1926 г. быў дырэктарам Люцынскай беларускай гімназіі. Гэта з Даўгаўпілса пайшоў ад яго ліст да Яніса Райніса (пісаны па-беларуску) з просьбаю паставіць у Рызе «Паўлінку».

«17 лютага 1924 г.

Высокапаважаны гр. Райніс!

Па-першае, карыстаюся зручнасьцю, каб прыпомніць Вам аб сабе, а па-другое, перасылаю Вам далучаную да гэтага афіцыйную просьбу гімназіі наконт салі даручанага Вам тэатра.

Аб Вашай згодзе на адданьне нам тэатру І0.ІІІ прашу не адмовіць паведаміць нас.

3 вялікай павагай

У. Пігулеўскі».

А загадчыкам Беларускага аддзела У. Пігулеўскі працаваў аж да 1934 г. Пасля перавароту К. Ульманіса яго арыштавалі і саслалі ў Ліепайскі лагер. Дарэчы, ён падвяргаўся пераследу і ў 1925 г. - пасля «Беларускага працэсу» вымушаны быў пакінуць педагагічную працу і служыць у Рыжскім транзітным кааператыўным банку.

У 1940-1941 гг., калі Латвія была далучана да СССР, У. Пігулеўскі працуе інспектарам Міністэрства асветы. Педагагічную работу прадаўжае і ў эвакуацыі ў Паволжы. А пасля вайны выкладае ў Рыжскім мараходным вучылішчы, Педагагічным інстытуце.

Друкавацца пачаў у 1924 г. яшчэ ў Люцыне (Лудза). Там жа здзейсніў першы самы значны пераклад з латышскай мовы: п'еса Р. Блаўманіса «Блудны сын» карысталася поспехам у гледачоў. У 1949 г. ён перакладае на латышскую мову слаўнавядомую купалаўскую «Паўлінку», якую паставіў тэатр імя Я. Райніса. У райнісаўскім музеі захоўваецца тэатральная праграма з прадмовай У. Пігулеўскага. Эпіграфам да яе Уладзімір Васільевіч узяў словы свайго настаўніка Яна Райніса: «Я сам паходжу з Латгале, з тых мясцін, дзе жывуць беларусы. 3 беларусамі мяне яднае дружба, я ім глыбока спачуваў яшчэ ў часы царскага панавання, таму зразумела, што зараз яшчэ больш сімпатызую ўзвышэн-ню культуры беларускага народа, бо беларускі народ далу-чыўся да сусветнай культуры і стараецца ўнесці свой уклад у культуру ўсяго чалавецтва».

Шчырым прыхільнікам і прапагандыстам гэтага «далучэння», «узвышэння» роднага народа ўсё сваё жыццё быў Уладзімір Пігулеўскі. На жаль, яшчэ не сабрана і не ацэнена творчая спадчына пісьменніка.

Памёр Уладзімір Пігулеўскі на 70-м годзе жыцця 17 чэрвеня 1958 г.

Сяргей Панізьнік.

Моладзі

Пяць гадоў існуе Дзьвінская беларуская гімназія і штогодна расчыняе свае дзьверы, каб выпусьціць на арэну жыцьця беларускую моладзь.

Магчыма ў розныя спосабы разумець патрэбы беларускай меньшасьці ў Латвіі, магчыма ў розныя спосабы выяўляць сабе яе ідэалы, але ясна для ўсіх, што перш за ўсё беларускай меньшасьці патрэбны асьвечаныя людзі, якія працавалі б з беларускім народам і для беларускага народу.

Гэтыя людзі неабходны, патрэбны беларускай меньшасьці так, як ніякай іншай.

Цяпер, пасьля 5ці гадоў існаваньня гімназіі варта паставіць пытаньне: ці ўсе скончыўшыя гімназію выканалі свой абавязак перад родным народам?

Пытаньне гэтае не закранае тых адзінак, што прыйшлі ў беларускую гімназію збоку, прыйшлі чужымі беларускаму народу і яго патрэбам. Для іх беларуская гімназія была толькі паўстанкам на шляху жыцьця.

Вострыва гэтага пытаньня павінна быць накіравана на тую моладзь, што прыйшла ў беларускую гімназію з гушчы беларускага народу, на тых, хто кроўнымі скрэпамі зьвязаны з гэтым народам.

Ці ўсе яны выканалі свой абавязак? Не, ня ўсе.

Частка кінула свой народ і зьбегла ў чужыя табары.

Акружаючы сьвет здаецца занадта прыгожым, прывольным і багатым у параўнаньні з непрыгляднасьцю і беднасьцю беларускага жыцьця, і для таго каб гэтая прыгожасьць не знадзіла чалавека, не спакусіла яго адвярнуцца ад роднае халужкі, патрэбна скаваць у душы крэпкія, нерастаржымыя ідэёвыя скрэпы.

Гэтых скрэпаў яны не стварылі. Яны не проціўпаставілі надворнай прыгожасьці прыгожасьць уласную, яны не расчынілі ўсю беларускую скарбніцу, не абышлі ўсе куткі яе і не ацанілі ўсе яе пэрлы.

А не стварыўшы гэтых скрэпаў, яны закахаліся ва ўсё чужое, закахаліся сляпым каханьнем сьвінапаса да царэўны.

I якія б прынцыпова важныя меркаваньні яны не прыводзілі ў сваё апраўданьне, дэзэртырства застаецца дэзэртырствам.

Беларускі народ ведае, што культурна ён пакуль што яшчэ слабы, што беларускія хаты яшчэ бедныя, што беларускія вёскі яшчэ цёмныя. Беларускі народ ведае сабе цану, але ён будзе ведаць і тых, што пакінулі свой народ бяз помачы ў цемры і перакінуліся да багатага суседа.

Побач з тым гімназія выпусьціла вялікую большасыдь такіх, што хавалі ў душах сваіх акамянелую, халоднаўпартую рашучасьць ўтрымацца на тым мейсцы, скуль зьбеглі другія, і, што б ні сталася, служыць, чым удасца, беларускай справе і ахвяраваць ёй усе свае сілы.

Тыя пайшлі да багатага суседа, гэтыя павярнулі сьпіну яго прыгожасьці і ласцы; тыя пакланіліся яго цэннасьці і пакінулі ў запусьценьні сваю беларускую капліцу, гэтыя сьціснулі зубы і будуць працаваць за дзесяцёх, бо тыя зьбеглі і за тымі па той жа дарозе зьбягуць яшчэ многія.

Тыя бачуць толькі непрыглядную беднасьць, створаную вякамі няволі, і зачыняюць вочы на ўсё вялікае і велічавае, гэтыя падышлі да беларускае справы, углядзеліся ў яе і знайшлі ў ёй столькі прыгожасьці і вялічча, што пад іхнім аварожжам душа гэтых выпрасталася, падняла.

Уладзімір Пігулеўскі.


Асіміляцыя або лінгвацыд

Шаноўны рэдактар!

Нядаўна ў сваіх паперах знайшоў цікавы матэрыял: развагі балгарскага вучонага аб лёсе народаў, якім пагражае моўная асіміляцыя і поўнае знікненне. Думаю, што для нас, беларусаў, гэта якраз надзённая тэма, бо пагроза прэса асіміляцыі навісла над намі даўно, апошнім часам - асабліва.

Прашу змясціць матэрыял у Вашай газеце. Няхай тыя беларусы, якія лічаць, што яны нічога не страцілі, калі сталі гаварыць толькі паруску і аддаюць сваіх дзяцей у рускія школы, зразумеюць, што яны страцілі сябе і сваіх дзяцей. Яны, фактычна, ужо не беларусы, бо растварыліся ў рускім моўным моры - і прапалі для Беларусі беларускай.

Спадзяюся, што балючая для нас тэма выкліча водгукі чытачоў.

З павагай Уладзімір Дамашэвіч.

... Існуе тры-чатыры вялікія сучасныя мовы, якія прэтэндуюць на сусветную гегемонію і хуткае распаўсюджанне якіх нясе непазбежную пагрозу для ўсіх астатніх моваў і дыялектаў свету.

Моўная дыскрымінацыя такая ж старая, як гісторыя цывілізацыі. У старажытнай Грэцыі дыскрымінацыя звяртлася не толькі да падкрэслівання эстэтычных якасцяў грэчаскай мовы або інтэлектуальнай і маральнай перавагі тых, што гаварылі на ёй...

Грэчаская, старажытнаяўрэйская і лацінская мовы захоўвалі сваё прывіляванае становішча ажно да Х стаг., калі дагмат гэтай моўнай тройцы быў аспрэчаны братамі Кірылам і Мяфодзіем, і калі чацвёртая мова - славянская - была прынята для правядвення хрысціянскіх абразаў... Тады ўпершыню ў афіцыйных колах хрысціянскай царквы было рашуча пастаўлена пытанне аб праве кожнага народа вучыцца і праводзіць рэлігійныя культы на ўласнай мове.

... Некаторыя нацыянальныя мовы непрыкметна апынуліся на шляху павольнага адмірання: яны асуджаны падзяліць у больш-менш далёкім будучым лёс моваў, асіміляваных іншымі мовамі, якія валодаюць большай энергіяй экспансіі. І ад гэтай моўнай дыскрымінацыі да дыскрымінацыі палітычнай усяго адзін крок. Прыняцце адной мовы ў якасці рабочай, г. зн. абавязковай для ўсіх удзельнікаў міжнародных форумаў стварае вялікую нязручнасць і дыскрымінацыю для тых, хто не валодае гэтаю моваю.

Са знікненнем мовы знікае і этнічная культура, для якой мова з'яўляецца крыніцай і апорай. А разам з паміраннем этнічнай культуры гіне і нацыянальная самасвядомасць.

Страта мовы - гэта самая вялікая катастрофа для народа. Нацыянальная мова і нацыянальная традыцыя, якая бярэ ў ёй свой пачатак: паэзія, народныя музыка і танец, гульні і відовішчы, міфалогія і народжаная вякамі народная мудрасць утвараюць этнічную культуру, якая з'яўляецца жывым увасабленнем нацыянальнага генія.

Вось чаму малыя нацыі беражліва адносяцца да сваіх моваў і змагаюцца за іх захаванне.

Такая моўная палітыка (палітыка дыскрымінацыі) праводзіцца некаторымі буйнымі дзяржавамі, але праводзіцца тонка, з выкарыстаннем сучасных сродкаў масавай інфармацыі, транспарту, найноўшай тэхнікі і накіравана на забеспячэнне максімальнай экспансіі сваёй мове, сваёй нацыянальнай культуры. Уся прапагандысцкая і інфармацыйная машына нацэлена на тое, каб пераканаць грамадства, што няма ніякай практычнай вартасці ў мовах малых нацыяў, мясцовых дыялектаў за межамі этнічных і нацыянальных культур, асновай якіх яны з'яўляюцца. Таму трэба адмовіцца ад мовы і нацыянальнай культуры і, як вынік, ад уласнай нацыянальнасці і засвоіць мову і культуру цывілізаванай нацыі.

Культнацыйная фаза моўных канфліктаў - гэта асіміляцыя або лінгвацыд. Асіміляцыя адной мовы другою азначае паміранне асіміляванай мовы і нацыянальнай свдомасці народа, які на ёй гаворыць. Моўная асіміляцыя ляжыць у аснове асіміляцыі культурнай, нацыянальнай, палітычнай, эканамічнай і г.д. Менавіта таму яна з'яўляецца адною з мэтаў заваёўнікаў і каланізатараў.

Асіміляцыя азначае поўнае разбурэнне сацыяльнага арганізму - народа, нацыі, расы, племені і яго інтэграцыю ў другі сацыяльны арганізм, або, гаворачы больш дакладна, паглынанне адной сацыялінгвістычнай групы другою...

Функцыянаванне чалавечага грамадства асноўваецца на мове. Знішчаючы мову, знішчаюць і грамадскі арганізм, асновай якога яна служыць...

Асіміляцыя моваў і культур не адбываецца раптоўна. Яна працякае павольна, няўхільна, паслядоўнымі этапамі. Звычайна вылучаюць два этапы гэтага працэсу: фаза частковай, або палоўнай асіміляцыі і фаза татальнай асіміляцыі. Татальная асіміляцыя мовы азначае поўнае і канчатковае яе знікненне, а разам з ёю і самога народа як нацыянальнай і культурнай еднасці.

Сімяён Джуджаў , прафесар, Балгарыя Часопіс "Мир науки" 1980, т. ХХІУ, №4.


ЧЫСТАКРОЎНАЯ АСІРЫЙКА ВЫКЛАДАЕ БЕЛАРУСКУЮ МОВУ

Некалі ў Жлобіне было 14 асірыйскіх сем'яў, зараз засталося толькі некалькі чалавек. Але і зараз у гэтым райцэнтры Гомельскай вобласці колькасць асірыйцаў самая вялікая ў Беларусі.

Шырока ўсміхаючыся, адчыняе нам дзверы сваёй кватэры 58гадовая Альбіна Мірза: "Праходзьце, калi ласка!". Са здзіўленнем даведваемся, што чыстакроўная асірыйка выкладае ў мясцовай школе беларускую мову.

Вельмі люблю вашу мову, яна такая прыгожая! Папраўдзе гаворачы, для мяне дзіўна, што ёй адводзяць зусім нікчэмную ролю. Таму і дзеці ў школе не вельмі паважаюць сваю мову, лічачы, што яна грубая і не цікавая. Але калі гаварыць на літаратурнай беларускай мове, яна выдатная! Вельмі люблю вашых пісьменнікаў і паэтаў: Шамякіна, Мележа, Панчанку.

Не верачы, што Асірыя адродзіцца, старэйшыя ўсё роўна перадаюць веды сваіх традыцый дзецям, часта размаўляюць з імі на роднай мове:

Гэта ад сэрца ідзе. Спрабуем берагчы свае песні, усё сваё. Вось унучка мая выдатна разумее нашу мову. Мы ведаем, што нас мала, таму мы абавязаны перадаваць веды новаму пакаленню. Гэта дзесьці ўсярэдзіне сядзіць.

date.by.


Конкурс адукацыйных выданняў

Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай школы" з мэтай пашырэн-ня выпуску газет і часопісаў, якія выхоўваюць грамадзянскія пачуцці, ужо ў трэці раз (2001, 2004) праводзіць конкурс адукацыйных друкаваных выданняў. У ім могуць прымаць удзел газеты, часопісы і інш., што выпускаюцца пераважна па-беларуску, як у адукацыйных установах (школах, факультэтах і г.д.), апрача афіцыйных газет у сярэдніх спецыяльных і ВНУ, так і незалежна ад іх. Выданні павінны быць асветнай тэматыкі (адукацыйныя, краязнаўчыя і г.д.), якія скіраваны на выхаванне грамадзянскіх пачуццяў, нацыянальнай свядомасці. На адрас аргкамітэта конкурса (220029 Мінск-29, а/с 64) дасылаецца (ці даносіцца) да 20 сакавіка не менш двух нумароў пажадана разам з кароткай прэзентацыяй выдання, выкананай ў электронным варыянце аб'ёмам да адной старонкі А4, шрыфт 19 пунктаў, якая можа быць выкарыстана ў часопісе "Летапіс ТБШ". У прэзентацыі - сціслы расповяд пра газету, брашуру, асобныя матэрыялы, фотаздымкі.

Журы ТБШ у красавіку 2009 г. ганаруе дыпломамі ўсе дастойныя выданні і вызначыць з іх тры пераможцы, якія будуць асобна адзначаны.


75 гадоў з дня нараджэння Аўгінні Кавалюк

Дваццаць восем гадоў свайго творчага жыцця беларуская паэтэса, перакладчыца, педагог Аўгіння Кавалюк правяла ў Рызе. А нарадзілася Яўгенія Трафімаўна Сідаровіч 13.03.1934 г. у вёсцы Стральцы Гарадзенскага павету ў сялянскай сям'і. Гадавалася без бацькі, які быў асуджаны як "вораг народа" і правёў у Гулагу 15 гадоў.

У 1954 г. скончыла беларускую школу № 9 у Гародні, а ў 1959 г. - гісторыка-філалагічны факультэт Гара-дзенскага педагагічнага інстытута, дзе наведвала літаратурны гурток (з 1952 г. публікавалася на старонках раённай газеты). А першы верш быў змешчаны ў школьнай насцен-газеце.

Літаратурным настаўнікам стаў для А. Кавалюк Міхась Васілёк. Духоўную падтрымку мела яна і ад Васіля Быкава. 3 1961 г. выступае ў беларускіх рэспубліканскіх перыядычных выданнях, пасылаючы туды свае творы ўжо з Латвіі. Па сямейных абставінах яна пераехала ў Рыгу і з 1959 па 1978 гады працавала настаўніцай у адной з рыжскіх сярэдніх школ. Да 1982 г. выкладала ў Міжгаліновым інстытуце павышэння квалі-фікацыі спецыялістаў народнай гаспадаркі. Удзельнічала ў культурна-асветніцкай рабоце сярод латвійскіх беларусаў.

3 1987 года жыла ў Санкт-Пецярбургу. Памерла 2 лістапада 2007 года.

Аўгіння Кавалюк - аўтар зборнікаў вершаў "Белае дзіва" (1964 г., для дзяцей), "Маўклівыя скарбы" (1966), "Кропля бурштыну" (1974), "Імгненняў след" (1987) і інш. Перастварала з латышскай мовы. Яе творы перакладзены на латышскую, рускую, украінскую мовы.

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1993 г.

Сяргей Панізьнік.

Пра Аўгінню Кавалюк

Паэтэса найбольш карыстаецца формай лаканічнай лірычнай замалёўкі, раскрываючы перажыванні свае лірычнае гераіні, перадаючы адчуванне хараства, складанасці і мнагастайнасці жыцця, у якім асаблівае месца займае той "куток, што нам падасць вады глыток". Вершы яе часцей камерныя і паводле лірычнага зместу, паводле танальнасці. Яны грэюць сардэчнасцю, пачуццём ласкі да ўсяго добрага, чалавечнага ў жыцці.

Аляксей Пяткевіч .

* * *

Прада мною

Балтыйскае мора,

Наваколле ўсё - сіняя сінь.

Я паслухала: з сіні гаворыць

Нёман мой,

майго Нёмана пльшь.

I здалося мне -

з хваль выплывае

Наднямонне маё, родны дом.

Стала сумна

у гэтым мне краі,

Мне б застацца

з казачным сном.

Я не знаю,

ці ёсць дзе на свеце Прыгажэйшы куточак,

чым той,

Скуль усё

мацярынскае свеціць, Сагравае сваёй цеплынёй...

Аўгіння Кавалюк.


БЕЛАРУСКІЯ АГРАСЯДЗІБЫ З БЕЛАРУСКАЙ МОВАЙ

Падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу на лепшую аграэкасядзібу года, які арганізавалі БГА "Адпачынак у вёсцы" і "Белаграпрамбанк". Прыемна, што адна з асноўных пяці намінацый - нацыянальнакультурная. Па зацверджаных умовах конкурсу яе пераможац павінен выкарыстоўваць беларускую мову ў працы з гасцямі сядзібы, ведаць фальклорнаэтнаграфічную сітуацыю ў рэгіёне і г.д. Акрамя намесніка міністра спорту і турызму Ч. Шульгі, першага намесніка старшыні праўлення "Белаграпрамбанка" У. Падкавырава і старшыні БГА "Адпачынак у вёсцы" В. Кліцуновай у складзе журы працавалі вядомыя навукоўцы: мастацтвазнавец Яўген Сахута, фалькларыст Алесь Лозка, этнолаг Тадэвуш Навагродскі, архітэктар Сяргей Сергачоў.

Агульнапрызнаным лідэрам названай намінацыі стала Вольга Маханенка, гаспадыня сядзібы "Прыазёрная" в. Стары Лепель Лепельскага раёна. Яна набыла ў свой час рэжысёрскую спецыяльнасць у Інстытуце культуры, працуе ў аддзеле спорту і турызму Лепельскага райвыканкаму. На працы ўжо прывыклі, што яна размаўляе пабеларуску. На свае імпрэзы ходзіць у нацыянальным строі. Цудоўна ведае нацыянальнакультурную традыцыю рэгіёна. Збірае мясцовыя бытавыя рэчы для краязнаўчага кутка, арганізуе выставы на сядзібе. Вользе добра дапамагае яе сяброўка Галіна Жураўлёва, майстар выцінанкі. Часта сваім гасцям прапануецца распрацаваны краязнаўчы маршрут, у які ўваходзяць вёскі: Стары Лепель (гарадзішча на возеры, каменныя крыжы), Акана (фальклорны ансамбль "Аканіца"), Аношкі (ансамль "Аношкі", праводзяць з гасцямі язычніцкую гульню "Жаніцьба Цярэшкі") і інш. Прыемна, што на Каляды на Лепельшчыну прыязджаюць "ажаніцца", адчуць рамантыку старыны, як афіцыйнашлюбаваныя пары, так і моладзь, пажылыя людзі.

Старшыня РГА "Таварыства беларускай школы" Алесь Лозка лічыць больш карысным для эканомікі і культурнага развіцця краіны гэты праект, чым будоўлі лядовых палацаў, у якія ўкладваюцца вялізныя народныя сродкі пры сумніўнасці іх эканамічнай аддачы і шырокага выкарыстання спартыўных аб'ектаў асабліва ў раённых цэнтрах. Таму ад імя ТБШ ён уручыў Вользе Маханенка прыз - турыстычная паездка ў Варшаву (на фотаздымку).

А гран-пры конкурсу атрымала сядзіба "Над Нёманам" (г. Бярозаўка Лідскага раёна).

А.Алесеў.


Алег Латышонак прэзентаваў у Гародні кнігу "Жаўнеры БНР"

У памяшканні гарадзенскай суполкі Таварыства Беларускай Школы адбылася доўгачаканая прэзентацыя кнігі прафесара Алега Латышонка "Жаўнеры БНР". Вядомага беластоцкага гісторыка гарадзенцы чакалі яшчэ ў лютым, але зза аўтамабільнай аварыі ён не здолеў тады патрапіць у Гародню. І вось цяпер прэзентацыя прайшла ў поўнай зале, у прысутнасці калеггісторыкаў ды мясцовых прыхільнікаў нацыянальнага адраджэння.

Кніга Алега Латышонка "Жаўнеры БНР" выклікала сапраўдную цікавасць гарадзенцаў, якія выцягнуліся ў доўгую чаргу, каб атрымаць аўтограф аўтара. Сам Алег Латышонак не чакаў, што гэтае выданне будзе карыстацца такой папулярнасцю:

Я хваляваўся, бо думаў, што публікацыі гэтыя вядомыя толькі вузкаму колу навукоўцаў, і таму варта, каб кніга патрапіла да шырокага чытача ў Беларусі. Я вельмі ўдзячны рэдактару Алесю Пашкевічу і выдаўцу Валеру Булгакаву , што мая кніжка пайшла ў народ…

У прэзентацыі кнігі Алега Латышонка ў Гародні ўзяў удзел навуковы рэдактар выдання Алесь Пашкевіч:

Працаваць над кнігай было вельмі цікава. Спадар Алег Латышонак, нягледзячы на тое, што жыве ў Польшчы, адлюстроўвае гісторыю з беларускага гледжання. Ён разумее нашыя праблемы і спецыфіку...

Прэзентацыя кнігі Алега Латышонка ў Гародні пацвердзіла, што гісторыю БНР патрэбна надалей вывучаць і папулярызаваць у грамадстве дзеля пазбаўлення ад стэрэатыпаў савецкай эпохі.

Вацлаў Галімскі. На здымку: Алег Латышонак.


Марцін Пачобут-Адляніцкі

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

5 верасня 1793 г. адбылося поўнае зацменне Сонца. Для гэтага ў Аўгустоў пад Гародню былі дастаўленыя астранамічныя прылады і ў прысутнасці караля Станіслава Панятоўскага, рускага амбасадара Сіверса і мноства гасцей, Пачобутам і Снядэцкім былі праведзеныя астранамічныя назіранні зацмення. Дакладнае вымярэнне часу пакрыцця да-зволіла ўдакладніць геаграфічныя каардынаты Гародні і ўнесці карэктыроўку ў выліча-ную раней геаграфічную даўгату Вільні. А самае галоўнае: сама астранамічная з'ява і праца навукоўцаў зрабіла вялікае ўражанне на караля і шматлікіх уплывовых гасцей, і паўплывала на фінансаванне навукі. У тым жа 1793 г. кароль узнага-роджвае Пачобута Ордэнам Белага Арла. У лісце да Яна Снядэцкага ад 13 лютага 1794 г. астраном піша: "Дзень 5 верасня не толькі быў карысны для астраноміі, але і для нас усіх вельмі шчаслівым, бо ўдалося вырашыць пытанне фінансавання Галоўнай школы. Прыемна мне ўспомніць той дзень і тыя назіранні, якія мы ў прысутнасці гэтых высокіх гасцей зрабілі пры дапамозе такіх якасных прылад" .

1795 год. Пасля канчатковага разбору Рэчы Паспалітай рэктар Пачобут зноў бярэцца за рашэнне праблем фінансавання Галоўнай школы. Амаль два гады; 1795 і 1796 ён праводзіць у Гародні - горадзе, дзе знаходзіўся генерал-губернатар Літвы князь Рапнін. Толькі на прыканцы 1796 г. Пачобут вяртаецца ў Вільню .

Цяжкім ударам лёсу сталася смерць сябра і паплечніка, астранома Ежы Стржэц-кага 5 лютага 1797 г.

Новы рускі імператар Павел I, здзейсніў паездку па заходняй частцы імперыі, і 27 траўня 1797 г. наведаў Галоўную школу. Імператар агледзеў універсітэт, наведаў абсерваторыю. Усе распачынанні Пачобута былі падтрыманыя . Універсітэт быў захаваны і дапоўнены кафедрай хіміі, для якой быў прыняты на працу таленавіты малады прафесар Андрэй Снядэцкі, брат астранома Яна Снядэцкага .

Калі імператарам стаў малады Аляксандр I, Пачобут ездзіў у Пецярбург улагоджваць універсітэцкія справы. Фінансаванне было зацверджанае, і ў якасці ўзнагароды рэктар атрымаў ад маладога імператара пярсцёнак. Вярнуўшыся з Пецярбурга Пачобут падаў у адстаўку з паста рэктара ў сувязі з пагаршэннем здароўя, адмовіўся ад прапанаванага яму з Рыма месца біскупа і поўнасцю прысвяціў сябе астраноміі .

* * *

Пачобут вёў перапіску з большасцю вядомых астра-номаў тагачаснай эпохі. Асабліва частай была перапіска з Янам Снядэцкім з Кракава і Бадэ з Берліна. Займаўся Пачобут і стварэннем адмысловай астранамічнай бібліятэкі пры абсерваторыі. У гэтай справе яму дапамагалі Ян Снядэцкі і экс-канцлер ВКЛ Храптовіч, які ў той час жыў у Варшаве. Снядэцкі пісаў, што Пачобут пакінуў у абсерваторыі шмат прылад і кніг, набытых за свае грошы .

У лісце ад 26 снежня 1801 г. да Яна Снядэцкага Пачобут падрабязна распавя-дае аб сваіх назіраннях. На пачатку ліста ён скардзіцца на тое, што дрэннае надвор'е не дазволіла займацца астрана-мічнымі назіраннямі ўсю восень і пачатак зімы: "Не магчыма было назіраць пакрыццё зоркі γ Cancri". Далей ён раз-важае аб астраклімаце і яго ўплыве на назіранні: "Нават улетку, назіранні з'яў у сістэме спадарожнікаў Юпітэра (зац-менняў і пакрыццяў) двума ахраматычнымі тэлескопамі аднаго класа, пры якіх адзін тэлескоп большай часткай выходзіць у акно, а іншы поўнасцю знаходзіцца ў памяшканні, адрозніваліся на 30-40 секунд (дугі)". Піша ён і аб тым, што ўдалося знайсці толькі што адкрытую англійскім астраномам Гершалем планету Уран і вымераць яе вуглавыя памеры (каля 4"). Пачобут паведамляе, што ў жніўні ўдалося правесці назіранні пакрыццяў Месяцам двух зорак, 17 жніўня π Скарпіёна і 27 жніўня χ Цяльца 37 .

На пачатку 19 ст. былі адкрыты малыя планеты - астэроіды. Пачобут, атрымаўшы інфармацыю аб месцазна-ходжанні на небе астэроіда Церэры, на пачатку красавіка 1802 г. знаходзіць яго, а пачы-наючы з 9 красавіка робіць серыю назіранняў з вымярэннямі становішча астэроіда для вызначэння яго арбіты.

У навуковым свеце таго часу ўзніклі спрэчкі, аб тым як назваць новыя малыя планеты. Нямецкі астраном Цах апублікаваў вершы Пачобута на лаціне, прысвечаныя спрэч-кам астраномаў аб тым як назваць гэтыя планеты:

Na Ceres.

Qune segetum

culmos docuisti falce secare,

Falx dentata sacrum

sit tibi stemma, Ceres.

Na Pallas

Falx Cereris signum esto:

Tu ut tuare labores

Syderibus sacros,

aigida Pallas habe! 8

Нароўні з астраноміяй, усё сваё жыццё Пачобут захапляўся лацінскай паэзіяй і мовай. Ён нават выступаў супраць пераводу навучання студэнтаў на сучасныя жывыя мовы. Калі ў 1802 г. Варшаўскае Таварыства Аматараў Навук звярну-лася да яго па аўтарытэтную падтрымку ў справе пераводу навучання на польскую мову, ён адказаў, што "вялікія і вельмі вучоныя мовы грэцкая і лаціна і нават наша ліцвінская мова (верагодна, гарадзенец Пачобут меў на ўвазе старабеларускую мову) сышлі з часам … але і што з таго? Надрукуем новыя кнігі, перадрукуем старыя, вельмі гэта дорага. Што далей? Самі чытаць гэтыя кнігі будзем … а за мяжой ніхто гэ-тых кніг ведаць не будзе і нас таксама…" .

А пра свае заняткі астраноміяй Пачобут казаў: "Мая Ўранія, як старая баба, не змагла забрацца на вяршыню Парнаса, але соваючыся пад той вяршыняй, давала не вершы, а матэрыял для вершаў".

19 чэрвеня 1802 г. Вільню і ўніверсітэт наведаў малады імператар Аляксандр I. Ад імя ўсіх выкладчыкаў і студэнтаў, як самы вядомы і паважаны навуковец , да яго з прамовай на французскай мове звярнуўся Пачобут і прачытаў оду на латыні. Затым астраном правёў імператара ў абсерваторыю, дзе Аляксандр з цікавасцю агледзеў аб'сталяванне. Імпе-ратару былі падораныя ўлас-наручна Пачобутам вырабленыя табліцы з вынікамі назіранняў Царэры. Аляксандр I пацікавіўся, ці мае абсерва-торыя тэлескоп Гершэля, пра які ён шмат чуў. Спадабаўся яму таксама ахраматычны тэлескоп з мікраметрам, у які імператар доўга аглядаў наваколлі. Як вынік, выйшла кніга вершаў на лаціне Пачобута: "Ad Augustum Imperatorem Alexandrum I, carmen lectum in publico consessu Imp. Universitatis Vilnensis" (Вершы гэтыя ў рускім перакладзе былі надрукаваны ў "Периодическом издании об успехах народного просвещения", 1803 г., № 3). Пасля гэтага візіту Указам ад 8 верасня 1802 г. была ўзноўлена сістэма адукацыі ў былым ВКЛ. А 4-га красавіка 1803 г. выйшаў Указ, які пацвярджаў існаванне Галоўнай Школы Літоўскай у новых умовах пад назовам Імператарскага ўніверсітэта з поўным фінансаваннем .

З канца 1803 г. Пачобут прыступае да назіранняў толькі што знойдзенага астэроіда Палада. Узімку гэтага года Палада як раз знаходзілася ў вылучаным Пачобутам сузор'і Цяльца Панятоўскага і былому каралеўскаму астраному было прыемна, што нямецкія калегі ў перапісцы згадваюць гэтае сузор'е 42 .

У той час уся адукаваная Еўропа чытала кнігі французскіх егіптолагаў, якія пабылі разам з войскам Напалеона ў Егіпце. Экс-канцлер Храптовіч атрымаў кнігу егіптолага барона Дамініка Віванда Данона ў сваю ў бібліятэку і даслаў Пачобуту копію малюнка са знакамі задыяку. Пачобут, як прафесійны астраном, з вялікай цікавасцю вывучаў найстара-жытнейшы задыяк і размяшчэнне зорак задыякальных сузор'яў. У ліпені ў друкарні ўніверсітэта была надрукавана ягоная кніга аб старажытным егіпецкім задыяку. Увосень гэтая кніга выйшла на французскай мове. Пазней была выдадзеная яшчэ і па-нямецку. Аналізуючы рух кропкі летняга сонцастаяння віленскі астраном вылічыў узрост помніка - 583 г. да н.э.

На пачатку 19 стагоддзя выходзяць наступныя працы Пачобута:

 "Beobachtungen des Merkurs, in seiner Sonnennahe und Sonnenferne, und zugleich in seiner grossten Abweichung von der Sonne im Februar und April 1802, im gleichen des neuen Planeten Ceres auf der Kayserl. Sternwarte Wilna angestellt" (1805 г.). Назіранні гэтых планет трубой Канівэ зрабіў Пачобут., а 8 футавым квадрантам Рамсдэна - астраном Рэшка.

 "Beobachtungen der drey neuen Planeten: Ceres, Pallas und Tuno in den Jahren 1803 und 1804 auf der Kayserl. Sternwarte zu Wilna angestellt (1808 г.)

 Некаторыя назіранні Пачобута прыведзеныя або згадваюцца таксама ў Цаха: "Monatliche Corresp." за 1802, 1804 і інш. годы.

 Згаданая вышэй кніга "О dawnosci zodijaku Egipskego w Denderach" (1803); "Recher-ches sur le zodiaque de Den-derah" (1805); "Sur l'antiquite du zodiaque de Denderah" (1805)

 "Obserwationes ad positionem stel-larum" (1785).

 Нешматлікія назіранні былі апублікаваныя Пачобутам у розных перыядычных выданнях і пераважна ў "Astronomisches Jahr-buch".

На пачатку 1803 г. Пачобут акрамя сталай перапіскі з Парыжскай, Лонданскай і Бер-лінскай акадэміямі усталяваў навуковыя кан-такты і з Пецярбургскай акадэміяй. У архіве бібліятэкі Пецярбургскай Акадэміі навук быў знойдзены дзённік назіранняў Пачобута за 1773 год (Poczobut, Cahiers des observations astromiques faltes l'Observatoire Royal de Vilna in 1773, presentes au Roy. Vilna, 1777), які мае зроблены ягонай рукой дароўны надпіс на ты-тульнай старонцы .

У 1802 годзе адбылося асабістае знаёмства Пачобута з адным з навукоўцаў Пецяр-бургскай Акадэміі навук. Гэта быў вядомы хімік акадэмік У.М. Севяргін, які наведаў Вільню праездам. Аб сустрэчы з Пачобутам ён пісьмова даклаў сваёй акадэміі і перадаў некалькі кніг, выдадзеных у Вільні. У сваіх занатоўках аб падарожжы ён так апісаў сустрэчу ў Вільні: "… прэлат Пачобут, дырэктар Віленскай абсерваторыі, прапанаваў рэгулярна пасылаць Акадэміі, калі яна таго пажадае, метэаралагічныя назіранні, якія праводзяцца ва Ўніверсітэце. Астранамічная абсерваторыя … складаецца з двух аддзяленняў, з якіх адно ёсць вялізная зала, дзе знаходзяцца некаторыя астранамічныя прылады і невялікая бібліятэка, да гэтага прадмета датычная. Іншае аддзяленне ёсць круглая, да-волі вялізная вежа, з усіх бакоў, нават у самім купале з адтулінамі, якія замыкаюцца тонкімі накрыўкамі, з ліставога жалеза зробленымі. Гэтыя накрыўкі зроблены так, што сам назіральнік без дапамогі іншага іх зручна адчыняць і замыкаць можа. Звыш таго верхняя частка вежы рухомая і можа круціцца вакол. У гэтай вежы, акрамя іншых астранамічных прылад, павешаны таксама вялікі квадрант на белай, суцэльна мармуровай сцяне амаль у аршын шырынёю і цвёрда ўмацаванай. Гэтая сцяна знаходзіцца ў сярэдзіне вежы так, што вакол яе хадзіць можна. Абсерваторыя мела бы вялікія выгоды, калі б ёй не перашкаджала на поўдні … вежа манастыра. Састарэлы Пачобут, шаноўны ведамі і працавітасцю астраном, з шка-даваннем згадваў аб гэтай акалічнасці".

Ян Снядэцкі пісаў, што ў спадчыну ад Пачобута засталося 34 тамы дзённікаў астра-намічных назіранняў. На жаль, вялізная большасць назіранняў Пачобута засталася невя-домай для астраномаў .

З-за пагаршэння стану здароўя ў 1807 годзе Пачобут пакінуў пост дырэктара абсерваторыі, перадаўшы яго Яну Снядэцкаму. Але калі ў кастрычніку таго жа года на небе з'явілася камета, цяжка хворы Пачобут, якому быў прапісаны ложак, шмат зімных начэй правёў у вежы абсерваторыі, назіраючы камету і рэгулярна вызначаючы яе становішча на небе, дзеля разлікаў арбіты. У жніўні 1808 г. Пачобут пераязджае ў Дынабурскі манастыр, каб там сустрэць смерць, як належыць манаху. Але ягонае здароўе часова паляпшаецца, і астраном зноў уступае ў адроджаны ордэн езуітаў. У манастыры ён піша план па рэфармаванні езуіцкіх школ на Беларусі, прапануе адмяніць былыя праграмы навучання. У апошнім лісце з манастыра да Снядэцкага Пачобут шкадуе, што гэтае рэфармаванне ён не паспеў зрабіць .

20 лютага 1810 г. Марцін Пачобут - Адляніцкі памёр.

У 1919 г. імем Пачобута названы адзін з будынкаў (абсерваторыя) адноўленага універсітэта Стэфана Баторыя (Дзядзінец Пачобута). Імя нашага астранома носіць так-сама адзін з кратэраў на Месяцы .

Лявон Лаўрэш.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX