Вярнуцца: 2009

№ 11 (902)


Крыніца: pawet.net.



№ 11 (902) 18 САКАВІКА 2009 г.


100 гадоў з дня нараджэння Браніслава Смольскага

СМОЛЬСКІ Браніслаў Сільвестравіч (н. 19.3.1909, Менск), беларускі музыказнавец. Кандыдат мастацтвазнаўства (1969). Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1979). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1936), Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва імя А.Луначарскага (1960). У 1928-29 музычны рэдактар Белрадыёцэнтра. Выкладаў у Беларускай (1936-41) і Узбекскай кансерваторыях. У 1943-82 працаваў ва Упраўленні па справах мастацтваў СМ Беларусі, інстытутах літаратуры і мастацтва, мастацтвазнаўства. этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследчык гісторыі беларускага музычнага тэатра і беларускай музычнай культуры. Аўтар кніг «Беларуская музыка за 40 гадоў» (1957), «Беларускі музычны тэатр», «Беларускі дзяржаўны ордэна Леніна Вялікі тэатр оперы і балета» (абедзве 1963), раздзелаў у кн. «Гісторыя беларускай савецкай музыкі» (1971), «Гісторыя музыкі народаў СССР» (т. 1-5, 1970-74), артыкулаў пра творчасць беларускіх спевакоў, рэцэнзій на муз. спектаклі і інш.


ІІ Агульнанацыянальная дыктоўка ў Рыме

Беларускую дыктоўку ў суботу 21 лютага пісалі ў Рыме. Пра гэта паведаміла Лідзія Федэрыка Мацытэлі.

- I мы сёння пісалі дыктоўку ў Рыме. Тэкст быў "Родная мова" паводле Караткевіча. Нас было двое, адзін беларус і я, і мы выслалі нашыя працы ў Менск.

Я, шчыра кажучы, рабіла, не тое, што дастаткова шмат памылак, але прынамсі старалася карыстацца тарашкевіцай, і калі дыктоўка ў наркамаўцы, гэта ж не так лёгка.

Так што таксама і ў Італіі святкуецца сёння Дзень беларускай мовы, хаця, праўда, я павінна была б святкаваць Дзень сваёй роднай, але мая мова - не ў небяспецы пакуль, ~ напісала Лідзія.


... у Кямелішках і Рытані

20 і 21 лютага Агульнана-цыянальную дыктоўку пісалі ў Кямелішскай школе.

22 лютага ў Кямелішках праходзіў канцэрт, а ў Рытані (суседняя вёска) спартовыя гульні. Фактар масавасці быў выкарыстаны напоўніцу. Прапанова прыняць удзел у дыктоўцы была рэалізавана адразу. Кямеліш-ская музычная школа і Ратаньскі клуб выдзелілі памяшканні. У Рытані дыктавала настаўніца беларускай мовы Юхна Ірына Рыгораўна, у Кямелішках - Талстова Яніна Іванаўна, філолаг па-адукацыі, новая тутэйшая бібліятэкарка.

За тры дні дыктоўку пісалі 75 чалавек, з іх 7 дарослых і 2 студэнты-завочнікі.

Летась дыктоўку пісалі 60 чалавек.

Трэба адзначыць, што ні летась, ні сёлета ні РАНА, ні аддзел культуры, ні "раёнка" ні словам не абмовіліся пра Міжнародны дзень роднай мовы. Таму і Агульнанацыянальная дыктоўка, і імпрэзы, сходы праходзілі ў раёне толькі з ініцыятывы настаўнікаў і неабыякавых людзей.


Другі этап Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў Менску

15 сакавіка праходзіў другі этап ІІ Агульнанацыянальнай дыктоўкі. У Менску дзве плыні пісалі дыктоўку ў сядзібе ТБМ і адна плынь ў беларускім ПЭН-цэнтры. Усяго ў дыктоўцы ўзялі ўдзел каля сотні чалавек. Дыктоўку чыталі намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім і пісьменнік ды выдавец Уладзімір Сіўчыкаў. Пісалі тэкст "Родная мова" па Ўладзіміру Караткевічу.

Наш кар.


Наклады беларускамоўных выданняў павялічацца

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

сп.У.У. Макею

220016, г. Мінск,

вул. К. Маркса, 38

Аб уключэнні ў спіс абавязковых

для падпіскі дзяржаўнымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь

беларускамоўных газет і часопісаў

Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч!

Як вядома, існуе спіс падпісных выданняў, абавязковых для ўсіх дзяржаўных устаноў краіны, на якія выдаткоўваюцца сродкі падаткаплацельшчыкаў з бюджэту.

Аднак беларускамоўныя выданні ў гэтым спісе, як правіла, адсутнічаюць, што з'яўляецца дыскрымінацыяй у адносінах да дзяржаўнай беларускай мовы.

У сувязі з гэтым, просім Вас уключыць у абавязковы спіс падпіскі для дзяржаўных устаноў на другое паўгоддзе гэтага года газету "Звязда", а для устаноў культуры: музеяў, архіваў, сельскіх, гарадскіх і школьных бібліятэк - газеты "Літаратура і мастацтва", "Культура", часопісы "Маладосць" і "Полымя".

Гэта, несумненна, будзе садзейнічаць прапагандзе дзяржаўнай ідэалогіі, а таксама паспрыяе пашырэнню і замацаванню новага беларускага правапісу, які заканадаўча ўводзіцца з верасня 2010 года.

3 павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.

Аб падпісцы

Паважаны Алег Анатольевіч!

У Міністэрстве інфармацыі разгледжаны Ваш ліст па пытанню падпіскі на беларускамоўныя выданні, накіраваны ў наш адрас Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Паведамляем наступнае.

У мэтах павышэння падпісных тыражоў Міністэрствам інфармацыі рэкамендаваны для падпіскі ў бібліятэках устаноў культуры і адукацыі перыядычныя выданні, фінансаванне якіх ажыццяўляецца з рэспубліканскага бюджэту, у тым ліку і беларускамоўныя - газеты "Звязда", "Літаратура і мастацтва", "Культура", "Раніца"; часопісы "Маладосць", "Полымя", "Беларусь. Belarus", "Роднае слова", "Мастацтва", "Бярозка", "Вясёлка".

Першы намеснік Міністра Л.С. Ананіч.



Намесніку Міністра інфармацыі РБ

Лапценку I. М.

Копія: Старшыні ТБМ Трусаву А.

Паведамляем, што намі выдадзены беларускамоўны насценны каляндар на 2009 год "Святло мінулых гадоў", прысвечаны гістарычным каштоўнасцям Нясвіжа. Каляндар "Родны край", які згадваецца ў пісьме, традыцыйна рыхтавалі спачатку выдавецтва "Полымя", пасля - "Беларусь", а энцыклапедыю "Беларуская мова" - БелЭН. Таму пытанне аб іх перавыданні - у кампетэнцыі гэтых выдаўцоў. Іншыя віды беларускамоўных календароў мы будзем уключаць у план, рыхтаваць і выпускаць паводле размешчаных на МФЦП заказаў і па ўласнай ініцыятыве, падмацаванай рынкавым попытам.

Дырэктар А. Аксененка.


ГІСТАРЫЧНАЯ ЛІТВА І ЭТНАГЕНЕЗ БЕЛАРУСАЎ

Даўно заўважана, што дзяржаўная мяжа ВКЛ у значнай ступені супадала з арэалам жыхарства беларускага этнасу . Пачаткі гэтай дзяржавы выводзяцца з Верхняга і Сярэдняга Панямоння вобласці, якая да пачатку 20 ст. захоўвала назву "Літва" і сёння з'яўляецца часткай беларускай этнічнай тэрыторыі. Між тым, у гістарыяграфіі распаўсюджана памылковае атаясамленне сённяшняй Літвы (Lietuva) з памянутай Літвой гістарычнай. Цяперашняе этнічнае напаўненне гэтай назвы: Літва = Аукштота + Жамойць, часта механічна пераносіцца на сярэднявечча.

Каб пазбегнуць падобнай блытаніны, патрэбна разгледзець эвалюцыю тэрміну, разабрацца ва ўзаемаадносінах яго сучаснага і сярэднявечнага значэнняў, высветліць ролю гістарычнай Літвы ў гісторыі беларусаў і летувісаў.

Першая вядомая гісторыкам ўзгадка пра Літву ў пісьмовых крыніцах знойдзена ў т.зв. Кведлінбургскіх аналах (Annales Quedlinburgenses) 11 ст. Хроніка паведамляе пад 1009 г., што актыўны хрысціянскі місіянер святы Бруна прыняў пакутніцкую смерць ад язычнікаў на мяжы Русі з Літвой (in confinio Rusciae et Lituae) .

"Аповесць мінулых часоў" першы летапісны твор усходніх славянаў, створаны ў пачатку 12 ст., называе Літву сярод народаў, якія маюць ўласную, адрозную ад славянаў мову . Літва ўпамінаецца таксама ў некаторых сярэднее-ўрапейскіх хроніках 12 ст. З 12 ст. (асабліва з 80-х гадоў) тэрмін "Літва" трывала замацаваўся на старонках усходнеславянскіх летапісаў, што было звязана з узрастаннем ваенна-рабаўнічай актыўнасці летапісных літоўцаў. Яны нападалі на дальніх і бліжніх суседзяў, за выключэннем некаторых роднасных ім плямёнаў (жамойтаў, прусаў, яцвягаў), а таксама ўсходніх славянаў, якія засялялі землі будучай Беларусі (Падзвінне, Падняпроўе, Панямонне). З апошнімі балцкія плямёны, у тым ліку літоўцы, знаходзіліся ў працяглым мірным кантакце, паступова падпадаючы пад уплыў іхняе культуры .

Верагодна, рускія летапісцы, засвоіўшы назву пагранічнага з усходнімі славянамі племені, пераносілі гэтую назву на сваякоў-суседзяў літоўцаў. Розніцу між гэтымі астатнімі славяне пачалі заўважаць пры бліжэйшым знаёмстве. Падобнае здарылася з немцамі, калі яны ў вусці Дзвіны першых сустрэлі ліваў і ў выніку пераважна балцкая краіна стала Лівоніяй (Liv-land) па назве гэтага угра-фінскага племені. Гэтаксама па імені пагранічнага са славянамі племені была названа Прусія, заселеная роднаснымі, але ўсё ж адрознымі між сабой саюзамі плямёнаў . Тут старажытная назва краіны захавалася і пасля кардынальнай змены этнічнай сітуацыі на карысць немцаў.

Даволі рана (магчыма раней за літоўцаў) усходнія славяне сутыкнуліся з яцвягамі, таму першыя звесткі пра іх у рускіх крыніцах (ятвяг Гунарев) адносяцца да 10 ст. Жамойць не мела непасрэднай мяжы з Руссю, таму ў летапісах з'яўляецца значна пазней у 13 ст.

На працягу 2 тысячагоддзя паняцце "Літва" прайшло складаны шлях развіцця, перш чым стабілізавалася ў пачатку 20 ст. У ходзе эвалюцыі яно набыло тры сэнсавыя значэнні (яшчэ ў пачатку 20 ст. гэта заўважыў польскі гісторык Аскар Халецкі ): 1. палітонім, ці абазначэнне ўсёй дзяржавы ВКЛ; 2. харонім, ці "Літва ў вузкім сэнсе" (тэрмін уведзены Любаўскім) гістарычны цэнтр дзяржавы; 3. Літва ў сэнсе этнаграфічным (этнаграфічна балцкім).

Палітонім "Літва" аб'ядноўваў усе тэрытарыяльныя складнікі дзяржавы, жыхароў якой незалежна ад іх этнічнай ці канфесійнай прыналежнасці за мяжой называлі "ліцвінамі". Па назіранні Халецкага ўжо ў афіцыйнай тытулатуры Міндаўга ўжывалася толькі адна назва Літвы, хоць дзяржава складалася, як з балцкіх, так і ўсходнеславянскіх земляў. Дадатак "Русь" з'явіўся ў тытуле гаспадара толькі пры Гедыміне, калі да дзяржавы былі далучаныя некаторыя землі Русі .

У гісторыкаў, як правіла, не ўзнікае праблемаў з дакладным ужываннем назову Літва ў сэнсе палітоніма. Інакш выглядае сітуацыя з двума астатнімі значэннямі. У гістарыяграфіі часта блытаецца монаэтнічнае (балцкае) разуменне тэрміну "Літва" з аднайменным сярэднявечным харонімам абазначэннем ядра ВКЛ тэрыторыі са змешаным балтаславянскім насельніцтвам. Іншымі словамі, на сярэднявечча пераносіцца сітуацыя 20-га ст., калі названы тэрмін (саманазва Летува) замацаваўся за этнічна балцкай тэрыторыяй. У выніку ўзнікаюць праблемы з адэкватнай ацэнкай сутнасных момантаў гісторыі ВКЛ, асабліва пачаткаў гэтай дзяржавы.

Аналіз пісьмовых крыніц паказвае, што існуючыя ў іх тры варыянты тэрміну "Літва", маюць пэўную іерархію, якая ў ходзе гістарычнага працэсу перацярпела значныя змены. У ходзе эвалюцыі адно разуменне тэрміну набывала першаснае значэнне, другое адыходзіла на задні план. З утварэннем ВКЛ важнейшае першаснае значэнне набыло разуменне Літвы ў якасці назвы ядра дзяржавы (тэрыторыі з балта-славянскім насельніцтвам). Адначасова на другім плане існавала ўсведамленне і балцкаэтнічнага напаўнення тэрміна (мова, свядомасць этнічнай блізасці часткі Літвы да Жамойці) . Становішча кардынальна змянілася ў 20-м ст. пасля ўтварэння балцкай дзяржавы, прыняўшай назву "Летува" (Lietuva) і заявіўшай правы на гістарычную спадчыну ВКЛ.

Межы хароніма "Літва" дастаткова надзейна акрэсленыя Міхалам Спірыдонавым. Прааналізаваўшы вялікую колькасць дакументаў, даследчык вывеў: "Выкладзеныя даныя дазваляюць сцвярджаць, што ў 16 ст. сучаснікі адносілі да Літвы перш за ўсё этнічна літоўскія Віленскі, Вількамірскі, Ковенскі, Троцкі і Упіцкі паветы, а таксама поўнасцю ці часткова "беларускія" паветы ВКЛ: Браслаўскі, Віленскі, Ваўкавыскі, Гарадзенскі, Лідскі, заходнюю частку Менскага, большую частку Ноўгарадскага, амаль увесь Ашменскі і Слонімскі." Мяжу між Літвой і Руссю "у найбольш агульным выглядзе", на думку Спірыдонава, можна правесці па 28 мерыдыяну ад Грынвіча . У агульных рысах за Літву ў 1319 ст. можна прыняць Наваградчыну, Гарадзеншчыну і Віленшчыну.

Адносна гэтай лакалізацыі сярод даследчыкаў спрэчак няма. Найбольш дыскутуецца праблема лакалізацыі пачатковай Літвы 1112 ст. Польскія і летувіскія даследчыкі шукаюць яе на тэрыторыі сучаснай Летувы, беларускі гісторык Мікола Ермаловіч размясціў старажытную Літву на тэрыторыі Беларусі паміж Наваградкам і Менскам.

Аналіз пісьмовых крыніц у комплексе з археалагічнымі матэрыяламі паказвае, што найбольш правільным застаецца прыблізнае стогадовай даўнасці акрэсленне Літвы, зробленае Мацеем Любаўскім "вобласць правых прытокаў Нёмана, пераважна ракі Віліі".

У гістарыяграфіі распаўсюджана думка, што тэрытарыяльнае пашырэнне хароніма "Літва" адбылося праз далучэнне да яго суседніх усходнеславянскіх тэрыторый, якія цалкам страцілі сваю адметнасць і з сярэдзіны 13 ст. пачалі лічыцца Літвой . Апошняя тэза з'яўляецца памылковай, бо як добра вядома, у складзе Літвы адметнасць трацілі балцкія, а не ўсходнеславянскія землі. Балцкая частка гістарычнай Літвы падвяргалася моцнай усходне-славянскай асіміляцыі. Дзяржаўныя ўлады ў ВКЛ яшчэ больш узмацнілі гэты працэс, хоць кіруючая дынастыя і частка вышэйшай арыстакратыі былі балцкага паходжання. На балцкай тэрыторыі ўстанаўлівалася сістэма кіравання па ўзору ўсходнеславянскіх земляў і ў якасці дзяржаўнай уводзілася русінская (старабеларуская) мова.

Пераўтварэнне пачатковай балцкай Літвы ў балтаславянскую, па ўсёй верагоднасці, праходзіла двума шляхамі: праз каланізацыйны рух усходніх славянаў на балцкія землі і праз дзейнасць ў змешанай балта-славянскай зоне, узнікшай каля сярэдзіны 13 ст. новай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага.

Канчаткова гэты харонім адыйшоў у гісторыю пасля 1й святовай вайны, калі назву "Літва" (Lietuva) прыняў для сваёй дзяржавы новы балцкі этнас, сфармаваны на тэрыторыі Жамойці і Аўкштоты. Апошняя была часткай гістарычнай Літвы, найменш падданай славянскай асіміляцыі. Тэрыторыя гістарычнай Літвы захавала адметнасць і ў 20 ст., што дало падставы этнографам выдзеліць яе ў асобны гісторыкаэтнаграфічны рэгіён Беларусі (Панямонне) . Панямонне разам з Падняпроўем лічыцца рэгіёнам, адыграўшым вырашальную ролю ў фармаванні агульных рысаў размоўнай беларускай мовы .

Алесь Краўцэвіч


Першы хрысціцель Літвы

Святкуючы 1000-гадовы юбілей Літвы мы не можам забывацца на постаці тых людзей, якіх факт першай згадкі датычыць. Такой асобай, дзейнасць якой непасрэдна звязана таксама з Беларуссю, ёсць святы Бруна Баніфацы - хрысціянскі місіянер і біскуп.

У масавай свдомасці жыхароў Рэспублікі Беларусь замацавалася перакананне, што хрысціянства прыйшло да нас выключна з поўдня, з Візантыі, праз Кіеў. Але яшчэ 1000 год таму прыходзілі на нашы землі і заходнія місіянеры, рызыкуючы сваім жыццём, што і пацвердзіла смерць святога Бруна.

У Квэдлінбургскім летапісе, які гаворыць аб смерці святога няма згадкі пра Беларусь. Гэта не памылка, проста тады тэрыторыя з гэткай назвай не была вядомая. Але гэта не значыць, што ў гэтым краі не жылі людзі, і што святы Бруна дарма рэалізоўваў сваю місію. Паводле летапісу дзейнасць святога Бруна ў апошнім перыядзе была скіравана на хрысціянізацыю яцвягаў - племені, што знаходзілася ў той час на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь.

Для звычайнага чалавека здаецца дзіўным, навошта святкаваць смерць хрысціянскага місіянера? Ці толькі зза таго, што першы раз пры гэтым была згадана назва Літва - нашай тагачаснай Айчыны? Але для вернікаў знаёмае сцверджанне: "З крыві пакутнікаў вырастае слава Царквы". Менавіта у такім кантэксце належыць успрымаць і місію святога Бруна.

Місія святога Бруна стала першай дакументальна пацверджанай спробай хрысціянізацыі Літвы. Хаця цалкавіты хрост Літвы наступіў значна пазней - праз амаль 400 гадоў, тым не меней святы Бруна стаў галоўным папярэднікам гэтай падзеі, а яго ахвяра была той дарагой цаной, якую належала заплаціць за хрысціянскую будучыню Літвы.

На сённяшні дзень невядомае дакладнае месца смерці святога Бруна з 18 паплечнікамі. Квэдлінбурскі летапіс сведчыць, што гэтая падзея адбылася на памежжы Літвы і Русі. Але розніцы ў трактоўцы гэтых назваў альбо невядомыя абшары названых тэрыторыяў не дазваляюць адназначна сцвярджаць, дзе святы Бруна загінуў. Пры гэтым аднак трэба заўважыць, што з вялікай доляй верагоднасці смерць святога Бруна магла адбыцца на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Святы Бруна нарадзіўся ў 974 г. у сям'і нямецкіх графаў у Квэрфурце. У 986 г. вучыўся ў катэдральнай школе ў Магдэбургу. Студыі вёў магістар Гэддон. Тут ён сутыкнуўся з магдэбурскім мітрапалітам Гізырэлем, а таксама з Цітмарам - пазнейшым біскупам Мэрзэбургскім. У 995 г. Бруна быў прызначаны катэдральным канонікам у Магдэбургу. У 998 г. прыняў манаскі стан ордэну бенедыктынцаў у Авентыне, у абацтве святых Баніфацыя і Аляксея. У якасці манаскага імя святому Бруна было нададзена імя Баніфацы, таму пад гэтымі імёнамі ён і вядомы нам пазней. У 1001 г. святы Бруна ўдзельнічае ў місіі сярод заходніх славянаў на Одэры. У сувязі з ёй, Папа Рымскі Сільвестар ІІ прызначыў яго місійным мітрапалітам з правам прызначэння біскупаў на місійных тэрыторыях. У 10051008 гг. Святы Бруна прабывае з місіямі на тэрыторыі Польшчы, Венгрыі, прыязджае ў Кіеў, адкуль выязджае на місію да печанегаў і ізноў вяртаецца ў Польшчу, адкуль рушыць у сваю апошнюю місію да яцвягаў у 1009 г.

Паводле падання ў гэтай місіі святому Бруна ўдаецца навярнуць князя яцвягаў Нецімера, што выклікала рэакцыю артадаксальна настроеных паганцаў, якія пазбаўляюць улады Нецімера, а Бруна з паплечнікамі забіваюць. Адбылося гэта 9 сакавіка 1009 г., як сведчыць Квэдлінбургскі летапіс. Святому Бруна было ў гэты момант 35 гадоў.

Культ святога Бруна хутка пашырыўся па тагачаснай Еўропе. Ужо 1040 г. выходзіць апісанне яго жыцця. У літургічных успамінах святы Бруна пачынае ўзгадвацца з XVI ст.

Варта адзначыць і палітычны аспект дзейнасці місійнага біскупа. Святы Бруна быў прыхільнікам палітычнага адзінства каталіцкай Еўропы. Як мог ён стараўся лагодзіць спрэчкі паміж цэзарам Святой Рымскай Імперыі Германскай Нацыі Хайнрыхам ІІ і польскім каралём Баляславам Харобрым, якія негатыўна ўплывалі і на яго місіі.

Незаслужана забытае імя святога Бруна сёння ізноў узгадваецца ў сувязі з 1000гадовым юбілеем Літвы. Яго дзейнасць і ахвяра дазваляюць без сумніваў назваць святога Бруна першым хрысціцелем Літвы - нашай тагачаснай Айчыны.

Аляксандар Стральцоў-Карвацкі.


Літва тысячагадовая - наш родны край

Мастацкая выстава - конкурс дзяцей і моладзі Беларусі, прысвечаны тысячагоддзю прыгадвання ў пісьмовых крыніцах племені "Літва" - гістарычнай тэрыторыі на захадзе Беларускіх земляў. Гэтае найменне больш чым праз 200 гадоў дало імя новай Беларускай дзяржаве - Вялікаму Княству Літоўскаму.

Аргкамітэт "Міленіюм Літвы" запрашае да ўдзелу ў выставе ўсіх беларускіх дзяцей і моладзь, як з Бацькаўшчыны, так і з іншых краін, дзе жывуць беларусы-ліцьвіны і не толькі беларусаў, а ўсіх тых, хто адчувае сябе прыналежным да вялікай і багатай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага.

Выстава адчыніцца 3 чэрвеня 2009 г. ў сталічным Палацы мастацтва. Малюнкі, пластыка і іншыя творы падаваць у рамах у Палац мастацтва да 31 траўня 2009 г. па адрасе: Менск, вул. Казлова, 3.

Арґкамітэт "Міленіюм Літвы".


СЛОВА ПРА НАСТАЎНІЦУ

На 93 годзе пайшла з жыцця сябра ТБМ Марыя Сафро. Нарадзілася яна ў 1916 годзе на Магілёўшчыне. Пасля заканчэння сямігодкі, ў пятнаццацігадовым узросце, працавала бухгалтарам. Па заканчэнні Мсціслаўскага педтэхнікума настаўнічала ў вясковай школе. Затым паступіла ў Магілёўскі педінстытут, але вучоба была перарваная Вялікай Айчыннай вайной. Падчас эвакуацыі ў Арэнбургскую вобласць выкладала рускую мову і літаратуру.

У 1943 годзе аднавіліся заняткі эвакуяванага пад Маскву БДУ. Па ўсёй краіне было абвешчана запрашэнне беларускім студэнтам з'явіцца на заняткі. Гэты шанец выкарыстала Марыя Залманаўна. Летам 1944 года, адразу пасля вызвалення, універсітэт пераехаў у Менск. На сёння падасца неверагодным, але іншагароднія студэнты атрымалі месцы ў інтэрнаце. Усе гады вучобы студэнтка Сафро была сталінскім стыпендыятам. Стыпендыя гэта, па тым часе, была даволі вялікая. Яна не толькі сама жыла на яе, але дапамагала сваёй сястры, якая падчас вайны засталася ўдавою з двума дзецьмі, якія потым і даглядалі яе да апошніх дзён.

Па размеркаванні Марыя была накіравана ў газету "Советская Белоруссия", але яе вабіла праца настаўніка, і яна паехала ў Пінск, дзе на той час распачаў працу Настаўніцкі інстытут. Пасля пераводу інстытута ў Бярэсце яна ўсё жыццё працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Пінску.

Час для беларускага слова на нашай зямлі заўсёды быў складаны. І які талент павінен мець педагог, каб праз творчасць Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа перадаць музыку роднага слова! Наша настаўніца памайстэрску звязвала вывучэнне кожнага твора з гісторыяй і сучаснасцю. Ладзіла экскурсіі па Коласаўскіх мясцінах, разам з вучнямі ішла за маладым Лабановічам на патаемны сход… Такія ўрокі выклікалі жаданне ведаць родны край, вывучаць гісторыю краіны.

Лёс склаўся так, што пасля выхаду на пенсію яна жыла са сваякамі ў Маскве. Але яе жыццё было цесна знітаванае з Беларуссю, з родным словам. У думках Марыя Сафро была побач з тымі, хто рупіцца пра адраджэнне, імкнулася даведацца як мага больш пра Беларусь, прагна лавіла кожнае слова эфіру, шукала яго ў газетах і часопісах. Яна вітала ўсе пачынанні ТБМ, была ўсцешана кожным поспехам, бо гэта было важнай часткай яе жыцця, яе думак, яе душы. Яна далучала свой голас і ставіла свой подпіс пад усімі зваротамі ТБМ: за адкрыццё Нацыянальнага універсітэта, захаванне назвы галоўнага праспекта нашай краіны, за наданне вуліцам імёнаў слынных дзеячаў гісторыі і культуры нашай дзяржавы, выказвала сваё стаўленне да рэвізіі школьнай праграмы па беларускай літаратуры, вітала ініцыятыву напісання Першай агульнанацыянальнай дыктоўкі. А як хваляваў яе лёс будынка Трэцяга прыходскага вучылішча на прывакзальнай плошчы Пінска!

Марыя Залманаўна не мела ніякіх званняў і ўзнагарод. Была Чалавекам, які годна прайшоў свой жыццёвы шлях. Найдаражэйшай узнагародай для яе былі ўвага і павага былых вучняў, іх тэлефанаванні, лісты, кнігі, дасланыя з Беларусі. Ейная прыродная інтэлігентнасць, жыццёвая мудрасць, аптымізм, спагада нязмушана ўплывалі на вучняў, сваякоў, сяброў і дапамагалі глядзець у заўтрашні дзень з надзеяй і ўпэўненасцю.

Аляўціна Вячорка.

Таварыства беларускай мовы, рэдакцыя газеты "Наша слова" смуткуе з прычыны вялікай страты і выказвае шчырыя спачуванні сваякам, а таксама ўсім, хто ведаў Марыю Залманаўну Сафро.


БРСМ: "Гавары са мной па-беларуску"

13 сакавіка, ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Аркадзя Куляшова суполка Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі гістарычнага факультэту зладзіла акцыю "Гавары са мной пабеларуску". Сваю акцыю актывісты дзяржаўнай моладзевай арганізацыі прымеркавалі да Дня Канстытуцыі.

Акцыя праходзіла ў фае ўнівэрсітэта ад восьмай гадзіны раніцы. Каля дзясятка актывістаў БРСМ у перапынках між лекцыямі раздавалі студэнтам стужкі з беларускім арнаментам, сцяжкі з надпісам "Гавары са мной пабеларуску", а таксама кружэлкі з беларускім песнямі. Песні беларускай эстрады гучалі і з універсітэцкага рэпрадуктара. Пра акцыю распавядае яе ініцыятар, сакратар суполкі БРСМ гістфаку Павел Алекса:

Сённяшнюю акцыю я вырашыў прымеркаваць да Дня Канстытуцыі. Сутнасць гэтай акцыі - папулярызацыя беларускай мовы сярод моладзі. Сёння мы праводзім віктарыну на веданне літаратурных персанажаў беларускіх пісьменнікаў. Тое, што шмат моладзі зацікавілася ёй, сведчыць, што моладзь жадае гаварыць пабеларуску, аднак ці то саромеецца, ці то не разглядае яе моднай, ці цікавай для сябе. Я ж лічу: калі нас будзе шмат, як сёння, людзі пацягнуцца да нас і будуць таксама падтрымліваць родную мову.

Наш кар.


Вялікая вайна праз шэсць стагоддзяў

Белтэлерадыёкампанія прыступіла да вытворчасці цыкла перадач, прысвечанага 600-годдзю перамогі беларусаў у складзе Вялікага войска Літоўскага ў Грунвальдскай бітве. Такім чынам, пачалі ажыццяўляцца дамоўленасці, заключаныя кіраўніцтвам кампаніі з Тавары-ствам беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

Будучы цыкл перадач распавядзе пра адну з самых вялікіх і значных у еўрапейскай гісторыі бітваў Сярэднявечча, якая стапа ўзорам воінскай доблесці і баявой садружнасці славянскіх народаў у барацьбе за свабоду. Пасля таго, як 15 ліпеня 1410 года армія Тэўтонскага ордэна была разбітая саюзным войскам Каралеўства Польскага і Вяпікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, нашэсце нямецкіх рыцараў на ўсход было спынена, а магутнасць ордэна пайшла на спад.

Цыкл, прысвечаны Грунвальдскай бітве (бітве пры Таненбергу), як адзначае прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, стане першым з адноўленай серыі праграм на гістарычную тэматыку. Больш падрабязна пра гэты праект абяцаецца расказаць непасрэдна ў ходзе работы над ім.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК , "Звязда" №29.


Тапонімы распавядаюць

У 2008 годзе выйшла кніга сябра ТБМ В.П. Лемцюговай "Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды".

У кнізе высвятляецца паходжанне больш за тры тысячы беларускіх геаграфічных назваў (або тапонімаў ад грэч.топас'месца, мясцовасць' іоніма'імя, назва'). Сярод іх ёсць і тыя, што зараз ужо згадваюцца толькі ў спісах зніклых, але ўяўляюць сабою сталую нацыянальную каштоўнасць, паколькі з'яўляюцца рэдкаснымі ці нават адзінымі экзэмплярамі на тэрыторыі Беларусі, усходніх славян або на абшары Славіі (Гавязна, Газа, Гуляйполе, Мыза, Парня, Прапойск, Радацэнь). У агульным ліку і некалькі назваў колішніх беларускіх гарадоў, якія воляю лёсу аказаліся за межамі сваёй этнічнай Радзімы (Беласток, Вільнюс, Смаленск).

Тапонімы ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Жыццёвыя абставіны змушалі чалавека адрозніваць адзін прыродны аб'ект ад другога (балота ад ракі, даліну ад узвышша, лес ад паляны). Міналі стагоддзі, колькасць тапонімаў на зямным шары няўхільна расла, і зараз ужо ніхто не ў стане іх падлічыць.

Тапонімы адвеку спраўна выконваюць сваю адрасную функцыю. Але тапонім - не толькі адрас, фармальны знак, а і слова, якое абазначае або некалі абазначала пэўнае паняцце. Бессэнсоўных назваў у свеце практычна не існуе. Дапытлівыя лінгвісты, гісторыкі, этнографы ўжо даўно задумваліся над сэнсам і навуковай перспектывай уласных геаграфічных назваў.

Мы прапануем нашым чытачам адзін з артыкулаў кнігі "Беларусь (Белая Русь)". Тапонім "Белая Русь" адзін з "галоўных" для нашай зямлі і выклікае пастаянную цікавасць.

Беларусь (Белая Русь). Белы колер суправаджае нас (беларусаў) праз усё жыццё.Нават край наш здавён завецца Белай Руссю. А чаму? Гэтае пытанне хвалюе многіх даследчыкаў. У кнізе Генадзя Сагановіча «Імя тваё Белая Русь» сабраны публікацыі 20-ці аўтараў розных пакаленняў, якія спрабавалі праясніць гістарычны лёс наймення Белая Русь, разгадаць схаваны ў ім сэнс. Аднак апошняя кропка пакуль не пастаўлена. Ужо пасля выхаду згаданай вышэй кнігі з'явіліся даследаванні Алеся Белага, Алега Латышонка, Аляксандра Рогалева, Кастуся Тарасава, Кастуся Цвіркі, Генадзя Цыхуна, у якіх паведамляецца шмат невядомых дагэтуль фактаў, прапануюцца новьія версіі паходжання назвы. «Аktа Albarutheniса» (2007, №6) змясціла на сваіх старонках артыкул Ніны Баршчэўскай, у якім даtцца агляд 10ці навуковых прац, выдадзеных у розны час за мяжой, - Янкі Станкевіча, Янкі Запрудніка, Вацлава Ластоўскага і інш. Усе аўтары і даследчыкі звяртаюць увагу галоўным чынам на тое, калі і адкуль завітала ў наш край назва Белая Русь і які сэнс у ёй хаваецца. На аснове паказанняў друкаваных і рукапісных крыніц у большасці з іх склалася ўражанне, што гэтая назва, перш чым прыстаць да нашага краю, доўга вандравала па ўсходнеславянскіх прасторах. У розныя часы Белай Руссю іменаваліся такія землі, як ПскоўскаНаўгародская, Смаленская, ПолацкаВіцебская, НоўгарадСеверская, Кіеўская, ГаліцкаВалынская, Масковія (Маскоўская Русь). I толькі з XV-XVII стст. яна пачынае больш канкрэтна прывязвацца да ўсходняй і паўночнаўсходняй Беларусі, (раёны беларускага Падзвіння і Падняпроўя).

У афіцыйных крыніцах за першае ўпамінанне пра Белую Русь дастасоўна да беларускіх земляў прыняты кансц XIV ст., калі польскі летапісец Ян з Чарнкова, апавядаючы пра канфлікт паміж Кейстутам і яго пляменнікам Ягайлам, пад 1382 годам назваў Полацк крэпасцю Белай Русі. Аднак не ўсе даследчыкі прызналі праўдзівай гэтую дату. Паводле Ўл. Ламанскага, Белая Русь у дачыненні да беларускіх земляў вядомая значна раней - у канцы або ў сярэдзіне XIII ст., яна даўнейшая за час праўлення Альгерда і нават Гедыміна (Лам.: 15). Пад гэтым іменем разумелася калі не ўся сучасная Беларусь, то пэўная яе частка. Дз. Анучын быў перакананы, што Белая Русь прыйшла на Літву не з усходу, а з захаду, і ўпершыню яе засведчылі германскія хронікі ў XIII ст. (Ануч.: 31). У замежнай беларусістыцы склалася агульнае ўяўленне, што Белая Русь знаходзіцца недзе на ўсход і поўнач ад тэрыторыі лівонскіх мечаносцаў і што самая ранняя яе лакалізацыя звязана з крывіцкімі (беларускімі) землямі паўночнай Беларусі (Баршч.: 62).

Пасля таго як амерыканскі вучоны Марвін Колкер апублікаваў у 1979 г. трактат «Апісанне земляў» ("Descriptiones terrarum") у часопісе «Sресutum» («Люстра»), стала відавочным, што на захадзе пра Белую Русь (Аlbа Rusсіа) ведалі ўжо ў сярэдзіне XIII ст. (паміж 1255-1260 гг.) і што размяшчалася яна недзе ў раёне Прыбалтыкі. Апошнім часам вучоныя занятыя пошукам месца лакалізацыі гэтай тэрыторыі, вядуць дыскусію, якая шырока асвятляецца ў працы А. Латышонка (Latysz.: 25-33). Беларускі даследчык старажытнасцяў В. Чамярыцкі лічыць, што Белай Руссю аўтар трактата называе суседнюю з Прыбалтыкай Заходнюю Русь (сучасная ўсходняя або цэнтральная Беларусь) («Спадчына»: 67-68). Цяпер мы ведаем, што Белай Руссю наша Бацькаўшчына называлася з сярэдзіны XIII ст. У папулярызацыі назвы асноўную ролю адыгралі не самі беларусы, а іх заходнія суседзі, перш за ўсё палякі і немцы. Беларусы яе ўзгадвалі досыць рэдка. Нават літоўскі вялікі князь тытулаваў сябе «государём русскнм», а не беларускім. А гэта таму, што з XIII ст. беларускія землі ўсё ж часцей называліся Літвою, Літоўскай Руссю, а беларусы - ліцвінамі. Сёння пад Літвой разумеецца толькі колішняя Жамойць, а сапраўдныя ліцвіны завуцца беларусамі. Кастусь Тарасаў зусім справядліва заўважыў, што «XIII ст. ніяк не пачатак Чорнай і Белай Русі, а адзін з часоў іх старажытнасці» (Тарас: 47). На думку польскага лінгвіста А. Брукнэра, гісторыя Беларусі старэйшая і слаўнейшая за гісторыю Маларусі і Вялікарусі, але яна схаваная пад назвай Літва (Bruckn: 3).

А што магла азначаць назва Белая Русь у той ранні перыяд? Адказ на гэтае пытанне даўно шукаюць многія лінгвісты і гісторыкі. Яшчэ ў XVII ст. Сымон Старавольскі спрабаваў звязаць значэнне эпітэта Белая з колерам снежнага покрыву. Пасля з'явілася шмат іншых версій. Самая папулярная з іх (каляроваэтнаграфічная) тлумачыць сэнс назвы Белая Русь тым, што большасць жыхароў нашага краю ў мінулым былі бландзінамі і насілі світкі, кажухі, шапкімагеркі і іншую апратку светлых колераў. Гэтае меркаванне падзялялі і такія навуковыя аўтарытэты, як Адам Кіркор і Яфім Карскі, аднак шырокай падтрымкі гэтая версія не знайшла. Вельмі крытычна паставіўся да яе вядомы лінгвіст Аляксандр Патабня. На яго думку, эпітэт Белая мае палітычны сэнс 'вольная, незалежная', нешта такое, што і ў выразах белае месца 'незанятае месца', белы цар 'свабодны, незалежны цар' (Пат.: 25-27). Міхаіл Драгаманаў, Мітрафан ДоўнарЗапольскі, Мацей Любаўскі і іншыя выказваліся больш канкрэтна: пад Белай Руссю яны разумелі зямлю, няскораную татарамі, у процілегласць Русі Маскоўскай, якая стагоддзямі пакутавала ад татарамангольскага іга (Latysz: 18).

Група даследчыкаў, сярод якіх Алег Трубачоў, Рута Агеева, Аляксандр Рогалеў, Вітальд Маньчак, Ігар Грэкаў, трымаецца погляду, што семантыка эпітэта Белая склалася пад уплывам сістэмы цюркскай каляровай сімволікі, засвоенай славянамі ад усходніх народаў (найверагодней, праз пасярэдніцтва татараў). Па гэтай сістэмt 'белы' = 'заходні'. А. Рогалеў пры гэтым не супраць і таго азначэння, якое даў эпітэту Белая В. Тацішчаў. Ён піша: «Найменне Белая Русь на ўсходнеславянскай тэрыторыі першапачаткова мела хутчэй за ўсё значэнне 'цэнтральная, галоўная, самая значная зямля, палітычны цэнтр» (Рогалеў: 151).

Паводле Рыгора Ільінскага, Белая Русь узнікла на аснове назваў гарадоў Бельскіх (Бельск, Беласток, Бела, Белавеж), лакалізаваных на тэрыторыі яцвягаў (Ільін.: 35-40). Гэта значыць, на ўзор Чырвонай Русі, утворанай па назве горада Чэрвен.

У працах некаторых даследчыкаў выразна абазначылася тэндэнцыя да пошукаў матывацыі назвы Бепая Русь у рэлігійнай сферы. Так, Вацлаў Ластоўскі суадносіў яе азначальны кампанент Белая з іменем паганскага бога Белабога (Крывіч: 36-46). Паводле пісьменніка Кастуся Тарасава, Белая Русь - гэта Русь хрышчоная, большая частка насельніцтва якой вызнае хрысціянскую веру, у адрозненне ад Чорнаq Русі, дзе надоўга ўсталявалася паганства (Тарасаў: 108-111). Магчымую абумоўленасць каляровых тапонімаў рэлігійнымі фактарамі не выключае і В. Іваноў.

Як бачым, версій шмат, і ўсе яны розныя. Некаторыя з іх у поўным сэнсе слова «аджылі» свой век, некаторыя тлумачаць назву Белая Русь на асновс значэнняў, якія развіліся пазней, чым узнікла сама назва, і таму могуць быць лёгка аспрэчаны. Але крытычная ацэнка папярэдніх версій не з'яўляецца мэтай дадзенага даследавання. У ім робіцца спроба дайсці да вытокаў сімволікі белага колеру і спрагназаваць магчымыя матывавальныя значэнні.

Несумненна, Вячаслаў Іваноў слушна заўважыў, што псршы (каляровы) кампанент назвы Беларусь можа мець дахрысціянскія (паганскія) індаеўрапейскія вытокі (Иванов: 121). У эпоху паганскіх рэлігійных вераванняў чалавек пакланяўся не толькі Богу, але і культавым (абагаўлёным) прыродным аб'ектам, такім, як сонца, вада, камень. Археолаг Леанід Побаль у працэсе аналізу мастацкіх асаблівасцей крыжа Еўфрасінні Полацкай выявіў, што апрача раннехрысціянскіх на ім захаваліся і індаеўрапейскія культаваміфалагічныя сімвалы (Побаль: 17). Адным з іх аказаўся сімвал, які абазначае культ Сонца, Святла, Жыцця. У пару паганства славяне пакланяліся яму як аднаму з найгалоўнейшых міфалагічных культаў. Паводле Алены Хмелянок, «...ва ўсходнеславянскай міфалогіі назіраюцца дзве формы сонечнага культу. 3 аднаго боку, можна казаць пра культ «сонечнасці» ці «белага святла» (выдзелена В. Л.), цяпла як крыніцы жыцця раслін, што, несумненна, паказвае на бога, які то памірае, то нараджаецца, і першапачаткова быў звязаны з Дажбогам, якога потым у нейкай ступені замяніў Ярыла. 3 іншага боку - культ самога сонечнага свяціла, які здзяйсняе свой штодзённы шлях вакол зямлі па падземным свеце на конях ці птушках, што адзначаецца ў міфалогіі розных народаў» (Хамян.: 4). Ад культа «белага святла» бяруць свой пачатак тэрміны белы дзень, белы свет і сімвалічнае выкарыстанне апраткі белага колеру ў славянскіх багоў Апалона, Дажбога, Белабога, Ярылы. Белы колер асацыяваўся са святлом, якое зыходзіла ад сонца ў перыяд найбольш моцнага яго ззяння (у поўдзень). Паўдзённас святло ўспрымалася яшчэ і як белазалатое.

3 прыходам хрысціянства царква забараніла вернікам пакланяцца паганскім багам і культавым абагаўлёным аб'ектам прыроды, прынамсі, сонцу і вадзе. Аднак і культ Сонца, і культ Вады так глыбока ўкараніліся ў свядомасці народа, што беззваротна пакончыць з імі ніяк не ўдавалася. I царква мусіла дастасоўваць паганскую сімволіку да новых умоў і паняццяў. У хрысціянізаванай сімволіцы зноў дамінуе белы колер. Эпітэт белы цяпер суправаджае хрысціянскіх святых і анёлаў. Дастаткова прыгадаць традыцыйныя выявы святога Георгія ў белым адзенні і на белым кані. Паранейшаму ўшаноўваецца сонца, пра што нагадваюць залацістыя аздобы храмаў, адзення Бога, святых і царкоўных служкаў. Да сонца і багоў прыраўноўваюцца князі. А. Хмелянок прыводзіць прыклад з даследавання Б. Рыбакова, калі нейкі князь з Прыдняпроўя называецца «Дажбогавым унукам» (Дажбог - паганскі бог сонца). У гэтай мясцовасці вучоныя выявілі шмат міфаў пра нашчадкаў сонца, першае з'яўленне якіх датуецца V ст. н. э. Далучыцца да боскага роду лічылася за вялікі гонар. Адным са спосабаў сакралізацыі ўладных асобаў было стварэнне легендаў пра іх свяшчэннае (боскае) паходжанне. Сакральны кіраўнік станавіўся вярхоўным святаром, надзяляўся неабмежаванай уладай і меў статус намесніка Бога на зямлі. Князёў з такімі шырокімі паўнамоцтвамі Неба і Зямлі прынята было называць Вялікімі князямі. Эпітэт Вялікі паводле сэнсу трактуецца гісторыкамі як сінонім эпітэта Белы (Юхо: 94-95; Саган.: 58-59). Землі, падуладныя Вялікім князям, называліся Белымі або Вялікімі. Яшчэ ў XV-XVI стст. Белая Русь і Вялікая Русь былі сінонімамі. Відаць, каб займець такія назвы, неабходна было адпавядаць пэўным крытэрыям. Напрыклад, мець вышэйшы разрад буйнога тэрытарыяльнапалітычнага цэнтра, слаўнага, магутнага і духоўна развітога.

Белы колер - сімвал найвышэйшай боскай і княскай ўлады знаходзіў адлюстраванне і ў геральдыцы старажытных княстваў: узброены рыцар на белым кані размяшчаўся ў чырвоным полі. Гербы з такой сімволікай, таксама як і пазнейшы дзяржаўны герб ВКЛ, называліся «Пагоня». Выкарыстанне славянамі колераў у якасці сімвалаў пераклікаецца з індаеўрапейскай іерархічнай сімволікай колераў, у адпаведнасці з якой белы колер сімвалізуе вышэйшы боскі пачатак і вышэйшы сацыяльны (жрэчаскі) ранг, чырвоны колер - наступны па значнасці (воінскі) ранг, сіні або блакітны - яшчэ больш нізкія рангі.

Цяжка пагадзіцца з думкай, што адна і тая ж назва доўга вандравала па розных землях, пакуль урэшце не знайшла сабе сталае месца. Больш верагодна, што назвы кожнай тэрытарыяльнапалітычнай вобласці з белай сімволікай узнікалі самастойна ва ўмовах змагання за гегемонію, за першынства, перавагу ў сіле і папулярнасці. Імя Белая Русь было для іх прэстыжным тытулам і своеасаблівай рэлігійнай і палітычнай візітоўкай. Адным з асноўных прэтэндэнтаў на такое імя было старажытнае Полацкае княства, якое ў 1044-1101 гг. дасягнула найвышэйшага росквіту, а ў яго сталіцы Полацку, па сведчанні летапісца (907 г.), «седяху велиции князи...» (БЭ, 12: 455). Няма сумнення, што Белая Русь як назва першай крывіцкай дзяржавы з'явілася на гістарычнай арэне значна раней, чым сведчаць дайшоўшыя да нас хронікі. Яна і дала імя нашай Бацькаўшчыне - імя старадаўняе, светлае і святое.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX