Папярэдняя старонка: 2009

№ 14 (905) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 14 (905) 8 КРАСАВІКА 2009 г.

З Вялікаднем!

МАГДАЛЕНА

(Уваскрэсенне)

Жанчыны-міраносіцы стаялі.

Анёл Гасподні камень адваліў.

Дый там, дзе Цела мілае паклалі

Адны тканіны знятыя былі.

І Магдалена, Госпада згубіўшы,

Замерла ў страху й жалю над труной,

Пакуль з вышынь ерусалімскай цішы

Не загучаў знаёмы голас ёй.

Знаёмы голас ушчуваў лагодна:

О, як маглі засумнявацца ў тым,

Што Ён васкрос! На трэці дзень! Сягоння!

І новым стаў для ўсіх Ерусалім.

І "радуйся" пачула Магдалена.

І вось Ён сам у дотыку жывым,

І крочаць вучні, уражаныя зменай,

У Галілею на спатканне з Iм.

Пад іх ступнямі нават пыл квітнее,

Яшчэ Ён з імі - той і ўжо не той...

І Магдалена ў радасці святой

І ў роспачы бяздоннай разумее

Усю любоў, дарованую ёй,

Любоў Хрыста - Ісуса з Галілеі.

І месцілася ў крыку незямным

"Равуні" болей сэнсу, чым "Вучыцель" -

Уся туга кахання па Адным,

Хто быў жыццё, крыніца, шлях, збавіцель.

Ірына Багдановіч.


Беларусы, літоўцы і палякі бароняць Лукішкі. Ад каго?

Беларуска-літоўска-польскі "Паўстанцкі ланцуг" у дзень смерці Кастуся Каліноў-скага ў Вільні сабраў на Лукішскім пляцы некалькі дзесяткаў чалавек.

Асаблівую ўвагу да ўшанавання памяці героя выклікалі нядаўнія дыскусіі адносна праектаў рэканструкцыі Лукішскай плошчы, бальшыня з якіх не прадугледжвае захавання памятнай пліты паўстанцам 1863 1864 гг. і крыжа змагарам за свабоду Літвы, усталяванага над плітой.

Каб ушанаваць памяць героя, на плошчу да мемарыяльнай пліты у гонар паўстанцаў 1863-1864 гг. на заклік арганізатараў - студэнцкага аб'яднання ЕГУ і Таварыства беларускай культуры (ТБК) ў Літве - 22 сакавіка прыйшлі студэнты ЕГУ, грамадскія актывісты, віленчукі розных узростаў і нацыянальнасцяў.
Удзельнікі акцыі трымалі партрэты Каліноўскага, расцяжку з вядомым у трох краінах лозунгам паўстанцаў "За нашу і вашу свабоду!", белчырвонабелыя сцягі і літоўскія трыкалёры. Актывісты запалілі белыя і чырвоныя свечкі, паклалі кветкі на пліту ў памяць паўстанцаў.

9 сакавіка "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" звярнулася да Прэзідэнта Рэспублікі Літва Валдаса Адамкуса з просьбай дапамагчы захаваць гістарычную спадчыну двух народаў - літоўцаў і беларусаў, - помнік Кастусю Каліноўскаму на Лукішках, якому пагражае знішчэнне ў сувязі з рэканструкцыяй плошчы.

22 сакавіка Таварыства беларускай культуры ў Літве адправіла ў міністэрства культуры Літвы зварот у абарону памяці паўстання.

Але гэта грамадзяне, а самы час і беларускай дзяржаве сказаць сваё слова. Усё такі, колькі літоўцы ні будуць пісаць Канстантас Калінаўскас, для нас ён будзе Кастусём Каліноўскім, які ў Беларусі радзіўся, пабеларуску гаварыў. І за памяць пра яго наш галоўны клопат.

Наш кар.


ПРА ТОЕ, ШТО НЕ ТРАПІЛА Ў СЛОЎНІК

У чэрвені мінулага года на паліцах кнігарняў з'явіўся мой двухтомны «Слоўнік фразеалагізмаў», апубліка-ваны выдавецтвам «Беларус-кая Энцыклапедыя». Відаць, кожнага ўражвае яго даволі прыстойна зробленая вокладка. І велічыня: у першым томе 672 старонкі, у другім - 704. Праўда, кошт слоўніка адпуж-вае: кожны том - па 50 тысяч рублёў.

Як адзначалася ў рэцэнзіі, змешчанай у «Нашым слове» (9.07.2008), «гэта самы грунтоўны і самы поўны збор фразеалагічных адзінак у гісторыі беларускага мовазнаўства». Усебаковае апісанне тут атрымалі каля 7000 фразеалагізмаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Шкада толькі, што рэдакцыя, кіруючыся сваімі меркаваннямі, не ўключыла ў гэты слоўнік некалькі выразаў, шырокая вядомасць якіх у нашай мове можа быць пацверджана дзесяткамі прыкладаў з сучаснай літаратуры. Скажам, выраз малодшы брат , што значыць «Беларусь, беларусы ў адносінах да Расіі, рускіх», ужываўся яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя. Язэп Лёсік пісаў: Ад адной думкі злучыцца з самадзяржаўнай Расіяй «малодшых братоў» кідала ў жар і праймаў халодны пот. Яшчэ толькі некалькі прыкладаў з вялікага мноства: «Малодшаму брату» - беларусам царызм дазволіў адкрываць пачатковыя школы на іх роднай мове толькі ў 1914 г., г. зн. у год, калі грымнула Першая сусветная вайна (Л. Лыч); Відаць, спрацавалі не навуковыя аргументы, а ідэалагічныя штампы «малодшага брата» і каланіяльная псіхалогія (У. Конан) ; У застоллі мы называлі Івана старэйшым братам, бо ў Савецкім Саюзе расеец, які яшчэ пад стол пехатой хадзіў, быў старэй-шым братам, а любы стогадовы дзед іншай нацыянальнасці быў малодшым братам (Р. Барадулін).

Выраз старэйшы брат , антанімічны з папярэднім, часцей ужываецца з адценнем неадабрэння і абазначае «Расія, рускія ў адносінах да Беларусі, беларусаў». Вось некаторыя ілюстрацыі яго ўжывання: «Старэйшых братоў» можна зразумець. Ім не дае спакою настальгія па імперыі (І. Макаловіч); - Не ведаеш ты гісторыі свайго народу, шаноўны імяніннік! - усміхнулася Надзея. Яна пабляднела ад хвалявання, вочы яе блішчэлі. - Усё ў нас было, як у добрых людзей, але нашы рабы-гісторыкі пішуць нашу гісторыю так, каб яна падабалася старэйшаму брату. А мы - малодшы брат, які і жыве дзякуючы таму, што ў яго ёсць мудры і магутны старэйшы брат (У. Дамашэ-віч); Наша ўшчэнт карумпа-ванае кіраўніцтва спешна рыхтуецца ў абдымкі да ста-рэйшага брата ў якасці «суб'екта» запланаванай канфедэрацыі (В. Быкаў ).

Акалічнасна-прыслоўны фразеалагізм да белых мядзведзяў мае афарбоўку іранічнасці, ужываецца пры дзеясловах завезці, загнаць і падобных, абазначае «ў канцэнтрацыйныя лагеры на поўначы ці ўсходзе Расіі" : Як кожны прадажны чалавек, ён падвёў яшчэ й саветы, і за тое, забыўшыся пра іх ранейшыя «заслугі», а можа, і дзеля іх, схапілі чэкісты і гэтую пару і, як усіх, паперлі да белых мядзведзяў (Л. Геніюш) ; Было іх 20 асоб, хацелі беларускай мовы ў школах. Загналі іх, нават шаснаццацілетніх, «да белых мядзведзяў» («Маладосць») ; Каб не паехаць да белых мядзведзяў, выбірае палескі хлопец родныя лясныя абшары. Сорак два гады блукаў ён па балотах, начаваў ў капе сена ў глухім непрыветным лесе («ЛіМ») ; Даведаюцца саветы, што памагаў партызанам [несавецкім] - зараз прыедзе чорны воран і вывезе да белых мядзведзяў («Полымя») .

Фразеалагізм архіпелаг Гулаг мае значэнне «канцэнтрацыйныя лагеры ў перы-яд сталінскага таталітарызму»: Цяпер, калі прачытаў «Споведзь», якую Геніюш пісала з пэўнай магчымасцю зноў наведаць «архіпелаг Гулаг», зразумеў, што чуў частку нашае гісторыі з першых вуснаў (Р. Барадулін). З ярлыкамі «ворагаў народа», «нацдэмаў», «здраднікаў радзімы», «іншадумцаў» і г. д. яны па волі «руководящей и направляющей силы» ўтварылі жудасны на планеце архіпелаг Гулаг (А. Мяснікоў); Малады паэт атрымаў дзесяць гадоў зняволення, быў адпраўлены ў найжорсткую пашчу архіпелага Гулага, адкуль змог выбавіцца толькі ў пяцідзесятых гадах, у час «хрушчоўскай адлігі» (А. Лойка); І шмат хто з нас, чыя прафесія слова, нават удзячныя ўладам за іх выкрутны «лібералізм», за тое, што, як паўстагоддзя назад, не заганяюць нас у Курапаты, не ссылаюць у архіпелаг Гулаг (В. Быкаў). А паходзіць гэты фра-зеалагізм ад назвы трохтомнай кнігі (1958-1979) А. Салжаніцына. У ёй расказваецца пра турэмную і лагерную сістэму ў Савецкім Саюзе з 1918 па 1956 г., пра следства, суды, этапы, ссылку і «душэўныя змяненні за арыштанцкія гады».

Яшчэ адзін фразеалагізм не трапіў на сваё алфавітнае месца, хутчэй за ўсё, таму, што ўсе пяць рэдактараў - жанчыны. Гэта выраз слабая на перадок , які ўжываецца пры дзейніку са значэннем асобы жаночага полу і мае сэнс «схільная быць у сужыцці, полавай сувязі з многімі мужчынамі»: Каця ласкавая была, каб цябе вылечыць, а плётка пайшла, што на перадок слабая. А? Гэта прыемна слухаць? (А. Макаёнак) ; Я не пра ўсіх баб пяю, а пра Феньку сваю, падлу. Яна ў мяне на перадок слабая, пры мне, жывым мужыку, любіла ў чужыя гароды загля-дваць, а без мяне і падаўна (В. Шабалтас) ; Дзяцей трэба ў чысціні выгадаваць, без смецця твайго, яны не віна-ватыя, што маці ў іх слабая на перадок («Полымя») .

Прыклады-цытаты ў тлумачальным фразеалагіч-ным слоўніку з'яўляюцца неад'емнай часткай слоўнікавага артыкула. Яны выступаюць дадатковым сродкам семантычнай інфармацыі аб фразеалагізме, садзейнічаюць асэнсаванню яго значэння, пераконваюць у сапраўдным існаванні фразеалагізма ў літаратурнай мове і значэння ці значэнняў, якія сфармуляваны ў дэфініцыях. Апраўдальныя цытаты-ілюстрацыі даюць поўнае ўяўленне пра нарматыўнае функцыянаванне фразеалагізма ў маўленні, пацвярджаюць пададзеныя ў слоўнікавым артыкуле звесткі семантычнага, граматычнага і стылістычнага плана.

«Слоўнік без прыкладаў, - пісаў Вальтэр, - гэта шкілет!» На жаль, і ў маім слоўніку аж 58 фразеалагізмаў «аголена», яны пададзены, па не залежных ад мяне прычынах, як «шкілеты». Напрыклад, міна запаволенага дзеяння прыводзіцца ў такім выглядзе: «Адз. і мн. У ролі розных чл. ск. Функц. не зам. Неадабр. Тое, што пагражае небяспечнымі наступствамі». А ў рукапісе выраз меў такія цытаты: У 30-я гады рукапісы станавіліся для іх аўтараў мінай запаволенага дзеяння, - іх нярэдка падшывалі да судовай справы ў якасці «доказаў» варожай думкі, - і часта служылі «падставай», каб «прышыць» пісьменніку 58-ы артыкул крымінальнага кодэкса - «антысавецкую прапаганду» (У. Конан). Пытанне аб дзяржаўнасці рускай мовы было вынесена на рэферэндум... Гэта ўсё заклала міну запаволенага дзеяння для юнага пакалення: зараз у Беларусі паўтара мільёна школьнікаў, з іх менш паўмільёна вучыцца ў беларускіх класах (В. Класкоўская) ; Кааліцыя дазволіла б абысці пакінутыя каланіяльнымі адміністрацыямі міны запаволенага дзеяння - моўныя, рэлігійныя пытанні (Б. Тумар).

Сустракаючы ў слоўніку «аголеныя» выразы, мож-на падумаць, што тэарэтычна яны мажлівыя, а практычна не маюць пацвярджэння іх ужывальнасці ў пісьмовых літаратурных крыніцах. Але гэта не так. Да прыкладу, ужыванне дзеяслоўнага фразеалагізма наступаць на граблі , што значыць «рабіць непрадуманы крок з магчымымі непрыемнымі наступствамі для таго, хто гэта робіць», можна праілюстраваць такімі сказамі: Паслушэнства, падпарадкаванасць і пакорлівасць змушалі нашых людзей наступаць на граблі, якія яшчэ раз стукнулі іх па лобе («Звязда») ; Ю. Віцьбіч - пісьменнік непрадказальны, загадкавы, творам якога часцей уласцівы і іншасказальнасць, «скрытая» асацыятыўнасць, «намёкавасць» (таму і здаралася, што савецкія публікатары ягоных апавяданняў ці нарысаў... «наступалі на граблі») (А. Пашкевіч). Гэты выраз рэалізуецца і ў форме закончанага трывання «наступіць на граблі» : Улады хутка зразумелі, што зноў наступілі на граблі, і праз 16 гадзін [арыштаванага] выпусцілі. Праўда, з умовай, што пасля з'езда ён усё ж адбудзе пакаранне («ЛіМ»).

Ілюстрацыйным матэрыялам да фразеалагізма баль у часе чумы (= вясёлае, бестурботнае існаванне каго-небудзь у бядотную для іншых часіну) могуць быць наступ-ныя цытаты: Усё гэта свят-каванне юбілейнай перамогі... нагадвае класічны баль у часе чумы (В. Быкаў); Глядзіш па тэлебачанні на знаёмыя сыценькія твары і думаеш: баль у часе чумы! («Народная газета») ; Сыдуць прэч быццё быдлячае, дзікі баль у час чумы... І прачнуцца душы спячыя: «Божа, глянь! А гэта ж - мы!» (С. Законнікаў) .

У памянёнай напачатку рэцэнзіі таксама звярталася ўвага на тое, што чамусьці ў даведніку не ўсе фразеалагізмы маюць апраўдальныя цытаты-ілюстрацыі, і называліся 9 такіх «аголеных» выразаў. Але, як ужо адзначалася, іх не 9, а 58. Пададзім яшчэ некалькі такіх фразеалагізмаў, у дужках тлумачачы іх змест, а затым ілюструючы іх ужыванне дзвюма-трыма цытатамі.

Зайцы поле гнояць у каго, каму (= хто-небудзь кепска, нядбайна вядзе сельскагаспадарчыя справы) . А ці не таму нам так не хапае грошай з зарплаты, што кормім мы тыя калгасы і саўгасы, у якіх зайцы поле гнояць (В. Гроднікаў) ; У нас па-ранейшаму, вобразна кажучы, зайцы поле гнояць ды коні такія дагледжаныя, што на выгане вароны на спіны садзяцца («Народная воля») .

Каго, што выносіць за дужкі чаго (= не лічыць каго- ці што-небудзь састаўной часткай чаго-небудзь, прадметам увагі, аналізу і пад.) . У бальшавіцкай крытыцы ёсць ап-раўданы за шмат гадоў прыём: галоўнае выносіць за дужкі. Пра яго не гаворыцца, яно толькі маецца на ўвазе. А гаворыцца пра нейкія мастацкія недахопы, пра нейкую нетыповасць і гэтак далей («Полымя») ; Амаль палова здабытчыкаў беларускай літаратуры была як бы вынесена за дужкі нацыянальнай культуры (В. Быкаў) ; Калі пачнецца перагаворны працэс, пытанне легітымнасці ўлады неабходна вынесці за дужкі бягучага палітычнага моманту («Народная воля»).

Два канцы адной пал-кі (= вельмі блізкія ці аднолькавыя ў якіх-небудзь адносінах з'явы - рэжымы, вучэнні і пад. ). Што ж датычыцца ідэалогіі, дык камунізм і фашызм маюць, так бы мовіць, асявую сіметрыю або, як кажуць у народзе, ёсць два канцы адной палкі . Быкаў); Ён кажа: рускія па-вінны зразумець, што нацызм і камунізм ёсць два канцы адной палкі («Полымя»); Яе бацьку, віднага чэкіста, зніш-чылі свае ж перад вайной, а маці павесілі гітлераўцы. Зноў: два канцы адной палкі («Ма-ладосць»).

Затыканне дзірак у чым (= ліквідаванне якіх-не-будзь недахопаў у чым-не-будзь) . Інфляцыйную нацэнку ў значнай ступені скарыстае дзяржава для затыкання дзі-рак (У. Кулажанка) ; Куды ж дзяваецца розніца, якую возьмуць з нашай кішэні? Ды ўсё туды: на затыканне дзірак, якіх шмат у паміраючай эканоміцы, у бюджэце (М. Дзелянкоўскі).

Паставіць на паток што (= зрабіць што-небудзь сістэматычным, паслядоўным, бесперапынным) . Так атрымалася, што «скасаванне» Быкава ў нашай краіне пастаўлена на паток. Быкаў усім недэмакратычным уладам быў няўгодны (Р. Барадулін) ; У Пятра адабралі пашпарт і новенькі чырвоны дыплом. Гэта справа ў міліцыі была пастаўлена на паток. Такіх, як Пятро, тут было шмат, і таму дзяжурны паспяваў толькі складваць у сейф дакументы затрыманых (Я. Палубятка).

Пайсці наперадзе прагрэсу (= пачаць, праяўляючы якую-небудзь ініцыятыву, дзейнічаць неразумна, нелагічна і пад.) . Некаторыя маладыя «адраджэнцы» і «актывісты» самі не вызначаліся ні гэтай свядомасцю, ні патрэбнай культурай. І болей рабілі шкоды, чым карысці, для прэстыжу, для аўтарытэту самой мовы. І адкуль толькі раптам выскачылі, пайшоўшы наперадзе прагрэсу? (В. Вітка); Каля 60 «інжынераў чалавечых душ» адкрыта, у друку, выступілі з заявай у падтрымку ліквідацыі дзяржаўнай самастойнасці Беларусі. Неверагодная рэч! Наперадзе прагрэсу пайшлі сейбіты разумнага, добрага, вечнага... (Н. Гілевіч).

Расплюшчваць вочы каму на каго, на што (= дапамагаць зразумець сапраўднае становішча; рабіць відавочнай праўду аб чым-, кім-небудзь) . Вобраз швачкі расплюшчвае нам вочы на лёс збяднелага беларускага яўрэйства («Роднае слова») ; Як бы хто ні ацэньваў перыяд так званай перабудовы, аднак жа відавоч-на, што ён дапамог людзям на многае расплюшчыць вочы (М. Гіль) ; Чаму нават на гэты мізер кніг, што расплюшчылі вочы на нас саміх, не знайшлося грошай не толькі ў дзяржавы, але і ў «новых бела-русаў»... («Настаўніцкая га-зета») .

Як сказана ў «Прадмове» да слоўніка (с. 6), яго крыніцай «стала картатэка, створаная аўтарам шляхам франтальнага і выбарачнага распісвання мастацкай, публіцыстычнай, навукова-папулярнай і навуковай літаратуры галоўным чынам ХХ ст.» А на с. 32-37 прыводзіцца спіс аўтараў, творы якіх выкарыстаны ў слоўніку. Тут 470 прозвішчаў (беларускія пісьменнікі, літаратуразнаўцы, мовазнаўцы, журналісты). Апрача таго, даецца спіс іншых крыніц слоўніка - 20 назваў перыядычных выданняў (часопісаў, газет). На працягу многіх дзесяцігоддзяў мною выпісваліся з друкаваных літаратурных крыніц урыўкі і сказы з фразеалагізмамі, а пры складанні слоўніка я адбіраў з картатэкі найбольш прыдатныя прыклады, у тым ліку і такія, у якіх адчуваецца дыханне часу (так і павінна быць у тлумачальным слоўніку). Цяпер хацелася б, каб хоць частка прыкладаў, апушчаных рэдакцыяй, але ў навуковых мэтах крайне неабходных на адпаведных старонках слоўніка, не прапала бясследна. Таму і спадзяюся на іх захаванне праз публікацыю ў «Нашым слове».

Сярод фразеалагічнага складу літаратурнай мовы прыкладна 15 працэнтаў належаць да мнагазначных выразаў, маюць не адно, а часцей два, тры, чатыры значэнні. Ёсць 7 пяцізначных выразаў (на ўсе застаўкі, на нагах, падымаць на ногі, на ўвесь рост, на руках, сам па сабе, ставіць на ногі) і адзін (разявіць рот) шасцізначны. Мнагазначнасць фра-зеалагізмаў знайшла сваё ад-люстраванне ў слоўніку. Але адзін двухзначны фразеалагізм - персона нон грата - чамусьці пададзены як адназначны. Апушчана яго другое значэнне - «грамадзянін, нераўнапраўны ў сваёй краіне, непажаданы для ўлад», напрыклад: Для Масквы я цяпер персона нон грата. Вось і жыву ў Вільні. Але баюся, што і тут скора буду персона нон грата ( Л. Арабей) ; - Пра мяне нельга пісаць - персона нон грата... - ён рашуча загортвае запісную кніжку і кладзе ў кішэню (В. Палтаран); Хай вам імя - легіён. Ды жыць не ўмееш багата, не ўмееш нажыць мільён, - ты - персона нон грата (А. Вярцінскі); Запланаваў зборнік вершаў Ліны Кастэнка (не названая тым хлюстам персона нон грата) (М. Дубянецкі).

Яшчэ адзін двухзначны выраз змешчаны без адпаведных цытат. Гэта - ні да рады ні да звады. Яго першае значэнне - акалічнасна-прыслоўнае «абыякава, раўнадушна, не выяўляючы сваіх пачуццяў (трымацца, паводзіць сябе)»: «А што гэты самы арышта-ваны Сак, чаму ён трымаецца ні да рады ні да звады, ён што, не разумее, якая кара яго можа напаткаць?» - пацікавіўся Гук (С. Астравец). Другое значэнне - прыметнікавае «раўнадушны, абыякавы»: Уразіла, што болей ніхто з мінакоў не ўзняў галавы. Абыякавасць? Нармальнасць? Або папросту людзі нашы - ні да рады ні да звады («Дзеяслоў»). Дарэчы, гэты выраз фіксуецца яшчэ толькі ў адным даведніку - «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» (т. 4, с. 553), але без цытаты і з недакладнай сэнсавай характарыстыкай «пра каго-небудзь, хто не мае характэрных індывідуальных якасцей».

У сямі мнагазначных фразеалагізмах адно са значэнняў падалі ў маім слоўніку без ілюстрацыйных прыкладаў. Напрыклад, выраз без гальштукаў з другім, акалічнасным значэннем «у неафіцыйных абставінах (сустракацца)» павінен быў ілюстравацца цытатай: Чаму прэзідэнты іншых краін не асабліва любяць хакей? Выдатная была б і для іх магчымасць сустрэцца са сваім калегам. Без гальштукаў, але пры гледачах. Пра жыццё пагаварыць, справы абмазгаваць («Наша ніва»).

Працягнем гаворку яшчэ ў адным артыкуле.

Іван Лепешаў.


ІІ Агульнанацыянальная беларуская дыктоўка завяршылася

Удзелам у Другой агульнанацыянальнай дыктоўцы адзначылі беларусы Канады 91ую гадавіну абвяшчэння БНР.

Вечарына, прысвечаная чарговай гадавіне гэтай найвялікшай падзеі беларускага нацыянальнага жыцця, уключала таксама даклад старшыні рады БНР Івонкі Сурвілы, выступ старшыні ЗБК Зміцера Эльяшэвіча, а таксама святочны канцэрт фальклорнай групы "Яваровыя людзі" пад кіраўніцтвам Віялеты
Кавалёвай.

У шматлюднай зале сабраліся беларусы розных пакаленняў, якія, з прыязнасцю ўспрыняўшы цікавую ідэю агульнанацыянальнай дыктоўкі, з энтузіязмам пісалі ўзнёслыя словы Максіма Танка пра беларускую мову:

Народ пранясе цябе, родная мова,

Святлом незгасальным у сэрцы сваім

Праз цемру і годы змаганняў суровых...

Прэміі пераможцам уручала госця з Менску, ганаровы сябра ЗБК, пісьменніца
Вольга Іпатава, адзначыўшы, што даўно наспеў час стварыць серыю літаратурных партрэтаў творцаў Беларускай Народнай Рэспублікі, і справаю гэтай павінны заняцца лепшыя гісторыкі і пісьменнікі Беларусі.

Згуртаванне беларусаў Канады сёлета адзначае ажно два юбілеі: 60-годдзе ўтварэння ЗБК і 55-годдзе парафіі св. К. Тураўскага.

Ю. Трубец. На фота: Вольга Іпатава з падарункамі для пераможцаў дыктоўкі.


Гутаркі з беларускімі інтэлектуаламі

У серыі "Гарадзенская бібліятэка" выйшла кніга Малгажаты Ноцунь і Анджэя Бжэзецкага "Зрабаваны народ. Размовы з беларускімі інтэлектуаламі". Пераклад з польскай. У кнізе пададзены размовы аўтараў з Уладзімірам Арловым, Лявонам Баршчэўскім, Валянцінам Тарасам, Генадзем Бураўкіным, Паўлам Якубовічам, Алесем Анціпенкам, Алегам Трусавым, Адамам Глобусам, Паўлам Севярынцам, Валянцінам Акудовічам, Андрэем Ляховічам Пятром Марцавым, Алегам Манаевым.

Ва ўступе да беларускага выдання гаворыцца.

"Кніга "Зрабаваны народ" арыентавана перш за ўсё на польскага чытача, але не менш нас цешыць і тое, што яна трапіла і ў рукі чытача беларускага. Таму дазволім сабе патлумачыць некаторыя рэчы.

Ужо пасля таго, як кніга выйшла ў Польшчы, сустрэліся мы з пэўным незадавальненнем, якое тычылася галоўным чынам выбару суразмоўцаў - чаму менавіта гэтыя, а не іншыя.

Што ж, як аўтары мы мелі права вырашаць, з кім размаўляць і якія з гэтых размоваў змясціць у кнізе. Мы палічылі, што менавіта гэтыя 13 чалавек маюць такія дасягненні і досвед, што змогуць распавесці пра Беларусь найбольш даступна і кампетэнтна, незалежна ад інтэлектуальных заслуг іншых людзей. Мы вырашылі, што не будзем размаўляць з асобамі, якія стала займаюцца палітыкай. I гэта быў адзін з нашых прынцыпаў (размова з Лявонам Баршчэўскім адбылася яшчэ перад яго абраннем кіраўніком Партыі БНФ, а з Паўлам Севярынцам мы размаўлялі літаральна праз пару дзён пасля яго вызвалення). Натуральна, большасць інтэлектуалаў, якія знаходзяцца ў апазіцыі да Аляксандра Лукашэнкі, тым ці іншым чынам падтрымліваюць нейкую палітычную сілу - але не настолькі, каб размова з імі ператварылася ў палітычную агітацыю. А такая пагроза існуе, калі размаўляеш з лідэрамі партый.

Мы палічылі таксама, што эмігранты, якія ў свой час пакінулі краіну і не маюць фактычна ніякага ўплыву на Беларусь, не будуць у стане прадставіць яе рэальнага вобразу. Часы "жалезнай заслоны", калі палітычная эміграцыя з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы адыгрывала значную ролю, ужо мінулі..."

Прапануем узяты з кнігі адказ Алега Трусава на адно з пытанняў.

А якая на сёння моўная палітыка дзяржавы?

Л юдзі, якія працуюць у дзяржаўных установах, разумеюць, што значыць уласная мова. Ва ўстановах канешне ўсё паруску, і калі запаўняецца фармуляр альбо заява пабеларуску, то яны перакладаюцца і трэба ставіць подпіс, што пераклад адпавядае беларускаму арыгіналу. I чыноўнікі ўжо могуць перакладаць, чаго не было яшчэ некалькі гадоў таму. Часам, канешне, здараюцца памылкі. А міліцыянты, напрыклад, гэта ў большасці людзі з вёскі і ведаюць беларускую мову са школы.

Калі з Расіі ішла танная нафта і газ, улада гандлявала сімволікай і мовай. Аднак дзякуючы гэтай сыравіне ўзнікла дзяржава і нацыянальная свядомасць яе грамадзянаў. Гэта стала не па волі расіянаў і канешне, гэта парадокс гісторыі. Цяпер ніхто не скажа, што беларуская мова можа знікнуць - Лукашэнка не можа гэтага сказаць і гаворыць пра дзве мовы. Не можа сказаць тое, што сказаў Хрушчоў, бо кіруе незалежнайдзяржавай і ведае, што без мовы гэта будзе не дзяржава, а проста Северо-Западный край.


У Канадзе на 90-м годзе жыцця памерла актыўная дзяячка беларускай эміграцыі Раіса Жук-Грышкевіч

Нарадзілася Раіса Жук-Грышкевіч 22 кастрычніка 1919 году ў Пружанах. У вайну яе вывезлі ў Нямеч-чыну. Пасля яна трапіла ў лагер для перамешчаных асобаў, а потым у Канаду, дзе выйшла замуж за Вінцука Жук-Грышкевіча . Ён быў першым кіраўніком беларускай рэдакцыі Радыё Свабода, а ў далейшым - прэзідэнтам Рады БНР.

Спадарыня Раіса прымала актыўны ўдзел у беларускім жыцці. Шмат гадоў яна ўзначальвала Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, была сярод фундатараў Згуртавання беларусаў Канады, Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, працавала дзеля арганізацыі беларускай службы Радыё Свабода. Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла згадвае яе ў сваёй кнізе ўспамінаў у раздзеле "Выдатныя жанчыны". Цяпер спадарыня Сурвіла ўспамінае:

- Апроч таго, што яна была сябрам Рады БНР, была грамадская дзеячка. Працавала дантысткай, дапамагла шмат каму ў гэтай галіне. Была здольная аўтарка і цудоўная арганізатарка. Яна арганіза-вала ў Таронта свайго роду лекцыі беларусістыкі ў Беларускім цэнтры. Там святкаваліся ўгодкі нашых вялікіх людзей. Яна найчасцей рабіла даклады на гэтыя тэмы. Яна гэта рабіла, бо была вялікая патрыётка, вялікая беларуска. І да канца жыцця была з Беларуссю. І пакуль мела сілы, старалася перадаць сваю лю-боў да Беларусі ўсім, каго бачыла. Яна вельмі ганарылася, што яна з Пружанаў, і вельмі любіла Пружаны.

Да нядаўняга часу спадарыня Раіса выдавала на сваім кампутары бюлетэнь "Камунікат". А на адным з відэа ў інтэрнэце спадарыня Расіа апавядае пра беларускі крыж у Мідлэндзе, які яна ўзняла разам з мужам.

Івонка Сурвіла:

- Гэты крыж стаўся сапраўдным месцам паломніцтва беларусаў не толькі з Канады, але і з іншых краінаў. Ён быў усталяваны з нагоды 1000-годдзя Беларусі. І збоку ёсць вялікі камень, на якім успамінаюцца ахвяры камунізму ў Беларусі. Штогод ёсць беларускае паломніцтва да крыжа. Гэта адна з вялікіх справаў, да якіх спрычынілася доктар Раіса Жук-Грышкевіч.

Намеснік старшыні Рады БНР, гісторык, доктар Янка Запруднік згадвае:

- Такая светлая асоба была. Вялікае сяброўства ў яе было з Наталляй Арсенневай . Пакінула шмат архіўнага матэрыялу. Такая дбайлівая была ў сэнсе захавання памяці, дакументавання беларускага жыцця ў Канадзе. Усю сваю энергію і любасць да беларуш-чыны яна пакінула на старонках бюлетэню, які выдавала. Яна была набожная, і я памятаю, мы былі з Кіпелямі на пахаванні Арсенневай у Рачэстары. І падчас багаслужбы чыталася малітва "Ойча наш". Святар па-ангельску, а яна на ўвесь голас у царкве - па-беларуску. Была такая інтэрвенцыя беларушчыны ў англамоўную багаслужбу. Яна была вельмі эмацыйная на беларускай глебе.

Двойчы спадарыня Раіса прыяжджала ў Беларусь. Пра гэта згадвае пісьменніца Лідзія Савік :

- У мяне агромністая папка яе лістоў. Яна мне прысылала свае артыкулы, "Камунікаты". Яна вельмі актыўна адгукалася на ўсе падзеі беларускага жыцця. Яна прыязджала на першы з'езд беларусаў свету ў 1993 годзе і была абрана ў вялікую раду. Калі з'явілася яе кніга "Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча", я напісала вялікі артыкул у "ЛіМ", тады гэта ж можна было. Яна была вельмі ўдзячная. А потым яна прыязджала, здаецца, у 1995 годзе на з'езд беларусістаў. У той год, калі нядобрай памяці Ціцянкоў разарваў наш беларускі бел-чырвона-белы сцяг. Гэта якраз тады быў з'езд беларусістаў. Нехта выйшаў на сцэну і сказаў: вы тут гаворыце пра бела-рускія справы, а наш бел-чырвона-белы сцяг парваны на шматкі. Для нас гэта быў страшэнны ўдар у сэрца. Такая высокая нацыянальная свядомасць, духоўная напоўненасць Раісы - гэта найвыдатнейшыя рысы беларускай жанчыны.

Раіса Жук-Грышкевіч памерла 2 красавіка. А пахавалі яе каля мужа на беларускіх могілках Нью-Брансуік у Нью-Джэрзі, ЗША.


БНР і грамадзяне-беларусы мястэчка Моўчадзь (Баранавіцкі раён)

28 сакавіка 2009 года Баранавіцкія сябры Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны ўручылі копію пісьма (дакумент перапісаны слова ў слова) жыхароў мястэчка Моўчадзь (Баранавіцкі раён) дырэктарцы Баранавіцкага краязнаўчага музея Станюк Ірыне Паўлаўне. Дадзены зварот грамадзян-беларусаў мястэчка Моўчадзь знайшоў ў Беларускім дзяржаўным архівемузеі літаратуры i мастацтва вядомы беларускі даследчык гісторыі БНР Анатоль Сідарэвіч. У ім гаворыцца, што 7 ліпеня 1918 года сяляне мястэчка Моўчадзь напісалі зварот да Народнага Сакратарыяту БНР і просяць прыслаць да іх настаўніка беларускай і нямецкай мовы. Сяляне абяцаюць плаціць грошы настаўніку і, нават, падвязці казённых дроў. Пад зваротам падпісаліся Іван Куляка, Ігнацій і Іван Тоўкачы, Восіп Сасноўскі, Аляксандр Гіруль, Іван Богуш, Аляксандр Данілевіч, Уладзімір Аляхновіч, усяго 12 подпісаў.

Гэты цудоўны дакумент чарговы раз абвяргае савецкі міф пра тое, што беларускі народ не прызнаваў i не падтрымліваў Беларускую Народную Рэспубліку i яе ўрад у 1918 годзе. Таму, маўляў, БНР не ўтрымалася i не рэалізавалася як дзяржава. Вось і галоўны рэдактар мясцовай афіцыйнай газеты ў Баранавічах "Наш край" Міхаіл Шубіч напісаў вялікі артыкул пад назвай "Праздник" которого нет" ў якім сцвярджае, што беларускія сяляне не падтрымлівалі буржуазную і варожую ім БНР. Хацеў бы такім "гісторыкам" параіць пачытаць 2х томны "Архіў БНР", апублікаваны ў 1998 годзе. Дзякуючы гэтаму твору можна пабачыць, як шмат людзей звярталіся да Народнага Сакратарыяту (ураду) Беларускай Народнай Рэспублікі па самых розных пытаннях. Яшчэ больш зваротаў простых людзей у Народны Сакратарыят БНР не апублікавана да цяперашняга часу. Адзін з такіх дакументаў - зварот грамадзян мястэчка Моўчадзь (Баранавіцкі раён), які захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архівемузеі літаратуры i мастацтва (тэкст дакумента прыкладаецца).

Такі дакумент сяляне не маглі напісаць царскаму ўраду, які катэгарычна забараняў жывое беларускае слова. Толькі так сялянебеларусы маглі звярнуцца да свайго ўраду, які яны лічылі беларускім і сваім. Зварот грамадзян мястэчка Моўчадзь да Народнага Сакратарыяту БНР яскрава сведчыць, што простыя людзі лічылі БНР сваёй роднай дзяржавай і таму звярталіся ў беларускі ўрад з такімі жыццёвымі пытаннямі.

Віктар Сырыца, старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ


Грамадзян Моўчадзкаго Обчэства

Прыгавор

Ліпеня 7 дня 1918 года. Мы ніжэйпадпісаныя грамадзяне-беларусы мястэчка Моўчадзі, лічучы канечне патрэбнаю дзеля нашых дзяцей школу з навучаннем у роднуй беларускуй мові i з выкладаннем нямецкае мовы, npociм свайго сябра Аляксандра Данілевіча:

1) звярнуцца да Беларускаго Сэкрэтарыяту у Менску, альбо да Беларускаго Прэдстаўніцтва ў Вільні с тым, каб нам выслалі вучыцеля беларуса, добра ведаючага апроч свае нямецкую мову, а калі нi знойдзецца такога, то асобнаго вучыцеля нямецкае мовы i

2) звярнуцца ў Камендатуру м. Моўчадзі аб адводзе нам прыгоднаго дома дзеля школы i дзеля кватэры вучыцеля.

С свайго боку мы згаджаемося падвязці казённых дроў i даць вучыцелю ад вучня за кожны месяц навучання па 1 марцы ў дадатак да пэнсіі ад Сэкрэтарыяту Прасветы.

Грамадзяне м. Моўчадзі:

Иван М. Куляко, Игнатій Толкач, Иван Толкач, Осип Сосновскій, Александр Гируль, Иван Богуш, Трофим Курбека, Иван Дейколо, Шалам Константин, А. Данілевіч, Владимир Олехнович.

БДАМЛМ, ф. 3, воп. 1, адз. захав. 133, арк. 50.

Пасылаю гэты прыгавор у Віленскую Беларускую Раду i прашу выслаць у Моўчадзь, Слонімскаго павету, вучыцеля-беларуса, добра ведаючаго нямецкую мову, каб ён мог бараніць інтарэсы беларусаў. Па прыездзі ў Моўчадзь вучыцель можа звярнуцца да Івана Іванавіча Богуша.

Кватэру i дровы адпусціць камендатура. У камендатуру падана прозьба 8 іюля 1918 года с прыкладам кoпіі гэтага прыгавора.

А. Данілевіч.

БДАМЛМ, ф. 3, воп. 1, адз. захав. 133, арк. 51.


Выйшаў зайчык пагуляць

У выдавецтве "Радыёла-плюс" выйшла кніжка для дзяцей Артура Вольскага "Выйшаў зайчык пагуляць : Вершы : Для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту". Укладанне Уладзіміра Сіўчыкава і Раісы Шастак. Мастак Алена Карповіч.

У кнізе наступныя раздзелы: Дожджык, дожджык, секані! Заасад дружна выйшаў на парад. Няма прыгажэй ад маёй Беларусі...У верасні хапае ўсім турбот. Вясёлая карусель. Шмат сяброў у нас.


У Таварыстве Беларускай Культуры ў Літве адзначылі 91-я ўгодкі БНР

28 сакавіка 2008 г. у Вільні ў Таварыстве беларус-кай культуры ў Літве адбылося святкаванне 91-годдзя Беларускай народнай Рэспублікі. Яшчэ адна гадавіна разважанняў і падсумаванняў над пройдзеным шляхам дзяржавы.

25 сакавіка было абвешчана аб нараджэнні новай дзяржавы. 25 сакавіка Анёл Габрыэль засведчыў аб прыходзе на грэшную зямлю Божага Сына, таго, хто быў растаптаны, зняважаны і ўкрыжаваны. А пасля цераз цярністы шлях Божы Сын адрадзіўся да новага, слаўнага і велічнага жыцця. І гэтыя паралелі часта наводзяць на думку аб адраджэнні нашае святое Бацькаўшчыны. А пакуль Краіна 25 сакавіка ў ХХІ стагоддзі застаецца ў душах і сэрцах сваіх грамадзянаў і чакае свайго ўваскрашэння.

На імпрэзе ў Таварыстве было шмат гасцей, як з Літвы, так і з Беларусі. Пасля выканання нацянальнага гімна "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", старшыня ТБК Хведар Нюнька зачытаў зварот Прэзідэнта Рады БНР Івонкі Сурвілы да беларускага народу.

Ва ўсіх выступоўцаў гучалі словы занепакоенасці сёняшняй сітуацыяй і надзеі на адраджэнне Беларусі і вяртанне яе да нацыянальных і дэмакратычных каштоўнасцяў.

Краіна згубленых мараў і ў той жа час краіна вялікай Надзеі - такой выглядае наша Святая Бацькаўшчына.

Аб лёсе малавядомага беларускага каталіцкага святара і паэта Казіміра Сваяка (кс. Кастуся Стэповіча) распавяла спадарыня Наталля Мяшкова. Ён быў адным з тых, хто спрычыніўся да Акта 25 сакавіка 1918 г. Так, ён не прымаў у гэтым непасрэднага ўдзелу, але быў адным са стваральнікаў нацыянальнай ідэі беларусаў, за што шмат цярпеў ад польскага каталіцкага духавенства. Да канца сваіх дзён заставаўся верным сваім ідэалам і верыў у адраджэнне Беларусі. Ён спачывае ў Вільні на Росах разам са сваім братам Альбінам Стэповічам і шматлікімі беларусамівіленчукамі, што пакінулі свой след у гісторыі нашага народа.

Ідзе вось ясная пара,

Правіду свеціць нам зара.

Айчына, мацi Беларусь,

Гарой жыва!

Радкі з яго верша, якія сталі эпітафіяй на ягоным надмагільным помніку.

На 10 гадавіну яго смерці паэт Міхась Машара напісаў верш, у якім не толькі словы ўдзячнасці падзякі калегу і беларусу, але асэнсаванне і ацэнка жыццёвага шляху Казіміра Сваяка:

Я прыйшоў табе пакланiцца,

Рана змоўклы,

наш слаўны паэт.

Ад ваколiцаў роднай зямлiцы

Прынашу табе цiхi прывет.

Хоць ты змоўк,

i хоць лiра разбiта,

I хоць новыя страты баляць-

Над краiнай

туманам спавiтай

Тваiх песняў акорды звiняць.

Прыйдзе час і гэтае імя зойме належнае месца ў айчыннай гісторыі.

На святкаванне быў запрошаны Аляксандр Казулін, які падзяліўся сваімі думкамі адносна далейшага шляху Беларусі.

Лідар Маладога Фронту З. Дашкевіч распавёў аб дзейнасці гэтага моладзёвага аб'яднання.

Спадар Р. Вайніцкі (кіраўнік клюбу "Сябрына"), які родам з м. Вішнева і быў ахрышчаны знакамітым беларускім ксяндзом У. Чарняўскім, зазначыў аб значнасці для беларусаў свята 25 сакавіка, узгадаў віленскіх беларускіх "зуброў", якія дапамаглі яму стацца беларусам.

З найвялікшым беларускім нацыянальным святам прысутных павіншаваў першы амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Альфонс Аўгуліс.

Ад самакіравання г. Вільні павіншаваць беларусаў прыехала спадарыня Рэната ЛісоўскаяУрбановіч. Яна павіншавала са святам і распавяла аб тым, як ідзе праца па стварэнні культурнага цэнтра Я. Коласа ў Павільні. Варта нагадаць, што ТБК і самакіраванне г. Вільні выступілі заснавальнікамі ўзгаданага цэнтра.

Старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" Алена Макоўская выступаючы зазначыла, што свята 25 сакавіка неабходна было б пераводзіць з палітычнага кантэкста ў народны і адзначаць яго разам як нацыянальнае свята і не праводзіць у гэты час палітычныя акцыі. І вельмі добра, што ў дыяспарах яно адзначаецца як найвялікшае беларускае свята. Вельмі хацелася б, каб гэтак было і ў Беларусі.

Сп. Шыдлоўская распавяла аб падрыхтоўцы да V З'езду беларусаў свету і аб тых праблемах, якія сустракаюцца.

На заканчэнне бард Алесь Камоцкі агучыў свае творы, а вучаніца другога класа школы Ф.Скарыны Ксеня Мілаш парадавала ўсіх беларускімі песнямі.

Алесь Адамковіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX