Вярнуцца: 2009

№ 15 (906)


Крыніца: pawet.net.



№ 15 (906) 15 КРАСАВІКА 2009 г.

З Вялікаднем!

АНАТОЛЮ ВАЛАХАНОВІЧУ - 70

ВАЛАХАНОВІЧ Анатоль Іосіфавіч (17.04.1939, Менск), беларускі пісьменнік, журналіст, гісторык, краязна-вец. З сям'і службоўца. Член Саюза журналістаў Беларусі (1975). Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў (2006). Сябар клуба "Спадчына" (1989). Скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (1961). У 1961 - 1968 гадах на педагагічнай рабоце, у 1962 - 1964 гадах служба ў Савецкай арміі (ГСВГ). З 1968 г. рэдактар у БелСЭ, з 1975 г. загадчык рэдакцыі літаратуры па гісторыі і праве выдавецтва "Навука і тэхніка" АН БССР. У 1996 - 2002 гадах старшы навуковы супрацоўнік Бел НДІДАС. Даследуе праблемы гісторыі, літаратуры, культуры, краязнаўства і рэлігіі. Комплексна і дэталёва распрацоўвае пытанні палітычных рэпрэсій 20-х - пачатку 50-х гадоў ХХ ст. Аўтар навуковых і навукова-папулярных кніг: "Дзяржынск: Гісторыка-эканамічны нарыс" (1977), "Дзержинск: Историко-экономический очерк" (1982), "Партызанскі генерал з Амерыкі (пра начдыва І.Я. Траццяка)" (1995), "Феликс Эдмундович Дзержинский: Краткий очерк жизни и деятельности" (1997), "Графы фон Гутэн-Чапскія на Беларусі" (2003), "Путчынскі сельскі савет: Гістарычны нарыс" (2005), буклета "Пер-вая в Белоруссии. К 50-летию организации Койдановской МТС. 1930 - 1980" (1980), "Дзержинщина: Прошлое и настоящее" (у сааўт. з А.М. Ку-лагиным, 1986), "Кличевщина: Историко-экономический очерк (у сааўт. з І.І.Саўчанкам, 1989), "Споведзь у надзеі застацца жывым: Аўтабіягра-фія Браніслава Тарашкевіча" (у сааўт. з У.М.Міхнюком, 1999), "Валмянскі сельскі савет: Гістарычны нарыс" (у сааўт. з А.В.Рудовічам, 2003), адзін з аўтараў, рэдактараў і складальнікаў кніг "Кто есть кто в Республике Беларусь" (1999), "Памяць. Старадарожскі раён" (1998), "Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі. Зборнік дакументаў, і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння Міколы Ермаловіча" (2007), адзін з аўтараў кнігі "Белорусский государствен-ный университет информатики и радиоэлектроники: История в биографиях ректоров, ученых, удостоенных почетных званий, лауреатов премий, профессоров, докторов наук: 40 лет (1964 - 2004)". Стваральнік кнігі "Памяць. Дзяржынскі раён". Аўтар артыкулаў у кнігах "Памяць" Клічаўскага, Бабруйскага, Баранавіцкага, Уздзенскага, Кобрынскага, Слаўгарадскага, Чашніцкага і іншых раёнаў і звыш 450 артыкулаў у энцыклапедычных выданнях, навуковых зборніках, часопісах, газетах і інш. Узнагароджаны медалямі, знакам "Отличник печати", ганаровымі граматамі міністэрстваў і ведамстваў.

Аўтар, рэдактар і ўкладальнік кніг пра М.А. Багдановіча, Томаша Масарыка, альманаха "Скрыжалі "Спадчыны" № 4, энцыклапедычнага даведніка "Дыяруш "Спадчыны".

Камітэтам Ушанавання ўзнагароджаны медалём М.В. Доўнар-Запольскага "За вяртанне гістарычнай спадчыны" (25.03.2002), Срэбным пярсцёнкам з выявай герба "Пагоня", асабістымі ініцыяламі "А.В.", дэвізам "Жыве Беларусь" (25.03.2006) і адпаведнымі дыпломамі. Занесены ў Кнігу гонару "Рупліўцы твае, Беларусь". Атрымаў узнагароду - медаль імя Яна Масарыка Міністэрства замежных спраў Чэшскай Рэспублікі як падзяку за карыснае супрацоўніцтва ў паглыбленні беларуска-чэшскіх стасункаў (14.11.2007).

У Старадарожскім мастацкім музеі экспануюцца яго кнігі, артыкулы ў часопісах, газетах, навуковых зборніках і прысвечаныя яму творы:


18 красавіка Міжнародны дзень помнікаў і мясцінаў

18 красавіка ва ўсім свеце па ініцыятыве ЮНЭСКА ўжо 26-ы раз адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і мясцінаў. У гэты дзень прыня-та звяртаць асаблівую ўвагу на адметныя помнікі гісторыі і ку-льтуры, каб мацней адчуць значнасць гістарычных-мясцін і прыналежнасць да мінулага і будучыні свайго краю.

Беларусь таксама багатая на гістарычныя помнікі і мясціны. Гэта старыя сярэдня-вечныя замкі, палацы, сотні сядзібаў, храмы розных канфесій, іншыя помнікі мінулых стагоддзяў. Яны маюць свае адметнасці, і мы па праву можам імі ганарыцца. Такая разнастайная спадчына, што засталася нам ад былых пакаленняў, сведчыць пра асобнае месца Беларусі ў сусветнай прасторы, паказвае нам жывую гісторыю, дае, магчымасць дзівіцца на майстэрства і ўнікальныя тэхналогіі нашых папярэднікаў.

2009-ы год абвешчаны ў Беларусі Годам роднай зямлі. Гэта добрая нагода падтрымаць сусветную традыцыю святкавання Міжнароднага дня помнікаў і мясцінаў. Давайце ўключым свой патэнцыял у справу пашырэння ведаў пра гісторыка-культурную спадчыну Беларусі і асэнсавання яе значнасці!

У прыватнасці, з 17 па 19 красавіка 2009 года ў розных гарадах Беларусі плануецца правесці шэраг экскурсій па найважнейшых помніках таго ці іншага рэгіёна. У Менску такое мерапрыемства будзе называцца "Фэст экскурсаводаў". Запланаваныя пешыя экскурсіі па гістарычным цэнтры горада, Залатой горцы, раёне трактарнага завода, Грушаўскім, Ракаўскім прадмесцях, а таксама тэматычныя: "Менск музычны", "Менск рэвалюцыйны (1917 - 1920 гг.)", "Татарская слабада" і інш. Шэраг экскурсій запланаваны ў Гародні і Гомелі

Важна, каб як мага больш краязнаўцаў і экскурсаводаў у гэтыя дні падзяліліся ведамі пра гісторыю свайго рэгіёну з іншымі людзьмі. Любоў, веды і клопат тых, хто жыве побач, - вось што наймацней спрыяе захаванню і адраджэнню помнікаў! Таму ў Менску інфармацыя аб правядзенні экскурсій будзе распаўсюджвацца непасрэдна ў тым раёне, дзе яны будуць праходзіць.

Арганізатары бяруцца паспрыяць цікаўным і ініцыятыўным - у пошуку краязнаўца, краязнаўцам-экскурсаводам - у пошуку "сваёй" групы, а таксама дапамагчы у асобных пытаннях (раздрукоўка буклетаў, аб'яваў, фотаздымкаў і інш.). I не забудзьцеся паведаміць нам пра ва-шую ініцыятыву, каб мы мелі магчымасць уключыць яе ў агульную праграму мерапрыемстваў!

Заключным этапам святкавання Міжнароднага дня помнікаў і мясцінаў павінен стаць канцэрт 19 красавіка ў Менскім гарадскім палацы дзяцей і моладзі, куды мы запрашаем усіх ахвочых і зацікаўленых. I асабіста тых, хто наладзіць святкаванне ў сваім раёне!

3 найлепшымі пажадан-нямі і спадзяваннямі на плённае супрацоўніцтва, Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС), ГА "Беларускі фонд культуры", МГА "Гісторыка", ГКТ "Этна" БДУ культуры і мастацтваў, ГА "Беларуская аса-цыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў"


У прафсаюзе загавораць па-беларуску

Магілёўскія актывісты незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці і іншых галін народнай гаспадаркі пастанавілі весці справаводства і сходы па-беларуску.

Ініцыятарамі беларусізацыі выступілі маладыя сябры гарадской суполкі.

- Дужа цяжка прымалася гэтая пастанова. Людзі больш сталага веку скептычна ўспрынялі нашу ініцыятыву. Яны так і пыталіся: "Навошта гэта нам?" Многія прызнаваліся, што не разумеюць мовы. Мы ж даводзілі, што наш прафсаюз не толькі незалежны, аднак яшчэ і беларускі. Дыскрымінаваць рускую мову мы не збіраемся. Нашая ініцыятыва пакуль распаўсюджваецца толькі на гарадскую магілёўскую суполку. Вядома ж, што ў прафсаюза ёсць больш важкія цяпер праблемы, але яны вырашацца, а мы павінны глядзець наперад, - кажа кіраўнік гарадской суполкі Андрэй Дзвігун.

Наш кар.


90 гадоў з дня нараджэння Веры Палтаран

ПАЛТАРАН (Ляпекая) Вера Сямёнаўна (28.3. 1919, в. Бабунічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. - 28.3.1989), бел. пісьменніца. Засл. работнік культ. Беларусі (1979). Вучьшася ў Мінскім пед. ін-це (1937-41), скончыла БДУ (1945). Працавала ў газ. «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», з 1953 у час. «Маладосць», з 1973 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкавалася з 1949. За кн. нарысаў «Ключы ад Сезама» (1967) і нарыс «Дзівасіл» (1968) Дзярж. прэмія Беларусі імя П.М. Лепяшынскага 1970. Аўтар зб. «Дзівасіл» (1974). Асн. тэма нарысаў - жыццё вёскі. Творы П. узнімаюць праблемы адказнасці чалавека пе-рад грамадствам, сваім сумленнем. Яны напісаны з глыбокім пранікненнем у душу чалавека-працаўніка, з любоўю да народа і яго духоўнай спадчыны, з тонкім адчуваннем роднай мовы. Пісала пра творчасць А. Адамовіча, В. Карамазава, А.Кудраўца, І.Мележа, І. Пташнікава, М.Стральцова ...

Згадка

Каб пісаць згадкі, трэба адхіліцца ад таго, пра каго нешта намерваешся сказаць, на пэўную далечыню.У мяне гэта амаль не атрымліваецца, асабліва калі гэта тычыцца самых блізкіх, яны ўпарта не хочуць умяшчацца ў фармат згадак, яны ўпарта не хочуць станавіцца мінулымі… Вера Сямёнаўна Палтаран таксама.

Упершыню ўступіў з ёю ў размову недзе ў 70м годзе, калі Уладзімір Калеснік запрасіў на сустрэчу з філфакаўцамі Брэсцкага педінстытута паэта Анатоля Вярцінскага, літаратуразнаўцу Навума Перкіна і яе, знаную сваімі нарысамі.

Студэнцкая "каманда" ніякавела перад сталічнымі аўтарытэтамі, мяне ж іхняя прысутнасць, наадварот, разнявольвала, можа, таму, што і сам ужо друкаваўся, што і сам быў пэўным чынам са сталіцы, пераведзены адтуль у Брэст пасля студэнцкіх хваляванняў у БДУ, і таму тады, у той змястоўнай і спрыяльнай атмасферы, казаў, што хацела казацца пра творчасць і літаратуру, і сустрэча паварочвалася ў дыялог.

Потым, пасля таго як пашчыраваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў вясковай школе, адслужыў у арміі, папрацаваў у рэдакцыях "ЛіМа" і "Роднай прыроды", пабыў у творчай камандзіроўцы ў Літве, дзе авалодваў літоўскай мовай, перакладаў літоўскіх паэтаў ды яшчэ вышукваў рэшткі беларушчыны, аднаго разу, а было ўжо лета 74га, наведаўся ў выдавецтва "Мастацкая літаратура" - рыхтаваўся да друку мой зборнік вершаў, і я нешта мусіў быў удакладняць з рэдактарамі.

У выдавецтве было людна, усе рэдакцыі месціліся ў двух пакоях, і калі я, абгаварыўшы ўсе пытанні, звязаныя са зборнікам, збіраўся ўжо адыходзіць, неяк непрыкметна падышла Вера Сямёнаўна Палтаран, і калі мы адступіліся ад сталоў, яна, гледзячы мне ў душу сваімі пранікнёнымі вачамі, сказала, што ў выдавецтве ўтварылася рэдакцыя крытыкі і літаратуразнаўства, што яна загадчыца і што была б рада, калі б я згадзіўся прыйсці ў рэдакцыю на сталую працу. "Вера Сямёнаўна…"-пачаў я.

Я хацеў ёй сказаць, што я не крытык і не літаратуразнавец, што я ўжо меў стасункі з айчынным літаратуразнаўствам, калі паступаў у аспірантуру Інстытута літаратуры, і хоць балаў на ўступных экзаменах набраў найбольш,
мне адмовілі ў дзённым навучанні, на радасць майму спаборніку, цяперашняму доктару філалагічных навук, прафесару, членкарэспандэнту, Сцяпану Сцяпанавічу Лаўшуку, а мне прапанавалі завочнае навучанне, ад чаго я сам адмовіўся; і што ў "ЛіМе" меў складанасці, калі рэдактар Леанід Януаравіч Прокша
раптам загадаў напісаць мне заяву на звальненне, і я напісаў, але падала свой голас нязгоды супрацоўніца "ЛіМа" Вера Вярба, але выступіў і наперад
мяне ўвайшоў у кабінет сакратара ЦК Аляксандра Трыфанавіча Кузьміна Іван Мележ, а той пры мне ж у кароткай тэлефоннай размове з Прокшам адмяніў папярэдняе тэлефоннае распараджэнне таго, хто з падначаленга яму кабінета кіраваў літаратурай; і што… Але яна сама ўсё гэта , здаецца, ведала, і я, адчуўшы ў яе
прапанове грунт, на які пачала абапірацца наступнасць, сказаў: "Згодзен".

Не буду распавядаць пра тагачасныя справыпраявы, пра іх падрабязна распавёў у сваіх дзённікавых нататках Міхал Дубянецкі, зазначу толькі, што самым няпростым аказалася вяртаць у літаратуру тое, на чым значылася галаўлітаўская забарона, - спадчыну, думку. Выданні-яны былі агульным
здабыткам усёй рэдакцыі, непамыслоты-Вера Сямёнаўна разводзіла іх як магла і дзе магла, ну а калі здараліся непрыемнасці-адцягвала іх на сябе.

Яна ніколі не падстаўляла сваіх супрацоўнікаў, выдатны стыліст, сама брала ўдзел у рэдагаванні рукапісаў, і тады, напачатку, адрэдагаваўшы першы даручаны мне рукапіс, я быў проста ўражаны колькасцю і якасцю дадатковых
правак, унесеных ёю ў тэкст. У яе я вучыўся рабоце з тэкстам.

Разумела людзей глыбока, а непрыязнасці, здаецца, не мела ні да кога. "Гад печаны"-магла сказаць пра таго, хто быў ёй у пярэчанне, і ўсё роўна ў гэтую атэстацыю ўкладалася ўсякі раз нешта ўсмешлівае і добразычлівае. І толькі адзін раз пачуў з яе вуснаў халоднае: "Нелюдзь" - пра некага, з кім давялося ёй мець справу.

У пасляваенныя гады прапаноўвалі, магла стаць апаратчыцай у саўмінаўскай сістэме, як стала ёю, да прыкладу, яе добрая знаёмая Ніна Лявонаўна Сняжкова,-адмовілася, не для яе, а калі яшчэ канчала школу, марыла стаць ветэрынарным урачом, каб дапамагаць усяму жывому і безабароннаму. Не стала, але ўсяму жывому і безабароннаму дапамагала ўсё жыццё і радавалася пасапраўднаму.

"Вы стварылі для нас маленькі рэнесанс",-засведчыў, красамоўна вызначаючы тое, што зрабіла на сваім месцы Вера Сямёнаўна Палтаран для
айчыннай крытыкі і літаратуразнаўства, Алесь Адамовіч.

…У развітальнай зале крэматорыю, перад тым, як назаўсёды развітацца з ёю, дакрануўся да яе рукі. Потым яна будзе дакранацца да маёй рукі ўжо з наступнасці.

Алесь Разанаў.



Шаноўны рэдактар!

Дазвольце праз Вашую газету перадаць шчырую падзяку сябрам, прыяцелям, знаёмым і незнаёмым людзям, ад якіх пачуў добрыя словы ў дзень свайго 60-годдзя. Жыве Беларусь!

Зміцер Санько.


Калі маўчанне - нават не срэбра

Аднойчы ў бібліятэку мяне запрасілі на сустрэчу з вучнямі 11-х класаў адной з 13ці рускамоўных школаў Слуцка, каб я, паведаў ім, што пісалі аб Вялікай Айчыннай вайне беларускія пісьменнікі ў сваіх раманах, аповесцях. Падрыхтаваў пэўныя нататкі з таго, што засталося ў памяці ад прачытанага у 5090я гады. Пайшоў на сустрэчу. Ва ўтульнай, з мяккімі крэсламі, зале сабралася шаснаццаць мілавідных, сціпла апранутых, дзяўчатак і восем хлопцаў аднолькавага з імі ўзросту. Свой рэй я павёў на беларускай мове, таму што з дзяцінства яна стала любай майму сэрцу, на ёй ужо паўвеку пішу свае артыкулы для газетаў. Спярша давёў да ведама слухачоў, што за час з 1930-га па 1941-й гады ў Беларусі было рэпрасавана больш за 400 пісьменнікаў (усяго па СССР - 1500 чалавек), дзесяткі іх былі растраляны ў 1937 годзе. рэшту саслалі на пасяленне у Сібір, Казахстан або ў ГУЛАГ. Тыя нямногія, прылашчаныя ўладай, што ацалелі ад рэпрэсій, у большасці паспелі эвакуявацца з Менска ў першыя дні вайны і на фронт не трапілі. Хто па ўзросту, хваробе, а хто і памёр на чужыне як Змітрок Бядуля. Таму першымі, хто праўдзіва, без рамнатызацыі вычынаў, паведаў у сваіх творах пра вайну, былі Янка Брыль раман "Птушкі і гнёзды", Іван Мележ вайсковы дзённік пра перажытае на фронце пад Мурманскам, ды яшчэ зямляк слуцакоў, былы лётчыкзнішчальнік Антось Алешка аповесць "Неба вайны". На пытанне да вучняў, хто з іх чытаў гэтых аўтараў, не адгукнуўся ні адзін - маўчалі. Не знайшлося ніводнага, хто б прачытаў аповесць Алеся Адамовіча, які ў шаснаццаць юначых гадоў пайшоў у партызаны і напісаў аповесць "Вайна пад стрэхамі", а пазней і "Карнікі". Вось гэта ўжо насцярожыла, тым болей, што творы Адамовіча выходзілі і на расейскай мове. Ну, падумаў: творы Васіля Быкава, якія перакладзены на дзевяткі моваў свету, гэтыя маладыя людзі не маглі абыйсці ўвагай - і засяродзіў аповяд на такіх папулярных аповесцях пра вайну, як "Жураўліны крык", "Альпійская балада", "Знак бяды", "Сотнікаў".

Даваў кароткія характарыстыкі галоўным героям твораў, іх паводзінам у самых крытычных варунках той страшнай вайны. Бальшыня з іх заставалася непакорнай, несла ў душы сваю чалавечую годнасць. А потым зноў спытаў у слухачоў, хто з іх прачытаў гэтыя творы Быкава. Ну не ўсе, а хоць бы адзін з названых. Маўчанне ў адказ. Кажу ўслед: "Уздымеце руку, калі хто прачытаў адну з гэтых аповесцяў". Ні адзін не адгукнуўся!

Сядзеўшая паблізу вучняў настаўніца той школы заўважыла, што ўпамянутыя творы Быкава нібыта ўключаны ў праграму 56 -х класаў. Праўда, завуч адной з рускамоўных школаў, добрая знаёмая мне жанчына, пазней, на наступны дзень, патлумачыла, што названыя творы Быкава ёсць у праграме і 11х класаў, але "аглядна". Маўляў, вучні так загружаны цяпер урокамі, што ім не стае часу на кнігі. А потым дадала, што ва ўсіх школах вучні вельмі рэдка заглядваюць у кнігі, не ўключаныя ў праграму, многія з іх сёння маюць дома кампутары з выхадам у Інтэрнэт. І гэта горкая праўда, бо паводле звестак абаненцкага аддзела цэнтральнай раённай бібліятэкі за дзесяць месяцаў 2008 года з 52 тысяч зарэгістраваных кнігавыдачаў на долю беларускіх кніжак прыпала толькі ... 1700.

І гэта на 67 тысяч жыхароў горада. Не абыйшоў увагай і некаторыя эпізоды партызанскай вайны на Беларусі, "прывязаныя" да Случчыны, калі нярэдка ахвярамі "лясных салдатаў" станавіліся мірныя жыхары, пра што ў прыватнасці паведаў у сваёй дакументальнай аповесці "Кроў і слёзы Дражна" пісьменнік Віктар Хурсік.

Перад развітаннем я прачытаў слухачам чатырохрадкоўе аднаго з вершаў Рыгора Барадуліна з яго пяцітомнага выдання:

Ты ад маці, ты матчына,

Беларуская мова.

Зорамі растлумачана

Сэрцу кожнае слова.

А восем дзяўчынак у адказ прачыталі свае лірычныя вершыкі, напісаныя паруску. На пытанне: а хто з вас прынёс свой вершык пабеларуску, ніхто не адгукнуўся. І ўсё ж я нагадаў ім, што па звестках ЮНЭСКА беларуская мова па сваёй пявучнасці і мяккасцю гучання на другім месцы ў свеце пасля італьянскай. На тварах вучняў гэтая вестка не выклікала ні захаплення, ні здзіўлення. Яны не чуюць роднага слова ні дома, ні на перапынку паміж сабою, ні на вуліцы.

Мікола Кутнявецкі.


Святочная эстафета

На каталіцкую Вербніцу ў менскім касцёле Святых Алены і Сымона прайшоў яшчэ адзін этап агульнанацыянальнай дыктоўкі. Правялі яго адзін з ініцыятараў дыктоўкі, палітолаг Уладзімір Падгол і пісьменнік Уладзімір Сіўчыкаў.

Гэтым разам выказаць павагу да роднай мовы ўзяліся сваякі былых палітвязняў і рэпрэсаваных уладамі - Галіна Сіўчык, Таццяна Кім, Таццяна Каспяровіч і іншыя.

Поруч з імі, узброіўшыся асадкамі, селі за сталы маладафронтаўцы, тэлежурналісты, а таксама вернікі, што пабылі на святой імшы.

Пісалі тэкст "Родная мова" паводле Уладзіміра Караткевіча. Прычым, пісалі эстафетным метадам, так, як пісалі ўжо дыктоўку сёлета ў Бруселі грамадскія дзеячы і дыпламаты, а ў Менску - дзесяць замежных амбасадараў, прадстаўнікоў краін Еўразвязу, а таксама ЗША і Дзяржавы Ізраіль.

Кожны з прысутных па чарзе змог пабыць не толькі "напісантам", але і дыктоўшчыкам. Кожны напісаў і прадыктаваў па адным сказе. Асабліва пацешыліся ўдзельнікі арыгінальнай дыктоўкі, калі праваабаронца Галіна Сіўчык выступіла ў ролі "дыктатара" ў адносінах да пісьменніка Уладзіміра Сіўчыкава.

Прысутныя займелі мажлівасць атрымаць ксеракопіі ўнікальнага дакумента - напісанай на двух аркушах дыктоўкі, напісанай агульнымі намаганнямі, у духоўным яднанні.

Уладзімір Булаўскі.


Даследванні творчай спадчыны

Традыцыйныя 17-тыя Гарэцкія чытанні адбыліся ў Менскім музеі гісторыі беларускай літаратуры 9 красавіка . У канферэнцыі прынялі ўдзел навукоўцы, прадстаўнікі сям'і Гарэцкіх, геолагідаследчыкі, педагогі, выкладчыкі і студэнты Менскіх ВНУ.

Гарэцкія чытанні праводзяцца штогод з 1992 года.

З дакладамі, прысвечанымі творчасці Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх, выступілі акадэмік Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі , а таксама даследчыкі - літаратуразнаўцы, доктар навук Міхась Мушынскі, Таісія Грамадчанка, Тамара Тарасава, Лявонці Гаранін. У цёплай, сардэчнай абстаноўцы прысутныя дакрануліся да творчай спадчыны братоў Гарэцкіх ўзгадалі пра нялёгкі, багаты на падзеі і плённую працу лёс двух адраджэнцаў 20га стагоддзя.

Ва ўтульнай зале музея было прыемна бачыць даўніх прыхільнікаў таленту Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх, знаёмых удзельнікаў чытанняў, і яшчэ зусім маладых дэбютантаў.

" Творчасць братоў Гарэцкіх з'яўляецца невычэрпнай крыніцай натхнення", адзначыла выкладчыца Менскай гімназіі Майя Ляўковіч. Выступоўцы падкрэслілі гуманістычную скіраванасць і антываенны пафас аповесцяў Максіма Іванавіча Гарэцкага. Нагадалі пра тое, як падпітвае духоўныя і фізічныя сілы змагароў родная прырода, як дорыць жыватворныя сілы родны край. Гэтыя матывы былі адлюстраваны ў творах М. Гарэцкага.

" Жыць і працаваць для Беларусі", такім быў дэвіз акадэміка Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага, засведчыла яго калега, у мінулым супрацоўніца інстытута Геахіміі і геафізікі НАН РБ Роза Адамаўна Зінава . Імкненне вярнуцца на Беларусь, зрабіць як мага больш для яе росквіту кіравала Гаўрылам Іванавічам, нагадала яна. Ён вярнуўся на родную зямлю ва ўзросце 65-ці гадоў, і гэты трэці кругабег жыцця прысвяціў беларускай навуцы. За гэты перыяд Гаўрыўла Іванавіч напісаў каля 224 навуковых працаў. Ён быў адораны моцнай душэўнай энергіяй, гуртаваў вакол сабе моладзь, абуджаў веру ў свае сілы, натхняў на даследванні. Мы ўдзячныя лёсу, што ў нашым жыцці была сустрэча з такім вялікім чалавекам."

Э. Оліна. На здымках: Удзельнікі Гарэцкіх чытанняў


Сувязі двух музеяў пашыраюцца

Здавалася, што агульнага паміж гэтымі двума такімі рознымі музеямі Я.Карскага, што працуе ў гімназіі №1 г. Гародні і В. Быкава, які быў створаны ветэранамі вайны ў Гарадзенскім гарадскім грамадскім аб'яднанні ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сіл? I ўсё ж іх яднае многае, а перш гэта сама шчодрасць беларускай зямлі на таленты, якая нараджае і дае свету такіх выдатных асобаў, як слынны вучоны Яўхім Карскі і сусветна вядомы пісьменнік Васіль Быкаў. Гэтыя дзве славутыя постаці нітуе адна ідэя, адзін сэнс: служэнне свайму народу, сваёй Айчыне, усім сваім, дадзеным ім Богам талентам.

I гэта стала гонарам і сэнсам усёй дзейнасці двух музеяў увекавечыць памяць тых, хто служыу народу, яго навуцы і літаратуры, як пісаў Я. Купала, усім, "чым моц мая магла.."

I на гэтым шляху, хоць абодва музеі параўнальна маладыя, ёсць ужо пэўныя набыткі і напрацоўкі. Каб з імі пазнаёміцца толькі за апошні час у музеі Васіля Быкава ўжо колькі разоў пабываў з вучнямі гімназіі яе настаўнік, які загадвае музеем Я. Карскага, Віталь Карнялюк. А нядаўна музей Яўхіма Карскага ў першай Гарадзенскай гімназіі наведалі супрацоўнікі музея Васіля Быкава на чале з яго загадчыкам і кіраўніком ветэранскага аб'яднання Міколам Мельнікавым. Мікалай Аляксандравіч на сустрэчы ў музеі расказаў гімназістам, як ветэраны аб'яднання рупяцца пра ўвекавечанне памяці, славутага народнага пісьменніка, а затым былы малагадовы гулагавец, партызан і франтавік, старэйшы навуковец Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы падзяліўся ўспамінамі аб сваім нялёгкім жыцці, барацьбе, працы дзеля праўды і справядлівасці на зямлі.

Не прамінуў ветэран Мельнікаў падкрэсліць і тое, што сябрам аб'яднання і яго асабістым быў зямляк Я. Карскага старэйшы педагог і краязнаўца Гарадзеншчыны Апанас Цыхун.

Пра яго ў музеі Карскага аформлены нядрэнны стэнд. Прынамсі Апанас Пятровіч быў у добрых стасунках і з Васілём Быкавым. Пра гэта сведчаць яго ўспаміны і фотадакументы, якія ён пры жыцці перадаў музею В. Быкава. Пасля бягучага рамонту і расшырэння экспазіцыі наведвальнікі музея народнага пісьменніка змогуць з усім гэтым пазнаёміцца больш падрабязна.

Словам, у двух музеяў ёсць многа агульнага і цікавага, каб узаемаўзбагачацца і пашыраць сувязі.

Аляксей Дземідовіч


Выстава ў сядзібе ТБМ

21 красавіка 2009 года на сядзібе ТБМ (вул. Румянцава, 13, Менск) адбудзецца адкрыццё выставы "Так бачу свет" фотааматара, сябра Таварыства беларускай мовы Міколы Лінніка.

Пачатак а 18.00. Уваход вольны. Запрашаем!


Год жыцця ў новых умовах

У красавіку мінулага года дзяржава адмяніла льготы па арэнднай плаце за офісы шмат якім грамадскім арганізацыям, у тым ліку і ТБМ.

Памер арэнднай платы павялічыўся ў 10 разоў і дасягнуў разам з іншымі выдаткамі ТБМ каля тысячы еўра ў месяц. Новы падарунак мы атрымалі да новага году, калі ўлада дэвальвавала рубель на 20,5%, і такім чынам настолькі ж павялічылася арэндная плата. Тым не менш мы выжылі, дзякуючы ахвяраванням розных катэгорый нашых грамадзян і беларусаў замежжа, а таксама дзякуючы складкам сяброў ТБМ.

Мы не толькі выжылі, але зрабілі за гэты год шмат карыснага: правялі чарговы Х з'езд, некалькі Радаў ТБМ, годна адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы, арганізавалі акцыю па напісанні Другой агульнанацыянальнай дыктоўкі па беларускай мове і шмат іншага. Дзякуючы вам, дарагія сябры, у мінулым годзе на наш рахунак паступіла 33 230 667 рублёў, з іх ахвяраванні склалі 25 976 940 рублёў, астатнія грошы - сяброўскія складкі. Таксама з гэтых грошай мы аплачвалі сядзібы ТБМ у Салігорску і Гомелі.

Наперадзе лета, так званы "мёртвы сезон", калі няма ні складак, ні ахвяраванняў, бо людзі ў адпачынках і на вакацыях.

Таму я вельмі прашу вас, дарагія сябры і прыхільнікі роднага слова, актывізаваць працу па зборы складак і ахвяраванняў у красавіку і траўні. Дзеля гэтага друкуем адпаведныя ўзоры бланкаў, якія кожны можа выразаць з газеты, і, сабраўшы пэўную суму грошай, даслаць іх праз банк або перадаць непасрэдна ў нашу сядзібу.

З павагай,

Алег Трусаў, старшыня ТБМ


Велікодныя яйкі, пісанкі-маляванкі, як Боскі Сусвет

Бралася на дождж. Стаяў шэры сакавіцкі дзень. Аднак не сваёй няўтульнасцю запомніўся ён. Відаць, у гэты дзень лёсам нам была наканаваная незабыўная сустрэча з светлым чалавекам, творчай натурай, унікальнай асобай - Галінай Пілецкай. У гасцінную, сціплую, сталічную кватэру, тыповую для беларускага інтэлігента старэйшага пакалення, нас прывяла даўняя цікавасць да спадарыні Галіны як майстра велікодных пісанак. І па сёння гэтае захапленне застаецца крыніцай натхнення і, у пэўнай ступені, сэнсам жыцця ў яе паважаным ўзросце.

Гаворка, натуральна, выйшла за межы нашага зацікаўлення. У асобе Галіны Пілецкай мы адкрылі для сябе гісторыю ейнага слаўнага роду. Да асобных драбніцаў яе памяць захавала малюнкі мінуўшчыны. Унікальнасць постаці спадарыні Галіны яшчэ ў тым, што яна называе, усведамляе сябе, як ліцвінку і да гэтага часу не можа змірыцца з адмовай ад свайго гістарычнага наймення.

Разам з сваёй сям'ёй ліцвінка зведала розныя выпрабаванні, якія выпалі на долю яе лёсу. Галіна Пілецкая - жывая старонка нашай айчыннай гісторыі. Яна ганарыцца сваім радаводам, сярод якога знакамітыя асобы не толькі на Беларусі.

Жыццяпіс Галіны Пілецкай варты таго, каб ён быў пакладзены ў аснову цікавага гістарычнага рамана. На нашу думку, гэта было б вялікае эпічнае палатно, поўнае драматызму і нязломнай моцы беларускага люду з нашай галоўнай гераіняй. Надзея на такі твор ёсць: гэта выдатны празаік Уладзімір Дамашэвіч, самы блізкі і дарагі ёй чалавек, з якім яна крочаць па жыцці. Як дзве палавінкі, непадобныя, у нечым супрацьлеглыя і разам з тым паяднаныя ў сваім разуменні сэнсу і сутнасці жыцця, творчасці, што натхняе і дапамагае перажыць усе складанасці, якія выпалі ў наш час на долю нацыянальнай інтэлігенцыі.

Але вернемся да мэты нашага візіту. Час прыспешваў пагаманіць пра беларускія традыцыі, абрады. Быў пярэдадзень самага вялікага гадавога свята Вялікадня, з якім звязаны сакральны сімвал хрысціянства - расквечанае і асвечанае велікоднае яйка. Мы папрасілі спадарыню Галіну расказаць, што ёй помніцца з мінулага, з чаго пачалося яе захапленне.

- Упершыню я ўбачыла пісанкі ў раннім дзяцінстве, калі бабця Ганна Пілецкая паказала мне іх, дастаўшы са свайго куфэрка, дзе ляжалі яе "скарбы". Мне на ўсё жыццё запомніліся тыя дзве цудоўныя пісанкі, размаляваныя і аздобленыя золатам і перламутрам. І мо гэта было першым штуршком, які абудзіў ва мне цікавасць да такой самабытнай народнай творчасці.

У нас пісанкі-маляванкі рабілі кожны год, на Вялікдзень, дарылі сваім блізкім, сябрам і суседзям, калі ішлі ў госці, каб пахрыстосавацца і павітаць з Уваскрэсеннем Хрыстовым. У некаторых людзей за гады збіраліся цэлыя калекцыі, некаторыя з іх пасвянцоныя, і сталі абярэгамі ў сям'і, займаючы пачэснае месца ў доме на асобнай палічцы ў вазе ці якой адмысловай талерцы.

Пераважна велікодныя яйкі фарбаваліся цыбуляй ці сенам, і рэдка хто ўжываў адмысловыя фарбы, бо не кожны мог іх знайсці. Такія фарбаванкі ўжываліся таксама як пачастункі-падарункі, для розных гульняў, што жылі ў народзе і перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Але пісанкі - гэта не для гульняў, а для калекцыяў. У маленстве я бачыла такія калекцыі ў некаторых сем'ях, а самую большую і разнастайную - у 1937 годзе ў Нясвіжскім замку Радзівілаў, дзе яшчэ давялося быць з маім бацькам, які чагосьці наведваўся да гаспадара замка.

Цікавасць да пісанак прышчапіла мне мама. Жывучы пэўны час на Познаньшчыне, на нашым выгнанні, яна і там захаплялася пісанкамі, выклікаючы цікавасць у мясцовых палякаў. Нават у гады вайны пісанкі не былі чужыя ў нашай хаце.

...Аднойчы я атрымала ліст ажно з Канады ад сваёй аднакласніцы і святочную паштоўку з віншаваннем, і там былі намаляваны велікодныя пісанкі. А што я пашлю сваёй сяброўцы? У нас тады такіх паштовак не выпускалі, свята Вялікдзень не было ў пашане. І дзіўна: я прысніла сон, што мой тата параіў узяць пэндзлік, фарбы і намаляваць паштоўку з пісанкамі. Я так і зрабіла, і малюнак мне ўдаўся.

Маляванне пісанак у альбомах, у агульных вялікіх сшытках я пачала з 1956 года. Сёння ў мяне на паліцах ні многа, ні мала - 500 агульных сшыткаў, а ў кожным сшытку - 500 пісанак. Яны плоскія, нагадваюць сабою форму яйка, расфарбаванага рознымі фарбамі з рознымі ўзорамі. На нешматлікіх яшчэ выставах мне гаварылі шмат кампліментаў, хвалілі маю працу.

Спадзяюся, што калі-небудзь яна пойдзе да гледача і прынясе яму шмат радасці, бо там ёсць што паглядзець і чаму падзівіцца. Я, урэшце, шчаслівая, што ўсё ж паспела стварыць такую калекцыю, пра-доўжыўшы традыцыю нашых продкаў.

Віншую шчыра чытачоў "Нашага слова" з вялікім святам - Уваскрэсеннем Хрыстовым!

Трэба жыць надзеяй на добрае з верай сваёй і любоўю. Алелюя, Алелюя, Алелюя!"

Мы яшчэ доўга разглядалі калекцыю Галіны Пілецкай, захапляліся яе талентам, бязмежнай фантазіяй, тонкім мастацкім густам. Развіталіся з надзеяй, што ў хуткім часе пабачым гэтыя пісанкі-маляванкі на адмысловай выставе.

Ірына і Аляксей Марачкіны.


«Падарожжы дылетанта» ў Наваполацку

4 красавіка Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, суполка «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны сумесна з бібліятэкай імя Я. Коласа ў Наваполацку правялі творчую сустрэчу з акторам, вядоўцам тэлеперадачы «Падарожжы дылетанта» Юрыем Жыгамонтам і старшынём Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антонам Астаповічам. На сустрэчы прысутнічала больш за 70 чалавек.

Сустрэча была прысвечана тэме гісторыка-культурных каштоўнасцяў Полаччыны, Беларусі, іх ахове і інтэрпрэтацыі. Сп. А.Астаповіч шмат расказваў пра вялікую працу, якую вядзе Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, пра праблемы, якія ўзнікаюць з захаваннем гістарычнай спадчыны Беларусі. Ён распавёў, што больш чым з 16000 помнікаў, якія ўваходзілі ў спіс культурнай спадчыны Беларусі падчас СССР, зараз у спіс унесены крыху больш за 4000. Кожны чалавек, арганізацыя могуць паспрыяць папаўненню гэтага спісу, могуць дапамагчы кансервацыі, рэстаўрацыі, ахове помнікаў. Сп. Астаповіч прапанаваў ствараць суполкі Таварыства аховы помнікаў, актыўна спрыяць захаванню і развіццю беларускай культуры і гісторыі.

Юры Жыгамонт узварушыў усіх сваім імпэтам, настроем. Ён расказваў пра стварэнне перадачы, пра свае творчыя планы - перадачу «Навіны культуры Беларусі», пра шматлікія вандроўкі. З гумарам распавёў, што праз яго прозвішча, прадстаўнікі роз-ных нацыянальнасцяў лічаць яго сваім: і габрэі, і палякі, і летувісы, і беларусы. На актора абрынуўся цэлая хваля запрашэнняў, усе чакаюць яго ў сваіх родных мясцінах, пра якія спадзяюцца убачыць новыя «Падарожжы дылетанта».

Сустрэча адбылася ў межах кампаніі «Будзьма».

Зміцер Шчэрбік (суполка «Рубон» ТБМ).


Запрашаем у падарожжа "Таямнімцы беларускай Поўначы"

У пачатку траўня Магілёўская гарадская арганізацыя ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ладзіць трохдзённую вандроўку "Таямніцы беларускай Поўначы" па Віцебшчыне.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX