Вярнуцца: 2009

№ 21 (912)


Крыніца: pawet.net.



№ 21 (912) 27 ТРАЎНЯ 2009 г.


АЛЕСЮ СМАЛЕНЧУКУ - 50

23 траўня беларускаму гісторыку Алесю Смаленчуку споўнілася 50 год.

Закончыў гістарычны факультэт Гарадзенскага універсітэту імя Янкі Купалы (1981). Перамены ў краіне, якія адбываліся напрыканцы 80-х - на пачатку 90-х гг. мінулага стагоддзя, дазволілі Алесю Смаленчуку ў 1991 г. паступіць у аспірантуру (завочна) Інстытуту гісторыі НАН Беларусі. Пад кіраўніцтвам прафесара Міхася Біча даследаваў гісторыі нацыянальных рухаў у перыяд рэвалюцыі 1905-1907 гг. на беларускіх землях. У 1995 г. перад Вучонай Радай Інстытута гісторыі абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 2002 годзе Смаленчук абараніў доктарскую дысертацыю ("Польскі грамадска-палітычны рух на беларускіх і літоўскіх землях у 1864-1917 гг.")

З 1998 г. намеснік рэдактара навуковага часопіса "Гістарычны альманах". З 1999 г. рэдактар краязнаўчага альманаху "Горад святога Губерта". З 2007 г. рэдактар гадавіка антрапалагічнай гісторыі "Homo historicus".

З 2001 г. сябар Выканкаму Беларускага гістарычнага таварыства.

З 2006 г. - прафесар Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта (Вільня). З 2007 г. - дырэктар Інстытута гістарычных даследаванняў (ЕГУ).

З 2000 г. - арганізатар, кіраўнік і ўдзельнік шматлікіх навуковых экспедыцый па вуснай гісторыі па розных рэгіёнах Беларусі.


VII справаздачна-выбарчы з'езд Г А "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

22 траўня ў Менску прайшоў VII з'езд Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Старшыня арганізацыі Жанна Літвіна нагадала дэлегатам з'езду факты, якія пацвярджаюць, што свабоду слова ў Беларусі працягваюць абмяжоўваць: дагэтуль 13 незалежным выданням забаронены продаж у кіёсках "Белсаюз-друку" і распаўсюд праз дзяржаўную сістэму падпіскі. Яшчэ адзін прыклад - закон "Аб супрацьдзеянні экстрэмісцкім арганізацыям", які тычыцца і медый. На падставе гэтага закону ў Берасці быў прызнаны экстрэмісцкім нумар часопіса "Arche".

Новы закон аб СМІ, які нядаўна ўступіў у дзеянне, некаторыя дэлегаты назвалі "рэакцыйным", паколькі ён стварыў шмат перашкод, у тым ліку з акрэдытацыяй. У Гомельскай вобласці пракуратура ўжо папярэджвае журналістаў, якія з-за штучна створаных прычын не атрымалі акрэдытацыі, нагадала Жанна Літвіна. Старшыня БАЖ паведаміла, што пры прыняцці гэтага закону былі ўлічаныя 7 з 20 паправак, які прапанавала БАЖ, але сітуацыя са свабодай слова істотна не палепшылася.

Дэлегаты выбралі старшыню БАЖ, намеснікаў, праўленне, раду і камісію па журналіскай этыцы. Старшынёй арганізацыі пераабралі Жанну Літвіну. Яе намеснікамі абраныя Андрэй Бастунец, Аліна Суравец, Аляксандар Старыкевіч і Андрэй Аляксандраў.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць Жанну Літвіну і ўсё новае кіраўніцтва БАЖ з абраннем і жадаюць, каб сябры БАЖ больш увагі звярталі на тое, што не толькі важна, пра што і як яны пішуць ці гавораць, але і на якой мове гэта робіцца.


У менскіх школах пачынаецца прыём у першыя беларускія класы

Навучанне на бела-рускай мове ў Менску прапануюць шэсць устаноў адукацыі:

Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Гімназія № 4» (вул. Кунцаўшчына, 18) 20 траўня 2009 года а 18-й гадзіне ладзіла Дзень адчыненых дзвярэй для бацькоў будучых першакласнікаў. У праграме - прэзентацыя гімназіі, сустрэча-знаёмства з настаўнікамі першых класаў, міні-канцэрт ды экскурсія па гімназіі. Для прыёму дзяцей у першы клас іх законныя прадстаўнікі падаюць заяву на імя дырэктара гімназіі і прадстаўляюць копію пасведчання аб нараджэнні дзіцяці; даведку аб стане здароўя дзіцяці (форма № 026-У), пашпарт бацькоў ці асоб, што іх замяняюць, прад'яўляецца асабіста.

У перыяд з 2 па 6 чэр-веня 2009 г. тут праводзяцца ўступныя іспыты ў гімназію (5 класы).

***

Гімназія № 9 (Сядых, 10) арганізуе прыём дакументаў у 1 клас з 01.06. па 28.08. 2009 г.

Звяртацца трэба ў кабінет № 22. З сабой неабходна мець: медыцынскую карту дзіцяці; пасведчанне і копію пасведчання аб нараджэнні; заяву аднаго з законных прадстаўнікоў дзіцяці; пашпарт з прапіскай ці від на жыхарства аднаго з законных прадстаў-нікоў дзіцяці.

У наступным 2009/2010 навучальным годзе гімназія прапануе: вывучэнне ўсіх прадметаў на беларускай мове; вывучэнне англійскай, польскай, нямецкай моў на факультатыўных занятках; вывучэнне прадметаў музычнай накіраванасці (хор, танец, сальфеджыё, музычная літаратура, ігра на музычных інструментах); дадатковыя адукацыйныя паслугі па запытах вучняў і бацькоў за кошт факультатыўных заняткаў і платных паслуг.

Заўвага: У гімназію прымаюцца дзеці, якія пражываюць у г. Менску. Пры адсутнасці менскай прапіскі неабходна ўзгадніць прыём дзіцяці ў гімназію з упраўленнем адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна г. Менска.

***

Камісія гімназіі № 23 (пр. Незалежнасці, 45) па прыёму дакументаў у 1 клас працуе па наступным графіку: у няцотныя дні (І змена) - 10.00-14.00, цотныя дні (ІІ змена) - 15.00-19.00, у першую суботу чэрвеня - 10.00-12.00. Звяртацца ў каб.21.
З 11.05.2009 году ў гімназіі №23 распачаўся прыём заяў ад законных прадстаўнікоў вучняў, якія заканчваюць 1-ю ступень агульнай сярэдняй адукацыі, для допуску да ўступных іспытаў у 5-я гімназічныя класы.

У перыяд з 2 па 6 чэрвеня гэтага навучальнага году вучні здаюць тры ўступныя іс-пыты ў пісьмовай форме па на-ступных пісьмовых прадметах:

2 чэрвеня - беларуская мова (дыктоўка);

4 чэрвеня -матэматыка (кантрольная работа);

6 чэрвеня - руская мова (дыктоўка).

Тэлефоны для даведак: 284-51-26, 284-87-16.

Акрамя таго, гімназія абвясціла дадатковы набор на вольныя вучнёўскія месцы ў 6 - 11-я класы.
***

У гімназіі № 28 (Ракасоўскага, 93) да 25 траўня працягваецца прыём заяваў ад бацькоў будучых першакласнікаў. Прыём заяў адбываецца на працягу працоўнага дня, у тым ліку і ў суботы. У перыяд з 2 па 6 чэрвеня гэтага навучальнага года адбудзецца здача ўступных іспытаў для вучняў, што паступаюць у 5-я гімназічныя класы. Іспы-ты адбудуцца ў пісьмовай форме па беларускай і рускай мовах, матэматыцы.

Гімназія № 28 прапануе выкладанне ўсіх прадметаў на роднай мове, а таксама паглыбленае вывучэнне французскай мовы, міжнародныя абмены, а таксама выкладанне прадметаў на французскай мове (краіназнаўства, літаратура Францыі) па праграмах, распрацаваных настаўнікамі школы.

***

Прымае заявы ў беларускамоўныя 1 класы гімназія № 14 (вул. Васняцова, 10). Экзамены для выпу-скнікоў пачатковай школы тут адбудуцца з 2 чэрвеня па 6 чэрвеня 2009 года. Прэтэндэнтам трэба будзе здаць пісьмовыя іспыты па бела-рускай і рускай мовах, матэматыцы.

Гімназія № 14 прапануе паглыбленае вывучэнне замежных моваў, спецкурсаў па міфалогіі, псіхалогіі, асновах эканамічных ведаў, журна-лістыцы і шмат іншага. На базе гімназіі дзейнічаюць фальклорны ансамбль, музеі, літаратурная студыя і студыя бальных танцаў.

***

Чакае першакласнікаў і беларускамоўная школа з музычнай накіраванасцю № 60 (Лібкнехта, 82).

***

Набор у класы з беларускай мовай навучання ажыц-цяўляе таксама СШ №190, што ва Уруччы-3. Выкладанне - амаль рэпетытарскае. У дадатак - бясплатная якасная музычная адукацыя, бясплатныя спартыўныя секцыі і галоўнае - выдатны калектыў.

220141, г. Менск, вул. Нiкiфарава, 19.


Каб дзіця вырасла чалавекам

Бог дае дзіцяці душу.

Бацькі даюць дзіцяці свае гены,

характар, здольнасці, схільнасці.


Хто і чым напоўніць дзіцячую душу?

Хто і як разаўе здольнасці і схільнасці?

Хто падправіць дрэнныя рысы характару і разаўе добрыя?


Гэта імкнуцца рабіць усе: бацькі, сябры, кнігі, радыё, тэлебачанне, кіно, тусоўка, кампутар, інтэрнэт.

Усе выхоўваюць і вучаць, але чаму і як?


Для напаўнення душы дабром, спагадай, любоўю Бог даў людзям царкву і касцёл ды навучыў маліцца.

Для навучання дзяцей, для перадачы ім мудрасці і ведаў мінулых пакаленняў людзі стварылі школы.


Але ні душа, ні царква, ні школа, ні інтэрнэт не могуць абысціся без Слова , бо Слова было ў пачатку ўсяго .


А ў пачатку ўсяго беларускага было Беларускае Слова . Наўпрост ад Бога яно прыйшло да нас праз "Біблію" Скарыны , праз статут Сапегі , праз покліч паўстанцаў Каліноўскага , праз вершы-песні Багушэвіча , Багдановіча , Купалы , Коласа , праз раманы Караткевіча і Быкава ...

Сёння Беларускае Слова чакае да сябе нашых дзяцей, нашых першакласнікаў.


Абапіраючыся на такія пасылы пачала сёлета кампанію за беларускія класы ў Лідзе Лідская гарадская арганізацыя ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны".

Сітуацыя з беларускамоўнай адукацыяй ў Лідзе, магчыма горшая, чым у многіх іншых гарадах. Пяць гадоў не набіраліся беларускамоўныя першыя класы. Становішча стала непрымальным не толькі для ТБМ, але і для ўсяго грамадства

Па ўзгадненні з уладамі ТБМ пачало сёлета шырокую агітацыйную кампанію ў двух мікрараёнах Ліды (Слабада і мікрараён вул. Рыбіноўскага). У кожным мікрараёне знаходзяцца па тры школы, і па дзве школы з іх з выдатнымі традыцыямі беларускамоўнага выкладання.

Былі падрыхтаваны буклеты з тэкстамі, якія мы сёння прапануем чытачам, а таксама заявы для падачы ў школу

Праца ў мікрараёнах вялася па рознаму. У мікрараёне "Слабада" моладзь разносіла буклеты і заявы па сем'ях будучых першакласнікаў. У мікрараёне вул. Рыбіноўскага праводзіліся сустрэчы з бацькамі будучых першакласнікаў у дзіцячых садках. На сустрэчах таксама раздаваліся буклеты і заявы.

На сустрэчы ва ўсе чатыры садкі мікрараёна хадзілі групы па 34 чалавекі, пры гэтым абавязкова ішлі нядаўнія выпускнікі тых школаў, якія знаходзяцца ў мікрараёне. Ішлі былыя рускамоўныя ў асноўным выпускнікі, якія сёння размаўляюць толькі пабеларуску.

Са старэйшых сяброў ТБМ у сустрэчах бралі ўдзел старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік і намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, старшыня арганізацыі ТБМ Лідскага каледжа Міхась Мельнік.

Пазіцыя, якую выкладалі сябры ТБМ, знаходзіла падрымку і ў адміністрацыі ды супрацоўнікаў садкоў, і ў настаўнікаў бліжніх школаў, якія таксама прыходзілі на гэтыя сустрэчы. Але ці знойдзе яна разуменне ў бацькоў? Прынамсі, супраць беларускага навучання не было сказана ні аднаго слова ні на адной сустрэчы, ні ў адной сям'і. Нажаль, рашучых словаў "за" таксама не гучала, хаця многія бацькі і рэагавалі на сказанае дабразычліва.

Перад пачаткам кампаніі ўзнікла праблема адсутнасці агітацыйных матэрыялаў, не знайсці нават распрацовак. Былі ўзятыя лідскія тэксты, верш Ніла Гілевіча "Маладой беларускай маці", напісаны ў пачатку 90-х, калі пачынаўся той этап барадзьбы за беларускія класы, ды "Магутны Божа" Наталлі Арсенневай, які як бы не пра адукацыю, але малітва за свабоду народа, а ў дадзеным выпадку за свабоду ад шораў русіфікацыі, ніколі нідзе лішняй не будзе.

Лідскія тэксты мы прыводзім таму, што яны лёгка трансфармуюцца і прыстасоўваюцца да любога горада. Мяняй слова Ліда на слова, скажам, Маладзечна, і наперад.

Мы не ведаем, чаго мы дасягнём, ці будзе напісана хоць адна заява, ці будзе адкрыты хоць адзін клас. Мала напісаць правільны тэкст, трэба, каб яго яшчэ і прачыталі, а, прачытаўшы, зразумелі і паверылі, а, паверыўшы, адважыліся зрабіць крок у бок беларускачсці. Многім гэта будзе не проста. Нехта параіцца ў школе, нехта з сябрамі. Некаму скажуць: "Правільна", а некаму: "Не высоўвайся, будзь, як усе."

Невядома, чым усё закончыцца сёлета, але зусім відавочна адно. 15гадовая дзейнасць ТБМ пасля 1994 года не прапала.

Антыбеларускія настроі ў грамадстве зніклі, прававая база для развіцця беларускага школьніцтва дастатковая, пытанняў ні з выкладчыкамі, ні з падручнікамі няма, беларускаактыўных людзей дастаткова. Канешне, каб на дапамогу прыйшоў адміністрацыйны рэсурс, было б лягчэй. І ён прыйдзе, але толькі тады, калі мы гэтае пытанне падымем і будзем трымаць кожны год, кожны дзень, у кожным горадзе, у кожнай вёсцы.

Яраслаў Грынкевіч.


Чаму трэба, каб нашы дзеці вучыліся па-беларуску?

Адукацыя - найвялікшая прыдумка прыроды. Усё жывое вучыцца. Вучацца жывёлы, птушкі, рыбы. Навукоўцы даказалі, што вучацца нават расліны. І кожны вучыцца свайму. Лісяняты вучацца быць лісамі, а ваўчаняты вучацца быць ваўкамі, шпачаняты вучацца быць шпакамі, а жабяняты вучацца быць жабкамі. І толькі беларусы вучацца быць рускімі. Некалі вучыліся быць палякамі, не вывучыліся. Цяпер вучацца на рускіх.

Чаму? Для чаго? З любові да Расеі?

Не, ні ў якім разе. З выгады. Выбіўшыся з сярмяжнай калгаснай вёскі ў горад, дзе прыезджыя начальнікі гаварылі паруску, пачалі прыстасоўвацца пад начальнікаў, а зараз прыстасоўваюць сваіх дзяцей. Але ўжо няма прыезджых начальнікаў. Усе начальнікі з тых самых вёсак. А мы прадаўжаем пхаць дзяцей у рускія. Навокал і так усё па-руску. Дома бацькі паруску з іўеўскім акцэнтам, у садку выхавальніца паруску з дзятлаўскім маўленнем. Па тэлевізары руская літаратурная з найвыразнейшым "аканнем"і "дзеканнем", якую ў Сібіры лічаць беларускай. І дзеці ў гэтым рускамоўі перастаюць разумець беларускую мову, трацяць навыкі беларускага маўлення, банальна не ведаюць беларускіх словаў. Што рабіць?

Выйсце адно вучыць дзіця ў школе пабеларуску. 68 гадзін беларускага асяроддзя штодня неяк ураўнаважаць тыя астатнія рускамоўныя гадзіны сутак. Пасля беларускай школы дзіця будзе сапраўды ведаць дзве мовы.

Канешне, калі вы хочаце, каб ваша дзіця пасля школы стала грузчыкам, пастухом ці прыбіральшчыцай, то дастаткова рускай школы. Але калі вы бачыце ў сваім дзіцяці нейкія здольнасці, калі вы хочаце, каб яно выбілася ў нейкую інтэлігенцыю, асабліва калі ў творчую інтэлігенцыю, то яму трэба размаўляць пабеларуску і размаўляць выдатна. Сёння ўсе дзяржаўныя службоўцы павінны ўмець размаўляць пабеларуску і ўмеюць, і размаўляюць. А ваша дзіця не будзе ўмець, і яму давядзецца браць платныя ўрокі беларускай мовы або ўпарта займацца самаадукацыяй.

Ходзячы ў беларускую школу, дзіця будзе ў дзвюхмоўнай лінгвістычнай атмасферы, але яно будзе ў беларускай культурнай атмасферы. У беларускай мове няма мату, у беларускую мову цяжэй пранікаюць усялякія слэнгі і крымінальныя жаргоны. Беларускія культурныя традыцыі несумяшчальныя з наркотыкамі, распустай, п'янствам, разбэшчанасцю.

У Беларусі распрацаваны праграмы беларусізацыі. І яны абавязкова будуць запушчаныя. Уся рускамоўная адукацыя акажацца на другім плане. Уся элітная адукацыя стане беларускамоўнай. Сёння зачынілі профільныя класы, заўтра адчыняцца беларускамоўныя гімназіі, але адчыняцца там, дзе будуць беларускія класы і беларускія школы.

У Лідзе можа быць адчынена беларуская гімназія, але там, дзе з'явяцца беларускія класы, і тады, калі яны з'явяцца.

Мы дабіваемся адкрыцця ў Лідзе Нацыянальнага ўніверсітэта і даб'ёмся, калі школы ў большасці стануць беларускімі.

Усё ў вашых руках, шаноўныя бацькі. Хочаце выгадаваць з свайго дзіцяці прыстойнага чалавека і грамадзяніна сваёй краіны, аддавайце яго ў беларускі клас. Цяпер і тут - у Лідзе.


Ліда з мовай назаўжды

Беларуская мова. Наш гонар, наша слава, наша сіла, наша мудрасць, наша вялікасць, наша сутнасць, наша вечнасць і адначасова наш боль, наш клопат, наша занепакоенасць, нашы слёзы, наш крык аб дапамозе.

У кожным куточку Зямлі, дзе б'ецца беларускае сэрца, жыве беларуская мова. Жыве па-рознаму: жыве ў штодзённай гамонцы, жыве ў песнях і казках, жыве ў школьных падручніках і цудоўных творах літаратуры, нарэшце, проста жыве ў генах людзей, каб потым прагучаць з вуснаў іх дзяцей або ўнукаў.

І ў кожным куточку Зямлі, дзе б'ецца беларускае сэрца, знаходзяцца людзі, у якіх гэтае сэрца б'ецца мацней за іншых, якім больш балюча за родную мову, якія не хочуць мірыцца з яе занядбаннем і з яе гаротным станам.

Горад Ліда - не выключэнне. Гораду Лідзе таксама баліць за родную мову. Магчыма, з-за жаночага імя гораду Лідзе баліць больш, чым іншым гарадам.

Цяжка сказаць, ці баліць камяніцам, калі на іх вешаюць чужамоўныя шыльды і рэкламныя шчыты. Цяжка сказаць, ці баліць кабінетам, дзе спрэс чуецца толькі чужая для гэтай зямлі гаворка. Цяжка сказаць, ці баліць крамам, у якіх прадаўцы не разумеюць назваў тавараў на беларускай мове. Але паміж камяніц, кабінетаў, крамаў у горадзе жывуць людзі, жывуць беларусы, якім баліць. Адным больш - іншым менш. Адны адчуваюць боль - іншыя не заўважаюць.

А і тыя, хто боль адчувае, паводзяць сябе па-рознаму. Адны прыцярпеліся - іншыя змагаюцца. Хто ўступае ў Таварыства беларускай мовы, а хто проста размаўляе па-беларуску з усімі і ўсюды. Іншыя стараюцца выказацца ў абарону мовы ў артыкулах, на мітынгах, у зваротах і закліках.

Але ёсць яшчэ тыя, якія толькі нарадзіліся, і якім іхнія бацькі рыхтуюць чужамоўнае асяроддзе, чужамоўную сям'ю, чужамоўны садок, чужамоўную школу. Яны разам - сям'я, садок, школа - будуць калечыць маленькага лідзяніна, маленькага беларуса, рабіць з яго чужынца, а ён недзе, дзе каму прыйдзецца, пачуе беларускае слова - і ў ім прачнуцца беларускія гены. Насуперак сям'і, насуперак тусоўцы, насуперак школе малы лідзянін загаворыць па-беларуску і напіша свой верш у абарону беларускай мовы, можа адзін верш у жыцці, але напіша і скажа сваё слова ў абарону беларускай мовы, можа адзін раз у жыцці, але скажа. І так будзе вечна. Вечна будуць разам Ліда і мова.

Дык, можа, не чакаць, пакуль усё адбудзецца само сабой, а раптам не адбудзецца, дык можа не ламаць маленькую кволую дзіцячую душу, а раптам зломіцца, можа не гадаваць з маленькага лідзяніна янычара, а раптам выгадуецца?

Можа дапамагчы маленькаму чалавечку знайсці сваё месца на Зямлі? Можа расказаць яму пра яго дзядоў і бабуль, кім яны былі, што зрабілі, што выцерпелі? Можа расказаць пра тое, як яны - дзядулі і бабулі - тысячы гадоў бераглі нашу мову, нашу культуру і як вы - бацькі маленькага лідзяніна - адракліся ад усяго гэтага? Можа вы патлумачыце маленькаму чалавечку, чаму вы пазбаўляеце яго спадчыны продкаў, гонару за свой вялікі народ?

Вы не ўмееце патлумачць? Вы не разумееце, што адбываецца? Зрабіце самае малое, але самае важнае для свайго дзіцяці - аддайце яго ў беларускую групу дзіцячага садка, аддайце ў беларускі клас школы, і вашыя продкі ўсміхнуцца вам з нябёсаў.

Станіслаў Суднік.


Маладой беларускай маці

Ты - маці, ты свайму дзіцяці

Не для пакут жыццё дала -

Для долі - шчасця ў роднай хаце,

У царстве праўды і святла.

Каб гэтым правам заручыцца,

Каб промень веры не пагас -

Аддай дзіця сваё вучыцца

У беларускі клас!


Хай з самай першай парты школьнай

Распазнаваць яно пачне

У лёсе Бацькаўшчыны вольнай

Свой лёс - як вечнасць у вясне.

Не дапусці, каб цень злачынца

Зацьміў душы яго алмаз:

Аддай дзіця сваё вучыцца

У беларускі клас!


Хай змалку прыйдзе да высновы,

Прызнанай людствам нездарма:

Мілей, чым гукі роднай мовы -

На свеце радасці няма.

Каб не запозна далучыцца

Да векавых яе акрас -

Аддай дзіця сваё вучыцца

У беларускі клас!


Узнагароду будзеш, маці,

Ты атрымоўваць кожны дзень:

Любоў і ўдзячнасць - ад дзіцяці,

Хвалу і славу - ад людзей.

Каб ёй давеку ганарыцца

І стрэць спакойна судны час -

Аддай дзіця сваё вучыцца

У беларускі клас!

Ніл Гілевіч.


БАЛАДА ПРА БЕЛАРУСКУЮ ШКОЛУ

У 1915 г. Алаіза Пашкевіч (Цётка)

адчыніла ў Лідзе першую легальную

беларускую школу.

У пачатку 21-га стагоддзя

беларускамоўная адукацыя ў Лідзе

фактычна закончвае сваё існаванне.


Ліда. Жнівень. Ваенны пятнаццаты год.

Згніўшы царскі хамут раптам долу апаў.

Фронт пагрукаў за горад далёка на ўсход.

Новы пан на пасады на ўсе заступаў.


Што мог ведаць той немец аб гэтай зямлі,

Дзе нямым быў стагоддзі цалюткі народ,

Дзе маліцца на мове сваёй не маглі,

Ні чытаць, ні пісаць многа год.


Што хто ведаў, не ведаў, хто знае цяпер,

Толькі вось раз аднойчы кабета прыйшла

I з сабою прынесла пакунак папер,

I пра школу гаворку пры ўсіх пачала,


Што патрэбна тут школа, каб людзі маглі

Жабрацтва пазбыцца, і цемры, і зла,

Каб да лепшае долі праз веды дайшлі,

I навука да добрага іх давяла.


Што патрэбна тут школа на мове, на той,

На якой тут гавораць і кожны, і ўсе,

Што ўдыхаецца ў цельца дзіцяці з душой,

Што вятрыска над гэтым абшарам нясе.


Што па-іншаму нельга вучыць тых людзей,

Бо знікае і скутак, і сутнасць навук,

I ўжо цэлы народ, быццам статак, брыдзе,

Толькі пашы шукае, а розум патух...


Was? Die Schuhle? Sehr gut.

На здароўе вучы,

Хоць на нейкай там мове сваёй...

(Час надыдзе да Прусіі іх далучыць,

А пакуль няхай вучыць, Бог з ёй.)


... Frau Else Paschkewitsch?

Ну што ж, bitte schon".

I свой подпіс чыркнуў на прашэнні маёр.

Значыць гэта цяпер, што нямецкі закон

Сам ахоўвае ў новую школу набор.


А на Віленскай вуліцы ў хаце пустой

Панаставілі лавак, услонаў, сталоў,

Каб урок той найпершы на мове сваёй

Тут прайшоў за тры сотні гадоў.

Дзетвары назбіраўся паўнюткі пакой,

I настаўніца звыкла да дошкі ідзе:

"Добры дзень!"

"Добры дзень!"- клас гукнуў талакой,

Сапраўды, быў бы добрым той дзень.


"Мы пачнём ад пачатку, ад тога, чаму

Не па-руску, ці польску вяду гэты ўрок,

Трэба ведаць, што мова - аснова ўсяму,

I што сказана: "Слова ёсць Бог."


Тая ж простая мова, што чуецца тут,

Простай стала з чужынскае ласкі для нас,

Беларускай завецца яна,

а наш кут - Беларусь.

Гэта помніць патрэбна ўвесь час.


Будуць гэтай зямлёю чужынцы хадзіць,

Будуць несці і веры, і мовы свае.

Беларусь мы павінны і знаць, і любіць,

Беларусь, што з глухога забыцця ўстае.


Будзе наша краіна, і будзем мы ўсе

Самі ў нашай старонцы і радзіць, і жыць,

Мы збудуем яго, родны край, пакрысе,

Бо мы здолелі ўжо Беларусь палюбіць..."


Так пайшлі тыя ўрокі, адзін за адным

З любасцю, згодай, без нейкіх прымусаў,

Так настаўніца ў светлым памкненні святым

Лідскіх дзетак вывучвала на беларусаў.

* * *

Ліда. Жнівень. Канец дзевяностых гадоў.

"Хочу, чтоб ребёнка по-русски учили!"

"Помощь всегда оказать Вам готов,

Эти проблемы давно мы решили.


Четырнадцать школ у нас русских уже,

А три остальные додавим тотчас,

Мы станем к России, как можно, ближей,

Похвалят за это, я думаю, нас..."

* * *

Больш, чым дзевяць дзесяткаў

сышло з даўніх пор,

Як Цётка лідзян пачынала вучыць...

Дык што? Трэба зноў, каб нямецкі маёр

Нам загад падпісаў беларусамі быць?

Станіслаў Суднік


Гэты верш быў напісаны ў канцы 90-х гадоў, калі ў Лідзе яшчэ цяплілася беларуская адукацыя. Сёння ў Лідзе няма ні аднаго 1-га беларускага класа. Сёння ліквідуюцца беларускія школы ў Лідскім раёне. І робіць гэта не каланізатар-захопнік, не бальшавікі дзеля стварэння адзінага савецкага народа, не сённяшняя ўлада, на якую прывыклі вешаць усіх сабак.

Робіце гэта вы - людзі, вы - беларусы, вы - бацькі.

Вы пішаце заявы, каб вашае дзіця вучылася па-руску, і вы шчыра ўпэўненыя, што гэтым самым робіце для дзіцяці добра.

Вы самі не ўмееце размаўляць на мове свайго народа і хочаце, каб вашае дзіця таксама не ўмела.

Вы - лідзяне, чые бацькі з'ехаліся сюды з навакольных вёсак і, каб выглядаць гарадскімі, паадракаліся ад сваёй мовы, вы ж ужо гарадскія, вам не трэба нічога даказваць і паказваць. Дык мо не будзем чакаць загаду быць беларусамі, мо самі накіруем сваіх дзетак у беларускія класы і будзем гадаваць з іх патрыётаў сваёй Бацькаўшчыны? Мо абыдземся без нямецкага маёра?


Магутны Божа

Магутны Божа! Уладар сусветаў,

Вялiкiх сонцаў i сэрц малых,

Над Беларусяй, цiхай i ветлай,

Рассып праменi свае хвалы.


Дай спор у працы, штодзённай, шэрай.

На лусту хлеба, на родны край.

Павагу, сiлу i велiч веры

У нашу праўду, у прышласць дай.


Дай урадлiвасць жытнёвым нiвам,

Учынкам нашым пашлi ўмалот.

Зрабi магутнай, зрабi шчаслiвай

Краiну нашу i наш народ!

Наталля Арсеннева


Выбіраем беларускую мову

Заява сакратарыяту ТБМ

У гэтым годзе ў сувязі са школьнай рэформай школу заканчвае значна болей маладых людзей, чым у ранейшыя гады. Абітурыентаў ВНУ чакае тэсціраванне, запіс на якое ўжо пачаўся.

Мы перакананыя, што наша моладзь, узгадаваная ў незалежнай Беларусі, засведчыць перад беларускай і міжнароднай супольнасцю, што беларуская мова жыве і будзе жыць, нягледзячы на ўсе праявы шматгадовай русіфікацыі. Мы ўпэўненыя, што большая частка маладых людзей абярэ беларускую мову падчас абавязковага тэсціравання.

Выбар беларускай мовы прадэманструе грамадзянскую сталасць асобы і сапраўдны патрыятызм. А менавіта гэтыя рысы беларускай моладзі, на нашу думку, будуць вызначаць поспехі Беларусі ў ХХІ стагоддзі.

Выберам родную мову дзеля нашай будучыні!

Прынята 19.05.2009 г.



З 25 траўня 2009 года сядзіба ТБМ працуе:

пятніца 18.20 - 20.20; субота 13.00 -15.00

Кніжная выстава працуе з 15.00 да 19.00 (акрамя суботы і нядзелі)


СЯДЗІБА ТБМ ЗАПРАШАЕ

4 чэрвеня 2009 (чацвер) адбудзецца прэзентацыя чарговай кнігі вядомага беларускага гісторыка Анатоля Грыцкевіча "СТАРОНКІ НАШАЙ МІНУЎШЧЫНЫ"

ПАЧАТАК У 17.30 , УВАХОД ВОЛЬНЫ

АДРАС: вул. Румянцава, 13


Абвестка

5 чэрвеня (пятніца) а 17 гадзіне адбудзецца прэзентацыя альманаха "ДЗЯДЫ" (галоўны рэдактар Анатоль Тарас). Адрас: вул. Сухая, 25 "Гістарычная майстроўня". Уваход вольны. Ехаць да ст.м. "Фрунзенская"

(Майстроўня знаходзіцца ў аднапавярховым драўляным будынку).


ЯН СНЯДЭЦКІ

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Снядэцкі быў старанны назіральнік. У сваю праграму ён улучыў назіранні зацменняў спадарожнікаў Юпітэра і пакрыцці зорак Месяцам. Ён прапаноўваў Пачобуту рабіць аналагічныя назіранні ў Вільні, для вызначэння рознасці даўготаў Віленскай і Кракаўскай абсерваторый. 4 чэрвеня 1788 г. ён правёў назіранне зацмення Сонца, 28 красавіка 1790 г. поўнага зацмення Месяца. У 1792 г. па назіраннях, зробленых з квадрантам Канівэ, ён вызначыў шырату Кракаўскай абсерваторыі.

Аднак навуковая дзейнасць Снядэцкага сутыкнулася з сур'ёзнымі цяжкасцямі, выкліканымі агульным палітычным становішчам, якое склалася ў Польшчы ў апошнім дзесяцігоддзі XVIII ст., бо урадамі Расеі і Прусіі вялася падрыхтоўка другога падзелу Рэчы Паспалітай, для фармальнага зацвярджэння якога быў скліканы сойм у Гародні.

Асноўныя сродкі Кракаўскай Акадэміі давалі розныя маёнткі, у тым ліку і ў ВКЛ. Палітычныя змены пагражалі матэрыяльным асновам Акадэміі і таму яе дзейнасць апынулася пад пагрозай спынення. У сувязі з гэтым Снядэцкі быў камандзіраваны ў Гародню для абароны фінансавых спраў Акадэміі. Ён прабыў у Гародні з чэрвеня па снежань 1793 г. і быў сведкам гвалту з боку царскага генерала Сіверса над дэпутатамі сойму, якія не згаджаліся з падзелам краіны. Толькі пад пагрозай гармат, накіраваных Сіверсам на будынак сойму, дэпутаты змушаныя былі прыняць навязанае ім рашэнне. Пасля ўрэгулявання фінансавых спраў Кракаўскай Акадэміі Снядэцкі аднавіў свае назіранні ў Кракаве і вёў іх да траўня 1794 г. У гэтым годзе палітычныя падзеі ізноў перапынілі навуковую працу. Разгарнуўся нацыянальна - вызвольны рух пад кіраўніцтвам Касцюшкі, прыхільнікам якога быў Снядэцкі. Ён быў абраны камісарам, узяў на сябе клопат аб прыёме добраахвотнікаў у войска і дастаўцы ежы і грошай у Варшаву. Пасля задушэння паўстання Касцюшкі быў праведзены трэці падзел Рэчы паспалітай. Кракаў спачатку быў заняты прускімі войскамі, а затым далучаны да Аўстрыі. Ад ўзрушэнняў ад падзелу радзімы Снядэцкі ў адну ноч пасівеў.

У лютым 1796 г. у складзе дэлегацыі Кракаўскага ўніверсітэта Снядэцкі паехаў у Вену для ўручэння імператару Францу II петыцыі ўніверсітэта, над якім навісла пагроза ліквідацыі. У Вене Снядэцкі правёў каля двух месяцаў і ў красавіку 1796 г. вярнуўся ў Кракаў. У выніку перамоваў дэлегацыі Кракаўскага ўніверсітэта з аўстрыйскім урадам універсітэт абараніў сваё існаванне, але ўмовы працы пад аўстрыйскай уладай аказаліся настолькі цяжкімі, што Снядэцкі у 1797 г. падаў у адстаўку з пасады прафесара, пакідаючы за сабой працу ў абсерваторыі. Адстаўка не была прынятая, і ён працягваў працаваць ва ўніверсітэце. Здароўе вучонага прыкметна пагоршылася, астраном пакутаваў ад хваробы лёгкіх, але астранамічных назіранняў не спыніў.

Яшчэ ў 1796 г. падчас паездкі ў Вену ён пазнаёміўся з аўстрыйскім астраномам Трыснекерам, з якім вёў потым перапіску на лацінскай мове. Трыснекер публікаваў у друкаваных ім эфемерыдах (Ephemerides Vindobonenses) назіранні Снядэцкага. З імі пазнаёміўся вядомы нямецкі астраном Цах, які з 1800 г. пачаў выдаваць першы ў свеце астранамічны часопіс пад назовам "Monatliche Correspondenz zur Beforderung der Erd und Himmelskunde". Не ведаючы асабіста Снядэцкага, Цах паслаў яму ў жніўні 1800 г. ліст, у якім выявіў жаданне завязаць перапіску. З гэтага часу і пачалася вельмі ажыўленая навуковая сувязь паміж Снядэцкім і Цахам. У лісце ад 9 лістапада 1800 г. Снядэцкі паслаў Цаху дадзеныя з вынікамі назіранняў пакрыцця Месяцам зоркі η Virginus. Гэтую астранамічную з'яву таксама назіраў Цах у сваёй абсерваторыі ў Зэебэргене (мясцовасць у Цюрынгіі, якая належала тады герцагству Саксен). Па падставе паведамленых яму момантаў гэтага пакрыцця у Вене і Зэебэргене, Снядэцкі вылічыў рознасць геаграфічных даўгот гэтых трох абсерваторый.

Новы ўздым астранамічнай дзейнасці Снядэцкага выявіўся пасля адкрыцця італьянскім астраномам Піаці (Piazzi) першай малой планеты Цэрэра (1801 г.). Снядэцкі, не ведаючы каардынатаў, адшукаў яе на небе 1 сакавіка 1802 г. і вызначаў каардынаты Цэрэры на працягу 15 начэй з 1 сакавіка па 5 красавіка 1802 г. 25 красавіка 1802 г. Снядэцкі быў апавешчаны Цахам (ліст ад 9 красавіка 1802 г.) аб адкрыцці Ольберсам другой малой планеты - Палады. Ён неадкладна прыступіў да пошуку і, знайшоўшы яе на небе ў той жа дзень, назіраў новую малую планету на працягу ўсіх наступных начэй з 25 красавіка па 3 траўня 1802 г. Усе гэтыя назіранні былі паведамленыя Цаху, які іх апублікаваў у "Monatliche Correspondenz…". Яны былі надрукаваныя таксама ў "Штогодніку варшаўскага Таварыства сяброў навук" (Roczniki Towarzystwa Warszawskiego Przyjaciol Nauk), заснаванага ў лістападзе 1800 г. Снядэцкі быў чальцом гэтага таварыства з дня яго заснавання.

Першы прэзідэнт таварыства, гісторык Ян Альбертрандзі (Albertrandi), у 1801 г. звярнуўся да Снядэцкага з прапановай напісаць дысертацыю аб Каперніку. Мэта дысертацыі была абазначаная словамі: "...паказаць як Каперніку абавязаныя матэматычныя навукі, асабліва астраномія, у эпоху, у якой ён жыў, паказаць, працай якіх папярэднікаў ён карыстаўся і ў якой ступені, паказаць, чым абавязаныя яму навукі ў цяперашні час" . Снядэцкі вельмі ахвотна пагадзіўся напісаць гэтую дысертацыю. Ён уважліва вывучыў кнігу Каперніка па першым выданні 1543 г., а затым даследаваў працы аўтараў, якія пісалі пра Каперніка. Ягоная ўвага засяродзілася на змесце кнігі Каперніка, а не на біяграфіі аўтара. Снядэцкі у такіх словах ахарактарызаваў сутнасць вучэння Каперніка: "Капернік не быў пераймальнікам старажытных філосафаў, але сапраўдным творцам сваёй сістэмы, ён вырашыў найцяжэйшыя задачы сферычнай трыганаметрыі, а яго ўласныя і глыбокія ідэі аб упарадкаванні і нябесных целах, аб фізічнай сіле іх руху, асабліва зямной восі, пацверджаныя праз некалькі стагоддзяў тонкімі назіраннямі і глыбокім геаметрычным вылічэннем, - вялі да новых вялікіх законаў аб уладкаванні сусвету і сталі асновай найвялікшых адкрыццяў у сучаснай астраноміі". Гэтыя словы з'яўляліся новым падыходам да сутнасці вучэння Каперніка і таму Снядэцкі дадае: "Усяго гэтага ніхто да мяне яшчэ не напісаў і не давёў". У сваёй дысертацыі, якая з'яўляецца не толькі выкладам вучэння Каперніка, але і арыгінальнай працай, Снядэцкі даў крытычны агляд усіх раздзелаў кнігі Каперніка. Ён лічыў самым істотным раздзел, прысвечаны руху Зямлі. У канцы сваёй працы Снядэцкі адзначыў поспехі астраноміі, дасягнутыя на аснове вучэння Каперніка.

Дысертацыя Снядэцкага была адпраўлена ў Варшаву 31 жніўня 1802 г. і прачытана на адкрытым паседжанні Таварыства сяброў навукі 16 лістапада 1802 г. Культурнай грамадскасцю Варшавы яна была прынятая з вялікім запалам. Ужо ў снежні 1802 г. гэтая праца была надрукаваная асобнай кнігай, затым перавыдадзеная ў 1803 г. у "Штогодніку варшаўскага Таварыства ...". Гэты твор увайшоў і ў зборнікі Яна Снядэцкага, якія былі выдадзены тры разы (I выданне - Вільня, 1814 г., II выданне - Вільня, 1818 г,, III выданне - Варшава, 1837 г.). Потым былі шматлікія пераклады гэтай працы на замежныя мовы. На ангельскай мове твор Снядэцкага аб Каперніку быў выдадзены ў Дубліне ў 1823 г., на італьянскай - у Пізе ў 1823 г., рэзюмэ на персідскай мове з'явілася ў Калькуце ў 1826 г. Біёграф Яна Снядэцкага Баліньскі паведамляе пра пераклад працы Снядэцкага аб Каперніку на рускую мову, выкананы Васілём Анастасевічам.

Праца Снядэцкага спрыяла актывізацыі цікавасці да Каперніка сярод еўрапейскай інтэлігенцыі. У сусветнай навуцы Капернік быў прызнаны польскім навукоўцам, не гледзячы на тое, што да гэтага яму прыпісвалі прускае паходжанне.

У гэты ж час Снядэцкі напісаў падручнік па геаграфіі. Як ён пісаў у сваёй аўтабіяграфіі, задума падручніка геаграфіі з'явілася яшчэ ў 1794-1795 гг. Да Снядэцкага не было ўзораў такога падручніка. Таму яго складанне доўжылася некалькі гадоў і было завершанае толькі ў 1803 г. Падручнік быў надрукаваны на польскай мове ў Варшаве ў 1804 г. пад загалоўкам: "Геаграфія або матэматычнае і фізічнае апісанне Зямлі". Геаграфія Снядэцкага выйшла трыма выданнямі на польскай мове. Другое з іх, пашыранае і выпраўленае, было надрукавана ў Вільні ў 1809 г.; трэцяе выданне, зноў пашыранае, выйшла з друку таксама ў Вільні ў 1818 г. Другое выданне было перакладзена на рускую мову і выпушчана ў Харкаве ў якасці падручніка геаграфіі зацверджанага для ўсіх рускіх гімназій.

У 1802 г. Снядэцкі па сваім жаданні быў вызвалены ад пасады прафесара Кракаўскага ўніверсітэта. Прычына падачы ў адстаўку была ў тым, што адраджэнне ўніверсітэта, пачатае дзякуючы працам Калантая фактычна спынілася. Яно прыпынілася ўжо ў 1786 г., пасля таго як Калантай пакінуў Кракаў. Акупацыя Кракава прускімі войскамі ў 1794 г., а затым далучэнне Кракава да Аўстрыі пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, яшчэ больш пагоршыла становішча. Снядэцкі у 1796-1798 гг. тры разы ездзіў у Вену улагоджваць справы універсітэта перад аўстрыйскім урадам, але гэта не прывяло да прыкметнага паляпшэння ўмоў працы ва ўніверсітэце.

У гэты час лепшыя ўмовы для развіцця навукі склаліся ў Віленскім універсітэце, дзе астранамічныя даследаванні развіваліся пад кіраўніцтвам Марціна Пачобута. З ім Снядэцкі пазнаёміўся асабіста яшчэ ў Гародні, куды падчас сойму ў 1793 г. прыехаў таксама і Пачобут - тады рэктар Віленскага ўніверсітэта. Пасля гэтага Снядэцкі двойчы запрашаўся ў Віленскі ўніверсітэт, але ён адхіліў гэтыя запрашэнні. Ён вырашыў з'ехаць за мяжу, бо не бачыў сэнсу для сваёй працы на радзіме. У лісце да Калантая ад 22 жніўня 1803 г. Снядэцкі паведаміў, што збіраецца з'ехаць у Нямеччыну і Францыю, каб адпачыць, наведаць Цаха і пазнаёміцца з яго астранамічнымі і геадэзічнымі працамі. Ён з'ехаў у пачатку верасня 1803 г. Спачатку Снядэцкі прабыў некалькі дзён у Зэебэргене ў Цаха дзе прымаў удзел у ягоных астранамічных назіраннях. У лістападзе 1803 г. Снядэцкі прыехаў у Парыж, дзе прабыў 8 месяцаў, выязджаючы на кароткі час у Нідэрланды.

Падчас знаходжання Снядэцкага ў Парыжы французскі пісьменнік Шарль Віле (Villers) выдаў кнігу "Эцюды аб духу і ўплыве рэфармацыі Лютэра", у якой былі паклёпніцкія выбрыкі ў адрас Рэчы Паспалітай. Снядэцкі напісаў вялізны адказ на гэты паклёп і выдаў яго на французскай мове. Ён давёў у ім безгрунтоўнасць высноў Віле, які сцвярджаў, што наш край ў XV ст. не меў значэння ў Еўропе, ён нагадаў аб перамозе над крыжакамі, здабытай у 1410 г. у бітве пад Грунвальдам злучанымі сіламі палякаў, беларусаў і літоўцаў, і паказаў высокі ўзровень культуры нашага краю ў XV ст. Акрамя таго, Снядэцкі пратэставаў супраць здзеквання аўтара "Эцюдаў" над стратай Рэчы Паспалітай дзяржаўнай незалежнасці ў канцы XVIII ст. Водгук Снядэцкага на кнігу Віле атрымаў вялікую вядомасць у грамадскіх колах Францыі. У кастрычніку 1804 г. Снядэцкі з'ехаў у Італію і жыў у Мілане і Рыме. Падчас знаходжання ў Італіі яму прапаноўвалі кіраўніцтва абсерваторыяй у Балонні, але Снядэцкі гэтай прапановы не прыняў. У траўні 1805 г. Снядэцкі вярнуўся ў Кракаў. Ён збіраўся пасяліцца ў вёсцы і заняцца тамака гаспадаркай, паляваннем і чытаннем кнігаў.

Князь Адам Чартарыскі, апякун школ васьмі заходніх губерняў Расеі і міністр замежных спраў Расійскай імперыі, звярнуўся да Снядэцкага з прапановай заняць пасады дырэктара Віленскай абсерваторыі і рэктара Віленскага ўніверсітэта. Першапачаткова Снядэцкі не згаджаўся стаць рэктарам, але потым саступіў у гэтым пытанні і ў кастрычніку 1805 г. згадзіўся пераехаць у Вільню і заняць гэтыя дзве пасады. У пачатку 1807 г. Снядэцкі атрымаў дазвол аўстрыйскага ўрада заняць пост у Віленскім універсітэце, і 2 сакавіка 1807 г. ён прыехаў у Вільню назаўжды.

Снядэцкаму адразу прыйшлося вырашаць шмат праблемаў, частка будынкаў універсітэта была занятая вайсковым шпіталем па ўказанні губернатара. Для вырашэння фінансавых пытанняў прыйшлося з'ездзіць у Пецярбург. Тым не менш, ён засноўвае новыя кафедры (тэалогіі і хірургіі), уладкоўвае батанічны сад, лабараторыі, кабінеты, узмацняе вывучэнне новых еўрапейскіх моваў, заахвочвае літаратурныя заняткі сярод студэнтаў (аднак, у рамках класіцызму). Снядэцкі таксама пашырае дзейнасць універсітэта, рэфармуючы былыя і адчыняючы новыя школы і гімназіі ў Вінніцы, Віцебску, Магілёве.

Заняўшы пост дырэктара абсерваторыі, ён выступае з прапановай аб перабудове будынка абсерваторыі і аб забеспячэнні яе новымі прыладамі. Закупляецца тэадаліт Рамсдэна, дзевяціцалевы секстант Траўгтона, два глобусы Бадэ: нябесны і зямны, паўторны круг Рэйхенбаха і Эртэлаўя, паралактычная труба Доланда і маятнікавы гадзіннік Харды (Hardy). Аднак перабудова Віленскай абсерваторыі і яе мадэрнізацыя пры ім не ажыццявіліся.

Да астранамічных назіранняў рэктар змог прыступіць толькі ў 1808 г. і праводзіў іх сістэматычна да 1824 г. Снядэцкі працягваў работы, пачатыя ім у Кракаве, а менавіта: назіраў пакрыцці зорак Месяцам, становішчы малой планеты Весты, каметы 1811 г., Сонца і зорак, зацменні спадарожнікаў Юпітэра. У 1807 г. і ў 1811 г. рэктар назіраў каметы. Штогод ён паведамляў вынікі сваіх назіранняў у Пецярбургскую Акадэмію навук і ў Берлін. Яны друкаваліся ў мемуарах Акадэміі навук у Пецярбургу, у Берлінскім штогодніку, які выдаваў Бодэ і ў "Monatliche Correspondenz…" Цаха. Пецярбургская Акадэмія навук, высока ацэньваючы астранамічныя працы Яна Снядэцкага, абрала яго сваім членам-карэспандэнтам.

(Заканч. у наст нумары. )

Лявон Лаўрэш

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX