Вярнуцца: 2009

№ 25 (916)


Крыніца: pawet.net.



№ 25 (916) 24 ЧЭРВЕНЯ 2009 г.


ТАВАРЫСТВУ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ - 20 ГАДОЎ

Толькі на адной рускай мове дэмакратыю ў Беларусі не пабудуем

Заява Сакратарыяту ТБМ

Нядаўна ў газеце "Народная воля" (№89-90) на трох старонках надрукаваныя антыкрызісныя прапановы Аб'яднаных дэмакратычных сіл Беларусі. Сярод выступоўцаў Анатоль Лябедзька, Станіслаў Багданкевіч, Яраслаў Раманчук, Васіль Шлындзікаў, Валер Карбалевіч і іншыя сябры АГП. У іх інтэрвію і артыкулах робіцца аналіз эканамічнага крызісу на Беларусі і даюцца розныя прапановы па яго пераадоленні. Аднак сферу беларускай культуры, гісторыі і мовы спадары, а дакладней "господа", дэмакраты цалкам ігнаруюць. Гэтая тэма іх проста не хвалюе. Галоўнае ўсё "лібералізаваць" і "прыватызаваць", а як пры гэтых рэформах будзе пачувацца наша культура і мова невядома. Дарэчы, некаторыя з названых вышэй палітыкаў добра валодаюць дзяржаўнай беларускай мовай, пры нагодзе ёй карыстаюцца, але як справа даходзіць да праграмных дакументаў, жаданне надрукаваць іх па-беларуску знікае, бо, маўляў, не зразумеюць замежныя сябры, асабліва на ўсходзе. Відаць, невыпадкова пад час апошніх выбараў АГП зрабіла вялізным накладам спецвыпуск "Народнай волі" (№135 ад 10 верасня 2008 г.) з перадвыбарнымі платформамі сваіх кандыдатаў толькі на мове суседняй дзяржавы.

Таварыства беларускай мовы звяртае на гэта ўвагу грамадскай супольнасці Беларусі і заклікае кіраўніцтва АГП у сваёй палітычнай дзейнасці карыстацца роднай мовай беларусаў і не спаўзаць у кан'юнктурную русіфікацыю.

15 чэрвеня 2009 г.


ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны - 20 гадоў"

Пастанова Сакратарыяту ТБМ

27 чэрвеня 1989 г. у Менску адбыўся Устаноўчы з'езд ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Дэлегатамі з'езду былі прадстаўнікі ўсіх куткоў Беларусі, беларускіх аб'яднанняў з Масквы, Вільні, Беластоку і Рыгі - людзі, якія належалі да самых розных прафесій і родаў заняткаў. Старшынём ТБМ быў абраны вядомы беларускі пісьменнік і навуковец Ніл Гілевіч, а таксама была абрана Рада ТБМ у колькасці 57 чалавек.

ТБМ была абвешчана масавай арганізацыяй, якая за галоўную задачу мае папулярызацыю беларускай мовы і праз яе ўсёй нацыянальнай культуры.

28 верасня 1989 года Статут ТБМ быў зацверджаны Пастановай Прэзідыюма Вярхоўнага Савета БССР і пачалася стваральная праца, якая доўжыцца ўжо 20 гадоў.

З гэтай нагоды Сакратарыят ТБМ пастанаўляе:

1) 26 чэрвеня 2009 года правесці прэсавую канферэнцыю ў сядзібе ТБМ (вул. Румянцава, 13), пачатак а 13.00.

2) Асноўныя святкаванні юбілею ТБМ правесці ў верасні 2009 года.

3) Усім рэгіянальным структурам ТБМ правесці святочныя імпрэзы ў жніўні - верасні 2009 г.

15 чэрвеня 2009 года.


1-Я РЭСПУБЛІКАНСКАЯ РАДА ТБМ ІМЯ ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ

Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч - першы старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны

Белакоз Алесь - Мастоўскі р-н

Брыль Янка - Менск

Бураўкін Генадзь - Менск

Бутэвіч Анатоль - Менск

Вайтовіч Яўген - Менск

Васілёнак Мікола- Менск

Васьковіч Уладзімір - Менск

Вітушка Сяргей - Менск

Вячорка Вінцук - Менск

Гайдук Мікола - Беласток

Гарэцкі Радзім - Менск

Гілевіч Ніл - Менск

Грыцкевіч Анатоль - Менск

Дамашэвіч Уладзімір - Менск

Дзямчук Міхась - Менск

Законнікаў Сяргей - Менск

Калеснік Уладзімір - Берасце

Каўка Аляксей - Масква

Клімуць Яраслаў - Магілёў

Клышка Анатоль - Менск

Краўчанка Пётра - Менск

Кузьміч Вольга - Менск

Куліцкі Алег - Менск

Купана Мікола-Менск

Лойка Алег - Менск

Лыч Леанід - Менск

Ляшковіч Вячаслаў - Маладзечна

Мальдзіс Адам - Менск

Маслюк Валер - Менск

Міхноўскі Мікола - Менск

Навумчык Іосіф - Віцебск

Нерад Ніна - Менск

Нічыпаровіч Станіслаў - Менск

Падлужны Аляксандр - Менск

Паўлаў Міхась - Віцебск

Плыгаўка Лілея - Баранавічы

Прашковіч Лідзія - Мазыр

Прыма Галіна - Менск

Пятрэнка Мікола - Полацк

Раманцэвіч Валянціна - Менск

Садоўскі Пётра - Менск

Санько Зміцер - Менск

Саўчык Аляксей - Гародня

Сачанка Барыс - Менск

Содаль Уладзімір - Менск

Тарасюк Любоў - Менск

Тумаш Генадзь - Менск

Тычка Галіна - Менск

Фядосік Анатоль - Менск

Хадоркін Міхась - Гомель

Хілько Мікола - Слуцк

Цумараў Яўген - Менск

Цыхун Генадзь - Менск

Шаранговіч Васіль - Менск

Штэйнер Іван - Гомель

Шушкевіч Уладзімір - Лепель

Шыдлоўскі Адам - Менск

Янкоўскі Фёдар - Менск


Пастаўлена на ўлік Гомельская гарадская арганізацыя ТБМ

4 чэрвеня 2009 года рашэннем Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта № 624 пастаўлена на ўлік Гомельская гарадская арганізацыя грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", пра што выдадзена пасведчанне № 03-01412/005.


Музей Васіля Быкава ў Гародні

перспектывы ці пагроза існаванню

Музей Васіля Быкава ў Гародні арганізавалі энтузіясты. Ён займае пакойчык плошчай 15 квадратных метраў у будынку на вуліцы Савецкай. Унутры будынка ўлады плануюць правесці рэканструкцыю. Будынак, па розных звестках, быў пабудаваны напрыканцы XIX - у пачатку ХХ стагоддзя. Нядаўна яго адрэстаўравалі звонку і цяпер улады чакаюць інвестара, які б капітальна адрамантаваў яго ўнутры.

Музей Васіля Быкава знаходзіцца ў офісе Гарадзенскага гарадскога грамадскага аб'яднання ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл. Калі канкрэтна трэба будзе вызваліць памяшканне, пакуль ніхто не кажа. Няма і прапановаў адносна таго, куды мог бы пераехаць музей, які дзейнічае на грамадскіх пачатках.

Васіль Быкаў пражыў у Гародні каля 25 гадоў (з 1950-х да 1970-х) і напісаў тут шмат вядомых твораў. Большасць жыхароў і гасцей горада, якія праходзяць па вуліцы Савецкай, нават і не падазраюць, што сярод дзесяткаў кабінетаў знаходзіцца пакойчык, прысвечаны народнаму пісьменніку. А паглядзець тут ёсць на што: футболка, у якой працаваў Быкаў, ягоная кававарка, дыктафон, дыпламат з шыфрованым замком, рукапіс "Сотнікава" з аўтарскімі праўкамі, мноства рэдкіх фотаздымкаў…

У дзень нараджэння Васіля Быкава старшыня Гарадзенскага гарадскога грамадскага аб'яднання ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл Мікалай Мельнікаў вырашыў прысвяціць яму канферэнцыю. Правялі яе ў Гарадзенскім гарадскім таварыстве беларускай школы, бо сабрацца ў музеі немагчыма. Зза цеснаты.

Мікалай Мельнікаў зачытаў ліст, які ён накіраваў Аляксандру Лукашэнку. У ім ён выказвае занепакоенасць тым, што на працягу некалькіх гадоў лёс музея застаецца нявырашаным.

Падчас канферэнцыі прайшла прэзентацыя кнігі паэтычных прысвячэнняў Васілю Быкаву "Пасланец мужнасці", якая выйшла ў Менску. Яе склаў гарадзенскі паэт і сябра пісьменніка Юрка Голуб.

У Гародні захаваліся два дамы, дзе жыў Быкаў, і два будынкі, якія займала рэдакцыя газеты "Гродзенская праўда" - у ёй ён працаваў спачатку карэктарам, потым літаратурным кансультантам. Але нідзе ў горадзе дагэтуль не ўвекавечана памяць вялікага пісьменніка.

Пытанне аб мемарыяльнай дошцы падымалася, але справа да яе так і не дайшла. Некалькі гадоў таму гараджане сабралі подпісы, каб назваць у гонар Быкава адну з вуліц. У гарвыканкаме кажуць, што чакаюць, пакуль у горадзе з'явіцца новая шырокая вуліца, якой не сорамна будзе прысвяціць такую назву.

І тым не менш менавіта цяпер, калі ідзе рамонт гарадзенскія ўлады нарэшце могуць вырашыць пытанне з музеем В. Быкава - знайсці годнае памяшканне, надаць яму дзяржаўны статус і прафесійна дапамагчы ветэранам у іх высакароднай справе.

Паводле Аліны Кашкевіч.


Свабодная думка лунае над Бычкамі

19 чэрвеня сонца стаяла высока ў зяніце, над Вушаччынай плылі важкія і пушыстыя аблокі. Сёлета на Быкаўскiя святкаваннi на яго радзiму прыехала больш за 100 чалавек - Валянціна Быкава, сястра народнага пісьменніка, народны паэт Беларусi Рыгор Iванавiч Барадулiн i яго жонка, старшыня Віцебскага ТБМ Іосіф Адамавіч Навумчык, пісьменнікі Давід Сімановіч і Уладзімір Арлоў, мастакі Аляксей Марачкін і Святлана Баранкоўская, палітыкі, дзеячы мастацтва, дэмакратычныя актывісты, удзячныя чытачы.

Цiкавую праграму падрыхтавалi краязнаўца Антось Астaповiч i бард Андрэй Плясанаў.

У Вушацкім краі ў гэты дзень праводзiлася свята паэзіі з наведваннем музея Пятруся Броўкі і вечарынай паэзii ў Вушацкім Доме Культуры. На сядзібу ў Бычкі прыбылi працаўнiкi райвыканкаму, прадстаўнiкi вiцебскай суполкi ўрадавага саюза пісьменнікаў. З чытаннем твораў выступiлi вучнi з Кубліцкай сярэдняй школы. Афіцыйнае мерапрыемства па ўшанаванні памяці Васіля Быкава ў яго дзень народзiнаў павольна перацякло ва ўрачыстую імпрэзу па ўручэнні прэміі "За свабоду думкі".

У адной з апошніх прыпавесцяў Васіля Быкава у кнізе "Калі рукаюцца душы" занатавана, як народ хацеў знайсці галоўную Ідэю, і здабыў яе правільную, моцную, якая дапамагала перамагаць і будаваць новае жыццё. Сучасная свабодная думка вылучаецца з сяўні новых ідэй, яна патрэбна грамадству як чыстае паветра, як стымул для руху наперад, для прасвятлення жыцця. Вострае слова Васіля Быкава, яго думка, празрыстая і афарыстычная, акрыляла тых, хто вылучаў лаурэатаў "За Свабоду думкі" у 2008 i 2009 годзе. Яна лунае тут, на сядзiбе народнага пісьменніка, прыцягвае сюды кожны год наведвальнікаў з розных куткоў Беларусі. Край чыстых блакітных азёраў, запаветнай цішы прываблівае непаўторнасцю.

У гэтым годзе быкаўскай прэміяй "За свабоду думкі" ўганараваны незалежны мастак i патрыёт Алесь Пушкін, адданы сябар ТБМ і прапагандыст беларускай мовы.

Творца скончыў мастацкую вучэльню, вярнуўся да свайго народа, пачаў распісваць цэрквы і касцёлы, жыве з сям'ёй на вёсцы, гаворыць на роднай мове.

Алесь Пушкін, гэта чалавеклегенда, адзначыў старшыня мастацкай суполкі "Пагоня" Аляксей Марачкін. Адзін з пачынальнікаў Адраджэнскага руху, ён не здрадзіў беларускай мове, прынцыповасці, годнасці. Сваёй дзейнасцю такія людзі перамяняюць свядомасць у беларусаў. Уручэнне прэміі " За свабоду думкі" - важны прыклад для моладзі. Гэта робіць відавочным рух грамадства наперад.

Такія людзі найбольш плённа адстайваюць ідэалы свабоды, падкрэсліў пiсьменнiк Уладзімір Арлоў.

Лічу, што ўзнагароджаны не я асабіста, а такі шлях жыцця, сказаў у прамове сам Алесь Пушкін. Для мяне вялікае шчасце дастаўляе кожны дзень бачыць дзетак, вучыць іх, гаварыць з імі пабеларуску. Я лічу, што трэба любіць сваю зямлю, праслаўляць нашу краіну ў розных кутках дзе б ты ні быў: ў Польшчы, у Літве ці Нямеччыне, працаваць, быць аптымістам! Трэба быць актыўным, упрыгожваць свой родны кут, рабіць сваю справу. І не забываць пра ідэалы 25 сакавіка!

Наведвальнікі ўрачыстасцяў прынялі ўдзел ў напісанні дыктоўкі па кнізе Васіля Быкава "Доўгая дарога дадому" ў цёплым драўляным дамку сядзібымузея. Тэкст дыктоўкі агучылі Рыгор Іванавіч Барадулін і Зінаіда Бандарэнка. З асаблівым уздымам і настроем яны паставілі адзнакі з аўтографамі усім натхнёным вучням.

Мерапрыемствы завершыліся святочным сталом на ўлонні прыроды. Вушацкія гаспадынькі шчыра пачаставалі гасцей салам, агуркамі і бабкай, спечанай ў чыгунку.

Э. Олiна. На здымку: дыктоўка ў Бычках.


Паклiканне мастака - распiсваць бажнiцы

Вольны мастак, нонканфарміст Алесь Пушкін ладзіць перформансы, удзельнічае ў грамадскіх кампаніях, робіць пастаноўкі ў тэатры, піша дэкарацыі. Сёлета спадар Пушкін быў уганараваны прэмiяй «За свабоду думкi" iмя Васiля Быкава. Алесь вельмі шчыры і гасцінны чалавек. Моладзь, пабываўшы ў яго на сядзібе, з захапленнем расказвала пра катанне на конях, пра маляўнiчы пейзаж над рэчкай. У цэрквах і касцёлах на роднай зямлi ёсць абразы і роспісы, зробленыя Алесем Мiкалаевiчам.

- Раскажыце, калі ласка пра сябе. Вы нарадзіліся ў м. Бобр Крупскага раёна?

- Так. 6 жніўня 1965г. У 1978 годзе я паступіў у Рэспубліканскую школуінтэрнат па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя І.О. Ахрэмчыка. Вучыўся у П.П. Шарыпы да 1983 года, у 1983 годзе паступіў на 1 курс манументальнадэкаратыўнага мастацтва Беларускага Дзяржаўнага Тэатральна-Мастацкага інстытута.

- Вы пачалі выказваць сваю грамадскую пазіцыю даволі рана?

- Яшчэ ў школе, у 1982 годзе ўдзельнічаў у стыхійных выступленнях вучняў супраць самаўпраўства адміністрацыі (складалі петыцыі, патрабаванні да адміністрацыі, аб'яўлялі галадоўкі і г.д.) У 1984 годзе, пасля заканчэння 1 курса прызваны ў Савецкую Армію, служыў у 40-й арміі, у Афганістане, у 1986 годзе дэмабілізаваўся і аднавіўся на 2 курс БДТМІ. У 1988 годзе ўдзельнічаў у студэнцкім руху (2 Вальны Сойм Маладзёвых Беларускіх Cуполак, Вільня; Дзяды 88). 25 сакавіка 1989 года заарганізаваў першы пэрформанс - святкаванне 71-х угодкаў БНР, тым самым распачаўшы сац-арт у Беларускім мастацтве.

Мае першыя выставы і перформансы адбываліся ў сценах БДТМ. Арышт на 15 сутак, узбуджэнне крымінальнай справы і следства па святкаванні Дня Волі. 1421 ліпеня 1989 года - Менскі гарадскі суд прыгаварыў мяне за гэты ўчынак да 2-х год умоўна з пяцігадовым паражэннем у правох.

-У Вашым жыцці, таксама як у Васіля Быкава, шмат што было звязана з Віцебскам?

- Выбраў накіраванне на працу ў Віцебск. 25 сакавіка 1991г. - першая персанальная выстава артэфактаў дэкаратыўнага мастацтва (сац-арту) у Віцебску (выставачная зала АНМЦ Народнай творчасці, вул. Леніна, 18). Гэтая выстава была першым новым крокам у постсавецкім мастацтве Віцебска. Упершыню сац-арт з'явіўся ў Віцебску разам з Перабудовай, Галоснасцю, Дэмакратыяй - рэалямі таго часу. Гэтая ж выстава ў поўным складзе была перавезена ў Гародню, дзякуючы намаганням майго першага куратара-мастацтвазнаўцы, арганізатара гэтай выставы, спадарыні Ла-рысы Міхневіч, якая на той час была старшынёй Віцебскага Фонда Культуры. Падчас путчу 1991 года (20 жніўня) я вывесіў бел-чырвона-белы сцяг над ратушай горада Віцебска.

23 сакавіка 1993 года была адкрыта першая прыватная Галярэя сучаснага мастацтва ў Віцебску "У Пушкіна". Упершыню ў постсавецкім перыядзе мастацтва ў горадзе Віцебску з'явілася і аформілася, як з'ява-галярэя сучаснага постмадэрнізму ў жывапісе маладых беларускіх мастакоў з Полацка, Гародні, Віцебска, тых творцаў канца 80-х - пачатку 90-х годоў, што вучыліся са мной у БДТМІ. За 1993-1995 г.г. было праведзена 8 значных выстаў жывапісу, графікі, скульптуры, сучаснай фатаграфіі, пластычнага перфомансу. Усё гэта рабілася на свае заробленыя сродкі - ні Міністэрства культуры, ні арганізацыі і фонды не падтрымалі галярэю. Яна была першай лабараторыяй-эксперыментам апошняга накірунку сучаснага мастацтва ў Віцебску і Беларусі.

Прадчуваючы яе закрыццё, я даў згоду на правядзенне ў памяшканні галярэі 25-27 лістапада 1995 года 1 з'езду Беларускіх нацыяналістаў. У выніку галярэя была зачынена пад матывіроўкай "парушэнне статута і немэтавае выкарыстанне памяшкання". 19 снежня 1995 года адбылася развітальная прэс-канферэнцыя ў памяшканні па вул. Суворава, 2 (трэці паверх) у Віцебску. Акцыі першай пры-ватнай галярэі Сучаснага мастацтва ў Віцебску яшчэ праходзілі ў 1995-96 гг. у розных памяшканнях Віцебска ("Арт-Уно-Дзіскус" - люты 1995 г., "Арт-Прагноз - 96" - сакавік 1996 г. Апошняя мая выстава ў Віцебску "Біяграфія" адбы-лася ў лютым 1997 года.

-У Вас ёсць досвед супрацоўніцтва з тэатрам?

- Першы досвед працы па афармленні спектакля ў мяне быў у 1993-1994 гг., калі ў Беларускім драматычным тэатры імя Я. Коласа ў Віцебску разам з рэжысёрам В. Маслюком мы ставілі п'есу "Кароль Лір" У. Шэкспіра (прэм'ера адбылася 17 красавіка 1994 г.). Другі спектакль паводле п'есы "Фрэкен Юлія" Аўгуста Стрындберга я аформіў у тым жа тэатры ў 1997 годзе ( рэжысёр А. Грышкевіч, прэм'ера 21 снежня 1997 г.). Афармляў сцэну і касцюмы 7 Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску ў 1994 годзе

- Якія пачуцці запаўнялі Вашу душу, калі распісвалі касцёл у Магілёве, праваслаўную царкву на радзіме?

- Першы абраз я напiсаў у восьмым класе. Мацi аднесла яго ў царкву. На трэцiм курсе ў нас была капiявальная практыка, мы едзiлi ў Ноўгарад, Пскоў, знаёмiлiся з роспiсамi Феафана Грэка i iншых майстроў. Пасля сканчэння Акадэміі Мастацтваў найперш мне хацелася проста працаваць па адраджэнні нашых занядбаных святынь па сваёй спецыяльнасці паводле дыплому (мастак - манументаліст). І гэта маё жаданне супала з тым дабраславенным часам свабоды (1991-1995гг.) і прапановамі, якімі на той час я быў багаты: ад католікаў, з боку Беларускай Каталіцкай Грамады, ды і ад сваёй праваслаўнай парафіі новаадбудаванай царквы Свя-тога Міколы мястэчка Бобр, Крупскага раёна.

Пачуцці гонару і зада-вальнення ў тым , што спаўняю Волю Божую сваім сціплым талентам і рукамі на абшарах роднай Беларусі. Што, атры-маўшы найлепшую на той час мастацкую адукацыю у вядомых прафесароў і мастакоў нашай Беларусі - Г. Вашчанкі, А. Бараноўскага, П. Семчанкі, М. Раманюка - не ўцякаю, па дарозе абхаяўшы сваю Alma Mater і настаўнікаў, у Парыж, Нью-Ёрк ці Лондан з Барселонай па славу і дабрабыт, а запатрабаваны тут, у беднасці і нястачы - але пры магутным на той час эмацыйным пад'ёме, што назіраўся ў нашай краіне…

- Колькасць Вашых выстаў складана пералічыць?

- У Рэспубліканскіх выставах удзельнічаю з 1986 года. Удзельнічаў у міжнародных выставах (Масква, Расія; Нямеччына,Чэхія, Польшча, Літва - гэта персанальныя, у розныя гады-90-я-2000я…

- У Вашым жыцці здараліся розныя экстрымальныя выпадкі: Вас затрымлівалі на Крапівеньскім полі ў гадавіну бітвы пад Воршай. Тады Вы сядзелі 7 сутак у турме? Як Вы гэта перанеслі як мастак і творца?

- У галаве дагэтуль круціцца сюжэт карціны, якую я ўсё ж напішу (эскіз ёсць) - "Cашэсце ў пекла". Там, у старой аршанскай вязніцы ў цэнтры горада шмат чаго давялося пабачыць, пачуць, перадумаць….

- У іншы раз Вас пабілі мясцовыя падвыпіўшыя маладзёны за карыстанне беларускай мовай і свядомую пазіцыю мастака. Заміж таго, каб узбудзіць крымінальную справу, Вы намовілі хлапцоў прынесці пакаянне ў царкве. Дзе Вы чэрпаеце сілы для хрысціянскага прабачэння?

- Народу мала, бязлюддзе вакол, вымірае вёска - ну як тут яшчэ гэтых беларускіх маладзёнаў у турмы перапоўненыя садзіць? Вось і палюбі НА СПРАВЕ свой народ.

- Як Вам знайшлі цудоўную ідэю вырабіць шпакоўні і аддаць іх у афармлен-не знакавым асобам? Такім чынам Вы запрашаеце да творчасці віп-персонаў?

- Мне не знайшлі - я сам гэта перажыў і прыдумаў! І за тое, што на 25сакавіка 2008 г. я першыя 5 шпаковень выставіў - сімвал Вясны, Свабоды, Аптымізму - быў скручаны ў кайданкі міліцыяй, судзімы суддзёй Крупскага райсуда Сізам Андрэем. Цяпер у мяне іх ужо 35-распісаных уласнаручна і вядомымі людзьмі …

- У Вашым жыцці былі сустрэчы з рознымі прыгожымі жанчынамі. Які скарб дабрадзецеляў Вы знайшлі ў Вашай жонцы? Як яе завуць і хто яна па прафесіi? Якія імёны Вы далі сваім дзеткам?

- Жоначка Яніна - сціплая, мудрая вясковая настаўніца, вучаніца Генадзя Сагановіча, свядомая беларуска з каталіцкай сям'і. Спагадлівая, верная, церпялівая. Хочам з ёй выканаць хоць адзін указ дыктатара (астатнія ніводнага не выконваем!)-нарадзіць траіх дзяцей, і каб адзін стаў генералам, што бронетанкавым штурмавым ударам верне нам наша сэрца Беларусі - нашу Вільню! І тады прозвішча ПУШКІН будзе асацыявацца з гэтым вычынам на вякі, і мяне забудуцца, а карціны мае і перфомансы, - на шчасце!-стануць непатрэбныя! Дзетак завуць Мiколка i Марыйка. Дачушка, на жаль, захварэла вятранкай, i яны з мацi засталiся дома i не змаглi прыехаць у Бычкi са мной.

Гутарыла Э. Олiна. На здымку: Алесь Пушкiн у Бычках дае аўтографы піянерам.


20 год назад адбыўся Ўстаноўчы з'езд БНФ "Адраджэньне"

24-25 чэрвеня 1989 года ў Вільні адбыўся Ўстаноўчы з'езд Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне". Тады беларускія ўлады не далі дазволу на правядзення з'езду ў Менску ці дзе-небудзь яшчэ ў Беларусі, а неабходнасць правядзення яго была настолькі неадкладнай, што было прынятае рашэнне праводзіць з'езд у Вільні. Адраджэнцкія працэсы ў Літоўскай ССР значна апяраджалі аналагічныя працэсы ў БССР, і атрымаць дазвол на з'езд было намнога прасцей. У Вільні акрамя ўсяго з'езду менш пагражалі правакацыі.

20 чэрвеня 2009 года ў Менску прайшоў святочны сход сяброў Партыі БНФ і Грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэньне". Сябры БНФ з самых розных куткоў краіны абмеркавалі сітуацыю ў краіне і партыі. За 20 гадоў шмат што змянілася. Не змянілася толькі адказнасць перад Беларуссю. На сход і сабраліся тыя, каго па жыцці вядзе гэтая самая адказнасць. А тых, у каго ў фронце свае меркантыльныя інтарэсы, а не клопат пра Бацькаўшчыну, на сходзе не было.

Сход з занепакоенасцю адзначыў па-гаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне, а так-сама спробы жулікаў ад палітыкі раскалоць партыю БНФ. Сход рэкамендаваў з'езду Пар-тыі БНФ, які адбудзецца ў пачатку верасня падтрымаць кандыдатуру Лявона Баршчэўскага для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2011 г.

Акрамя іншага сход прыняў рэзалюцыю "Аб спыненні пераследу беларускай мовы і культуры". У рэзалюцыі ў прыватнасці адзначаецца: "... Дзеянні ўлад па пераследзе беларускай мовы і культуры набылі татальны маштаб адразу пасля ўсталявання ў Рэспубліцы Беларусь у 1994 годзе прэзідэнцкай формы кіравання і правядзення ў траўні 1995 года незаконнага рэферэндуму, згодна з якім статус дзяржаўнай атрымала і руская мова, чаго не назіраецца ні ў адной з краін на постсавецкай прасторы. Дзяржаўнае справаводства пераведзена выключна на рускую мову, уладныя структуры жорстка супраціўляюцца адраджэнню сістэмы скразной нацыянальнай адукацыі. Катастрафічна скарачаецца колькасць беларускамоўных школ і вучняў у іх, змяншаецца колькасць гадзін на выкладанне роднай беларускай мовы, гісторыі. Фактычна ліквідаваны курс беларускай гісторыі як самастойнага прадмета, што ў сусветнай практыцы з'яўляецца нонсенсам. Дырэктыўна былі аб'яднаны акадэмічныя інстытуты мовы і літаратуры, чым зроблены свядомы крок па зніжэнні іх ролі ў нацыянальным культурным жыцці краіны. Забаронена ўжыванне слова "нацыянальны" ў назвах грамадскіх арганізацый і суполак з адначасовым дазволам на выкарыстанне гэтага слова ў дачыненні да шматлікіх навучальных і іншых устаноў, у дзейнасці якіх нацыянальнае беларускае ўвогуле адсутнічае. Гэта толькі асобныя факты дзяржаўнай палітыкі па вынішчэнні ўсяго спадчыннага беларускага ў Беларусі.

Вучоныя называюць такую палітыку этнацыдам. Этнацыд тытульнага народа і нацыі краіны чыніцца рукамі як зрусіфікаваных і маргіналізаваных беларусаў ва ўладзе, так і высілкамі супрацоўнікаў былых савецкіх спецслужб, якія да беларускага перыяду сваёй кар'еры працавалі за межамі краіны. Этнацыд практычна ўжо набыў форму ліквідавання беларусаў як самабытнай нацыі ...

Мы заклікаем наша грамадства аб'яднаць намаганні ў абароне беларускай мовы і культуры, у выратаванні нацыі беларусаў ад знікнення..."


Да чытачоў "Нашага слова"

Шаноўныя! Пасля рассылкі Звароту "Інстытута нацыянальнай памяці" ў абарону мовы па электронным сеціве і змяшчэння яго ў папярэднім нумары газеты "Наша слова" на адрас грамадзянскай ініцыятывы прыходзяць лісты чытачоў ў ягоную падтрымку. Некаторыя просяць далучыць іх да ліку падпісантаў Звароту.

Мы выказваем сваю сардэчную ўдзячнасць за падобны намер - па-грамадзянску высакародныя парыванні! Адначасова ўсім, хто пажадае зрабіць крок насустрач нашай акцыі, прапануем наступнае:

- калі ласка,шырэй распаўсюджвайце Зварот сярод сваіх сяброў і знаёмых;

- накіроўвайце свае лісты, няхай сабе і кароткія, на імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ( 220016, Мінск, вул. К. Маркса, 38) са словамі падтрымкі Звароту аб адраджэнні і развіцці беларускай мовы. (Пры гэтым важна, каб на канверце вы ўказвалі свой поўны адрас для адказу Вам на Ваш ліст);

- копію свайго ліста ў падтрымку Звароту перасылайце нам на адрас газеты "Наша слова" альбо па e-mail: Алегу Гаеўскаму, што важна для інфармацыі і збору звестак пра настрой грамадзян.

Кожны, хто падтрымае Зварот такім чынам, будзе залічаны ў сябры грамадзянскай ініцыятывы "Інстытут нацыянальнай памяці".

З павагай каардынатар грамадзянскай ініцыятывы Васіль Якавенка.


"Папараць-кветка" Фелікса Шкірманкова

У Менску пабачыла свет новая кніга вершаў актыўнага сябра ТБМ, ветэрана вайны Фелікса Шкірманкова. Прапануем два вершы з кнігі.

ЖАДАННЕ

Хачу ўсюды бачыць вясёлыя травы.

Хачу, каб здзяйсняліся светлыя мары,

Каб людзі памылкі сябрам даравалі,

Каб крыўды на іх у душы не трымалі.

Хачу, каб цвілі прыгажосцю жанчыны,

Каб сталі шляхетнымі нашы мужчыны.

Хачу, каб сутычкі, канчаліся мірам,

Каб дружба была непадкупнай і шчырай.

Хачу, каб з нас кожны мог выказаць смела

Усё, што ў ягонай душы набалела,

Каб быў лад сямейны, здаровыя дзеці,

Каб мір і спакой надышоў на планеце.

Нястачы каб людзі ніколі не зналі,

Да Божага храма шляхі адшукалі.

Тады - я сцвярджаць гэта смела бяруся -

Рай зямны будзе на Беларусі!

18 сакавіка 2007 г.

ПАПАРАЦЬ-КВЕТКА

Каб папараць-кветку

я ў лесе знайшоў,

Дык з ёй бы па родных

прасторах пайшоў,

Каб радасці крыху

дасталася ўсім,

Каму не пашчасціла

ўбачыць самім,

Як папараць-кветка ўначы расцвітае

Чароўным святлом,

што пад лісцем хавае.

Не ведаю нават,

ці здзейсніцца гэта,

Але калі ёсць у жыцці тваім мэта,

Ты некалі ў лес зачарованы пойдзеш

I папараць-кветку

жыцця свайго знойдзеш...

23 сакавіка 2008 г.


Грунвальдская бітва 1410 года - ліквідацыя пагрозы незалежнасці ВКЛ

(Да 600-годдзя пачатку Вялікай вайны з Тэўтонскім ордэнам)

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

У бой уступілі другая і трэцяя лініі войска Вялікага Княства Літоўскага. На працягу цэлай гадзіны адбываўся бой паміж лёгкай конніцай Вітаўта і цяжкай конніцай крыжакоў. Пад націскам свежых сіл крыжакоў лёгкія конныя аддзелы Вітаўта адступілі да Любенскага возера, прыцягваючы да сябе крыжакоў. Гэта была звычайная тактыка беларускалітоўскіх і татарскіх аддзелаў - змучыць цяжкаўзброеную конніцу ворага нібыта пагоняй, парушыць яго баявыя парадкі, а потым вярнуцца на поле бою. Астатнія аддзелы войска Вялікага Княства Літоўскага працягвалі бітву побач з польскім войскам, якое спачатку стрымлівала, а потым атакавала галоўныя сілы крыжакоў.

Асабліва напружана разгортвалася бітва на левым крыле арміі Вітаўта ля стыку з польскім войскам. Тут пад камандаваннем мсціслаўскага князя Сымона Лугвена Альгердавіча мужна змагаліся тры смаленскамсціслаўскія харугвы (або інакш "гуфы"). Ян Длугаш пра гэта запісаў: "Хоць пад адною харугваю іх высеклі жахлівым чынам, а сцяг іх быў утаптаны ў зямлю, аднак у дзвюх астатніх, змагаючыся з вялікай мужнасцю, як належыць мужам і рыцарам, выйшлі пераможцамі і далучыліся да аддзелаў польскіх". Дарэчы, у іншых хроніках у адрозненне ад Длугаша гэтыя палкі не згадваюцца як толькі смаленскія. М. Стрыйкоўскі піша пра гэты эпізод бітвы інакш: "Смаленская, троцкая шляхта, віленская з гроднянамі, бачучы ўжо літоўскі шыхт слабы і змешаны, цешучы адзін другога, адразу прыйшлі да справы, і з крыжакамі зноў пачалі бой крывавы".

На другім этапе бітвы польскае войска пачало цяжкі бой з правым флангам рыцараў (20 харугваў на чале з вялікім комтурам Куна фон Ліхтэнштэйнам). Быў момант, калі ўпаў вялікі каралеўскі сцяг. Рыцары, тыя, што вярнуліся з пагоні за лёгкай конніцай Вітаўта, ужо рыхтаваліся святкаваць перамогу, але польскія харугвы разам з войскам Вітаўта працягвалі весці зацяты бой. У бітву былі ўведзены новыя польскія аддзелы, якія знаходзіліся ў рэзерве. Да іх далучыліся аддзелы Вітаўта, якія вярнуліся на поле бою. Гэтыя сілы акружылі і знішчылі частку нямецкіх рыцараў, што вярнуліся з пагоні за літоўскімі атрадамі. Над полем бою гучаў радасны вокліч саюзнікаў: "Літва вяртаецца!" Тым не менш гэта быў крытычны момант. У апошняй фазе бітвы саюзнікі ахоплівалі галоўныя сілы крыжакоў і іх другую лінію, на чале з самім вялікім магістрам Ордэна Ульрыхам фон Юнгінгенам. Польскія харугвы з левага флангу, літоўскабеларускія і ўкраінскія - з правага. Яны збівалі нямецкіх крыжакоў з іх пазіцый і знішчалі іх.

У баі адзін з простых воінаў Вітаўта, наблізіўшыся да вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгена, усадзіў сваю рагаціну ў шыю магістра і скінуў яго з каня. Смерць Ульрыха фон Юнгінгена акрыліла саюзнікаў. Шэсць крыжацкіх харугваў на чале з вялікім шпітальнікам Вернерам фон Тэтынгенам кінуліся ўцякаць. Сотні рыцараў здаваліся ў палон. Былі забіты ў баі кіраўнікі і полкаводцы Ордэна вялікі маршалак Фрыдрых фон Валенрод, вялікі комтур Куна фон Ліхтэнштэйн, загінулі амаль усе комтуры (кіраўнікі акругаў) і войт Тэўтонскага ордэну. Рэшткі крыжацкага войска пасля шасцігадзіннага бою пачалі хутка адыходзіць да свайго ўмацаванага лагера - вагенбурга, а шмат хто ў паніцы ўцякаў з полю бою.

У 7 гадзін вечара 15 ліпеня 1410 г. бітва пад Грунвальдам скончылася ўзяццем пальскай і беларускай пяхотай вагенбурга, раскінутага на полі ля Грунвальда. Тэўтонскі ордэн быў разгромлены. Конніца саюзнікаў да самай ночы даганяла недабіткаў.

Перамога ў Грунвальдскай бітвы мае і вайсковы, і палітычны аспекты. Вайсковае значэнне бітвы цяжка пераацаніць. Гісторыкі лічаць, што ў бітве пад Грунвальдам (у беларускіх летапісах - каля Дуброўны) загінула 18 тысяч нямецкіх рыцараўкрыжакоў, воінаў і абознай чэлядзі, а 14 тысяч было ўзята ў палон. Былі захоплены ўсе бамбарды і 52 крыжацкія харугвы. Выратавалася з полю боя крыху болей за 1400 чалавек, якім удалося ўцячы ў сталіцу сваёй дзяржавы - Марыенбург (па-польску Мальборк).

У вініку перамогі пад Грунвальдам праз некаторы час (1 лютага 1411г.) у Торуні быў заключаны мір, паводле якога Тэўтонскі ордэн павінен быў вярнуць Польшчы Добжынскую зямлю (на паўночны захад ад Варшавы), вяртаў Ягайлу і Вітаўту Жамойцію, але толькі пакуль што ў іх пажыццёвае ўладанне і выплочваў пераможцам - Ягайлу і Вітаўту кантрыбуцыю - 100 тысяч коп грошаў пражскіх. Гэта было нашмат менш таго, на што разлічвалі пераможцы. Бо ў вайсковым лагеры пры аблозе Марыенбурга ў ліпеніверасні 1410 г. кароль Уладзіслаў ІІ (Ягайла) адмысловым актам перадаваў Вітаўту і Вялікаму Княству Літоўскаму і Рускаму Жамойцію да самага Балтыйскага мора, і ўсходнія землі прусаў разам з Кёнігсбергам (Караляўцом), г.зн. усю цяперашнюю Калінінградскую вобласць.

Торуньскі мір не мог задаволіць абодва бакі - і саюзнікаў, і Тэўтонскі ордэн.

У гэтых абставінах і Польшча і Вялікае Княства літоўскае пайшлі на ўзнаўленне дзяржаўнага саюзу. Тэўтонскі ордэн пацярпеў сур'ёзнае паражэнне ў наступнай вайне 1454 - 1466 гг. калі Польшча вярнула сабе выйсце да Балтыйскага мора, а ў 1525 г. Тэўтонскі ордэн спыніў сваё існаванне як дзяржава. Жамойція таксама канчаткова адыйшла ў 1422 г. да Вялікага Княства Літоўскага і з сярэдзіны ХV ст. лічылася аўтаномнай адзінкай дзяржавы.

Аднак вялікае значэнне Грунвальдскай бітвы не абмяжоўваецца толькі вайсковымі поспехамі і тэрытарыяльным пашырэннем абедзвюх дзяржаўпераможцаў. Быў нанесены такі моцны ўдар па гэтай вайсковай дзяржаве, які Ордэн не перажыў. Дарэчы, ён існуе і цяпер, але хто ведае пра гэтую арыстакратычную царкоўнадабрачынную арганізацыю. А як вайсковая дзяржава Тэўтонскі (Нямецкі) ордэн хутка знік. Яго тэрыторыя стала васальным у дачыненні да польскага караля герцагствам Прусія. Больш за тое. Бітва пад Грунвальдам спыніла нямецкую агрэсію на ўсод. Пяцьсот гадоў нямецкія жаўнеры не прыходзілі на тэрыторыю Беларусі, да самай Першай Сусветнай вайны.

Ліцьвінаўбеларусаў і жамойтаў ужо не чакала пагроза асіміляцыі нямецкімі заваёўнікамі, як гэта здарылася з народам прусаў, ад якіх засталася толькі геаграфічная назва іх тэрыторыі. Спыніліся пастаянныя напады нямецкіх крыжакоў на беларускія землі.

Перамога пад Грунвальдам мела і далёкасяжныя палітычныя наступствы. Пры Вітаўце БеларускаЛітоўская дзяржава выйшла на сусветна міжнародную арэну. Яна сталася еўрапейскай дзяржавай, з якой лічыліся каралі, германскі імператар і рымскі папа. Умацаваліся сувязі Вялікага Княства Літоўскага з еўрапейскімі краінамі.

Урэшце, Грунвальд умацаваў на стагоддзі дзяржаўны саюз (унію) Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай, што спрыяла пранікненню заходнееўрапейскай культуры праз Польшчу ў Беларусь. Беларускія юнакі пачалі выязджаць у еўрапейскія універсітэты. Яскравы прыклад гэтага - вучоба Францішка Скарыны, як і шмат якіх юнакоў, у Кракаўскім універсітэце. Беларусы сягалі аж да універсітэраў у Нямеччыне (у тым ліку ў Эльзасе), Аўстрыі, Італіі, а пазней Нідэрландаў, Англіі і Шатландыі.

Бітва пад Грунвальдам запісана ў беларускіх летапісах. Яна была працягам ўсталявання вайсковых традыцый беларускіх рыцараў і палкаводцаў. Абапіраючыся на гэтыя баявыя традыцыі, беларускаія ваяры атрымлівалі перамогі і ў наступных стагоддзях. Яскравым прыкладам гэтага з'яўляецца славутая бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. і перамогі над ворагам падчас Лівонскай вайны.

Анатоль Грыцкевіч


"Полацкі нумар" АРХЭ: аншлаг у Наваполацку

18 чэрвеня адбылася прэзентацыю "Полацкага ну-мара" часопіса ARCHE, які зладзіла суполка "Рубон" Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларус-кай мовы імя Ф. Скарыны. У сустрэчы ўдзельнічалі рэдак-тар часопіса В. Булгакаў, аўтары нумара У. Арлоў, В. Варонін, М. Баўтовіч. Прысутнічаў філолаг, перакладчык, старшыня ПБНФ Л. Баршчэўскі.На сустрэчу ў невялікае памяшканне прыйшло больш за 80 аматараў беларускай гісторыі і літаратуры.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX