Вярнуцца: 2009

№ 26 (917)


Крыніца: pawet.net.



№ 26 (917) 1 ЛІПЕНЯ 2009 г.


150 гадоў з дня народзінаў Канстанціна Горскага

ГОРСКІ Канстанцін Антоні Канстанцінавіч (13.06.1859 - 31.05.1924) нарадзіўся ў Лідзе. Скончыў Віленскую філалагічную гімназію. Вучыўся ў музычным інстытуце ў Варшаве ў Концкага, вучня Паганіні. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю ў знакамітага майстра і геніяльнага педагога Леапольда Аўэра (1881) з вялікім срэбным медалём. Кампазіцыі вучыўся ў М.А. Рымскага-Корсакава. Выкладаў музыку ў Пензе, Саратаве. У Тыфлісе быў дырэктарам музычнай школы, узначальваў оперную трупу. Тут К. Горскі пазнаёміўся з П.І. Чайкоўскім, гэтае знаёмства перараслоў шчырае сяброўства. З 1890 г. Горскі ў Харкаве. У 1891 годзе К. Горскі стварыў легенду з канцэрта П. Чайкоўскага "Concert`y D-dur", якім дырыжаваў сам П. Чайкоўскі. Ігра Горскага так уразіла Чайкоўскага, што той у фінале заміж таго, каб даць знак аркестру, расплакаўся. У час вайны з ініцыятывы чэшскіх музыкаў у Харкаве быў утвораны "Смычковы квартэт імя К. Горскага", у якім сам Горскі іграў 1-ю скрыпку.

З 1919 г. Горскі ў Варшаве, дзе граў у кінатэатрах, каб зарабіць на жыццё. З 1922 г. у Познані, быў канцэртмайстрам у оперным тэатры.

Музыка, кампазітар, педагог, аўтар 5 скрыпічных канцэртаў, мазуркі, паланеза, 12 песень, фантазіі для аргана, літургічных песень, танцавальнай музыкі, (паланезы, мазуркі), твораў для скрыпкі, фартэпіяна, песень, фантазіі для аргана, імш, сімфанічных паэм "На Алімпе", "Зачарованае кола", опер "Па хлеб", "Маргер" на лібрэта Уладзіслава Сыракомлі (клавір выдадзены ў Пецярбурзе ў 1905 г., пастаўлена опера ў 1927 г. у Познані). Музыказнаўцы называюць оперу "Маргер" першай сапраўднай класічнай беларускай операй.

Пахаваны ў Познані.

У Лідзе на базе Лідскай музычнай навучальні штогод праводзіцца музычны конкурс імя Канстанціна Горскага.

Партрэт Канстанціна Горскага пэндзля лідскага мастака Ўладзіміра Мельнікава, 2009 г., публікуецца ўпершыню.


ВІКТАРУ КАРАМАЗАВУ - 75

АРАМАЗАЎ Віктар Філімонавіч (н. 27.6.1934, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл.), бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1958). Працаваў у раённых газетах. З 1964 у газ. «Звязда», з 1969 у «Літаратуры і мастацтве». З 1971 заг. аддзела маст. фільмаў Бел. дзярж. к-та па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1982-86 літкансультант СП Беларусі. Друкуецца з 1957. Першы зб. апавяданняў «Падранак» (1968). У зб-ках «Па талым снезе» (1973), «Спіраль» (1974) сцвярджае дабрыню, духоўную годнасць чалавека. У эпічным, лірыка-публіцыстычным рамане «Пушча» (1978, экранізаваны ў 1988) на прыкладзе Ліменскай пушчы на Чэрыкаўшчыне маст. сродкамі паказаў бядотны лёс лясоў на Беларусі. Аповесць «Дзень Барыса і Глеба» (1980) пра сучасную вёску. Падзеям Вял. Айч. вайны прысвечаны раман «Бежанцы» (1990). Аповесць «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1991) пра мастака В. Бялыніцкага-Бірулю. У аповесці «Краем Белага шляху» (1992) тэма чарнобыльскай трагедыі. Аўтар нарысаў (зб. «Вясёлка сярод зімы», 1978), сцэнарыяў мастац. тэлефільма «Зялёныя фрэгаты» (паст. ў 1974) і дакумент. фільмаў. За кнігу публіцыстычнай прозы і эсэ «Проста ўспомніў я цябе...» (1989) Дзярж. прэмія Беларусі імя К. Каліноўскага 1990.


3 ліпеня - 65 гадоў вызвалення Беларусі

ЛЯ БРАЦКАЙ МАГІЛЫ

Прыходзім разам мы да брацкае магілы,

Каб кветкі ўскласці і хвіліну памаўчаць.

I малады, і ветэран, сабраўшы сілы,

Плячо ў плячо ля помніка стаяць.


У ветэрана успаміны наплываюць,

Малюнкі той крывавае вайны.

Што маладыя ў гэты момант адчуваюць,

Ці будуць вернымі нашчадкамі яны?


Ці зразумеюць, што ў імя свабоды

Загінуў той, хто мог сягоння жыць,

Што з кожнага людскога радаводу

Там нехта разам з іншымі ляжыць?

Франтавікоў зусім ужо нямнога,

І напамін вам - маладым - у светлы час:

Шчаслівай будзе вашая дарога,

Як памяць захаваеце пра нас.

Ф. Шкірманкоў, ветэран вайны.


Праца над новай рэдакцыяй "Закона аб мовах..." ідзе

Старшыні грамадскага аб'яднання

«Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны»

Трусаву А. А.

Аб удасканаленні заканадаўства

аб мовах у Рэспубліцы Беларусь

Паважаны Алег Анатольевіч!

Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследванняў Рэспублікі Беларусь выказвае шчырую падзяку за прадстаўленыя матэрыялы па ўдасканаленню заканадаўства аб мовах у Рэспубліцы Беларусь. Таксама паведамляем, што ў дадзены час прапрацоўваецца пытанне аб уключэнні ў план падрыхтоўкі законапраектаў на 2010 год законапраекта, накіраванага на ўдасканаленне заканадаўства аб мовах у Рэспубліцы Беларусь. Пры ўзнікненні неабходнасці ў атрыманні дадатковых матэрыялаў па вышэйзгаданаму пытанню спадзяемся на дапамогу вашай арганізацыі.

3 павагай, Першы намеснік дырэктара А.Г. Макарэвіч.


Усеагульны перапіс 1897 года

Да перапісу насельніцтва

Першы і адзіны Усеагульны перапіс насельніцтва Расійскай імперыі быў праведзены 9 лютага (28 студзеня па старым стылі) 1897 года. Гэты перапіс уяўляе сабой адзіную праўдзівую крыніцу аб колькасці насельніцтва Расіі ў канцы 19га стагоддзя, у тым ліку і ў нашым рэгіёне.

У 1861 годзе двое навукоўцаў праз Цэнтральны статыстычны камітэт былі накіраваныя ў Англію і Францыю, каб там пазнаёміцца з перапіснымі метадамі і набрацца досведу. Гэтыя краіны ад 1801 года рэгулярна праводзілі перапісы.

У Расіі першапачаткова навукоўцам Пятром Сямёнавым ЦянШанскім быў праведзены пробны перапіс у ягоным маёнтку Грамячыцы. На падставе яго былі складзеныя спецыяльныя фармуляры, якія ляглі ў аснову правядзення ўсерасійскага перапісу.

Адзінкай назірання стала гаспадарка, на якую і складаўся перапісны ліст, які ўтрымліваў 14 пунктаў. Праграма перапісу ўключала ў сябе сацыяльнадэмаграфічныя характарыстыкі тых, хто апытваўся: шлюбны стан, месца нараджэння, веравызнанне, родная мова, адукаванасць і занятак.

Паўсюдна было абвешчана, што перапіс "не будзе служыць нагодай ні для якіх новых падаткаў або павіннасцяў" , а мэта яго - "пазнаёміцца з насельыіцтвам і вывучаць яго" , а таксама "скласці дакладныя ўяўленні пра самыя розныя ўмовы народнага жыцця".

Як сведчаць дакументы, былі вельмі "важкія сур'ёзныя цяжкасці ў пошуку неабходнай колькасці добранадзейных і адукаваных асоб, на якіх можна было б ускласці абавязкі лічыльнікаў". На дапамогу прыйшлі самыя адукаваныя людзі таго часу з нізоў настаўнікі і духавенства, а таксама адукаваныя сяляне, гарадскія жыхарымяшчане, купцы, вайскоўцы, чыноўнікі.

Кожны лічыльнік атрымліваў чарнільніцу, партфель, спецыяльны нагрудны металічны знак, пасведчанне. Узнагароджанне за работу складала ад 7 да 12 рублёў. Пуд (16 кг 320 г) мяса ў той час каштаваў 3 рублі 50 капеек. Пуд чорнага хлеба 43 капейкі.

Наступны перапіс планаваўся на 1915 год. Але здарыласявайна. Перапіс 1897 года застаўся першым і апошнім усеагульным перапісам насельніцтва ў Расійскай імперыі.

Падрыхтаваў Мікола ГАЙДУК.


Францішак Багушэвіч і перапіс 1897 г.

1897 год быў абвешчаны годам першага ўсерасійскага перапісу. Гэтая вестка маланкава абляцела усю імперыю. Простаму люду было ўсё роўна: перапішуць іх ці не і як перапішуць. А вось інтэлектуалам, палітыкам былі вельмі важныя вынікі гэтага перапісу. Асабліва іх чакаў Францішак Багушэвіч. Сваімі кніжкамі "Дудка беларуская" 1891 г. "Смык біеларускі" 1894 г. ён на ўвесь свет абвясціў: што існуе Беларусь, беларускі народ, беларускі этнас. Вызначыў у "Прадмове" на "Дудкі біеларускай" і яе межы.

Памятаеце: "Можа, хто спытав: гдзе ж цяпер Беларусь?" І сам адказаў: "Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мозыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў, вёсак." То яму карцела даведацца, якія ж афіцыйныя вынікі будуць гэтага перапісу, балазе разам з іншымі пытаннямі на перапісных бланках значылася і графа "Родная мова". То Францішак вельмі чакаў вынікаў гэтага перапісу. І прычакаў. Вынікі для яго былі суцяшальныя. Пераважная большасць жыхароў Беларусі роднай моваю назвала беларускую. А інакш і не магло быць. Іншай мовы, апрача сваёй, яны не ведалі. Паводле перапісу 1897 г. у Беларусі жыло шэсць мільёнаў чалавек. Якраз гэтую лічбу называў Францішак Багушэвіч у сваёй прадмове да "Дудкі беларускай" у траўні 1891 года, яшчэ не маючы вынікаў перапісу: "Нас жа не жменька, а шэсць мільёнаў..."

Перапіс 1897 года быў праведзены 9га лютага (28га студзеня па старым стылі). Гэта быў першы такі перапіс у Расіі. Наступны меркавалася, правесці ў 1915 годзе. але на гэты час выпала іншая гістарычная катаклізма: Першая сусветная вайна. Дый ужо і Мацея Бурачка не было на свеце. Але былі кнігі, у якіх ён канстатаваў: "Наша мова для нас святая, яна нам Богам даная..."

У 2009 годзе чакаецца на беларусі чарговы перапіс насельніцтва.

Мне, як даследчыку Багушэвічавай спадчыны, вельмі карцела прыняць уддзел у гэтым перапісе і найперш, вядома, у Кушлянскім абшары. Мне цікава, што за люд зараз жыве на гэтым абшары, у прылеглых да Кушлянаў вёсках. Чым ён дыхае?! Ці ў кожнай хаце ёсць Багушэвічавы кніжкі? Якія песні спявае кушлянскі люд? Ці памятае ён Багушэвічаву тэзу, што "Мова наша, ёсць такая ж людская, і панская, як і французкая.альбо нямецкая, альбо іншая якая". Наўрад ці ўласна мне прыняць удзел у гэтым перапісе. Але я буду прасіць тых, каму выпала праводзіць перапіс у Кушлянах і прылеглых да Кушлянаў навакольных вёсках не абмінуць тыя пытанні, якія цікавяць мяне, а і не толькі мяне. Перад намі, яны будуць цікавыя для ўсёй беларускай грамадскасці, тым больш сёлета Смаргонь, Смаргоншчына абвешчана месцам чарговага свята "Беларускай пісьменнасці", а ў Смаргоні плануецца адкрыць помнік Францішку Багушэвічу.

Ул. Содаль , пісьменнік, даследчык Багушэвічавай творчай спадчыны.


Праз 112 гадоў пасля першага перапісу на Беларусі ў нас усё тыя ж праблемы. Інтэлігенцыя занепакоеная тым, якія вынікі акажуцца ў моўным блоку. Улады азадачаны наборам неабходнай колькасці пісьменных перапісчыкаў. У краіне ўсеагульнай пісьменнасці - Рэспубліцы Беларусь - сродкі масавай інфармацыі падымаюць пытанні немагчымасці ўкамплектаваць штат перапісчыкаў людзьмі, якія ведаюць беларускую мову.

Усё як заўжды. Спачатку 15 гадоў душылі ўсё беларускае, потым спахапіліся, што ў краіне не набраць сотню тысяч перапісчыкаў, якія элементарна змогуць запісаць адказы грамадзян на беларускай мове. Ну, канешне, цяпер трэба вучыць перапісчыкаў беларускай мове, а побач прадаўжаць дабіваць беларускамоўную адукацыю.

Па выніках перапісу інтэлігенцыя здзівіцца - мы яшчэ жывыя? Улада ізноў азадачыцца - душыць далей, ці пара пачынаць адраджэнне недадушанага?


І навуковец, і мастак

6 чэрвеня 2009 года ў Менску ў дольнай зале бібліятэкі касцёла святых Сымона і Алены адбылася сустрэча вядомага нашага земляка Яў-гена Яўгенавіча Шыраева з сябрамі культурна-асветніцкага клуба "Спадчына".

Яўген Яўгенавіч Шыраеў нарадзіўся 19 лютага 1933 года ў радавым маёнтку Па-ляны Віленскага ваяводства (цяпер вёска Паляны Маладзечанскага раёна Менскай вобласці).

Я.Я. Шыраеў закончыў геадэзічны факультэт Дзяржаўнага універсітэта земле-ўладкавання (г. Масква). Доктар тэхнічных навук, прафесар Маскоўскага універсітэта геадэзіі і картаграфіі, прафесар Украінскага дзяржаўнага універсітэта (г. Масква), член Творчага саюза мастакоў Расіі і Міжнароднай федэрацыі мастакоў.

Яго асноўныя кірункі навуковай дзейнасці - геаінфарматыка, картаграфія, аэракасмічныя метады дыстан-цыйнага зандавання; этнаграфія, мастацтвазнаўства, гісторыя Беларусі.

Як навуковец Я.Я. Шыраеў сфармаваўся ў Маскоўскім універсітэце імя М.В. Ламаносава. У МДУ ён падрыхтаваў абедзве дысертацыі: на ступень кандыдата тэхнічных навук на кафедры картаграфіі і геаінфарматыкі геаграфічнага факультэта, на ступень доктара тэхнічных навук - на кафедры геафізічных метадаў даследавання зямной кары геалагічнага факультэта

Я.Я. Шыраеў аўтар 8 манаграфій і навуковых падручнікаў, звыш 150 навуковых прац, 18 вынаходніцтваў, звыш 30 публікацый за мяжой. Яго кнігі выдадзены ў Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Германіі, Кітаі, Беларусі, Расіі і іншых краінах. Кнігі Я.Я. Шыраева захоўваюцца, імі карыстаюцца навуковыя супрацоўнікі, аспіранты, студэнты ў бібліятэках 285 універсітэтаў і каледжаў Заходняй Еўропы, Азіі, Афрыкі, Аўстраліі, Канады, Бела-русі, Расіі і іншых месцах. Найбльш значнай навуковай працай, якая адлюстроўвае яго асабістыя навуковыя распрацоўкі, з'яўляецца манаграфія "Computers and the representation of geographical data", выдадзеная ў 1987 годзе ў Англіі Міжнароднай выдавецкай фірмай "John Wiley" (ЗША - Англія). Публікацыя яе ў такім аўтарытэтным міжнародным выдавецтве навуковай літаратуры зрабіла яго імя шырока вядомым ў навуковых колах на Захадзе ў дадзенай вобласці навукі. У 1994 годзе Я.Я. Шыраеў абраны Прэзі-дэнтам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (Парыж - Масква - Пекін).

Акрамя сваёй навуковай дзейнасці Яўген Яўгенавіч праводзіў значныя навукова-даследчыя работы па гісторыі (напрыклад, "История При-днестровья в картах") і этнаграфіі Беларусі. У 1991 годзе ў выдавецтве "Навука і тэхніка" АН БССР выйшла яго кніга "Беларусь: Русь Белая, Русь Черная и Литва в картах". У гэтай кнізе практычна ўпершыню сабраны пад адну вокладку і пракаментаваны ўсе ці амаль усе вядомыя карты рэгіёна, прычым яны былі выкананы нейтральнымі картографамі і гісторыкамі Заходняй Еўропы.

Яўген Яўгенавіч яшчэ шырока вядомы і як мастак. Жывапісам захапляецца з дзяцінства. Паралельна з вучобай ва універсітэце ён займаўся ў студыях вядомых мастакоў. Пазней, займаючыся выкладчыцкай і навуковай дзейнасцю, ён паранейшаму надае многа ўвагі жывапісу. З цягам часу яго майстэрства ў жывапісе і графіцы дасягае высокага прафесійнага ўзроўню. Яму аднолькава пад сілу пейзаж, парт-рэт, кампазіцыя. Я.Я. Шыраеў аўтар алейных партрэтаў рэктараў Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта імя М.В. Ламаносава (напр. Б.С. Сакалова, В.А. Садоўнічага, В.К. Хмялеўскага ). Галерэя гэтых твораў пастаянна экспануецца ў ста-рым будынку Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта імя М.В. Ламаносава на Манежнай вуліцы ў Маскве. Яго мастацкія творы экспануюцца ў Цэн-тральным доме вучоных Расійскай акадэміі навук. Я.Я. Шыраеў - удзельнік групавых і персанальных выставаў у Расіі і за мяжой. Персанальныя вы-ставы былі прысвечаны святкаванню 1000-годззя хрышчэння Русі, 250-годдзю заснавання Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта імя М.В. Ламаносава. Адна з апошніх персанальных выставаў праходзіла ў ЗША у штаце Мічы-ган. Мастацкая грамадскасць аднеслася да выставы з вялікай цікавасцю і адзначыла высокі ўзровень майстэрства мастака, асабліва ў пейзажах, выкананых у стылі класічнага імпрэсіянізму, і ў партрэтах з тонкай перадачай вонкавага падабенства і рысаў характару парт-рэтаванага.

У сваёй творчасці Я.Я. Шыраеў прытрымліваецца рэалістычнага жывапісу ("Цішыня", "Рабушкі", "Сасновы бор"). Разам з тым ён не адхіляе і іншыя стылі і кірункі ("Асенняя шматколернасць", "Спякотны поўдзень", "Куток Бароўска" - уплыў мастакоў-імпрэсіяністаў ). Галоўным у яго канцэпцыі з'яўляецца эстэтычы бок твора. Ён звяртае ўвагу на сувязь эстэтычных кірункаў у мастацтве з навукай. Свае адносіны да сучаснага мастацтва ён выказаў у кнізе "Найвялікшае шарлатанства ХХ стагоддзя" (М., 1998). У кнізе, паводле шматлікіх водгукаў, аўтар выступае з пра-пановай інтэграцыі навукі і мастацтва, паказвае ролю мастацтва ў эстэтычным выха-ванні ў сучасных умовах. У прыватнасці, Акадэмік АН Еўразіі, прафесар Барыс Кіт зазначыў, што гэтая манаграфія аднолькава цікавая і ка-рысная для творчых людзей ў розных абласцях дзейнасці і для шырокага кола чытача.

Яўген Яўгенавіч расказаў сябрам клуба "Спадчына" пра свой жыццёвы і навуковы шлях, пра свае творчыя дасягненні і задумы, адказаў на шматлікія пытанні сяброў клуба "Спадчына". Старшыня клуба А.Я. Белы ўручыў Я.Я. Шыраеву крыштальны кубак "25 гадоў клуба "Спадчына", а сябры клуба ўручылі свае кнігі з аўтографамі. Я.Я. Шы-раеў у сваю чаргу падпісаў свае кнігі, у асноўным кнігу "Бела-русь: Русь Белая, Русь Черная и Литва в картах".

Дачка Яўгена Яўгена-віча, Наталля, якая жыве ў ЗША, расказала пра дзейнасць беларускай дыяспары ў ЗША. Яна таксама мастачка, пайшла "па бацькоўскіх слядах".

Сустрэча атрымалася цікавай, змястоўнай і пазна-вальнай. Гэтая сустрэча адбылася ў плане шэрагу мера-прыемстваў, прысвечаных 25-годдзю клуба "Спадчына".

Анатоль Валахановіч, пісьменнік, гісторык-журналіст, краязнавец

Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў ліпені

Адамчык Надзея Іванаўна Амяльковіч Віталь Леанідавіч Арбузаў Анатоль Цімафеевіч Арэшка Вераніка Вечаслав. Аўдзейчык Ілля Анатольевіч Аўсей Аляксандр Бабенка Сяргей Баброўская Марына Вітал. Балашка Алег Баран Аляксандр Бараноўскі Ігар Віктаравіч Барболін Васіль Васільевіч Бармута Юлія Уладзіміраўна Бацян Пётр Дзмітрыевіч Белан Наталля Бельская Святлана Блізнюк Аляксандр Алякс. Богдан Вадзім Міхайлавіч Бубешка Уладзімір Бумажэнка Я. М. Буцко Павел Анісімавіч Бязрукая Маргарыта Юр. Варачаева Анастасія Андр. Васечка Іван Уладзіміравіч Ваўчок Аляксандр Вячорка Вінцук Рыгоравіч Гайко Сяржук Анатольевіч Галай Аркадзь Апанасавіч Ганчароў Мікалай Паўлавіч Герасімовіч Казімір Станісл. Глазко Дзмітрый Мікалаевіч Гняткоў Валеры Голышаў Павел Грузноў Валерый Іосіфавіч Грынько М.У. Гулевіч Пётр Фёдаравіч Гуркоў Сяргей Мікалаевіч Дабравольская Наталля Міх. Данілава Таццяна Даніловіч Мар'яна Даўматовіч Іван Уладзімір. Дзянісаў Гальляш Дрожынава Іна Аркадзеўна Ермакова Святлана Сярг. Ермалёнак Вітольд Антонавіч Ермаловіч Святлана Жмачынскі Аляксандр Вікт. Жукоўскі Ігар Жыгальская Вольга Анатол. Залацілін Аляксандр Валер. Звераў Юры Звонік Святлана Згурская Ганна Здановіч Іван Юльянавіч Зелянкевіч Наталля Знавец Павел Кірылавіч Зуёнак Васіль Васільевіч Ільініч Наталля Валянцінаўна Ішчанка Кацярына Сяргееўна Кавалёнак Л. П. Казлова Алена Казлова Святлана Мікал. Казлоўскі Іван Іванавіч Казляк Любоў Калеева Вераніка Уладзімір. Каракін Андрэй Анатольевіч Кардаш Наталля Аляксандр. Кароткі Мікалай Мікітавіч Карп Алена Аляксандраўна Картавенкава Галіна Пятр. Карчэўскі Анатоль Касяк Кастусь Кобер Таіса Корзун Валянціна Коцікаў Ян Краснеўскі Віталь Сяргеевіч Краўчанка Сяргей Канстанц. Краўчук Маргарыта Дзмітр. Крываручанка Ігар Мікал. Крывашэеў Зміцер Сяргеевіч Крывёнак Міхаіл Фадзеевіч Ксянзоў Кірыл Уладзіміравіч Кузяцоў Ігар Мікалаевіч Кулак Жанна Язэпаўна Кульбеда Дзмітрый Сярг. Кульбіцкі Пятро С. Кундас Ганна Кухарчык Пётр Андрэевіч Лабадзенка Глеб Паўлавіч Лагутаў Віталь Лажкова Наталля Лапановіч Андрэй Васільевіч Лапкоўскі Алег Мікалаевіч Лесавы Кірыл Лецяга Ігар Ліннік Міхаіл Аляксандравіч Ліннік Сяргей Мікалаевіч Літвіненка Аляксандр Лукін Ілля Міхайлавіч Макарыч Максім Міхайлавіч Макоўская Алена Максімава Кацярына Максуць Надзея Віктараўна Мароз Наталля Алегаўна Марчанка Пётр Георгіевіч Машанскі Аляксандр Іван. Машынская Ірына Антонаўна Мікалаеўская Анастасія Іван. Місцюк Уладзімір Мікал. Місцюкевіч Аляксандр Іван. Млынарчык Марыя Молчан Барыс Валянцінавіч Мулашкіна Лізавета Дзмітр. Муха Анатоль Міхайлавіч Навіцкі Пётр Лявонавіч Найдзёнава Вера Недзялкаў Яраслаў Нікалаеўская Вольга Ігараўна Нікановіч Васіль Васільевіч Новікава Марыя Сяргееўна Пазняк Жанна Панізнік Алена Іванаўна Паплыка Аляксандра Сярг. Парда Аліна Іванаўна Пастарнак Барыс Натанавіч Паўлоўская Ганна Валер'еўна Пашкевіч Алег Эдуардавіч Пашкевіч Мікалай Іванавіч Пашкевіч Таццяна Валер. Піскун Андрэй Анатольевіч Пракоф'ева Юлія Прыбыткова Святлана Пузанкевіч Сяргей Уладзім. Пятроў Аляксандр Аляксан. Радзівонава Ірына Яўгенаўна Радчук Віталь Дзмітрыевіч Рамук Алена Рашчэўскі Віталь Часлававіч Розін Дзмітры Барысавіч Рудовіч Мікалай Русаў Пятро Аляксандравіч Рымша Алесь Георгіевіч Савік Мікола Пятровіч Савіна Анастасія Сакалоўскі Уладзімір Самасюк Аляксандр Міхайл. Сарокін Арцём Адамавіч Семяненка Максім Уладзім. Сінцова Таццяна Скупановіч Уладзімір Леан. Смаль Валянцін Мікалаевіч Смола Таццяна Стрыгельская Наталля Анат. Сыч Ніна Лявонцьеўна Сяменчык Настасся Мікал. Сяркоў Андрусь Сяткоўская Вераніка Уладзім. Талапіла Алесь Львовіч Талатай Святлана Талерчык Тамара Васільеўна Танкевіч Аляксандр Яўген. Ткачова Вольга Трапашка Марыя Трацяк Вера Тумаш Генадзь Тупік Кацярына Віктараўна Уласава Руслана Ігараўна Усцінава Людміла Нікіфар. Хасанаў Ігар Хрол Часлаў Часлававіч Цітко Валянцін Уладзіміравіч Ціцянкова Галіна Цішкевіч Вольга Іосіфаўна Цішко Валянцін Уладзімір. Цыганкоў Генадзь Васільевіч Цюленеў Аляксандр Алякс. Цюшкевіч Сяргей Анатол. Чапля Данута Чарнышоў Алесь Ігаравіч Чарткоў Мікола Альгердавіч Чыгір Клаўдзія Сцяпанаўна Чысцякоў Аляксей Уладзім. Шалупенка Васіль Іванавіч Шарашовец Аляксандр Мік. Шафаловіч Аляксандр Пятр. Шусціцкі Тадэвуш Віктар. Шымірка Анатоль Шыпай Аляксандра Генадз. Шычко Валянціна Шычко Святлана Вячаслав. Шэравера Руслан Уладзімір. Язерскі Сяргей Ярмац Аляксандр Аляксан. Яўцюшкіна Таццяна Алякс. Ячычка Віктар


СМЯЁМСЯ ПА-БЕЛАРУСКУ

Кніжка мае назву "Анекдоцік у роцік". У ёй сабраныя "смяшынкі, жартоўкі, анекдоткі, досціпы ў запісах і апрацоўцы Ўладзіміра Содаля і яго ўнука Сержыка".

Імя Ўладзіміра Содаля даўно і добра вядомае ў Беларусі. Ён знаны пісьменнік і даследчык літаратуры, а ў былыя лепшыя часы яшчэ і стваральнік ды вядоўца папулярнай тэлевізійнай перадачы "Роднае слова". Згадаем некаторыя яго кніжкі (невялікія па аб'ёме, але каштоўныя па багацці сабранай інфармацыі і яе асэнсаванні): "Жупранская старонка", "Святы той куточак фальварак Свіраны" (прысвечаныя мясцінам, звязаным з жыццём Францішка Багушэвіча), "Карпілаўка" (пра колішнюю сядзібу Антона Лявіцкага пісьменніка Ядвігіна Ш.), "Волат з Мігаўкі" (успаміны землякоў пра жыццё Аляксандра Ўласава), альбомы, прысвечаныя жыццю і творчасці Вінцэнта ДунінаМарцінкевіча. Як ствараюцца такія кніжкі? Тут не толькі веды, але і ўласныя доследы, пошукі вандроўкі, сустрэчы, размовы з людзьмі, вывучэнне мясцінаў, звязаных з жыццём і творчасцю герояў кніг, часам уласныя прыдумкі, здагадкі, інтуіцыя... Такі ўжо ён, спадар Уладзімір: цікаўны, дапытлівы, уважлівы да кожнай дробязі, удумлівы, захоплены сваімі героямі, роднай мовай з яе багаццямі і асаблівасцямі. Дадатковым плёнам такіх вандровак сталася кніжка "Умей слухаць", у якой сабраныя народныя жарты і досціпы, "падслуханыя" ў багушэвічавых мясцінах. Уменне бачыць і слухаць выклікала да жыцця і гэтую новую кніжачку анекдотаў, жартаў, досціпаў, смяшынак, складзеную спадаром Содалем разам з унучкам Сержыкам. Кніжка тым і адметная, што стварылі яе ўдваіх дзядуля з унукам. Дарэчы, Сержык, цяпер ужо хутчэй Сяржук, вучань дзесятага класа, таксама не такі ўжо навічок у літаратуры. Вершы піша з самага маленства, а пару гадоў таму выдаў сваю першую кніжачку "Кветка мая Беларусь". І ў гэтай кніжцы значная колькасць жартаў ягонага аўтарства. Яны пазнаюцца, вылучаюцца па тэматыцы і па стылі, дадаюць кніжцы сучаснасці, напаўняюць рэаліямі жыцця сённяшняй вучнёускай моладзі.

Вось адзін з такіх жартаў. "Стомленаму хлопчыку прапанавалі зрабіць урокі на колькі дзён наперад. Той зняможана сказаў: "Не магу!.. Батарэйкі селі!" Зразумела, так думаць і жартаваць могуць толькі сучасныя дзеці.

Калі на беларускай мове жартуюць, значыць яна жыве, развіваецца, выкарыстоўваецца ў актыўным ужытку. Пачутыя, зафіксаваныя ды у кніжачку сабраныя моўныя залацінкі ўжо не страцяцца, не пагубляюцца ў забыцці. Такія, напрыклад, якія падабрала адна "дачніцаудачніца"для размоваў са сваім агародам: "Добры дзень, панагарод, радзі ўсім на увесь год! Добры дзень, памідорысеньёры! Вітаю і цябе, гарох, няхай дапаможа табе Бог! I вы, ваярыагуркі, каб раслі вялікія, як пацукі! Тое ж і вам, бурачкімацачкі!" Не дзіва, што пасля такіх слоў усё ў яе цудоўна родзіць.

Шматлікія анекдатычныя сітуацыі ўзнікаюць у выніку непаразуменняў на мяжы беларускарасійскага двухмоўя. Блытаюцца рознамоўныя словы ("пранік" як прылада для разгладжвання бялізны "пранік" у значэнні "пернік"; "араць" плугам "араць" у сэнсе "крычаць"; "лук" як зброя і "лук" замест "цыбуля" пабеларуску).

А ёсць і такія "смяшынкі", ад якіх робіцца сумна. Найчасцей гэта, калі хтось беларускіх слоў не ведае, і ... калі жонка мужа б'е (пра такіх мужыкоў жонкамі пакрыўджаных, тут нямала гісторый назбіралася). У канцы кніжкі аўтары прыводзяць шэраг афарызмаў і помавак пра гумар. "Лепш жартаваць, чым гараваць", гаворыць народная мудрасць. Дык ці не ўзяць сабе гзта за правіла?

Святлана Багданкевіч


ТБМ і "Бацькаўшчына" за беларускамоўнае Шведскае радыё

ТБМ імя Ф. Скарыны і Міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Згуртаванне беларусаўсвету "Бацькаўшчына" заклікае беларусаў свету далучыцца да кампаніі падтрымкі беларускай рэдакцыі Шведскага радыё. Арганізацыі прапануюць накіроўваць лісты кіраўніцтву Шведскага радыё з патрабаваннем працягнуць вяшчанне па-беларуску пасля 1 верасня 2009 года. ТБМ звярнулася да кіраўнікоў Шведскага радыё. Пра гэта ж гаворыцца ў адмысловай заяве арганізацыі ЗБС "Бацькаўшчына", дзе выказваецца занепакоенасць тым, што з 1 верасня "Радыё Швецыя" спыняе вяшчанне на беларускай мове. Пра такое рашэнне паведаміў кіраўнік Міжнароднага канала Шведскага нацыянальнага радыё (у гэты канал уваходзіць і "Радыё Швецыя") Інгемар Лёфгрэн. Паводле слоў Лёфгрэна, Шведскае радыё "зрабіла выбар на карысць вяшчання на адной з вялікіх еўрапейскіх моваў, а менавіта - рускай, тым больш што гэта мова, якую разумеюць і ў Беларусі".

Сяргей Пульша, БелаПАН.


Літва гістарычная

Сёлета спаўняецца 1000 гадоў з часу першай згадкі ў пісьмовых дакументах Літвы як тэрыторыі і народа. Гэтым пісьмовым дакументам, у якім пад 1009 годам упершыню згадвалася Літва, былі Кведлінбургскія аналы, дзе распавядалася пра жыццё і смерць Бруна-Баніфацыя з Кверфурта. Біскуп Бруна-Баніфацый з'яўляўся вядомым прапаведнікам, які вёў місіянерскую працу сярод люцічаў (славянскі народ у цяперашняй зямлі Мекленбург-Пярэдняя Памеранія на паўночным усходзе Германіі) і печанегаў (качэўнікі-цюркі ў паўночным Прычарнамор'і), бываў у Польш-чы і Кіеўскай Русі. Пры чарговай спробе пропаведзі хрысціянства сярод язычнікаў Бруна і яго 18 спадарожнікаў загінулі на мяжы Русі і Літвы 14 лютага 1009 года. Пазней Бруна-Баніфацый як пакутнік за веру рымска-каталіцкім касцёлам быў абвешчаны святым.

Згадка пра смерць Бруна-Баніфацыя, была першай, звязанай з Літвой. Наступны раз Літва згадана пад 1040 годам, калі ва ўсходнеславянскім летапісе - "Аповесці мінулых гадоў" - паведамляецца пра паход на яе кіеўскага князя Яраслава Мудрага. Гэты паход папярэднічаў вайсковай выправе Яраслава "ў ладдзях" на Мазовію, якая раней аддзялілася ад Польшчы і вярнулася з хрысціянства ў язычніцтва. Некаторыя гісторыкі нават мяркуюць, што Мазовія, яцвягі (заходнебалцкае племя) і Літва ўтварылі вайсковы саюз, задачай якога было супрацьстаянне хрысціянскім Польшчы і Кіеўскай Русі. Пазней ва ўсходнеславянскіх летапісах Літва пералічваецца сярод народаў, якія плацяць даніну Русі. Хутчэй за ўсё, даніна на Літву была ўскладзена ў выніку ўжо згаданага паходу Яраслава Мудрага. Толькі пад канец ХІІ стагоддзя Літва настолькі ўзмацняецца, што пачынае рабіць набегі на сваіх суседзяў. Набегі робяцца яшчэ больш частымі ў пачатку ХІІІ стагоддзя. Але характэрна, што ў летапісах практычна адсутнічаюць згадкі пра набегі Літвы на цяперашнія беларускія землі - тэрыторыі Полацкага княства і Панямоння. Набегі гэтыя звычайна рабіліся на Валынь, Пскоўскую, Смаленскую і Чарнігаўскую землі, і Польшчу. У 1240-х гадах насельніцтва Літвы было аб'яднана ў дзяржаву пад кіраўніцтвам Міндоўґа, які ў 1252 г. каранаваўся ў Наваградку каралеўскай каронай. Нягледзячы на ўсе складанасці гістарычнага лёсу, Літва Міндоўга стала ядром Вялікага Княства Літоўскага - адной з найбуйнейшых сярэднявечных дзяржаў Еўропы.

На жаль, у самых ранніх дакументах не акрэсліваецца тэрыторыя Літвы і не даюцца хаця б некаторыя геаграфічныя прывязкі. Таму нашы сучаснікі ў большасці прывыклі атаясамліваць Літву старажытную з сучаснай Літоўскай Рэспублікай, хаця саманазва апошняй - Летува (Lietuva), а асноўнае насельніц-тва называе сябе "летувіс", "летувяй". Між тым, гістарычныя матэрыялы сведчаць, што на працягу многіх стагоддзяў Літвой называліся паўночна-заходняя і цэнтральная часткі сучаснай Беларусі, а на тэрыторыі сучаснай Літоўскай Рэспублікі - толькі яе меншая, паўднёва-усходняя частка, Віленшчына. Этнічная тэрыторыя беларусаў у сярэднявеччы і пазней, да ХІХ стагоддзя, падзялялася на такія гістарычныя вобласці, як ўжо згаданая Літва, на паўночным усходзе - Русь (пазней Белая Русь), на поўдні - Палессе, на захадзе - Падлессе (якое ў асноўным супадае з цяперашняй Беласточчынай), па некаторых звестках на паўднёвым усходзе яшчэ выдзяляўся такі гістарычны рэгіён як Панізоўе (куды ўваходзіла тэрыторыя вакол Крычава, Чачэрска, Прапоўска, Рагачова, Гомеля, Рэчыцы). Амаль ўсё Падзвінне і частка Падняпроўя (з Магілёвам уключна) называліся Белай Руссю (яшчэ раней Руссю), але назва Белая Русь (Беларусь) канчаткова распаўсюдзілася на іншыя рэгіёны нашай краіны толькі пад канец ХІХ стагоддзя. У прыватнасці, такое пашырэнне назвы Беларусь адлюстравана ў прадмове да зборніка Францішка Багушэвіча "Дудка беларуская". У пачатку ж і нават у сярэдзіне ХІХ стагоддзя паўночны захад і часткова цэнтр Беларусі (з Менскам уключна) па традыцыі ўсё яшчэ называліся Літвой. Дзекабрыст Аляксандр Бястужаў-Марлінскі, які ў 1821-22 гг. па абавязку вайсковай службы знаходзіўся ў вёсцы Выганічы цяперашняга Валожынскага раёна (недалёка ад Ракава), у лістах да сваіх блізкіх паведамляў, што піша "з Літвы". Нават значна пазней пісьменніца Эліза Ажэшка, якая наведала Ракаў, называла гэта мястэчка "літоўскімі (паўночнымі) Афінамі". А.С. Пушкін у сваім вядомым вершы "Клеветникам России", называў насельніцтва гістарычнай Літвы славянамі, а значыць, адносіў гэту назву да тэрыторыі сучаснай Беларусі:

"Что возмутило вас?

волнения Литвы?

Оставьте: это спор

славян между собою,

Домашний, старый спор,

уж взвешенный судьбою,

Вопрос, которого

не разрешите вы."

У 1839-1922 гг. існавала Літоўская праваслаўная епархія, у якую уваходзілі не толькі Віленская і Ковенская, але і Гарадзенская ґуберні (ўключаючы і заходнюю частку цяперашняй Берасцейскай вобласці). У 1800-1830 гг. адной з адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак у Расій-скай імперыі было Літоўскае ваеннае ґубернатарства, якое складалася з Віленскай і Гарадзенскай губерняў. Няма сумнення, што "Літоўскім" яно было названа паводле старадаўняй назвы таго тэрытарыяльнага абшару, хоць ахоплівала пераважна беларускія этнічныя землі. Нават яшчэ ў 1882 г. у трэцім томе шматтомнага выдання "Живописная Россия" пад "літоўскімі" меліся на ўвазе Віленская, Ковенская і Гарадзенская губерні, хоць і адзначалася, што Гарадзенская ґуберня ў асноўным населена беларусамі, а ў Віленскай беларусы складаюць пераважную большасць у Ашмянскім, Свянцянскім, Вілейскім і Дзісенскім паветах.

Але відавочна, што ў XIX стагоддзі ў грамадскай свядомасці адбываўся працэс распаўсюджання на заходнія і паўночна-заходнія тэрыторыі назвы "Беларусь", а для назвы "Літва" - звужэнне да абшару, заселенага балцкамоўным насельніцтвам. Што яшчэ ў пачатку XIX стагоддзя Літвой называлі і частку тагачаснай Менскай ґуберні, сведчаць вышэйпрыведзеныя прыклады з ваколіц Менска, а ўраджэнец Наваградчыны Адам Міцкевіч адну са сваіх паэм пачынаў словамі: "Літва! Мая Айчына…" ("Litwo! Ojczyzno moja!")

У петыцыі праваслаўнай шляхты да сойму Рэчы Паспалітай (1623 г.) да Літвы, акрамя Вільні, аднесены Менск, Наваградак, Гародня, Слонім, Берасце, Кобрын, Камянец, а да Белай Русі - Полацк, Дзісна, Віцебск, Орша, Мсціслаў, Магілёў, хаця абедзве гэтыя гістарычныя вобласці на той час уваходзілі у адну і тую ж дзяржаву, мелі ў асноўным славянамоўнае (дакладней, беларускамоўнае) насельніцтва, а ва ўсіх узгаданых гарадах пераважалі, ці прынамсі, складалі значную частку вернікаў, праваслаўныя. У адрозненне ад Вільні і Віленшчыны, большая частка тэрыторыі цяперашняй Літоўскай Рэспублікі ў сярэднявеччы належала да асобнай гістарычнай вобласці Жамойць (Жмудзь), а адміністрацыйная мяжа паміж уласна Літвой і Жамойцю з пачатку XV стагоддзя (г.зн. пасля Грунвальдскай бітвы) праходзіла па ніжнім і сярэднім цячэнні р. Нявежы (Нявежыс). Хоць пасля Грунвальда дзяржава нашых продкаў называлася Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, паводле тытулу правіцель гэтай дзяржавы называўся "вялікім князем літоўскім і рускім", але толькі "князем жамойцкім", што паказвае на падпарадкаванае, другараднае значэнне Жамойці як часткі дзяржавы.Усяго толькі як прыдатак, а не карэнная частка ВКЛ Жамойць разглядалася і ў XIII-XIV стагоддзях, калі Міндоўг, Ягайла, Вітаўт выкарыстоўвалі яе тэрыторыю як разменную манету ў адносінах з рыцарамі-крыжакамі, не раз саступаючы яе цалкам альбо буйнымі кавалкамі. У адрозненне ад Віленшчыны і земляў цяперашняй Беларусі, гербам Жамойці была не "Пагоня", а выява чорнага мядзведзя.

У той час, як адміністрацыйная мяжа Літвы і Жамойці была выразна зафіксаваная, усходняя і паўднёвая межы гістарычнай Літвы ў ВКЛ (а пазней і ў Рэчы Паспалітай) не былі афіцыйна пазначанымі і не супадалі з межамі ваяводстваў. Але беларускія гісторыкі В.Л. Насевіч і М.Ф. Спірыдонаў з выкарыстаннем мноства пісьмовых дакументаў XVI стагоддзя картаграфавалі больш за сотню гарадоў, маёнткаў і асобных сёлаў, пра якія ў дакументах сказана, што яны знаходзяцца "на Русі", альбо ў "рускіх воласцях". Заходнюю мяжу размяшчэння гэтых населеных пунктаў і можна лічыць мяжой паміж гістарычнымі абласцямі Русь і Літва. Аказалася, што гэтая мяжа праходзіла (з поўначы на поўдзень) па ўсходніх частках цяперашніх Мёрскага, Глыбоцкага, цэнтральнай частцы Докшыцкага, паўночным усходзе Вілейскага і усходняй частцы Лагойскага раёнаў. Далей на поўдзень мяжа ішла па заходняй частцы Смалявіцкага, захадзе Чэрвеньскага і цэнтральнай ці ўсходняй частцы Пухавіцкага раёнаў. На ўсходзе Глыбоцкага раёна (у ваколіцах возера Шо) недалёка адна ад другой маюцца вёскі Літоўскі Завулак і Рускі Завулак, якія абазначаюць памежжа колішніх гістарычных абласцей. Магчыма,яшчэ раней усходняя мяжа гістарычнай Літвы праходзіла па р. Бярэзіне. Ускосна пра гэта могуць сведчыць некаторыя дыпламатычныя дакументы Маскоўскай дзяржавы XVI ст., якія згадвалі, што раней "рубеж была тем городом с Литовскою землею по Березыню", хаця такія згадкі і былі ў першую чаргу праявай тэрытарыяльных прэтэнзіяў. На Бярэзіну як усходнюю мяжу Літвы ўказваў польскі храніст XV стагоддзя Ян Длугаш. Беларуска-літоўскія летапісы, распавядаючы пра міжусоб-ную вайну 1430-х гадоў паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам Альгердавічам, згадваюць размешчаны на р. Бярэзіне г. Барысаў як свайго роду першы больш-менш буйны населены пункт Русі недалёка ад памежжа з Літвой, а Менск, Заслаўе, Маладзечна напрамую адносілі да Літвы. Паводле этнаґрафічных дадзеных XIX стагоддзя, сярэдняе цячэнне Бярэзіны было ўсходняй мяжой распаўсюджання сахі так званага літоўскага тыпу, пашыранай ў Беларускім Панямонні. Сучасныя этнографы, падзяляючы тэрыторыю Беларусі на 6 гісторыка-этнаграфічных раёнаў, сярэдняе і часткова верхняе цячэнне Бярэзіны лічаць усходняй гістарычнай мяжой Цэнтральнай Беларусі. Да таго ж трэба мець на ўвазе, што Бярэзіна была мяжой паміж Менскім ваяводствам і Віцебскім, якое звычайна адносілі да "Русі".

На поўдні да гістарычнай Літвы варта аднесці Слуцк, Капыль і Клецк з ва-коліцамі, паколькі нідзе ў пісьмовых крыніцах XVI-XVIII стагоддзя яны не аднесены да Русі ці да Палесся. Акрамя таго, трэба мець на ўвазе, што ў "Списке русских городов дальних и ближних" (складзены, як мяркуецца, у канцы XIV стагоддзя, ці на некалькі дзесяцігоддзяў раней) сярод пералічаных "градов Литовских" Слуцк і Клецк з'яўляюцца самымі паўднёвымі на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. Калі ж браць межы пазнейшых гістарычна-этнаграфічных раёнаў, дык прыблізная мяжа Цэнтральнай Беларусі з Усходнім Палессем праходзіла па лініі Любань - Старобін - Чудзін - паўночней ад Ганцавічаў. Ад Ганцавічаў мяжа Панямоння з Заходнім Палессем ішла далей на захад (на поўдзень ад Івацэвічаў - ваколіцаў Бярозы, і далей па вярхоўях Ясельды і Нарава). Гэта этнаграфічная мяжа збольшага супадае з паўночнай мяжой заходнепалескай групы гаворак (Ганцавічы - Целяханы - Пружаны), якая прасочваеццпа паводле дадзеных дыялекталогіі. У адным з дакументаў 1570 г. маёнтак Косава (зараз у Івацэвіцкім раёне) аднесены да ўласна Літвы, у 1566 г. маёнтак Серабрышча (цяпер у Баранавіцкім раёне) згаданы ў Літве і адрозніваецца ад "палескіх маёнткаў". Паводле этнаграфічных запісаў XIX стагоддзя, насельніцтва з поўдня ад Выганаўскіх балотаў (Выганаўскае возера - у Івацэвіцкім раёне) лічыла тых, хто жыў на поўнач ад іх - ліцьвінамі, а сябе - палешукамі.

Не зусім вызначанай уяўляецца заходняя мяжа гістарычнай Літвы, невядома дакладна, ці супадала яна з усходняй мяжой Падлесся альбо не даходзіла да яе.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Эдвард Зайкоўскі, кандыдат гістарычных навук

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX