Вярнуцца: 2009

№ 28 (919)


Крыніца: pawet.net.



№ 28 (919) 15 ЛІПЕНЯ 2009 г.


УЛАДЗІСЛАВУ ЗАВАЛЬНЮКУ - 60

ЗАВАЛЬНЮК Уладзіслаў , каталіцкі святар, магістр тэалогіі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр, гісторык, выдавец, перакладчык і публіцыст.

Нарадзіўся 08.07.1949 у сяле Жданава Вінніцкай вобл. Паходзіць з сялянскай каталіцкай сям'і: бацькі - Мацвей і Ганна (з дому Рошакаў) Завальнюкі. Скончыў Жданаўскую сярэднюю школу (1965). У гэтым жа годзе прыехаў у Рыгу. Працаваў на будоўлі мулярам-бетоншчыкам. У 1969-1974 гг. - клерык Рыжскай вышэйшай духоўнай каталіцкай семінарыі. Меў намер прысвяціць сябе місіянерскай дзейнасці. Пасвечаны ў святары 26.05.1974 у Рызе кардыналам Юльянам Вайдосам. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе пробашча ў грэка-каталіцкай капліцы на армянскіх могілках у Кішынёве. Знаходзячыся ў Малдове, абслугоўваў каля 70 парафій (у тым ліку 11 нямецкіх). За рэлігійную дзейнасць пераследаваўся савецкімі ўладамі. На пачатку 1979 г. быў змушаны пакінуць Малдову. Вярнуўся ў Латвію, дзе выконваў святарскія абавязкі ў г. Валміера. Пазбаўлены магчы-масці адпраўляць набажэнствы, увесну 1979 г. выехаў у Казахстан. Тры месяцы нелегальна займаўся душпастырскай дзейнасцю ў Краснаярску. З 1980 г. - у Латвіі. Служыў вікарыем у мястэчку Варакляны ў Латгаліі. Быў абмежаваны савецкімі адміністрацыйнымі ўладамі ў выкананні святарскіх абавязкаў - меў права толькі спавядаць і адпраўляць імшу. У лістападзе - снежні 1980 г. прымусова змешчаны ў псіхія-трычную бальніцу ў г. Даўгаўпілс. Са студзеня 1981 г. - на пасадзе пробашча ў парафіях Ліепайскага дэканата. У 1984 г. пераведзены ў Беларусь. Працаваў пробашчам у касцёле св. Тройцы ў Глыбокім. Пасля 1988 г. адначасова служыў вікарыем у Менскім Кальварыйскім касцёле Ўзвышэння крыжа. З 1989 г. разам з вернікамі змагаўся за вяртанне беларускіх каталіцкіх святынь у Менску (касцёл святых Сымона і Алены, Кафедральны касцёл, касцёл св. Роха). Аднавіў і адкрыў каталіцкія парафіі ў Каралішчавічах, Чэрвені, Смалявічах, Раўбічах і інш. З пачатку 1990-х гадоў паслядоўна праводзіць беларусізацыю каталіцкага касцёла ў Беларусі. Скончыў вышэйшыя магістарскія курсы па тэалогіі (22.02. 1993). З 1991 г. вядзе шырокую рэлігійную кнігавыдавецкую дзейнасць. Падрыхтаваў і выдаў на беларускай мове шэраг кніг для вернікаў: «Сьвятая Імша», 1990; «Катэхізм» (на 4 мовах) і інш. Адзін з аўтараў навукова-папулярнай кнігі «Канфесіі на Беларусі (канец XVIII-XX ст.)» (Менск, 1998). З 11.09. 1993 на Беларускім радыё вёў рэлігійную перадачу «Голас душы». Адзін з заснавальнікаў Хрысціянскага таварыства міласэрнасці (1993). Для пашырэння беларускай мовы ў святарскай дзейнасці прымаў удзел у перакладзе для каталіцкага духавенства ў Беларусі літургічных кніг («Імшал», «Рытуал»). Сябар рэспубліканскай Рады ТБМ. 25.05.1999 абраны правадзейным членам Міжнароднай акадэміі экалогіі.


Спецгашэнне Грунвальдскай маркі пройдзе ў Мсціславе

Старшыні Грамадскага аб'яднання

«Таварыства беларускай мовы імя

Францішка Скарыны»

Трусаву А.А.

вул. Румянцава,13, 220034, г. Мінск

Аб месцы правядзення спецгашэння

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь паведамляе, што тэматычным планам выдання дзяржаўных знакаў паштовай аплаты на 2010 год прадугледжана правядзенне спецыяльнага памятнага гашэння, прысвечанага 600-годдзю з дня перамогі аб'яднанага войска Вялікага Княства Літоўскага ў Грунвальдскай бітве, ў г. Мсціславе Магілёўскай вобласці.

Што датычыцца Вашай прапановы наконт змяшчэння на канверце Першага дня выявы князя Сямёна, які кіраваў Смаленскімі палкамі, то яна буддзе разгледжана пры падрыхтоўцы арыгінал-макета канверта.

Намеснік Міністра Н.С. Гаўрылава.


Хай радасць з вачэй нашых блісне
( памяці філаматаў і філарэтаў )

Баранавіцкія сябры Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны адзначылі 5 ліпеня 2009 года 20 я ўгодкі ТБМ адмысловай культурніцкай акцыяй . Найперш былі павіншаваны Лідзія Антановіч , Міхась Бернат , Мікалай Северцаў , Тамара Зверава , якія 20 гадоў таму стварылі ў Баранавічах гарадскую суполку ТБМ .
Гэта падзея супала з яшчэ адной гістарычнай датай у жыцці баранавіцкага краю. Сёлета споўнілася 185 гадоў, калі царскія ўлады выслалі ў далёкія і блізкія губерні імперыі 20 філаматаў і філарэтаў. Сярод беларускіх філаматаў і філарэтаў былі такія выбітныя асобы, як Тамаш Зан, Ян Чачот, Ігнат Дамейка, Адам Міцкевіч, Міхал Рукевіч, Ануфры Петрашкевіч. З'яўляючыся студэнтамі Віленскага ўніверсітэта, яны стварылі тайнае таварыства філаматаў (аматараў навукі) і філарэтаў (аматараў дабрачыннасці). З іх ініцыятывы адкрываліся школы для сялян. Менавіта філарэт Францішак Малеўскі стварыў першую ў Баранавіцкім краі ланкастэрскую школу (школу ўзаемнага навучання) для сялян у вёсцы Шчорсы, якая належала Адаму Храптовічу. Такім чынам, філарэты пашыралі адукацыю сярод людзей простага стану, збіралі фальклор, вывучалі гісторыю роднага краю.

Імпрэза, прысвечаная студэнтам Віленскага універсітэта, прайшла ў прыватным садзе на вуліцы Адама Міцкевіча за кубачкам малака, па традыцыі філаматаў і філарэтаў. Менскія артысты Раман Антановіч, Алена Пратасевіч, Вольга Каспяровіч расказалі пра тагачасную студэнцкую моладзь. Запрошаныя госці заспявалі знакамітыя песні беларускай студэнцкай моладзі XIX стагоддзя. Гэтыя філамацкія песні і ноты да іх запісала ў асобны сшытак яшчэ ў XIX стагоддзі жонка Тамаша Зана - Брыгіда Свентажэцкая. Сшытак Брыгіды Свентажэцкай праляжаў у віленскіх архівах больш за стагоддзе, пакуль яго не знайшла знакамітая даследчыца беларускай культуры Святлана Немагай.

Удзельнікі святочнай імпрэзы не проста слухалі філамацкія песні, а разам з менчукамі, шчыра і эмацыйна спявалі гэтыя цудоўныя песні.
Баранавіцкі краязнаўца Міхась Бернат распавёў не толькі пра значэнне філаматаў і філарэтаў у развіцці беларускай культуры, але і пра мясціны нашай зямлі, якія звязаны з жыццём і дзейнасцю гэтых знакамітых асоб. Ён дадаў, што ля вёскі Карчова (Баранавіцкі раён) ёсць каменьвалун, ля якога збіралася студэнцкая моладзь на свае тайныя сходы. Гэты велізарны валун і цяпер людзі называюць "філарэтаў" камень і ён вельмі шануецца мясцовымі жыхарамі. А баранавіцкія паэты Алесь Корнеў і Іван Лагіновіч чыталі вершы, прысвечаныя Міцкевічу, Чачоту, Дамейку, Зану.

Падчас імпрэзы была праведзена віктарына аб дзейнасці філаматаў і філарэтаў, па выніках якой пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі. На заканчэнні імпрэзы яе ўдзельнікі разам з менскімі артыстамі выканалі гімн філаматаў і філарэтаў "Хай радасць вачэй нашых блісне", якія напісаў у 1820 годзе Адам Міцкевіч. Затым была паездка ў вёску Карчова, каб пакласці кветкі ля каменя філарэтаў.

Старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца.


Руплівец беларускага слова

16 ліпеня 2009 г. спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння вядомаму мовазнаўцу, аўтару многіх матэрыялаў газеты "Наша слова", вядучаму навуковаму супрацоўніку аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы, кандыдату філалагічных навук Мікалаю Нілавічу Крыўко. Мікалай Нілавіч нарадзіўся 16 ліпеня 1949 года ў вёсцы Манякова Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. У 1968 годзе ён паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Пасля яго заканчэння ў 1972 годзе прайшоў па конкурсе на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР і з 25 жніўня 1972 пачаў свой навуковы шлях. У 1985 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Ацэначныя найменні асоб у гаворках Мёрскага раёна Віцебскай вобласці". У красавіку 1997 года быў абраны на пасаду вядучага навуковага супрацоўніка.

З нагоды юбілею - нашы пытанні шаноўнаму Мікалаю Нілавічу.

1. - Мікалай Нілавіч, ёсць выдатнае беларускае выслоўе: усе мы родам з дзяцінства. То раскажыце нам пра свае самыя яскравыя ўспаміны дзяцінства.

Уражвала ў дзяцінстве цудоўная прырода маёй роднай Дзісеншчыны. Кожнае дрэўца, кожная травінка, кветачка, вадаёмчык, насякомыя, птушкі, жывёльны свет. Дзякуючы ўсяму гэтаму пазнаваўся навакольны свет і разам з тым гэты свет уражваў і здзіўляў, як ён не перастае мяне радаваць і здзіўляць цяпер, у мае шэсцьдзесят гадоў. Радавалі таксама ў дзяцінстве дзіцячыя кніжкі, часопісы, газеты. У пачатковых класах я чытаў вельмі многа. І практычна ўсё на беларускай мове. Гэта зборнікі беларускіх народных казак, казкі ў апрацоўцы Алеся Якімовіча (зборнік "Бацькаў дар"), вершаваныя казкі і паэмы А.С. Пушкіна ў перакладзе на беларускую мову, "Канькагарбунка" Яршова ў перакладзе Янкі Купалы, раман "Маладая гвардыя" А. Фадзеева ў перакладзе Максіма Лужаніна, "Прыгоды Бураціна" А. Талстога (таксама ў перакладзе на родную мову). Прачытаў раманы Івана Шамякіна "У добры час", "Крыніцы", "Глыбокая плынь" і інш., асіліў у пачатковых класах і раманэпапею Піліпа Пестрака "Сустрэнемся на барыкадах". Прачытаў усе творы Кузьмы Чорнага, якога лічу сваім самым любімым беларускім пісьменнікам, многія творы Кандрата Крапівы, Янкі Маўра і г.д. Выпісваў і чытаў часопіс "Вясёлка", газету "Піянер Беларусі".

2. - Якія падзеі, ці сустрэчы ў дзяцінстве паўплывалі на выбар Вашага прафесійнага шляху?

На выбар майго прафесійнага шляху паўплывала багацце народнай мовы дзісенскага краю, усёй Беларусі, фальклор, у прыватнасці беларускія казкі, народныя песні, якія я чуў у дзяцінстве ад вясковых бабуль і жанчын. Напэўна, пазнейшае школьнае захапленне беларускай літаратурай у пэўнай ступені таксама накіравала мяне ў філалогію.

3. - Ад самага пачатку сваёй працы ў Інстытуце і да сённяшняга дня Вы займаецеся пытаннямі лексікалогіі і лексікаграфіі. Відавочна, што такая адданасць адной галіне чымсьці абумоўлена. Каго Вы лічыце сваім непасрэдным настаўнікам у лексікалогіі?

Сваімі настаўнікамі ў лексікалогіі я лічу акадэміка Б.А. Ларына, прафесараў М.В. Абабурку і А.Я. Баханькова, народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка К.К. Крапіву, з якім я прапрацаваў разам 19 гадоў. Паўплывалі на мой прафесійны рост таксама навуковыя працы як вышэйназваных вучоных, так і манаграфіі В.П. Краснея, У.В.Анічэнкі, П.У. Сцяцко, І.Я. Лепешава, Ю.Ф. Мацкевіч, Ф.М. Янкоўскага, А.М.Булыкі, а таксама фундаментальныя працы многіх іншых мовазнаўцаў, у тым ліку расійскіх, украінскіх, польскіх.

4. - За час працы ў Інстытуце Вы прымалі непасрэдны ўдзел у стварэнні многіх лексікаграфічных прац. Якімі з іх Вы асабліва ганарыцеся і даражыце?

Я прымаў непасрэдны ўдзел у такіх лексікаграфічных працах, як двухтомны і трохтомны акадэмічны "Рускабеларускі слоўнік" (1982 і пазнейшых гадоў выдання), двухтомны "Беларускарускі слоўнік" (198889), аднатомны "Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы" (1996 і пазнейшых гадоў выдання). З'яўляюся таксама адным з навуковых рэдактараў вышэйназванага слоўніка. З'яўляюся адным з аўтараў і адным з двух навуковых рэдактараў "Рускабеларускага слоўніка для ваенных" (1996). Сааўтар 3, 4, 5 тамоў "Слоўніка мовы "Нашай Нівы" (выходзяць з друку). Асноўны сааўтар трэцяга тома "Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак" (1996). З'яўляюся аўтарамукладальнікам вялікага (1184 кніжныя старонкі) "Рускабеларускага слоўніка агульнаўжывальнай лексікі" (1999). З'яўляюся сааўтарам акадэмічнай манаграфіі "Мова "Нашай Нівы". Варыянтнасць. Сінанімія" (2006), у якую ўвайшоў і складзены мною "Слоўнік сінонімаў" (на аснове фактычнага матэрыялу, сабранага з газеты "Наша Ніва" (19061915гг.). Усе працы, падрыхтаваныя мной як індывідуальна, так і калектыўна (а такіх з маім удзелам выйшла з друку больш за 300), мне дарагія, бо кожная з іх была вынашана ў душы, у напісанне іх быў творча і актыўна ўключаны інтэлект, былі затрачаны сілы, намаганні і час. Асабліва сярод іх выдзелю дзве працы: аднатомны "Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы" і трэці том "Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак".

5. - Мікалай Нілавіч, падзяліцеся, калі ласка, сваімі творчымі планамі з чытачамі "Нашага слова".

Я працую, як і ўсе супрацоўнікі нашага аддзела, над планавай тэмай па напісанні манаграфіі, прысвечанай разгляду сінтаксісу мовы "Нашай Нівы" (19061915гг.). Акрамя гэтага, на працягу цэлых дзесяцігоддзяў працую над сваімі ініцыятыўнымі тэмамі - над манаграфіяй па паранімічных і сінанімічных сувязях у лексіцы сучаснай беларускай мовы, над "Слоўнікам Дзісеншчыны", над шматтомным "Слоўнікам сінонімаў беларускай мовы". Дарэчы, шчыруючы над стварэннем апошняга, перачытаў усяго Якуба Коласа, Янку Купалу, Івана Мележа, Андрэя Макаёнка, Рамана Сабаленку, Міколу Ракітнага, Міколу Лупсякова і іншых. Справа ў тым, што фундаментальная картатэка сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства АН Беларусі, на базе якой ствараўся пяцітомны "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы", мяне не поўнасцю задавальняла, калі я прыступіў да працы над сваім шматтомным "Слоўнікам сінонімаў". Таму мне давялося прачытаць і распісаць для свайго слоўніка амаль усе мастацкія творы беларускіх пісьменнікаў ХІХХХ стагоддзяў і самыя апошнія творы, што выйшлі ў пачатку ХХІ стагоддзя, а таксама дзесяткі публіцыстычных, энцыклапедычных, метадычна навучальных і навуковапапулярных кніг. Усяго ж мною за сорак з лішнім гадоў перапрацавана і распісана для "Слоўніка сінонімаў беларускай мовы" каля 1 тысячы тамоў кніжнай прадукцыі. Гэтую работу працягваю і зараз.

- Рэдакцыя "Нашага слова" віншуе Вас, Мікалай Нілавіч, з шасцідзесяцігадовым юбілеем. Мы жадаем Вам добрага здароўя, новых цікавых навуковых даследаванняў на карысць развіцця нашай роднай мовы, а таксама новых публікацый у перыядычным друку.

Гутарыла Алена Анісім , навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі


ДАВЕДНІК ПРА МОВЫ СВЕТУ

Нядаўна ў Магілёве выдадзена кніга прафесара В.І. Рагаўцова «Мовы свету: энцыклапедычны даведнік» (31 уліковавыдавецкі аркуш). Падобнага выдання ў нашай краіне яшчэ не было. Тут у алфавітным парадку апісана каля 400 моў. У гэты лік найперш увайшлі ўсе развітыя літаратурныя мовы, гэта значыць, вывучаныя, даследаваныя. Многія з іх даволі значныя па тэрыторыі пашырэння і колькасці моўнікаў. Напрыклад, на кітайскай мове гавораць звыш 1,1 мільярда чалавек.

Як адзначаецца ў прадмове, на Зямлі жыве больш за 300 народаў, кожны з якіх перавышае 1 мільён чалавек, а разам гэта складае 96 працэнтаў насельніцтва нашай планеты. На астатнія 4 працэнты прыпадаюць тысячы іншых народаў, мовы якіх часам налічваюць зусім малую колькасць носьбітаўмоўнікаў. Так, падлічана, што на караімскай мове (Крым, Івана-Франкоўская вобласць і інш.) гаворыць 535 чалавек. Прыкладна столькі ж носьбітаў мае нганасанская мова (паўвостраў Таймыр, Расія). У даведніку зрэдку апісваюцца і такія колькасна малыя мовы. Між іншым, зазначым: няцяжка зразумець, чаму на тэрыторыі былога Савецкага Саюза ўвесь час колькасць «нацменаў» не павялічвалася, а змяншалася. Напрыклад, татараў у царскай Расіі налічвалася, паводле перапісу, 32 мільёны, а цяпер іх толькі 6 мільёнаў, прычым, як нядаўна пісалася ў газеце «Звезда Поволжья» (Уфа) трэцяя частка сучасных татараў не валодае сваёй роднай мовай, перайшла на рускую мову, абрусела. Ці не такі лёс чакае і нас, беларусаў?.. Нездарма пры перапісе насельніцтва ў Беларусі патрабуюць абавязковага адказу на пытанне: на якой мове гаворыш дома? Каб пацвердзіць, што тут ужо амаль усе цалкам абруселі і нічуць не супраць таго, каб стаць часткай Расійскай Федэрацыі…

У прадмове да слоўніка даецца шэраг цікавых навуковых звестак. Напрыклад, гаворыцца, што з агульнай колькасці да 5 тысяч моў і да 8 тысяч дыялектаў прыкладна палова моў прыпадае на такія краіны, як Інданезія (на яе тэрыторыі каля 300 моў), Індыя, Мексіка, Бразілія, Камерун, Кітай, ЗША, Расія.

Звычайна такія энцыклапедычныя даведнікі не перавыдаюцца і разлічаны на шматгадовае карыстанне імі. Таму аўтар вельмі правільна зрабіў, падаючы ўвесь матэрыял у адпаведнасці з новай рэдакцыяй «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», хоць яны, як вядома, уступаюць у дзеянне з 1 верасня 2010 года.

У кожным слоўнікавым артыкуле, прысвечаным той ці іншай мове, змяшчаецца інфармацыя аб прыблізнай колькасці моўнікаў (напрыклад, на англійскай мове гавораць больш як 400 мільёнаў чалавек), прыналежнасці мовы да пэўнай моўнай сям'і або групы моў (скажам, армянская мова не мае родзічаў, складае асобную групу індаеўрапейскай сям'і), тэрыторыі пашырэння і сацыяльным статусе (так, балгарская мова - дзяржаўная мова Балгарыі, бытуе і сярод балгар, што жывуць у Грэцыі, Македоніі, а таксама Румыніі, Малдове). Апрача таго, падаюцца дакладныя звесткі пра асаблівасці гукавога ладу, марфалогіі, словаўтварэння, сінтаксісу, лексікі. Называецца час з'яўлення пісьмовасці, найстаражытных пісьмовых помнікаў (напрыклад, у кітайскай мове раннія літаратурныя помнікі датуюцца 1й паловай 1га тысячагоддзя да нашай эры, у грэчаскай - 14 ст. да нашай эры, у армянскай - 5 ст., украінскай і польскай - 14 ст., у фінскай - каля 1543 г.). Пазначана сфера ўжывання (так, чэчэнская мова функцыянуе ва ўсіх сферах грамадскавытворчага і культурнага жыцця народа Чэчні, мова радыё, тэлебачання, перыядычнага друку, выкладаецца ў школе, у тым ліку і вышэйшай). Завяршаецца слоўнікавы артыкул апісаннем вывучэння мовы (напрыклад, першая чэшская граматыка з'явілася ў 16 ст.) і спісам літаратуры пра пэўную мову.

Улічаны тыя ці іншыя змены ў статусе пэўнай мовы, у неаднастайнай трактоўцы прыналежнасці мовы да пэўнай групы ці моўнай сям'і і г.д. Напрыклад, сказана, што статус харвацкай мовы заканадаўча замацаваны ў 1991 годзе за харвацкім варыянтам сербскахарвацкай мовы.

Аб'ектыўна характарызуючы сферу ўжывання беларускай мовы, аўтар піша, што яна, побач з рускай, «мова школы, навукі, мастацкай літаратуры, радыё і тэлебачання, дзяржаўных і навуковаасветніцкіх устаноў. Аднак размеркаванне функцый паміж дзвюмя дзяржаўнымі мовамі вельмі нераўнамернае. Няма, напрыклад, беларускага судаводства, амаль адсутнічае справаводства на беларускай мове. Адбываецца актыўнае выцясненне беларускай мовы рускай, узмацняецца тэндэнцыя да скарачэння беларускамоўных (перш за ўсё перыядычных) выданняў і школ. Роля беларускай мовы зведзена да мінімуму ў такіх грамадскіх сферах, як дзяржаўнае кіраванне, вышэйшая адукацыя, навука. Мова займае другарадныя пазіцыі ў большасці камунікацыйных сфер».

Гэты вельмі карысны і патрэбны даведнік, на жаль, прадаецца толькі ў сталічнай кнігарні «Акадэмкніга». Калі ж хто захоча набыць гэту кнігу, то можна звярнуцца непасрэдна ў аддзел паліграфіі Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А. Куляшова (212 022, Магілёў, вуліца Касманаўтаў, 1).

Іван Лепешаў.


Шыльда Вацлаву Ластоўскому вярнулася праз 15 гадоў

Мемарыяльная шыльда беларускаму дзеячунашаніўцу Вацлаву Ластоўскаму вярнулася на будынак колішняй рэдакцыі " першай беларускай газэты з рысункамі " па вуліцы Завальнай у Вільні .

Адрас гэтага будынка заўсёды падаваўся у кожным нумары "Нашай Нівы". Тут ад 1910 г. месцілася рэдакцыя газеты. Ластоўскі, сакратар Нашай Нівы ад 1909 г. і фактычны рэдактар у 19121913 гадах, жыў і працаваў у гэтым будынку да 1920 г. (цяпер - вул. Піліма, 5).

Бронзавую мемарыяльную шыльду Таварыства беларускай культуры ў Літве (ТБК) павесіла ў 1992 годзе. Праз два гады яе скралі.

Аднак шыльда не прапала. Паляжала ў паліці, пастаяла ў ТБК і 12 ліпеня 2009 г. сіламі беларусаў Вільні вярнулася на месца

Тацяна Поклад.


Беларускае Купалле ў Прыбайкаллі

У ноч з 27 на 28 чэрвеня беларусы Прыбайкалля шырока адзначылі Купалле - што стала, несумнеўна, самай яркай падзеяй году. Арганізатарам свята ўжо трынаццаты год запар выступае Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага.

Нажаль, сёлета на свяце не было Алега Рудакова, старшыні ІТБК ён у гэты час знаходзіцца ў Беларусі. Усе арганізацыйныя пытанні вырашала Гарадская рада ІТБК на чале з Алёнай Сіпаковай.

Абрад адбыўся ў маляўнічым месцы на беразе ракі Олха. Нягледзячы на зацягнутае аблокамі неба, сабралася досыць шмат народу каля васьмідзесяці чалавек.

Сёлета сцэнар свята быў значна ўзбагачаны мноствам цікавых дэталяў. Так, напрыклад, мы ўбачылі захапляльнае агністае прадстаўленне ў выкананні Яны Максімавай. Яна, ціхая і сціплая дзяўчына, на Купалле ўвасобілася ў істоту з тагасвецця, якая люта размахвала агнямі направа і налева, выпісваючы ў паветры хітрыя падпаленыя васьмёркі. Для большасці прысутных такое відовішча было ў навінку, і ўжо сапраўды ніхто не думаў, што ў Яны такое хобі…

Таксама сёлета да нашага святкавання далучыліся хлопцы з ІРМА "Вольнае племя". Яны таксама займаюцца адраджэннем старажытных славянскіх традыцый, праводзяць святы, вывучаюць вайсковую справу старажытных славян, вырабляюць даспехі і зброю. На Купалле яны з'явіліся ў ролі выхадцаў з пекла, прадстаўнікоў нячыстай сілы. З гучнымі крыкамі, грукатам і лясканнем металу паскуддзе выскачыла з цемры, сур'езна напалохаўшы танцораў, а затым наладзіла шэраг выпрабаванняў. Людзям не з першага разу ўдавалася адолець нячысцікаў, але ўсё ж перамога дасталася людзям, і паскуддзе адправілася назад ў пекла.

Пасля гэтага адбылося невялікі паказальны выступ паядынак славянскага ваяра з "Вольнага племя" з заходнееўрапейскім рыцарам з каманды "Мальтыйскі ордэн". Абодва былі закутыя ў латы, і зрабілі на публіку вялікае ўражанне.

Пад канец свята, калі многія ўжо стаміліся і пачалі засынаць, усіх разварушылі русалкі. На ролю русалак запрасілі дзяўчат, якія прафесійна займаюцца танцамі, і яны паказалі сваё мастацтва, пад канец апырскаўшы ўсіх гледачоў вадой, так што спаць ужо нікому не хацелася.

У цэлым свята прайшло, як заўсёды, весела і вельмі цікава.

Наш кар.


Не давай клятвы, прашу…

Апавяданне

Трахім Славашэвіч усё жыццё выстаўляўся ўдалым, багатым. "Буду есці бульбу, а казацьму м'яса", - яго любімая думка, часта выказваная ў сям'і і на працы.

Выхвальства яўнае і пастаяннае да дабра не вяло. Яго выслухоўвалі, падтаквалі, як падлетку-зваядышу сябры ў школе ці вучылішчы, і хутчэй ад яго.

Несправядлівасць адносінаў да сябе дасведчаны механізатар Слуцкай перасоўнай механізаванай калоны стараўся выпраўляць. Могся аўтарытэтнічаць хоць у чым. Не так даўно ў кампаніі маладзейшых станавіты падпілы механізатар паклікаў у субяседдзе з вуліцы Віцьку Мароза. Паспешны адмахнуўся: заняты, дахаты трэба.

Славашэвіч быў на звычным падпітку; сёння прыняў на грудзі дзве двухлітроўку пі-ва, хацелася яшчэ. Няўвага на восем гадоў маладзейшага зачапіла струну ганарлівасці.

- Хэ-хэ. Спяшаецца, да сваёй паддаткі, - выціскае Славашэвіч.

- Як-як ты кажаш? - разумны Сяргей Качур не радуецца благой навіне пра сям'ю незнаёмага Мароза, хмарна ўзіраецца ў кампанейца.

- Нікому не адмаўляла. - Падумаў-падумаў: - Піўца пахлябаць.

У разумных і тупаватых рабацягаў Слуцка маўчанне і ўдумнасць паміж фразамі рэд-касць, а тут даўнія піўношныя прыяцелі ўзіраюцца ў Слава-шэвіча задаўгавата, маўчаць.

- І табе пахлябаць піўка давала?

- Таксама гайдаўся. Праўда.

Сказана нізкае, бруднае, на мяжы выдумкі пра жонку роўнага ім рабочага чалавека. Абодва субяседнікі слова за слова - і сходу заспяшаліся прэч. Нікому не хочацца выпэцквацца ў бруд або стаяць побліз забруджанага. Трахім Славашэвіч адчуў, ляпнулася лішняе пра нікому невыказваную інтымніцу, аднак па звычаю этычна неразвітых адмахнуўся ад сумніўных подумак. Назаўтра ці пазаўтра слова не сказаў пасябручкам пра п'яную выдумаль, не паві-наваціўся перад сям'ёй Мароза.

Сыйдзе, а не сыйдзе, то з'едзе, гуморна меркаваў горшага вясковага капылу мужычок.

- Выдумляй, ды меры глядзі, - увечары патэлефанаваў яму адзін з субяседнікаў.

- Дзесяць разоў паўтараць... А мо і выдумаласа мне, - нечакана праяўляе сціпласць Трахім Славашэвіч.

Не было чым мужыку ўчора зацэнтравацца, а так карцела ўвагі сабе і прыгнёту Марозу. Няхай не пазбягае талковых кампашак, не выстаўляецца моцнай сямейнасцю, нечаканай ацверазеласцю. Чым болей гадоў набіраў Трахім Славашэвіч, тым хутчэй траціў на слуцкіх шэрых гарадскіх вулічках атрыманыя ў вясковай маладосці нормы прыстойнасці. Размаўляць, як і есці, яму прыходзілася штодня, а пра што... Вось і абгаворваліся недалёкім з такімі ж этычна неразвітымі сваякі, знаёмцы, начальнікі.

- Запрасілі падыйсці, а ён рукою адмахвае. Дзелавы стаў. Хай не думае, што не ведаем яе і яго, - выцэджваў Славашэвіч.

Назаўтра ўскрай той жа слуцкай забягалаўкі вытоптвалася чарговая групка апахмельшчыкаў. Субяседдзе тычнулася прынесенай Славашэвічам навіны пра сям'ю Мароза.

- Ты Свету на пітво запрашаў? Пацалаваў пару разоў дзесьці на ўзлессі, - Сяргей Качур, шавец і механізатар, стойвае непатрэбную напружанасць размовы.

- Я не цалаваў, з боку прыпёку. Славашэвіч ляпнуў, я толькі паўтарыў, - апраўдваецца ад пашляціны наносу высокі белявец. - Я нікому, я нічога, я не казаў... З Трахіма лес гарыць.

Паміж этычна глухімі шэрымі людзьмі ў сучасным вялікім раённым гарадку паняцці ўласнай годнасці і абароны годных аслабелі. Але ніколі не могуць знікнуць. Як дыханне. Сяргей Качур зразумеў, хлопцы заціраюць гэту навіну, іх адобрыў. На прапанову - "урэжам дадаткова чарнільца" - адказаў адмоўна. Сур'ёзнае было ў галаве: трэба папярэдзіць Мароза і Славашэвіча пакуль плётка не разраслася.

Яшчэ не бамжаваў Трахім Славашэвіч. Даішнікі ў паўп'янтоса адабралі кіроўскія правы, слясарыў, ужо двойчы быў на мяжы беспрацоўя. Працаўніка з залатымі рукамі і лужаным горлам выганялі з працы ў будаўнічым трэсце і рамонтным упраўленні. Запытнае паведамленне Качура пра непрыемны розгалас народжанай навіны затрывожыла. Славашэвіч быў нешалопны чалавек, аднак дакумекаў галоўнае - уведаюць бабы ў калоне пушчаную пра каляжанку погаласку, жыцця яму не будзе. Ганорны хітрун усё вырашыў спусціць на тарма-зах; мякка ўхмыльнуўся сён-няшняму няпрошанаму прыхадню ў забягалаўку, абаронцу Качуру:

- Не памятаю, раз ці два браў з ёю чарку. Крамяная баба. Не адмаўляе пры застольстве. - Яшчэ не скончыў, а з носу пацякла юшка. - Ты што?...

Зноў атрымаў штурхаля ад Сяргея Качура; за пяць гадоў у турме Качур навучыўся не толькі шавецкаму майстэрству. Хаўрусавання з другімі адсядзелымі за спальванне слуцкага народнага суда ў яго практычна не было, але ведаў, тыя ў турэмных акадэ-міях таксама многаму навучыліся, падтрымаюць у цяжкую хвіліну.

За гады пустога жыцця і сланяння з такімі ж, як сам, часта п'яненькімі рабацягамі, узаемных выхвальванняў, аб-гавораў ці пустых пагрозаў саракагадовы Трахім Славашэвіч даваць рукапашную здачу развучыўся; дый практычна не ўмеў.

- На парашок сатру... - пачаў гразіцца ён, не закончыў. Атрымаў поўху ад усё болей раз'ятранага Сяргея Качура. Праўда ў погаласцы ці няпраўда, Качура не цікавіла, мужык павінны быць мужыком, не ганьбіць слабейшага, тым болей дзеўку.

- Ты... з ёю... было? - адыходзіць Славашэвіч. - Твая знаёмка?

- Не ведаю яе. Прынцып важны, ісціна мужыкоўская.

- Пра піва з ёю талкаваў, пра піва. - Заслед адыходнаму Качуру зноў ляціць пагроза: - Атрымаяш яшчэ ад мяне, пабачыш.

Атарапелы Трахім Славашэвіч, бадай, упершыню зазнаў сапраўдную абарону жаночай годнасці зусім незнаёмым жанчыне чалавекам. Падгаворваць каго-небудзь Славашэвічу для помшчання з-біячнаму Качуру не прыйшлося.

Ужо назаўтра на падворак Славашэвічаў заявілася няпрошаная наведніца.

Субота. У прасторным пакоі афарбаванай пад блакітны колер хаціны прачнуліся кватаранты. Ён і яна валяюцца ў ложку.

- Ты спецыяльна кажаш "будам яшчэ".

- Ага.

- Чаму?

- Каб ты сказала "не".

- Ты добры, а хочаш выдавацца злым.

- Учора ўвечары і сёння ты рэзкая. На былую жонку пляцеш. Разляцеліся мы, дык не паліваць мне яе памыямі.

Святлана Мароз азірае ў люстэрка доўгія валасы, парадкуе:

- Бухгалтаркі ўсе здраджваюць. Амаль усе. Нашыя ўсе так кажуць.

Нашыя - яе сяброўкі, бязмужніцы.

- Як здраджваюць яны?

- Як-як, здраджваюць і ўсё. Проста ім. Я замужам, мне можна. Я сумленная. Ніхто не ўведае, не праверыць, ніхто не паверыць плётцы пра ціхую сямейніцу.

Без пераходу апавядае пра сёняшні незразумелы сон. Звягалі сабакі на яе, адзін укусіў. Вяртаецца да толькі-штошнай размовы:

- Незамужнюю, асабліва дзяўчыну, пакрыўдзіць лёгка. Нас усе нізяць, як і развядзёнак, нават бабы паліваюць. А замужніцы ўсе прыстойныя. Здраджвае такая каракаціца, усё роўна ва ўсіхных вачах чыстая. Яна за мужам. Верыць ёй мужык і ўсё ў парадку, ніхто ў сям'ю не лезе. А ў жыццё адзінокіх кожны свой лыч суне. - Зашпільвае прыўзнятыя ў клубок валасы. - Ты лічыш спаднічнае ў сям'і галоўнае. Самае? - жанчына адпіхвае мужчыну ад сябе.

- А што яшчэ?

- Павага, увага.

- Без спаднічнага павага і ўвага не з'явяцца.

Шмат гадоў гэтыя немаладыя ўжо людзі шукалі адно аднаго. Летась распісаліся, хаця абое ведалі, дарэмна. Дзеці вядуць сямейнікаў, утрымва-юць разам, а ў Віктара Мароза за пяць гадоў у першай сям'і не было дзяцей. Цяперашняй зацяжараласці Святланы радаваліся абое.

Кватаранты снедаюць ціха. Віктар Мароз усё памыквае выказацца.

- Не душы сябе. Што? - жонка не зварухнецца. Света звычаёва баіцца, каб чарговую выдумаль-плётку не прынеслі мужыку.

- Жэнька пераказаў...

- Дамовіліся, ніякіх сказаў, пераказаў. Не святыя абое. Ясна.

- Трахім у "Дунаі" скальнічаў... Трахім... Славашэвіч... з табою... ён... цалаваўся.

- Брэша стары конь.

- Гаспадыня тое ж кажа: брэша, п'янь, гаўкае. Выдумляе. Славашэвіч аўтарытэт навінамі зарабляе. - Уважліва-уважліва глядзіць у акно. - З імі не бяру цяпер.

- Да гаспадыні дайшло... - Акуратным ціхім рухам Святлана Мароз вешае фартух на цвік. - Даядай, я ўтаво прыйду.

Жанчына асцярожна перавязвае доўгай цёплаю хусткаю тоўсты жывот.

- На агарод хацелі, да бацькоў.

- Паснедаеш і паедам. Смятаны няма, схаджу куплю. Сядзі, еш.

На ўскраінах і пасярэдзіне Слуцка на многіх вуліцах мноства хат з садамі і парканамі, прызбамі, весніцамі, лаўкамі пры іх. Святлана Мароз паволіць па трэцяй такой вуліцы, углядаецца ў платы. Нарэшце за адным убачыла ніштаваты дручок - гладкі, метраў паўтара, таўшчынёй з тронак лапаты. Выцягвае.

- Прынясу зараз, - выгуквае ў сад.

Гаспадар убачыў, жывот жанчыны лезе на нос, адмовіць цяжарнай нельга, маўчыць.

Хату Трахіма Славашэвіча яна знайшла хутка. Бязпопытна і недазвольна зрэзмаху ўдарыла па раме вакна. З хуткасцю, якою дазваляла цяжарнасць на восьмым месяцы, біла па шыбах. Шкло другога вакна ўспела растаўчы. Да трэцяга не дабралася. Прыляцела гаспадыня хаты.

- Што, ведзьма, робіш! Я цябе...

Не схапіла мятлу ці палку, не пусціла ў ход кулакі. Падбегла цішэйшая.

Слуцкія людзі даўней і цяпер адвяргалі сацыялізм, камунізм, працу на чужога дзядзьку, жылі грэшна і ня-грэшна, збіралі грошы і распускалі грошы, выконвалі законы маралі і не выконвалі. Адзін з вялікіх для іх, няспрэчных - святарская ўдзячнасць мацярынству, у чым бы яно не праяўлялася. Маці клапатуе не адно пра сябе, як усё нармальнае жывое, а і пра другога, ненароджанага. Пакрыўдзіць цяжарную, мае яна рацыю ці не мае - як парушыць клятву.

Мацярынства звязана з касмічным пульсам, яно найболей даступнае разуменню Іванаў і Сяргеяў, Марыляў і Вольгаў; менавіта яно закрыла гнеўны рот абражанай выключным хуліганствам незнаёмкі Ганне Славашэвіч. Яна не магла пераступіць спаконвечную славянскую лінію граху, не ўчапілася раз'ятранай круглай шатэнцы ў доўгія прыгожыя каўтуны. Не падхапіла з прызбы старую чапляю, не адвязала сабаку.

Абняла. Адводзіла ад вокнаў:

- Супакойса. Ты пераблытала хаты. Мы цябе не ведаем. Супакойса, маладзічка. Табе нельга хвалявацца, ты не адна.

- Трахім ляпаў мужыкам... Спаў з мною... Сволачы вы ўсе. Бог не даруе.

- Табе здалося, жанчынка. Не выдумляй. Немцы так нас не гнюсілі... Алкаш мой, ведаю, але ж не на столькі глузды страціў... - чуе пад рукамі дрогкае нервовае цела заплаканай, туліцца да Святланы Мароз, узіраецца ў твар. Спрабуе выправадзіць з дворышча. У самой твар скрыўлены.

Гаспадар хаты падвярнуўся ў час. Спартыўны паношаны касцюмчык з абрэнданымі штанінамі, пагнюшаныя красоўкі. На яго наваліліся абедзве жанчыны, свая і прыблуда. Абзывалі.

Жонка:

- З-за цябе, жывёла, гэта ўпраўка дзяцей напалоха-ла, вокны разсцяжыла.

Прышэлька:

- Яшчэ раз запыніце мужыка, будзеце гаўкаць яму на мяне, ці каму другому, спалю хату. Чуеш, падла! Мярзота!

Вызвераны Трахім Славашэвіч пазнаў госцю, кінуўся да шкодніцы і выдумшчыцы. Дарогу заступіла жонка. Каб і не заступіла, цяжарную біць не стаў бы.

- Выпрасіў, дык плявузгаць на ўвесь Слуцак? - адкрытым тэкстам дабівала яго Святлана Мароз. - Ты горшы ад злодзея, апошняга бамжа! Здохнеш!

Адна справа сваркі на ўсю вуліцу мужыка і жонкі, калі кожны абвіноўвае і апраўдваецца; другая, калі б'е непрыфарбаваную збрудніцу рашучая злосная пузаціха, якой месяц-два да родаў, калі выкрыкваецца гнюсоцце пра цябе пры ўласнай жонцы, спалоханых дзецях, іх постаці выглядваліся ў хаце зводдаль выбітых вокнаў.

- Ідзі, другім скажы, што яшчэ з нейкаю паспаў. Хваліцца ідыётам няма чым, пахваляюцца ўласнаю дур-нотаю.

Трахім Славашэвіч ірвануўся да крыкухі: хучэй закрыць ёй рот, выпхнуць з двара. Інстынктыўна зваядыш баяўся няславы, - суседскія вокны ўсё болей насцеж. Другога чалавека Славашэвічу мазаць было лёгка, мог не думаць пра казанае, а самому гразоцце сходу запякло.

- Не вытнеш яе, - уперлася ў грудзі мужчыну жонка. - Буёмін ты.

Гаспадару не дакаралі, не вінавацілі - на яго вылівалі вядро фекалію. Жанчына-прыхадзяга лаялася на ўсю вуліцу. Не толькі суседзі, а і праходжыя застывалі на месцы. Ахвотным доўга будзе што размазваць пра Славашэвічаў.

- Хто Віцьку стрэне і стукне тваёю баўбатнёю, буду ведаць: ты, свалюга, брэшаш. Дарунку ад мяне тады ні чакай-це. - На адыходзе: - Хату спалю, вырашана. - Дабівае: - Хочаце - зараз паклянуса.

Гарэтніца, грубіянка, гулёна Святлана Дробыш нарэшце сустрэла надзейнага мужчыну, апору ў сям'і - змяніла прозвішча, перамянілася сама. За шчасце сям'і жан-чына гатова была змагацца, гэта бачылі і чулі людзі ў блізкіх хатах, праходжыя на Капыльскай вуліцы Слуцка.

Праклінаць чалавека - грэх; самы вялікі вядун не насылае чалавеку праблем без папярэджання: супыніся, перамяніся, загладзь шкоду. Святлана Мароз папярэджвала вінаватага; не проста папярэджвала, гатова была адразу даць клятву. Вышэй яе няма нічога на свеце, законы на аснове яе і традыцый, парушыць клятву - сходу наклікаць удары лёсу, жыцця, людзей, вельмі хутка стаць вырадкам у сям'і і родзе; страціць крэўных; ужо на Зямлі зазнаваць гнеў Тагасвецця. Зараз паклянецца жанчына - спаліць жытло, абавязана спа-ліць.

- Ты Маньку гнюсіў перад яе мужыком. Тапіў. Слабая саступіла табе раз, кноразу, а ты яшчэ колькі лез у яе сям'ю? Разбіваў наўмысна! Чужых дзяцей не шкада, можна сіраціць. Свалюга! - Святла-на Мароз пачынае па-сапраўднаму плакаць. Рукі на нізе выпуклага жывата. - Твае дзеці цябе праклянуць.

Не заканчвае, Славашэвічавая зноў абнімае яе, ціхенька выводзіць з двара.

З плачам жанчынкі перашэптваюцца.

Не так даўно Святлана Дробыш была на мяжы; жахлівае мінулае - курэнне, гулі, выпівоны, пагарджэнне іншымі і самой сабой - зацягнула маладушку на страту сэнсу жыцця. Віктар Мароз выратаваў яе ад турмы, бальніцы, а то і самагубства. Яна гатова была за мужыка біцца з кімхочна. Будучы абгавор суседзямі Славашэвічаў і яе самой не турбаваў. Абы не было скіду, абы Віцька застаўся з ёю. Пераедуць на другую кватэру.

Ніводзін з людзей, што нахабнавата вызірваўся з-за весніцаў, шчыкетаў, вокнаў, не вымавіў слова заслед двум жанчынам.

- Ні давай клятвы, прашу, ні давай, маладзічка. Грэх вялікі клятвамі раскідацца. Суд у Слуцку спалілі - папасядзелі, нас спаліш - твае дзіцё ў дзіцячым доме гадавацьмуць. Ні кляніса.

Трахім Славашэвіч з-за духоўнай неразвітасці распусціў язык, выказаўся пра слабасць жанчыны Святланы Мароз, хвальнуўся колішняй дужасцю. Аказалася - высвеціў уласную духоўную нікчэмнасць і грамадзянскую подласць. Зразумелі гэта ўсе.

З сутоння шырокай, высокай хаціны да фрамугі выбітага акна наблізілася постаць хлопца:

- Чаго ён хацеў такімі словамі?

Святлана Мароз ад весніцаў пазірала на да кропелькі сабраны з Трахімавага вобліку малады твар, мялася з адказам.

- Грошай можа за маўчанне? - падмагае маці сыну.

- Не ведаю. - Ваяўніца сапраўды не разумела плятка-ра. - Некаторым напаскудзіць чалавеку - шчасце.

Праз імгненне жанкам разлучацца; трэба штосьці сказаць, Святлане Мароз неабходна знайсці адзіна патрэбную фразу, яна змесціць усю нянавісць да мужыка-падлюгі.

- Што хацець, смурод ёсць смурод. Смярдзіць, - узвілася Славашэвічавая. - Ён і мне вантробы выядае.

Жыццё глыбей, чым здавалася дваім жанчынам, незнаёмае варожае існаванне нечакана зблізіла іх. Зсівелая мацней паклала рукі на плечы малодшай, адчыняла весніцы. Зрабілі крок, пачулі аплявуху, крык хлапца, мат мужчыны.

Адзінаццацікласнік адляцеў ад штуршка бацькі, уляпіўся ў плот; у перакошаны крыўдаю маршчыністы твар гатовы ўсадзіць шчыкеціну:

- Стукні яшчэ раз - уваб'ю кол у лоб ці чэрава.

Секунд колькі таму сын выскачыў з хаты, апынуўся нос у нос з бацькам, спытаў усяго адно слова:

- Праўда?

Угневаны ад знячэўнай, усевідавочна высвечанай уласнай нягоднасці Трахім Славашэвіч знайшоў выйсце слабых і дурных - у бойцы. Напаў на ўласнага сына.

Абедзве жанкі ўляпіліся ў малодшага, супынялі, уціхамірвалі.

- Тапіў жанчыну, каб хвіліну паўзвялічвацца... - хлопец адкінуў штыкеціну, сунуўся паўз бацьку.

Выказваў гнеўныя словы не танклявец, падлетак, шкаляр - мужчына.

- Ты! - Трахіма Славашэвіча жанчыны ўжо не адгароджвалі, ён мог скокнуць і кулаком дастаць сына.

Не скокнуў.

- Чаго грозіш? - застылы на месцы малады мужчынка на мяжы рыўка наперад, на бездухоўнага бацьку.

Гаспадыня стала паміж мужчынамі.

- Хлопчык, калі ён цябе наб'е, перадай мне. Не цяпер, дык тады паклянуса. Урэжу яго. Мяне вы сёння ўведалі. - Святлана Мароз з цяжкасцю падбірае ад прызбы прынесеную палку.

З учарашняй і сёняшняй абняславы - удараў Сяргея Качура, крыклівага пагромства Святланы Мароз, рашучых парыванняў да бойкі сына - у Трахіма Славашэвіча пайшла стратная паласа. Укралі матацыкл. Праз тры месяцы ў выпівохі на правай руцэ адрэзала два пальцы. Двойчы дэпрэміравалі на працы... Згрызоты ў сям'і не заканчваліся.

Прычыну ведалі ўсе: гнеў і грозьбы парадзіхі і ненароджанай істоткі ніколі не могуць прапасці, растварыцца ўпустую ў космасе.

- Гэта яна накаркала, - зрэдку вышэптваў Трахім Славашэвіч сабе і людзям. Нядаўнюю прышэльку баяўся зачапіць.

Пустамень і выхвалька пачаў атрымліваць выты жыцця. Сваёй віны этычна няпісьменны поўнасцю не ацэньваў. Сколы нябёсаў на яго будуць падаць яшчэ доўга...

Валер Санько

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX