Вярнуцца: 2009

№ 34 (925)


Крыніца: pawet.net.



№ 34 (925) 26 ЖНІЎНЯ 2009 г.


ВАЛЕРУ САНЬКО - 70

САНЬКО Валеры Аляксеевіч (н. 29.8.1939, в. Вялікая Сліва Слуцкага р-на Менскай вобл.), бел. пісьменнік. Скончыў Баранавіцкую мед. вучэльню (1958), БДУ (1967), Менскую Вышэйшую партшколу (1978). Вучыўся ў Менскім мед. ін-це (1964-65). Працаваў фельчарам. 3 1964 у газ. «Чырвоная змена», «Звязда», нам. гал. рэдакгара час. «Здравоохраненне Белорусснн», з 1972 у выд-вах «Беларусь», «Народная асвета», «Полымя». 3 1992 па 2005 дырэкгар Беларускага выдавецкага таварыства «Хата». Друкуецца з 1958. У зборніках апавяданняў і аповесцей «Жыватворныя крыніцы» (1979), «Усё скончана: мы прайшлі па Маскве» (1993), «Не плач, маці» (1995), «Дахаты пойдуць усе» (1999) і інш. любоў да прыроды, філасафічнасць, містыка, прызнанне сілы і дзейнасці малітваў, стараж. бел. абярэгаў, прыкмет. Аўтар навукова-папулярных кніг «3 вудай і стрэльбай» (1974, з М.І.Палескім, Р.М.Сяргеенкам), «Беларускія спартсмены ў баях за Радзіму» (1985, у сааўт.), «Размова з прыродай» (1990, з В.Э. Шомадзі), «Прыроды шчодрыя дары» (1992), «Дары лясоў, палёў, лугоў» (1994, абедзве з Н.ІАляксейчык), кнігі "Не надрукавана ў белдзяржструктурах" (2009) і інш.

Пра В. Санько чытайце на ст. 4.


У Берасці судзяць за "Ў"

Берасцейскі гарадскі суд аштрафаваў моладзевага актывіста Дзяніса Турчаняка на 1 мільён 405 тысяч рублёў.

Суддзя прызнаў юнака вінаватым ва ўмяшанні ў дзеянні супрацоўнікаў міліцыі 17 жніўня ў 18:20.

- Прысуд мне быў вызначаны паводле фальшывых сведчанняў міліцыянтаў, а мае паказанні і яшчэ трох выкліканых у суд сведкаў цалкам праігнараваныя, - лічыць Дзяніс Турчаняк.

Суд над актывістам Маладога фронту Міхаілам Ільіным не адбыўся. Маладзён запатрабаваў прысутнасці адваката. Суддзя задаволіў просьбу. Наступнае паседжанне суда адбудзецца праз некалькі дзён.

17 жніўня ў Берасці Міхаіла Ільіна і Дзяніса Турчаняка затрымалі непадалёк ад нядаўна ўсталяванага помніка ў гонар 1000-годдзя Берасця. Гэты помнік на скрыжаванні вуліц Савецкай і Гогаля выклікае шмат спрэчак. У беларускамоўным тэксце на ім шмат памылак, а беларускай літары "ў" няма ўвогуле.

Удзельнікі флэш-мобу паставілі да помніка ліст кардону, на якім была намаляваная літара "Ў" у чорнай рамцы з жалобнай стужкай. Так-сама ўдзельнікі акцыі ўсклалі да помніка вянок і запалілі свечкі.

Міліцыянты затры-малі Дзяніса Турчаняка і Міхаіла Ільіна. Ільін правёў ноч у пастарунку Ленінскага раёну. На Дзяніса Турчаняка быў складзены пратакол, з якога вынікае, што юнак нібыта ўчыніў спрэчку з міліцыянтам, абражаў яго і тузаў рукамі.

Паводле Радыё Свабода.


КУРСЫ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ I ГІСТОРЫІ

Узнаўляюць сваю дзейнасць курсы беларускай мовы і гісторыі для вучняў

10-х класаў сярэдняй школы. Курсы могуць наведваць усе ахвотныя.

Арганізацыйнае паседжанне - 8 верасня (аўторак) а 17.00 у сядзібе ТБМ

(вул. Румянцава, 13, ст.м. "Плошча Перамогі").


Нашу мову нашай школе

Нашу мову нашай школе!

Што гучыць нам наймілей?

Што душы найдаражэй

У суровы час нядолі?!


Наша мова! наша мова!

Гартавала наскі род,-

Разрасліся мы ў народ

З песні матчынай і слова.


Як на голас той забыцца,

Як яго не чуць душой

І ў Айчыне дарагой

Па-чужынску гаварыці?!


Лепш пакуты нам прыняці,

Мучыцца ў нямой журбе,

Чым укрыжаваць цябе,

Наша мова, наша маці!


Не! Ў кім думка прагне слова,

Ў будучым хто хоча жыць,

Той хай сэрцам закрычыць:

"Нашай школе нашу мову!"


Паратункам у нядолі

Наш лятунак залаты,

Дзеля мэты кліч святы:

Нашу мову нашай школе!

Аляксандр Алесь


У МАГІЛЁВЕ ІНІЦЫЮЮЦЬ ГОД РОДНАЙ МОВЫ

Комплекс мераў па прапагандзе беларускай мо-вы распрацоўваецца ў Магі-лёўскай вобласці.

Гэта работа пачалася пасля звароту да ўладаў краіны грамадзянскай ініцыятывы «Інстытут нацыянальнай памяці». Ва ўпраўленні ідэалогіі Магілёўскага аблвыканкама пагадзіліся, што сітуацыя вартая ўмяшання: руская мова стала асноўнай мовай стасункаў, а родная мова беларусаў, паводле ЮНЕСКА, знаходзіцца пад пагрозай поўнага знікнення.

Старшыня аблвыканкама Пётр Руднік даручыў распрацаваць комплекс мераў, дзе б былі сістэматызаваны высілкі па прапагандзе беларускай мовы органаў дзяржаўнай улады, дзеячаў нацыянальнай культуры, СМІ, грамадскіх арганізацый усіх узроўняў. Яго мяркуецца рэалізаваць у 2010 годзе, які магілёўскія ўлады прапануюць аб'явіць Годам роднай мовы. Комплекс мераў, над якім цяпер працуе рабочая група, будзе гатовы ў верасні. Свае прапановы выкажуць установы культуры і адукацыі. Выдаткі на выкананне прадугледзяць у абласным бюджэце.

- Падаецца, што кардынальна змяніць сітуацыю з беларускай мовай хутка немагчыма, - сказала намеснік начальніка ўпраўлення ідэалогіі Магілёўскага аблвыканкама Людміла ПАНІЗОВІЧ. - Патрэбен пераходны перыяд, каб адрадзіць беларускую мову ў грамадстве, сярод людзей.

Папярэдне мяркуецца, напрыклад, павялічыць колькасць гадзін выкладання культуры беларускай мовы ва ўстановах адукацыі, а ў дзіцячых садках прапанаваць выхавальнікам раз на тыдзень размаўляць з дзецьмі на роднай мове. Паводле прапаноў, у справу могуць уключыцца і першыя асобы вобласці і сельскіх раёнаў, і прамаўляць менавіта на беларускай мове ў асабліва значных і ўрачыстых выпадках. У тэатры плануюць больш спектакляў на роднай мове. Творчыя конкурсы, асабліва сярод моладзі, могуць стаць яшчэ адным дзейсным сродкам прыцягнення ўвагі да нацыянальнай культуры і літаратуры. Цэннікі ў крамах і меню ў грамадскім харчаванні можна рабіць на дзвюх дзяржаўных мовах. Беларускую мову, мяркуюць распрацоўшчыкі комплексу мераў, трэба больш шырока выкарыстоўваць на інфармацыйных экранах, у рэкламе і афішах па культурнай тэматыцы. СМІ гатовыя прапаноўваць матэрыялы аб захаванні і развіцці духоўнай спадчыны беларускага народа.

Ілона ІВАНОВА. (Звязда . 21 жніўня 2009 г.


Шукаем свае карані

Пакаленне маіх сучаснікаў, а гэта людзі паміж 50 і 60 гадамі жыцця, жыве ў пераломную эпоху, эпоху змены цэлых цывілізацый, калі знікла савецкая, камуністычная цывілізацыя, і ёй на змену прыйшлі новыя, ужо несавецкія часы, часы пабудовы і сталення нашай незалежнай дзяржавы.

Мае аднагодкі і людзі больш сталага веку, гэта пакаленне апошніх савецкіх людзей, значная частка жыцця якіх прайшла ў савецкія, пасляваенныя часы. Некаторыя дзецьмі перажылі і апошнюю вайну.

У савецкія часы гісторыя Беларусі шмат разоў перапісвалася і скажалася, а савецкія беларускія гісторыкі ў сваіх працах "вагаліся разам з лініяй партыі" ад сталінізму да гарбачоўскай перабудовы. Іх мала цікавіла жыццё простых людзей, іх біяграфіі і радаводы. Баючыся рэпрэсій, людзі знішчалі сямейныя архівы, не вялі асабістых дзённікаў, не расказвалі сваім дзецям і ўнукам пра свой радавод. Тым не менш у большасці нашых сем'яў захаваліся старыя фотаздымкі, лісты, некаторыя гістарычныя дакументы, узнагароды і г.д. Таму вельмі важна сабраць іх, на радасць сваім нашчадкам і пры магчымасці надрукаваць разам з асабістымі ўспамінамі.

У якасці прыклада разгледзім кнігу Івана Стадуба "Родавыя карані", якая пабачыла свет ў мінулым 2008 годзе ў выдавецтве "Кнігазбор".

Беларускі гісторык Іван Дзям'янавіч Стадуб нарадзіўся 26 лютага 1937 года у в. Юшавічы Нясвіжскага раёна ў сялянскай сям'і. Будучы прафесійным гісторыкам, ён напісаў сваю кнігу па правілах гістарычнай манаграфіі з дакладнымі спасылкамі на пісьмовыя крыніцы, генеалогіяй асоб па прозвішчы Стадуб, пачынаючы з 18 ст., што паходзяць з в. Юшавічы, кароткімі біяграфіямі тых асоб, якія шырока вядомы, як у Беларусі, так і за яе межамі і згадваюцца ў яго кнізе, добрымі фотаздымкамі з сямейнага архіву.

Храналогія кнігі ахоплівае межы 19 і 20 стагоддзяў, а генеалогія пачынаецца з 1765 года.

Першая частка кнігі прысвечана гісторыі роднай вёскі аўтара кнігі, якая вядома з XVI ст. і доўгі час належыла роду Радзівілаў.

Пасля ганебнай Рыжскай дамовы паміж савецкай Расіяй і Польшай, калі беларускія землі падзялілі напалам, вёска Юшавічы да 17 верасня 1939 года стала памежнай вёскай польскай дзяржавы на ўсходняй мяжы з СССР. Праз усю кнігу аўтар праносіць сваю ўвагу да стану роднай беларускай мовы. Так, у першым раздзеле ён адзначае, што выкладанне ўсіх прадметаў у вясковай школе ішло на польскай мове, і на ёй вялося ўсё справаводства. Аднак жыхары Юшавічаў у побыце карысталіся роднай беларускай мовай і толькі па неабходнасці размаўлялі папольску.

Другая частка кнігі мае аднолькавы з ёю назоў "Родавыя карані".

Каб напісаць гэты раздзел Іван Стадуб звярнуўся па дапамогу ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, адкуль атрымаў даведку аб генеалогіі сваіх продкаў. Гэта даведка цалкам прыводзіцца ў канцы кнігі.

У трэцяй частцы гаворка ідзе пра ваеннае дзяцінства аўтара, якое якраз прыпала на 5 год апошняй вайны. Нямецкія акупанты, няпростыя стасункі з партызанамі, як з савецкімі, так і з польскімі, вываз моладзі на прымусовую працу ў Германію, вызваленне ад фашыстаў у ліпені 1944 года, вось не поўны пералік сюжэтаў, з якіх складаецца вышэйзгаданая частка кнігі.

Цяжкія пасляваенныя гады, вучоба ў школе і калектывізацыя - вось сюжэты наступнай , чацвёртай часткі кнігі. З 1953 года Іван Стадуб навучэнец Нясвіжскай педвучэльні. Пра свае студэнцкія гады аўтар расказвае ў пятай частцы кнігі. Спадару Стадубу пашанцавала тут з добрымі і прафесійнымі выкладчыкамі. Адзін з іх беларускі паэт і перакладчык Павел Кузьміч Прануза на ўсё жыццё прывіў яму цягу да роднага беларускага слова, беларускай кнігі і беларускай песні.

З 1957 года Іван Стадуб - настаўнік у Давыд-Гарадку. Пра нялёгкае настаўніцкае жыццё ў галодныя пасляваенныя гады ідзе размова ў шостым раздзеле кнігі.

Потым служба ў савецкім войску і зноў вяртанне ў школу, у мястэчка Смілавічы пад Менскам. Глыбокае каханне і шлюб у студзені 1960 года. Аўтар спыняецца на рэформе беларускай школы паводле закона 1959 года. Гэта быў пачатак татальнай русіфікацыі беларускай школы. Колькасць гадзінаў на беларускую мову і літаратуру зменшылася ў некалькі разоў і адпаведна павялічылася на урокі рускай мовы і літаратуры. Выкладанне астатніх прадметаў пераводзілася на рускую мову. Да гэтага большасць прадметаў выкладалася пабеларуску і таму пераход на іншую мову даваўся настаўнікам і вучням цяжка, нават хваравіта.

Беларуская мова стала адзіным прадметам у школе, вывучэнне якога залежала ад жадання бацькоў і вучняў. Такім чынам, у верасні гэтага года мы можам адзначыць сумны 50ці гадовы юбілей русіфікацыі нашай школы.

Але настаўнік Іван Стадуб заўжды марыў аб вышэйшай гістарычнай адукацыі. З першага верасня 1962 года ён студэнт першага курса гістфака БДУ. Таму невыпадкова сёмая частка работы называецца "Здзяйсненне мары". Тут ён сутыкнуўся з вядомымі тады савецкімі беларускімі гісторыкамі Лаўрэнам Абэцэдарскім, Аляксеем Малашкам, археолагам Эдуардам Загарульскім і іншымі. У кнізе прыводзяцца кароткія біяграфіі гэтых прафесараў і выкладчыкаў, што мае каштоўнасць і для прафесійных гісторыкаў. Добра апавядае І. Стадуб і пра дзейнасць студэнцкіх будаўнічых атрадаў, якімі яму даводзілася кіраваць. Пры размеркаванні ён атрымаў самы высокі сярэдні бал за гады вучобы і таму быў пакінуты на працу ў БДУ і рэкамендаваны да паступлення ў аспірантуру пры кафедры гісторыі КПСС. Пасля паспяховага яе заканчэння Стадуб з кастрычніка 1970 года працуе выкладчыкам БДУ, а у чэрвені 1972 года паспяхова абараняе кандыдацкую дысертацыю.

"На жыццёвых шляхах" - так называецца восьмая частка кнігі. Тут апісваецца жыццё аўтара ў 7090х гадах мінулага стагоддзя перыяду "брэжнеўскага застою" і "гарбачоўскай перабудовы". У 1983 годзе Іван Садуб мяняе месца працы і ўзначальвае кафедру гісторыі КПСС Менскага інстытута культуры. У гэты час Іван Стадуб ўжо меў трох сыноў, атрымаў нарэшце двухпакаёвую кватэру "хрушчоўку", пахаваў бацькоў, працаваў над доктарскай дысертацыяй. Аднак знікла КПСС, распаўся СССР і тэма дысертацыі цалкам згубіла сваю актуальнасць. Цікава апавядае ён пра пачатак перабудовы і змаганне творчай беларускай інтэлігенцыі за вяртанне ў школы і ВНУ беларускай мовы і гісторыі.

Дзякуючы гэтым намаганням і новаму закону "Аб мовах у БССР", што быў прыняты 26 студзеня 1990 года ўжо ў 1993\94 навучальным годзе 80 % першакласнікаў вучыліся на роднай беларускай мове. Ствараліся прынцыпова новыя ўстановы - гімназіі, ліцэі каледжы, дзе пераважала навучанне на беларускай мове.

Беларусізацыя вучэбна-выхаваўчага працэсу паступова ахоплівала ўстановы прафесійнатэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Такія ж захады рабіліся ў вышэйшых навучальных установах. Павялічвалася колькасць гадзін на гісторыю Беларусі, у вучэбныя планы былі ўключаны беларусазнаўства і "Беларуская нацыянальная культура". Пашырылася выкладанне на беларускай мове. Пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы абітурыенты павінны былі здаваць экзамен па беларускай мове. У сістэме адукацыі дзяржава павялічыла на 10 працэнтаў заробак настаўнікам, якія выкладаюць на роднай мове.

У менскім інстытуце культуры, як ва ўсіх вышэйшых навучальных установах, былі створаны камісіі па вызначэнні выкладчыкаў, здольных праводзіць заняткі на роднай мове. З ліку больш чым 360 чалавек пажадалі выкладаць на мове свайго народа недзе каля трыццаці. Павелічэнне ім заробку на 10 працэнтаў аказалася вельмі эфектыўнай мерай. Ужо праз год колькасць такіх выкладчыкаў павялічылася больш чым у пяць разоў. На занятках і пасля іх многія выкладчыкі і студэнты пачалі размаўляць пабеларуску. Адбывалася паступовая беларусізацыя навучання.

Праводзілася рэфармаванне і структуры кіравання ва універсітэтах і інстытутах. скасавалі кафедры гісторыі КПСС і замест іх стварылі кафедры палітычнай гісторыі. У інстытуце культуры кафедру гісторыі КПСС аб'ядналі з кафедрай гісторыі Беларусі, на іх базе стварылі кафедру замежных краін і гісторыі Беларусі. Яе ўзначаліў доктар гістарычных навук Анатоль Пятровіч Грыцкевіч. Спачатку замест гісторыі КПСС выкладалі гісторыю Савецкага Саюза, праз год - палітычную, а затым - сусветную гісторыю. Трэба было распрацоўваць не толькі новыя курсы лекцый, але і пановаму асвятляць многія падзеі з гісторыі Савецкага Саюза. Зараз гэта кафедра мае назву гісторыі Беларусі і музеязнаўства. Доўгі час ёю кіраваў сп. Грыцкевіч, а зараз доктар культуралогіі, прафесар Аляксандр Іванавіч Смолік. Усе адзінаццаць супрацоўнікаў кафедры і зараз выкладаюць усе прадметы пабеларуску.

У гэтым раздзеле Іван Стадуб закранае такія гістарычныя падзеі, як стварэнне БНФ і яго фракцыі ў ВС БССР, жнівеньскі путч 1991 года, стварэнне фракцыі "Камуністы Беларусі за дэмакратыю" у ВС БССР (чэрвень 1991 г.) і стварэнне партыі Народнай Згоды ў 1992 годзе. Менавіта І. Стадуб узначаліў групу па падрыхтоўцы Статута партыі, а потым быў абраны ў склад яе Савета і Выканкама.

Цікава апавядае аўтар кнігі пра першы і чацвёрты з'езды беларусаў свету, якія адпаведна адбыліся ў 1993 і 2005 гадах. Ён прыводзіць параўнальна аналіз працы гэтых з'ездаў, паказвае як змянілася пасля 1994 года палітыка беларускіх уладаў у адносінах да беларускай дыяспары замежжа. З верасня 1996 года Стадуб пераходзіць на працу ў Беларускі недзяржаўны інстытут правазнаўства, дзе працуе і зараз.

Было б добра, каб сучасныя беларускія гісторыкі, палітычныя і грамадскія дзеячы ўзялі за прыклад кнігу Івана Стадуба і напісалі свае асабістыя ўспаміны.

Алег Трусаў.


Мовазнаўчы досвед

Утварэнні з суфіксам -ач- і іх актывізацыя ў нацыянальнай мове

Суфікс -ач- пашыраны ў многіх славянскіх мовах. Асаблівую прадукцыйнасць ён мае ў беларускай і ўкраінскай мовах. Надта актыўна ўтварае ён новыя словы ў народна-дыялектнай мове. Словаўтва-ральнай базай выступаюць тут розныя часціны мовы - дзея-словы, прыметнікі, назоўнікі, і нават лічэбнікі - ад іх узніклі словы аднач - 'адзін сын, адна жывая істота', другач - 'цяля на другім годзе жыцця', сара-кач - 'самаскід (самазвал) на сорак тон' і іншыя.

Некаторая частка ўтварэнняў на -ач занатаваная нашымі акадэмічнымі слоўні-камі: бубнач, глядач, скрыпач, сілач... Але гэта вельмі ня-значная колькасць ад тых, што бытуюць у жывой народнай мове. (Падрабязна гэтае пытан-не асвятляецца ў нашай кнізе «Беларускае народнае слова-ўтварэнне» - Мінск: Навука і тэхніка, 1977. - 320 с.)

Вытворныя словы з -ач абазначаюць, як асобу, так і прадметы, адцягненыя паняц-ці. Згадаем некаторыя з гэтых найменняў: 1) назвы асобы паводле занятку: іграч 'музьі-ка', грабач 'грабец', сявач 'сейбіт', трапач 'трапаль-нік', таргач 'гандляр' ; 2) найменні-характарыстыкі асо-бы: крумкач 'папрашайка', туляч 'туляга', папіхач , храпач 'храпун' ; 3) назвы прыладаў працы: таўкач 'мя-ла', сцягач і зграбач 'вілы зграбаць гной', сякач 'пры-лада секчы', распыляч 'распы-льцік', падкурач ' дымар' ; 4) назвы птушак: туркач 'ту-рок', крумкач 'груган', драч і іншыя; 5) назвы канкрэтных прадметаў паводле іх уласці-васдяў ці як аб'ектаў або су-б'ектаў дзеяння: курач 'нагар на кноце', скарач 'скарэлы ручнік', сукач 'ссуканая пят-ля', ківач 'маятнік', трапач 'трапло' і іншыя.

Невыпадкова, што ў сённяшнім друку надта актыў-на выкарыстоўваюцца. най-менні з суфіксам -ач . Іх бачым на старонках аўтарытэтных часопісаў, у тэкстах знакамітых майстроў слова.

Вось некаторыя пры-клады.

«Відаць, у кагосьці з моладзі быў радыёпрымач , бо ўсё больш пашыралася чутка, што немцы цабліжаюцца да Воршы» (Дзеяслоў. 2008. № 4 (35). С.5, Ціл Плезіч). «Нават пра запуск спадарожніка Зям-лі пачуў ад суседа-механіза-тара, які меў радыёпрымач на батарэйках» (Полымя. 2007. №3. С.88). «Але ж мы здавён - сейбіты. Арачы- ворнікі мы» (Тамсама, с.11. Валянціна Коў-тун.) «Дык тады хто ж мы, як не яго падпевачы » (Дзеяслоў. 2008. №5 (36). С.17. Вольга Іпатава). «Калі набы-валі падарунак, Кася перапы-тала ў прадавачкі : Прабачце, гэта ў Вас Пінгвіны?» (Там-сама, с.155).

У іншых тэкстах - пра-давач, электраперадач, выха-вач ('выхавальнік') і пад.

Форма радыёпрымач - вельмі выразна матываванае слова: прымаць радыё -> радыёпрымач . Як і ўсе такія ўтварэнні.

Павел Сцяцко


Фестываль у Ракуцёўшчыне

Ужо ў каторы раз нас сустракала святая ракуцёўская зямля. 2 жніўня на фестываль песні і паэзіі "Ракуцёўскае лета" тут сабраліся шчырыя прыхільнікі найлепшага з сыноў Беларусі - Максіма Багдановіча. Мы, сябры гісторыка- патрыятычнага клуба "Спадчына", лічым за вялікае шчасце і гонар бываць тут штолета. Гэтае неба, гэтыя краявіды бачыў паэт у далёкім 1911. Ён крочыў па гэтай вузенькай вулцы і гэтая зямля памятае яго крокі. Тут выбіваецца з зямлі струменьчык крыніцы- Максімавай крыніцы. Крыніцы яго любові да Радзімы...

... у родным краю ёсць крыніца

Жывой вады.

Там толькі я змагу пазбыцца

Сваёй нуды.

Калі ж у ім умру-загіну,-

Не жалюсь я!

Ня будзеш цяжкая ты сыну

Свайму, зямля...

І крыніцы натхнення для нас, сённяшніх - яго дзяцей, бо пакінуў нам Максім цуда-творную крыніцу сваёй творчасці, каб узра-сталі мы сапраўднымі беларусамі, прыпадаючы да яе душой і наталяючы смагу пазнання найвялікшай таямніцы: як пражыць жыццё годным ЧАЛАВЕКАМ.

Свята пачалося з мітынга ля камянёў - помнікаў. Адзін з іх сімвалізуе свечку вечнай памяці, а на другім ёсць памятная шыльда з партрэтам паэта і радкамі з яго санета.

Цёплыя словы вітання ад Мышкавец Ірыны Вітальеўны зрабілі настрой узнёслым і выклікалі жаданне падзяліцца і сваімі пачуццямі ад сустрэчы з любай сэрцу мясцінай і творчымі людзьмі, шмат каго з іх мы лічым сваімі сябрамі.

Нам таксама дазволілі сказаць сваё слова з нагоды свята. Затым мы ўсклалі дварэцкія васількі да партрэта Максіма.

Далей усе накіраваліся на ўзгорак, дзе знаходзіцца філія Літаратурнага музея "Фаль-варак Ракуцёўшчына". Пасля кароткай экс-курсіі на сядзібе мы пайшлі да Максімавай кры-ніцы, ля якой традыцыйна ладзілася свята.

Гарачае жнівеньскае сонца не сталася перашкодаю для гледачоў, каб выслухаць усіх выступоўцаў. Адкрыла свята уступным словам дырэктар музея Таццяна Эдуардаўна. А затым вядовец Андрэй Мікалаевіч вельмі бадзёра, з захапленнем і пашанаю, называў усё новыя імёны. І на сцэну падымаліся лепшыя з лепшых. Тыя, каго прывяла сюды ў гэты дзень любоў да паэтычнага слова і роднай мовы. Чыталі свае творы, прамаўлялі шчырыя словы пра Максіма Багдановіча. Кожнага выступоўцу са сцэны праводзілі шчырымі воплескамі. Асабліва нам прыемна было пачуць на свяце Уладзіміра Арлова, Вікторыю Трэнас, Віктара Шніпа, Ларысы Рублеўскую.

І,вядома ж, Эдуарда Акуліна. Бо яго творчасць асабліва нас прываблівае. Песні яго прасякнуты любоўю да Радзімы, болем за яе пакуты і спадзяваннем на шчаслівую будучыню. І голас яго, моцны і пяшчотны, так кранае самыя трапяткія струны душы. А яшчэ ён, як і мы, шчыра захоплены асобаю Максіма Багдановіча. І шмат зрабіў дзеля ўшанавання імя любімага паэта.

Ён на сцэне, а мы ля сцэны, спявалі (разам!) яго "Пагоню":

... А ў сонечным бязмежжы

Лунае горда бусел,

Як сімвал незалежнай,

Свабоднай Белай Русі...

Нашы васількі былі артысту ўзнага-родаю за яго цудоўнае выступленне, што так упрыгожыла гэтае свята.

А яшчэ мы на гэтым свяце пазнаёміліся з цудоўным паэтам і прыязным чалавекам Леанідам Дранько- Майсюком. Вельмі хочацца спадзявацца, што гэтае знаёмства перарасце ў шчырае сяброўства.

Нам таксама дастаўся гонар выступіць на свяце. Паліна Лашкоўская прачытала свой верш "Пачуй, душа..." Тут , на гэтым свяце, у год роднай зямлі , лічу гучаў вельмі дарэчы верш Дануты Бічэль "Ракуцёўшчына". Чыталі мы і любімыя вершы з "Вянка". А галоўным у нашым выступе быў, вядома ж, верш "Пагоня"- шэдэўр патрыятычнай лірыкі ў беларускай літаратуры.

А затым адбылося нашае маленькае асабістае свята - песні Эдуарда Акуліна пад яго гітару разам з аўтарам на падворку фальварка. Мы шчаслівыя, што і нашы галасы ўзнясліся да гэтага высокага неба, да яснага сонца, што таксама свяціла тут 98 гадоў таму Максіму Багдановічу.

...Я не баюся, я не шкадую,

Для Беларусі лёс ахвярую.

Мне не балесна, нават не горка,

Над пералескам вызірну зоркай...

Свята скончылася. Былі развітанні і шчырыя абяцанні сустрэцца тут зноў. Не засталіся мы і без падарункаў - свае новыя кнігі нам падарылі Віктар Шніп і Ларыса Рублеўская. Яны зоймуць годнае месца ў бібліятэчцы нашага клуба. І не будуць ляжаць марна- будуць самымі чытанымі і любімымі.

Вярталіся дамоў шчаслівыя, акрыленыя натхненнем ад судакранання з цудоўнай паэзіяй, душы поўніла музыка роднай мовы. Паболей бы такіх святаў у нашым жыцці!

Не толькі гэты год, а і кожны для нас - год роднай зямлі. Бо крочым мы па ёй з пашанай і гордасцю за свой край. Крочым сцежкамі роднага краю. І адна з іх заўжды вядзе ў Ракуцёўшчыну.

Сіневіч Яна, сябра гісторыка- патрыятычнага клубу "Спадчына", в. Дварэц Дзятлаўскага раёна.


Пачуй, душа, цябе і сёння

З вякоў мінулых наўздагон

Злучыцца з ёй заве Пагоня,

Разбіўшы цяжар векавых акоў.

Наперадзе яе далёка

Самотны вершнік з вогненным мячом.

Сягае конь яго шырока,

А шлях адзначаны святлом.

Бы ў святога Юрая вясновым маем

Гарачы погляд васільковых воч.

Як праімчыцца ён над краем-

Пакута, здрада, хцівасць - збоч!

Ён слаўны вершнік той, ён знаны

На ўвесь шырокі, вольны свет.

Радзіме сэрцам ён адданы,

То Багдановіч, наш паэт!

Лашкоўская Паліна, 5 клас.


Выйшаў зборнік спеваў

Вядомы гарадзенскі паэт і кампазітар Яўген Петрашэвіч пвыдаў збор спеваў "Напевы Гарадніцы".
Выданне змясціла больш за 20 песняў, складзеных як на ўласныя вершы Яўгена Петрашэвіча , так і на вершы вядомых беларускіх паэтаў. Музычныя творы прысвечаныя Гародні і Прынёманскаму краю. На думку ўкладальніка спеўніка, жыхары Прынёмання павінны надаваць больш увагі гісторыі і традыцыям свайго краю, а таксама спрыяць захаванню культурных здабыткаў Прынёмання:

- Я заўсёды з вялікай любоўю ставіўся да Прынёманскага краю, і істотная частка маёй творчаці прысвечана менавіта гэтым мясцінам. На жаль, сучаснае грмадства вельмі часта выказвае праявы абыякавасці да сваёй спадчыны, і збор гэтых песень павінен у пэўным сэнсе нагадаць людзям аб тым,што гісторыя роднага краю-гэта тое, без чаго смуткуе душа і пакутуе сэрца.

Яўген Петрашэвіч з'яўляецца бадай што адным з самых вядомых гарадзенскіх кампазітараў,а музычныя гурты пад яго кіраўніцтвам не аднаразовы станавіліся лаў-рэатамі і пераможцамі шмат-лікіх міжнародных конкурсаў у Польшчы, Нарвегіі, Швецыі і іншых краінах блізкага і далёкага замежжа.

Радыё Рацыя.


Вандроўка на Дзень беларускага пісьменства

Магілёўская гарадская арганізацыя грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ў нядзелю, 6 верасня, ладзіць традыцыйнае падарожжа на Дзень беларускага пісьменства па маршруце Магілёў-Менск-Крэва-Смаргонь-Залессе-Кушляны-Жупраны-Менск-Магілёў.

Падчас вандроўкі мы наведаем старажытны Крэўскі замак, сёлетнюю сталіцу Дня беларускага пісьменства - усенароднага свята друкаванага Слова, роднай Мовы, беларускай Кнігі - Смаргонь, палац Міхаіла Клеафаса Агінскага ў Залессі, сядзібу-музей Францішка Багушэвіча ў Кушлянах і яго магілу ў Жупранах.

Усіх прыхільнікаў беларушчыны і краязнаўства запрашаем у падарожжа!


Жарэс Алфёраў

Беларускія вынаходнікі

Сярод ураджэнцаў Беларусі XX ст. адным з самых вядомых з'яўляецца Жарэс Алфёраў. Наш народ гана-рыцца сваім знакамітым земляком, які праславіўся ў расійскім горадзе Ленінградзе. Гэтага чалавека называюць сынам двух народаў - беларускага і расійскага.

Жарэс Іванавіч нарадзіўся 15 сакавіка 1930 года ў Віцебску. Бацька Іван Кар-лавіч з Чашнікаў. Маці Ганна Уладзіміраўна з Лагойскага раёну. Пасля заканчэння Прамакадэміі ў 1935 годзе бацька працаваў у розных кутках Савецкага Саюза. Разам з ім вандравала і ўся сям'я. Ваенныя гады Алфёравы правялі ў Турынску. Пасля заканчэння вайны яны вярнуліся ў Менск. Тут Жарэс вучыўся ў мужчынскай сярэдняй школе №42, якую паспяхова скончыў у 1947 годзе. Выкладанне ў школе было па-беларуску. Свой першы дэтэктарны прыёмнік ён сабраў у 10-гадовым узросце, але галоўную ролю ў яго будучай спецыялізацыі адыграў школьны настаўнік фізікі Якаў Барысавіч Мельцэрзон, які прывіў яму любоў да свайго ўроку, што і вызначыла жыццёвы шлях будучага нобелеўскага лаўрэата. Пасля заканчэння школы Жарэс паступіў на энергетычны факультэт Беларускага палітэхнічнага інстытута. У сувязі з пераездам сям'і ў Ленінград ён перавёўся на факультэт электроннай тэхнікі Ленінградскага электратэхнічнага інстытута. Праз чатыры гады ён закончыў ВНУ на выдатна з дыпломам інжынера.

Па размяркаванні Жарэс Іванавіч трапіў у лабараторыю В.М. Тучкевіча Фізіка-тэхнічнага інстытута АН СССР, якім кіраваў акадэмік А.Ф. Ёфе. Менавіта з гэтым інстытутам звязана ўсё далейшае жыццё Жарэса Алфёрава.

Ужо 5 сакавіка 1953 года ён зрабіў першы транзістар. У 1954-м В.М.Тучкевіч і Ж.І. Алфёраў стварылі першыя савецкія сілавыя германіевые прыборы, якія знайшлі шырокае прымяненне ў розных кірунках прамысловасці, чугуначным і гарадскім транспарце.

У 1959 годзе Алфёраў атрымаў першую дзяржаўную ўзнагароду - "Знак Пашаны". У 1961-м ён паспяхова абараніў дысертацыю кандыдата тэхнічных навук.

Гетэрапераходы ў паўправадніках прывядзенне ў кантакт двух альбо некалькіх розных па хімічнаму складу паўправаднікоў. Рэалізацыя паўправадніковых прыбораў на аснове гетэраструктур дазволіла бы стварыць надзвычай магутныя і кампактныя канструкцыі. Праблема, якую вельмі доўга не маглі вырашыць эксперыментатары, была ў малым: падабраць розныя паўправаднікі, якія ідэальна падыходзяць па памерах крышталічнай рашоткі. Заслуга Алфёрава як раз у тым, што яму першаму ўдалося вырашыць гэтую праблему.

На самой справе, у 1967 годзе, калі, здавалася, быў вынесены "канчатковы" вер-дыкт аб бесперспекгыўнасці работ па гетэрапераходах, Жарэс Іванавіч з групай супра-цоўнікаў у сістэме AlAs - GаАs стварыў гетэраструктуры, блізкія па сваіх якасцях да ідэальнай мадэлі, а затым -першы паўправадніковы гетэ-ралазер, які працуе ў бесперапынным рэжыме пры пака-ёвай тэмпературы. У 1970-м у СССР на аснове гетэраструктур былі створаны сонечныя батарэі.

Вынікі новага этапу сваіх навуковых даследванняў Жарэс Іванавіч паведаміў у сваёй доктарскай дысертацыі, паспяхова абароненай ім у 1972 годзе, а ў 1973-м яго выбіраюць членам-карэспандэнтам АН СССР. Ён атрымоўвае званне прафесара Ленінградскага электратэхнічнага інстытута. I ўсё гэта адначасова з працай у фізтэху. Разам з калегамі ён уганароўваецца самай вышэйшай узнагародай СССР - Ленінскай прэміі.

Пачаўшы працу наву-ковым супрацоўнікам у лабараторыы Тучкевіча, ён становіцца затым загадчыкам сектара, лабараторыі, а з 1987 года - дырэктарам фізіка-тэхнічнага інстытута імя Ёфе.

У 1979 годзе Алфёрава выбіраюць дзейным членам Акадэміі навук СССР (з 1991-га -- акадэмік Расійскай акадэміі навук), у 1989-м - старшынём Прэзідыюма Санкт-Пецербургскага Цэнтра АН СССР, а ў 1990-м - віцэ-прэзідэнтам АН СССР (з 1991-га - віцэ-прэзідэнт Расійскай акадэміі навук).

Жарэс Алфёраў - аўтар фундаментальных прац у вобласці фізікі паўправаднікоў, паўправадніковай і квантавай фізікі, тэхнічнай фізікі. Яго лічаць заснавальнікам новага кірунку даследванняў паўправадніковых гетэраструктур. Жарэс Іванавіч прыняў актыўны ўдзел у стварэнні першых у СССР транзістараў, фотадыёдаў і магутных германіевых выпрамляльнікаў.

Жарэс Іванавіч - аўтар больш за 50 вынаходніцтваў у вобласці паўправадніковых тэхналогій, шэрагу манаграфій і кніг, больш за 400 навуковых прац у айчынных і замежных часопісах. Ён ушанаваны званнем лаўрэата міжнароднай прэміі "Арсенід галія". Ён галоўны рэдактар часопіса "Фізіка і тэхніка паўправаднікоў".

Добра вядома "навуковая школа акадэміка Алфёрава", з якой выйшла 50 кандыдатаў і 15 дактароў навук.

Адкрыццё Алфёравым ідэальных гетэрапераходаў і шэрагу новых фізічных з'яваў дазволіла не толькі палепшыць параметры вядомых паўправадніковых прыбораў, але і стварыць прынцыпова новыя прыборы, перспектыўныя для прымянення ў аптычнай і квантавай электроніцы. Менавіта за піянерскія работы па гетэраструктурах пачатку 1960х гадоў, якія прывялі да атрымання ў канцы 1960-х - першай полове 1970-х гадоў вышэйназваных вынікаў, Жарэс Іванавіч стаў Нобелеўскім лаўрэатам.

У 2000 годзе Жарэсу Іванавічу сумесна з амерыканскімі вучоны Гербертам Крэмерам і Джэкам Кілбі была прысуджана Нобелеўская прэмія па фізіцы за распрацоўкі ў вобласці сучасных інфармацыйных тэхналогій. Яны адкрылі хуткія опта і мікраэлектронныя кампаненты на базе шматслаёвых паўправадніковых структур.

Дзякуючы гэтаму адкрыццю былі створаны хуткія транзістары, якія выкрыстоўваюцца ў радыёспадарожнікавай сувязі і мабільных тэлефонах. Лазерныя дыёды сканструяваныя на падставе новых тэхналогій перадаюць інфармацыйныя плыні праз аптычныя сеткі.

Частку сваёй Нобелеўскай прэміі Жарэс Іванавіч аддаў на развіццё навуковаадукацыйнага цэнтра Фізікатэхнічнага інстытута імя Ёфе.

Вынікі даследванняў Алфёрава леглі ў аснову шэрагу новых навуковых і тэхнічных кірункаў. Некаторыя з іх працягваюць развівацца пад яго навуковым кіраўніцтвам ў галіновых інстытутах або перададзены ў вытворчасць. Хуткія транзістары, якія выкарыстоўваюць паўправадніковыя гетэраструктуры і лазерныя дыёды, пабудаваныя на тых жа прынцыпах у оптыкавалаконных лініях сувязі, СОплэерах, сканерах і г.д. Спатрэбіліся гэтэрапераходы і ў касманаўтыцы.

Ж.І. Алфёраў і ўзначалены ім калектыў даследвальнікаў былі ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР у вобласці навукі і тэхнікі за 1984 год. Але тэмпы даследванняў не запавольваліся.

Алфёраў стварае пры ФТІ Цэнтр фізікі нанагетэра-структур. У ім паспяхова распрацоўваюцца і выкарыстоўваюцца розныя тэхналогіі атрымання гетэраструктур вадкасная, металаарганічная і малекулярнапучковая эпітаксія, што дазволіла стварыць новае пакаленне оптаэлектронных канструкцый, у тым ліку оптаэлектронныя інтэгральныя схемы для звышхуткасных вылічальных прыстасаванняў. У траўні 2005 года было прынята рашэнне міжнароднага камітэту аб прысуджэнні найвялікшай расійскай навуковай прэміі "Глабальная энергія". Памер прэміі параўнальны з самай прэстыжнай у свеце Нобелеўскай прэміей.

У цяперашні час Жарэс Іванавіч з'яўляецца адзіным у свеце чалавекам, які ўганараваны дзвюмя такімі прэстыжнымі прэміямі, як Нобелеўская і "Глабальная энергія".

Жарэс Іванавіч ніколі не губляў сувязі з роднай Беларуссю, ніколі не забывае тых месцаў, дзе ён правёў свае школьныя і юнацкія гады і дзе вызначыў свой выбар на карысць навукі. Алфёраў падтрымлівае цесныя сувязі з вучонымі Беларусі.

29 траўня 2007 года, калі ён выступаў на міжнародным кангрэсе вучоных у Менску, Алфёраў аб'явіў аб стварэнні ў Беларусі аддзялення Фонду падтрымкі адукацыі і навукі, які называюць міжнародным Алфёраўскім фондам.

Яўгенія Пашкевіч.


Новая кніга Валера Санько

Кнігі такога кшталту не было. Упершыню за ўсю гісторыю БССР і Рэспублікі Беларусь высвечваецца геніяльнасць, няздарніцтва, зашоранасць, таленавітасць, справядлівасць (вызначэнне на погляд чытача) сучасных беларускіх літаратурных дзяржструктур.

Прапанаваныя ўвазе чытача аповесці і апавяданні, думаецца, не пакінуць нікога абыякавым, кожнага зацікавяць праўдзівымі вострымі сюжэтамі, яркай дэталізацыяй характараў герояў, багаццем жывой беларускай мовы. А найперш -любасцю да зямлі беларускай, здаўніны, абярэгаў і прыкметаў.

Праўдзівапранізлівыя, багатыя на філасофскія роздумы, жыццёвыя творы закрануць душу аб'ектыўнага чытача. Прывабіць рознастайнасць аўтарскіх літпрыёмаў.

Асобныя творы надрукаваныя ў недзяржаўных выданнях. Колькі разоў і дзе іх адхілялі літдзяржаўнікі, паказана ў "Хроніцы".

У паслямове да кнігі доктар філалагічных навук Арсень Ліс адзначае: "Чытаў творы кнігі з узрушанасцю. Бясконца радасна з імі знаёміцца, гэтак жа цяжка пра іх выказвацца. Разумею цяпер, як няпроста даваліся рэцэнзіі і заключэнні на яго тэксты прафесарам Уладзіміру Гніламёдаву, Алесю Яскевічу, Анатолю Грыцкевічу, Аляксандру Хацкевічу, пісьменніку Георгію Шыловічу, журналістцы Станіславе Масевіч.

Спадзяюся, нашы ацэнкі творчасці Валера Санько не перабольшаныя. Недарэмна агульныя, дарагія аўтару і мне сябры Іван Цішчанка і Анатоль Галчанаў (абодва, царства нябеснае, у лепшым свеце) нават у той далёкі час надзвычай станоўча адзываліся пра яго творы.

Дадзеная звонкая кніга свеціцца праўдзівай сцішанасцю, задуменнай філасофскай глыбінёй. Чытаецца лёгка, з цікавасцю...".


У Лідзе з'явіўся таленавіты празаік

У Менску ў ТАА "Смэлтак" выйшла кніжка апавяданняў маладога лідскага празаіка Юльяна Місюкевіча, на сёння менскага студэнта, "Скрозь туманнасць.

Апавяданні прывабліваюць нечаканымі паваротамі сюжэтаў, смеласцю выказвання думкі лірычнасцю апісанняў прыроды, любасцю да беларускай мовы. Героі аўтара - будучага фізіка - беларускія сучаснікі, усе ў пошуку, роздумах.

Творы не пакінуць абыякавымі не толькі маладога, а і дарослага чытача.

Што ж, у добры шлях, Юльян.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX