Вярнуцца: 2009

№ 35 (926)


Крыніца: pawet.net.



№ 35 (926) 2 ВЕРАСНЯ 2009 г.


1939 год, 1-га верасня альбо трагедыя краіны і салдата

(да 70-годдзя пачатку Другой Сусветнай вайны)

Два драпежнікі Гітлер і Сталін развязалі крываваю бойню, у выніку чаго першай ахвярай стала Польшча, якая аказалася паміж молатам і кавадлам -- гітлераўскай Германіяй і СССР.

Пакт Рыбентропа-Молатава з яго сакрэтнымі артыкуламі развязваў рукі двух разбойнікаў. Што і здарылася 1-га верасня 1939 года, калі пасля правакацыі на польска-нямецкай мяжы стальныя армады германскіх войскаў пры падтрымцы авіяцыі напалі на безабаронную Польшчу. А потым ужо 17 верасня таго ж года бальшавіцкія орды нанеслі з усходу ўдар у спіну.

Ніякі польскі патрыя-тызм і гераізм салдат і афіцэраў Войска Польскага, дзе служылі і беларусы, у тым ліку і мой дзядзька Станіслаў Шантар не змаглі стрымаць полчышчы двух заваёўнікаў. Заходнія саюзнікі Польшчы (Францыя і Англія) рэальнай дапамогі не аказалі, у выніку чаго адбыўся г.зв. 4-ы Падзел Рэчы Паспалітай.

Гэта была трагедыя для краіны, а таксама і для кожнага салдата, сярод якіх быў беларускі хлопец з Док-шыччыны, шараговец 71-га пяхотнага палка Станіслаў Шантар, сын Каэтана з засценка Харошая Ель.

Ён быў прызваны ў Войска Польскае ў 1938 годзе Глыбоцкім павятовым вайсковым камісарыятам. Іх полк быў раскватараваны ў г. Замбрэў, што ля Ломжы, і знаходзіўся заўсёды ў павышанай боегатоўнасці, бо адчувалася, што хутка будзе вайна. І гэта здарылася.

Свой браняваы кулак нямецкая армія накіроўвала з боку Усходняй Прусіі. У хуткім часе ў бой уступіў і 71ы пяхотны полк, у якім служыў малады хлопец з Беларусі Стась Шантар, 1915 года народзін. Баі працягвалася некалькі дзён, але сілы былі няроўныя, і полк быў ушчэнт разбіты. Некаторая частка застаўшыхся ў жывых салдат трапіла ў палон, у тым ліку і Шантар. Немцы размясцілі палонныхў лагеры ва Ўсходняй Прусіі.

Палон ёсць палон і трэба было неяк ратавацца. З Божай дапамогай удалося ўцячы. Кірунак трымаў у родныя мясціны, да бацькоў. Ішоў начамі, а днём хаваўся ў лясах. За гэты час моцна асунуўся, схуднеў і аброс, быў галодны і халодны.

Нарэшце паказалася савецкагерманская мяжа, пачаў адчуваць свабоду, і гэта дадавала сіл, а галоўнае - малітвы і просьбы да Бога.

Неўзабаве яго затрымалі чырвонаармейцы і перадалі ў НКУС. Так Станіслаў Шантар з нямецкага палону трапіў у "братнія" абдымкі.

Як салдата польскай арміі накіравалі ў лагер для ваеннапалонных у Асташкава, дзе нкусаўцы растрэльвалі, як і ў Катыні.

Пачаліся допыты. Хто бацькі? Чым займаюцца, які склад сям'і, колькі ў гаспадарцы зямлі і г.д.?

Дарэчы, сям'я Шантароў была гаспадарскай, мелі шмат зямлі, жылі нядрэнна, заможна. Але і сям'я была вялікая. Наёмных работнікаў не мелі, спраўляліся на зямлі самі. Гэта і выратавала ў далейшым Станіслава Шантара ад бальшавіцкай кулі: Следчы аказаўся нядрэнным чалавекам, бо не прылічыў свайго падапечнага да "кулакоў".

Пасля гэтага з Асташкава перавезлі ў лагер для ваеннапалонных у г. Вялікія Лукі (а да гэтага на кароткі час у Оршу). Такім чынам пасля нямецкага палону ва Ўсходняй Прусіі С. Шантар прайшоў аж тры савецкія лагеры: Асташкава Орша - Вялікія Лукі.

Дзе б ні знаходзіўся вёў сябе прыстойна, маліўся Богу і верыў у вызваленне. Гэта вера дала яму права выжыць, хаця гора за ўвесь гэты час хапіў праз край.

З лагера для ваеннапалонных, што знаходзіўся ў Вялікіх Луках вызвалілі, перавялі ў Барысаў на працу, а потым адпусцілі дамоў.

Пад час нямецкай акупацыі займаўся з бацькамі сялянскай гаспадаркай у сваім родным засценку Харошая Ель.

Пад канец вайны ўладкаваўся працаваць манцёрам па сувязі на чыгунцы, пагэтаму меў бронь. Потым аж да пенсіі тут і працаваў.

Ажаніўся дзядзя Стась пасля вайны. Яго жонка па імені Соня -- вельмі добрая, шчырая, працавітая жанчына нарадзіла трох дачок: Ромцю, Алю і Броню, яны цяпер усе замужам і жывуць у Рызе (Латвія).

Увесь час сям'я жыла ў засценку Харошая Ель. Дзеці наведвалі сваіх бацькоў і дапа-магалі ім.

У 1992 г. сюды і я прыязджаў, а гэта было ў суботу 29 жніўня, каб па даручэнні польскага консула ў Вільні пана Стаўрыла ўручыць спадару Шантару Станіславу Каэтанавічу медаль "За ўдзел у абарончай вайне 1939 года." Пасведчанне № 17-91-46 ад 29.04.1991 г.

Польскі ўрад не забыў абаронцу сваёй краіны ў трагічныя вераснёўскія дні 1939 г. Кожны квартал ён атрымоўвае пэўнаю суму грашовай дапамогі, што з'яўляецца добрым дадаткам да яго пенсіі. Праўда, недарэчна тое, што мясцовыя докшыцкія ўлады утрымліваюць за даведку аб яго жыцці аж адну трэць гэтай дапамогі (!?) А такую даедку патрэбна браць у сельсавеце кожны квартал, каб атрымаць грашоваю дапамогу.

Час ідзе, усё цячэ, усё змянецца.... Некалькі год назад дзядзя Стась пераехаў у в. Крукоўка, што ляжыць ля шашы ДокшыцыГлыбокае, каб быць бліжэй да людзей, бо ў засценку Харошая Ель ужо нікога няма: старыя паўміралі, а маладыя раз'ехаліся. Былы засценак цяпер у страшэнным выглядзе, нібы пасля землятрусу...

Дзядзю Стасю ідзе цяпер 95 -ы год, нядаўна зрабілі аперацыю. Усё ж ачуняў, ходзіць у касцёл, моліцца Богу.

Яго жонка - Соня, прыкована да ложка. Даглядаць яе прыязджаюць па чарзе з Латвіі іх дзеці - Аля, Ромця, Броня.

Такія падзеі, час, людзі...

Станіслаў Шантар сумленны, працавіты, набожны чалавек. Зычу Яму і сям'і здароўя і традыцыйных "Сто лят (год)" жыцця.

Юры Гіль,

старшыня ТБМ Віленскага Краю


ТБМ вітае ініцыятыву ўладаў Магілёўшчыны

Сакратарыят ТБМ вітае ініцыятыву ўладаў Магілёўшчыны, каб наступны 2010 год абвесціць Годам роднай мовы. ТБМ заклікае ўладныя структуры г. Менска і абласное кіраўніцтва Гродзенскай, Віцебскай, Мінскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей падтрымаць гэты чын.

Мы прапануем уключыць у комплекс мерапрыемстваў па прапагандзе беларускай мовы адкрыццё з 2010 года беларускамоўнай гімназіі ў гістарычным цэнтры Магілёва і надаць ёй імя Максіма Гарэцкага.

Сакратарыят ТБМ, 27 жніўня 2009 года.


495 гадоў таму назад адбылася Аршанская бітва

1514, адна з буйнейшых бітваў вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1512-22. Адбылася 8.9.1514 пад Оршай. Неўзабаве пасля капітуляцыі перад маскоўскімі войскамі Смаленска (жн. 1514) вял. князь маскоўскі Васіль III паслаў 80-тысячнае коннае войска з баяр і «людзей вайсковых» на чале з кн. М.І. Булгакавым-Голіцай і І.А. Чаляд-ніным у кірунку Оршы і Друцка. Вял. князь ВКЛ і кароль польскі Жыгімонт Стары сабраў войскі абедзвюх сваіх дзяржаў: апалчэнне ВКЛ пад камандаваннем найвышэйшага гетмана К.І. Астрожскага (І6 тыс. коннікаў), 14 тыс. польскіх коннікаў, 3 тыс. наёмнай пяхоты, аддзелы паноў з Малой Польшчы шляхціцаў-добраахвотнікаў з Вял. Польшчы (2500 коннікаў). Жыгімонт застаўся ў Барысаве з 4-5 тыс. войска, а асноўныя сілы (больш за 30 тыс. чал.) начале з Астрожскім пайшлі пад Оршу. Аддзеламі войск камандавалі Ю. Радзівіл, Ю.С. Алелькавіч, Я. Свярчоўскі і інш., значную яго колькасць складалі беларускія воіны (летапісы і хронікі называюць войска «літоўскім»). Першы бой адбыўся 27.8.1514 на левым беразе Бярэзіны ў час пераправы аддзелаў ВКЛ. У гэтым баі разбіта некалькі маскоўскіх палкоў. Потым аддзелы І.Б. Сапегі нанеслі паражэнне маскоўскім войскам на р. Друць. Рускае войска пераправілася на левы бераг Дняпра і стала паміж Оршай і Дуброўнай на р. Крапіўне. Тут, недалёка ад Аршанскага замка, і адбылася вырашальная бітва. Частка бел.-літ. і польскай конніцы без страт пераправілася цераз Дняпро. Вышэй па цячэнні ад месца пераправы конніцы праз патаемна наведзены наплаўны мост раку перайшлі пяхота, конніца і артылерыя. Пасля кароткай прамовы Астрожскі павёў у атаку конніцу і пяхоту на расцягнутыя парадкі мас-коўскага войска. Пачалася жорсткая бітва з палкамі Булгакава-Голіцы. Чаляднін у бой не ўступіў, а калі ўдар абрынуўся на яго палкі, ад бою ўхіліўся Булгакаў-Голіца. Хітрым манеўрам пад выглядам адступлення Астрожскі ўцягнуў праціўніка ў пагоню і вывеў яго пад агонь сваіх замаскіраваных гармат. Паспя гэтага ён зноў нанёс удар па палках Булгакава-Голіцы, якія былі разгромлены, частка воінаў трапіла ў палон. Таксама былі разгромлены і палкі Чалядніна. У маскоўскім войску пачалася паніка. Многія з уцекачоў загінулі ў Дняпры і Крапіўне (апошняя была запруджана целамі). Месца бітвы было ўслана забітымі. Дакументальныя звесткі пра страты супярэчлівыя; паводле рус. летапісаў, хронік і звестак С. Герберштэйна, страты маскоўскага войска склалі каля 40 тыс. чалавек забітымі. У палон трапілі Булгакаў-Голіца, Чаляднін і яшчэ 8 ваявод, 17 інш. военачальнікаў, 2 тыс. «дзяцей баярскіх» і больш за 2 тыс. воінаў. Пераможцам раздалі 20 тыс. трафейных коней і палавіну абозу. Васіль III заявіў, што для яго тыя, хто трапіў у палон, мёртвыя. Дзесяткі гадоў заставаліся палонныя ў Вільні і ў розных гаспадарскіх дварах і валасцях. Чаляднін памёр у Вільні праз некалькі гадоў, Булгакаў-Голіца вярнуўся на радзіму ў 1552.

Перамога ў А.б. дала магчымасць адваяваць Дуброўну, Мсціслаў і Крычаў. Смаленск узяць не ўдалося, аднак пасля бітвы да 1518 не адбывалася ўварванняў маскоўскіх войск у ВКЛ (за вы-ключэннем асобных набегаў).

АРШАНСКАЯ БІТВА

Як паснулі на раллі

Разам з коньмі маскалі,

Бо ліцьвіны за Радзіму

Усе паўсталі як адзіны.

Навастрылі свае дзіды,

Пімчалі на Крапіўну -

Бой адбыўся незабыўны.

А ліцьвінаў было меней

І вось з гэтай вояў жменяй

Князь Астрожскі перамог...

Нашых вояў тысяч трыццаць-

Кожны мужны, моцны рыцар.

Больш маскоўцаў

разы ў тры...

Разарваў паветра крык -

Сеча люта пачалася...

Тут ліцьвінскія рады

Разыйшілся хто куды

І з кустоў гарматы

Пакасілі сотні гадаў...

Кроў ліецца, кроў хліпоча -

Справа блізіцца да ночы,

Тут маскоўцы ўцякаюць...

Слава воям, іхняй сіле,

Богу, што не даў Расіі

Апрануць на нас кайданы,

Згінуць у крывавых ранах

Зямельцы

нашай згвалтаванай...

... Як паснулі на раллі

Разам з коньмі маскалі...

Фольк-балада Кірыла Сыцько.


Беларуская мова і Ўзброеныя Сілы Беларусі

23 ліпеня 2009, г. Менск

23 ліпеня 2009, г. Менск

Ш. сп. Алегу Трусаву,

старшыню Таварыства беларускай мовы

імя Ф.Скарыны

Вінцука Вячоркі, сябра ТБМ імя Ф.Скарыны

ЗАЯВА

Вельмішаноўны спалар старшыня.

Паводле п. 2.4. Статута ТБМ, "для ажыццяўлення статутных мэтаў і задач ТБМ выкарыстоўвае наступныя метады: (...) прадстаўляе і абараняе правы і законныя інтарэсы сваіх сяброў у дзяржаўных, гаспадарчых і грамадскіх органах і іншых арганізацыях (...}".

Мой сын Францішак Вячорка, сябра ТБМ імя Ф. Скарыны, праходзіць тэрміновую службу ў вайсковай частцы № 48694 у Мазыры. Я маю абгрунтаваныя падставы сцвярджаць, што падчас службы істотна парушаюцца ягоныя моўныя правы.

Так, парушаецца яго канстытуцыйнае права карыстацца роднай беларускай мовай (арт. 50 Канстытуцыі) і не забяс-печваецца ўсебаковае функцыянаванне беларускай мовы ў вайсковай сферы (арт. 2 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі).

Больш за тое, у моўных паводзінах афіцэраў і прапар-шчыкаў вайсковай часткі ў дачыненьні да Ф. Вячоркі ў выніку расследавання могуць быць угледжаныя прыкметы злачынстваў, прадугледжаных арт. 130 ("Распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці альбо нязгоды) і арт. 190 ("Парушэнне раўнапраўя грамадзянаў") Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

3 пачатку ліпеня вайсковы псіхолаг часткі, ён жа штатны дазнавальнік, старшы лейтэнант Дзяніс Казак і прапаршчык Піскун пачалі патрабаваць ад Ф. Вячоркі агучваць, дубляваць каманды і адказваць на іх па-расейску, напр., замест "Зважай!" казаць "Смирно". Аддаючы калланды па-беларуску, Ф. Вячорка нібыта парушае вайсковы статут (беларускамрўных версіяў статутаў для Ўзброеных Сілаў Рэспублікі Беларусі няма), а таксама "проціпастаўляе сябе калектыву", паводле Дз.Казака.

3 22 ліпеня ст. л-т Дз. Казак і прапаршчык Піскун пачалі ў загаднай форме вымагаць ад Ф. Вячрркі ўжываць не беларускі зварот "спадар" , а саветызм "таварыш". Яны спасылаліся на школьныя слоўнікі 70-х гадоў, дзе няма словаў "Зважай!" і "спадар" .

Зазначу, што пасля пачатку службы Ф. Вячоркі ў Мазыры галоўны рэдактар органа ТБМ "Наша слова", лексікограф, падпалкоўнік у адстаўцы Станіслаў Суднік прыслаў у батальён некалькі асобнікаў выдадзенага ў 1997 г. Тэрміналагічнай камісяй ТБМ "Расейска-беларускага вайсковага слоўніка" аўтарства С. Судніка і С. Чыслава пад рэд. праф. П. Сцяцко. Там ёсць абодва згаданыя словы.

Нарматыўны Акадэмічны Тлумачальны слоўнік беларус-кай літаратурнай мовы (1996), які "з'яўляецца даведачнай крыніцай пры вызначэнні семантыкі слоў, значэнняў слоў, кіраўніцтвам для правільнага ўжывання слоў, для правільнага ўтварэння форм слоў і для правільнога напісання слоў сучаснай беларускай літаратурнай мовы" (с. 5), падае слова "Зважай!" як каманду, а слова "смірна" наагул не фіксуе. Ён жа адлюстроўвае адпаведную семантыку звароту "спадар" .

На жаль, камандаванне часткі не толькі праігнаравала магчымасць укараніць зафіксаваную нарматыўным і галіновым слоўнікамі беларускую вайсковую тэрміналогію ў практыку, але, наадварот, забараніла беларускамоўнаму шарагоўцу выкарыстоўваць яе ў індывідуальным парадку.

Каб прынізіць годнасць беларускамоўнага салдата, скарыстоўваюцца розныя магчымасці. Калі раней не было праблемаў з тым, што Франак аддаваў перавагу адзінай у рэпертуары вайсковай часткі беларускай шыхтавой песні, то цяпер афіцэры патрабуюць, каб ён спяваў песні па-расейску.

10 ліпеня дзяжурны па частцы прапаршчык Піскун загадаў Ф. Вячорку спяваць па-расейску. На выказаную гатоўнасць жаўнера адспяваць беларускую песню Піскун заявіў, што, па-першае, ён не любіць беларускай мовы; па-другое, ён дакладна ведае, што беларускую мову не любяць многія салдаты і сяржанты; а па-трэцяе, калі Ф. Вячорка не выканае загад, то супраць яго ўзбудзяць крымінальную справу.

21 ліпеня адбыўся беспрэцэдэнтны выпадак, які сведчыць пра адсутнасьць у некаторых афіцэраў і прапаршчыкаў гэтай вайсковай часткі агульнай культуры і праўнай свядомасці, не кажучы ўжо пра свядомасць нацыянальную. Яны пашыхтавалі некалькі дзясяткаў салдатаў батальёна, якія спявалі расейскую песню. А за 20 метраў ад іх асобна паставілі аднаго шарагоўца Ф. Вячорку, якому загадалі спяваць беларускую песню, пера-сягаючы гучнасцю саслужыўцаў. Інакш як моўным апартэідам і актам знявагі я гэта назваць не магу.

Ёсць сведчанні, што названыя афіцэры і прапаршчыкі ўжываюць у дачыненні да беларускай мовы абразлівыя азначэнні: "говори нормально", "пой на нормальном языке". Гэта відавочная абраза беларускай мовы, нацыянальнай годнасці беларусаў, наўпроставае парушэнне канстытуцыйных правоў майго сына і любога беларускамоўнага чалавека. Нагадаю, што "Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці альбо нязголы, на прыніжэнне нацыянальнага гонару і голнасці, (...) учыненыя службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўна-моцтваў, - караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў" (арт. 130 КК РБ).

Моўныя прэтэнзіі да Ф. Вячоркі фармулююцца ў форме загадаў. Яму загадваюць адказваць па-расейску, ужываць русізмы, спяваць па-расейску. Такім чынам, старшы лейтэнант Казак пры падтрымцы намесніка камандзіра часткі па ідэалогіі Ўладзіміра Ігнаціка за нібыта непадпарадкаванне і невыкананне загадаў, а фактычма за ўжыванне беларускай мовы пагражае Ф. Вячорку крымінальным пераследам.

Раней з ініцыятывы Ф. Вячоркі ў частцы з'явілася бібліятэчка, значную частку якой складаюць кнігі па-беларуску, у тым ліку з аўтографамі аўтараў - Ул. Арлова, А. Хадановіча, А. Клінава. Гэтаксама Ф. Вячорка ладзіў для салдатаў паказы папулярных фільмаў, прадубляваных на беларускую мову.

Але псіхолаг Дз. Казак забраў з бібліятэчкі значную частку кніг, пераважна беларускамоўных: усе кнігі серыі "Бібліятэка Свабоды", бальшыню кніг Ул. Арлова і "Бібліятэкі Нашай Нівы", часопіс "pARTyzan", кнігу "Пра герб і сцяг" і інш.

Рэдакцыі і асобныя грамадзяне выпісваюць для Ф. Вячоркі газеты ТБМ імя Ф. Скарыны "Наша слова" і "Новы час", а таксама "Нашу ніву" ды іншыя, часткова беларускамоўныя, выданні. Аднак газеты даходзяць да адрасата нерэгулярна, а пасля атрымання асобнікаў афіцэры і прапаршчыкі адбіраюць іх у Ф. Вячоркі, каб не дапусціць чытання іншымі вайскоўцамі.

23 ліпеня 2009 году антыбеларуская істэрыя ў в/ч № 48694 дасягнула піку. Ф. Вячорку афіцыйна вынесена адно з найбольш жорсткіх дысцыплінарных спагнанняў, прадугледжаных арт. 49 Дысцыплінарнага статуту Ўзброеных Сілаў: змяншэнне адпачынку за ўвесь перыяд вайсковай службы да 5 сутак (наступнае і найбольш жорсткае пакаранне - гаўптвахта). Ф. Вячорка пакараны за ўжыванне каманды "Зважай!" замест "Смирно!". Ініцыятыва пакарання належыць згаданаму Дз. Казаку, адказнасць за пакаранне нясе намеснік камандзіра батальёна па ідэалогіі маёр Уладзімір Ігнацік. Такім чынам, упершыню ў гісторыі незалежнай Рэспублікі Беларусь беларускі салдат пакараны за ўжыванне беларускай мовы ў войску.

Я перакананы, што не віна беларускіх патрыётаў, а праблема Міністэрства абароны ў тым, што дагэтуль няма ані беларускамоўных статутаў, ані рэальных правоў беларускае мовы, у тым ліку тэрміналогіі, у арміі. Вайскоўцы, што выкарыстоўваюць беларускую вайсковую тэрміналогію, што вяртаюць беларускай мове такую важную для нацыянальнай кансалідацыі і бяспекі дзяржавы сферу ўжытку, як войска, вартыя падтрымкі і заахвочвання, а не пагрозаў крымінальнага пераследу.

Такім чынам, майго сына паддаюць свядомаму маральна-псіхалагічнаму тэрору. Адной з асноўных акалічнасцяў, з нагоды якіх ён адбываецца, ёсць беларуская мова. Ствараецца невыносная атмасфера для беларускамоўнага чалавека, які ў прынцыпе нармальна нясе службу (тут я не закранаю незаконнасць прызыву ў войска і стан здароўя Ф. Вячоркі, але не магу не сказаць, што псіхалагічны ціск смяротна небяспечны для чалавека з дыягназамі "ПМК сэрца" і "артэрыяльная гіпертэнзія"). Адбы-ваецца дыскрымінацыя грамадзяніна Беларусі паводле моўнай прыкметы.

У сувязі з вышэйвыкладзеным і неабходнасцю, як аба-раніць правы канкрэтнага чалавека, так і беларускамоўных у войску наогул, прашу Вас, спадар старшыня:

звярнуцца з просьбай аб расследаванні магчымых фактаў парушэння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі і арт. 40 і 130 Крымінальнага кодэксу ў в/ч № 48694 у Генеральную і Беларускую ваенную пракуратуры;

звярнуцца да міністра абароны Л.С.Мальцава з запытам пра моўную сітуацыю ў в/ч супрацьпаветранай абароны № 48694 і патрабаваннем спыніць моўную дыскрымінацыю беларускамоўнага салдата і скасаваць пакаранні за ўжыванне беларускай мовы;

прапанаваць міністру абароны Л.С. Мальцаву мета-дычную дапамогу ТБМ для ўкладання вайсковых статутаў па-беларуску, а таксама часовае выкарыстанне "Расейска-беларускага вайсковага слоўніка" С. Судніка і С. Чыслава як дапаможніка ў выкарыстанні беларускай мовы ў вайсковай службе;

звярнуцца да камандавання 8-й радыётэхнічнай брыгады (палкоўнік Ігар Уладзіміравіч Балеўскі, г. Баранавічы, вул. Чурыліна) і в/ч № 48694 (падпалкоўнік Ігар Валер'евіч Лябедка, г. Мазыр, вул. Астроўскага) з патрабаваннем спыніць дыскры-мінацыю вайскоўцаў паводле моўнай прыкметы;

зарганізаваць інтэрвію для газетаў "Наша слова" і "Новы час" у фігурантаў справы маёра Ўладзіміра Іванавіча Ігнаціка і ст. лейтэнанта Дзяніса Анатолевіча Казака (г. Мазыр, вул. Астроўскага),

а таксама зрабіць любыя іншыя захады, якія могуць паспрыяць спыненню пераследу Ф. Вячоркі паводле моўнай прыкметы.

3 павагай

Вінцук Вячорка , сябра Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны ад моманту заснавання.


4 ліпеня 2009 г. № 418

Сп. Л. С. Мальцаву

Міністру абароны Рэспублікі Беларусь

220034, г. Мінск, вул. Камуністычная, 1

Паважаны Леанід Сямёнавіч!

Да нас звярнуўся са скаргай актыўны сябар ТБМ Вінцук Вячорка аб пераследзе па моўнай прыкмеце яго сына Францішка Вячоркі, які праходзіць тэрміновую службу ў вайсковай частцы № 48694 у Мазыры. Дасылаем Вам вышэйзгаданую скаргу і просім тэрмінова разабрацца з усімі фактамі, якія ў ёй выкладаюцца.

Мы вельмі занепакоены тым, што не гледзячы на Вашы папярэднія абяцанні, у беларускім войску адсутнічаюць беларускамоўныя статуты, адпаведныя інструкцыі і слоўнікі, а дзяржаўная беларуская мова не толькі не выкарыстоўваецца, але часам і зневажаецца асобнымі вайскоўцамі. Мы хочам Вам нагадаць, што яшчэ ў 20-х гадах мінулага стагоддзя на тэрыторыі БССР у Чырвонай Арміі ў некаторых вайсковых частках беларуская мова выкарыстоўвалася вельмі шырока, пра што сведчаць успаміны славутага савецкага маршала Георгія Жукава, які праходзіў у той час вайсковую службу ў горадзе Слуцку, вывучыў там беларускую мову і ганарыўся тым, што добра яе ведае.

Чаму б Вам, паважаны Леанід Сямёнавіч, не ўзяць прыклад з легендарнага маршала і не перайсці ў штодзённым жыцці на актыўнае карыстанне дзяржаўнай беларускай мовай, тым больш, што Вы яе добра ведаеце. Як толькі па-беларуску загаворыць міністр абароны нашай краіны, то праз пару год большасць афіцэраў і салдат на Беларусі будуць з павагай ставіцца да роднай мовы тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь.

Дадатак на трох старонках.

3 павагай

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў.


Старшыні Таварыства беларускай

мовы імя Францішка Скарыны

Трусаву А.А.

220034, Мінск, вул.

Румянцава, 13

Аб разглядзе звароту

Паважаны Алег Анатольевіч!

У Міністэрстве абароны разгледжаны Ваш зварот і праведзена праверка па ўсёй інфармацыі, выкладзенай у ім.

Ваеннае ведамства не можа пагадзіцца з сцвярджэннем пра ігнараванне і непавагу да роднай мовы ў беларускім войску.

Бо менавіта Міністэрствам абароны шырока разрэкла-маваны баявыя дакументы на беларускай мове, якія выдаваліся ў дваццатых гадах мінулага стагоддзя. Так, у кнізе «Вооруженные Силы Республики Беларусь. 90 лет на страже Отечества», якая ёсць практычна ў кожнай бібліятэцы, прадстаўлены, напрыклад, Загад Рэвалюцыйнага Ваеннага савету СССР 2 красавіка 1927 г. № 182 і "Баявы статут пяхоты РСЧА", выданне 1927 г.

Добра вядома, што элітным падраздзяленнем беларускага войска з'яўляецца рота ганаровай варты, якая выконвае най-важнейшыя дзяржаўныя задачы, прадстаўляючы нашу краіну на міжнародным узроўні. Прынцыпова важна, што прывітальны даклад камандзіра роты ганаровай варты ў гонар прыбыцця пачэсных гасцей і дэлегацый ажыццяўляецца толькі на беларускай мове.

Цалкам заканамерна, што на канцэртах, якія арганізуе ваеннае ведамства, колькасць песень на беларускай мове, як правіла, складае больш 50% адпаведнага рэпертуара канцэртных праграм.

Нарэшце, надпісы на Баявых сцягах, ардэнах, гераль-дычных знаках, знаках Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь выкананы таксама толькі на беларускай мове.

Тым больш не адпавядаюць рэчаіснасці абвінавачванні ў праследаванні вайскоўцаў за выкарыстанне імі беларускай мовы.

Праверка паказала, што Ф.В. Вячорка не прыцягваўся да дысцыплінарнай адказнасці за выкарыстанне беларускай мовы. Падобнага, у прынцыпе, не можа быць у беларускім войску. Больш таго, афіцэры і прапаршчык, якія агулам абвінавачваюцца ледзь не ў распальванні расавай, нацыянальнай варожасці, а таксама "моўным апартэідзе", самі этнічныя беларусы, якія паважаюць беларускі народ і родную мову ніяк не менш чым Ф.В. Вячорка.

Дысцыплінарнае спагнанне на радавога Вячорку Ф.В. накладзена не за ўжыванне ім беларускай мовы, а за нетактоўныя паводзіны са старэйшым па воінскім званні, няведанне і нежаданне выконваць патрабаванні агульнавайсковых статутаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.


Беларускамоўныя вайсковыя нарукаўныя знакі

Акрамя таго, устаноўлена, што ніхто з службовых асоб не дапускаў некарэктных выразаў у адрас беларускай мовы. Адпаведна, прыведзеныя ў якасці прыкладу словазлучэнні (тыпу «говори на нормальном языке» і іншыя) не ўжываліся службовымі асобамі падраздзялення, дзе служыць Ф.В. Вячорка.

Паводле артыкула 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" ва Узброеных Сілах, іншых вайсковых фарміраваннях Рэспублікі Беларусь ужываюцца беларуская і (або) руская мовы.

Такім чынам, ужыванне рускай мовы, як пры падачы каманд, так і пры выкананні страявых песень у пэўным воінскім падраздзяленні па рашэнні адпаведнага камандзіра (начальніка) цалкам правамерна і не супярэчыць заканадаўству.

У адпаведнасці з артыкулам 242 Статуту ўнутранай службы падчас вячэрняй прагулкі асабовы склад выконвае страявыя песні ў складзе падраздзяленняў.

У рэпертуары страявых песень ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь ёсць песні, як на беларускай, так і на рускай мовах.

Невыпадкова на ўсіх парадах войскаў Мінскага гарнізона зводным аркестрам выконваюцца песні толькі на беларускай мове. Так, 3 ліпеня 2009 года на парадзе войскаў у час святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусі аркестрам выкон-валася песня Я. Доўжыка на словы Л. Якаўлева "Народнай арміі салдаты", у 2008 годзе - песня А. Фёдарава на словы Л. Залескай «Айчыны нашай сцяг».

Разам з тым, калі ў пэўным воінскім падраздзяленні па рашэнні адпаведнага камандзіра (начальніка) выконваецца песня на рускай мове, то дэманстратыўная адмова ад яе выканання адным з вайскоўцаў (у дадзеным выпадку Ф.В. Вячоркам) з'яўляецца не чым іншым як відавочнай адмовай ад выканання загада начальніка, здзейсненая ў страі і перад строем.

Абуральныя дзеянні Ф.В. Вячоркі складаліся не толькі ў адмове ад выканання песні ў складзе падраздзялення, але і ў пагрозах у адрас службовай асобы - дзяжурнага па часці.

Канфліктная сітуацыя, якую беспадстаўна спрабуюць прадставіць як ціск на вайскоўца ў сувязі з ужываннем ім беларускай мовы, справакавана самім Ф. Вячоркам, дэман-стратыўныя дзеянні якога адначасова накіраваны на штучнае супрацьпастаўленне дзвюх дзяржаўных моў, гэта значыць пропаведзь варожасці на моўнай глебе, што з'яўляецца парушэннем артыкула 6 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь". Прычым устаноўлена, што радавы Вячорка Ф.В. у поўнай меры валодае, як беларускай, так і рускай мовамі. Напрыклад, у атэстаце аб сярэдняй адукацыі ў яго досыць высокія адзнакі (сем) па рускай і беларускай мовах.

Такім чынам, факты парушэнняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама аддачы заведама злачыннага загаду або распараджэння з боку службовых асоб воінскага падраздзялення не пацвердзіліся.

Дзеянні службовых асоб цалкам адпавядалі дзеянням у выпадку парушэння воінскай дысцыпліны падначаленным вайскоўцам. Спробы прадставіць іх як распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці (ст. 130 УК РБ), як ціск на вайскоўца ў сувязі з ужываннем ім беларускай мовы, неабгрунтаваныя.

Растлумачваю Вам, што Вы, на падставе артыкула 14 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян", маеце права абскардзіць рашэнне, прынятае па Вашым звароце, у вышэйстаячыя дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі (вышэйстаячым службовым асобам) і (або) у суд.

3 павагай

Выконваючы абавязкі памочвіка Міністра абароны па ідэалагічнай рабоііе ва Узброеных Сілах на«альніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрстеа абароны палкоўнік У.М.Макараў.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў верасні

Белакоз Алесь Гілевіч Ніл Сымонавіч Станкевіч Вячка Станілевіч Б.А. Васілючак Міхаіл Вікенц. Трапашка Аляксей Сазонаў Анатоль Пятровіч Даўгашэй Франц Шпірыч Раіса Сяргееўна Габрусевіч Сяргей Пяткевіч Тамара Сымонаўна Мандрык Канстанцін Алякс. Содаль Уладзімір Ілліч Карповіч Сямён Іванавіч Навумік Зінаіда Купчык Мікола Івуць Валянціна Іванаўна Дзягілеў Лявон Жукоўскі Барыс Чаркасаў Л.І. Бубновіч Ніна Казлоўская Іна Іосіфаўна Дзмітрыева Зося Рамашэўскі Барыс Іванавіч Вяргей Валянціна Пархамовіч Мікалай Сямён. Сухаверхая Кацярына Мін. Мацулёў Мікалай Пракоп. Кузьміна Галіна Карэнька Зінаіда Іванаўна Петрыкевіч Валеры Міхайл. Лапцік Валянціна Пранікава Тамара Лапухова Часлава Чаславаўна Васільева Галіна Іванаўна Колас Уладзімір Георгіевіч Кіенка Генадзь Еўстратоўскі Уладзімір Пар. Жолудзеў Анатоль Пятровіч Баран Павал Мудроў Вінцэсь Леанідавіч Зайка Антаніна Іванаўна Міхалькова Алена Лісай Уладзімір Аляксеевіч Ісмаілава Тамара Якаўлеўна Маркелаў Валер Анатольевіч Мельнікава Зоя Пятроўна Сарока Надзея Гідлеўская Людміла Мудрова Таццяна Булатава Зоя Міхайлаўна Лазко Любоў Іванаўна Дзям'яненка Ванда Балясл. Лагун Таццяна Чэчат Лілея Пятроўна Багдановіч Алена Іванаўна Сідар Павел Новік Марыя Іванаўна Краўчанка Ала Мельнікаў Мікалай Алякс. Масла Марыя Анішчанка М.І. Ярмушчык Антаніна Сідарэвіч Сяргей Паўлавіч Асіпенка Аляксандр Георг. Жук Мікалай Мікалаевіч Ліцьвінчук Алена Сяльверстава Святлана Яўг. Сметаненка Александр Іванова Вольга Аляксанд. Кашчэеў Алесь Дземянцей Наталля Ермал. Котчанка Уладзімір Анацка Лявон Яўгенавіч Сенчанка Наталля Мусік Святлана Валянцін. Барада Людміла Рабкоўскі Валянцін Анісім Алена Мікалаеўна Хляба Ігар Вітальевіч Жытко Канстанцін Іванавіч Ехілеўская Кацярына Леанід. Калбасіна Ірына Баршчун Валянціна Дзмітр. Дранец Алена Піваварчык Ірына Вайцех. Барэйка Юры Мікалаевіч Гуркоў Алесь Уладзіміравіч Шаміёнка Сяргей Эдуардавіч Разжалавец Ніна Дуганаў Алег Міхайлавіч Літвін Уладзімір Мурашка Надзея Фёдарава Ірына Жышкевіч Людміла Марзалюк Ігар Збірэнка Алена Яфрэмаў Алег Анатольевіч Ганачарова Наталля Анатол. Піткевіч Алесь Шульчанка Вольга Анатол. Птушка Алена Міхайлаўна Лукашэнка Любоў Яўгенаўна Мацкевіч Васіль Васільевіч Булаўская Марына Штанюк Наталля Аляксанд. Кошчанка Уладзімір Алякс. Васілеўскі Валянцін Бізгень Людміла Яшкін Уладзімір Уладзімір. Квандзель Таццяна Уладзім. Дрык Юлія Івашкевіч Іна Марцінкевіч Ганна Ляшкевіч Сяргей Іосіфавіч Ліхашэрст Макар Васільевіч Вочка Ірына Пятроўна Войніч Вікторыя Іосіфаўна Каладынская Вольга Эдвард. Лызо Дмітрый Сяргеевіч Карценька Алена Малочка Таццяна Дробыш Алёна Сяргееўна Суднік Алена Вячаславаўна Корбут Віктар Андрэевіч Суднік Арцём Станіслававіч Лунёва Настасся Краснагір Аляксей Рыгор. Янкоў Дзмітры Уладзіслав. Данілюк Алег Іванавіч Гадзюка Юрась Аляксандр. Шэметава Вікторыя Пацялежка Андрэй Сідарчук Яўгенія Барысенка Аляксандр Анат. Канановіч Алена Краўцоў Андрэй Коўзель Ян Уладзіміравіч Сусла Мікалай Валянцінавіч Паўловіч Наталля Юр'еўна Міхайлоўская Вікторыя Л. Казак Мікалай Мікалаевіч Дземідовіч Андрэй Грынько Вольга Ігараўна Кануннікаў Дзмітры Сярг. Марук Мікалай Анатольевіч Смольнік Вольга Георгіеўна Батура Людміла Віктараўна Ткачоў Максім Савостава Наталля Юр'еўна Дэц Аксана Аляксандраўна Ваніслаўчык Дзмітры Зяновіч Ганна Аляксандраўна Усеня Уладзімір Мікалаевіч Пабірушка Таццяна Валер. Аксючыц Ганна Ісенава Марыя Курдзя Антаніна Юр'еўна Ісаевіч Наталля Анатольеўна Круглік Юлія Віктараўна Лужкоўская Юлія Юр'еўна Дубоўская Кацярына Пінчук Мікалай Фёдаравіч Вінакурава Кацярына Галянкова Альбіна Валер. Занкевіч Зміцер Сяргеевіч Булыга Анастасія Пятроў Дзяніс Валер'евіч Гайдучэнка Алег Сяргеевіч Свяколкін Антон Віктаравіч Флярко Сяргей Аляксандр. Саламевіч Кацярына Алякс. Пянкрат Пётр Аляксеевіч Марозаў Валеры Галубовіч Зміцер Бондар Юлія Сяргееўна Паўлініч Ліза Сцяжко Канстанцін Ігаравіч Якавец Т. Я. Прыстаўка Яніна Ігараўна Кузьміч Вольга Аляксандр. Прасольная Вольга Анатол.


Козберг Сямён Арыевіч

(14.10.1903-3.1.1965)

Беларускія вынаходнікі

Савецкі канструктар авіяцыйных і ракетных рухавікоў. Нарадзіўся ў г. Слуцку Менскай губерні Расіі (цяпер Менская вобласць).

Козберг быў чацвёртым з дзяцей у вялікай сям'і вядомага ў Слуцку каваля. Ён рана авалодаў рамяством бацькі, атрымаўшы ў спадчыну ад яго любоў да тэхнікі і ўменне працаваць з жалезам.

3 1917 па 1919 гг. Козберг навучаўся ў Слуцкай камерцыйным вучэльні, з 1919 па 1925 гг. працаваў кавалём і слесарам у кузні бацькі і адначасова з 1922 па 1924 гг. займаўся на вячэрніх агульна-адукацыйных курсах, дзе атрымаў сярэднюю адукацыю. 3 1925 па 1926 гг. служыў у Чырвонай Арміі, пасля дэмабілізацыі працаваў слесарам на фабрыцы імя С. Халтурына ў г. Ленінградзе. 3 1927 па 1929 гг. вучыўся ў Ленінградскім палітэхнічным інстытуце. У 1931 г. скончыў Маскоўскі авіяцыйны інстытут, пасля чаго быў накіраваны на працу ў Цэнтральны інстытут авіяцый-нага маторабудаўніцтва (ЦІАМ), дзе прайшоў нялёгкі шлях ад інжынера-канструк-тара да начальніка буйнога даследчага аддзела. Пад час працы ў інстытуце займаўся пытаннямі стварэння сістэмы непасрэдага ўпрыску (НУ) паліва ў галоўкі цыліндраў авіяцыйных рухавікоў. Прымяненне сістэмы НУ пры працы авіяцыйных рухавікоў дазволіла павялічыць іх магутнасць, павысіць эканамічнасць, палепшыць эксплуатацыйныя якасці (запуск пры нізкай тэмпературы, устойлівасць пры малых абаротах і на вялікай адлегласці).

У 1936 - 1939 гг. у выданнях ЦІАМ «Авиадвигатель» і ў зборніку «Техннка воздушного флота» з'яўляюцца першыя артыкулы С. А. Козберга аб сістэме НУ паліва для бензінавых рухавікоў. 28 лютага 1939 года апублікавана аўтарскае пасведчанне за № 54482 "Многоплужерный топливный насос для двигателя внутреннего горения".

У першыя гады Вялікай Айчыннай вайны пад кіраўніцтвам С.А. Козберга група з 30 чалавек у кароткі час стварыла агрэгат непасрэднага ўпрыску НУ-ЗУ для авіяцыйнага матора АШ-82 ФН. Выкарыстанне матора АШ-82ФН на самалётах Ла-5 палепшыла лётна-тактычныя характарыстыкі (хуткасць, манёўранасць, далечыня палёту), што забяспечыла перавагу айчынных самалётаў над лепшымі нямецкімі машынамі «Фоке-Вульф-190» і «Месер-шміт-109».

С. А. Козберг праявіў ініцыятыву пры распрацоўцы шэрагу пускавых старцёраў на цвёрдым паліве, а затым і на вадкім для магутных авіяцыйных турбарэактыўных рухавікоў. Гэтыя рухавікі павінны былі шматразова ўключацца пад час палёту і пры магчымасці іх шматразовага выкарыстання мець дастатковы рэсурс працы. Набыты досвед дазволіў пачаць распрацоўку вадкіх рэактыўных рухавікоў ракет класа «Зямля-Паветра» для супрацьвапаветраннай абароны дзяржавы.

10 лютага 1958 г. адбылася сустрэча С. А. Козберга і яго аднадумцы А. Д. Канапатава з С. П. Каралёвым, па-клаўшая пачатак іх супрацоўніцтву. Пры іх удзеле былі створаны вадкасныя рухавікі для ракет-носьбітаў, якія вывелі на арбіты савецкія штучныя спадарожнікі Зямлі, пілатаваныя касмічныя караблі «Усход», «Узыход», «Саюз».

У выніку супрацоўніцтва з галоўным канструктарам ракетна-касмічных сістэм В.Н. Чаламеем Козберг стварыў у 1960-х гг. аднакамерны рухавік цягай 60 тон для другой і трэцяй ступеняў ракеты-носьбіта «Пратон» сярэдняй грузападымальнасці, якая даставіла касмічныя апараты на Месяц, Марс і Венеру. 3 дапамогай гэтай ракеты Расія ажыццяўляла касмічныя палёты на арбітальныя станцыіі "Мір", "Салют". Адпрацоўка і здача ў эксплуатацыю ўпамя-нутых рухавікоў скончана без Сямёна Арыевіча. У пачатку 1965 г. ён загінуў у аўтамабільнай катастрофе пры выкананні службовых абавязкаў.

С. А. Козберг заўсёды спалучаў канструктарскую дзейнасць з навуковай і грамадскай працай. Ён быў дэлегатам XXII з'езду КПСС. Шмат часу і ўвагі Сямён Арыевіч удзяляў падрыхтоўцы навуковых кадраў: будучы доктарам навук, кіраваў групай аспірантаў Палітэхнічнага інстытута на кафедры рухавікоў, меў шэраг апублікаваных навуковых працаў і вынаходніцтваў. Узнагароды Козберга ў вобласці ракетабудаў-ніцтва:

• 1945 г. быў узнагароджаны ордэнамі "Знака пашаны" і "Айчыннай вайны" 1-ай ступені, "Чырвонай Зоркі";

• у 1959 г. яму была прысуджана ступень доктара тэхнічных навук;

• у 1960 г. - Ленінская прэмія;

• у 1961 г. прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Імем Козберга названы кратар на Месяцы.

Ганна Кабанава.


Вандроўка памяці Лявона Драздова

Магілёўская гарадская арганізацыя грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" 9 жніўня 2009 г. арганізавала краязнаўчае падарожжа па маршруце Княжыцы-Галоўчын-Тубышкі-Круглае-Друцк, удзельнікамі якога сталі каля 40 магілёўцаў. Вандроўка была прысвечана памяці актыўнага сябра ТБМ Лявона Драздова, якому сёлета споўнілася б 60…

Лявон Драздоў нарадзіўся 2 ліпеня 1949 г. на Кругляншычыне. Па заканчэнні Уфімскага нафтавага інстытута вярнуўся ў Магілёў і ад 1973 г. працаваў на аб'яднанні "Хімвалакно". Большую частку працоўнага жыцця спадар Драздоў аддаў прафсаюзнай працы. На "Хімвалакне" Л. Драздова ведалі як апантанага барацьбіта за беларускую мову ды культуру. З ягонай ініцыятывы ўтварылася суполка ТБМ, сябрамі якой сталі дзесяць чалавек. Лявон Драздоў ладзіў на прадпрыемстве сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі. Спадар Драздоў калекцыянаваў беларускія маркі, меў багаты кнігазбор, шмат вандраваў.

Не стала Лявона Драздова 6 лютага 2007 года. Яму ішоў 58ы год… Старшыню суполкі Таварыства беларускай мовы вытворчага аб'яднання "Хімвалакно" пахавалі на Лаўсанаўскіх могілках.

У Княжыцах удзельнікі вандроўкі агледзелі касцёл св. Мікалая, пабудаваны дамініканцамі ў 18 ст. На жаль, сёння гэты выдатны помнік архітэктуры занядбаны і павольна разбураецца.

Каля вёскі Галоўчын Бялыніцкага раёна сябры ТБМ наведалі месца, дзе на рацэ Вабіч 3 ліпеня 1708 года адбылася бітва паміж рускімі і шведскімі войскамі, у якой шведскі кароль Карл XII атрымаў сваю апошнюю буйную перамогу. Нядаўна там усталявалі памятны знак у гонар адной з найбуйнешых бітваў Паўночнай вайны Галоўчынскай бітвы. Чатырнаццацітонны камень нагадвае сучаснікам пра падзеі 300гадовай даўніны.

А вёску Тубышкі Круглянскага раёна праславіў генерал, нацыянальны герой Сербіі, першы губернатар Туркестана Міхаіл Рыгоравіч Чарняеў (1828-1898) - моцны, адважны, сумленны і бескарыслівы чалавек, усё жыццё якога было прыкладам служэння Айчыне і народу. У сваім маёнтку Чарняеў замяніў трухлявы драўляны падстрэшак для званоў мураванай званіцай і за свой кошт пабудаваў царкоўнапрыхадскую школу на 70 вучняў. У Тубышках захаваліся руіны капліцыпахавальні Чарняевых, побач з якой знаходзіцца магіла генерала.

Наступным пунктам падарожжа было мястэчка Круглае. Назва райцэнтра, які ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1524 г., паходзіць ад размяшчэння мястэчка ў крузе рэчак Друць, Сітня і Гнілка. Тут мы наведалі краязнаўчы музей, дзе азнаёміліся з гісторыяй Кругляншчыны, разделамі этнаграфіі і прыроды, а таксама з экспазіцыяй, прысвечанай генералу М. Р. Чарняеву. Цікава было пабачыць рэпрадукцыі карцін вядомага рускага мастакаперасоўніка Мікалая Неўрава, які апошнія гады жыцця правёў у вёсцы Лыскаўшчына паблізу Круглага, дзе і пахаваны.

Перад заездам у Друцк літаральна на мяжы Магілёўшчыны і Віцебшчыны мы спыніліся ля рэчкі Крывая, на беразе якой агледзелі занядбаны будынак вадзянога млына.

У самім старажытным Друцку найбольш, відавочна, уражваюць гарадзішча і прыгажосць мясцовых краявідаў. У 2001 годзе з нагоды 1000годдзя Друцка тут адбыўся маштабны рыцарскі фэст і шэраг святочных імпрэзаў, але з тых часоў, на жаль, славуты калісьці Друцк ізноў апынуўся ў самоце.

Менавіта друцкае гарадзішча мы палічылі найлепшым месцам для таго, каб ушанаваць памяць актыўнага сябра ТБМ і проста цудоўнага і светлага чалавека Лявона Драздова, памяці якога было прысвечана гэтае падарожжа. Гучалі словы памяці, удзячнасці, і гучала… скрыпка, што стала прыемнай нечаканасцю для многіх удзельнікаў вандроўкі.

А яшчэ ў Друцку, які цяпер стаў аграгарадком, варта падысці да царквы Нараджэння Багародзіцы і падзівіцца на кветнікі ля школкі.

У бліжэйшых планах Магілёўскага ТБМ - вандроўка 6 верасня на Дзень беларускага пісьменства ў Смаргонь. Далучайцеся!

Юрась Каласоўкі


Люстрадзён

На партале Spadchyna.org з'явіўся новы сайт сяброў клуба "Спадчына": "Наш Люстрадзён". На гэтым сэйце змешчана да 1700 файлаў, дзе пададзены па днях, месяцах і гадах з 1 студзеня 2009 года па 31 снежня 2010 года гістарычныя падзеі, якія адбыліся ў Беларусі, звязаныя з яе гісторыяй і культурай, а тэксама дні нэродзінаў князёў Полацкай зямлі і ВКЛ, палкзводцаў, выбітных дзеячоў краіны, кіраўнікоў дзяржавы, асветнікаў Зямлі беларускай, дзеячоў нацыянальнага і духоўнага Адраджэння, дзеячоў беларускай дыяспары замежжа, заснавальнікаў БНР і сучасных дзеячоў нацыянальнага Адраджэння. Таксама ўводзяцца "Дні памяці" многіх нацыянальных дзечоў. Многія файлы раскрываюць этапы нашага сучаснага змагання, барацьбы за незалежнасць і суверэнітэт. Падаюцца і станоўчыя моманты ў гісторыі краіны: узвядзенне помнікаў выбітным дзеячам нашай культуры і гісторыі, крыжоў "Пакутнікаў Беларусі", адкрыццё культурных устаноў, стварэнне новых твораў выяўленчага, музычнага і літаратурнага мастацтва, утварэнне прагрэсіўных грамадскіх арганізацый, партый і адлюстраванне іх дзейнасці...

Гісторык, краязнавец Пятро Русаў .

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX