Вярнуцца: 2009

№ 38 (929)


Крыніца: pawet.net.



№ 38 (929) 23 ВЕРАСНЯ 2009 г.

27 верасня ТБМ адзначае сваё 20-годдзе

Віншаванні Вячку Целешу

Таварыства беларускай культуры ў Літве віншуе з днём народзінаў Вячаслава Целеша - віднага беларускага грамадскага дзеяча ў Латвіі, таленавітага мастака і нашага аднадумца, актыўнага змагара за незалежную і дэмакратычную Бацькаўшчыну Беларусь.

Жадаем моцнага здароўя і поспехаў у творчасці і грамадскай справе.

Рада Таварыства беларускай культуры ў Літве.

Вячка Целеш у Беларусі вядомы найперш як мастак, а таксама як аўтар кніг " Мінск на старых паштоўках" і "Гарады Беларусі па старых паштоўках". У Латвіі яго іпастасяў больш: арганізатар і першы дырэктар беларускай школы ў Рызе, старшыня Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар", намеснік старшыні Латвійскага таварыства беларускай культуры "Світанак". Яшчэ ён кіраўнік Беларускай мастацкай студыі "Вясёлка". Аўтар кпігі "Рыга на старых паштоўках".

Сваю творчасць мастак прысвяціў Беларусі і Латвіі, іх выдатным асобам. Сваімі працамі мастак прадстаўляў латвійскае мастацтва на міжнародных выставах у Пекіне і Канадзе, Італіі і Чэхіі, Японіі і Амерыцы, Турцыі і Швейцарыі. Яго імя ўнесена ў энцыклапедыю "Сучаспыя мастакі экслібрысу свету", у "Сусветную энцыклапедыю мастакоў усіх часоў і народаў", у каталогі міжнародных мастацкіх выстаў мініяцюрнай графікі і экслібрысаў.

Лірыка і настраёвасць у творах мастака прываб ліваюць мецэнатаў і аматараў мастацтеа. Пра Вячку Целеша неаднаразова пісалі ў перыядычным друку, пра яго стваралі перадачы на радыё і тэлебачанні.


Новая бібліятэка ў Лідзе адчынена для чытачоў

15 верасня ў Дзень бібліятэк Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы адчыніла свае дзверы для чытачоў. Крыху больш за два месяцы пайшло на пераезд бібліятэкі ў новы будынак. Калектывам бібліятэкі была праведзена грандыёзная праца, і вось бібліятэка адчынілася.

Імпрэза адкрыцця аказалася даволі шматлюднай і ішла ў асноўным на беларускай мове. Усе супрацоўнікі бібліятэкі, пачынаючы з дырэктара, дасканала валодаюць мовай. Не лішне будзе сказаць, што ўсе надпісы ўнутранага афармлення выкананы па-беларуску.

Асвячалі бібліятэку айцец Сергій і ксёндз Віталь. Пры гэтым ксёндз Віталь увесь абрад правёў на цудоўнай беларускай мове.

На святочны дзень у бібліятэцы быў спланаваны цэлы шэраг акцый і мерапрыемстваў. Адно з іх сустрэча супрацоўнікаў бібліятэкі і чытачоў з беларускімі пісьменнікамі Крысцінай Лялько і Міхасём Скоблам, да арганізацыі якой спрычыніліся лідскія сябры ТБМ.

Хрысціна Лялько расказала землякам (родам яна з вёскі Хадзюкі зпад Ліды) пра часопіс "Наша вера", апавяла пра свой візіт у адну з найбуйнейшых бібліятэк свету ў Ватыкане, пачытала свае пераклады з польскай паэзіі.

Міхась Скобла, прэзентуючы лідзянам сваю новую кнігу "Акно для матылькоў", якая днямі пабачыла свет у выдавецтве "ПроХрыста", сказаў: "Абарончыя сцены Беларусі змураваныя не з камення ці цэглы, яны збудаваныя з кніг. Бібліятэкі - нашы непрыступныя цвердзі, бо дух мацнейшы за камень. У Лідзе да 15 верасня быў адзін замак - замак Гедзіміна, сёння ж паўстаў і яшчэ адзін - Бібліятэка імя Купалы, прасторны, светлы замак, дзе ўтульна беларускаму слову".

У той жа дзень Міхась Скобла і Крысціна Лялько правялі сустрэчы ў Ёдкаўскай і Першамайскай сярэдніх школах Лідскага раёна На ўсіх сустрэчах пабывала больш за 200 чалавек.

Наш кар.


Гісторыя чалавека, гісторыя мовы...

Нарадзіўся я на прыканцы 1990 года. Наша краіна пачынала дыхаць нацыянальным Адраджэннем, грамадства жадала сацыяльных і культурных пераўтварэнняў: вяртання нацыянальнай роднай гісторыі, культуры, мовы... Прымаліся законы і распараджэнні. Нарэшце адбылося! "Вернем сваё!", так думалі энтузіястынацыяналісты, інтэлігенцыя, частка працоўных і простыя людзібеларусы. Ішлі месяцы, гады, пачаўся перавод рускамоўных школ на беларускамоўную аснову навучання, СМІ таксама загучалі па-беларуску, а грамадства не... I раптам двухмоўе... Па сутнасці прыгавор для Беларусі!..

У 1997 годзе пайшоў я ў першы клас у беларускамоўную школу, што знаходзілася ў маёй вёсцы... Вучыўся на роднай мове, размаўляў, як і ўсе на трасянцы. I так дзевяць год. Потым зрабілі нашу школку базавай "прыгавор" маёй вёсцы... Два гады прыйшлося вучыцца ў суседняй, рускмоўнай. Скажу праўду давалася цяжка: усё рускае, на рускай мове - для мяне амаль на замежнай!.. На роднай мове толькі беларуская гісторыя, мова і літаратура... Жах! Ды толькі і на тых уроках я саромеўся размаўляць па-беларуску...

I нарэшце падышоў час развітвацца з дзяцінствам, выбіраць навучальную ўстанову, якая стане візітоўкай ў дарослае незалежнае жыццё. 3 маленства падабалася старажытнасць як жылі, чым жылі, чым займаліся, як працавалі, як адпачывалі, карацей гісторыя і культура свайго народа... Быў выбар: пайсці ва ўніверсітэт Куляшова, што ў Магілёве, на гісторыка альбо ва ўніверсітэт культуры, што ў Менску на музейнага супрацоўніка. Што ж выбраць? Гісторыя і там, і там, але ж бацька, вядомы краязнавец, з маленства прывучыў паважаць, любіць і збіраць усё старое, нацыянальнае. Ды ў дадатак сястра ужо працавала на той час ў раённым краязнаўчым музеі. Разам шмат ездзілі па вёсках, збіралі, па выказваннях аднасяльчан і сваякоў, ўсялякае "смецце"... Карацей жыццё само вырашыла за мяне. Падаў дакументы ў БДУ Культуры і Мастацтваў па спецыяльнасці "Музейная справа і ахова гісторыкакультурнай спадчыны" якраз па душы!!! Падаў дакументы і пачаў чакаць вынікаў. Хваляваўся, тэлефанаваў у дэканат, здзівіла тое, што падаў дакументы ў горадсталіцу, а са мой размаўляюць па-беларуску! Цікава!.. I вось нарэшце доўгачаканае: "Паступіў!" Ды нешта ж толькі ў душы скаланулася: хіба я так не магу, не ўмею размаўляць па-беларуску?! Аказалася, што так. Тады пачнём пісаць!.. Папершае, SМSкі ўсім знаёмым студэнтам і вучням з віншаваннямі з нагоды пачатку новага навучальнага года. Падругое, мабільную тэлефонную кніжку пераклаў на беларускую мову. Наконт паўсядзённай размовы пытання не стаяла у далейшым стала зразумелым на той час яшчэ не выспеў я для гэтага. Ды і практыкі не было, а ў дадатак яшчэ і грамадская думка...

Прыехаў пасля заліку ва ўніверсітэт, давялося сустрэць усім вядомыя клопаты па ўладкаванні амаль увесь час са мной размаўлялі па-беларуску. Праз дзеньдва пачалася сама вучоба. Прадметаў шмат, усё новае і цікавае, але не паўсюдна. I зноў жа дзіўлюся: амаль усё, за выключэннем двух прадметаў, па-беларуску!!! А тут яшчэ і выкладчыкі... вядомыя і цікавыя людзі, а зноў жа парадокс размаўляюць толькі па-беларуску! Вось з тае пары і пачалі ў маёй галаве "гуляць" розныя думкі наконт выбару і прызначэння мовы. Тады яшчэ я размаўляў на роднай трасянцы, праўда, ужо былі думкі перайсці толькі на беларускую мову, ды і заўвагі былі наконт трасянкі не толькі ад выкладчыкаў, але ж і ад аднагрупнікаў цяпер я разумею, як гэта непрыгожа... Цягнулася гэта да той пары, пакуль мяне не закранулі за жывое словы выкладчыка беларускай літаратуры Друк Галіны Мацвееўны, наконт сораму пры размове па-беларуску ў грамадскім транспарце (дарэчы, роўна паўгода я жыў на кватэры). I тады я ўсхадзіўся не на жарт! Чаму ж сорамна атрымліваецца сучаснаму беларусу размаўляць на роднай мове? А хіба ж я не Беларус?! Хіба я не магу мовіць родныя словы там, дзе мне загадае душа? Ды і чаму душа?.. Мае мазгі павінны загадаць, даваць устаноўку душы размаўляць толькі на роднай мове ў любым выпадку, у любым месцы! Бо нездарма ж змагаліся нашы дзяды за волю і незалежнасць, пралівалі кроў і пот дзеля гэтай справы, дзеля нас нашчадкаў!.. Вось менавіта тады я і пачаў уводзіць ў сваю гаворку ўсё болей і болей родных слоў, а з выкладчыкамі пачаў стасункаваць толькі па-беларуску.

Ды толькі вось бяда: выходзіць у далейшым што, калі ты мусіш размаўляць па-беларуску, значыцца ты палітычны "нефармал" у адносінах да існай беларускай улады. Ты так званы БНФавец і нацдэмавец! Неаднойчы чуў гэта я ў свой адрас у душы цяклі слёзы адчаю і роспачы... Загамоніш ў аўтобусе па тэлефоне на роднай мове, а цябе амаль цураюцца, кідаюць касы позірк, перашэптваюцца, а часам і чуеш у свой адрас крыўдныя словы... Жах! Як цяжка сябе стрымаць, плюнуць у вочы тым людзям. А на мне ж аніякіх прыкмет таго, што я апазіцыянер, бо гэта проста мана! Бывае ж зойдзе на прыпынку дзяўчына, абвешаная белачырвонабелымі стужкамі і значкамі "За свабоду", а размаўляе ж так заўзята на рускай мове, што аж бедныя мае вушы!.. I пытаюся сябе: "За што змагаецца: за ўладу альбо культуру і мову?.." Адказу і пасюль няма, а толькі кляймо: размаўляеш па-беларуску значыцца палітычны "нефармал". Сумленныя і разумныя людзі разумелі мяне ў той момант, ды толькі ж колькі іх едзе побач са мною?! А болей цікавяцца:

А чаму ты размаўляеш па-беларуску?.."

Дык я ж, здаецца, беларус!

Я тоже не поляк...

На гэта ў мяне пакуль адзін маецца адказ: "Прабачайце, але ж я самасвядомы беларус!.." А бывае сам задам пытанне наконт таго, чаму ж рускім, украінцам альбо кітайцам не задаюць такога пытання: "А чаму ты размаўляеш на роднай мове?.." Чаму толькі нам, беларусам адрасуецца такое пытанне? У адказ толькі мёртвая цішыня... А думка пра цябе ўжо склалася усё роўна ты палітычны "нефармал"!.. Ды толькі вось уласна я мала чуў, каб хто з апазіцыі паўсюдна размаўляў на роднай мовс. А цябе вось залічаць у шэрагі тых, дзе ты зроду не быў, дык толькі за што? Па якой прымеце? Атрымліваецца, што па мове мы вызначаем прыналежнасць да партыі альбо плыні, а не краіны і нацыянальнасці... Жах, дый толькі!

Прайшло з паўгода, як я размаўляю толькі па-беларуску, нават зараз дома, у асяроддзі роднае трасянкі, але ж трымаюся, не здраджваю... Бывае канешне ж, выскачыць тоесёе на трасянцы. Усё ж такі семнаццаць гадкоў тутака пражыў. А хутка ўжо наступны навучальны год, зноў мне ў Менск. Як цяпер "адмазвацца"? Выйсце адно трымацца свае спадчыны, трымацца свае мовы і памятаваць, што я Беларус!

Алесь Алесевіч Галкоўскі в.Судзілы, Клімавіцкі раён.


«Малады фронт» распачаў кампанію «За беларускую мову!»

19 верасня «Малады фронт» распачаў шырокую грамадскую кампанію па беларусізацыі. Мэта, якую ставяць перад сабою арганізатары кампаніі «За беларускую мову» - дамагчыся беларусізацыі ўсіх сфераў грамадскага жыцця Беларусі, а найперш сферы адукацыі. Бо, як зазначаецца ў адмысловым звароце ў дзяржаўныя органы, колькасць беларускамоўных школьнікаў толькі за апошнія тры гады зменшылася на 5%, а абітурыентаў - на 8%. Асноўным сродкам рэалізацыі кампаніі «За беларускую мову» з'яўляцца збор подпісаў пад зваротам у дзяржаўныя інстытуты ўлады з патрабаваннямі забяспечыць фактычную роўнасць беларускай мове з расійскай. У межах кампаніі плануецца таксама шэраг вулічных і адукацыйных мерапрыемстваў. Пяцімесяцовая кампанія мае быць завершана 21 лютага - у Міжнародны дзень роднай мовы. 21 лютага «Малады фронт» плануе перадаць не менш за 50 000 подпісаў у вышэйшыя дзяржаўныя структуры: парламент, урад, Адміністрацыю прэзідэнта і шэраг міністэрстваў.


Другія Тышкевіцкія чытанні

15 кастрычніка ў Лагойску пройдуць Другія Тышкевіцкія чытанні . Па еўрапейскай традыцыі матэрыялы чытанняў выдадзены перад іх правядзенем і разасланы патэнцыйным удзельнікам . У прадмове А . І . Смоліка адзначаецца :

На беларускіх землях у XVI ст. шэраг феадалышй арыстакратыі атрымлівае ад германскіх імператараў і каралёў польскіх графскі тытул. Так, у гэты час тытул графа ў Міры атрымаў Юры Шчаснавіч Ільініч, Ян Геранім Хадкевіч - у Шклове і інш. Названы тытул мелі Радзівілы і Сапегі. У 1569 г. Васіль Тышкевіч стаў графам у Лагойску і Бярдзічаве.

У XIX і ў пачатку XX ст. графы Тышкевічы мелі значныя зямельныя надзелы ў Ковенскай, Віленскай, Менскай, Кіеўскай губернях. Але Тышкевічы нам вядомы не толькі як уладальнікі вялікіх маяратаў. 3 іх асяроддзя вылучыліся знакамітыя дзяржаўныя, вайсковыя і грамадскія дзеячы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Графская лінія Тышкевічаў дала нашай краіне таксама славутых навукоўцаў, даследчыкаў матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа. 3 роду Тышкевічаў паходзяць браты Канстанцін Піевіч і Яўстафій Піевіч, навуковая дзейнасць якіх адносіцца да XIX ст.

Браты атрымалі па тым часе грунтоўную адукацыю.

Старэйшы Канстанцін (1806-1868) вучыўся ў Полацкім езуіцкім, Забельскім даміні-канскім калегіумах, Віленскім універсітэце. Малодшы Яўстафій (1814-1873) скончыў гімназію ў Менску, потым тры гады самастойна папаўняў веды ў бібліятэках Пецярбурга. 3 мэтай авалодання навуковымі метадамі археалагічных і гістарычных даследаванняў на-ведаў Данію, Фінляндыю і Швецыю.

Лагойск са старажытным замкам, рассеяныя навокал замчышчы, гарадзішчы і курганы з дахрысціянскай мінуўшчыны выклікалі вялікую цікавасць братоў Тышкевічаў. 3 вывучэння лагойскіх старажытнасцяў і пачалі яны сваю навукова-археалагічную і краязнаўчую дзейнасць.

Не зважаючы на графскі тытул, Яўстафій і Канстан-ціп Тышкевічы, а часам і бацька бралі ў рукі рыдлёўкі і з дапамогай навакольных сялян раскопвалі старажытныя курганы. Пераапрануўшыся ў простае сялянскае адзенне, яны хадзілі па вясковых хатах, каб паслухаць і запісаць народныя песпі, легенды, паданні, шчырую гутарку сялян пра побыт, паўдзельнічаць у абрадах. Захопленыя загадкамі старажытнасці, Тышкевічы вырашылі грунтоўна разабрацца ў тыпах гістарычных помнікаў на роднай зямлі і высветліць, ці ёсць у іх заканамернасць і сувязь з культурай плямён, што некалі жылі на тэрыторыі Беларусі.

У выніку даследаванняў сотняў крывіцкіх курганоў і аналізу іх пахавальнага інвентару яны першымі адзначылі этнічныя прыметы - скроневыя колцы ў жанчын. Тым самым далі ключ для вызначэння тэрыторыі рассялення крывічоў. Аналіз пахавальнага інвентару дазволіў зрабіць ім наступныя вывады: пра гандлёвыя сувязі крывічоў з аддаленымі землямі; пра мясцовае насельніцтва, якое забяспечвала жалезам не толькі сябе, але і вывозіла яго; пра мясцовыя прылады працы і вырабы, што былі на ўзроўні тагачасных вырабаў суседніх краін. А з гэтага вынікала: у часы так званай вайсковай дэмакратыі тут не было таго варварства, пра якое сцвярджалі некаторыя гісторыкі. Канстатуючы тое, што ў курганных пахаваннях быў знойдзены багаты і бедны інвентар, яны зрабілі вывад пра сацыяльную няроўнасць тагачаснага грамадства.

Адначасова з археалогіяй Тышкевічы грунтоўна займаліся і фальклорам. Збіралі песні, легенды, прыказкі і прымаўкі, даследавалі абрады. У апісанні памінальных і калядных абрадаў Я.Тышкевіч быў адзін з першых сярод беларускіх этнографаў. Ён сцвярджаў: "Народная паэзія дае нам магчымасць пазнаць пачуцці народа, а прымаўкі - пазнаёміцца з яго розумам".

На аснове ўласных калекцый разам з бацькам Камстанцін і Яўстафій Тышкевічы стварылі першы на тэрыторыі Беларусі гісгорыка-археала-гічны музей. які размясціўся ў іх радавым маёнтку ў Лагойску. Толькі ў нумізматычнай калек-цыі Тышкевічаў налічвапася 1140 медалёў і манет. Сярод трох тысяч кніг, сабраных у бібліятэцы музея, было каля 500 старажытных помнікаў айчыннага кнігадрукавання. У музеі захоўваліся зброя, вы-рабы старадаўняй разьбы, багатая калекцыя ручнікоў, сурвэтак, абрусаў. За сваю плённую шматгадовую працу ў галіне гісторыі, археалогіі і этнаграфіі Я. Тышкевіч быў абраны ганаровым члснам Расійскай Імператарскай акадэміі навук у Пецярбургу, Каралеўскай акадэміі навук ў Стакгольме, Інстытута археалогіі ў Лондане, шматлікіх навуковых айчынных і замежных археалагічных таварыстваў.

Запаветнай марай бра-тоў было стварыць у Вільні першы грунтоўны музей старажытнасцяў на аснове экспанатаў, якія меліся ў Лагойскім археалагічным музеі. У 1845 г. частку лагойскай калекцыі Я.Тышкевіч перавёз у Вільню пад выглядам выставы, якую пасля ператварыў у прыватны музей, а потым.з дазволу ўлад - у музей, што размясдіўся ў старажытнай зале Віленскага ўніверсітэта. Яго выбралі старшынём гэтага музея. Музей актыўна папаўняўся экспанатамі з Менска, Магілёва, Віцебска, Оршы, Наваградка, Крэва, Ліды, Пінска, Браслава, Паставаў і інш. Даследчык ахвяраваў музею сваю бібліятэку (3 тыс. кніг) і разам з братам Канстапцінам - археалагічную калекцыю з 2 тыс. адзінак. За 2 гады калекцыя музея дасягнула 10 тыс. экспанатаў. У 1856 г. музей быў афіцыйна адкрыты. Каталог музея рых-таваў А.Кіркор. Але казённая адміністрацыя, напалоханая паўстаннем 1863-1864 гг., пачала разглядаць музей як адзін з цэнтраў "польскай інтрыгі", і паводле загаду генерал-губернатара М. Мураўёва ён быў афіцыйна забаронены

ў 1864 г. спыніла дзейнасць і Віленская археалагічная камісія. "Шкодныя" экспанаты музея адпраўлялі ў Маскву. Я.Тышкевіч, вызвалены ад усіх пасад, абражаны і зняважаны, у 1865 г. пакінуў Вільню.

Вынікам навуковай дзейнасці К. і Я. Тышкевічаў сталі грунтоўныя манаграфічныя працы: "Археалогія ў Літве", "Нашы краі", "Апісан-не Барысаўскага павету", "Пра курганы ў Літве і Заходняй Расіі", "Вілія і яе берагі" і інш. Гэтымі працамі пакладзены пачатак шэрагу айчынных навук: археалогіі, музеялогіі, краязнаўства, нумізматыкі, фалерыстыкі і інш.

Сучасныя навукоўцы, студэнцкая моладзь ушаноўваюць заслугі Тышкевічаў перад Радзімай, высока ацэньваюць іх уклад у даследаванне айчыннай культуры. Сведчаннем таму - стварэннс мемарыяльнай аўдыторыі ў гонар Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў у БДУ Культуры і Мастацтваў і Тышкевіцкія чытанні, якія адбываюцца з 2008 года. Матэрыялы чытанняў змешчаны ў прапанаваным выданні.


Фальклорныя звесткі са Смаргоншчыны

Дасылаю тэзісы з якімі я рыхтавалася выступіць на канферэнцыі пад час свята пісьменства ў Смаргоні. Нягледзячы, што маё прозвішча, як творчага чалавека, значыцца у кнізе "Памяць"(Смаргонскі раён) і на мой шаноўны ўзрост мяне не дапусціла да мікрафона мясцовае начальства.

Калі Вы не знойдзеце ў маіх тэзісах крамолы супраць дзяржавы і таго беларускага пісьменства, то, мабыць, варта надрукаваць.

Пісьменнасць дазволіла сабраць фальклорную спадчыну паназапашаную за многія стагоддзі і сёння дапамагае аналізаваць сучасны стан народнай культуры.А я крышку ўзгадаю, што мне давялося пачуць і пабачыць пра тутэйшыя звычаі, абрады, паданні, абразы, народную медыцыну.

Пачну з капліцы ў Каранях, паколькі нарадзілася ў гэтай вёсцы. На камені яе высечаны 1860 год. Аб абрадзе, які чынілі перад будаўніцтвам, забыліся б ужо людзі, каб най старэйшая жыхарка 60х гадоў Марыя Трусэвіч не пераказала пачутае ад дзядоў Іосіфу Грынкевічу, які працаваў ветурачом, старшынём сельсавета, а ён расказаў мне.

Вялікая бяда прымусіла жыхароў вёскі пабудаваць каплічку. Вёска вымірала. Узводзілі яе, як ахвяру Богу, каб стрымаў эпідэмію. Для гэтага вымушаны былі здзейсніць абрад, каб адшукаць месца на чыім полі павінна узняцца пабудова, а для гэтага адшукалі па вёсках блізнятмужчынаў і блізнятвалоў. У вызначаны дзень людзі сабраліся за вёскай: блізнятымужчыны запрэглі ў сохі блізнятвалоў, сталі на адным месцы і павялі барозны адзін направа, другіналева, з захаду на усход, абворваючы вёску за гумнамі з двух бакоў.Там, дзе сышліся валы і было вызначана месца для капліцы. З гэтага году вісеў у ёй абраз каталіцкага веравызнання, а ў 90х гг. прынеслі свае абразы і праваслаўныя, але за адну ноч іх хтосьці выкінуў. Вёска абурылася. І зараз там вісяць і каталіцкія, і праваслаўныя абразы, і такім чынам, як бы без падсказкі царквы вернікі аб'ядналіся ў імя адзінага Госпада

Падчас апошняй вайны, калі гарэлі наўкола вёскі, жыхары Каранёў хуценька аб'ядналіся чынілі дзею абраду іншага характару і з іншай мэтай, каб вёска не згарэла. За адну ноч жанчыны напралі нітак, выткалі ручнічок; мужчыны змайстравалі крыж, укапалі, раніцой пасвяцілі крышчэнскай вадой, прымацавалі абраз, ахінулі новым ручнічком. Аб дзеі абраду які адбываўся усю ноч у хаце Валодзі Жабінскага можа дакладна расказаць суседка Капоць (Сасна) Гэля з 1924 году.

Можна было пачуць у 60х гг, што на Смаргоншчыне абразы узнаўляліся, напрыклад, у вёсцы Нараты (цяпер Арэхаўка), старэнькі, блеклы на пажухлай паперы абраз зазіхацеў усімі пералівамі фарбы, а ў хаце Юстыны Дудзінскай з хутара Баравыя,каля Навасёлкаў абраз чорнабелы, то чарнеў, то высвятляўся так, што бачны былі зрэнкі вочак святога Андрэя Баболі.

Зайшоўшы ў хату да незнаёмых людзей па аздабленні абразоў можна хутка вызначыць веравызнанне і нацыянальнасць гаспадароў. Так у праваслаўных абраз вісіць у куце ахінуты ручнічком ці пад ім прымацаваны яшчэ другі. Белыя льняныя ручнічкі мелі па канцах чырвоныя паскі, або сціплы дэкор. Народныя ўмельцы нават не здагадваліся, што праз чырвоны колер пранеслі да пачатку XX ст. водгук Турынскай плашчаніцы з Італіі. У бедных тутэйшых людзей ручнічкі віселі толькі падчас святочных дзён, а потым іх знімалі і замянялі папяровымі, таксама папяровае аздабленне мелі абразы і ў праваслаўных святынях да 90х гадоў XX ст., дзе адчувалася рэха традыцый вырабу паперы у Смаргоні.

У католікаў абразы вісяць на сцяне пры куце, а ў інтэр'еры пабачыш скульптурныя выявы святых. А вось у вёсцы Арляняты, дзе таксама жывуць католікі размеркаванне і аздабленне абразоў іншае: у куце вісіць адзін абраз, паверх ускладзена маленькая сурвэтачка, а пад нізом прымацавана невялічкая занавесачка, абапал абраза, на сцяне па аднаму ці па два іншыя водгук уніяцтва.

У тутэйшых старавераў, у якіх не захавалася бацькоўскіх ручнікоў. прыбіта у куце палічка, а на ёй месцяцца: кніга, крыж, свечка.

Мусульмане нашы, напрыклад у Крэве маюць як бы свае абразы, а называюць "мугіры", вешаюць на сцяне, пры куце. А тых татараў, у якіх мугіры пагарэлі пад час вайны, у рамачцы пад шклом вышыты на белым палатне словы са святой кнігі Карана.

Пратэстанты абразоў не маюць, але магчыма заўважыць недзе на сцяне, століку вышытыя або намаляваныя словы з Евангелля.

У нашых іудзеяў не ў кухні, а толькі ў вялікім пакоі, можа быць узнесена высока пад столь, шасцікутная зорка.

Дужа часта людзі расказваюць паданні звязаныя з хатнімі абразамі, а я перакажу пачутае ад Марыі Мацевіч з вёскі Арляняты.

Яна ў 50я гады хадзіла ў кагас трапаць лён, а ў канцы працоўнага дня, як і ўсе кабеты брала жменьку валокан. Аднойчы прыехала калгаснае начальства забіраць сані ад мужа каваля, ён павёў ў падпаветку паказваць сваю працу, забыўшыся пра тыя жменькі лёну. Убачылі! Зрабілі ператрус забралі клубок напрадзеных нітак, сказалі будуць судзіць. Калі яна пайшла ў кантору прасіцца, каб не судзілі там сказалі коратка: "Закон ёсць закон, а за парушэнне турма". Жанчына вярнулася дадому і не распранаючыся падышла да кута, укленчыла і звярнулася да аднаго абраза: "Матачка Насвеншая, матачка Баронская, пашкадуй маіх пяцёра дзетак, калі я ў нечым саграшыла, мушу панесці расплату, то ты лепш забяры свіню, але зрабі так, каб мяне не судзілі". Вечарам дала жывёле есці, а калі раніцой зайшла ў хлеў, свіння ляжала здохлай. Дзівілася ўся вёска, як жывёліна не хварэўшы за адну ноч здохла. А мне Мацевіч кажа: "А я маўчу, нікому не гавару аб сваёй дамове з Дзевай Марыяй". Скуру свінні здалі, атрымалі невялікія грошы. Надарыўся заробак ў каваля, грошай хапіла, каб купіць парася. Мацевіч не судзілі. Пайшла кабета ў Крэва на кірмаш і там "упадабала" вялікаватае парася, а фурманкі ў бок сваёй вёскі не знайшла, давялося несці 10 км на плячах. Падыходзячы да вёскі Вішнёўка заўважыла пайшлі перад вачыма каляровыя кругі. Узмалілася ўголас:"Матачка Насвеншая, матачка родненькая ты ж мяне выратавала ад турмы, падыду да студні, нап'юся вады дай мне сілы данесці парася ". Напілася. Убачыла выйшаў мужчына з суседняй хаты падышоў і пытае:

Што, пані, цягне ў гэтым мяшку?

Парася,адказала яна.Не магу данесці пазасталыя два кіламетры.

Мужчына зачарпнуў ваду і кажа:

На, нясі маёй гаспадыні і даганяй мяне, я табе занясу парася.

А галоўны сэнс падання ў тым наколькі набожныя хрысціяне беларусы і савецкая атэістычная ідэалогія заглушыць веру людзей бала не здольная.

Акрамя народнай міфалогіі дужа загадкавага заставалася для бязбожнікаў савецкіх фалькларыстаў у народнай медыцыне і гэтае незразумелае, яны сіліліся памылкова аднесці нібы да водгуку акультызму дахрысціянскіх часоў, чым і напужалі нават святароў. А народная медыцына лячыла замовамі і травамі.

Наконт замоў, то пачутае ад Ганны Лось з 1932 г. у Солах, паказвае, што святары могуць разабрацца ў народных замовах і павінны дапамагчы вучоным. Так, калі Ганна пачула на пропаведзі, што замаўляць грэх, то вырашыла на сповядзі прызнацца замаўляла рожу. Святар спужаўся: "То ты вядзьмарка?" Потым падумаў і папрасіў перасказаць тыя словы, якія яна шэпча, а даслухаўшы да канца здзівіўся:" То ж малітва! Замаўляй!"

У Даўбучках замаўляў эпілепсію татарын Адам Радкевіч адметна. Ён крывёй курыцы выпісваў словы са сваёй святой кнігі і запаліўшы паперку абкурваў хворага.
Яўрэйскія знахары не шапталі замовы, а выпісвалі малітвы на паперы чарнілам, паперу раілі палажыць у кубачак, заліць вадой і 3 разы на дзень мыцца.

Вядома, як мясцовыя назвы траў падказвалі ад якой хваробы ратуюць. Напрыклад "крываўнік" лечыць кроў; "гарлянка" дапамагае пры захворванні горла; "крапіўніцу" вылечвалі крапівой, сцёбаючы жмуткам травы па целе, а дотык той "жыгаўкі" па свярбучай скуры вельмі прыемны.

Травічкай з кволымі жоўценькімі краскамі, ратавалі мужчынскае насельніцтва, ад пагібелі пад час вайны.Што не кажы, а тэрыторыя Беларусі ляжыць на перакрыжаванні дарог па якіх сноўдалі ворагі, прыходзілі і прымушалі насельніцтва ваяваць за свае інтарэсы, вось тады за справу браліся знахары, церлі травічку з соллю ставілі ў шкляном посудзе ў цёмнае месца на некалькі дзён, а потым прыкладвалі да нагі ці рукі хлапцу і скура пакрывалася чырвонасінімі плямамі.Вайсковыя фельчары не ведаючы, якая гэта хвароба, баяліся браць такіх "хворых", каб не заразіць армію.Таксама іх пужалі головы хлопцаў, якія заводзілі пры патрэбе каўтун. У першым выпадку лекавалі лёгка і проста, прыкладвалі згусткі кіслага малака, аб такім рацэпце ведала ў Каранях Воля Жабінская. А вось збіваць каўтун дапамагалі яўрэі, выкарыстоўвалі старыя каменныя нажы, якімі некалі карысталіся пры рытуале "абразання". Аб гэтым я пачула не толькі на Смаргоншчыне, але і ў Жлобінскім раёне.

Увогуле, дзякуючы пісьменнасці ўяўляецца магчымасць сабраць, прааналізаваць вусную творчасць народа, а фальклорная спадчына Смаргоншчыны ўяўляе собой каштоўную адзінку агульнай крыніцы культуры аднаго з народаў усходніх славянаўбеларусаў і нацыянальных меншасцяў, спрадвеку рассяліўшыхся на тэрыторыі зямлі, якая сёння носіць назву Рэспубліка Беларусь.

Марыя Жабінская.


Св. пам. Станіслаў Цярохін (04.X.1929 - 13.IX.2009)

З вялікім болем і сумам паведамляем, што 13 верасня 2009 года ў Менску адышоў ад нас этнограф Станіслаў Цярохін. Ён нарадзіўся 4 кастрычніка 1929 года ў Яраслаўлі. Яго дзяцінства прайшло ў мястэчку Старобін Менскай вобласці. У 1942-1944 гадах ваяваў у партызанскіх атрадах ў Берасцейскай вобласці. У 1965 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў журналістам, на кінастудыі "Беларусьфільм", у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў. Аўтар кніг "Паляўніцтва на Беларусі" (1986), "Мядовы бунт" (1987), "У фокусе канкрэтнага факта. Праўда і мана пра ап'янальныя напіткі" (1988), "Многія прыйдуць пад імем маім: езуіты на Беларусі" (1995), сааўтар кніг "Бортніцтва на Беларусі" (1980) і "Занятак спрадвеку высакародны" (1987, абедзве з У.С. Гурковым). Аўтар раздзелаў у калектыўных зборніках: "Пытанні этнаграфіі і фалькларыстыкі" (1979), "Помнікі народнай архітэктуры і побыту Беларусі" (1979), "Этнаграфія Беларусі" (1980), "Помнікі этнаграфіі" (1981), "Промыслы і рамёствы Беларусі" (1984), "Грамадскі, сямейны побыт і духоўная культура насельніцтва Палесся" (1987). Аўтар сотняў артыкулаў па этнаграфіі, гісторыі, культуры, краязнаўству Беларусі.

Ён шчыра і самааддана любіў людзей, яны адказвалі яму тым жа. Заўсёды заставаўся беларусам, думаў пра Бацькаўшчыну, працаваў на яе карысць.

Светлая памяць пра Станіслава Фёдаравіча Цярохіна назаўсёды застанецца ў сэрцах усіх, хто яго ведаў. Хай будзе яму пухам наша родная беларуская зямля!

Сябры.


Юрыдычная школа ТБМ

Так сталася, што ў свой юбілейны год Таварыства беларускай мовы не толькі актывізавала, але і пачало абнаўляць сваю дзейнасць. Акрамя розных ужо традыцыйных сустрэч з вядомымі навукоўцамі, пісьменнікамі, краязнаўцамі і іншымі творчымі асобамі на сядзібе арганізацыі з траўня месяца праходзілі заняткі юрыдычнай школы "Ведаем свае правы". Сябры і проста зацікаўленыя асобы прыходзілі на сустрэчы з юрыстамі, каб вывучыць заканадаўства нашай краіны, прааналізаваць яго слабыя месцы, а таксама абмеркаваць розныя жыццёвыя сітуацыі, звязаныя з моўнымі правамі. Вельмі цікавымі і карыснымі былі заняткі, прысвечаныя будучаму Перапісу, заняткі, на якіх наведвальнікі абмяркоўвалі эфектыўныя формы і метады працы ў адстойванні сваіх моўных правоў. Акрамя таго, падчас дыскусій, практычных заняткаў былі распрацаваны розныя віды зваротаў, а таксама лістоў грамадзян да дзяржаўнах уладных структур, да адказных асобаў устаноў. Прапанаваныя узоры лістоў могуць быць скарыстаныя любым грамадзянінам для таго, каб на падставе дзейнага заканадаўства дабівацца абароны сваіх моўных правоў у розных сферах жыцця.

На заканчэнне юрыдычнай школы, у першы аўторак кастрычніка ў 19.30 на сядзібе ТБМ (Румянцава, 13) пройдзе круглы стол "Нашы прапановы па паляпшэнні моў-нага заканадаўства". Удзел у ім могуць прыняць, акрамя слу-хачоў юрыдычнай школы, усе ахвочыя.


Вобразы мілыя роднага краю

Больш за паўгода стала працуе другая персанальная выстава Кастуся Гарэцкага "Бацькоўская зямля мілейшая ў свеце", прымеркаваная да Года роднай зямлі, які абвешчаны сёлета. Яна адчынена ў Менску ў лекцыйнай зале дзіцячай бібліятэкі № 5 па вул. Русіянава, 48 побач з Музеем валуноў.

На фатаздымках маладога фотамастака Беларусь шматколерная і свежая, старажытная і вечна новая. Яе прыгажосць звініць ў піках вежаў замкаў, адбіваецца ў люстэрках лясных азёраў і ціхіх рачулак, зіхаціць ў пялёстках кветак, кроплях расы, лагодзіць душу светлымі тварамі юнакоў і дзяўчат.

Сын мастака і журналісткі, народжаны ў Менску, Кастусь бачыць сваю краіну яскравай і паэтычнай. У кожным імгненні лета ці восені, ён заўважае прыгажосць і таямніцу. У дзяцінстве ён перадаваў свет у чароўных малюнках, пасталеўшы перайшоў да мастацкай фатаграфіі, якой займаецца ўжо пяць гадоў. Вучоба ў Менскім каледжы паліграфіі дапамагла ўдасканаліць прыроднае пачуццё колеру, засвоіць друкарскую і выдавецкую справу.

Кастусь разам з сябрамі пабываў у розных кутках роднай зямлі, наведваў Наваградчыну, вандраваў па Палессі, Браслаўшчыне, Віцебшчыне, вёў здымкі ў Вільні, Варшаве, СПецярбурзе. Дакрананне да гісторыі волатаў, герояў і змагароў, велічнасць храмоў, магутны дух вежаў надалі яму мужнасці і трываласці.

К. Гарэцкі браў удзел ў выставах "Духоўнасць і культура" ў Доме Міласэрнасці ў 2001 годзе і ў тэматычнай выставе ў Палацы моладзі ў 2008 годзе.

Э.Дзвінская.

Баян - душа мелодыі

Аляксандр Шувалаў - адзін з лепшых беларускіх баяністаў, лаўрэат Міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, у тым ліку Міжнароднага конкурса баяністаў і акардэаністаў ў Клінгентале (Германія 2002), Міжнароднага конкурсу "Аккоholiday" Кіеў, 2006.

Поўны жыццясцвярждальнай энергіі, гумару, цеплыні, ён часам крыху падобны на вайсковага камандзіра. Аляксандр супрацоўні-чае з Алесем Камоцкім і Зміт-ром Вайцюшкевічам, выступае ў складзе вядомага калектыва "WZ-Orkiestra". Нядаўна разам з іншымі музыкамі вядомы баяніст прадстаўляў новы дыск запісаў Алеся Камоцкага "9". Баян адкрывае душу мелодыі, ён захапляе залу лірызмам і глыбінёй пачуцця, віртуознасцю.

Аляксандр Шувалаў браў удзел у музычных фестывалях у розных краінах: Францыі, Гішпаніі, Германіі, Італіі, Фінляндыі ў такіх праграмах, як эстрада і джаз, фальклёр, народныя калектывы. На баянных святах музыкі ў Літве, Польшчы і Чэхіі ён дзяліўся творчасцю ў сваім улюбёным рэчышчы. У днях культуры Беларусі ў Іране ён выступаў з Прэзідэнцкім аркестрам пад кіраўніцтвам В. Бабарыкіна. Натхняўся лацінаамерыканскімі рытмамі ў Каракасе, быў на гастролях у Кітаі.

- Дзе Вы нарадзіліся? Адкуль прыйшло захапленне музыкай?

- Я нарадзіўся ў 1977 годзе ў сям'і вайсковага му-зыкі. Мой бацька Аляксандр - прафесійны скрыпач, маці Святлана выконвае класіч-ную музыку на фартэпіяна, сястра таксама грае на ім. Бацька некаторы час служыў у Германіі, дзе мы жылі з ім ў дзяцінстве, а потым сям'я пераехала ў Слуцк. Там і сёння працуюць мае бацькі.

Спасцігаць азы майстэрства пачаў у Менскай музычнай вучэльні імя Глінкі ў класе вядомага педагога, дацэнта Мірона Іванавіча Булы. З гэтым выкладчыкам, потым - прафесарам, я ішоў па жыцці на працягу 10 гадоў, скончыўшы Дзяржаўную Акадэмію музыкі і магістратуру БДАМ. Сёння - выкладаю ў БДАМ па класе баяна і джазавай імправізацыі.

- Расскажыце калі ласка, дзе Вы выступалі ў апошнія гады ў Менску?

- Выступаю з сольнымі канцэртамі. Адзін з такіх кан-цэртаў адбыўся ў Малой зале Палаца Рэспублікі і быў звязаны з творчасцю Астора П'я-цолы, аднаго з заснавальнікаў аргентынскага неафалькларызму. Другі канцэрт быў прысвечаны музыцы Яўгена Глебава.

- Баян, акардэон - гэта нашы народныя інструменты, і тое, што італьянскія, французскія і нямецкія музыканты звяртаюцца да іх, ці не сведчыць пра тое, што наша культура даўно перасякла геаграфічныя межы.

-Трэба сказаць, што разуменне такіх інструментаў як народных сёння ўжо не актуальна. Цяпер ужо баяністы, акардыяністы з краін Еўропы выконваюць шмат сучаснай музыкі, пералажэнні класічных твораў, выкананыя для розных інструментальных складаў. На баяне можна выка-наць нават і Пятую сімфонію Бетховена.

- Як Вы адчуваеце перспектыву развіцця баяннай музыкі?

- Магчымасці сучасна-га баяннага выканання - неабмежаваныя. На гэтым інструменце можна выконваць сімфанічную музыку, народ-ную, джазавую, сучасную эстрадную.

Баян зараз адрадзіў сваю папулярнасць, у многіх беларускіх групах прысутнічае голас баяна. Ён можа нават падражаць духавым інстру-ментам: габою, кларнету, фа-готу.

Сучасны баян дазваляе выкарыстоўваць вялікую колькасць рэгістраў. Я звычайна выкарыстоўваю матавыя рэгістры, (не пісклявыя) каб змяг-чыць гучанне.

- Раскажыце, калі ласка пра выкладанне ў Беларускай Акадэміі музыкі. Як склад-ваюцца Вашыя стасункі са студэнтамі?

- У Беларускай Акадэміі музыкі я выкладаю баяннае выкананне і джазавую імправізацыю. У гэтым годзе паступіў 21 студэнт, усе натхнёныя маладыя людзі, з марай аб будучыні.

Калісьці мой выклад-чык Мірон Іванавіч Була ішоў у ногу з часам, нічога не навязваў, але падштурхоўваў на самастойныя пошукі, заахвочваў рабіць свае апрацоўкі. Тады яшчэ ніхто не ведаў пра, напрыклад, аргенцінскага кампазітара Астора П'яцолу, творы якога насычаны аргентын-скімі танцавальнымі рытмамі. Было цікава разгадваць загадкі гэтай музыкі. І сёння я імкнуся выкладаць так, каб у студэнтаў пашыраўся досвед праслухоўвання пісьменнай музыкі, той, якая прывівае густ і развівае: гэта добрая класіка, джаз. Каб узрасціць музыканта патрэбна не толькі педагагічнае майстэрства, але і старанне самога студэнта, які паві-нен быць у пастаянным твор-чым пошуку, знаходзіць нотную літаратуру і іншы матэрыял.

Інстумент нямала каштуе, для студэнтаў - гэта ў некаторай ступені праблема. Але той студэнт, які думае пра будучыню, клапоціцца пра набыццё якаснага інстумента

Мая жонка Алена так-сама выкладае музыку ў чац-вёртай школе г. Менска. Яна выдатна валодае домбрай, ман-далінай. Алена таксама брала удзел у запісах канцэртаў Алеся Камоцкага. Там далікатна гучаць яе ноткі.

(Паміж іншым, у цыркуляры Галоўнага марскога штаба за 1904 год у спісе маракоў пазначаны рулявы Крэйсера 1 ранга "Баян" Аляксандр Шувалаў. Ён быў узнагароджаны медалём за адвагу ў вайне з Японіяй.)

Э. Оліна.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX