Вярнуцца: 2009

№ 45 (936)


Крыніца: pawet.net.



№ 45 (936) 11 ЛІСТАПАДА 2009 г.


260 гадоў з дня нараджэння Мацея Радзівіла

РАДЗІВІЛ Мацей (10. 11.1749 - 2.9. 1800), дзяржаўны дзеяч ВКЛ, кампазітар, драматург. Сын Л.М. Радзівіла. Атрымаў хатнюю адукацыю ў Нясвіжы. 3 канца 1770-х г. зблізіўся з віленскім ваяводам К.С. Радзівілам Пане Каханку. Падкаморы ВКЛ у 1786-90, кашталян віленскі з 1790; пасол на сойм 1780. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 перадаў у распараджэнне войска ВКЛ замкі, арсеналы і радзівілаўскую міліцыю, якімі распараджаўся як апякун малагадовага Д.Г. Радзівіла, за што атрымаў спец. падзяку ад Чатырохгадовага сойму 1788-92. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, уваходзіў у склад Найвышэйшай літоўскай рады (чал. дэпутацыі публічнага скарбу). Дараваў асабістую волю сваім сялянам, якія прымалі ўдзел у паўстанні. У кастр. 1794, занепакоены радыкалізацыяй паўстання, выехаў у Галіччыну. Апошнія гады жыцця правёў у сваім маёнтку Паланэчка (Наваградскае ваяв.), які на пэўны час стаў культ. асяродкам у краі. Як драматург дэбютаваў у 1784, калі да прыезду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Нясвіжы была пастаў-лена опера «Агатка, або Прыезд пана» (лібрэта Р., музыка Я.Д. Галанда). Пазней опера ставілася ў Варшаве, Любліне, Вільні, Львове; з 1799 выконвалася ў 2-актавай версіі над назвай «Добры пан - бацька для падданых» і карысталася папулярнасцю да канца 1820-х г.

Валодаў маёнткамі ў Літве і Польшчы, на Беларусі - Паланэчкай, Крошынам і інш. У шлюбе з Эльжбетай Хадкевіч меў дачку і сына Канстанціна.


Паэт-сатырык, пісьменнік, літаратуразнавец, музеязнавец

Да 75-годдзя з дня нараджэння Івана Курбекі

КУРБЕКА Іван Сцяпанавіч нарадзіўся 10 лістапада 1934 года ў вёсцы Серабрышча Баранавіцкага раёна Берасцейскай вобласці. З сялянскай сям'і. Пасля заканчэння Моўчадзкай СШ Іван Сцяпанавіч у 1953 годзе паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, якое паспяхова закончыў у 1958 годзе. У яго працоўнай кніжцы ёсць толькі два запісы пра яго працоўную дзейнасць: з 1958 года ён навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Янкі Купалы і з 1964 года навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела, старшы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Якуба Коласа (цяпер Дзяржаўны літаратурнамемарыяльны музей Якуба Коласа).

Літаратурную дзейнасць Іван Сцяпанавіч пачаў у 1958 годзе. Ён актыўна выступаў у перыядычным друку, на радыё і тэлебачанні, прапагандуючы творчасць класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. І не толькі пра іх, але і пра іх сваякоў, і бліжэйшае іх акружэнне.

Ён аўтар зборніка гумарыстычных вершаў "Абы здароўе" (1979), кнігі лінгвістычных загадак (шарады, метаграмы, лагарыфы, анаграмы) "Хітрыя літары" (1991), зборніка "Руска-беларускія крыжасловы: Займальны дапа-можнік для ўдасканалення мовы" (1993), альбомаў для выставак у школе "Янка Купала" (1965, 2-е выд. 1983), "Якуб Колас" (1967, 2-е выд. 1980, у сааўт.), альбома "Якуб Колас: Жыццё і творчасць" (1974, у сааўт.). Ён укладальнік зборніка "Успаміны пра Якуба Коласа" (1982).

Творы Івана Сцяпанавіча былі змешчаны ў калектыўных зборніках "Асцюкі за каўняром" (1989), "Вожык смяецца" (1992) і інш. Ён друкаваўся ў часопісе "Вожык", штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва", "Вячэрнім Мінску" і іншых перыядычных літаратурных выданнях. Апошняя яго кніга выйшла ў 2008 годзе - "Запрашэнне ў музей". Гэта, можна сказаць, была яго "лебядзіная песня". Кніга атрымалася цікавай і змястоўнай. Гэта быў прыкметны ўнёсак Івана Сцяпанавіча ў развіццё музеязнаўства ў Рэспубліцы Беларусь.

Іван Сцяпанавіч - аўтар шматлікіх літаратурнакрытычных артыкулаў, успамінаў пра тых постацей, з якімі ён сустракаўся. А сустракаўся ён і сябраваў з вядомымі асобамі нашай эпохі: Алесь Адамовіч, Заір Азгур, Анатоль Багатыроў, Рыгор Барадулін, Пятрусь Броўка, Генадзь Бураўкін, Васіль Вітка, Артур Вольскі, Анатоль Вялюгін, Пятро Глебка, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў, Максім Лужанін, Міхась Лынькоў, Янка Маўр, сям'ярадня Якуба Коласа і сям'ярадня Янкі Купалы, Алесь Пальчэўскі, Янка Скрыган, Іван Шамякін, Станіслаў Шушкевіч, Рыгор Шырма, Алесь Якімовіч і многіямногія іншыя.

Яго сатырычныя вершы ўражваюць дасціпнасцю, уменнем абыграць любую прыродную з'яву, нечакана пановаму перафразаваць чужое выказванне ці думку свайго суразмоўцы. Прырода надзяліла яго тонкім гумарам, талентам імітацыі, падробкі людскіх галасоў - Пятруся Броўкі, Янкі Маўра, Рыгора Шырмы, Івана Шамякіна і інш. Іван Сцяпанавіч лічыў, што яго сатыра і тонкі гумар перайшлі да яго ад бацькі Сцяпана.

Каля 50 гадоў Іван Сцяпанавіч працаваў на ніве музейнай справы, жывым майстэрскім словам ушаноўваў памяць народных песняроў Янку Купалу і Якуба Коласа ў самых розных аўдыторыях краіны: вучоных, пісьменнікаў, дзеячаў культуры, рабочых, сялян, вучняў, воінаў Савецкай арміі Рэспублікі Беларусь. На сотнях фотаздымкаў яго выява з выдатнымі дзеячамі нашага часу Савецкага Саюза і Рэспублікі Беларусь, краінаў Заходняй Еўропы.

Іван Сцяпанавіч раптоўна памёр 1красавіка 2009 года. Пахаваны на радзіме каля сваіх бацькоў і радні.

Анатоль Валахановіч, пісьменнік, гісторык.


Дыялог у ТБМ

3-га лістапада 2009 г. у сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны адбылася сустрэча грамадскасці з дырэктарам Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі доктарам філалагічных навук, прафесарам Аляксандрам Аляксандравічам Лукашанцам. У сваім выступе А.А. Лукашанец закрануў пытанне пра складаныя абставіны развіцця беларускай мовы, грунтоўна распавёў прысутным аб усіх акалічнасцях фармавання яе сучаснай літаратурнай формы. Найбольшую частку сваёй прамовы Аляксандр Аляксандравіч адвёў для паведамлення пра тую працу, якая праводзілася навукоўцамі розных пакаленняў на працягу ХХ стагоддзя па ўнармаванні беларускага правапісу. Напрыканцы свайго выступлення А.А.Лукашанец закрануў асобныя акалічнасці і вострыя пытанні, што мелі месца пры выпрацоўцы змен, пакладзеных у аснову Закона аб правапісе беларускай мовы, які ўступіць у дзеянне з верасня 2010 года. Час, запланаваны для сустрэчы, праляцеў хутка. Таму і прысутныя, і А.А. Лукашанец дамовіліся аб тым, каб правесці яшчэ некалькі сустрэч, прысвечаных разгляду канцэптуальных змен у правапісе. Папярэдне дамоўлена, што гэта будзе першы аўторак снежня.

Трэба дадаць, што сустрэча была запланавана ў межах дзеяння праекта "Дыялог", які наша арганізацыя выконвае пры фінансавай падтрымцы Дзярждэпартамента ЗША, і які быў зарэгістраваны ў Дэпартаменце па гуманітарнай дапамозе Рэспублікі Беларусь напярэдадні 20годдзя ТБМ. Нагадаем, што сустрэчы з навукоўцамі, краязнаўцамі і рознымі вядомымі людзьмі, а таксама паседжанні дыскусійнага клуба праходзяць кожны аўторак з 19 да 21 гадзіны.

Так, 10 лістапада пройдзе пасяджэнне моладзевага дыскусійнага клуба "Эканамічнае развіццё Беларусі" з удзелам у якасці асноўнага выступоўцы і эксперта Яраслава Раманчука, 17 лістапада - завочнае падарожжа "Мясцінамі Адама Міцкевіча" з удзелам навукоўца Вячаслава Раковіча, а 24 лістапада плануецца сустрэча з вядомым знаўцам звычаяў і традыцый беларусаў Антанінай Хатэнка.

Чакаем вас у нашай сядзібе па вул. Румянцава, 13 штоаўторак з 19 да 21 гадзіны.

Кіраўнік праекта "Дыялог", намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім.



13 лістапада на сядзібе ТБМ па вул.Румянцава, 13 адбудзецца сустрэча з намеснікам старшыні ТБМ, старшынёй Менскай гарадской арганізацыі ТБМ Аленай Анісім.

Тэма сустрэчы: "Дзейнасць Таварыства беларускай мовы ў юбілейны год: здзейсненае і задуманае" .

Сустрэча ажыццяўляецца па лініі агульнанацыянальнай кампаніі "Будзьма беларусамі!"

Чакаем усіх а 18 гадзіне.


Уласны погляд

Гучнае усім вядомае слова Адраджэнне ... Усе ведаюць гэта, усведамляюць значэнне гэтага перыяду. 3 гэтым нас упершыню з самага дзяцінства знаёмяць у школе. Потым сэнс і мэты гэтага гістарычнага перыяду мы падрабязна вывучаем у ВНУ. Карацей, усім вядома такая з'ява, як Еўрапейскае Адраджэнне, але ж гэта можна сказаць, не датычыцца нашай краіны.

А што ж уласна з нашай роднай гісторыяй? Тут справа зусім іншая... Быў некалі і на нашай зямлі прамежак часу, які таксама завуць Адраджэннем, толькі вось не антычным, а сваім, нацыянальным. Было вяртанне на узор сярэдневечча сваёй гістарычна-культурнай спадчыны і мовы. Ды толькі вось, нажаль, гэты перыяд зусім не сусветнай, а цалкам уласнай гісторыі кепска вядомы не толькі беларускай цяперашняй моладзі, але і людзям сталым, якім пра гэта мелі магчымасць расказаць не падручнікі, а самі сведкі тых падзей. Ды толькі зноў іншая атрымліваецца рэч. Беларускае Адраджэнне пачатку XX ст. на самай справе было, але ж хто ў той час ведаў і усведамляў гэта? Хто мог потым пра гэтую з'яву грамадскай актыўнасці расказаць сваім дзецям? Тым самым дадаць гонару сваім нашчадкам за ўласных бацькоў... Амаль адзінкі...

Вось і атрымліваецца, што памяць народа не захавала гэтага, бо папраўдзе на перыяд развіцця такой з'явы не ўспрымала такое наша грамадства, а дакладней мала што ведала пра гэта і такім чынам не ўкараніла ў свядомасць сваіх дзяцей і пазбавіла іх гонару за ўласную зямлю... А цяпер нам, нашчадкам выпадае прагал ва ўласнай гісторыі, а значыцца і ва уласнай культуры, а самасвядомасць ўвогуле згубіла маральную вартасць характэрную нашаму народу!.. Бо ж усім вядомы савецкі перыяд. Бальшавіцкагаладранцкая ідэалогія, якая нажаль і зараз амаль у нас пануе... Якая сістэматычна амаль вынішчыла ушчэнт тыя парасткі, якія далі актывістыпершапраходцы нашай уласнай гісторыі і культуры, а самае галоўнае - Мове! Мова, яна ўвесь час была першасным пытаннем пры пабудове нашай незалежнай дзяржавы, увесь час стрымлівала на сабе ўдары хцівых суседзяў, якія не жадалі побач бачыць нашую вольную краіну.

Добра. Гэта ўсё з нашай гісторыі. А што ж атрымліваецца, калі ўзяць наш час, нашу свядомасць і ўсведамленне такой справы, як патрыятызм, але патрыятызм не навешаны, не падмаляваны і не найграны, а што ні на ёсць сапраўдны? Зусім іншая малюецца жыццёвым мастаком карціна...

Такія былі на пачатку думкі...

Але прайшоў некаторы час, змяніліся дні каляндара, змянілася думка. Думка... думка мая, уласная... Па выказванні сваячкі з Мурманска, на яе ўласную думку, я зараз артадаксальны беларус, беларус, які імкнецца і захоўвае ў душы незразумелыя для шматлікай большасці насельніцтва пачуцці, думкі, меркаванні...

Зараз лістапад... Мак-рэча, халадэча - людзі адчуваюць надыход добрых халадоў, чакаюць спаду эканамічнага крызісу, добрых зарплат і таннаых коштаў ў крамах. Усе мы разумеем гэта жыццё паўсядзённае, усе хочуць жыць ў дабрабыце, нешта каштоўнае мець, гэтым карыстацца, вы-хваляцца гэтым перад іншымі, карацей - каб было добра і нібыта - як у пасляваенныя гады - каб не было вайны...

Я таксама амаль звычайны чалавек, думаю пра заўтрашні дзень, атрымліваю асалоду ад бягучага... Побач заўсёды добрая, ласкавая і пяшчотная дзяўчына, дзяўчынамэта... Але мая мэта не толькі ў Ёй, але і ў іншым не цялесным, ды і думка жыцця майго жадае лепшага. Духоўнасць спрадвечнае змаганне, мэта сусветных гуманітарыяў. Духоўнасць як частка жыцця чалавека, частка ягоных мэтаў і памкненняў, памкненняў асобы, супольнасці, плыні і дзяржавы... Адукаваныя людзі разумеюць, што без духоўнасці немагчыма існаванне ніводнага вышэй пералічанага. У супольнасці мэта, у плыні думка, у дзяржавы цэлы стос доўгага пераліку кампанентаў. Ды толькі ўсе мы разумеем, што ўсё гэта складаецца нібыта з малекуласоб. Асоба гэта на маю думку рэч недатыкальная. Так, менавіта рэч, менавіта недатыкальная, бо ў гэта паняцце "асоба" кожны ўкладвае сваё, успрымае гэта зыходзячы з менталітэту, выхавання, узроўню адукацыі і ў пэўнай ступені праз гены... Бо можна жыць узровень з сучаснасцю, весці знешне паўсядзённае жыццё, ды быць амаральным чалавекам у класічным разуменні выразу Чалавек разумны . Зараз узнікае пытанне, да чаго ж гэта ўсё... Гены, адукацыя... Вы вось уявіце сабе чалавекашляхціца (беларуса) прыкладна пачатку XIX ст.. Ён відаць адрокся ад свайго, прыняў ласку імператара і жыве цяпер большменш у спакоі, але без сумлення ў душы!.. Зноў амаль лухта ў тэксце?.. Ды толькі ён здрадзіў сваёй радзіме (наўмысна з малой літары) маючы пэўную адукацыю, добрае выхаванне і менталітэт продкаў, а абгрунтаваў гэта сваім паняццем - час. Бо ён мяркуе, што надышлі іншыя часы і патрэбна жыць весела гледзячы ў будучыню, крочыць, прыстасоўвацца да новых умоў жыцця, парадкаў і законаў... А папярэдняе жыццё можна толькі ўспамінаць у сонных думках і з падачы новых гаспадароў, жыць і не думаць самому, спадзявацца на прыдбанага усходняга гаспадара. А калі атрымаецца так што гаспадар адрачэцца ад яго, то можна лёгка перайсці ў "саюзнікі" і падпарадкаванне да заходняга "пабраціма "...

Гэта ўсё быў выдуманы выпадак. Шляхціц ёсць асоба, але якая, у якім разуменні? Так, яго можна зразумець. Усе зноў жа хочуць жыць, але да якой плыні можна яго аднесці, як можна вызначыць узровень яго адукацыі? Якім ён сам можа апісаць свой менталітэт і адказаць на тое, куды і як зніклі яго гены? Адказ просты - гэта ўсё прысутнічае, але ў яго сучаснасці знікла зза непатрэбшчыны. У выніку ўсяго гэтага стала немагчымым вызначэнне ягочалавека як асобы.

Маё прозвішча - Галкоўскі. Гучыць на польскі манер і амаль усе кажуць, што я з палякаў. Нібыта ў нас не было раней сваёй шляхты, якая захавала пэўны менталітэт, незалежнасць у душы, павагу да роднай мінуўшчыны і самае галоўнае прынесла гэта мне, аднаму са сваіх нашчадкаў.

Беларускі гісторык Алег Трусаў 30 кастрычніка 2009 года ў прыдбанай мною ягонай кнізе пажадаў заўжды трымацца роднай мовы, гісторыі і культуры. Так. Гэта праўда, такое пажаданне сапраўды неабходна для звычайнага сучаснага чалавека, грамадзяніна сваёй краіны, а самае галоўнае для беларуса. Цікава, ды толькі годам раней, а менавіта 27 лістапада 2008 года, у прыдбаным мною дыску беларускага пісменнікабарда Эдуарда Акуліна было пажаданне: "Алесь Алесевіч, любі Беларусь як Янка Купала і Максім Багдановіч!" Тады я прыняў гэта на заўвагу і зараз удзячны гэтым здаецца простым словам. Таксама я вельмі ўдзячны Алегу Анатолевічу Трусаву за той давер, з якім ён пісаў мне пажаданне на будучыню нібыта як самасвядомаму беларусу. Але няхай ён прабачае, ды толькі гэта з яго боку, здаецца, памылка такое пісаць мне! Не! Не ўвогуле, а менавіта мне, бо не зведаць відаць болей анікому маіх пачуццяў і адносін да беларускага культурнага Адраджэння так, як ведае гэта мая цудоўная дзяўчынка. Менавіта толькі і толькі яна бачыла мой той сумны выраз твару са слязьмі на вачах, нават пры праслухоўванні звычайных пранікнёных вершаваных радкоў альбо сумных песень, якія маюць дачыненне да Беларусі ці да нашай гісторыі, культуры і мовы... У такія моманты яна кажа, што я іншы, незвычайны чалавек. Так. Сапраўды. У душы я зараз закамянелы, артадаксальны і самасвядомы беларус, а такіх відаць адзінкі ў нашым грамадстве. Але ж такімі не нараджаюцца, імі становяцца. Становяцца пры падрымцы і дзякуючы генам продкаў, праз бацькоўскае выхаванне, свядома накіраваную ў гэтае рэчышча адукацыю. Такім чынам фармуецца ў дзяцей і моладзі менталітэт. Але ж я мяркую, што толькі менавіта ў такой сукупнасці і паслядоўнасці гэта адбываецца, а калі адзін з кампанентаў не ў тым кірунку альбо губляецца, то атрымаецца зусім іншая асоба... Узгаданы Алег Анатолевіч відаць думаць і не думаў, што яшчэ задоўга да пісаных ім пажаданняў прычыніўся ён на занятках да фармавання мае асобы, асобы артадаксальнай.

Вынік папярэдняга абзаца такі, што калі б не было тых існых каранёў маіх, менавіта беларускага шляхецтва, што так упарта адмаўляюць замежныя і нават некаторыя ўласнабеларускія гісторыкі, то не было б пэўна і маёй такой вось асобы, той ментальнасці адметнай маім продкам, а ў агульнай з'яве не існаваў бы і славуты беларускі менталітэт... Бо я частка той нацыі, якая не скарылася павевам часу, не стала прыстасаванцам, а проста жыла і несла гэтыя пачуцці і адносіны да свайго сваім нашчадкам і верыла, што нарэшце будзе, будзе чарговае беларускае Адраджэнне. Самае ж галоўнае ў наш час тое, што мы маем магчымасць гэта пранесці ў будучыню і не забыць папярэдніх змагароў, выказаць падзяку ім праз ушанаванне: назвы вуліц, раёнаў, устаноў, мастацкія творы і нават прадуктаў вытворчасці. Павінны не зрабіць так, як зрабіў узгаданы шляхціцбеларус XIX ст..

Мы ж жывём ў ХХІм... Навошта ж зноў імкнуцца да крыху лепшага, але чужога... Усходняе партнёрства... Еўрасаюз... Нейкія міфічныя дапамогі і падтрымкікрэдыты усё гэта добра, але што ж патрабуюць ад нас пры вяртанні? Усход мову забраў, а захаду што потым? Тэрыторыю? Дык не прасцей захаваць хоць тое, што засталося і балансаваць паміж імі, суседзямі?! Бо такі наш лёс... Ніхто не думаў аб гэтым, а проста ішоў услед чужой думцы, думцы заходняй, усходняй, ды толькі не думаў, што можна мець цалкам сваё, уласнае і быць сапраўды незалежнымі і суверэннымі, а не тытульнай нацыяй...

Магчыма тады і пачнецца сапраўднае Беларускае Адраджэнне, пра якое так гучна зараз кажуць. Толькі адраджэнне сваімі сродкамі, дзеля сваіх нашчадкаў, бо зараз інакш чым уласна нам гэта анікому не патрэбна! I змогуць захавацца тады ў памяці народа тыя імёны, якія стануць першапраходцамі ў гэтай з'яве, і самі працэсы Адраджэння будуць зразумелымі ўсім без выключэння нават праз стагоддзі. Але ж гэта трэба усвядоміць, адмовіцца ад чужацкіх думак і проста распачаць дзеля беларускай будучыні, дзеля нашчадкаў, дзеля Беларусі!..

Алесь Галкоўскі, студэнт БДУКМ.


Мовазнаўчы досвед

Уседарожнік - усюды-ход. "Што ні кажы, а ўседа-рожнік - машына адметная!" (Полымя. 2009. №8. С.132).

Слоўнікі фіксуюць то-лькі кальку з расейскай мовы - усюдыход (вездеход) з семан-тыкай 'аўтамашына на гусеніч-ным хаду, прызначаная для язды ў цяжкіх дарожных умо-вах' (Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мо-вы. 1996, с. 700).

Уласнамоўнае слова ўседарожнік - досыць маты-ваванае абазначэнне рэаліі (паняцця) - 'машына, здатная праходзіць (праязджаць) усе дарогі'. I структура яго вы-разная: складана-суфіксавае ўтварэнне: усе + дарог(і) + -нік -> уседарожнік .

Тупак - тупіца. "Ды і хто з тупакоў калі любіў разумных? Але жыццё дае кожнаму тое, чаго ён варты". (Маладосць. 2009. №8. С.22).

Слоўнікі фіксуюць то-лькі тупіца (супольнае з расейскім тупица ). Між тым асабовыя адпрыметнікавыя назоўнікі з суфіксам -ак (-як) складаюць прадукцыйны тып: дабрак, бядняк, прастак прасцяк ), сляпак, халасцяк, чужак... Форма тупіца хутчэй стасуецца з прадметам, наймен-нем яго: тупая сякера (піла) -тупіца.


Сотавік, мабільнік. "Ішла тут у гэты час нейкая бабуля з унучкаю. Перапало-халіся. Унучка адразу пазва-ніла па сотавіку ў міліцыю, потым у "хуткую дапамогу". (Полымя. 2009. №8. С.132). Сотавік - утварэнне (шляхам кандэнсацыі, сцяжэння) ад намінацыйнага словазлучэння сотавы тэлефон : сотав(ы)-ік . Сотавы тэлефон - "аўтаном-ны тэлефон, звязаны радыёхва-лямі з базавай станцыяй сувязі" (Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мрвы. 1996, с. 163).

Замест намінацыйнага словазлучэння мабільны тэ-лефон выкарыстоўваеіша аднаслоўнае найменне мабільнік . "Тэлефануй, як што спатрэ-біцца... Дарэмна Ігараў мабільнік не ўзяў" (Дзеяслоў. 2009. №1. С.47).

Жадунак - жаданне. "I як ёй, маладой, поўнай жадунку, абараніцца ад яго". (Кастусь Цвірка. Воўчая выс-па// Полымя. 2009. № 3. С.27).

Тлумачальны слоўнік фіксуе толькі множналікавую форму жадункі як размоў-ную, якая мае значэнне 'дзіў-ныя жаданні, капрызы' (Тлумачальны слоўнік беларускай мовы, т.2, с.247). Да таго ж, без усякай тэкставай ілюстрацыі.

Лексема жадунак у знакамітага аўтара Кастуся Цвіркі мае тое значэнне, што і слоўнікавае жаданне - 'уну-транае імкненне, цяга да ажыц-цяўлення чаго-небудзь; хацен-не чаго-небудзь; ахвота'. Утворана на ўзор слоў пацалунак , мацунак, кірунак. Слова вельмі выразнае, сакавітае, заслугоў-вае замацавання ў нарматыў-ным слоўніку беларускай мовы.

Запарыць - заварыць (каву) . "Зараз заварым гар-баты... Даспела гарбата і ўсе трое, пасеўшы на ложках, былі гатовыя да працягу раз-мовы". (Дзеяслоў. 2009. № 1 (36). С.25). "Ну хоць бы запа-рым кавы, агледзімся і пойдзем на аўтобус" (Тамсама, с. 29).

Тлумачальны слоўнік падае дзеяслоў запарыць якраз з тым значэннем, што і ў згаданых тэкстах - 'прыгатаваць настой, заліўшы варам'. Запа-рыць ліпавы цвет (ТСБМ, т.2, с. 361).

3 аналагічным значэн-нем фіксуецца і слова заварыць 'прыгатаваць навар, настой з чаго-небудзь. Заварыць ліпа-вага цвету (Тамсама, с.286).

Перакладныя слоўнікі падаюць толькі другое слова: "Заварить сов. - заварыць; заварить чай - заварыць чай" (Русско-белорускнй словарь, 1993, т.1,с.441).

Але калі прыгледзецца да гэтых слоў, то больш прыдатным ёсць слова запарыць (чай,! каву), а не заварыць , бо ніхто такі настой не варыць, а гатуецца ён шляхам запаркі, калі змесціва (каву, чай) заліваюць кіпнем, што запарвае яго.

Тушаніна - тушонка. "У нас цэлая рандэля кашы з тушанінай". (Дзеяслоў. 2009. №1. С.23).

Слова тушаніна ўтва-рылася ад дзеяслова тушыць 'варыць на малым агні ў закрытай пасудзіне' з выкары-станнем суфікса -анін-а (туш-аніна) і абазначае вынік на-званага дзеяння. Узорам для яго ўтварэння стала квашані-на , таксама назва стравы.

Найменне тушаніна вельмі выразнае паводле сваёй матывацыі • ('тушаная страва') і будовы і вартае занатавання ў літаратурным слоўніку. Акадэмічныя слоўнікі падаюць толькі тушонка - пазычанне з расейскай мовы (тушёнка) .

Павел Сцяцко


Беларускі цэнтр у Кіеве

Пытанне з адкрыццём беларускага цэнтра вырашылася за два месяцы. У часе візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў быў адкрыты Цэнтр беларускай мовы і культры на базе інстытута філалогіі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта. Першапачаткова былі варыянты адкрыцця такога цэнтра ў Чарнігаве або Львове, але пасля перамоваў з старшынём ТБМ Алегам Трусавым пасол Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы зрабіў усё магчымае, каб цэнтр адкрыўся ў Кіеве.

Дырэктар інстытута філялогіі Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, доктар філалагічных навук, загадчык кафедры сучаснай украінскай літаратуры Рыгор Семянюк расказаў пра задачы новага цэнтра.

- У нашым інстытуце вывучаецца больш, як 30 моваў, і існуе ўжо 15 моўна-культурных цэнтраў розных народаў свету. Гэта будзе 16-ты цэнтр, але першы ва Ўкраіне цэнтр беларусістыкі. Мэта яго - працяг і развіццё тых традыцый, якія стагоддзямі складаліся ў духоўным, культурным, літаратурным плане паміж нашымі народамі. А таксама развіццё новых традыцый, з якімі нашы дзяржавы крочаць, як незалежныя, у 21-м стагоддзі.


Еўрапейская палітыка суседства і праграма "Ўсходняе партнёрства": агульнае і адрознае

Ініцыятыва "Ўсходняга партнёрства" была распрацаваная ў рамках Еўрапейскай палітыкі суседства і закліканая развіваць яе і замацоўваць. Аднак, нягледзячы на відавочную пераемнасць, новая праграма Еўразвязу мае і прынцыповыя адрозненні ад Еўрапейскай палітыкі суседства.

Праграма Еўразвязу "Ўсходняе партнёрства", афіцыйны старт якой быў дадзены на нефармальным саміце ЕЗ у Празе 7 траўня 2009 г., не ўзнікла на пустым месцы. Яшчэ ў 1994 г. Еўразвяз падпісаў з Украінай і Малдовай Пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве, якім былі закладзеныя папярэднія асновы для вызначэння ўзаемаадносінаў з краінамі, якія ўзніклі на крушнях былога Савецкага Саюза. Але сапраўды актуальнай для Еўразвязу дадзеная праблема стала толькі пасля яго пашырэння ў траўні 2004 г. на ўсход за кошт былых сацыялістычных краін Сярэдняй Еўропы. За год да гэтай падзеі, у сакавіку 2003 г. Еўрапейская камісія распрацавала канцэпцыю Еўрапейскай палітыкі суседства (ЕПС), якая была выкладзена ў звароце Еўракамісіі "Шырокая Еўропа - суседства: новыя рамкі адносінаў з нашымі ўсходнімі і паўднёвымі суседзямі". У гэтым звароце падкрэслівалася, што фармаванне адносінаў з суседзямі - адзін з прыярытэтаў вонкавай палітыкі пашыранага ЕЗ. Палітыка суседства прадугледжвала развіццё з суседнімі краінамі прывілеяваных адносін, збудаваных на ўзаемным прызнанні супольных каштоўнасцяў, вяршэнства права, належнага кіравання, забеспячэння правоў чалавека, прынцыпаў рынкавай эканомікі і ўстойлівага развіцця. Праз некалькі месяцаў, у ліпені 2003 г., быў таксама прадстаўлены дакумент, датычны пашырэння Праграмаў Суседства і новага фінансавага інструменту - Еўрапейскага інструменту суседства і партнёрства.

Ініцыятыва "Ўсходняга партнёрства" была распрацаваная ў рамках Еўрапейскай палітыкі суседства і закліканая развіваць яе і замацоўваць. Аднак, нягледзячы на відавочную пераемнасць, новая праграма Еўразвязу мае і прынцыповыя адрозненні ад Еўрапейскай палітыкі суседства. Галоўныя з іх - наступныя:

1) "Усходняе партнёрства" - больш гнуткі інструмент, бо не проста ахоплівае шэсць краін Усходняе Еўропы і Паўднёвага Каўказу, але і можа развівацца з улікам патрэбаў, магчымасцяў і дасягненняў кожнай з краінпартнёраў.

2) "Усходняе партнёрства" датычыць больш звязаных адна з адной групы краін, якія не з'яўляюцца сябрамі ЕЗ, але маюць падобныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя інтарэсы, звязаныя з постсавецкім мінулым. .

3) Ключавы аспект "Усходняга партнёрства" - дыферэнцыяцыя. Дакумент Еўрапейскай камісіі ад 3 снежня 2008 г. прадугледжвае, што прынцыповым з'яўляецца дыферэнцыянаваны падыход да кожнай краіныпартнёра, у залежнасці ад паспяховасці прасоўвання ўнутраных рэформаў і развіцця ўзаемаадносінаў з ЕЗ на шляху еўрапейскай інтэграцыі.

4) Ва "Ўсходнім партнёрстве" прадугледжваецца паступовае ўкладанне з усімі краінамі новых дамоўных рамак, г. зн. пагадненняў пра асацыяцыю, уключаючы пагадненні пра глыбокія і ўсеахопныя зоны свабоднага гандлю для тых краінаў, якія жадаюць і гатовыя браць на сябе адпаведныя далёкасяжныя абавязальніцтвы з ЕЗ. Кожная краінапартнёр можа разлічваць на паглыбленне палітычнай інтэграцыі з ЕЗ.

5) "Усходняе партнёрства" прапануе як двухбаковыя, так і шматбаковыя фарматы для ўзмацнення супрацоўніцтва ва Ўсходняй Еўропе і на Паўночным Каўказе. Гэта значыць, што прадугледжваецца адначасовае захаванне дынамікі развіцця двухбаковых узаемаадносін паміж краінайпартнёрам і ЕЗ. Шматбаковы фармат дае магчымасць усім краінампартнёрам і ЕЗ лепш зразумець сітуацыю ў рэгіёне і супольна вырашыць наяўныя рэгіянальныя праблемы і пытанні стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне.

6) У адрозненне ад ЕПС, "Усходняе партнёрства" не абмяжоўваецца суседскімі ўзаемаадносінамі і мае на мэце спрыянне краінампартнёрам у набліжэнні да стандартаў ЕЗ. Такая мэта дасягаецца шляхам рэалізацыі працэсаў інтэграцыі краіныпартнёра ў ЕЗ па асобных сферах: эканамічная інтэграцыя, энэргетычная інтэграцыя, набліжэнне рэгулятарных нормаў, прававая апраксімацыя, адміністрацыйнае рэфармаванне і інш.

7) "Усходняе партнёрства" прадугледжвае большае фінансаванне ў параўнанні з тым, якое давалася ў рамках ЕПС. Еўрапейская Рада зацвердзіла прапанову Еўрапейскай камісіі аб пашырэнні наяўнага пакету Ініцыятывы ЕПС на 350 млн еўра. Гэтыя сумы дапоўняць рэсурсы, выдзеленыя на 2010-2013 гады. У выніку такое аб'яднанне пабольшыць агульную грашовую суму, прызначаную на выкананне ініцыятываў "Усходняга партнёрства", да 600 млн еўра.

8) "Усходняе партнёрства" прадугледжвае арганізацыйную структуру, хоць яна і не развітая да такога ўзроўню, як, напрыклад, у Саюзе для Міжземнамор'я. Сустрэчы кіраўнікоў або ўрадаў краінудзельніц "Усходняга партнёрства" будуць праводзіцца кожныя два гады. "Усходняе партнёрства" таксама ўводзіць штогадовыя сустрэчы міністраў замежных спраў ЕЗ і краінпартнёраў, міністэрскія канферэнцыі ў асобных галінах, рэгулярныя сустрэчы па чатырох тэматычных платформах ("Дэмакратыя, належнае кіраванне і стабільнасць", "Эканамічная інтэграцыя і ўзгадненне са стратэгіямі ЕЗ", "Энергетычная бяспека", "Кантакты паміж грамадзянамі"), а таксама працу калегіяў для падтрымкі працы платформаў у канкрэтных сферах, фармат і ўдзельнікі якіх павінны вызначацца адпаведна з патрэбамі.

Акрамя ўрадавых прадстаўнікоў і Еўрапейскай камісіі, прадугледжваецца таксама стварэнне Форуму грамадзянскай супольнасці "Ўсходняга партнёрства" з мэтаю ўсталявання кантактаў паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і спрыяння іхняму дыялогу з органамі дзяржаўнай улады. Акрамя таго, запланавана таксама развіццё міжпарламенцкага супрацоўніцтва ў рамках "EuroNest" як складовай часткі "Ўсходняга партнёрства".

9) "Усходняе партнёрства" уводзіць праграму комплекснага інстытуцыйнага развіцця (Comprehensive InstitutionBuilding Programme), якая павінна засяродзіцца на ўдасканаленні адміністрацыйнай дзейнасці ва ўсіх адпаведных галінах шляхам выяўлення слабых месцаў праз правядзенне падрыхтоўкі, наданне тэхнічнай падтрымкі і дапамогі.

10) У рамках праграмы "Усходняе партнёрства" прадугледжваецца ўкладанне пактаў "мабільнасць і бяспека", якія павінны спрыяць перасоўванню людзей. Гэта павінна здзяйсняцца шляхам прававога палягчэння паездак у ЕЗ з адначасовым павелічэннем намаганняў у кірунку пераадолення карупцыі, арганізаванай злачыннасці і нелегальнай міграцыі. Канчатковай мэтай у доўгатэрміновай перспектыве з'яўляецца дасягненне бязвізавага рэжыму перамяшчэння ў межах усіх краінпартнёраў.

11) "Усходняе партнёрства" надае значную ўвагу пытанням энергетычнай бяспекі ў краінах-партнёрах і ў ЕЗ і ўзмацняе супрацоўніцтва ў сферы дзейнасці ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і клімату. У энергетычным сегменце гэтая ініцыятыва прадугледжвае належныя змены заканадаўства, тэхнічную і нарматыўнатэхналагічную адаптацыю энергетычнай прасторы 6ці краінпартнёрак да еўрапейскай. Пытанні энергетычнай бяспекі могуць перайсці з нацыянальнага ўзроўню да шматнацыянальнага пад патранатам ЕЗ.

12) "Усходняе партнёрства" будзе спрыяць развіццю праграмаў, скіраваных на сацыяльна-эканамічнае развіццё краінпартнёраў, асабліва ў кірунку пераадолення вострых сацыяльна-эканамічных разыходжанняў паміж гэтымі краінамі. Прадугледжваецца таксама, што яно ўзмоцніць сацыяльнакультурныя кантакты.

Ясь Лапатэцкі.


"Музычныя зазімкі" ў Лідзе

1 лістапада ў Лідзе адбыўся бардаўскі канцэрт "Музычныя зазімкі". Выступалі Алесь Камоцкі, Зміцер Казлоўскі і Таццяна Беланогая. Музыкаў са сталіцы прымала ўтульная актавая зала музычнай школы.

Негледзячы на тое, што задоўга да канцэрту хуліганамі былі знішчаныя ўсе афішы, якія віселі ў горадзе, паслухаць добрыя беларускія спевы прыйшло каля 80 чалавек.

Спадарыня Таццяна праводзіла конкурсы ад "Будзьма!" і запыталася ў аўдыторыі "Якія ў вас асацыяцыі з беларускай культурай"... І была вельмі, амаль да слёз, ураджаная, калі зусім маленькая дзяўчынка сказала годна пабеларуску "ВІЛЬНЯ"...

Зміцер Казлоўскі, у сваю чаргу, парадаваў слухачоў моцным рокавым гучаннем яго творам, глыбокім філасофкім зместам.

А Алесь Камоцкі, які завяршаў вечарыну, спяваў сваю лірыку.

Ці спадабалася сустрэча лідзянам, можна меркаваць па тым, што пасля яе заканчэння некаторыя падыходзілі да музыкаў і прасілі паспяваць яшчэ. Нажаль, таго не дазваляў рагламент часу... Але Таццяна Беланогая ўсё ж такі заспявала песню "Балюча"...

Сустрэча ладзілася моладзевым крылом Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" у межах кампаніі "Будзьма!". І будзем спадзявацца, што беларускае слова "зазімкі" не будзе забытае.

Наш кар.


"І МЫ ЖЫЛІ... І МЫ ЛЮБІЛІ."

Прадажных

здрайцаў ліхвяры

Мяне заціснулі за краты.

Я прысягаю вам, сябры,

Мае палі, мае бары,

Кажу вам: я не вінаваты.

Паверце: я не вінаваты!

Міхась Чарот.

Радок "І мы жылі... І мы любілі." з верша Юлія Таўбіна, прысвечанага Зм. Астапенку і радкі з верша "Прысяга" Мі-хася Чарота, напісанага на сцяне адзіночнай камеры, мне ўзгадаліся пасля прагляду фільма "Катынь" польскага рэжысёра Анджэя Вайды.

Магілёўская гарадская арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны сумесна з клубам "Натхненне" і гарадской Цэнтральнай бібліятэкай арганізавала кінаклуб, у рамках якога адзін раз у месяц ладзіцца прагляд беларускамоўных фільмаў і фільмаў, проста ці ўскосна звязаных з гісторыяй нашай краіны. 29 кастрычніка сябры кінаклуба мелі магчымасць паглядзець фільм "Катынь", у якім Анжэй Вайда рас-павядае аб масавым знішчэнні насельніцтва, пасля раздзелу Польшчы паміж СССР і гітлераўскай Германіяй.

Перад пачаткам фільма была запалена свечка у памяць пра загінулых, якая гарэла ўвесь вечар. Старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў ва ўступным слове расказаў, чаму прагляд фільма ладзіцца менавіта ў гэты дзень. Таму што 29 кастрычніка 1937 года ў Менску адбылася бесчала-вечная акцыя, у выніку якой загінула больш за пяць дзесяткаў таленавітых беларускіх і яўрэйскіх літаратараў, а так-сама дзяржаўных дзеячаў і вучоных. У іх ліку былі названы імёны выхадцаў з Магілёўшчыны. Гэта літаратары: Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Юрка Ля-вонны, Зяма Півавараў, Арон Юдэльсон; наркам асветы БССР Ананій Дзьякаў, былы наркам асветы БССР Аляксандр Варончанка, загадчык секцыі геаграфіі і інстытута эканомікі АН БССР Стэфан Маргелаў, выканавец абавязкаў рэктара БДУ Аляксей Кучынскі і іншыя. (Леанід Маракоў. Ахвяры і карнікі. Менск, 2007).

Кожны з загінуўшых крычыць нам у сёння словамі з верша М. Чарота: "...я не вінаваты. Паверце: я не вінаваты!" І мы ведаем, што ўсе яны сталі ахвярамі дыктатарскай сістэмы.

Спадар Дзьячкоў распавядаў яшчэ пра тое, што трагедыя ў Катыні таксама мае дачыненне да дыктатарскай сістэмы, пра тое, што няма адназначнага погляду на падзеі ў Катыні. У палякаў свая праўда, у рускіх - свая. Беларусы тут як бы ні пры чым. Ён спаслаўся на кнігу беларускага гісторыка Ігара Кузняцова "Засакрэчаныя трагедыі савецкай гісторыі"(Менск, 2006), дзе аўтар сцвярджае думку аб тым, што гэта трагедыя не толькі польскага народа, яна тычыцца ўсіх народаў, якія жылі на тэрыторыі тагачаснай Польшчы. У іх ліку былі і эт-нічныя беларусы, але без пэўных дакументаў гэта можна ўстанавіць толькі ўскосным шляхам.

Узгадалася адна гісторыя, якую мне расказала маці. У час акупацыі фашыстамі Беларусі ў нашай вёсцы засталося ўсяго тры хаты, у тым ліку і наша, маленькая на адзін пакой. У ёй і размясціліся немцы. Адзін з афіцэраў атрымаў пісьмо, у якім паведамлялася, што яго сям'я - жонка і дзеці - загінулі. Ён скрушна глядзеў на фотаздымак сваёй сям'і і паўтараў: "Гітлер капут, Сталін капут..." Для многіх людзей сталінскі рэжым і рэжым Гітлера былі аднолькавымі - знішчальнымі.

Перад пачаткам фільма прагучала кампазіцыя-рэквіем гурта ВN і Лявона Вольскага (аўтар тэкста С. Машковіч). У зале панавала атмасфера суперажывання, многія плакалі. Адзін з прысутных, Сяргей Дымкоў, пасля прагляду сказаў: "Фільм аб страшнай трагедыі не толькі польскага народа. Я не мог стрымаць слёзы. Але фільм лічу пазітыўным. Ён дае мне сілу жыць, жаданне зрабіць што-небудзь карыснае для жывых і помніць пра тых, каго няма".

Тамара Аўсяннікава, Магілёў.


Мастацтвазнаўцы Беларусі не патрэбныя?!

Прыём студэнтаў у Беларускую акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці мастацтвазнаўства ажыццяўляецца праз два гады, то бок прымаюць на першы курс не кожны год. Выглядае, няма куды дзяваць кадры, альбо няма ахвочых атрымаць такую адукацыю?

Магчыма, у межах Менска мастацтвазнаўцаў і дастаткова, аднак Беларусь паза сталіцай не сканчваецца. Век маладосці кароткі і нельга марнаваць час, чакаючы правядзення ўступных іспытаў, пры тым, што стаць студэнтам можа і не ўдасца. Ёсць, аднак, краіны, дзе на творчыя дысцыпліны ВНУ прымаюць студэнтаў па два разы на год кожны семестр.

Колькасць работнікаў, якія маюць дыплом мастацтвазнаўцы і якія працуюць у сістэме культуры ў раёнах рэспублікі вымяраецца круглай лічбай: 0. Пагалоўе жывёлы важная справа, аднак клапаціцца трэба і аб людзях. Кінуўшы пірожнае, у сярэдніх і абласных гарадах у мастацтвазнаўцу наўрад ці патрапіш. Такая "цывілізаванасць" у галіне культуры пацвярджае статус Менска як сталіцы еўрапейскіх задворкаў.

Ніша для спецыялістаў з добрай артадукацыяй сёння свабодная, калі рухацца ад "культпросвета к свету". Такія спецыялісты ў апараце аддзелаў культуры гаррайвыканкамаў, упраўленняў культуры аблвыканкамаў, метадычных цэнтраў справу б не сапсавалі. Гісторыю мастацтва ў школах мастацтваў таксама павінен выкладаць не выпускнік "худграфа" (па дыпломе настаўнік чарчэння, малявання і працоўнага навучання), а мастацтвазнаўцы. Дыплом выкладчыка сусветнай мастацкай культуры і мастацтвазнаўства, гэта таксама не адно і тое ж. Прафесіяналы такога ўзроўню, калі б яны былі ў наяўнасці, маглі б упрыгожыць сабой і штаты супрацоўнікаў музеяў, выставачных залаў.

Адукацыя ў галіне мастацтва спалучае прафесію і класічнае хобі. Для таго каб разабрацца: хто каму гол забіў, адукацыя не патрэбная. А вось "веданне" ў галіне мастацтва ў нашай краіне рэдкая з'ява, хоць мастацтвам народ і нельга сапсаваць. На спецыяльнасць мастацтвазнаўства трэба пашыраць прыём на бюджэтнае навучанне, а на платнае вочназавочнае прымаць без абмежавання колькасці. Вывучаць мастацтва ідуць людзі зацікаўленыя ў ім, а не ў месце пад сонцам, якія на іншыя спецыяльнасці не пайшлі б вучыцца нават пры гарантаваным прыёме ў лепшыя ВНУ.

Вядомы факт: у іншых краінах маладыя спадчынныя прынцы, атрымаўшы вайсковую адукацыю, потым яшчэ вывучаюць ва ўніверсітэтах і мастацтва. Калісьці ж павінны і ў нас з'явіцца прадпрымальнікі, гаспадарчыя і тэрытарыяльныя кіраўнікі, міністры, сенатары і прэзідэнты, якія будуць лятаць прыватным чынам у іншыя краіны і гарады на мастацкія выставы, оперныя прэм'еры, выступы сімфанічных аркестраў. Да Еўропы трэба набліжацца і з гэтага боку.

Мастацтва і артадукацыя асаблівая, далікатная галіна ведаў, духоўнасці і пачуццяў. Яна патрабуе выкладчыкаў высокага ўзроўню не фармальна, а па сутнасці, якіх заўсёды мала, як і мастацтва. Яго ласт гэта толькі бензінавая пляма на вадзе, дзе самы ніз ужо мастацкая культура. Такая адукацыя патрабуе асаблівага асяроддзя з высокай канцэнтрацыяй мастацкай інфармацыі: мастацкія музеі, вялікая колькасць выставаў... Для поспеху павінны быць і мастацкаадукацыйныя "устон". Таму ў Беларусі цэнтрам падрыхтоўкі мастацтвазнаўцаў можа быць толькі Менск, каб студэнтам быў сэнс траціць час і грошы на такую адукацыю.

Уладзімір Амосаў, дырэктар "Школы мастацтваў", Полацкі р-н.


Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і біяграфіях

Вывучаць гісторыю Беларусі можна без наведвання бібліятэк ці некаторых сумных лекцый заангажыраваных выкладчыкаў. Апошнім часам у сеціве з'явілася даволі цікавая і аб'ёмная паліца сайтаў, якая была сфармавана сябрамі клуба "Спадчына". Яна падае праўдзівую гісторыю нашай Бацькаўшчыны. Калі адкрыем партал Spadchyna.org у сайце "Нашы вялікія продкі" знойдзем мастацкія карціны і біяграфіі полацкіх князёў, князёў Вялікага Княства Літоўскага, палкаводцаў і дзяржаўных дзеячоў, асветнікаў, паэтаў, пісьменнікаў, змагароў. Да прыкладу, назавём толькі некаторыя імёны: Ефрасіння Полацкая, Усяслаў Чарадзей, Францішак Скарына, Мікола Гусоўскі, Васіль Цяпінскі, Сымон Будны, Кірыл Тураўскі, Сімяён Полацкі, дзяржаўныя дзеячы Радзівілы, Храптовічы, Сапегі, Агінскія, ды шэраг іншых, якія ўславілі Беларусь сваімі справамі. Увесь спіс налічвае звыш 70 імёнаў. На кожнага з іх пададзены мастацкія творы беларускіх мастакоў, а на некаторых да дваццаці пяці работ. Дадаюцца пашыраныя біяграфіі іх жыццяпісу. Маюцца спасылкі на навуковыя крыніцы. Калі зойдзем на сайт "Адраджэнцы Беларусі", то ўбачым шмат папак, з адпаведнымі раздзеламі па гісторыі Беларусі. Яны ўтрымліваюць сведчанні пра такіх знакамітых асобаў як Андрэй Тадэвуш Касцюшка і яго паплечнікі па змаганні Якуб Ясінскі, Стэфан Грабоўскі, Клеафас Агінскі і іншыя, а таксама дзеячы рэвалюцыйнага руху 1831 года і паўстання 1863-1864 г. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага: Францішак Багушэвіч, Эмілія Плятэр, Дунін Марцінкевіч, Уладзіслаў Сыракомля. У папках маюцца сведчанні пра дзеячоў "Нашаніўскага" перыяду, тых хто першымі распачаў сапраўдны нацыянальны незалежны рух ад Польшчы і Расіі, хто стварыў першую беларускую палітычную партыю "Грамада", заснаваў першыя беларускія газеты, якія распаўсюджваліся легальна, хто філасофскі абаснаваў неабходнасць незалежнай суверэннай Беларусі і ў 1918 г. удзельнічаў у яе стварэнні. У папках каля 150 партрэтаў і біяграфій гэтых выбітных дзеячоў нацыянальнага беларускага адраджэння. Адна з папак прысвячаецца дзеячам Заходняй Беларусі, якія ў цяжкіх варунках польскай акупацыі працягвалі змаганне за незалежную Беларусь. Асобная папка прысвечана дзеячам духоўнага адраджэння. Яны першыя паднялі голас у абарону і правядзенне набажэнства на роднай мове: Міхаіл Баброўскі, Вінцэнт Гадлеўскі, Адам Станкевіч, Станіслаў Глякоўскі, Антон Неманцэвіч, Мелхісэдэк, і іншыя. Эстафету ад іх перанялі сучасныя дзеячы духоўнага адраджэння Ігар Лашук, Уладзіслаў Завальнюк, Леў Гарошка, Станіслаў Коўш, Аляксандр Надсан, Ян Матусевіч, Уладзіслаў Чарняўскі і шэраг іншых. Дзеячы беларускага замежжа ўключаны ў цэлую папку адзначанага сайта: Мікола Абрамчык, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Язэп Сажыч - былыя старшыні рады БНР, пісьменнікі, дзеячы культуры і навукі: Кастусь Акула, Наталля Арсеннева, Барыс Кіт, Мікола Равенскі, Алесь Салавей, Мікалай Шчаглоў (Куліковіч), Масей Сяднёў, Вітаўт Тумаш і іншыя. Ёсць папка, якая прадстаўляе дзеячоў сучаснага адраджэння і культуры: Алесь Адамовіч, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Уладзімір Мулявін, Віктар Скарабагатаў, Іван Шамякін, Міхась Ткачоў, Леанід Шчамялёў, Яўген Ціхановіч, Станіслаў Суднік, Людміла Майсеня і шмат іншых. На прыканцы гэтага сайта ёсць папка сяброў клуба "Спадчына", арганізацыі, якая яго стварыла. Асобны сайт займае "Грунвальд", які ўяўляе сабой энцыклапедчыны даведнік створаны дзеячамі беларускай гісторыі, выяўленчага мастацтва, кампазітарамі, музыкантамі, паэтамі і пісьменнікамі. На заключэнне адзначым сайт на 1700 файлаў "Наш люстрадзён" з паўсядзённымі і памесячнымі датамі нараджэння выбітных дзеячоў нашай культуры і адраджэння, а таксама тымі гістарычнымі падзеямі, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі на працягу звыш двух тысяч год. Асобная папка "Храналогія гісторыі Беларусі". І на прыканцы, унікальная праца сяброў сяброў клуба "Спадчына". На сайце "Кнігі" запампавана "Энцыклапедыя Беларусі: Асветнікі і мысліцелі Беларусі 9 - 19 ст.", дзе змешчаны звыш двух тысяч славутых імёнаў дзеячоў нашай Бацькаўшчыны. Па пералічанаму можна канстатаваць пра стварэнне ўнікальнай віртуальнай гісторыі Беларусі, якой можна ганарыцца і карыстацца ва ўсім свеце.

Пятро Русаў, гісторык, краязнавец.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX