Вярнуцца: 2009

№ 46 (937)


Крыніца: pawet.net.



№ 46 (937) 18 ЛІСТАПАДА 2009 г.


Івацэвічы: ушанавана памяць Рамана Скірмунта

У Івацэвічах на Дзяды ў грэка-каталіцкай парафіі абраза Маці Божай Жыровіцкай усталявалі мемарыяльную шыльду ў гонар беларускага грамадскага дзеяча і палітыка Рамана Скірмунта.

Ва ўрачыстасці асвячэння мемарыяльнай шыльды бралі ўдзел святары грэка-каталіцкай царквы з Івацэвічаў і Гародні.

Усталяваць шыльду блізка да месца смерці і пахавання Рамана Скірмунта - гэта была ініцыятыва сяброў Інстытута гістарычных даследаванняў ЕГУ. Фундатарамі сталі вядомыя гісторыкі Захар Шыбека, Алесь Смалянчук, Сяргей Харэўскі, Сяргей Токць, Алесь Краўцэвіч, Алесь Белы, Зміцер Салаш, Генадзь Сагановіч, Андрэй Кіштымаў ды іншыя.

Аўтар шыльды - гарадзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў. На шыльдзе напісана: "Раман Скірмунт (1868-1939) - патрыёт Беларуска-Літоўскага краю, кіраўнік ураду БНР (1918)".

Рамана Скірмунта застрэлілі 70 гадоў таму ў вёсцы Парэчча на Піншчыне на загад савецкага камісара.

Раман Скірмунт быў прадстаўніком слаўнага ліцьвінскага роду, актыўным хрысціянінам і ўнёс у палітыку пераломнага часу пачатку 20-га стагоддзя прыклад хрысціянскай маралі. Ён стаў на бок незалежнай беларускай дзяржавы - Беларускай Народнай Рэспублікі, падаўшы прыклад заможным людзям Бацькаўшыны. Раман Скірмунт ачоліў правую плынь у беларускім нацыянальным руху, ператварыўшы сам гэты рух у агульнанацыянальны.


140 гадоў з дня нараджэння Казіміра Стаброўскага

СТАБРОЎСКІ Казімір (21.11.1869, б. маёнтак Крупляны, Карэліцкі р-н Гарадзенскай вобл. - 8.6.1929), жывапісец, педагог. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі, Польшчы, Расіі. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1887-94), акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Пасля 1894 жыў і працаваў на Гарадзеншчыне. Удзельнічаў у маст. выставах у Пецярбургу, Парыжы, Мюнхене, Венецыі. 3 1902 чл. Т-ва польскіх мастакоў «Штука» і Т-ва падтрымкі прыгожых мастацтваў. Заснавальнік і кіраўнік (1904-09) Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве. У 1922 заснаваў аб'яднанне мастакоў «Sursum Corda». Ствараў кампазіцыі фантастычна-сімвалічнага характару, пейзажы, партрэты ў стылі мадэрн. Сярод работ: «Магамет у пустыні» (1894), «Цішыня ў вёсцы» (паміж 1894-1900), серыя з 11 карцін «Шэсце навальніцы», «Белая ноч у Петраградзе каля раз'езда», «Змярканне ў Лазенкаўскім парку ў Варшаве», «Белыя ночы», партрэты С. Дамброўскага, Ф. Радашэўскага, Л. Рытлінскай, В. Семяшковай і інш.


Паважаныя сябры!

Канферэнцыя Менскай абласной арганізацыі ТБМ адбудзецца 29 лістапада 2009 г. у сядзібе па вул. Румянцава, 13. Абмяркуем планы і вынікі нашай працы. Запрашаюцца сябры Рады, рэвізійнай камісіі, дэлегаты арганізацый і суполак. Пачатак а 13 гадзіне.


Адкрыта мемарыяльная шыльда ў гонар філолага Фёдара Янкоўскага

13 лістапада ў Менску па вул. Янкоўскага, 5, адкрылася мемарыяльная дошка вядомаму беларускаму вучонаму, доктару філалагічных навук, прафесару, заслужанаму дзеячу БССР, пісьменніку Фёдару Міхайлавічу Янкоўскаму .

Ва ўрачыстай цырымоніі бралі ўдзел прадстаўнікі гарадской і раённай адміністрацый, дачка вучонага Ірына Янкоўская, святар праваслаўнага храма святога архангела Міхаіла айцец Аляксандр.

ЯНКОЎСКІ Фёдар Міхайлавіч (21.9. 1918, в. Клетнае Глускага р-на Магілёўскай вобл. - 13.11.1989), бел. мовазнавец, пісьменнік; заснавальнік бел. фразеалогіі. Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Д-р філал. н. (1970), праф. (1971). Скончыў Гарадзенскі пед. ін-т (1948). Працаваў настаўнікам. 3 1953 у Менскім пед. ін-це (у 1956-82 заг. кафедры). Даследаваў фанетыку, арфаэпію, лексіку, фразеалогію, граматыку бел. нар. і літ. мовы, яе гісторыю: «Дыялектны слоўнік» (вып. 1-3, 1959-70), «Беларускае літаратурнае вымаўленне» (1960), «Беларуская фразеалогія» (1981), «Гістарычная граматыка беларускай мовы» (1983) і інш. Упершыню ў бел. мовазнаўстве раскрыў сутнасць перакладу фразеалагізмаў (немагчымасць даслоўнага перакладу, неабходнасць падбору адпаведнікаў у мове перакладу). Складальнік зборнікаў крылатых слоў і афарызмаў, прыказак і прымавак, параўнанняў, многіх фразеалагічных і тлумачальных слоўнікаў.

У савецкі час быў для беларусаў адным з сімвалаў змагання за беларускую мову Яго творы фармавалі беларускі светапогляд ў 70-80-я гады. Паспеў стаць адным з заснавальнікаў ТБМ. Памёр з надзеяй, што беларусы прадоў-жаць яго справу і не папусцяць на здзек сваю родную мову.


Правінцыйныя дзівосы

Сумныя лічбы рэйтынгу

Супрацоўнікі Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі на старонках мясцовай райгазеты пад рубрыкай "Кніжны праспект" апублікавалі рэйтынг самых чытаных пісьменнікаў за першую палову 2009 года. У спіс трапілі 22 прозвішчы сучасных расейскіх пісьменнікаў Барыса Акуніна, Дар'і Данцовай, Людмілы Уліцкай, эмігранткі Дзіны Рубінай, якая жыве зараз у Ізраілі, некалькі замежных аўтараў.

Натуральна кніжкі іх рускамоўныя. Але ні адзін з класікаў беларускай літаратуры ў той спіс не трапіў. Ні Уладзімір Караткевіч, ні Іван Мележ, ні Янка Брыль, ні Васіль Быкаў, ні Іван Шамякін, рэйтынг твораў якіх яшчэ чатырнаццаць гадоў таму, да сумнавядомага рэферэндуму 1995 году, быў даволі высокім.

А гэта, на маю думку, сведчанне нізкай нацыянальнай самасвядомасці бальшыні наведвальнікаў бібліятэкі, найперш мясцовай інтэлігенцыі, як самай адукаванай часткі грамадства, нажаль ужо няздольнай бачыць неабходнасць чытаць кніжкі беларускіх аўтараў, тым болей, выдадзеных у 6080я гады мінулага стагоддзя, а такіх на кніжных паліцах бальшыня. Новыя творы сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў, што выходзяць без бюджэтнай датацыі мізэрныымі накладамі і амаль не даходзяць да бібліятэк, у кнігарні, можна набыць хіба што ў сталіцы, у прыватных шапіках, якія для правінцыялаў маладаступныя - далёкія.

Адзінае, што парадавала у гэтым "Кніжным праспекце", дык грунтоўная анатацыя на творчасць аднаго з 10ці пісьменнікаў, якія здзівілі свет - Аляксандра Салжаніцына, з пералікам яго найболей вядомых твораў - "Архіпелаг ГУЛАГ", "У крузе першым", "Ракавы корпус", "Адзін дзень Івана Дзянісавіча" і іншых. У самы раз, бо многія маладыя людзі мала што ведаюць пра творчасць гэтага аўтара. Творы якога патрэслі свет праўдай аб таталітарнай сістэме ў былым СССР.

Як рэклама згарчыла водар мёду

Недаўна нейкая кампанія "Медомір" зладзіла ў Слуцку пяцідзённы кірмаш мёду, пад які ў гарадскім Доме культуры аддалі вялікую залу. А над цэнтральнай вуліцай горада загадзя былі нацягнуты дзве шматмятровыя рэкламныя расцяжкі з рускамоўным тэкстам.

Такія ж дзве нацягнулі і перад уваходам у Дом культуры з двума словамі кідкага памеру: "Ярмарка мёда". Мяне гэта здзівіла і нават засмуціла: чаму пчалярам з расейскай глыбінкі - з Краснадарскага, Алтайскага краёў, з Арлоўскай, Варонежскай, Ліпецкай, Растоўскай і іншых губерняў не напомнілі на тых расцяжках, што яны прыехалі ў беларускі горад, а не ў падмаскоўны Суздаль? Дзе ж наша нацыянальная годнасць? Пазваніў аднаму з намеснікаў старшыні райвыканкаму і выказаў тое што мяне засмуціла. Параіў пасадзейнічаць, каб у тыя расцяжкі перад уваходам у Дом культуры ўнеслі дробязную, але важную папраўку, каб гучэла панаску: "Кірмаш мёду". Мне адказалі што дадуць каманду службе ЖКГ унесці папраўку. Паверыў. А калі ў дзень адкрыцця кірмашу падышоў да Дома культуры, то замены ніякай не ўбачыў! Нехта палічыў яе дробяззю, не вартаю ўвагі.

Не дзіва, што і нашы беларускія пчаляры, якія прыехалі з Віцебшчыны, Лепельскага і іншых раёнаў краіны ўсю рэкламу сваёй прадукцыі, пры тым высокаякаснай (яна ішла нарасхоп), уключаючы і назву свайго раёна, далі на рускай мове.

І ў іх не абудзілася нацыянальная годнасць! На пытанне, чаму ж забыліся, што ёсць у нас свая родная, самая мілагучная ў свеце мова, з усмешкамі паціскалі плячыма.

Мікола Кутнявецкі, г. Слуцк.


Новая кніга Васіля Зуёнка

У Менску ў выдавецтве " Беларус - кая навука ", выйшла новая кніга Васіля Зуёнка " Паміж небам і зямлёй : літара - турна - лінгвістычныя эсэ , эцюды , пада - рожныя нататкі " - 266 с .

Аўтар кнігі - паэт Васіль Зуёнак, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, ганароны член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Старонкі яе - плён роздуму аб праблемах жыцця, літаратуры, мовы. Аўтар дзеліцца снаімі ўражаннямі аб паэзіі класікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пімена Панчанкі, калег-равеснікаў Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Някляева, Янкі Сіпакова, даследуе сакрэты паэтычнага майстэрства. этымалагічныя глыбіні слова.

Кніга адрасуецца, як навукоўцам, спецыялістам, так і шматлікім прыхільнікам роднай літаратуры.


Рыцары і дойліды Гародні наведалі тронную залу

Да свята Святога Губерта - дня шанавання гарадзенскага герба - гісторыкі, краязнаўцы падрыхтавалі шэраг мерапрыемстваў для гараджанаў. У каралеўскім Старым Замку ў троннай зале прайшла прэзентацыя кніжкі доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча "Рыцары і дойліды Гародні". Вялікая колькасць адмыслоўцаў і аматараў прыйшла, каб асабіста павіншаваць аўтараў і падзівіцца на графіку афармляльніка мастака Паўла Татарнікава .

Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч лічыць, што кніжка цудоўна ўпісваецца ў асветніцкую нішу гарадзенскага паспольства.

Мастак Павел Татарнікаў шчаслівы, што Алесь Краўцэвіч звярнуўся для афармлення яго кніжкі, бо гэта тэма яго.

Сяргей Расолька, вядомы дызайнер Гародні, лічыць, што праца з мастаком Паўлам Татарнікавым прыносіла толькі задавальненне.

Віктар Парфёненка, Гародня.


Мовазнаўчы досвед

Адлуп - лупцаванне - лупцоўка. "Сашку карціць загаварыць з ёю, але ён баіцца: раптам і тут напаткае адлуп , як колькі хвілінаў таму ад баць-кі?" (Дзеяслоў. 2009. № 4, с. 50).

Адлуп - нульсуфіксавае ўтварэнне ад дзеяслова ад-лупіць 'адлупцаваць, моцна набіць каго-небудзь': адлуп (-іць) . Як і ўсе нульсуфіксавыя аддзеяслоўныя ўтварэнні, сло-ва адлуп досыць выразнае і экспрэсіўнае, частае ў вусным і пісьмовым маўленні. Але ў слоўніках не фіксуецца, на яго месцы - суфіксавыя дэрываты лупцаванне і лупцоўка (ад лупцаваць ).

"Беларуска-рускі слоўнік" (Т.1, 1988, с. 82) падае адлуп як лесазнаўчы тэрмін: " Адлуп, -пу , м. лес. отлуп ".

Паховіны - пахаван-не . "Тыдзень ад паховінаў цёткі Любы пад знакам прысутнасці ў двары старонніх людзей" (Дзеяслоў. 2009. № 4, с. 53).

Паховіны - вытвор з суфіксам -ін-ы ад дзеяслова пахаваць (з пераходам нац|ску на папярэдні склад): пахав-іны -> пахов-іны . Слова не трапіла ў акадэмічныя слоўнікі (на яго месцы - пахаванне ), хоць у жывой народнай мове ўтварэн-няў на - овіны(-авіны) нямала: дамовіны, заповіны (ад запі-ваць ) і запоіны, шлюбавіны ...

Як сведчыць акадэміч-ная "Беларуская граматыка" (Ч. 1. Фаналогія. Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск. - Мінск, 1985, с. 264), утварэнні з суфіксам -ін-ы (-ын-ы) складаюць прадукцый-ны тып у гутарковым стылі ( запросіны, закосіны ). Баль-шыня ўтварэнняў называе аб-рады.

Дазнавец - следчы . "Найболып назаляюць да-знаўцы... Найбольш усім траім чамусьці абыходзіць дазнацца, ці мела нябожчыца спадкаем-ную схільнасць да самазабой-ства". (Дзеяслоў. 2009. № 4, с. 53).

Слоўнікі фіксуюць то-лькі следчы - "службовая асоба, якая вядзе следства - высвятленне органамі юстыцыі абставін, звязаных са злачын-ствам" (Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мо-вы. 1996, с. 608). Гэта - калька рас. следователь . Праўда, бачым у слоўніках і слова дазнанне 'папярэдняе рассле-даванне крымінальнай справы для ўстанаўлення факта зла-чынства і павінных у ім асоб'. (Тамсама, с. 166).

Наватвор дазнавец і ўзнік ад дазнацца/дазнанне (праз ступень дзеяслова неза-кончанага трывання дазнавац-ца ) з выкарыстаннем суфікса - ец : дазнав-ец .

Слова вартае замаца-вання як юрыдычная тэрміна-лагічная адзінка побач з аднакаранёвым дазнанне , якое па-даецца слоўнікамі з паметай "юр." (юрыдычны тэрмін) (Беларускарускі слоўнік. Т.1, 1988, с. 351).

Спадкаемны - спадчынны. "...Ці мела нябожчыца спадкаемную схільнасць да самазабойства". (Дзеяслоў. 2009. № 4, с. 53).

Слоўнікі фіксуюць ле-ксему спадкаемец з семантыкай 'той, хто прадаўжае чые-не-будзь традыцыі, чыю-небудзь дзейнасць// ж. спадкаемніца // прым. спадкаемскі . (Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. 1996. С. 614). Прыметнік спадкаемскі , што тут фіксуецца, мае семан-тыку прыналежнасці.

Наватвор спадкаемны - ўтварэнне ад спадкаемец (з адцінаннем -ец ) з захаваннем значэння 'уласцівы спадкаем-цу': спадкаемная схільнасць -схільнасць спадкаемца.

Форма спадкаемны ста-суецца з літаратурнаю нормаю (параўн. слоўнікавае спадчын-ны ) і вартае занатавання ў нарматыўным слоўніку.

Тэлефанаваць - а не тэлефаніраваць.

Ад пазычанага слова тэлефон дзеясловы ўтвараюц-ца ў беларускай мове з выка-рыстаннем спрадвечнага суфікса -ава- і вытворнага ад яго -ізава : тэлефанаваць, тэлефа-нізаваць , як і тэлеграф -> тэлеграфаваць; манеўр -> манеўраваць, прэмія -> прэ-міяваць, палітура -> паліту-раваць, раён -> раянаваць, масаж -> масажаваць...

На жаль, у нашых слоў-ніках да гэтага часу бачым штучную "-іравую" форму "тэлефаніраваць" . Так, у найноўшым "Тлумачальным слоўніку беларускай літара-турнай мовы" (2005, с.672) чытаем: " Тэлефаніраваць , зак. і незак. Паведаміць (паведам-ляць) па тэлефоне, а таксама пазваніць (званіць) па тэле-фоне". Гэтаксама, як у яго папярэдніку: " Тэлефаніра-ваць... Пазваніць па тэлефоне// пра што і з дадан. сказам. Па-ведаміць (паведамляць) што-небудзь па тэлефоне. "Тэлефа-ніраваць пра тэрмін канферэн-цыі" . (ТСБМ, т. 5, кн. 1, 1983, с. 575). Але ж няма тут пацвя-рджальнай інфармацыі з тэк-стаў знаных аўтараў (пісьмен-нікаў, навукоўцаў).

Пра штучнасць формы на -іраваць сведчыць і дзея-слоўная лексема без элемента - ір- (ад таго ж утваральнага слова) тэлефанізаваць 'забяс-печыць тэлефонам', які падаецца на гэтай жа старонцы.

Слова тэлефанаваць трапіла і на старонкі "Слоўніка новых слоў беларускай мовы" (Мінск, 2009, с. 373). Гэтым словам беларусы карыстаюцца даўно і актыўна. Яго засведчыў "Руска-беларускі слоўнік" 1993 года (Мінск: "Беларуская энцыклапедыя" імя П. Броўкі, т.З, с.508): " Телефонировать сов. н несов. тэлефанаваць ". I гэтая натуральная форма (без элемента -ір- ) у поўнай згодзе з тэлефанізаваць . Яны адлюстроўваюць словаўтваральную заканамернасць беларускай мовы - абыходзіцца спрадвечнабеларускім словаўтва-ральным сродкам -ава -, а не яго штучным варыянтам -ірава-.

Дык і надалей будзем тэлефанаваць у незалежнай краіне Рэспубліцы Беларусь, не прыстасоўваючыся да было-га ўсесаюзнага стандарту { тэ-лефаніраваць - телефонировать ).

Павел Сцяцко


"Дыялог" набірае абароты

10-га лістапада 2009 г. у сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны адбылося пасяджэнне моладзевага дыскусійнага клуба на тэму "Эканамічнае развіццё Беларусі" з удзелам у якасці асноўнага выступоўцы і эксперта Яраслава Раманчука. Мерапрыемства праходзіла ў межах праекта "Дыялог". Тэму сустрэчы і асобу запрошанага госця ўдзельнікі клуба вызначалі загадзя і былі ўзрадаваныя магчымасцю выслухаць вядомага эканаміста і задаць яму пытанні на хвалюючыя тэмы.

У сваім выступе спадар Раманчук грунтоўна распавёў прысутным аб усіх акалічнасцях эканамічнага развіцця нашай краіны цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў. Прысутным было цікава даведацца пра тыя захады, якія робяцца ў свеце і ў нашай краіне дзеля пераадолення наступстваў глабальнага сусветнага крызісу.

У зале прысутнічала шмат студэнцкай моладзі, маладыя людзі з цікавасцю і неаслабнай увагай слухалі вядомага эканаміста. Падчас дыскусіі адносна беларускага заканадаўства ў галіне бізнесу яны выявілі сваю арыентаванасць, дасведчанасць у прававых пытаннях і неабыякавасць да лёсу краіны. Іх пытанні датычыліся магчымых варыянтаў развіцця нашай краіны ў будучыні, і мэтазгоднасці ўжо здзейсненых праектаў у Беларусі.

Сустрэча доўжылася больш за дзве гадзіны.

Падчас сустрэчы працавала здымачная група, а на наступны дзень 11 лістапада паведамленне пра гэту сустрэчу можна было ўбачыць у праграме навін канала "Белсат".

Кіраўнік праекта "Дыялог", намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім.


"Усходняе партнёрства" - унікальны шанец для еўраінтэграцыі

Палітыка Еўразвязу "Усходняе партнёрства" стартавала 7 траўня ў Празе. Прад-стаўнікі шасці краін-партнёраў і 27 краін Еўразвязу ўхвалілі дэкларацыю новай палітыкі - генеральны план для экана-мічнай інтэграцыі і палітычнага збліжэння. Мяркуецца, што ўзровень двухбаковага і шмат-баковага ўзаемадзеяння будзе залежаць ад энтузіязму кожнай з краін.

У кожнага з усходніх партнёраў - Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова і Ўкраіна - можа быць сваё стаўленне да новай паліты-кі, але мэта ў іх адна: збліжэнне з Еўразвязам праз умацаванне эканамічнага развіцця і стабі-льнасці ў рэгіёне, развіццё дэмакратычных структур.

Што прадугледжвае "Усходняе партнёрства"?

- заключэнне ( для кагосьці - чарговай) дамовы аб асацыяцыі, якая прадугледж-вае стварэнне зон вольнага гандлю; доўгатэрміновая мэта - стварэнне супольнасці эканамічных суседстваў;

- праграмы, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці працы адміністрацыйных структур;

- дамовы аб мабільнасці і бяспецы, якія дазволяць паралельна з пашырэннем свабоды перамяшчэння грамадзян шасці краінудзельніц нарошчваць высілкі ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй і карупцыяй; у якасці доўгатэрміновай перспектывы тут прадугледжаны пераход на бязвізавы рэжым;

- магчымасць адкрыцця рынку ЕЗ для кваліфікаванай працоўнай сілы;

- умацаванне энергетычнай бяспекі, у тым ліку праз інвестыцыйныя праекты ў вобласці інфраструктуры і эфектыўнага кіравання;

- у рамках новай магчымасці - шматбаковага супрацоўніцтва - прадугледжаныя праекты ў чатырох сферах: дэмакратыя, эканамічная інтэграцыя, энергетычная бяспека і кантакты паміж людзьмі;

- пашырэнне супрацоўніцтва ў сферы аховы навакольнага асяроддзя і барацьбы з змяненнем клімату;

- праграмы, нацэленыя на развіццё чалавечых сувязяў і падвышэнне ролі грамадзянскай супольнасці.

Прадугледжаныя так-сама пяць амбіцыйных праграм для шматбаковага супрацоўніцтва, якія завуцца флагманскімі ініцыятывамі: у вобласці кіравання межамі; энергаэфектыўнасці; падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу; рэагавання на катастрофы; у "Паўднёвым калідоры" - рэгіянальнай энер-гетычнай праграме.

Супрацоўніцтва прадстаўнікоў грамадзянскай су-польнасці мяркуецца ажыццяўляць у рамках асобнага форуму, а дэпутаты будуць абменьвацца доследам і ідэямі ў міжпарламенцкай асамблеі.

Пры гэтым узровень супрацоўніцтва будзе залежаць ад прагрэсу ў вобласці дэмакратычных рэформ і мадэрнізацыі. "Усходняе партнёрства" спрабуе сумясціць агульныя інтарэсы на аснове адзіных каштоўнасцяў: двухбаковыя адносіны будуць пашырацца ў адпаведнасці з прагрэсам у вобласці дэмакратыі, павагі правоў чалавека і прынцыпаў рынкавай эканомікі.

Брусель як быццам прапаноўвае паднос з садавіной, з якой можна выбраць самыя смачныя плады. Насам-рэч "садавіна" становіцца "ядомай" для Беларусі па меры яе натуральнага "паспявання".

Так, развіваючы адносіны з ЕЗ, Менск можа істотна павялічыць нацыянальную фінансавую падтрымку з боку ЕЗ і атрымаць нядрэнныя дывідэнды ад удзелу ў шматбаковых праектах з краінамі ЕЗ і постсавецкага абшару.

На рэалізацыю новай палітыкі ў перыяд 2010-2013 гадоў Еўракамісія выдзеліла 600 мільёнаў еўра. Але гэта толькі так званы рэгіянальны бюджэт, ён будзе размеркаваны паміж праектамі "усходніх партнёраў". Гэта значыць, той, хто прадставіць лепшыя ідэі і зробіць гэта хутчэй, атрымае больш сродкаў з гэтага бюджэту.

Між тым застаюцца і нацыянальныя бюджэты. Для Беларусі на 2007-2010 гады ён складае 30 мільёнаў еўра, але гэта пакуль непараўнальна менш за бюджэт Малдовы (209,7 мільёна) або Ўкраіны (494 мільёна еўра).

Што датычыцца палягчэння візавага рэжыму для беларускіх грамадзян, то і наша краіна, і ЕС не супраць спрасціць візавыя фармальнасці. Але для гэтага Менску трэба стаць паўнавартасным чальцом Еўрапейскай палітыкі добрасуседства. Правёўшы кансультацыі з адказнымі міністэрствамі краін ЕЗ і аддзеламі еўраструктур, трэба скласці дамовы, падпісаць шэраг абавязко-вых дамоў, у тым ліку дамову аб палягчэнні візавага рэжыму.

Умовы для развіцця двухбаковых адносін застаюцца нязменнымі: рэалізацыя дэмакратычных рэформ. Прадстаўнікі структур ЕЗ не стамляюцца паўтараць: адсутнасць новых станоўчых крокаў і сістэмнага, паступовага прагрэсу ў вобласці дэмакратызацыі не дазволяць раскрыць увесь патэнцыял узаемадзеяння.

Марына РАХЛЕЙ.


Марка да 400-годдзя Гальшанскага замка

Старшыні Грамадскага аб'яднання

«Таварыства беларускай мовы імя

Францішка Скарыны»

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13

220034, г. Мінск

Аб выпуску паштовай маркі і мастацкага канверта

Паважаны Алег Анатольевіч!

Вашы прапановы наконт выпуску паштовай маркі і мастацкага канверта да 400-годдзя Гальшанскага замка разгледжаны Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.

Улічваючы значнасць гэтай падзеі, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь прыняло рашэнне дапоўніць тэматычны план выдання дзяржаўных знакаў паштовай аплаты на 2010 год выпускам мастацкага канверта з выявай Гальшанскага замка.

Намеснік Міністра Н.С.Гаўрылава.


Менскі Еўрафорум размаўляў па-беларуску

14 лістапада ў Менску праходзіў Беларускі еўрапейскі форум. Паводле ініцыятараў мерапрыемства, форум меў садзейнічаць дыялогу Беларусі з Еўразвязам і ўзмацніць еўрапейскі вектар развіц-ця краіны.

Форум быў арганізаваны рухам "За Свабоду" пад кіраўніцтвам Аляксандра Мілінкевіча, а таксама іх паплечнікамі з Незалежніцкага блоку, які нядаўна паўстаў у Менску.

Асноўная мэта форуму - абмеркаваць перспектывы супрацоўніцтва Беларусі і Еўрапейскага Звязу, а таксама прыняць план дзеянняў па рэалізацыі гэтых прапановаў.

Яшчэ адна палітычная мэта Еўрапейскага форуму - прадэманстраваць, якая сіла сёння прэтэндуе быць нумарам адзін на сцэне беларускай пазадзяржаўнай палітыкі, за якой сілай стаіць найбольш рэсурсаў. Калі казаць коратка, то вы-глядае, што менавіта гэтая мэта была дасягнута.

Даўнавата ўжо не было такіх арганізаваных і маштабных мерапрыемстваў. Зала МАЗ ледзь умясціла ўсіх прысутных: дэлегатаў, гасцей і журналістаў. Відэатрансляцыя на экран, усталяваны на сцэне, сінхронны пераклад, добра аформленыя матэрыялы форуму - усё гэта дастаткова новы ўзровень правядзення грамадскіх імпрэзаў.

Даўнавата, на мерапрыемствах грамадскіх арганізацый не было так шмат замежных гасцей такога высокага ўзроўню. Даўнавата, замежныя госці не выступалі так смела з беларускай трыбуны.

А вось што пра сваю прысутнасць на форуме сказаў старшыня ТБМ Алег Трусаў :

- Я прыйшоў таму, што тут шмат сяброў ТБМ, мінімум палова ўдзельнікаў -гэта сябры нашай арганізацыі. Таму я хацеў бы і пачуць нашую мову і, наогул, па-глядзець, што гэта будзе такое. Любы сход, дзе большая палова размаўляе па-беларуску, ужо станоўчы тым, што размаўляюць па-беларуску. Я ўпэўнены, што большая палова з тых, хто будзе выступаць, будуць выступаць па-беларуску.

І ўдзельнікі форуму не падвялі. Не палова, а ўсе беларускія выступоўцы прамаўлялі па-беларуску. І гэта яшчэ адно і, мабыць, больш важнае за папярэднія, адрозненне апошняга форуму ад ранейшых. Да гэтага без рускай мовы абходзіліся толькі з'езды ТБМ.


Кастрычнік у ТБК Літвы

31 кастрычніка 2009 г. у Віленскім ТБК адбылася традыцыйная імпрэза, прысвечаная знакамітым асобам, што нарадзіліся ці памерлі ў гэтым месяцы.

На пачатку імпрэзы старшыня ТБК Хведар Нюнька паведаміў сумную вестку: на 68 годзе жыцця ў Вільні памёр старшыня Таварыства беларускай мовы Віленскага краю Юры Гіль, які апошнім часам вельмі шчыльна супрацоўнічаў з Таварыствам. Яго памяць адзначылі хвілінай маўчання. Сп. Хведар падрабязна распавёў аб дзейнасці Ю. Гіля па захаванні і прапагандзе беларускасці ў Літве. Больш падрабязна аб ім глядзі на нашым сайце.

Журналіст, кіраўнік беларускай перадачы на літоўскім радыё Ёнас Лаўрынавічус распавёў аб беларусах Літвы ў сёняшні час. Прывёў шмат статыстычных дадзеных адносна колькаснага складу беларускага насельніцтва ў рэспубліцы, а таксама і адносна найбольшых месцаў іх пражывання ў гэтай краіне. Не абышоў увагай і выбары новага прэзідэнта згуртавання беларусаў Літвы. На месца памерлага Лявона Мурашкі абралі Рамана Вайніцкага. На колькі гэта кандыдатура адпавядае займанай пасадзе - пакажа час.

Мастачка Крыстына Балаховіч распавяла пра Зоську Верас. Беларускую супольнасць Вільні немагчыма ўявіць без гэтага імя. У яе лёсе адлюставаліся ўсе тыя беларускія падзеі, што адбываліся ў гэтым Вечным Горадзе на працягу стагоддзя (да свайго стагоддзя яна не дажыла толькі адзін год). Перадусім гэта вытокі беларускай нацыі, яе зараджэнне і станаўленне. Першыя беларускія газеты і кнігі, першыя нацыянальныя адраджэнцы - побач з усім гэтым і жыла Зоська Верас і ў сваім жыцці захавала пра гэта свой успамін.

Зоська Верас, сапраўднае імя Людвіка Антонаўна СІВІЦКАЯ-ВОЙЦІК, нарадзілася 30 верасня 1892 г. на Украіне ў сям'і вайскоўца, у Нябесную Беларусь адыйшла 8 кастрычніка 1991 г. Пахавана на Панарскіх могілках у Вільні. Пісала пад псеўданімамі: Зоська Верас; А. Войцікава; Мама; Мірко; Л. Савіцкая; Шара Пташка.

З 1923 жыла ў Вільні. У 1924-1929 - адміністратар рэдакцыі газет Беларускай сялянскарабочай грамады, у 1927-1931 рэдактар дзіцячага часопіса «Заранка», пісала для яго апавяданні, а ў 1934-1935 дзіцячага часопіса «Пралескі», у 1928-1939 старшыня Беларускага кааператыўнага таварыства «Пчала», адначасова (19341938) рэдактар пчалярскага часопіса «Беларуская борць» (Вільня). Друкуе свае творы ў часопісах «Шлях моладзі», «Студэнцкая думка». Пасля вайны была цалкам забытая беларускай супольнасцю. Толькі ў 1961 Зоська Верас была "адкрытая" Арсенем Лісам, пасля гэтага яе пачалі наведваць пісьменнікі, навукоўцы, журналісты, студэнты. У канцы 1980х г.г. вакол Зоські Верас гуртавалася беларуская інтэлігенцыя Вільні.

Дэбютавала ў 1907 г. На беларускай мове ўпершыню надрукавалася ў "Нашай Ніве" ў 1911 г. Аўтар "Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніка" (Вільня, 1924), брашуры "Гісторыя ўжываньня зёлак у лячэньні" (1934), кнігі вершаў і апавяданняў для дзяцей "Каласкі" (1985). Напісала ўспаміны пра М. Багдановіча, У. Галубка, Ядвігіна Ш. і інш.

На імпрэзе адзначаліся і чарговыя ўгодкі з дня нараджэння беларускага мастака Язэпа Драздовіча, чалавека надзвычай трагічнага лёсу.

Язэп Нарцызавіч Драздовіч нарадзіўся 1 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі, што на Дзісеншчыне. Сярод сучаснікаў быў вядомы як мастак, скульптар, разьбяр, пісьменнік, паэт, археолаг, фалькларыст, педагог, вандроўнік. Але можна сказаць, што, нягледзячы на гэткую шырокую палітру талентаў, лёс ягоны не склаўся. Гэты чалавек дажываў свой век, не маючы сталага кавалка хлеба, не меў ён і ўласнага кута, дзе мог бы прытуліцца. Чым жа ён сілкаваўся? Адказ просты. Жыў у добрых людзей, якія кармілі. Але і напрыканцы жыцця ён заставаўся самім сабою: шанаваў сам і вучыў людзей шанаваць родную зямельку, яе культуру, вучыў бачыць у шэрым і штодзённым прыгожае. Гэта быў чалавек, які не пажадаў нікому служыць: ні палякам, ні бальшавікам, але застаўся да апошніх дзён верным роднай Беларусі.

Ён першым сярод мастакоў усвядоміў сябе беларусам і першым пачаў адлюстроўваць на сваіх палотнах знакамітых беларускіх асобаў і лёсавызначальныя падзеі ў гісторыі Беларусі. Ён першым уваскрасіў вобраз легендарных палачанаў Усяслава Чарадзея і Францішка Скарыну. Ён першым у беларускім мастацтве ўвёў сімвалізм. Ён першым пачаў і касмічную тэматыку. Шмат у чым ён быў першым.

Часта ў сваёй творчасці мастак звяртаўся да біблійных вобразаў. Вядомыя яго некалькі разьбяных фігур, напрык-лад, Майсея. У дзённіку знаходзім адпаведны запіс аб гэтай працы: "Распачаў галаву правадыра жыдоўскага народу, тварца найстарэйшай тэорыі стварэння свету - знакамітага Майсея. (...) Найбольш мне падабаецца ў ягонай тэорыі стварэння свету: "Бог стварыў чалавека на сваё падабенства".

У сваёй творчасці - карцінах, дыванках-маляванках, разьбяных працах - Драздовіч пакінуў багатую спадчыну. Мы можам убачыць там шмат выяваў касцёлаў, капліцаў, вясковых пейзажаў, якія кранаюць сваёю чысцінёю і ціхамірнасцю. Мастак шчодры быў на талент, шчодра і раздорваў яго людзям. Таму многае з ягонае спадчыны страцілася, але ёсць і шмат з таго, што засталося. Угледзімся ж у ягоныя краявіды, ягоныя працы, напоўненыя адметным мастакоўскім талентам. У іх ёсць шмат адказаў на тыя пытанні, якія не давалі мастаку спакою. Часта ў снах ён бачыў іншыя планеты, і тады нараджаліся творы касмічнага цыклу, якія па сённяшні дзень здзіўляюць шырынёю поглядаў творцы, яго духоўным светам.

Драздовіч верыў у тое, што чалавецтва ўрэшце рэшт паляціць у космас і наведае розныя планеты. Так ён пісаў у сваім дзённіку: "І прыйдуць часы, калі бальшыня жыхароў нашай планеты адмовіцца ад учасця ў войнах, адмовіцца ад гэтага штучна ўзаконенага сярод вякоў моцнымі свету праз уладу сваю над людзьмі вялікага зладзейства, піхаючага цэлыя мільёны людзей на забойствы. І ўсю тэхніку з навукамі абернуць не на паслугі гэтаму зладзейству, а на добрае дзела. Не на праліванне крыві, калецтва, асірочванне (...), не на ламанне касцей, руйнаванне ды падпальванне будынкаў, ніштожанне дару Божага, хлеба ды розных раслін (...). А на адваротнае. На падтрыманне жыцця, каб яно было здаровым, высокакультурным, добрым, разумным і прыгожым".

Не дажыў Драздовіч толькі трох год да палёту першага касмічнага спадарожніка і 7 год да першага палёту чалавека ў космас. Але ягоная мара аб міжпланетарных падарожжах зямлян збываецца.

Акрамя малявання Драздовіч займаўся і вывучэннем гісторыі Беларусі. Ён выявіў на Дзісеншчыне вельмі шмат старажытных паселішчаў. Да таго ж збіраў фальклор Дзісеншчыны, даследваў і апрацоўваў яе дыялекты. Пісаў вершы, апавяданні.

Яго творчасць шматгранная, неабдымная. І вельмі складана нават пералічыць не толькі творы мастака, але кірункі дзейнасці, чым ён займаўся.

Нажаль, паміраў цалкам забытым і закінутым усімі. Незадоўга да смерці, у яго, напоўненага адчаем вырвалася: "Мяне яшчэ пашукаюць". І сёння па крупіцах збіраюць творчасць гэтага чалавека, кожны раз адкрываючы ўсё новыя і новыя старонкі з багатай спадчыны Язэпа Драздовіча.

Хацелася б верыць, што ў свеце іншым ён знайшоў нарэшце свой прыстанак, і ягоныя вандроўкі назаўжды скончыліся.

Юрась Юркевіч у сваім выступе распавёў пра цікавыя моманты з жыцця беларускіх адраджэнцкіх дзеячоў Антона Луцкевіча, Радаслава Астроўскага і Ўсевалада Ігнатоўскага звязаныя з Эстоніяй. Усе яны ў свой час навучаліся ў Юр'еўскім (Тартускім) імператарскім універсітэце, хто больш, хто менш паспяхова. Да прыкладу, Антон Луцкевіч яго так і не скончыў. Сп. Юрась таксама паказаў і фотакопіі дакументаў з Юр'еўскага імператарскага ўніверсітэта, якія звязаныя з вышэйзгаданымі асобамі: іх фотаздымкі, атэстаты і г.д.

А напрыканцы імпрэзы прагучалі ўспаміны Мар'яна Пецюкевіча ў запісе, дзе ён згадваў моманты з цяжкога лагернага жыцця, калі яму з сям'ёй даводзілася выжываць у нечалавечых умовах. Там, у далёкай Сібіры, яны жылі ў простай зямлянцы. Летам, калі ішлі дажджы, там усё працякала і залівалася. Зімой, у часе марозаў, сцены былі залядзянелыя і трэба было кругласутачна паліць, каб хоць крыху захаваць цяпла. І ён цудоўна разумеў, што гэта яму было пакаранне за любоў да Беларусі.

Варта адзначыць, што гэтыя ўспаміны запісала, захавала і перадала ў ТБК дачка Мар'яна Пецюкевіча Марыля, якая зберагае памяць пра свайго бацьку.

Алесь Адамковіч Вільня, лістапад 2009 г.


Памяці Юрыя Гіля

24 кастрычніка 2009 г. у Вільні на 68-м годзе жыцця адышоў у нябесную Беларусь старшыня Таварыства беларускай мовы Віленскага краю Юры Гіль.

Беларуская супольнасць Літвы панесла непамерную страту. Ён быў адным з тых нешматлікіх, хто стаяў на прынцыпах пабудовы незалежнае беларускае Беларусі. Да апошніх хвілінаў свайго зямнога пілігрымавання ён так і не мог прымірыцца з прыніжэннем нацыянальнае культуры, мовы, традыцый на сваёй Бацькаўшчыне.

У Літве, цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў яго высілкамі шмат было зроблена па захаванні культурнай спадчыны і гістарычнай памяці беларусаў у гэтай краіне.

Дзякуючы намаганням Юрыя Гіля ўсталяваны крыж на тым месцы, дзе некалі стаяла хата, у якой нарадзіўся Францішак Багушэвіч. Менавіта ён рабіў шмат намаганняў па захаванні памяці гэтага патрыярха беларускага адраджэння на Віленшчыне. Умела супрацьстаяў зпольшчанай частцы насельніцтва Віленскага краю і прапагандаваў сярод іх беларускасць. У Свіранах Ю. Гіль усталяваў не толькі крыж памяці Багушэвіча, але ў мясцовым доме культуры заснаваў беларускую бібліятэку, усталяваў шыльду ў гонар Францішка Багушэвіча, дамогся назвы адной з вуліц у гонар яго імя, як сам неаднаразова падкрэсліваў, свайго любімага паэта. Ад літоўскіх уладаў атрымаў дазвол на ўсталяванне мемарыяльнай шыльды Францішку Багушэвічу ў Вільні. На жаль, не паспеў здзейсніць сваю задуму.

Юры Гіль дамагаўся і вяртання імя Браніслава Тараш-кевіча на яго радзіме ў Лаварышках. Хацеў, каб мясцовай школе прысвоілі імя Б. Тарашкевіча. На жаль, мясцовыя ўлады не далі магчымасці назваць школу ў гонар гэтага слыннага сына лаварышскай зямлі. Але ён дамогся, каб адна з вуліц Лаварышак насіла імя стваральніка першай беларускай граматыкі.

Юры Гіль спрычыніўся і да адкрыцьця беларускага касцёла ў Вільні. І сёння там адбываюцца набажэнствы па-беларуску.

А больш за ўсё Юры Гіль любіў свой маленькі куточак, дзе прыйшоў на свет у 1942 г. Гэта вёска Вашунова Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. Зараз, паводле свайго ўласнага жадання, спачывае ў сваім Засценку, аб якім некалі напісаў:

Сніцца мне часта,

І цягне заўсёды дамоў

Магнітам бацькоўская хата,

Дзе жыў я і пасвіў кароў.

Цяпер ён стаіць апусцелы,

Бязлюдны, маркотны куточак.

Сівы, нібы дзед застарэлы,

Зусім паваліўся хлявок.

Шмат зроблена Юрыем па ўшанаванні беларускасці ў Літве. Шмат яшчэ чаго планавалася. Але бязлітасны час перарваў здзяйсненне задуманых планаў, не дазволіў дачакацца бясхмарнай вольнасці Яго Святой Беларусі.

У нашай памяці, у памяці беларусаў, Юры Гіль назаўжды застанецца шчырым, самаахвярным, самаадданым патрыётам і змагаром за беларускую Беларусь.

Спі спакойна ў сваёй роднай зямлі і няхай Табе сняцца сны аб Вольнай і Незалежнай Беларусі.

Таварыства беларускай культуры ў Літве выказывае глыбокае спачуванне сям'і, родным і блізкім нябожчыка.

* * *

Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны выказвае спачуванне ўсёй Беларусі ў сувязі са смерцю яе вернага сына Юрыя Гіля. Ю. Гіль усё жыццё працаваў і працаваў для Бацькаўшчыны. Кожны год, кожны дзень, кожную хвіліну. Шмат зрабіў, шмат не дарабіў, упаў на адвечным шляху да сваёй Беларусі. Быў непахісным у сваёй беларускасці, такім і застанецца ў памяці ўсіх, хто яго ведаў.

Сакратарыят ТБМ.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX