Вярнуцца: 2009

№ 49 (940)


Крыніца: pawet.net.



№ 49 (940) 9 СНЕЖНЯ 2009 г.


Калекцыянер. Навуковец. Стваральнік прыватнага музея

(Да 70-годдзя з дня нараджэння Анатоля Белага)

БЕЛЫ Анатоль Яўхімавіч нарадзіўся 10 снежня 1939 года ў горадзе Старыя Дарогі Менскай вобласці. Беларускі грамадска-культурны дзеяч, навуковец, калекцыянер, стваральнік прыватнага мастацкага музея ў горадзе Старыя Дарогі. Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (1967). З 1995 года выкладаў у БДУ. Старшыня грамадска-асветніцкага клуба "Спадчына" (1984). Сябар Саюза мастакоў Беларусі (1995 ). Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў (1999). Прафесар, дыпламант Міжнароднага Кембрыджскага цэнтра (Англія, 1999). Сябар Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі (Менск, 2005).

Сабраў вялікую калекцыю твораў жывапісу, графікі, медальернага і дэкаратыў-нага мастацтва (каля 3000 адзінак). Арганізатар тэматычных выставаў: "Кастусь Каліноўскі і студзеньскае паўстанне 1863 года ў Беларусі" (Менск, 1986, 1990, 1991; Магілёў, 1988, 1991), "Францішак Скарына" (Менск, Яраслаўль, ЗША, 1985, 1986, 1990, 1991), "Максім Багдановіч" (Менск, 1996), "Дзеячы беларус-кага замежжа" (Менск, 1994, 1996), "Уладары старажытнай Беларусі" (Менск, 1996), "Любіць Радзіму - шанаваць родную мову" (Менск, 1990, 1991, 1994, 1996), "Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах" (Менск, ЗША, 1990, 1991, 1996), "Медальернае мастацтва Беларусі" (Менск, 1984).

Выдаў альманахі "Спадчына "Спадчыны" (1994), "Скрыжалі "Спадчыны" (1996, 1998, 2006, 2007), "Прымалі закон аб мовах" (1995, сумесна з Л. Лычом), плакаты- календары "Радавод полацкіх і вялікіх беларускіх (літоўскіх) князёў" (1995), "Старажытная Беларусь часоў Вітаўта Вялікага" (1996), "Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі" - зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння М.І.Ермаловіча (2007), 5 каталогаў, даведачную літаратуру, звыш 150 артыкулаў пра беларускае мастацтва і яго гісторыю. Тэмы навуковай дзейнасці: "Францішак Скарына - мастак эпохі Адраджэння" і "Вобраз Кастуся Каліноўскага ў выяўленчым мастацтве".

На аснове сваёй калекцыі ў 1990 годзе заснаваў, а 11 снежня 1999 года адкрыў на сваёй сядзібе ў горадзе Старыя Дарогі прыватны музей выяўленчага мастацтва. Музей мае 4 будынкі, 8 залаў, плошча экспазіцыі каля 500 кв. м., на якой экспануецца каля 1700 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, медальернага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. У экспазіцыі прадстаўлены партрэты князёў, палкаводцаў, гетманаў, палітычных, дзяржаўных, рэлігійных, культурна-асветніцкіх дзеячоў Беларусі і яе дыяспары, батальныя карціны, краявіды, помнікі дойлідства, гарады і замкі Беларусі, бюсты і медалі, зробленыя ў гонар выбітных дзеячоў Бацькаўшчыны.

А.Я. Белы - ініцыятар і арганізатар устаноўкі помнікаў: М.Багдановіча ў Яраслаўлі (1994, аўтар С. Вакар); А.Я. Багдановіча ў г.п. Халопенічы (1998, аўтар У. Лятун); у дворыку Беларускага дзяржаўнага універсітэта Фран-цішка Скарыны (1988, аўтар С. Адашкевіч), М. Гусоўскага (1998, аўтар У. Панцялееў), К. Тураўскага (1996, аўтар А.Прохараў), Еўфрасінні Полацкай (1999, аўтар І. Голубеў), "Дыспут: В. Цяпінскі і С. Будны" (2000, аўтар І. Голубеў); у Менскай праваслаўнай епархіі К.Тураўскага (1995, аўтар Ю. Платонаў); у Полацку Еўфрасінні Полацкай (2000, аўтар І. Голубеў); у горадзе Зельва Гарадзенскай вобласці Л. Геніюш (2002, аўтар М. Інькоў); на сядзібе музея ў Старых Дарогах Л. Геніюш (2001, аўтар М. Інькоў), А. Бярозку (2001, аўтар У. Лятун), М. Багдановічу (2001, аўтар С. Вакар), А.Я. Багдановічу (2001, аўтар М. Несцярэўскі); М. Ермаловічу ў гарадах Старыя Дарогі і Маладзечна (2002, аўтар У. Мелехаў) .

Ён удзельнік Устаноўчых з'ездаў Бела-рускага народнага фронту, Таварыства бела-рускай мовы імя Ф. Скарыны. Сумесна з сябрамі клуба "Спадчына" у 1985 годзе выступіў ініцыятарам звароту ў ЦК КПБ, Саўмін БССР і ВС БССР аб ушанаванні 125-х угодкаў студзеньскага паўстання 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Адзін з прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, якія падпісалі ліст ў ЦК КПСС аб стане беларускай мовы і культуры ў Беларусі. Адзін з ініцыятараў пераносу магілы М. Багдановіча ў Менск. Адзін з актыўных заснавальнікаў таварыства "Баць-каўшчына". Адзін з заснавальнікаў і Ганаровы сябар рэдкалегіі беларуска-амерыканскага часопіса "Полацак" (1991, Кліўленд, ЗША). Перадаў: Гомельскаму дзяржаўнаму універсітэту імя Францішка Скарыны для музея імя Францішка Скарыны 169 твораў мастацтва (1989); Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту - 103 творы графікі (1983); гораду Старыя Дарогі - 104 графічных творы, 17 медалёў, помнік Францішку Скарыну (аўтар С. Адашкевіч) - усе ў 1997 годзе.

Узначальвае Камітэт Ушанавання (заснаваны ў 1996), на рахунку якога ганаравана ордэнамі, Кубкамі "Спадчыны", медалямі звыш 250 дзеячоў навукі і культуры Беларусі.

За сваю дзейнасць на ніве нацыянальнага Адраджэння і захавання нацыянальнай спадчыны Камітэтам ушанавання ганараваны ордэнам "Гонар Айчыны" (25.03.1997); ордэнам Кірылы Тураўскага, дзвюмя граматамі Мітра-паліта Менскага і Слуцкага Філарэта; медалём імя Яна Масарыка Міністэрства замежных спраў Чэшскай Рэспублікі ў знак падзякі за карыснае супрацоўніцтва ў паглыбленні бела-руска-чэшскіх стасункаў (14.11.2007). За ўдзел у мітынгах быў неаднаразова арыштаваны. За свае палітычныя перакананні і дзеянні тройчы быў звольнены з працы выкладчыка БДУ.


Наваградак у каралеўскай кароне

Сёлета Наваградак адзначыў 965-я ўгодкі з дня заснавання. Дата не надта круглая, і святкаванне было не надзвычай шумным, але падзея не засталася па-за ўвагай гарадскіх уладаў. Былі праведзены значныя работы па дабраўпарадкаванні горада. Пры-намсі, адна з цэнтральных вуліцаў, якая выводзіць падарожнага ў бок Карэлічаў і Міра, была пашырана, займела новыя тратуары і новую разметку. А яшчэ на ўездзе ў горад з гэтага боку быў устаноўлены арыгінальны ўязны знак, у якім рэалізавана ідэя каралеўскага горада Наваградка. На знаку размешчана назва горада, год заснавання - 1044, герб горада, а над усім прымацавана каралеўская карона, як напамін усім: і сваім, і падарожным, што некалі Наваградак быў сталіцай не толькі Вялікага Княства Літоўскага, але і Літоўскага каралеўства, бо кароль Міндоўг не мог кіраваць княствам, а мусіў кіраваць каралеўствам. І хоць існавала тое каралеўства нядоўга, але яно ў нашай гісторыі было, і забываць пра гэта ніяк не выпадае.


Каляндар "Родны край" - лепшы падарунак пад Новы год

Сёлета павялічаным накладам у 13000 асобнікаў быў выдадзены каляндар "Родны край". Летась наклад складаў 7000 і быў цалкам раскуплены, а вось сёлета каляндар "Родны край" да гэтага часу ёсць у продажы ў многіх крамах, хаця паступіў яшчэ ў верасні.

Сакратарыят ТБМ звяртаецца да кіраўнікоў арганізацый і сяброў ТБМ з пажаданнем пасадзейнічаць поўнай рэалізацыі календара ў кожным горадзе, у кожнай краме. Шаноўныя беларусы! Падарыце беларускі каляндар "Родны край" сваім сваякам, сябрам, знаёмым. Добры і арыгінальны падарунак. Пры тым, што каляндар каштуе нядорага, атрымаецца "танна і сярдзіта".

Каляндар "Родны край" утрымоўвае шмат цікавага пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, прыроду, карысныя парады па вядзенні хатняй гаспадаркі, выхаванні дзяцей, парады садаводу і агародніку, рэцэпты народнай медыцыны і шмат чаго іншага.

Беларус з беларускім клендаром - гэта норма.

Дарэчы, у Менску каляндар "Родны край" без праблемаў яшчэ можна набыць у кнігарні "Акадэмкніга".


11 снежня

ў Палацы культуры ветэранаў (вул. Я. Купалы, 21) вядомы беларускі бард і актор ВІКТАР ШАЛКЕВІЧ з праграмай "Лепшае і новае".
Пачатак 19.00. Квіткі ад 15 000 да 20 000. Даведкі: 6490888


Генная памяць народа кліча!

"Беларуская мова ў небяспецы", Пад такім загалоўкам газета "Наша слова" ў нумары за 17 чэрвеня гэтага года надрукавала Зварот у абарону мовы, падрыхтаваны грамадзянскай ініцыятывай "Інстытут нацыянальнай памяці", падтрыманы Таварыствам беларускай мовы імя Ф. Скарыны, падпісаны шматлікімі прадстаўнікамі творчай і навукова-тэхнічнай інтэлігенцыі, акадэмікамі, народнымі пісьменнікамі і мастакамі, святарамі, рабочымі і студэнтамі.

Адрасаваны вышэйшым структурам улады ў крытычны час, калі дзяржаўная беларуская мова апынулася на мяжы знікнення, што аўтарытэтна прызналі спецыялісты ЮНЭСКА, Зварот у абарону мовы зрабіў пэўнае ўражанне на дзяржаўных чыноўнікаў, і яны пачалі прымаць некаторыя захады і меры, на жаль, касметычнага характару; з верасня - кастрычніка некаторыя праграмы радыё і тэлебачання пераведзены з рускай на беларускую мову, нехта з чыноўнікаў прадэманстраваў перад публікай сваё веданне роднай мовы, з'явіліся намеры ўнесці папраўкі ў Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" і некаторыя іншыя заканадаўчыя акты з мэтай ліквідавання перакосу ў карыстанні дзяржаўнымі мовамі, чаго патрабаваў і, зазначым, патрабуе Канстытуцыйны Суд сваім Рашэннем П-91/2003, яно не выканана, а Нацыянальная акадэмія навук распрацавала і падала ў Адміністрацыю Прэзідэнта свае прапановы, як змяніць сітуацыю з ужываннем і развіццём беларускай мовы ў грамадстве, мовы, якая на сённяшні дзень пакутуе ад дыскрымінацыі.

Толькі ж прапановы застаюцца прапановамі, іх нямала і ў самім Звароце, а толькі галіновая дзяржаўная ўстанова - Міністэрства адукацыі, ад якой шмат чаго залежыць, па сутнасці засталася глухой, не ўспрымальнай, не чуйнай да трывог, прапаноў, патрабаванняў грамадскасці; у сваіх лістах у адказ яна абмежавалася пералікам таго, што робіцца і што якраз і прывяло мову да згубы. А Савет Міністраў краіны вызначыўся сва-ім упартым маўчаннем і на тры лісты грамадзянскай ініцыятывы з подпісамі вядомых і заслужаных людзей, не адказаў. Ні разу!

Тым часам акцыя за адраджэнне беларускай мовы ў гэтым годзе паказала, што абсалютная большасць грама-дзян нашай краіны разумее, і калі не розумам, інтуітыўна даходзіць да таго, якую важнасць і якую каштоўнасць для народа, нацыі і краіны мае свая, тым больш спадчынная і вы-прабаваная ў сівых стагоддзях мова. Вось палымяны і даволі характэрны ліст:

"Далучаемся да тых людзей, якія любяць сваю краіну, якія не ўяўляюць свайго жыцця без роднай Беларусі, якія добра разумеюць, што не можа быць сапраўднай нацыі без Роднай Мовы! А беларусам ТАК пашанцавала: бо наша мова не проста прыгожая, яна СМАЧНАЯ!

Сям'я Палхоўскіх, Аляксандр Сяргеевіч , працуе на МТЗ, Марыя Мар'янаўна, руплівіца будаўнічай арга-нізацыі, дачка Таццяна, студэнтка БДПУ імя Максіма Танка і іх сын Дзяніс, вучань пятага класа, Менск".

Дарэчы, пад нашым Зваротам у абарону роднай мовы падпісалася ўжо не меней за 900 чалавек, і не вядома, чаму іх не чуюць і не хочуць пачуць кіраўнікі краіны. З іх адносінамі да простых і, шчыра кажучы, няпростых, заслужаных грамадзян атрымліваюцца непярэліўкі. Генная ж памяць народа кліча: "Адгукніцеся!" Ау-у…

Васіль Якавенка, каардынатар грамадзянскай ініцыятывы "Інстытут нацыянальнай памяці"


Літаратурная сустрэча ў Дварцы

У апошнюю суботу лістапада актывісты Лідскага ТБМ бралі ўдзел у літаратурнай сустрэчы з маленькімі сярамі клуба "Спадчына" ў вёсцы Дварэц Дзятлаўскага раёна. На сустрэчу былі запрошаны паэт, старшыня Лідскай гараской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік, а таксама паэт і сябра Лідскай гарадской рады ТБМ Кірыл Сыцько.

Гістарычна-патрыятычны клюб "Спадчына" быў заснаваны настаўніцай дварэцкай школы Наталляй Ляўкевіч. Сябры "Спадчыны" сустрэлі лідзян ужо на парозе школы, дзе ладзілася імпрэза. Пачалося ўсё з выканання неафіцыйнага гімна клуба, якім з'яўляецца песня на верш Максіма Багдановіча "Пагоня". Першая частка сустрэчы складалася з расповяду дзетак пра іх дзейнасць, акцыі, сустрэчы, падарожжы. Сярод гэтых малых растуць будучыя беларускія паэты і паэткі - прагучалі іх першыя вершы, якія спадар Сыцько назваў цудоўнымі. Ён падзяліўся сваімі планамі адна-віць выданне газеты моладзі ТБМ "Прадмова" і прапанаваў дасылаць свае творы на яго паштовую скрыню для друку.

Другая частка імпрэзы ўяўляла сабой чытанне вершаў і размову з слухачамі. Адзначым, што літаратурная сустрэча праходзіла жыва і цікава, настрой быў ува ўсіх святочны. Пасля таго, як выступоўцы скончылі чытаць вершы, маленькія сябры клуба завалілі іх сваімі пытаннямі. Цікава ім было ўсё: і пра погляд паэтаў на будучыню мовы і культуры Беларусі, і пра іх асабістыя моманты жыцця. Госці з Ліды падаравалі клубу свае зборнікі вершаў, нумары "Лідскага летапісца" і іншыя выданні.

Адзначым таксама і гасціннасць маладзёнаў з Дварца, якія пасля сустрэчы частавалі гасцей гарбатай, за якой праляцела шчэ добрая гадзіна ў свабоднай сяброўскай атмасферы. Усё прайшло выдатна і сустрэча, спадзяёмся, была не апошняя.

Выдатна, што ў вёсцы з насельніцтвам менш за тысячу жыхароў ёсць такія людзі. Гэта будучыня Беларусі і буйному райцэнтру Лідзе, з яго ста тысячамі жыхароў, ёсць чаму павучыцца ў маленькіх дварчан. Застаецца толькі пажадаць светлай будучыні гэтым светлым людзям!

Віталь Іваноў.


"Выйшаў сейбіт сеяць на нівы свая"

Гэтымі словамі быў завершаны раман Уладзіміра Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Прагляд экранізацыі твора быў арганізаваны кінаклубам пры Магілёўскай суполцы Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, клубам "Натхненне" пры Палацы культуры вобласці і Цэнтральнай гарадской бібліятэкай з нагоды дня нараджэння аўтара. Удзельнікамі імпрэзы сталі каля 40 чалавек.

Фільм пачынаецца словамі дыктара паза кадрам: " У гэтага фільма нялёгкі лёс. Яму давялося адчуць на сабе бязлітасныя нажніцы, якія выразалі з яго жывога цела "крамолу". Нягледзячы на шматлікія праўкі, фільм у свой час так і не дайшоў да гледача. Ён 22 гады праляжаў на паліцы і быў паказаны гледачу ўжо пасля смерці аўтара. Пакаленне, якому прызначалася кінапрыпавесць, так і не пачула яе.

Фільм здымаўся вясёлы, іранічны, з арыгінальнымі рэжысёрскімі знаходкамі - ён мог стаць пачаткам новага ўздыму беларускага кіно. Выдатная каманда маладых і таленавітых людзей трактавала свой погляд на жыццё і мастацтва. У фільме дэбютавалі будучыя заслужаныя акторы СССР, Леў Дураў у вобразе батлеечніка Юрася Братчыка і Данатас Баніёніс у ролі ксяндза Басяцкага. Знакамітыя акторы Любоў Румянцава, Ілля Рутберг, Павел Кармунін стварылі вобразы апосталаў. У асобных эпізодах мы пабачылі і Уладзіміра Караткевіча. Усё гэта - выдатная праца аператара Анатоля Забалоцкага.

Рэжысёр Уладзімір Бычкоў змагаўся за сваё дзецішча да апошняга, бясконца перапраўляючы яго асобныя часткі. Можна толькі ўявіць, чаго гэта яму каштавала ў маральным плане. Сам Караткевіч паступова адышоў ад працы над фільмам, таму што сцэнар, які бясконца перапісваўся і дапаўняўся, паступова ператвараўся ў раман. Магчыма, упершыню фільм даў пачатак выбітнаму літаратурнаму твору. Прагляд стужкі дае нам магчымасць зразумець памеры страт, што панесла мастацтва ва ўмовах таталітарнай сістэмы, залежнасць таленту ад рашэнняў чыноўнікаў. Іншы раз выдатныя творы руйнаваліся нават не дзеля ідэалогіі, а проста каб утульна сядзець на сваім месцы.

Незразумела, як здолеў Караткевіч пасля ўсіх здзекаў над карцінай працягнуць працу і стварыць узнёслы раман, напоўнены любоўю і павагай да Беларусі. Талент гэтага светлага чалавека, абапіраючыся на багаты запас гістарычных ведаў, ствараў гімн свайму краю, працы, чалавеку і выратаваў наш народ ад бездані і небыцця.

Звернемся да апошніх словаў у рамане: "Неапалімыя купіны дрэў стаялі на ўзгорках. Сумавала вакол капліцы шыпшына. А сейбіты падымаліся на вяршыню пагорка, як на вяршыню зямнога шара. І першым ішоў насустрач нізкаму сонцу Хрыстос, мерна размахваючы рукамі. І, гатовае да новага жыцця, падала зерне ў цёплую, мяккую зямлю. Выйшаў сейбіт сеяць на нівы свая".

Пасля прагляду адбылося абмеркаванне фільма і творчасці Уладзіміра Караткевіча. Намі перагорнута яшчэ адна старонка беларускага кіно і чалавечых лёсаў.

Алена Асмакоўская, Магілёў. На здымках: 1. Выступае старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў, 2. Удзельнікі вечарыны.


У аднаго Якава, ды не ўсё аднакава

У "Нашым слове" ад 18 лістапада быў змешчаны артыкул Міколы Кутнявецкага пра кірмаш мёду ў Слуцку, дзе не знайшлося месца беларус-кай мове, і мёд ад гэтага нібы пагарчэў.

А вось "Мядовы кірмаш" у Лідзе. Унутры ўсё гэтак жа. Яткі аформлены па-расейску: той жа алтайскі, каўказскі, наш віцебскі мёд. А вось знадворку - відавочная розніца. На ўсіх расцяжках, пано, афішах па-беларуску вялікімі літарамі: "Мядовы кірмаш", "Сардэчна запрашаем", па-расейску маленькімі - дадатковая інфармацыя. Аздаблялі кірмаш музыкі ў нацыянальных строях, якія сыпалі досціпы, запрашалі на кірмаш выключна па-беларуску. Сярод музыкаў быў між іншым знаны фалькларыст і танцор Мікола Котаў. Таму ў Лідзе мёд ад беларускай мовы быў яшчэ саладзейшы. Адна краіна, а падходы інакшыя.

Наш кар.


2009 год - юбілейны для клуба "Спадчына" і яго старшыні Анатоля Белага

Увогуле цяперашні 2009 год - ажно тройчы юбілейны: 10 год з адкрыцця музея А. Белага ў Старых Дарогах, 25 год з адкрыцця самой культура-асветніцкай установы - клуба "Спадчына" і 10 снежня спаўняецца 70 год неадменнаму старшыні клубу "Спадчына" і арганізатару і ўладальніку музея ў Старых Дарогах Анатолю Яўхімавічу Беламу.

Як звычайна ў такіх выпадках, перш за ўсё трэба адзначыць самога юбіляра - Анатоля Белага. Ён прыйшоў да кіраўніцтва клубам, а потым і музеем, ужо маючы пэўны жыццёвы досвед. Ён не толькі скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт, але і доўгі час выкладаў у ім філасофію. Я з ім пазнаёміўся яшчэ ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя і таму магу болей пра яго паведаміць. У Анатоля Белага адразу праявілася цікавасць да гіс-торыі культуры роднай зямлі, да гісторыі роднай Беларусі. Усё гэта і прывяло да стварэння клуба ў сакавіку 1984 года.

Паколькі я звязаны з клубам "Спадчына" ад самага пачатку яго дзейнасці, то магу і ўспомніць і некаторыя кірун-кі дзейнасці клуба. Да гэтага трэба дадаць, што арганізата-рам быў не толькі выкладчык нашага галоўнага універсітэта краіны, але і чалавек з добрым досведам у жыцці. Анатоль Белы служыў у савецкай авія-цыі, даслужыўся да звання капітана. А гэта таксама патрабуе пэўнага шанавання.

Ад самага пачатку сваёй дзейнасці Анатоль Белы паказаў сябе і аматарам стварэння калекцый твораў жыва-пісу, графікі, медальерства, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А. Белы - не толькі калекцыянер, але і папуляры-затар беларускага мастацтва; ён арганізуе выставы сваіх твораў, выдае каталогі, даведачную літаратуру і артыкулы. Усё гэта, а таксама назапаша-ныя матэрыялы, прывялі яго да стварэння свайго музея на сваім участку ў Старых Дарогах.

Клуб "Спадчына" - адна з першых беларускіх нацыянальных суполак, якая яшчэ да пачатку перабудовы савецкага грамадства ў нялёгкіх умовах, калі ўлады забара-нялі яе паседжанні, пачала, пад кіраўніцтвам А. Белага, актыўную дзейнасць па прапагандзе і папулярызацыі беларускай гісторыі. Ад таго часу стварылася нямала беларускіх грамад-скіх і палітычных арганізацый, клубаў, суполак. Многія існавалі некалькі гадоў і зніклі. А клуб "Спадчына", дзякуючы Анатолю Яўхімавічу Беларму і групе яго актыўных паплечнікаў, што складаюць ядро клуба, выстаяў, мае ўжо сваю гісторыю і працягвае сваю актыўную дзейнасць.

Асобна трэба адзначыць і стварэнне прыватнага музея Анатоля Белага ў Старых Дарогах, дзе адчынена карцінная галерэя, а перад сядзібай музея пастаўлены помнікі дзеячам культуры. Вялікую справу зрабіў юбіляр Анатоль Белы па арганізацыі ўстанаўлення помнікаў у Менску - Ф. Скарыну, М. Гусоўскаму, Ефрасінні Полацкай (у Менску і Полацку), бюста А. Багдановічу ў Ханопенічах, помніка М. Багдановічу ў Яраслаўлі і іншых. А. Белы таксама і старшыня камітэту ўшанавання, які ўзнагоджвае выдатных людзей Беларусі.

Клуб "Спадчына" займаецца і выдавецкай справай, выдаючы альманахі з назвай клуба і газету.

Клуб "Спадчына" дзейнічае і цяпер у агульным рэчы-шчы беларускага Адраджэння.

Віншую нашага юбіляра. Анатоля Яўхімавіча Белага і жадаю яму здароўя, яшчэ новых і новых поспехаў у яго шляхетнай справе.

Жыве Беларусь!

Анатоль Грыцкевіч, ганаровы сябра клуба "Спадчына". На здымку: у музеі Анатоля Белага ў Старых Дарогах.


Майстры паэтычнага слова на Лідчыне

2 снежня Лідчыну наведалі выбітныя майстры беларускага паэтычнага слова Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін.

Першая сустрэча ў фармаце ўрока сучаснай беларускай літаратуры прайшла ў актавай зале Лідскага каледжа па вул. Савецкай.

Другая сустрэча прайшла ў Крупаўскай сярэдняй школе Лідскага раёна, у памя-шкані адчыненага сёлета музея Ігната Дамейкі і гісторыі школы.

Абодва спатканні вызначаліся высокім мастацкім і патрыятычным узроўнем. Студэнты і вучні маглі ў поўнай меры наталіцца напеўнаю бе-ларускаю мовай ў вершах абодвух майстроў і непасрэдна ў песнях Эдуарда Акуліна у тым ліку і на словы Леаніда Дранько-Майсюка.

Паэтычныя імпрэзы былі арганізаваныя Лідскай Гарадской арганізацыяй ТБМ імя Ф. Скарыны і рэдакцыяй часопіса "Верасень".

Наш кар.


Да 20-годдзя Лідскага ТБМ

13 снежня 2009 г. у 12.00 у канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.адбудзецца святочная імпрэза з нагоды 20-годдзя ўстаноўчай канферэнцыі па стварэнні Лідскай гарадской арганізацыі Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", якая адбылася 16 снежня 1989 года.

У імпрэзе прымуць удзел старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў і намеснік старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алена Анісім.

У праграме імпрэзы:

1. Святочная справаздача і гістарычны экскурс у 20-годдзе дзейнасці ТБМ у Лідзе;

2. Успаміны ветэранаў лідскіх арганізацый ТБМ;

3. Прэзентацыя кнігі "Летапіс ТБМ, 1989-2009";

4. Прэзентацыя кнігі кандыдата гістарычных навук Алега Трусава "Невядомая нам краіна. Беларусь у яе этнаграфічных межах".

5. Прадстаўленне новых правілаў правапісу беларускай мовы, якія ўвойдуць у дзеянне з 1 верасня 2010 года. Прадстаўленне правядзе супрацоўніца Інстытута беларускай мовы і беларускай літаратуры імя Янкі Купалы і Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алена Анісім.

Уваход вольны.


Паважаныя сябры і прыхільнікі ТБМ

20 снежня (нядзеля) адбудзецца сустрэча моладзі з Аленай Анісім

Тэма: "Моладзевы рух ТБМ"

Сустрэча адбудзецца з 12.00-15.00, УВАХОД ВОЛЬНЫ

АДРАС: г. Менск, вул. Румянцава, 13


Нам патрэбныя Вашы прапановы

Нядаўна мы з Вамі адзначылі 20-я угодкі легальнага існавання ТБМ. Карыстаючыся выпадкам, я выказваю шчырую падзяку усім, хто павіншаваў нас з гэтым святам, як грамадзян Беларусі, так і іншых краін. Зараз трэба рыхтавацца да наступнага года працы.

Просім усіх тых, хто гэтага яшчэ не зрабіў даслаць на рахунак ТБМ сяброўскія складкі за гэты год. Зараз ідзе падпіска на наступны год. Таму просім не забыць пра нашы газеты: "Наша слова" і "Новы час". Да 15 снежня перашліце свае прапановы для уключэння ў план работы ТБМ на наступны год. Дзякуючы нашым намаганням, напрыканцы верасня з'явіўся ў продажы беларускамоўны адрыўны каляндар "Родны край". Усе ахвочыя могуць набыць яго ў краме "Акадэмкніга" (Менск). Неўзабаве мы надрукуем кішэнны каляндарык на наступны год, прысвечаны перамозе нашых продкаў пад Грунвальдам (кошт аднаго каляндара - 500 руб.)

Таму за працу, сябры.

З павагай, Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Ціхаў Гаўрыіл Андрыянавіч

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Назіранні 1909 г. паказалі, што "моры" Марса (мо-рам на Марсе, як і на Месяцы, навукоўцы называюць цёмныя ўчасткі паверхні планеты) маюць павышаную адбівальную здольнасць у зялёных прамя-нях у параўнанні з мацерыкамі. Пры гэтым і тыя, і іншыя застаюцца чырванаватымі ў адносінах да белага. Колер "каналаў", сфатаграфаваных Г.А. Ціхавым, апынуўся такім жа як і ў мораў. Гэтак жа было выяўлена, што кантраст паміж суседнімі дэталямі слабее ў караткахвалевай частцы спектру і ўзмацняецца ў даўгахвалевай. Відавочна, што такі эфект давала атмасфера Марса.

За даследаванні Марса з ужываннем святлафільтраў Ціхаў быў узнагароджаны прэміяй і памятным медалём Рускага астранамічнага таварыства.

У 1909 і 1910 гг. Ціхаў займаўся даследаваннем колераў Сатурна і Ўрана, а потым і Няптуна (1922 г.). У наступныя гады ён шмат увагі надаваў назіранням планет, атрымліваючы здымкі праз розныя святлафільтры і сінтэзуючы затым іх каляровыя малюнкі. Пытанні колеру астранамічных аб'ектаў - зорак, планет, сонечнай кароны, папялістага святла Месяца - абмяркоўваліся ім у шматлікіх артыкулах.

17 красавіка 1912 г. у Пулкаве назіралі няпоўнае сонечнае зацменне. Ціхаву ўдалося атрымаць выдатныя фатаграфіі хромасферы і пратуберанцаў Сонца.

У 1914 г. Гаўрыілам Андрыянавічам было пастаўлена пытанне, як у прынцыпе можна выявіць біясферу метадамі астраноміі? Відавочна, што для адпрацоўкі методыкі, найболей падыходзіла біясфера роднай планеты - Зямлі. Для гэтага ён пачаў вывучаць па-пялістае святло Месяца (папялістае святло Месяцы - гэта тое слабое святло, якім свеціцца ўвесь Месяц, калі яго яркая частка мае выгляд вузкага сярпа). Ужыўшы светафільтры Гаўрыіл Андрыянавіч упершыню даказаў, што Зямля пры назіранні з космасу павінна мець блакітнаватае адценне.

У сваіх мемуарах ён пісаў аб гэтым: "Ці можна вызначыць з Зямлі колер нашай планеты, пазнаць, як бачылі бы яе людзі, трапіўшыя на Месяц? … Для гэтага трэба вывучыць колер папялістага святла Месяца … Колер яркага сярпа Месяца - гэта колер Сонца, зменёны адбівальнымі ўласцівасцямі месяцовай паверхні. Колер папялістага святла гэта колер Зямлі, таксама зменены месяцовай паверхняй. Параўноўваючы колер папялістага святла з колерам яркага сярпа, мы тым самым параўноўваем колер Зямлі, бачнай з Месяца, з колерам Сонцы, бачным адтуль жа. Для рашэння гэтага пытання я фатаграфаваў пры дапамозе … астрграфа яркі серп Месяца і папялістае святло Месяца ў розных участках спектру - ад чырвоных прамянёў да … ультрафіялетавых … Зямля, бачная з Месяца, мае колер моцна белаватага неба. Калі б мы паглядзелі на Зямлю з прасторы, то ўбачылі бы дыск бледнавата - блакітнага колеру і не ўбачылі б бы якія-небудзь падрабязнасці на самой зямной паверхні". Выснова Ціхава аб колеры Зямлі з космасу была пацверджана пасля пачатку касмічных палётаў. Але галоўнай мэтай даследаванняў папялістага святла Месяца было адшуканне ў ягоным спектры паласы паглынання хларафіла. Нягледзячы на магутную зямную біясферу, паласы паглынання хларафілу ў адлюстраваным свеце Зямлі навуковец не выявіў. Ён растлумачыў гэта тым, што ўчасткі сушы пакрытыя расліннасцю, адносна плошчы акіянаў, не вялікія і акрамя таго магутная зямная атмасфера вельмі моцна паглынае і рассейвае святло.

У 1915 г. Ціхаў прапанаваў новы метад хуткага набліжанага вызначэння колераў зорак, у якім выкарыстоў-ваецца аб'ектыў з моцнай храматычнай аберацыяй у фатаграфічнай вобласці (метад падоўжнага спектрографа); у 1937 і 1951 апублікаваў каталогі колераў каля 18 000 зорак у абраных пляцоўках Каптэйна.

Самым галоўным у сваіх астрабіялагічных даследа-ваннях Ціхаў лічыў пабудову дакладнай фізічнай мадэлі планеты Марс. Дзеля гэтага патрэбна была адмысловая планетная абсерваторыя для шматгадовых, разлічаных на шэраг вялікіх супрацьстаянняў, назіранняў Марса. У 1916 г. ён пачаў вывучаць астраклімат для выбару месца пабудовы высакагорнай абсерваторыі на Каўказе. А ў 1916 г. Ціхаў здзейсніў узыходжанне на Казбек для выбару месца будучай высакагорнай станцыі, будаўніцтва якой было адкладзена да заканчэння вайны.

* * *

Вялікую ролю ў лёсе Ціхава адыгыраў Мікалай Аляксандравіч Марозаў, чалавек унікальнага лёсу і шматлікіх здольнасцяў, былы нарадаволец, вязень Шлісельбурга (25 гадоў у турмах), навуковец, аўтар шэрагу кніг, стваральнік у 1909 г. "Рускага таварыства аматараў "светазнаўства" (Русское общество любителей мироведения - РОЛМ). У наш час тыя адмыслоўцы, якія Марозава паважаюць, кажуць пра яго як пра энцыклапедыста з наватарскімі ідэямі. Хто не паважае кажуць пра бліскучага дылетанта які не атрымаў, сістэматычнай адукацыі і таму грувасціў фантастычныя тэорыі. РОЛМ ставіў сваёй мэтай распаўсюджванне прыродазнаўчых ведаў, першым чынам астранамічных, але так сама "зазіраў за гарызонт" - цікавіўся тэлепатыяй, Атлантыдай і г.д. Сам Марозаў - папярэднік Фаменка і Насоўскага з іх "новай храналогіяй" у гісторыі. Гаўрыіл Андрыянавіч сябраваў з Марозавым, магчыма, падзяляў яго погляды ў прыродазнаўчых навуках і не каментаваў "не надта" навуковыя погляды аматара. Дзякуючы сваёй высокай папулярнасці Марозаў забяспечваў галоўнае - збор грошаў на развіццё навукі.

РОЛМ аб'ядноўвала ўсіх аматараў астраноміі, яго філіялы паўсталі ў вялікіх і малых гарадах Расеі. Пецярбургскі ўніверсітэт перадаў таварыству 175-міліметровы рэфрактар Мерца, які быў усталяваны ў Лабараторыі імя П.Ф. Лесгафта. Пазней гэтая лабараторыя была ператво-раная ў Дзяржаўны прыродазнаўча - навуковы інстытут ім. П. Ф. Лесгафта (Государственный естественно-научный институт им. П. Ф. Лесгафта), дырэктарам якога стаў М. А. Марозаў.

Сярод іншага, Марозаў цікавіўся пытаннямі пошу-ку жыцця на Марсе. З гэтай мэтай была распрацаваная шырокая праграма параўнання спектраў зямных раслін са спектрамі паверхні чырвонай планеты. Для яе ажыццяўлення ў Інстытуце ім. П.Ф. Лесгафта было арганізавана аддзяленне астрафізічных праблем, якое ўзначаліў прафесійны астраном Пулкаўскай абсерваторыі Гаўрыіл Андрыянавіч Ціхаў. Згодна з ягонымі меркаваннямі ў план працы абсерваторыі так сама было ўключана фатаграфаванне Сонца з фільтрамі і фотаметрычныя назіранні зорак. У сваіх даследаваннях Марса Ціхаў абапіраўся на працы іншага супрацоўніка - У.Н. Любіменка, загадчыка батанічным аддзелам Інстытута. Апошні займаўся пытаннем аб тым, якімі ўласцівасцямі павінны валодаць жывёльныя і раслінныя арганізмы, якія прыстасаваліся да жыцця ў розных умовах. Вывучалася залежнасць паміж колькасцю хларафілу ў раслінах і ўмовамі геаграфічнага асяроддзя ў якіх яны растуць. Даследаванні марскіх водарасцей прывялі Любіменка да ідэі, што водараслі, з іх малым утрыманнем хларафілу, можна было б разглядаць як адмысловы біялагічны тып раслін якія з боль-шай карысцю выкарыстоўваюць светлавую энергію, чым вышэйшыя расліны. Несумнеўна, менавіта гэтая ідэя Любіменка і прывяла Г.А. Ціхава да высновы, што расліннасць на Марсе, калі яна ёсць, па сваіх аптычных уласцівасцях павінна быць бліжэй да зямных ніжэйшых раслін тыпу мохаў, лішайнікаў і водарасцей.

Прыкладна з 1910 г. Ціхаў пачынае чытаць лекцыі па астраноміі на фізіка-матэматычным аддзяленні Вышэйшых жаночых курсаў (знакамітых Бестужаўскіх курсах). Адна з слухачак курсаў - Штаўдэ Н.М, з якой ён будзе падтрымліваць сяброўскія адносіны да канца жыцця, успа-мінала, што цікавасць да астраноміі абудзілася ў яе менавіта пад уплывам Ціхава, якога яна ўпершыню пачула падчас вучобы на курсах у 1911 г. Энергічны, цікавы калежскі дараднік, галоўны астраном Пулкаўскай абсерваторыі, Ціхаў быў ужо да таго часу знакаміты ў навуковых кругах. Ягоная лекцыя на Бестужаўскіх курсах звалася "Меркаванае жыццё на Марсе". Менавіта дзякуючы яму і яго захоп-ленасці ў курсістак з'явілася цікавасць да астраноміі і быў створаны астранамічны гурток, які Ніна Штаўдэ неўзабаве ўзначаліла. Гаўрыіл Андрыянавіч дапамагаў працы кружка: курсісткі наведвалі ўніверсітэцкую абсерваторыю, студэнты ўніверсітэта чыталі даклады на паседжаннях кружка Вышэйшых жаночых курсаў. Ён арганізоўваў экскурсіі курсістак у Пулкаўскую абсерваторыю, садзейнічаў усталяванню сувязі з Рускім таврыствам аматараў "светазнаўства". У ліку нешматлікіх першых жанчын у 1914 г. Штаўдэ здала дзяржаўныя іспыты па фізіка-матэматычным аддзяленні ў Пецярбургскім універсітэце. Яна была найболей вядомай і актыўнай супрацоўніцай "РОЛМ" - таленавіты астраном і, адна-часова, глыбока рэлігійная жанчына, стаўшая неўзабаве манашкай. Пасля заканчэння курсаў, у 1914 годзе, ў рамках навуковай праграмы складзенай Марозавым, яна занялася даследаваннем оптыкі атмасферы, метэорамі і астэроідамі.

У 1916 г. па прапанове Ціхава пры "РОЛМ" быў заснаваны фонд узнагароды залатым медалём за лепшыя навуковыя працы атараў па астраноміі. Улічваючы заслугі Гаўрыіла Андрыянавіча і яго актыўную дзейнасць у таварыстве, агульны сход таварыства вырашыў прысвоіць медалю імя Г. А. Ціхава. Гэты медаль прысуджаўся лепшым астраномам - аматарам да канца 20-х гадоў. Ціхаў потым неаднаразова з замілаваннем успамінаў аб сваёй дзейнасці ў "РОЛМ", высока ацэньваў навуковую і навукова - папулярызатарскую працу таварыства.

* * *

Ішла Першая Сусветная вайна і ў 1917 г. астранома прызвалі ў войска дзе ён займаўся пытаннямі бачнасці аддаленых аб'ектаў у аэрафотаздымцы і нават апублікаваў першую ў свеце навуковую манаграфію "Паляпшэнне фатаграфічнай і візуальнай паветранай выведкі".

Пазней у сваіх мемуарах акадэмік пісаў: "Вайсковы аддзел, у які я патрапіў, стаяў пад Кіевам. Ён меў вельмі доўгі назоў: "Цэнтральная аэранаві-гацыйная станцыя Ваеннай школы лётчыкаў - назіральнікаў" ... Мы праводзілі фатаграфаванне мясцовасці з самалёта - аэрафотаздымку. Аэраздымкамі я вельмі заці-кавіўся, бо значная частка маіх чыста астрафізічных прац была звязаная з імі. Захацелася палепшыць метады фатаграфавання і яго вынікі. За службу ў Кіеве я атрымаў чын яфрэйтара і вельмі гэтым ганарыўся. Але астраномія вабіла мяне неадольна, і, калі скончылася вайна, я быў шчаслівы зноў да яе вярнуцца".

(Працяг у наст нумары.)

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX