Вярнуцца: 2010

№ 05 (948)


Крыніца: pawet.net.



№ 5 (948) 3 ЛЮТАГА 2010 г.


200 гадоў з дня нараджэння Івана Хруцкага

ХРУЦКІ Іван Фаміч [27.1(8.2).1810, мяст. Ула Лепельскага пав. Віцебскай губ., цяпер Бешанковіцкі р-н - 1(13).1.1885], жывапісец. Скончыў ф-т вольных мастацтваў Полацкага калегіюма (1827), Пецярбургскую АМ (1836). Акад. жывапісу (1839). З 1845 жыў у маёнтку Захарнічы Полацкага пав. Працаваў у традыцыях акад. школы. Выдатны майстар нацюрморта, партрэтыст. Яго нацюрморты эфектныя, дэкаратыўныя, з ураўнаважанай кампазіцыяй, адметныя выключным майстэрствам у перадачы формы, колеру, аб'ёму, фактуры прадметаў: «Кветкі і плады» (1836), «Кветкі і садавіна» (1839), «Нацюрморт з грыбамі» (1842), «Бітая дзічына, агародніна і грыбы» (1854) і інш. З найб. папулярных нацюрмортаў рабіў аўтарскія паўторы. Партрэтная творчасць развівалася ад дэкаратыўнасці да выяўлення індывід. асаблівасцей асобы: «Хлопчык з кошыкам і грыбамі» (1834), «Партрэт невядомай» (1830-я г.), «Партрэт невядомай з кветкамі і садавінай», «Сямейны партрэт» (1850), партрэты мітрапаліта І.Сямашкі, І.Булгака (усе 1838), кнігавыдаўца І.І.Глазунова (1843), сына І.І.Хруцкага (1855), аўтапартрэт (1884) і інш. Пісаў пейзажы («Від у маёнтку», 1847), жанравыя кампазіцыі («У пакоях сядзібы мастака», 1855). Размалёўваў іканастасы ў цэрквах і саборах Вільні і Коўні. Творы зберагаюцца ў Нац. маст. музеі Беларусі, Траццякоўскай галерэі, Рус. музеі і інш. музеях Расіі, Нац. музеі ў Варшаве, у прыватных зборах.


Праект "Дыялог" працягваецца

Распачаты ГА ТБМ у 2009 г. праект "Дыялог" працягваецца. У студзені 2010 г. пад яго знакам прайшло некалькі змястоўных мерапрыемстваў. Найбольш цікавыя з іх ­­- Калядная вечарына, сустрэча з вядучым навуковым супрацоўнікам НАН Беларусі Веранікай Курцовай, прысвечаная праблеме беларускага маўлення і яго адлюстравання ў правапісе, канферэнцыя "Сучасны стан беларускай мовы і дзейнасць грамадскіх аб'яднанняў па яго паляпшэнні", паседжанне дыскусійнага клуба з удзелам Алега Трусава на тэму "Нацыянальная сімволіка і шляхі яе папулярызацыі"і інш. Пра некаторыя з гэтых мерапрыемстваў "Наша слова" (і не толькі) ужо пісала. Між тым заслугоўваюць увагі і гутарка пра сучаснае маўленне і размова пра нацыянальную сімволіку. Найперш таму, што наведнікі гэтых сустрэч у ТБМ самі вызначалі тэматыку і запрошаных асоб і такім чынам выяўлялі кола пытанняў, якія іх найперш хвалююць, а таксама каго б хацелі паслухаць і абмяняцца думкамі. Таму і выклікаюць такія сустрэчы нязменную цікавасць, і людзі прыходзяць штоаўторак увечары не зважаючы на мароз.

Пытанне нацыянальнай сімволікі і яе адраджэння ў грамадстве надзвычай хвалюе моладзь. І падчас гэтага абмеркавання прагучалі некаторыя прапановы і парады. Так, старшыня ТБМ Алег Трусаў параіў кожнаму пачаць з сябе і мець дома (у кватэры) асабісты нацыянальны сцяг і герб "Пагоня". Сп. Л. Ліцвінка падзялілася досведам вырабу т.зв. фуршэтных сцяжкоў, якія хутка робяцца і якімі можна ўпрыгожыць любое ўрачыстае мерапрыемства, у тым ліку нефармальнага характару. Прагучала таксама думка пра кветнік з белых і чырвоных кветак, тым больш вясна не за гарамі. Будзем спадзявацца, што такія падказкі прыдадуцца шмат каму і наша сімволіка закрасуе на ўсім беларускім абшары стараннямі неабыякавых грамадзян.

А ў лютым праектам "Дыялог" запланавана:

2-га - сустрэча з Антанінай Хатэнка "Зімовыя абрадавыя святы. Грамніцы".

9-га - Дыскусій-ны клуб. "Сучасная бе-ларуская музыка" з удзелам Андруся Такінданга.

16-га - тэматыка ўдакладняецца.

23-га - Завочнае падарожжа "Смаргоншчына ў постацях". Вядоўца - Арсен Ліс.

Чакаем на нашай сядзібе па вул. Румянцава, 13 а 19-й гадзіне.

А. Анісім


Рэзалюцыя

удзельнікаў Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі "Сучасны стан беларускай мовы і дзейнасць грамадскіх аб'яднанняў па яго паляпшэнні"

Мы, удзельнікі канферэнцыі, канстатуем,

што ў нашай краіне склалася недапушчальная сітуацыя з ужываннем дзяржаўнай беларускай мовы - нацыянальнай мовы беларускага народа - ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

У прыватнасці, адсутнічае сістэма бесперапыннай адукацыі на беларускай мове, пачы-наючы з дашкольнага выхавання і заканчваючы вышэйшай і паслядыпломнай адукацыяй. Больш за тое, адбываецца далейшае скарачэнне колькасці навучальных устаноў, групаў, класаў, плыняў на беларускай мове. Сённяшняя колькасць навучэнцаў, якія атрымліваюць базавую і сярэднюю адукацыю на беларускай мове, складае 18%, і такім чынам, яна апусцілася ніжэй за 20%-ю мяжу выжывальнасці мовы, вызначаную ЮНЕСКА. Беларуская мова практычна выціснутая з аўдыё-візуальнай сферы дзейнасці грамадства. У краіне няма ніводнага тэлевізійнага канала на дзяржаўнай беларускай мове, абсалютная большасць дзяржаўных устаноў краіны не мае афіцыйных інтэрнэт-старонак на беларускай мове. Сістэматычна парушаюцца правы беларускамоўных пакупнікоў прамысловых і харчовых тавараў, а таксама спажыўцоў паслуг. Практычна ва ўсіх сферах камунікацый дзяржаўных органаў і арганізацый з грамадзянамі беларуская мова адсутнічае.

Прычыну такога небяспечнага становішча мы бачым у адсутнасці заканадаўчых гарантый правоў беларускамоўных грамадзян, а таксама, у шэрагу выпадкаў у адкрыта негатыўным стаўленні да беларускай мовы шмат якіх прадстаўнікоў уладных структур.

Прымаючы пад увагу інфармацыю Міністэрства культуры аб прысутнасці беларускай мовы ў дзейнасці ўстаноў гэтага міністэрства, а таксама фрагментарныя праявы ўвагі да беларускай мовы ў абласных рэдакцыях тэлебачання, тым не менш лічым, што сітуацыя ў цэлым вельмі трывожная і патрабуе радыкальнага паляпшэння.

У сувязі з гэтым прапануем:

- Міністэрству адукацыі распрацаваць дзяржаўную праграму забеспячэння бесперапыннай беларускамоўнай адукацыі ад дашкольных устаноў да універсітэцкай і паслядыпломнай адукацыі і пасля адпаведнага грамадскага абмеркавання ўвесці яе ў дзеянне;

- Палаце Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адмяніць дыскрымінацыйныя ў дачыненні да беларускай мовы папраўкі, унесеныя ў Закон "Аб мовах" у 1998 годзе;

- Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь забяспечыць правы беларускамоўных грамадзян на атрыманне інфармацыі, паслуг ва ўсіх сферах па-беларуску;

- грамадскім аб'яднанням, якія маюць статутнымі мэтамі клопат пра беларускую мову і культурныя каштоўнасці, стварыць грамадскую раду зберажэння і абароны беларускай мовы перад усім дзеля распрацоўкі прапановаў заканадаўчага характару ў гэтай галіне.

г. Менск, 24 студзеня 2010 года.


Заява Рады ТБМ "Закону аб мовах у Беларусі - 20 гадоў"

26 студзеня 1990 года Вярхоўны савет БССР ХІ склікання прыняў "Закон аб мовах" у БССР, які павінен быў спыніць татальную русіфікацыю Беларусі. Ён стаў юрыдычнай базай для пашырэння беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця краіны. З 1990 па 1995 год беларускамоўных выданняў было надрукавана больш, чым за папярэднія чатыры стагоддзі. У сярэдніх школах у 1994-1995 гадах навучалася па-беларуску ўжо больш за 75% вучняў. 15 сакавіка 1994 года першая Канстытуцыя Беларусі абвесціла беларускую мову адзінай дзяржаўнай мовай нашай краіны.

Сітуацыя рэзка змянілася пасля рэферэндума 1995 года. Замест таго, каб сапраўды стварыць умовы для раўнапраўнага ўжывання беларускай і рускай моў, улада ў 1998 годзе ўнесла ў "Закон аб мовах" такія праўкі, якія практычна скасавалі вынікі рэферэндуму і дазволілі распачаць татальную русіфікацыю, асабліва ў сферах адукацыі і дзяржаўнага кіравання.

У сувязі з гэтым Рада ТБМ звяртаецца да кіраўніцтва краіны з патрабаваннем адмяніць папраўкі, унесеныя ў "Закон аб мовах" у 1998 годзе.

Рада ТБМ прапануе выдаць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб пашырэнні сферы ўжывання дзяржаўнай беларускай мовы", у якім варта прадугледзець наступныя мерапрыемствы:

1. Павялічыць колькасць гадзін беларускай мовы і літаратуры ў школах і дзіцячых дашкольных установах.

2. Аднавіць у ВНУ курс "Беларусазнаўства" на беларускай мове.

3. Вярнуць ва ўсе школы краіны выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі па-беларуску.

4. Адкрыць да 1 верасня 2010 г. у кожным абласным і раённым цэнтры Беларусі па адной беларускамоўнай школе ці гімназіі.

5. Зрабіць даплаты ў памеры 20% заробку выкладчыкам ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў краіны, якія выкладаюць свае прадметы па-беларуску.

6. Зрабіць абавязковым школьны экзамен па беларускай літаратуры.

г. Менск, 24 студзеня 2010 года.


Уладзімір Арлоў і Зміцер Бартосік на Лідчыне

21 студзеня ў Барозаўскім гарадскім палацы культуры і Лідскім гістарычнамастацкім музеі адбыліся сустрэчы з прыхільнікамі творчасці Уладзіміра Арлова і Зміцера Бартосіка . У часе сустрэчы Арлоў зачытаў некалькі сваіх новых вершаў і прэзентаваў новыя зборнікі і аўдыёкнігі, якія выйшлі за два мінулыя гады з апошняй сустрэчы з лідзянамі.

Мне вельмі прыемна заўсёды сустракацца з лідскай публікай. Гэта публіка адукаваная ў гісторыі беларускай культуры. І мы сустракаліся ў той дзень, калі мой родны Полацк быў абвешчаны культурнай сталіцай Беларусі. Я веру, што Ліда недзе на бліжэйшай чарзе пасля Полацка павінна стаць культурнай сталіцай Беларусі. І ў перспектыве я веру, што калінебудзь і мой родны Полацк, і Ліда стануць і культурнымі сталіцамі Еўропы.

Сустрэчы ладзіліся Лідскай гарадской арганізацыяй ТБМ імя Ф. Скарыны і сябрамі ТБМ горада Бярозаўкі.

Андрусь Панямонец, Ліда.

На здымках: сустрэча ў Бярозаўцы.


Краязнаўчая школа ў Лідзе

21 студзеня ў Лідзе пачала рэгулярную працу Школа краязнаўства. Гэта сумесны праект Лідскага гістарычнамастацкага музея і Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны.

У Лідзе за 18 год незалежнасці назіраўся пад'ём краязнаўчай актыўнасці. Было паднята мноства тэмаў, мноства імёнаў. Былі створаны два краязнаўчыя таварыствы. З 1990 года ў Лідзе адноўлена выданне газеты "Ziemia Lidzka" на польскай мове, якая адлюстроўвае краязнаўчыя пытанні. З 1997 года выходзіць краязнаўчы беларускамоўны часопіс "Лідскі летапісец". Створаны сайт "Pawet", адзін з лепшых краязнаўчых сайтаў Беларусі.

Аднак за апошнія гады некаторыя лідскія краязнаўцы памерлі, іншыя ўвайшлі ў паважны ўзрост, панізілі актыўнасць.

У краязнаўства прыйшла моладзь: супрацоўнікі музея, настаўнікі, студэнты, школьнікі, але ўзровень падрыхтоўкі многіх маладзёнаў не адпавядае ніякім патрабаванням. Таму стала крайне неабходнай адукацыйная структура для ўключэнне маладых сілаў у краязнаўчы працэс на больш высокім узроўні. Слухачы набіраюцца па ўсяму гораду: ад агульнаадукацыйных школаў да працоўных калектываў прадпрыемстваў.

Перад Новым годам былі праведзены арганізацыйныя мерапрыемствы, складзена праграма заняткаў.

Ад музея адказнай за школу прызначана Алена Лучко. Ад ТБМ каардынуе дзейнасць школы Станіслаў Суднік. Ён і прачытаў 21 студзеня першую лекцыю: "Гісторыя, стан і задачы лідскага краязнаўства", якая ўключала раздзелы: 1. Гісторыя беларускага краязнаўства; 2. Гісторыя вывучэння Лідскага краю; 3. Задачы Лідскага краязнаўства.

Прыемнай неспадзеўкай для ўдзельнікаў школы стаў удзел у першым занятку слыннага пісьменніка гістарычнага жанру Уладзіміра Арлова і барда Зміцера Бартосіка, які выконвае песні гістарычнай тэматыкі. Тэма іхніх выступаў была: "Скарыстанне краязнаўчых і гістарычных фактаў у мастацкай творчасці".

Наступны занятак у школе 4 лютага, а 11 або 18 лютага плануецца ўдзел у працы школы доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча.

Наш кар.


Леанід Дайнека адзначыў юбілей

Сваё 70-годдзе пісьменнік Леанід Дайнека адсвяткаваў у менскім Чырвоным касцёле. Святкаванне адбылося ў храме нездарма. Для аўтара «Жалезных жалудоў» і «Мяча князя Вячкі» гэта было сімвалічна. Бо ў храм тое месца, дзе чэрпаюць сілы і героі, і іхнія летапісцы.

Юбілей - гэта заўсёды падарункі і ўзнагароды. Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч паведаміў, што 28 студзеня Міжнародная асацыяцыя пісьменнікаў марыністаў і баталістаў уганаравала сябра СБП сп. Дайнеку прэміяй імя Валянціна Пікуля за серыю гістарычных раманаў. І ўжо днямі разам з дыпломам ён павінен атрымаць залаты медаль.

Падчас выступаў шмат казалася пра маладосць юбіляра і прысутных.

Да маладосці мы наўрад ці вернемся, - двухсэнсоўна сказаў былы рэдактар часопіса «Маладосць» Васіль Зуёнак. Ці ён меў на ўвазе літаратурнамастацкае выданне, ці маладыя гады, паэт не патлумачыў. Зразумела, што ні першы варыянт, ні тым больш другі не магчымыя.

Павіншаваць юбіляра прыехала дэлегацыя з роднага пісьменніку Клічава. Сярод іх быў і начальнік ідэалагічнага аддзела Клічаўскага райвыканкаму. Прамова яго была непрацяглая, але пабеларуску.

Для віншаванняў юбіляра на сцэну выходзілі Ўладзімір Дамашэвіч і Сяргей Законнікаў, які па яго словах быў некалі такі самы руды, як і Дайнека. У апошняга, праўда, і да сёння захаваліся на галаве напаміны аб маладосці. А вось у паэта Законнікава - толькі сівая шавялюра.

Вершы чытаў Леанід ДранькоМайсюк і ўвесь вечар гучалі вершы, песні. Спявалі Алесь Камоцкі, Таццяна Беланогая, гурт «Стары Ольса».

Наш кар.


Не стала Міхася Станіслававіча Яўневіча

10 студзеня 2010 года на 88ым годзе жыцця адышоў ад нас назаўсёды ў лепшы свет Міхась Станіслававіч Яўневіч. Ён быў настаўнікам настаўнікаў, прафесарам, доктарам філалагічных навук, заслужаным настаўнікам Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР. Ён быў вядомым у Беларусі вучонымлінгвістам, яго жыццёвы і творчы шлях ад вясковага настаўніка да настаўніка соцень і тысяч настаўнікаў беларускай мовы і літаратурывыпускнікоў Менскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

М.С. Яўневіч нарадзіўся ў в. Кліны Бялыніцкага раёна 25 сакавіка 1922 года ў сялянскай сям'і. Ужо ў школьныя гады праяўляў вялікую цікавасць да роднага слова, а таму і стаў у 1940 годзе студэнтам літфака Магілёўскага настаўніцкага інстытута. Вайна перапыніла вучобу - Міхась Станіслававіч стаў сувязным партызанскага атрада. Інстытут закончыў ужо ў 1947 годзе. Затым была праца настаўнікам, завучам, дырэктарам школы на Століншчыне, у Валожыне і Барысаве.

Прага да ведаў, удумлівасць і навуковыя здольнасці прывялі яго ў аспірантуру Менскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага, якую ён закончыў у 1955 г. з гэтага часу ён звязвае сваё жыццё з вышэйшай школай, з беларускай мовай. У 1956 г. паспяхова абараняе кандыдацкую дысертацыю па праблеме сінтаксісу словазлучэння.

З 1963 года па 1995 год школьнікі Беларусі вывучалі беларускую мову па яго падручніках (у сааўтарстве з У.К. Андрэенкам). З'ява ўнікальная ў беларускай педагогіцы! Восем пакаленняў падручнікаў для вучняў 59 класаў школ з беларусай і рускай мовай, навучання, агульным накладам каля 7 млн. асобнікаў! Гэта былі найлепшыя ў Беларусі падручнікі, па якіх забяспечваўся навучальны працэс. У 1990 г. за комплекс падручнікаў па беларускай мове, выдадзеных у 19631989 гг., М.С. Яўневічу і У. К. Андрэенку была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР.

М.С. Яўневіч сааўтар многіх кніг па беларускай мове для студэнтаў ВНУ. ("Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы", "Сучасная беларуская літаратурная мова: Марфалогія", "Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Фанетыка. Графіка. Арфаграфія", "Беларуская мова" (для факультэтаў рускай філалогіі), "Курсавыя працы па беларускай мове" і інш. ён аўтар шэрагу артыкулаў і рэцэнзій.

Доўгі час вучоны даследаваў малараспрацаванае пытанне сінтаксічнай сінанімікі. У 1977 годзе выйшла яго манаграфія "Сінтаксічная сінаніміка ў сучаснай беларускай літаратурнай мове". У 1981 г. па гэтай праблеме М.С. Яўневіч абараніў доктарскую дысертацыю.

Ён падрыхтаваў 10 кандыдатаў навук, быў старшынём савета па абароне кандыдацкіх дысертацый пры Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, членам спецыялізаванага савета па абароне доктарскіх дысертацый пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН Беларусі, членам вучонага савета ўніверсітэта і савета факультэта беларускай філалогіі і культуры.

Міхась Станіслававіч актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" і Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у БССР.

У 1992 г. адным з першых у Беларусі ён быў узнагароджаны медалём Францішка Скарыны за вялікую грамадскую, навуковую і педагагічную дзейнасць.

Усе мы помнім Міхася Станіслававіча як таленавітага вучонага, вялікага педагога. Яго любілі і паважалі супрацоўнікі і студэнты ўніверсітэта. Ён быў вельмі сумленным адказным ва ўсім - у навуковых даследаваннях, у выкладанні, у побыце.

У нашых сэрцах і памяці Вы застанеецеся назаўсёды. Хай Вам будзе пухам родная зямля!

Калегі і былыя студэнты Міхася Станіслававіча


Пра новы «Слоўнік сучаснай беларускай мовы»

У выдавецтве «Народная асвета» выйшаў новы «Слоўнік сучаснай беларускай мовы». Аўтарамі яго з'яўляюцца кандыдат гістарычных навук, магістр тэалогіі У.М.Завальнюк , доктар філалагічных навук, прафесар М.Р.Прыгодзіч і выкладчыца беларускай мовы і літаратуры, метадыст В.К.Раманцэвіч . Рэцэнзент - дырэктар ДНУ «Інстытут мовы і літаратуры імя Я.Коласа і Я.Купалы НАН Беларусі», членкарэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар А.А. Лукашанец . Слоўнік падрыхтаваны ў адпаведнасці з Законам «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».

Знешняе афафармленне кнігі вызначаецца высокім эстэтычным густам.

Рэестравая частка складаецца прыкладна з 20 000 слоў. Тут, акрамя лексікі сучаснай беларускай літаратурнай мовы, шырока пададзена прафесійная і філасофскарэлігійная тэрміналогія.

Слоўнік арфаграфічны, але ў ім пададзены акцэнталагічныя, лексічныя, стылістычныя, арфаэпічныя, граматычныя паметы. Прызначаецца кніга школьнікам, студэнтам, настаўнікам і ўсім, хто клапоціцца пра чысціню і выразнасць роднай мовы. Таму гэта кніга будзе выдатна служыць настаўніку беларускай мовы і літаратуры ў навучанні і выхаванні школьнікаў, а выпускнікам сярэдніх навучальных устаноў - у падрыхтоўцы да выканання тэставых заданняў і паступлення ў ВНУ.

Кнігу можна набыць у кнігарнях Беларусі і ў сядзібе ТБМ (г. Мінск, Румянцава, д. 13).

Надзея Малаковіч, сябра ТБМ імя Ф. Скарыны.


Напрыканцы 2009 года, перад самымі каталіцкімі Калядамі, выдавецтва "Народная асвета" парадавала ўсіх аматараў роднай мовы новым унікальным выданнем - "Слоўнікам сучаснай беларускай мовы". Аўтарам гэтай вельмі патрэбнай кнігі з'яўляюцца каталіцкі святар, ксёндз - магістр касцёла св. Сымона і св. Алены Уладыслаў Завальнюк, прафесар БДУ, доктар філалагічных навук Мікалай Прыгодзіч і выкладчык беларускай мовы і літаратуры, метадыст з 50гадовым стажам Валянціна Раманцэвіч Сімвалічна, бо створылі гэты слоўнік людзі веры, навукі і школьнай практыкі.

Слоўнік падрыхтаваны з улікам новых "Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", прынятых Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 24 чэрвеня 2008 года. У рэестравай частцы слоўніка звыш 20000 слоў. Тут прадстаўлена лексіка сучаснай беларускай літаратурнай мовы, у тым ліку прафесійная, тэрміналагічная, філасофская. Бадай, упершыню ў айчыннай лексікаграфіі слоўнік падае вялікі пласт канфесійнай лексікі. Такія словы маюць паметы рэл. (рэлігійнае) і царк. (царкоўнае), іх у слоўніку некалькі соцень.

У сваёй аснове слоўнік арфаграфічны, але да слоў дадзены звесткі аб вымаўленні, націску і ўтварэнні граматычных форм Аўтары даюць магчымыя варыянты слоў з рознымі націскамі, у асноўным гэта прыметнікі і дзеепрыметнікі ( асенні і восеньскі, ашліфаваны і ашліфованы, аштрафаваны і аштрафованы, вянчаны і венчаны, вясновы і веснавы, пастрасаны і пастрэсаны, пахаваны і пахованы і інш.) дадзена пэўная колькасць слоў размоўнага стылю ( вініць, выпіска (з бальніцы), залікоўка, тройца і інш.), а таксама ўстарэлая і рэгіянальная лексіка, пашыраная ў мове беларускай мастацкай і навуковапапулярнай літаратуры. Да слоў падаюцца розныя паметы: арфаэпічныя, акцэнталагічныя, лексічныя, граматычныя і стылістычныя. Указваюцца склонавыя і родавыя канчаткі слоў, за выключэннем прыметнікаў і дзеепрыметнікаў, паколькі яны не выклікаюць цяжкасцей пры напісанні і вымаўленні.

Каб не перагружаць слоўнік, аўтары свядома не ўключылі ў яго геаграфічныя назвы, прозвішчы, назвы пераважнай большасці народаў розных краін свету.

У канцы слоўніка ўвазе чытачоў прапанаваны дадаткі. У першым з іх пададзены спіс з 364 уласных імён, якія ўжыты ў Новым Запавеце Бібліі. Тут зроблены некаторыя ўдакладненні ў адпаведнасці з патрабаваннямі сучаснай беларускай літаратурнай мовы. У другім дадатку прыводзяцца словы і звароты ветлівасці, падзякі, просьбы, запрашэнні, пажаданні, прабачэнні. Вельмі добра, што чытачы маюць магчымасць прачытаць, як прывітаць аднаверцаў са святам і як адказаць на гэта прывітанне. Як звяртацца да астб духоўнага сану каталіцкай, праваслаўнай і мусульманскіх канфесій.

У слоўніку маюцца прадмова (аўтар Мікалай Прыгодзіч), спіс літаратуры, парады па карыстанню слоўнікам. Спіс прынятых скарачэнняў, а таксама беларускі алфавіт з паказаннем правільных назваў літар.

Рэцэнзентам слоўніка з'яўляецца дырэктар Інстытута беларускай мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі членкарэспандэнт, доктар філалагічных навук, прафесар А.А. Лукашанец.

Слоўнік у добрым паліграфічным выкананні, у цвёрдым пераплёце, выдадзены накладам 5000 асобнікаў, што, згадзіцеся, для нашага часуунушальна. Аб'ём кнігі - 400 старонак.

Прызначаны слоўнік для настаўнікаў, студэнтаў, школьнікаў і ўсіх тых, хто дбае пра чысціню і выразнасць беларускай мовы.

Алесь Чэчат, выкладчык лінгвагуманітарнага каледжа УА МДЛУ.


ВІРТУАЛЬНЫ КАБІНЕТ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ І ЛІТАРАТУРЫ

Сайт «Віртуальны кабінет беларускай мовы і літаратуры» створаны для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, каб яны маглі знайсці на ім патрэбны матэрыял і выкарыстаць яго ў сваёй плённай працы.

На старонках сайта прадстаўлены вельмі шырокі спектр адукацыйных матэрыялаў: метадычныя распрацоўкі, аўдыёверсіі вершаў, нарматыўная базу і метадычыныя рэкамендацыі.

Таксама на старонках сайта змешчаны матэрыял і для вучняў, якія цікавяцца беларускай мовай і літаратурай і жадаюць іх вывучаць.

Сайт будзе надзвычай карысным не толькі вучням і настаўнікам, але і ўсім, хто цікавіцца беларускай мовай і літаратурай.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX