Папярэдняя старонка: 2010

№ 06 (949) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 6 (949) 10 ЛЮТАГА 2010 г.


85 гадоў з дня нараджэння Івана Навуменкі

НАВУМЕНКА Іван Якаўлевіч (16.2 1925. г. Васілевічы Рэчыцкага р-на -17.12.2006 г. ), беларускі сав. пісьменнік і літаратуразнавец. Акад. АН БССР (1980; чл.-кар. 1972), Д-р філал. н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. БССР (1978). Скончыў БДУ (1950). Удзельнік Вялікай Айч. вайны. Працаваў у рэдакцыях газ. «Бальшавік Палесся» (1945-51, Мазыр), «Звязда» (1951-52). З 1954 на кафедры бел. л-ры БДУ, з 1973 дырэктар Ін-та л-ры АН БССР, з 1982 віцэ-прэзідэнт АН БССР. Друкуецца з 1955. Першы зб. апавяданняў «Семнаццатай вясной» (1957) у рамантычна прыўзнятых фарбах адлюстраваў духоўны свет і лёс юнакоў, што парадзіліся пасля Кастр. рэвалюцыі і выхоўваліся ў сав. час, іх перадваеннае жыццё і цяжкія выпрабаванні, што выпалі на іх долю ў гады вайны. Гэта арганічная для пісьменніка тэма, атрымала развіццё ў зборніках апавяданняў «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Таполі юнацтва» (1966, прэмія Ленінскага камсамолу Беларусі 1967). Паралельна ствараліся аповесці «Снежань», «Мой сябар Пятрусь», «Пераломны ўзрост» (усе 1958), «Трымценне дубовага лісця» (1962), «Бульба» (1964), «У бары па світанні» (1971) і інш., у якіх праблема станаўлення характару чалавека, яго жыццёвых каштоўнасцей вырашалася аўтарам на матэрыяле вайны і ў абсягу сучаснасці. Раманы «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973) падсумавалі папярэдні маст. досвед аўтара па стварэнні шырокай, эпічна насычанай карціны жыцця і барацьбы ў жорсткіх умовах ням.-фаш. акупацыі. Трылогія ўражвае маштабнасцю думкі, вастрынёй пастаноўкі праблем гуманізму, шырокімі сац.-філас. абагульненнямі і па праву лічыцца адным з лепшых дасягненняў бел. ваен. рамана. Аповесцям «Развітанне ў Кавальцах» (1974), «Апошняя восень» (1976), «Замяць жаўталісця» (1976), «Інтэрнат на Нямізе» (1978), многім апавяданням уласціва глыбокае асэнсаванне рэчаіснасці з сац. і маральнага пункта гледжання, выяўленне духоўнага патэнцыялу асобы. Герой Н. 70- 80-х г. глыбей разважае, усведамляе сэнс жыцця, складаныя ідэалагічныя, эканам., экалагічныя праблемы сучаснага свету. Пра гэта сведчаць раманы «Смутак белых начэй» (1979), «Летуценнік» (1984) і п'еса «Птушкі між маланак» (1982). Яны, як і многія папярэднія творы, блізкія да жыцдёвага досведу аўтара. Пісьменнік сцвярджае героя актыўнага і дзейснага, які ўвасабляе ў сабе гуманіст. першаасновы нашага грамадства, лепшыя спадзяванні чалавецтва, веру ў яго будучыню. Аўтар аповесці для дзяцей «Вайна каля Цітавай копанкі» (1957). У манаграфіях «Янка Купала. Духоўны воблік героя» (1967) і «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968), адзначаных Дзярж. прэміяй БССР імя Я. Коласа 1972, працах па гісторыі бел. л-ры «З глыбінь жыцця» (1960) і «Пісьменнікі-дэмакраты» (1967) разглядае канцэпцыю чалавека і свету ў бел. л-ры. Творы Н. перакл. на рус, укр., лат., польск., балг., ням., франц. і інш. мовы. Дэп. Вярх. Савета БССР (з 1985). Старшыня Вярх. Савета БССР (з 1985).

З мэтай увекавечання памяці народнага пісьменніка Беларусі Навуменкі Івана Якаўлевіча пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 красавіка 2009 г. №422 пералік імянных стыпендый для студэнтаў устаноў, што забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі, дапоўнены стыпендыяй імя І.Я. Навуменкі. Стыпендыя прызначаецца і выплачваецца студэнтам філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта.


65 гадоў Яўгену Сахуту

САХУТА Яўген Міхайлавіч (н. 15-2.1945, в. Вечатарова Стаўбцоўскага р-на), мастацтвазнавец. Доктар мастацтвазнаўства (1996). Прафесар (2004). Дзяржаўная прэмія Беларусі 1996. Скончыў Віцебскі педагагічны інстытут (1972). З 1975 у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, адначасова ў 1985-91 галоўны рэдактар часопіса «Мастацтва Беларусі». Даследуе тэорыю, гісторыю і сучасны стан бел. нар. дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і нар. мастацкіх промыслаў. У навуковых працах нар. дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і мастацкія рамёствы падае ў цеснай сувязі з фальклорам, нар. звычаямі, абрадамі, песнямі і інш. Аўтар публікацый пра нар. мастацкія рамёствы: кавальства, выцінанку, пісанкі, гліняную цацку і інш. Адзін з аўтараў кн. «Грамадскі, сямей-ны побыт і духоўная культура насельніцтва Палесся» (1987), «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 1-6, 1987-94), «Беларусы» (т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі, 1995), «Беларусы» (1998). Укладальнік, перакладчык і навуковы рэдактар кн. М. Кацара «Беларускі арнамент: Ткацтва, вышыўка» (1996). Аўтар-складальнік альбома «Вечназялёнае дрэва рамёстваў» (1997). Старшыня Бел. саюза майстроў нар. творчасці (з 1992). Член Міжнароднай арганізацыі па нар. творчасці (IOV).


Пастанова Сакратарыяту ТБМ

9 лютага 2010 года г. Менск

Аб правядзенні ІІІ Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі.

Сакратарыят ТБМ у адпаведнасці з планам работы ТБМ на 2010 год, зацверджаным на паседжанні Рады ТБМ 27.01.2010 пастанаўляе:

І. Менскай гарадской арганізацыі ТБМ:

1. Правесці І этап ІІІ Агульнанацыянальнай дыктоўкі, прысвечанай 20-м угодкам прыняцца Закона "Аб мовах" у Беларусі і з нагоды міжнароднага Дня роднай мовы 21 лютага 2010 у памяшканнях тэатра "Зніч", размешчаных у цокальным паверсе касцёла св. Сымона і св. Алены на пл. Незалежнасці. Пачатак аб 11-й гадзіне. Адказныя: спадарыня А. Анісім і спадар А. Чэчат.

З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы правесці разам з ЗБС "Бацькаўшчына" у межах кампаніі "Будзьма" прэзентацыю незалежных беларускамоўных выданняў у памяшканні тэатра "Зніч" па вышэйзгаданым адрасе. Пачатак а 13-й гадзіне. Адказны спадар Э. Акулін.

2. Правесці ІІ этап ІІІ Агульнанацыянальнай дыктоўкі 15 сакавіка 2010 года у памяшканні сядзібы ТБМ (вул. Румянцава, 13). Пачатак а 18 гадзіне. Адказная спадарыня А. Анісім.

3. Правесці ІІІ этап ІІІ Агульнанацыянальнай дыктоўкі 25 сакавіка 2010 г. у памяшканні сядзібы ТБМ. Пачатак а 18-й гадзіне. Адказная спадарыня А. Анісім.

4. ІІІ Агульнанацыянальная дыктоўка праводзіцца сумесна з ЗБС "Бацькаўшчына" у межах кампаніі "Будзьма". Тэкст дыктоўкі - па творы Ўладзіміра Караткевіча.

ІІ. Рэгіянальным арганізацыям ТБМ правесці ІІІ Агульнанацыянальную дыктоўку ў тры этапы: 21 лютага, 15 і 25 сакавіка 2010 года ў адпаведнасці са сваімі планамі і магчымасцямі.


З УВАГАЮ ДА МАСТАЦКАГА СЛОВА

"Лінгвістычны аналіз тэксту" - так называецца чарговая кніга прафесара Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы І. Лепешава, якая нядаўна выйшла ў выдавецтве "Вышэйшая школа". На лінгвістычным рахунку аўтара гэта дзесяты дапаможнік з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Як і ўсе яго папярэднія кнігі (а іх ажно 40!), гэтая таксама вызначаецца скрупулёзным аналізам фактычнага матэрыялу, бездакорным стылем, абгрунтаванасцю высноў.

Дапаможнік напісаны ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай "Лінгвістычны аналіз тэксту" (Мн., 2003), у якой слушна сказана, што гэты курс сярод мовазнаўчых дысцыплін, якія выкладаюцца на філалагічных факультэтатах ВНУ Рэспублікі Беларусь, "займае адно з важных месцаў у сістэме падрыхтоўкі будучых настаўнікаў-філолагаў. Навыкі лінгвістычнага аналізу неабходны настаўніку і на ўроках літаратуры пры каментаванні мастацкага тэксту, і на ўроках развіцця маўлення, і пры падрыхтоўцы да ўрока па мове, калі трэба падабраць адпаведныя ілюстрацыйныя матэрыялы" (с. 22).

Вучэбных дапаможнікаў па гэтай лінгвістычнай дысцыпліне, як адзначана ў памянёнай праграме (с. 27), вельмі мала, і ўсе яны шматгадовай даўнасці (1975, 1981, 1992 гг.). Таму кнігу І. Лепешава варта толькі вітаць. Чытаючы яе, увесь час адчуваеш выдатную дасведчанасць аўтара ў праблеме вывучэння і даследавання мовы мастацкіх тэкстаў. Як вядома, ён мае багаты, больш за 30гадовы досвед выкладання лінгвістычнага аналізу тэксту на філалагічным факультэце, апублікаваў дзесяткі артыкулаў па названай праблеме, а таксама дапаможнік для настаўнікаў "Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора" (Мінск: Нар. асвета, 1981. 160 с.) і для студэнтаў "Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора" (Гродна: ГрДУ, 2000. 124 с.).

Аўтар вызначае лінгвістычны аналіз мастацкага тэксту як вытлумачэнне разнастайных маўленчых фактаў, каментаванне "моўных цяжкасцей", паслядоўнасці. Грунтоўнаму апісанню гэтых разнавіднасцей апраўдана папярэднічае разгляд розных відаў аналізу літаратурнага твора: літаратуразнаўчага, тэксталагічнага, лінгвістычнага і стылістычнага. Адзначаецца, што асноўнае месца займае літаратуразнаўчы аналіз, які прадугледжвае разгляд тэмы, ідэі, сюжэту, жанру, кампазіцыі, моўнавыяўленчых сродкаў і г.д. мастацкага твора. На прыкладзе аднаго празаічнага твора (апавядання М. Лынькова "Андрэй Лятун") паказана істотная розніца паміж лінгвістычным і стылістычным аналізамі, якія нярэдка змешваюцца. Задача стылістычнага аналізу - "вызначэнне асаблівасцей аўтарскага стылю, прыёмаў індывідуальнааўтарскага выкарыстання моўных сродкаў" (с. 31). У названым вышэй апавяданні М. Лынькова, напісаным у рамантычным стылі, да найважнейшых стылёвых асаблівасцей, паводле І. Лепешава, адносяцца наступныя: рытмічнасць аповеду (асабліва ў маналогах), гіпербалічнасць, паўторы сінанімічных слоў і словазлучэнняў, інверсія. Стылістычны аналіз, залежна ад спецыфікі твора, можа ўключаць і іншыя пытанні стылістыкі: выкарыстанне канструкцый, пабудаваных паводле прыёму сінтаксічнага паралелізму, роля граматычных катэгорый і г.д.

У дапаможніку вызначаецца месца лінгвістычнага аналізу сярод іншых відаў аналізу: "з'яўляецца, як правіла, першаасновай, першай ступенню пры вывучэнні мастацкага тэксту" (с. 34). Паказана, што ў адных выпадках лінгвістычны аналіз выкарыстоўваецца як асноўны, а ў іншых - разам з літаратуразнаўчым аналізам.

Зыходзячы з тэзіса, што "гістарызм - аснова правільнага, навуковага разумення з'яў" (В. Вінаградаў), аўтар асобныя параграфы прысвячае рэальнагістарычнаму каментару і прынцыпу гістарызму пры ацэнцы моўных фактаў.

Рэальнагістарычны каментар - "гэта тлумачэнне забытых імёнаў, фактаў, падзей, якія ўпамінаюцца ў творы, расшыфроўка магчымых аўтарскіх намёкаў, паказанне крыніц літаратурных і іншых яўных і прыхаваных цытат і г.д." (с. 35). Напрыклад, пры чытанні трагікамедыі Я. Купалы "Тутэйшыя" сустракаюцца разнастайныя моўныя факты, якія вымагаюць абавязковага каментавання. У дапаможніку прыводзіцца такі факт. Мікіта Зносак перад прыходам "новых акупантаў" змяняе тоесёе "ў хатніх абставінах", "пераварочвае абразы". Бачачы гэта, Янка Здольнік пытаецца: "Цікава толькі, як гэта вы з сваім апошнім саўбураўскім становішчам дапасуецеся да самай навейшай палітычнай сітуацыі, што круціцца ўжо каля Пярэспы" (с. 36). Каментару патрабуюць словы саўбураўскі і Пярэспа. Як паказваецца ў дапаможніку, прыметнік саўбураўскі ўтвораны ад назоўніка саўбур - савецкі буржуй. Што да Пярэспы, то аказваецца, так у пачатку ХХ ст. называлі паўночназаходнюю ўскраіну Менска.

Прынцыпу гістарызму належыць прытрымлівацца пры разглядзе разнастайных моўных фактаў. Так, у § 5 разгледжаны не толькі лексічныя, фразеалагічныя і прыказкавыя анахранізмы, але і ўстарэлыя словы, якія, у адпаведнасці з прынцыпам гістарызму, у адных выпадках павінны кваліфікавацца як гістарызмы ці архаізмы часу, а ў другіх - як устарэлыя словы стылістычнага ўжывання.

У дзевяці асобных параграфах паказана, як лінгвістычна аналізаваць, каментаваць розныя "моўныя цяжкасці", што даволі часта сустракаюцца ў мастацкіх творах і існаванне якіх абумоўлена эстэтычнай функцыяй. Гэта: словы з сэнсавым прырашчэннем, разгорнутыя метафары, абыграныя словы, амонімы і сумежныя з імі паняцці, спецыфічна выкарыстаныя займеннікі, фразеалагізмы, прыказкі, іншыя маўленчыя з'явы мастацкага тэксту. Грунтоўна апісаны асаблівасці вершаванага маўлення. Усе прааналізаваныя з'явы ілюструюцца прыкладамі, самастойна адшуканымі аўтарам у выніку ўважлівага прачытання вялікай колькасці твораў беларускай мастацкай літаратуры, найперш хрэстаматыйных ці тых, што рэкамендуюцца для самастойнага чытання.

Істотнае месца ў кнізе займае параграф "Спецыфіка мовы мастацкай літаратуры". Тут упершыню ў нашым мовазнаўстве апісана спецыфіка мастацкага маўлення, паказана, што мова мастацкай літаратуры - з'ява іншага, больш складанага парадку ў параўнанні з функцыянальнымі стылямі літаратурнай мовы. Гэта спецыфічнасць адлюстравана і на дзвюх схемах. Дарэчы, у дапаможніку ёсць схемы і ў іншых параграфах.

Паказана, што адна з асаблівасцей мастацкага маўлення - наяўнасць у ім пазалітаратурных моўных сродкаў. Яны разгледжаны ў асобных параграфах, прысвечаных дыялектным, прафесійным і жаргонным словам, аўтарскім неалагізмам, індывідуальнааўтарскім запазычанням з іншых моў. Тут шэраг чаго новага, арыгінальнага, не разгляданага ў іншых мовазнаўчых працах.

Варта цалкам пагадзіцца з пераканаўчымі, аргументаванымі заўвагамі наконт цяперашняй праграмы курса, выказанымі ў § 9 ("Паўзроўневы від лінгвістычнага аналізу"). Слушнымі з'яўляюцца довады аўтара дапаможніка аб немэтазгоднасці пры аналізе мастацкага твора прытрымлівацца так званага паўзроўневага аналізу, які пралугледжвае разгляд моўных адзінак лексічнага, фанетычнага, марфалагічнага і сінтаксічнага ўзроўняў.

Гэтаму пытанню варта ўдзяліць больш увагі. Пры аналізе мовы мастацкага тэксту ў адным з дапаможнікаў адзначаецца, што на марфалагічным узроўні звычайна засяроджваюць увагу на частотнасці ўжывання ў тэксце дзеясловаў, назоўнікаў, прыметнікаў і робяць выснову, што дзеясловы надаюць апісанню дынамізм, назоўнікі і прыметнікі ствараюць статычны малюнак. Як справядліва лічыць І. Лепешаў, "ці з'яўляецца гэта асаблівасцю толькі якоганебудзь пэўнага твора і ці мае яна хоць якое дачыненне да поўнага і яснага разумення тэксту, ці належыць яна да «моўных цяжкасцей» мастацкага тэксту?" (206). Каб не быць галаслоўным, аўтар дапаможніка прыводзіць адно "назіранне" над паэтычнай мовай Н. Гілевіча, змешчанае ў часопісе "Маладосць" (2001. № 10. С. 198). Адной з асаблівасцей індывідуальнааўтарскага стылю народнага паэта прызнаецца шырокае ўжыванне дзеясловаў і дзеяслоўных словазлучэнняў (іх больш за колькасць прыметнікаў). На гэтай падставе робіцца выснова, што "паэта заўсёды цікавіць не толькі і не столькі сталае, устойлівае ў прадметах і з'явах, колькі часовае, зменлівае, што прымушае іх рухацца, станавіцца іншымі і ў больш шырокім сэнсе - існаваць, жыць". Нельга не пагадзіцца з І. Лепешавым, што гэта "не асаблівасць творчай манеры Н. Гілевіча, а тыповая з'ява ў маўленні любога аўтарапісьменніка (з мажлівымі нязначнымі адхіленнямі)" (с. 209).

Што да сінтаксічнага ўзроўню, то вучэбная праграма прапануе аналіз прыназоўнікасклонавых канструкцый, простых ды складаных сказаў, перыяду, парцэляцыі, няўласнапростай мовы і інш. Ніхто не адмаўляе таго неаспрэчнага факту, што сапраўдны мастацкі твор павінен вызначацца багаццем сінтаксічных сродкаў (разнастайных сінтаксічных канструкцый - словазлучэнняў рознай будовы, неаднатыпных простых, ускладненых і складаных сказаў). Нельга не прыслухацца да высновы І. Лепешава, што аналіз, скажам, дзеепрыслоўных словазлучэнняў і сінанімічных з імі даданых частак часу, умовы, прычыны, уступкі (якія з гэтых спродкаў выкарыстоўваюцца часцей, а якія - радзей) - гэта аб'ект не лінгвістычнага, а стылістычнага аналізу.

Пры разглядзе адзінак лексічнага ўзроўню праграмай пералічваюцца, як адзінкі, якія маюць дачыненне да гэтага ўзроўню (мнагазначныя словы, стылістычна маркіраваныя лексемы, словы з сэнсавым прырашчэннем і г.д.), так і тыя, што не належаць да яго (фразеалагізмы, перыфразы, нетрадыцыйныя спалучэнні лексем).

У другой частцы дапаможніка даецца цэласны лінгвістычны аналіз чатырох асобных твораў. Два з іх драматургічныя (камедыя В. ДунінаМарцінкевіча "Пінская шляхта", драма К. Крапівы "Партызаны") і два паэтычныя (верш Я. Купалы "Час!", байка К. Крапівы "Дыпламаваны Баран"). Асобна, у канцы другой часткі, прапануецца для самастойнага каментавання верш Р. Барадуліна "Чакалі" - з заданнямі і дадатковым дапаможным матэрыялам. Згаданыя вышэй творы прааналізаваны цэласна (комплексна). Так, пры аналізе камедыі В. ДунінаМарцінкевіча разглядаюцца, па сутнасці, усе моўныя з'явы, якія падпадаюць пад лінгвістычны аналіз: тлумачацца такія "моўныя цяжкасці", як гістарызмы, архаізмы (лексічныя, семантычныя), дыялектызмы (лексічныя, фанетычныя, марфалагічныя, словаўтваральныя), фразеалагізмы, выяўляецца прызначэнне запазычанняў з суседніх славянскіх моў - рускай, польскай і ўкраінскай, аналізуюцца наватворы, словы з сэнсавым прырашчэннем, вербальныя сродкі стварэння камізму, асаблівасці маўлення некаторых персанажаў і інш.

Кніга І. Лепешава зручная для выкарыстання, паколькі ў канцы яе ёсць паказальнік пракаментаваных твораў ці ўрыўкаў з твораў і прадметны паказальнік, дзе падаюцца найважнейшыя мовазнаўчыя і літаратуразначыя тэрміны, ужытыя пры аналізе мастацкіх твораў.

Дапаможнік вельмі неабходны для студэнтаў, а таксама настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, паколькі яго асноўнае прызначэнне - паказаць, як трэба аналізаваць (для лепшага разумення ідэйнаэстэтычнага зместу твора) разнастайныя "моўныя цяжкасці", што нярэдка сустракаюцца ў мастацкіх тэкстах. Думаю, што кнігу з задавальненнем і карысцю для сябе прачытаюць пісьменнікі, журналісты - усе, хто цікавіцца мастацкім словам.

Васіль Рагаўцоў, загадчык кафедры беларускай мовы Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова, доктар філалагічных навук, прафесар.


Ціск на Саюз беларускіх пісьменнікаў

На мінулым тыдні Рада Саюза беларускіх пісьменнікаў прыняла заяву ў сувязі з фактамі масавага ціску на сяброў СБП па ўсёй краіне. У заяве ў прыватнасці гаворыцца:

"Пасля стварэння ў 2006 годзе ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" (СПБ) з боку ягонага кіраўніцтва праз міністэрствы адукацыі, інфармацыі, юстыцыі, культуры Рэспублікі Беларусь і падпарадкаваныя ім установы мэтанакіравана прадпрымаліся меры па звужэнні сферы грамадскай дзейнасці і па ліквідацыі найстарэйшай творчай арганізацыі Беларусі - Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП). Творчае аб'яднанне пазбавілі ранейшай фінансавай дзяржаўнай падтрымкі і вымусілі пакінуць Дом літаратара. Былі перапісаныя школьныя і ўніверсітэцкія праграмы па беларускай літаратуры, з якіх выкраслілі імёны і творы членаў СБП - народных паэтаў, лаўрэатаў Дзяржаўных прэмій, майстроў нацыянальнага мастацкага слова. Новастворанаму саюзу былі перададзеныя літаратурныя выданні "Полымя", "Нёман", "Маладосць", штотыднёвік "ЛіМ", заснавальнікам якіх дзесяцігоддзі быў СБП. Распараджэннем міністэрства адукацыі былі забароненыя літаратурныя выступленні членаў СБП у школах, ВНУ і бібліятэках, якое не адменена і да гэтага часу. Літаратараў, якія працуюць у дзяржаўных установах, пачалі пад пагрозай звальнення прымушаць пісаць заявы аб выхадзе з СБП, заснаванага Купалам і Коласам, ды ўваходзіць у новаствораны саюз.

З 2010 года распачалася беспрэцэдэнтная акцыя па шальмаванні і пераследу членаў нашай афіцыйна зарэгістраванай творчай арганізацыі. Па ўсёй краіне беларускамоўных і рускамоўных паэтаў, празаікаў і крытыкаў зноў пачалі выклікаць у дзяржаўныя інстанцыі ды ультыматыўна патрабаваць выйсці з СБП.

Ганебныя і незаконныя "працэсы" мелі месца ў сталіцы і ўсіх рэгіёнах Беларусі (РВУ "Літаратура і мастацтва", выдавецтва "Мастацкая літаратура", Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, БДУ, БНТУ, БДЭУ, БДПУ і інш., абласных універсітэтах, рэдакцыях газет, музеях і школах). Па нашых звестках, гэтая "кампанія" санкцыянаваная вышэйшымі ўладнымі структурамі Беларусі.

Толькі на працягу апошніх тыдняў каля сотні членаў СБП звярнуліся да кіраўніцтва і Рады свайго грамадскага аб'яднання з просьбай аб дапамозе і абароне іх грамадзянскіх правоў, гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Законам аб грамадскіх аб'яднаннях. Да прыкладу, распачаты адміністрацыйныя і псіхалагічныя здзекі нават у дачыненні да паэтэсы, якая жыве ў Чарнобыльскай зоне і на мізэрны заробак адна выхоўвае дваіх непаўнагадовых дзяцей…

Падобнага масавага пераследу беларускія творцы не памятаюць са сталінскіх часоў..."

У заяве Рада СБП выклала шэраг патрабаванняў, асноўнае з якіх спыніць пераслед сяброў СБП. Але найбольш цяжкімі для разумення застаюцца бессэнсоўнасць усіх гэтых "ціскаў" і тое, што чыноўнікі, якія імі займаюцца, наносяць наўпроставую шкоду Беларускай дзяржаве з ініцыятывы гэтай самай дзяржавы.

Наш кар.


ПЯЦІБОРСТВА: ПРА ГЕРАІЧНАЕ І ДРОБЯЗНАЕ…

13 студзеня ў Магілёве прайшло ўжо дзевятае па нумары "Беларускае пяціборства". На гэты раз арганізатары, і я асабіста, былі прыемна здзіўлены павелічэнню колькасці яго ўдзельнікаў на трэць у параўнанні з мінулым годам, паспаборнічаць за прызы і дыпломы "Беларускага пяціборства" прыйшлі 36 самых таленавітых навучэнцаў школ, гімназій і ліцэяў Магілёўшчыны. Можна меркаваць, што гэтае спаборніцтва стала даволі вядомым сярод навучэнцаў і цікавым для іх.

Зараз, на вялікі жаль, сістэма адукацыі ў нашай краіне збудавана так, што вучням няма вялікай патрэбы вучыць і ўдасканальваць беларускую мову ў школе, каб працягнуць адукацыю ў цалкам беларускім каледжы, ці ўніверсітэце, бо такіх, на жаль, проста няма. Таму валоданне роднай мовай не з'яўляецца для іх прыярытэтным. І тым не менш моладзь удзельнічае ў "Беларускім пяціборстве".

У гэтым годзе магілёўцаў было амаль у два разы больш, чым прадстаўнікоў іншых рэгіёнаў Магілёўшчыны, але, як ні дзіўна, бо такое ўпершыню, сярод трох галоўных пераможцаў магілёўцаў няма. Ці ўзровень адукацыі ў абласным цэнтры спаўзае ўніз, ці наадварот павышаецца ўзровень адукацыі ў рэгіёнах?

Па статусе пяціборства ўдзел у ім могуць прымаць навучэнцы 911 класаў. Калінікалі паказваюцца тут і васьмікласнікі. Іх прымаюць, бо адзін з прынцыпаў арганізатараў: адкрытасць спаборніцтва. Але васьмікласнікі раней ніколі не прэтэндавалі на прызавыя месцы. І на гэты раз двум васьмікласнікам было дазволена пазмагацца з больш дасведчанымі і больш адукаванымі юнакамі і дзяўчатамі. І - о, дзіва! - упершыню перамога дасталася навучэнцы 8 класа. З даволі істотным адрывам ад другога месца перамогу атрымала Жыркевіч Насця з Бабруйскай гімназіі № 3, яна ж некалькімі гадзінамі раней перамагла і на абласной матэматычнай алімпіядзе. Дзве такія перамогі за адзін дзень - гэта цікавы паказнік, цяпер вышэйшым навучальным установам трэба змагацца, каб прыцягнуць гэтае таленавітае дзіця ў шэрагі сваіх студэнтаў. Насця паказала лепшыя вынікі ў дзвюх намінацыях і атрымае спецпрызы за лепшы адказ на пытанне па прыродазнаўстве і за лепшую мову. У анкеце Насця напісала, што сваім адносна добрым валоданнем беларускай мовай яна абавязана свайму настаўніку Доўгалю Зміцеру.

Другое месца заняў хлопец з Бялыніч - Клепча Зміцер , навучэнец 11 класа абласнога ліцэя № 3, а трэцяе, дзякуючы лепшым развязкам матэматычных задач, - Верашчага Віталь , дзевяцікласнік Чавускай школы № 2.

Вызначыліся і два магілёўцы: Каламійчанка Мікіта даў лепшы адказ на пытанне па гісторыі Беларусі, ацэнены журы найвышэйшым балам, што бывае даволі рэдка ў гэтай намінацыі, а Юрась Ананіч атрымае спецпрыз за лепшы адказ на пытанне па беларускай літаратуры.

Перад пачаткам пяціборства была праведзена кніжная латарэя: у парадку лёсавання кожны ўдзельнік мог выбраць сабе дзве кнігі з тых, што сабралі валанцёры ТБМ. Там былі кнігі на беларускай і на рускай мовах. Цікава, што беларускамоўныя кнігі зніклі даволі хутка, нявыбранымі аказаліся некалькі рускамоўных кніг.

Журы правярала працы ўдзельнікаў да позняга вечара. Дачакаўшыся вынікаў, я задаў некалькі пытанняў сябрам журы:

Ігару Пушкіну , кандыдату гістарычных навук, дацэнту універсітэта харчавання.

- Які раз вы працуеце ў журы пяціборства і ці лічыце гэтую справу карыснай?

- Працую другі раз і лічу гэты праект вельмі значным, бо любая справа, скіраваная на родную мову, тым болей на моладзевай ніве, з'яўляецца неабходнай і карыснай для будучыні Беларусі. І тое, што вучні, нават слаба валодаючы беларускай мовай, прыходзяць удзельнічаць у такой справе, абнадзейвае.

- Якія ўражанні пакінула апошняе пяціборства?

- Радуе, што удзельнікаў стала болей, чым у мінулым годзе. Што ж тычыцца адказаў на гістарычнае пытанне, то можна адзначыць, што веды ў гісторыі сваёй краіны слабеюць. Найперш гэта тлумачу тым, што зараз гісторыю Беларусі не вывучаюць як асобны прадмет, і наша гісторыя стала малюсенькай часткай усеагульнай гісторыі. Але ж вось знайшоўся вучань, які даў на дзіва дакладны і поўны адказ, я з задавальненнем паставіў яму найвышэйшы бал. Такімі хлопцамі і дзяўчатамі ўратуемся.

Алене Асадчай , настаўніцы беларускай мовы, аспірантцы.

- Як на "Беларускім пяціборстве" ацэньваецца валоданне вучняў беларускай мовай? Наколькі аб'ектыўным з'яўляецца выстаўлены бал?

- Пры падліку балаў за мову выкарыстоўваецца формула, якая дазваляе вылічыць шчыльнасць памылак. Гэта фармалізаваны крытэрый, у пэўнай ступені аб'ектыўны. Аднак не ва ўсіх сітуацыях ён з'яўляецца для нас дастатковым, паколькі арыентаваны найперш на вызначэнне ўзроўню пісьменнасці, а багацце маўлення пакідае паза ўвагай. Інакш кажучы, удзельнік з абмежаваным лексічным запасам, што дапускае мала памылак, можа атрымаць такі ж бал, як вучань з багатым маўленнем, што зрабіў крыху больш памылак. Граматнасць і багацце маўлення - гэта толькі складнікі ведання мовы, ні адзін з іх паасобку не дае магчымасці ацаніць валоданне мовай. Таму пры вызначэнні пераможцаў, а тым больш пры прысуджэнні прыза за мову журы ўлічвае не толькі граматнасць, якая знаходзіць адлюстраванне ў балах, але і моўнае афармленне адказаў. І вось тут важную ролю адыгрывае думка члена журы, які ацэньвае мову. Такое ацэньванне я лічу настолькі аб'ектыўным, наколькі гэта магчыма ў дадзенай сітуацыі. Дарэчы на гэты раз спецпрыз за мову прысуджаны спаборніцы, у якой не самы высокі бал у гэтай намінацыі, журы пагадзілася ўлічыць багацце яе маўлення. Таму застаецца праблема знайсці больш падыходную формулу ацэнкі мовы.

- "Беларускае пяціборства" распачыналася як матэматычная алімпіяда на беларускай мове. Сёння ўдзельнікам прапануюцца пытанні яшчэ па трох дысцыплінах. Аднак пяциборства паранейшаму ў першую чаргу арыентавана на здольных матэматыкаў. Ці ўлічваецца гэта пры складанні заданняў па беларускай літаратуры? Ці былі выдатныя адказы на літаратурныя пытанні?

- На маю думку, удзельнікі "Беларускага пяціборства" выяўляюць агульную тэндэнцыю развіцця школьнай адукацыі: дзеці вучаць толькі тое, што ім здаецца патрэбным, што будзе неабходным для далейшага навучання. Таму ўзровень агульнай эрудыцыі даволі невысокі. Пры складанні заданняў па беларускай літаратуры аўтары не выходзяць за межы школьнай праграмы, пытанні датычацца толькі найбольш знакамітых асоб, імёны якіх павінен ведаць кожны беларус. Я дакладна магу сказаць, што гэта пытанні не алімпіяднага ўзроўню. Тым не менш, на апошніх чатырох пяціборствах выдатных адказаў на літаратурныя пытанні не было. Колькасць вучняў, што не адказваюць на пытанне зусім або даюць няправільны адказ, кожны раз значная.

- Наколькі рэальнай падаецца Вам перамога ў "Беларускім пяціборстве" спаборніка, які не ведае матэматыку?

Я думаю, што тэарэтычна магчыма перамога філолага. Найбольшай колькасцю балаў традыцыйна ацэньваюцца веды вучняў па матэматыцы і па мове. Астатнія пытанні каштуюць менш. Таму здольны філолаг мае не менш шанцаў перамагчы, чым здольны матэматык. І такое здараецца. Але матэматыкі ўсё ж перамагаюць часцей.

- Якім вам бачыцца "Беларускае пяціборства - ХV"?

- Думаю, калі яно адбудзецца - гэта будзе самае галоўнае. Безумоўна, за тое, што "Беларускае пяціборства" адбываецца, патрэбна шчыра падзякаваць Міхасю Булавацкаму, вучнямудзельнікам, якіх не меншае з году ў год. Але я, сама працуючы ў школе, хачу схіліць галаву перад тымі настаўнікамі, якія кожны год, адклаўшы свае ўласныя справы, забыўшыся на заўсёдную занятасць і стому, прыводзяць на "Беларускае пяціборства" вучняў. Дзякуй ім за тое, што яны выхоўваюць беларусаў.

Міхасю Булавацкаму , настаўніку матэматыкі, ініцыятару і кіраўніку праекта

- У вас нават матэматычная задача складзена на сюжэт з гісторыі Беларусі. Адкуль вы бярэце тэксты такіх задач?

- Матэматычныя задачы адмыслова для пяціборства складаю пераважна сам. З гістарычным сюжэтам задача ўпершыню. Недзе ўбачыў такую задачу з арабскімі прозвішчамі і пераклаў у кантэксце нашай гісторыі. Імёны каралеўскіх ведзьмароў запазычыў з рамана Вольгі Іпатавай "Альгердава дзіда". Тады іх астролагамі не называлі, але й жрацамі хутчэй таксама не называлі.

- Калі адбудзецца ўзнагароджванне пераможцаў?

- Не хутка, недзе ў лютым. Да гэтага ў нас яшчэ шмат працы: зрабіць фотаздымкі ўдзельнікаў, змакетаваць і раздрукаваць дыпломы і ўхвальныя лісты і - галоўнае! - напісаць кожнаму ўдзельніку ліст з паведамленнем аб тым, колькі балаў па кожнай намінацыі ён зарабіў і якія памылкі дапусціў.

- А навошта гэта рабіць? Можна ж проста патэлефанаваць і паведаміць вусна. Будзе хутчэй.

- Так, было б хутчэй. Але трэба глядзець глыбей. Людзі зараз кантактуюць праз тэлефон ці кароценькімі электроннымі тэксцікамі. Я ўпэўнены, што сярод 36 спаборнікаў наўрад ці знойдзецца такі, хто б атрымаў хаця б адзін паштовы ліст. І раптам такі ліст прыходзіць. А праз многа год гэты чалавек, расказваючы ўнуку пра сваю маладосць, успомніць, што першы ў жыцці паштовы ліст ён атрымаў на беларускай мове. Жыццё наша рэгулюецца не гераічнымі ўчынкамі, а дробязямі. Гераічныя ўчынкі здараюцца рэдка. А дробязяў кожны дзень дзесяткамі. І раптам праз пэўны час выявіцца, што адна з гэтых дробязяў адыграла вельмі значную ролю ў лёсе чалавека. Няхай наша дробязь будзе такой.

Зміцер Савіч, Магілёў.


«Хроніка Длугаша» друкуецца па-беларуску

Часопіс «Маладосць» пачаў друкаваць пераклад «Annales seu cronicae incliti Regni Poloniae» польскага гісторыка ХV стагоддзя Яна Длугаша.

Літаратурна-мастацкае выданне ў некалькіх нумарах будзе змяшчаць адрыўкі з найбольш вядомага твора паляка, якія тычацца Грунвальдскай бітвы. РВУ «Літаратура і Мастацтва», куды ўваходзіць часопіс, да 600-годдзя бітвы плануе выдаць пераклад асобнай кніжкай.

Ян Длугаш (1415-1480) - гісторык і дыпламат. «Annales seu cronicae incliti Regni Poloniae» - гэта гісторыя Польшчы ў 12 тамах. Была напісана на лацінскай мове. У «Хроніцы Длугаша», як яе яшчэ называюць, выкарыстаны матэрыялы дзяржаўных і царкоўных архіваў, польскія, чэшскія і венгерскія хронікі, рускія і літоўскія летапісы.


Белаазёрскай гарадской бібліятэцы далі імя Ніны Мацяш

"Я сябравала з Нінай Язэпаўнай 30 гадоў. Вы самі разумееце, як мы гэта ўспрынялі - як сапраўднае сьвята", - заявіла загадчыца бібліятэкі Тамара Кузьняцова. "Летась мы пісалі запыт, каб бібліятэцы надалі імя Ніны Мацяш. Гэтае пытанне разглядалі ў райвыканкаме і аблвыканкаме", - паведаміла Кузняцова "Свабодзе". Па-станова пра перайменаванне бібліятэкі датаваная 22 студзеня.

Паводле Кузняцовай, тое, што бібліятэцы надалі імя Ніны Мацяш, "патрабуе ад нас, каб мы змяніліся ў сэнсе вонкавага выгляду бібліятэкі. У нас даўно не было рамонту. А нам хочацца, каб бібліятэка выглядала прыстойна".

Наш кар.



Падрыхтоўка бібліятэкараў-краязнаўцаў у БДУ культуры і мастацтваў

Для сучаснага беларускага грамадства надзвычай актуальным з'яўляецца захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, выхаванне патрыятычнасвядомай і адказнай за лёс сваёй краіны моладзі. У вырашэнні гэтых праблем адметную ролю выконваюць айчынныя бібліятэкі, якія на працягу некалькіх дзесяткаў год развіваюць краязнаўчую работу як адзін з важнейшых кірункаў сваёй дзейнасці. Беларускімі бібліятэкамі назапашаны багатыя краязнаўчыя інфармацыйныя рэсурсы, на аснове, якіх аказваецца шырокі асартымент паслуг карыстальнікам, вядзецца актыўная папулярызацыя краязнаўчых ведаў. Больш за тое, абласныя універсальныя і публічныя бібліятэкі выступаюць як арганізатары краязнаўчага руху. Яны прыкладаюць вялікія намаганні па ўдасканаленні інфармацыйнага забеспячэння ўсебаковага вывучэння той ці іншай мясцовасці з мэтай захавання яе гістарычна-культурнай адметнасці і паспяховага комплекснага развіцця ў якасці суб'ектаў дзяржавы. Многія бібліятэкары самі з'яўляюцца даследчыкамі родных мясцін, удзельнічаюць у выхаванні моладзі. Неабходна адзначыць, што такія ўплывовыя міжнародныя арганізацыі як ЮНЕСКА і ІФЛА неаднаразова звярталі ўвагу на значнасць краязнаўчай работы бібліятэк і ў якасці найважнейшых кірункаў іх дзейнасці вызначалі захаванне і папулярызацыю рэгіянальнай культурнай спадчыны, выкарыстанне мясцовай інфармацыі для сацыяльна-эканамічнага і культурнага прагрэсу рэгіёнаў.

У бібліятэках Беларусі краязнаўчай работай займаюцца, як правіла, дасведчаныя і захопленыя сваёй справай бібліятэкарыбібліёграфы. У прафесійных колах і сярод карыстальнікаў бібліятэк у мінулым і сёння вядомы імёны такіх выдатных спецыялістаў, як М. Сокал, Р. Чыгірова (НББ), К. Біруковіч (Гомельская АБ), А. Катлёнак (Магілёўская АУНБ), А. Гатоўская (Маладзечанская ЦБ), В. Тумаш (Астравецкая ЦБ), Г. Захаранка (Светлагорская ЦБС) і інш. Вядома, што сапраўдны бібліятэкаркраязнавец - гэта унікальны спецыяліст сферы інфармацыі, веды, уменні навыкі якога набываюцца і фармуюцца ўсё працоўнае жыццё і невыпадкова, што ў некаторых бібліятэках, нават абласных, узнікаюць праблемы кадравага забеспячэння краязнаўчай дзейнасці. Бесперапынна паглыбляючы веды аб краі, бібліятэкаркраязнавец у сучасных умовах павінен ведаць асноўныя арганізацыйныя формы краязнаўчага руху, асаблівасці інфармацыйных патрэб абслугоўваемага рэгіёну, структуру і асноўныя характарыстыкі краязнаўчых дакументных плыняў, спецыфіку бібліятэчнабібліяграфічнай дзейнасці ў галіне краязнаўства.

Бібліятэчна-бібліяграфічная практыка на сённяшні дзень патрабуе ад спецыяліста ўмення выяўляць, ацэньваць і рэкламаваць розныя віды краязнаўчых матэрыялаў, ствараць і распаўсюджваць разнастайную прадукцыю краязнаўчага зместу, здзяйсняць арганізацыю бібліятэчна-бібліяграфічнай краязнаўчай работы, наладжваць узаемадзеянні з рознымі суб'ектамі краязнаўчага руху, весці плённую навуковадаследчую працу.

Усведамляючы значнасць і складанасць праблем кадравага забеспячэння краязнаўчага кірунку дзейнасці айчынных бібліятэк на факультэце інфармацыйна-дакументных камунікацый Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў была адкрыта спецыялізацыя "бібліятэчна-бібліяграфічнае краязнаўства", першы выпуск якой адбыўся ў 2001 г. Цяпер набор ажыццяўляецца як на дзённую форму навучання, так і на завочны факультэт. Большасць студэнтаўзавочнікаў валодаюць цікавым вопытам краязнаўчай работы, інфармацыйнага забяспячэння разнастайных рэгіянальных праблем, таму з ахвотай паглыбляюць прафесійнае веды і ўменні па гэтаму кірунку. Распрацаваны вучэбны план, які прадугледжвае вывучэнне гісторыі айчыннага краязнаўства і інфармацыйна-дакументных рэсурсаў краязнаўства, арганізацыі і тэхналогіі камплектавання фонда бібліятэкі краязнаўчымі матэрыяламі, асаблівасцей сістэматызацыі краязнаўчай літаратуры, методыкі і тэхналогіі яе бібліяграфавання, спецыфікі бібліятэчна-бібліяграфічнага абслугоўвання, а таксама краязнаўчай дзейнасці дзіцячых і школьных бібліятэк. Спецыялізацыя замацавана за кафедрай тэорыі і гісторыі інфармацыйна-дакументных камунікацый. У працэсе падрыхтоўкі бібліятэкараў-бібліёграфаў краязнаўцаў выкарыстоўваюцца розныя формы і метады вучэбнай, выхаваўчай і даследчай работы. Выкладчыкі імкнуцца не толькі перадаць студэнтам веды, неабходныя для паспяховай працоўнай дзейнасці, сфармаваць уменні і навыкі, але і выхаваць чулыя і зацікаўленыя адносіны да вывучэння і даследавання любой мясціны роднай Беларусі. Для гэтага выкарыстоўваюцца сустрэчы з вядомымі даследчыкамікраязнаўцамі, наведванні музеяў і выстаў, экскурсіі, удзел у канферэнцыях і іншыя формы. Так, студэнты спецыялізацыі прынялі актыўны ўдзел у прэзентацыі і навуковым абмеркаванні ўнікальнага краязнаўчага выдання "Хроніка Убарцкага Палесся". Яны з захапленнем слухалі аўтара - Анатоля Атнагулава, выдатнага даследчыка Лельчыцкага краю Гомельшчыны, вядомых беларускіх вучоных, пісьменнікаў і выдаўцоў М. Спірыдонава, У. Свяжынскага, В.Насевіча, Я. Янушкевіча, А. Каўруса, В. Скалабана, З. Санько, В. Хурсіка і інш. Пад час прэзентацыі студэнты не толькі пазнаёміліся з адным з лепшых сучасных выданняў і знакамітымі беларускімі краязнаўцамі, але і адчулі непаўторную атмасферу захаплення роднай гісторыяй, культурай, радасць і задавальненне даследчыка ад плённай працы. З удзячнасцю калектыў кафедры і студэнты прынялі каштоўны падарунак: экзэмпляр "Хронікі..." з аўтографам А. Атнагулава.

Цёплай і ўзрушальнай была сустрэча з былымі выпускнікамі факультэта, а зараз беларускімі пісьменнікамі Таісай Супрановіч і Андрэем Федарэнкам і прэзентацыя кнігі Т. Супрановіч "Матчын зарок". Творы Т. Супрановіч і А. Федарэнкі нясуць каларыт тых мясцін, дзе нарадзіліся і ўзраслі пісьменнікі, і ўдзельнікі творчай сустрэчы адчулі, як шчодра жывіць родная зямля слова, сюжэты і вобразы. Таленавітая пісьменніца і захапляльны чалавек Таіса Іосіфаўна Супрановіч стала жаданым госцем студэнтаў, сустрэчы з ёю выклікаюць роздумы аб жыццёвых лёсах, прызначэнні чалавека шанаваць здабыткі духоўнай культуры народа, дбаць пра лад і парадак на роднай зямлі, у сваім доме.

Нашы студэнты пастаянна працуюць з "Краязнаўчай газетай" на практычных занятках, рыхтуючыся да семінараў, выконваючы курсавыя праекты. Яны ўсведамляюць арганізацыйную ролю газеты ў сучасным краязнаўчым руху, яе значнасць як дакументальнай крыніцы краязнаўчых ведаў. Цікавыя і пазнавальныя сустрэчы з прадстаўнікамі рэдакцыі "Краязнаўчай газеты" праходзяцьу сценах універсітэта.

Пад час вандроўкі ў вёску Ракаў адбылася незабыўная сустрэча з мастаком Феліксам Янушкевічам; студэнты аглядзелі экспанаты, сабраныя ў прыватным музеі гаспадара, некалькі гадзін слухалі захапляючыя аповяды з мінулага Ракава, наведалі гістарычныя месцы гэтага старадаўняга пасялення.

Экскурсіі па Менску, іншых гарадах Беларусі, сустрэчы з многімі выдатнымі асобамі раскрываюць студэнтам шматгранныя бакі краязнаўства. Сучасныя краязнаўцы, з якімі пазнаёміліся нашы студэнты - гэта вучоныя, пісьменнікі, мастакі, інжынеры, бізнесмены і іншыя, выклікаюць захапленне энцыклапедычнасцю ведаў, звязаных з роднымі краямі, высокім інтэлектам і адукаванасцю, таленавітасцю і арганізаванасцю, а таксама уменнямі і настойлівасцю ў пошуку інфармацыі, выніковасцю яе выкарыстання. Студэнты бачаць, наколькі высока запатрабавана ў сферах навукі, адукацыі, папуляразацыі ведаў, набываная імі падрыхтоўка па працы з крыніцамі краязнаўчай інфармацыі і гэта, безумоўна, добратворна ўплывае на іх прафесійнае і грамадзянскае сталенне.

Істотнае значэнне надаецца вывучэнню практычнай краязнаўчай бібліятэчна-бібліяграфічнай дзейнасці. Некаторыя тэмы заняткаў выконваюцца на базе бібліятэк Менска, дзе студэнты вывучаюць дакументныя рэсурсы і арганізацыйныя формы работы, у т.л. з прымяненнем аўтаматызаваных тэхналогій, а таксама знаёмяцца са спецыялістамі, пераймаючы іх досвед і адносіны да справы. Уплыў кампетэнтных, інтэлігентных прафесіяналаў, якія ўражваюць студэнтаў глыбінёй ведаў, уменнямі хутка выканаць любыя запыты чытачоў ці з дапамогай старых фаліянтаў, ці шляхам пошукаў у базах дадзеных, жывіць уяўленні моладзі аб цікавай і карыснай прафесійнай дзейнасці.

Прыемна таксама адзначыць, што ў краязнаўчым фондзе кафедры з'явіліся каштоўныя падарункі: камплект гісторыкакраязнаўчых часопісаў "Лідская зямля" польскага гісторыкакраязнаўчага таварыства з Ліды, часопіс "Лідскі летапісец" С. Судніка, унікальная кніга лідскіх краязнаўцаў Л. Лаўрэша і У. Круцікава "Ліда на старых малюнках, паштоўках і фотаздымках", творы даследчыка Дзяржыншчыны А.І. Валахановіча, краязнаўчыя газеты з розных месцаў, бібліяграфічныя краязнаўчыя паказальнікі і іншыя выданні з аўтографамі і пажаданнямі студэнтам спецыялізацыі ад аўтараў, бібліятэк і рэдакцый. Гэтыя выданні актыўна выкарыстоўваюцца на занятках па шэрагу дысцыплін спецыялізацыі і выклікаюць у будучых бібліятэкараў-бібліёграфаў асаблівую цікавасць.

Студэнты спецыялізацыі ўдзельнічаюць у рабоце гісторыка-краязнаўчага таварыства універсітэта "Этна", якім кіруе аспірант Павел Каралёў. "Этна" праводзіць вельмі актыўную і разнастайную работу па папулярызацыі краязнаўчых ведаў, выступае з грамадскімі ініцыятывамі па ахове гістарычнай спадчыны. Удзел у мерапрыемствах сумесна са студэнтамі іншых спецыяльнасцей дапамагае будучым бібліятэкарам-бібліёграфам краязнаўцам паглыбляць веды пра Беларусь і яе гістарычныя мясціны, засвойваць формы краязнаўчай работы, усвядоміць важнасць інфармацыйнага забеспячэння дадзенага кірунку грамадскай і навуковай дзейнасці.

Інтарэс да краязнаўства ўплывае на выбар тэматыкі курсавых і дыпломных работ, дакладаў на навуковых студэнцкіх канферэнцыях, між іншым шэраг навуковых работ атрымалі катэгорыі на Рэспубліканскіх конкусах навуковых работ студэнтаў.

Усе формы вучэбнай і выхаваўчай дзейнасці накіраваны не толькі на засваенне неабходных будучым спецыялістам ведаў, але і на выхаванне адмысловага светапогляду бібліятэкара-краязнаўцы. Гэтага магчыма хутчэй дасягнуць, калі на спецыялізацыю "бібліятэчна-бібліяграфічнае краязнаўства" паступаюць абітурыенты, неабыякавыя да роднай зямлі, да сваіх каранёў, схільныя да пошукава-даследчай працы. Набліжаюцца чарговыя ўступныя экзамены на факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый на дзённую і завочную формы навучання. Мы спадзяёмся, што гэта спецыялізацыя будзе карыстацца папулярнасцю сярод абітурыентаў і ў верасні яна папоўніцца здольнымі і таленавітымі студэнтамі, якія ў свой час прынясуць вялікі плён айчыннаму краязнаўству.

В.І. Саітава , кандыдат педагагічных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX