Папярэдняя старонка: 2010

№ 09 (952) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 9 (952) 3 САКАВІКА 2010 г.

Са святам вясны!

Дарагія беларусачкі!

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" віншуе вас з самым вясновым святам - Міжнародным жаночым днём. Як вясновае сонца будзіць прыроду, шчодра дорачы сваё цяпло, так і вы, нашы любыя, беларускім словам напаўняеце любоўю і дабрынёй родную Беларусь.

Мы жадаем вам добрага здароўя, святла і цеплыні ў вашых сем'ях, бадзёрасці і аптымізму ў штодзённых і творчых справах. Хай з вашых вуснаў і вуснаў вашых блізкіх мілагучнае звонкае беларускае слова разальецца магутнай паводкай па ўсёй нашай краіне.

Сакратарыят ТБМ.


Зніч адсвяткаваў сваё 70-годдзе

24 лютага ў межах праграмы Міжнароднай асацыяцыі музеяў "Museum for social harmony" у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася творчая сустрэча "Святло хрысціянскай паэзіі". Мерапрыемства больш паходзіла на ўтульнае хатняе свята - святкавалі 70-годдзе паэта, публіцыста, філосафа Алега Бембеля (Зніча). На фоне мастацкай экспазіцыі народных рамёстваў паэт Зніч, ён жа інак Мікалай, чытаў вершы, хрысціўся ды кланяўся.

Творчы і жыццёвы шлях паэта багаты на прыгоды, выпрабаванні, нечаканыя павароты лёсу. Ён нарадзіўся 16 снежня 1939 у Менску, і ўзнёс-лае жаданне змяніць свет прывяло яго найперш у камуністычную партыю, потым - у нацыянальны рух, а ў 1996 да праваслаўнай веры. Найбольш вядомая яго кніга "Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс", якую Таварыства беларусаў Велікабрытаніі надрукавала ў Лондане ў 1985 годзе.

Пад псеўданімам Зніч ён пачаў супрацоўнічаць з беларускай нацыянальнай незалежнай прэсай, выдаваўся ў ЗША і Польшчы, супрацоўнічаў з часопісам "Праваслаўная думка".

- Якое ўражанне аказвалі ў 80-х на нас твае вершы! - эмацыйна выказваецца даследчыца літаратуры Ірына Багдановіч. - Духоўныя вершы на той час знайсці было немагчыма. Традыцыя духоўнай паэзіі была перарваная, і шчасце беларускай літаратуры, што ў ёй ёсць ты.

Пасля адыходу ад мірской мітусні Алег Бембель, цяпер больш вядомы як інак Мікалай, не пакінуў сваёй літаратурнай дзейнасці. Больш за тое, вершы яго, як і раней, застаюцца вельмі шчырымі, нават катэгарычнымі.

Святлана Палікарпава.


120 гадоў з дня нараджэння Вінцука Адважнага

АДВАЖНЫ Вінцук [сапр.: Германовіч Язэп; псеўданімы: Лявон Ветрагон, Хлопчык з-пад Горадні; крыптанімы: А.В., В.Адв., A.W., W.A.; 4.3.1890, мяст. Гальшаны Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Ашмянскі р-н Гарадзенскай вобл. - 26.12.1978, Лондан], каталіцкі святар усх. абраду, паэт, публіцыст. Пераследаваўся польскімі і савецкімі ўладамі. Вучыўся ў Гальшанскай пачатковай і Ашмянскай гарадской школах; у 1913 скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. 29.6.1913 пасвечаны ў святары; працаваў у розных парафіях Беластоцкага дэканата. У 1921 уступіў у Таварыства беларускай школы; арганізаваў адну з бел. школ, у касцёле гаварыў казанні на бел. мове. Гэта выклікала незадаволенасць найвышэйшай іерархіі, і Адважны вымушаны быў пераехаць у Друю, дзе ў 1924 уступіў у ордэн марыянаў. Служыў там пробашчам, адначасова выкладаў Закон Божы і лацінскую мову ў мясцовай гімназіі. Празаічныя і паэтычныя творы А. рэгулярна з'яўляліся на старонках перыядычнага друку («Krynica», «Chryscijanskaja Dumka»). У 1932 годзе а. Язэп Германовіч прымае ўсходні абрад, але працаваць на Бацькаўшчыне для адраджэння ўніі яму не давялося. У 1932-1936 гг. і 1938-1948 гг. ён вымушаны быў працаваць місіянерам сярод расейскіх католікаў усходняга абраду ў Харбіне (Кітай) разам з другім выдатным святаром-беларусам архімандрытам Фабіянам Абрантовічам. Гэты перыяд яго жыцця адлюстраваны ў падарожных нататках «На Далёкі Ўсход» (Вільня, 1937). У 1936 вярнуўся ў Вільню, кіраваў Беларускім марыянскім домам студэнтаў. У 1938 дэпартаваны разам са студэнтамі ў Цэнтральную Польшчу. Зноў выехаў у Харбін. У 1948 арыштаваны кітайскай паліцыяй і перададзены савецкім органам бяспекі. Быў прысу-джаны да 25 гадоў прымусовых работ у лагерах. Знаходзіўся ў зняволенні ў Сібіры. Пасля смерці Сталіна вызвалены. Выехаў у Польшчу, а ў 1959 у Італію, затым у Вялікабрытанію. Пра сваё знаходжанне ў лагерах напісаў успаміны «Кітай - Сібір - Масква». Жывыя, яскрава па-дадзеныя сведчанні чалавека, які прайшоў праз ГУЛАГ, выклікалі вялікую цікавасць, былі апублікаваныя на бел., італьянскай, польскай, літоўскай мовах. У эміграцыі рэдагаваў час. «Божым шляхам» (Лондан).


ПАЎЛУ СЦЯЦКО - 80

Гэтае імя сёння добра ведаюць не толькі на Беларусі, але і далёка за яе межамі. Павел Уладзіміравіч СЦЯЦКО ўваходзіць у склад Камісіі па словаўтварэнні Міжнароднага камітэту славістаў, у склад Міжнароднага Камітэту беларусістаў; удзельнічаў у працы ІХ Міжнароднага з'езду славістаў (апублікаваны два яго выступы ў "Матэрыялах ІХ МЗС"), І Міжнароднага Кангрэсу беларусістаў, у многіх міжнародных сімпозіюмах і канферэнцыях. Даследуе праблемы лексікалогіі, фаналогіі словаўтварэння, этымалогіі, граматыкі бел. літ. мовы, дыялекталогіі. Яго працы па беларускай народнай мове, словаўтварэнні і культуры мовы добра ведаюць на славістычных аддзяленнях многіх універсітэтаў свету. Кнігі "Пачатковы курс мовазнаўства" (Гродна, 1993); "Праблемы нормы, культуры мовы" (Гродна, 1998); "Праблемы лексічнага нармавання беларускай мовы" (Гродна, 1999); "Уводзіны ў мовазнаў-ства" (Гродна, 2001); "Культура мовы" (Мн., 2002), «Мовазнаўчы досвед» (2005) і інш. з'яўляюцца настольнымі ў беларускіх лінгвістаў.

Рэцэнзіі на працы прафесара Паўла Сцяцко друкаваліся на старонках знаных славістычных часопісаў у Нямеччыне, Чэхасла-ваччыне, Польшчы і іншых краінах на нямецкай, чэшскай, польскай, украінскай, рускай і іншых мовах.

Звыш 10 гадоў прафесар П.У. Сцяцко ўваходзіць у склад рэдкалегіі газеты "Наша слова". Пазіцыі П.У. Сцяцко па пытаннях вяртання ў беларускую мову спрадвечных беларускіх слоў і нормаў з'яўляюцца вызна-чальнымі для многіх беларускіх аўтараў і пе-рыядычных выданняў, аказваюць сур'ёзны ўплыў на працэс беларускай моватворчасці.

(Пра П.У. Сцяцко чытайце на ст. 2.)


НЕСПАТОЛЬНАЯ АДДАНАСЦЬ БЕЛАРУШЧЫНЕ

Да 80-ых угодкаў прафесара Паўла Сцяцко

Захопленасць працай, пастаянны пошук новых навуковых даляглядаў - рысы, якія характарызуць сапраўднага навукоўцу. I ўсё гэта ўласціва доктару філалагічных навук, прафесару Паўлу Уладзіміравічу Сцяцко. Кажуць, што калі чалавек плённа працуе і любіць сваю дзейнасць, то яго душа заўсёды застаецца маладой. Хто ведае Паўла Уладзіміравіча, таму ў гэта сапраўды верыцца, бо можна толькі пазайздросціць ягонаму аптымізму, веры ў адраджэнне беларускага духу, ягонай адданасці справе свайго жыцця - даследаванню роднай мовы. Гэтая адданасць насамрэч неспатольная, бо і сама справа надта вялікая, і прага душы да гэтай справы, пранесеная праз усё жыццё, не змяншаецца з кожным годам.

Без любові да роднай зямлі - не толькі ў шырокім сэнсе, але і да таго месца, дзе чалавек з'явіўся на свет, - немагчымая праца на яе карысць. П.У. Сцяцко нарадзіўся 5 сакавіка 1930 г. у в. Грабава Зэльвенскага раёна Гарадзенскай вобласці. Як распавядае сам Павел Уладзіміравіч, цікаўнасць да вывучэння моваў узнікла яшчэ ў дзяцінстве, калі ў школе вучылі па-польску, дома размаўлялі па-беларуску, а маці, якая ў маладосці падчас Першай Сусветнай вайны жыла ў Расіі, часам расказвала гісторыі па-руску. Гэта па-спрыяла ўсведамленню патрэбы ведаць шмат моваў. Але жыццёвы шлях вёў ад роднай хаты да Гародні. Лексіка ж зэльвенскіх гаворак у далей-шым плённа даследавалася Паўлам Уладзіміравічам.

Навуковай і педагагічнай дзейнасці папярэднічала выдатная адукацыя. Спачатку П.У. Сцяцко паступіў на матэ-матычны факультэт Гарадзен-скага педагагічнага інстытута, але праз два месяцы зрабіў свой выбар на карысць мовазнаўства: перавёўся на філа-лагічны факультэт. Ужо ў той час займаўся навуковай дзейнасцю: студэнцкая навуковая праца П.У. Сцяцко атрымала першую катэгорыю на Рэс-публіканскім конкурсе. Удзе-льнічаў у зборы матэрыялаў для «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы».

У 1953 годзе П.У. Сцяцко скончыў навучанне з дып-ломам выдатніка і застаўся працаваць у Гарадзенскім педагагічным інстытуце вы-кладчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры. Потым быў абраны на пасаду старшага выкладчыка кафедры беларускай і рускай мовы. Канды-дацкія экзамены здаў экстэрнам пры Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі і ў 1961 годзе быў залічаны ў аспірантуру гэтай установы. Кандыдацкая дысертацыя, прысвечаная народнай лексіцы Зэльвеншчыны, была абароненая датэрмінова ў 1962 годзе. Першым апанентам па дысертацыі Паўла Уладзіміравіча быў Народны пісьменнік Беларусі, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі, акадэмік Кандрат Крапіва (дарэчы водгук гэты змешчаны ў Зборы твораў пісьменніка). У 1980 годзе ў Акадэміі навук Беларусі П.У. Сцяцко абараніў доктарскую дысертацыю па словаўтварэнні ў беларускай народнай мове і стаў першым у гісторыі доктарам навук у галіне беларускай дэрываталогіі.

Прафесійная дзейнасць П.У. Сцяцко шчыльна звязаная з Менскім педагагічным інстытутам імя Горкага, дзе ён пра-цаваў амаль 20 гадоў: з 1962 да 1981 года, а таксама з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Ф. Скарыны, дзе з ліпеня 1981 года па ліпень 1990 года П.У. Сцяцко ўзначальваў кафедру рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства.

Сямнаццаць гадоў прысвечана працы ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце, куды П.У. Сцяцко быў запрошаны ў 1990 г. рэктарам гэтай установы. Тут Павел Уладзіміравіч удзельнічаў у стварэнні факультэта беларускай філалогіі і культуры і кафедры беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства, якой кіраваў на працягу сямнаццаці гадоў. Ім заснаваная навуковая школа па дэрываталогіі «Словаўтварэнне ў славянскіх і германскіх мовах». Яна стала шляхам у навуку для многіх даследнікаў мовы. Нельга не адзначыць выдатныя якасці Паўла Уладзіміравіча як навуковага кіраў-ніка - патрабавальнасць і вера ў сілы гадаванцаў, спагадлівасць і зычлівасць. Пад ягоным кіраўніцтвам абараніліся 4 магістранты, 15 аспірантаў сталі кандыдатамі навук. Васьмі яго гадаванцам прысвоена званне дацэнта і аднаму - прафесара. 10 з іх працуюць у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце на 6 кафедрах.

У ГрДУ імя Янкі Купалы П.У. Сцяцко і цяпер працуе прафесарам кафедры беларус-кага і тэарэтычнага мовазнаўства, а таксама загадчыкам навучальна-метадычнай лабараторыі філалагічнага факультэта. 3 траўня 2008 года Павел Уладзіміравіч узначальвае Раду па абароне кандыдацкіх дысертацый па спецыяльнасці «10.02.20. Параўнальна-гістарычнае, тыпалагічнае і супастаўляльнае мовазнаўства».

За гады плённай педагагічнай і даследніцкай працы П.У. Сцяцко павышаў кваліфі-кацыю ў Карлавым універсітэце (г. Прага), Варшаўскім універсітэце. Прымаў удзел у працы IX Міжнароднага з'езду славістаў. У 1991-1994 гадах працаваў па сумяшчальніцтве ў Беластоцкім філіяле Варшаўскага універсітэта, дзе чытаў курс сучаснай беларускай мовы, параўнальнай граматыкі беларускай, рускай і польскай моваў, вёў спецсемінар пра словаўтварэнні ў гэтых мовах. Па словах самога Паўла Уладзіміравіча, у час знаходжання за мяжой убачыў, што беларуская мова карыстаецца па-шанай ва ўсім свеце і выклікае цікавасць у навукоўцаў іншых краін, што яшчэ раз пераканала яго ў неабходнасці павышэння аўтарытэту нашай мовы і культуры ў Беларусі.

У пачатку 1990-х гадоў стаў першым старшынём Гарадзенскай абласной Рады ТБМ, потым быў намеснікам старшыні Рады.

Навуковую дзейнасць П.У. Сцяцко цяжка пераацаніць. Яна прысвечаная розным раздзелам мовазнаўства: беларус-кай навуковай тэрміналогіі, словаўтварэнню ў беларускай народна-дыялектнай і літаратурнай мове, яе стасункам з іншымі славянскімі мовамі (рускай, украінскай, польскай, балгарскай). Ён з'яўляецца аўтарам 36 кніг, а ўсяго ім апублікавана болып за 500 навуковых працаў у беларускіх і замежных выданнях. Кні-гамі, якія ён стварыў і многія з якіх з'яўляюцца ўнікальнымі, карыстаюцца і студэнты, і навукоўцы. Вынікам даследавання структурна-семантычных асаблівасцяў народных гаворак і літаратурнай мовы сталі такія працы, як «Дыялектны слоўнік (з гаворак Зэльвеншчыны)» (1970), «Народная лексіка» (1970), «Анамастычны слоўнік Гродзеншчыны» (2005), «Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны» (2005), напісаны ў суаўтарстве «Слоўнік рэгі-янальнай лексікі Гродзеншчыны» (1999). Усе гэтыя працы атрымалі высокую ацэнку беларускіх і замежных мовазнаўцаў.

Вялікая заслуга П.У. Сцяцко ў распрацоўцы пытанняў словаўтварэння. Ён стваральнік такіх працаў па дэрываталогіі, як «Народная лексіка і слова-ўтварэнне» (1972), «Беларускае народнае словаўтварэнне» (1977), раздзела «Словаўтварэнне» ў «Беларускай граматыцы» 1985 года (у суаўтарстве з В.П. Лемцюговай).

Яшчэ адной сферай доследу стала тэрміналогія беларускай мовы. Гэтай надзвычай надзённай тэме прысвечаныя шматлікія артыкулы П.У. Сцяцко. Ён з'яўляецца суаўтарам розных тэрміналагічных даведнікаў, такіх, як «Лингвистическая терминология в вузовскнх курсах» (1984), «Русско-белорусскнй лннгвнстнческнй словарь» (1988), «Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў» (1990), «Slownik terminologii lingwistycznej» (1994), «Руска-беларускі фізічны слоўнік» (1999). П.У. Сцяцко - навуковы кансультант па тэрміналагічным слова-ўтварэнні «Матэматычнай энцыклапедыі» (2001). Уваходзіць у склад Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі і ўзначальвае яе філіял у Гародні.

Пытанні нормы і культуры мовы займаюць значнае месца сярод навуковых інтарэсаў П.У. Сцяцко. Такія кнігі, як «Праблемы нормы, культуры мовы» (1998), «Праблемы лексічнага нармавання беларускай мовы» (1999), «Культура мовы» (2002), «Мовазнаўчы досвед» (2005), а таксама рэгулярныя публікацыі на старонках газеты «Наша слова» і іншых выданняў служаць мэце, акрэсленай аўтарам у прадмове да кнігі «Культура мовы» - «аднавіць натуральныя, структурна-сістэмавыя рысы беларускай мовы..., вярнуць нашай мове яе натуральнае нацыянальнае аблічча». Павел Уладзіміравіч уважліва ставіцца і да спадчыны беларускай мовы, і да сучаснага словаўжывання ў нацыянальным друку. Змагаючыся за чысціню роднай мовы, робячы слушныя заўвагі адносна культуры беларус-кага маўлення, П.У. Сцяцко захапіў і многіх людзей, якія сталі больш уважлівымі да слова. Праблемы, узнятыя навукоўцам, выклікаюць шчы-рую зацікаўленасць у самых розных беларускіх моўнікаў, прымушаюць разважаць сама-стойна і крытычна ставіцца да з'яваў, якія псуюць, засмеч-ваюць беларускае маўленне. Пералічаныя кнігі сталі даведнікамі для тых, хто не ўпэўнены ў правільнасці выбранага ва-рыянту слова і клапоціцца пра чысціню свайго маўлення. Такім чынам і рэалізуецца названая вышэй задача - вяр-танне беларускай мове яе ад-мысловых, адметных рысаў, частка з якіх сцерлася плынню гісторыі. Некаторыя з ідэяў Паўла Уладзіміравіча адлю-страваныя ў новай рэдакцыі правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Але, як зазначае ён у інтэрв'ю для газеты «Звязда», «змены ў правапісе, якія нядаўна адбыліся, закра-нулі вельмі невялікую частку таго, што нам трэба рабіць».

Падручнікамі і наву-чальнымі дапаможнікамі, створанымі П.У. Сцяцко, карысталіся і карыстаюцца навучэнцы сярэдніх спецыяльных устаноў і ВНУ. Ён аўтар і суаўтар 6 пад-ручнікаў і 7 навучальных дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Сярод іх навучальны дапаможнік для ВНУ «Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы» (1969), напісаны разам з М.С. Яўневічам, які быў пера-выдадзены тры разы, дапа-можнік для сярэдніх спецыяль-ных устаноў «Беларуская мова» (1970), падрыхтаваны ў суаўтарстве з М.Ц. Кавалёвай. П.У. Сцяцко створаная амаль траціна падручніка для педагагічных вучэльняў «Беларуская мова. Частка I» (1982, перавыдаваўся пяць разоў). У суаўтарстве былі напісаныя і іншыя навучальныя дапаможнікі: «Сучасная беларуская мова. Марфалогія» (1975, 1980), «Сучасная беларуская літаратурная мова. Лексікалогія. Фразеалогія. Арфагрфія» (1976), два выданні пра-грамы па сучаснай беларускай мове. Пры вывучэнні адпавед-нага курса студэнты карыстаюцца яго кнігамі «Пачатковы курс мовазнаўства» (1993) і «Уводзіны ў мовазнаўства» (2001).

Яшчэ тры кнігі рыхту-юцца да выдання - «Беларуска-руска-англійска-нямецкі фізічны слоўнік», «Нарысы культуры мовы» і «Прозвішчы Гродзеншчыны».

Павел Уладзіміравіч займаўся і займаецца рэдагаваннем навуковых выданняў. Быў рэдактарам навуковага альманаха «Гарадзенскія запісы. Старонкі гісторыі і культуры», адказным членам рэдкалегіі польскага навуковага выдання «Bialostocki Pszeglad Kresowy», «Весніка Беларускага дзяржаўнага універсітэта», «Весніка Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы», членам рэдкалегіі і навуковым кан-сультантам часопіса «Роднае слова», выдання «Беларуская мова: Энцыклапедыя».

Праца П.У. Сцяцко вя-домая і высока ацэненая і ў Беларусі, і за межамі нашай краіны. Варта ўзгадаць шматлікія граматы, сярод якіх Ганаровая грамата Дзяржаў-нага вышэйшага атэстацыйнага камітэта Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і іншыя. У 2004 годзе ён быў узнагароджаны медалём Францішка Скарыны. П.У. Сцяцко ўваходзіць у склад камісіі па словаўтварэнні Міжнароднага камітэта славістаў, удзельнічаў у працы IX Міжнароднага з'езду славістаў, I Міжнароднага кангрэсу беларусістаў. Вельмі важна тое, што навуковая і грамадская дзейнасць П.У. Сцяцко мае плённы вынік. Дзякуючы ёй не толькі павышаецца абазнанасць людзей у лінгвістыцы, але і павага да беларускай мовы, а праз гэта - да краіны, яе культуры і да саміх сябе.

Ад сябе і ад усіх былых і цяперашніх вучняў Паўла Уладзіміравіча віншую яго з 80-годдзем. Зычу моцнага здароўя, бадзёрасці і імпэту і каб скарбонка яго навуковых працаў працягвала папаўняцца і каб, перафразуючы Янку Купалу, думкі-зярняты трапілі ў добрую глебу і ўзыходзілі ды красавалі на ніве Беларушчыны.

Ганна Аўчыннікава , магістар філалагічных навук Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.


АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНАЯ ДЫКТОЎКА Ў МАГІЛЁВЕ

У Палацы культуры вобласці ў Магілёве 21 лютага прайшла ІІІ Агульнанацыянальная дыктоўка. Прымеркавана яна да Міжнароднага дня роднай мовы, а таксама да 20годдзя прыняцця ў Беларусі Закону аб мовах. Арганізавалі мерапрыемства клуб "Натхненне" пры Палацы культуры вобласці і Магілёўская гарадская арганізацыя "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

Дыктоўку па тэксце прадмовы Уладзіміра Караткевіча да кнігі «Памяць зямлі беларускай» пісалі больш за 50 магілёўцаў.

Спачатку з прадмовай перад прысутнымі выступіў старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў, які падкрэсліў, што родная мова з'яляецца неацэннай каштоўнасцю і скарбам для кожнага народа.

Урывак з кнігі Караткевіча гасцям вечарыны, як і летась, чытала настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі з гарадской гімназіі №1 Ганна Бандарэнка, якая зазначыла, што "Уладзімір Караткевіч - гэта чалавек, які вучыў нас любіць сваё, бо толькі тады мы людзі, калі ўмеем шанаваць тое, што нам дадзена Богам".

Пасля напісання дыктоўкі адбылося выступленне мастацкіх калектываў Палаца культуры вобласці, а магілёўскія літаратары Міхась Булавацкі, Таццяна Барысік і Наталля Кажэўнікава прачыталі ўласныя вершы.

Пераможцы ІІІ Агульнанацыянальнай дыктоўкі будуць абвешчаны праз некалькі дзён, хаця і зараз можна з упэўненасцю сказаць, што ўсе ўдзельнікі сённяшняга мерапрыемства, дакрануўшыся да гаючага беларускага слова, да цудоўнай спадчыны Уладзіміра Караткевіча, ужо сталі пераможцамі.

Юрась Каласоўскі, г. Магілёў.


Беларуская агульнанацыянальная дыктоўка ў Варшаве

У Дзень роднай мовы 21 лютага беларусы Варшавы пісалі агульнанацыянальную дыктоўку. Арганізавала яе Беларуская Нацыянальная Памяць. Узяць удзел у гэтай акцыі салідарнасці і падтрымкі роднай мовы прыйшло каля 40 чалавек.Тэкстам дыктоўкі стала прадмова Уладзіміра Караткевіча да кнігі «Памяць зямлі беларускай».

Наш кар.


Дзень роднай мовы ў Менску і ў Баранавічах

Баранавіцкія сябры ТБМ адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы культур-ніцкай акцыяй. У дзень роднай мовы сябры Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ўручылі дырэкцыі музычнай навучальні кнігу нашага краязнаўцы Алеся Горбача "Песняй даваў людзям радасць". Гэта кніга пра зана-камітага беларускага спевака Міхася Забэйду-Суміцкага, якога пры жыцці прыраўноўвалі да Леаніда Собінава, Ціта Скіпа, Энрыка Карузы. У гэтым годзе спаўняецца 110 гадоў з дня народзінаў слаўнага опернага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага, пра якога так шмат пісала харбінская, італьянская, польская, чэшская прэса. Такая доля ўсіх эмігрантаў, што яны змушаныя аддаваць сваю працу і талент таму народу, дзе яны жывуць. Савецкія ўлады зрабілі ўсё, каб на Радзіме людзі нічога не ведалі пра беларуса-эмігранта, які спяваў на 17 мовах свету і не зрокся беларускай мовы. Вось чаму цяперашнія беларусы вельмі мала ведаюць пра беларускага эміграцыйнага спевака, голас якога зачароўваў мільёны сэрцаў у Еўропе, Азіі, Амерыцы. Таму ў Міжнародны дзень роднай мовы мы падаравалі кнігу пра беларускага спевака Міхася Забэйду-Суміцкага выкладчыкам і сту-дэнтам музычнай навучальні, каб яны лепш ведалі славутыя імёны Беларусі.

Віктар СЫРЫЦА, старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ імя Ф. Скарыны



"За нашу і вашу свабоду" - выстава твораў суполкі "Пагоня", прысвечаная 172-м угодкам нацыянальнага героя Беларусі - Літвы Кастуся Каліноўскага і Вызвольнаму паўстанню 1863 - 64 гг.

У беларускім выяўленчым мастацтве тэма К. Каліноўскага, а таксама паўстання, кіраўніком якога ён быў, шырока адлюстравана. Пачынальнікамі гэтай тэмы сталі М. Андрыёлі, К. Альхімовіч, Г. Дмахоўскі - удзельнікі самога паў-стання.

У выяўленчым мастацтве XX ст. на гэтую тэму ства-рыў шэраг глыбокіх палотнаў Пётра Сергіевіч, у разьбе воб-раз К. Каліноўскага выдатна ўвасобіў А. Грубэ.

Ад 2000 года ўдзельнікі суполкі "Пагоня" кожны год да дня нараджэння героя і гадавіны паўстання ладзяць выставы, вечарыны, канферэнцыі.

У сёлетняй выставе прымаюць удзел мастакі М. Назарчук, А. Цыркуноў, М. Купава, В. Маркавец, Ул. Сулкоўскі, Алесь Мара ды іншыя творцы.

Выстава адкрылася ў пярэдадзень дня нараджэння К. Каліноўскага 1 лютага 2010 г. а 18-й гадзіне у сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (вул. Румянцава, 13, г. Менск) у рамках праграмы "Будзьма".

Наш кар.


КАНЦЭРТ "КУПАЛА/КАРАТКЕВІЧ" У НАВАПОЛАЦКУ

19 лютага адбыліся дзве творчыя сустрэчы з маладымі бардамі Раманам Ярашам і Андрэем Касценем. Яны пра-вялі два акустычныя канцэрты ў памяшканнях гімназіі №2 г. Полацка і гімназіі №2 г. Наваполацка.

На сустрэчах выконваліся спевы на словы Я. Купалы і У. Караткевіча. Па словах выкладчыка БДПА імя М. Танка Рамана Яраша, яны спецыяльна зрабілі праграму паводле вучэбнага курсу па беларускай літаратуры, каб яскрава расквеціць вядомыя з дзяцінства творы.

Выступоўцы ладзілі невялікія конкурсы з цікавымі пытаннямі. Тыя, хто адказваў правільна атрымлівалі падарункі. Вялікую цікаўнасць выклікалі шматлікія музычныя інструменты, якія выкарыстоўвалі музыкі. У гімназіі №2 г.Наваполацка аматары беларускай музыкі доўга не адпускалі музыкаў. Настаўнікі і вучні падарылі выступоўцам невялікія падарункі: кніжачкі з вершамі школьнікаў і каляровыя буклеты пра родны горад.

Сустрэчы арганізавала суполка "Рубон" Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

Наш кар.


Пра нашу народную песню

У 13-м нумары гістарычна-краязнаўчага і літаратурна-мастацкага альманаха "Куфэрак Віленшчыны" змешчана цікавая спроба манаграфіі Маршалкоўскага школьнага раёна былой польскай настаўніцы гэтай школы Белановіч Зофіі Мікалаеўны (1934 г). Апошні раздзел манаграфіі "Традыцыі" заканчваецца такімі радкамі: "Багатыя, розныя па зместу і мелодыі песні абрадавыя і каляндарныя, вясельныя, жніўныя, на Пятра і Яна, хрэсьбінныя. Гэтыя песні пяюцца на тутэйшай мове. Апроч таго, моладзь спявае песні польскія і расейскія. Спяваюць на некалькі галасоў, асабліва хлапцы."

Прайшло некалькі дзесяцігоддзяў, і ўжо многія з маладзейшых не даюць гэтаму веры, проста не ўяўляюць сабе такой з'явы. А мне і сёння, быццам наяву чуецца той зладжаны многагалосы хор. Група хлапцоў з 7 - 9-ці асоб, летнімі святочнымі вечарамі спацыруючы па вуліцы ад пачатку вёскі ў канец, да лесу і назад - пела. Пра гэта сведчыць і прыпеўка не без гумару:

Мы па вуліцы прайдзём,

Не судзіце, цётачкі,

Мы вашых дачок не любім,

Спіце без заботачкі.

Песень у запасе мелі многа, рэпертуар быў багаты. Ніколі не забываліся спець:

Сядзіць голуб на дубочку,

Галубка на вішні.

Скажы, скажы мой мілёнак,

Што ў цябе за мыслі...

Аднак "каронным нумарам" была ўсё ж песня "У полі, у полі..."

У полі, у полі, карчомка стаяла,

А ў тэй карчомцы казакі гулялі.


Казакі гулялі, дзеўку намаўлялі:

Паедзім, паедзім дзяўчынка із намі.


Паедзім із намі, з намі казакамі,

Табе будзе лепей, як у роднай мамы.


Ты дома хлеб ела,

штодзень хлеб аржаны,

А ў нас будзеш есці,

штодзень шатраваны.

Ты дома насіла ліповыя лыкі,

А ў нас будзеш насіць

штодзень чаравікі.


Ехалі казакі палямі, лясамі,

Прывязалі дзеўку да сасны касамі,

Заплакала дзеўка ўсімі галасамі.


Хто ў лесе пачуе, няхай паратуе,

А хто дочкі мае, ніхай навучае

Ніхай з казакамі гуляць не пускае.

Па свайму зместу песня гэта сугучна радкам, якімі пачынаецца паэма Т. Шаўчэнкі "Катэрына":

Кохайтэся, чорнобрыві,

Та нэ з москалямы*,

Бо москалі - чужі людэ,

Роблять лыхо з вамы.


Москаль любыть жартуючы,

Жартуючы кынэ,

Підэ в свою Московщыну

А дівчына гынэ.

У многіх беларускіх народных песнях прысутнічае вобраз каня, адвечнага нязменнага памочніка нашага сейбіта. Яму, нястомнаму працаўніку, аддае ў песні народ сваю любоў і павагу. Вось радкі з такіх песняў:

Ой, заржы, заржы, вараны каню ...


Ой застукацелі вараньм коні на дварэ,

Ой, загрукацелі

залатыя кубкі на стале.


Стаяць коні пры дарозе,

Запрэжаны ў новым возе.


Уставай жа, мой саколік,

досыць спаці,

Пара коні вараныя з лугу браці.


Чые то конікі для стаенкі стаяць?

Стаяць коні прыбраныя

вараныя, буланыя,

У дарожку сядланыя.


Да на гары новы двор,

Іграй, гуляй коню мой!


Там за садамі за зелянымі

Ой, там Ануфрэйка коніка пасе,

Коніка пасе, павадцом трасе.

Ой, еш, коніку, шоўкаву траву,

Ой, пі, коніку, крынічну ваду,

Бо паедзем мы да Ганначкі.


Канюшок Бога просіць:

Пасі ж Божа, маіх коні,

Ў чыстым полі, у Юр'евых росах,

У Мікольскіх травах.


Разыграўся Юр'еў конь,

Разбіў камень капытом.


Канюхі свішчуць, трох каней ішчуць.

Нашы конікі вараністыя,

знакамістыя:

У Васількава коніка калясом грыва,

У Іванькава коніка ў ва лбе звязда,

У Міхалкава коніка залаты капыт.


Лугам-берагам коні хадзілі,

Коні хадзілі ўсё гаварылі:

Жылі мы былі ў злога пана.

Ён нас позненька на луг выводзіў,

Ён нас раненька з луга прыводзіў,

Забрытваў аброткай вяроўчатай,

Путаў пяньковымі путамі.


Лугам берагам коні хадзілі,

Коні хадзілі ўсё гаварылі:

Жылі мы былі ў добрага пана.

Ён нас раненька на луг выводзіў,

Ён нас позненька з луга прыводзіў,

Забрытваў аброткай раменнаю, Путаў шаўковымі путамі.


Ніўка, ніўка, аддай мне сілку

на другую ніўку!

На коніка лой, на ніўку гной,

а мне здароўя!


Ой заржы, заржы, вараны коню,

дарогаю бегучы,

Чы не ўчуе мая дзеванька,

вяночак уючы.


Да зарзаў, зарзаў малады конічак,

Да па полі гарцуючы,

Пачула мая мілая, вячэру гатуючы.


Да дымна на полі дымна.

За чом яно так дымна?

Там малойчык ваюе,

Па ім матачка бядуе.

Не бядуй жа мамачка,

Не адзін я ваюю,

Сівы конь пада мною,

I сам Бог нада мною.


Ой, пры лужку, пры лужку,

Ды зялёным полі,

Пры знаёмым табуне

Конь гуляў па волі.

Дзяўчаты спявалі седзячы на лаўках на вуліцы ля хатаў. Звычайна ў руках трымалі галінкі пахучых раслін са свайго гародчыка - піжмы, мяты, божага дрэўца, кануфера. У іх былі свае жаночыя песні. Запомніліся:

Была я ў мамачкі адна на раду

Аддала мяне мамачка замуж моладу


Чырвона каліна, увесь свет закрасіла,

Чаму смутная не вясёлая, -

Ці не матуля біла?


Ой, пайду я лугам, лугам,

Там мой мілы арэ плугам.

Ён арэ, а я плачу

Свае леты марна трачу

(яе муж любіў другую).

У песнях дзяўчат нярэдка прысутнічаў Дунай. Гэта не давала мне супакою, чаму ў беларускіх народных песнях ды Дунай? Не інакш продкі калісь жылі там, на яго берагах.

Аднойчы наткнулася на "Апо-весць мінулых гадоў". Там Несцер-летапісец піша: "...I змяшаў Бог народы і раздзяліў на семдзесят і два народы і рассеяў па ўсёй зямлі... Ад гэтых сямідзесяці двух народаў і быў народ славянскі ад племені Яфета, норыкі, што і ёсць славяне. Калі прайшло многа часу^селі славяне на Дунаі, дзе цяпер зямля Венгерская і Балгарская ..."

Пра тое ж можна прачытаць і ў нямецкай хроніцы (Гекбардзі) XIII ст., дзе ўказваецца, што "Літва - сла-вяне, якія прыйшлі з берагоў Дуная." Нядрэнныя доказы адносна слуш-насці маіх меркаванняў. Вось куплеты з такіх песняў:

Сярод Дуная дзевачка сядзіць,

Красачкі рве, вяночкі ўе.


Дунай з морам паспіраліся

А за дзеваньку сірацінку.


Ой, на моры, на сінім Дунаі

Ляжыць кладка брусаваная,

А масточкі ўсе каваныя.


Ды рынула вада з Дуная,

3 Дуная ціхога, з беражка крутога.


За Дунай замуж пайшла,

Ні ў чым волі не мела.


Бяжыць рэчка ад мельнічка.

А другая ад Дуная.


Як будзеце на Дунай пускаць,

Пусціце і мой (вяночак).


Да й там Ганулька кубачкі мыла,

Кубачкі мыла, у Дунай пушчала.

Пушчу я паву па Дунаёчку,

А сама пайду па беражочку.


Ах ты вутачка-пераплывачка,

Ты цяпер на Дунаю.

Як пераплывеш сіне мора,

Там цябе невад злове.


На Дунаёчку, на беражочку

Купаліся два галубочкі.


Як пайду, пайду на Дунай па ваду,

Ці не ўвіджу каго роднага свайго?


Эй была ў мяне жана Ульяна,

На Дунаю ды ваду брала,

На камені ножкі мыла,

У Дунай-рэчке утанула.


Мядзведзь на лес палез,

А зайчык у Дунайчык.


Вот табе, свякроўка з Дунаю вада

Памыйся, напіся з поўнага вядра.


Ой пайду я да Дунаю,

да я стану падумаю.

Да ў Дунаю да дно відна.


Ой ляцелі гусі з далёкага краю,

Ваду замуцілі на сінім Дунаю.


Каля рэчкі, ля Дунаю

з'ела рыбка краску.

Я ў брацейка, я ў роднага,

я страціла ласку.

Колькі ж іх прыгожых, часцей за ўсё прасякнутых сумам песняў, у якіх адлюстравана жыццё. Стараннямі фальклорнага гуртка Групы прадоў-жанага дня Палачанскай сярэдняй школы ўдалося запісаць больш за сотню песень, якія адсылалі мы Г.А. Каханоўскаму - на той час навукова-му супрацоўніку Акадэміі Навук. Шчыра нам дзякаваў і прасіў не спыняць работы.

Ніл Гілевіч пісаў: "Фальклор - эстэтычная спадчына многіх пака-ленняў працоўных. Гэта частка той "сумы ведаў", тых духоўных багаццяў, якія выпрацавала за стагоддзі і тысячагоддзі чалавецтва і якія нам неабходна засвоіць". I яшчэ "Наступіла пара прабіць, можа быць, у апошні раз, трывогу, каб заклікаць на ўратаванне ад забыцця, ад беззваротнай страты неацэнныя скарбы вуснай паэзіі - сотні і тысячы традыцыйных народных песень, сотні і тысячы народных паданняў, прыказак і прымавак, загадак, замоў і іншых жанраў фальклору".

* * *

У 30-я гады мінулага стагод-дзя на гастролях у краінах Еўропы славуты наш спявак Міхась Забэйда - Суміцкі заўсёды ўключаў у свае канцэрты песні роднай старонкі. Пранікнёна гучалі ў яго выкананні беларусія народныя песні "Чырвоная калінанька", "Конь бяжыць - зямля дрыжыць", "Ой, дожджык ідзе", "Кукавала зязюля", "Малады дубочак", "Калыханка".

Не абмінае беларускую на-родную песню і Данчык Андрусішын. У яго рэпертуары "Перапёлачка", "Хара-шуха", "Лянок", "У полі вярба па-хілёная" і іншыя.Свае ўражанні ад пачутага выказала Людміла Багданец з Палескай СШ ў вершы "Спявае Дан-чык":

Мы гутарку спынілі на паўслове,

Тата пакруціў бялявы вус,

На мілагучнай беларускай мове

Спяваў амерыканскі беларус.


Нібы жаўрук над зарунелым полем,

Адолеўшы ў вясну нялёгкі шлях,

Спяваў так чыста, мякка,

што міжволі,

Заслухаліся неба і зямля.


Спявай, Багдан, спявай, далёкі браце,

I ведай, што ад голасу твайго

Святочна і прыгожа стала ў хаце,

I вольна, як рацэ без берагоў.


Хай абмінуць цябе ў жыцці няўдачы,

Хай лёс твой не маркоціцца ў журбе. За мову і за голас твой юначы,

За песні шчыра дзякуем табе.

Аднойчы мне пашчасціла быць сведкай нараджэння прьшеўкі. Шэрай гадзінай, за калаўроткам на прасніцы ля вакна сядзела жанчына. Прала, ціха сабе напяваючы. Раптам падзывае мяне і кажа: "Геня, паслухай якую я прыпеўку склала", і заспявала:

Было лета, было лета,

А цяпер ужо зіма.

Раней з мілым я сядзела,

А цяпер сяджу адна.

Я сказала тады, што прыпеўка харошая. I толькі праз гады, калі пасталела, зразумела, што ў гэтай, здавалася б простай прыпеўцы, жан-чына выказала ўсю трагедыю свайго жыцця, свой сум па незваротна страчаным шчасці. Свякроў разлу-чыла маладых людзей, і ёй трэба было прадаўжаць жыццё ў адзіноце.

Цяпер разумею, што выраз "У песні душа народа" не проста так сказаныя словы...

Спынюся коратка на песнях вясельных. Трэба заўважыць, як гэта цяпер ні выглядае дзіўна, але на вяселлі маладая плакала. Як жа не заплакаць, калі запяюць ёй:

Маладая Манечка

Што з табой зрабілася?

Што з табой зрабілася,

Што ты да нас прыбілася.

У нас поле гарыстае,

У нас вада нячыстая,

У нас вада нячыстая,

Свякроўка ганарыстая.

Характэрным было само выкананне песень, калі кожны куплет паўтараўся другой парай дзяўчат. Пры тым прыкладвалі далонь да шчакі рупарам, мабыць, каб словы песні лепш даходзілі да маладых, што сядзелі на куце за сталом пад абразамі, бо спявалі дзяўчаты стоячы ля парога каля печы.

Успамінаецца мне таксама кранальная з'ява. Пелі дзяўчаты, жнучы на Маршалкоўскім полі, а адпявалі ім тым жа куплетам дзяўчаты з другога поля суседняй вёскі Лу-жаны, балазе палі былі раздзелены нешырокім клінам лесу.

Тэма песеннай стыхіі беларусаў неабдымная, але я на гэтым закончу сваю даніну нашаму фальклору.

Яўгенія Чаплінская, в. Літва Маладзечанскага р-на.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX