Вярнуцца: 2010

№ 14 (957)


Крыніца: pawet.net.



14 (957) 7 КРАСАВІКА 2010 г.


БАРЫСУ КІТУ - 100

Барыс КІТ нарадзіўся 6 красавіка (24 сакавіка па старым стылі) 1910 г. у Пецярбургу. Пачатковую адука-цыю атрымаў у Наваградскай гімназіі. У 1933 г. скончыў фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта са ступенню магістра матэматыкі. З 1933 г. Барыс Кіт выкладаў матэматыку ў Беларускай гімназіі ў Вільні, а ў 1939 г. стаў яе дырэктарам. У 1940 г. заняў пасаду акруговага інспектара Баранавіцкай навучальнай акругі, арганізаваў пачатковыя і сярэднія школы ў Баранавіцкім, Слонімскім, Валожынскім і Ваўкавыскім раёнах, аднавіў Беларускую гімназію ў Наваградку. Б. Кіт быў актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі. Ён быў звязаны з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй, Таварыствам беларускай школы, БСРГ.

У час гітлераўскай акупацыі, узначальваючы семінарыю і школу ў Паставах і Маладзечне, ён ратаваў беларускую моладзь ад вывазу ў Германію. Ратуючыся ад сталінскай дыктатуры, паспытаўшы, што такое паланізацыя, русіфікацыя, фашысцкая акупацыя, пры якой, трапіўшы ў рукі гестапа, ён ледзь не загінуў (у час вайны Б. Кіт быў вязнем Глыбоцкай турмы), у канцы 40-х вучоны стаў грамадзянінам ЗША.

Сёння імя нашага суайчынніка добра вядома навуковай грамадскасці свету, дзякуючы яго працам па касмічнай праграме ЗША. З сярэдзіны 60-х гадоў Б. Кіт удзельнічаў у падрыхтоўцы першых амерыканскіх касмічных і ракетных сістэм. Як эксперт па астранаўтыцы ЗША ён прымаў удзел у міжнародных з'ездах, перамовах ЗША і СССР аб наладжванні паміж імі супрацоўніцтва ў галіне касмічных даследванняў. Ён чвэрць стагоддзя ўдзельнічаў у амерыканскіх касмічных даследаваннях, першым разлічыў прынцыпы выкарыстання вадароду як паліва для касмічных ракет, аб'ездзіў з лекцыямі амаль усе краіны свету.

Б. Кіт з'яўляецца аўтарам шматлікіх артыкулаў па тэарэтычных пытаннях ракетнай тэхнікі і касмічных даследаванняў, першага ў гісторыі навукі падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве, кнігі "Гісторыя і сучасны стан савецкай астранаўтыкі", а так-сама артыкулаў па гісторыі навукі і педагогіцы. У 1983 г. ён абараніў дысертацыю па гісторыі матэматыкі і атрымаў дыплом доктара філасофіі Рэгенсбургскага ўніверсітэта.

Ён толькі беларускую мову прызнае роднай, увесь час размаўляе на ёй, лічыць яе самай прыгожай, мілагучнай, здатнай канкураваць з асноўнымі еўрапейскімі мовамі. З'яўляецца сябрам ТБМ.


110 гадоў з дня нараджэння Гаўрылы Гарэцкага

ГАРЭЦКІ Гаўрыла Іванавіч [псеўданімы: Г.Гурык; Габрыель; 28.3(10.4).1900, в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. - 20.11.1988, Мінск], геолаг, географ, эканаміст, статыстык, дэмограф, публіцыст, грамадскі дзеяч. Брат М. Гарэцкага. У 1917-19 супрацоўнічаў з Беларускай секцыяй студэнтаў Горацкага сельска-гаспадарчага інстытута. Адзін з ініцыятараў і аўтараў выдання зборніка «Маладая Беларусь» (1922). Арыштаваны АДПУ у вер. 1922 у Маскве; вызвалены праз месяц. У 1924 скончыў Пятроўскую (Ціміразеўскую) сельскагаспадарчую акадэмію. З 1925 дацэнт БСГА; з 1927 дырэктар Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі пры СНК БССР. З 1928 акадэмік БелАН. Распрацоўваў шляхі рэалізацыі папулярнай у 1920-я г. ў БССР канцэпцыі «Беларусь - «чырвоная» Данія». Аўтар прац па эканоміцы, эканамічнай геаграфіі, фальклоры. Арыштаваны ДПУ БССР 24.7.1930 па справе «Працоўнай сялянскай партыі». Пазбаўлены звання акадэміка 6.12.1930. Асуджаны 6.6.1931 на 10 гадоў пазбаўлення волі. Датэрмінова вызвалены ў 1934. Працаваў у геалагічных экспедыцыях Гідрапраекта СССР. Арыштоўваўся ў 1937 і 1938. У 1946 стаў доктарам геолага-мінералагічных навук. Рэабілітаваны 22.4.1958; адноўлены ў званні акадэміка ў ліп. 1965. З 1969 да 1985 загадчык аддзела (з 1977 лабараторыі) геалогіі і палеапатамалогіі антрапагена Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР. З 1972 заслужаны дзеяч навукі БССР. Яго імем названы многія віды выкапнёвых раслін і жывёл. У 1997 створаны Міжнародны фонд братоў Гарэцкіх.

(Пра Г. Гарэцкага чытайце на ст. 2.)


Будзе беларуская манета да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы

Старшыні ТБМ Трусаву А.

вул. Румянцава, д. 13,

г. Мінск, 220005

Аб выпуску памятных манет

Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь

Паважаны спадар Трусаў!

Дзякуем Вам за цікавасць, выяўленую да эмісійнай дзейнасці Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

Разгледзеўшы на паседжанні стала дзейнай працоўнай групы па выпуску памятных манет Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь прапановы па тэматыцы памятных манет, прыведзеныя Вамі ў лісце ад 15.02.2010 г. № 27, Галоўнае кіраванне эмісійна-касавых аперацый Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь паведамляе наступнае.

Пералікам памятных манет Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, спланаваных да выпуску ў аварот у 2010 годзе (далей - Пералік), прадугледжаны выпуск у аварот памятных манет "Грунвальдская бітва. 600 год".

Нараўне з выкладзеным паведамляем, што ні Акадэміяй навук Рэспублікі Беларусь, ні Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь тэма, прысвечаная 350-годдзю Палонкаўскай бітвы, не прапаноўвалася да адлюстравання на памятных манетах і адпаведна не была ўключаная ў Пералік, такім чынам, не распрацоўваліся і эскізы памятных манет. Акрамя гэтага, вытворчыя і тэхналагічныя графікі манетных двароў, якія супрацоўнічаюць з Нацыянальным банкам, сфармаваныя ў тым ліку і на аснове вышэйпаказанага Пераліку, не дазваляюць ім у гэтак сціслыя тэрміны (дата свят-кавання - 28.06.2010) вырабіць і паставіць Нацыянальнаму банку дадзеныя памятныя манеты. У сувязі з гэтым выпуск названых памятных манет не ўяўляецца магчымым.

Начальнік Галоўнага кіравання эмісійна-касавых аперацый В.Н. Сокал.

(Друкуецца ў перакладзе з рускай.)


АДЗІН 3 ЦЭНТРАЛЬНЫХ ТЭЛЕКАНАЛАЎ У ПЕРСПЕКТЫВЕ МОЖА СТАЦЬ ЦАЛКАМ БЕЛАРУСКАМОЎНЫМ

Такое меркаванне вы-казаў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі. падводзячы вынікі дзейнасці кампаніі за 2009 год.

Нагадаем, на пачатку мінулага года адбылася сустрэча кіраўніка Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Алега Трусава і старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага, прысвечаная пашырэнню ўжытку роднай мовы на айчынным тэлебачанні. Вынікам яе стапа дамоўленасць аб рэалізацыі некалькіх асветніцка-прапагандысцкіх праектаў, звязаных з беларускай мовай, культурай і гісторыяй. Адзін з такіх праектаў-беларускамоўная мультыплікацыйная «Азбука» для самых маленькіх - ужо рыхтуецца да запуску на канале «ЛАД». Другі - цыкл перадач, прысвечаны 600-годдзю Грунвальдскай бітвы - мяркуецца вынесці на суд гледачоў гэтым летам. Адносна нядаўна, у Міжнародны дзень роднай мовы (21 лютага), таксама была рэалізаваная адмысловая акцыя-усе выпускі навінаў, уключаючы выніковую праграму «У цэнтры ўвагі», на каналах БТРК выходзілі на беларускай мове.

«Усе нашы дамоўленасці з ТБМ выконваюцца, - адзначыў спадар Зімоўскі, - і гэта не паказуха, а мэтанакіраваная пастаянная пакрокавая работа. Аднак для таго, каб нармальна весці парытэтнае дзвюхмоўнае вяшчанне, напэўна, я рабіў бы два розныя каналы, як гэта робіцца, напрыклад, у Бельгіі... Магчыма, калі дазволяць рэсурсы ці будзе такое жаданне ў дзяржавы, у будучым стане цалкам беларускамоўным «ЛАД» або Першы канал».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК . (Газета "Звязда", № 65-66 ад 3 красавіка 2010 г.)


Гаўрыла Гарэцкі і беларуская мова

У Гаўрылы Гарэцкага, як і ў яго старэйшага брата Максіма, любоў да роднай мовы, да роднага кута пайшла ад маці, Еўфрасінні Міхайлаўны, і дзядзінай Хрысцёны, якія ведалі процьму цікавых казак і прыгожых песняў. Ужо ў дзяцінствс яны адчулі шчасце ад матчынай ласкі, ад крышталёвай паэзіі беларускіх песняў, казак і мовы. Брату Гаўрылу і самай меншай сястрычцы Ганулі Максім казаў, што маці - першая і найлепшая настаўніца нашай роднай мовы, найдаражэйшага скарбу чалавека, таму трэба шанаваць сваю родную маці, родную мову. Максім у школе, а потым у Горацкім каморніцкаагранамічным вучылішчы прагна глытаў новыя веды, перачытаў шматлікія класічныя творы расейскіх, украінскіх, польскіх, беларускіх пісьменнікаў, шчыра палюбіў мастацкую літаратуру. Вялікі ўплыў зрабіла на яго паэзія Янкі Купалы і Якуба Коласа, ён захапляўся беларускай мовай, і неўзабаве "яго самога пацягнула пісаць. У "Нашай ніве" з'явіліся яго першыя нататкі і першае апавяданне "У лазні". Гаўрыла, які сталеў пад вялікім уплывам брата Максіма, ішоў яго шляхам і ў школе, і ў вучылішчы.

У Горках Гаўрыла, які вучыўся ў тым самым каморніцкаагранамічным вучылішчы, арганізаваў беларускі вучнёўскі гурток, які затым атрымаў назву "Беларуская секцыя вучняў Горацкіх сельскагаспадарчых школ", а з 1914 г. - "Беларуская секцыя вучняў Горацкага сельскагаспадарчага інстытута", якая існавала да 1924 г. Пры секцыі дзейнічалі аддзелы розных кірункаў. Гаўрыла актыўна ўдзельнічаў у працы тэатральнага аддзела. Яны інсцэніравалі паэму "Тарас на Парнасе", ставілі шмат якія п'есы беларускіх аўтараў Францішка Аляхновіча, Уладзіслава Галубка, Вінцэнта ДунінаМарцінкевіча ды інш. У. Галубок, які быў задаволены спектаклямі, нават падараваў на памяць свой фотаздымак з надпісам: "Г. Гарэцкаму У. Галубок".

Гаўрыла сур'ёзна ставіўся да ведання моваў: ён дасканала авалодаў не толькі беларускай, але і расейскай, украінскай, польскай і нямецкай. Вывучыў эсперанта, вёў перапіску на ім, а пазней выкладаў у розных гуртках. У 1917 г. ён выпісаў "Курс стэнаграфіі" па сістэме Ф.К. Габельсбергера і самастойна авалодаў ім. Пазней у Горках і Смаленску працаваў стэнаграфістам і ўсё жыццё карыстаўся ў сваёй працы стэнаграфіяй.

Пасля заканчэння вучылішча 20 верасня 1919 года Г. Гарэцкі быў накіравакы ў Уфу ў якасці каморнікаагранома і інструктарарэвізора па землеўпарадкаванні Уфімскага губземаддзела, але ўжо праз год паступіў на эканамічны факультэт Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе стварыў Беларускую культурнанавуковую асацыяцыю студэнтаў. На сходзе, прысвечаным першаму году яе працы, ва ўступным слове ён падкрэсліў (матэрыялы выдадзеныя ў Маскве ў 1922 годзе): "... толькі перад пустэльняй культурнай апусціліся яго ( беларуса Р.Г.) рукі. Апусціліся нямогла таму, што ён апынуўся "без мовы", ён здранцвеў пры выглядзе небывалага гістарычнага рабавання сваіх культурных каштоўнасцяў братаміславянамі, здранцвеў, калі пераканаўся, што і родныя сыны яго інтэлігенты пакідаюць свой шэры край, каб весялей пражыць жыццё ў "вялікіх гарадах", нацешыцца нябёсамі поўдню, прыгажосцямі ўсходу, сытасцю Сібіры, абяцаннямі і абяцанкамі Амерыкі. [...] Грукаталі шмат гадоў грамы смерці і жаху. Яны змоўклі. А беларус застаўся ля разбітага карыта. Свет крычаў аб дапамозе маленькай Бельгіі. А аб змучанай, скатаванай Беларусі ніхто не сказаў ні слова. Сама ж яна ўсё яшчэ "без мовы". Паўтарылася наша гістарычная трагедыя: народ не змог стаць сам сабе гаспадаром".

Наколькі гэтыя словы, якія зусім малады студэнт сказаў амаль 90 гадоў таму, актуальныя і цяпер! Народ без роднай мовы, без пацыянальнай самасвядомасці не можа быць гаспадаром у сваёй краіне.

Г. Гарэцкі, які марыў пра адраджэнне Беларусі, вельмі цікавіўся праблемай напыянальных адраджэнняў. У артыкуле "Регрессивность и прогрессивность национальных возрождений" (1922) ён пісаў: "Гісторыя XIX стагоддзя была гісторыяй нацыянальных адраджэнняў. Еўропа перажыла рэнесанс Чэхіі, Балгарыі, Сербіі, Краатыі, Даніі, Ірландыі; а ад гэтых краін нацыянальныя рухі, ідучы з захаду на ўсход, праз Польшчу, дакацілася да Ўкраіны, Беларусі, Літвы... (...) важна абгаварыць нацыянальную праблему на старонках органа студэнтаў менавіта Пятроўкі, дзе сярод гуртковых арганізацый ёсць арганізацыі, нацыянальныя Украінскі гурток, Беларуская культурнанавуковая асацыяцыя, Габрэйскі агранамічны гурток, Латышскі і інш.".

Далей Г. Гарэцкі падкрэсліў надзвычайнае значэнне роднай мовы ў інтэгральных адраджэннях: "Безумоўна, цэнтральнае месца займае мова як найгалоўная прыкмета нацыі, нараўне з тэрыторыяй, нацыянальным характарам, псіхалогіяй, побытам, натуральнымі ўмовамі, гістарычнымі лёсамі і г.д. Мова галоўным чынам надае нацыянальныя формы культурным каштоўнасцям. Са смерцю мовы памірае народ, памірае нацыянальная культура". На пытанне "Які ж ідэал будучыні?", ён адказвае: "... сусветная культура прыгажэйшая, шматкаларытная, шматвобразная толькі пры шматнацыянальным складзе яе творцаў (...). Нічым не можа быць апраўданая забарона народу гаварыць на роднай мове". (...) "Сумнявацца ў рэальнасці, вінаваціць у выдуманасці нацыянальныя рухі ў Расіі (напрыклад, украінскі і беларускі) няма ніякіх падставаў: рухі гэтыя сталі масавымі, у іх прымае ўдзел галоўны і адзіны суддзя, яго Вялікасць сам народ. Задача адраджэнцкай беларускай і ўкраінскай інтэлігенцыі імкнуцца так паўплываць на ход рухаў, каб яны рэзанавалі з лепшымі вызвольнымі сацыяльнапалітычнымі ідэямі XX стагоддзя".

Г. Гарэцкі лічыў, што нацыяналыіае адраджэннс (у тым ліку і беларускае) павінна быць не толькі культурным і моўным, але і ўсеабдымыым, інтэгральным. У тым самым артыкуле ён пісаў: "У адроджанай эканамічна Беларусі закрасуюць мастацтва, навука, закрасуець беларуская мова. (...) Грамадзянскае, культурнае, эканамічнае, дзяржаўнае будаўніцтва паўстае перад беларусамі як вольным народам. Часовыя палітычныя завірухі шыбка мінуцца. Разарванае цела Беларусі зрасцецца, ажывіцца, і трэба цяпер ужо дбаць аб усебаковай культуры гэтага цела. Мова зойме пачэснае, падабаючае ёй месца. А папярэднімі задачамі стануць стварэнне новае гаспадаркі як падмуроўкі культурнага рэнесансу".

(Паводле кнігі Радзіма Гарэцкага "Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі і Ўкраіна".)


Сябар Рады ТБМ Уладзімір Арлоў - першы лаўрэат прэміі "Еўрапейскі паэт свабоды"

Прэмія за кнігу «Паром праз Ла-Манш» была ўручаная беларускаму пісьменніку 26 сакавіка ўвечары ў памяшканні Гданьскага тэатра. Заснавальнік узнагароды - урад Гданьска.

Гэта ўвогуле было першае ўзнагароджанне. Цырымонія атрымалася вельмі прыгожая, такая літаратурна-музычная, з прамовай мэра Гданьска. На гэтую прэмію былі намінаваныя паэты і паэткі з Сербіі, Швецыі, Францыі, Кіпра, Польшчы, Славакіі, Славеніі і іншых краін. Кніга "Паром праз Ла-Манш" выйшла па-беларуску ў Менску і па-польску ў Гданьску ў перакладзе Адама Паморскага. Спадар Паморскі - гэта выдатны польскі перакладчык, прэзідэнт польскага ПЭН-цэнтра. Дзякуючы яму два гады таму выйшла анталогія беларускай паэзіі.


Вучоная і настаўніца перадае досвед моладзі

Адзначаецца 110годдзе з дня нараджэння акадэміка Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага . Зараз ідзе падрыхтоўка да Міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай багатай і разнастайнай спадчыне вучонага, дэвізам якога былі словы «Беларусы павінны працаваць для Беларусі».

Адна з паплечніц акадэміка, Роза Адамаўна Зінава , кандыдат геолагамінералагічных навук, больш за 15 гадоў працавала разам у адной лабараторыі з Г.І і РГ. Гарэцкімі. У Розы Адамаўны назапашаны дзесяткі публікацый і кніг пра сям'ю Гарэцкіх, яе даклады на штогадовых Гарэцкіх чытаннях увайшлі ў зборнікі.

Роза Зінава нарадзілася ў вёсцы каля Беразіно, скончыла беларускамоўную вясковую школу са срэбным медалём. Яна марыла прысвяціць сябе геалогіі і пасля школы паехала паступаць у Ленінградскі ўніверсітэт імя Жданава на геаграфічны факультэт.

Ва ўніверсітэце я пачала займацца навуковай працай, узначаліла студэнцкае навуковае таварыства. У перыяд студэнцкіх практык пабывала ў г. Сабліна пад Ленінградам, на Ладожскім возеры, на рацэ Зеі ў Амурскай вобласці . Гэтыя вандроўкі пакінулі след у маёй душы і абудзілі ва мне цягу да падарожжаў у дальнія краіны. Мне хацелася прайсці шляхам СямёнаваТяньШанскага, Арсеннева і іншых выдатных падарожнікаў, распавяла Роза Адамаўна.

Пасля заканчэння універсітэта маладая даследчыца працавала ў экспедыцыях у Казахстане, вывучала кайназойскія адклады Прыаралля, падарожнічала ў далінах рэкаў Сырдар'і Куры. Яна была ўдзельніцай, а потым загадчыцай пошукавых геалагічных партый і атрадаў.

Роза Адамаўна, Вы шмат гадоў сябравалі з сям'ёй Гарэцкіх, былі знаёмыя з Ларысай Іосіфаўнай, ліставаліся с Галінай Максімаўнай Гарэцкай, наведвалі іх дома. Раскажыце, калі ласка, як адбылося Ваша першае знаёмства са слынным навукоўцам Гаўрылам Іванавічам Гарэцкім?

У Карагандзе я працавала ў складзе даследчых экспедыцый і завочна вучылася ў аспірантуры, працавала над дысертацыяй. Аднойчы мяне запрасілі ў Маскву на навуковы калоквіюм, на якім старшынстваваў акадэмік Гаўрыла Гарэцкі.

Міжнародны калоквіюм па геалогіі і фаўне сярэдняга плейстацэну Еўропы тады сабраў вядомых спецыялістаў з усёй Еўропы. Маё сэрца перапаўнялася гонарам, што яго вёў менавіта беларускі вучоны.

У перапынку я аглядала экспанаты аддзела палеанталогіі гістарычнага музея. Да мяне падышоў чалавек вельмі простага выгляду, падумалася, што музейны вартаўнік, і з цікавасцю распавёў пра экспанаты. Гэта быў прафесар Даніла Іванавіч Пагуляеў са Смаленска. Ён сябраваў з Гаўрылам Іванавічам з дзяцінства, на наступны дзень ён прадставіў мяне акадэміку як "зямлячку". Гаўрыла Іванавіч адразу перайшоў на беларускую мову, пацікавіўся маёй навуковай працай і сказаў, што маладыя вучоныя павінны працаваць дзеля Беларусі.

З тых часоў мы абменьваліся віншавальнымі паштоўкамі. У 1973 годдзе акадэмік Г.І. Гарэцкі ствараў навуковы калектыў у Менску і запрасіў мяне на працу. Я паслала сваё рэзюмэ і прайшла па конкурсе на замяшчэнне пасады старэйшага навуковага супрацоўніка, і была прынята на працу ў Інстытут геалогіі і геахіміі. З 1973 па 1978 я працавала ў складзе лабараторыі тэктонікі ў Радзіма Гаўрылавіча. На ўсё жыццё я засталася ўдзячнай яму за падтрымку і дапамогу. Ён сабраў у складзе сваёй лабараторыі самых лепшых супрацоўнікаў, якія былі ўлюблёныя ў геалогію. Пазней я перайшла працаваць да Гаўрылы Іванавіча, дзе займалася вывучэннем адкладаў кайназоя.У нашым калектыве панавалі добразычлівыя і сяброўскія адносіны.

Гаўрыла Іванавіч быў цалкам захоплены працай. Просты ў абыходжанні, энергічны, шчыры, увасабляў лепшыя рысы беларуса. Разам з супрацоўнікамі інстытута мы неаднаразова ездзілі ў даследчыя экспедыцыі па Беларусі, падтрымлівалі навуковыя кантакты з калегамі з Лтвы, Польшчы. З Гаўрылам Іванавічам не толькі працавалі ў інстытуце, але і выходзілі на вясновыя суботнікі, садзілі дрэвы ў Севастопальскім парку.

Мне запомніліся паездкі ў Калінінград,Талін, Рыгу, Вільню на нарады па тэктоніцы.

Радзімам Гарэцкім была створана Міжрэгіянальная тэктанічная камісія Беларусі і Прыбалтыкі. Вось мы і збіраліся кожны год у новым горадзе, дзе абмяркоўвалі пытанні па тэктоніцы.

Якім быў Гаўрыла Іванавіч ў паўсядзённым жыцці?

Гаўрыла Іванавіч і Ларыса Восіпаўна былі вельмі простымі, шчырымі і гасціннымі людзьмі, яшчэ дасавецкага выхавання, з высокай культурай, павагай да чалавека, ветлівасцю ў абыходжанні. Хто б ні прыходзіў у госці, яны лічылі сваім абавязкам добра прыняць і ў першую чаргу накарміць з дарогі. Ларыса Восіпаўна, Ларута, як ён яе зваў, рупілася пра здароўе мужа, варыла яму смачныя стравы і, часам, крупеню. Мне даводзілася той крупені пакаштаваць.

Багатая духоўная змястоўнасць, энцыклапедычныя веды, чалавечыя дабрыня і абаяльнасць, якімі быў надзелены Гаўрыла Гарэцкі многіх прываблівалі, яны ўзбагачаліся духоўна і станавіліся яго паслядоўнікамі.

Раскажыце, калі ласка пра Вашу даследчыцкую працу. У якіх навуковых канферэнцыях Вам даводзілася прымаць удзел разам з Гарэцкімі?

Працуючы у НДІ ГІГ я вывучала стратыграфію, палеаграфію і карэляцыю кайназойскіх адкладаў Беларусі і сумежных тэрыторый, праводзіла сумесныя даследванні з геолагамі Украіны, Літвы, Польшчы, Расіі, Казахстана. Працавала па Міжнароднай праграме МПГК, была вучоным сакратаром аргкамітэтаў, ХІ Міжнароднага кангрэса JNQUA ( 1982) і ХVІІІ Міжнароднага геалагічнага кангрэса (1984), Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 100годдзю з дня нараджэння Г.І. Гарэцкага.

З'яўлялася кіраўніком дыпломных і кандыдацкіх прац, надрукавала больш за 100 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфіі.

Нагадайце, калі ласка, якія тэмы Вы асвячалі для Гарэцкіх чытанняў?

Я вельмі ўдзячная сям'і Гарэцкіх, у мяне засталося шмат лістоў і паштовак ад Ларысы Восіпаўны і Галіны Максімаўны. Таму я старалася больш напісаці і распавесці пра іх жыццё. Адзін з маіх дакладаў называўся "Незабыўныя сустрэчы з Гаўрылам і Ларысай Гарэцкімі", другі -"Акадэмік Гарэцкі - самаадданы сын Беларусі". Праца "Акадэмік Г.І. Гарэцкі стваральнік беларускай навуковай школы антрапагену" была прысвечана зместу нашых даследванняў, у ёй распавядалася пра калегаў, вучняў і паслядоўнікаў Г.І. Гарэцкага, сярод якіх былі - доктар навук Г.Х. Хурсевіч, доктар навук Ф.Ю. Велічкевіч кандыдаты навук Г.І. Літвінюк, Н.А. Махнач, С.Ф.Зубовіч і іншыя.

У пазнейшыя гады Роза Адамаўна працавала ў 74 Менскай школе гімназіі выкладаючы геаграфію старшакласнікам. Яна стварыла навуковае таварыства моладзі, зацікавіла многіх вучняў даследваннямі.

Э. Дзвінская.


У САМАСТОЙНЫ ШЛЯХ - З БЕЛАРУСКАЙ МОВАЙ

Зварот да абітурыентаў Беларусі з нагоды ўступных экзаменаў

Паважаныя выпускнікі школ, гімназій, ліцэяў, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў!

Як і ў мінулыя гады, абітурыентаў ВНУ чакае тэсціраванне, запіс на якое ўжо пачаўся. Тэст-экзамен па беларускай мове адбудзецца 14 чэрвеня 2010 года. Мы перакананыя, што наша моладзь, узгадаваная ў незалежнай Беларусі, засведчыць перад беларускай і міжнароднай супольнасцю, што беларуская мова жыве і будзе жыць, нягледзячы на ўсе праявы шматгадовай русіфікацыі. Мы ўпэўненыя, што большая частка абітурыентаў абярэ беларускую мову падчас абавязковага тэсціравання.

Тэсціраванне па беларускай мове ў мінулым годзе дало ў Беларусі 122 абсалютныя 100-бальныя вынікі. Для параўнання: па рускай мове тэсты на 100 баллаў напісалі 30 чалавек, пры тым, што рускую мову абрала ў два разы больш абітурыентаў, чым беларускую. Імкніцеся пераўзысці гэтае дасягненне! Не бойцеся перасцярог, што тэсты па беларускай мове ў гэтым годзе будуць больш складаныя, чым па рускай мове.

Выбар беларускай мовы прадэманструе Вашу грамадзянскую сталасць і патрыятызм.

Выберам родную мову дзеля нашай будучыні!

Сакратарыят ТБМ

Прынята 31 сакавіка 2010 г.


ІІІ Агульнанацыянальная дыктоўка ў Асіповічах

Паважаная рэдакцыя!

Дасылаем кароткую інфармацыю аб праведзенай 21 сакавіка ІІІ агульнанацыянальнай дыктоўцы ў Асіповіцкай раённай арганізацыі ТБМ. Аб месцы правядзення паведаміць не можам, каб гаспадар не атрымаў спагнання ад мясцовай улады. Дыктоўку пісалі сем сяброў ТБМ. Тэксты дыктоўкі былі распаўсюджаны ва ўсіх школах горада і раёна, у культустановах. У некаторых школах дыктоўку пісалі ва ўмовах поўнай канспірацыі. Зараз ідзе збор напісаных тэкстаў у ТБМ для падвядзення вынікаў.

Ію дыктоўку мясцовыя ўлады дазволілі правесці пад сваім кантролем. ІІ і ІІІ аддалі на змеркаванні кіраўнікоў арганізацый, устаноў і г.д. Але большасць з іх не асмелілася даць дазвол.

Абапіраючыся на ўжо трохгадовы досвед арганізацыі агульнанацыянальных дыктовак, перакананы, што праводзяцца яны па ўсёй краіне кустарным спосабам, удзельнічаюць у яе напісанні пераважна сябры ТБМ, частка прыхільных вучняў. Адным словам, агульнанацыянальнага характару яна пакуль яшчэ не мае.

У сувязі з гэтым мяркуем, што рэспубліканская Рада "ТБМ імя Ф. Скарыны" павінна звярнуцца да Ўраду краіны ці хаця б да міністэрстваў адукацыі і культуры з прапановай аб падтрымцы імі ідэі агульнанацыянальнай дыктоўкі і садзейнічанні ў арганізацыі яе правядзення ў агульнадзяржаўным маштабе.

Пры станоўчым вырашэнні пытання, магчыма, ідэю агульнагнацыянальнай дыктоўкі падтрымаюць беларускае радыё і тэлебачанне, што было б вельмі добра.

Ад імя раённай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" старшыня С. Бародзіч .


Падручнікі будуць. Пачакайце.

Старшыні грамадскага аб'яднання

«Таварыствабеларускай мовы»

А. Трусаву

Паважаны Алег Трусаў!

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь разгледзела Ваш зварот. Паведамляем наступнае.

Выкладанне англійскай мовы ў III - IX класах агульнаадукацыйных устаноў з рускай мовай навучання ажыццяўляецца па вучэбных - дапаможніках з рускай лінгвістычнай базай, у агульнаадукацыйных установах з беларускай мовай навучання - з беларускай лінгвістычнай базай.

У перыяд абнаўлення зместу адукацыі і пераходу агульнаадукацыйных устаноў на 11-гадовы тэрмін навучання (2008/2009, 2009/2010 навучальныя гады) падручнікі для Х-ХІ класаў выдадзены агульным тыражом для агульнаадукацыйных устаноў з рускай і беларускай мовамі навучання з рускай лінгвістычнай базай.

Пачынаючы з 2011/2012 навучальнага года плануецца аднавіць выпуск падручнікаў для вышэйназваных класаў на беларускай мове.

Намеснік Міністра К.С. Фарыно.



6 красавіка 2010 года

на сядзібе ТБМ імя Ф . Скарыны ў межах праекта " ДЫЯЛОГ " адбудзецца сустрэча з Лявонам Баршчэўскім на тэму: " Беларуская мова ў еўрапейскім кантэксце "

Час сустрэчы - 19.00. Уваход вольны.


Слуцкія паясы на блоку паштовых марак

26 сакавіка у Нацыянальным мастацкім музеі адбылася прэзентацыя канвертаў і марак, прысвечаных слуцкім паясам, і іх спецгашэнне. Як адзначыў дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў, канверты з маркамі разыходзяцца ў многія краіны. "Гэтым самым мы прапагандуем нацыянальную культуру, у тым ліку наша мастацтва", - сказаў ён. Намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Ніна Гаўрылава нагадала, што гэта ўжо не першая беларуская марка, прысвечаная слуцкім паясам. Гэтым разам выпушчаны блок з трох марак наміналам 1 тыс. рублёў кожная. Ён надрукаваны накладам 20 тыс. асобнікаў з прымяненнем элементаў аховы. На марках - партрэт беларускага шляхціча Іосіфа Жагеля пэндзля невядомага мастака XVIII стагоддзя, Слуцкая брама Нясвіжа (Менская вобласць) і ўзор слуцкага пояса XVIII стагоддзя. Аўтары філатэлістычнай прадукцыі - мастакі Аляксей Нікалаеўскі і Іван Лукін. "Слуцкія паясы з`яўляюцца нашым нацыянальным сімвалам, нашым здабыткам, - заявіў на прэзентацыі міністр культуры Павел Латушка. - Я шкадую, што шляхціц, а можа і міністр культуры, не можа зараз завязаць гэты слуцкі пояс і хадзіць ім хваліцца. Але мы можам глядзець на яго і ганарыцца той прыгажосцю, майстэрствам і мастацтвам, якое існавала на нашай зямлі і існуе да гэтай пары".


Наперад! Ур-а-а-а!!!

Апавяданне

Інваліду Вялікай Айчыннай вайны другой групы з 1946 года, бацьку
(айчыму) Мікалаю Мікітавічу Скуцэню (1920 -1997)

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

Яны беглі міма Капус-ты, як і міма дзесятка іншых байцоў, сержантаў, афіцэраў. Наперад, браткі. Сярод зялё-нашынельнікаў няма герояў і патрыётаў, хутчэй іх трэба зні-шчыць.

- Ура-а-а! За Радзіму, ура!

Упаў, усхапіўся, ківаў наперад перабітаю рукою вясёлы дружбацкі ўкраінец Віцька Каланча, хлопчык, які ўвесь час гаварыў пра сваю вясковую дзяўчыну, не заўважаў цяпер белізны твару пасябрукоў і ўласнага, не адчуваў болю і слабасці. Глеб Марозаў ужо не крычаў, сляпымі і спакойнымі вачыма ўзіраўся ў чыстае і назаўжды яснае для яго неба. Няўмела, з цяжкасцо Зураб Жванія заціскаў руку перавязкавым бінтам.

Ніхто не супыняўся. Атака! Ярасныя злыя людзі набягалі на нямецкія траншэі. Кожны мінаў сябра і прыяцеля, мёртвага ці жывога яшчэ, але ўжо не ў агульных шэрагах, наліваўся гараю лютасцю.

Наперад! За сябе і паплечніка, наперад.

Гэта былі ўжо не проста байцы. Кожны гатовы сам упасці (хоць не думаў пра гэта і марыў пра іншае - пра жыц-цё), але не супыніцца. Гладыятары выконвалі абавязак.

Хто дабяжыць, не ведалі, але беглі ўсё імклівей... Бліжэй праклятыя траншэі, меней прыгінаюцца воіны. Рэдкі паўзе.

Паляцелі гранаты. Адзін рывок - і мы ўжо там! Памажы вінтоўка і будзь вернай рука. Не падвядзі вока. Памажы, Божухна!

У наступе пяхота - царыца палёў, каралева бітваў. У наступе адкрытыя кожнай кулі і асколку людзі, нічым, апрача вопраткі, не прыкры-тыя і ад усведамлення сваёй мажлівай параненасці, яшчэ болей жахотныя. Атака!

Парадзелыя хвалі савецкіх салдат дасяглі нарэшце першых нямецкіх траншэй. Каму пашчасціла прабегчы, прахістацца, прапаўзці трыста з лішнім метраў нічыйнай зямлі, ужо выразна бачыў асабістых, звекавечна асабіста-праклённых ворагаў. Стралялі ў гітле-раўцаў на хаду, ужо прыцэль-на. Кожны выбіраў мішэню імгненна, аўтаматычна, біў ворагу ў галаву і грудзі. Каб напавал, дашчэнту.

Зусім парадзелая хваля бязлітасных, азвярэлых людзей укацілася ў траншэі зялёна-шынельнікаў. Літасці чакаць нельга было, праявіць літасць не было як. Або ты - або цябе. Гэта ведалі людзі над траншэямі і людзі ў траншэях.

Немцы і венгры не вытрывалі. Пабеглі. Выскоквалі, аўтаматамі з пояса, прыцэльна білі па праклятых рускіх. Кідалі гранаты. Беглі назад. Хутчэй, барджэй назад. Уцякалі.

Няскладны, знешне слабы Іван Кітаеў у траншэі лоўка калоў штыком, біў прыкладам, не азіраўся ні на кога. Не мог азірнуцца. Мікалай Макарэня, такі ж перакошана-твары і лёгкі, бачыў людзей у траншэі і ўкрыццях, ча-ла-ве-каў - і нікога не выдзяляў, не мог выдзеліць. Кожнаму адно-лькавая ўзнагарода. Для Ма-карэні людзі сталі розніцца колерам вопраткі, формаю каскі, відам зброі. Старшы лейтэнант Вячаслау Малібога з фінкаю у адной руцэ і нага-нам у другой; афіцэр сумленна рабіў салдацкую няўдзячна-чорную працу. Слова састу-піла месца дзеянню, самае важкае, палкае і высокае слова не магло замяніць наганны стрэл. Палітрук Малібога памагаў сваім, спадзяваўся на дапамогу сваіх.

- Даеш Грунвальд, славяне, - шэпча Малібога і б'е аберуч.

З вамі Бог, а з намі хто? Вас жанчына спарадзіла, а нас хто? Вы прыйшлі да мяне ў хату і мяне хочаце забіць?! Вы, прыстойныя і добрыя, нашых дзяцей гоніце перад сабою ў атацы, затуляеце імі сябе... Гады, падлюгі!

Вы кожнаму свайму салдату хочаце паставіць асобны крыж на нашай зямлі, а мы дзесяткам, нават сотням дабрачных хлопцаў на сваёй і чужой зямлі капаем адну брацкую магілу, ставім адну зорку. Вы паліце нашы хаты і вёскі. З людзьмі. Цяжарных і дзяцей паліце жыўцом. Грабежнікі, гвалтаўнікі. Вылюдкі. І мы вас пашкадуем?

Не падвядзі рука. Вось так. Так будзе з кожным. З кожным.

Стралялі, білі, душылі. І выйсце было адно перад жахлівым валам ярасці і лютасці воінаў савецкіх - сысці з дарогі, упасці, замерці, або сходу ўзняць рукі.

Не сыходзілі, адважныя, упэўненыя, не падалі, не ўзнімалі просьбітна рукі. З усіх відаў зброі білі немцы ў віхур-ны чалавечы вал. Траплялі.

Для людзей па абодва бакі траншэі не хісталіся травы, не спявалі птушкі, не дзьмулі вятры і не свяціла сонца. Не стала родных і блізкіх. Толькі таварышы па зброі і ворагі. Дзейнічалі дзе паўзком, дзе бяжком. Стралялі і рэзаліся, біліся не падлеткі, не хлопцы - здаровыя мужчыны. Му-жыкі.

За сённяшні парыў страшэннай вынішчальнай узаемнай нянавісці абсалютна незнаёмых людзей астральныя сілы ўжо значылі вінаватых, неслі ім і продкам кару.

За чырвонаармейцамі і поруч нарэшце сталі паўзці тры танкі. Металам хоць трохі патрэбна было прыкрыць аго-леныя чалавечыя сэрцы.

Сумленне, шкадаванне за няўдала зробленае і зусім нязробленае не заміналі атакоў-нікам. Радавыя і лейтэнанты, яфрэйтары і сержанты былі радавымі перад прагаю аднаго - перамогі.

У траншэях, першай і другой, мітусіліся ўсё болей. Стралялі прыцэльна, з чаго маглі, стралялі ўсе. Гранаты ляцелі ў наступоўнікаў.

Нескарэнне ворага не ўразіла савецкіх. Вораг ёсць вораг, яго трэба знішчыць чым хутчэй, расцерці на друз. То-лькі мацней перасохла ў грудзях Макарэні і Кітаева, Малі-богі і Астроўскага, смялей пасі-галі за танкамі, - іх на роту прышлося тры, адзін ужо нем-цы падбілі.

- Браточкі, наперад, - не загадваў, маліў палітрук Малібога.

- Санітара сюды!

Санітары нароўні з пехацінцамі ў першых радах, перавязваюць, выносяць, страляюць.

- Дзякую, браце, што аддаў свой пакет, бяжы, мяне медыкі знойдуць.

На тым жа высокім парыве ўзнёслай рашучай адвагі савецкія выскоквалі з першай нямецкай траншэі, сігалі да другой. Адразу за немцамі. Ужо не крадком ці ўподбегі, усе ляцелі адкрыта, перамоганос-на. За батальёнам другі ба-тальён.

Атака, тая ж імклівая, жорсткая, працягвалася. Або ты - або я; мяне ці цябе.

Страляніны меней, ярасных акрываўленых людзей болей.

Падбіла другі танк, супыніўся трэці, а пехацінцы беглі, гэтак жа імпэтна, шпарка. Перад імі адпаўзалі людзі, падала ніц зброя. Пяхота заслу-жана даказвала сваю перавагу і моцу; безразважныя святкавалі перамогу.

Дарогу пяхоце, дарогу царыцы палёў!

І не было сярод пеха-цінцаў слабых і моцных. Усе асілкі, волаты, вярнідубы. Беглі і паўзлі, падалі і ўскоквалі героі. Кожны, незалежна ад таго, усведамляў ён кошт цяп-ерашняй уласнай дарогі ці не, незалежна, як каго потым адзначаць. Ацэнкі тут не было як ставіць - кожны быў варты сябе. Магло толькі заўважацца выключнае - геройства ці подласць. Астатняе - простая праца, гераічная і разняво-леная праца.

- Наперад! - крычаў старшы лейтэнант Валянцін Іваноў.

- Ура-а!

Не было тут лепшых і горшых. Усе роўныя. Як перад смерцю.

Супраціўляліся атакоўнікам забойцы. На іх ішлі забойцы. Людзі ў акопах і траншэях абапал нічыйнай палоскі зямлі гэтага не ведалі. Лічылі сябе правымі. Яны выконвалі волі вышэйшых, загады мудрэйшых.

Яны біліся за Айчыны, родных, звычаі. Хаця па вялікім рахунку былі з аднаго кораня і зямлі - славянскіх. Лаба (Эльба) і Одра (Одэр) для продкаў атакоўнікаў былі некалі радзімаю, як цяпер радзіма для абаронцаў.

...Два яфрэйтары, Мікалай Макарэня і Лявон Астроўскі, языкаты і смелы, якога ўжо двойчы прадстаўлялі да медалёў, беглі ўпоплечкі, амаль разам падалі і паднімаліся. У азарце аднолькавасці рухаў не заўважалі часу.

Лёнька Астроўскі выручыў Макарэню - высокі паранены немец падхапіўся нечакана, аўтамат упёр сабе ў жывот. Націснуць на курок не паспеў. Макарэня зразумеў небяспеку, калі яе не стала, нават не падзякаваў Астроўскаму. Усё ўспрымалася, быц-цам так трэба было, быццам іначай нельга. Макарэня адчу-ваў да Астроўскага блізоту і парадненне, як да брата. Яны разам рабілі адну справу.

Бухаўшыся на зямлю, шкрабучыся ў выяміны ў пошуках прытулля ад куль і асколкаў, сябры не заўважалі мокрасці ці сухасці зямлі, мух, чарвякоў. Усе помыслы пра адно - варожыя траншэі. Ура, атака. Палахлівасці, якая горш раны ў жывот, у яфрэйтараў не было.

Як і не было другой зямлі на свеце, апрача гэтай, дагледжанай, акуратнай венгерскай зямлі. Я і вораг. Толькі ў тэорыі або я, або мяне, а ў сапраўднасці выйграю адно я.

Мікалай Макарэня па-ранейшаму вясёлы і рэзкі, злы, воля яго рухаў нічым не скоўвалася. Былі моманты, калі працавічанцу здавалася, ён не ўзнімецца, не выбярэцца з ямы, не перакоціцца на другі бок каўдобіны, ён абавязкова ўпадзе ад цяжару гранат, патронаў, вінтоўкі, але паказваліся людзі ў сакавіта-зялёнай ці светла-карычневай форме, у не-знаёмых касках, і Мікалай Макарэня ўзнімаўся, выпаўзаў, хітраваў, дабягаў - і рабіў патрэбнае. Што тыя людзі, насупраць, хацелі зрабіць з ім. Рукі і ногі ўсё выконвалі інстыктыўна. Без думак і перажыванняў.

Безсвядомы аўтаматызм рухаў, лоўкасць і знаходлівасць радавалі Макарэню і не радавалі, ён проста не мог адчуць гэтае пачуццё, хаця ведаў, яно ёсць. Хвілінамі яму невыказна лёгка і шчасна. Усё рабілася цудоўна, нават лепш. Ён не бег, поўз, хаваўся - ляцеў. Усе рухі зліліся ў лінію палёту.

А вось і ён выручыў Астроўскага, і не думаў, быццам зрабіў штосьці вялікае, - каштоўнасць выратаванага жыцця ацэніцца потым. Падаў і зноў бег Мікалай Макарэня, наракаў на фізічную нямогласць і задышнасць і ні разу не думаў, што не дабяжыць ці ўпадзе нерухомы, бяздыханны, - ні разу не думаў пра смерць.

Параненыя немцы паднімалі рукі, іх не чапалі, аббягалі. Адзін з немцаў, Курт Гекель, пачаў страляць у спіну атакоўнікам. Курта пакрыў-дзіла, да глыбіні душы абразіла недарэчная смерць пабраціма Манфрэда. Курт хацеў знішчыць забойцу блізкага чала-века, падбіў савецкага байца. Азірнуцца, кінуць на зямлю аўтамат Курт не паспеў. У вачах атакоўнікаў забойцам быў не чырвонаармеец, забойцам стаў Курт задоўга да сёняшняй атакі, сёння ж ён, ухапіўшы зброю ў паднятыя было рукі, проста ўкараціў уласны век і век усіх прыяцеляў-немцаў. Курта не паспеў забіць свой жа паплечнік Ганс; поўнасцю ўсвядоміў Ганс цану выхадкі Курта занадта позна.

За першымі шарэнгамі савецкіх войск пабеглі новыя шарэнгі, пайшлі новыя танкі. Рэзервы камандзіра палка, такія ж ярасныя і ліхія, бачылі страляніну Курта Гекеля. Калі новая хваля савецкіх волатаў прабегла, жывых фашыстаў на ўчастку роты Валянціна Івано-ва ў гэтым месцы не было. Ні аднаго.

Мікалай Макарэня не памятаў, калькі чалавекам ён выратаваў жыццё, колькі чала-век выратавалі яго. Яфрэйтар аўтаматычна, з бязстрашнасцю выў і ўракаў, шчаслівым бег за іншымі. Быў першы і не першы. Хвіліна зодуму перад атакаю не ўспаміналася, яна - жыццё, без яе, калі молішся Богу, лёсу, выпадку, немагчыма. Такая хвіліна прыходзіць да любога разумнага перад кожнаю вялікаю справаю.

З Мікалаем Макарэнем, ты праўду наваражыла цыганка, нічога дрэннага не будзе, ні-чо-га. Адно не зявай, Міколка. Не ты, дык цябе.

"Чакаюць цябе два сыны". Напляла ў Бесарабіі нежанаціку цыганка кашалі з лапцямі. Смяяліся пасябрукі з слуццака. Які ты халасцяк! А яфрэйтар аддаў вядунцы буханку хлеба, дзве кансервы. Дарэмна, мусіць, паверыў выдумшчыцы.

Хочацца верыць чарняўцы, хочацца...

У гэтым пекле сваіх узводаўцаў ужо нябачна.

...Позна ўвечары збя-рэцца ўзвод, нядаўна пера-ўкамплектаваны з разлікам на выбыццё байцоў. Папаўненне - дзевятнаццаць вясковых украінскіх хлопцаў. Сёняшняя атака - і з трыццаці сямі чалавек на зборны пункт узвода прыцыбалі, прыпляліся восем. У тым ліку два былыя штраф-нікі. Звычайна пасля зацяжнай атакі, наступлення праз цэлы дзень, застаецца палова баявога складу ўзвода. Хто забіты, паранены... А тут выбыла дваццаць дзевяць! Пад Балатонам у чарговы раз немцы паказалі, як выдатна могуць ваяваць, нават у абароне.

Старшына скажа "Хлопцы, гарэлкі ўдастоліцу", і толькі трое стануць піць, узгадваць, плакаць, эхаць, вы-дзяквацца Богу. Рэшта, як Мікалай Макарэня, сухама ўкінуўшы чаго ў рот, зваляцца на бакавую: спаць, трызніць, плакаць, эхаць, узгадваць Бога.

...Смерці не будзе, калі ты застанешся сам сабою, ты праўду казала чарадзейка. Нашай будзе перамога.

Нічога не баяўся не адзін Мікалай Макарэня. Смерць - вызваленне, пераход у лепшы свет, і ніхто ў шарэнгах атакоўнікаў не думаў пра яе. Не меў часу. Старую, з шчарбатаю касою на плячах проста адмаўлялі, яе няма. Зачараванне боем поўніла ўсіх, і хто падаў бяздыханным - быў шчаслівым, твар лучыўся пяшчотаю і замілаваннем. Як і кожны, хто ідзе ў лепшы свет за блізкіх, Айчыну.

...Атака працягвалася ўвесь дзень. Чацвёртай лініі абароны ў немцаў не было. Савецкія танкі пайшлі ў прарыў. Пяхота за імі.

Яшчэ ўчора Мікалая Макарэню і паплечнікаў турбавала яда, зямлянка, вінтоўка, былі лепшыя і горшыя камандзіры - асабістае пераважвала, а ўжо сёння ўсё навокал было добрым, людзі залатыя. Сёння на першым плане ў воінаў стаялі непераходныя паняцці - Бог, выпадак, жыццё. Сёння байцы самі сталі анёламі, вызначалі чужы лёс.

1984, 2004.

Валер Санько

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX