Папярэдняя старонка: 2010

№ 16 (959) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 16 (959) 21 КРАСАВІКА 2010 г.


130 гадоў з дня нараджэння Язэпа Дылы

ДЫЛА Язэп (Восіп Лявонавіч; псеўд. Назар Бываеўскі, Тодар Кулеша, Л. Жорсткі і інш.; 14.4.1880, Слуцк - 7.4. 1973, Саратаў), беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі (1890-98), Юр'еўскім ветэрынарным ін-це (г. Тарту, 1899-1903), адкуль выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. У 1903-04 супрацоўнік газ. «Северо-Западный край» (Менск). У 1905 вёў нелегальную работу сярод бел. сялян. У 1906-18 працаваў у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы, быў знаёмы з А. Купрыным, Л. Андрэевым і інш. рус. пісьменнікамі. У студз.- лютым 1919 камісар працы ў Часовым рабоча-сялянскім Сав. урадзе Беларусі. Супрацьстаяў палітыцы А. Мяснікова, за што ў лютым 1919 арыштаваны і высланы з Беларусі. У 1921-24 на розных кіраўнічых пасадах у Менску, у т.л. у Дзяржаўнай планавай камісіі БССР, член ЦВК БССР. 3 1924 правадзейны член і вучоны сакратар Інбелкульта, дырэктар Ін-та па вывучэнні мастацтва, дырэктар БДТ-1 (Бел. тэатра імя Я. Купалы), нам. загадчыка Белдзяржкіпо.

Арыштаваны ДПУ БССР 18.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Падчас арышту інспектар наркамата асветы; 10.4.1931 высланы ў Кунгур Пермскай вобл. на 5 гадоў. Потым жыў і працаваў у Саратаве. 22.8.1938 зноў арыштаваны (10.3.1939 справа спынена). Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР. Асабістая справа Д. захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Быў жанаты, гадаваў дзіця.

Як пісьменнік дэбютаваў абразком «Перад раніцаю...» (нап. 1909), вершам «Вечар ясны, ціхі...» (1912), апублікаванымі ў «Нашай ніве». У 1918 змясціў у «Дзянніцы» шэраг публіцыстычных артыкулаў, у якіх вітаў устанаўленне Сав. улады, расказваў пра бел. грамадска-культ. жыццё ў Маскве. Аўтар драм. твораў «Панскі гайдук» (паст. 1924, выд. 1926), «Падуанскі студэнт» (не закончаны), «Юнак з Крошына» (1965), ра-мана «На шляху з варагаў у грэкі» (не закончаны), аповесці «У імя дзяцей» (1968), успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, Я. Райніса, прац аб тэатр. жыцці Беларусі ў канцы 19 - пач. 20 ст. Перакладаў па бел. мову вершы М. Канапніцкай (1918).

"Часта вяртаючыся ў думках у край майго дзяцінства, юнацтва і сталасці, і сёння, аглядаючы жыццёвы шлях, я радуюся, што лепшую частку гэтага шляху я прайшоў, верна служачы майму народу, маёй Беларусі" - так у аўтабіяграфіі пісаў Восіп Лявонавіч тады, калі было яму 88 гадоў.


Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін

Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін (Дзень сусветнай спадчыны) адзначаецца 18 красавіка. Святкаванне прапанавана ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднай рады па пытаннях аховы помнікаў і памятных мясцін (ІКАМОС) створанай пры ЮНЕСКА, з мэтай прыцягнення ўвагі грамадства да захавання аб'ектаў культурнай спадчыны. Упершыню, на міжнародным узроўні, дзень помнікаў і гістарычных мясцін адзначаўся 18 красавіка 1984 года.

Аднаўленне гістарычнай своеасаблівасці, мастацкіх і дакументальных вартасцяў гістарычнакультурных каштоўнасцяў, стварэнне неабходных ўмоў духоўнага, інтэлектуальнага і эканамічнага развіцця грамадства, засноўваецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, нацыянальнай заканадаўчай базе і міжнародных патрабаваннях. Захаванне аб'ектаў спадчыны з'яўляецца прыярытэтнай задачай і адным з кірункаў палітыкі Беларусі і ў імкненні прадстаўляць краіну ў сусветнай супольнасці.

Міністэрствам культуры паступальна ажыццяўляецца шэраг мерапрыемстваў па ўліку, захаванні, утрыманні, адпаведным рацыянальным выкарыстанні і аднаўленні аб'ектаў гістарычнакультурнай спадчыны.

Адлюстраваннем працы па выяўленні і ўліку гістарычнакультурных каштоўнасцяў з'яўляецца вядзенне Дзяржаўнага спісу гістарычнакультурных каштоўнасцяў Беларусі, у якім адзначаны 4911 аб'ектаў спадчыны. З іх: 4779 - нерухомыя матэрыяльныя гістарычнакультурныя каштоўнасці, 73 - рухомыя матэрыяльныя гістарычнакультурныя каштоўнасці і 59 - нематэрыяльныя гістарычнакультурныя каштоўнасці.

Падрыхтаваны прапановы, рэалізацыя якіх забяспечыць меры па захаванні і выкарыстанні ў мэтах развіцця агра эка турызму сядзібных комплексаў, размешчаных у сельскай мясцовасці.

Сумесна з аблвыканкамамі Міністэрства культуры прааналізавала стан і падрыхтавала пералік старадаўніх занядбаных сядзіб і гістарычных палацаў, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці і малых гарадскіх пасяленнях, якія могуць быць перададзены фізічным асобам і фермерскім гаспадаркам, для ажыццяўленя дзейнасці ў сферы аграэкатурызму. Інфармацыя аб гэтых сядзібах размешчана на сайтах абласных выканаўчых камітэтаў.

А вось грамадскасць падышла сёлета да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін даволі пасіўна. Нават традыцыйныя бясплатныя экскурсіі СМІ заўважылі толькі ў Гародні. Прыемнае выключэнне склаў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

16 красавіка напярэдадні Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін на другім паверсе БДУКіМ адкрылася выстава "Знайдзі! Даведайся! Захавай!" Зрабілі гэтую выставу студэнты 4 курса Кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства пад кіраўніцтвам Яўгена Кавалёва.

Прадстаўленымі на фатаграфіях помнікамі былі адлюстраваны розныя гістарычныя перыяды, ілюстраваныя прыкладамі розных архітэктурных стыляў, але зараз іх аб'ядноўвае адно матэрыяльнае становішча разбуранасць і занядбанасць.

Студэнты звяртаюць увагу на тую спадчыну, якая кожны момант можа загінуць. Яны заклікаюць усіх тых, хто наведае выставу, дасылаць свае фатаграфіі занядбанай спадчыны, каб арганізаваць аналагічную выставу і ў наступным годзе. Выстава дзейнічае да 23 красавіка.

Цікавай бачыцца і прапанова сп. Астаповіча, старшыні Таварыства аховы помнікаў па наданні магілам паўстанцаў 1863-64 гг. статусу гістарычных каштоўнасцяў. Гэтая прапанова патрабуе самай шыроквй падтрымкі.

Наш кар.


Астравеччына: Дзень роднай мовы даўжынёй у год

На Астравеччыне Міжнародны дзень роднай мовы доўжыўся практычна цэлы месяц. Мерапрыемствы прысвечаныя гэтаму дню праходзілі пад знакам года К. Сваяка. Практычна ўсе школы раёна пісалі сачыненні, дыктоўкі, ладзілі імпрэзы і г.д.

Па раёну праводзіліся таксама дыктоўкі для дарослых. Напрыклад, у Кямелішках 21 сакавіка прайшла дыктоўка прысвечаная Канстытуцыі (Статуту ВКЛ), юбілею Ф. Багушэвіча (170 год) і абвяшчэнню незалежнасці і дзяржаўнасці беларускай мовы Ўрадам БНР. Дыктавала філолаг Гналетава Яніна Іванаўна. Пісала 5 чалавек. Лепшым з тых, хто пісаў, аказаўся вучань Кямелішскай школы Марцінкевіч Уладзімір Генрыкавіч. Ён актыўны і ініцыятыўны ўдзельнік дыктовак для дарослых. І гэтым разам ён прапанаваў праводзіць дыктоўку-марафон на працягу ўсяго года, прымяркоўваючы да знакамітых датаў, падзей і г.д.

Так што, не сыходзім з дыстанцыі да самага фінішу.

Святлана Буланава


У "Белпошты" праблемаў з мовай няма

Старшыні Грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы імя

Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13,

220034, г. Мінск

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь разглядзела Ваш зварот наконт адсутнасці беларускамоўнай версіі ў камп'ютарах, якія ўстаноўлены ў падраздяленнях РУП "Белпошта", і паведамляе наступнае.

Устаноўка беларускамоўнай раскладкі клавіятуры персанальных камп'ютараў ажыццяўляецца стандартнымі сродкамі аперацыйнай сістэмы Windows карыстальнікам або работнікам аддзялення паштовай сувязі па яго просьбе, і магчыма на ўсіх персанальных камп'ютарах, якія выкарыстоўваюцца ў РУП "Белпошта". Ніякай складанасці з наборам тэкста на абедзвюх дзяржаўных мовах не існуе.

За некампетэнтнасць і прадстаўленне неаб'ектыўнай інфармацыі па гэтаму пытанню пры разглядзе звароту гр. Рубінчыка У.П., а таксама за парушэнне парадку вядзення справаводства па зваротах грамадзян выканаўцу і інспектару па кантролю за выкананнем даручэнняў - супрацоўнікам вытворчасці "Мінская пошта", паменшаны памер прэміяльнай аплаты за сакавік. Зварот прызнаны абгрунтаваным і ўлічаны ў паказчыках работы вытворчасці "Мінская пошта".

Намеснік міністра Н.С. Гаўрылава.


З нагоды 124-годдзя з дня нараджэння Змітрака Бядулі

Самуіл Яўхімавіч Плаўнік (23.04.1886 - 3.11.1941) увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры пад псеўданімам Змітрок Бядуля як паэт, пісьменнік, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык. Друкаваўся пад псеўданімамі Саша Плік, Ясакар, Змітро Бядуля. Нарадзіўся ў мястэчку Пасадзец, што на Лагойчшыне, у сям'і арандатара.

Асобу аднаго з родапачынальнікаў беларускага Адраджэння Змітрака Бядулі рэдка разглядаюць з пункту гледжання яго нацыянальнай прыналежнасці. Ды і не кожны беларус зможна адказаць на пытанне хто такі Самуіл Плаўнік, і як ён звязаны з класікам беларускай літаратуры.

Самуіл атрымаў класічную для беларускага габрэя адукацыю. Вучыўся ў хедэры (пачатковая школа), потым у ешыве (вышэйшая рэлігійная навучальная ўстанова). Валодаў некалькімі мовамі, нейкі час працаваў хатнім настаўнікам іўрыту. Першыя вершы былі напісаны яшчэ ў дзяцінстве на старажытнагабрэйскай мове. Потым былі не вельмі ўдалыя спробы пісаць паруску. Асноўную літаратурную спадчыну пакінуў на беларускай мове.

Першы твор на беларускай мове «Пяюць начлежнікі...» быў надрукаваны ў "Нашай ніве" ў 1910 г. Пісьменніка цікавіла вусная народная творчасць, міфалогія, этнаграфія, краязнаўства. Разам з Янкам Купалам ён працаваў у рэдакцыі "Нашай нівы", у 1920я гг. рэдагаваў часопіс "Наш край" і працаваў ў Інстытуце беларускай культуры. Стаў адным з родапачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, у 1921 - 1923 гг. рэдагаваў дзіцячы часопіс "Зоркі". Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», потым - ва «Ўзвышша».

Найбольш знакамітымі творамі сталі апавяданні "Пяць лыжак заціркі" (1912), "На каляды к сыну" (1913), "Велікодныя яйкі" (1913), "Маладыя дрывасекі" (1914), "Летапісцы" (1914), паэмы "Беларусь", "У ясных Крушнях", "З сказаў буры і віхуры", "Дзед" (надрукаваныя ў 1927 у зборніку "Паэмы"), аповесць "Салавей" (1927), экранізаваная ў 1937, а ў 1939 па яе матывах быў пастаўлены аднайменны балет. Апошнім творам стала філасоўская аповесцьказка "Сярэбраная табакерка" (1940), прысвечаная барацьбе дабра і зла, жыцця і смерці.

Літаратурная спадчына Змітрака Бядулі вядома далёка за межамі Беларусі, яго творы перакладаліся на іўрыт, рускую, ангельскую, нямецкую мовы. Нягледзячы на паходжанне, сам Бядуля лічыў сябе ў першую чаргу беларускім пісьменнікам.

Адной з цэнтральных тэм у творчасці аўтара было ўзаемадзеянне беларусаў і габрэяў. Ён адзначаў, што "ёсць цэлая жыдоўскабеларуская этнаграфія, якая чакае свайго збіральніка" . Па словах самаго пісьменніка, у яго грудзях білася два сэрдцы - беларускае і габрэйскае, і натхнялі яго дзве музы, і ён сам разрываўся паміж любоўю да Палестыны і любоўю да роднай Беларусі. "Без гэтай беларускай прыроды, што завалодала іхнай душой ад нараджэння, яны (жыды) б не маглі ў фантазіі сваёй маляваць Палестыну, каторую яны малююць, маючы ўзорам беларускую зямлю." Ён адзначаў, што яго "каханне да новай бацькаўшчыны - нервовае, балючае і незразумелае прадстаўнікам іншых нацыяў".

У 1915 г. ён напісаў паэму "Жыды", якая даўгі час захоўвалася ў Беларускім Дзяржаўным Архівемузеі літаратуры і мастацтва і была ўпершыню надрукавана толькі ў 1937 г. са скарачэннямі. Паэма аўтабіяграфічная і прысвечаная казацкім пагромам, голаду і габрэйскаму пытанню часоў Першай Сусветнай вайны.

Артыкул Змітрака Бядулі "Жыды на Беларусі. Бытавыя штрыхі" мае этнаграфічнакраязнаўчы характар. Першапачаткова ён быў надрукаваны ў штодзённай газеце "Беларускі шлях", а потым выдадзены асобнай брашурай у 1918 г. Нягледзячы на шматвяковае сумеснае пражыванне беларусаў і габрэяў на адной тэрыторыі, беларускі друк першай паловы ХХ ст. (як зрэшты і пазней) не надаваў гэтаму суседству аніякай увагі. Таму невялікі артыкул самага беларускага габрэя ХХ ст. мае вялікае значэнне і зараз.

У 1919 г. у газеце "Звон" выходзіць артыкул "Да жыдоўства", дзе ён заклікае беларускае габрэйства прымаць актыўны ўдзел у пабудове беларускай дзяржавы.

У 1930х гг. выходзіць "Карманный еврейскобелорусский словарь", напісаны ў суаўтарстве з Н. Рубінштэйнам. Да таго ж Самуіл Яўхімавіч займаўся перакладамі з іўрыту на беларускую мову.

Творчасць Змітрака Бядулі арганічна спалучае беларускую і габрэйскую культуры, незвычайная сумесь якіх зрабіла яго адным з набольш яскравых прадстаўнікоў Беларусскага нацыянальнага Адраджэння.

Юлія Аляшкевіч.


Ці могуць медыкі сказаць што-небудзь навукова істотнае па-беларуску?

Сапраўды, чаму менавіта медыкі, а не спецыялісты якіхнебудзь іншых прафесій?. Напрыклад, машынабудаўнікі ці фінансісты? Таму што кожнаму з нас у жыцці даводзіцца мець справу з медыкамі нашмат больш часта, чым са спецыялістамі іншых прафесій. Але ж медыкі пры размове з намі выказваюць столькі незнаёмых, незразумелых слоў, колькі ніколі не пачуеш ад іншага прафесіянала і за год. Вядома, ад меркаванняў медыка ў значнай ступені залежыць нашае здароўе, таму яго незразумелыя словы выклікаюць насцярожанасць і нават палохаюць нас, ягоных пацыентаў (падапечных). Няўжо нельга сказаць тое ж самае проста, пабеларуску.

Калі ўлічыць, што медыцына - адна з найстаражытнейшых навук, мова якой грунтуецца на мёртвай лацінскай і старагрэцкай мовах з дадаткам нямецкіх і французскіх, а ў наш час, англійскіх слоў, што яшчэ ў ХІУ стагоддзі кіраўніцтвы, падручнікі, і дысертацыі па медыцыне пісалі выключна палацінску. То, пэўна, дзівіццца гэтаму не даводзіцца. Але ж хацелася, каб вам тлумачэнні лекара былі б больш яснымі і зразумелымі. Было б яшчэ лепш, каб дадзены былі на роднай мове.

Падобна, што такую спробу медыцынская грамадскасць Беларусі зрабіла ў пачатку 20х гадоў ХХ стагоддзя, калі ствараўся, як тады пісалі, "беларусский рассадник высшего образования" - БДУ з медфакам у яго складзе. У арганізацыі медыцынскага факультэта ўдзельнічалі, як мясцовыя даследчыкі і лекары, так і супрацоўнікі многіх універсітэтаў і навуковых устаноў з еўрапейскай часткі былой Расійскай Імперыі.

Праз тэрыторыю Беларусі толькі што пракаціліся Першая Сусветная вайна, дзве рэвалюцыі, грамадзянская і савецкапольская войны. Краіна ляжала ў руінах, у ёй літаральна не было нічога. Выкладчыкам стваранага медфаку (асістэнтам, дацэнтам, прафесарам) давялося не толькі праводзіць заняткі са студэнтамі, але і рыхтаваць да такіх заняткаў метадычкі, пісаць практыкумы, даведнікі і падручнікі для студэнтаў і ўрачоў, інструкцыі і памяткі медсёстрам і нават санітаркам, таксама навуковапапулярныя брашуры і ўлёткі для насельніцтва.

Усе гэтыя рэчы пісаліся і выдаваліся паруску і пабеларуску. Натуральна, што большасць з мясцовых спецыялістаўмедыкаў (да прыкладу гігіеніст З.К. Магілеўчык, хірургі С.М. Рубашоў і Ю.М. Іргер, траўматолаг М.Н. Шапіра, мікрабіёлаг С.М. Фрыц, фтызіятр І.Л. Тамарын) некаторыя падобныя творы пісалі пабеларуску. Між тым. выдалі свае брашуры, дапаможнікі, даведнікі і падручнікі пабеларуску і караэнныя масквічы фізіёлаг Л. П. Разанаў і акушэргінеколаг М.Л. Выдрын, выхадзец са Смаленскай губерні хірург М. П. Сакалоўскі, лекар ЛОРхваробаў С.М. Бурак, які нарадзіўся ў Марыупалі і працаваў на Украіне, і іншыя спецыялісты, што прыехалі ў Беларусь з розных гарадоў еўрапейскай часткі былой Расійскай Імперыі. Яны, трэба меркаваць, да прыезду ў Менск беларускай мовы не ведалі. Магчыма, гэтыя высакародныя памкненні спецыялістаў, якія прыехалі пісаць для беларусаў на іхняй мове іншы раз здзяйсняліся не без меркантыльных, кан'юнктурных меркаванняў. Бо ў той час не хапала неабходнай беларускай навуковай (медыцынскай) тэрміналогіі. А ўсім навукоўцам, практыкуючым спецыялістам у сваёй галіне заўсёды трэба "гаварыць на адной мове". Таму ва ўсіх краінах існуюць нацыянальныя галіновыя наменклатуры. Таксама ёсць агульныя, міжнародныя, галіновыя наменклатуры. Лацінскім словам "наменклатура", якое ў перакладзе значыць - пералік, спіс, у наш час называюць пералік, сукупнасць назваў, тэрмінаў, азначэнняў, якімі карыстаюцца ў якойнебудзь галіне навукі або вытворчасці.

У 1920-я гады пачалася інтэнсіўная распрацоўка беларускай навуковай тэрміналогіі сябрамі тэрміналагічных камісій Інстытута беларускай культуры. За сем год (з 1923 да 1930 гг.) было выдадзена тры выпускі анатамічных, базісных у медыцыне, назваў. Гэта быў толькі пачатак у стварэнні нацыянальнай медыцынскай наменклатуры. Але пачаліся больш інтэнсіўныя, чым раней, пошукі "ворагаў народа" і нацдэмаў, і Інбелкульт, не завяршыўшы працы, спыніў сваё існаванне.

Аднак гэтыя неспадзяваныя цяжкасці не адбілі ахвоты ў супрацоўнікаў медфака БДУ развіваць беларускую навуку. Многія з іх акрамя брашур, падручнікаў, даведнікаў выдавалі на беларускай мове вынікі сваіх навуковых доследаў і нават манаграфіі. Гэтым займаліся не толькі мясцовыя медыкі (гістолаг П.Я. Герке, хірург С.М. Рубашоў, тэрапеўт М.А. Багдановіч, дэрматолаг А.Я. Пракапчук, спецыяліст па арганізацыі аховы здароўя Р.А. Духан, фтызіятр Я.Л. Маршак, рэнтгенолаг С.М. Ліўшыц псіхіятр В.І. Альшэўская, патафізіёлаг Ф.А. Яхімовіч і іншыя), але і былы масквіч сацыялгігіеніст М.І. Барсукоў, пецярбуржац піхіятр А.К. Ленц, выхадзец з Польшчы дэрматолаг В.Ю. Мранговіюс, судмедэксперт В.Ф. Чэрвакоў з Разаншчыны і іншыя медыцынскія спецыялісты, якія прыехалі ў Беларусь. Некаторыя з апошніх, акрамя таго, бралі на сябе цяжкую ношу, каб стварыць на беларускай мове і выдаць па сваёй спецыяльнасці кіраўніцтвы (як паталагаанатам І.Т. Цітоў з Жытоміршчыны, С.М. Бурак, В.Ю. Мранговіюс) і манаграфіі (напрыклад, марфолаг С.І. Лябёдкін з Пецярбурга, С.М. Бурак).

Хто або што магло падштурхнуць іх на такі вычын? Калі прыняць да ўвагі, што амаль усе яны знайшлі свой вечны спакой на беларускай зямлі, то можна смела сцвярджаць: ніхто і нішто іх да гэтага не прымушала акрамя шчырага жадання сфармаваць і развіваць у сваёй галіне беларускую навуку. Пасля жудаснага 1937 года ад падобнага жадання амаль нічога не засталося ва ўсіх, хто яшчэ неяк ацалеў.

На пачатку 1990-х гадоў на грэбені новай хвалі беларусізацыі краіны нашыя марфолагі (анатамы, гістолагі і эмбрыёлагі) паспрабавалі завяршыць працу тэрміналагічнай камісіі Інбелкульту па стварэнні нацыянальнай анатамічнай наменклатуры. Аднак усе іхнія намаганні пакуль марныя: праект такой наменклатуры да гэтай пары афіцыйна не зацверджаны. Выдадзены ў 1995 годзе "Слоўнік па агульнай і медыцынскай вірусалогіі" нараджэнца Валагодчыны прафесара, заслужанага работніка вышэйшай школы БССР А.П. Красільнікава застаецца "гласом вопиющего в пустыне" нават сярод ягоных калег - мікрабіёлагаў.

Генадзь Шэршань.


Гарадзенскі музей Васіля Быкава

абвяшчае конкурс творчых работ (эсэ), прымеркаваных да 65-годдзя перамогі над фашызмам "Чытае свет яго вайну" (паводле творчасці Васіля Быкава)

Калі Вам цікава гісторыя Беларусі, калі Вас хвалюе лёс аднаго з яе рупліўцаў - пісьменніка Васіля Быкава, а сэрцу ёсць што сказаць, то ў такім выпадку запрашаем прыняць удзел у нашым конкурсе.

Мэта конкурсу: абудзіць у студэнтаў розных курсаў цікавасць да асобы Васіля Быкава і яготвораў, прысвечаных вайне.

Тэмы, якія прапануюцца для ўдзельнікаў конкурсу:

1. Горкая праўда пра Вялікую Айчынную вайну ў творах Васіля Быкава ("Трэцяя ракета", "Альпійская балада", "Абяліск", "Аблава", "Мёртвым не баліць", "Пайсці і не вярнуцца", "Паласой лесу", "Салдацік" і іншыя).

2. Чалавек на вайне: крокі стойкасці і самаадданасці, чалавечнасці, дабрыні і кахання паводле твораў Васіля Быкава.

3. Пазнаёмцеся, калі ласка, са зборнікам вершаў "Пасла-нец мужнасці", выдадзеным музеем В.Быкава ў Гародні. Якія са змешчаных там вершаў, на ваш погляд, найбольш моцна і трапна передаюць веліч і значэнне пісьменніка як мастака ў адлю-страванні праўды вайны.

4. Загартаваны ў полымі вайны В. Быкаў: "Бясконца марыў пра Беларусь, нашыя палі і пашні. Дрэвы! Вязы, клёны на падворках, бярозкі і дубы. I хваёвыя бары, шум якіх з дзяцінства стаяў у вушах. А азёры? Белякаўскае возера жыло ў маёй душы, прыходзіла ў снах..." Пракаментуйте гэтыя радкі.

5. "Васільком у жыце Беларушчыны назаўсёды застанецца Васіль Быкаў" (Рыгор Барадулін).

6. "Гародня - горад, які так грунтоўна на шмат гадоў спрычыніўся да майго чалавечага лёсу" (В.Быкаў). Маё бачанне помніка і вуліцы Васіля Быкава ў Гародні.

7. Вайна і жанчыны ў творах Васіля Быкава пра вайну.

8. "Быў мір, была вайна. Ёсць нелюдзі і людзі..." (праблема маралынага выбару ў ваенных творах Васіля Быкава).

9. Асобна прапануем зрабіць і даслаць малюнкі да твораў Васіля Быкава, сугучныя ўказанным тэмам і іншым.

Абавязковыя патрабаванні да сачыненняў:

1. Сачынене павінна быць на беларускай мове.

2. Трэба, каб змест сачынення адпавядаў абранай тэме, утрымліваў уласныя думкі, меркаванні, асабісты погляд на жыццё і творчасць Васіля Быкава.

3. Форма і памер работы не абмяжоўваюцца.

Тэрмін адсылкі работ да 24 красавіка 2010 года па адрасе: 230023, г. Гродна, вул. Савецкая, дом.31, пакой 12.

Даведкі па тэлефонах: 74-11-98; 48-42-12.

Вынікі конкурсу будуць абвешчаны да 9 траўня 2010 г.


ТБМ пра "Закон аб зменах у правапісе беларускай мовы"

15 красавіка Таварыства беларускай мовы запрасіла прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў, СМІ і грамадскасці да ўдзелу ў круглым стале "Моўная сітуацыя ў краіне напярэдадні ўступлення ў сілу Закона аб зменах у правапісе беларускай мовы". Надзённыя пытанні рэгулярна ўздымаюцца ТБМ у рамках асветніцкай праграмы "Дыялог", і вось - чарговыя публічныя дэбаты. Піша Аляксей Хадыка.

Вядоўцы сустрэчы - Алег Трусаў і Алена Анісім - пачалі са станоўчага. З мінулага году ўсе сацыялагічныя апытанні выяўляюць уздым аўтарытэта беларускай мовы, якая пераважнай большасцю грамадзян успрымаецца як безумоўная нацыянальная каштоўнасць і нават прыкмета прывабнага сацыяльнага статусу яе носьбітаў. Толькі 58% насельніцтва негатыўна ставяцца да магчымасці пашырэння сферы яе ўжытку. Не чакаючы абвяшчэння вынікаў мінулагодняга перапісу, у якім пытанне аб роднай мове было адным з найважнейшых, кіраўніцтва БДТРК у асобе А. Зімоўскага дэкларавала хуткі пераход аднаго з нацыянальных тэлеканалаў на цалкам беларускае вяшчанне. У ТБМ складаюцца пазітыўныя дачыненні з Адміністрацыяй прэзідэнта, Міністэрствамі сувязі і інфарматызацыі, культуры, Нацыянальным банкам, што выяўляецца ў выпуску памятных беларускіх медалёў, манет, паштовак, паступовай беларусізацыі тапанімікі, правядзенні знакавых культурных мерапрыемстваў. Вельмі спрыяе падтрымцы статусу мовы дзейнасць кіраўніцтва Магілёўскай вобласці, дзе прынятая свая праграма беларусізацыі.

Але ёсць і відавочныя цяжкасці, найперш у сферы адукацыі. Паводле нормаў ЮНЭСКА, крытычнае становішча нацыянальнай мовы ў дзяржаве фіксуецца ў выпадку зніжэння яе выкарыстання ў школе да ўзроўню 30% навучэнцаў, у Беларусі ж пабеларуску навучаецца толькі 18% школьнікаў. Мінадукацыі некалькі год таму адмовілася ад выкладання пабеларуску нацыянальнай гісторыі і геаграфіі, а апошнім часам пераводзіць выкладанне замежных моў на аснову з рускай мовай нават для беларускіх класаў.

Хапае недарэчнасцяў і праблем, што вынікаюць з неўнармаванага ўжывання мовы і няпэўнасці, якую нясуць заканадаўчыя змены. Прыкладам, не так даўно жыхары сталіцы даведаліся пра наданне адной з вуліц горада імя мастака і музыкі Напалеона Орды. Толькі як можна мірыцца з выключнай непісменнасцю, у выніку якой на некалькіх дамах з'явіліся шыльды "вуліца Арды"? Ці калі імя Якуба Коласа з'яўляецца на вулічных табліцах з двума "о"? Калі падобная праблема паўстае ў сталіцы, відавочнай неабходнасцю робіцца кадыфікацыя беларускай тапанімікі, гідранімікі, анамастыкі ў адпаведных даведніках для практычнага ўжытку.

Чаканыя змены ў правапісе ў сувязі з уводам "Закона аб зменах" у дзеянне з верасня 2010 г. пачынаюць палохаць навучэнцаў - скарачаецца колькасць жадаючых прайсці школьнае цэнтралізаванае тэставанне пабеларуску. Надзвычай важную інфармацыю ў гэтай сувязі агучыла загадчык аддзела гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Ганна Валочка: "Цягам трох год - па верасень 2013 г. - памылкі, звязаныя са зменамі ў правапісе, у вучнёўскіх работах будуць толькі зазначацца настаўнікамі без уплыву на выніковую адзнаку." Вучням гарантаваны трохгадовы пераходны перыяд, каб пазбегчы эфекту боязі памылкі ў час змены правілаў. Што ж да падручнікаў, то асноўны іх корпус па мове і літаратуры падрыхтаваны да новага навучальнага году па абноўленых стандартах, падручнікі па спецыяльных дысцыплінах будуць замяняцца у звычайным цыкле ратацыі, які складае 5 год. Рыхтуюцца новыя лексіграфічныя, арфаграфічныя слоўнікі і даведнікі.

У гутарцы з прысутным на круглым стале прадстаўніком БДТРК усплылі тэмы, звязаныя з манапольным статусам дзяржаўных электронных СМІ Беларусі, у якіх беларуская мова займае незайздроснае становішча нават там, дзе яе прысутнасць забяспечыць досыць лёгка. Трансляцыі беларускіх версій нацыянальных мультыплікацыйных і мастацкіх фільмаў, каментар у папулярных спартовых перадачах - самы відавочны рэсурс для беларусізацыі. Пішыце, звяртайцеся, цісніце на чыноўнікаў - у бюракратычнай краіне часам дзейнічае гульня па бюракратычных правілах, меркавалі некаторыя удзельнікі круглага стала. Але і на тэлебачанні адбываюцца зрухі, калі прыгадаць пераход да беларускай мовы ў выпусках рэгіянальных навін.

У выніку сустрэчы яе удзельнікі сфармулявалі некалькі ініцыятыў, у якіх ТБМ гатовы браць удзел ці спрыяць іх ажыццяўленню у дзяржаўных установах.

На ўзроўні Мінгарвыканкаму, мяркуюць яны, неабходна ўсталяванне пасады інспектара па моўным афармленні - шыльдаў, рэкламы, прадукцыі, што выпускаецца на беларускіх прадпрыемствах. Варта прыгледзецца да практыкі іншых краін, дзе існуюць афіцыйныя інтэрнэтрэсурсы, сайты, якія дапамагаюць спраўдзіць правільнасць афіцыйных назоваў, імёнаў, тапанімікі і г.д. БДТРК рэкамендавалі не толькі пашыраць сетку беларускамоўнага вяшчання, але і сваечасова інфармаваць беларусаў пра асаблівасці новага Закона аб зменах у правапісе. Найперш - пра трохгадовы пераходны перыяд для навучэнцаў. Пры ўмове супольнай працы магчыма пазбегнуць балючых эфектаў, якія выклікае такі складаны працэс, як змена кадыфікацыі правілаў нацыянальнай мовы нават у еўрапейскіх краінах з усталяванымі моўнымі традыцыямі.

Разумеючы, наколькі развіццё моўнай сітуацыі залежыць ад узору паводзін, які падаюць у дзяржаўным апараце, ТБМ чарговы раз, як показку пра Карфаген, выказвае ў прэсрэлізе свае надзеі: "Мы спадзяёмся, што … дзяржаўныя службоўцы ўсіх узроўняў з належнай адказнасцю паставяцца да ўжывання беларускай мовы ў сваёй штодзённай практыцы".


Да ўвагі ўсіх сяброў ТБМ

ААТ "Белінвестбанк" (код 739, БІК 153001739) паведамляе, што ў адпаведнасці з рашэннем Назіральнай рады ААТ "Белінвестбанк", пратакол ад 30.06.2009 № 37, аб рэарганізацыі Філіяла "Мінская гарадская дырэкцыя" ААТ "Белінвестбанк" (код 764, БІК 153001764) і стварэннем на яго базе Аддзялення № 539 ААТ "Белінвестбанк" (код 739, БІК 153100739) нумар рахункаў кліентаў філіяла з 1.05.2010 зменены.

Заміж рахунка № 3015212330014, якім мы карысталіся раней, будзе дзейным рахунак № 3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанк" . Код 739.


Роля Гаўрыіла Харытонавіча Вашчанкі ў беларускім мастацтве

Знакавай для развіцця культуры нашай краіны з'яўляецца асоба Гаўрыіла Харытонавіча Вашчанкі. Ён дасягнуў ўсіх мажлівых і неймаверных вышынь у вобласці выяўленчага мастацтва, пры жыцці стаў "класікам" беларускага мастацтва, і зараз актыўна ўплывае на фармаванне культуры гомельскага рэгіёну. Прыкладам таму з'яўляецца карцінная галярэя у г. Гомелі, якая была створана ў 2002 г. у знак удзячнасці горада за дарунак калекцыі з 50 карцін мастака. Менавіта тут сабрана самая вялікая калекцыя работ Гаўрыіла Вашчанкі.

Нарадзіўся Гаўрыіл Харытонавіч 20 чэрвеня 1928 г. у вёсцы Чыкалавічы Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. У 1945 г., скончыўшы сёмы клас, паступіў у Кіеўскую вучэльню прыкладнога мастацтва. У 1948 - 1949 гг. працаваў на Кіеўскай кінастудыі памочнікам мастака. У 1949 - 1955 гг. - студэнт Львоўскага інстытута прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва. Займаўся на факультэце манументальнага жывапісу ў І.І. Бакшая і Р.Ю. Сельскага. Пасля заканчэння інстытута быў накіраваны ў Кішынёў, дзе выкладаў жывапіс, малюнак і кампазіцыю ў Рэспубліканскай мастацкай вучэльні імя І.Я. Рэпіна. З 1956 г. Гаўрыіл Вашчанка удзельнічае ў мастацкіх выставах. У 1957 г. быў прыняты ў члены Саюза мастакоў СССР. За цыкл карцін 1957 г. быў уганараваны званнем лаўрэата рэспубліканскага фестывалю моладзі і студэнтаў Малдаўскай ССР. У 1960 г. узнагароджаны медалём "За працоўную доблесць".

У 1961 г. Гаўрыіл Харытонавіч пераехаў у Менск і стаў выкладаць у Беларускім тэатральна - мастацкім інстытуце, узначальваючы спачатку кафедру дэкаратыўна - прыкладнога мастацтва, затым - створаную пры яго непасрэдным удзеле кафедру манументальнага жывапісу.

Працы Гаўрыіла Харытонавіча знаходзяцца ў 28 музеях свету, у тым ліку 15 з іх у Траццякоўскай галярэі. Ён мае мноства ўзнагарод і ганаровых званняў: Акадэмік жывапісу, прафесар, у 1984 г. яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР за цыкл карцін "Дума аб Радзіме", "Прарыў", "Мір зямлі маёй", "Ліпеньскі мёд". Двойчы прызнаны Міжнародным Біяграфічным Цэнтрам г. Кембрыджа "Чалавекам года" у 1992 і 1994 гг, у 1993 г. Г. Вашчанку прысуджана званне "Чалавека ХХ ст.". У 1995 г. мастак быў узнагароджаны медалём "Францішка Скарыны".

На працягу ўсяго жыцця Вашчанка працуе ў галіне станковага жывапісу, акварэлі, манументальнага роспісу, вітражу. Асаблівая цікавасць мастака да беларускай гісторыі стала падставай да стварэння такіх палотнаў, як "Прарыў", "Мір зямлі маёй", "Ліпеньскі мёд", трыпціх аб паўстанні К. Каліноўскага "За зямлю, за волю", "Грунвальдская бітва", а таксама партрэты выдатных дзяржаўных і палітычных дзячоў і пісьменнікаў Беларусі: М. Багдановіча, Я. Коласа, Я. Купалы, Кірылы Тураўскага, Ефрасінні Полацкай, Л. Сапегі і інш.

Шэраг карцін Гаўрыіла Харытонавіча прысвечаны тэме Вялікай Айчыннай вайны: "Памяці…", "Песня дуба", "Цяжкія гады" і "Балада аб мужнасці" - карцінна, у якой ужо прыметны яго творчы почырк, які не зблытаеш ні з чыім іншым. За карціну "Балада аб мужнасці" ў 1975 г. Вашчанка быў узнагароджаны срэбным медалём імя М.Б. Грэкава, а за работы "Маё Палессе"(1971 г.), "Нафтавікі Палесся" (1973 г.) і "Матчыны крылы" (1974 г.) - залатым медалём ВДНГ.

Ярка і самабытна праяўляўся талент Вашчанкі ў манументальным мастацтве. Маштабнасцю задумы, цэльнасцю, гуманістычнасцю накіравананасці, дакладнай сістэмай фармавання прасторы вылучаюцца манументальныя роспісы "Зямля Светлагорская" (у Палацы культуры хімікаў у Светлагорску), выкананы ў тэмпернай тэхніцы ў 1972 г., "Асветнікі" (у былым Доме настаўніка ў Менску), выкананы ў тэхніцы энкаўстыкі ў 1976 г. і інш. Вашчанка - аўтар больш за 100 вітражоў, большая частка якіх захавалася да гэтага часу, у тым ліку вітражы ў каксцёле святых Сымона і Алены (былы Дом кіно), у ліцэі БДУ (былы Дом настаўніка), кінатэатры "Масква".

Асноўная ідэя творчасці Г.Х. Вашчанкі - вера ў дабро і зацвярджэнне прыгожага, а калі коратка сфармуляваць тэматыку работ мастака, можна сказаць, што ўсе яны - пра жыццё, прыгажосць, каханне. Чалавек моцны сваёй сувяззю з зямлёй, родны край не толькі дае магчымасць жыць i працаваць, але і фарруе духоўную моц народа.

Гаўрыіла Харытонавіча лічаць заснавальнікам нацыянальнай школы манументалістаў. Вашчанка вучыць маладых таму, што даўно ўжо стала яго жыццёвай і мастацкай праграмай: любові да свайго краю, павагі да годнасці чалавека і народа, веры, што з дапамогай мастацтва можна зацвярджаць дабро і высокую маральнасць. Многія з яго вучняў - З. Ліцвінава, А. Ксяндзоў, С. Цімохаў, В. Ціханаў і інш. - маюць стабільную і заслужаную вядомасць у Еўропе і Расіі.

Л. Саўко.


Ад кожнага па магчымасцях

Моладзь у рэгіёнах вельмі мала ведае пра сучас-ную, новую беларускую літаратуру. Скажу нават болей: там часта сам факт існавання гэтай літаратуры застаецца невядомым. Нават у такім даволі вялікім горадзе, як мой Бабруйск. Чаму? Усё проста: у кнігарнях адсутнічаюць кнігі не толькі сучасных беларускіх аўтараў, але і класікаў. Падлетак, зацікавіўшыся, можа наскрэбсці нешта ў інтэрнэт-прасторы. Але хто яго зацікавіць? Школа? Смешна. Там хіба што ў старэйшых класах вылучаны ўрок на Дранько-Майсюка.

Далучыўшыся да суполкі "Моладзь ТБМ", пачала ўсур'ёз думаць над двума пытаннямі. Першае - што магу зрабіць для беларушчыны асабіста я. Другое - як разварушыць Бабруйск, дзе тая беларушчына спіць летаргічным сном. Лічу, што пачынаць трэба з сябе, родных, сяброў. Бо калі не пераканаеш у слушнасці тваёй пазіцыі іх, то каго ўвогуле здолееш? Эфектыўнасць будзе толькі тады, калі пачаць справу спачатку. І рабіць тое, да чаго здатны. Я ж зараз вучуся ў філалагічным класе Ліцэя БДУ, сёлета паступаю на беларускае аддзяленне філфака таго ж БДУ, у канцы месяца еду на рэспубліканскую алімпіяду па беларускай мове і літаратуры як пераможца на папярэднім этапе. І магу сказаць, што ў пытаннях літаратуры, у тым ліку сучаснай, абазнаная далёка не кепска. Вось я і вырашыла: а чаму мне хоць бы сціплымі сваімі ведамі не падзяліцца з тымі, хто не мае ўвогуле ніякіх?

Ідэя, куды "несці асвету", з'явілася адразу. Вядома, у родны клуб камунікацыі і журналістыкі "5 капеек", дзе я празаймалася два гады. Трэба сказаць, што яго кіраўніца, Людміла Іванаўна Кокаш - адна з нямногіх дзейных людзей у горадзе, сябра БНФ, сама беларускамоўная. І за гады існавання клуба нямала людзей навярнула да беларускасці. Я некалькі разоў прыязджала з Менска на заняткі новай змены будучых журналістаў. І за паўгады ў клубе (цешуся спадзевам, што не без уплыву майго прыкладу) іх стаўленне да беларускай мовы і культуры заўважна змянілася. Некаторыя ўжо часткова адмовіліся ад рускай мовы ў зносінах.

Такім чынам, збіраючыся чарговы раз дадому, я прыхапіла кнігі, што паспела панабываць за паўгады ў Менску, каб мае слухачы не толькі пачулі пра іх, але і ў руках патрымалі. Так сталася, што выходныя выпалі на панядзелак і аўторак, таму прыйшла думка завітаць са сваёй "лекцыяй" яшчэ і… "У школу! Чаму не?" - падумала я і прыйшла (вядома, папярэдне дамовіўшыся з класным кіраўніком) у гімназію №2, у свой стары клас. Але, як выявілася, мая спантанная ідэя не выклікала ў людзей вялікага энтузіязму. Большасці не была патрэбная ніякая літаратура, тым больш беларуская. Не стала для маіх былых аднакласнікаў стымулам слухаць з належнай увагай і тое, што яны якраз пачыналі гэтую сучасную літаратуру праходзіць па праграме. Нават фенаменальны верш Усевалада Гарачкі "Страшылка" ("Ты не пі кампот: / гэта - ягад пот!") іх не разварушыў… Аднак, нягледзячы на ўсе недарэчнасці і абмежаваны час (30 хвілін), у мяне атрымалася зацікавіць прынамсі некалькіх; пасля тыя дзяўчаты падыходзілі і дзякавалі. Гэта парадавала, значыць, не дарма я выкладалася. Усё ж пяць чалавек - ужо плён, і немалы.

Наступным жа днём я крочыла ў "5 капеек" з цяжкай сумкай (кнігі - мая хвароба!), але лёгкай душой. Бо ведала: людзі там не выпадковыя і будуць уважлівымі і ўдзячны-мі слухачамі (гэта як у біблейскай прыпавесці пра сейбіта). Дый кіраўніца шчодра аддала мне ўвесь занятак, а гэта дзве гадзіны. Вось дзе ўжо абшар для дзейнасці! Я расказала ўсё, што магла: і пра тэндэнцыі ў сучаснай літаратуры, і пра часопісы і выдавецтвы, і, вядома, пра пісьменнікаў і іх кнігі, творчыя адметнасці тых аўтараў, каго я чытала. А гэта Барадулін, Разанаў, Дранько-Майсюк, Хадановіч, Жыбуль, Джэці, Бахарэвіч, Вішнёў, Ываноў, Гарачка, Мартысевіч, Кустава, Алена Брава… Вядома, шмат можна было б і яшчэ распавесці, але я не рызыкнула казаць пра тых, чыю творчасць ведаю недастаткова. Зачытвала вершы, празаічныя адрыўкі, усе вельмі жыва абмяркоўвалі пачутае, кожны ўпадабаў нешта для сябе. Было многа жартаў і смеху, асабліва падчас чытання "выбраных месцаў" з прозы Віктара Ыванова ці "Пралетарскіх песень" Усевалада Гарачкі. Я не памылілася, што зрабіла стаўку менавіта на гумар і наватарства ў літаратуры, бо вясёлае і не-звычайнае падлеткаў найбольш уражвае і западае ім у памяць. У некаторых проста гарэлі вочы, а большасць услых выказвала агульную думку: "Як жа гэта крута!" Ім хацелася хутчэй падзяліцца пачутым з сябрамі, яны перапісвалі ўпадабаныя вершы, пыталіся, дзе набыць гэтыя кнігі і засмучаліся праз тое, што іх няма ў Бабруйску. Але тут я магла хіба што прапанаваць прывозіць выданні па замове з Менска, ці падказаць адрасы інтэрнэт-кнігарняў. І гэта было лыжкай дзёгацю ў бочцы радасці ад плённа праведзенай прэзентацыі. Насам-рэч, калі б у мяне з сабой былі кнігі на продаж, іх бы разабралі ў адзін момант. Бо гэтыя маладзёны, па-першае, ссумаваліся увогуле па культуры і паэзіі. А па другое - няздатныя настаўнікі не здолелі абудзіць у іх любоў да мовы і літаратуры, наадварот, міжвольна прывучылі думаць пра нашу літаратуру, як пра нешта старое, нуднае, што ўжо не развіваецца, аджыло, не мае будучыні. І тут - такое! Нават "пяцікапеечнікі", даволі развітыя куль-турна ў параўнанні з іншымі падлеткамі, не ўяўлялі, што беларуская мова можа быць такой сучаснай, стылёвай, моладзевай, што наша літаратура можа быць такой цікавай і "прасунутай". Як мне падалося, яны ўспрынялі мой ключавы пасыл, паверылі: бела-рускае - моднае.

Я паехала ў Менск у выдатным гуморы, задаволеная тым, як здзейснілася мая задума. Але цешылася я ня-доўга, пакуль разважаць не пачала. Такім чынам, я адна, самастойна, здолела заахвоціць пачытаць беларускую кнігу з тузін хлапцоў і дзяўчат. Цудоўна, але… Праблема захавалася. Яны, узрушаныя, прагнуць як след пачытаць гэтую кніжку, паказаць сябрам, але - дзе ж яе ўзяць? Дылема. Хто павінен заварушыцца, каб кнігі сталічных выдавецтваў з'явіліся ў рэгіянальных кнігарнях? Першыя ці другія? Я таго не ведаю, і акрамя як абурыцца ў кнізе скаргаў гарадской кні-гарні, пакуль нічога зрабіць не магу. Але гэта ўжо мой наступ-ны клопат. Гэтую ж сваю справу я зрабіла. Не хочацца, каб яна была марнай. І ўсё ж пакуль у кнігарнях двухсотдваццаці-тысячнага горада немагчыма набыць беларускую літаратуру, плёну ад такіх мерапрыемстваў будзе няшмат.

Ірына Хамрэнка.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX