Вярнуцца: 2010

№ 18 (961)


Крыніца: pawet.net.



№ 18 (961) 5 ТРАЎНЯ 2010 г.


100 гадоў з дня нараджэння Апанаса Цыхуна

ЦЫХУНАпанас нарадзіўся ў 5 траўня 1910 года ў Кунцаўшчыне пад Гародняй. Падчас Першай Сусветнай вайны аказаўся з маці ў Санкт-Пецярбургу ў дзядзькі Максіма. Асірацеў ён у 9 гадоў. Маці Юля памерла ад сухотаў, пакінула траіх сіротаў - Апанаса, Івана і Ніну. Неўзабаве бацька ажаніўся...

Калі вучыўся ў польскай настаўніцкай семінарыі, спяваў у хоры касцёла імя святога Францішка Ксаверыя. Яго і ў семінарыю прынялі, таму што меў добры голас. Прафесар спеваў Станіслаў Франчак, які кіраваў касцельным і семінарыйным хорам і аркестрам і першы прымаў уступны экзамен, паставіў абітурыенту Афанасію «выдатна», а пасля яго і іншыя выкладчыкі ставілі добрыя адзнакі. З 1928 да 1931 года Апанас з сынам прафесара выконвалі ў хорах сольныя партыі. Праўда, за семінарыю трэба было плаціць па 80 злотых за паўгода, да таго ж кожная струна ў скрыпцы каштавала 50 грошаў, а струны часта рваліся. Грошы прысылаў дзядзька Максім Краўцэвіч, родны брат маці, з Пецярбурга. Апанас неяк паслаў дзядзьку сваю фатаграфію, але выйшла так, што НКВД-ысты прыдраліся да нагруднага значка - крыжа, і за тую фатаграфію добрага дзядзьку Максіма саслалі ў ГУЛАГ на 10 гадоў...

Семінарыю Апанас Пятровіч не скончыў: з IV курса яго забралі ў Польскае войска. Служыў у Вільні, Сувалках «цэляўнічым» гарматы, якую цягалі коньмі.

У 1934 годзе Апанас вярнуўся з войска і ажаніўся з Марыяй Зянковіч з вёскі Свіслач Дольная. Пачалі гаспадарыць у вёсцы Кунцаўшчына, мелі каня і кароўку. У 1937 годзе яны прадалі гаспадарку, за 40 пудоў жыта купілі дамок і ўчастак у Гародні і заняліся дробным гандлем у ганачку свайго дома. І добра ў іх выходзіла, але ў ліпені 1939 года Апанаса забралі на вайсковыя зборы. Іх полк стаяў пад Гданьскам, калі пачалася вайна. Тады Апанас Цыхун ваяваў «цэляўнічым» у супрацьтанкавай заслоне Варшавы, але хутка трапіў у нямецкі палон - у лагер у Гуры Кальварыі.

Пасля нямецка-савецкага пагаднення палонных, якія паходзілі з крэсаў, пасадзілі ў цягнік і павезлі на ўсход. На станцыі Ласосна іх не выпускалі, але Апанас Цыхун вылез з вагона і міма вартавога пабег у лес. Дабраўся дадому, убачыў выбітыя вокны. Жонка з сынам перабралася да сваякоў у вёску.

Апанас Пятровіч пайшоў на працу ў Лашскую сямігадовую школу. У 1941 годзе яго забралі на зборы, і тут зноў пачалася вайна.

У вайну нарадзіўся сын Пеця.

У канцы вайны польскі чыноўнік выехаў у Варшаву і пакінуў свой дом на вуліцы Манюшкі, 21 Цыхунам, якіх лічыў добрымі людзьмі. Але саветы адабралі дом. Апанас Цыхун з сям'ёй вярнуўся ў свой маленькі дамок на Бертэля, 41, дзе Цыхуны жылі ўвесь час, а апошнія 15 гадоў Апанас Пятровіч жыў адзін.

Яго бацька Пятро памёр у вайну ад заражэння крыві - адсёк кончык пальца.

Пасля заканчэння вайны Апанас Пятровіч завочна вучыўся ў настаўніцкім інстытуце і працаваў настаўнікам у Лашскай, Капцёўскай, Батароўскай школах.

З 1949 да 1968 года ён быў школьным інспектарам у РайАНА. У 1963 г. ён адчыніў музей Яўхіма Карскага ў Лашы. У гэты музей, на радзіму дзеда, прыязджала ўнучка Карскага з Піцера. Ён хадзіў пешкі па вясковых школах, часам начаваў у вясковых хатах. Так, ходзячы, ён пачаў збіраць адметныя словы, легенды, песні. Магчыма, гудзевіцкі настаўнік Алесь Белакоз больш дасканала распрацаваў методыку збіральніцтва - яму дапамагалі вучні, а праз вучняў - і бацькі, дзяды. Апанас Цыхун збіраў адзін і прычым тое, што не мела матэрыяльнага эквіваленту. Яму дапамагалі настаўнікі роднай мовы, выпадковыя знаёмыя і сябры - Вячаслаў Губар, Аляксандр Шыдлоўскі, Сяргей Банда-рэнка, Міхась Васілёк.

Збіраў дыялекты гэтага самабытнага беларускага краю на польска-літоўскім сумежжы, дзе яшчэ там-сям захаваліся яцвяжскія сляды. У вёсцы Ятвязь на рацэ Чорнай Ганчы вокны ў хатах рабілі авальныя (зверху), а на магілах крыжы стаўлялі на пірамідку - з камення, з грудаў. Апанас Пятровіч і ў мове знайшоў яцвяжскія назвы, і ў прыладах працы, і ў выглядзе людзей яцвяжскія рысы.

Апанас Пятровіч збіраў назвы зёлак, грыбоў і дрэваў. Збіраў назвы ветракоў, хутароў, пагоркаў і балотаў, мастоў і брадоў, паромаў і валуноў - тут мова ўзаемна ўзбагачаецца сумежнымі мовамі, гэтак жа, як перамешваецца людская кроў... У Апанаса Цыхуна былі дзве скрыпкі добрых невядомых майстроў. Адну скрыпку яму пакінуў па сабе як спадчыну беларускі настаўнік Павел Аляксандравіч Тамашчык (1889-1978 гг.). Гэтую скрыпку Апанас Цыхун падараваў музею Максіма Багдановіча ў Гродне як ілюстрацыю да першага апавядання пісьменніка «Музыка», якое было апублікавана ў газеце «Наша Ніва» 6 ліпеня 1907 г. Апанас Цыхун граў на скрыпцы нават на вялікіх сцэнах, але найболей граў для сяброў, для душы.

У 90-я гады з'явіліся ў Апанаса Пят-ровіча выдаўцы і спонсары. Ён выдаў кнігі: «Акадэмік з вёскі Лаша Я. Ф. Карскі. Краязнаўча-біяграфічны нарыс» (Гродна, 1992), «Легенды і балады Гродзеншчыны» (Гродна, 1995), «Песні з народных глыбіняў» (Гродна, 2000), «Пройдзеныя шляхі-пуцявіны» (Гродна, 2003).

Да 95-годдзя з дня нараджэння ён сам сабраў сваю творчасць і даверыў яе грамадскаму фонду «Ратуша», які абяцае выдаць кнігу...

Апанас Пятровіч памёр ноччу з 9 на 10 сакавіка 2005 г. на руках сваіх сыноў...

Паводле Д. Бічэль.


За вуліцу Грунвальдскую

За некалькі дзён сябры суполкі "Рубон" Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ сабралі больш за 100 подпісаў пад Зваротам наконт перайменавання вуліцы і ўсталявання памятнага знака да 600-годдзя перамогі пад Грунвальдам.

Подпісы накіраваныя ў Полацкі гарвыканкам і гарсавет.

Наш кар.


Выйшла «Аўтабіяграфія» Багуслава Радзівіла

Аўтабіяграфія/Багуслаў Радзівіл; уклад. і пасляслоўе Ул.Сіўчыкава, прадмова Г. Літвіна, пер. з пол. мовы А. Бутэвіч, Ул .Сіўчы-каў. - Мн.: Радыёла-плюс, 2009. - 212 с.: іл.

Багуслаў Радзівіл, сын віленскага кашталяна Януша Радзівіла і Лізаветы Соф'і Гагенцолерн, быў ў розныя перыяды свайго жыцця літоўскім харунжым, канюшым, генеральным губернатарам Прускага герцагства.

Жыццё гэтага чалавека было надзвычай насычаным, поўнілася супярэчлівымі фактамі і разнастайнымі цікавосткамі.

З сямі гадоў выхоўваўся ў ВКЛ, у 1637 выехаў вучыцца ў Нідэрланды, але кінуў навучанне дзеля ўдзелу ў вайне з іспанцамі. Пазней вучыўся ў Парыжы, у рыцарскай Акадэміі. Шмат падарожнічаў па Еўропе, удзельнічаў у многіх войнах.

У 1648 г. Багуслаў Радзівіл вярнуўся ў Рэч Паспалітую. Тады ж наняў 2 тысячы пехацінцаў і накіраваў іх супраць казакаў. У антыказацкіх кампаніях удзельнчаў як генерал каралеўскай гвардыі. Аднак ужо праз некалькі год Багуслаў Радзівіл становіцца прыхільнікам Кейданскай уніі - пераходу ВКЛ пад пратэктарат Швецыі. Ён паспеў паваяваць як за Швецыю (узначальваў брандэнбургскую армію на тэрыторыі Прусіі), так і супраць яе ў Курляндыі, калі вярнуўся на бок Рэчы Паспалітай.

Войны не былі адзіным захапленнем Багуслава Радзівіла. Ён валодаў вялікай латыфундыяй, пасля смерці бацькі стаў уладальнікам Слуцкага і Капыльскага княстваў, многіх маёнткаў, а пасля шлюбу са сваёй стрыечнай пляменніцай Ганнай Марыяй, дачкой Я. Радзівіла, атрымаў Кейданы, Дубінкі, Біржы, Заблудаў, Койданава, Беліцу, трымаў Мазырскае, Бранскае, Барскае староствы.

Разам з землямі і гарадамі Багуслаў Радзівіл калекцыянаваў і духоўныя каштоўнасці. У Слуцку ён сабраў архіў і бібліятэку. Падтрымліваў кальвінісцкія зборы і школы. Збіраў творы мастацтва і нават складаў рэлігійныя гімны. Багуслаў Радзівіл таксама з'яўляецца аўтарам замалёвак з панарамамі беларускіх гарадоў, эскізаў і праектных чарцяжоў самых разнастайных пабудоў.

Аб самых таемных момантах жыцця Багуслава Радзівіла зараз можна даведацца з яго аўтабіяграфіі, што выйшла ў выдавецтве «Радыёла-плюс». Укладальнікам «Аўтабіяграфіі» кнігі выступіў Уладзімір Сіўчыкаў, прадмову да яе напісаў пасол Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін.

Першае польскамоўнае выданне пабачы-ла свет у 1979 годзе, па беларуску аўтабіяграфія выйшла ўпершыню.


Надпісаў на сцягах ужо замала

Дзяржаўнаму сакратару

Савета бяспекі

Рэспублікі Беларусь

Мальцаву Л.С.

220016, г. Мінск,

Рэзідэнцыя Прэзідэнта,

вул. К. Маркса, 38

Шаноўны Леанід Сямёнавіч!

У апошні час мы назіраем з боку асобных прадстаўнікоў сілавых структур Рэспублікі Беларусь фрагментарныя праявы цікавасці да беларускай мовы, спробы яе ўжывання пры тых або іншых абставінах. Так нядаўна беларускія і расейскія СМІ ўдзялілі шмат увагі спробе перакладу агульнавайсковых статутаў Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь на беларускую мову. Колькі дзён таму з дакладам на беларускай мове ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь выступіў старшыня Памежнага камітэта нашай краіны генерал-маёр Ігар Рачкоўскі. На беларускай мове памежнікі прадставілі ў Палату прадстаўнікоў шэраг дакументаў.

Мы ацэньваем гэта, як праяву законнага жадання "людзьмі звацца", як імкненне лепшых прадстаўнікоў нашага народу годна несці высокае званне беларуса, каб не смяяліся з нашых дзяржаўцаў на розных міжнародных форумах, што яны не валодаюць мовай свайго народу, што беларускі афіцэр не ўмее падаць элементарную каманду па-беларуску.

У сапраўднасці беларуская мова ў сілавых структурах Рэспублікі Беларусь практычна не ўжываецца. I гэта пры наяў-насці тысяч афіцэраў з вышэйшай адукацыяй, якія вывучалі беларускую мову ў школах, а некаторыя скончылі школы з беларускай мовай навучання.

Мы лічым, што настала пара вярнуць у беларускія сілавыя структуры дзяржаўную беларускую мову.

Мы лічым, што працэсы беларусізацыі беларускіх сілавых структураў павінны насіць цэнтралізаваны характар, мусяць быць навукова прапрацаванымі і ідэалагічна падмацаванымі. У сувязі з гэтым на першым этапе мы прапануем:

1. Стварыць Навуковы цэнтр (Інстытут) беларусізацыі беларускіх сілавых структур, які б заняўся навуковымі аспектамі гэтай праблемы, у тым ліку. прапрацоўкай беларускай вайсковай тэрміналогіі, беларускамоўнымі статутамі (агульнавайсковымі і баявымі), навучальнамі планамі і праграмамі, навучальнымі і метадычнымі дапаможнікамі, беларускамоўным аблічэннем тапаграфічных карт. Навуковы цэнтр (Інстытут) можа быць створаны пры адной з акадэмій, або як самастойная навукова-даследчая ўстанова, або могуць быць створаны цэнтры пры кожнай акадэміі з прызначэннем пілотнага. Для стварэння такога Цэнтра (Інстытута) у сілавых структурах на дзейнай службе і ў запасе дастаткова высокаадукаваных афіцэраў, якія здольныя напісаць, скажам, Шыхтовы статут Беларускага Войска значна лепш за жанчын-філолагаў з Інстытута беларускай мовы і літаратуры Акадэміі Навук.

2. 3 новага навучальнага года перавесці выхаваўчую працу ва ўсіх сілавых структурах Рэспублікі Беларусь на бе-ларускую мову, разглядаючы гэты крок, як папярэдні, перад усеагульнай беларусізацыяй. Паставіць выхаваўчую працу на аснову нацыянальных каштоўнасцяў і традыцый, разглядаючы гістарычную і ваенную спадчыну нашага народа як найвялікшую каштоўнасць і асноўную базу для навучання і выхавання. Праблемы афіцэрскіх кадраў не існуе - усе афіцэры высока-адукаваныя, амаль усе вучылі беларускую мову.

3. 3 1верасня 2010/2011 або 20.11/2012 навучальнага года на 1-шых курсах усіх ВНУ і іншых навучальных установах сілавых структур перавесці выкладанне агульнаадукацыйных дысцыплін на беларускую мову з задачай праз 5-6 гадоў цалкам бела-русізаваць навучальны працэс. Пры абгрунтаванай затрымцы гэтага працэсу з 1верасня 2010/2011 навучальнага года ва ўсіх навучальных установах увесці пашыраны курс "Беларуская мова. Прафесійная лексіка".

4. Перавесці на беларускую мову СМІ сілавых структур, у тым ліку "Ваенную газету" і Ваен ТБ.

5. Зрабіць беларускую мову асноўнай у дзейнасці мастацкіх і творчых калектываў.

На другім этапе мы прапануем перавод на беларускую мову ўсёй жыццядзейнасці і баявой работы:

- Міністэрства ўнутраных спраў;

- Камітэта дзяржаўнай бяспекі;

- Міністэрства па надзвычайных сітуацыях;

- Памежных войскаў;

- мытных службаў;

- судоў;

- пракуратуры;

- Дэпартамента аховы;

- пры пераводзе частак і падраздзяленняў Міністэрства абароны на беларускую мову на рускай мове можа заставацца сістэма апавяшчэння агульнай з Расіяй Сістэмы супраць-паветранай абароны. На рускай мове могуць заставацца баявыя праграмы сучасных электронных сродкаў узбраення расійскай вытворчасці. На англійскай мове могуць быць баявыя праграмы сродкаў узбраення, якія будуць паступаць не з Расіі. Пры гэтым пры закупцы ўзбраення не ў Расіі неабходна патрабаваць, каб тэхнічная дакументацыя пастаўлялася на беларускай мове.

Мы лічым, што беларусізацыя сілавых структур Рэспублікі Беларусь наблізіць іх да народа і будзе садзейнічаць павышэнню ўзроўню патрыятызму ў гэтых структурах, па-служыць пад'ёму міжнароднага аўтарытэту нашай краіны.

Са свайго боку грамадскае аб'янанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" гатова аказаць любой зацікаўленай структуры магчымую дапамогу.

З павагай,

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А. Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

«Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны»

Трусаву А.А.

220034, г. Мінск, вул. Румянцава, 13

Шаноўны Алег Анатольевіч!

У Дзяржаўным сакратарыяце Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот у дачыненні да выкарыстання беларускай мовы ў якасці адзінай дзяржаўнай у дзейнасці сілавых структур і стварэння з гэтай мэтай Навуковага цэнтра (Інстытута) беларусізацыі беларускіх сілавых структур.

Пытанні ўжывання беларускай і рускай моў урэгуля-ваны дзеючым заканадаўствам.

Так, паводле арт. 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1994 года (са зменамі і дадаткамі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24.11.1996, 17.10.2004) дзяр-жаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы.

Законам Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 года (у рэд. Законаў Рэспублікі Беларусь ад 13.07.1998 № 187-3, ад 22.12.2005 № 76-3, ад 10.05.2007 №225-3, ад 09.11.2009 №51-3) «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» урэгуляваны пытанні выкарыстання дзяржаўных моў у Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку ў афіцыйна-справавой сферы. Так, паводле арт. 20 дадзенага Закона ва Узброеных Сілах, іншых войсках і вайсковых фар-міраваннях Рэспублікі Беларусь ужываюцца беларуская і (або) руская мовы.

У цяперашні час надпісы на баявых сцягах, ордэнах, геральдычных знаках і знаках Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь выкананы толькі на беларускай мове. Прывітальны даклад камандзіра роты ганаровай варты ў гонар прыбыцця ганаровых гасцей і дэлегацый таксама ажыццяўляецца толькі на беларускай мове. Перакладзены і падрыхтаваны да выдання камплект агульнавайсковых статутаў. Вайскоўцы маюць права прыняць прысягу на адной з дзяржаўных моў.

На ўсіх парадах войскаў Мінскага гарнізона зводным аркестрам выконваюцца песні, як на беларускай, так і рускай мовах. Шырока прадстаўлены рэпертуар песень на беларускай мове, як шыхтовых, так і падчас правядзення канцэртаў, якія арганізуюцца сілавымі ведамствамі (Мінабароны, МУС, МНС, Дзяржпагранкамітэт і інш.). Ведамасныя СМІ рэгулярна публікуюць артыкулы на беларускай мове.

Стварэнне Навуковага цэнтра (Інстытута) беларусізацыі беларускіх сілавых структур з'яўляецца эканамічна не абгрун-таваным, паколькі дзейнасць, якая ажыццяўляецца ў дадзеным кірунку дзяржаўнай навуковай установай «Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы» НАН Беларусі, адпавядае сучасным патрабаванням у поўным аб'ёме.

Акрамя таго, навучальны працэс ва ўсіх навучальных установах праводзіцца ў адпаведнасці з адукацыйнымі стандартамі, распрацаванымі Мінадукацыі. Так, курс «Беларус-кая мова. Прафесійная лексіка» (50 гадзін) уведзены ва ўсіх ВНУ краіны на падставе Адукацыйнага стандарту «Вышэйшая адукацыя. I ступень. Цыкл сацыяльна-гуманітарных дысцыплін». Павелічэнне колькасці гадзін дадзенага курса магчыма толькі па рэкамендацыі Мінадукацыі.

Такім чынам, поўны перавод дзейнасці сілавых структур на беларускую мову на сучасным этапе з'яўляецца эканамічна і практычна немэтазгодным, а таксама супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

3 павагай,

Намеснік Дзяржаўнага сакратара

Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь А.Л.Ялфімаў.


Польшча і Беларусь застануцца салідарнымі

На сядзібе ТБМ у рамках праекта " Дыялог" старшыня Камітэта абароны рэпрэсаваных Іна Кулей, распавяла аб формах і умовах атрымання Еўрапейскай адукацыі. У цёплай нефармальнай абстаноўцы яна адказала на шматлікія пытанні адносна правілаў набору на праграму К. Каліноўскага для рэпрэсаванай моладзі.

"Еўрапейскія універсітэты ўдзельнічаюць у Балонскай сістэме адукацыі. З 2000 году ў беларускіх універсітэтах пачаўся пераход на двухступеневую мадэль адукацыі, якая прадугледжавае бакалаўрскую і магістарскую ступені навучання. Зараз, абмяркоўваючы новы Адукацыйны кодэкс, Міністэрства Адукацыі хоча прыцягнуць за вушы еўра-пейскія прынцыпы, не праводзячы ўнутраных змен, калі ідэалагічны прэс прыгнятае студэнтаў і абмяжоўвае іх правы."

"Чым больш моладзі атрымае еўрапейскую адукацыю і досвед еўрапейскага ладу жыцця, тым хутчэй у нас надыдуць перамены. Бачанне станоўчых узораў арганізацыі эканомікі і сацыяльнай сферы, і крытычная маса незадавальнення існым ладам ператворыцца ў пазітыўныя змяненні.

Часта бацькі і бабулі ганарацца сваімі дзецьмі і ўнукамі, якія вучацца ў Празе, Варшаве, Гданьску, чытаюць пра іх у інтэрнэце. Важна, каб моладзь вучылася, была патрэбнай і прыносіла карысць Радзіме, а не з'язджала назаўсёды."

"Усе кандыдаты на удзел у праграме праходзяць пільны адбор Рады Камітэта абароны рэпрэсаваных. Патрапіць пабочнаму чалавеку туды немагчыма, таму што факты рэпрэсій, пацверджаныя судовымі пастановамі або даведкамі аб штрафах падмацоўваюцца дзвюмя рэкамендацымі сяброў грамадскіх арганізацый.

Праграма была падпісана А. Мілінкевічам з польскім прэмьер-міністрам К. Марцінкевічам. З той пары змянілася ўжо нека-лькі прэмьер-міністраў, умовы Праграмы застаюцца прын-цыпова нязменнымі.

Эканамічны крызіс не паўплываў істотным чынам на колькасць набору студэнтаў, хаця і трохі абмежаваў. Але з будучага году тэрмін навучання падоў-жыцца, студэнты 1курса павінны будуць год вывучаць польскую мову, каб узровень падрыхтоўкі быў больш су-р'ёзным. Адлічаныя з бела-рускіх ВНУ будуць прыняты на курс параўнальнага узроўню. Будзе працягнуты набор на магістарскія праграмы па розных спецыяльнасцях для асоб не вышэй 35-гадовага узросту."

"Удзел у Праграме К. Каліноўскага, праграме Чэшскага ўраду і іншых патрабуе высокай матывацыі абітуры-ента, ведання сваёй мэты, чаго ён хоча дасягнуць, кім стаць, самастойнасці і адказнасці.",- дадала сп. Іна Кулей.

За час вучобы маладыя людзі сталі больш самастойнымі, у некалькі разоў павысілі свой культурны і адукацыйны узровень. Іх бацькі згуртаваліся, выпрацавалі некалькі грамадскі важных праектаў па культурніцкай, экалагічнай і праваабрончай тэматыцы, якія будуць рэалізаваны.

"Раю моладзі не баяцца і верыць ў сябе, бацькам - падтрымліваць сваіх дзяцей, імкнуцца да паразумення", - натхніла аўдыторыю спадарыня Іна Кулей.

Беларускія студэнты ў Польшчы маюць моцную мо-ладзевую арганізацыю " Беларуская Нацыянальная Памяць", якую ўзначальвае сябра БХД, Антоль Міхнавец. Сябры арганізацыі стаялі ў ганаровай варце каля трунаў прэзідэнцкай пары ў Прэзідэнцкім палацы. Паўсюль луналі бел-чырвона-белыя сцягі.

Э. Оліна На здымку: Іна Кулей, фота аўтара.



Дударскі фэст (фестываль валынкі)

19 траўня, 18.00 - 22.00

Танцавальная крытая пляцоўка парка Чалюскінцаў.

Гурты: СТАРЫ ОЛЬСА, ZNICH, LITVINTROLL, Testamentum terrae, КЕЙЛІ КЁЛ, РАСАЛІЯ, UNIA і шмат інш.

Кошт квіткоў: 20 000 папярэдне; 25 000 у дзень канцэрту. Кожны, хто набудзе квіток папярэдне, атрымае плакат гурта Стары Ольса ў падарунак!

Пункты продажу: пераходы Я. Коласа, Кастрычніцкая, ГУМ, ГЦ Купалаўскі, 19 кропка, ГЦ Рыга, 18 кропка і інш.


Каб мова родная жыла

Ці ўдасца Таварыству беларускай мовы і перадавой нацыянальна свядомай частцы інтэлегенцыі ўратаваць родную мову? Пытанне не адназначнае. Але мы робім усё, каб мова родная жыла. Важным кірункам у праблеме ўратавання мовы з'яўляецца Агульнанацыянальная беларуская дыктоўка, якая прайшла ўжо трэці раз. Газета "Наша слова" шмат пісала пра ход напісання дыктоўкі. І хоць прайшоў значны час, як акцыя завяршылася, я хачу падзяліцца вынікамі акцыі і ўласнымі ўражаннямі. Пінская раённая арганізацыя ТБМ імя Ф. Скарыны арганізоўвала і прымала ўдзел ва ўсіх трох ужо праведзеных агульнанацыянальных дыктоўках. Да трэцяй мы рыхтаваліся больш актыўна і адказна. І калі першыя дзве дыктоўкі праводзілі толькі ў школах раёна, то ў трэцяй ставілі мэтай далучыць да напісання дыктоўкі дарослае насельніцтва. У выніку дыктоўка праведзена больш, як у 15 сярэдніх і базавых школах: Кончыцкай і Кашавіцкай, Валішланскай і Лагішынскай, Бярозавіцкай і Ахоўскай, Плешчанскай і Сашнянскай, П. Загародскай і Лемяшэвіцкай, Табульскай, Лышчанскай і Бобрыкаўскай СШ, Дамашыцкай і Дубайскай БШ. Хочацца выказаць шчырую ўдзячнасць усім настаўнікам роднай мовы, якія па маёй просьбе напісалі дыктоўкі са сваімі вучнямі. У першым туры дыктоўку напісалі болей за 80 вучняў. І палавіна з іх былі выхаванцы настаўніцы Надзеі Васільеўны з Кончыцкай школы.

У другім туры напісалі дыктоўку працаўнікі М. Плотніцкага лясніцтва. На здымку вы бачыце ляснічага Ю. Валоха і яго падначаленых І. Грушэўскага і С. Антановіча. У гэты час напісалі дыктоўку работніцы Бобрыкаўскай бальніцы В. Кірыковіч, Н. Шапялевіч, Т. Аксёненка і Варвара Парфір'еўна.

У трэцім туры напісалі дыктоўку медыцынскія работніцы Лагішынскай бальніцы Наталля Лідоўская. Алена Шапялевіч. Валянціна Галка, Ніна Козел, Таццяна Руткоўская, Алена Кароль. Вы іх бачыце на здымку.

Нельга прайсці, каб не зазначыць, што перад напісаннем дыктоўкі з медперсаналам у Лагішыне кіраўніцтвам установы мне была прадстаўлена магчымасць выступіць перад шматлікай аўдыторыяй. Праводзілася вучоба медперсаналу, на якой я коратка расказаў пра дзейнасць ТБМ, пра стан роднай мовы і мэту Агульнанацыянальнай дыктоўкі. На жаль, напісаць дыктоўку пагадзіліся толькі сем супрацоўніц.

Асобна хачу некалькі слоў сказаць пра дзве школы. У пасёлку Лагішын рускамоўная школа. Чаму яна рускамоўная? Адказу на гэтае пытання я не занйшоў. Адной з прычын, як мне сказалі, з'яўляецца тое, што тут пражывае вялікая колькасць палякаў. Але ж гэтыя палякі жывуць на беларускай зямлі. Мне здаецца, што прычына зусім у іншым. Але мне была прадстаўлена магчымасць дырэкцыяй школы правесці дыктоўку ў класе настаўніцы беларускай мовы Ірыны Міхайлаўны. На здымку вы бачыце яе і яе вучняў у час дыктоўкі.

У Лышчанскай СШ я адчуваю сябе сваім чалавекам. Тут працуе суполка ТБМ. У ёй пяць сяброў. Узначальвае школу мой былы вучань. Тут мне заўсёды дапамагаюць правесці мерапрыемствы. І на гэты раз мне арганізавалі магчымасць напісаць дыктоўку ў старэйшым класе. На здымку вы бачыце, як старацельна вучні пішуць тэкст дыктоўкі.

Спрабаваў напісаць дыктоўку з працаўнікамі сельсавету. Звяртаўся ў чатыры выканкамы. Але пад рознымі адгаворкамі мне так і не далі магчымасць напісаць дыктоўку. У вачах і голасе я бачыў і чуў страх. Ды Бог ім суддзя.

Старшыня Пінскай раённай арг. ТБМ імя Ф. Скарыны Уладзімір Гук.


Да 95-годдзя казкі Максіма Багдановіча

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Літаратурны музей Максіма Багдановіча, Музей старажытнабеларускай культуры, вясельны салон "Мірэй", фатограф Павел Мядзведзеў прадстаўляюць мастацкадакументальную выставу "Ажаніцца - не журыцца", прымеркаваную да 95годдзя надрукавання вершаванай казкі Максіма Багдановіча "Мушказелянушка і камарык насаты тварык"

Максім Багдановіч - адзін з самых любімых беларускіх паэтаў. Родную мову яму давялося вывучаць па кнігах, газетах, па слоўніку беларускай мовы Івана Насовіча. Значны ўплыў на будучага паэта аказалі беларускія казкі і песні, якія ён чуў ад сваіх цётак у дзяцінстве. І потым, ужо будучы прызнаным беларускім пісьменнікам, Максім Багдановіч звярнуўся да напісання твораў у беларускім народным стылі. Адным з такіх твораў стала вершаваная казка "Мушка-зелянушка і камарык насаты тварык", упершыню апублікаваная ў газеце "Наша Ніва" 7 траўня 1915 года. Матыў казкі - няўдалая жаніцьба камара пачэрпаны Багдановічам з народных песень.

У падзагалоўку да паэмы «Мушка-зелянушка і камарык насаты тварык» аўтар адзначаў: «Вельмі жаласная гісторыя, выкладзеная згодна з праўдай беларускім вершам». Сапраўды, паэма ўсімі сваімі ідэйнаэстэтычнымі вартасцямі арганічна звязана з народнымі творамі, але ў той жа час гэта зусім арыгінальны і самабытны мастацкі твор: ён носіць яскравы адбітак характэрных своеасаблівасцей творчай індывідуальнасці паэта.

Цэнтральнае месца ў паэме займае апісанне вяселля, і гэта - асноўны матыў выставы. Акрамя дакументальных матэрыялаў, што тычацца паэмы, на выставе прадстаўлены традыцыйныя беларускія вясельныя строі з Музея старажытнабеларускай культуры, сучасныя вясельныя сукенкі, прадстаўленыя салонам "Мірэй", вясельныя фотаздымкі ХХ стагоддзя і сучасныя вясельныя фотаздымкі маладога таленавітага фатографа Паўла Мядзведзева.

Жаніцьба - важная, асаблівая падзея ў жыцці чалавека. Уступленне маладых людзей у шлюб - цудоўнае свята для ўсіх, напоўненае светлым радасным настроем, добрым гумарам, цёплымі эмоцыямі. Кожны жадае зрабіць гэты дзень незабыўным і чароўным. Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае апынуцца ў чароўнай атмасферы вяселля, узгадаць светлыя эмоцыі і падзяліцца цудоўнымі ўражаннямі.

Адкрыццё выставы адбудзецца 7 траўня 2010 года ў 18.00 у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (Траецкае прадмесце, вул. М. Багдановіча, 7а). Выстава працуе да 30 чэрвеня з 10.00 да 19.00.


Мартыралог са спадзевам на несмяротнасць

Роздум над кнігай "Невядомая нам краіна"

Назва кнігі насамрэч больш разгорнутая і мае па-навуковаму дакладна акрэс-лены падзагаловак: "Беларусь у яе этнаграфічных межах" (Мн. "Кнігазбор, 2009), што натуральна, бо аўтар, Алег Трусаў, - сапраўды дыплама-ваны навуковец: у свой час абараніў кандыдацкую дысер-тацыю па гісторыі, а затым ужо у якасці ўніверсітэцкага выкладчыка атрымаў званне да-цэнта. А яшчэ ён - публіцыст, грамадскі і дзяржаўны дзеяч, абіраўся дэпутатам Вярхоўна-га Савета БССР і Рэспублікі Беларусь 12 склікання, ўзна-чальваў там Камісію па дзяр-жаўных сімвалах і адначасова яшчэ ў адной - па адукацыі, культуры і захаванні гістарыч-най спадчыны - быў намесні-кам старшыні. І гэта не ўсё. Але згаданага дастаткова каб зразу-мець чытацкую цікавасць да яго меркаванняў па ўсё яшчэ грамадска-абвостраных пытан-нях беларускага этнасу, а так-сама і адносна зместу публіка-цый розных аўтараў па гэтай тэматыцы, уключна з палітыч-най само сабой складовай.

А неабходнасць, асэн-саваўшы, пэўным чынам пад-агуліць напрацаванае тут даследчыкамі за перыяд з часу станаўлення сучаснай беларус-кай дзяржаўнасці, каб лепш, дакладней зразумець чаму мы з нашымі гістарычнымі, геаграфічнымі, псіхічнымі ўрэшце і выточнымі адсюль эканаміч-нымі асаблівасцямі такія, а не іншыя, і што рабіць, каб вы-жыць этнічна, нацыяй у жорсткім, бязлітасным да слабых Сусвеце з яго глабалізацыцяй, увачавідкі наспела. Аднаму такое, зразумела ж, не асіліць, але пачаць камусьці грамадская патрэба адчуваецца, і вар-та шкадавання, што не могуць з усёй магчымай аб'ектыўнас-цю заняцца гэтым адпаведныя акадэмічныя інстытуты з-за сваёй відавочнай ідэалагічнай зашоранасці. Так што кніга Алега Трусава - гэта ў пэўным сэнсе тое, у чым грамадства адчувае патрэбу.

Працягнуўшы развагі пра грамадскія патрэбы і чаканні, адзначым яшчэ, што кні-га хутчэй за ўсё не задумвалася як нешта цэласнае. Аўтар - публіцыст і палітык, што часам заўважаецца па тэксце, міжволі адгукаўся на пэўныя мерка-ванні, з'явы, чыесьці публіка-цыі, але сабранае ўсё больш і больш набывала выгляд раздзелаў, калі пачатак аднаго натуральна меў пэўны працяг і вынік у далейшым, а творча асэнсаванае адзінкавае пера-ўтваралася ў сістэмнае. Калі з асобных, так бы мовіць, праў-даў узнікае агульная, "боская". У тым ліку той асноўны, кан-цэптуальны пункт гледжання, які дае магчымасць ясна ўба-чыць і зразумець раней цьмя-нае ці нават, здавалася б, іншас-нае, адчужанае. Так адбылося, прыкладам, калі аўтар нечакана паставіў ў адзін шэраг такія гістарычныя з'явы як утварэн-не ў старажытнасці акрамя Полацкага княства, Пскоўскай рэспублікі, Вялікага Княства Смаленскага, Вялікага Княства Цвярскога, Северскай зямлі. Ці ў пазнейшыя часы, ужо ў часе рэвалюцыі 1917 года - "Сярэ-дняй Літвы" і Беларускай На-роднай Рэспублікі, а нарэшце яе бальшавіцкага антыпода - БССР.

Аналізуючы даследа-ванні гісторыкаў-географаў і культуролагаў разам з асабліва блізкімі яму археолагамі, Алег Трусаў высвятляе галоўную, "базавую" ідэйную тоеснасць гэтых дзяржаўных утварэнняў - акрамя ўмоў геаграфічных, культурных і эканамічных - чыннік, можана сказаць, амаль ці не містычны: усе яны ўвахо-дзілі ў арэал жыццедзейнасці племені крывічоў з паяднанымі з імі роднаснамі крыху слабейшымі суседнімі дрыгавічамі і радзімічамі. Жыццёвая сіла гэтая, заўважае аўтар, заснаваная на генным, "атамным" узроўні, аказалася настолькі моц-най, што "Беларусь" у тым ці іншым месцы і выглядзе павін-на была ўзнікнуць.

Як вынікае з цэлага шэрагу ўдумлівых даследаван-няў, працягвае аўтар, вышэйзгаданыя роднасныя славянскія плямёны, паяднаныя спа-чатку прышлымі князямі-варагамі (для тых часоў з'ява звычайная) адміністратыўна, а следам з дапамогай усталява-най імі хрысціянскай веры, паступова прызвычаліся назы-вацца так, як вялікі князь з яго дружыннікамі - русінамі, ру-самі. Зноў жа, згадаем мы, ёсць у Еўропе падобныя выпадкі, прэцэдэнты - скажам, калі гордыя галы сталі ўсё ж французамі, а знясіленыя варварамі рымляне - італьянцамі па імені згуртаваўшага іх наноў неапа-літанскага ўдачлівага і разумнага караля.

Але ў нашым выпадку толькі б паэты, магчыма, ды аматары адшукавання сваіх радаводных дрэваў займаліся "раскопкамі каранёў", каб у працэс станаўлення этнаназвы не ўмяшаліся, як бывае, магутныя знешнія сілы. Тут і князі-літы, і мангола-татарскае на-шэсце, і Польшча з яе Рэччу Паспалітай, і нарэшце, усіх мядзведзем прыціснуўшая, Масковія з яе "рускім" кляймом для пакораных суседзяў. Толь-кі вось русінамі, русамі наш-чадкі крывічоў з радзімічамі і дрыгавічамі сябе ўрэшце прызналі, а "рускімі" - не, робіць выснову А. Трусаў на падставе аналізу шэрагу публікацый айчынных даследчыкаў, у тым ліку "цікавай і арыгінальнай" працы Анатоля Тараса "Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в ХІV-ХVІІ вв.". Чаму не прызналі? Бо ўжо замацавалі за сабой этнаназву "русы, русіны". А "рускія" - гэта ж вытворнае ад "руса", падпарадкаванае яму, прыметнік. Словам, "рускімі" мусілі назвацца абарыгены земляў, заваяваных князямі - русамі, што прышлі з Кіеўскага княс-тва, урэшце ад яго адасобіўшыся ажно да варажнечы і кня-скагаа братазабойства і здрад-ніцтва. "Рускімі" стала напачатку мардва вакол Масквы, так называлі захопленых у палон сялян. Ды, як ўрэшце сталі называць сябе маскоўцы - іхняя справа. Галоўнае - гэта не "русы" і не "беларусы", такая выснова вынікае з разгляду шэрагу самых найноўшых да-следаванняў, у тым ліку такога грунтоўнага як "Хроніка "Белай Русі" Алеся Белага, адзначае А. Трусаў. Зразумела, што не засталася без асэнсавання даследчыкамі, дзякуючы но-вым магчымасцям доступу да архіўных крыніц, заўважае ён, і этнаназва "літва". Разглядаючы кнігу Анатоля Тараса, А. Трусаў выказвае сваё мерка-ванне адносна сцвярджэння аўтара, што паходзіць яна ад імя племені "люцічы". "Версія цікавая , - заўважае А. Трусаў, - але варта было б разгледзець іншыя тлумачэнні назвы, асабліва зробленай літоўскімі гісторыкамі".

Гэта, канешне, няблага б, заўважым мы, але шкада, што ў поле зроку А. Трусава ў сваю чаргу не трапілі публікацыі такога ўдумлівага айчыннага даследчыка, як Здзіслаў Сіцька.,у прыватнасці, яго новая кніга "Утроп літвы" (Баранавічы, 2009 г.), дарэчы, выдадзенай пры падтрымцы Баранавіцкай гарадской арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Звяртае на сябе ўвагу падзагаловак: "Да 1000-х угодкаў згадкі тапоніма "літва" ў Кведлінбургскіх аналах". (Германія) З. Сіцька грунтоўна даводзіць, што "літамі" ў германскіх землях называліся палонныя славяне, якіх сялілі асобнымі атрадамі, даючы некаторую вольнасць за збройную службу, і, у прыватнасці, цытуе дарчую 1181 г. двух германскіх марк-графаў Ляўтарбергскаму кляштару, дзе сярод іншага ёсць такое пазначэнне дару: "... рэшта - літы, зразумела, гэта смерды..."

Пасля аднаго з няўда-лых паўстанняў супраць саксаў, згодна зноў жа германскіх крыніц, асэнсаваных З. Сіцькам, зняволеныя славяне мусілі ратавацца ўцёкамі, каб не быць пагалоўна знішчанымі. "Шукаць новую радзіму, піша аўтар, - пайшлі самыя... магутныя роды... Пайшлі і ваяры-літва". Крывіцкія князі, у тым ліку полацкія, заўважае даследчык, сялілі літаў на сваіх памежжах для абароны ад суседзяў, аддалена адзін атрад ад другога, пабойваючыся еднасці. Тым не менш адбылося, як калісьці з наёмнымі дружынамі варагаў - русі: вайсковыя правады-ры захапілі ўладу дзяржаўную.

Чаму ж тады не атрымалася тое, што ўдалося, умоў-на кажучы, рурыкавічам? Хоць, праўда, некаторыя сучасныя аўтары, натхнёныя ваяр-скім ліцвінствам, схільныя сцвярджаць: увесь наш народ - такі "літва", а "беларусаў" прыдумала маскоўская-пецярбургская імператрыца, як і "Беларусь".

Насамрэч сітуацыя ін-шая. А. Трусаў звяртае ўвагу на публікацыю доказаў шэрагу сур'ёзных сучасных даследчыкаў, што назва "беларусы" ўгрунтавалася нейкім чынам, практычна неафіцыйна ці не ў 15 стагоддзі, а русіны дзяку-ючы праваслаўным хрысціянскім святарам укараніліся яшчэ раней.

Дык перамяніць сама-назву, калі яе засвоіла бальшыня народу на навейшую, спра-ва амаль немагчымая. "Ліцвінамі" ж часцей называла сябе ба-ярства, шляхта каталіцкага веравызнання - каб яскравей засведчыць прыналежнасць да аднаго з вялікім князем пануючага саслоўя і атрымаць прывілеі. А. Трусаў пагаджаецца з "арыгінальнай думкай" Анатоля Тараса, што "ў старажытнасці слова "літва" адносілася да баявой дружыны", аргументацыя - "аналіз беларускага і рускага фальклору". Фальклор, канешне, аргумент моцны, але і таго, што ёсць у летапісах таксама дастаткова, каб у гэтым пераканацца.

Тым не меней і шмат хто са шляхты, і не толькі праваслаўнага веравызнання, памятаючы свае карані, даволі даўно назваўся "беларусамі", гэта значыць, "вольнымі русі-намі". А згодна перапісу на-сельніцтва 1897 г., заўважае А. Трусаў, "такіх было сярод усёй шляхты... большасць ". "Дарэчы , -працягвае ён, - менавіта з шляхты выйшлі ідэолагі беларускага адраджэння і новай беларускай нацыі Фран-цішак Багушэіч і Янка Купа-ла" , і не пагаджаецца з меркаваннем А. Тараса, што этнатэрмін "беларусы" распаўсюдзіўся " і ў сельскай мясцовасці дзякуючы русіфікатарскай палітыцы партыйнага кіраўніцтва СССР і БССР. толькі пасля 1945 г.

Сапраўды, пагартаем "Мужыцкую праўду" Кастуся Каліноўскага, - там гаворыцца пра дзецюкоў-беларусаў, пароль у яго войску быў: "Люблю Беларусь!" І сам Каліноўскі нават на допыце казаў, што ён не "ліцвін" і ад шляхецтва адракаецца, бо "ў нас ўсе роўныя" ўжо стоячы пад вісельняй, меў мужнасць гэта абвесціць. У летапісах ХVІІ стагоддзя (Аверкі - Панцырнага, Сурты - Трубніцкага) назва "Беларусь", "беларускі" натуральна ўжываецца. А ці не першае дакументальнае, пісьмова засведчанае пачуванне сябе беларусам пакінуў ураджэнец вёскі Рысін на Полаччыне, нажаль, Масква забрала яе ў Себежскі р-н Пскоўскай вобл., вучоны-асветнік і паэт-лацініст Саламон Рысінскі. У рэгістры Альтдорфскага універсітэта 2 снежня 1586 г. ён пазначыўся на латыні: "Solomo Panterus Leucorussis - Саламон Рысінскі - Беларус". Лейкарусіяй назваў ён сваю радзіму і ў лісце да гер-манскага сябра вучонага Конрада Рытэргузіўса. Нарэшце прачытаем радкі з яго верша "Эпітафія сабе" (падрадкоўнік з лаціны на рускую мову Я. Парэцкага):

Вось я, каго на памежжы

З Масковіяй снежнай

Слаўная зверам,

адвагай і пушчамі

Белая Русь нарадзіла.

Гэта год 1585-ы.

Нарэшце, аналізуючы навейшыя навукова-папуляр-ныя публікацыі па беларусістыцы, Алег Трусаў вылучае яшчэ адну нашую істотную на-цыянальную праблему - даволі часта проста такі катастра-фічную раз'яднанасць блізкіх мэтава прагрэсіўных сіл у лёсавызначальныя моманты, калі на кану паўстае: выжыць ці ўрэшце сысці ў нябыт "як обры" , беларусам як адмет-наму вольнаму народу, нацыі. У той час, калі, здавалася б, трэба адсунуць прэч другасна-асабістае дзеля поспеху ў галоўным, заўважае ён, пачына-лася непрыстойная валтузня, праявы рэўнасці, зайдрасці, таго, што завецца хутаранст-вам, блізарукага чванства, а то і здрады. А ў выніку - новая нацыянальная параза. Так, разглядаючы кнігі ўспамінаў двух палітычных апанентаў-антыподаў - паплечніка Зянона Пазняка Сяргея Навумчыка і былога сакратара Менскага гаркаму КПСС па ідэалогіі да самага распаду СССР Пятра Краўчанкі, А Трусаў, можа першы сярод даследчыкаў задаецца пытаннем: а ці дальнабачна было лідарам дэмакратаў ва ўмовах няпэўных дзяржаў-ных пераўтварэнняў у перыяд распаду савецкай дзяржавы гэтак ярасна апалчацца на мясцовых камуністаў? Калі, па-першае, Беларусь мела самую вялікую кампартыю у СССР (у прапорцыі на аднаго жыха-ра) - да 800 тыс. чалавек на 10 млн. насельніцтва, па-другое, менавіта з іх у асноўным скла-даўся не толькі дзяржаўна-палітычны, але, што не меней важна, гаспадарчы апарат. Сіла, якая магла стаць як знішчальнай, так і канструктыўна-стваральнай у часе перабудовы дзяржаўнасці. Так, заўважае А. Трусаў, было многа ў кампар-тыі і прыстасаванцаў - прыкарытнікаў, і злавесных бальшавікоў-сталіністаў таксама, але ж асноўная маса складалася з прафесіяналаў-гаспадарнікаў, менеджараў, людзей умелых, працавітых і адказных. І такую грамаду бяздарна распыліць, а то і зрабіць ворагамі?! "Калі чытаеш цяперашнія артыку-лы З. Пазняка і ... кнігу Навумчыка, - заўважае А. Трусаў, - складаваецца ўражанне, што ў аргкамітэт БНФ, а пазней у сойм і апазіцыю БНФ у Вярхоўным Савеце ўваходзілі толькі антыкамуністы ў дзе-сятым калене... На самай справе было зусім наадварот БНФ таму і збіраў сотні тысяч людзей, што спачатку гэта быў звяз дэмакратычных камунстаў і беспартыйных" . Дый Аргкамітэт БНФ "За перабудову і Адраджэнне", - працягвае аўтар, - узначальваў спачатку зусім не Пазняк, а пісьменнік камуніст Васіль Якавенка, "і менавіта камуністы - сябры БНФ у першую чаргу зазналі ўціск і рэпрэсіі з боку КПБ і КДБ" . У цэлым станоўча ацэльваючы кнігу С. Навумчыка, А. Трусаў са шкадаваннем адзначае яго "сён-няшні паказны антыкаму-нізм" , бо сам жа "быў не то-лькі членам КПСС, але і сынам сакратара Віцебскага абкаму КПБ"

Адсочваючы далейшы лёс шэрагу відных камуністаў, А. Трусаў, у прыватнасці, пры-язна піша пра былога свайго актыўнага апанента і ідэалагіч-нага начальніка П. К. Краўчанку. Той не вярнуўся ў адноў-леную кампартыю, а ўступіў урэшце ў іншую - беларускіх сацыял-демакратаў, прычым у час, калі яна зведала ганенні з боку новай улады. Да БСДГ да-лучылся і шэраг іншых былых відных камуністаў, а нехта знай-шоў блізкі сабе палітычны асяродак у Аб'яднаннай дэмакратычнай партыі. Таксама шкада, заўважае А. Трусаў, што "Навумчык не распавядае, як БНФ з масавага руху стаў партыяй, і да якіх сумных вынікаў гэта прывяло".

Заглыбляючыся ў кнігу Алега Трусава, усё часцей адчуваеш, што знаёмішся з велізарным, на ўсю гісторыю з летапіснага часу, Марты-ралогам беларусаў, столькі ў беларускай прасторы часу страт, трагічных памылак, здрад, пакут і смерцяў! Але ж з другога боку, народ выжыў, жыве і, здаецца, хоча жыць, хоць і распладзілася калабарантаў і элементарных п'яніц. А як след асэнсаванае трагічнае мінулае - гэта навука жывым, цвярозым, разумным.

Эрнест Ялугін.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX