Вярнуцца: 2010

№ 19 (962)


Крыніца: pawet.net.



№ 19 (962) 12 ТРАЎНЯ 2010 г.

Віншуем з 65-годдзем Перамогі над фашызмам

На ўсіх франтах Вялікай Айчыннай вайны змагаліся 1 мільён 300 тысяч беларусаў. На тэрыторыі Беларусі супраць фашыстаў ваявалі 400 тысяч партызан і 70 тысяч падпольшчыкаў. Гэта найвялікшае войска, якое мела Беларусь ад пачатку дзён. Савецкае камандаванне дальнабачна раззброіла гэтую армію, адправіўшы частку па хатах, а частку прызваўшы ў рэгулярныя падраздзелы і часткі Чырвонай Арміі ды Арміі Людовай Польшчы.

Пасля вайны ў Савецкай Арміі адслужылі многія мільёны беларусаў, займаючы высокія камандныя пасады і сумленна несучы службу шарагоўцамі. У Савецкай Арміі былі пасады, якія маглі займаць прадстаўнікі толькі трох нацыянальнасцяў: рускія, украінцы і беларусы. На гэтыя пасады не дапускаліся прадстаўнікі нават такіх карэнных расейскіх народаў, як татары, башкіры, каўказцы і інш.

Угледзьцеся ў твары гэтых хлопцаў, якія ідуць сёння ў парадных калонах па Менску. Гэта не твары жаўнераў імперыі. Гэта твары дзяцей аднаго народа, аднаго этнасу. І, гледзячы на іхні з'яднаны шыхт, мацнее ўпэўненасць, што і ўвесь наш народ зможа быць гэтак жа з'яднаным на шляху да годнага жыцця, у тым ліку і да годнага жыцця ва ўсіх нацыянальных беларускіх формах, з усімі нацыянальнымі праявамі.

Наш кар.


210 гадоў з дня нараджэння Валенція Ваньковіча

Валенці Вільгельм Ваньковіч - адзін з нешматлікіх беларускіх мастакоў ХІХ ст., які не толькі пакінуў след у айчыннай культуры, але і атрымаў вядомасць далёка за межамі Айчыны.

Мастак нарадзіўся 12 траўня 1800 г. у маёнтку Калюжыцы Ігуменскага павету Менскай губерні, цяпер Бярэ-зінскага раёна Менскай вобласці ў сям'і патомнага павятовага суддзі Мельхіёра Ваньковіча і Схаластыкі Гарэцкай, сястры гнанага пасля 1830 г. паэта Антона Гарэцкага. Вань-ковічы былі звязаныя сваяцкімі сувязямі з Ордамі, Корсакамі, Малеўскімі, Міцкевічамі, Манюшкамі, Тавянскімі.

Хлопчык атрымаў добрую хатнюю адукацыю, і калі яму спонілася 13 гадоў, ён здаў іспыты ў Полацкі езуіцкі кале-гіюм, а пасля яго заканчэння паступіў у Віленскі ўніверсітэт на факультэт літаратуры і вольных мастацтваў (1818 - 1824 гг.). Тут ён пазнаёміўся з вельмі цікавымі людзьмі, якія ўваходзілі ў таварытвы "Філаматаў" і "Філарэтаў". У Віленскім універсітэце Ваньковіч удзельнічаў у студэнцкай выставе. На ёй былі прадстаўленыя не толькі копіі з прац яго настаўнікаў, але і ўласныя працы мастака.

Пасля заканчэння ўніверсітэта ён, як лепшы выпускнік факультэта, у 1824 годзе быў накіраваны для ўдасканалення свайго майстэрства ў Пецярбург, у Імператарскую Акадэмію мастацтваў. Там Валенці атрымаў малы і вялікі срэбныя медалі за малюнкі з натуршчыкаў, вялікі залаты медаль за кампазіцыю "Вычын кіяўляніна" і права паехаць за мяжу за сродкі Віленскага ўніверсітэта.

У Пецярбурзе Ваньковіч задумвае 2 партрэты - Пушкін і Міцкевіч. Другі партрэт бясследна знік, і захаваўся толькі накід. 1828 г. прынёс Ваньковічу вядомасць - на выставе ў Акадэміі мастацтваў ён паказаў партрэт Адама Міцкевіча, які стаў пасля хрэстаматыйным, нашмат перажыўшы свайго стваральніка.

Нажаль, сродкі на паездку за мяжу не былі знойдзеныя, і ў лютым 1829 г. Ваньковіч вярнуўся ў Менск ужо вядомым мастаком, аўтарам "Партрэта А. Міцкевіча". Тут у яго дзве майстэрні - у Малой Сляпянцы і ў Менску разам з сябрам Чаславам Манюшкам, бацькам знакамітага кампазітара Станіслава Манюшкі. Ён шмат працуе ў гэты час, піша партрэты сваякоў, сяброў. За партрэты, "пісаныя з натуры", Акадэмія мастацтваў 21 верасня 1832 г. уганаравала яго званнем "прызначанага", прапанаваўшы напісаць у 1833 г. праграму на званне акадэміка.

Складанае палітычнае становішча пасля 1830 г. і жа-данне ўбачыць карціны вялікіх мастакоў эпохі Адраджэння падахвочваюць Ваньковіча пакінуць Менск, у жніўні 1839 г. Валенці за свае грошы едзе за мяжу. У канцы (15 верасня) 1841 г. Ваньковіч прыехаў у Парыж і спыніўся ў свайго лепшага сябра Адама Міцкевіча. У гэты час ён ужо сур'ёзна хворы, але нягледзячы на гэта шмат працуе. Хвароба прагрэсуе і 12 траўня 1842 г., прадыктаваўшы сябру Адаму тастамант, ён памірае "пасля поўдня". Пахаваны ён быў у Парыжы. Мастак пражыў 42 гады, пакінуўшы велічэзную галярэю выдатных рамантычных партрэтаў.


Падведзены вынікі конкурсу

Падведзены вынікі конкурсу эскізаў памятнай дошкі ў гонар Ларысы Геніюш. Пераможцам конкурсу стаў скульптар Генік Лойка. Менавіта ягоны праект будзе ўвасоблены ў мемарыяльнай шыльдзе, якую ўсталююць у Празе на доме, дзе жыла Ларыса Геніюш падчас свайго легальнага знаходжання ў Чэхаславацкай Рэспубліцы.

Нагадаем, конкурс быў абвешчаны Згуртаваннем беларусаў свету "Бацькаўшчына" 10 сакавіка ў межах аргкамітэту па святкаванні 100годдзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш. Ініцыятыва ўсталявання памятнай шыльды ў гонар паэткі належыць беларусам Чэхіі, а менавіта сябрам беларускай суполкі "Скарына", якая дзейнічае ў Празе.

5 траўня прайшло паседжанне сяброў аргкамітэту, падчас якога адбылося абмеркаванне эскізаў памятнай шыльды, прадстаўленых на конкурс. У выніку лепшым быў прызнаны праект Геніка Лойкі. На думку сяброў аргкамітэту (у тым ліку і беларусаў Чэхіі), ягоны эскіз найбольш адпавядае канцэпцыі конкурсу і яскрава раскрывае вобраз Ларысы Геніюш.

Па задуме скульптара, памятная шыльда будзе адліта з сілуміну (сплаў на аснове алюмінію). На шыльдзе будуць размешчаны наступныя словы на беларускай і чэшскай мовах: "У поўную сілу беларускай, роўнай усім і не ўніжанай, я была толькі ў Чэхіі…" "Тут ад 1943 г. жыла беларуская паэтка Ларыса Геніюш, у 1948 г. высланая ў савецкі Гулаг".

Плануецца, што ўрачыстае адкрыццё памятнай шыльды ў Празе адбудзецца ў жніўні і будзе прымеркавана да 100гадовага юбілею з дня нараджэння паэткі, які адзначаецца 9 жніўня.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"


"Наша слова" на выставе "СМІ ў Беларусі"

З 4 па 7 траўня ў Менску прайшла штогадовая выстава «СМІ ў Беларусі». Сёлета яна адбывалася чатырнаццаты раз. Упершыню на выставе была прадстаўлена газета "Наша слова". Газета трапіла на выставу ў складзе прадстаўнічай дэлегацыі незалежнай рэгіянальнай прэсы - Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб'яднаныя масмедыі», якая прэзентавала на выставе больш за 20 выданняў.

Асацыяцыя была зарэгістраваная ў ліпені 2009 года. Узначаліў арганізацыю кіраў-нік выдавецкага дома «Інтэкс-прэс» Уладзімір Янукевіч. У асацыяцыю «Аб'яднаныя мас-медыі» ўвайшлі выдаўцы такіх газет, як «Intex-Press» (Баранавічы), «Борисовские новости», «Газета Слонімская», «Газета для вас» (Івацэвічы), «Інфа-кур'ер» (Слуцк), «Информ-прогулка» (Лунінец), «Вольнае Глыбокае», «Брестский курьер», «Бобруйский курьер», «Рэгіянальная газета» (Маладзечна) і інш.


Кволая аргументацыя:

развагі над адказам намесніка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Казіміра Фарыно на зварот старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алега Трусава ад 5 сакавіка 2010 года

Амаль дваццацігадовае існаванне Беларусі ў якасці суверэннай дзяржавы не толькі не палепшыла, а, наадварот, істотна пагоршыла стан роднай мовы яе тытульнай нацыі. Нават пад самым магутным мікраскопам не ўгледзіш нічога такога, што сведчыла б пра дзяржаўныя клопаты аб беларускай мове. Таму і дыхае яна на ладан. А ў іншых жа краінах, дзе нішто не пагражае дзяржаўнай мове, робяцца пэўныя захады па яе абароне.

Сусветны досвед пераканаўча сведчыць, што жыццёвы тонус роднай мовы кожнай краіны, калі не цалкам, дык вельмі ў многім залежыць ад яе ролі ў сферы адукацыі. Таму ў Еўропе, напрыклад, ва ўсіх краінах з адной тытульнай нацыяй за выключэннем Рэспублікі Беларусь, толькі яе мова выкарыстоўваецца ў дадзенай сферы. Адсюль зразумела, чаму ў нас людзі са здаровай нацыянальнай самасвядомасцю так паслядоўна выступаюць за арганізацыю педагагічнага працэсу ва ўсіх тыпах, навучальных устаноў на беларускай мове. Гэтую з усіх пунктаў правільную лінію ўжо больш за дваццаць гадоў рашуча адстойвае Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, што пацвярджаецца і апошнім зваротам, яго старшыні Алега Трусава да кіраўнікоў Міністэрства адукацыі Беларусі. І як ужо не першы год практыкуецца і на гэты раз у адказе намесніка міністра адукацыі Казіміра Фарыно прысутнічаюць трафарэтныя словы: "У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская. Права выбару мовы (беларускай або рускай) навучання і выхавання гарантавана грамадзянам Рэспублікі Беларусь законамі Рэспублікі Беларуь".

Калі такое чуеш ад палітыкаў, дык неяк ім даруеш падобную хлусню, бо многія з іх толькі тым і займаюцца, што абводзяць вакол пальца сваіх грамадзян. А вось інтэлігенту дый яшчэ пры высокай пасадзе ў Міністэрстве адукацыі краіны трэба даваць аб'ектыўны, заснаваны на рэчаіснасці адказ. Сёння ўжо нават шараговы грамадзянін краіны не верыць, што ў нас дзяржаўнай мовай з'яўляецца і беларуская, бо яе не выкарыстоўваюць ні Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, ні Савет Міністраў, ні адміністрацыйнагаспадчы чыноўніцкі апарат, ні судовыя органы... І самае страшнае - яна практычна адсутнічае ў сферы адукацыі, ледзь дыхае ва ўстановах, культуры, афіцыйшых сродках масавай інфармацыі. Спасылацца ў такіх варунках на Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь проста не карэктна. У ёй жа толькі на словах, фармальна і беларуская мова называецца дзяржаўнай.

Фактычна ж статус дзяржаўнай мовы мае ў нас толькі руская, што трэба разглядаць як сведчанне, каланіяльнай залежнасці Рэспублікі Беларусь ад Расійскай Федэрацыі. Суверэнныя краіны не карыстаюцца чужымі мовамі ў якасці дзяржаўнай.

Як вядома, неадпаведнаець паміж запісаным у канстытуцыі і рэчаіснасцю - з'ява даволі пашыраная. Але сталінскую канстытуцыю у такой неадкладнасці не перасягнуў яшчэ ніводны аналагічны дакумент у свеце. Таму не будзем занадта строгімі крытыкамі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь за тое, што ў ёй дзяржаўнымі мовамі зафіксаваны беларуская і руская а ў рэальнасці першая з названых не з'яўляецца такой. Таму трэба нарэшце амовіцца да заганнай практыкі ўліку жадання бацькоў аб мове навучання іх дзяцей у школе. Раз у самой беларускай мовы няма выбару зза поўнага непадзельнага панавання рускай мовы ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства, дык навошта ж, тады пытацца у бацькоў пра мову научання. Тут кожнаму зразумела, што яны выберуць рускую мову за што іх абавязкова праклянуць новыя пакаленні пазасталыя без роднага слова.

Апытваннем бацькоў пра мову навучання іх дзяцей у школе кіраўнічы кадр адукацыі займаецца з другой паловы 50х гадоў мінулага стагоддзя, г. зн. больш за паўсотню гадоў. Вынікі ад такой практыкі архіадмоўныя, надзвычай шкодныя, стратныя для беларускай нацыі і самае жахлівае гэта нікога з палітыкаў, кіраўнікоў адукацыі не хвалюе. Яны ніяк не жадаюць зразумець, што, як у 50я гады мінулага стагоддзя, так і зараз з пытаннем аб мове навучання даводзіцца звяртацца да страшэнна зрусіфікаванага насельніцтва, для бальшыні якога чужое (рускае) даражэй за сваё (беларускае). Як нельга ў забойцаў пытацца пра правамернасць прымянення смяротнай кары для такой катэгорыі злачынчаў, так нельга абапірацца на меркаванні зрусіфікаваных, прычым ужо не ў першым пакаленні адарваных ад роднай глебы людзей датычна мовы навучання.

У сваёй пераважнай бальшыні бацькі непахісна стаяць за рускую мову навучання яшчэ і таму, што беларускамоўныя агульнаадукацыйныя школы ў нас пасля адыходу ў пачатку 30х гадоў ХХ стагоддзя ад дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі пераўтварыліся ў поўным сэнсе слова ў тупіковыя, з якіх без перамены роднай мовы на рускую нельга паступіць не толькі ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы, але нават і ў тыя, дзе рыхтуюць рабочых, працаўнікоў сельской гаспадаркі і г.д. Каб аналагічнае з Беларуссю становішча скалася на этнічнай рускай тэрыторыі Расіі, не сумняваюся, і тады бацькі пад уплывам шайкі розных школьных рэфарматараў таксама адрывалі б сваіх дзяцей ад роднай мовы навучання.

Тады, як жа нам быць з мовай навучальнавыхаваўчага працэсу? А так, як гэта робяць без усялякіх цяжкасцяў і хістанняў усе цывілізаваныя краіны, выбіраецца родная мова яе тытульнай нацыі: у Польшчы - польская, у Літве - літоўская, у Балгарыі - балгарская, у Чэхіі - чэшская і г. д.

Калі ж краіна поліэтнічная з некалькімі нацыямі, што жывуць у межах сваёй гістарычнай тэрыторыі, кожная з іх выбірае сама мову навучання, зразумела, сваю, а не чужую. Вось і нам беларусам, трэба кіравацца такой, добра праверанай часам, сусветнай практыкай. І калі мы робім не так, як ва ўсім цывілізаваным свеце, значыцца, праўда не на нашым баку. І як толькі мы, даволі адукаваная нацыя, не можам зразумець гэтай азбучнай ісціны?!

Трэба цвёрда трымацца і такога разумнага правіла: удзельнічаць у вызначэнні мовы навучальнавыхаваўчага працэсу павінны толькі высокаэрудаваныя ў эканамічным пытанні навукоўцы і педагогі, прычым такія, якія не толькі дасканала валодаюць, але і стала карыстаюцца на працы, у міжасобасных зносінах мовай тытульнага народа. Тых жа, хто не володае ёю, нельга і на гарматны стрэл дапускаць да выбару мовы ў навучальных установах Рэспублікі Беларсь. Яшчэ большым злом трэба лічыць, калі да развязвання гэтага архіскладанага незвычайна адказнага, у многіх дачыненнях вельмі далікатнага пытання прыцягваюцца асобы без усякай філалагічнай, педагагічнай падрыхтоўкі і ў дадатак яшчэ моцна зрусіфікаваныя. З усім жа гэтым мы у нас ніколі не лічыліся за выключэннем невялікага адрэзку часу канца 80х пачатку 90х гадоў мінулага стагоддзя. І як заканамерны вынік, адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь у плане мовы навучання стаіць трывала і даўно не на нагах, а на галаве. Мы аказаліся не ў стане рыхтаваць маладыя пакаленні з добрымі ведамі і вялікай павагай да роднай мовы і нацыянальнага прыгожага пісьменствва. Такія пакаленні болей цягнуліся і сёння цягнуцца да ўсяго рускага, чым да беларускага. Іх менталітэт у культурнамоўным плане ў непараўнальна ступені болей каланіяльнарускі, чым незалежніцкі нацыянальнабеларускі, адсюль амаль нулявы ўзровень нацыянальна незалежніцкай дзяржаўнай свядомасці. А гэта ж рэальная пагібель для Бацькаўшчыны!

Ва ўсім свеце, мо, не знойдзеш суверэннай краіны, інтэлігенцыя тытульнага народа якой была б такой няздольнай працаваць у роднай культурнамоўнай стыхіі, як Беларусь, колькі такіх краін, як яна, з нацыянальназанядбанай культурай і мовай можна адшукаць толькі сярод тых, якія да канца не вызваліліся ад каланіяльнага рабства. Юрыдычна ў нас яно, дзякаваць Богу, адсутнічае, але калі ўнікнуць у нашае духоўнае жыццё і пераканацца, наколькі яно зрусіфікаванае, дык ёсць усе падставы гаварыць і пра нашую моцную залежнасць ад Расіі аж да культурнамоўнага рабства. Ва ўсталяванне, распаўсюджанне яго на нашай зямлі ніхто не ўнёс такога велізарнага ўкладу як працаўнікі рускамоўнай сістэмы адукацыі. Для новых пакаленняў беларусаў зусім не складаным будзе адказаць на пытанне, хто асноўны віноўнік дэфармацыі нацыянальных, культурнамоўных асноў гэтага ў мінулым самабытнага народа.

За пасляваенны перыяд, першае дзесяцігоддзе ХХІ стагоддя яны падрыхтавалі на чужых рускіх педагагічных, культурнамоўных традыцыях шматлікую інтэлігенцыю, значная колькасць якой з гадамі заняла адказныя пасады ў палітычным кіраўніцтве. Такія інтэлектуальныя кадры, за рэдкім выключэннем, не з'яўляліся носьбітамі беларускай нацыянальнай культуры, самі жылі і стараліся, выкарыстоўваючы свой высокі службовы статус у грамадстве, іншым навязаць рускія духоўныя каштонасці. На вялікую бяду, гэта ім вельмі лёгка удавалася.

Справядліва бачачы найбольшую віну ў чужамоўнай сістэме адукацыі, яны павінны самі, не шкадуюць сілаў перавесці яе на нацыянальныя рэйкі, каб выратаваць беларускі народ ад русіфікацыі, якая не прыносіць аніякай карысці самім рускім. Зайздрошчу тым педагогам, якія некалі з вялікім жаданнем замест асіміляцыі маладых пакаленяў беларускага народа будуць узгадоўваць іх у нацыянальным духу. Бо яны ўжо ніколі не будуць выступаць у непрыгляднай ролі магільшчыкаў у дачыненні да роднай культуры і мовы любай Бацькаўшчыны, не дадуць выкрасліць яе дарагое імя Беларусь з этнічнай карты свету.

Леанід Лыч, доктар гістарычных навук, прафессар.


Мовазнаўчы досвед

Фігурнае коўзанне - катанне. "У маленстве ўвогуле займалася зусім іншымі відамі спорту, не вельмі экстрымальнымі - фігурным коўзаннем і танцамі" (Дзеяслоў. 2010. № 1(44), с. 256).

Адмысловае беларускае слова коўзанне - утварэнне з прадукцыйным фармантам - нне ад коўзацца : коўзанне . Яно ўваходзіць у шматлексем-ны куст аднакаранёвых слоў: коўзанка, коўзаць, коўзацца, коўзка, коўзкі, пакоўзацца... Словы гэтыя здаўна бытуюць у беларускай мове, фіксуюцца слоўнікамі І. Насовіча, В. Ластоўскага, М. Байкова і С. Некрашэвіча, а таксама акадэмічнымі беларускімі слоўнікамі - "Руска-беларускім слоўнікам" (Масква, 1953) і "Беларуска-рускім слоўнікам" (Масква, 1962) і іх перавыданнямі, а таксама тлумачальнымі слоўнікамі беларускай мовы. Амаль усе слоўнікі савецкага часу падаюць лексемы коўзац-ца, коўзанне і коўзанка з паметай "разм." (размоўнае), а як нейтральныя фіксуюцца ўсе-саюзныя стандарты катацца, катанне, каток . Праўда, першы акадэмічны даведнік - "Русско-белорусский словарь" (1953), які выйшаў пад рэдак-цыяй Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Пятра Глебкі, не змяшчае такой абмежавальнай прыметы. Дарэчы, як і яго 4-е перавыданне, што выйшла ў 1993 годзе ў выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя" імя Петруся Броўкі: іі Катание... коўзанне; кататься (на коньках) коўзацца " (т. 1, с. 619). На жаль, і на наўздзіў, тут ёсць і такое: "Каток... (на льду) каток , разг. "коўзанка" (с. 620). Ці апраўдана гэта?! Дакуль будзем выганяць з афіцыйнага ўжытку сваё, адмысловае і ўзвышаць "усесаюзны стандарт"?!

Дарэчы будзе нагадаць нашых суседзяў. Ва ўкраінскай мове: ковзанка (радзей ков-залка ) - рас. каток , ковзани - коньки , ковзаняр - конькобе-жец і пад.

Нацыянальны друк не-залежнай Беларусі, як бачым, трымаецца сваіх лінгвістычных формаў, а не былых усесаюз-ных, якія, на жаль, усё яшчэ пануюць у слоўніках.

Швачная майстэрня - а не швейная . "Калі праспалі швачную майстэрню, вашыя дзеці ўжо ніколі не возьмуць яе" (Дзеяслоў. 2010. № 1 (44), с. 17).

Швачная майстэрня - памяшканне, майстэрня, дзе працуюць швачкі . " Швачка , ж. жанчына, якая прафесійна займаецца шыццём" (Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. 1996. С. 757). Дык чаму майстэрню, дзе пра-цуюць швачкі, слоўнікі намі-нуюць не сваім словам швачная , а ўсесаюзным швейная ? Слова швейны тлумачыцца так: " Швейны, -ая, -ае . Звязаны з шыццём адзення, бялізны і пад. Швейная фабрыка " (Тлумача-льны слоўнік беларускай мовы. Т. 5. Кніга 2. С. 363). Калі "звязаны з шыццём", то гэта шыццёвы (шыццёвы) . Бо швейны - структура з суфіксам - н- ад "швеяць" (швей-(аць)-ны) . Беларускаму швачка адпавядае рас. швея , портниха (Беларуска-рускі слоўнік. Рэдактар акадэмік АН БССР К.К. Атраховіч (Кандрат Крапіва). Мінск, 1989. С. 708). Тое самае і ў выданні 2003 г. Як бачым, расейскаму швейная мастерская адпавядае ў беларускай мове швачная майстэрня , што і пацвярджае нацыянальны друк незалежнай краіны Рэспублікі Беларусь.

Дарэчы, беларусы ка-рыстаюцца і адмысловай назваю швальня (утварэнне ад шво : швальня ), якую і ўкраінцы маюць як адэкват рас. швейная мастерская .


Правінцыйня дзівосы

Чырвоная расцяжка абнадзейвала

Яе перакінулі раніцай 25 сакавіка ў цэнтры горада над галоўнай вуліцай імя Леніна. Убачыўшы яе здалёку, паду-маў, што раённыя ўлады вырашылі павіншаваць слуцакоў з Днём Волі - 92-мі ўгодкамі абвяшчэння Беларускай На-роднай Рэспублікі. А зблізку ўбачыў тыпова-савецкую абвестку, напісаную белымі літарамі па чырвонаму: "25 апреля 2010 года выборы депутатов местных советов Республики Беларусь 26-го созыва".

За месяц да таго, як адкрыліся выбарчыя ўчасткі, дарэчы, іх у горадзе і раёне налічваецца 40, назвы паўсюль выпісаны выключна на рускай мове, як і адпаведная рэклама на вокнах рэстаранаў, магазі-наў. Можа хтосьці гэтым аднамоўем вырашыў пацешыць вока грамадзян Расіі, якія час-цяком наведваюць горад? Ці гэта хутчэй звыклае з 20-80 гадоў мінулага стагоддзя грэбаванне ўсім нацыянальным, перш за ўсё мовай?

А на замках імёны спрэс "рюские"

На металёвых парэнчах мастка над рэчкай Бычок пры ўпадзенні яе ў болей паўнаводную Случ, справа і злева наве-шана звыш 80 "рознакаліберных" замкоў з ініцыяламі, якія пакінулі на іх маладыя пары пасля рэгістрацыі шлюбу ў мясцовым ЗАГСе.

Хтосьці пусціў пагалоску, што замкі гэтыя, калі выкінуць у рэчку ключы ад іх, змацоўваюць сем'і на доўгія гады. Усе імёны выпісаны толькі па-руску: "Коля + Эльвира", "Генадий + Анжелика" і г.д. Калі ўлічыць, што большасць маладзёнаў 15 гадоў таму пайшла ў першы клас ва ўжо спрэс рускамоўныя 13 сярэдніх школаў і 3 ліцэі горада, дзе беларускай мове адводзілася ўсяго дзве гадзіны на тыдні, як і ангельскай, а ў сям'і, на дварэ яны чулі толькі рускую, то дзе ўжо тут ведаць, непакоіцца, што без роднай мовы няма і нацыі - ёсць насельніцтва, якое забывае свае карані.

Мікола Кутнявецкі, г. Слуцк.


Прыярытэты адукацыйнай палітыкі і якасць жыцця ў кантэксце праекту Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі

5 траўня ў Менску адбыўся "круглы стол" "Прыярытэты адукацыйнай палітыкі і якасць жыцця ў кантэксце праекту Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі". Яго ладзілі Менскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Яханэса Раў, прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў, МГА "Адукацыя без межаў", ГА "Адукацыйны цэнтр "ПОСТ". Вялі паседжанне круглага стала кандыдат гістарычных навук, старшыня кіравання ГА "Адукацыйны цэнтр "ПОСТ" Дзмітры Карпіевіч і кіраўнік прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў у Рэспубліцы Беларусь Галіна Верамейчык.

У паседжанні бралі ўдзел прадстаўнікі устаноў адукацыі г. Менска, сябры грамадскіх аб'яднанняў, незалежныя эксперты. Вітальнае слова мела Астрыд Зам, дырэктар Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Яханэса Раў. Асноўныя тэмы для абмеркавання былі абазначаны так:

- Асновы адукацыйнай палітыкі;

- Павышэнне даступнасці бесперапыннай адукацыі.

З грунтоўным паведамленнем і аналізам палажэнняў Кодэкса выступіла Святлана Мацкевіч, кандыдат педагагічных навук, незалежны эксперт. Яна прыйшла да высновы аб адсутнасці ў Кодэксе аб адукацыі момантаў, скіраваных на развіццё адукацыйнай сістэмы.

Ад Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ўдзел у абмеркаванні брала намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім. У сваім выступе яна звярнула ўвагу прысутных на тыя праблемы ў адукацыйнай сферы, з якімі сутыкаюцца так ці інакш амаль усе:

- Адносна высокі ўзровень адукаванасці вучняў часам дасягаецца за кошт рэпетытарства, якое не рагламентавана ніякімі законамі і Кодэксам аб адукацыі ў тым ліку;

- Нізкія вынікі цэнтралізаванага тэставання па некаторых прадметах прыводзяць да зніжэння планкі пры паступленні ў ВНУ;

- Назіраецца тэндэнцыя да неўспрымання адукацыі як неабходнага элементу падвышэння ўзроўню і якасці жыцця.

Гэта, на думку сп. Анісім, сведчыць пра сур'ёзны крызіс у сістэме адкацыі Рэспублікі Беларусь.

Асобна сп. А.Анісім спынілася на тых цяжкасцях, з якімі сутыкаецца ТБМ у сваёй штодзённай дзейнасці. У прыватнасці, яна распавяла пра сітуацыю з навучаннем Янкі Лапіцкага ў г. Жодзіна. Фак-тычна, чыноўнікі сістэмы адукацыі прадэманстравалі, што на сённяшні дзень у Рэспубліцы Беларусь яны не зацікаўлены ў існаванні школьнай сістэмы адукацыі на дзяржаўнай беларускай мове.

Падчас паседжання "круглага стала" прагучалі прапановы аб блакаванні Кодэкса аб адукацыі ў падрыхтаваным выглядзе, а таксама аб гуртаванні ўсіх зацікаўленых у якаснай адукацыі асоб - выкладчыкаў, настаўнікаў, бацькоў, студэнтаў, грамадскіх актывістаў - дзеля падняцця прэстыжу навучання і перспекты-вы развіцця краіны ў цывілізаваным кірунку.

Наш кар.


Дзе атрымаць адукацыю па-беларуску?

Сем сталічных школ набіраюць беларускамоўныя класы. Набор у першыя класы пачнецца з 1 чэрвеня. Прапануем падрабязную інфармацыю, адрасы і кантакты.


Гімназія №4 (вул. Кунцаўшчына, 18) прапануе навучанне ў фізіка‑матэматычных, хіміка‑біялагічных і філалагічных класах. Даведка: т. 258‑49‑71, 258‑49‑74.

* * *

Гімназія №9 (вул. Сядых, 10) - вывучэнне ўсіх прадметаў па‑беларуску, паглыбленае вывучэнне англійскай мовы, факультатыўнае - польскай. Прапануе вывучэнне прадметаў музычнага цыклу.

Даведка: т. 283‑04‑21, 281‑38‑04.

* * *

Гімназія №23 (пр. Незалежнасці, 45) прапануе вывучэнне прадметаў па‑беларуску, а таксама выкладанне на высокім узроўні англійскай, кітайскай, польскай моваў.

Даведка: т. 284‑47‑62, 284‑87‑16.

* * *

Гімназія №28 (пр. Ракасоўскага, 93) прапануе выкладанне ўсіх прадметаў на роднай мове, а таксама паглыбленае вывучэнне французскай мовы, міжнародныя абмены, а таксама выкладанне прадметаў на французскай мове (краіназнаўства, літаратура Францыі) па праграмах, распрацаваных настаўнікамі школы.

Даведка: т. 248‑32‑02, 248‑12‑64.

* * *

Гімназія №14 (вул. Васняцова, 10) прапануе паглыбленае вывучэнне замежных моваў, спецкурсаў па міфалогіі, псіхалогіі, асновах эканамічных ведаў, журналістыцы і шмат іншага. На базе гімназіі дзейнічаюць фальклорны ансамбль, музеі, літаратурная студыя і студыя бальных танцаў.

Даведка: т. 295‑01‑33, 295‑21‑31.

* * *

СШ №190 (вул. Нiкiфарава, 19) - выкладанне на беларускай і расійскай мовах. Школа прапануе таксама бясплатную музычную адукацыю і спартыўныя секцыі.

Даведка: т. (017) 260‑24‑90

* * *

Школа №60 (вул. Лібкнехта, 82) - навучанне з музычным ухілам. У школе дзейнічаюць шматлікія гурткі, клубы, музей, творчыя і грамадскія аб'яднанні.

Даведка: т. 208‑69‑74, 209‑94‑49.

Да чытачоў. Дасылайце ў рэдакцыю інфармацыю пра беларускамоўнае навучанне ў вашай вобласці і раёне. Пішыце пра новыя ініцыятывы бацькоў і ўпраўленняў адукацыі.



22 траўня (субота) 2010 года

Запрашаем на вандроўку па старым Менску. Экскурсію праводзіць кандыдат гістарычных навук, дацэнт АЛЕГ ТРУСАЎ

Збор на сядзібе ТБМ у 11.15. Адрас: вул. Румянцава, д.13


Барацьба за бел-чырвона-белы сьцяг наперадзе

Статус герба Вялікага княства Літоўскага «Пагоня» замацаваны гістарычна і афіцыйна. Пра гэта заявіў 3 траўня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску намеснік старшыні Геральдычнай рады пры Прэзідэнце, дырэктар дэпартаменту па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Уладзімір Адамушка, адказваючы на пытанне БелаПАН.

Ён адзначыў, што ў краіне дзейнічаюць афіцыйныя дзяржаўныя знакі, зацверджа-ныя заканадаўствам Беларусі. «Статус жа былых дзяржаўных знакаў не зацверджаны айчынным заканадаўствам», - сказаў Адамушка.

Герб ВКЛ «Пагоня» ўнесены ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, адзначыў ён. «Акрамя таго, гэты геральдычны знак знайшоў сваё месца на гербах гарадоў Віцебск, Верхнядзвінск і Лепель (Віцебская вобласць), а таксама Рэчыца (Го-мельская вобласць). Такім чынам, выява гэтага герба замацавана гістарычна і афіцыйна», - падкрэсліў Адамушка.

Паводле слоў сакра-тара Геральдычнай рады пры Прэзідэнце Марыны Ялінскай, Міністэрства культуры не палічыла неабходным уносіць бел-чырвона-белы сцяг у Дзяржаўны сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, бо ён стаў зна-кам Беларускай Народнай Рэспублікі па прапанове дзяржаўнага сакратара БНР Клаўдзія Дуж-Душэўскага толькі ў пачатку 1919 года. «Іншая справа, што само спалучэнне белага і чырвонага колераў гістарычна ўласцівае беларусам», - сказала Ялінская.

Такім чынам барацьба за бел-чырвона-белы сцяг мусіць быць працягнута. І пы-танне толькі ў тым, ці стане ён зноў дзяржаўным сцягам, ці гістарычнай каштоўнасцю.

Наш кар


З пазіцыі сумленнасці

Назваць кніжку Міколы Лавіцкага "Пульс дарогі" (Вільня "Наша будучыня" 2009 г., 244 стар.) зборнікам пераважна пуліцыстычных артыкулаў па праблемах у асноўным сённяшняга беларускага грамадска-палітычнага жыцця (лёс роднай мовы, выбары ўлады, роля прафсаюзаў у дзейнасці працоўных калектываў, дэмакратыя і свабода па-беларуску і інш.), будзе не зусім адпаведна яе, так бы мовіць, прыродзе, творчаму генезісу, яе структуры, яе шматпла-наваму ахопу жыццёвых праяў і, зразумела, шырокаму дыяпазону закранутых праблем і інш. Калі ўмоўна вызначыцца з жанрам вы-дання, то гэта хутчэй споведзь чалавека актыўнай грамадзянскай пазіцыі, гэта разгалінаваны, несуцяшальны дыягназ хваробаў грамадства Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, "Пульс дарогі" з'яўляецца лагічным працягам і дапаўненнем першай кніжкі гэтага ж аўтара "Радзімы покліч", якая выйшла ў 2006 г., праўда значна меншым аб'ёмам, але, як кажуць, яна была першай ластаўкай. Другая кніжка М. Лавіцкага пачынаецца з вельмі трапнага загалоўка - "Пульс дарогі". Адразу неабходна адзначыць: зместавае напаўненне гэтага выдання дае ўсе падставы зрабіць заключэнне, што пульс беларускай дарогі вельмі і вельмі ў незайздро-сным стане. Ён хворы, ён арытмічны, ён - на мяжы вымарачнасці, знікнення.

"Пульс дарогі" складаюць артыкулы, допісы, рэпартажы, хронікі, партрэты (слоў-ныя) сучаснікаў, рэцэнзіі, успаміны, вершы і інш., апублікаваныя і адхіленыя па розных прычынах беларускім, як незалежным, так і падцэнзурным (паднаглядным) друкам у перыяд 2001-2007 гадоў.

У пэўным сэнсе кніжка М. Лавіцкага з'яўляецца і як бы анталагічна-хрэстаматыйным выданнем для таго, хто пажадае пільна разгледзець зрэз часу, у які нас міжвольна "зацягвае" аўтар. А "зацягвае" ён трывожна-заклапочана, без розных суб'ектывізмаў, дасведчана, лагічна-дыялектычна, нязмушана, далікатна-інтэлігентна і, што паказальна, добразычліва-актыўна, так бы мовіць, без правакатарскіх падштурхоў-ванняў, без агрэсіўнасці нават у бок носьбітаў амаральнасці. І робіць ён гэта таму, што добра разумее логіку становішча і падзей у гэтай геаграфічнай шыраце, бо мае заклапочанасць аб чалавечай годнасці. Нельга не заўважыць, што для выдання ўласціва глыбокая назіральнасць над асаблівасцямі розных супрацьлеглых сіл у грамадстве. З аднаго боку перад намі праходзіць галерэя прадстаўнікоў інтэлігенцыі (і не толькі інтэлігенцыі) сённяшняга дня (Л. Лыч, А. Петрашкевіч, М. Савіцкі, А. Белы, У. Арлоў. У. Содаль, А. Саламонаў, М. Мацюкевіч, А. Цыркуноў і іншыя), іх паплечнікаў, каго сёння ўжо няма сярод нас (М. Ткачоў, В. Шыдлоўскі, Я. Ціхановіч, Б. Родзіч, Я. Якубоўскі, І. Канапацкі і іншыя), якія акумулявалі сабе імкненне да нацыянальнага адраджэння, да ўсталявання дэмакратычнага ладу жыцця ў Беларусі. Для людзей гэтага кшталту ўласціва рыса, калі іх палымяныя словы рэдка калі (не па іх віне) разыходзяцца са справамі, яны - самаадданыя і, што прыкметна, - часта самакрытычныя. Што ж тычыцца другога боку - ён з'яўляецца завадатарам працэсаў, у выніку якіх зніжаецца ўзровень жыцця насельніцтва краіны, адпаведна падае маральны і культурны ўзровень грамадства і маніякальна нішчыцца беларушчына (беларуская мова, нацыянальная адукацыя і інш.). Кніжка аналітычна-папулярна выкрывае праграмы і механізмы гэтага боку па далейшым разлажэнні народа і дзяржавы, па ўсталяванні і ўмацаванні новага, сумна вядомага ў гісторыі парадку. Вось жа з гэтых прычын і дадзеная кніжка была выдадзена не дома, а ў суседняй краіне.

А дзе ж, на думку аўтара, тое выйсце з сённяшняй сітуацыі? Аўтар, звяртаючыся да чытачоў, а праз іх да грамадзян, заклікае іх: "Людзі, адумайцеся!", "Падтрымлівайце лепшых сыноў і дачок нашай Айчыны!".

Што сказаць пра аўтара "Пульса дарогі"? Ён амаль усё (ад дзяцінства да нашых дзён) сказаў пра сябе сам на старонках сваёй багатай інфармацыйна кніжкі. Палымяны публіцыст, гарачы абаронца беларушчыны, дзейсны і смелы прыхільнік дэмакратыі, да нядаўняга часу ён працаваў намеснікам начальніка аддзела аховы працы, потым - адным з прафсаюзных кіраўнікоў на Менскім аўтазаводзе. Многія гады ўзначальваў суполку Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Заводскага раёна г. Менска; быў першым намеснікам Старшыні рэспубліканскага ТБМ імя Ф. Скарыны. З дня ўтварэння Менскага гарадскога культурна-асветніцкага клуба "Спадчына" (1985 г.) М. Лавіцкі - нязменны першы намеснік старшыні гэтага клуба А. Белага.

Усюды і заўсёды ён прытрымліваўся і прытрымліваецца пазіцыі сумленнасці. Сёння М. Лавіцкі - пенсіянер. Па-ранейшаму ён - актыўны ў грамадскім і культурным жыцці Беларусі, пра што сведчыць і гэтае аб'ёмістае выданне, ажыццёўленае ўласным коштам, праўда, з некаторай матэрыяльнай падтрымкай сваіх сяброў і прыхільнікаў.

Яўген Гучок.


ІМ ГАНАРЫЦЦА ГАРАДЗЕНШЧЫНА

Увосень 2004 года Апанас Пятровіч Цыхун запрасіў дапамагчы паглядзець пчол. Пасека ў яго была невялікая - усяго тры вуллі. Без пчол Апанас Пятровіч не ўяўляў свайго жыцця: з гэтымі руплівымі боскімі істотамі з даўніх часоў усталявалася нейкая магічная еднасць, якая жывіла, напаўняла сэнсам бытаванне.

Мы дасталі з вулляў поўныя рамкі, адкруцілі на ме-дагонцы. Апанас Пятровіч за-прасіў да стала, на якім, апрача мёду, - грушы і яблыкі з уласнага саду, па-сялянску падсмажаная яечня, хлеб і да хлеба. Паплыла нязмушаная бяседа. Успаміны з мінулага, трывога за лёс Бацькаўшчыны і роднай мовы. Амаль векавога ўзросту чалавек дэкламуе свае напісаныя апошнім часам вер-шы, зычным прыгожым гола-сам выводзіць беларускія на-родныя песні. На развітанне абыходзім пасеку, дзякуем пчолкам за пачастунак. Апанас Пятровіч выказвае філасоф-скую думку: "Пчолы жывуць, пакуль жыве пчаляр, не стане пчаляра - загінуць і пчолы". Як у ваду глядзеў... Ужо пяць гадоў як няма на гэтым свеце Апанаса Пятровіча і не гудуць на яго сядзібе пчолы.

Напрадвесні 2005 года стала вядома, што Апанасу Пя-тровічу блага, апанавала бязлі-тасная хвароба. Я хуценька са-браўся і паехаў. Апанас Пятро-віч, як заўсёды спакойны і незалежны, сядзеў на канапе каля печы. Гаварыць ужо не меў сілы. Кажу: "Я напісаў у гонар Вашага 95-годдзя матэ-рыял у часопіс. Можа, прачы-таць?" У адказ вусны правару-шылі: "Чытай". Я няспешна ад пачатку і да канца прачытаў напісанае. Апанас Пятровіч удзячна кіўнуў галавой, пра-цягнуў сваю кволую руку, і яна застыла ў маёй руцэ ў знак развітання... назаўсёды. 10 сакавіка 2005 года Апанаса Пятровіча не стала. Але па-мяць пра гэтага незвычайнага, адданага сваёй зямлі чалавека ёсць і будзе.

5 траўня 2010 года Апанасу Пятровічу Цыхуну, вядомаму беларускаму настаў-ніку, фалькларысту, краязнаўцу споўнілася сто гадоў. Нарадзіўся Апанас у 1910 г. у вёсцы Кунцаўшчына Гарадзенскага раёна ў сялянскай сям'і. У восем гадоў спазнаў сірочую долю, застаўся без маці. Пачатковую адукацыю атрымаў у суседняй вёсцы Лаша. Сямігодку скончыў у вёсцы Індура Гарадзенскага раёна. За выключныя здольнасці да вучобы і музыкі ён, адзін з нямногіх беларусаў, быў залічаны ў Гарадзенскую польскую настаўніцкую семінарыю. Але скончыць яе не ўдалося: забралі ў войска, а пасля войска не было грошай заплаціць за вучобу. Заставаўся адзіны спосаб самарэалізацыі - пра-цаваць на гаспадарцы ў роднай вёсцы. У 1939 г. - зноў служба ў польскім войску ў якасці рэзервіста.

Апанас Пятровіч часта казаў, што кожнаму чалавеку запланавана свая дарога жыцця, якую ён, хоча таго ці не, мусіць прайсці. Расказваў, як не раз знаходзіўся паміж жыццём і смерцю, але нейкая сіла заўсёды ратавала. Так, пры абароне Варшавы сярод чыс-цюткага поля кулямётную пазіцыю, якую займаў А.П. Цыхун, намерыўся знішчыць нямецкі самалёт. Тры разы рабіў заходы, зніжаўся і вёў прыцэльны агонь. Кулямёт разбіла ўшчэнт, напарнік, прашыты кулямі, застаўся ляжаць нерухомы, а А.П. Цыхуна нават не зачапіла. Другі выпадак - куля, якая несла смерць, трапіла ў прыклад вінтоўкі, што трымаў у руках, і прычыніла шкоду толькі вінтоўцы. Ці яшчэ: пры этапаванні з нямец-кага лагера на пагібель у Ка-тынь, калі цягнік праязджаў праз родныя мясціны, удалося саскочыць з вагона і ўцячы. У пасляваенны час: пагражалі расправай лясныя банды, абя-цалі "шлёпнуць" упаўнаважаныя.

Але лёс быў літасцівы. Бог бярог А.П. Цыхуна для высакароднай справы, якая чакала яго ў роднай ста-ронцы.

Прафесійная дзейнасць Апанаса Пятровіча звя-зана з асветай, школьніцтвам. Працуючы настаўнікам Ла-шанскай сямігодкі, польскай сярэдняй школы № 2 г. Гародні, дырэктарам Капцёўскай, Калбасінскай, Батароўскай школ, школьным інспектарам у Гарадзенскім раёне, ён цалкам аддаваў сябе таму, каб дзеці шанавалі і ведалі родную мову. У выніку выкладанне беларускай мовы і літаратуры ў раёне было пастаўлена на высокі ўзровень. Самаадданая праца была адзначана ў 1967 г. прысваеннем Апанасу Пятровічу Цыхуну звання «Заслужаны настаўнік БССР».

А.П. Цыхун не проста настаўнік беларускай мовы і літаратуры, а філолаг шырокага профілю ў найлепшым сэнсе гэтага слова. Дваццаць гадоў ён узначальваў літаратурнае аб'яднанне пры гара-дзенскай раённай газеце, яго вершы, апавяданні часта друкаваліся ў рэспубліканскіх і мясцовых газетах, а ў 1995 г. выйшла кніга паэзіі «Легенды і балады Гродзеншчыны».

Сэнсам жыцця, унутранай неабходнасцю стала для А.П. Цыхуна краязнаўства. Дзякуючы сотням яго артыкулаў, шырокая грамадскасць даведалася пра многіх выдатных сыноў Гарадзеншчыны (М. Пачобута-Адляніцкага, І. Легатовіча, А. Баліцкага, К. Якаўчыка, А. Грыгаровіча, М. Краўцова, Г. Капыцкага і інш.). Энтузіяст і нястомны шукальнік, ён зрабіў вельмі шмат у розных кірунках лінгвістыч-нага краязнаўства. У вёсцы Лаша стварыў унікальны му-зей Я.Ф. Карскага, пра які ведалі далёка за межамі Беларусі. Напісаў і выдаў кнігу «Акадэмік з вёскі Лаша Я.Ф. Карскі» (1992), падрыхтаваў да друку ілюстраваны альбом, прысвечаны гэтаму вучонаму.

Надзвычай каштоў-ная кніга А.П. Цыхуна - слоў-нік гаворак Гарадзенскага раёна «Скарбы народнай мовы» (1993). Матэрыялы да яго аўтар пачаў збіраць яшчэ ў 1939 - 1940 гадах, але асноўная частка была запісана ў пасляваенны час на тэрыторыі сучаснага Гарадзенскага раёна. Змест кнігі складаюць рэгіянальная лексіка (да 10 тысяч лексем), каля 1 тысячы ўстойлівых выслоўяў, а таксама назвы населеных пунктаў і мікратапонімы Гарадзенскага раёна.

У слоўнік уключаны лексемы, што адсутнічаюць у літаратурнай мове або адрозніваюцца ад літаратурных формай ці значэннем. Такі прынцып укладання дазволіў сабраць разам многа арыгінальных, часта малавядомых дыялектызмаў. Сярод іх шмат вобразных, гаваркіх і экспрэсіўна афарбаваных адзінак, напрыклад: аблахманіцца - абадрацца, знасіць вопратку, жалопкаць - прагна піць, скудлаваць - замучыць, затармасіць, сухавейка - бяссмертнік, цветабой - пара цвіцення раслін.

Большасць лексем, што знайшлі месца ў слоўніку, маюць адпаведнікі ў літара-турнай мове і нярэдка выгляда-юць больш прывабнымі, чым літаратурныя: абойчык - клю-чыца, селька - мансарда, зімагор - бабыль, слухаўкі - навушнікі.

Лексіку нацыянальнай мовы ўзбагачаюць словы, для якіх няма ў літаратурнай мове эквівалентаў. Гэта дэта-лізаваныя назвы прадметаў, з'яў, а таксама этнаграфічныя дыялектызмы - словы, што называюць мясцовыя прадметы, бытаванне якіх абмежавана пэўнай тэрыторыяй: боўт - шост, якім наганяюць рыбу, вымаклі - пасевы, якія загінулі ад празмернай вільгаці, зліпак - хлеб з клейкім мякішам, зля-даваць - пакласці на воз бер-вяно пры дапамозе ляды, зу-баць - правяраць яйка на моц лёгкім пастукваннем аб зубы, крышыны - астаткі ў дзежцы пасля хлебнага квасу, ляваш - далёкія ад сядзібы палеткі ворнай зямлі, на якія не далі гною, скляпіцца - пакрыцца тонкім лядком, брылік - посуд, сплецены з саломы і лазы для вымярэння і рассявання збож-жа, калач - круглая палка, падвешаная на шыю карове, якая б'е па нагах і не дае хутка бегаць.

Шырока пададзена ў слоўніку спецыяльная лексіка, звязаная з народнай гаспадаркай, прафесіямі, рознымі галінамі ведаў, напрыклад батанікай: дзевяціранка, жыва-табольнік, сухадрэўка; заалогіяй: аціца, ведзьма, дзяргаўка, крумкі; медыцынай: завалкі, задратаваць ; астраноміяй: воз, сіцечка ; кулінарыяй: лазанкі, кваснік, сампорык; сталяркай, бандаркай: закладнік, дупёлка, задзёрыч ; ткацтвам, прадзівам, шыццём: кабылка, стрыца, стаўбуноўка ; плытагонствам: згон, гарно, цаль і інш.

З асаблівай увагай А.П. Цыхун ставіцца да абрадавай лексікі - назваў святаў, гульняў, забаваў, забабонаў і да т.п. Пры тлумачэнні яе часам выходзіць за межы чыста лінг-вістычных стэрэатыпаў, уносіць у дэфініцыю элементы эн-цыклапедычнага апісання: Ад-біяна , ж . Звычай у час танцаў: хлопец падыходзіць да пары танцораў, пляскае ў далоні, кажучы «Адбіяна»; танцор павінен быў затрымацца і ад-даць сваю партнёрку, а сам выйсці з кола (быў пашыраны да 1939 года і з'яўляўся прычынай для абразы і боек).

Незвычайнасць слоўніка ў тым, што ён ствараўся на працягу доўгага часу - паўстагоддзя. Шмат якія словы, запісаныя ў мінулым, сёння ў гаворках выкарыстоўваюцца пасіўна, а некаторыя цалкам выйшлі з ужытку. Дзякуючы працы А.П. Цыхуна, яны не згубіліся ў стыхіі часу, дайшлі да нас у выглядзе лексічных помнікаў: залёга - не выплачаны ў тэрмін падатак; каток - узятае без дазволу гаспадара збожжа; квэстар - жабрак, які хадзіў па людзях з бібліяй; комшч - звязак анучаў, якім у курнай хаце затыкалі адтуліны для дыму; устэрня - вялікі будынак у панскім маёнтку, у якім жылі парабкі; цукернік - прадавец цукерак.

У слоўніку нямала запазычанняў з іншых моў, пераважна з польскай, нямецкай, яўрэйскай, літоўскай: адвэнт - вялікі пост у католікаў перад калядамі; гнэмбіць - мучыць, катаваць, здзекавацца; кольчыкі - завушніцы; гельд - грошы; фах - спецыяльнасць, прафесія; хала - здобная булка, якую пяклі яўрэі на свята.

Ілюстрацыйная частка слоўніка паказвае жыццё слова ў кантэксце, у стыхіі на-роднай гаворкі з яе спецыфіч-нанепаўторным сінтаксісам, фанетычнымі і граматычнымі адметнасцямі. Аўтар слоўніка імкнуўся падабраць з ліку запісаных такія сказы, якія не толькі ілюструюць сэнс і ўжы-ваннне слова, але і раскрываюць асаблівасці маралі, быту, матэрыяльнай і духоўнай культуры мясцовага насельніцтва. Некалькі ілюстрацыйных прыкладаў: Калі не дасі сляпому жабраку, та табе самой земкачэ [вочы] выпра ; Наш тато заўсёды аходжваўсо да цямна, а вечарам плёў кошыкі, альбо вязаў волак . Многія з іх аздоблены прыказкамі, фразеалагізмамі, загадкамі, народ-нымі прыкметамі, адрыўкамі песень: Хлеп, як ляпняк, але, як кажуць, хлеп ні нявеста, які ўдоўсо, такі і з'есца; Гэ, гэты чалавек пражыў свой век крэнтам-бэнтам, хіба ш што ён рабіў?

Слоўнік А.П. Цыхуна «Скарбы народнай мовы», створаны не вучоным, а края-знаўцам-аматарам, адзін з най-лепшых у беларускай дыя-лектнай лексікаграфіі. Стварэнне слоўніка Ніл Гілевіч ахарактарызаваў як «навуковы і патрыятычны подзвіг настаў-ніка»: «Ні адну кнігу ў апошні час я не чытаў з такім задавальненнем, так доўга (нібы завучваючы напамяць) і так смакуючы, як слоўнік Апанаса Пятровіча Цыхуна «Скарбы народнай мовы». Чытаў некалькі тыдняў, «дозамі» па восемдзесяць старонак, і днём нярэдка лавіў сябе на шчаслівым прадчуванні, што вечарам зноў разгарну гэты томік і зноў буду слоўца за слоўцам вымаўляць і асвойваць, кожнае «браць на зуб», выпрабоўваючы яго на моцтрываласць, і буду чытаць ілюстрацыйныя сказы-прыклады, без якіх Слоўнік страціў бы палавіну сваёй вартасці, і буду, забягаючы наперад, перапрачытваць трапныя ўстойлівыя выслоўі, мудрыя прыказкі, прымаўкі і прыгаворкі, вобразныя, удумныя, невыпадковыя назвы паселішчаў, урочышчаў, рэчак і крыніц, азёр і копанак. І буду радавацца, што гэты Слоўнік ёсць, што ён выйшаў у свет, і што сабранае пад яго вокладкамі ўжо не згубіцца і не прападзе; захап-ляцца навуковым і патрыятычным подзвігам настаўніка, які доўгія дзесяткі гадоў ахвяраваўся, колькі хапіла сіл і часу, на гэтую выдатную працу; а ганарыцца тым, што ёсць на свеце такі цуд - беларуская мова, што яна дадзена Богам вялікаму славян-скаму народу і што я, грэшны, да гэтага належу» («Настаўніцкая газета», 13.11.1996).

Чуйны да жывога матчынага слова, А.П. Цыхун не мог абысці вусную народную творчасць. Сабрана цэлая калекцыя фальклорных твораў, частка якіх склала зборнік «Песні з народных глыбіняў», апублікаваны ў 2000 г.

Летапісам жыцця можна назваць кнігу ўспамінаў А.П. Цыхуна «Пройдзеныя шляхі-пуцявіны» (2003). Гэта не проста біяграфічнае апісанне жыццёвай дарогі аднаго чалавека, а паказ таго, як цесна пераплецены, знітаваны лёс беларускага інтэлігента з лёсам усяго народа, што гэтак пакутліва перажыў ХХ стагоддзе.

А.П. Цыхун быў і застаецца вельмі шаноўным у асяроддзі беларускай інтэлігенцыі. Асабістае сяброўства і творчыя кантакты звязвалі яго з вядомымі пісьменнікамі М. Васільком, А. Карпюком, В. Быкавым, Я. Брылём, Н. Гілевічам, Ю. Пшырковым, Г. Каханоўскім, мовазнаўцам Ф. Янкоўскім, гісторыкам М. Ткачовым, кампазітарам А. Шыдлоўскім, мастаком А. Ліпенем, заснавальнікам астра-наўтыкі Б. Кітам і многімі іншымі знанымі людзьмі.

Нягледзячы на свой узрост, А.П. Цыхун заўсёды быў у руху. Яго часта можна было бачыць сярод студэнтаў, настаўнікаў, бібліятэкараў, святароў, дзе ён выступаў са сваімі вершамі, дзяліўся жыццёвым досведам, заклікаў бера-гчы нацыянальныя каштоўнасці. Звычайная сялянская хатка А.П. Цыхуна на ўскрайку горада Гародні пабачыла многіх гасцей, прыхільнікаў беларуш-чыны.

Апанасу Пятровічу Цыхуну была ўласціва незвычайная рыса характару: ён умеў сябраваць з аднадумцамі розных узростаў - ад сваіх равеснікаў да школьнікаў. На Гарадзеншчыне многія, хто паважае свой край, на ўсё жыццё атрымалі ад яго зарад непахіснасці, аптымізму, імкнення рэалізаваць сябе ў справе адраджэння і развіцця роднай мовы і культуры.

М. Даніловіч, доктар філалагічных навук, прафесар, г. Гародня.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX