Папярэдняя старонка: 2010

№ 28 (971) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 28 (971) 15 ЛІПЕНЯ 2010 г.


БЕЛАРУСЬ ПАД ЗНАКАМ ГРУНВАЛЬДА

Больш як 500 беларусаў бяруць удзел у святкаванні 600годдзя перамогі пад Грунвальдам, якое 1517 ліпеня праходзіць у Ольштынскім ваяводстве Польшчы. Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік старшыні нацыянальнага грамадскага аргкамітэта па святкаванні 600годдзя Грунвальдскай бітвы, мастак Мікола Купава. Ён спаслаўся на інфармацыю газеты "Туризм и отдых", згодна з якой турфірмы "Віаполь", "Алатан-Тур", "Гісторыя-Тур" і дабрачынны фонд "Краіна Замкаў" адправілі на свята 219 беларускіх турыстаў. Яшчэ 194 чалавекі адправіліся ў Польшчу пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры гэта прадстаўнікі беларускіх рыцарскіх клубаў на чале з кіраўніком менскага клуба "Княжы Гуф" Фёдарам Міхеевым. Апрача таго, самастойна на месца свята выехалі ўдзельнікі пяці рыцарскіх клубаў і проста прыхільнікі гісторыі.

15 ліпеня ў Ольштынскае ваяводства адправілася дэлегацыя беларускай грамадскасці, у якую ўвайшлі прадстаўнікі аргкамітэта, дзеячы навукі і культуры, журналісты. Паводле слоў Купавы, яшчэ раней на свята адправіліся ўдзельнікі мастацкіх калектываў і асобныя выканаўцы з Беларусі. Беларуская дэлегацыя будзе браць удзел у свяце пад рэканструяванымі харугвамі 30 беларускіх палкоў, якія змагаліся пад Грунвальдам.

Беларускі народ толькі пачаў усведамляць гістарычнае значэнне перамогі пад Грунвальдам, заявіў у інтэрв'ю БелаПАН гісторык і грамадскі дзеяч Алег Трусаў. Ён зазначыў, што ў савецкія гады ў школьных падручніках па гісторыі "Грунвальдская бітва была прыніжана, ёй быў прысвечаны толькі адзін радок, і ніхто не ведаў пра ўдзел беларусаў у гэтай бітве". Паводле яго слоў, толькі ў гады незалежнай Беларусі гэтая "важная гістарычная падзея перастала быць белай плямай айчыннага мінулага, яе пачаў усведамляць беларускі народ, найперш моладзь і інтэлігенцыя, пра яе ўпершыню, хоць і сціпла, пачалі гаварыць прадстаўнікі беларускай дзяржавы". Трусаў выказаў надзею, што надыдзе час, калі героям Грунвальда будуць прысвечаны творы айчыннага мастацтва, устаноўлены манументы і мемарыяльныя дошкі, а імёны праслаўленых беларускіх рыцараў з'явяцца на карце Беларусі. Паводле яго слоў, беларуская нацыя можа ганарыцца тым, што яе продкі 600 гадоў таму разам з іншымі народамі спынілі экспансію крыжаносцаў на ўсход. "Гэта сведчыць пра слаўнае мінулае беларусаў, як вялікай еўрапейскай нацыі. Менавіта пасля перамогі пад Грунвальдам Беларусь стала неад'емнай часткі еўрапейскай цывілізацыі", падкрэсліў гісторык. Трусаў выказаў удзячнасць Міністэрству сувязі і інфарматызацыі, якое да юбілею бітвы ўвяло ў абарачэнне паштовую марку, (спецгашэнне адбылося 15 ліпеня ў Мсціславе) а таксама Першаму каналу Белтэлерадыёкампаніі, якая выпусціла пяцісерыйны дакументальнапубліцыстычны фільм аб перамозе пад Грунвальдам. "Мы будзем звяртацца да кіраўніцтва Першага канала, каб гэты серыял быў размножаны на кампактдысках і кожны мог яго набыць", сказаў Трусаў. Ён выказаў задавальненне тым, што па ініцыятыве грамадскасці ўлады Ліды (Гродзенская вобласць) перайменавалі частку вуліцы Энгельса ў вуліцу Грунвальдскую.

15 ліпеня ў Менску прайшоў памінальны беларускамоўны малебен памяці загінулых герояў Грунвальда ў сталічным СвятаПетрапаўлаўскім саборы. На малебне прысутнічалі прадстаўнікі беларускай грамадскасці, у тым ліку ТБМ, сябры брацтва Трох віленскіх пакутнікаў, а таксама курсантыпамежнікі, што пацвердзіла блізкасць гэтай тэматыкі і сённяшнім беларускім вайскоўцам.

Апрача таго 15 ліпеня запланаваныя адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар удзельнікаў бітвы князя Лугвена, афіцыйнага намесніка Вітаўта на полі бою, які павінен быў прыняць камандаванне ў выпадку гібелі Влікага князя, і яго сына Юрыя на сцяне царквы Аляксандра Неўскага ў Мсціславе (Магілёўская вобласць). Юбілею перамогі пад Грунвальдам прымеркаваны і "Мсціслаўскі фэст", запланаваны ў Мсціславе на канец ліпеня.

10 ліпеня У цэнтры Менску, ва ўтульным дворыку літаратурнага музея Максіма Багдановіча адбылося тэатра-лізаванае відовішча і музычны фэст, прысвечаныя 600-годдзю перамогі ў Грунвальдзкай бітве і 660-годдзю князя Вітаўта Вялікага. А ў самім музеі Багдановіча адкрылася выстава суполкі «Пагоня» пад назваю «Грунвальд за смугою часу».
Гледачоў сустракалі сярэднявечныя рыцары ў даспехах, дзяўчаты ў старажытных рознакаляровых аксамітных сукенках, дудары. Адкрыў імпрэзу мастак Мікола Купава. А потым у прыгожым строі з'явіўся сам князь Вітаўт, пад кіраўніцтвам якога перамаглі ваяры ў Грунвальдзкай бітве.

Былі і паказальныя рыцарскія баі, танцавальны гурт «Фламея» выконваў прыгожыя сярэднявечныя бальныя танцы, гучала сярэднявечная музыка ў выкананьні Станіслава Багданава, Змітра Шыманскага, гурта «Тутэйшая шляхта».

Наш кар.


БЛЯСК ГРАНЯЎ РОДНАГА СЛОВА

рэцэнзія на кнігу "Грані роднага слова: зб. мовазнаўч. навук. арт. (да 80-год. праф. П.У. Сцяцко)". Гродна: ГрДУ, 2010 - 479 с.

Зборнік мовазнаўчых навуковых артыкулаў "Грані роднага слова", прысвечаны 80годдзю прафесара П.У. Сцяцко, выйшаў у выдавецтве ГрДУ імя Янкі Купалы ў сакавіку гэтага года.

Назва кнігі гаворыць сама за сябе: яна абазначае, што беларускае слова павінна раскрыцца з розных бакоў, нібы дыямант, выявіць сваё хараство, а таксама гаворыць пра тое, што ў артыкулах мусяць закранацца разнастайныя пытанні беларускай лінгвістыкі. I сапраўды, як адзначана ў анатацыі, "у зборніку змяшчаюцца артыкулы, прысвечаныя надзённым пытанням мовазнаўства: тэорыі і гісторыі мовы, міжмоўным стасункам, анамастыцы, тэрміналогіі, этымалогіі, іншым раздзелам лексікалогіі, а таксама фразеалогіі, словаўтварэнню, граматыцы, мове мастацкай літаратуры і методыцы выкладання мовы".

Зборнік складаецца з трох частак: "Навуковыя артыкулы", "Звесткі пра юбіляра" і "Культура мовы". Ім папярэднічаюць два артыкулы, у якіх даецца высокая ацэнка дзейнаці прафесара П.У. Сцяцко, прыводзяцца факты з ягонай біяграфіі, аналізуецца праца даследчыка ў галіне беларускай анамастыкі (В.В. Шур, "П. Сцяцко як даследчык беларускай анамастыкі").

Артыкулы другой часткі адрозніваюцца разнастайнасцю тэматыкі, але іх аб'ядноўвае надзённасць. Многія аўтары выхаванцы П.У. Сцяцко абаранілі пад яго кіраўніцтвам кандыдацкія дысертацыі альбо працуюць над імі: І.І. Бубновіч, І.В. Піваварчык, А.І. Багдзевіч, С.Г. Ляскевіч, А.І. Кавальчук, Ж.І. Сіплівеня, Л.Я. Кавалёва, В.Л. Варановіч, А.А. Мачалава, К.А. Барысевіч, Г.У. Аўчыннікава.

У многіх публікацыях вырашаюцца пытанні параўнальнага і супастаўляльнага мовазнаўства (артыкулы Я.В. Волкавай, Т.М. Кантаровіч, Т.П. Бочкар і інш.). У артыкуле А.В. Герасімовіч "О некоторых значеннях восточнославянского "вера" прыводзяцца арыгінальныя думкі адносна наяўнасці ў лацінскай мове і ў тураўскіх гаворках амонімаў вера 'веравызнанне' і вера 'ліра'. Ж.І. Сіплівеня разглядае ў параўнальным аспекце тэрміныад'ектывы беларускай і рускай моваў. Акрамя працы Ж.С. Сіплівені, тэрміналогія беларускай мовы стала аб'ектам даследаванняў С.М. Аніськовай, В.В. Маршэўскай і А.І. Маршэўскага. Адзначаецца надзённасцю артыкул К.А. Барысевіч "Актуальныя задачы міжмоўнай перадачы антрапонімаў", бо, як піша аўтар, "тапонімы і антрапонімы... характарызуюцца адсутнасцю адзінства пры перадачы іх на лацінку, рознай ступенню адлюстравання ў перакладных крыніцах" (с. 59). Аўтар не толькі называе праблемы, якія ўзнікаюць пры перадачы антрапонімаў, але і выказвае свае прапановы па ўдасканаленні перадачы асабовых імёнаў у мовах з рознымі графічнымі сістэмамі.

Пытанні беларускага словаўтварэння разглядаюцца ў артыкулах В.Л. Варановіча (даказваецца, што калі назоўнік мужчынскага роду "не зарыентаваны на называнне асобы менавіта мужчынскага полу, то яго жаночы карэлят трэба лічыць утвораным ад гэтага назоўніка"), А. Баровец ("Nomina agentis з двайной матывацыяй у сучаснай беларускай мове") і інш.

У зборніку ёсць працы па міжмоўным ўзаемадзеянні, гісторыі беларускай мовы, дыялекталогіі. М.А. Даніловіч даследуе айканімію Гродзенскага раёна, якая з'яўляецца "выразнай сістэмай з уласцівымі ёй заканамернасцямі". Узнікненне назваў населеных пунктаў звязана з многімі фактарамі культурнага, гістарычнага жыцця народа, з развіццём яго светапогляду ад паганскага абагаўлення прыроды да станаўлення соцыуму. Адбываліся і адпаведныя змены ў тым, што чалавек вылучаў у якасці важнай прыметы для называння пэўнай мясцовасці. Сляды гэтых зменаў, гістарычныя напластаванні, засталіся ў айконімах. У канцы артыкула М.А. Даніловіч звяртае ўвагу на тое, што цяпер "многія населеныя пункты перасталі існаваць ці знаходзяцца на мяжы знікнення, і, на вялікі жаль, "у будучым іх назвы застануцца толькі на гістарычнай карце".

Цікавыя артыкулы па беларускай парэміялогіі. Так, І.Я. Лепешаў уздымае праблему вобразнасці прыказак і паказвае, што многім з іх вобразнасць неўласцівая (насуперак распаўсюджанаму меркаванню, нібыта яна з'яўляецца неад'емным кампанентам прыказак), прапануючы сваё альтэрнатыўнае азначэнне гэтай моўнай адзінкі. М.А. Якалцэвіч у сваім артыкуле падае прыказкі, якія раней не фіксаваліся ў слоўніках, але выкарыстоўваюцца ў мове мастацкай літаратуры, і тлумачыць іх значэнне.

Нямала працаў, тэматыка якіх знаходзіцца на мяжы літаратуразнаўства і мовазнаўства. Аналізу мовы мастацкай літаратуры прысвечаныя артыкулы А.М. Асіпчук, Ж. Белакурскай, П.І. Маляўкі, А.Э. Сабуць, А.А. Станкевіч, В.І. Рагаўцова, праблеме мастацкага перакладу артыкул А.М. Воінавай "Сінтаксічныя асаблівасці перакладу паэмы М.Ю. Лермантава "Мцыры" на беларускую мову А. Куляшовым".

У артыкуле А.І. Багдзевіча разглядаюцца функцыі загалоўка ў публіцыстычных і мастацкіх творах і робіцца выснова, што загалоўкі не могуць быць сказамі.

Не засталася паза ўвагай навукоўцаў і такая з'ява, як абнаўленне сучасных літаратурных нормаў (С.Б. Сачанка).

Розныя аспекты гісторыі беларускай мовы адлюстроўваюцца ў публікацыях І.І. Бубновіч, Н.К. Памецькі, Н.С. Шакун.

Карыснымі для настаўнікаў, выкладчыкаў будуць публікацыі метадычнага і педагагічнага характару З.М. Тамашэвіч, Н.Э. Шандрохі, Л.М. Якшук, А.М. Гацко.

У рэчышчы беларускай марфаналогіі галіны, яшчэ недастаткова распрацаванай у нашым мовазнаўстве артыкул С.Г. Хвясько "Вакалізацыя спалучэнняў тыпу зычная (ыя) + санорная ў зыходзе субстантыўных асноў".

Другая частка зборніка "Звесткі пра юбіляра" адлюстроўвае разнастайныя аспекты навуковай і педагагічнай дзейнасці П.У. Сцяцко. Яна з'яўляецца поўным бібліяграфічным даведнікам, у якім змяшчаецца інфармацыя пра навуковыя працы прафесара П.У. Сцяцко (сярод якіх 35 кніг), пра яго дзейнасць у якасці рэцэнзента, апанента і эксперта дысертацыйных працаў. Таксама падаюцца звесткі пра 15 кандыдатаў філалагічных навук, падрыхтаваных пад ягоным кіраўніцтвам.

Вялікую цікавасць выклікаюць "Нарысы культуры мовы" працяг папярэдніх кніг П.У. Сцяцко, прысвечаных пытанням культуры мовы. Гэта сукупнасць артыкулаў, якія ўтрымліваюць "новыя абгрунтаванні, меркаванні датычна нарматыўнасці моўнай адзінкі (слова, аналітычнага наймення), яе структуры, графемнага аблічча, семантыкі". Усе яны былі надрукаваныя на старонках часопіса "Роднае слова" і газеты "Наша слова", Даследчык аналізуе словы з пункту гледжання іх адпаведнасці сістэме беларускай мовы, яе літаратурным нормам, звяртае ўвагу на рэкламныя шаблоны. Даючы ацэнку моўным з'явам, П.У. Сцяцко абапіраецца на факты сучаснага нацыянальнага друку і на лексікаграфічныя крыніцы. Ім разглядаецца таксама спосаб дэрывацыі прозвішчаў акцэнтаванне, які існуе побач з марфемным і семантычным. Завяршае раздзел рэцэнзія на кнігу В.Л. Варановіча "3 увагай да словаўтваральных заканамернасцяў і сучасных тэндэнцый развіцця мовы".

Зразумела, мы не маглі тут назваць імёны ўсіх аўтараў, спыніцца на ўсіх артыкулах, якія заслугоўваюць увагі і вартыя быць прачытанымі, і нават пералічыць усе тэмы, да якіх звяртаюцца даследчыкі.

Зборнік "Грані роднага слова" зойме сваё месца ў бібліятэцы навукоўцаў, настаўнікаў і студэнтаў, будзе карысным усім людзям, якія цікавяцца культурай маўлення.

Ганна Аўчыннікава, магістар філалагічных навук Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.


Новая кніга беларускага пісьменніка Алеся Рыбака

Сёння на Беларусі няшмат знойдзецца тых, каму не знаёма імя беларускага пісьменніка, паэта, публіцыста, нарысіста, перакладчыка Алеся Пятровіча Рыбака. Ён не належыць да тых, ласкава прынятых цяперашняй уладай, пісьменнікаў, якія апісваюць сумніўныя эратычныя пахаджэнні амерыканскага прэзідэнта. Творы Алеся Рыбака вызначаюцца праўдзівасцю, прасякнуты грамадзянскім пафасам, для іх характэрна нязменная адданнасць беларускай справе, любві да сваёй Бацькаўшчыны. Ён заўсёды адчуваў падтрымку старэйшых пісьменнікаў: В. Быкава, А. Васілевіча і іншых, пісаў у рэчышчы традыцый усёй беларускай літаратуры, яе выдатных дасягненняў тых нядаўніх часоў, калі пачалі з'яўляцца праўдзівыя , выдатныя творы пра вайну В. Быкава, І. Пташнікава, І.Шамякіна, Б.Сачанкі. Менавіта за гэта Алесь Рыбак быў, застаецца сёння і будзе найбольш запатрабаваным сярод чытачоў пісьменнікам. Вялікую папулярнасць сярод чытачоў набылі яго аўтабіяграфічныя раманы "Трэба было жыць" і "Галаброды". Аб паспяховай прэзентацыі яго апошняга рамана "Галаброды", якая адбылася ў сакавіку 2007 года ў Дзяржынскай раённай бібліятэцы, чытачы "Нашага слова" мелі магчымасць азнаёміцца з майго артыкула (" Наша слова",№ 17 за 2007 г.)

А зусім нядаўна, 24га чэрвеня, ў чытальнай зале гэтай жа бібліятэкі адбылася прэзентацыя новай кнігі Алеся Рыбака пад назвай "Хрумкач". Работнікі бібліятэкі на чале з дырэктарам Валянцінай Клімовіч добра паклапаціліся, каб сустрэча чытачоў са сваім знакамітым земляком прайшла на выдатным узроўні. Чытальная зала не змагла ўмясціць усіх ахвотных. Сярод прыхільнікаў творчасці свайга зямлякапісьменніка можна было заўважыць на сустрэчы педагогаў, заведуючых бібліятэкамі раёна, студэнтаў, пенсіянераў. Прысутнічалі нават прадстаўнікі з Магілёўшчыны: работнікі бібліятэчнай сістэмы Глускага раёна, наведваючы магілу Святой Валянціны Менскай, зрабілі прыпынак у Дзяржынску і прыйшлі на сустрэчу з любімым пісьменнікам.

На сустрэчу з чытачамі Алесь Рыбак прыехаў з жонкай, Людмілай Мікалаеўнай, з якой ён крочыць разам па жыцці больш, чым 50 гадоў. Рэй на прэзентацыі вёў гісторык, пісьменнік, журналіст, акадэмік Еўраазіяцкай Акадэміі Анатоль Валахановіч. Размова вялася выключна на нашай сакавітай, прыгожай, пявучай беларускай мове, якая па сваёй мілагучнасці параўнальная толькі з італьянскай мове.Алесю Рыбаку было зададзена шмат пытанняў, на якія ён даваў змястоўныя адказы.

Новая кніга "Хрумкач" змяшчае аднаімённую аповесць, урыўкі з якой друкавала "Народная воля", раман "На раздарожжы" - працяг аўтабіяграфічных раманаў "Трэба было жыць" і Галаброды", а таксама эсэ "Лецішча". У рамане прасочваецца лёс галоўнага героя Вадзіма Гурко: паступлення яго на вучобу ў Белдзяржуніверсітэт, вучоба, першае знаёмства з Васілём Быкавым, каханне да любімай дзяўчынкі Люсі і шлюб з ёй, праца, сямейнае жыццё, і, нарэшце, паездка ў Маскву на працу, на новую адказную пасаду. Як у рамане, так і ў эсэ "Лецішча", пісьменнік засяроджвае ўвагу на шматлікім чынавенстве, многія прадстаўнікі якога сваімі абыякавымі, а часам і нячалавеччымі адносінамі да людзей значна ўскладняюць іх жыццё. Гэтая з'ява, на вялікі жаль, прысутнічае і ў нашым сённяшнім жыцці. У сваёй выдатнай аповясці "Хрумкач" пісьменнік адзначыў, што ў партызанскім руху на Беларусі было месца не толькі высакародным учынкам, але і баязлівасці, подласці, здрадніцтву, марадзёрству. Галоўны герой аповесці, камандзір групы партызанпадрыўнікоў Раман быў свядома смяротна паранены сваім падначаленым Пахілкіным, якога партызаны за прагнасць клікалі ХрумкачомКрумкачом. Да гэтага ганебнага ўчынку ён са сваім напарнікам -партызанам зза хромавых ботаў забіў бацькоў Рамана . Дзякуючы простай сялянскай жанчыне Хрысціне Раман выжыў, і пасля вайны знайшоў здрадніка ў Менску, дзе той займаў высокую пасаду ў адным з міністэрстваў. На шматлікіх сходах грамадкасці, у навучальных установах гэты нягоднік распавядаў аб сваіх неіснуючых подзвігах, піянеры павязвалі яму на шыю чырвоны гальштук. У час сустрэчы з Пахілкіным адбываецца між імі жорсткая размова. Да размовы Раман пазнаёміўся з цяжарнай і прыветлівай жонкай здрадніка, з іх дачушкай і прага помсты адыходзіць на задні план, а высокі чын з цягам часу, магчыма абцяжараны познім сумленнем, трапляе ў псіхіятрычную бальніцу ў Навінкі.

На сустрэчы прагучала, што такія горапартызаны сустракаюцца ў таленавітым рамане Васіля Якавенкі "Пакутны век" (Данік Плюнгер), і ва ўспамінах пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны Іллі Копыла ў яго роднай вёсцы Нябышына. На вайне, як на вайне, усё было, і ад праўды нікуды не дзенешся. І характары людзей, такія як адвага і баязлівасць, любоў да Бацькаўшчыны ці здрада, найбольш праяўляюцца ў экстрэмальных сітуацыях, да якіх належыць і вайна.

На заканчэнні цікавай сустрэчы жонка пісьменніка Людміла Мікалаеўна атрымала ад дырэктара бібліятэкі Валянціны Клімовіч прыгожы букет кветак, а Алесь Рыбак пакідаў свае аўтографы на сваіх кнігах, набытых паклоннікамі яго творчасці. Сустрэча з пісьменнікам і з яго творчасцю вылілася ў сапраўднае свята для ўсіх тых, хто сябруе з беларускай літаратурай і матчынай мовай.

Лявон Целеш , г. Дзяржынск.

На здымку: А. Рыбак на прэзентацыі. Побач - аўтар артыкула.


Да 600-годдзя Грунвальдскай перамогі

Ліпень месяц 2010 года у Цэнтральнай Еўропе праходзіць пад знакам 600годдзя перамогі славянскіх войскаў у Грунвальдскай бітве. Беларусь першы раз уключылася ў такі гістарычна культурны праект, але кожны дзень нешта адбываецца. 6 ліпеня ў Менску прайшла прэзентацыя кнігі «Ваяры Грунвальдскай бітвы», прысвечаная 600годдзю Грунвальда. Кніга сталася адным з нямногіх навуковых выданняў, прысвечаных юбілею гістарычнай падзеі.

У кнізе пададзеная перадгісторыя Грунвальдскай бітвы ад пачатку з'яўлення немцаў ва Ўсходняй Прыбалтыцы да пачатку Вялікай вайны 14091411 гадоў. Разглядаюцца колькасны склад войскаў, іх узбраенне, ход баявых дзеянняў і іншыя аспекты гістарычнай бітвы. Кажа аўтар выдання, доктар гістарычных навук Юры Бохан:

Такая падзея - 600гадовы юбілей - не магла застацца паза ўвагай грамадскасці, у тым ліку навуковай. Выйшаў шэраг прац, хоць магло быць і значна больш. Бо значэнне Грунвальдскай бітвы не толькі ў тым, што мы разбілі чарговага агрэсара - агрэсараў хапала і іншых, і іх разбівалі і раней, і пазней, - а значэнне ў тым, што яна змяніла статус ВКЛ. Калі, да прыкладу, Паўночная вайна для Расеі была "прасяканнем акна ў Еўропу", то ў нас акно ў Еўропу было прасечана на 300 год раней - на пачатку ХV стагоддзя. І, канечне, гэта была таксама Грунвальдская бітва.

Акрамя каштоўных гістарычных звестак, кніга ўтрымлівае багата ілюстрацыяў - выявы ўзбраення таго часу, харугваў, партрэты палкаводцаў. «Ваяры Грунвальдскай бітвы» выйшлі накладам 1500 асобнікаў, але ўжо цяпер кнігу можна назваць рарытэтам, бо гэта адно з нешматлікіх грунтоўных навуковых выданняў, прысвечаных 600годдзю Грунвальда.

14 ліпеня Ва Ўправе БНФ адкрылася выстава "Грунвальд у нашай памяці".
Адметнасьць выставы "Грунвальд у нашай памяці" ў тым, што тут прадстаўленыя карціны, намаляваныя дзецьмі.

Малюнкі грунвальдскіх ваяроў зрабіў заходнебеларускі мастак Базыль Рабіза (1914-1994) у 1923 годзе - тады юнаму мастаку было 9 гадоў. На выставе прадстаўленыя дзіцячыя творы Вітуся Купавы - малодшага сына мастака Міколы Купавы. Зараз Вітусю 21 год, а партрэт Вітаўта Вялікага ён напісаў, калі яму было 8.

На выставе - шмат партрэтаў: Вітаўта Вялікага, яго дачкі Алены, Соф'і Гальшанскай, польскага караля Ягайлы. Прадстаўлены батальны жывапіс - сцэны самой гістарычнай бітвы пад Грунвальдам. Шмат выяваў помнікаў архітэктуры таго часу, замкаў Вялікага Княства Літоўскага. Ёсць унікальнае палатно Яна Мяльніцкага "Мапа Ўсходняй Еўропы" пачатку XV стагоддзя".

На адкрыцці выставы яе куратар, намеснік нацыянальнага грамадскага камітэту па святкаванні 600годдзя перамогі пад Грунвальдам, мастак Мікола Купава адзначыў, што беларускія дзеці ведаюць гэту гістарычную падзею і своеасабліва адлюстроўваюць яе.

А ў музеі Багдановіча адкрылася выстава суполкі "Пагоня" пад назваю "Грунвальд за смугою часу".

Прайшоў круглы стол, прысвечаны ролі Грунвальдскай перамогі ў гісторыі Беларусі і іншых еўрапейскіх краін.

15 ліпеня ў Горадні ў Новым замку адкрылася яшчэ адна мастацкая выстава, прысвечаная 600м угодкам Грунвальдскай бітвы. Яе арганізаваў Гісторыкаархеалагічны музэй, які займае сёння абодва былыя каралеўскія замкі - Новы і Стары.

Сярод тых, хто зацікавіўся выставай, можна было заўважыць і генеральнага консула Літвы ў Горадні Рымантаса Латакаса. У колішняй Сенатарскай зале былі развешаныя копіі вядомых карцін, у прыватнасьці - «Бітва пад Грунвальдам» Яна Матэйкі, рэканструкцыі карцін і арыгінальныя творы. Дырэктар музея Юры Кітурка зазначыў:

Выстава называецца "Іканаграфія Грунвальдскай бітвы" - так панавуковаму, а папрыгожаму - "Грунвальд у мастацтве". Да яе далучаны яшчэ канцэрт арганнай музыкі. Яна задумана намі для ўшанавання гэтай вялікай гадавіны. 600 год таму ў былой Прусіі, на землях Тэўтонскага ордэна сышліся два вялікія войскі. Кажуць, што гэта была адна з самых вялікіх бітваў Сярэднявечча…

У мастак Алеся Сурава ёсць свае думкі па зместу:

Мне здаецца, вельмі добра, што пачалі гэта адзначаць, і ўлада крышку павярнулася абліччам да такой з'явы, як Грунвальд. Таму што гэта было чужое свята ўвесь час, і ў нас гэтай даты не было. Але прайшло паўгода юбілейнага году Грунвальдзкай бітвы, і падыход трошкі такі правінцыйны якісьці, несур'ёзны. Каб паказаць гістарычную праўду пра Грунвальд, прывезлі гэтыя копіі, значыцца - да скону вякоў будзем карыстацца копіяй Матэйкавай карціны, а яна далёкая ад праўды.

Яшчэ адна мастацкая выстава ў Гародні адкрылася ў прыватнай галярэі "Крыга" .

Мяркуецца, што ў кастрычніку ў Палацы мастацтваў будзе зладжаная вялікая мастацкая выстава, прысвечаная Грунвальдскай бітве. Увосень плануецца правесці і сур'ёзную міжнародную навуковую канферэнцыю.

Многае па тэме Грунвальда робіцца энтузіястамі на грамадзкіх асновах. Але не засталася ўбаку і дзяржава. Нельга забыцца і наваградскі рыцарскі фэст і спрыяльныя адносіы да выезду ў Польшчу вялікай дэлегацыі

Варты адабрэння і прыязнай ацэнкі пяцісерыйны мастацкі фільм, які паказаны па БТ. Хаця спачатку замахвалія на гульнявы фільм, але і дакументальны вялікі крок наперад тым больш, што зняты на беларускай мове (па руску у фільме гавораць некалькі экспертаў). Мерапрыемствы па розных гарадах будуць працягвацца, і пра іх будзе пісацца і гаварыцца.

(Па матэрыялах друку)


На Багдановічава свята ў Ракуцёўшчыну

Шаноўныя сябры!

Літаратурны музей Максіма Багдановіча і Маладзечанскі райвыканкам маюць гонар запрасіць вас на Свята паэзіі і песні "Ракуцёўскае лета - 2010" 25 ліпеня 2010 года а 12-й гадзіне


У вас будзе добрая нагода дакрануцца да высокай паэзіі ў выкананні аўтараў, ужо шырока вядомых і маладых, усцешыцца беларускімі песнямі і танцамі, а, самае галоўнае, прайсціся сцежкамі слаўнага паэта Максіма Багдановіча, наталіць смагу з чыстай сцюдзёнай крыніцы, Максімавай крыніцы натхнення…

Святкуем разам!

Добры настрой, пазітыўныя эмоцыі і незабыўныя ўражанні гарантуюцца!

Філіял "Фальварак Ракуцёўшчына" в. Ракуцёўшчына

Электрычка Менск - Маладзечна да станцыі Уша, адпраўленне з Менска:8.29, 9.14, 10.01, 11.23.

"Фальварак Ракуцёўшчына" адзін з філіялаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, знаходзіцца ў прыгожай маляўнічай вёсачцы Ракуцёўшчына паблізу Краснага, на Маладзечаншчыне.

Менавіта тут, у фальварку дробнага шляхціца Вацлава Лычкоўскага, летам 1911 года адпачываў Максім Багдановіч, адзін з самых яскравых прадстаўнікоў беларускай літаратуры, геніяльны паэт, празаік, майстар перакладу, бліскучы крытык і публіцыст, глыбокі вучоныдаследчык. Гэты фальварак стаў сімвалічным месцам вяртання Максіма Багдановіча на Бацькаўшчыну.

У чэрвені 1977 года па прапанове Менскага абласнога краязнаўчага музея каля в. Ракуцёўшчына быў пастаўлены помнік два камяні. Адзін сімвалізуе свечку вечнай памяці, на другім размешчаны радкі з верша М. Багдановіча:

Хоць зернейкі

засохшымі былі,

Усё ж такі жыццёвая іх сіла

Збудзілася, і буйна ўскаласіла

Парой вясенняй

збожжа на раллі.

24 красавіка 1981 года каля помніка быў пасаджаны першы на беларускай зямлі пісьменніцкі парк з 70 дрэў, які назвалі "Максімаў сад".

21 траўня 1983 года прайшло першае свята паэзіі ў Ракуцёўшчыне, якое наладзілі Літаратурны музей Максіма Багдановіча, Маладзечанскі райвыканкам, Мінскі абласны краязнаўчы музей (г. Маладзечна). Шмат мінула гадоў… Змяняліся даты і назвы правядзення свята, змяняліся удзельнікі і госці… Нязменнай застаецца любоў беларусаў да Максіма Багдановіча і яго высокай паэзіі, жаданне захаваць памяць пра паэта і яго жыццё ў Ракуцёўшчыне…

З 1991 года пачалося стварэнне філіяла "Фальварак Ракуцёўшчына", які на сённяшні момант уключае наступныя музейныя аб'екты: Дом арандатара, Дом гаспадара, гумно, Максімаву крыніцу, помнік і Максімаў сад.

У першую чаргу быў адноўлены Дом арандатара, дзе ўлетку 1911 г. жыў Максім Багдановіч. У гэтым доме, як сцвярджаў сам паэт, вельмі добра пісалася. У гэтым доме створана музейная экспазіцыя, якая адкрылася роўна 15 гадоў таму, у 1994 годдзе, падчас свята паэзіі і песні.

Другая частка экспазіцыі адчынілася ў 2007 годзе. У Доме гаспадара ўзноўлены інтэр'еры гасцёўні, кухні, створаны дзіцячы пакой. Самая вялікая частка экспазіцыі размясцілася ў гасцёўні. Менавіта тут маладога паэта сустракалі гаспадары з беларускай гасціннасцю і шчырасцю, былі яго суразмоўцамі і дарадцамі. Адметнасцю экспазіцыі ў Доме гаспадара стаў дзіцячы пакой з лялечнай мэбляй, буфетам і канапкай, дзіцячымі рэчамі. Інтэр'ер кухні адноўлены часткова, экспануюцца тыповая мэбля і прадметы хатняга ўжытку.

Уявіць сабе жыццё беларусаў, "поўнае штодзённага клопату", можна пры наведванні гумна, якое раней служыла для захавання і сушкі снапоў і іх далейшага абмалоту.

Напрыканцы гэтага незвычайнага падарожжа ў часе і прасторы абавязкова трэба схадзіць да Максімавай крыніцы, да якой многа гадоў таму назад любіў хадзіць сам паэт:

У родным краю ёсць крыніца

Жывой вады.

Там толькі я змагу пазбыцца

Сваёй нуды.

Кожны год на традыцыйнае свята паэзіі і песні "Ракуцёўскае лета", якое ладзяць Маладзечанскі райвыканкам і Літаратурны музей Максіма Багдановіча пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, з'язджаюцца як вядомыя, так і маладыя, пачынаючыя беларускія пісьменнікі, а таксама музыкі і мастакі, фальклорныя калектывы. Але самымі дарагімі гасцямі з'яўляюцца нашчадкі роду Луцкевічаў, Багдановічаў.

Утульная атмасфера старога фальварка нагадае Вам пра слаўныя старонкі нашай мінуўшчыны, пра самы шчаслівы час жыцця Максіма Багдановіча, маладога генія беларускай літаратуры. А крыніца з чыстай, празрыстай, "жывой вадой" супакоіць сэрца, узновіць сілы і падорыць надзею на лепшае…

Кантакты:

Філіял: 222321, Мінская вобл., Маладзечанскі рн, в. Ракуцёўшчына. Тэл. 8 (01773) 96 1 41.

Літаратурны музей М. Багдановіча; 220029, г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а.


Каменныя магілы Лідчыны

З таго нешматлікага, што засталося старажытных часоў на Лідчыне найбольш уражваюць каменныя магілы і камні-следавкі.

Піваварчык С. і Семянчук Г. у кнізе "Археалогія Беларусі" (1996. Ч.2. С.31-32.) пішуць: "У ХІ ст. замест пахаванняў у каменных курганах прыходзяць каменныя грун-товыя магілы, якія з другой паловы ХІІІ ст. становяцца пануючымі ў Верхнім Панямонні і Сярэднім Пабужжы. У адрозненні ад курганоў каменныя магілы не вылучаюцца над паверхняй. Гэта круглыя, авальныя альбо прамавугольныя ў плане збудаванні, якія трохі ўзвышаюцца над зямлёй. Асаблівасцю каменных магіл з'яўляецца наяўнасць каменнай кладкі, якую рабілі з камянёў над кожным пахаваннем у адзін, вельмі рэдка - два слаі. Памеры кладак вагаюцца ад 3,2 х 1,3 х 0,25 м да 1,9 х 1,8 х 0,2-0,3 м. У галавах пахаванняў, а часам і насупраць у нагах ставіліся вялікія валуны, падпраўленыя пад трохвугольнікі вышынёй да 1-1,2 м. На гэтых камянях часта выбіты крыжы і крыжападобныя знакі, выявы птушак і звяроў, прылады працы і іншыя знакі. Для каменных могільнікаў выбіралі месца на пагорках з сухім пясчаным грунтам. Колькасць пахаванняў у іх розная: ад 15-20, да 150-200, а ў сярэднім -60 -100. Магілы размяшчаюцца няроўнымі шэрагамі ў кірунку з паўночна-ўсходняга на паўднёва-заходні альбо наадварот як напрыклад у Вензаўшчыне сучаснага Шчучынскага р-на.

Пахавальны абрад у каменных магілах - трупапалажэнне ў чатырохвугольнай яме з закругленымі кутамі і звужанай доннай часткай (даўжынёй 1,8 - 2 м, шырынёй 0,5 - 0,8 м і глыбінёй 0,5 - 1,3 м). Нябожчыка абстаўлялі з усіх бакоў дошкамі, якія часам мацавалі драўлянымі цвікамі. Зрэдку хавалі без дамавін. Як правіла, памерлых хавалі на спіне ў выцягнутым стане, адзначаныя пахаванні на левым ці правым баку з'яўляюцца падзахаваннямі. Галавой шкі-леты арыентаваныя на поўдзень, паўднёвы захад ці паўднёвы ўсход, поўнач, паўночны захад ці паўночны ўсход, зрэдку на захад. Вялікая разнастайнасць назіраецца і ў размяшчэнні рук: скрыжаваныя на грудзях, выцягнутыя ўздоўж тулава, складзеныя на жываце, левая рука на локце правай, правая - на левым плячы і інш. У кожнай магіле звычайна знаходзіўся адзін касцяк, але сустракаюцца два-тры і нават чатыры". Месца лакалізацыі каменных магіл - Нёманска-Вілейскае міжрэчча.

Гістарычная Лідчына багатая на каменныя магілы, вывучэнне іх пачалося ў канцы ХІХ ст. раскопкамі В. Шу-кевіча і Э. Вальтэра. Гэтыя даследчыкі у межах былога Лідскага павету даследавалі больш за 400 магіл.

Два пахаванні маюцца каля вёскі Вензаўшчына. Адно ў 0,1 км на захад на пад'ездзе да вёскі (XIII-XIV стст.), другое (X-XV стст.) ў 80 м на паўднёвы захад ад вёскі на прыгожым узгорку (Л. Дучыц і У. Лобач ў энцыклапедычным слоўніку-даведніку пад рэдак-цыяй С. Санькo "Беларуская міталёгія" пішуць, што гэты ўзгорак мае назву "Перунова гара"). У 1-м могільніку адзначаны пахаванні трупа-палажэннем галавой на захад у ямах і амаль кожны нябожчык быў сярод дошак. У 2-м могільніку (на пагорку) хавалі ўжо галавой на поўдзень і на паўднёвы захад (тут ёсць і трупаспаленне, і пахаванне ў дамавінах так сама сустракаюцца больш познія пахаванні на месцы ранейшых).

У канцы 1889 г. Вальтэр зрабіў раскопкі 19 стара-жытных магіл. Ф. Пакроўскі пісаў (Археологическая карта Виленской губернии. 1893. С.109.): "…быў знойдзены арыгінальны спосаб пахавання, так як над касцякамі і над пластом пяску сустракаюцца надмагільныя вогнішчы і вуглі. У гэтых магілах знойдзены наступныя прадметы: бронзавы ключ з рэшткамі раменьчыка для нашэння гэтага ўпрыгажэння на грудзях; розныя галаўныя ўборы, якія складаюцца з бронзавых пласцінак; 2 нараменнікі (рамена - плячо, заўвага Л. Л.); 2 бранзалеты; да 10 масіўных бронзавых пярсцёнкаў; адзін крыжык, які насілі разам з шклянымі каралямі, званочкамі і шамкамі; жалезныя ножыкі; паясныя кольцы; спражкі; адну сякеру і адну дзіду; срэбныя шарыкі на бронзавым дроце, якія служылі вушнымі ўпрыгожваннямі".

У адной з магіл быў знойдзены павалены гаршчок і сасуд каля галавы нябожчыка, у іншай - міса, у могільніку на пагорку - грошы ВКЛ. (Гл: Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в IX-XIII вв. С.39-42.)

Цікава, што прыехаўшы ў Вензаўшчыну, ўдалося ўдакладніць месца дзе раней знаходзіўся Глушнянскі базыльянскі кляштар. Бо Вандалін Шукевіч пісаў, што каменныя магілы тут знаходзяцца ва ўрочышчы Ганчары каля вёскі Глушні і недалёка ад ўрочышча Манастыршчына і Царкоўшчына (гэта як раз каля "Перуновай гары", на паўднёвы захад ад вёскі), прычым базыльянскі кляштар знаходзіўся ва ўрочышчы Манастыршчына а царква (верагодна пры кляштары) ў урочышчы Царкоўшчына. Людзі мне расказвалі, што ў гэтых ўрочышчах, проста ў лесе, былі старыя хрысціянскія магілы з помнікамі. Можа гэта былі рэшткі манастырскіх могілак?

Жыхары вёскі кажуць, што нейкія людзі капаюць тут увесь час.

Паблізу м. Нача, на палях ваколіцы Пузелі знаходзяцца старадаўнія могілкі, якія ў 1885 г. даследаваў Шукевіч сумесна з Вальтэрам (зараз вёска Пузелі, каменныя магілы ў 0,7 км на поўдзень ад вёскі). Яны раскапалі 8 магіл, пры чым пры мужчынскіх касцяках былі сякеры і крэсалы а пры жаночых - разнастайныя бронзавыя ўпрыгожанні, акрамя звычайных пярсцёнкаў і завушніц былі бронзавыя дыядэмы з бронзавымі ці пазалочанымі сярэбранымі падвескамі і шкляныя пацеркі рознай велічыні. У Пузельскіх магілах былі знойдзеныя арыгінальныя бронзавыя ключы-падвескі і два літоўскія дынары. Усе пахаванні мелі сцены выкладзеныя камянямі ад дна да верху. Зверху магілу пакрывалі каменныя муроўкі авальнай формы з вялікімі камянямі ў галавах (Гл: Пакроўскі Ф. Археологическая карта Виленской губернии. 1893. С. 107.).

Т. Нарбут таксама згадвае аб раскопках ў яго прысутнасці адной каменнай магілы ў Начы, тут былі знойдзеныя адна цэлая каменная сякера і два абломкі сякеры (Dziei… T.1. S. 369.)

Не даязджаючы да вёскі Пашкавічы з боку Ліды (Воранаўскі р-н, 0,3 км на поўдзень ад вёскі) ў лесе пры дарозе ёсць каменны могільнік XIII-XV стст.

Ёсць каменыя магілы і каля вёскі Беліца. У 1981 г. тут было выяўленае пахаванне мужчыны з часткамі каня, што размяшчаліся зверху, на магіле. Археолаг Ала Квяткоўская лічыць што гэта пахаванне заталося ад прусаў (борцей), якія былі вымушаны ўцякаць на нашыя землі ад Тэўтанскага ордэна. На карысць прускай прыналежнасці беліцкага могільніка, які датуецца канцом XVI-XVII стст., можа сведчыць тое, што, значная частка маёнтка Ліпічны над Нёманам на поўдзень ад Жалудка, узнікла з земляў барцянскіх і іх пасяленцаў. Уладанні гэтыя, з прычыны безнашчадкавай смерці Станіслава Андрэевіча Давой-ны, полацкага ваяводы, перайшлі да караля Жыгімонта Аўгуста, які памяняў іх у 1567 г. на Індуру, уласнасць князя Мікалая Радзівіла. У 1572 г. пры смерці кароль Аўгуст са складу ваяводства Панёманскага выдзяліў вёскі: Вялікія й Малыя Буцілы, а таксама Панямунцы, і землі гэтых вёсак з людзьмі, жонкамі і іхнімі дзе-цьмі падараваў ва ўладанне князю Юрыю Радзівілу. Гэтая зямля разам з усімі нявольнікамі, уцекачамі, а таксама і набытая князем Радзівілам, утварылі маёнтак Андрушоўшчыну над Нёманам, які потым належаў радзівілаўскаму ключу Беліца (Квяткоўская Ала. Да пытання пра прусаў - перасяленцаў на тэрыторыі Беларусі ў Сярэднявеччы).

Каля в. Апонаўцы (Во-ранаўскі р-н, 0,5 км на поўнач ад вёскі) ёсць могільнік XIII - пачатак XV ст. Ф. Пакроўскі (Археологическая карта Ви-ленской губернии. 1893. С. 106,108.) пісаў, што магілы гэтыя вядомыя ў народзе пад назовам "татарскія могілкі". Яны маюць выгляд невялікіх насыпаў выкладзеных з камянёў авальнай ці круглай формы. У магіл авальнай формы амаль заўсёды ў адным або ў абодвух канцах стаяць вялікія, абчэсаныя валуны, што, здаецца і было нагодай назваць гэтыя магілы "татарскімі". На ўсіх падобных могіл-ках назіраецца аднолькавы абрад пахавання. Нябожчыкаў клалі на дне ямы 0,8-1,2 м глыбінёй, без усялякай падсцілкі, галавой на захад, тварам уверх, з рукамі, скрыжа-ванымі на грудзях, на жываце, ці выцягнутымі ўздоўж сцёгнаў. Каля нябожчыка клалі звычайна усё тое, што насілася ці ўжывалася калі ён быў жывы. Магілы жанчын маюць шмат усякага роду ўпрыгожванняў з бронзы, з нейкага белага металу (так у Пакроўскага - Л. Л.) ці з срэбра. У ліпені 1889 г. Вальтэр пры вёсцы Апонаўцы раскапаў 21 магілу і знайшоў розныя ўпрыгожванні з бронзы (крыжык, розныя завушніцы, бля-шкі і г.д.) і прадметы з жалеза (спражкі, 1 сякеру і г.д.). Пры касцяках былі: 1) абломак пражскага гроша XIII ст., 2) дынары Аляксандра Ягелончыка, 3) дынары з славянскім надпісам «печать» на адным баку, і з малюнкам - дзідай з крыжам на другім. Манеты гэтыя знаходзіліся разам з красалам і крэменем і ляжалі па правы бок ад галавы нябожчыка.

Па пытанні этнічнай прыналежнасці насельніцтва, якое пакінула каменныя могільнікі, існуюць два пункты гледжання. Напрыклад В. Шукевіч, Э. Вальтэр, А. Квяткоўская, лічылі іх помнікамі яцвягаў а А. Спіцын, В. Сядоў, Ф. Гурэвіч помнікамі нашчадкаў таксама яцвягаў, але ўжо славяназаваных (Гл: Піваварчык С. і Семянчук Г. Археалогія Беларусі. 1996. Ч.2. С.33.).

На гістарычнай Лідчыне захаваліся яшчэ каля дзесятка каменных магіл якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы.

На здымках : 1. Вензаўшчына, "Перунова гара". 2. Каменныя магілы каля вёскі Пашкавічы.

Леанід Лаўрэш

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX