Вярнуцца: 2010

№ 30 (973)


Крыніца: pawet.net.



№ 30 (973) 28 ЛІПЕНЯ 2010 г.

20 гадоў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі

170 гадоў з дня нараджэння Юльяна Крачкоўскага

КРАЧКОЎСКІ Юльян Фаміч (25.7.1840-25.7.1903), беларускі фалькларыст, этнограф, гісторык і педагог. Нарадзіўся ў в. Азяты Жабінкаўскага р-на. У 1861 скончыў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію. Адмовіўся ад духоўнага сану, працаваў настаўнікам рускай мовы ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, інспектарам народных вучылішчаў Віленскай навучальнай акругі, дырэктарам Полацкай настаўніцкай семінарыі і Віленскага настаўніцкага інстытута, Туркестанскай настаўніцкай семінарыі. У 1888-1902 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі. Укладальнік 16-га і 20-га тамоў, аўтар прадмоў да іх і да 25-га тома «Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі». У 1900-02 пад яго рэдакцыяй і з яго прадмовамі выйшлі 12-ы і 13-ы тамы «Археаграфічнага зборніка дакументаў». Апублікаваў нарыс пра старажытную Вільню («Старая Вільня да канца XVII стагоддзя», 1893) і зборнік дакументаў пра гісторыю Віленскай навучальнай акругі («Гістарычны агляд дзейнасці Віленскай навучальнай акруті за першы перыяд яе існавання, 1803-1832», 1903). Аўтар першага грунтоўнага даследавання пра радзінны абрад беларусаў і выхаванне дзіцяці («Нарысы быту заходнярускага селяніна», 1869) і фальклорна-этнаграфічнага зборніка «Быт заходнярускага селяніна» (1874), прысвечанага сямейным (пераважна вясельным) і каляндарна-аграрным абрадам беларусаў, у якім акрамя вядомых матэрыялаў выкарыстаны і новыя запісы. К. ў працах па методыцы педагагічнага выхавання ў навучальных установах прытрымліваўся даволі кансерватыўных поглядаў [«Рускапольскія адносіны....», 1896 (пад псеўд. Бібліяфіл)].


130 гадоў з дня нараджэння Гальяша Леўчыка

ЛЕУЧЫК Гальяш (сапр. Ляўковіч Ілья Міхайлавіч; 20.8.1880, Слонім - 1944), беларускі паэт. Скончыў Слонімскую павятовую навучальню. Служыў у канцылярыях з'езду міравых суддзяў, судовага следчага ў Слоніме. У 1904-20 чарцёжнік у магістраце Варшавы. 3 1908 друкаваўся ў «Нашай ніве». Выдаў зб. вершаў «Чыжык беларускі» (Вільня, 1912). У паэзіі Л. пераважаюць мінорныя настроі, матывы смутку, бедавання над сац. і нац. нядоляй роднага краю. Арыентуючыся на Я. Купалу і Я. Коласа, уводзіў у творы матывы і сімвалы вызв. руху. Ва ўмовах Зах. Беларусі 1920-х г. прымыкаў да рэв.-рамантычнага кірунку ў паэзіі, друкаваўся ў радыкальных і дэмакр. выданнях, пісаў у жанрах публіцыстыкі, гумару і сатыры. Аўтар востра-публіцыст. вершаў «Дружна, брацця!», «Да Беларусі», «Хто адрокся сваіх» і інш. Збіраў і апрацоўваў бел. фальклор (публікаваў вершаваныя загадкі для дзяцей, нар. жарты і анекдоты ў час. «Авадзень», «Маланка»). На свае тэксты пісаў музыку («Мне трэба ўмярці...», 1911).


У Гомелі 25 ліпеня прайшоў круглы стол, прысвечаны праблемам беларускай мовы

Дыскусія "Беларуская мова ў сям'і еўрапейскіх моў" была арганізавана моладзевым клубам "Цывілізацыя", адкрытым на платформе грамадзянскай ініцыятывы "Гомельскі дэмакратычны форум", сябрам рады якога з'яўляецца Пётр Кузняцоў:

- Кожную з тэмаў, а сёння была тэма беларускай мовы, мы абмяркоўваем у два этапы. Першы этап - гэта, як сёння, пасяджэнне адкрытае і больш шырокае. Праз яго мы хочам проста зацікавіць грамадскасць, зацікавіць людзей такой праблемай - для ўдзелу ў ім мы запрашаем усіх ахвотных. Наступнае пасяджэнне па гэтай жа тэме будзе праз тыдзень - яно ўжо будзе больш вузкае, на яго прыдуць тыя, хто насамрэч зацікавіўся гэтай тэмай.

Сябры "Талакі" чыталі вершы беларускіх паэтаў і выканалі некалькі абрадавых купальскіх песень. На наступ-ным пасяджэнні запланаваным на чарговую нядзелю сябры суполкі засяродзяцца на пытаннях выпраўлення існай сітуацыі, адстутнасці беларускай мовы ў штодзённым жыцці саміх беларусаў - сказаў Пётр Кузняцоў.

Удзельнікі гомельскага мерапрыемства ўзгадалі так-сама 30 ўгодкі з дня смерці знакамітага барда і паэта Уладзіміра Высоцкага - ягоныя песні гучалі ў перакладзе на беларускую мову.

Валянціна Лаеўская.


600 год перамогі пад Грунвальдам адзначылі ў Магілёве

22 ліпеня.2010 г. больш за сотню магілёўцаў прыйшлі ў гарадскую Ратушу, дзе з ініцыятывы магілёўскай суполкі Таварыства беларускай мовы адбывалася ўрачыстая імпрэза. Арганізаваў яе аддзел ідэалагічнай працы гарвы-канкаму.

Удзельнічалі ва ўрачыстасці ваяры народнага рыцарскага клуба "Барысфен", ансамбаль старадаўняй музыкі «Віёла», а таксама гісторыкі.

Распачалі свята ваяры "Барысфена". У латах на амаль трыццаціпяціградуснай спёцы двое хлопцаў дэманстравалі сваё рыцарскае майстэрства. Двубой быў нядоўгім. Хвілін за пятнаццаць ён скончыўся перамогай аднаго з іх. Успатнелых пераможцу і пераможанага віталі прысутныя. Кіраўнік клуба Павел Пастухоў пераможна трымаў чырвоную харугву з "Пагоняй". Яе выткалі дзяўчаты з Таварыства беларускай мовы.

Пад гэтай харугвай з вітальнай прамовай пабеларуску выступаў і супрацоўнік ідэалагічнага аддзела гарвыканкаму Аляксандар Балашэнка: "Грунвальдская бітва адна з самых вялікіх бітваў сярэднявечча. Вынікі гэтай бітвы назаўсёды змянілі палітычную мапу Еўропы. Гэта была тая бітва, якая вырашае лёс народаў".

Пра Грунвальдскую бітву і яе значнасць для пераможцаў і пераможаных казалі і магілёўскія гісторыкі - кандыдат гістарычных навук Васіль Варонін ды доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк.

Васіль Варонін: "Нягледзячы на перамогу войскаў Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы яны не здолелі даціснуць Тэўтонскі ордэн. Спатрэбілася яшчэ шмат часу і некалькі войнаў пакуль ордэн канчатковы не быў падпарадкаваны Каралеўству Польскаму".

Ігар Марзалюк: "Удзел беларусаў у бітве пад Грунвальдам доўгі час замоўчваўся. Яго вярнулі ў беларускую гісторыю не гісторыкі, а літаратары. Першым быў Уладзімір Караткевіч. Ягонае эсэ ў мсціслаўскай раёнцы распачало вяртанне Грунвальда беларусам".

Наш кар.


Грунвальд - Дуброўна

Генадзь Барысаў

I

Як багну, цішыню спавіў чарот,

3 глушы, з тугі балот

Выток ідзе ракі Высокай.

У пойме зелень пожняў,

У глухой асоцы

Нізіны поўныя вады.


Няма бяды,

Што хвошч худы, асот ў барознах.

Далягляд, якія віды!

(О памяць, даўніны выявы!)

I колькі з'яў дарожных,

Лясныя лужыны, канавы,


Дарога ідзе на Прошыку, Сяляву.

Прыгожы, чысты бор, сцяжыны,

3 Лукомля ЛЭП вядзе струна-прасека,

Бязлюддзе, журавель, кусты ажыны,

Дзе вёскі - Двор, далей - Пярэсіка.


Усё плача: чые вы й чые вы?

У жалю самотная каня ўзлятае.

Возера, статак, пастух на кані,

Вежа напорная,

чорная ферма пустая.


Няроўнай, зламанаю лініяй лес.

Аксамітнай атавы, гронак каліны,

I водсвет саломы, вады ў каляінах,

У сонечным ранку - глянцавы бляск!


Адчуваю на дотык, душою хінуся...

Па выпасу - сцелішча ільну,

Як пракосы,

Леглі рады і разбегліся шырока.

Юнацтва і мары - немагчыма далёка,

Саматканыя тыя палотны,

Разасланыя ўранні, што моклі у росах.


Павуціння зіхоткія кросны.

Свежае ворыва - тут і там,

Хінуцца шчыльна барозны,

Ў лагчыну збягаюць, к балоту і кустам.


Зорны і ясны позірк прыветны

"Неўміручых

Тых боскіх" восеньскіх кветак,

У промнях апошніх

Лагода й раскоша бабіна лета.

Хай познім

Цяплом нябёс - душа сагрэта.


Хвойны зялёны амшар

Захінае шэры альшаннік,

Гушчар непралазны - лазовы абвод.

Лісцё ракіт

У промнях белых над лонам вод.


Прыроды веліч,

Спакой і холад, ... сон у палях.

3 даўніны

Вядома, як "перасецкая зямля"...


Мінулае, сувязь... ды болей,

Падзеі рэформы далёкай:

Каралева Бона, надзелы, трохполле,

Як быццам учора,

Радзівіл Чорны у сойме

"Устаў..." правёў на валокі.


На Літве.

Жыццё продкаў на гэтай зямлі,

Спрадвечнай і мілай Радзімы,

(Якія там леты здараліся й зімы?)

Як і што было - "даўна",

Тады, ў тых слаўных вяках.

Каб рабіць на зямлі, жаць пара -

Час гарачы у полі. Касіць ці араць,

Трэба сіла і моц у руках.


На сябе

Ад зары і да зары працавалі?!

Дзень улетку, як год і як год корміць,

Чалавека-дні над душой не стаялі -

Пачвары: калгасныя палачкі і нормы.


.. .Па даліне бягуць

Рухомыя зніклыя цені,

Так у вечнасць прайшлі пакаленні,

Разнятыя кім, разамкнёныя звенні...


Сінечай-смугой, сівізной і туманам,

Цяпер вы - тугою вякоў спавіты.

Ад крымскіх татараў, крыжакоў

I Вялікай Арды, маскавітаў,

Як даўнія вотчыны тыя,

Храмы святыя, дзедавы гоні і нівы,

Родны край і свой кут баранілі.


На іх долю і мужныя плечы,

Глыбаю легла Грунвальдская сеча.


II

Апантаныя месіянскай ідэяй,

Заведзены папам, як дзевы...

На "святую зямлю" мечаносцы,

Не дзіва, восем разоў у паходы хадзілі.

Упасці ніц, на калені

I пакланіцца, вядома,

Таму месцу і Гробу Святому.

3 усёй хрысціянскай Еўропы

Адчайны рыцарскі зброд...

У Палестыне

Ў бараноў рог іх скруцілі

Сарацыны, сагнулі ў дугу.

Хлеб выгнання і даўкую горыч

Тугою слязою змачылі,

Коўтаюць ў горле, жуюць, як тугу.


А які быў уздым і замах

Ваяўнічы! Ды ганьба, жах,

Асекліся адно - крыжаносцы.

Як ізгоі, бітай дарогаю тою,

На радзіму і ў Рым

Вярталіся ні з чым, у абносках,


Ды з гонарам-славай, пыхою:

Вызваліцелі Гроба Гасподня!

Дабраславёныя зноў,

Пахвалёныя моцай святою -

У наступ - на балтаў, славян,

"Дранг нах Остэн!" - сягодня,


Прусаў і ліваў пабілі...

- 3 намі Бог! Упэўнены ў сілах

Ідуць на ўсход ваякі-месіі,

Паганцам нясуць тое божае слова.

Асцярожна! Веры Хрыстовай

Праслаўлены й горды,

Грозны, няправедны Ордэн...


На разбой,

На "святую вайну з нявернымі" - ў бой,

Не Сын Божы вядзе ў паходы -

Бог вайны, ўсемагутны, як Одын!


Не жыццё ў жамойтаў, а пекла...

Агнём і мячом паганцаў хрысцілі,

Рабавалі і секлі, душу калацілі.

Многа гора і слёз...

Аднаго чаго вартыя

На Русь і Літву набегі ўпартыя.


Пушчы, святыя гаі, зямлю сплюндравалі,

Пасеклі свяшчэнныя нашы дубравы.

Хай кара нябёс,

На прыхадняў будзе ўправа!

Прыхадні, па якому праву

Парушылі сон і спакой,

I капішчы нашых багоў.


Каго - паганцаў хрысцілі?

Маланак тварэц

Стаіць над усімі - Пярун,

Яшчэ ў славе магутнай і сіле.


Бог продкаў і роду,

Крыніцаў і водаў,

Хатняга ладу і міру,

Талакі і скаціны - жыцця апякун -

Жыве старажытны Вялес.

Вакол селішч ахоўнай сцяной,

Як цверджа, стаіць цёмны лес.


...Нястомны й няспынны,

Ён правіў Сусветам,

Бог неба і зорнага Стану,

Калісь быў галоўным Сварог.


Ахоўніца роду, сям'і і кахання,

Воднай стыхіі ды пражы і ткання,

Заступніца маці-зямлі -

Спрадвечная Мокаш-багіня.

Усё адно - паганства не згіне!

Ляціць, як Стрыбог,

3 усходам зары - апантаны Ярыла!

Не пагасне Сусвет,

Зніч вечны й бясконцы!

У сховах - дубравах сакральных

Гарыць у душы -

Паганскі Агонь - пахаванае Сонца?!


ІІІ

... Як час той няспынны, ручаіны і плыні.

Да межаў крыжацкіх

Сцякаліся палякі й ліцвіны,

Да цверджы Мальбарг, на захад ішлі,

К грозным чужым рубяжам.

Квітучае лета,

У палях выспяваў ураджай.


Праз рэкі наводзілі масты і пантоны.

... Не сёння гразой для "паганых"

Вераломна і горда ўзняліся тэўтоны,

Усё тое ж:


Пераможны і хцівы ды зоркі,

Трывожны той бляск у вачах.

Як сокалы ў небе, ўзляцелі высока,

3 гербамі сцягі лунаюць на ўзгорках,

Чарнеюць крыжы на белых плашчах.


У вялікім паходзе

Дух ліцвінскі яшчэ не зачах!

Цецівой напятай, на ўзводзе,

Харугвы на ўзлеску стаяць,


На шчытах і сцягах,

У промнях, у дымчатай сіні,

Як графікай - мелам

Па ясна-чырвоных тлах

З белым крыжом Еўфрасінні,

З гербам літоўскай "Пагоні".


Таненберг, дубрава, зялёныя гоні -

На раздольнай раўніне

Ягайла і Вітаўт знайшлі месца бітвы.


... Як горны крышталь,

Ціха звоніць ручай -

Лунае нябёсны анёл ці жаўрук -

Слабы рух у зеніце.


Уздрыгваюць коні, вушамі стрыгуць,

Нецярпліва ступаюць нагамі.

Стрымгалоў узлятае нястрымная каня,

Адчай і тугу наразае кругамі.

У паветры трывога, напруга чакання.


Яшчэ не прайшлі хваляванні і страхі.

У промнях - крывавяць,

Чырвань ільюць чарапічныя дахі.


Мячы ўскінуць высока,

Закутыя ў латы-браню, у адзіны

Ударны кулак згуртаваны прусакі,

На славу ідуць! На паразу-бяду?


Бел-чырвона-белыя прапары...

- Вільня! Пагоня! - ратныя клічы гучаць.

Гукі труб, вынуць шаблі пара,

Час настаў, каб атаку пачаць!


Правы фланг, перастук барабанаў,

Бляск маланак - клінкоў,

Лава конніцы, тупат і храп -

Узняліся рашуча Літвы баявыя кліны,

Меч той падняты свяшчэннай вайны,


3 Вялікім Княствам - Вітаўта наступ.

Непазбежны, чаканы, рашучы бой!

Маліўся ў шатры. Пасля доўгай імшы

Мужны Ягайла Карону павёў за сабой.


Загароды і пасткі - воўчыя ямы.

Канавы, завалы, нізіна-папар,

Па шэрагах проста -

Залпы бамбард.


Жалезны град арбалетаў,

Як грукат па даху, браню скалане.

Коні і грывы лятуць, шалёны свіст ветру.

Цалуюць назолы, джаляць "пчолы", гудуць,

Як менестрэлі, спяваюць балты і стрэлы.


У дыме прабягае маланкай,

Агонь вывяргае

Шырокае горла марцір.


3 размахам і гакам,

Басам і хорам равуць,

Косяць гарматы ізноў.

3 ходу кароткая схватка пяхоты.

Гул шматгалосся народаў і моў.

На кавалкі распаліся. Глядзі ты,

Як былінкі, зламаныя дзіды,

Панцыраў трэск і каваных шчытоў.


Як быццам кранулася з месца

Магутнага лесу сцяна.

Усяму жывому - пагроза,

Холадам смерці марозіць,


3 пагорка насустрач - абвал,

Цяжкай конніцы коціцца вал.

Стагнала, дрыжала зямля,

Калацілася ад груку капыт.

Навалу-

Рыцараў націск шалёны стрымаць -

Мужнасці, волі і моцы іспыт.

3 храпаў валіцца пена, выскал зубоў,

Досвед, адвага і крутасць,

Гонар і лютасць .. .адчай крыжакоў.


Не на карціне батальнай - лубок,

Закруціўся, змяшаўся смяротны клубок,

Як чарот калыхае, лес шабляў ўзлятае,

Жахі,

Грымасы вайны, перакошаных твараў,

Злосці, адчаю, шаленства пачвараў.


Рэзкі і сухі лязг мячоў

Быў за мілі чуваць.

Ад удараў і грому сякер,

I трэску даспехаў, шчытоў

Стаяў грукат і шум неймаверны.


Не паверыш,

У грандыёзным тым баявіску,

Як быццам

Рушыцца гучна ... неба навес,

На шэраг дрыготкіх выспаў,

Землятрус жывое ўсё крушыць...


Як у тым перадчассі дрымучым,

Стынуць жылы

Ад рыку магутных стварэнняў,

У хвашчах і карэннях,

Ў сутарэнні прыроды

Былых архаічных эпох -

Нечалавечы, вантробны роў сечы,

Зверападобны, яшчэ не заглох,


Што нават ідзе не ад Бога.

... Заўсёды шчэміць і ные,

Салодка ёкае сэрца,

На ловах, калі

Звонкі рог працінае трывогай,

Глохне, заве, у прастору нясецца...


Галосны прызыў баявы -

Гукі бубнаў і труб.

Ратныя зычныя крыкі татараў,

Крыкі-клічы, іржанне коней.

Непахісна стаяць на вятрах

Сцягі літоўскай "Пагоні".


Сечкары з Малдовы, прыйшлі ваяры

З Падолля й Валыні - харугвы русінаў,

Маравы і чэхі, у хаўрусе - сілезцы,

З Каронаю разам стаялі жалезна.


Але, пад грук барабанаў,

Звон труб у атаку тэўтоны ідуць -

Ордэнскай конніцы наступ шалёны,

Дзёрзка і ліха прарывам пужаюць.

Пахіснуліся саюзныя сілы,

У час замятні... падаліся назад.


... А раней і Літва адступіла.

Ці такі быў манеўр ліхі?

Ліцвіны завабілі ў пастку тэўтонаў,

Цяжказбройныя воі пайшлі ў пагоню,

У пойме ракі загрузлі крыжацкія коні.


У варожым стане -

Рух і гоман ужо, ды рашучы пад'ём:

Пераможны гімн запелі:

- Поле славы Хрыстовай, Іісус уваскрос!

Наша хвала Госпаду Богу,

Што ён зламаў паганцам рогі!


... Ды чутны галасы, не адзін і не два:

- Вяртаецца, ізноў наступае Літва!

У крытычны момант

Вітаўт нястомны скача дарогай,

Баявыя харугвы вядзе на падмогу.

Час настаў, сцяг, як падкошаны ўпаў,

Ды не... з белым арлом,

Першым па рангу - узняўся ізноў,

Каралеўскі вялізны штандар.

На левым флангу

Палякі стрымалі ўдар.

Ірвуцца скрозь шэрагі, б'юцца надзейна,

Як належыць

Рыцарам слаўным, годным мужам,

Пакуль

Не зламалі палкі Ліхтэнштэйна.


Пад сцягам "Стаўпы"

Стаўпамі стаялі жамойты.

Адчайна бой вялі палачане.


Ужо блізка пераможны той момант -

Вялікі магістр у думках мовіў,

Юнінген, як на вагах узважыў -

Сем адборных фартовых палкоў,

Як у пекла кінуў хвалёных па цэнтру.


У запале бою, не адступілі на "крок",

Воі з крыўскіх зямель даюць небу аброк...

Стаялі на смерць крывічы,

Секліся шалёна,

Тэрмін былы, левай і правай рукі,

Князя Сямёна, Лугвенія Юры палкі,

З Воршы, Мсціслаўля, Смаленска.

З Вільні і Лукомля мужна стаялі харугвы,

З Друцка і Коўні, Гародні і Менска.


IV

Піхаюць,

Колюць і рэжуць, хапаюць рукамі.

Нахабна крыжамі душаць,

Зацятыя коні труцца бакамі:

Сышліся так цесна, няволя гняце,

Воям забітым,

Упасці - свабоднага месца няма.

Дзікая сеча, лаянка, лямант, разня.


Рубон перайшлі ў тумане, уранні...

Ільецца кроў, смяротныя сутаргі.

Боль -Курчацца ў муках, смяртэльныя раны.


Лютая сіла - ломіць сілу!

На працягу жудасна-доўгага дня

Замарылася сама матухна-смерць,

Сваю шчодрую ніву касіла.


Вар'яцкая крайнасць, упарта, адчайна

Мячы уздымаюць, махаюць яшчэ -

"Ланцугамі малоцяць".

Іх жыцці і вёсны,

Сусвет іх і зоры, надзеі і сны,

Як сузор'і, размолаты ўшчэнт,


Ў нябёсны пясок, у труху і муку.

У полі "снапы галовамі сцелюць",

Талакою "жывот свой кладуць на таку,

I веюць душу, як дыханне, ад цела".


Рок сляпы, нябёс злая воля?

Такая ім выпала доля,

Пад няшчаднай і згубнай касой -

Калоссе палеглае ніц,

Развеяны попел у долах.


Як у сон,

Адыходзяць у вечнасць-нябыт,

Адна маці-зямелька

Вояў тых невядомых,

Як у родным доме,

Іх кожнага будзе любіць.


Ойча-Хрыстос, за паўшых, жывых,

На каленях маліся і за гэтых, за тых,

Адчайна маліся, звыш меры.

Пад вечар бой смяротны заціх,

Як гром Перуновы, як стук накавальні.

Міланскай брані, грукат мячоў і сякер,

Звон дамаскай сталі...

Пабляк даспехаў рыцарскіх бляск, .

Удалях -

Змораны лязг, боль, скрыгат металу...


Маршал вялікі, горды паў Валенрод.

У Ордэна - вырвана горла,

Верхаводы - зламаныя іх важакі,

Так Юнінген ганарлівы

I Куна - геройскі ляглі,


Шматгалосым магутным хорам

Тройчы "Віват!" загучала ў прасторы.

(Вялікі магістр і комтур - забіты)

3 поля сечы бягуць крыжакі.

У Беларусі пакуль будзем жыць -

Слава продкаў не будзе забыта!


У імгненне іх жыцці распаліся...

Разляцеліся шчыты і шаломы,

Тэўтоны разбітыя ўшчэнт.

Дубровенскай бітвы далёкай

Стаіць у вяках гул і рокат!


У тую ліхую часіну яны за Айчыну

На смерць стаялі, за нас.

3 імі - адным вечным быццём,

Як нацыя сёння існуем,

У беларускай прасторы вяслуем,

За іх сапраўды мы жывём.


У поцемках тых наступных вякоў

Заззяюць, паўстануць нашчадкі.

Шолах дрэваў на ветры...

I тады, праз гады

Родны гоман іх слухай.

Ліцвіны, па моцы і духу,

Не стануць яны на калені.


Адчайны бег пакаленняў...

Існавалі вольнай дзяржавай,

3 жальбою-бядою,

Ды з годнасцю-славай

У мінулых стагоддзях жылі.

Мы ёсць і будзем на гэтай зямлі!


Далёкіх продкаў родныя цені...

Ёсць адно няўлоўнае тое імгненне,

Нязменна-бягучае - "тут і цяпер".

Жыццё - маленькая Вечнасць?!

Мы з імі адзіны - павер,


Хоць час той рассыпаўся ў пыл,

У бездань - да чорнага ззяння!

Аб кім і аб чым туга шкадавання?..


Генадзю Тумашу - 70

ЦНАТЛІВЫ ДА СЛОВА

ТУМАШ Генадзь (сапр. Тумас Яўген Змітравіч; н. 28.7.1940, в. Кукшавічы Дзяржынскага р-на Менскай вобл.), бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1964). Працаваў у школе, Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, на Бел. тэлебачанні. 3 1974 у Літ. музеі Я. Коласа, з 1987 у Саюзе бел. пісьменнікаў, у 1994-2002 у Бел. ун-це культуры. у 1990 г. працаваў у "Нашым слове". Друкуецца з 1957. У паэт. зб. "Лінкос" (1970) зварот да гісторыі сваёй зямлі, нац. праблематыка. Кн. «Родны бераг песняра: Да 100-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Я. Коласа» (1982) напісана на багатым фактычным, архіўным матэрыяле, успамінах землякоў паэта. Аўтар літ.-знаўчых артыкулаў. На бел. мову пераклаў творы В. Каратынскага, Я. Лучыны, У. Мэя. Піша для дзяцей (кн. «Лісіца з Расохі», 2001).

Гады бягуць, як дні. Не, не бягуць, а лятуць. Здаецца, яшчэ зусім нядаўна "Наша слова" віншавала Генадзя Тумаша з шасцідзесяцігоддзем, а сёння гэтаму рупліўцу на ніве роднага слова час адлічыў ужо семдзесят!

... Семдзесят! Толькі падумаць! Аж не верыцца! Даўно ўжо перасягнуты біблейскі век, а яго душа па-ранейшаму працягвае рупіцца на роднай ніве. Не буду з гэтай нагоды згадваць Генадзеў творчы набытак. Пра гэта можна прачытаць у нашай літаратурнай энцыклапедыі. Нагадаю толькі адно: усе ці амаль усе, Генадзевы вершы эпахальныя. Не было такой у лёсе Беларусі падзеі, на якую б не адгукнулася яго душа. Прыгадайма хоць бы тыя, што апошнім часам друкаваліся ў "Нашым слове" - "25 сакавіка 1918 года", "14 траўня 1995 года", "Пагонічы", "Нашай школе - нашу мову" - пераклад з украінскай мовы.

Кожны Генадзеў верш выкшталцоны. Кожнае слоўка ў ім выверана, узважана. Наша мова для Генадзя - Мова - Матухна. Нашу мову ён называе пяшчотна ласкава - Моўка. Ён яе адчувае гэтак, як матуля адчувае сваё немаўлятка, дзіцятка.

Свае вершы Генадзь піша, як дыхае. Разам з біццём сэрца. Гэтак жа ён іх і чытае. Ці даводзілася вам хоць калі чуць, як Генадзь чытае свае творы? З памяці. Пранікнёна. Кожнае ягонае слоўка абаграецца сэрцам і душою. Толькі чалавек абыякавы можа не адчуць гэтай мовы. Сваім чытаннем Генадзь закранае ўсе фібры сваіх слухачоў. Некалі колішні старшыня Дяржаўнага камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні Вячаслаў Палескі, які быў вельмі патрабавальны да слова, яго культуры ў эфіры, высока ацэньваў Генадзева замілаванне мовай. Ён называў яго "цнатлівым да слова". Пажадаем жа Генадзю захаваць і надалей усе свае лепшыя творчыя якасці душы. На такіх людзях, як ты, Генадзь і твая сям'я, і трымаецца духовая Беларусь!

Уладзімір Содаль-Садэльскі , Генадзеў творчы пабрацім і аднадумца.


Краю абарона - збройная Пагоня,

Волі сцяг, што ўзняты мужнаю рукой,

Мова, што вячыста значыць нашы гоні,

Значыць нашы землі й наскі дух сабой.

2009 г.

* * *

Мецьмеш Бога і Айчыну ў сэрцы

І народзішся на свет духова.

Вырасцеш Пагонічам бясстрашным,

Горда назавеш сябе Ліцвінам.

Гэтае імя - імя святое,

Ім увекаваў Бог нас народам

З мовай роднай, моваю дзяржаўнай

У вялікім нашым гаспадарстве,

З вершнікам, з Пагонічам спрадвечным,

Бог пусціў на свет яго нам з Воляй.

22.05.2010 г.

* * *

Мы - Пагонічы, нашчадкі ваяроў-ліцвінаў,

Што палеглі, волю здабываючы крывёй,

Што на папялішчах ускрасалі, на руінах

Перад крыжакамі і маскоўскаю ардой.


Мы - Пагонічы, нашчадкі слаўнае Пагоні,

Мы - вялікай незалежнае Літвы працяг,

Думкі нашыя, як воі-вершнікі на конях,

Рвуцца, мчацца ў неабсяжны векавы прасцяг.

30.11.2008 г.

* * *

Чачэніі адважныя сыны

Жыццём-быццём ганебным не жывуць,

За незалежнасць ваяваць ідуць

Чачэніі адважныя сыны.

За Край галовы ваяры кладуць,

Каб перад ім не мець грахоў, віны.

Чачэніі адважныя сыны

Жыццём-быццём ганебным не жывуць.

22.08.2002 г.

Генадзь Тумаш.


На Лідчыне маліліся за паўстанцаў і герояў Грунвальда

25 ліпеня на Лідчыне прайшло штогадовае набажэнства ў памяць паўстанцаў 1863 года. Сёлета ксёндз Рычард з Белагрудскага касцёла падчас набажэнства асаблівую ўвагу ўдзяліў памяці герояў Грунвальдскай бітвы, якія 600 год назад рабілі тую ж справу, што паўстанцы 150 гадоў таму - адстойвалі незалежнасць нашай Бацькаўшчыны.

- Усё пачынаецца з малітвы, - казаў ксёндз Рычард. - Калі ваяры Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага ішлі ў бой пад Грунвальдам, на вуснах і адных, і другіх была "Багародзіца".

Набажэнства праводзілася на полі паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы ў 16-ты раз. І калі ў 1995-96 гадах на гэтае поле прыходзілі ў асноўным жыхары навакольных вёсак, то сёлета ісці з гэтых вёсак няма каму, было ўсяго чатыры чалавекі, затое панаехала моладзі з Ліды, з Менска, з Бярозаўкі, з Воранава, з Гародні, нават са Шклова. Многія былі тут упершыню, і ім было цікава пасля імшы паслухаць лідскую гісторыю паўстання - пра тое, Лідскі павет паўстаў на тры месяцы раней за ўсю астатнюю Беларусь, як аддзел Людвіка Нарбута ў адзіночку біўся з карнікамі на Лідчыне, як Астрога пасля смерці Нарбута вывеў рэшткі яго аддзела з-пад Дубічаў і сутыкнуўся з карнікамі на гэтым полі, як лідзянін Кастусь Кашыц узначаліў паўстанне ў Наваградскім павеце (Кашыц не быў захоплены рускімі ні жывым, ні мёртвым), як лідзянін Баляслаў Колышка ўзначаліў паўстанне на Жмудзі, быў схоплены карнікамі і павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні (памяць пра яго ніяк не ўшанавана на Лідчыне), як лідзянін Валеры Ўрублеўскі біўся з карнікамі ў Белавежскай пушчы, адступіў у Люблінскае ваяводства Польшчы, эміграваў, стаў генералам Парыжскай камуны. Даведаліся пра лідскіх ксяндзоў: Адама Фалькоўскага з Ішчалны, Раймунда Зямацкага з Ваверкі і Станіслава Ішору з Жалудка, якія былі расстраляныя карнікамі за падтрымку паўстанцаў.

Арганізатарам фэста выступала Лідская гарадская арганізацыя ТБМ.

Наш кар.


Шляхі праз пакуты

Дзяржавы, як і людзі - узнікалі і знікалі. Гісторыя кожнага народа вельмі складаная, поўная трагізму і ўзлётаў, памылак і праўды. Гісторыя Беларусі і беларусаў тварылася дзейнасцю нашых продкаўпрадзедаў, дзядоў і сучасных дзеячоў. І нашы дзеці, і ўнукі павінны імкнуцца ведаць пра іх, любіць іх, быць годнымі звацца нашчадкамі. З любоўю і павагай з нагоды 105 гадавіны з дня народзінаў хачу нагадаць пра Пятра Сяўрука са Скідзеля, выдатнага грамадскага дзеяча ў структурах ТБШ, філолага і паэта.

Бацька Пятра Якуб Восіпавіч з сям'ёй, як і мае бацькі, у часы Першай Сусветнай вайны сталі бежанцамі. Дзіцячыя і юнацкія гады Пятра прайшлі у Расіі. Прагна чытаў Пётр кнігі. Маса кніг рускіх і заходнееўрапейчскіх паэтаў, пісьменнікаў і філосафаў была прачытана. Любоў да Радзімы і голад, што распачаўся у Расіі. прымусілі беларусаў вяртацца да разбураных сваіх гаспадарак, зарослых хмызняком ніў. Пётр з вялікімі цяжкасцямі вяртаецца ў Скідзель.

Яўген Мірановіч піша пра тыя гады Пятра Сяўрука. "Пасля вяртання на Гарадзеншчыну у 1921 годзе стаў грамадзянінам Польшчы, новаўтваранай дзяржавы, якая абрала рашучы курс на асіміляцыю беларусаў. Сяўрук хутка асабіста адчуў, што значыць чужая ўлада. Некалькі разоў ён быў арыштаваны, сядзеў у турме. А ўсё па той прычыне, што хацеў ён, жывучы на сваёй зямлі, застацца беларусам.".

Пра Пятра Сяўрука я даведаўся толькі ў 2009 годзе. калі па волі лёсу мне трапіла кніга пра яго "Небыцця не існуе".

А пачаў я працу настаўніка ў Скідзельскім раёне ў 1955 годзе, а ў РАНА працаваў інспектарам родны малодшы брат Пятра Міхаіл Якаўлевіч Сяўрук, чалавек разумны, дабразычлівы і працавіты.

На прыкладзе жыцця Сяўрука павінны вучыцца сучасная беларуская моладзь. Сваё шчасце беларусы павінны шукаць і тварыць на сваёй зямлі, павінны берагчы сваю мову, культуру, працавітасць і імкненне да асветы.

А самае галоўнае - беларусамі звацца. Я даўно прыйшоў да высновы, што жыццё нам Бог даў на Зямлі, каб мы развіваліся духоўна бесперапынна, каб не збочылі на дарогу смерці (алкагалізм, наркаманія, брыдкаслоўе, распуста, злосць і т.д.).

Так, небыцца не існуе.

Беларусы беражыце сваю бессмяротную душу, сваю ласкавую і прыгожую мову, сваю зямлю і людзей.

У 2009 годзе ў Скідзельскай гімназіі з нагоды 80годдзя з дня смерці П. Сяўрука была праведзена літаратурная гасцёўня. Хочацца падзякаваць настаўніцы гімназіі Саранінай Святлане Леанідаўне за такую удалую арганізацыю, падбор матэрыялу. Цудоўна гаварылі і чыталі вершы Пятра вучні, зачаравана слухала аўдыторыя, выступалі госці ў тым ліку і я.

Вялікая зала поўнасцю была запоўнена дапамагалі ўсе і калектыў, і адміністрацыя.

Андрэй Юшкевіч, в. Галавачы.


Працягваем святкаваць 600-годдзе Грунвальдскай бітвы

15 ліпеня у Польшчы на Грунвальдскім полі ў гонар 600-годдзя бітвы сы-шліся сотні рыцараў, з'еха-ліся тысячы турыстаў з усёй Еўропы. Народы былога Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага працягваюць святкаванне юбілею.

У Берасці працуе навукова-літаратурная выстава "Грунвальд - погляд праз вякі" . Арганізатар выставы Наталля Вайцюк распавяла пра цікавосткі выставы:

- Цікава даведацца, менавіта чаму адбылася гэтая Грунвальдская бітва, чаму адбылася Вялікая вайна 1409-1411 гадоў, усю гэтую перадгісторыю. У першым раздзеле выставы - кнігі аб гісторыі Беларусі, Польшчы, Літвы і іншых еўрапейскіх краін на розных мовах свету: беларускай, рускай, польскай, нямецкай мове.

Выстава "Грунвальд - погляд праз вякі" падрыхтавана супрацоўнікамі чытальнай залы гуманітарных навук, аддзела літаратуры на замежных мовах, аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Берасцейскай абласной бібліятэкі.

Арганізатары запрашаюць усіх, хто цікавіцца гісторыяй i не абыякавы да падзей мінулага, наведаць выставу, якая будзе экспанавацца да 1 кастрычніка бягучага года ў чытальнай зале гуманiтарных навук.

Ян Бязручка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX