Папярэдняя старонка: 2010

№ 31 (974) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 31 (974) 4 ЖНІЎНЯ 2010 г.


170 гадоў з дня нараджэння Альгерда Абуховіча

АБУХОВІЧ Альгерд (Альгерд-Якуб) Рышардавіч [псеўд. Граф Бандзінелі; 25.7. (6.8).1840 - 10(22).8.1898]

Беларускі пісьменнік. Нарадзіўся ў в. Калацічы Бабруйскага пав. (цяпер Глускі р-н) у радавітай памешчыцкай сям'і, звязанай далёкім сваяцтвам з італьянскім арыстакратычным родам Бандзінелі (адсюль псеўданім). Вучыўся ў Слуцкай гімназіі. Шмат падарожнічаў, жыў у Жэневе і Парыжы, сустракаўся з вядомымі паліт. дзеячамі (К.Кавур, Л. Мераслаўскі, к.Чартарыйскі). За ўдзел у паўстанні 1863-64 сасланы ў Сібір. Адной з найважнейшых прычын няўдачы гэтага паўстання лічыў тое, што землеўласнікі баяліся ўзняць на яго беларусаў-сялян, бо тады б давялося аддаць ім частку зямлі. Пасля адбыцця пакарання і вяртання ў сям'ю Альгерд паставіў пытанне, каб уласную зямлю раздаць былым прыгонным. Супраць узнялася ўся радня і пагражала абвясціць яго вар'ятам. У выніку ён вымушаны быў пакінуць родны дом, забраўшы з сабой толькі любімыя кнігі. Гэта здарылася каля 1876 г. Спачатку А. Абуховіч жыў у свайго прыяцеля - удзельніка паўстання 1863-1864 гг. Расудоўскага, потым перабраўся ў Слуцк Тут ён туліўся бедным кватарантам ва ўладальніцы невялікага доміка Федаровіч. Адзіным яго багаццем была вялікая шафа з кнігамі. Страціўшы маёнткі, займаўся рэпетытарствам. У Слуцку вакол яго ўтварыўся гурток перадавой беларускай моладзі. Як пісьменнік прытрымліваўся прынцыпаў народнасці літаратуры, пісаў у рэчышчы крытычнага рэалізму. Шмат перакладаў з рускай, польскай і заходне-еўрапейскіх літаратур. Разам з Ф. Багушэвічам адзін з пачынальнікаў жанру байкі ў беларускай літаратуры. У байках сатыра на паслярэформенную Расійскую імперыю («Старшына», "Суд", "Воўк і Лісіца",), праблемы свабоды чалавечай асобы («Ваўкалак») і інш. Верш «Дума аб Каралю XII», пабудаваны на кантра-сным паказе постацей Карла XII, Мазепы і Пятра I, сведчыць пра неардынарнасць і разам з тым супярэчлівасць яго гістарычных поглядаў. Пісьменнік па-майстэрску пераклаў на беларускую мову многіх паэтаў свету (Гетэ, Шылер, Гюго, Байран, Пушкін, Лермантаў і інш.). Мемуары (1894, надрук. ў 1916 у газ. «Гоман») вызначаюцца спавядальнасцю, багаццем зместу і стаяць ля вытокаў мемуарыстыкі і мастацкай прозы новай беларускай літаратуры. Адначасова гэта каштоўная гістарычная крыніца, у якой закрануты многія бакі тагачаснага жыцця (шляхочы побыт, становішча сялян, антыпамешчыцкі рух, праблемы роднай літаратуры і інш.). Пахаваны А. Абуховіч у Слуцку.


100 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш

ГЕНІЮШ Ларыса Антонаўна (дзяв. Міклашэвіч, 09.08.1910, былы маёнтак Жлобаўцы Ваўкавыскага р-на - 07.04.1983), беларуская паэтэса, дзеяч беларускага Адраджэння. Скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію (1928). У 1937 - 1948 гадах жыла з мужам-эмігрантам у Празе, дзе была сакратаром прэзідэнта БНР. У час нямецкай акупацыі пераследавалася ўладамі. 5 сакавіка 1948 г. арыштавана, знаходзілася ў турмах Чэхаславакіі, са жніўня ў савецкіх турмах Вены і Львова, з канца 1949 г. асуджана на 25 гадоў зняволення. Пакаранне адбывала ў лагерах Інта і Абедзь (Комі і Мардоўскай АССР, Расія). У 1955 г. датэрмінова вызвалена, але не рэабілітавана. Пасялілася на радзіме мужа ў Зэльве Гарадзенскай вобл., не прыняўшы савецкага падданства. Друкавалася з 1939 г. у эмігранцкіх выданнях. Раннія вершы гучалі ва ўнісон з голасам змагароў за волю ў Заходняй Беларусі. У зборніку паэзіі "Ад родных ніў" (Прага, 1942) - пераважала інтымная і пейзажная лірыка, туга па родным краі; у зборніках "Невадам з Нёмана" (1967) і "На чабары настоена" (1982) - роздум пра духоўную спадчыну народа, патрыятызм, адчуванне драматызму жыцця, еднасці чалавека з прыродай. Аўтар успамінаў "Споведзь" (1990), паэм "Маёй бабусі" (1989), "Даўніна" (1990), твораў для дзяцей. Помнікі Л. Геніюш устаноўлены ў г. Зэльва і ў г. Старыя Дарогі.


Ушанавалі памяць Ларысы Геніюш

У свет выйшаў аматарскі дыск "Цябе сьпяваю", прысвечаны 100-годдзю з дня народзінаў паэткі Ларысы Геніюш.

Аўтаркай музычнага дыска з'яўляецца баранавіцкая паэтка і спявачка, грамадская актывіста Галіна Ярашэвіч. Дыск "Цябе сьпяваю" - гэта асабістая спроба Галіны Ярашэвіч ушанаваць памяць вялікай паэткі і грамадзянкі БНР Ларысы Геніюш, якую яна адкрыла для сябе як узор мужнасці і цярпення, вялікай любові, гонару і патрыятызму.

Назву музычнаму аматарскаму альбому дала першая песня, якую напісала сама Галіна Ярашэвіч у гонар паэткі. Астатнія дзевяць песень на дыску створаны на вершы Ларысы Геніюш. Сярод іх такія вядомыя, як "Дзяўчына", "Было свята", "На шчасце", "Сонца ясна засвяціла", "Начлежнікі". Музыку да ўсіх песень напісала спадарыня Галіна. Паводле яе, гэта не бардаўская, а інструментальная музыка.

Песні запісваліся з мінімальным наборам абсталявання, хаця выкарыстоўваліся і жывыя інструменты: гітара, губны гармонік, акардэон, баян і г.д. Аранжыроўкі і ўсё астатняе зрабіў сын Галіны Ярашэвіч Павел Зубік.

Акрамя песень на дыску "Цябе сьпяваю" можна пачуць таксама і вершы Ларысы Геніюш, якія чытаюць Марына Жук і Лідзія Антановіч. Прадмову да дыска зрабіў Віктар Сырыца.

Віктар Сырыца.


"Асоба і час": Ларыса Геніюш

У Менску выйшаў з друку біяграфічны альманах «Асоба і час», цалкам прысвечаны Ларысе Геніюш. Нагодай выдання альманаха стаў 100-гадовы юбілей славутай паэткі.

У альманаху друкуецца шмат яе невядомых твораў, друкуецца каля сотні невядомых здымкаў, вельмі багаты раздзел успамінаў, шмат лістоў, як самой Ларысы Геніюш, калі дакладна - 182 лісты, і каля сотні лістоў адрасаваных паэтцы такімі знакавымі асобамі, як Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Максім Танк, Аляксей Карпюк.

У асобным раздзеле альманаха змешчаны архіўныя матэрыялы з Прагі, адшуканыя Францішкай Сокалавай, у якіх адлюстраваны моманты выкрадання Ларысы і Янкі Геніюшаў з Прагі.. У выданні таксама друкуецца каля 20 невядомых вершаў паэткі. Прэзентацыя альманаха адбудзецца 7 жніўня ў Зэльве.

Над укладаннем зборніка працаваў паэт Міхась Скобла .

Васіль Кроква.


Што будзе з беларускамоўнай адукацыяй у Гародні?

Старшыні Гродзенскага аблвыканкама,

сп. С. Б. Шапіру

230023 г. Гродна, вул. Ажэшкі, 3

Паважаны Сямён Барысавіч!

Да нас неаднаразова звярталіся жыхары горада Гродна са скаргай на тое, што ў іх горадзе цалкам адсутнічаюць беларускамоўныя дзіцячыя садкі і школы. Усе іх намаганні адкрыць вышэйзгаданыя навучальныя ўстановы сутыкаюцца з адмоўнай рэакцыяй мясцовых чыноўнікаў ад адукацыі, якія прапануюць ім самім збіраць подпісы бацькоў у колькасці не менш за 20, каб адкрыць хаця б адзін беларускамоўны клас. Пры гэтым не аказваюць ім ніякай дапамогі, а потым бездапаможна разводзяць рукамі. У той час у горадзе Гродна актыўна дзейнічае польскамоўная школа, пры адкрыцці якой праблем не было.

У сувязі з вышэйзгаданым, просім Вас дапамагчы ў гэтым навучальным годзе адкрыць у горадзе Гродна некалькі беларускамоўных дзіцячых садкоў і беларускамоўную гімназію, пажадана. у гістарычным цэнтры горада.

Гэта будзе цалкам адпавядаць адпаведным рашэнням і пастановам Савета міністраў і Міністэрства адукацыі.

Вельмі просім Вас выступіць па мясцовым радыё і тэлебачанні з просьбаю да маладых бацькоў горада Гродна напісаць адпаведныя заявы да 1 жніўня гэтага года. Спадзяёмся на Вашу падтрымку.

3 павагай,

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.

Аб разглядзе звароту

Упраўленне адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта разгледзела Ваш зварот на імя старшыні аблвыканкама С.Б. Шапіры і паведамляе наступнае.

Мова навучання і выхавання ў дашкольных і агульнаадукацыйных установах Рэспублікі Беларусь вызначаецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 года "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", Законамі Рэспублікі Беларусь "Аб адукацыі (арт.5), "Аб агульнай сярэдняй адукацыі" (арт.34). Дзеючым заканадаўствам грамадзянам гарантуецца права выбару мовы для навучання і выхавання дзяцей. У адпаведнасці з пададзенымі законнымі прадстаўнікамі дзяцей заявамі камплектуюцца групы ў дашкольных установах і класы ў агульнаадукацыйных школах, гімназіях з рускай або беларускай мовамі навучання і выхавання.

У 2009/2010 навучальным годзе ў Гродзенскай вобласні функцыянавалі 251 агульнаадукацыйная ўстанова з беларускай мовай навучання (58,6% ад агульнай колькасці школ), 140 (32,7%) - з рускай мовай навучання, 34 (7,9%) - з беларускай і рускай мовамі навучання, 2 - з польскай і 2 - з літоўскай мовамі. У сістэме дашкольнага выхавання беларускамоўны рэжым захоўваецца ў 573 дашкольных групах (22,4%).

У г. Гродна ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя мовай навучання і выхавання дзяцей у агульнаадукацыйных установах у адпаведнасці з заявамі бацькоў з'яўляецца руская. У 5 групах дашкольнай установы №: 54, 1 групе дашкольнай установы № 73 навучальна-выхаваўчы працэс ажыццяўляецца на беларускай мове.

У рамках падрыхтоўкі да новага 2010/2011 навучальнага года ва ўсіх дашкольных установах горада ў сакавіку праведзены апытанні бацькоў на прадмет адкрыцця беларускамоўных дзіцячых садоў (груп).

Інфармацыйныя матэрыялы па гэтым пытанні былі размешчаны на рэкламных стэндах у гарадскім транспарце, надрукаваны ў газетах "Гродзенская праўда", "Вячэрні Гродна" (красавік 2010 г.). У агульнаадукацыйных установах і старэйшых групах дашкольных устаноў горада ў красавіку - маі 2010 года, як і ў папярэднія гады, праведзены сходы бацькоў будучых пер-шакласнікаў, дзе грамадзянам былі растлумачаны правілы прыёму дзяцей у 1-ыя класы, механізм рэалізацыі іх права на выбар мовы навучання і выхавання для дзяцей. 26 мая 2010 г. адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам намесніка старшыні гарадскога выканаўчага камітэта Сенчанкавай І.П., начальнікаў аддзелаў адукацыі гарвыканкама, адміністрацый раёнаў г. Гродна, на якой ставілася пытанне беларускамоўнага навучання дзяцей.

Прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", "Таварыства беларускай школы" ў сакавіку бягучага года звярталіся ва ўпраўленне адукацыі аблвыканкама, аддзел адукацыі гарвыканкама з просьбай прадаставіць ім магчымасць сустрэч з бацькамі ў дашкольных і агульнаадукацыйных установах. Аднак у перыяд правядзення бацькоўскіх сходаў у красавіку - маі ніхто з актывістаў вышэйназваных грамадскіх аб'яднанняў прадастаўленую магчымасць размовы з бацькамі не выкарыстаў.

Аддзелы адукацыі адміністрацый раёнаў г. Гродна, гарадскога выканаўчага камітэта вядуць асобны ўлік заяў у 1-ыя класы з беларускай мовай навучання з тым, каб своечасова прыняць меры па адкрыцці такіх класаў у агульнаадукацыйных установах па месцы пражывання або на базе адной з бліжэйшых школ мікрараёна.

Па стану на 25 чэрвеня ў аддзелы адукацыі адміністрацый Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў г. Гродна паступілі прапановы 3-х грамадзян па пытанні адкрыцця беларускамоўных груп у дашкольных установах, заявы бацькоў у 1-ыя беларускамоўныя класы адсутнічаюць.

3 2009 года ва ўсіх установах адукацыі выконваецца План мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", са студзеня 2010 года - План мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства на 2010 і наступныя гады, зацверджаны Прэм'ер-міністрам Рэспублікі Беларусь С.С. Сідорскім і Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь У.У. Макеем. Выкананне комплексу мерапрыемстваў накіравана на пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ў розных галінах дзейнасці грамадства, у тым ліку ў сістэме адукацыі.


Першы Aberri Eguna (Дзень Радзімы). Стварэнне традыцыі

Семдзесят восем гадоў таму, у Велікодную нядзелю 1932 года, БНП - Баская Нацыяналістычная Партыя упершыню арганізавала Дзень Баскай Радзімы. 3 таго часу, за выняткам лічаных разоў, Аberrі Еgunа адзначаўся пад час гэтага рэлігійнага свята. Якое ж паходжанне гэтага свята баскага нацыяналізму? Чаму яно заўсёды супадае з хрысціянскім Вялікаднем?

У 1932 годзе БНП стварыла Аberrі Еgunа як партыйнае свята каб адзначыць "залатое вяселле баскага нацыяналізму", паколькі мінула пяцьдзесят гадоў ад часу адкрыцця нацыяналізму Сабінам Аранам. Але ў сапраўднасці ў 1882 годзе ён адкрыў не баскі нацыяналізм, а біскайскі, калі дазнаўся, што ягоная радзіма не Іспанія, як ён лічыў да таго часу, а Біская. Праз дзесяць год ён зрабіў вялікі крок ад Біскаі да Эўскадзі, як сваёй Радзімы і ад свайго першапачатковага біскайскага нацыяналізму да баскага, які грунтаваўся на адзінстве расы і рэлігіі. Таму сапраўдны баскі нацыяналізм нарадзіўся не ў 1882 годзе, а ў Більбао канца XIX стагоддзя высілкамі Сабіны Араны, які ў 1895 годзе заснаваў БНП.

Калі ў 1931 годзе ў Іспаніі ўсталявалася рэспубліка баскі нацыяналізм не меў Дня Радзімы, адрозна ад каталанізму, які адзначаў Diadа ад 1886 году і ад галегізму, які ладзіў Дзень Галісійскай Радзімы ад 1919 году. БНП не выбрала для свайго нацыянальнага свята значнай гістарычнай падзеі, як гэта зрабілі каталонцы (узяцце Барселоны Піліпам V 11 верасня 1714 года), ні нават значнага рэлігійнага свята, як у выпадку з галісійцамісвята Св. Якава, 25 ліпеня). I гэта пры тым, што баскі нацыяналізм меў некалькі рэлігійных свят: св. Ігната Лаёлы, якога надта шанаваў Арана, і нават заснаваў БНП ў дзень ягонага свята, 31 ліпеня; св. Андрэя, свята тысячагадовай незалежнасці Біскаі, прымеркаванае да легендарнай бітвы пры Арыгар'яга (30 лістапада 888 года), св. Міхаіла Араларскага (29 верасня) заступніка БНП з 1909 года і пачынальніка цяперашняга Аlderdі Еgunа ці Дня Партыі ад 1977 года.

Улетку 1931 года БНП здолела арандаваць родны дом Сабіны Араны ў Більбао і пачала прыстасоўваць яго пад сядзібу кіраўніцтва ў Біскаі і для некаторых органаў партыі. У студзені 1932 году Сакратарыят партыі вырашыў узмацніць прапагандысцкую працу па распаўсюду "сабінаўскага запавету" цягам усяго 1932 года, "пяцідзесятага году сабінаўскай эры" і ўсталяваць штогадовае свята, якое назвалі "Дзень Радзімы" у які баскія нацыяналісты, "будуць адзначаць нацыянальнае свята, і не свецкае, але абавязкова канфесійнае". Такім чынам, гаворка ішла пра палітычнарэлігійнае свята БНП. Прыдатнай нагодай было адзначэнне ў 1932 годзе "залатога вяселля навяртання Араны ў нацыяналізм", якое адбылося нейкай раніцай 1882 года, бо дакладнага дня браты Араны не паведамілі. Сакратарыят хацеў, каб новае свята супала з адкрыццём Дома Араны і спярша думалі пра 26 студзеня, ў дзень нараджэння Сабіны Араны. Але брак часу і незавершанасць працы ў Доме Сабіны змусілі адтэрмінаваць свята. Сакратарыят вырашыў адзначыць першы Аberrі Еgunа ў велікодную нядзелю.

Хоць гэтыя каньюнктурныя чыннікі паўплывалі на прывязку Дня Баскай Радзімы да такога адметнага хрысціянскага свята выбар Вялікадня не быў ні выпадковым ні банальным, а выбітным і шматзначным, бо надаваў яшчэ большую значнасць святкаванню пяцідзесятых угодкаў і з ліхвою мацаваў культ Сабіны Араны падвойным уваскрэсеннем Ісуса Хрыста і Эўскадзі праз аранісцкі нацыяналізм.

Першы Аberrі Еgunа паказаў моц БНП ў рэспубліцы і ейную мабілізацыйную здольнасць, бо гэта быў найбуйнейшы масавы сход у ейнай гісторыі ажно да Пераходу. (Пераходам у Іспаніі завецца перыяд ад краху франкізму ў 1975 годзе да ўсталявання дэмакратыі. заўв. перакл.). 27 сакавіка 1932 года каля 65 тысяч нацыяналістаў урачыста ў поўным парадку і моўчкі прамаршавалі па Гран Вія ў Більбао да Дома Сабіны.

Гэтая шматлюдная маніфестацыя была стрыжнем розных святочных мерапрыемстваў, арганізаваных Сакратарыятам цягам трох дзён: палітычных, рэлігійных, культурных, фальклорных, спартыўных і гастранамічных. Гэта адпавядала мадэлі партыіграмады з прэтэнзіяй на ўсеахопнасць: БНП ўтварала цэнтральнае ядро шырокай міжкласавай нацыяналістычнай грамады, якая дасягнула надзвычайнага развіцця пры рэспубліцы праз шматлікія адгалінаваныя арганізацыі, што ахоплівалі розныя сектары баскага грамадства: дзяцей, моладзі, жанчын, альпіністаў, і г. д. Усе мелі адмысловую ролю падчас святкавання першага Аberrі Еgunа .

Свята пачалося 26 сакавіка ўшанаваннем дзецьмі памяці Сабіны Араны, якое складалася з баскіх скокаў і спеваў у тэатры г. Більбао і ў маршы тысяч дзяцей да Дому Сабіны, дзе яны атрымалі сувеніры з выяваю Сабіны. Новая сядзіба БНП была ўрачыста адчынена ў гэты дзень узняццем Луісам Аранам на мачце баскага сцяга ікурынні (у іспанамоўных тэкстах пішацца толькі гэтае слова ikurina, заўв. перакл.) пад гукі нацыяналістычнага гімна, напісанага ягоным братам. Тры святары ў прысутнасці партыйнага кіраўніцтва і шматлікіх нацыяналістаў асвяцілі сцяг і памяшканні.

На наступны дзень адбылася памянёная маніфестацыя, узначаленая кіраўніцтвам БНП за якім крочылі шматлікія муніцыпальныя рады. У ёй вызначыліся дзве з галіновых арганізацый, якія сабралі па некалькі тысяч асоб: гэта жанчыны і альпіністы. Апошнія выйшлі з моладзевай арганізацыі партыі, складалі радыкальны сектар і вызнавалі сябе "апосталамі сабінаўскага ідэалу і ваярамі баскай радзімы". Пад час рэспублікі яны былі ўдарнымі групамі БНП, давалі рашучы адпор сацыялістам і рэспубліканцам і склалі зародак батальёнаў "гвадары" ў час Дамовай Вайны.

Актыўны і масавы ўдзел жанчын гэта поспех Emakume Abertzale Batza, (Патрыятычная Жаночая Асацыяцыя, заўв. перакл .) калі колькасць прыхільніц дасягнула болей за 25.000, лічба, роўная колькасьці актывістаў мужчын. Лічбавая важкасць не перашкодзіла ейнай палітычнай падпарадкаванасці БНП, засяроджанню на адукацыйнавыхаваўчай працы і аказанню дапамогі. Яна прадстаўляла сімвалічную ролю баскай маціпрадаўжальніцы роду і выхавальніцы нацыяналістычных дзяцей. Гэта пацвярджае ейны выступ у першым Аberrі Еgunа, дзе яна арганізавала дзіцячыя выступленні і падрыхтавала імшу ў храме Бэгонні.

Аўтар: Хасэ Луіс дэ ла Гранха, выкладчык універсітэта Краіны Баскаў.

Даведка. Сабіна Арана (18651903) заснавальнік і натхняльнік баскага нацыяналізму.

Пераклад фрагменту здзейснены з артыкула "El Primer Аberrі Еgunа: la invencion de una tradicion" . Артыкул надрукаваны ў № 109 часопіса "La Aventura de la Historia", рр 3239

Пераклаў адмыслова для "НС" Мікола Бусел , пенсіянер, ветэран працы 29 траўня 2008 г. з в. Дуброва Светлагорскага раёна.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў жніўні

Раманчык Надзея Дзмітр. Мальдзіс Адам Восіпавіч Ляскоўскі Уладзіслаў Канст. Галаўнёў Мікола Іванавіч Корбут Аляксандр Іванавіч Рысявец Уладзімір Алякс. Вячорка Аляўціна Сямёнаўна Бураўкін Генадзь Мікалаевіч Косінец Анатоль Курловіч Аляксандр Адам. Цімашэвіч Уладзімір Максім. Антанюк Раіса Рыгораўна Кірвель Юзаф Юзафавіч Піскун Людміла Аляксееўна Марцынкевіч Андрэй Басін Якаў Зіноўевіч Жаркоў Аляксандр Іванавіч Краснік Вольга Марачкіна Ірына Сяргееўна Васько Яніна Мікалаеўна Зверава Тамара Патапчук Леанід Капціловіч Тамара Навумовіч Іван Мікалаевіч Палівода Святаслаў Мікіт. Іваноў Мікалай Аляксеевіч Кануннікава Ніна Паўлаўна Сафонава Вольга Віктараўна Варапееў Уладзімір Лойка Тамара Пятровіч Ева Адамін Іван Шчэрбіч Мікола Аляксандр. Грудніцкая Тамара Бахметава Святлана Фралоў Валеры Грудніцкі Рыгор Фарнэль Кастусь Іванавіч Камароўскі Мікалай Міхайл. Зайка Аляксандр Фаміч Грыгенча Вераніка Плявака Валеры Сцяпанавіч Краўчанка Пётр Кузьміч Трубач Таццяна Георгіеўна Камароўскі Мікола Іванавіч Неткачава Валянціна Алякс. Гядрэвіч Валянціна Саўко Марыя Касаты Людвіг Канстанцін. Рачко Віктар Халіпскі Рыгор Веніамінавіч Гаравая Ніна Віктараўна Анціпенка Алесь Ілліч Кушаль Глафіра Васільеўна Дакурна Генрых Фабіянавіч Чэчат Алесь Віктаравіч Кананенка Тамара Міхайл. Арлоў Уладзімір Аляксеевіч Філіпчык Васіль Іванавіч Самайлюк Тамара Андрэеўна Трусаў Алег Анатольевіч Дзянісік Алена Навумец Яўген Часлававіч Савіцкая Ірына Канстанцін. Нікіценка Мікалай Муха Барыс Ібрагімавіч Мішкевіч Аліна Міхайлаўна Князева Часлава Вячаслав. Альховік Надзея Васільеўна Дарафяюк Міхаіл Леановіч Алена Георгіеўна Кузьміч Леанід Пятровіч Запрудскі Сяргей Мікалаевіч Аляксандровіч Валянціна Сека Васіль Азаранка Аляксандр Іванавіч Дзергачова Любоў Рыгор. Рынкевіч В. У. Сцефановіч Здзіслаў Уладзіс. Колесень Ірына Раткевіч Лілія Шаўчук Ігар Іванавіч Сак Міхал Міхалавіч Мудроў Алег Губскі Уладзімір Савосценка Ігар Догелева Ала Куплевіч Віталь Эдуардавіч Піваварчык Сяргей Аркадз. Утачкіна Людміла Акрушка Яўген Анатольевіч Вайноўскі Міхаіл Дычок Сяргей Уладзіміравіч Тэжык Ірына Пушкін Алесь Оліна Эла Ігараўна Куксар Наталля Юч Галіна Бандарчык Уладзімір Яцкоўская Святлана Анатол. Сом Алена Уладзіміраўна Камянецкая Ірына Марчык Віктар Гарэлікаў Уладзімір Марат. Туронак Людміла Данатаўна Кунцэвіч Святлана Пшэннік Тамара Францаўна Адамчык Валеры Зянонавіч Пучынскі Уладзімір Станісл. Сабаленка Алесь Мандрык Наталля Грышуніна Наталля Бут-Гусаім Святлана Феадос. Ваўранюк Ірына Ільінічна Васіляўскайце Таццяна Дваранчук Юры Стамінок Наталля Барысік Таццяна Іванаўна Краснова Наталля Дзьячкова Ларыса Дабравольскі Андрусь Трухановіч Ларыса Садаўнічы Дзмітры В. Макарэвіч Віталь Сяргеевіч Карабельнікава Алена Марчанка Дзяніс Васільевіч Супрановіч Віталь Канстан. Торап Аляксандр Валер'евіч Сідарэвіч Наталля Чарнякоўскі Віталь Радзівон. Барадзіна Інга Мікалаеўна Андрэеў Ілля Аляксандравіч Іскарцкая Марына Чабанава Таццяна Аляксанд. Арэшкава Марыя Машчэнская Алена Глазырын Сяргей Фёдарава Таццяна Дзмітр. Малей Кацярына Карповіч Андрэй Уладзімір. Доўгі Уладзімір Субоцін Аляксандр Валатоўскі Вячаслаў Валянц. Бубешка Антаніна Козіч Ганна Леанідаўна Жаўрыд Марына Аляксанд. Антановіч Кастусь Уладзім. Рамук Андрэй Пабірушка Надзея Анацка Алег Федуковіч Васіль Тупянец Дзмітры Валянцін. Гаплічнік Аксана Мікалаеўна Стаціўка Алесь Канстанцін. Мясніковіч Юры Жукоўская Алеся Іванаўна Сушчэўскі Алесь Аляксанд. Казак Алег Мандрыкін Раман Аляксанд. Сташкевіч Яна Ігараўна Куль Дзмітры Міхайлоўская Таццяна Васіл. Кароль Алег Мінчук Уладзімір Акіменка Антаніна Цыганкова Анастасія Дзмітр. Скрыган Ігар Генадзевіч Правалінскі Віталь Стукала Алена Царук Вольга Іванаўна Наліўка Лідзія Вячаславаўна Грынюк Вольга Віктараўна Дабрадзей Алеся Пятроўна Бранішэўская Света Блоцкая Ірына Мікалаеўна Габец Ягор Валез'евіч Гудкова Вольга Уладзімір. Салодкіна Святлана Галубовіч Ксенія Леанідаўна Сенькавец Ганна Круглая Марына Віктараўна Садоўская Анастасія Раман. Акрамава Іна Воўк Яўген Папова Варвара Сяргееўна Дзешчыц Алена Аляксандр. Андросенка Сяргей Андр. Міхайлоўская Анастасія Вяч. Каваленка Анастасія Уладзім. Рэйда Святлана Юр'еўна Купава Вітаўт Мікалаевіч Маліноўскі Макар Ляшкевіч Таццяна Бардашэвіч Яна Валер'еўна Мялешка Аляксей Аляксеев. Ясюк Іван Вітальевіч Малашчанка Уладлена Коваль Альвіна Басанец Анастасія Ільінічна


Да 1150-годдзя славянскага пісьменства

З нагоды 1150 годдзя славянскага пісьменства, якое будзе адзначацца ў 2013 годзе, ТБМ звярнулася з шэрагам прапаноў у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Атрыманы першы адказ.

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны "

Трусаву А. А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Па даручэнні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ваш зварот аб арганізацыі ў 2013 годзе ў Рэспубліцы Беларусь святкавання Дня славянскай пісьменнасці і мерапрыемстваў, прысвечаных 1150-годдзю з моманту стварэння першай славянскай азбукі і перакладу на славянскую мову першых кніг Святога пісання, быў разгледжаны ў міністэрствах інфармацыі, культуры, адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук. Паведамляем наступнае.

У 2010 годзе ў выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі" запланаваны выпуск "Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы" ў 15-ці тамах , а ў 2012 годзе Інстытутам мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі будзе перавыдадзена энцыклапедыя "Беларуская мова".

Лічым немэтазгодным сумяшчэнне святкавання ў маі 2013 года 1150-годдзя славянскай пісьменнасці з Днём беларускай пісьменнасці, які традыцыйна адзначаецца ў першую нядзелю верасня (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 г. № 157).

Першы намеснік Міністра А.І. Жук.


"Альбарутэнія" на Лідчыне

На Лідчыне рыхтуецца да адкрыцця яшчэ адна аграсядзіба. Сядзіба размешчана на самым уездзе ў Лідскі раён з боку Менска цераз дарогу ад вёскі Біскупцы. Сядзіба мае экзатычную назву "Albaruthenia", што абазначае проста "Беларусь". Гаспадар сядзібы Бартосік Аляксандр Іосіфавіч.

Сядзіба выканана ў этнанацыянальным стылі. Тут можна праводзіць урокі па гісторыі і этнаграфіі Беларусі. Тут можна атрымаць інфармацыю і пра Вялікае Княства Літоўскае, і пра Армію Краёву, і, як прынята ў Еўропе, пра продкаў гаспадара.

Сцены ўвешаны самым розным начыннем: начоўкамі, прасніцамі, бёрдамі, боранамі, сітамі. Тут жа вісяць нямецкія і савецкія каскі, стаяць сячкарні, жорны, вазы.

Ёсць і жывая складовая. Можна паглядзець на фазанаў самых розных парод, на паваў, на цасарак. У прынцыпе гэты падбор таксама не выпадковы, гэтыя птушкі спрадвеку разводзіліся ў Беларусі. Іншая справа, што селянін паваў не гадаваў, яму куры больш патрэбныя былі. З дастаткова добра забытых у Беларусі жывёл на сядзібе ёсць пара аслоў, і ўжо тут у іх нарадзілася маленькае асляня. Для іх ёсць вазы, на якіх плануецца вазіць дзяцей.

Сядзіба мае банкетную залу недзе на 50 чалавек і гасцінічныя нумары. Мяркуецца, што ўсё абслугоўванне будзе арганізавана на беларускай мове. Зрэшты, калі будуць замежныя турысты, то тут, вядома, як атрымаецца.

Што ж, хай будзе на новай сядзібе завозна і заезна.

Наш кар.


У Ліду па песні

Шэры чэрвеньскі дзень прынёс мне адпаведны настрой. Ды ён раптам змяніўся да лепшага, калі ля парога маёй кватэры нечакана з'явіліся госці з Літвы, суседняга з воранаўскімі Беняконямі Шальчынінкая. То былі кіраўнік беларускага культунага цэн-тра ў названым гарадку Мікалай Амялевіч і актывістка тамтэйшай суполкі беларусаў Ніна Барэйша (Лебядзевіч). Абое - мае землякі па гэтаму Васілішскаму раёну. Мікола родам з вёскі Даўбенькі, Ніна - з Замасцянаў, што поблізу мястэчка Собакінцы (зараз в. Першамайская).

Лёс землякоў склаўся так, што яны аказаліся ў замежнай краіне. Але, галоўнае, засталіся верныя роднай старонцы і нямала робяць, каб нашы суайчыннікі ў Шальчынінкаі і аднайменным раёне заставаліся беларусамі. Дзеля гэтага ладзяцца культурна-асветніцкія мерапрыемствы і розныя сустрэчы. У планах цэнтра - адкрыццё ў гарадку нядзельнай беларускай школы. Суразмоўцы мае з задавальненнем адзначылі, што іх дзейнасць знаходціць разуменне і падтрымку мясцовай улады, а таксама тутэйшых палякаў і літоўцаў. Я ж коратка расказаў гасцям аб рабоце ў Лідзе польскага і літоўскага грамадскіх аб'яднанняў.

У час сустрэчы, прызнаюся, не абышлося без узаемных падарункаў. Мне было прыемна што землякі ўзрадаваліся падоранаму зборніку 170-ці народных песень, складзенаму Мар'янам Баяравічам, колішнім дырэктарам Лідскай музычнай вучэльні, чалавекам светлай памяці. Дарэчы, у згаданым спеўніку змешчаны тэксты песень, якія любілі нашы продкі з пад Сабакінцаў, Эйшышак, Канвялішак і іншых мясцін.

Хай гучыць беларуская песня ў Літве.

Алесь Жалкоўскі.


100-годдзе Ларысы Геніюш у Ваўкавыску

27 ліпеня ў 14 гадзін у горадзе Ваўкавыску прайшлі мерапрыемствы прысвечаныя 100-годдзю паэткі і зямлячкі Л. Геніюш. Першапачаткова планавалася ўсталяваць мемарыяльную дошку на доме №40 па вул. Перамогі Ваўкавыска. Менавіта гэтая хата стаяла ў Жлобаўцах і менавіта там нарадзілася Ларыса Міклашэвіч. У 1937 годзе яна пераехала са сваім мужам у Прагу, а яе сваякі пазней перавезлі дом у Ваўкавыск.

Мемарыяльная дошка была вырабленая на сродкі грамадскасці і прыкручана з раніцы да сцяны дома №40, але перад мерапрыемствам гэтая дошка знікла... дакладней, дошку сашрубавалі па патрабаванні ўладаў і канфіскавалі. Асаблівасць сітуацыі ў тым, што гарадскія ўлады ў прынцыпе пагадзіліся адкрыць памятную дошку, але нічога для гэтага не зрабілі. Ваўкавыскія актывісты вырашылі зрабіць гэта самі на свае сродкі. Ініцыятарам выступіў Мікалай Кавальчук. Яго затрымалі на вуліцы ў 13.40, за 20 хвілінаў да пачатку ўрачыстай імпрэзы.

Улады горада адмысловых перашкод мерапрыемству не чынілі, але роўна ў 14 гадзін на вул.Перамогі прыбыла аварыйная служба гаргазу, перакрылі для нечага вуліцу, і нязграбныя газавікі пацеючы бегалі па вуліцы ўдаючы бурную дзейнасць, але адмысловай шкоды не прыносілі. На подступах стаялі супрацоўнікі ДАІ, і яны асабліва нікому не заміналі

Пасля невялікага збору ля хаты па вул.Перамогі ўсе, хто сабраўся ўшанаваць памяць паэткі (50 чалавек) пайшлі ў Ваўкавыскі РАУС, каб даведацца пра лёс Мікалая Кавальчука, які павесіў шыльду. Большасць зайшла ў будынак, і неўзабаве Кавальчука выпусцілі. У міліцыі сказалі, што лёс шыльды будзе вызначаць суд. Пасля гэтага ўсе перамясціліся ў зону адпачынку на возера каля вёскі Хацькаўцы. Вялікага ажыятажу сярод жыхароў Ваўкавыска мерапрыемства не выклікала, ну і сапраўды гэта ж не юбілей гламурнай вядоўцы перадачы "Дом 2" і не Малахаў са сваімі прымочкамі прыехаў... акрамя таго 90% гараджан не чулі пра такую зямлячку... не гаворачы ўжо пра чытанне вершаў.

У зоне адпачынку адбылася другая частка мерапрыемства канцэртнабанкетная, чыталі вершы Геніюш, спявалі песні на яе вершы.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў пільна сачылі за ўсім, што адбывалася ў Хацькаўцах, здымалі на камеру прысутных і фіксавалі нумары аўтамабіляў, на якіх прыехалі ўдзельнікі мерапрыемства Перыядычна яны звярталіся да ўдзельнікаў з патрабаваннем зняць белчырвонабелы сцяг або затушыць вогнішча.

7 жніўня асноўныя ўрачыстасці з нагоды 100годдзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш пройдуць ў Зэльве. Цікава, што такое прыдумаюць зэльвенскія ўлады, якія заўсёды вызначаліся асаблівай любоўю да сваёй такой нязручнай, такой несавецкай зямлячкі. У Зэльву ж прыедзе не пяцьдзесят чалавек і не сто, ды і ці ёсць газ на той вуліцы, дзе стаіць дом Геніюшаў.

Ваўкавысец. На здымках: падчас Ваўкавыскіх падзей.


"Грунвальд" у сутарэннях

24 ліпеня ў Гародні адкрылася выстава па выніках міжнароднага мастацкага пленэру з нагоды гадавіны бітвы пад Грунвальдам. Карціны выстаўлены ў прыватнай галерэі "Тызенгаўз", што ў сутарэннях "крывой афіцыны" - выгнутай камяніцы, збудаванай у часы апошняга караля Рэчы Паспалітай. Яна стаіць на плошчы Антонія Тызенгаўза.
У адкрыцці ўдзельнічаў генконсул Польшчы Анджэй Хадкевіч.

Кіраўнік таварыства мастакоў пры Саюзе палякаў Станіслаў Кічко патлумачыў, што гэты пленэр - пяты па ліку, кожны раз ён прысвечаны розным падзеям і постацям. На цяперашні былі запрошаны тры мастакі з Варшавы, адзін з Гданьска, два з Салечнікаў - з Літвы і сем удзельнікаў з Беларусі. Яны працавалі з 16 да 24 ліпеня, апроч Гародні, пабывалі на Аўгустоўскім канале, у Свяцку, у Наваградку, на Свіцязі, а таксама ў Міры, Лідзе і заехалі ў Васілішкі, дзе нарадзіўся Чэслаў Неман. На выставе прадстаўлены 35 карцінаў.

Наш кар.


Гародня: Грунвальдская гадавіна па-літоўску

Гарадзенскія літоўцы 24 ліпеня адзначылі 600-годдзе Грунвальдзкай бітвы. Яны аздобілі літоўскімі сцяжкамі драўляную статую Вялікага князя Вітаўта, які ўзначальваў войскі ВКЛ, затым усклалі гірлянду з дубовага лісця. Абапал помніка стаялі рыцары з дзідамі.

Кіраўнік грумадска-культурнага таварыства "Тэвінэ" Альгіс Дзіргінчус сказаў па-літоўску колькі словаў пра значэнне Грунвальдскай перамогі. Прысутныя прачыталі малітву з ксяндзом Казімірам Жылісам, які служыць у адным з гарадзенскіх касцёлаў.

На свята прыехаў з Вільні Арвідас Даўнаравічус - дырэктар дэпартаменту па сувязах з літоўцамі замежжа МЗС Літвы. Прысутнічала таксама консул Даля Міцкене з літоўскага Генконсульства ў Гародні.

Альгіс Дзіргінчус запрасіў на свята прадстаўнікоў нацыянальна-культурных суполак, якія існуюць у Гародні.

Наш кар.


Ода братэрству

" І зноў кляліся прадзеды-дзяды : -

Сто раз памром, а не пакінем верыць

У нашу заўтрашнюю славу-веліч"

Ніл Гілевіч.


Была пара: балючы неспакой

На вольны край няспынна рваўся

I злосна ашалелаю ракой

Па гоням смерцю разліваўся.


Кацілася бяды крыжацкай золь...

Гібела доля ў пашчы звера...

Знішчалася Хрыстова вера,

Непрыхаваны ціснуў сэрца боль...


У зорны час той грознае пары

Вяху гісторыі трымалі,

Дамову ў Берасці прымалі

Вітаўт з Ягайлам - лёсу спадары.


Каб не загінуў шчаснай долі свет

I каб ад болю даць збавенне,

Яны без страху і сумнення

Рашылі ордэну зламаць хрыбет...


I вось настаў той рупны час, калі

Па весям рыцараў збіралі.

Жаданне вояў зраненай зямлі -

Даць прыгавор чужой маралі...


Байцы з бацькоўскіх казачных краёў

Змыкаліся ў рады на бой крывавы...

I ўсе, прызваныя да справы,

Шыхт сталявалі грознаю бранёй.


Як бы на крылах конніца ў баю

Лавіла лётам ззянне шчасця,

І поспехам напор вянчаўся,

I мэту спраўджвала сваю.


Са спрытам маладзецкім ваяры

Спраўлялі дзейсныя заходы...

I кроў шаноўнікаў свабоды

Павагі чырваніла алтары.


О, брацтва дух! У барацьбе святой

За светлы лёс дзяцей і ўнукаў

Ты ўстаць гатоў на вычын і на муку,

І на алтар пакласці гонар свой..


Жыві спрадвечны брацтва запавет

У справах яркім азначэннем!

Хай непагасны бляск свячэння

Ў стагоддзях славіць пераможны свет!

* * *

А бітва ў песнях ажывае -

Па зброі брацтва праслаўляе!

Мікола Мілаш,

г. Салігорск

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX