Вярнуцца: 2010

№ 32 (975)


Крыніца: pawet.net.



№ 32 (975) 11 ЖНІЎНЯ 2010 г.


100 гадоў з дня нараджэння Генадзя Цітовіча

ЦІТОВІЧ Генадзь Іванавіч (25 ліпеня (7 жніўня) 1910, в. Новы Пагост, цяпер Міёрскі р-н Віцебскай вобл. - 21 чэрвеня 1986) - беларускі музыказнавец, этнограф і харавы дырыжор.

Вучыўся ва Універсітэце Стэфана Баторыя (1936-1939), скончыў Віленскую кансерваторыю (1939). У 1939-1941 і 1945-1951 - рэдактар абласнога радыё, кансультант Дома народнай творчасці ў Баранавічах. У 1974-1975 гг. - старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Стварыў у в. Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна народны хор (1952), рэарганізаваны ў 1959 ў Беларускі дзяржаўны ансамбль песні і танца, у 1964 - у Дзяржаўны народны хор БССР, якім кіраваў да 1974. Цяпер гэта хор імя Генадзя Цітовіча - класічны харавы калектыў Беларусі. У 1974-1975 гадаг Г. Цітовіч - старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР.

Запісаў больш за 3 тыс. беларускіх (пераважна), рускіх, украінскіх, польскіх, балгарскіх, літоўскіх, латышскіх народных песень, танцаў, інструментальных найгрышаў. Зрабіў для хору шмат канцэртных апрацовак уласных запісаў.

Складальнік шэрагу фальклорных зборнікаў. Тэарэтычныя працы прысвечаныя параўнальнаму даследаванню музычнай творчасці славянскіх народаў, славяна-балцкім песенных сувязям, беларускаму народнаму шматгалоссю, народнаму выканальніцтву, стылявому аналізу сучаснай народнай песні, музычнаму побыту сучаснай вёскі. Зрабіў значны ўнёсак у станаўленне і развіццё самадзейнага музычнага мастацтва Беларусі. Актыўна выступаў у перыядычным друку, аўтар шэрагу цыклаў тэле- і радыёперадач.

Народны артыст СССР (1968), лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі (1968). Узнагароджаны 3 ордэнамі, а таксама медалямі.


100 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш адзначылі ў Зэльве

7 жніўня ў Зэльве адзначылі стагоддзе з дня народзінаў Ларысы Геніюш. У мястэчка прыехалі і менчукі, і гарадзенцы, жыхары Мастоў, Ліды, Ваўкавыска, Слоніма, Баранавіч... Але ва ўсім адчувалася, што стаўленне ўладаў да паэткі, якая памерла ў 1983 годзе, амаль не памянялася. За колькі дзён да юбілею была знята мемарыяльная дошка з дома, у якім жылі Геніюшы. І іначай, як алагічнасцю, гэта назваць нельга, бо сутнасць не ў тым вісіць тая дошка ці не, а ў тым, што тысячы людзей па ўсёй Беларусі хочуць, каб яна вісела, а воля людская вялікая сіла.

Урвчыстасці пачаліся з набажэнства ў царкве, якое ішло на стараславянскай і беларускай мовах. У набажэнстве браў удзел інак Мікалай (паэт Зьніч).

Свецкая частка юбілею пачалася каля зэльвенскай царквы, дзе стаіць помнік Ларысе Геніюш, яна была прыхаджанкай храма. Паэт Міхась Скобла уручыў тут памятныя медалі да стагоддзя Ларысы Геніюш, перш - Міхасю Чарняўскаму, які некалі ўратаваў архіў паэткі, дзякуючы чаму ўдалося пазней выдаць яе кнігу «Споведзь». Медаль быў уручаны Міхасю Геніюшу, які сказаў на добрай беларускай мове:«Дзякуючы вам памяць пра маю бабулю і слова, якое яна нам усім пакінула ў вершах, - жывуць у нашых сэрцах. Дзякуючы вам справа, якой яна прысвяціла сваё жыццё, не змарнавалася».

У царкве зрабілі музейчык, у ім звесткі пра сам храм, а таксама пра яе, Ларысу Геніюш. Настаяцель айцец Георгі запрасіў наведаць музей.
Ад царквы людзі пайшлі да дома Ларысы Геніюш. На месца шыльды, якую забралі ўлады, прыбілі здымак гэтай шыльды. Да людзей выйшла гаспадыня кватэры - Любоў Уладзіміраўна, якая пагадзілася, каб шыльда вісела на доме.

Калі літаратары, гісторыкі, прыхільнікі асобы і творчасці паэткі накіраваліся ў раённы Дом культуры, каб паўдзельнічаць у вечарыне памяці Ларысы Геніюш, то для іх месца не знайшлося, мерапрыемства адбывалася ў невялікім памяшканні бібліятэкі, дзе ўсе месцы былі занятыя. Прэзентацыя двухтомніка твораў паэткі, чытанне вершаў, спевы адбыліся вымушана на прыступках. Паэт Анатоль Вярцінскі назваў прысутных пілігрымамі, якія прыязджаюць пакланіцца памяці Ларысы Геніюш.

Пілігрымы наведалі магілу паэткі. Пра тое, як яе хавалі ў далёкім 1983м, успамінаў пісьменнік Уладзімір Арлоў і іншыя. Пры канцы дня ля зэльвенскага вадасховішча адбылася вечарына паэзіі, падчас якой Камітэт ушанавання ўзнагародзіў арганізатараў юбілею: Міхася Скоблу, Міколу Кавальчука і інш.

Наш кар.


Беларуская мова на старонках "Энцыклапедыі літоўскай мовы"

Зусім нядаўна трапіла мне ў рукі "Энцыклапедыя літоўскай мовы", якую выдаў Інстытут літоўскай мовы у 2008 г. Перад тым як непасрэдна перайсці да асвятлення дадзенай тэмы, хацелася б колькі слоў сказаць аб беларуска - літоўскіх гістарычнакультурных узаемадачыненнях у мінулым. Узаемадачыненні ж гэтыя не заўсёды былі такімі, як цяпер часам мяркуюць некаторыя нашыя сучаснікі. Думаю, што не з'яўляецца для многіх сакрэтам той факт, што ніводная з суседніх з Беларуссю культур і моў не адчула такога моцнага беларускага ўплыву, як літоўская. Таму нам, беларусам, прыемна згадваць аб народах, іх культуры і мове, калі ведаеш, што гэтыя народы калісьці знаходзіліся пад моцным беларускім уплывам: дзяржаўным, гістарычным, культурным, моўным. Менавіта такім этнасам і з'яўляюцца літоўцы. Як рускія (раней ды і цяпер) з задавальненнем пісалі і пішуць аб усходніх славянах (беларусах, украінцах), паволжскіх народах (мардвінах, утмуртах, марыйцах, інш.), жыхарах Сібіры, Поўначы і Далёкага Ўсходу (якутах, буратах, чукчах), Сярэдняй Азіі (кіргізах, туркменах, узбеках, таджыках), Каўказа і Закаўказзя (армянах, асецінах) і іншых этнічных супольнасцях бяскрайняй Расійскай Імперыі, пазней Савецкага Саюза, цяпер СНД, на гісторыю і культуру якіх першыя (рускія) аказалі вялікі ўплыў, так і мы добра ўсведамляем, што мы мелі пры існаванні ВКЛ і што страцілі, калі яно перастала існаваць. Тое самае можна сказаць і пра палякаў, якім прыемна згадваць, што калісьці беларусы, ўкраінцы заходняй і цэнтральнай частак Украіны, жамойцыліэтувіны (ліэтувісы, літоўцы ў сучасным значэнне гэтага слова), жыхары Латвіі (асабліва Латгаліі), Прусіі знаходзіліся пад польскім дзяржаўным, культурным і моўным уздзеяннем. Праўда, польскі ўплыў не абмяжоўваўся толькі гэтымі народамі і краінамі.

Нягледзячы на відавочна добрыя стасункі паміж беларусамі і літоўцамі на працягу стагоддзяў, усё ж такі, мне здаецца, ніколі не спынялася барацьба паміж гэтымі народамі за першынство ў ВКЛ. Гэтую барацьбу можна было назіраць у дзяржаўным і гістарычным жыцці Вялікага Княства. Што тычыцца культурнага жыцця ВКЛ, то тут, безумоўна, першынство было за беларусамі (беларусы раней чым літоўцы мелі друкаваную кнігу, асноўныя афіцыйныя дакументы ВКЛ - Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588 гг., Літоўская метрыка, княскія граматы і г.д.) пераважна напісаны на старабеларускай мове, у даўняй Ліэтуве вялікі ўплыў у свой час мела беларуская шляхта, беларуская культура і мова. Варта заўважыць, што значную ролю ў пэўны перыяд (14 - 16 ст.) граў украінскі фактар.

Трэба сказаць, што літоўцы (ліэтувісы, як цяпер нярэдка гэты народ называе наша інтэлігенцыя) могуць пахваліцца крыху больш спрыяльным гістарычным лёсам, чым беларусы. Многія трагедыі іх, можна сказаць, абыйшлі бокам. Шмат нам давялося ваяваць супраць татараў, немцаў, турак. Ваявалі мы і з продкамі сучасных латышоў, палякаў, жамойцаўліэтувісаў. Асабліва страшнымі для нас былі вайна 16541667 гг., напады ўкраінскага казацтва і татар на беларускія землі, Паўночная вайна 1700 - 1721, Напалеонаўская кампанія 1812, Першая Сусветная 1914 - 1918 г. і Другая Сусветная войны (1941-1945), інш.

Але ў той жа час хочацца парадавацца за блізкіх нам у этнічным, гістарычным і культурным плане суседзяў. Нягледзячы на вялікі гоцкі, варажскі, нямецкі, пазней беларускі, польскі, нарэшце, расійскі дзяржаўны, культурны і моўны ўплыў, ціск, літоўскі народ выжыў, паказаў сваю жыццяздольнасць, уменне змагацца супраць акупантаў і няпрошаных прышэльцаў, выпраўляць уласныя памылкі і вучыцца ў іншых народаў. Тут мне прыгадваюцца словы адной польскай даследчыцы (прозвішча яе, на жаль, не захавалася ў памяці). Яна пісала, што літоўскі корань усё ж такі моцны, бо здолеў прабіцца праз магутную беларушчыну, якая доўгі час панавала на Ліэтуве (Аўкштоце і Жамойці), пазней пальшчызну. Літоўцы захавалі да сённяшняга дня сваю этнічную ідэнтычнасць і глядзяцца зараз няблага на фоне іншых народаў Еўрапейскай Уніі. Нам, беларусам, трэба ў сваіх паўночных суседзяў вучыцца патрыятызму, любіць родную зямлю, вучыцца сябе любіць і паважаць так, як гэта робяць яны. Будзем сябе паважаць, будуць і нас паважаць іншыя, не будзем сябе паважаць, значыць, не будзем мець павагі з боку іншых. Калі не будзе роднай мовы, культуры, у тым ліку вуснай народнай творчасці, народнага і прафесійнага мастацтва і гістарычнай памяці ў нашага народа, то ясна, што Беларусь не будзе мець гістарычнай перспектывы.

Але я тут крыху скіраваў свае думкі ў бок ад асноўнай тэмы.

Чаму для нас важна, як пра нас, беларусаў, пішуць і думаюць іншыя, у прыватнасці, літоўцы, расіяне, латышы, палякі, украінцы, чэхі, немцы? Бо дзякуючы выказванням пра нас іншых, мы пачынаем лепш усведамляць свае станоўчыя і адмоўныя якасці і рысы характару, праблемы, вучымся паважаць сябе, расцем ва ўласных вачах, вучымся лічыцца з іншым, чужым пунктам гледжання, імкнемся выправіць свае недахопы і памылкі. І з чужых вуснаў мы можам шмат чаго слушнага, справядлівага пачуць, якое не заўсёды можа нам падабацца, не заўсёды можа быць для нас прыемным.

Чаму пазіцыі беларускай мовы ў мінулым у ВКЛ - гэта надзвычай важная праблема для нас, беларусаў? Верагодна, па той прычыне, што пазіцыі нашай мовы ў Вялікім Княстве фактычна наўпрост сведчаць пра пазіцыі нашага народа і яго культуры (больш правільна сказаць - палітычнай эліты) у гэтым гаспадарстве. Ясна, што моўны ўплыў - яркае сведчанне культурнага ўплыву нашых продкаў на сваіх паўночных суседзяў. Гэтая думка ў пэўнай ступені адпавядае словам Міколы Ермаловіча: "Чыя мова, таго і дзяржава". Дзякуючы працам Ермаловіча і іншых беларускіх гісторыкаў, мы шмат у чым адкрылі для сябе нашую вялікую гісторыю, нашу вялікую культурную спадчыну, нашу вялікую дзяржаву. Апошнюю некаторыя беларускія гісторыкі называюць беларускалітоўскім гаспадарствам.

А цяпер больш канкрэтна, што ж пішуць пра беларускую мову нашы паўночыя суседзі?

"Энцыклапедыя літоўскай мовы" ("Lietuviu kalbos enciklopedija") з'яўляецца найбуйным выданем (аб'ём яе 634 стр.) Інстытута літоўскай мовы за апошні час, у якім знайшлі адлюстраванне розныя пытанні развіцця літоўскай мовы ў мінулым і ў цяперашні час. Асноўны ўклад ў гэтае выданне ўнеслі вядомыя літоўскія мовазнаўцы: В. Амбразас, А. Гірдзяніс, К. Маркунас, А. Сабаляўскас, В. Урбуціс, А. Валяцкене, А. Ванагас. На яе старонках змяшчаецца інфармацыя пра лепшых мовазнаўцаў Ліэтувы і іншых краін, якія займаліся і займаюцца пытаннямі развіцця гэтай балцкай мовы. У ёй падаюцца важнейшыя выданні, на старонках якіх даследуюцца розныя праблемы развіцця літоўскай мовы ў мінулым і сучаснасці ("ActaBaltiсoSlavica", "Acta linguistica Lithuanica", "Baltistica", "Balticoslavica", "Jornal of Baltic Studies" і інш.).

У энцыклапедыі адведзена месца артыкулам, прысвечаным жыццю і творчасці выдатных і вядомых лінгвістаў, фалькларыстаў, літаратараў, этнографаў, гісторыкаў, гісторыкаў культуры, публіцыстаў Ліэтувы, у працах якіх так ці інакш згадваецца або даследуецца літоўская мова (М. Даўкша, М. Мажвідас, К. Сірвідас, М. Ліцвін, С. Даўкантас, К. Данялайціс, А. Баранаўскас, Ё. Басанавічус, К. Буга, А. Юшка, Ё. Яблонскіс, Ё. Юшка, Ю. Гяруліс, А.С. Гірдзяніс, В. Чакмонас, А. Сабаляўскас, інш.).

Літоўскую мову вывучалі і вывучаюць не толькі ўраджэнцы Ліэтувы, але і расійскія (Ф. Фартунатаў, А.Шахматаў, А.Трубачоў, У. Топараў, В. Іваноў, М. Петэрсон, Г. Ульянаў, Ю. Сцяпанаў, Ю. Аткупшчыкоў, Т. Булыгіна, У. Дыбо), нямецкія (Ф. Боп, Г.Х. Несельман, Б. Г. Г. Дэльбрук, Ё. Шмідт, А. Бецэнбергер, Р. Гарбе, Э. Герман, Э. Фрэнкель, Э. Гофман, В. Фалькенган, В. Фенцлаў, Р. Экерт), швейцарскія (Ф. Сасюр, М. Нідэрман), чэшскія (І. Марван, В. Махэк, А. Эргард, Л. Геітлер), польскія (А. Хаміньскі, Я. Атрэмбскі, Я. Развадоўскі, В. Смачыньскі, Т. Зданцэвіч, Г. Турска) даследчыкі. Акрамя іх, літоўскую мову даследавалі і даследваюць нарвежскі (Х. Ш. Станг), галандскі (Р. Дэрксен), фінскі (В. Кіпарскі), французскі (А. Мэйе), украінскія (Л. Булахоўскі, А. Непакупны), латышскія (Я. Эндзелінс, В. Дамбе), балгарскі (І. Дурыданаў), італьянскія (Н. Міхайлаў, П. У. Дзіні), шведскі (К.О. Фальк), амерыканскі (І.В. Форд), японскі (І. Мурата), польскі і нямецкі (А. Брукнер), рускі і польскі (І. Бадуэн дэ Куртэнэ), польскі і беларускі (М. Кандрацюк) вучоныя.

Чытачоў "Энцыклапедыі літоўскай мовы" могуць зацікавіць таксама наступныя артыкулы: "Караімская мова", "Куршская мова", "Земгальская мова", "Санскрыт" і інш.

Пэўнае месца ў ёй адведзена і беларускай мове, якая, бадай, упершыню ў такім салідным моўным выданні называецца гудскай. Паказана значэнне яе для ВКЛ 14 - 17 ст., ўплыў на мову літоўцаў.

Беларуская мова ў гэтым выданні адлюстравана ў артыкуле "Гудская мова". Праўда, яна згадваецца і ў артыкулах "Славянская канцылярская мова" і "Славізмы". Першыя дзве публікацыі падпісаныя ініцыяламі "A. S". Апошняя - ініцыяламі "V.U."

Гудская, беларуская мова, сцвярджаецца ў энцыклапедыі, ужываецца ў Гудзіі (Беларусі - А.Л.), на пэўнай тэрыторыі памежжа суседніх краін, а таксама ў Казахстане, Канадзе, ЗША, Аргенціне. На самай справе, беларуская мова чуваць яшчэ сярод пажылой і інш. катэгорый людзей паўднёвазаходняй частак Пскоўскай, заходняй Смаленскай і Бранскай абласцей, Сібіры Расіі. Яе можна таксама пачуць і на паўночных частках Кіеўскай, Жытомірскай, Ровенскай, Валынскай абласцей Украіны, на Беласточчыне Польскай Рэспублікі. У Гудзіі, сцвярджаецца ў энцыклапедыі, гудскую (беларускую - А.Л.) мову ўжываюць каля 7 млн., за яе межамі - каля 1 млн., у Ліэтуве - каля 28000 чалавек. За межамі этнічнай Беларусі, аднак, пражывае 4 мільёны беларусаў і, можна дапусціць, на на маю думку, ёй карыстаецца больш за 1 млн. чалавек. Карацей кажучы, там, дзе існуюць беларускія культурнаграмадскія таварыствы, арганізацыі, там і жыве беларуская мова, там яе і ўжываюць. Фактычна ва ўсіх былых рэспубліках былога СССР існуюць падобныя таварыствы. І можна спадзявацца, што мова наша не толькі будзе жыць далей, але ёй будуць цікавіцца, яе будуць вывучаць за мяжой Беларусі (Расіі, Украіне, Польшчы, Нямеччыне, Чэхіі, Славакіі, Ліэтуве, Латвіі, Азербайджане і інш.). Зарукай гэтага з'яўляецца велізарная колькасць помнікаў на старабеларускай мове, вялікія гістарычныя і культурныя дасягненні нашага народа ў мінулым. Вывучэнне беларускай мовы за межамі Беларусі - важны стымул павышэння яе прэстыжнасці ў свеце і заахвочвання да вывучэння ў самой Беларусі. Відаць, я вялікай памылкі не зраблю, сказаўшы: "Калі роднай мовай не цікавіцца яе стваральнік - народ, і тым больш, калі яе не любіць і пагарджае ёй, значыць, такі народ хворы, неразвіты, і пра духоўную спеласць такога народа трэба гаварыць з вялікімі агаворкамі.".

А цяпер колькі слоў аб літоўскай назве Беларусі "Гудзія".

Большасць беларускіх, рускіх, польскіх, літоўскіх і іншых даследчыкаў літоўскае найменне "gudai" ("гуды") звязваюць з готамі. Готы - гэта найбольш жыццяздольнае, энергічнае, гістарычнае і культурнае племя сярод германскіх. Меў рацыю П. Шафарык, калі пісаў, што даўнія прусы і літоўцы замест імя "вараг" (г.зн. па сутнасці германец - А.Л.) звярталіся да больш вядомага і звычайнага для іх наймення "Gudas" .

Такім чынам, экзаэтнонімы Гудзія і Гудуземе (даўняя латышская назва Беларусі - А.Л.) замацаваліся ў балтаў за беларускай этнічнай тэрыторыяй дзякуючы германскаму (верагодна, у асноўным гоцкаму) пасярэдніцтву.

Праўда, ў латышскай мове перамагло найменне Беларусі "Крэвія" (цяпер "Балткрэвія"). Назва Гудуземе (па сутнасці зямля, краіна гудаў) цяпер не ўжываецца ў латышскай мове, а найменне Гудзія ў літоўскай мове толькі нядаўна (з 1990-х гадоў 20га ст.) пачалося адраджацца і прымяняцца нароўні з назвай "Балтарусія". Продкі сучасных літоўцаў называлі нашых продкаў таксама русінамі (пазней беларусінамі) і ліцвінамі (жамойцы). Праўда, апошняе найменне (ліцвіны) спачатку адносілася пераважна да беларусаў заходняй і цэнтральнай частак нашай этнічнай тэрыторыі і толькі пазней да ўсходняй. Беларусы ніколі не называлі сябе гудамі. Як бы літоўцы і латышы не называлі беларускую этнічную тэрыторыю цяпер і ў мінулым, усе асноўныя гістарычныя, эканамічныя, сацыяльнапалітычныя, этнічныя, культурныя, моўныя і інш. працэсы на беларускіх землях вызначаў не іншаэтнічны, а славянскі элемент. Продкі сучасных беларусаў асімілявалі ў 11 - 13 ст. на тэрыторыі Беларусі ўсходніх і заходніх балтаў, прадстаўнікоў іншых этнасаў. Гэта сведчыць аб жыццяздольнасці беларусаў, іх вялікіх гістарычных і інш. дасягненнях. Дарэчы, у этнагенезе беларусаў прымалі ўдзел не толькі славяне (продкі ўкраінцаў, палякаў, рускіх), заходнія і ўсходнія балты (продкі сучасных літоўцаў, латышоў, яцвягі, прусы), але і іранскія, германскія (варагі, немцы), кельцкія (шатландцы), уграфінскія (вугорцы), цюркскія (крымскія татары), раманскія (французы) элементы. Выходзіць, здольнасць да асіміляцыі іншаэтнічных элементаў маюць не толькі рускія і ўкраінцы, палякі і немцы, але і беларусы. Бадай, гэта прамое сведчанне вялікай асіміляцыйнай сілы нашага народа. Беларусы пакінулі глыбокі след у гісторыі і культуры літоўцаў і ў меншай ступені латышоў, іх гістарычнай памяці. Замацаванню за нашай этнічнай тэрыторыяй найменняў Гудзія і Гудуземе ў балтаў садзейнічаў і рух готаў з былой прускай этнічнай тэрыторыі (Калінінградская вобласць Расійскай Федэрацыі, паўночная частка мазавецкіх зямель Польшчы) ва ўсходнім і паўднёваусходнім кірунку (заходняя і паўднёваусходняя часткі Літвы Жамайція, Дзукія, Аўкштайція) (А.Ф. Рогалеў).

Аднак вернемся да нашай першапачатковай размовы. У "Энцыклапедыі літоўскай мовы" адзначаецца, што гудская мова сфармавалася ў 1415 ст. з русінскай (рутэнскай, як там сказана) мовы. Тут трэба ўдакладніць, што Я.Ф. Карскі пісаў аб сфармаванні беларускай мовы ўжо к канцу 13 ст. У "Энцыклапедыі" не зусім дакладна ўказваецца аб часах існавання старагудскай (старабеларускай) мовы (15 - канец 17 ст.). На самай жа справе старабеларуская мова як адна з самых развітых, багатых, самабытных і прыгожых славянскіх моваў існавала ўжо з 14 ст. і нават выконвала ў гэты час у ВКЛ афіцыйную функцыю. У выданні правільна сцвярджаецца, што сучасная літаратурная мова беларусаў асноўваецца на цэнтральных дыялектах, якія маюць асаблівасці асноўных дыялектаў беларускай мовы - паўночнаусходняга і паўднёвазаходняга. У літоўскім выданні падкрэсліваецца, што нормы сучаснай беларускай мовы былі ахарактарызаваны ў граматыцы Б. Тарашкевіча, якая была выдадзена ў Вільнюсе (1918 г.). Развіццё сучаснай літаратурнай гудскай мовы, справядліва адзначаецца ў кнізе, звязана з Вільнюсам, які ў 19 ст. быў і важным асяродкам гудскай культуры.

Аўтар (пад ініцыяламі А.S., верагодна, выступае літоўскі лінгвіст Альгірдас Сабаляўскас) артыкула прызнае факт уплыву беларускай мовы на літоўскую: "у літоўскую мову трапіла шмат гудскіх запазычанняў". Далей літоўскі даследчык выказвае цікавую думку: "У лінгвістычнай літаратуры запазычаннямі са старагудскай мовы многія мовазнаўцы (Казімірас Буга, Эрнст Фрэнкель, Пранас Скарджюс і інш.) лічылі і самыя старыя славізмы літоўскай мовы (baznycia касцёл, carpl -чарапіца, kubilas кубел, кубло, muilas - мыла, styklas - шкло, turgus - торг, кірмаш). А. Сабаляўскас зазначае, што дадзеныя запазычанні дакладней было б называць запазычаннямі са старой усходнеславянскай мовы, бо, маўляў, гудская мова сфармавалася ў 15 ст., а гэтыя словы трапілі ў літоўскую мову куды раней. От і на гэты раз "Энцыклапедыя" дапускае пэўную недакладнасць з часам утварэння беларускай мовы. Пачатак яе самастойнага станаўлення сягае ў куды больш старадаўнія часы, чым 15 ст. Праўда, узнікненне важнейшых фанетычных, граматычных і лексічных рысаў беларускай мовы датуецца ў асноўным не толькі 13 - 14, але і 15 ст. ( Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5і т. Т. 1. Мн., 1984. С. 364).

Калі для большасці беларускіх мовазнаўцаў з'яўляецца аксіёмай тое, што беларуская мова была афіцыйнай у 14 - 17 ст. у Вялікім Княстве Літоўскім, г.зн. на тэрыторыі Ліэтувы і той частцы Ўкраіны (14 - 16 ст.), якая была ў складзе ВКЛ, то большасць літоўскіх вучоных гэты факт не жадаюць прызнаць. "У Літве ўжытую славянскую канцылярскую мову, піша даследчык пад ініцыяламі V.U. (пад імі, хутчэй за ўсё, выступае Вінцас Урбуціс), частка даследчыкаў недакладна называла старагудскай мовай". Пераважная большасць літоўскіх мовазнаўцаў афіцыйную беларускую мову ВКЛ называюць то канцылярскай, то славянскай, то рускай, то ўкраінскабеларускай, але толькі не беларускай. Такім чынам, афіцыйнай мовай ВКЛ у 1417 ст. нашы паўночныя суседзі ніяк не могуць прызнаць беларускую.

Вернемся да артыкула "Старагудская мова". У ім А. Сабаляўскас зазначае, што ў творах пісьменства на літоўскай мове 1617 ст. маецца звыш 760 слоў гудскага паходжання, яшчэ каля 1200 слоў магло трапіць у гэту пісьменнасць з польскай і гудскай моў. Аднак тут найбольш аб'ектыўным, магчыма, быў К. Буга, які пісаў, што ў 16 ст. у літоўскай мове было тры тысячы беларускіх слоў.

Не толькі ў літаратурнай літоўскай мове маюцца шмат беларусізмаў, але нямала іх можна знайсці і ў яе народных гаворках. У "Энцыклапедыі літоўскай мовы" (А. Сабаляўскас) прыводзяцца некаторыя найбольш характэрныя словы беларускага паходжання, якія цяпер маюцца ў літоўскай мове: anykas - унук, baravikas - баравік, blinas - блін, botгgas - батог, cesnykas - часнок, часнык, duda - дуда, grybas - грыб, kisilius - кісель, krupos - крупы, miestas - ст. бел. места азначаў горад, norгgas - нарог, slyvа - сліва, visniа - вішня, telyjа - цялё, цяля і інш.

Беларусізмаў шмат, з аднаго боку, ў літоўскай мове, але, з другога боку, піша А. Сабаляўскас, літуанізмаў нямала і ў беларускай. Так, па падліках Юраце Лаўчуце, у гудскай мове маецца каля тысячы балтызмаў (пераважна літуанізмаў). Але гэтыя, запазычанні, заўважаецца ў "Энцыклапедыі", часцей за ўсё можна знайсці толькі ў дыялектах памежжа і ў розных звязаных з Ліэтувой гудскіх дакументах.

Нарэшце, у гэтай цікавай кнізе падкрэсліваецца, што безумоўныя паланізмы радзей сустракаюцца ў літоўскай мове, чым беларусізмы. Мяркаваныя паланізмы ў літоўскай мове, сцвярджае В. Урбуціс, часцей за ўсё можна знайсці і ў гудскай мове. Нават і тыя славізмы, піша ён далей, фанетыка якіх яўна польская, маглі быць атрыманы не проста ад палякаў, а праз пасярэднікаў гудаў. Напрыклад, стары літоўскі дзеяслоў branyti (абараняцца) < польск. bronia або старога гудскага бронити (дыял. броніць нароўні са звычайным незапазычаным бараніць ).

На жаль, у "Энцыклапедыі літоўскай мовы" нічога не сказана пра назвы беларускай мовы ў мінулым. А назвы, дарэчы, могуць расказаць шмат цікавага. Напрыклад, хаця б тое, што наша мова суседзямі (расіянамі, украінцамі, нават нярэдка і палякамі і, верагодна, іншымі) у 15 - 19 ст. называлася літоўскай. А гэта ўжо пра многае сведчыць. Адукаваныя літоўцы ведаюць, што беларуская мова аказала свой уплыў у мінулым не толькі на літоўскую, але і на рускую, польскую, украінскую, латышскую. У выданні нічога не сказана аб афіцыйнай функцыі нашай мовы, аб тым, што яна ў 14 - 17 ст. з'яўлялася мовай міждзяржаўнай дыпламатычнай перапіскі, напрыклад, паміж ВКЛ і Каралеўствам Польскім, паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай, не сказана, што штодзённай мовай многіх князёў ВКЛ была беларуская.

У канцы варта заўважыць, што дадзенае энцыклапедычнае выданне - сведчанне высокага развіцця не толькі мовазнаўства ў суседняй Ліэтуве, але і культуры літоўскай нацыі ў цэлым. Замежныя выданні, прысвечаныя з'явам беларускай культуры, карысна ведаць не толькі спецыялістам, але і шырокаму колу чытачоў .

Анатоль Літвіновіч, кандыдат філалагічных навук


Запрашаем у "Кніжны салон"

Адкрыццё кнігарні па вуліцы Калініна, д. 5, якое адбылося 5 красавіка гэтага года выклікала ў многіх жыхароў сталіцы здзіўленне. Папершае, таму што даўно не чулі, каб адкрываліся кніжныя магазіны. Падругое, стаўленне да кнігі вельмі змянілася, усё больш і больш уваходзіць у жыццё электронная кніга, інтэрнэт, не заўсёды ёсць грошы на кнігу - усё гэта выклікае не малую матэрыяльную рызыку. І ўсё ж такі галоўнае пачуццё было і зараз прысутнічае ў наведвальнікаў кнігарні - захапленне. Захапленне выклікае ўтульнасць, прыгажосць, асартымент кнігарні. Асабліва ўсіх цікавіць хто стваральнік, хто з'яўляецца вялікім ппрыхільнікам Кнігі? Знайшоўся ж такі чалавек, імя якому Ала Барысаўна Зміева, па адукацыі філолаг, спачатку працавала ў Нацыянальнай бібліятэцы затым пачала сваю справу - аптовы кніжны бізнэс і многа гадоў у думках і справах ішла да ажыццяўлення сваёй задумы мець уласны кніжны магазін.

За кароткі час, думаецца, зроблена нямала, асабліва па фармаванні асартыменту кнігарні. Найбольш поўнымі і самымі цікавымі на сённяшні час з'яўляюцца аддзелы мастацкай літаратуры, краязнаўства, філалогіі.

Асабліва ганарымся тымі прэзентацыямі, якія ўжо адбыліся ў кнігарні: а менавіта кніг Р. Барадуліна, А. Бутэвіча і У. Шчаснага.

Адрас нашай кнігарні: 220012, г. Мінск, вул. Калініна, д.5, ст. метро "Парк Чалюскінцаў", тэл. 385 60 89 . Працуем з 10.00 да 19.00 гадзін, выходны - нядзеля.

Дырэктар Софья Антонаўна Жыбулеўская.


28 ліпеня пабачыў свет 2-гі нумар часопіса "Верасень"

Першая прэзентацыя новага нумара адбудзецца ў сядзібе ТБМ у межах кампаніі "Будзьма" у панядзелак, 30 жніўня. Пачатак а 18 гадзіне.

Пазнаёміцца з часопісам можна ў сядзібах ТБМ, БНФ, у кнігарні "Акадэмкніга", а таксама ў новай кнігарні "Кніжны салон" па вул. Калініна, 5.


ЛЯ ДЗІКАГА ПОЛЯ

Мінулае начы ў табары зноў бачылі Белагаловую. Яна прыходзіла ўжо трэці раз і забрала трэцяе жыццё. Пярэпалах сярод нямецкіх наймітаў, прысланых маркграфам магдэбургскім, узняўся раніцою, калі не далічыліся рыцара Зігфрыда фон Бока. Ягоны намёт стаіць побач з абозам караля і вялікага князя, значыцца, Белагаловая прайшла зусім побач.

Першьш і другім яе абраннікамі былі вугорцы. Тыя братыблізняты, што не пахавалі Белагаловую разам з астатнімі, а павезлі яе ў лес...

Гэта першыя радкі з новай кнігі Уладзіміра Арлова "Ля Дзікага Поля", якая пабачыла свет у Менску ў выдавецтве "Логвінаў".

У кнігу ўвайшлі гістарычныя апавяданні "Тры мужы спадарыні Дамінікі", "Місія папскага нунцыя", "Міласць князя Гераніма", "Каханак яе вялікасці", "Пакуль не згасла свечка", "Пяць мужчын у леснічоўцы", "Рандэву на манеўрах", "Далёка да вясны", "Ордэн белай мышы", а таксама аповесць "Сны імператара" і культавае эсэ "Мой радавод да пятага калена або Спроба пазбегнуць выгнання".


Прэзентацыя твораў Ларысы Геніюш

7 жніўня ў Зэльве на прыступках раённага дома культуры адбылася прэзентацыя новых выданняў, у асноўным з творчай спадчыны ларысы Геніюш.

Гэта збор твораў у 2 тамах - самае поўнае, жанрава разнастайнае, тэксталагічна апрацаванае і пракаментаванае выданне яе спадчыны.

Першы том пісьменніцы склалі вершы і паэмы, скампанаваныя храналагічна - паводле выдадзеных пры жыцці аўтаркі кніг і тэматычна - на аснове пасмяротных публікацый.

Другі том юбілейнага двухтомніка Ларысы Геніюш складаецца з двух раздзелаў - "Проза" і "З эпісталярнай спадчыны (1943-1983)". У празаічны раздзел увайшлі аўтабіяграфічны нарыс "Сто ранаў у сэрца", які ў кніжных выданнях не друкаваўся, і дакументальная аповесць "Споведзь". У эпісталярным раздзеле друкуюцца 160 лістоў паэткі да знаёмых і сяброў, большая частка з іх - упершыню.

І трэцяя кніга - гэта біяграфічны альманах "Асоба і час" - цалкам прысвечаны Ларысе Геніюш. Падобны альманах, прысвечаны адной асобе, у Беларусі выдаецца ўпершыню. Большасць публікацый, змешчаных там - выдаюцца ўпершыню . Альманах утрымлівае бібліяграфічны указальнік усіх публікацый Геніюш, знойдзеныя ў архівах творы і біяграфічныя звесткі. Звыш 80% чытач пабачыць упершыню, не толькі вершы, але і дакументы з архіваў НьюЁрка і Прагі, якія сведчаць аб тым,што Ларыса Геніюш была грамадзянкай Чэхіі (пра што казала ў сваёй кнізе "Споведзь"). Гэта азначае, што выдача яе савецкім уладам не адпавядала чэшскаму заканадаўству. Усе гэтыя выданні ўдзельнікі юбілейнага свята маглі набыць тут жа.

Музычнавыдавецкі лэйбл «БМА-group» выдаў два юбілейныя выданні на каларытных кампактдысках - альбом беластоцкага гурта «Белы сон», творчасць якога прасякнута жывым духам геніяльнай паэзіі, і паўторны тыраж CDтрыб'юта «Жыць для Беларусі», дзе не толькі гучыць жывы голас паэткі, але і цудоўныя песні паводле ейных вялікіх вершаў ад Уладзіміра Мулявіна, Андрэя Плясанава, Алеся Камоцкага, Вальжыны Цярэшчанкі, Змітра Бартосіка, Віктара Шалкевіча, Ларысы Сімаковіч ды іншых знакамітых артыстаў. Вабным дадаткам да праґрамы абодвух дыскаў сталі і мультымедыйныя бонусы, дзе ўтрымліваюцца гістарычныя запісы з прыватных архіваў, юбілейныя сучасныя відэакліпы. Дыскі таксама можна было набыць у Зэльве.

У верасні запланаваны вялікі канцэрт у сталіцы, прысвечаны Ларысе Ґеніюш, у якім возьмуць удзел стваральнікі абодвух музычных праектаў і выдаўцы.

Наш кар.


ПАМЯЦІ ЯНКІ БАГДАНОВІЧА

У ліпені гэтага года беларускае таварыства палітычных вязняў і ссыльных адзначала 20-ці гадовыя ўгодкі з дня смерці паэта, празаіка, публіцыста і мемуарыста Янкі Антонавіча Багдановіча.

Янка Багдановіч нарадзіўся ў вёсцы Габіняты Ашмянскага павету ў 1906 годзе ў беднай сялянскай сям'і. бацькі цяжка працавалі, цяжка працаваў і малы Янка. На доўгія гады запомніліся галеча і нястача, асабліва ў час Першай Сусветнай вайны, калі бацькоў і ўсіх вяскоўцаў немцы пагналі ў бежанства, бо ў родных мясцінах была лінія фронту.

У 12 год Янка разам з 9-ці гадовым братам засталіся круглымі сіротамі - бацькі памерлі ад цяжкай працы і голаду. Вярнуўшыся ў родную вёску дзеці вымушаны былі жабраваць, пакуль добрыя людзі не параілі ім ісці ў Баруны, дзе ксёнз М. Пятроўскі адчыніў прытулак для дзяцей сірот з Барунскай, Крэўскай і Вішнеўскай воласцяў. Прытулак утрымліваўся на ахвяраваннях прыхаджан касцёла. Тут, у прытулку дзяцей вучылі чытаць і пісаць, тут упершыню Янка ўбачыў беларускую кніжку "Беларуская дудка" Францішка Багушэвіча. У 1920 годзе пачалася польскабальшавіцкая вайна і настаў цяжкі час - голад і холад. Ксёндз Пятроўскі вымушаны быў зачыніць прытулак, а дзяцей, якія мелі кагонебудзь з родных ці сваякоў адсылалі дадому. Толькі ў 16 дзетак не было нікога з родных і блізкіх. Сярод гэтых 16ці былі Янка Багдановіч з братам. Усе яны былі перавезены з Баруноў у Вільню ў прытулак беларускага ксяндза Адама Станкевіча.

Віленскі прытулак знаходзіўся разам з беларускай гімназіяй ў Базыліянскіх мурах. Тут праз нейкі час Янка пачаў вучыцца ў беларускай гімназіі. Час быў неспакойны, Вільня галадала, дзецям ежы не хапала. Але Янка лічыў, што яму з братам пашанцавала, бо тут былі добрыя, чуллівыя настаўнікі, выхавальнікі. У 1927 годзе Багдановіч скончыў гімназію і пачаў працаваць у друкарні імя Францішка Скарыны. Друкарня была беларуская, тут працавала шмат людзей, кнігі друкаваліся розныя - Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Міхася Машары, Адама Станкевіча і іншых аўтараў, друкаваліся і календары, якія мелі вялікі попыт сярод сялян Заходняй Беларусі. Янка хутка ўключыўся ў грамадскае жыццё Вільні. Пачаў публікавацца, выдаваць часопіс "Шлях моладзі", дзе выступаў з вершамі, нататкамі, апавяданнямі. Працаваў у друкарні да 1941 года, у час вайны закончыў Віленскую настаўніцкую семінарыю і настаўнічаў у школах Вільні. Пасля вайны беларускія школы былі зачынены, і Янка пачаў настаўнічаць у польскіх школах, паступіў у Новавіленскі настаўніцкі інстытут, але ў 1952 годзе яго арыштавалі і саслалі ў Варкуту, абвінаваціўшы ў беларускім нацыяналізме. Далі 25 гадодў выраку.

У ссылцы цяжка працаваў, там было шмат беларусаў, у асноўным інтэлегенцыі. Сярод іх і сябры Янкі па беларускай гімназіі, сябры па працы, паэтка Ларыса Геніюш разам з мужам і шмат іншых. Пасля смерці Сталіна, справы ссыльных пераглядаліся, праўда, доўгі час, бо ссыльных у Савецкім Саюзе былі мільёны.

У 1956 годзе Багдановіч быў рэабілітаваны і вярнуўся ў Вільню, працаваў настаўнікам у польскіх школах, але быў і застаўся шчырым, добрасумленным беларусам.

У апошнія гады часта сустракаўся з былымі ссыльнымі віленскімі беларусамі - адраджэнцамі, шмат пісаў успамінаў, у кніжцы "На жыццёвым шляху" расказаў пра сваё дзяцінства, вучобу ў Віленскай беларускай гімназіі, аб сваёй працы ў міжваенны і пасляваенны перыяды, пра пакуты ў ссылцы. Падарванае здароўе абарвала яго жыццё ў 1990 годзе.

На віленскіх могілках Саўлес недалёка ад касцёла Пятра і Паўла ён пахаваны разам з жонкай. Тут сябры Віленскага беларускага таварыства палітычных вязняў і ссыльных гаварылі пра нялёгкі шлях, пакуты і ахвяры беларускай інтэлігенцыі ў барацьбе за незалежнасць Беларусі. Сабраныя разам з Андрусём Старавойтавым праспявалі "Магутны Божа" на словы Наталлі Арсенневай.

І надалей штомесячна Таварыства ссыльных і палітвязняў будзе праводзіць мерапрыествы па вяртанні з небыцця імён беларусаў, якія палажылі здароўе і жыццё на алтар свабоды Бацькаўшчыны.

Павел Саўчанка, сябар Таварыства ссыльных і палітвязняў, г. Вільня.



Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

ЛІТАРАТУРНЫ МУЗЕЙ МАКСІМА БАГДАНОВІЧА

"ЭКСПЕРЫМЕНТ"

Мастацкая выстава Мікалая Мішчанкі

Творчая асоба заўсёды знаходзіцца ў пошуку. Напісанне твораў - творчы працэс, напоўнены эксперыментаваннем з матэрыяламі і тэхнікай выканання.

Сябра Беларускага саюза мастакоў Мікалай Яўгенавіч Мішчанка прадстаўляе праект "Эксперымент": акварэльныя аркушы, створаныя на працягу творчай дзейнасці мастака. Вывучэнне якасцей розных папер і асаблівасцей акварэльнага жывапісу дало магчымасць сабраць шмат аркушаў, частку якіх можна ўбачыць на выстаўцы ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Сярод іх эцюды, нацюрморты, пейзажы, выкананыя падчас паездак са студэнтамі на пленэры, вандровак і ў майстэрні.

Гэты праект прадстаўляе яшчэ адзін бок творчасці мастака, які на працягу жыцця спалучаў працоўную дзейнасць з творчай працай.

Адкрыццё выставы адбудзецца 12 жніўня а 17-й гадзіне па адрасе: вул. М.Багдановіча, 7а (Траецкае прадмесце). Выстава будзе доўжыцца да 25 жніўня.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX