Вярнуцца: 2010

№ 35 (978)


Крыніца: pawet.net.



№ 35 (978) 1 ВЕРАСНЯ 2010 г.


Гальшанскі замак - 2010

21 жніўня ў Ашмянскім раёне прайшоў фэст "Гальшанскі замак - 2010". Пацешыць гасцей маляўнічымі відовішчамі прыехалі прадстаўнікі рыцарскіх клубаў усіх куткоў краіны. Узнаўляць дух сярэднявечча ім дапамагалі шэсць музычных груп, якія гралі музыку ў сярэднявечным стылі. А пад заслону тэатры "Гістрыён" і "Дэ-Грыза" прадэманстравалі эфектнае файер-шоў, падчас якога акцёры выконвалі розныя акрабатычныя трукі, круцячы ў руках з дзесятак запаленых паходняў.

Фэст "Гальшанскі замак" праводзіўся ўжо ў другі раз. Сёлета ён быў прысвечаны адразу чатыром падзеям: 400-годдзю заснавання Гальшанскага замка, 730-годдзю заснавання Гальшан, 605-годдзю з дня нараджэння Сафіі Гальшанскай, родапачынальніцы дынастыі Ягелонаў і 600-годдзю Грунвальдскай бітвы. Кожная з іх была праілюстравана невялікім тэатралізаваным прадстаўленнем. А Ашмянскае райпо нават вырабіла па гэтым выпадку "юбілейныя" караваі, якія можна было паспрабаваць там жа, у наваколлях замка.

Але самым эфектным відовішчам былі, вядома ж, рыцарскія турніры і турніры лучнікаў. Убраныя ў аўтэнтычныя даспехі і гарнітуры, сучасныя рыцары дэманстравалі на пацеху публіцы сваё майстэрства валодання мячом, дзідай і, адпаведна, лукам.

Па словах арганізатараў мерапрыемства, у Беларусі яшчэ ніколі не было гэтак насычанага дзеяннямі і масавага мерапрыемства, арыентаванага на людзей неабыякавых да сярэднявечнай культуры. Аднак у наступным годзе яны паабяцалі зрабіць яго яшчэ больш яркім і прыгожым.

Фота: Алег Галкін, Таццяна Цюхай.


Беларускі экзархат выпусціў кнігу, прысвечаную 600-годдзю бітвы пры Грунвальдзе

У Выдавецтве Беларускага экзархата (ВБЭ) убачыла свет кніга сталічных аўтараў Аляксандра Вялько і Міхаіла Марціновіча "Грунвальдская бітва".

Як паведаміў агенцтву "Мінск-Навіны" выканаўчы дырэктар ВБЭ Уладзімір Грозаў, выданне адрасавана маладому пакаленню, а таксама ўсім, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй. Кніга, выдадзеная трохтысячным накладам, утрымоўвае шматлікія ілюстрацыі, якія дапамагаюць чытачам больш поўна акунуцца ў далёкае мінулае і адчуць сябе калі не ўдзельнікамі, то сведкамі вялікай падзеі.


Канверт да 600-годдзя Грунвальда

Як ужо паведамлялася, пад 600-годдзе Грунвальдскай перамогі ў Мсціславе адбылося спецгашэнне першага дня юбілейных канверта і маркі. Рэдакцыі ўдалося здабыць выяву гэтага канверта, дзе Пагоняў ажно тры штукі.


Беларуская мова - геніяльны твор нашага народа

23 жніўня 2010 г. "Белгазета" надрукавала інтэрвію з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Паўлам Латушкам. Адказ на адно з пытанняў у перакладзе на беларускую мову прапануем нашым чытачам.

- Ці задаволеныя вы тым , наколькі інтэнсіўна адбываецца адраджэнне вобразу беларускіх класікаў у нацыянальнай самасвядомасці Беларусі ?

- Кожны народ стварыў хоць б адзін геніяльны твор. У нас гэтым геніяльным творам з'яўляецца мова . Я нядаўна прачытаў крытыку ў адрас Мінкульта аб тым, як мы рэалізуем план мерапрыемстваў па святкаванні юбілею Караткевіча. Наогул, асабіста я лічу, што Караткевіч і Быкаў - самыя выбітныя літаратары другой паловы XX ст., цяжка знайсці больш яркіх асоб. Іх творы з'яўляюцца класікай нашай літаратуры. А значыць, актуальныя і сёння. Што тычыцца юбілею Караткевіча, то мы абавязкова рэалізуем тое, што запланавалі, проста гэта складаны працэс, у т.л. у фінансавым плане. Мы абавязкова знімем фільм "Каласы пад сярпом тваім" - сцэнарый ужо прадстаўлены ў міністэрства, і мы вярнуліся да ідэі здымаць гэты фільм з Мікалаем Пінігіным. Будзе і помнік Караткевічу ў Кіеве, і выданне яго кніг на замежных мовах.

Аналагічныя падыходы будуць ажыццяўляцца пры правядзенні юбілеяў Багдановіча, Купалы і Коласа. І нядаўні юбілей нашага жывога класіка Рыгора Барадуліна таксама не павінен застацца незаўважаным - класікаў трэба паважаць і любіць, калі яны побач. Вядома, такую працу варта было б праводзіць не толькі да юбілеяў.

Мне хацелася б, каб на вуліцах нашай краіны з'явіліся банэры, не толькі тыя, якія рэкламуюць касметыку, але і тыя якія рэкамендавалі б перачытаць Караткевіча. Трэба праводзіць інфармацыйную палітыку такім чынам, каб у свядомасці людзей з'явілася перакананне, што наша культура вельмі багатая, глыбокая, і калі мы, напрыклад, гаворым пра тое, што Багдановіч - гэта беларускі Лермантаў, мы насамрэч маем права даводзіць, што Лермантаў - гэта рускі Багдановіч. Трэба гаварыць пра тое, што мы - паўнаважкая частка еўрапейскай культуры. Калі мы ў гэта паверым, тады і наступіць рэальнае адраджэнне беларускай культуры.


ШТО РАБІЦЬ?

РОЗДУМЫ РАСІЯНІНА ПРА НЯРОДНУЮ МОВУ

Першае, што я зрабіў, прыехаўшы калісьці ў вашу краіну, самастойна заняўся вывучэннем беларускай мовы. Гэта было самае адметнае, што на новым месцы жыхарства звярнула на сябе ўвагу. Паверце, вельмі многія расіяне, што жывуць у Беларусі, з болем успрымаюць яе сучасны стан - для такога сцвярджэння я маю падставы.

Ніжэй прапануецца маё ўласнае бачанне праблемы беларускай мовы як небеларуса, з улікам прафесіі педагога. Магчыма, гэты погляд звонку акажацца камусьці цікавым і карысным.

Заўважце, хто практычна дбае пра беларускую мову. Гэта звычайна людзі, якія НЕФАРМАЛЬНА засвоілі яе ў школе. Таму найбольшае здзіўленне ў мяне выклікае пазіцыя не палітыкаў і чыноўнікаў, а педагогаў. У Берасці я ведаю толькі адну настаўніцу, для якой беларуская мова не толькі прадмет выкладання, але і сродак зносінаў. Гэта Наталля Мікалаеўна Дуброўская з абласнога ліцэя імя П.М. Машэрава. Астатнія, не ў крыўду ім будзе сказана, зняцэньваюць сваю працу, бо адной рукой разбураюць тое, што зрабілі другой рукой.

Калі на нешматлікія беларускамоўныя радыёперадачы слухачы тэлефануюць не на мове самой перадачы, для карэнных беларусаў гэта звычайна, але любы госць здзіўляецца: яны хоць у школу хадзілі? Чаму ў іх не ўзнікае сумнення, што, можа, пабеларуску таксама магчыма звярнуцца? А калі аказваецца, што з 11ці гадоў школьнага жыцця беларуская мова вывучаецца 10 гадоў, з іх 7 гадоў яе выкладаюць спецыялісты вузкага профілю - выпускнікі філфакаў, то здзіўленне госця становіцца яшчэ большым. Ды за такі час можна якасна навучыць некалькім мовам, а беларусаведы не могуць навучыць адной. Тады да чаго іх рыхтуюць на філфаку?

Звернемся да гісторыі. У дарэвалюцыйны час было прынята, што гімназісты, ліцэісты, кадэты, студэнты і г.д. да выкладчыкаў моў звярталіся выключна на адпаведных мовах. Дарэчы, не толькі на занятках, але таксама на перапынках і на вуліцы. Калі такое правіла зрэдку парушалася, гэта ўспрымалася як дзёрзкасць, нявыхаванасць, непавага да настаўніка, яго прадмета і працы. З боку настаўнікаў гэта быў не прафесійны фанатызм або самадурства, а дыдактычны прыём, спосаб навучыць свайму прадмету, паказ яго практычнага прымянення. Ці рабілі навучэнцы пры гэтым памылкі? Безумоўна. Але яны вучыліся, таму памылкі былі непазбежныя і даравальныя. З досведам маўлення іх станавілася ўсё менш.

Чаму выпускнікі школ у Сярэдняй Азіі ўмеюць гаварыць паруску? Ды проста гэты прадмет у іх вядзецца нефармальна, настаўнікі рускай мовы арганізуюць на ёй педагагічныя зносіны. А яны, гэтыя зносіны, заўжды двухбаковыя - мала, калі на патрэбнай мове гаворыць толькі настаўнік. Гэта не парушэнне права выбару мовы навучання або зносінаў, а стварэнне ўмоў для якаснага засваення менавіта дадзенага прадмета. Выпускнікі і іх бацькі не могуць не быць удзячнымі настаўнікам, якія даюць такія добрыя веды.

Гэта трэба ўзяць на ўзбраенне і настаўнікам беларускай мовы. Увогуле, мовы трэба выкладаць як сродкі зносінаў, а не як звычайныя прадметы. Так, як сёння звычайна выкладаецца беларуская мова (ва ўсякім выпадку, на прыкладзе Берасця), можна вучыць мовам лацінскай, шумерскай, старажытнаегіпецкай, прускай, яцвяжскай і іншым, якія ўжо незваротна страцілі ролю сродкаў зносін. Выкладанне жывых моў павінна быць напоўнена жыццём. Дарэчы, у дыдактыцы (раздзеле педагогікі пра заканамернасці навучання) існуюць, сярод іншых, прынцыпы нагляднасці і сувязі з жыццём. І сапраўды, навошта вучыць прадмет, веды па якім не спатрэбяцца нідзе - нават… каб звярнуцца да настаўніка?

Беларусаведам варта перайсці ад слоў "ваша родная мова" (яны дзейнічаюць не заўсёды) да слоў "мой родны прадмет, які я паважаю, цаню і не пастаўлю адзнаку за прыгожыя вочкі - патрэбны веды і навыкі маўлення". Правапіс - гэта толькі палова дадзенага прадмета, за што, пры якасным засваенні, можна атрымаць толькі палову ад дзясяткі - пяць балаў. Другая палова - навыкі маўлення, за кошт чаго можна істотна павысіць адзнаку, нават калі ёсць цяжкасці з правапісам. Маўлення без практыкі не засвоіць. Але ёсць настаўнік, гутарка з якім - гэта ўжо практыка. А калі вучань сам дадумаўся перад зваротам да настаўніка пагартаць слоўнік і знайсці патрэбныя для размовы словы, гэта сведчанне таго, што ў яго ёсць навыкі самаадукацыі і зацікаўленасць у поспехах. Такое, безумоўна, трэба заахвочваць, у тым ліку з дапамогай адзнак.

Пры падобным падыходзе класная вечарына або нават аднадзённы паход з настаўнікамбеларусаведам дадуць больш, чым гады сядзення за партамі. Чаму, калі ў пад'ездзе жыве беларусавед, няхай і з іншай школы, гэта не аказваецца шчасцем для ўсіх суседзяўшкольнікаў? Павітацца з ім на лесвіцы, перакінуцца некалькімі словамі - гэта ж, па сутнасці, бясплатнае рэпетытарства!!! Іншая справа, што ў школе патрабуецца не вуснае маўленне, а нешта іншае.

У адносінах настаўнікаў з вучнямі музыку пераважна павінен заказваць настаўнік - у гэтым яго прафесійнае прызначэнне. Вось і беларусаведы мусяць ставіць пэўныя ўмовы і дабівацца іх выканання. Для іх гэта справа гонару - калі не нацыянальнага, то хаця б прафесійнага. Пакуль жа ПРАЦЭС выкладання ставіцца вышэй за яго вынікі. (Тое ж самае, як калі б будаўнік не дом будаваў, а бязмэтава ўбіваў цвікі ў дошку. З пункту гледжання працэсу, нешта робіцца. Вынікаў - ніякіх.) Вынікам працы беларусаведаў павінна стаць свабоднае маўленне пабеларуску яго выпускнікоў.

Сёння цяжка пераводзіць на беларускую мову цэлыя школы ў горадзе - хіба што адкрываць новыя. Але ў кожнай школе працуюць беларусаведы, вакол якіх могуць утварацца (і дзіўна, што не ўтвараюцца) асяродкі жывой гутарковай мовы. Прычым з удзелам не толькі вучняў, але выпускнікоў, бацькоў, калег, наведвальнікаў школ. Яны ж амаль усе вучылі ў школе гэты прадмет. Дык што, іх настаўнікі зусім дарэмна рыхтаваліся да ўрокаў, што так нічаму і не навучылі?

Як бачым, праблема беларускай мовы не столькі палітычная, колькі педагагічная. Бо сённяшнія палітыкі, дыпламаты, чыноўнікі - усе ж яны выпускнікі школ. У свой час яны навучыліся пераказваць правілы з падручніка, выконваць практыкаванні па ўстаўленні прапушчаных літараў і знакаў прыпынку. З большым ці меншым поспехам з такім заданнем яны справіліся б і зараз. Але навыкаў вуснага маўлення пабеларуску ў школе яны (дый не толькі яны!) не набылі, бо самі беларусаведы гэтай мовай у жыцці не карысталіся. Цяжка ўявіць, каб чалавек на пятымшостымсёмым дзясятку гадоў заняўся школьным прадметам. Усе нагадванні пра беларускую мову выклікаюць у чыноўнікаў раздражненне, бо, па сутнасці, гэта навязванне ім комплексу непаўнавартаснасці. Але НІХТО НЕ ЗАБАРАНЯЕ пераасэнсаваць практыку выкладання гэтага прадмета сённяшнім навучэнцам.

Некалі планавалася вырашыць праблему беларускай мовы за 10 гадоў. Ды не гады на гэта патрэбны, а толькі адна школьная чвэрць і педагагічная воля. Трэба запусціць механізм, пры якім школьнікі, студэнты, іх бацькі ведалі б, як атрымаць па беларускай мове прыстойную адзнаку. Зрэшты, атрымаць яе было б няцяжка. Будуць нефармальныя веды - можна гаварыць пра іх прымяненне. Пакуль проста цяжка пра штосьці гаварыць у гэтым кірунку, бо веды ў выпускнікоў, бадай, ёсць, але яны фармальныя, адарваныя ад рэальнага жыцця. Самі педагогі на ўласным прыкладзе ім паказалі, што прымяненне такіх ведаў хіба што ў здачы тэста. Але тэст здаюць не ўсе, яго выкананне цягнецца не шмат часу. А што далей? Дый ці ўсе ўмельцы ставіць крыжыкі ў клетачках з такім жа поспехам могуць размаўляць вусна? Нярэдка педагагічныя намаганні трацяцца на фармальны бок засваення прадмета, а яго жыццёвая значнасць застаецца паза ўвагай.

У сённяшніх умовах пры выкладанні беларускай мовы ёсць сэнс выкарыстаць досвед навучання замежным мовам (без усялякай крыўды!). Варта асобна па тэмах ("Расліны", "Жывёлы", "Надвор'е", "Прадметы побыту", "Прафесіі" і інш.) вучыць словы, фразы, пашыраць лексічны запас, развіваць навыкі дыялогавага маўлення. Спачатку лексіка, потым правапіс!

Калі вучань або студэнт не хоча карыстацца беларускай мовай у жыцці, гэта, канешне, яго справа. Але ў яго інтарэсах паказаць накстаўнікубеларусаведу, што прадмет засвоены на прыстойную адзнаку. Калі да настаўніка такі вучань звяртаецца не на мове прадмета (нават - жах які! -і на ўроку), ён тым самым сведчыць, што ў яго няма зацікаўленасці ў поспехах, прадмет засвоены слаба. У гэтым, з пункту гледжання педагогікі, можа, нічога страшнага няма, але прыйдзецца змірыцца з нізкай адзнакай. Бо, яшчэ раз падкрэслю, без практыкі маўлення дадзены прадмет якасна не засвоіць!

І апошняе. Паказчыкам якасці навучання беларускай мове ў школе і ВНУ павінны стаць не дыктоўкі або тэсты - чысцейшы фармалізм, а здольнасць навучэнцаў размаўляць вусна. Трэба ўцягнуць вучняў у моўны вір, пераканаць іх, што карыстанне некалькімі мовамі, і беларускай у тым ліку, гэта прыгожа і няцяжка. На сённяшні дзень гэта праграмамінімум. Пасля яе выканання адкрыюцца новыя далягляды.

Уладзіслаў ЛУПАКОЎ , настаўнік хіміі вышэйшай катэгорыі, ураджэнец г. Чыты, рускі, г. Бярэсце.

ПРАПАНОВА

Некалі ў Казахстане, у рускамоўных газетах я бачыў завочныя ўрокі казахскай мовы. (Напрыклад, у газеце "Ленинская смена" гэта было ў выглядзе клуба "Достык", што значыць "Дружба".) І хаця для мяне, тагачаснага салдата тэрміновай службы, гэтыя ўрокі, можа, асаблівай практычнай значнасці не мелі (бо амаль увесь час прыходзілася быць на палігоне пасярод пустыні), але тэарэтычную цікавасць яны выклікалі. Думаю, сёння, калі з'явіліся змены ў беларускім правапісе, такія ўрокі не былі б лішнімі і нам. Праз газету "Наша слова" звяртаюся да іншых выданняў з прапановай арганізаваць на сваіх старонках такія завочныя курсы.

Уладзіслаў ЛУПАКОЎ.


ПРА САЎЛА, ПАЎЛА І ІНШАЕ

У Евангеллі (Дзеянні святых апосталаў, 7-9, 26) расказваецца пра апостала Паўла. Спачатку гэта быў юнак з імем Саўл - злосны праціўнік хрысціян. Удзельнічаў у забойстве аднаго з хрысціян, заходзіў у хаты, забіраў мужчын, жанчын і здаваў іх у турму. Але аднойчы, па дарозе ў горад Дамаск, ён пачуў звернуты да яго голас з неба, які папракаў яго за ганенні на Хрыста і яго вучняў. Ашаломлены голасам Ісуса, Саўл прыняў імя Павел і ператварыўся ў перакананага хрысціяніна, апостала Паўла, прапаведніка хрысціянства.

На аснове гэтай біблей-скай легенды ў многіх мовах свету склаўся фразеалагізм ператвараць Саўла ў Паўла , які ўжываецца ў значэнні «рэз-ка, дыяметральна супрацьлегла перамяняць перакананні, погляды, рашэнні»: Старшы-нёй ЦВК замест нацыянал-камуніста Жылуновіча стаў больш надзейны стаўленік ЦК РКП(б) Мяснікоў. Гэта яскравы прыклад таго, як загад партыі ператвараў Саўла ў Паўла (К. Тарасаў).

У сваіх ранейшых нататках, змешчаных у «Нашым слове» (№ 12), я ўжо гаварыў, што фразеалагічны склад нашай літаратурнай мовы, як і іншых моў, увесь час развіваецца, папаўняецца. Там жа я апісаў чатыры выразы, якія па розных прычынах не трапілі ў двухтомны «Слоўнік фразеалагізмаў» (2008). Не было ў гэтым слоўніку і выразу пра Саўла і Паўла. Не было толькі таму, што я не меў ніводнага прыкладу яго фіксацыі ў пісьмовых літаратурных крыніцах. Пададзім яшчэ некалькі фра-зеалагізмаў, не занатаваных у памянёным слоўніку.

Выклічнікавы выраз даруй Божа двухзначны. Яго першае значэнне - гэта выказ-ванне рашучага адмаўлення чаго-небудзь або нязгоды з чым-небудзь, напрыклад: А тут, даруй Божа, ніякай выгады! Не шукаючы далёка, глянь толькі, пане, на нашую карчму (В. Дунін-Марцінкевіч); То ж спакуса, даруй Божа, вячэраў бы дзе-небудзь у хаце, а то ўзапрэцца на паравоз і пачынае ладзіць яешні (М. Лынькоў). Другое значэнне - вокліч пры выказванні, рэз-касць якога ўспрымаецца самім моўнікам: Вось язык у чалавека! Ото ж ёлупень, даруй Божа! (М. Лынькоў).

Назоўнікавы фразеалагізм мазоліць мазгі абазначае «сур'ёзна думаць, меркаваць, разважаць»: А так без прычыны навошта мазоліць мазгі і псаваць нервы? (Я. Колас); Сам жа галоўны рэдактар, падгалоўныя, усе рэдактарскія слупы і качарэжкі мазолілі мазгі над чарговай старонкай сваёй газеты (М. Лынькоў).

У навуковай літаратуры апісаны разнастайныя спосабы ўтварэння фразеалагізмаў. Найчасцей яны ўзнікаюць на базе моўных адзінак іншых узроўняў - словазлучэння, сказа, слова. Разам з тым у мове ёсць нямала выразаў, якія ўтварыліся на аснове ўнутраных фразеалагічных рэсурсаў, склаліся на базе ўжо гатовых фразеалагічных адзінак. У гэтым унутрыфразеалагічным спосабе ў сваю чаргу вылучаецца шэсць разнастайных працэсаў утварэння новых вы-разаў. Адзін з іх - даволі пашыраны. Гэта ўтварэнне ад выразаў дзеяслоўнага тыпу суадносных з імі назоўнікавых фразеалагізмаў. Да прыкладу, ёсць дзеяслоўныя выразы абіваць парогі, перамываць костачкі, гуляць у маўчанку і ўтвораныя ад іх назоўнікавыя фразеалагізмы абіванне парогаў, перамыванне костачак, гульня ў маўчанку . Такіх назоўнікавых выразаў у «Слоўніку фразеалагізмаў» каля 90. Да іх варта далучыць яшчэ два, нядаўна сустрэтыя ў мастацкіх тэкстах.

Назоўнікавы выраз кі-данне ценю (на каго, на што) утвораны на аснове дзеяслоўнага кідаць цень і абазначае «ачарненне, выстаўленне ў непрыглядным святле каго-, што-небудзь» . Вось прыклад яго ўжывання: Можна было дапусціць, што ў сакратара абкама маюцца сякія-такія недахопы, але яны мусілі аба-вязкова выяўляцца ці то з да-памогай таварышаў, ці то вышэйстаячай партыйнай арганізацыяй, інакш - будзе згушчэнне фарбаў, кіданне ценю ці не на ўсю партыю (В. Блакіт).

Назоўнікавы фразеалагізм захворванне на пана (ад дзеяслоўнага хварэць (захварэць) на пана ) мае значэн-не «праява высакамернасці, фанабэрыстасці, нечаканых звычак» : Для маіх равеснікаў праявы сардэчнай чуласці ў сем'ях былі раўназначныя з захворваннем на пана, са здра-дай мужыцкай плябейскай годнасці (У. Калеснік).

Яшчэ адзін унутры-фразеалагічны працэс - утварэнне на базе фразеалагізмаў дзеяслоўнага тыпу выразаў, структурна арганізаваных як двухсастаўны сказ. Скажам, на аснове заварваць кашу ўзнік фразеалагізм каша заварва-ецца. Або: ламаць коп'і - коп'і ламаюцца; развязаць рукі - рукі развязаны; спаліць масты - масты спалены і г.д. Гэтак жа ўзнік не зафіксаваны ў слоўніках фразеалагізм уся абедня сапсута - на аснове дзеяслоўнага сапсаваць усю абедню і мае сэнс «парушаны ўсе планы, справы, намеры» : Так і не давялося мне (хвораму) выехаць з табой на шчупакоў... і з-за мяне была сапсута ўся абедня (М. Лынькоў).

Варты ўвагі і яшчэ адзін выраз, з якім я сустрэўся, чытаючы аповесць В. Казько «Сказ пра ката, каторы смяяўся». Гэта - часам з макам, а часам з такам (у сэнсавых адносінах ён амаль тое самае, што і даўно вядомы часам з квасам, а парою з вадою ): Так пачалося яго (Біча) раяванне на пупе зямлі. Рай жа і ў Афрыцы рай, як у той зна-камітай з шматзначнай назвай краіне Гандурас: часам з макам, а часам з такам.

Іван Лепешаў.


Да юбілею Ларысы Геніюш

Віленскае беларускае таварыства палітычных вязняў і ссыльных адзначыла 100 гадовы юбілей знакамітай паэткі і жанчыны - Ларысы Антонаўны Геніюш, якая пачала свой жыццёвы і пакутніцкі шлях у 1910 годзе. Нарадзілася яна ў сям'і заможных беларусаў, у якой гадавалася пяцёра дзяцей. І хоць вучылася Ларыса ў польскай гімназіі (бо не было беларускіх школ) яна выразна ўведамляла сябе беларускай патрыёткай, добра ведала жыццё сялян, народную абраднасць, чытала беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, добра ведала замежную літаратуру.

Пасля заканчэння гімназіі ў Ваўкавыску ў 1928 годзе жыла ў бацькоў, дапамагала ім у працы, многа займалася самаадукацыяй, пачала пісаць вершы.

У 1935 годзе пабрлася шлюбам з Янкам Геніюшам, які тады вучыўся ў Карлавым універсітэце ў Празе. А ў 1937 годзе разам з сынам Ларыса пераехала да мужа ў Чэхію, дзе і пражылі разам 11 год. У Празе Ларыса ўключылася ў грамадскае жыццё і дапамагала беларускім студэнтам, была сакратаркай Прэзідэнта БНР В. Захаркі, упарадкоўвала прэзідэнцкі архіў, апякавалася беларускімі эмігрантамі і многа пісала. Яе вершы з'явіліся ў беларускай эміграцыйнай газеце "Раніца", якая выдавалася ў Берліне, у газетах "Беларускі работнік", "Новы шлях" ужо ў 1936 годзе, а ў 1942 годзе быў выдадзены першы зборнік паэзіі "Ад родных ніў" які прасякнуты настальгіяй па пакінутай Радзіме, любоўю да Бацькаўшчыны, клопатам аб яе цяжкім лёсе.

На Бацькаўшчыне ідзе разбуральная вайна. Гінуць людзі, гараць вёскі. Бацька забіты яшчэ ў 1939 годзе, а маці з сёстрамі вывезены ў Казахстан як ворагі народа, дзе яны загінулі. Браты змагаюцца за чужыя інтарэсы - адзін у арміі Андэрса, а другі ў арміі імя Касцюшкі, і абое гінуць.

Пасля заканчэння вайны сям'я Геніюшаў жыве пад Прагай, дзе ў 1948 годзе органы КДБ арыштоўваюць іх акрамя малога, 13 гадовага сына, якога сваячаніца паспела вывезці ў Польшчу.

Пачаліся доўгія допыты і катаванні ў турмах Львова і Менска. Ларысе і Янку вынеслі вырак - 25 год пазбаўлення волі ў папраўчапрацоўных лагярох. Пакаранне адбывалі ў Комі АССР, Мардовіі.

Ларыса Антонаўна цяжка працавала з кайлом і рыдлёўкай, было цяжка ўсім. Але яна трымалася мужна сама і падтрымлівала іншых, сустракалася з беларусамі, апякавалася імі, як толькі магла ў тых жорсткіх умовах.

Вызвалілі яе толькі ў 1956 годзе (пасля смерці Сталіна пераглядалі справы вязняў), і яна разам з мужам, які адбываў пакаранне за 120 км ад яе, вярнулася ў Зэльву на радзіму Янкі. Усе 27 год пасля вызвалення ім не давалі спакойна жыць - пераследы, назіранні, даносы суседзяў амрочвалі існаванне. Не было сродкаў на жыццё. Улады дазволілі крыху працаваць Янку лекарам у мясцовай бальніцы, дзе не хапала лекарскага персаналу. Янка меў вышэйшую медыцынскую адукацыю. А Ларысе Антонаўне дазволілі нейкі час стаць прыбіральшчыцай. Але яе не могуць зламаць.

Яна піша, праўда, друкуюць толькі дзіцячыя вершы, і то дзякуючы заступніцтву Максіма Танка, які быў у той час Старшынём Вярхоўнага Савета БССР, і які добра ведаў Ларысу Геніюш. Толькі ў апошнія гады жыцця быў выдадзены зборнік вершаў "Невадам з Нёмана", потым "На чабары настоена".

Пасля смерці Ларысы Геніюш у 1983 годзе намаганнямі сяброў выдадзена кніга ўспамінаў "Споведзь" - кніга пра самаахвярнасць, пра абвінавачанне антычалавечых рэжымаў, пра лёс людзей ахвяраў гэтых рэжымаў, пра адданасць і мужнасць патрыётаў.

Ларыса Антонаўна памерла праз 5 год пасля мужа. Пахавана яна побач з Янкам у Зэльве, дзе намаганнямі сяброў і тых, хто любіў і паважаў гэтых мужных, моцных людзей, пастаўлены помнік. Памерлі яны не рэабілітаванымі ўладамі і не як грамадзяне Беларусі. Яны назаўсёды засталіся грамадзянамі Чэхаславакіі. Улады нічога не даравалі ім, інквізітарскі здзекаваліся з іх, нават не давалі магчымасці сустрэцца з сынам і ўнукамі, якія жылі ў Беластоку.

На нашай імпрэзе гучалі вершы Ларысы Геніюш, песні на яе словы, мы слухалі ўспаміны людзей, якія ведаюць творы паэткі, якія ведалі яе па ссылцы. Так, наша спадарыня Леакадзія Шэшэня несла пакаранне разам з Ларысай Геніюш у Інце.

Беларускае Таварыства ссыльных і вязняў Вільні праводзіць сустрэчы і імпрэзы і, не гледзячы на сваю спецыфіку, гэта не сумныя сустрэчы. Гэта сустрэчы, якія загартоўваюць людзей, паказываюць прыклад мужнасці, адданасці, самаахвярнасці чалавека і яго высокароднасць.

Павал Саўчанка.


"Гадуем беларусаў-2"

Шаноўныя настаўнікі, метадысты, адукатары, школьнікі, бацькі!

Таварыства беларускай школы і інфармацыйна-метадычны сайт "Nastaunik. info" 26 жніўня у сядзібе Таварыства беларускай мовы па адрасе г. Менск, вул Румянцава, 13 правялі выставу-прэзентацыю дыска метадычных і да-паможных матэрыялаў "Гадуем беларусаў-2", прымеркаваную да пачатку новага навучальнага года.

Адбылася прэзентацыя зместу дыска, сустрэча з аўтарамі і складальнікамі дыска.

Наш . кар .

Даведка : Дыск "Гадуем беларусаў-2" - гэта складанка метадычных матэрыялаў і аўтарскіх распрацовак беларускіх настаўнікаў. Дыск мае старонкі з песнямі і музыкай для аздаблення школьных святаў, фанаграмамі, караоке, сцэнарыямі школьных мерапрыемстваў, трэнінгамі для школьнікаў, навучальнымі гульнямі і відэаролікамі.


"Бойня №5" Курта Вонэгута па-беларуску

У свеце беларускай перакладной літаратуры - папаўненне. Нядаўна выйшаў раман амерыканскага пісьмен-ніка Курта Вонэгута "Бойня №5 або Крыжовы паход дзетак" у перакладзе на беларускую мову Паўла Касцюкевіча. Кніга выйшла ў адмыслова заснаванай Згуртаваннем беларусаў свету "Бацькаўшчына" падсерыі "Пераклады" серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны".

Раман "Бойня №5... " напісаны Куртам Вонэгутам у 1969 годзе. Гэта аўтабіяграфічны твор пра бамбардаванне Дрэздэна падчас Другой Сусветнай вайны. Раман напісаны, па вызначэнні самога Вонэгута, у "тэлеграфічна-шызафрэнічным стылі". У першыя гады пасля выхаду раман зазнаваў цэнзуру ў ЗША.

На думку перакладчыка, "Бойня №5" будзе цікавай кожнаму, каму блізкая сусветная класіка ХХ стагоддзя, а таксама аматарам навуковай фантастыкі.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".


ЗОРНЫ ЧАС ДЛЯ РЫЦАРА

Ці дапаможа гістарычная рэканструкцыя невялікаму гораду знайсці сваё месца ў культурнай прасторы?

2010 год, слынны юбілеем найбуйной бітвы Сярэднявечча пры Грунвальдзе, "зорны" час для нас, рэканструктараў рыцарскіх клубаў. Хто яшчэ пакажа сучасніку тыя далёкія падзеі? Бо звон мячоў, сутычку дзесяткаў закутых у латы людзей ніякай гравюрай або фільмам не заменіш! Прычым рэканструктарскі рух не толькі прыгожая, павучальная забава для адных і філасофія жыцця для другіх. Гэта, памойму, эфектыўны механізм развіцця турызму, дзякуючы якому можна "раскруціць" любы горад або вёску. Было б жаданне.

Фэст сярэднявечнай культуры ў Мсціславе нарадзіўся чатыры гады назад, калі былы старшыня райвыканкаму Алег Чыкіда запрасіў наш клуб ваеннагістарычнай рэканструкцыі "Магілёўская дружына" паўдзельнічаць у Дні горада. Мы, усяго 12 чалавек, выступілі на мерапрыемстве. Так адбылося першае на ўсходзе Беларусі свята з удзелам рыцараў. Быў поспех у гараджан! Прадстаўнікі мясцовай улады, і ў першую чаргу Алег Іванавіч, адразу паказалі, што меркаванне землякоў для іх перш за ўсё, і запрасілі нас выступаць за Мсціслаў на "Дажынках", у... складзе калектыва мясцовага райпо. Рыцары дапамаглі кааператарам уладкаваць падворак у сярэднявечным стылі. Вынік першае месца па краіне ў намінацыі "Лепшы падворак". З тых часоў пачалі супрацоўнічаць стала, і разам замахнуліся на арганізацыю фэсту. Мноства тэхнічных дэталяў (ад заяўкі на ўдзел, планаванні мерапрыемстваў да арганізацыі прыездуад'езду, складанні каштарысаў) не адпудзіла прадстаўнікоў мясцовай улады ад задумкі. З тых часоў "Мсціслаўскі фэст" стаў брэндам! Гучыць не горш, чым віцебскі "Славянскі кірмаш", фэст феерверкаў "Навальніца" у Лагойску, "Маторшоў" у Менску. Прыязджайце ў дні фэсту ў Мсціслаў і спытаеце, як прайсці, скажам, да Замкавай гары? Кожны другі адкажа: "Я не мясцовы, сам на свята прыехаў".

Няўжо мала плюсаў? Крамы мясцовыя, райпоўскія і прыватныя турысты бяруць "прыступам", проста, як мы макет драўлянай цвердзі. Майстры народных промыслаў збываюць за 23 дні ўсе свае вырабы: за права гандлю на галоўнай вуліцы горада ў іх не абы якая барацьба!

Будзе ў рамесніка потым стымул займацца вырабам спрадвечна беларускіх вырабаў з саломкі, дрэва, каменю, гліны? Вядома! Бо з сувенірамі прыезджыя павязуць самае дарагое успаміны, якія будуць ажываць пры поглядзе, да прыкладу, на сімпатычную штучку з гербам Мсціслава. Многія цэрквы і старадаўнія помнікі архітэктуры горада, дарэчы, яшчэ ў закінутым стане. Але як толькі тут пабывала шмат гасцей, усё часцей пачало гучаць: трэба знайсці грошы, выявіць ініцыятыву, паднавіць бо гэта твар райцэнтра! Галоўнае, у памяці прыезджых адкладваецца: "У Мсціславе было добра, паедзем туды яшчэ..."

І фэст, які адбыўся сёлета, пяты па ліку, стаў магчымым дзякуючы настойлівасці і зацікаўленасці цяперашняга старшыні райвыканкаму Ў. Віцюнова. Больш за тое, мерапрыемства напоўнілася новым зместам і каларытам. Бо рыцарскія турніры, выступ мастацкіх калектываў праходзілі непасрэдна на Замкавай гары, у будынках, якія існуюць некалькі стагоддзяў .

Нам, дарэчы, ёсць чым пахваліцца: у Заходняй Еўропе, у ЗША мода на прыгожыя, нават вытанчаныя, але вельмі непрактычныя даспехі, зброю. На беларускі ж рыштунак і палюбавацца можна, і ў "бойцы" (сутычцы) прымяніць не грэх любы ўдар вытрымаюць!

Але асабліва ганарымся людзьмі. Захопленымі... Ёсць мара наладзіць святафэст у сваім родным горадзе. Але гэта пакуль у глыбокім праекце: з прахалодным стаўленнем некаторых структурных падраздзяленняў Магілёўскага гарвыканкаму проста не зладзіць. Ты робішмайструеш латы, уся хата завалены кальчугамі і элементамі ўзбраення, выкладваешся па поўнай, абмяжоўваючы сваю сям'ю, і гэта ўсё дзеля свята, задавальнення для гледача! У той жа час "адмыслоўцы" з сферы культуры прапаноўваюць нам свой "уклад" непрадуманыя, напісаныя ці ледзь не за паўгадзіны, сцэнарыі. Але ж людзі мяркуюць аб рыцарах па ўнутраным напаўненні таго, што яны паказваюць. Альбо няма жадания аплачваць нашу працу. Але нельга, не патраціўшыся, атрымаць якаснае відовішча.

Просты прыклад: тры гады назад нас запрасіў выступаць на свяце горада Магілёўскі гарвыканкам. Замовілі ўсё па поўнай праграме: танцы, двубоі, выставы зброі... Я пагадзіўся, папрасіўшы толькі транспарт для перавозкі рэчаў, мінеральную ваду дзень абяцаў быць гарачым. Але толькі на свята давезлі, а назад "забылі"! Прыйшлося браць транспарт штурмам, з мячамі наперавес. А вось у Мсціславе, Дрыбіне, Бабруйску да нас зусім іншае стаўленне. Атрымліваецца, чым меншы горад, тым большая зацікаўленасць службоўцаў?

Андрэй НЯЛЮБіН, кіраўнік клуба "Магілёўская дружына", супрацоўнік Магілёўскага абласнога камітэта прафсаюзу працаўнікоў АПК.


Камяні-следавікі Лідчыны

У артыкуле "Лідская Дайнава" (Наша слова № 22 (965)), я ўжо згадваў пра вераемны камень-сваяк сакральнага каменя "кабыла", на якім, па паданні, у часы Дайнаўскага княства, каралі злачынцаў (вялікі камень "кабыла" не захаваўся да нашага часу). Гэты верагодны "сваяк" - валун даўжынёй 2,45 м, шырынёй 1,8 м і вышынёй над паверхняй зямлі 1,15 м. Зверху на паверхні валуна маецца 13 выразных лунак і некалькі мерка-ваных. Дыяметр лунак 5-7 см і глыбіня 1-3 см (Винокуров В. Ф., Дучиц Л. В., Зайковский Э. М., Карабанов А. К. Культовые валуны с рукотворными углублениями.). Але знайсці "сваяка" адразу не ўдаалося бо прыйшлося шукаць яго на вялікай забалочанай тэрыторыі (каля 2 км 2). Камень знайшоўся трошкі пазней, ён зна-ходзіцца за 0,5 км ад вёскі Дайнава-1 па дарозе да вёскі Бельскія, за 150 м на поўнач ад дарогі. Ад яго да месца дзе раней знаходзіўся славуты камень "кабыла" каля 1 км напрасткі.

Лункі на камені добра бачныя вокам, але пад пякучым сонцам лета на маіх здымках іх не бачна, таму зрабіць здымак, лепшы за здымак Эдварда Зайкоўскага не ўдалося (з артыкула "Культавыя камяні Беларусі". Э. Ляўкоў, А. Карабанаў, Л. Дучыц, Э. Зайкоўскі, В. Вінакураў// Studia Mythologica slavica № 3. 2000. C. 43-56) . Вераемна, Зайкоўскі рабіў штучную падсветку, каб выявіць рэльеф каменя. Дайнаўскі валун адносіцца да класу ямкавых камянёў, г. зн. тых, на паверхні якіх маюцца адносна невялікія ямкі паўсферычнай формы. Дайнаўскі камень-следавік робіць моцнае ўражанне.

Наступная катэгорыя валуноў са слядамі штучнай апрацоўкі - тыя, якія маюць на паверхні адшліфаваныя круглыя талеркападобныя паглыбленні.

Знаўца лідскай гісторыі Міхал Шымялевіч (Город Лида и Лидский замок. Виленский календарь. Виль-но. 1906. С. 37-57.) пісаў: "…блізка ад ва-коліцы Бянкевічы, на ўскрайку лесу, ляжыць камень з трыма плоскімі, круглымі паглыбленнямі, кожнае па 4 вяршкі ў дыяметры, які ўяўляў собою відавочна ў часы паганства алтар, прысвечаны богу дарог Кела - Девас" . Знайсці гэты камень летам 2010 г. аўтар артыкула не змог і верагодна ён так сама не існуе. Такія ж камні ёсць у Воранаўскім раёне каля вёсак Падзітва і Друскінікі і паміж вёскамі Палашкі і Каргаўды. Падобны ж валун ёсць каля Эйшышкаў у сучаснай Літве.

Досыць рэдкай разнавіднасцю сакралізаваных валуноў з'яўляюцца "камяні кахання" ці "камяні нявест" - у Болценіках Воранаўскага і ў Новым Двары Шчучынскага р-наў. Валун каля в. Болценікі легенда звязвае з Адамам Міцкевічам і Марыляй Верашчакай. Згодна звесткам мясцовых жыхароў, раней існавала традыцыя прыводзіць нявест да такога каменя і да нашага часу жартуюць: "Ты ўжо звадзіў сваю жонку да каменя." Магчыма, "камяні кахання" ўшаноўваюцца з глыбокай старажытнасці і маюць адносіны да культу пладавітасці (Гл: Зайкоўскі Э. Культавыя камяні Гродзеншчыны: агульнабеларускія рысы і рэгіянальныя асаблівасці // Культура Гродзенскага рэгіёну: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа. 2003. С.206-210.).

Наступны клас камянёў - валуны-пярэваратні, па легендах яны раней былі жывымі істотамі. Вандалін Шукевіч пісаў пра крыху абчэсаны гранітны валун, пастаўлены вертыкальна паблізу вёскі Казлы і Таболічы (Воранаўскі р-н, каля Забалаці) вышынёй 1,35 м. Валун быў абрукаваны вакол дробным каменем. Камень такога ж кшталту і такога ж памеру ляжаў на баку каля перша-га. Людзі рас-казвалі легенду, што ў гэтыя камяні ператварылася закаханая пара, бо ўгневала бацькоў тым, што супраць іх волі ўзяла шлюб. (Гл: Szukiewicz W. Szkice z archeologii przedhistorycznej Litwy. Cz. 1. Epoka kamienna w gub. Wilenskiej. 1901. S. 33.)

На паўночны захад ад Зблян, на адлегласці адной вярсты, каля дарогі на Парэчча, у канцы ХІХ cт. стаялі тры камяні рознай велічыні на адлегласці ў аршын адзін ад другога. Першы падымаўся над паверхняй зямлі на 1,5 аршына, другі - на 0,75. Трэці камень, верхняя частка якога, верагодна, была адбітая, ледзь выходзіў з зямлі. Усходні бок кожнага каменя - плоскі, і на ім высечаны васьміканцовы крыж. Пра паходжанне камянёў існуе народная легенда: тут сустрэліся два вяселлі, адно ехала ў царкву а другое ўжо вярталася. За тое што вяселле якое ўжо атрымала дабраславенне, саступіла дарогу вяселлю якое яшчэ не паспела яго атрымаць, маладыя і фурман былі ператвораныя ў камень, а конь - у грушу (да 1884 г. каля камянёў расла груша). Па іншым паданні, у камяні былі ператвораныя маладыя, за тое, што ў нечым правініліся перад маці і былі ёю праклятыя . (Гл: Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. Отдел II. Вильна, 1893. С. 98.)

Да самай вялікай катэгорыі сакралізаваных камянёў належаць камяні-следавікі. Вераемна, першапачаткова паглыбленні на іх былі прысвечаны старажытнай Вялікай багіні ці яе мужчынскаму адпаведніку, а пасля прыняцця хрысціянства ўяўленні пра камяні змяніліся. Сле-давікі вядомыя амаль ва ўсім свеце, шмат іх трапляецца сярод наскальных выяў. Паводле Герадота (V ст. да н.э.), выява ступні Геракла была на скале каля берага Днястра, і ёй пакланялася мясцовае насельніцтва (Гл: Зайкоўскі Э. Культавыя камяні Гродзеншчыны: агульнабеларускія рысы і рэгіянальныя асаблівасці // Культура Гродзенскага рэгіёну: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага су-межжа. Гродна. 2003. С.206-210.).

Камень-следавік у в. Мэйры Лідскага р-на, знаходзіўся пад абаронай дзяржавы, ляжаў за 0,2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі.

(Заканч. у наст. нумары.)

Леанід Лаўрэш

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX